Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Па дзядзькох

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ігрышча Па дзядзькох
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
„Сьвяты Ян“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па дзядзькох.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА ДЗЯДЗЬКОХ

Пакараў мяне бог,
Што павёў па дзядзькох
Вялікодным вясёлым дзяньком.
Піў у іх, колькі мог,
Пластам там чуць ня зьлёг
І ня зьвяў, не заснуў за сталом.

Ды дазвольце ўжо мне
Аб радні і гульні
Праўду толкам, як ёсьць, расказаць.
Быў выпадак ня ў сьне,
А ў сваёй старане,
Як пашоў я дзядзькоў віншаваць.

Вышаў зранку я ў пуць
І рашыў ня мінуць,
Не пакрыўдзіць нікога з дзядзькоў:
К тым, хто бліжай жывуць,
Папарадку вярнуць,
А ня рвацца на дзесяць кускоў.

Першы дзядзька — Паўлюк.
Падыйшоў я і — грук,
Аж ён сам ад суседа бягом.
Кінуў дочку ён з рук
І падняў такі гук,
Што ўсё ходзіць, трасецца кругом.

— Ну, йдзі ў хату! — крычыць,
Дзе, ня знае, садзіць —
Бачу, рад на мяне паглядзець.
Сталі мы гаманіць,
Як на сьвеце нам жыць,
Як нам многа прышлося цярпець

Ад сваіх і чужых,
Ад парадкаў ліхіх,
Ад усякай на сьвеце брыды.
Потым дзядзька прыціх,
Шаптанулі ўдваіх,
Наконт мусіць-быць „горкай вады“.

Потым чую: „Бягай!
Праз пяць хат Аляляй!“
— Э, кінь, дзядзька: навошта яна?
— Што там кінь? Не зважай:
Даў бог сьвята — гуляй!
Не нап‘ёмся нябось да п‘яна.

Цётка з бутляй прышла
Ды закрасы ўліла,
Каб гарэлка пілася смачней;
Потым крошкі з стала
Чыста сьцерла-зьмяла.
— Ну, дык сунься сюды, брат, бліжэй!

Дзядзька чарку бярэ,
Аб скарач яе трэ
Ды гарэлку ў яе буль-буль-буль!
Ва мне сэрца аж мрэ:
Хто той келіх сапрэ?
Знаць, сухім я ня выйду адтуль!

Чарка, браце, павер:
Як даўнейшы мажджар —
Проста страшна на падлу зірнуць!
Як кадуб, такі зьвер,
Хоць ячмень ëю мер,
І прышлося да дна хлясянуць!

Гоніць дзядзька ў галоп,
А мне вочы на лоб
Чуць ня выперла чарка-мажджэр.
Чую, кепска было-б,
Каб яшчэ такі чоп,
Або пару яшчэ такіх мер!

Ды і так я пачуў,
Што мяне штурхануў,
Як-бы стукнуў даўбешкаю хмель:
Чуць мазгоў не зьвярнуў,
Проста сон агарнуў,
Хоць кладзіся ты спаць на пасьцель.

— Закусі-ж. Вось кумпяк.
З хрэнам можа ці так,
Як латвей і смачней на твой густ.
Няма надта прысмак:
Парасюк, як прусак.
Ды стол, дзякаваць богу, ня пуст! —

Закусіў, пасядзеў,
Гаварыў, як умеў.
Да Яхіма я дзядзькі іду.
Я ішоў, весялеў,
З кожным крокам сьмялеў,
Ды яшчэ быў з сабою ў ладу.

Ляпнуў клямкай, ступіў,
Дзьверы я адчыніў —
Ціха ў хаце, нікога няма.
„Дзе-ж-бы дзядзька той быў?
Мо‘ гарэлку глушыў?“
Прамільгнулася думка сама.

Хату я азірнуў
І храп дзядзькаў пачуў —
На палку дзядзька спаў-спачываў.
Вось я крок сьцігануў,
Голаў трохі прыгнуў,
А Яхім, як пшаніцу прадаў!

Зьбіўся з тропу я спрэс.
Дзядзька! Хрыстус васкрэс!“
І ў плячук свайго дзядзьку штурхець!
Ідзі ліха на лес:
Ці ня ў гразь я залез?
Ой, раўне, ты глядзі, як мядзьведзь!

Прахапіўся Яхім.
Божа мілы, што з ім!
Не расплюшчыць ніяк ён вачэй!
Я стаю ўсё над ім:
Як паможаш і чым,
Каб расплюшчыў ён вочы хутчэй?

Але лыпнуў сяк-так.
— Ох, заснуў-жа я ў смак!..
Ну, як маешся, браце, жывеш?
І куды-ж ты, як рак,
Проста высах, бы грак!
Мусіць, крыж ты, брат, цяжкі нясеш?

— А як дзядзька здароў?
Божа, колькі гадоў,
Як рассталіся, дзядзька, з табой!
— Многа, браце, гадоў!
Да сівых валасоў
Вось, як бачыш, даклыгаў ступой…

Ото-ж ты маладзец!
Хоць пабачу цябе пад канец…
Надзя, гэй!.. дзе-ж прапала яна?..
Я адзін, як дубец —
Восьмы год удавец,
Толькі Надзя са мною адна.

Юзік хлеб свой знашоў,
Пётра ў людзі пашоў,
Міхаліна ў жыдоў ад каляд… —
Так гамонім ды зноў
Стол накрыты гатоў
Пірагоў, бабак, скораму шмат.

Дзядзька зараз устаў
І ў каморцы прапаў —
Засьвярбеў у мяне, браткі, нос!
Я нядоўга чакаў:
Дзядзька важна сягаў
І бутэльку пад пахаю нёс.

Дзюбанулі мы з ім.
Праўда, дзядзька Яхім
Толькі вусы крыху памачыў.
— Пі ўжо ты, бо старым
Цяжка косьцям маім,
Ды, прызнацца, я сёньня хапіў.

Сядзімо мы, гудзëм
І гаворку вядзём,
І пра бацьку мы ўспомнілі тут.
— Многа страцілі ў ім,
Кожны ўспомніць дабром,
Хоць у службе ён быў такі крут.

Дзядзька далей расчаў
І пра бацьку сказаў —
Мо‘ каб горкія думкі прагнаць: —
Доўга грудзі ён ссаў.
Хтось яго запытаў:
„Калі кінеш ты цыцку ўжо ссаць?“

А ён зразу адказ:
„Каля Яна якраз!“
„А па Яне?“ „Касіць я пайду!“
Так гамонка у нас
Заняла добры час,
А нарэшце ўстаю — да Каруся іду.

У Яхіма-ж ізноў
Мажджэр двойчы прашоў,
І я весел, як мае ўжо быць, —
Яшча-ж роўна я шоў.
Хоць сьпяваў ды бяз слоў,
І язык яшчэ мог мне служыць.

Мяне „Дрогі“ спаткаў,
Падышоў, шапку зьняў,
А я вусы абцёр, расхіліў.
Ён мяне цалаваў,
Да сябе заклікаў,
А нарэшце курыць папрасіў.

Трэці дзядзька — Карусь
Да яго я плятусь.
І так я сам з сабой гаманю:
Кепска будзе, уп‘юсь…
Ды хоць так — не баюсь!..
Вось, дальбог, казаў так, не маню!

Бо я ведаў: „Дзівак“
Добра дасца мне ў знак,
Бо яго — самы большы „мажджэр“.
Я ўжо п‘ян, бы латак,
Ды плятуся, аднак,
Адкаціўшы для форсу каўнер.

Пералез я парог
І галёшы зьняў з ног
І кажу: „Здрастуй, дзядзька Карусь!“
— Што-ж ты стаў! ці зьнямог?
Сунься дальш у бярлог! —
Я тралюю праз хату, як гусь.

Рада цётка была
І мяне абняла.
— Ну, прысядзь-жа ты, мой галубок!
Люлька ў дзядзькі храпла,
Сваё нешта вяла,
І пускаў дзядзька спрытна дымок.

Дзядзька зрэдка пляваў,
Моцны жарт адпускаў
І сьмяяўся сам дробненька так,
Ды ізноў замаўкаў, —
Нібы ў мысьлях блукаў —
Ну, нядарма празваўся Дзівак!

Неўзаметкі маргнуў,
Дротам люльку прапхнуў,
Хоць-бы слова сказаў да каго.
Колькі раз тупануў,
Да дзьвярэй завярнуў.
І гарэлка зьявілася ўміг у яго!

Зьняў з бутэлькі пячаць,
Сказаў ягад падаць.
З бутлі ў бутлю гарэлка цяча.
Чую — трэскі трашчаць,
А там скваркі пішчаць —
То яечаньку цётка пячэ!

Вось мы селі за стол.
Дзядзька пляшку—у пол
І льле чарку да самых краëў.
І, зірнуўшы на дол,
Шаргануў свой прыпол.
— Ну, дык будзь-жа, брат Костусь, здароў!

Галавой целяпнуў,
Чарку спрытна кульнуў,
А другую ўжо мне ён наліў.
Я яе адапхнуў,
Дзядзька зьнізу зірнуў:
— Што-ж, я грошы дарма заплаціў?

І так вокам павёў,
Што бяз дальшых я слоў
Ня горш дзядзькі „мажджэр“ асушыў.
— Ну, во так і — гатоў!
Вынуў люльку з зубоў,
І тут жарт дзядзька зноў адпусьціў.

Я сядзеў, як „філін“,
Ў галаве цэлы млын,
А яшчэ двух дзядзькоў абыйсьці!
А „мажджэр“, чортаў сын,
Зноў упёрся, як клін.
— Ну, яшчэ, брат, адну прапусьці!

Што парадзіш, валяй!
Даў бог сьвята — гуляй!
Што казанскай глядзець сіратой?
Прападаць — прападай!
Пі, валі, не шманай —
Як пусьціўся ў дарогу — ня стой!

Ад Каруся ізноў
Да Каруся пашоў:
Двух я маю дзядзькоў-Карусёў.
Пабажыцца гатоў,
Што ня чуўся мазгоў,
А ў вачох сьвет мяцеліцу мёў.

Выпіў-рэзнуў і там,
А як вышаў, і сам
Не магу я ніяк разабраць.
Я ня верыў вачам
І даў волю нагам
Ды Пятруся ідуць.

Людзі скажуць, як я, —
Горка доля мая, —
Апыніўся у дзядзькі Пятра.
Мне-ж дарога свая
Цямней ночкі была,
Ў цень яе агарнула мара.

Помню быццам праз сон,
Павярнуў там заслон,
Як лез вон з-за стала, каб устаць.
Далей помню — Антон,
Прышоў з „Татусам“ ён
І вучыў яго рапарт аддаць.

Так я піў і гуляў,
Так дзядзькоў віншаваў
Вялікодным вясёлым дзяньком.
А дамоў як дыбаў,
Дык чарцей я склікаў,
На нябожчыкаў трос кулаком.

І ўсю ноч напралёт
Чаркі кідалі ў пот,
І ня мог галавы я падняць.
Дачакаю за год,
Дык кажу напярод:
Не пайду больш дзядзькоў віншаваць.

1912 г.