Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Агляд зямлі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На рэчцы зімою Агляд зямлі
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Першы заработак
Іншыя публікацыі гэтага твора: Агляд зямлі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АГЛЯД ЗЯМЛІ

Сьцісла, мяркоўна жыў Янка Жыгала
І грошы патрошкі зьбіраў.
Даўно яму думка у сэрца запала,
І думцы ён гэтай даўно патураў.
Выедзе ў поле ён з конікам сівым,
Ці пойдзе з касою касіць, —
Любая думачка зданьнем шчасьлівым
І сонейкам ясным блішчыць.
Дома таксама. Бывала у сьвята
Аб думцы тэй мову зачне.
Жыгалу у руку гаворыць Агата,
І ў вочы лагодна зірне.
А думаў Жыгала аб тым, каб зямелькі
Ну, хоць дзе шматочак купіць.
Бо дома бядота, і сьціск паўстаў велькі,
І не з чаго стала тут жыць.
І жыў, прыслухоўваўся Янка Жыгала,
Як, дзе прадаецца зямля,
І купля якія выгоды казала,
Як там ураджайна ральля.
Былі у Жыгалы сябры-гаспадары.
Адны у іх думкі былі,
І ў сэрцы насілі аднакія мары —
Дабіцца, разжыцца зямлі.
Зьбяруцца, бывала, і люлькі закураць
І так углыбяцца ў размовы яны,
Што лбы свае зморшчаць і бровы нахмураць,
Калі ў чым запынкі відны.
І вось раз вясною, пад Яна, здаецца,
Гаворыць Жыгала сябром:
— Чуў я, мужчыны, — зямля прадаецца,
А разам з зямлёю і дом.
А ёсьць там і паша, і рэчка блізютка,
І лесу кавалак ёсьць там.
От-бы абладзіць, ня ведалі-б смутку,
Была-б і выгода і хлеб быў-бы нам.
— То дзіва, што быў-бы! — ўздыхае Гаўрыла,
Аб кіпець тэй люлькай б‘ючы: —
Абсталявацца-б і жыў-бы, што міла,
Ня гэтак, як тут жывучы.
І доўга пра землю яны гаварылі,
Гарэлі іх вочы агнём.
Здавалася ўжо ім, што землю купілі,
І новы пастроілі дом.
І кожны з іх садзік ужо быццам мае,
І гумны іх хлеба паўны.
— Што-ж? сходзім, пабачым, хай бог памагае —
Да згоды прыходзяць яны.


∗     ∗

Ходзяць па полі ў раздум‘і мужчыны,
Паперадзе з стрэльбай лясьнік.
Іх твары сур‘ёзны, і важны іх міны,
Ды вырвецца часам тут крык:
— Ото, брат, раўніна! і вокам ня скінеш,
А глеба глядзі — як тварог!
Што за зямелька, брат! купіш, ня згінеш,
Асесца-б тут госпад памог. —
І кіем Жыгала зямлю калупае,
Да долу прыгнуўшыся ўвесь.
А чорную грудку ў руках расьцірае
І нюхае землю Алесь.
А трэці, Гаўрыла, мужык барадаты
Абводзіць вачыма ўсю даль.
Так радуе сэрца ім грунт той багаты —
Растацца з зямлёю ім жаль.
Лясьнік-жа паказвае ўсе ім граніцы
І з жарам гаворыць такім:
— О, лес тут прыўдалы! грыбоў і суніцы
І ягады ўсякай у ім.
І рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы.
Тут рай, ягамосьці, ды ўсё!
Вось гляньце, мужчыны, якія сядзібы!..
О, добрае будзе жыцьцё!
Мужчыны ў палоне, і сэрца ў іх млее,
Здаецца-б, дадому, ня йшоў,
Бо шчасьцем, багацьцем куток гэты вее,
Як люба між гэтых дубоў!
Абходзяць, любуюць зямельку мужчыны,
І сэрца ў іх б‘ецца, гарыць…
Вось так каханку, красуню-дзяўчыну
Хіба толькі хлопец глядзіць.

1910 г.