Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Дарога (Між сьпелага жыта…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Родныя песьні Дарога
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Родныя абразы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дарога (Між сьпелага жыта…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАРОГА

Між сьпелага жыта
Сінее валошка,
Бяжыць паміж нівак
Крывая дарожка.

Скажы мне, дарога,
Хто езьдзіць табою?
Куды ты крывенькай
Бяжыш паласою?

Па ўзгорках высокіх,
Багатых пяскамі,
Даўно пралягла ты
Двама паяскамі.

Скажы мне, дарожка,
Чаму ты крывая
І вузка і цесна,
Як доля людзкая?

Бяжыш ты часамі
Праз горы, курганы…
Чыею рукою
Крыжы пастаўляны?

Знаць, гора-нядоля
Тут сьлед пакідае…
Маўчыць, не гаворыць
Дарога крывая.

І бедныя людзі
Тут езьдзяць і ходзяць,
А шчасьця і долі
Ніяк не знаходзяць.

1909 г.