Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Веснавыя хмаркі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздум'е Веснавыя хмаркі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пагуляў на волі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Веснавыя хмаркі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕСНАВЫЯ ХМАРКІ

Сінім стэпам-даліною
Ходзяць хмаркі веснавыя,
Чарадою, грамадою
Сакавітыя, густыя.

Ой, вы, хмаркі, неба дзеці!
Як вы сэрцу майму мілы!
Носіць вецер лёгкакрылы
Вас, любыя, па ўсім сьвеце.

Люба мне, як думкай божай
Ціха зьвісшы над палямі,
Вы гугукнеце часамі
Громам-грукатам прыгожым.

Як маланка узаўецца,
Блісьне стужкай агнявістай,
І як песьняй галасістай
Вам зямелька адгукнецца.

Ліне дожджык, даль завесіць
Белай сеткай срэбратканай,
Цёплы дождык і жаданы
Гоман ўзьніме ў полі, ў лесе.

А зачуўшы голас грому
Селянін з сахой на ніве
Усьміхнецца вам шчасьліва,
Стаўшы важна, нярухома,

Бо ваш гром для вёскі сына —
Лепша музыка на сьвеце…
Ой, вы, хмаркі, сонца дзеці!
Не пакрыўдзьце селяніна!

1911 г.