Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Вераб’іная ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Глухая дарога Вераб’іная ноч
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Высокі бераг
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вераб’іная ноч (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРАБ‘ІНАЯ НОЧ

Ноч павісла над зямлёю,
Усё абнята цішынёю,
Поўнай страху, поўнай чар.

Быў гарачы дзень бясконца,
Не сьвяціла — жэгла сонца,
Парнасьць страшная і вар.

І вось неба ня ўтрывала,
Усё ў агнёх запалыхала,
Мрок хістаецца, дрыжыць.

Там гараць, як у пажары,
На паўдні, на ўсходзе хмары,
Дзе зьліліся рубяжы.

І ня ўловіш слухам грому,
Што тварыцца — невядома
Ў нутрах гнеўных аблакоў.

Як-бы хто жывы, палючы
Погляд кідае бліскучы,
Пыша сілаю віхроў,

Ускіне вочы агнявыя,
Ўскіне грозна і закрые,
Цьму сярдзіта ўскалыхне

Ды як сыпне ў неба жарам!
Страшны шлях асьвеціць хмарам,
Ніжай мрок к зямлі прыгне.

А зямля маўчыць трывожна.
Лес пакорна і набожна
Сьціх, чакае — ні гу-гу!

Неба-ж грозна пыша, зьзяе,
Бляск агністы, разьлівае,
Паліць мрочную смугу.

1913 г.