Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Першы заработак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Агляд зямлі Першы заработак
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У судзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы заработак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ ЗАРАБОТАК

ДОМА

— Ну, Алесь брат, — за абедам
Кажа бацька сыну: —
Годзі бегаць дармаедам,
Красьці садавіну,
Таптаць сьцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце.
Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы —
Колькі яму, маці? —
Роднай матцы сэрца ў грудзях
Зьлёгка затраслося.
„Ці ня хоча аддаць ў людзі?“
Ў думках праняслося.
Сам Алесь сямігадовы,
Як ліст, скалануўся,
Бо ў тэй бацькавай прамове
Страх яму пачуўся.
Апусьціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
— Ну, што сьціхнуў, як у прочкі
Ты ад нас сабраўся? —
— Дай хоць зьесьці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзіцяці!
<poem>Еж, Алеська, ня журыся! —
Не ўцярпела маці:
Пойме гутарку якую,
Чуць за хлеб узяўся.
— Няхай есьць, ці-ж я шкадую? —
Бацька адазваўся: —
Еж, Алесь, чаго надзьмуўся
Ты, як мыш на крупы?
Ці ад ночы не ачнуўся!
Расплюшч свае лупы!
Глянь у вочы мне! сьмялее!
Во, так! малайчына!
Еж, бо крупнік адубее, —
Кажа ён да сына.
Паабедалі з бядою,
Спаражнілі місы.
Абцёр бацька вус рукою,
Твар і лоб свой лысы.
— Ну. дык вось што — чуеш, хлопча? —
Годзі так бадзяцца —
Няхай качка цябе стопча —
Трэба чым заняцца.
Згодзен пасьвіць ты ўсё лета
Ў Курганох каровы?
Шэсьць рублёў даюць за гэта
Ды халацік новы. —
— Ой, няхай-бы пабыў дома! —
Зноў гаворыць матка: —
Ну, куды ён, мал, вядома,
Рана пасьвіць стадка,
Толькі высахне у лыка,
Нябось, пасьвіць — мука!
— Ат! патрапіць — не вяліка
Гэтая навука!
Будзеш пасьвіць? — Тут у сына
Бацька запытаўся.
— Ото дзіва! — Малайчына:
Я не ашукаўся.
Ты ў мяне хлапец рахманы,
Вось люблю за гэта!
Працаваць вучыся з рана,
Ў маладыя леты.

ПЕРАД ВЫПРАЎКАЙ

У Алеся думак многа,
Ды ўсе думкі новы.
Твар сур‘ёзны, бы ў старога,
Нахмураны бровы.
Кінуў ён гульню з сябрамі —
Трэба дбаць на хату,
Памагаць ён будзе маме,
Бацьку, сёстрам, брату.
Цяпер бацька адзін б‘ецца
З ранку аж да ночы.
Так працуе, што пот льецца,
Лезуць на лоб вочы.
Гэтак сама адна маці,
Праўда, дасьціпная —
Адна ў полі, адна ў хаце.
Корміць, абмывае.
Мала з дзевак дапамогі —
Драбяза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй богу,
Жыць здужае ў сьвеце.
Без падмогі, сам сабою:
Ён — дзяцюк, хлапчына —
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі няпрыметна
Далей залятаюць —
Чужаніцы няпрыветна
З Курганоў мігаюць.
Матка страхаў наказала
Пра жыцьцё з чужымі,
Як Алеся навучала,
Каб ужыцца з імі.
— Трэба змоўчыць, хоць часамі
Скрыўдзяць, або ўсчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Ня лазь у гароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды… —
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка,
І так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасьць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морам —
Восем вёрст ад дому,
Над ракою за тым борам, —
Месцы ўсе знаёмы.
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
Дух надзеяю ўздымае
І трывогу гоніць.
У вузельчык вось увязан
Скарб яго убогі,
Станік тонкі падпяразан —
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна-ж сэрца забалела,
Як ён вышаў з хаты,
Але плакаць не пасьмела,
Бо йшоў з боку тата.

У ЧУЖЫХ

— Добры дзень вам, ягамосьці!
— Добры дзень!.. сядайце.
— Ну, вось я прывёў і госьця.
Мал ён, — выбачайце.
— Э, нічога, акрыяе,
Дый ён хлопец слушны.
Гадкоў з восем, мусіць, мае?
— Сем у «дзень задушны»[1].
У куточку прыхіліўся
Ціха каля лавы
І на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў, цікавы.
Глянуў ён у кут украдкам
На таго сьвятога,
Што напісан быў з ягняткам
І глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая
І на Юр‘я з зьмеем,
На сьвятых, што і ня знае
І назваць ня ўмее.
За сталом былі мужчыны
І стары між імі,
У каторага маршчыны
Зьлеглі пад вачыма.
Лоб высокі, безвалосы,
Голы, як калена,
Вусы быццам-бы шлі з носа,
Белыя, як пена.
Пазіралі дзеці скрыва
З печы і з прымурка
На Алеся, як на дзіва,
Ці якога турка.
А тым часам стол убралі
Пляшка і дзьве чаркі,
Ў печы весела пішчалі,
Гаманілі скваркі.
Селі піць барыш мужчыны.
Дзед, падняўшы чарку,
Кажа: „Дай бог толк з хлапчыны
Нам у гаспадарку!..
Ходзь, Алеська, сюды, брацік!..
Бліжай, бліжай, броце!
Распраніся, скінь халацік,
Будзь як свой у хаце“.
Падышла і гаспадыня,
Жвавая кабетка.
— Павесь шапачку, мой сыне!
Зьеш — от скварку, дзеткі!
Будзеш дужшы, небажатка,
Пасілкуйся крышку! —
І падносіць хлапчанятку
Гарэлкі ў кілішку.
Круціць хлопчык галавою —
Піць, моў, не бярэцца.
Скварку згробшы пяцёрнёю,
Есьць, аж нос той гнецца…
— Ну, сынок, служы здаровы,
Даглядай скацінку.
Будзеш дома на пакровы…
Ня нудзіся-ж, сынку. —
Разьвітаўся бацька з імі
І пашоў дадому.
Ой, маркотна між чужымі
Хлопчыку малому!

НЯ ВЫТРЫМАЎ

Моцна хлопец занудзіўся
Па сям‘і, па маме,
Як-бы сьвет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай яме.
Ўсё тут дзіка, ня цікава,
Бы ў яловым лесе,
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё ня гэтак, як там, дома:
Лавы, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма,
І яму чужая.
Ўсё — качэргі і аконцы
На нуду наводзяць,
І тут нават ня так сонца,
Як там, дома, ўсходзіць,
Ды і людзі не такія,
Накшая гаворка,
І алешнікі ня тыя,
Ня той луг, узгоркі.
Вышаў з хаты, прытуліўся
Пад грушаю ў полі
І так моцна засмуціўся,
Бы ў якой няволі.
на дарогу пазірае,
Што вядзе дахаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
І так мілы хлопцу сталі
Родныя палеткі,
Лес, што нікнуў ў сіняй далі,
Узгоркі, межы, кветкі,
Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку…
Эх, як міла, весяленька
У сваім куточку!
А тут хата, як адрына,
Як хлеў, — сьвету мала.
І надумаўся хлапчына
Даць адгэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак, —
Не бярэ нічога!
А з палетка на палетак
Скача, йдзе дарога…
Ён на заўтра ўстаў ранютка,
Аж да ўсходу сонца,
Чуць што глянуў дзень ціхутка
Ў хату праз ваконца.
Наш Алесь перахрысьціўся,
Глянуў на палаці,
А там дзед той разваліўся,
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клуначак пад паху —
Загадзя сабращся —
Асьцярожна, поўны страху,
Да дзьвярэй падкраўся
І ціхутка — стук у дзьверы,
Шугануў у сені!
Сэрца білася бяз меры,
Трэсьліся калені.
Ён кулём, як ліс у норы,
За хлявы, ў задворкі…
Уплыў месячык за горы,
Чуць мігалі зоркі.
Вось Алесь прычхаў дадому,
Стаў на прыгуменьні.
Страшна ў хату йсьці малому —
Гора-утрапеньне!
Што рабіць тут, не згадае.
Мо‘ назад вярнуцца?..
Плача хлопчык, аж рыдае,
Сьлёзы так і льюцца.
Вышла матка, плач пачула,
Бачыць — іх служака!
Матку жаласьць агарнула —
Шкода небараку!
— Што-ж ты плачаш? ідзі ў хату…
Ня плач, супакойся.
— Ой, баюся, мама, таты!
— Ня зьесьць ён, ня бойся! —
Бацька ўстаў і абуваўся.
Зірк — Алесь у хаце!
Бацька толькі засьмяяўся.
— Ты ўжо дома, браце?
Той калоціцца ўсім целам,
Як-бы грэшнік страшны,
Думаў ён, што ў сьвеце цэлым
Ён — самы няшчасны.
Апусьціў сваю галоўку,
Клуначак трымае,
Кулачком у ціхамоўку
Сьлёзкі выцірае.
— Ну, што гэта за работа?
Адурэў ты, Грышка!
Ён — зусім дзіця, блазнота,
Зелен, як пурышка…
Дзе служыць яму, дзіцяці?
Ну куды-ж? — націна! —
Стала бацьку чысьціць маці
І крычаць за сына.
— Мне-б тут трэба раскрычацца,
Розум твой жаночы!
Брыдка будзе паказацца
Тым людзям у вочы!..
Ах, лайдак, пястун пракляты!
Лезь на ручкі к мамі! —
Плюнуў бацька, вышаў з хаты,
Стукнуўшы дзьвярамі.

1910 г.

  1. Задушны дзень“ 1-га лістапада, калі даўней паміналіся душы продкаў.