|
Выпіў, Янка, чарку ты,
Ну, мо‘ й трохі болей,
Бо-ж ты, Янка, не сьвяты,
Не сьвяты, саколе!
П‘юць на сьвеце, п‘юць усе,
І ты, браце, выпіў.
Іду босы па расе,
Шапку аддаў ліпе.
Скача божы сьвет вакол,
Мусіць, ён упіўся.
А ты, месяц, мой сакол,
Чаго ўтарапіўся?
Ці ты бачыш першы раз
П‘янага Яноля?
Янка выпіў, ды ня ўграз —
Піць ня будзе болей!
Ой, падыме жонка крык —
Сьцеражыся, Янка!
Эх, каб бабам не язык
Ды ня іх лаянка!
Ня крычы ты, ня крычы,
На мяне, Гануля,
І мянушак ня лічы,
Языка ня муляй!
Каб ты, Ганна, ведала,
Як цябе кахаю,
Як, залёгшы ў седала,
Па табе ўздыхаю!
Ды ня бойся, не шманай —
Што каму за дзела?
Там-там-там-там! та-ра-рай!
Ідзі, Янка, сьмела!
Бо ты толькі й бачыш рай,
Як гарэлкі хваціш.
Скачы, Янка, выцінай,
Покі сіл ня страціш!
Скача божы сьвет вакруг,
У ваччу траіцца,
Лезе з плеч стары кажух,
Хоча закруціцца.
А ты, Янка, не зважай
На кажух падраны!
Прэч з дарогі! уцякай,
Бо йдзе Янка п‘яны!
1912 г.
|