Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/На раздарожжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе-б ні быў я… На раздарожжы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На крыжовых дарогах
Іншыя публікацыі гэтага твора: На раздарожжы (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА РАЗДАРОЖЖЫ

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на сьвет радзіўся
Пад глухі шум бору,
Познаю парою,
Восеньню гнілою.

Па шляху тым бітым
І удзень і ўночы
Пешкі і з вазамі
Валіць люд рабочы,
Бы яго хто гоніць,
Аж той шлях гамоніць.

Ў розныя старонкі
Каля той каморы
Распаўзьліся сьцежак
Шэрыя узоры —
Вузкія, глухія
Сьцежачкі крывыя.

І мая, бы восень,
Доля невясёла,
І куды ні гляну —
Глуха навакола,
Смутна аддаленьне,
Хмызьнякі, каменьне…

І мяне людзкая
Хваля падхапіла
І ў глыбокім віры
Моцна закруціла
І нясе з сабою
Цяжкаю ступою.

Толькі-ж не па шляху
Носяць мяне ногі, —
Вузкі мае сьцежкі,
Зарасьлі дарогі.
Я іду-дыбаю,
А куды? ня знаю!

1911 г.