Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Пахмельле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На ніве Пахмельле
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Песьня п’янага
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пахмельле (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАХМЕЛЬЛЕ

— Годзі, жонка! Ну, ня лайся:
Больш гарэлкі ані ў зуб!
Калі вып‘ю, ну, хоць кроплю,
Бі мяне, цягай за чуб!

Сам, нябож, я добра знаю,
Што з гарэлкі сьвет гарыць…
Тфу, паскудзтва! тфу, брыдота!
Хоць зарэж, — ня буду піць! —

Так прад жонкай спавядаўся
Посьле выпіўкі Тарас:
— Ну, на гэты раз павер мне —
Каб я жыў — апошні раз!

— Ой, ня раз я гэта чую!
Заракалася сьвіньня
За вугол хадзіць, Тарасе, —
І табе ня веру я!

— Ты ня верыш? Эх, Марылька!
Хочаш? я іду ў заклад
Залажэмся на цікавасьць:
Ты праграеш, як бог сьвят!..

Тфу! пад грудзі падпірае!
Кішкі зблутаны ў камяк,
Ну, а ў роце, каб знала —
Фэ, які нядобры смак!

Галава-ж, як малатарня
Або хто завёў там млын…
А ўсё Грышка, недаверак,
Каб ён спух, сабачы сын! —

Як прусак, што зьеў бураксы,
Ходзіць, плёвае, бядак,
І да жонкі падыходзіць.
— Сьсе вантробы мне чарвяк.

Слухай, золатка-галубка —
Стаў пакорненькі Тарас: —
Прынясі апахмяліцца —
Каб я жыў — астатні раз! —

1911 г.