Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/У судзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першы заработак У судзе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
З песень адзінокага
Іншыя публікацыі гэтага твора: У судзе (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У СУДЗЕ

Янку прыгавар чытае
Член акружнага суда:

„Суд праўдзівым палагае
За праступак, што Дуда
Учыніў па добрай волі,
У цьвёрдай памяці, вуме —
За пакражу жыта ў полі
Пратрымаць год у турме!..
— А турму ты як адбудзеш —
Кажа член, каб горш кальнуць —
Дык правоў ты мець ня будзеш,
Нават соцкім не зьбяруць!“

Пакланіўся, асьцярожна
Янка члена стаў пытаць:
„Мой, паночку! ці ня можна
Тых правоў і з сына зьняць?“

1910 г.