У судзе (Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
У судзе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Янку прыгавор чытае
Член акружнага суда:

«Суд праўдзівым палагае
За праступак, што Дуда
Учыніў па добрай волі,
У цвёрдай памяці, вуме, —
За пакражу жыта ў полі
Пратрымаць год у турме!..»
— А турму ты як адбудзеш, —
Кажа член, каб горш кальнуць, —
Дык правоў ты мець не будзеш,
Нават соцкім не збяруць!

Пакланіўся, асцярожна
Янка члена стаў пытаць:
— Мой паночку! Ці не можна
Тых правоў і з сына зняць?

(1910)