Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Глухая дарога

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наша гуменца Глухая дарога
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Вераб’іная ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Глухая дарога.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЛУХАЯ ДАРОГА

Наракаюць і смуткуюць
Дзьве сястрыцы, дзьве пуцінкі,
Што ў палёх адны пустуюць,
Што іх глухнуць каляінкі:

„Конік возу тут ня цягне,
І ня ходзяць больш тут людзі,
Ці то леглі мы на багне?
Хто-ж нам сон-спакой абудзіць?
Нам тут сьцішна і журботна:
Мы адны тут, бы ў пустыні.
Зельле сьцеле нам палотны,
Забіваюць нас палыны.
Дык нашто-ж, нашто было нам
Тут лажыцца, вывівацца
Ды імклівым бегам-гонам
З белым сьветам спазнавацца?
Хто-ж нас кінуў тут на полі?
Чаму-ж нам закрыты далі?
Каб мы зналі, мы-б ніколі
Тут сьлядоў сваіх ня клалі!“

Так гаруюць, так смуткуюць
Дзьве сястрыцы, дзьве пуцінкі,
Што ў палёх адны пустуюць,
Што іх глухнуць каляінкі.
І пачуў іх жальбу вецер,
Што праходзіў тут па полі,
І гаворыць ім — „маўчэце:
Вы — сьлед цьмяны чужой волі“.

1913 г.