Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Суш

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Закліканьне вясны Суш
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На прастор
Іншыя публікацыі гэтага твора: Суш (Колас, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУШ

Выйдзі ў поле, глянь, паслухай:
Ці-ж ня ўгледзіш сум жывы?
Ці ня ўловіш скаргу нівак,
Тугу красак і травы?

Ці ня ўловіш сэрцам чуткім
Сьпеў гаротны ручаёў?
Ці ня ўчуеш шум сірочы
Ярыны, грачок, жытоў?

Толькі-ж неба зло-няўмольна —
Што яму да той зямлі,
Дзе над сіняю смугою
Далі немыя зьляглі?

Нікнуць хмары, як сьняжынкі,
Разганяюць іх вятры,
І тужліва пазіраюць
На палі гаспадары.

1913 г.