Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/«Рыну»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня п‘янага „Рыну“
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Рыну».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РЫНУ

Было і зьвялося — сьвет іншы паўстаў…
А вось што мне дзед мой нябошчык казаў:

Ў сяле была хата на дзьве палавіны,
Прасторны абедзьве, як тыя адрыны.

Але пуставала адна палавіна:
У ночы, як пойдзе апоўнач часіна,

Прыходзіць ціхутка туды Невядомы,
Прыходзіць нявідны, стаіць нярухомы

І толькі гаворыць: „Ой, рыну ж я, рыну!“
І кожны, пачуўшы такую навіну,

Скарэй бег наўцекі, бег вон з гэтай хаты…
І што ты парадзіш? — Той дом быў закляты.

Чаго ні рабілі: вадой акраплялі,
Папоў і ксяндзоў там маліцца склікалі,

Сваё вядзе „Рыну“, і хата пустуе.
Але раз пад вечар салдацік вандруе.

Прыходзіць служывы. „Эй, добрыя людзі!
Прыпынак салдату на ноч ці ня будзе?“

І рады-б, саколік, ды ліха такое:
Ня будзеш мець, родны, ўсю ноч ты пакою.

Ёсьць у нас хата, але заклятая:
Там „Рыну“ ўсё ходзіць і сон адганяе. —

Патыліцу джургнуў салдат і гаворыць:
— Няхай сабе рыне, ня буду з ім спорыць. —

Паслалі салдату, як добраму пану.
— Пабудзіце, братцы, як сам я ня ўстану. —

Салдат пацягнуўся і выпрастаў ногі,
Салодка зяхнуў так, вядома з дарогі,

Як пласт, паваліўшыся на мяккае сена
(На ўсякі выпадак пад бок ўзяў палена).

Даўно не ляжаў наш салдацік так пышна.
Ляжыць ён спакойна, крыху такі сьцішна,

Але сваё права ўсё-ж сон забірае
І вочы салдату драмком засьцілае.

Вось поўнач падходзіць, магільная ціша,
Вакол усё замёрла, здаецца ня дыша…

Салдат здрыгануўся, прыслухаўся — Рыну!
Пабеглі мурашкі ў салдата па сьпіне.

А страх неадступна: „Ой, рыну я, рыну!“
Ды так няпрыемна, ды так надаедна.

Ня вытрываць, чуе, салдацік наш бедны.
Давай абувацца, забыў і палена,

І верціць анучы, прыгнуўшы калена.
А тут, як на ліха, і бот загубіўся,

А „Рыну“ над вухам, бы шэршань убіўся,
І дудзіць ды дудзіць: „Ой, рыну я, рыну!“

— Не, брат, дарма ты, а бот я ня кіну!
Казённыя рэчы важней твайго „рыну“.

Салдат аж пацее, хапаецца, рые —
Няма таго бота, а „Рыну“ аж вые —

Няма з ім ратунку у проклятай хаце.
„Рынь! рынь-жа, брадзяга! рынь, згінь твая маці!“

Цярпеньня ня стала, салдат узлаваўся.
І што-ж? гэты „Рыну“ у момант распаўся.

Напоўнілась хата ў міг срэбраным звонам,
Бо сыпнулі грошы дажджом нязьлічоным.

1916 г.