Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Прапаў чалавек

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Батрак Прапаў чалавек
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Як Янка забагацеў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прапаў чалавек.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАПАЎ ЧАЛАВЕК

I

Каля карчмы шум і гоман,
Зык сялянскіх галасоў.
І, здавалася, сам Нёман
Змоўк, каб сьцяміць колькі слоў,
І каціўся гэтак плаўна,
Поўны, зьвілісты, як зьмей,
Агібаў узгоркі спраўна,
Потым зноў бег спакайней.
І ніколі не маўчала
Гэта мора-грамада.
Тут і радасьць месца знала,
Уздыхала тут бяда.
Як рой пчол, гулі мужчыны,
Гаманілі аб зямлі,
Разьбіралі ўсе навіны,
Ўсе інтэрасы вялі.
Ды і то сказаць: ніколі
Дня спакою ня было —
Ці то выпадак у полі
Калыхаў падчас сяло,
Ці то ў лесе з кім здарэньне
Наконт пашы або дроў, —
Ўсё будзіла разуменьне
Бедакоў-гаспадароў.
Толькі ў гэты раз трывожна
Нейк шумела грамада.
Зразу сьцяміць было можна,
Што тут вынікла бяда.

АДЗІН СЕЛЯНІН

Ой, не, хлопцы, на бок жарты —
Рудзік мой выў нездарма!
Хоць вазьмі ды кінь на карты:
Трэці дзень яго няма!
Каб, крый божа, утапіўся,
Дык няпраўда-ўжо-б усплыў,
Можа хіба у корч забіўся,
Ці загнала дзе пад плыт.

ДРУГІ СЕЛЯНІН

А мо‘ хто забіў, глядзеце,
На Яхіма меўшы злосьць.
Нешта нейкае тут ёсьць,
Людзі-ж розныя на сьвеце!

ТРЭЦІ СЕЛЯНІН

Ці доўга забіць чалавека?
Як грушу зьвярзьці на вярбе:
Сьвіснуў па лбе — і канец табе!
Знойдзецца гетакі дока, умека.
Між людзьмі, як ніколі,
Разьвялося брыды,
І лаві, шукай, ветра у полі —
Умеюць замесьці сьляды!

СТАРЫ ЮРКА

Не, Матэва! Не, браток:
Нойдзецца сьлед, галубок!
Будзе праўда ўся раскрыта,
Як яе ні замятай:
Хоць вадой яна заліта,
Але, браце, памятай —
Усплыве наверх яна,
І ня будзе патайна!

СОЦКІ

Ды што тут мяньціць языкамі,
З пустога ў парожняе ліць?
На Нёман хадзем з бусакамі,
Каму гэта справа баліць!
Усё адзін чорт:
Памёр той Гаўрыла,
Ці скула яго задавіла,
Агледзіць-жа трэба хоць норт.

ПЕРШЫ СЕЛЯНІН

Да хоць-бы якія канцы нам у рукі,
Ці гэтак, ці так.
Прапаў, небарак,
А жонцы пякельныя мукі.
Сказаць-бы за сьветам
Быў выпадак гэткі,
Ня так-бы і крыўдна было.
А тут, як на зло,
На людзях прапаў у сяле…

ДРУГІ СЕЛЯНІН

Цікавасць ім, братцы, але!

Гамоняць мужчыны,
Шукаюць прычыны,
Дзе мог-бы падзецца Яхім.
Варожаць ды судзяць,
Узрушаны людзі
Здарэньнем ліхім.

II

Каля Яхімавае хаты
Дзьве кабеціны сядзяць.
Змучан горам твар Агаты,
Вочы смутна так глядзяць.
На руках дзіця малое,
Двое большых па бакох.

ЦЁТКА НАСТА

Вось дык ліха насланое!..
Ды мо‘ вернецца, дасьць бог. —
Так Агату разважае
Цётка Наста і сама
Мала ў гэта веры мае.

АГАТА

Ой, не, цëтачка! няма,
Як відаць, жывога ў сьвеце.
Тыдзень часу, пасудзеце.
Як пашоў у чацьвер з дому —
Тут-жа блізенька зусім —
І няма і невядома,
Дзе ён, бедны, і што з ім.
Хоць-бы ведаць, што з ім стала —
Не адхіліш ты бяды,
Жаласьць сэрца б так ня рвала,
Менш гадалася-б тады.

ЦЁТКА НАСТА

Так, галубка, на ўсё воля божа,
А было-б лягчэй,
А нудота гэта — што яна паможа?
Толькі душу муціць, толькі сэрца гложа,
Не самкнеш вачэй.
Так, Агатка. А свайго-ж мы лёсу
Ня мінём ніколі:
Сьмерць усюды знойдзе, прыдзе безгалоса,
Замахнецца нагле, натачыўшы косу,
Ці дома ці ў полі.

АГАТА

Так то так, ды ня людзкая
Доля выпала яму!
Дзе душа яго блукае?
Хто па ёй паспагадае?
Каму ходзіць то, каму?
Ну, знайсьці-б хоць няжывога
Ды палюдзку пахаваць.
Ox, Яхімка, ох, нябога!
Дух твой будзе смуткаваць
Бяз прытулку, без магілы.
Ды што зробіш, божа мілы!

І Агата раз дваццаты
Пачынала свой расказ,
Як Яхім выходзіў з хаты
У астатні свой той час.

АГАТА

Стаў ён хмурны, задуменны,
Як-бы нешта ўсё таіў.
Твар зрабіўся, бы каменны,
Думку нейкую насіў.
А да працы быў ахвочы,
Рук ніколі не складаў,
Зранку тупаў аж да ночы
і у самоце штось гадаў.
А паглядзіць — недахватка,
Беднасьць лютая ва ўсім:
Хлеў някрыты, бедна хатка,
А падправіць няма чым.
А ўсё гэта не давала
Нават беднаму і тхнуць.
„Кінь, Яхім“, скажу, бывала:
„Дасьць бог, дзеці падрастуць,
Сяк-так будзем жыць“, кажу я,
„Дык што ныдзіцца дарма?“
А ён нават бы й ня чуе,
Непакоюся сама.
Ўрэшце стаў ён забывацца:
Ідзе, спыніцца, стаіць.
Аж нейк стала я баяцца —
Розум штось яму труіць.
Успароўся яшчэ цёмна,
Плыт пашоў ён прыбіраць.
І людзей шмат каля Нёмна,
А плыты, як мост, стаяць.
Вось і вечар, я чакаю,
А яго няма й няма.
Што тут думаць, не згадаю,
Бы глынула яго цьма.
А няйначай — ў задуменьні
Аступіўся ён, упаў
Ды пабіўся аб бярвеньне,
Бо дзе-ж дзеўся-б ён, прапаў?

Цётка охнула глыбока,
Азірнулася кругом
І сьлязу абцерла з вока
Жорсткім зрэбным хвартухом.

III

Гоман, вохі і зьдзіўленьне
Непакояць больш сяло:
„Ось праява! ось здарэньне!“
Толькі й гутаркі было.
Больш за ўсіх жанкі трашчалі,
І адна перад другой
На праяву выкладалі
Меркаваньні, погляд свой.

ЦЁТКА МАГДА

Ну, няйначай, як забілі
І засунулі пад плыт.
Хлёрка сёлскі, гаварылі,
На яго даўно сярдзіт. —
Гэты довад разьбіваўся.

ЖАНКІ

Каб забілі, Магда, знай,
Хоць які-б, а сьлед астаўся,
Як канцы тут ні хавай.
Не камар-жа ён, ня голка,
І астаўся-б нейкі знак.
Што плясьці дарма, саколка?
Тут яно было ня так!

ТАЦЯНА

Ой, сястрыцы! мне здаецца,
Што ён проста кінуў дом
І цяпер мо‘ дзе сьмяецца —
Верыць нельга ім, гадом!

Ды Тацяну ўняў Сымонка,
Яе дзядзька, і падцяў.

ДЗЯДЗЬКА СЫМОН

Каб ты была яго жонка,
Ён даўно ўжо-б маху даў.

ТАЦЯНА

Твой язык мне ў косьці ўеўся!
Ото, дзядзька, як малы!
Ну, то дзе-ж бы ён падзеўся?

ДЗЯДЗЬКА СЫМОН

На той сьвет пагнаў валы.

А тымчасам пра Яхіма
Байкі ходзяць па сялу,
Быццам ён у дзеда Кліма
Сядзеў з люлькай на калу,
Апусьціўшы на плот ногі,
На сяло трос кулаком.

ЦЁТКА ЮСТА

Ой, ня быць дабру, нябогі,
З тым Яхімам дзіваком!
Наводзіць ён чары.
Ня было б пажару!

У другім канцы хадзілі
Чуткі іншыя зусім:
Гаварылі-гарадзілі,
Што а поўначы Яхім
Па сьцяне узьлез на званіцу,
У хаўтурны званіў звон,
Шоу на могілкі ў капліцу
І літаньне правіў ён.
А другім Яхім прысьніўся,
І дзіўны быў адзін сон.
3 хаты ў хату чмут насіўся,
Як чаўнок каля красен.
Сон дзіўны прысьніўся Ганьне.
Так расказвала яна.

ГАННА

Ось, здаецца, на зьмярканьні
Едзем з Пётрам мы з млына.
Толькі мы ставок мінаем,
Бачым — ён! Ківае нам
„Гэта ты, Яхім?“ пытаем.
„Я“, адказвае, „я сам!“
І такі, нябож, ён смутны,
Такі змучаны, худы.
Просіць голасам пакутным:
„Выньце вы мяне з вады!
І душы спакой вы дайце!“
Так і кажа ëн, бядак:
„Ды палюдзку пахавайце.
Смокча мяне ў вадзе рак,
Жвір мне вочы засыпае,
Чараты растуць на мне,
І вартуе ноч сьляпая,
Лёгшы каменем на дне“.

З захапленьнем, з заміраньнем
Сон той слухалі жанкі.
Ня было канца ўздыханьням.
„Ой, пакутнік-жа які!
І ў страшэнным абурэньні
На мужчын валіць пашлі,
Бо даўно-б яго знайшлі,
Каб на грош таго хаценьня.
А ён, бедны, мокне ў яме,
І ядуць яго ракі.
І жанкі ўзяліся самі
Цела вызваліць з ракі.
— Жаначкі! — Антоля кажа: —
А вы ведаеце што?
Вось я знаю, хто пакажа
Нам Яхіма! — А ну, хто?

АНТОЛЯ

Трэба міску ўзяць, сястрыцы,
Сьвечку ў місцы запаліць,
Што сьвянцаюць на грамніцы,
І ў ваду яе пусьціць.
Але толькі трэба зраня
Гэта, любачкі, зрабіць,
І дзе міска з сьвечкай стане,
Там ён, бедны, і ляжыць.

IV

Яшчэ добра мрок ня згінуў,
Чуць гарэў усход нябес
І агністы блеск раскінуў
На узгоркі і на лес,
А жанкі ўжо чарадою
Уздоўж Нёмана ідуць
І з сьвянцонаю вадою
Сьвечку ў місачцы нясуць.
У жанок аж сэрца б‘ецца,
Нейкі страх на іх напаў,
І страх гэты ўсім, здаецца,
Языкі ім завязаў.

Вось і гак і плёс адкрыты,
А за гакам чорны вір.
Нёман коціцца сярдзіта
Ды на дне ганяе жвір,
Круціць, верціць, як шалёны,
Ажно леечкі бягуць,
Точыць, рве бераг зялёны,
Ачасае сабе пуць.
На гаку жанкі пасталі.
Тут, з высокіх берагоў,
У вадзе цені дрыжалі,
Жэрдкі леташніх стагоў.
Як у люстры, адбіваўся
З таго берагу вятрак,
на хвалях калыхаўся
Лесу верх, нібы разак,
Уверх кінуты зубамі,
І алешнік малады,
Бераг Нёмана з кустамі
І высокія груды.

ГАННА

Што-ж, сястрыцы: пусьцім з богам.
Трэба сьвечку запаліць…
Бог нам будзе запамогай…
Бачце, сьвечка як гарыць!
— Божа мілы! — ўсе ўздыхнулі. —
Ну, што-ж, Ганначка, пускай!
Міску лёгенька папхнулі.

ГАННА

Плавай, місачка, шукай!
Перш нейк цяжка, неахвотна
Міска стала адплываць,
Як-бы ёй было маркотна
Гэты бераг пакідаць,
Потым плытка за вадою
Робіць круг… адзін, другі…
Вось раўняецца з вярбою,
Агібае куст дугою,
Піша борзьдзенька кругi!
Носіць Нёман, як сам знае,
Тую міску-чарапок.
— Ах, галубкi! як жывая! —
Крыкне хто-небудзь з жанок.

ГАННА

Так і сяк яна шыбуе:
То назад, то ў бок ідзе!

АНТОЛЯ

Гэта божжа моц кіруе
І на троп яе вядзе.

А тымчасам міска далей
Ідзе, ладзіцца на плёс.
Хлесянуў тут Нёман хваляй,
Міг — і ў вір яе панёс!
І над цёмнай глыбінёю,
Дзе ён пеніўся, бурліў,
Нібы крэпкаю рукою
Завярцеў і закруціў,
Закруціў і ня пускае
Ані ўзад, ані ўпярод.
Кружыць міску і ганяе
Страшны той вадаварот
А жанкі ўсе чарадою
Ціха берагам ідуць
За той міскай і вадою,
Цуда нейкага там ждуць.
Ідуць важна крок за крокам,
Ня спускаюць міску з вока.
А яна памалу з віру
Выбіваецца на плёс,
І яе ў чарот, аіры
Нёман роўненька панёс,
Далікатна, асьцярожна,
Дзе павольней, дзе баржджэй,
То адкіне ўзад трывожна,
То ўпярод рване дужэй
І так з сажань правандруе,
Потым зноў нясе стралой, —
Нёман цешыцца, жартуе,
Нібы з забаўкай якой,
Ды у букту мчыць з разгону,
Міска круціцца ваўчком.
А жанкі глядзяць зьдзіўлёна,
Кінуць слоўка шапатком:
„Ото божжа моц! а любкі!
Ах, як хорашанька йдзе!
Куды-небудзь-жа, галубкі,
Нас яна ды прывядзе!“

Тут — і скуль ён толькі ўзяўся,
Як-бы чорт яго нагнаў! —
Комель жэрдкі увязаўся
І як злыганы прыстаў,
Каля міскі завярцеўся,
Шпарка йдзе ў яе сьляды,
Разгуляўся, раздурэўся,
Як той хлопец малады:
Міска ў букту — ён за ёю,
Міска скокне — і ён скок!
Не дае ані спакою,
Так і цісьне крок у крок.
Ды нядоўга плыў з увагай —
Раздурэўся надта ён
Ды зьнячэўку, як-бы шлягай,
Плясь у міску, як у звон!
— Ax! — тут разам закрычалі,
Аж падскочылі жанкі.
Расступіліся ў міг хвалі
І глынулі чарапкі.
Комель жэрдкі адзінока
Стаў пры беразе у траве,
Толькі сьвечка, лёгшы бокам,
Далей з подскакам плыве.
— Мая сьвечка, а сястрыцы!
Ой, лавеце — прападзе! —
Падабраўшы край спадніцы,
Тэкля шусь! бяжыць к вадзе.
Ледзьве-ледзьве утрымалі,
Адцягнулі на грудок.
І ўсё змоўкла, толькі хвалі
З плачам б‘юцца ў беражок.


Ціха Нёман калыхаўся
У высокіх берагох.
Гай дубовы адбіваўся
Ў яго дробных грэбянëх.
Цёмны лес сьцяной зялёнай
Цесна бераг абступаў
І на нёмнавае лона
Цікаваўся, заглядаў,
І далёка кідаў цені
У вячэрняй цішыне
Ды шаптаў у задуменьні,
Як-бы гімн складаў вясьне.
Шчодра сонца разьлівала
Блеск прыветны і цяпло.
Поле жыцьцем трапятала,
Ўсё сьпявала і цьвяло.
А над саменькай вадою,
Дзе размашыстай дугою
Нёман лук агібаў,
Пад дзяругаю старою
Труп разбухшы ўвесь ляжаў.
Збоку Нёман гойдаў воду,
Залацілася жарства,
Толькі труп парушваў згоду
І той вобраз хараства.

1911 г.