Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/На пераломе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У цемры На пераломе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Арол
Іншыя публікацыі гэтага твора: На пераломе (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПЕРАЛОМЕ

Дні бягуць ды бягуць,
Вянуць краскі ў палёх,
Жоўкне лісьце, трава,
Моўкне сьпеў па лясох.

І часьцей ды часьцей
Хмурыць неба свой твар.
Рэдка сонца глядзіць
З-за туманаў і хмар.

Азірнешся вакол —
Глуш, маркота і ціш,
І з нудою на ўсё,
З горкім смуткам глядзіш.

І ня ведаеш сам,
Чаго жаль спанаваў,
Як-бы часьць самаго
Ты навек пахаваў…

Дні праходзяць, бягуць,
Карацеюць яны.
З кожным днём далей мы
Ад жыцьця, ад вясны.

1910 г.