Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/У цемры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я помню, быў… У цемры
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На пераломе
Іншыя публікацыі гэтага твора: У цемры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЦЕМРЫ

Падзівіся, браток,
Што за цемень вакруг!
Ў хмары месяц уплыў,
І бляск зорак патух.

Ня чуваць галасоў
Сьвежых, вольных, жывых.
Толькі совы крычаць
Па трушчобах глухіх.

Ім уторыць пугач —
Цёмны жыхар дупла.
Падзівіся, браток,
Што за цемень — імгла!

Толькі зрэдка у цьме
Бляск пужліва мігне,
Быццам воўк з-за кустоў
Злосным вокам зірне.

Гэты бляск — не агонь.
Гэта — фальш, гэта — зман…
Падзівіся, браток,
Як гусьцее туман!

Эх, і цёмна-ж у нас —
І дарожак ня знаць,
А прасьвету нідзе
Ня відаць, ня відаць!

Ў хмары месяц зашоў,
І бляск зорны патух,
Падзівіся-ж, браток,
Што за цемра вакруг!

Ды ня бойся, мой брат,
Гэтай жудкай цішы
І свайго ты агню
Ня тушы, ня тушы!

Пройдзе ноч, згіне цьма,
Непраглядны мрок-цень,
Змоўкнуць совы ў дуплох,
Як разьвідніцца дзень.

1910 г.