Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Гусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Муха Гусі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Песьні зімы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гусі (Гусі, гусі, вырай вольны!).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГУСІ

Гусі, гусі, вырай вольны!
Сумен крык ваш, гусі:
Ляціце вы ў сьвет раздольны
З нашай Белай Русі.

Засмуткуюць зноў балоты
Бяз вас, госьці лета.
Занудзяцца, як сіроты,
Лозы там да сьвету.

Бабыль-вецер на сьвітаньні
Пойдзе ў сьвет шырокі,
Пойдзе ў злосьці, буркатаньні
Аглядаць валокі.

А вы, гусі, пад аблокі
Крыльлямі ўзмахнеце,
Каб ня бачыць, як асокі
Гне і ломіць вецер.

Што-ж? ляцеце — для свабоды
Вам і крыльлі служаць…
Толькі-ж шкода чагось, шкода —
Па вас далі тужаць.

І гаруе сіратлівы
Ў чырвань лес адзеты…
Ой, вы, гусі! панясьлі вы
За сабою лета!

1916 г.