Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Родныя абразы (Я ня знаю сам, браточкі…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дарога Родныя абразы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Неба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я ня знаю… (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНЫЯ АБРАЗЫ

Я ня знаю сам, браточкі,
Чаму мне так мілы
Буры плач асеньняй ночкі,
Сьпеў яе пастылы,

Лесу гоман, гуд нястройны,
Шум лазы ў балоце,
Баязьлівы, неспакойны
Шолах у чароце.

Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны клік у родных горах,
Вербак рад крывенькіх.

Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што ў лузе адзінока
Сохне-умірае;

Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы,
І той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы;

Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пяшчаны,
Дзе чыесь-та косьці тлеюць,
Чыйся прах схаваны…

Я ня знаю, я ня знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты!

1909 г.