Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Закліканьне вясны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жніўныя песьні Закліканьне вясны
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Суш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Закліканьне вясны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАКЛІКАНЬНЕ ВЯСНЫ

Ты прыдзі, вясна жаданая,
Прыдзі!
Гукам жыцьця, песьняй працы
Загудзі.

На узгоркі, на нізіначкі
Зірні,
Сон трывожны, сон цяжкі наш
Разгані!

Ты нясі нам радасьць, сілачку
Нясі,
Нашу ленасьць і нядбаласьць
Атрасі.

Ты ляці на крыльлях выраю
Скарэй,
Абласкай цяплом пахілых,
Абагрэй.

Наша жыцьце, нашу долечку
Пабач,
Над жытамі цёплым дожджыкам
Заплач.

Пракаціся громам-грукам
Угары,
Ты ідзі, нясі цудоўныя
Дары.

Узбагаць ты добрым засевам
Наш край,
Ты прыдзі і з намі дружна
Засьпявай!

Ўскалыхні ты струны сэрданька
Жывей,
Каб было нам жыць на сьвеце
Весялей.

Дык ідзі да нас, жаданая,
Ідзі,
Раскатурхай нашу дрэму,
Абудзі!

1912 г.