Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Дзьве дарогі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я хачу аб табе… Дзьве дарогі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На чужыне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзьве дарогі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЬВЕ ДАРОГІ

Над балотам, над лясамі
Жураўлі крычаць,
Бы сваімі галасамі
Хочуць вестку даць,

Што цяпло мінецца скора,
І заглухне бор,
Ў полі сіняга прастору
Ты ня ўгледзіш зор,

Што нагоніць хмар вятруга,
Наплыве туман.
І абніме гора-туга
Поле, лес, курган.

Разам з вамі вольны вырай,
Палячу і я,
Толькі-ж к сьмерці стане бліжай
Сьцежка там мая.

Ляціце вы ў край паўднёвы
Зіму пераждаць,
Каб на весну песьняй новай
Родны кут вітаць.

А я еду, госьці лета,
У той крывавы вір,
Дзе вар‘яцтва ўсяго сьвету
Свой спраўляе пір.

1917 г.