Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Батрак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паўлюкова бяда Батрак
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Прапаў чалавек
Іншыя публікацыі гэтага твора: Батрак (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАТРАК

(Палеская быль)

Стогне, вые і галосіць,
Аж гудзе Палесьсе.
Вецер хмары гоніць, носіць,
Рве салому ў стрэсе.

Глуха гоман далятае
З лесу векавога,
Нібы песьня заклятая,
Грозьба, засьцярога.

Мітусіцца ў страсе вецьце,
Чараты і лозы.
Угнявіўся чагось вецер,
Бы камусьці грозіць.

Толькі-ж ты ня страшна, бура,
Тым, хто ў цёплай хаце,
Дзе ёсьць запек і пячура
Ды яшчэ палаці,

Дзе лускоча і палае
Корчык на камінку,
А бабулька гаваркая
Ўспомніць пра старынку.

І пачне расказ цікавы,
Як даўней жылося:
Ёй у сьвеце рознай справы
Сьведкай быць прышлося.

Бабка Мар‘я аўдавела,
Дзеткі паўміралі.
Гаспадарка так змарнела
І з зямлі сагналі.

Не па праўдзе рассудзілі
Справу маладзіцы.
Дзе-ж падзецца? прыхілілі
Мар‘ю чужаніцы.

Вось і служыць, век зжывае
У чужых слугою.
Мусіць, доля ўжо такая
Век быць сіратою.

Але бабка ўсім давольна
І ня мысьліць злога
Тым, хто выгнаў сваявольна
З мужніна парога…

А вятруга ня сьціхае —
Плача і галосіць,
Плача горка і ўздыхае,
Бы ратунку просіць.

А пад тую песьню жалю
Бабка, як званочак,
Сыпле слоўкі, бы каралі

Ніжа на шнурочак.

I

— Эх, мой голубе-саколю!
Многа баек ёсьць на сьвеце.
Ці іх сьпішаш? Да ніколі!
Толькі праўду запішэце —
Аднае яе даволі.
А тәй праўданькі, нябога,
На сьвеце багата!
Аб ёй скажа і дарога
І кожная хата,
Скажа добрага і злога
Пра нашага брата…
Вось як думаць часам станеш,
Ды прыгледзішся бліжэй…
Не, саколю: як ні глянеш,
Лепш было такі даўней!
Меней хітрасьці і зьдзеку
Між людзьмі тады было,
Лепш вялося чалавеку,
І жыцьцё раўней цякло.
Дзеці старшых паважалі,
Ну, і слухалі бацькоў.
Людзі цьвёрда лад дзяржалі
Ды і меней зазнавалі
і дзяліцьбы і судоў.
У бацькоў мацней трывала
Сэрца, любасьць да дзяцей,
І каралі іх, бывала,
Ды лагодзілі часьцей.
Меркаваліся — так трэба:
На дабро ня пойдзе зло,
Тады нават само неба
Ласкавейшае было.

Памаўчала бабулька хвіліну,
Як-бы ловячы нейкую ніць,
Ці мяркуючы, як пра быліну
Ёй трапней і зручней гаманіць.

— Багатыр на ўсю акругу,
Панам жыў стары Адам.
Меў зямлі, кусішча лугу,
Колькі грошай — знаць ня нам.
Банк даўней ня быў у модзе.
Знаць яго ніхто ня знаў:
Пад падрубаю ў калодзе
Ці ў глякох на агародзе,
Хто меў, золата хаваў.
Ну, такіх цяпер ня многа
Знойдзеш ты багатыроў.
Пчол адных было ў старога
Cоцень тры ды больш вульлёў.
Меў таксама і скаціны,
Рознай жыўнасьці стары,
Бульбы, хлеба, садавіны. —
Што цяпер гаспадары!
Нават блізка не стаялі,
Ой, далёка ім да тых!
А чаму? — закон трымалі
Дзедаў-прадзедаў сваіх…
Ды і то сказаць, саколю:
Цесна у сьвеце стала жыць,
Нібы сьціснулі ўсім волю,
Рук няма дзе прылажыць.

Усяго ён меў даволі,
Жыць-бы толькі, спажываць,
Ды ў адным ня меў ён долі:
Ня мог дзетак ўзгадаваць!
Мерлі дзеткі, бог іх знае.
Толькі стануць падрастаць,
Сьмерць бязьлітасна-ліхая
Тут як тут. Такая, знаць,
Ўжо ім доля выпадала,
Пакой вечны іх душам.
Маці дух па іх раняла,
Хмурны заўжды быў Адам.
З усіх дзетак засталася
Толькі дзеўчынка адна.
І скажу-ж я: удалася,
Урадзілася яна!
Вочы ясны, ну, як неба.
Колькі ў іх было жыцьця!
Бачыць-бы самому трэба,
Што было то за дзіця!
Чорнай дужкай леглі броўкі,
Шчочкі сьвежы, як расa.
Погляд — раніца ў Пятроўкі,
Ну, любота, ну, краса!
Нібы красачка у полі
Між зялёных каласкоў.
Не сказаў-бы ты ніколі,
Што то дочка мужыкоў.

Падрастала — расьцьвітала,
Як вішанька ў садзе.
Ня хочучы, дзеўка стала
Хлопцаў вабіць, надзіць.
Прыяжджалі пад званкамі
Пачцівыя госьці,
З гарэліцай, з ручнікамі
Сваты-ягамосьці.
Не хацела-ж яе маці
Слухаць тэй гамонкі.
„Едзьце, свацікі, шукаці
Ў другім месьце жонкі.
Наша дочка-маладзенька,
Хай пабудзе дома.
А за гонар, даражэнькім,
Дзякуем, вядома“…

Ну, дзе ім да Банадысі!
Бог дасьць, будзем жыць бяз іх:
Людзі у сьвеце не зьвяліся —
Лепшы знойдзецца жаніх! —
Так старою гаварыла
Гордасьць матчына ня раз.
— І-і, дачушка мая міла!
Прыдзе твой, галубка, час!
Банадыся-ж бы й ня дбала,
Ёсьць жаніх ёй, ці няма,
Толькі іншы раз, бывала,
Нойдзе нейкая дума,
І на твар бы клопат ляжа,
Цень па вочках прабяжыць,
Але й мацеры ня скажа,
Што на сэрцы там ляжыць.
— Што ты? — маці запытае: —
Чаго стала так хмурна? —
Засьмяецца, засьпявае,
Разьвяселіцца яна.

II

— Жыцьце шло сваім парадкам.
Як Адам ня меў сыноў,
Ды рабочых рук няхватка,
То трымаў ён парабкоў.
Спрытны, ёмкі быў хлапчына
Малады батрак Якім.
Першы ў вёсцы малайчына…
Рэдка спрэчваўся хто з ім,
Ці то ў сіле, ці ў рабоце,
Што ні узяў — спаліў агнём!
Шчодра ўсё даў бог сіроце, —
Маладзец быў малайцом.
Чорнавокі, твар прыгожы,
Стройны, зьвязісты, як сук.
Каб убраць яго, нябожа,
Эх, што быў-бы за дзяцюк!
Ды была адна загана:
Сынам быў ён жабрака
Ды меў долю батрака,
Што-ж? такі быў лёс паганы.

Жыў пры матцы перш хлапчынка,
І была халупка ў іх,
Дзе курылася лучынка,
Дзе туліліся ўтраіх.
Маці сім-тым зарабляла:
Пражу прала ці йшла жаць.
Хлопчык гэтак-жа бывала
Шоў у двор на сенажаць
Ці наймаўся за падпаска —
Дзе там грошы — хоць за хлеб,
Ды і то была, як ласка,
Покі хлопчык не акрэп.
Бацька меў свае дарогі:
Шоу, абходзячы двары,
На сядзібы, хутары —
Быў калека і убогі
І вымальваў імем бога
Хлеб і іншыя дары.

Як-бы там ні выпадала,
Ўсё-ж у іх быў свой куток,
Свой прытулак. І бывала
Ў цёплы летні вечарок
Сядзе важна каля хаты
Разьвяселены жабрак.

Бач, Крыстына: мы багаты —
Хатку маем як-ні-як.
Ёсьць у хатцы печ, дзьве лавы.
Праўда, пень замест стала,
Але ўсё адна хвала,
Калі стол бяз хлеба, стравы.
А на нашай-жа калодзе
Сальца водзіцца падчас,
Як пашэньціць мне ў абходзе.
О, жывуць і горш за нас!
Хоць-бы гэтак было далей.
Так, старая, ці ня так?
Радасьць мая ў хлебе, сале.
Я шчасьлівы ў кожнай хвале,
Хоць калека я, жабрак.
Чым-жа кепска? запытаем…
І вось думаецца мне,
Што мы радасьць, шчасьце маем
Ў абразе, што на сьцяне. —

Так стары Казімер стане,
Зьняўшы торбы, разважаць:
— Дзякуй табе, вечны пане,
Што і ў маім жабрачым стане
Ёсьць ніва мне і сенажаць!
Ну, ці так кажу, старая,
Мы ня горш людзей жывём…
З дзень Казімер спачывае,
Потым зноў ідзе з кіём.

Ды ня доўга красавала
І такое шчасьце іx —
Ліха прыдзе ў адзін міг:
Летам Крыся заняпала
І з пасьцелі больш ня ўстала.
Што-ж рабіць ім удваіх?
Разышліся іх дарогі,
Не пашоў малы Якім
У вандроўку са старым
Абіваць людзям парогі,
Апусьцела хатка тая,
Ткуць красёнцы павукі,
Бо няма, бо не хватае
Гаспадынінай рукі!
Сам Казімер апусьціўся,
І асунуўся, азыз,
І халат яго зрабіўся
Комам лат, ануч і рыз.
Ніжай хатка ў дол ўрастала,
Патачыў яе чарвяк,
І на прызбу, як бывала,
Ня выходзіў больш жабрак.
Двор ня прыбран, не падмецен,
У халупцы сьмецьце, бруд…
Ох, саколю: ня прымецен,
Ды вялік жаночы труд!

Што ж было рабіць малому?
Рукі дзе яму зацяць?
Ня йсьці-ж з бацькам жабраваць,
Здароваму, маладому!
І ён кінуў бацьку, хату,
Па людзях пашоў блукаць,
Долі-спосабу шукаць
За абы якую плату.
Многа дзе ён быў, сланяўся,
І ўжо сталым дзяцюком
Да Адама ён наняўся
Батраком.
Здольны быў работнік новы.
Пойдзе ў луг касіць мурог. —
Ні адзін касец вясковы
З ім управіцца ня мог.
Палюбіў яго, як сына,
Ім хваліўся гаспадар:
„Ну і хлопец! вось хлапчына!
Вось работнік! вось штукар!“

Ўсё йшло добра і паволі.
Дома кошкаўся стары,
А Якім часамі ў полі
Зранку быў аж да зары.
Ходзіць хлопец за сахою,
Дружна ў пары йдуць валы.
Толькі й чуеш за гарою:
— Гэй, Пярэсты! Но, Малы!
А як поўдзень падступае,
Зьніме з іх Якім ярмо.
„Патаміліся?“ спытае:
„Есьці хочаце? Дармо!
Адпачынем, папасемся.
Сонца зрушыцца з гары,
Зноў у сошку запражомся
Мае волікі-сябры!“
Так гаворыць са скацінкай
І пускае на траву,
А сам гэтаю часінкай
Сядзе ў цень на мураву.
І сядзіць ён, штось гадае,
Бы на думках штось было,
І сам сюд-туд паглядае
На той хутар за сяло,
На курганік і на гору,
Дзе дарожка пралягла:
Банадыся ў гэту пору
Яму полудзень нясла.
Ўсё ў Якіме аж заскача,
Задрыжыць і запяе,
Як здалёку толькі ўбачыць
Постаць мілую яе.
У белай хустачцы з брыжамі
Хутка блізіцца яна.
Вузел хлеба за плячамі,
А ў спарышыку з пшана
Каша, квас ці інша страва
Ды гладышык малака.
Вось падходзіць і ласкава
Так зірне на батрака.

— Ну, Якімка, падкрапіся —
Папалуднаваць пара.

— Дзякуй, рыбка Банадыся!
Я-ж такі і падараў!
Сяду, што-ж, якраз часіна…
Сядзь і ты бліжэй сюды! —
Есьць Якімка, а дзяўчына
З яго цешыцца яды.
— Можа-б ты папрабавала?
Разам есца нейк зручней. —
І дзяўчына ложку брала.
Разам праўда што смачней.
Не яда ім, а пацеха.
Так і горнуцца яны.
Тут і жарты, тут і сьмехі —
Сьвята ім той дзень будны.
І ня раз вось так у полі
Ці ў куточках зацішных
у спатканьнях патайных
Часу бавілі даволі.
і ніхто ня знаў, ня ведаў,
Чым так моцна прыкаваў
Дом Якіма, і ў суседзяй
Ён ніколі ня бываў,
Не хадзіў на пагулянкі,
Каб другім не замінаць,
І апроч свае каханкі
Не хацеў нікога знаць.
Вечарамі ў сад цяністы
Выйдзе з дудкаю Якім.
Плача дудка галасіста
Плачам жаласным такім.
Банадыся-ж у ваконцы
Сядзе, слухае дуду.
Смутна стане ëй бясконца,
Як-бы граў ён на бяду.
Месяц з неба пазірае,
Ўзьдзеўшы срэбраны вянок,
А ёй сэрца замірае,
Млее, просіцца яно…

III

Беглі дні ды йшлі нядзелі.
Банадыся-ж і Якім
Шчасьце кралі, як зладзеі,
У каханьні патайным.
Ды чым далей, то тым болей
Непакоіць думка іх:
Як-жа з бацькаўскаю воляй?
Як са згодаю старых?
Ну, вядома — гэтай згоды
Не дабіцца ім ніяк:
Хто Якім? галыш, бяз роду,
Сын убогага, батрак!
А яна — багачка, краля
І адна дачка ў бацькоў.
Проста людзі-б засьмяялі!
Хіба-ж лёс яе такоў?
Марна думаць аб той згодзе:
Не, бацькоў ім не уламаць.
Дык аб гэтай перашкодзе
Лепш маўчаць, не ўспамінаць.
Хай ідзе сваёй чаргою —
Далей будзе ім відней.
Іх каханьне-ж той парою
Разрасталася ладней.
Так яно па волі божай
Шло-кацілася само.
І што-ж думалі, нябожа?
Спала з іх плячэй ярмо.

Час быў так каля Міколы.
Помню добра, як цяпер,
Веснавы дзянёк вясёлы,
Нават помню, што ў чацьвер,
У гасподу да Адама
Зайшлі два гаспадары,
Багацеі гэтак сама.
Як і той Адам стары
— Як-жа крэпенькі, здаровы?
— Дзякуй вам! што ў вас чуваць?
Ну, звычайныя размовы,
І на словы ніжуць словы,
Каб той звычай захаваць,
Ды каб спрытна стараною
Грунт сабе падрыхтаваць —
Трэба-ж перш парахаваць,
А ўжо потым з навіною
Без памылкі выступаць,
І пры гэтым на дзяўчыну
Вокам кінулі ня раз.
— Малайчына, малайчына!
Дочка ладненькая ў вас! —
Далей — болей,
Мой саколю,
Ды слова па слову
Закідаюць сець на волю,
На дзявочу тую долю
Раскрываюць змову,
Бо дзяўчына,
Як пташына —
Вылятае ў вырай,
І прыходзіць ёй часіна
Аб сваёй другой айчыне
Пагадаці шчыра.
— А гадаці,
Бацька, маці,
Тут ня трэба многа:
Малады наш, Гуль Кандраці,
Першы богач у Загацьці,
Не знайсьці такога.
Госьці гладка
Ад пачатку
Павялі гамонку.
Дык што скажа бацька, матка,
Каб аддаць сваё дзіцятка
У той дом за жонку?
Глянулі адзін другому
Тут бацькі у вочы—
Выпусьціці пташку з дому,
Як відаць, ахвочы.
Пакланілася старая,
З лавы ўстаў стары Адам,
— Што-ж? няхай бог памагае,
Прыяжджайце, госьці, к нам. —
Як зачула-ж Банадыся
Аб той згодзе, аб сватох,
Ёй і рукі затрасьліся,
Сэрца стукае — тох-тох!
Штось хацела ім сказаці
Са усёй сьмеласьці, з пляча,
Ды стрымалася дзяўча.
Душна стала ёй у хаце.
Вышла моўчкі вон за дзьверы.
Што-ж рабіць? Ну, што рабіць?
Як ёй гэтыя намеры
Папярэдзіць і разьбіць?
Свайго ўспомніла мілога.
„Мілы, любы мой Якім!..
Зьбегчы трэба — больш нічога,
І паставіць на сваім“.

Азірнулася дзяўчына
Ды бягом у сад, за сад.
Вось лясок і раўчавіна,
За ляском яе хлапчына
Рэжа скібы рад у рад.

БАНАДЫСЯ

Ой, Якімка! гора, ліха!..
Пагаворым, любы, крыху.

ЯКІМ

Што такое? у чым справа?

БАНАДЫСЯ

Справа кепска, няцікава!
З-пад Загацьця ягамосьці
Няпрашана прышлі ў госьці
Мяне сватаць за Кандрата.
Даюць згоду мама, тата,
Толькі я адна нязгодна.
Што-ж рабіці, мілы, родны,
Засталося часу мала,
Ды ня ўсё яшчэ прапала:
За табою стала слова,
Я-ж на ўсё, на ўсё гатова!

Спахмурнеў батрак,
Аж зьмяніўся ў твары.
Вочы зораць, бы з-пад хмары,
З тропу зьбіты небарак.

БАНАДЫСЯ

Што-ж маўчыш, Якімка любы?
Ты-ж ня хочаш маëй згубы?

ЯКІМ

Як відаць, разлучымся, нябога!..
А для мяне… адна дарога…

БАНАДЫСЯ

Што я чую?! Ох, ты ж губіш
Мяне бедную, Якім!
Ці мяне ты ўжо ня любіш?
Ці ўгнявіла цябе чым?
Ці ты лепшых слоў ня знаеш,
Апроч гэтых жорсткіх слоў?
Ці другую сабе маеш,
А мяне забыць гатоў?

ЯКІМ

Забыць цябе, дзяўчынку дарагую?!
Да дзе-ж знайсьці такую!
Не, любая! не, не!
Ніколі!
Няхай ня будзе шчасьця мне,
Няхай ня будзе долі,
Калі-б цябе зьмяніў я на другую!
Слухай, сэрца, Банадыся!
Каб цябе я ня любіў,
Каб з табой мы ня сышліся,
Мо‘-б я больш шчасьлівы быў.
Толькі-ж я табе ці пара:
Я — слуга твой і батрак,
Бацька мой-стары жабрак...
Горка мне твая ахвяра!
Ты — красуня, ты багата,
А я голы, як сакол,
У мяне будка, а ня хата
Ды і тая ўвайшла ў дол,
Апусьцілася ў зямлю…
Дзе-ж цябе я прытулю?

БАНАДЫСЯ

Толькі той і перашкоды?
Ой, Якімка мой дурны!
Мы-ж такі і неблазны,
Прыдзем так, давай, да згоды:
Мы тайком у цэркву пойдзем —
Поп за грошы дасьць нам шлюб,
Будзем жыць і спосаб знойдзем.
Крэпак ты, Якім, як дуб.
Ці-ж палохацца работы?
Ці няздольны працаваць?
Што нам гэтыя турботы!
Зможам кут асталяваць! —
Прасьвятлеўся твар Якімаў,
Пугу вобземлю шпурнуў,
Сьмела ўскінуў ён вачыма
І кудрамі страсянуў.

ЯКІМ

Я, саколка, не баюся
Ніякае працы!
Куст — мае палацы!..
У ярмо сам запрагуся,
Пацягну ня горш вала —
Ты-б шчасьлівая была!..
Не! ня згінем мы з табою,
З маёй рыбкай залатою!
Ў вочы ёй Якім зірнуў
І да сэрца прыгарнуў.

IV

І вось потайкам, цішком
Ўсё яны абмеркавалі,
Гладка ўсе канцы схавалі.
Справа стала за папом.

Тым-жа часам Гуль Кандраці
Ca сватамі п‘е ў іx хаце,
Вусы круцячы рудыя —
Што-та, моў, за я! куды я!
Банадыся-ж прытоена
Сядзіць на тых запоінах,
Далёкая ад Кандрата
І ад дому і ад свата.
Дзень вясельля назначылі,
Ды вясельля ня бачылі…

У бліжэйшы час па гэтым
Сьвятою нядзеляй
Пашла дзеўка макам-кветам,
Як кажуць, з кудзеляй.
Не адна пашла ўцякачка,
А з сваім Якімам.
Што багацьце, лепш батрачкай,
Хай яно йдзе дымам!
Ці-ж ёй сэрца заняволіць,
Жывучы з багатым?
Лепей з любым у нядолі
Бяз прытулку-хаты.

У нядзельку на сьвітаньні
Па дарожках патайных,
Каб ніхто ня бачыў іх,
Ідуць лёсу на спатканьне.
Кончыў поп ужо маленьне.
Да папа яны ідуць,
Пад яго благаславеньне
Сэрца боязна нясуць.
— А дзе вашы бацькі, дзеткі? —
Поп іх строга запытаў. —
Дзе сваты? дзе дружкі? сьведкі?
Хто на запаведзь даваў?
Ці ня зьбеглі вы ад волі
Блізкіх кроўных і бацькоў?
Не зьвянчаю вас ніколі!.. —
Холад веяў ад тых слоў.

БАНАДЫСЯ

Зьмілуйся, бацюшка,
І нас ты зьвянчай!
Што праўда, то праўда —
Парушан звычай.
Мой бацька багаты,
А ён — наш батрак.
За беднага-ж пэўна…
Ні гэтак, ні так.

ЯКІМ

Назначце, бацюшка, цану
І выбачце нам гэтую віну,
Але нас павянчайце.

ПОП

Не, на гэта выбачайце!
І ня ведаю я вас.
Разьбірацца-ж мне ня час;
Можа вы у першай стрэчы,
Можа вы — брат і сястра.
Што-ж вянчаць так не дарэчы?
Не: ня месца, не пара!
Не, няма благаславеньня!

ЯКІМ

Калі так, то што рабіць?
Мы ўсё роўна па сумленьні,
Як муж з жонкай будзем жыць!

БАНАДЫСЯ

Пакляліся мы
Жыць у пары век.
Што паробіш тут?
Утаўчэцца нейк.

Так сказалі і выходзяць.
Пастаялі на двара.
Смутак, клопат іх бярэ —
Чаго-ж дарма час тут зводзіць?
Вышаў поп, счакаўшы, ў сені —
Жаль да іх пачуў стары.
Бачыць, сталі на калені
Прад царквой на цьвінтары.
Там у шчырасьці сардачнай
Пакляліся ў згодзе вечнай
Разам несьці клопат, гора
І ісьці рука ў руку
Без папрокаў, без дакораў,
Што-б ні стала на вяку.
Поп крануўся згодай тою
І іx шчырасьцю такою
На цьвінтар да іх ідзе,
Сам у цэркву іх вядзе.

ПОП

Бачу згоду вашу, дзеткі!
Дай бог згодна век вам жыць.
Што-ж, ідзеце ў цэркву, кветкі, —
Павянчаю, так і быць.
На сябе він бяру я,
Хай вам бог грахі даруе.
З імі ў цэркві памаліўся,
Службу справіў, адчытаў.
Як-бы камень з іх зваліўся,
Як-бы іншы сьвет ім стаў.

Няпрыветна выглядала
Хатка дзеда-жабрака.
Павуцьцё куты заткала,
Дзьмула з кожнага кутка.
На аконцы вецер пылу
Цэлы пласт нанёс, нагнаў.
Там царыў спакой магілы,
Дух бядоты панаваў.
Печ асела, грунт загніўся.
Ў печы гліняны гаршчок
Сіратою прыхіліўся,
Стаў нячапаны ў куток.
Парахнелі марна лавы,
Дух пракіслы патыхаў,
А сталом быў пень трухлявы,
Што Казімер так кахаў.
Ўсё пра беднасьць тут казала,
Пра нядолю бедака, —
Няпрытульна пазірала
Хатка дзеда-жабрака.

І вось раптам надвячоркам
Хатка тая ажыла.
Там пачулася гаворка,
І быў рух каля стала,
Праўдзівей, каля калоды,
Што служыла ўжо сталом
Незапамятныя годы.
А дзед ходзіць сакалом,
Бо-ж і рад такі старэчы,
Што жыве ён недарма.
Ён патупаў каля печы,
Пляшкі часам ці няма.
Да гарэлкі-ж дзед быў падак,
Майстар быў кручок загнуць:
Як-жа ў гэтакі выпадак
Пару чарак ня кульнуць?
У Казімера старога
Быў і скорам пра запас —
Скруткаў некалькі каўбас.
„Што гнявіць мне пана бога?“
Гаварыў стары ня раз.
Малады пашоў па воду,
Потым дроў схадзіў прынёс,
А дзед торбы ператрос,
Цягне ўсё на стол-калоду.
Маладая прыбірала,
Мыла, чысьціла, мяла,
Павуціну, пыл зганяла, —
Гаспадынін рэй вяла.

Як усё было прыбрана,
Запалілі там сьвятло,
І халупка нечакана
Заіскрылася, як шкло.

ДЗЕД КАЗІМЕР

О! такі-ж недарма
Кажуць тыя людзі:
Убяры ты і пень,
То харошы будзе!
Не, дапраўды: зірні —
Што за хата стала!
Хат такіх на сяле
Ты налічыш мала.
А за гэта за ўсё
Гаспадыні хвала!
Ну, то сядзем за стол
Ды вясельле справім.
Малады з маладой!
Сядзьце тут на лаве…
Дадуць чосу бацькі
І мне разам з вамі.
Ну, да покі той суд,
Пабалюем самі.
І закуска тут ёсьць:
Хлеб, блінцы, каўбаскі…
І вы будзеце жыць
Сяк-так з божай ласкі…

Прыступаюць да вячэры.
Чуюць — ходзяць пад акном!
Потым раптам хтось у дзьверы
Барабаніць кулаком!

V

— Дзе-ж то, бацька, наша дочка?
І Якім бы ў воду кануў…
Дзень праходзіць, скора ночка…
Вышаў-бы ты сам ды глянуў.
Проста дзіва, і ніколі
Ня бывала такіх штук.
Што ўжо гэта за сваволя!
Што ён думае, блазьнюк? —
Непакоіцца матуля.
Не, ня так яно, ня так!
І Якім на тыя гулі
Не аматар, не мастак.
Ёсьць тут, ёсьць тут штось напэўна —
Зьніклі зранку і няма
І прапалі неспадзеўна…
Ой, тут нешта нездарма!

Усяк маці разважае —
А мо‘ гэта, а мо‘ то…

МАЦІ

Ой, дурніца-ж я старая!
Бацька! ведаеш ты што?
Я — сьляпая, ты дурны:
Пэўна-ж любяцца яны?
Пасудзі, падумай сам…
Ото-ж сорам будзе нам!

АДАМ

Ну, ты скажаш! лепш маўчы.
Вады ў ступе не таўчы!
Mo‘ пашлі дзе на гуляньне —
Ці-ж яны манахі?
Кінь ты гэтыя гаданьні
І пустыя страхі!

МАЦІ

Ой, глядзі, глядзі, стары!
Удзяруць нам штуку.
Ліха выпаўзе з нары,
Будзе, будзе гуку!

АДАМ

А, ня бойся,
Заспакойся —
Ня будзе нічога.
Хай гуляюць —
Права маюць,
Ня судзі іх строга.
Хлопец сталы
Ды прыўдалы
І ня з гліны-ж можа!
Разам стануць —
Люба глянуць,
Так яны прыгожы!

МАЦІ

Пляцеш немаведама што.
Ты яму дзесяць, ён табе сто.
Хоць падбаў-бы ад дзіцяці,
Ўсё яму нічога. —
Аж угневалася маці
Ад тых слоў старога.
А сама гадае матка
Над праявай тою:
У чым загваздка, загадка?
Што з яе дачкою?
І тут раптам нечакана
Ў галаве старое
Закружыліся пагана
Думак іншых роі.
Цяпер толькі ясна стала —
Дзе-ж быў змысл жаночы! —
Як дачушка паглядала
На чорныя вочы.
Цяпер толькі прасьвятлела
Матчына галоўка,
Як лавіў ён анямела
Дзявочае слоўка.
Цяпер толькі зразумела, —
О, дурная маці! —
Чаго ў садзе дудка млела,
Не давала спаці.
А тут зараз пагалоска
По людзях шапоча,
Што батрак іх з ласкі боскай
Быць іх зяцем хоча,
Што дачка іх у Загацьце
Ня пойдзе за Гуля:
Гуль пры ўсім сваім багацьці
Застанецца з дуляй.

Маці далей ня ўтрывала,
Вышла з хаты ды трушком
К жабраку пашыбавала —
Загуменьнямі, лужком.
Падыходзіць пад аконца,
Зірк — ня верыць і вачам:
Банадыся, яе сонца,
Божа мілы! там! ох, там!
Маці рукі заламала,
Зноў назад бяжыць яна,
З гора намітку сарвала.

МАЦІ

Божа! ў чым мая віна?
Ой, сорам нам, сорам!
Да што скажуць людзі?
Жыць у такім брудзе!
Цешся-ж маім горам,
Рвеце-ж мае грудзі! —
Прычытвае, плача матка,
Валасы рве, бы ў агні.

МАЦІ

Будзь-жа ты, маё дзіцятка!..

АДАМ

Стой, старая! не кляні!
Кінь ты выць, на міласьць бога!
І пашла ўжо і пашла!
І ня сьмей і мысьліць злога,
Утрымай язык ад зла!
Бо-ж яна нам ня чужая,
Бо-ж яна у нас адна.
Гм! праклёнам пагражае!
Моўчкі гора пі да дна!
І чаго так ужо вар‘яцець?
Ідзі лепей у клець,
Прыбярыся, як трэба, сама,
Ня зводзь часу дарма
Ды каробкі сьціха Накладай давярха
Розным скарбам-дабром:
На вясельле папром!

Два разы адно і тое
Ня любіў казаць стары:
Што сказаў — слаўко сьвятое,
Хоць тапіся, хоць гары.
Вышла борзда ў клець старая
І кублы вярнуць давай.
Жыва кораб набірае
Сырама, маслам цераз край.

АДАМ

Ну, старая: пойдзем з богам —
Што ўжо гневацца тут нам.
Не паможа больш нічога,
Як зрабілася ўжо, маці,
Дык няхай і будзе так.
Што-ж, батрак ён, ну, батрак.
Я-ж ня мысьлю зла дзіцяці.

МАЦІ

Дык што-ж, бацька: усё гатова,
Пойдзем, раз ты хочаш так.
Надзеў бацька халат новы,
Маці — чысты андарак,
Цемачком ідуць старыя
У халупку да дзяцей.
Не чакалі маладыя
Дарагіх такіх гасьцей.

АДАМ

Добры вечар, зяць малоды!
Добры вечар, гаспадар! —
І стаўляе на калоду
І гарэлку й божы дар.

Дзед стары быў як аглушан,
Як-бы гром яго прышыб,
І язык стаў непаслушан,
Не варочаўся, прыліп.

Банадыся бацьку у ногі!

БАНАДЫСЯ

<poem>Не карай нас, татка, строга!
Глянь ласкавымі вачыма.
Гэта я зьвяла Якіма.
З ім тайком і зьвянчаліся,
На тваю дабрату спадзяваліся.

АДАМ

Ну, што кара тут паможа?
Толькі-ж, дзеткі, так нягожа…
Злосьці я на вас ня маю
І караць ня буду вас.
Што-ж? дабра вам пажадаю! —

Са сьцяны ён зьняў абраз,
Той стары абраз, каторы
Дзед Казімер паважаў
І прад ім так шчыра ў горы
Ўсе надзеі пакладаў.
Маладых благаславілі.
— Ну, дай божа шчасьця вам! —
Іх на покуць пасадзілі.
Выпіў, зьмяк зусім Адам,
Па плячу пастукаў зяця.

АДАМ

Чуй, Якіме: батраком
Працаваў ты ў маёй хаце,
Цяпер будзеш прымаком! —
Больш гарэлка разьбірае,
Стаў банкет іх ажываць,
І Адам ужо гукае:
— На які чорт лепшы зяць? —
Зашумелі, разышліся,
Падабрэў стары у канец.

АДАМ

Малайчына, Банадыся!
Маці, праўда маладзец?


Дык вось, як, саколю, бывала даўней.
Ці блага, ці добра — вам з боку відней.

1910 г.