Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/3/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1. Бацькава воля 2. На перагібе
Раман
Аўтар: Цішка Гартны
1932 год
3. Крыжавыя дарогі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КВАДРА 2


НА ПЕРАГІБЕ

Частка першая

[правіць]


ЧАСТКА ПЕРШАЯ



I

АЎТОРКАМ, у дзень Рыгоравага ад’езду, Зося прачнулася крыху пазьней, чым прачыналася заўсёды.

Прачнуўшыся, яна чулася стомленай, разьбітай, нявыспанай: некі цяжар душыў голаў, мярцьвіў цела, кідаў на сударгі. У яе галаве блуталіся адрыўныя рознастайчыя думкі. Ніяк нельга было ўлежыць; але, разам з гэтым Зосі не хацелася і ўставаць з пасьцелі — як-бы хтосьці прыкаваў яе да ложка…

У гэткім стане Зося праляжала каля дзьвёх гадзін.

Тымчасам у сенцах павіднела: праз закратаванае акенца ўлілася вузкая палоска сонечных праменьняў, якія блішчастаю залацістаю стужкаю працягнуліся ад сьцяны ажно да ложка, апаўшы дробнымі лёгкімі іскаркамі на Зосін твар. Праз сітца. праменьняў мігаліся шустрыя мошкі, зрэдка калыхаліся камары і раз-по-разу перарэзвалі яго суцэльнасьць чорнымі ніткамі мухі. У сенцах было ціха-ціха. Гэта Зосю асьвежыла, прыдало бадзёрасьці і жывасьці, знашлася ахвота падняцца, сыйсьці з ложка і брацца за якую-небудзь працу… Але за якую працу? Зося задумалася, памаўчала з хвіліну і здаволена ўсьміхнулася. Зусім не да будзённых інтарэсаў было ёй у гэту хвіліну.

Перад ёю занасіліся ружовыя надзеі, жаданьні; паўсталі цікавыя ўражаньні. Зьлітным, суцэльным шэрагам вырасьлі перад Зосяю жывыя адбіткі яе спатканьня з Рыгорам. — Хвойнік, кусты, вавёрка, пацалункі і… словы, словы к Рыгору… (Лёгкі ўздорыг і няпрыемнае пачуцьцё на хвіліну кранулі Зосіна сэрца… Але ў яе знашлося сілы заглушыць усякія азнакі сумаваньня, і яна вярнулася да сьветлых успамінаў). І перад ёю раптам усталі Лужкі, зялёная паплавінка, папар навакола, курган… Вось набліжаецца Рыгор, яна супыняе ворыва, чакае… Рыгор падыходзіць… яна хінецца да Рыгора, закіпае бурліваю прагаю неабмежнае ласкі, зьліваецца з ім у вадно суцэльнае… Вось, як цяпер, чуе яго цёплае дыханьне, ловіць пасьпешны бой сэрца і… тане ў хвалях кіпучага шчасьця…

Зося заплюшчыла вочы, замерла ў спакоі, каб паўней уваскрасіць нядаўнія часіны каханьня, як раптам у яе вушы ўрываецца гостры, калючы сьмех: Хі-хі-хі! Хе-хе-ха-ха! — паднімае яе з падушкі, неміласэрна трасе яе постацьцю.

Зося ўстала на калені, хапілася рукамі за голаў, сьціснула зубы і ўся ўскіпела ад нявыказнай злосці. Стук дзьвярэй вярнуў яе к рэчаіснасьці: яна адвярнулася к дзьвярам, паглядзела, — то ўвашла Тэкля.

— А, ты ўжо ўстала, Зося? — запытала дзяўчынка, нібы ўнесеная у сенцы сьвятлом яскрава раньняга сонца: — а я ўжо йду будзіць цябе. Мама ў гародзе рве зельле…

— Зачыняй дзьверы, я ўстану, — адказала Зося.

Тэкля ўзялася за клямку і ціха павяла з сабою дзьверы, любуючыся тым, як яны заграбалі за сабою ўпушчанае пры адчыненьні сьвятло, вымятаючы яго йзноў на двор.

— Як адзенешся — пазаві нас, — сказала Тэкля, бразнуўшы дзьвярыма.

У сенцах ізноў стала цёмна, Зося саскочыла з ложка і выбегла на палойку праменьня, якое ўлівалася праз аконца. Выбегла й стала як, статуя, выпрастаўшыся і ўстраміўшы ў аконца вочы. Пастаяла, паглядзела. Пасьля адняла ўзрок і правяла ім па сваёй постаці. Пацешылася бялізною рук, зірнула на грудзі, здаволена ўсьміхнулася і хутка ўбегла ў хату.

Сьвятло абдало Зосю і на момант асьляпіла яе. Зося спынілася ў парозе, пастаяла крыху, пасьля працёрла вочы і аглядзела хату. У хаце было ціха, чыста і прыемна. Усё было ўладавана на сваім месцы. Зосі кінулася ў вочы, што на кручку, які тырчаў у тыльнай сьцяне, нічога ня вісіць — гэта значыла, што бацькі няма ўдому. Яна падышла да мыцельнікавага акна, паглядзела направа ў канец двара, к паветцы — там воза ня было: значыць, бацька паехаў на поле. Чаго і што — Зосі ня цікавіла, абы яго ня было ўдому і некаму будзе раздражняць яе.

Як нібы-та тая, спакойна і важна прашлася яна некалькі разоў па хаце, пасьля падышла к вулічнаму акну і паглядзела. Праз хат дзьве ўгледзела Вольку, якая сьпяшыла кудыйсьці з мяшком на плячы. «Ці не па мяне ўжо яна ідзе?» Падумала Зося ўголас: «бадай, у траву сабралася. Якая руплівая гаспадыня!»


II

НЕ ЗАЎВАЖЫЎШЫ Зосі, Волька прашла ў двор і паглядзела у акно.

— Заходь, заходзь, ня ўзірайся. Я дома, — пазвала Зося.

— А я думала, што цябе нямашака ў хаце, — адказала з надворку Волька.

— А дзе-ж я буду?

— Мала дзе! Як быццам яна ўвесь час з хаты ня вылазіць!

— Усё-ж ня гэтак, як ты. Ты вельмі ужо зарупілася.

— Трэба, бачыш, нічога не парадзіш.

Волька ўсьміхнулася.

— Дык яно так, але… усё-ж, галубка, зайдзі ў хату.

Волька адышла ад вакна і накіравалася да дзьвярэй. Зося падбегла к люстэрку і паглядзелася: на ёй усё было акуратна. Заплеценая каса спускалася уздоўж плеч; пасамкі валос, брыжастаю тасьмою аціналі яе белы, крыху стомлены твар; але насьпех адзетая спадніца і кашулька сьведчылі аб лёгкай на гэты раз нядбаласьці Зосі. У агульных рысах яе фігуры, стройнай і ціканай, вызначалася сьвежая малажавасьць і рэзвая лёгкасьць, якія рабілі яе зусім непадобнай да стараннага аратага і жняца.

— Што ты углядаешся так пільна? Харошая ўжо, харошая, — пажартавала Волька, увашоўшы ў хату.

Зося здаволена усьміхнулася і адказала:

— Ведаеш, ужо з гадзіну, як устала, а неяк усё ня было як і на сябе паглядзець.

— А бачыш, я дык ужо пасьпела мяшок травы прынесьці, ды вось ізноў сабралася ісьці.

— Я-ж кажу, ты ужо завельмі рупная гаспадыня.

— Трэба, цудная ты! Вунь, маці нешта залягла з учарашняга вечару, дык хто-ж зробіць за яе?

Волька падышла к люстэрку і пацікавілася на сябе.

— Зосечка, што-ж ты ня кажаш? Я-ж проста, як страшыдла якое! І ты-ж падумай у гэткім вось выглядзе, як цяпер… сустрэлася раніцою з Сёмкам… Х-ха-а-ха!

— З Сёмкам?! Няўжо? Каб цябе цяміла, як ты пасьпела! Ну, і спрыт-жа у цябе.

Зося ўголас засьмяялася.

— Ты, вось толькі і напраўду не падумай, што я знарок з ім наладжвала спатканьне… Зусім нават не хацела гэтага. Нясу так, ведаеш, траву вулачкаю, а ён якраз тыц са сьценкі: «Чакай», крычыць. «Волька». Я-ж мусіла спыніцца. І гэтак удваіх разам прышлі дамоў.

— Нябось, нагаварыліся па дарозе досыць?..

— Вось толькі ня выдумляй, чаго ня трэба, — перабіла Зосю Волька, адвярнулася ад люстэрка і падбегла к акну.

— Гаварыла, то гаварыла, — інакшым тонам сказала Волька: — толькі зусім не аб тым, аб чым ты можаш падумаць. Гаварылі мы, калі хочаш ведаць… аб Рыгору.

— Аб Рыгору?!

Зося раптам зьмяніла міну, вытарашчыла вочы на таварышку і настаражылася.

— Так, аб Рыгору, мая міленькая, — спакойліва пераказала Волька: — ты, пэўна, ведаеш, што ён сягоньня выяжджае. Вось якраз яго Сёмка адвозіць у Ліцк.

Зося хоць і ведала, што гэтымі днямі Рыгор выяжджае, але тое, што яго ад’езд выпаў на сягоньня, было для яе зусім раптоўным і неспадзяваным. І Вольчыны словы ўзварухнулі ўсю яе істоту.

— Няўжо такі сягоньня? — як-бы ня хочучы верыць гэтаму, яшчэ раз пераканалася Зося.

— Так, так… А ласьне ён табе не сказаў пра гэта?

Зося смутным узрокам паглядзела ў акно.

— Я нават, прызнацца, і ня пытала ў яго…

— Ня пытала?

— Не, ня пытала… і таму, Волечка, ня пытала, што, ведаеш, няма ніякае карысьці пытаць… няма карысьці, бо ужо між намі пастаўлена загарадзь… высокая, шчыльная загарадзь…

Зося зрабіла міну, на якой адбіваўся глыбокі жаль.

— Загарадзь вырасла, а сэрца зусім ня хоча згадзіцца з гэтым. Не магу згадзіцца з думкаю, што давядзецца з ім расстацца…

— Ды я добра ведаю, Зоська, што і казаць, але… прыходзіцца часамі з многім чым згаджацца…

— Вельмі, даражэнькая, цяжка…

Зося абняла Вольку аберуч, палажыла ёй на грудзі галаву і глыбока уздыхнула. Волька спагадліва паглядзіла таварышку па галаве.

— І так сталася, што нават і пабачыць нельга на ад’езьдзе; нельга палюдзку разьвітацца, — жаласьліва выказала Зося, стрымліваючы горнасьць.

— А ласьне, Зоська, ты яго ня бачыла з таго разу, як была з ім у хвойніку? — запытала Волька.

Зося адразу не знашлася, што адказаць. «Ці прызнацца мне ёй, ці схлусіць?» падумала сабе і як-бы сумелася ад свае думкі.

— Прызнацца табе, сястрыца, адзін раз сустракалася з ім, — нясьмелым і няпэўным голасам адказала Зося: — толькі то ўжо мінула, адышло… і так хочацца, каб яшчэ сёньня…

— Дык хадзем правядзем яго! Што там глядзець на розныя перасуды! Каго і што баяцца? Плюнь на усё, і хадзем. Га, Зося? — выспрабавала Волька таварышку.

— Ой, што ты кажаш! — зьдзівілася Зося: — як-жа мне ісьці, аброчанай, закантрактованай… Гэта-ж калі ўгледзіць маці ці бацька, дык жыцьцё атруцяць; спакою ня будзе ні днем, ні ноччу… Дзе ты бачыла, Волечка…

Стук дзьвярэй перабіў іх гутарку: Зося безнадзейна матнула рукою, нявесела усьміхнулася і, адступіўшыся ад Волькі, хапіла рукамі за косы.

— Трэба косы паправіць, — ні к чаму выказала яна: — а то, глядзі, і я на пудзіла нейкае падобна.

— Так, завяжы лепш у куклу; хоць табе, памойму, куды лепш прыстае каса.

Расчыніўшы дзьверы нарасхлест, клубком укацілася ў хату рэзвая, вяртлявая Тэкля.

— Дзень добры, Волечка! — пралепятала яна тоненькім пявучым галаском.

— Кінь патвораць, Тэкля, — пагразіла дзяўчынцы Марта, пераступаючы парог і здаволена сьмяючыся.

— Добры дзень табе, суседка! — з лёгкім жартам прывіталася яна з Волькаю.

Волька адказала засаб абедзьвюм.

Марта нядбайна кінула ўзрокам на Вольку і нехаця засьмяялася.

— Ты ужо, я бачу, нарабілася, а наша Зося кагадзе з пасьцелі. Бацька з ранку паехаў у лес па ламачча, а я сабе думаю, няхай Зося гадзінку лішнюю пасьпіць.

— А цяпер вам крыўда, — папракнула Зося і адвярнулася к акну.

Марта, як-бы хто яе штырхануў, падскочыла на месцы, замахала рукамі, зачырванелася ўся, як бурак, ды вокрыкам сказала:

— Бяда, Волечка, нам з ёю. Слова нельга сказаць: так і ўскіпіць, як смала на агні; ці робіш ёй лепш, ці стараешся для яе хоць-бы што; усё ёй нечага мала, усё ёй не дастае чагосьці… Чакай, галубка, — памахала Марта пальцам у бок Зосі: — пабачым, як будзе табе ў Берагоў; як Беражыха будзе табе дагаджаць. Ці дасьць табе Васіль гэткую волю, якую ты маеш у бацькоў…

Марцін крык напалохаў Тэклю; дзяўчынка адышлася ад Волькі, села на лаўцы каля акна і штосьці ціхутка замарматала сабе пад нос…

— Так, вас ужо загадзя цешыць, што Берагі мяне сьціснуць у кулак. Цешцеся!.. Мабыць, дзеля гэтае пацехі знарок і ўпіхаеце мяне у тое пекла… Няма чаго казаць, добрыя бацькі… Слухай, вось, сястрыца, — абярнулася Зося да Волькі, — пэўна, і твае бацькі тое робяць?

Волька маўчала: ёй было ніякавата слухаць хатнюю сварку; яна ўстала з месца і вышла на хату.

— Трэба ісьці дамоў, а то там без мяне нічога ня будзе, — і азірнулася на дзьверы.

Тэкля саскочыла з лаўкі і пераняла Вольку, хапіўшы яе за руку.

— Пагуляй, Волечка.

— Ды пагуляй!.. Вельмі, падумаеш, ты патрэбна у хаце. Так-то мацяркі бяз вас і не абыходзяцца ніколі, — суха вымавіла Марта.

— Дык, ведаеце, цётачка, ня то, каб не абышліся, але нешта мама сёньня нездарова; з самага ранку ляжыць.

— Ласьне? Што-ж гэткае з ёю? — спагадліва запытала Марта.

— А хто-ж яго ведае; на колікі ў баку скардзіцца, — адказала Волька і вышла з хаты.

Зося правяла Вольку ў сенцы, вярнулася ў хату і маўкліва ўгледзелася у покуцьнае акно. Тэкля падбегла да стала, ухапіла кавалачак хлеба з-пад абруса і выбегла з хаты. Марта, нахмураная і злая, прымасьцілася ў запечку крышыць зельле.

Хвілін дваццаць у хаце было ціха. Пасьля Марта перарвала маўчанку, спакойліва запытаўшы Зосю:

— А ты-ж хаця ела што-колечы?

Зося не адказала.

— Чуеш, Зося, я да цябе: ты ела што? — выказала Марта.

— Не, нічога, — чорства адказала Зося, не адварочваючыся ад акна.

— То бяры, во, еж; я дам, чуеш, Зося? Хадзі к сталу.

Зося перш думала яшчэ паўпірацца, каб гэтым, як найгорш, дадзець мацеры, але тут-жа перадумала і нехаця, падкрэсьліваючы незаўважлівасьць да яды, падышла к сталу і моўчкі прысела. Марта адвярнулася ад зельля і падала Зосі сьнеданьне.

— Зьясі гэта, то яшчэ дам, — сказала пры гэтым.

І, крыху памаўчаўшы, дадала:

— А перад вечарам, дачушка, пайдзі ў палеткі ды назьбірай якое травы каню; бацька прасіў.

— Добра, — скрозь зубы адказала Зося, як-бы ня чуючы, аб чым яе маці просіць.

Але праз хвіліну яна раздумалася. «А і добра якраз; пайду ў траву не ў палеткі, а ў пасеку, к Ліцкаму шляху; мо’ і прыпільную, як будзе ён ехаць. Хоць здалёк, ды яшчэ раз гляну.

Гэта думка хутка цалкам завалодала Зосяю і захапіла усю яе увагу.


III

АД СЬНЕДАНЬНЯ да моманту, калі Зося сабралася ісьці ў траву, прашло некалькі гадзін. На выхадзе з дому яна забегла ў гарод і запытала ў мацеры:

— А дзе мне ўзяць мяшок?

— Вазьмі там, у сенцах на подзе… Ды не старайся ужо, дачушка, каб поўны нарваць; колькі знойдзеш, абы было на раз падкінуць каню, — спакойліва выказала яна дачцэ.

Зося нічога не адказала: забрала мяшок і вышла з двара.

На вуліцы было ціха: каля хат, на прызбах і сярод вуліцы ў пяску забаўлялася некалькі дзетак. Сталага — ня відаць было нікога.

Толькі апынуўшыся на канцы вуліцы, пры звароце да студні, Зося ўгледзела, як Волька чэрпала ваду. Асьцярожна, тулячыся к платом, яна падкралася да Волькі ззаду і нечакана для той выгукнула:

— Дзень добры!

Волька сумелася і раптам адвярнулася да Зосі.

— Зоська, ці-ж можна так! Зусім перапалохала ты мяне.

— Да мо’ не памраш? — жартам адказала Зося.

Волька перамяніла голас.

— Так, можа і выхаю сяк-так, — і, каб перамяніць гутарку, запытала Зосю: — а ты-ж куды гэта?

— А вось-маці паслала па траву.

— Ага! бачыш і сама клапатліваю стала, а то бо ўпікала мяне…

— Мяняецца становішча: рана ты, а зараз я…

— Апроч гэтага, табе, як той казаў, трэба на сходзінах папрацаваць на бацькоў: як кажуць, адрабіць за пабыўку ў іх, — пажартавала ў адказ Волька.

Але Вольчыны словы прыняла Зося зусім не за жарты: яны гостраю калючкаю прашлі ў яе сэрца.

— Ай, Волечка, табе жарты, а мне плач, — адразу пасумнеўшы прамовіла Зося: — сходзіны… Ты ведаеш, даражэнькая, што мне гэтыя сходзіны — у магілу сходзіны. Ня ведаю, як я перажыву іх, як прыміруся з імі… Ведаеш, сястрыца, працівілася я, упіралася, але сілы не старчае: да таго бацькі настроіліся, што ніяк ты іх не пераканаеш; гаварыцца не даюць. «Мы, — кажуць абое — дабра табе хочам, шчасьця і славы шукаем, а ты яшчэ працівішся». Шчасьце, слава, дабро! Ну і пераканай іх, калі хочаш… Прызнаюся табе, Волечка, — Зося сьцішыла голас і аглядзелася вакол: — доўга думала аб тым як-бы ўцячы; кінуць-рынуць усё — і хату, і бацькоў, і ўцячы ў горад, усьлед за Рыгорам. Але, падумай, галубка, што-ж я зрабіла-б там, каб чаго ня добрага, ды Рыгор адхіліўся ад мяне? І я так мучуся, так пакутую ў заблутаных рашэньнях і плянах, што ня ведаю, к чаму ўсё гэта прывядзе. Куды ісьці і на вошта рашыцца?

Волька пільна выслухала Зосю, і толькі магла адказаць ёй нявыразным: «Так так, але, але. Вядома, што праўда». Яна шкадавала Зосю і стала горніцца на сваё бясьсільле на нязнаньне, як і што парадзіць таварышцы на яе скаргу і крыўду. Ці кідаць Зосі бацькоў ды ўцякаць у горад да Рыгора, ці скарыцца ёй бацькавай волі і рахмана ісьці насустрэч свайму лёсу. О, каб гэта можна было як-колечы зьвязаць гэтыя дзьве дарогі! А то — там каханьне, і разам — беднасьць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацьце, і нялюбы чалавек, цёмная незьясьнёная будучыня. «Як тут угадаць, каб даць правіловую параду — няведама: скажаш адно, а выйдзе горай — тады ўся на табе адказнасьць. Гэта-ж не для сябе…» І Волька змаўчала, гледзячы Зосі ў вочы, у тыя вочы, якія прагна чакалі ад Волькі рашучага адказу.

— Ведаеш, Волечка, начамі ня сплю, а ўсё думаю ды думаю, — не дачакаўшыся ад таварышкі ніякае супакойлівае парады, выказалася Зося. — Сёнешнюю ноч, дык паверыш, ледзьве перабыла; усю мяне агарнула страшэнная нудота, бяссоньне, неспакой, цяжкае разувер’е. Вось так і ные ўсё цела, тузаюць сударгі, галава ажно разрываецца ад блутаных калючых думак; кідае ў пот, у жар, то ў холад, розныя страшныя зданьні верцяцца перада мною… І цалюткую ноч…

— Зоська, — перабіла разжалабеная Волька, — а ты, сястрыца, і сапраўды неяк пагоршала за апошні час; зьмізарнела, апусьцілася… Даражэнькая мая, я табе ня раджу прымаць усё гэта да сэрца… Ды к гэтаму, хто яго ведае, а мо’ і лепш будзе так, як бацькі мяркуюць… Усё-ж бацькі, няўжо-б яны сьвядома аддавалі цябе на зьдзек? Падумай сама…

І Волька замаўчала, паглядзеўшы у бок Берагавае хаты.

Зося павярнулася і пашла.

Яна прабегла ўсю сьценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Парупіла азірнуцца назад. Якраз адгэтуль відаць добрую палавіну Сілцоў. Зося акінула вокам шэрыя хаткі між зялёных купак садоў, спынілася на царкве і тут-жа адвярнулася ўправа, на гасьцінец, які цягнуўся шырокаю ламанаю стужкаю далёка, к Жмыгінскаму лесу.

Зося ішла мяжою, між зялёнага блізкага да каласаваньня ячменю. Яе абдавала густым салодкім водырам зялёных палёў; наганяла бадзёрасьці і маладога дзявочага задзёру. Усё выглядала ў ружовай хварбе, прыемнай для вачэй і асьвяжаючай нутро. Нельга было спыніцца вачыма на адным месцы, — яны разьбягаліся ўва ўсе бакі. Угары насіліся жаўранкі, ападаючы нізка-нізка к ярыне, а пасьля строма варочаючыся назад, у чырвоны промень сонца. То сям, то там, па прадоўжных і папярэчных сьценках праяжджалі на хурманках ці праходзілі пехам у белых сарочках землярабы. Зося прыкмячала ўсё гэта як-бы міжвольна, нехаця, мяльком, стараючыся ня спусьціць вачэй з гасьцінца. Усьцяж яго разгону, наколькі сягала вока, то ўперад, то ў бакі пралятаў яе ўзрок нібы каго ловячы ці ганяючыся за кімсьці. Але Зося нічога не магла прыкмеціць на ім: шэрая шырокая стужка яго не выдзяляла на сябе ніякая чорнае плямінкі. Гэта пачало Зосю нэрваваць, дрэнчыць. «Ці толькі не праехаў ён?» задавала яна сабе пытаньне. «Пакуль я стаяла там з Волькаю, ды пакуль дабегла сюды бадай што Рыгор прамінуў Масткі і апынуўся ў лесе… Ах, ліха надало мне спаткацца з Волькаю, ужо-б даўно я была тутака і не прапусьціла-б Рыгора… А цяпер — прапала…»

Зося спынілася, не дабегшы да Масткоў, адняла ўзрок ад гасьцінца, глыбока задумалася. Вочы самі сабою апусьпіліся кнізу, на зелень травы, на палавую мятліцу, якая выбівалася з гушчы травінак і цягнулася ўгору, на казачкі-венічкі, на жоўтыя гаршчэчкі, на высокія цыбастыя кравянкі. Босыя запыленыя ногі абняліся мяккім пухам травяністых інталяжаў. І лёгкім лунем паднімаліся з гушчы поплаўнай травы, з прыкра-зялёнага яе мошасту нарысы суботніх абставін: зялёны подсьціл лугавое прагалінкі, пасярод яе воз, а каля возу — яна з Рыгорам… Мігам пранясьліся шчасьлівыя хвіліны, швыдкія, як маланка, і ў той-жа час — доўгія, зацяжныя… А сьледам трэск калёс і злы, калючы, гостры сьмех: Хі-хі-ха! Хе-ха-хі!

Зося страсянулася ўсім целам; раптам адарвала ўзрок ад зямлі, саступіла з месца і паглядзела на гасьцінец, акінуўшы яго ад Масткоў да цёмнага вытырку Жмыгінскага лесу. І якраз на граніцы лесу яе ўзрок затрымаўся. «Га-а! Так і ёсьць!» — уголас праказала яна, выцягнуўшыся ўсёй постацьцю ў бок лесу: — «Чула маё сэрца… Няхай-бы я крышку раней! Што-ж, прапала»… Зося павярнулася к лесу і зрабіла некалькі рашучых крокаў, але раптам спынілася, бо пачула цяжкую ўтому, якая сьціснула яе нутро, зьвязала постаць і затушыла бліснуўшую энэргію. «Прапусьціла-а», пашкадавала яна і безнадзейна разьвяла рукамі…

У адказ ёй, блізка-блізка, завёў сваю сухую жорсткую песьню драч.

Прашло многа часу.

Ужо змрок густою шэрасьцю аплёў зямлю, хаваючы сваім полагам абшар прагалу і зьмяншаючы Зосін вокагляд. За гасьцінцам, у дрыгвяніку жабы ўзьнялі хор; ім заўтурыла труба, а сьледам і жалейка пастухоў; са збажыны загукала перапёлка; над дрыгвянікам паднялася кнігаўка; некалькі дзесяткаў варон праляцела над Зосяю, кіруючыся на Сілцы. Белы валь луні распасьцёрся над зеляньню поплаву, значна астудзіўшы паветра. Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным, а па краёх пераходзіў у буланы колер.

Гэты вобраз прырода малявала, як быццам-бы для аднэй Зосі, якая задуменна, нярухома стаяла пасярод зялёнага поплаву, як русалка, як здань якая. Яна здавалася дамалёванай, як неабходная часьціна цэльнасьці вобразу і без яе ўсё згубіла-б сваю прыгожасьць. Але Зося гэтага не заўважала: яна жыла сваім асобным, сабраным у яе істоце жыцьцём. Пакуль нямела сэрца ад цяжкага болю разлукі, яна стаяла на адным месцы, а толькі боль паціху прытупіўся, Зося кранула ў бок, паглядзела на лес і ў думках паслала: «Бывай здароў, Рыгор! Бывай здароў! Бывай здароў, мой мілы таварыш!»

Калі яна адвярнулася к Мастком, то ўгледзела Стэпу. Зося ступіла пару крокаў уперад, правяла яе вачыма і выказала спачуваньне. «Што думае яна, бедная маці? Яе таксама асіраціў Рыгор. Пакінуў-жа адну аднэю… Бедная! Шкада мне цябе».

Успомніўшы, зачым прышла ў поле, яна старанна, не зважаючы на нічога, нарвала повен мяшок травы і хутка цьвёрдаю ўпружыстаю паходкаю ішла ўздоўж мяжы к Сілцом.


IV

НА ДВАРЭ было цёпла, нават парна. З цёмна-машастовага неба глядзелі мільёны зорак. За Стэпінаю хатаю, у садку Лявона, чвырыкала начніца. З Капусьнікаў даносіўся жабін крэкт і перагук перапёлкі. Дзесьці на другой ці то Здобінскай, ці то Тыльнай вуліцы брахаў, завываючы, сабака; каля рынку ляскала бражджотка вартаўніка. Потым данясьліся да Стэпы песьні начлежнікаў. Паступова ва ўсіх хатах пагасьлі агеньчыкі, толькі ў Прыдатных яшчэ ня спалі.

Стэпа цішком сядзела, міжвольна прыслухоўваючыся да кожнага зыку. Паціху разьбягаліся думкі, разбаўляючыся ў некую шэрую мешаніну. Усё больш і больш выплывала ўтома, няволіла яе, зьвязвала суставы цела і спыняла развой думак. Перш Стэпа працівілася гэтаму, бадзёрачыся і праз сілу паднімаючы плечы. Але скора абязмоцнела, сьцяжэла дарэшты і прытуліла голаў да сьцяны. Пачалі зьліпацца вочы, і раз-по-разу яна стала забывацца ў салодкай дрымоце; адзнаньне працівілася — ёй не хацелася заснуць на прызьбе: зусім ніякавата будзе, калі хто ўгледзіць. Але штосьці прыцягала яе да месца і не давала магчымасьці падняцца ды пайсьці ў хату. І Стэпа паціху, няпрыкметна заснула, шчыльна прыліпшы к сьцяне. Заснула і, як-бы ў працяг думак, раптам усталі прад ёю сны. Ні адтуль, ні адсюль яна апынулася ў нейкім вялікім горадзе, шумным і цесным. Высачэзныя муры туга сьціснулі вузкія, крывыя, цёмныя ад пылу і дыму вуліцы. Тысячы разьюшаных, нібы напалоханых людзей нясупынна швэндаюць у абодва канцы, кожны самотна, кожны па адным, бяз усякае цікавасьці да ўсіх. Шум, крык, як на кірмашы, глушыць і цісьне на голаў, нэрвуе. Як угарэлыя, носяцца самакаты, тарашчаць рамізьнікі, прабягаюць вагоны. Нехта ўкінуў яе ў гэты вадакруг людзкі, вывеў на вуліцу і пусьціў ісьці. Яна рушыла з месца і, як трэсачка, падхопленая на бурныя хвалі, паплыла ўсьцяж глыбокае разоры-вуліцы. Ідзе-нясецца, мінае бясконцы лік агромністых блішчастых вокан, шэрагі слупоў, сотні народу. Пачынае мігацець у ваччу, дурніць у галаве; ад цьвёрдых каменьняў з няпрывычкі шчымяць ногі. Жалезнымі абручамі гняце задушлівы цяжар, перамагае яе і пачынае блытаць ногі; міжвольна сьцішаецца хада. Стэпа чуе, што яна замінае другім, што людзі, якія натыкаюцца на яе, незнарок штырхаюць, лаюцца і зварочваюць у бакі. Але нічога ня можа зрабіць — не хапае сілы, каб пасьпяваць разам з другімі і, нарэшце, падае на цьвёрдыя каменьні тротуару. Да яе падбягаюць людзі, шумяць, крычаць, пасылаюць хто за доктарам, хто за рамізькікам. І раптам у вагульным шоламе галасоў яна чуе чыйсьці блізкі, знаёмы ёй голас-вокліч: «Стэпа-а! Стэ-па-а!» Сьледам працягнутая рука прабуе яе варушыць, катурхае. Стэпа хоча падняцца, устаць, але чуе сябе бы прывязанай к месцу і ніяк ня можа зрушыцца. А той, хто яе кліча, усё настойней валтузіць яе за руку і, нарэшце, голасна-зычна крычыць ёй на вуха: «Паднімайся, Стэпа!» Крык, як рукою, зьнімае з яе ўвесь цяжар і дае мажлівасьць расплюшчыць вочы: Стэпа прачынаецца і бачыць перад сабою мужчыну, якога некі час ня можа распазнаць. А той спакойліва маўчыць, чакаючы, пакуль яна што скажа. Але ў Стэпы не варочаецца язык, каб што-колечы сказаць незнаёмаму ёй чалавеку, і яна ўпарта маўчыць ды прыглядаецца. Нарэшце, чалавек першы загаворвае да яе:

— Што з табою, Стэпа? — пытае: — на вуліцы поўнач, а ты дрэмлеш на прызьбе?

— Па голасу Стэпа пазнае Сафрона Дратунца — вартаўніка і адразу супакойваецца.

— Гэта ты, Сафрон? А я думала — нямаведама хто.

Стэпа прыпомніла, якім чынам яна апынілася тут, але Сафрону не захацела расказаць, каб ён назаўтра не расьпусьціў па мястэчку.

— Ах, Сафронка, гэта-ж у мяне, нешта нейкае, схапіла балець галава і я чаго-чаго ні рабіла — баліць ды годзе. Тады я паднялася з пасьцелі і думаю: выйду хіба я на вуліцу, а мо’ перастане. Вышла, прысела, гэтак, каля вугла і прыкархнула. Вось дзякуй, браток, што хаця абудзіў ты мяне, а то да раніцы праспала-б, — схлусіла Сафрону Стэпа.

Сафрон прысеў каля яе і закурыў люльку.

— А я іду так у абход, прыглядаюся паўз хат і бачу: як-бы сядзіць нехта каля сьцяны. Падыходжу, ажно чалавек; прыглядаюся — Стэпа. Давай, думаю, разбуджу. І прыняўся будзіць, аж бачу, ты не прачынаешся лёгка: сьпіш, як пасьля вясельля якога. Тады я гукнуў мацней; і як гукнуў — ты і прачнулася, — весела казаў стары.

— А, нябось, і ўгледзеў-жа ты мяне; вочы старыя, а яшчэ празрыстыя, — пажартавала Стэпа.

— Пара прывучыцца ў цемні разглядаць; вось ужо дзесяты год, як вартаўнічым служу.

— Ажно дзесяты год!.. — зьдзівілася Стэпа.

— А вядома што. Ад таго году, як памёр Пранук Гладыш. Вось ужо на Юр’я было дзевяць гадоў, як ён памёр. Памёр і пакінуў мне спадчыну.

— Як хутка, аднак, прамінуў час, — я і не аглядзелася.

— Ды яно ўсё хутка прамінае. Толькі, здаецца, учора ты, я помню, замуж выходзіла, а цяпер — глядзі: і мужа пасьпела пахаваць, і сына красаўца выгадавала; выгадавала і на чалавека зрабіла. Паглядзі, ён пан у цябе, людзкі, гарадзкі чалавек. Ходзіць па мястэчку, і ўсе зайздросьцяць.

Сафрон зацягнуўся люлькаю і ўсьлед зацяжна ўздыхнуў.

— Нябось, сьпіць ён у цябе соладка і не патурае, што маці сядзіць на вуліцы з хвораю галавою.

Стэпа глыбока ўздыхнула і ойкнула ўголас, ажно Сафрон настарожна павярнуўся да яе.

— Дзе ты, Сафронка, бачыў — сьпіць; ён у мяне ня гэткі, каб спакойным быў, калі маці прыхварне ці занядужае. О, мой Рыгорка — залаты чалавек, шчыры сын мой, толькі… — надышоўшая к горлу горнасьць не давала спакойна казаць: — толькі… толькі… майго родненькага няма ўжо ўдому… Учора ці сёньня — як тут лічыць — я зноў правяла яго з дому.

— Знача, ты зноў адна? — зьдзіўлена запытаў Сафрон.

— Адна, Сафронка, аднюсенька-адна.

— Так, так, — спагадліва заматаў галавою Сафрон: — таварышы мы з табою, Стэфа, па сваім адзіноцтве. Праўда, ты яшчэ хоць трошкі, але шчасьліўшая за мяне, бо ўсё-ткі, хоць ня дома, а маеш сына. Ну а я… — Сафрон махнуў рукою: — а я, вось пяты год ужо, як апошнюю дачку пахаваў. Пахаваў дачку, а з ёю і ўсё, што мяне яшчэ цікавіла ў жыцьці. Цяпер адзін, як той саўлук, цягаюся начніцаю, бражджу-бражджу, як пахавальным звонам, праводжу сваё астатняе, валацужнае жыцьцё, непатрэбнае ні мне самому, ні другому каму. Вось, як гэтая ноч, гэткае яно ў мяне — цёмнае, бяспросьвітнае, жорсткае і балючае. Ведаеш, Стэпка, кляну яго, заклінаю, напрошваюся сьмерці — бо абрыдла жывым гніць, канаць адарваным ад жыцьцёвага грунту… Але скаргаў маіх ня чуе ніхто, і я вось рухаю, хаджу, сьцерагу, бражджу. Бражджу, бо нехапае пакуль у мяне сілы налажыць на сябе рукі. Няма сілы — раз; а па-другое, можа і грэшна жывасілам зьвярэджваць жыцьцё. Велена лёсам так жыць — трэба жыць. І, бачыш, жыву… — Сафрон зарагатаў, і ў яго рогаце пачулася варожая зьнявага да ўсіх бядот уласнага жыцьця, да яго пагарды над ім, Сафронам.

— Кепска жывеш ты і ня лепш я жыву, — згадзілася Стэпа: — напэўна, думаю, і яшчэ ёсьць гэткія, як мы… Затое, вось, другія — хоць-бы Прыдатныя ці Берагі — за нас аджывуць. Бачыш, заняліся вясельлем і колькі гаманы пашло па мястэчку, якое цікавасьці вакола!.. Зьбіраюцца, бегаюць, закупляюць, носяць- носяць з рынку. Цэлымі начамі агонь у хаце. Могуць і ўмеюць праводзіць свае ўрачыстасьці… Не панашаму з табою…

— Вядома, каму-ж ня жыць, як ня ім: зямлі процьма, хлеба — па горла, грошы — не пералічыш… Кумаўство з начальствам, з папом. Другія на іх падрабляюць. Чаму-ж ня жыць добра у гэткіх варунках? Пакуль — жыцьцё іх сьвята.

Сафрона перабіў рэзкі сьвісток правяратага. Ён хутка ўсхапіўся з прызбы і заклекатаў бражджоткаю на ўсю вуліцу.

— Правяраюць. І аднаго разу не прапусьцяць, на іх ліха. Пайду, пакажуся, а то яшчэ аштрафуе, чаго добрага. Дабранач, Стэпа!

І Сафрон, старанна бражджучы, хуткім крокам, пашоў ад Стэпы, кірункам да рынку. Стэпа таксама ўстала з прызбы, паглядзела ўсьлед яму, паківала галавою і накіравалася к сабе ў хату.

Частка другая

[правіць]


ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ДЗЬВЕ істоты, якіх паставіла жыцьцё ў розныя варункі, кожная з сваімі асабістымі пазывамі і жаданьнямі, якія дыхтавала ім найвялікшая ў сьвеце сіла — любасьць, аднэй — любасьць каханьня, другой — любасьць мацеры, — дзьве істоты, Стэпа — маці і Зося — каханая, адчувалі вялікую страту для сябе ў Рыгоравым ад’езьдзе. Тая і другая сваімі думкамі праводзілі яго ў далёкую дарогу, сваімі-ж сумненьнямі выказвалі баязьлівасьць, каб гэтыя праводзіны былі не апошнімі, каб толькі жыцьцё не назаўсёды зарасьціла паміж імі жаданых дарожак спатканьня. І дробкамі свае істоты як Стэпа, так і Зося цесна вязалі сябе з Рыгорам, сьціраючы ў сэрцы халодныя і цёмныя прагалы, што іх разьяднала соткамі вёрст.

А Рыгор, глыбока-ўражлівы, чулы сэрцам, лавіў нутром цёплае пачуцьцё блізкіх і любых сабе людзей і адзываўся ім бурным хваляваньнем аб утраце цёплае, зжытае еднасьці. Кожная вярста, аддаляючы яго ад Сілцоў, мяняла настрой, і паціху сум пакідаў, надыходзіла бадзёрасьць, тупілася гострасьць перажытку на разьвітаньні. Ужо ён сам, сьвядома, а не мімаволі, для цікавасьці, варочаўся ў думках назад, прабягаючы ўсьцяж мінулых перажыткаў. Сілцы, дзе ён рос, дзе пасьвіў каровы, дзе служыў балаголам — бач, браў навуку для чарствога жорсткага жыцьця, дзе загартоўваўся, — гэтыя Сілцы ўжо далёка адыходзілі ад яго, пакрываліся плеўкаю даўнасьці. Часова, у пабыўку, крыху расплылася гэтая плевачка і выразьней выявіла мінучасьць, падкрасіўшы яе адноўленым пачуцьцём спатканьня з таварышамі, з Зосяю… Так, гэта цешыла яго з асалодаю рэдкіх хвілін. Ну, а што датыча маці, Рыгор адчуваў — яе любасьць да сына, як і сынава любасьць да яе — ніколі ня ўбавіцца, не астыне. Ён магчыме прыяжджаць дамоў, сустракаць яе, горача вітацца; а мо’ здарыцца магчымасьць, і ён перавязе яе да сябе, у горад. З Зосяю — іначай: перажытыя хвіліны могуць не вярнуцца. І паколькі адчуваньне неўзваротнасьці шчасьлівых хвілін кратала яго сэрца, Рыгор меў прыемнасьць аглядацца на Сілцы і адчуваць утрату іх… Але і гэта пакрысе забывалася і траціла сваю гострасьць у параўнаньні з блізкім наступным: перад Рыгорам адчыняліся іншыя небасхілы: з-пад Ліцку, з-за Ліцку глядзелі на яго здані рознастайнага шумлівага жыцьця гораду, жыцьця, якое таіла ў сабе многа нечаканага, і таму цікавага для яго. А вось з яго віру выплывае раптоўна зусім нядуманае і нечаканае здарэньне і прынясе яму ў многа разоў глыбейшае сутрасеньне. Зося, маці… Яе плач, яе трывога, яе жаль… Усё гэта нязначна і дробна перад мажлівасьцямі наступчага!

Сёмка сядзеў побач таварыша, пашлёгваў пужкаю каня і не перашкаджаў яго думкам. Рухавая палавая кабылка, кругленькая, як яблычка, дагледжаная гаспадарным Сёмкам, нясупынна трухала дробным няспорным бегам, раз-по-разу зьвякаючы падковамі па каменьнях. У двух каляінках, у мяккіх мясьцінах — глыбокіх, а на цьвёрдых — чуць выбітых, каціліся ўподскак добра ашыненыя калёсы, нямерна трасучы лёгкі возік. То пералескі, то пасекі, то выбітыя стадам выганы, то сенажаці-паплавы, то рознакалёрныя ніўкі мігаліся паабапал. Сёмка цікавіўся росквітам летняй расьліннасьці, пары разбуханьня жыцьця, кіпеньня яго сокаў, і з гаспадарскай цікавасьцю падмячаў больш старанную апрацоўку тае ці іншае нівы — скутак дбайнасьці земляроба. Вынікала ў нутры чуць прыкметная незадаволенасьць к таму, што ў яго бацькі так скупа зямлі, такое мізэрнае гаспадарства, што нельга разьвярнуцца для выявы іх земляробскіх здольнасьцяй… На міжвольнае выяўленьне гэтага пачуцьця Сёмка адказваў самапапрокам, чаму ён ніяк ня можа канчаткова вызваліцца ад уласьніцкіх нахілаў, і пужліва правяраў сваю ўстойнасьць у соцыял-дэмокрацтве. Каб ня выдаць свае таямніцы Рыгору, ён чуць-чуць паварочваў голаў направа і акідаў лёгкім позіркам твар таварыша. І бачачы, што Рыгор сядзіць у раздуме ды зусім бясьцікаўна прапускае між сябе ўсё тое, што яго, Сёмку, цікавіць, дзівіўся і думаў. Пасьля, мяняў пагляд і разважаў так:

«То зразумела; Рыгор не гаспадар поля, не земляроб… Машыны, молат, абцугі — вось што прызначана яму. Аднаму — адно, другому — другое. Рыгор едзе ў горад і думае пра сваю машыну, пра фабрыку, пра напільнік, а я яго вязу і аглядаю палеткі, збожжа. У гэтым мы пашлі па розных дарогах. Я прывязан да зямлі, а яго носіць жыцьцё з канца ў канец. Адрывае ад дому і гоніць дзесьці за соткі вёрст у горад. Напэўна, трывожыць яго разлука і з маткай і з Зосяю: я ведаю Рыгора. Такі людны, такі зжыўны чалавек: на ім адбіваецца найменшае здарэньне, найменшы выпадак з самотнага жыцьця кладзе за ім вельмі выразную адметку. Шкода яму і Сілцоў, шкода і мацеры таварышоў, шкода і Зосі. Але іначай нічога нельга зрабіць, і Рыгор мусіць ехаць».

У сваіх разважаньнях аб таварышавым жыцьці Сёмка даходзіў да спагады к Рыгору і пачынаў шкадаваць яго. Але гэткі напрамак сваіх думак ён хутка перайначываў і, прымаючы іх за сваю слабасьць, мяняў свой узрок на Рыгора. «Не, — выводзіў Сёмка: — дарэмна я кажу, што Рыгору цяжка расставацца з Сілцамі, ён не такі чалавек. Ён створаны не для Сілцоў, — жыцьцё адчыніла перад ім шырокую дарогу. Сілцы — то-ж яны нам, прывязаным да загонаў, да сахі, а Рыгору — на ўсе чатыры бакі».

І Сёмку цешыла тое, што ён мае гэткага таварыша, як Рыгор, што ён такі блізкі к яму чалавек, так зжыты з ім на працягу доўгіх гадоў шчырага таварышкаваньня. Цешыўся і гардзіўся. І чым мацней разгаралася гэта пачуцьцё ў яго нутры, тым выразьней прабівалася жальлівая спагада наконт яго ад’езду з Сілцоў. Сёмку напрашваліся пытаньні — ці ўдасца, сапраўды, яшчэ калі-небудзь спаткацца ім, ці мо’ зложацца ўжо так умовы, што іх сёнешняе расстаньне будзе астатнім і пахавае сабою ўсе багатыя ўспаміны аб разам пражытым мінулым:

«Усё можа здарыцца. Дык хоць цяпер успомніць перажытае, абгаварыць сёе-тое адзін-на-адзін».

І Сёмка рашыў перабіць Рыгоравы думкі.

— Ты ўсё, мабыць, Рыгор, знаходзішся датэтуль пад уражаньнем перажытага расстаньня?

Рыгор крыху памаўчаў, пасьля цьвёрда загаварыў:

— Ня вельмі, ведаеш, каб гэта так глыбока. Ты сам, разумееш, што ў Сілцох мне няма месца. Няма — ужо так прышлося. І я ні на што за гэта не сярдую. Але, вось, тут другая закавыка — гэта пытаньне з мацераю. Адна, старая, бязмоцная. Ды…

— Яно, праўду кажучы, ты патрэбен для Сілцоў і паміма таго што гэта цікава мацеры. Ты патрэбен нам для нашае організацыі. Паглядзі, у нас, бадай, няма гэткага чалавека, які-б мог добра пакіраваць справаю. Ты пабыў у горадзе, пацёрся ў адпаведных колах і сумеў дасканала пазнаць, як і што ладзіць падобную працу. Бо што-ж мы — Пятрусь, ці я: таўкомся ўвесь час у гэтых Сілцох і ні з месца. Куды-ж нам размахнуцца! З плугам, з касою — то і мы мэты, а ўжо да гаворкі, чаго ад нас пытаць. Гэтыя-ж Якавы ды Сролі таксама недалёка ад нас адышлі… А ты — зусім інакшае. Паглядзі, пабыў у нас нейкі час, а колькі сілы нам уліў, колькі пасобіў у організацыйнай працы! А паедзеш, у нас ізноў пацішае… Праўда, я ведаю, што там, у горадзе, табе больш размаху, і працы таксама больш, ды, пэўна, і працаваць сярод рабочых куды цікавей, як з нашым мяшчанствам, але… і ў нас патрэбна праца, мо’ яшчэ больш, як дзе… Скажы, браток, ці ты не задумоўваўся часамі аб гэтым?

— Чаму не задумоваўся. Думаў, і многа думаў — толькі я-ж кажу, за вошта мне ўчапіцца дома? Пасьвіць каровы? Ці да Бэркі за балагола? Ці да Загуцкага ў двор за парабка? А ў горадзе я адчуваю сябе інакш. За год пасьпеў падвучыцца за сьлёсара, пазнаўся і звыкся з умовамі заводзкага жыцьця… І цяпер як-ніяк, ня гледзячы на маю ранейшую прывязчывасьць да Сілцоў, цягне мяне ў горад хаценьне, як найглыбей пазнацца з яго жыцьцём, дастаць тыя веды, без якіх мы толькі напалавіну людзі, а напалавіну пакорлівыя нявольнікі… Ня толькі жыць, а і змагацца, браток, трэба ўмець. А гэтаму трэба вучыцца. Вучыцца-ж толькі і можна ў горадзе. Кніжка, лекцыя, тэатр, курсы — усё там ёсьць і абы ахвота — вучыся і вучыся. Ужо, вось пабыўшы каля двух гадоў у горадзе, я чую сябе зусім ня тым Рыгорам, што спакойна выслухоўваў Бэркавы сваркі, што прыслухоўваўся да Глякоўскіх перасудаў. Я цяпер, дружышча, выпатрашыў з сэрца малейшыя адзнакі пакоры перад моцнымі, да каплі зьнішчыў веру ў мірнае палепшаньне нашага жыцьця і стаў заядлым, неўтамімым змаганьнікам. Горад уліў у мяне гарт, сілу, а завод засталіў маё нутро… Мне нямерна падабаецца гарадзкі шум, рух, натоўп разьюшаных грамад…

— А нашых Сілцоў, як і ня было ужо для цябе? Наведаўся раз, і больш — бывайце здаровы назаўсёды? — запытаў Сёмка.

— О, не! Я еду ў горад, каб вучыцца ў ім не для аднаго сябе.


II

СЁМКА з увагаю выслухаў Рыгора; яму цікавым было кожнае слова таварыша. Яго ўдумная, грунтоўная гутарка, выяўляла перад Сёмкам нязвычайнага чалавека, якому патрэбна вучыць, а ня вучыцца. Сёмка ясна адчуваў, наколькі Рыгор вышэй яго ў ведах. І гэта яшчэ больш наварочвала яго сымпатыю да Рыгора. Тая спагада, што пракрадалася ў яго сэрца да таварыша, уступіла месца пачуцьцю радасьці таму, што Рыгор выяжджае з Сілцоў. «Сапраўды, — рашаў Сёмка: — што там зямля, лішні кавалачак яе! Што з таго, калі я маю нейкую гаспадарку: хату, палоску поля, каня, пару кароў? Неадгінна верцішся ў гразі, у пыле, рыешся, як крот, кладзеш сілы на працу, а ні прасьветласьці тае, а ні прыемнага скутку. Толькі адцягае цябе ад змаганьня, прывязвае да ўласнасьці і атупляе пачуцьцё протэсту, чыстату пазываў. З Сілцоў — нікуды. А гэтыя Сілцы так і ацягаюць цябе ўніз, так і засосваюць цьвілою будзёншчынаю. А Рыгор! Што яму? Сьвет адчынен ва ўсе бакі — мерай, лятай. І ён добра робіць, што настойна дамагаецца, каб больш сьвету пабачыць, каб чым больш навучыцца і стаць сьвядомым чалавекам. Шчасьлівы, што мае рашучасьць. Мне пакуль гэтага не стае».

— Ну, а скажы, Рыгор, — запытаў Сёмка таварыша: — ты там, у горадзе, ужо і блізкіх людзей маеш і дружбу вядзеш з імі, забываючы нас?

Рыгор усьміхнуўся.

— Чаму не! Таварышаў лёгка ўсюды знайсьці, тым болей у тых абставінах, якія адналькова ўплываюць на людзей. Вось хоць-бы завод узяць: тут ўжо ўсе працаўнікі аднэй долі, аднаго багацьця, адных ўмоў жыцьця. Кожны жыве стукам молата, вёртам машыны, скрыгаценьнем напільніка. Я, другі, дзесяты… Амаль роўныя заработкі ва ўсіх. Роўна, таксама, кожнаму сьвеціць праз мурзатыя вокны сонца, роўна дурманіць чад, роўна пыл і жалеза разьядаюць лёгкія. І трэба тры-чатыры дні, ну найбольш тыдзень, каб сыйсьціся новаму чалавеку, каб пазнацца і стаць ня толькі знаёмым, а таварышам ці сябрам. З розных канцоў людзі, якія мо’ й ня думалі аб тым, што доля прывядзе іх спаткацца і стаць сябрамі… Цікава, браток. Я неяк хутчэй за другіх зжыўся з большасьцю рабочых свайго заводу. А да гэтага яшчэ партыйная справа, — і яшчэ больш новых людзей…

— Ты, вядома, таксама нясеш адпаведную працу ў організацыі? Цікава, ці многа ў вас людзей з’організавана?

— Я-ж табе казаў ужо, скора прыехаў: некалькі сот будзе. Ды, брат, хлопцы — адзін у другога. — Я ўпаўнаважаным ад заводу…

Слухаючы Рыгоравы апавяданьні пра горад, Сёмка адчуў у нутры казлытнае жаданьне — што, каб і яму пабываць у горадзе? Каб пачуць, як на гэта паглядзіць Рыгор, Сёмка запытаў:

— Слухай, Рыгор, а як-бы ты паглядзеў, каб у адзін дзень, зусім нечакана для цябе, нібы прымха якая, шусь я к табе на кватэру і «Добры дзень, Рыгор»?..

— Што рабіў-бы? — засьмяяўся Рыгор: — хутчэй-бы самавар на стол, зьбегаў-бы за поўбутэлькаю і закускаю і: «Сядай, Сёмка, нечаканы і неспадзяваны, але пажаданы мой госьць».

— Так. Нечаканы і неспадзяваны. Вось у гэтым і ўвесь сэнс, што неспадзяваны. Скажы папраўдзе, Рыгор, ты мабыць, зусім не спадзяешся, каб гэта магло стацца са мною, га?

— Што ты! Што ты гаворыш! Чым-жа я лепшы ад цябе? Як і я, можаш ты кінуць усё, сесьці на чыгунку і праз дзень у Рызе ці дзе ў іншым горадзе. Нават табе гэта яшчэ лягчэй зрабіць, бо да чыгункі можаш на сваім кані даехаць.

— Ну, ты, Рыгор, не жартуй: я ўсур’ёз такі думаю аб гэтым, — штосьці падзадорыла Сёмку.

— Ніякіх жартаў. Будзь ласкаў. Я таксама ўсур’ёз кажу. І больш таго, нават раджу табе гэта зрабіць: нічога ня згубіў-бы, павер. Вярнуцца да зямлі, да тваёй гаспадаркі — у кожны раз можна — не ўцячэ нікуды.

— Дык, патвойму, мне пабываць у горадзе? — яшчэ раз запэўніўся ў шчырасьці таварышавай парады Сёмка.

— Раджу, як свайму сябру.

Сёмка хапіўся за сотні ўзьюшаных думак і пытаньняў і адказаў:

— Ну, дык і быць па сяму, чакай, гатуй стрэчу, запасайся гарэлкаю, купляй самавар… З бацькам сваім я скора паладжу: ён у мяне чалавек уступны і разумее дзела. Абы якое пабочнае прыгоды ня здарылася… Прыеду і табе ліст прывязу ад мареры… а другі ад Зосі.

Рыгор сур’ёзна паглядзеў на Сёмку, нібы правяраючы яго словы. Яго ўзрок заставіў Сёмку аслабіць катэгорычнасьць сваіх завярэньняў і ён дадаў:

— Яно-бы, памойму, — ня толькі мне, а і многа каму з сілкаўскіх хлопцаў ня шкодзіла-б праветрыцца крыху за межамі свайго мястэчка. І калі, патвойму, ад мяне аднаго была-б карысьць, то ад пяцёх ці дзесяцёх яе было-б у некалькі разоў болей. Ня праўда, мо’?

Рыгор, было відаць, ня спыніўся думкамі на Зосі ці ўмела затоіў іх у сваім нутры, бо з тым-жа настроем адказаў Сёмку:

— Чаму ня праўда! Вядома, што так. А, думаеш, Пятрусю або Саўку ня варта было-б паехаць?

— Трэба, трэба. Добра разумею гэта.

Гутарку яны расьцягнулі да цёмнага і ўжо была ноч, калі яны ўехалі ў вёску Міжканаўе.

— Што за вёска мае быць? — запытаў Рыгор.

— Міжканаўе, пэўна. Знача, двананцаць вёрст будзе, — няўверана адказаў Сёмка: — Трэ’ папытацца, вунь, здаецца, нейкія падводы ля студні стаяць.

Якраз пачуўся скрып вочапу і стук каванкі аб зруб студні. Сьледам заіржаў конь. Рыгор паправіўся на сядзеньні, якое растраслося і ссунулася наперад, і паглядзеў на гадзіньнік. За цемнатою цяжка было разгледзець, колькі зараз часу. Рыгору паказалася, нібы гадзіньнік стаіць на адзінаццатай гадзіне ці крыху болей. Але ён не ўдасканальваўся: яму было ўсё роўна, раней ці пазьней на гадзіну будуць яны ў Ліцку. Машына адыходзіць на Вільню а чацьвертай гадзіне раніцы, значыць, яны пасьпеюць. А спаць на возе ніяк ня прымосьцішся. Ды, папраўдзе, Рыгору і не хацелася спаць. Сьвежыя ўражаньні расстаньня, ціхая цёплая ноч, цікавая сяброўская гутарка з Сёмкам — адганялі ўсякі сон. Да гэтага, Рыгор быў прывычан начамі ў дарозе ня спаць. Бывала, служачы балаголам, кожны тыдзень ён дзьве-тры ночы праводзіў у дарозе, часта вейкаю не маргнуўшы. А заўсёды быў навярэджан, складаючы і накладаючы паклажу. Доўгія халодныя асеньнія ночы, ночы зімнія — сьнег, завея — трэба было праз ўсю дарогу або сядзець на возе або ісьці за возам пехам. А цяпер? Што й казаць — куды там да сну!

Рыгор разглядаў у змроку аднакія прыземістыя, абсаджаныя садкамі хаткі, студні траха не ля кожнае з іх. А калі Сёмка прыпыіў каня пры тэй самай студні, ля якой падводчыкі паілі коняй, ён зьлез з возу і першым пачаў гутарку з падводчыкамі.

— Вы адкуль будзеце? — запытаў Рыгор аднаго з іх.

— Мы круглявецкія; на кірмашы былі ў Сталеве.

— Вялікі кірмаш быў?

— Добры кірмаш.

Падводчыкі запыталі ў Рыгора, каторая гадзіна і, калі ён сказаў, надаўгад, што ўжо за адзінанцаць перашло, яны перагаварыліся між сабой і сьпешна ўселіся на вазы.

— Як дарога на Сілцы? — пагнаўшы коні, запыталі падводчыкі.

— Добрая, — адказаў Сёмка: — а ўперадзе як?

— Нічога, можна ехаць: падсохла. Дабранач!

— Дабранач!

Адна за аднэю трое хурманак загрукацелі ўсьцяж вёскі.

— Вось хто жыве, — абярнуўся Сёмка да Рыгора, поячы каня: — галёкаюць па сьвеце і абманваюць людзей.

— Так, перакупства — самы непаважны занятак: займаздароў людзі трацяць час, абаманваючы даверных.

— Але, згадзіся, Рыгор, што і на гэта трэба мець здольнасьць. Гэта пракідкія хлопцы…

— Вядома: трэба набіць рукі і навярцець розум. Ёсьць многа розных марнатраўцаў, якіх нам трэба карміць сваёю працаю: і тых, што намі кіруюць, і тых, хто нас абманвае, і тых, якія за нашу працу для іх нават людзьмі нас ня лічаць. Шмат трэба перабудовы. Як ты думаеш, калі мы з гэтым управімся? Я думаю, што ня так скора. Га?

Рыгор усьміхнуўся.

— Вядома, што ня так скора; трэба многа патуг, сілы і змаганьня палажыць.

— Ну, а як доўга яшчэ, патвойму, працягнецца гэтак?

— Гэта цяжка сказаць, браток. Хочацца верыць, што ня вельмі доўга.

— Ня радуеш ты мяне, Рыгор. Значна праз усё наша жыцьцё так і будзем мы, як тыя валы, хадзіць у ярме: я па нікчэмнай палосцы зямлі, а ты ў чатырох мураваных сьценах заводу?

— Трэба, брат, настойней змагацца. Кожнаму — колькі сілы хоць — варушыцца, бунтаваць…

Сёмка паматаў галавою і зацяжна прапяяў:

— О-о-хох-хо! Доўгая і сіберная песьня!

Рыгор незадаволена адказаў: точаць цябе чэрві няверра. Дрэнна, Сёмка!

— Садзіся, паедзем, — перабіў яго Сёмка, павярнуўшы каня ад студні і прагукаўшы:

— Но-о, малая! Яшчэ вёрст трынанцаць асталося!


III

НЕКАЛЬКІ часу хлопцы маўчалі, нібы прыслухоўваючыся да конскага тупату і стуку калёс. Пры гасьцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зьверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Наўскасяк, управа, блішчэў агеньчык начлежнікаў.

— Значна, яшчэ гадзін тры, і мы расстанемся з табою? — раптам выказаў Сёмка.

— Але. Што-ж, нічога не парадзіш, прыходзіцца…

— Ты ўжо, толькі, Рыгор… — Но-о-о! Падбяжы-ы, на цябе ліха-а!.. — Ты ўжо, толькі, Рыгор, не забывай пісаць нам. Не шкадуй на гэта часу. Усё апішы: што стрэнеш прыехаўшы: як жыцьмеш, як будзе паводзіцца табе. Ты-ж ведаеш, як дорага нам усё гэта. А мы ўжо адсюль будзем дасылаць табе корэспондэнцыі. Патрэбна цесная сувязь… — Вось Слынскі ўзгорак — яшчэ дзьве вярсты ззаду асталіся…

— Няйначай, буду пісаць, аба ўсім буду пісаць… А ты, вось, браток Сёмка, не адкажы ўжо маёй мацеры, калі яна будзе прасіць цябе, каб ты пісаў ёй пісьмы… Хто-ж, акром цябе, ёй гэта зробіць?

— Ай, ды навошта казаць: я пісаў тваёй мацеры дагэтуль і надалей буду пісаць. Гэта рэч не цяжкая; шкада адно, што больш важнейшай дапамогі не магу ёй зрабіць… ды то, прыдзецца, пасоблю і большым чым. Тут-жа недалёк — кожны дзень бачымся. Так што, браток, аб гэтым не клапаціся.

— Вельмі дзякую табе.

Яны праехалі яшчэ з гадзіну часу; да Ліцку аставалася зусім нямнога; яго блізасьць выразна дапамінала аб сябе. Спускаючыся з узгорку, на крутым павароце гасьцінцу, да іх данёсься рэзкі зацяжны сьвіст цягніка. За сьвістам пачуўся глухі лопат выпускаўшага пар паравоза. А калі гасьцінец зьвярнуў улева, адразу паказаўся бляск пабляднеўшых ліхтароў; падымалася ўгору высокая цёмная вадакачка, нібы стараючыся падглядзець усход сонца.

Рыгор кінуў думаць, прыпадняўся на месцы і ўперыўся вачыма ў бок станцыі.

— Вось і прыяжджаем, — з лёгкім хваляваньнем выказаў ён.

— Сяк-так дабраліся: усяго чатыры вярсты асталося.

— Скора прыехалі.

— А чаго-ж там! Каб паганялі каня, то прыехаліб яшчэ хутчэй.

— Няма чаго сьпяшацца; і так прыдзеца яшчэ чакаць цягніка.

— Ну, сапачынеш крыху; усё-ж стаміўся як-ні-як за дарогу; гадзін з сем папатрасьліся, нябось.

— Дзе там супакой той! Прыехаўшы ўжо супачыну… Ну, а ты, Сёмка, зараз-жа і назад?

— Вядома, чаго-ж бавіцца! Да гадзіны другой вярнуся, дык яшчэ ў мяне добры кусок дня ў запасе.

— Так… Пэўна… Дык, вось, Сёмачка, — Рыгор патрапаў таварыша па плячы: — як толькі прыедзеш дадому, не забудзь забегчы да мае мацеры і сказаць, што мы заехалі добра… І суцеш яе там, хай ня вельмі гаруе…

— Добра, добра… Усё выпаўню…

Яны параўняліся з карчмою, што стаяла недалёка ад Ліцку.

— Можа хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора.

— Не, не ахвота: можа ты-б хацеў?

Сёмка паціснуў плячыма.

— Хто яго ведае, як тут быць.

— Дык давай заскочым; папытаем, калі пэўна ідзе машына і як толькі ёсьць у нашым распараджэньні якіх мінют пятнанцаць — дык і вып’ем гарбаты ды перакусім.

Сёмка прыпыніў каня і ўзьбег на ганак старога, з уціснутымі ўнутро сьценамі будынку, і пастукаў у дзьверы.

Дзьверы былі запёртымі.

— Сьпяць, мабыць, — сказаў Сёмка.

— Пастукай мацней: агонь-жа сьвеціцца.

— Па звычаі агонь… Што-ж, паедзем на станцыю і там знойдзем гэткага дабра, як гарбата.

— Ды вядома што.

Сёмка зьбег з ганку, улез на воз і пагнаў каня.

Ад карчмы пачыналася брукаваная дарога. Каля станцыі іх нагнала некалькі хурманак, якія таксама сьпяшылі на машыну. З кашалямі на руках, пакрытымі бруднымі хусткамі, заспаныя, ішлі туды-ж сельскія жанчыны з булкамі і піражкамі. Усё гэта прыдавала ажыўленьне, паказвала клапатлівасьць, рух і ўплывала на хлопцаў некаю асабістаю руплівасьцю, нязнанай і чужой мястэчку. Рыгор адразу аднавіў перад сабою дух і пэнт гарадзкога жыцьця, ужо добра вядомага яму; Сёмку-ж гэта было нова і цікава, як новае. Далей Ліцку ён яшчэ не трапляў, і Ліцк кожны раз, калі-б ён ні прыяжджаў у яго, выклікаў асабліва рэзвы і жывы настрой, некі ўздым і бадзёрасьць.

— Ведаеш, люблю я гэткае ажыўленьне, як тут, — абярнуўся Сёмка да Рыгора: — каб і хацеў памарудзіць, дык нельга.

— Не пасілцоўскаму; тут ужо горадам крыху папахвае.

— Ну, там, пэўна, у некалькі разоў усё гэта шумней і цікавей?

— Вядома што; тут маленькая, не вузлавая станцыя, а і то, як бачыш, усё так і рупіць, і рухае.

Гутарачы, яны ачуліся каля станцыі. Забруджаны гноем і саломаю вялікі калястанцыйны пляц выглядаў рынкам, на якім вось-вось хутка адчыніцца кірмаш. З правага боку, ад садку станцыйных служачых, пры рэльсавых парэнчаў у шэраг стаяла некалькі дзесяткаў сельскіх падвод і рамізьніцкіх каламашак. Ля некаторых з іх стаялі падводчыкі — другія-ж былі пустымі, бяз нікога. Сёмка пад’ехаў к бакавой падводзе з левага боку і спыніў каня.

— Точка, — праказаў ён да Рыгора і зьлез з воза.

Рыгор падняўся, атрос салому і таксама саскочыў на зямлю.

Да іх падбег з-пад станцыі насільшчык і запрапанаваў:

— Прыкажаце рэчы на станцыю ўнясьці?

Рыгор пераглянуўся з Сёмкам і адказаў:

— Няма чаго нясьці: самі справімся.

Насільшчык ўхмыльнуўся, пастаяў з хвіліну і моўчкі адышоў.

— Ну, Сёмка, правядзі мяне на станцыю. Каня пакінь.

— Ды я думаю, што можна каня аставіць аднаго. Стаяць-жа другія падводы.

— Папрасі каго з падводчыкаў паглядзець за тваім возам — спакайней будзе.

Сёмка заручыўся згодаю аднаго рамізьніка, а сам з Рыгорам пашоў на станцыю.


IV

НЕВЯЛІКАЕ мураванае памяшканьне станцыі мела звычайны станцыям выгляд: пасярэдзіне будынку праходзіў карыдор, разразаўшы яго на двое; направа ад карыдору мясьцілася багажня, скарбніца і невялічкая першая кляса, а налева — другая і трэцяя клясы. Рыгор з Сёмкам пашлі направа, у першую клясу, куды ішлі амаль ня ўсе пасажыры. У каморцы, досі чыстай, пры расстаўленых двух ці трох сталох, на крэслах і пры сьценах на лаўках сядзела дзесяткаў са тры пасажыраў; некаторыя з іх спалі, умайстраваўшыся пры сваіх клунках, другія проста драмалі, апусьціўшы галовы, трэція сьпешна падсілкоўваліся гарбатаю. За багата ўстаўленым буфэтам увіхаўся сярэдніх гадоў мужчына-буфэтчык, шустры і рэзвы гандляр, відаць, добра набіўшы руку на гэтым рамясьле. Раздаючы праданае з лоўкасьцю мастака свае справы, буфэтчык сярдзіта пакрыкваў раз-по-разу на сваю пасобніцу, тоўстую чырвонатварую непаваротную дзяўчыну-сялянку, падпяразаную паласатым хвартухом, бяз хусткі, з разбэрханымі косамі, якая даглядала за вялікім паплясьнявелым мурзатым самаварам. Дзяўчына моўчкі, паслушна адгіналася і баязьліва пазірала на гаспадара.

Клапатліва, як нашароханыя, бегалі то з клясы, то ў клясу кондуктары з цьмянымі ліхтарчыкамі, тэлеграфісты з паперамі, дзьве-тры дзяўчыны з канторы. За сьцяною буфэту зьвінеў тэлефон, а пры ім чыйсьці голас нясьціханна выкрыкаў: «Что-о? Говори-ите-э? Слушаю, я слушаю»… І звон тэлефону і крык пры ім раз-по-разу перабіваў рэзкі сьвісток паравоза, які прабягаў між окны станцыі і голасна сьвістаў, адгукваючыся на сьвісьцёлкі стрэлачніка то ў адным, то ў другім канцы станцыі.

Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два парожных крэслы, падышлі і занялі іх.

— Ты пастой, Сёмка, а я куплю білет, — праказаў Рыгор і пабег да касы.

— Добра.

Сёмка не агледзеўся, як Рыгор вярнуўся назад.

— Цяпер можна перакусіць сяго-таго. Чаго-б ты хацеў?

— Усё роўна; вазьмі гарбаты і каўбасы з хлебам.

Рыгор падышоў к буфэту і прынёс усё тое, што Сёмка загадаў. Абое хутка справіліся з гарбатаю, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Закусваючы, хлопцы маўчалі: Рыгор над нечым пільна раздумоўваў, угледзеўшыся ў шклянку, а Сёмка з гостраю цікавасьню сачыў за станцыйным рухам. Ці ўваходзіў пасажыр, ці прабягаў чыгуначнік, ці раздаваўся сьмех, вокрык які, Сёмка адварочваўся, лавіў яго і адказваў настарожанасьцю. І калі ён час-ад-часу ўспамінаў, што яму вось-вось прыдзецца разьвітацца з Рыгорам і варочацца назад у Сілцы, яго ахоплівала няпрыемнае пачуцьцё, вялікая неахвота варочацца аднаму. Сёмку прыкоўвала да сябе ўсё тое, што ён бачыў перад сабою на станцыі і што выглядала ў яго ваччу новым і прыемным. Вось узяць-бы тых дваіх — кабету і мужчыну, — што прытуліліся адно да другога, седзячы на лаўцы, і соладка, апойна храпуць. Сёмка не разумеў іх нядбайнасьці ды бясьцікаўнасьці да ўсяго і думаў аб сабе, што давядзіся-б яму прабыць на станцыі хоць трое ночаў, ён і не ўздрамнуў-бы нават: сядзеў-бы і пільна сачыў за кожным рухам станцыйнага жыцьця. А каб гэта яшчэ яму давялося паехаць куды чыгункаю! Як-бы цікава было бачыць жыцьцё буйных вузлавых станцый, дзе, па словах Рыгора, людзі кішаць, як мурашкі ў мурашніку! І тая думка, што ўжо раз уставала перад ім у дарозе, калі ён прыглядаўся на пасажыраў, якія пакідалі свае месцы, як і Рыгор, і кудысьці з падворку спакойліва ад’яжджалі, — думка паехаць у горад да Рыгора зноў выбілася на поверх, падгастрылася руплівасьцю і засьвідравала ўнутры. Ехаць… ды ня то, што пачакаўшы, пры добрым выпадку, а ехаць як найхутчэй, зараз, вось, хоць-бы разам з Рыгорам і з усімі гэтымі пасажырамі… ехаць — цягнула Сёмкаву істоту. Хоць-бы некалькі часу пасапці новым паветрам, падзівіцца іншымі вобразамі, перамяніць елкія многагадовыя клопаты, шэрую аднакавасьць земляробскай працы. Хоць-бы некалькі часу, хоць-бы на месяц, на другі адлучыцца, а то — глядзіш — праз якіх гадзін сем — ізноў перад табою бедныя, прылепленыя з зямлі хаткі Сілцоў, пыльныя, загноеныя вуліцы, прагледжаныя наскрозь Хлёры, Прыдатныя, Крумкі, Гладышы ды іншыя пастаянцы мястэчка… «Не, цяпер я нядоўга ўтрымаюся дома, хай што хочуць робяць бацькі», заключыў Сёмка.

А ў дзьверы клясы ўсё надыходзілі новыя і новыя пасажыры, мігаючыся між Сёмку. Вось прашоў здаровы, поўнатвары, вусаты, у бразантовым халаце з каўпаком на адкідзе, багаты фальварковец-шляхціц, ці мо’ нябуйны памешчык; у руках ён трымаў добры фібравы шарае хварбы куфэрак; увашоў, агледзеў пахмурным суровым узрокам клясу і прыпыніўся каля акна… Вось ускочыла, як напуджаная якая, тонкая, вяртлявая, затуленая густым тулем, з перавязанаю праз плечы тоўстаю хусткаю, а ў руках з некалькімі сакваяжыкамі і парасонам ні то мяшчанка, ні то фальваркоўка. Вось важна перашагнуў парог некі казначэйскі чыноўнік у шырокай палярыне, з гостра паднятымі ўверх вусікамі, важнага чыну, з гонарам, ведаючы сабе вартасьць чалавек. За ім прашла купаю сям’я — мужчына-гаспадар у палапленай крамнай жакетцы, у аблезлай шапцы, з дзіцём на руках, і кабета-жонка, таксама бедна адзетая, з клункам старых манаткаў і з двума невялічкімі дзеткамі. Увашлі, баязьліва азірнуліся, як-бы папаўшы ня туды, куды-б сьледавала ім, і бяспомачна спыніліся каля дзьвярэй. Куды яны едуць? Чаму з дзяцьмі? Такія бедныя з выгляду, што жаль рэжа сэрца. Ці на новае месца, ужо знойдзенае, ці мо’ шукаць яшчэ куска хлеба, папярэдне пераехаўшы ў другое месца? Цікава. Сёмка ажно падняўся з месца, каб пільней разглядзець твары гэтых людзей. Але яму гэта паказалася няёмка, і ён зноў прысеў… Прысеў і рашыў паказаць іх Рыгору; але толькі павярнуўся да яго, каб прагаварыць слова, як тутака, збоку, угледзеў маладую пекную белакурую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае да стану паліто, з таннаю пастэркаю на галаве. Яна сядзела бокам к сталу, трымаючы кашэлік на прыполе і ўкрадкаю, наўскасяк пазірала на Рыгора. Сёмка ўпарта паглядзеў на дзяўчыну і ўлавіў у нарысе яе твару вялікае падабенства з Зосяю; тыя-ж сінія валошкавыя вочы, сярэдні роўны лоб, прадаўгаваты нос, адпавядаючы гэткаму-ж твару, чыстыя, з лёгкім ружам, шчокі, поўныя чырвоныя губы пекна выразанага няшырокага роту над прадоўжным падбародкам; той-жа, заўсёды мілы, жывы, нястухаючы пераліў чуць прыкметнае, але палкае, цягучае, вабячае ўхмылкі. Уся постаць яе, як вымалеваная мастаком, выглядала лёгкай, паветранай; ад дзяўчыны нясло здароўем жыцьцярадасьцю. Сёмка міжвольна заглядаўся на яе, адцягаючыся думкамі ад усяго іншага, што хвілю назад цікавіла яго. Ён ня мог адвярнуцца, не зважаючы на няёмкасьць, якую, відаць было, адчувала незнаёмка, прыкмеціўшы ўпарты Сёмкаў узрок. І толькі, калі дзяўчына адвярнулася ў другі бок, Сёмка апусьціў вочы.

Брудная будзённая адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар, вясковая прастата і непаваротнасьць, якія выступілі перад ім, засаромілі Сёмку: ці не падмеціла толькі гэтага дзяўчына і, гледзячы на яго, ці не сьмяецца толькі ўнутры сваім?

Сёмка паглядзеў на Рыгора і чапіў яго за руку.

Той адвярнуўся на Сёмку.

— Зірні толькі, Рыгор, налева, — сказаў Сёмка на вуха таварышу, — вунь сядзіць Зося, точ-у-точ.

Рыгор крута павярнуў голаў і стрэўся з узрокам суседкі.

Яе падабенства на Зосю міжвольна кінулася яму ў вочы.

— А што? Мо’ няпраўда? — запытаў Сёмка.

— Праўда, настаяшчы дубальт, але, здаецца, куды прыгажэйшы, — адказаў Рыгор: — цікава, куды яна едзе? Вось, ды каб у мой бок!

— Запытай, — парадзіў Сёмка.

— Трэба, — згадзіўся Рыгор і павярнуўся да дзяўчыны.

Сёмка настаражыўся, і ўвесь — адна цікавасьць — чакаў, як пойдзе гутарка між Рыгорам і незнаёмаю дзяўчынаю.

— Выбачайце, вы далёка едзеце? — далікатна, ціхім голасам запытаў Рыгор.

Дзяўчына здаволена ўсьміхнулася і ахвотна, сьмела адказала:

— Да Рыгі. А вы куды?

Яна павярнулася к Рыгору.

— Я таксама туды, — пасьпяшыў паведаць Рыгор.

— Вы хлусіце, мабыць? — не паверыла дзяўчына.

— Чаму вы так думаеце? Я сур’ёзна кажу. Вельмі рад, што разам паедзем.

— Вы ўжо будзеце маім праважатым, — дасьціпна запрапанавала дзяўчына.

— З вялікаю ахвотаю. Каб вы ехалі ня ў Рыгу, дык і то я паехаў з вамі, — шчыра, ня ўмеючы стаіць узьнятага ў сабе пачуцьця, сказаў Рыгор.

— Няўжо?

Сёмка тайком ухмыляўся, чуючы іх гутарку, і стрымоўваў гострае жаданьне і самому ўставіць слова-другое. Але кожны момант, толькі парываўся расчыніць рот і выгаварыць што-кольвек, як нешта хапала яго за язык, і ён змаўкаў.

Рыгор-жа слова за словам разьвёў з дзяўчынаю гутарку. Ён забыў нават, што каля яго сядзіць Сёмка, занядбаў блізкай разлукаю з ім і выпусьціў з думак усё тое, што меўся напомніць яму пры расстаньні. Павярнуўшыся да суседкі, Рыгор нязьмігутна глядзеў ёй у твар, цешыўся яго мілавіднасьцю і, як воск ад агню, расставаў пад яе сапраўды пекным узрокам.

— Рыгор! — у кароткі перарыў між чарговым запытаньнем дзяўчыны і Рыгоравым адказам пазваў Сёмка таварыша.

— Што? — не адварочваючыся запытаў Рыгор.

— Я, браток, думаю ехаць. Ужо прашло колькі часу. На дварэ зусім разьвіднелася. Ну, бывай здароў!

Рыгор штосьці прамовіў да незнаёмкі, падняўся з месца і пацалаваўся з Сёмкам.

— Не забывай, браце, пішы часьцей, — яшчэ раз папрасіў Сёмка Рыгора і павярнуўся да дзьвярэй.

— Гэта мой найлепшы таварыш, — паведаміў Рыгор незнаёмку: — выбачайце, я правяду яго на двор; мне трэба папрасіць ад яго аднэй рэчы.

Рыгор нагнаў Сёмку і вышаў з ім з клясы.

— Вітай ад мяне ўсіх: Зосю, Гэлю, Пятруся, тваіх бацьжоў… І не забудзь зайсьці да мае маткі…

— Добра, добра, усё выпаўню… А ты, у свой чарод, не забудзь прыпісаць мне ў першым-жа лісьце, як і што ў цябе выйдзе з гэтаю дзяўчынаю. Красуня, на яе ліха. Ты ўжо не пакінеш, пэўна, яе праз усю дарогу? Толькі глядзі-ы, каб…

Сёмка не дасказаў, насьмешліва, пакачаўшы галавою.

— Я бачу, ты вельмі скора ўліп у яе…

Рыгор здаволена ўсьміхнуўся і нічога не адказаў.

— Ну, бывай здароў! Шчасьлівае дарогі! — пажадаў Сёмка, яшчэ раз пацалаваўшыся з Рыгорам.

Той памахаў яму ўсьлед капялюхом, пастаяў з хвіліну і вярнуўся ў клясу.

І толькі ён пасьпеў падыйсьці к дзяўчыне, як сярод пасажыраў падняўся рух і бегатня. Усе ўзьняліся з сваіх месцаў, хапіліся за клумкі і куфэркі і кінуліся к выйсьцю на пэрон.

Пачуўся званок, абвяшчаючы падыход поезду.


V

РЫГОР са сваёю спадарожнай, не сьпяшаючы, вышлі з клясы, абгледзелі вагоны і накіраваліся ў другі ад заду. У вагоне было свабодна, і яны занялі ў першым ад выхаду аддзяленьні два месцы пры акне. Рэчы свае і дзяўчыны Рыгор гаспадарна ўладаваў на верхняй лаўцы, а сярэднія дзьве прыназначыў пад спаньне, павесіўшы на кручку з аднаго боку сваю жукетку, а на процілежным — дзяўчыніна паліто.

— Вось цяпер спакойна можам ехаць аж да самае Рыгі, — пацешыў ён новазнаёмую: — хочаце, пойдзем на пэрон на хвіліну-другую ?

— Каб не спазьніцца… Во, другі званок…

Яны ўсё-ж падышлі к дзьвярам вагону і агледзелі пэрон. На пляцформе кішэла народу: адны пёрліся са станцыі, сьпяшаючыся ў вагоны, другія на момант выскаквалі з вагонаў і мерыліся зьбегаць на станцыю ў буфэт; трэція нясьлі ў руках розныя рэчы, купленыя ў буфэце. Папарна праходзілі сюды-туды ўсьцяж будынку станцыі праважатыя і проста цікуны, што прыходзілі, ня гледзячы на гэткую рань, да кожнага поезду на станцыю пагуляць і паглядзець на пасажыраў. Каля дзьвярэй пры сьцяне выдзялялася некалькі хвігур рамізьнікаў, якія пільна сачылі за прыехаўшымі у Ліцк. Як угарэлыя, бегалі ўзад ды ўперад насільшчыкі, парожныя і з паклажаю ў рухах: некаторыя з воклічамі правозілі к багажнаму вагону пошту і варочаліся з тачкамі к багажнаму аддзяленьню.

— Нічога цікаўнага; звычайна, як на станцыі, — вымавіла дзяўчына да Рыгора.

— Так, пойдзем на месца.

Пакуль яны стаялі ў дзьвярох вагону, к ім падсела чатыры пасажыры: старая сялянка, сярэдніх гадоў мужчына, маладзіца — яго жонка, і пажылая кабета.

Усе з іх пазаймалі вольныя месцы, не пакушаючыся на тыя, што былі заняты Рыгорам са сваёю падарожнай.

— На нашы месцы ніхто не пасягаў? — запытаў Рыгор у старое сялянкі.

Тая пільным узрокам агледзела як Рыгора, так і яго новазнаёмую дзяўчыну, і ўверана адказала:

— Каб хто і пасягаў, то мы не дапусьцілі-б; раз месцы заняты, ужо не закон іх перахопліваць. Тут двое кабецін намерваліся сесьці, але мы сказалі ім, што месцы заняты.

— Дзякуем вам! — падзякаваў Рыгор і сьледам прагаварыў да дзяўчыны:

— Вы мо’ спаць хочаце?

— Не, на станцыі, прызнацца, троха і хацелася, а цяпер зусім не.

— А калі хочаце, то будзьце ласкавы, — я вас з прыемнасьцю павартую.

Прапануючы сваёй падарожніцы спаць, Рыгор зусім не хацеў, каб яна забралася на полку і спала, пакінуўшы яго аднаго сядзець; яму жадалася, каб дзяўчына сядзела перад ім, а ён глядзеў-бы на яе. Рыгор і сам адчуваў цяжар дарогі і бяссоннай ночы, але крапіўся, змагаўся з утомай і млявасьцю, адганяў дрымоту і казаўся вясёлым і бадзёрым…

Праз некі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца.

— Вось ужо колькі часу, як мы знаёмы, а яшчэ ня ведаем нават, як кожны з нас завецца… Вы, мабыць, ня маеце імя, прыгожая незнаёмка?

Лёгкі сьмех пакрыў яго дабротны твар. Дзяўчына таксама какетліва ўсьміхнулася.

— Я то з імем, ну, а вы, напэўна, без яго…

— Якое-ж яно ў вас, цікава?

— А вам канечна хочацца ведаць?

— Хочацца… як вам сказаць; яно-б і ня шкодзіла.

— Калі так, то скажу; натапырвайце вушы, — дзяўчына ўголас засьмяялася: — Ганнаю завуся я, падабаецца ці не?

— Гэтага я вам не скажу; за паведамленьне-ж дзякую… А маё імя — Рыгор. Рыцарскае троха?

— Вядома, ня троха, а многа, — пажартавала Ганна.

— Ну, цяпер мы, думаю, трохі больш знаёмы: хоць можна палюдзку зьвярнуцца адно да другога. Мо’ няпраўда… Ганна?

Апошнія словы Рыгор правёў ветлівым узрокам на Ганну. Тая адказала ня менш мілым, нават прагавітым возіркам на Рыгора; яму паказалася, што сінія, пякучыя вочы яго знаёмай не дарылі яго дасюль гэткаю ласкавасьцю, як на гэты раз. Але, прыгледзеўшыся на Ганну, Рыгор заключыў, што яе мастацка-правільны, як намаляваны, мяккі твар, падкрашаны маладым, сьвежым ружам, пастаяннай бегатнёй рэзвых зайчыкаў непагрэшнае жывое ўхмылкі, што яе стройная, як вылітая, постаць, поўная жыцьця і руху, ня могуць не выкрываць салодкага кіпеньня яго палкага пачуцьця. Рыгору не хацелася ўспамінаць — што толькі-толькі, як ён разьвітаўся з Сёмкам і прасіў яго кланяцца ўсім і, асабліва, наведаць яго мацеру. Ён ужо быў заварожаны Ганнаю, якое ніколі дагэтуль ня бачыў, якая выпадкова вынікла перад ім. Сядзеў і глядзеў ёй у твар, ёю зачарованы. Ня чуў, ці стаіць цягнік, ці едзе; ня бачыў, ці сядзіць хто каля іх, ці яны адны аднымі, ня цікавіўся, што за акном вагону. Сядзеў і не мяняў позы, быццам вылепленая мастаком фігура.

Гэтая сабранасьць усёй Рыгоравай істоты ў адным фокусе і жалезная сіла цьвёрдасьці, якую вылучаў ён на Ганну, прымушалі яе, маладую, чулую дзяўчыну, ахвотна карыцца Рыгору, нярухома, урачыста сядзець і пераліваць у нутры, як рэчка хвалі, узбуранае пачуцьцё. Ганна, як-бы ў аддзяку Рыгору — дар-за-дар, упарта ўзіралася ў яго белы твар, у шэрыя пранозаватыя вочы, на высокі лоб, і, падобна Рыгору, абураная разгойданым пачуцьцём і навеянымі марамі, забывала, куды едзе, адкуль едзе, дзе была і што рабіла… Ні настаўнік Гарасім, з якім яна два тыдні бегала па бярозавым гайку, госьцячы ў цёткі, ні Андрэй — паштавік у Рызе, з якім яна не адзін раз правяла шчасьлівыя хвіліны — ніхто і нішто ня ішло на думкі: Рыгор засланіў сабою ўсё.


VI

СТАРЭНЬКАЯ БАБУЛЬКА, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх, адобрана ківала галавою і сама сабе ўмілялася. Не пакідалі бяз увагі Рыгора з Ганкаю і занятыя пільнай дзелавою гутаркай між сабою пасажыр — мужчына са сваёю кабетаю: час-ад-часу, ня кідаючы гутаркі, адварочваліся яны к акну, азіралі з ног да галавы і Рыгора, і Ганну, вымаўлялі па іх адрасу пару слоў і пераходзілі да свае гутаркі. Цікавіліся імі і астатнія двое пасажыраў з іх аддзяленьня. Толькі бачыўшы за сваю службу на чыгунцы шмат чаго цікавага, заклапочаны кондуктар, параўняўшыся з іх аддзяленьнем, бясцырымонна, ня лічачыся ні з чым, прагукаў:

— Вашы білецікі!

— Дзе мы ўжо будзем? — запытала Ганна і паглядзела ў акно вагону.

— Зараз праведаем, — адказаў Рыгор, таксама выглянуўшы ў вакно.

— Хутка Малажава, дзеткі, — умяшалася бабулька.

Рыгор з Ганнаю адхіліліся ад акна і зноў паселі на сваіх мясцох.

— Малажава, кажаце? — перапытаў Рыгор.

— Але… А вам, дзеткі, куды трэба? Ня ў Вільню часамі? — зацікавілася бабулька, задаволеная тым, што нарэшце знашлася магчымасьць адчыніць рот.

— О, не, цётачка, мы едзем далей… але па дарозе на Вільню.

— Далей! Яшчэ нават далей ад Вільні! О-ё-ёй! Ды мае-ж вы дзеткі! Ды навошта-ж вам так далёка забірацца ад дому? І ці вас бацькі спакойна адпусьцілі ў гэтую даль?

Ганна ўкрадчыва пасьмейвалася, гледзячы на бабульку. Рыгор спагадліва пазіраў на яе, гатовы і далей гутарыць з ёю…

— Ды што казаць аб дзецях, вось вы старая і таксама едзеце кудысьці, — уставіў ён.

— Так, можа і так, — задаволеная тым, што з ёю ахвотна Рыгор гаворыць, казала яна далей: — жыцьцё гэткая рэч, што вымушае часта рабіць тое, чаго-б і не хацеў. Ты кажаш, дзеткі, што я старая, а еду; мушу, родненькі, ехаць: забралі, вось, два гады таму назад сына у салдаты і з таго часу ня бачыла, ня пускаюць чамусьці на пабыўку; а паглядзець хочацца, як і што ён там маецца. Ды мне ня вельмі далёка: маё месца вось зараз за Малажаваю, а з Ліцку я еду выпадкова — была там у госьцях у брата. Гадоў з дваццаць ня бачыліся, дык як прыехаў надоечы — рады няма: прыстаў, каб я наведала яго. Вось я мусіла паехаць і прагасьціць тыдзень; а зараз еду ад яго і проста, ня злазячы, да сына. Вось брат даў крыху сала, каўбасак са тры, і я вязу. Мацерына сэрца, дзеткі, — як не наведаць роднага дзіцяці. Ён сын у нас вельмі паслушны і добры; заплакаліся, калі бралі ў салдаты. Але… хаця-б вайны ня было, а паслужыць-то, хай сабе паслужыць. Год за годам і пройдуць гэты гадкоў тры. А чаго добрага, узбурыцца вайна, тады ўжо хто ведае, як яно выдзецца, ці давядзецца яму вярнуцца дамоў! А дома, бач, мы ўжо і дзяўчыну нагледзелі яму; прыгожая, як лялечка, Несьцера Капыла дачка — вам ён невядомы, пэўна? Вось гэткая ружачка, як ты, мая котка…

Гутарачы, бабулька весь час рухала на месцы, размахвала рукамі, палажыўшы пры сабе клунак, і старалася ня спусьціць вачэй ні з Рыгора, ні з Ганны. Завязаная пад бараду старая шаліновая хустка паціху зьехала ў старае з галавы і агаліла сівыя рэдкія косы; бурнос яна расшпіліла сама, бо ў вагоне было душнавата. Відаць было па тэй шчырасьці, якою бабулька справодзіла гутарку, што гаварыць для яе — вялікае здавальненьне і што за сваё жыцьцё ёй нямала прышлося пашчабятаць.

Ганна з цікавасьцю, з цёплым уміленьнем сачыла за іх гутаркай.

Яе карціла жаданьне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсьці з цеснага душнага вагону і ачуцца на вуліцы Рыгі, а там — або ў парку, або за горадам, на беразе шырокае Дзьвіны на ўзмор’і. Уставалі вобразы перажытых хвілін, калі яна часта з паштавіком Андрэем адпраўлялася на гулянкі на ўзмор’е ці на ўзьдзьвіньне. Музыка, месячныя ночы, лёгкія туманы, неагляднасьць вадзяных прастораў затокі. Андрэй, вясёлы, рэзвы, услужны бязумоўна закаханы ў яе. Гэта месяц таму назад… А цяпер? Не, цяпер яна не хацела-б жыць з Андрэем. Рыгор зацьміў яго сабою. І Ганна ў самых дробязях пачала маляваць перад сабою вобразы надуманае стрэчы з Рыгорам у Рызе, стала выяўляць тое пачуцьцё, якое, бязумоўна, захопіць яе, і тыя словы, якія павінны будуць казацца.

Чым глыбей удавалася яна ў думкі, тым з большай прагаю жадалася хутчэй ёй даехаць да месца. Пагнала-б цягнік, каб магла, выскачыла-б ды паляцела, каб не баялася. Што можа стацца за дарогу? А мо’ Рыгор толькі з першага ўзроку падараваў ёй столькі ўвагі, а надалей астыне, зачарсьцьвее, адумаецца? У сьвеце так многа выпадковага! Мала з кім прыходзіцца ў дарозе стрэцца ды пагаварыць! Але што-ж з гэтага? Вышаў з вагону — выпусьціў з памяці. «Ці-ж ня можа таго стацца між мною і Рыгорам? Хто знае, што крыецца ўнутры гэтага чалавека? Ён гаворыць са мною, уважліў да мяне, як уважліў да гэтае бабулькі. Пад’едзем к Вільні — бабулька зьлезе і ніякага сьледу не пакіне па сабе. На яе месца сядзе другая, трэцяя, а мо’ і… дзяўчына. Скажа да Рыгора слова, кране яго за сэрца ласкавай ухмылкаю — а гаражанкі ўмеюць гэта, — і ён заварожыцца, пакінуўшы мяне. Гой, ня было-б толькі таго!»

Частка трэйцяя

[правіць]


ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ



I

БЫЎ ПОЗЬНІ ВЕЧАР, калі яны прыехалі ў Рыгу. Вакзал тануў у празрыстых агнёх электрыкі. Сотні разубранай публікі швэндалася па прасторным пэроне ўзад ды ўперад. Сапло гарадзкою нэрвовасьцю, рухам і заклапочанасьцю.

Толькі Рыгор з Ганнаю вышлі з вагону, як іх зразу абдаў цяжкі, зьлітны ў адзін тон, прыгнятаючы гуд. Панясло сьпёртаю духатою і некім удушлівым смуродам. Рыгор паспрабаваў загаварыць к Ганне, але выказанае ім слова раптам заглухла. Яны маўкліва ў гушчы пасажыраў вышлі праз вакзал на вуліцу, адышлі к боку і прыпыніліся: трэ’ было абмяняцца плянамі, як і што ехаць на кватэру і калі ды дзе стрэцца. Але толькі яны сталі, як тут-жа падбеглі да іх двое чалавек — рамазьнік і пасыльны з готэлю — і пачалі набівацца з пропозыцыямі.

— Я адвязу, куды трэба, — некалькі разоў засаб пераказаў рамізьнік.

— Можа нумарок паном трэба? У нас чысьценькая, ціхая гасьцініца. Зусім нядорага.

— Не, не, мы нікуды не паедзем, — адказваўся Рыгор, і, калі яго ня слухалі, ён кінуў аднеквацца.

— Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Але Ганна прыняла яго фамільярнасьць за звычайнасьць і не зьвярнула на яе жаднае ўвагі, сама перайшоўшы на абыходжаньне ў першай асобе.

— Тройкаю, — адказала Ганна: — а ты як паедзеш?

— Я направа… Вось табе мой адрас.

Рыгор падаў Ганне картульку, хочучы яшчэ штосьці сказаць ёй, але раптам з-за вугла паштовага будынку паказаўся трамвай.

— Ну, вось, садзіся ды паедзеш.

Ганна падалася наперад. Грамада людзей, што чакала трамваю, зарухала, замітусілася і напёрла к рэйкам; Рыгор трымаўся Ганны, супыняючы натоўп.

— Дык заўтра вечарам?

— Няпрыменна! — кінула Ганна.

— Я цябе чакаю.

— Толькі ня схлусі, а то…

— Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся… Ці мо’ на-знарок?

Ганна не пасьпела адказаць: падасьпеўшы трамвай перабіў яе намер. Замітусіўшыся, яна, як стаяла ўперадзе, так разам кінулася на заднюю падножку пярэдняга вагону; Рыгор пасобіў ёй падняцца і хутка быў адціснуты натоўпам назад. Тады ён падышоў убок і паглядзеў у вакно, але Ганна яго ня прыкмеціла. Перад ім замігалі аўтомобілі, несканчоным шэрагам зашнуравалі пешаходы, загрукаталі цяжкія вазы рамізьнікаў; зараз прашло некалькі вагонаў трамваю пятага і шостага нумароў; вакола бегалі газэтчыкі і выкрыквалі назвы газэт, таўхаліся хлапчукі з папяросамі ў скрыначках; крадучыся і саромеючыся, нясьмела падышла старэнькая бабулька і папрасіла ахвяры.

Увесь пляц варушыўся і мігацеў, прымаючы некі цудоўны выгляд пад белым трапяткім сьвятлом электрычных ліхтароў. У ценях Вэрманаўскага парку раздаваўся сьмех і згушчаны тупат гуляўшых. Здалёк, з Задзьвіньня ды з іншых канцоў гораду, даносіліся розназычныя гудкі.

У іх оркестры Рыгор падлавіў знаёмы яму гудок з свайго заводу. Адметны ад другіх, басісты, хрыплаваты, ён пралез у Рыгорава нутро і разьліў у ім джаролца дбайнай будзёншчыны. Побач з гэтым, узьняліся ў яго галаве рупныя думкі аб заўтрашнім раньні, калі гэты самы гудок праб’ецца праз акно яго каморкі, падніме з пасьцелі і пагоніць на завод. Перад ад’ездам на пабыўку думалася: мала што можа трапіцца за столькі часу! І завод пакідаўся бязуважна, як быццам гінуў з яго вачэй. Але час, праведзены за межамі заводу, прамігнуў як маланка, нічога не зьмяніўшы ў Рыгоравым жыцьці. Цяпер-жа ён зноў вярнуўся назад, у той-жа горад, да таго-ж заводу. І толькі адна ноч аддзяляе ад духаты і пылу, ад разгойданага гудзеньня і гострага вока майстра. Але ўжо праз колькі хвілін яго ахапілі зусім іншыя раздумы, іншае хаценьне; гостра закарцела, каб хутчэй паказаўся яго трамвай, каб раней папасьці дадому, запёрціся ў сваёй каморцы і аднаму ў ёй грунтоўна пераглядзець перажытыя за час пабыўкі ўражаньні. Трэба-ж абмеркаваць усё, перадумаць, перацаніць і ведаць, як і што пакіравацца далей. Ад нецярплівасьці Рыгор ня мог спакойліва стаяць на адным месцы.

Нарэшце паказаўся яго нумар трамваю. Рыгор спрытна схапіў рэчы і ўзьлез на заднюю пляцоўку задняга вагону, прытуліўся да сьценкі і задаволена ўздыхнуў.


II

ПРАЗ ГАДЗІНУ РЫГОР БЫЎ ДОМА, у сваёй каморцы, якая сустрэла яго гэткай-жа, ні на каліва нязьмененай, якою ён яе аставіў. Стаялі ні на крок неперастаўленымі тры крэслы — адно каля невялічкага століка ў правым кутку, адно — каля надворнае сьцяны, трэцьцяе — каля тыльнае; стары поўаблезлы ложак, засланы паношанаю коўдраю, з невялічкаю падушкаю на ёй — выглядаў прыросшым; вісела некалькі фототыпных і літаграфскіх малюнкаў, адлісьненых з вобразаў мастака Айвазоўскага, запыленых і аблезлых ад сонца. Тулілася ў правым кутку ад уваходу невялічкая шафа, а супроць яе, у другім кутку, умывальнік. На століку ляжалі ў тым-жа парадку, у якім іх пакінуў Рыгор, два нявысокіх стосікі кніжак і між іх некалькі сшыткаў паперы.

Сьпёртае, душнае паветра абдало Рыгора, і ён пасьпяшыў адчыніць акно; сеў і заглядзеўся на двор. З-за сьцен будынкаў бурліваю хваляю даносіўся да яго запіхаючы гарадзкі шолам; праменьне ліхтароў асьвятляла цёмнае неба і перакідалася на двор. Цёплая пагода, напаліўшы днём каменьні бруку і сьцены муроў, зараз павявала душным паветрам, якое ні каліва не астуджала Рыгора.

Адпачыўшы крыху, Рыгор падняўся з крэсла і пачаў тупаць па пакоі. Міжвольна паўсталі думкі — ціша і адзінокасьць патваралі ім, — і Рыгор аддаўся раздумам. Выразна, як у кінематографе, адзін за другім, пачалі прамігаць нядаўна перажытыя ім моманты. Вось Сілцы, хатка, маці, таварышы, цёплая стрэча з імі, інформаваньне аб прыватным жыцьці, гулянкі. А далей — спатканьне з Зосяю, Хвойнік, зелень і, нарэшце, перад ад’ездам, спатканьне пры сьценцы, за ворывам, дзе ён пачуў ад Зосі пякучыя словы: «Бяры ад мяне — што ты хочаш»… На гэтым моманце Рыгор панатужыўся перапыніць успамінкі. Яму пасобіла работніца гаспадыні кватэры, Вільгэльміна, якая раптам прачыніла да яго дзьверы і запытала:

— Можа вам гарбаты падагрэць, Рыгор?

— Калі вам ня трудна, — згадзіўся ён.

Вільгэльміна дабрадушна ўсьміхнулася ў вышла з пакою. Рыгор падышоў к акну і паглядзеў на двор. І нібы знарок хтось накіраваў яго думкі да Ганны. «Што яна робіць цяпер? Цікавая, аднак, дзяўчына! І трэба-ж было мне з ёю спаткацца».

Зося, нядаўна паўстаўшы ў яго выабражэньні, раптам сышла з памяці, затуліўшыся вобразам Ганны. Рыгор пачаў перабіраць усе падрабязгі стрэчы і знаёмства з ёю, а далей перайшоў да абдумоўваньня наступнага спатканьня. Але якім чынам? Рыгор тут-жа памкнуўся ўспомніць перш вуліцу, на якой Ганна жыве, а пасьля дом; паглядзеў на гадзіньнік, раздумаў і, нарэшце, астаўся пры рашэньні пачакаць да заўтрага, не пакідаючы хацець ды спадзявацца, а мо’ надасьць ёй прыйсьці яшчэ і сягоньня.

Раздумоўваючы, Рыгор стаяў непарушна і сачыў у адно месца, як заварожаны. Яго крануў рэзкі выгук песьні і адначасна музыкі на фортэп’яне, раптоўна выляцеўшы з прачыненага акна суседняе кватэры. Малады зычны альт выводзіў пявучыя мэлёдыі арыі Антэка з опэры «Галька». Рыгору стала прыемна слухаць мілагучныя ноты ў голасе маладое жанчыны; яны праходзілі ў яго нутро, хапалі за самыя каразьлівыя мясьціны і настройвалі на рэзвыя вясёлыя перажываньні, на новыя ўспаміны. Незьясьнёная сіла, заложаная ў зыках музыкі Манюшкі, да таго была прыемнай для яго, да таго завабнай, што ён літаральна ўбіраў у сябе кожны яе перабой, кожны адценак яе вібрацый. Яму хацелася-б слухаць і слухаць бясконца і так-жа бясконца хвалявацца, дрыжаць, калаціцца на хвалях салодкіх перажываньняў.

Аддаўшыся гукам музыкі, Рыгор як быццам-бы патануў у іх. Для яго было зусім неспадзяваным асьцярожнае ўвойсьце ў каморку Вільгэльміны з прыгатаванаю гарбатаю.

— Дазвольце? — запытала яна, падыходзячы к сталу.

Рыгор машынальна сарваўся з месца, зрабіў некалькі крокаў ад акна і зьдзіўлена спыніўся перад Вільгэльмінаю.

— Уваходзьце! — сьмяшліва праказаў ён.

— Прачакаліся, пэўна? Ведаеце, пакуль увіхнешся з іх вячэраю, дык гатова адурэць: кожную рэч трэба запытаць, аб усім парадзіцца; гэта-ж такія паны, што ня дай ты рады… А скупікі — дык наўзьдзіў…

Вільгэльміна асьцярожна паставіла гарбату на стале; паправіла абрус і прымайстравала крэсла.

— Пеце, пакуль гарачая, — запрапанавала яна.

— Дзякую, — праказаў Рыгор і прыняўся за гарбату.

Аб Вільгэльміне ён тут-жа забыў, хапіўшыся перарваных ёю думак. Але работніца не ўважала на гэта і, абапёршыся на сьпінку ложка, пачала сачыць за Рыгорам: ёй хацелася пагутарыць з ім, аб сім, аб тым распытаць.

— А тая ўсё грае, на яе цураха, — пачала гаворку Вільгэльміна.

Рыгор пасьпешна адвярнуўся ад стала і паглядзеў на служанку зьдзіўленым узрокам, нібы сказаўшы: «А ты яшчэ тут?»

Вільгэльміна на момант замаўчала, пасьля перамяніла стаянку, паправілася на нагах і ўжо сьмялей павяла гутарку далей.

І не надаесьць кожны вечар трумкаць! Проста ў вушшу зьвініць ад гэтага фортэп’яну. Праз цэлы месяц адно і тое. Ліха іх ведае, пэўна няма чаго людзям рабіць. Вось граюць, пяюць, нараджаюцца — і толькі… А ты працуй на іх век, прасьветлае мінуты ня бачучы; бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш.

Вільгэльміна колькі мінут памаўчала.

— А можа я вам перашкаджаю?

— Не, нічога, калі ласка, — суха адказаў Рыгор.

Работніца павярнулася і пашла з пакою, але ў дзьвярох, прачыніўшы іх, спынілася і запытала:

— А вы заўтра пойдзеце на завод?

— Абавязкова, Вільгэльміна, пайду.

— Дык я вас абуджу, калі хочаце?

— Вельмі прашу, буду дзякаваць.

У калідоры пачуўся званок.

— Хто-ж бы там быў? — зьдзівілася Вільгэльміна і, не зачыніўшы дзьвярэй, выбегла з Рыгоравага пакою.

Рыгор зачыніў за ёю дзьверы, матнуў галавою па адрасу работніцы і паглядзеў на гадзіньнік. «Ужо другая гадзіна», ні то зьдзівіўся, ні то проста праказаў ён.

На дварэ ўжо было ціха, толькі рэдкія глухія гукі даходзілі дзесь з-пад вакзалу, роўна заміраючы ў сьценах двара: у суседніх вокнах патухлі агні. Рыгор крыху пастаяў каля акна, пасьля прычыніў яго, занавесіў фіранку і пачаў зьбірацца спаць.


III

ПАСЬЛЯ ЎСЯГО ПЕРАЖЫТАГА і перадуманага ў зьвязку з дарогаю, Рыгор спаў, нібы апоены макам. Толькі лёг, як праз момант заснуў, не пасьпеўшы нават перавярнуцца на другі бок, як то ў яго было звычайна, і на адным баку праспаў да раніцы. Праспаў-бы, напэўна, бяз просыпу да гадзіны дванаццатае дня, каб акуратная Вільгэльміна роўна а палове сёмай не пастукала ў дзьверы. Рыгор ад стуку прачнуўся, падняў голаў і паглядзеў у акно; але спрасонку, ня прыгледзеўшыся, яму паказалася занадта рана, першае разьвідненьне, і ён зноў поылёг, нацягнуўшы на голаву коўдру. Несьвядома прамігнула гарачае прыемнае пачуцьцё, якое яму шапнула: «Пачакай, пасьпееш яшчэ напрацавацца», і сьледам безадгукнае парашэньне, — ня ісьці на работу да заўтрага». Заспакоены, ён хутка заснуў, глыбока і смачна.

У кватэры было ціха, нішто не перашкаджала спаць, і ён беспаварухна праспаў ажно да дванаццатае гадзіны дня. Гэтага было досыць, каб уволю выспацца, каб супачыць. І Рыгор прачнуўся бадзёрым, сьвежым. Падняўся з пасьцелі і ў аднэй бялізьне прашоў па пакоі. Пакой выглядаў некім нарадным і вясёлым, як ні разу да гэтага. Жывымі здаваліся карцінкі на сьценах, учора смутныя, запыленыя, выглядала пачышчанаю мэбля. Ён падышоў да акна, адшмаргнуў фіранку, прачыніў яго і глыбокімі дыхамі пацягнуў надворнага паветра і сонечнага сьвятла. Стала яшчэ бадзёрай, як-бы хто ўпусьціў у яго цела жыцьцядаўчы элексір. Рыгор сьціснуў кулакі, прарабіў гімнастычныя махі і раптоўна, адбегшыся зд акна, прыняўся адзявацца. Аб заводзе не хацелася і думаць; наогул, ён цяпер жыў пачуцьцём, а ня думкамі: цягнула да сну — ён спаў, захацелася адзявацца, пасьля ўмывацца — ён прыняўся за гэта. Толькі тагды, калі ўжо адзеўся і разоў з дзесятак прайшоўся па пакоі, завярцелася думка і паднялася сьвядомасьць, якая падказала яму намаляваць цэлы плян сёньнешняга дня. З гатовым плянам Рыгор і вышаў а першай гадзіне на вуліцу.

На вуліцы было душна: сонца паліла не шкадуючы і да таго нагрэла брук, цэглу дамоў і асфальт тротуараў, што ад іх нясло, як з печы. Цяжка было сапці і не хапала паветра, каб задаволіць прасмагшыя грудзі. Рыгор перашоў на ценявы бок вуліцы і памаленьку прашоў да знаёмае кавярні, дзе ён заўсёды сьнедаў. У кавярні, куды ён завярнуў, было шмат халадней і прыемней. Але чамусьці ў ёй было зусім нямнога людзей. За адным столікам, каля буфэту, сядзеў некі сярэдніх гадоў мужчына за бутэлькаю сэльтарскае вады, а насупроціў, у кутку — двое дзяўчат, значна падбеленых пудраю, у памятых капотах. Яны паглядзелі на Рыгора пры ўваходзе ў кавярню і раз-па- разу кідалі на яго бессаромныя ўзрокі. За буфэтам сядзела знаёмая яму буфэтчыца, сымпатычная дзяўчына, трымаючы ў руках кніжку. Рыгор папрасіў сабе шклянку гарбаты, францускую булку і чвэртку каўбасы, спакойліва, не сьпяшаючы пасьнедаў і, даўшы «бывайце здаровы» буфэтчыцы, вышаў.

Ня гледзячы на духату, на вуліцы кішмя кіпела жыцьцё: шнурком беглі тротуарамі ў адзін і ў другі бок людзі, клапатлівыя, ня маючы вольнае хвілінкі, з портфэлямі, з палачкамі, з папкамі. Сярэдзінаю, па бруку, шмыгалі самакаты, гуськом цягнуліся ламавікі, на перадкох, запрэгшыся, як жывёла, плішчыліся ручныя перавозчыкі паклажы, спрытна вывіваліся сярод іх вэлёсыпэдысты. На рагох вуліц, пры ліхтарох, а то на падаконьніках магазынных вокан стаялі і сядзелі чорныя забруджаныя грузіны, ваксоўшчыкі абутку, і ўпярэмешку чырвонагаловыя пасыльныя. Ім, пэўна, ня было душна ад сонца, загартаваўшага іх загарэлыя твары і прагрэўшага да апошняе жылкі іх вытрывалыя постаці; таксама яны былі прывыклымі ўжо і да смуроднага пылу, які згушчаў сабою паветра і прасочваўся дыханьнем у лёгкія. Характар работы прывучыў іх да вулічнага шуму, да нэрвовага гарадзкога руху: хай сабе пячэ сонца, хай падымаюцца слупы пылу, а ім трэба стаяць на сваім месцы і чакаць, зазіраючы ў вочы праходжым, пакуль каторы з іх працягне чаравік або даручыць занясьці пакет. Гэтакіх усё-ж трапляецца некая лічба — і іх умела пазнаюць і пасыльныя, і ваксоўшчыкі абутку. Глядзіш — то адзін, то другі на вачох вядуць сваю справу. Таго-ж чыну і таварышы іх — газэтчыкі: на кожным рагу вуліцы сустрачалі яны Рыгора, прапануючы навязчыва сталічныя і мясцовыя газэты. Многія з праходжых з зайздрасьцю пазіралі ў вялікія, чыста выцертыя шыбы магазына, косячы ачыма або на хвілю-другую супыняючыся пры акне.

Прамінуўшы некалыкі вуліц і перавулкаў, Рыгор, нарэшце, апынуўся на Ўзьбярэжнай.

З Дзьвіны нясло прыемным халадком і водгукам самавітага рэчнага жыцьця. Ня гледзячы на ціхую пагоду, Дзьвіна паважна ганяла шэрагі нявысокіх рэзвых хваль. У іх пералівах прыгожа гулялі празрыстыя пасмы праменьня, зацяняючыся ў спадзе і асьвятляючыся на сьпінках хібкоў. Дробныя пырскі вады блішчастым галёнам рассыпаліся над вадою, як-бы хапаючы сонечнае сьвятло і ўносячы яго ў халодныя глыбіні вады. Кожны сувой хваль вачавідкі вынікаў пасярэдзіне рэчкі, паціху раскалыхваўся і па раз намечанай дарозе накіроўваўся касяком к гранітным берагам. Дашоўшы да берагу, шлёпаўся ў яго і разьбіваўся, уступаючы месца новаму валу. У тых мясцох, дзе прарэзвалі Дзьвіну параходзікі і параходы, уздымаўся скрутак вады, калыхаўся з напружанай сілай і ў выглядзе казачнага чудзішча нёсься за сваім радзімцам-параходам. На спатканьне ім з розных канцоў сьпяшылі рэзвыя чаўнакі, гострымі лычамі ўзьбраючыся на высокія хібы і строма спадаючы з іх. З шырокіх памостаў, якія складаліся з процьмы плытоў, разносіліся над рэчкаю рэзвыя выгукі і сьмех плытнікаў.

Рыгор на некі час прыпыніўся на беразе, паглядзеў ва ўсе бакі Дзьвіны і паціху рушыў налева, у бок заводу, які агромністым зданьнем высіўся над вадою рэчкі, паднімаючы свае коміны на ўзровень гострых шпіцаў высокіх кірхаў. Чорныя згусты атрутнага смуродлівага дыму камякамі вырываліся з шырокіх лёх каміноў і брудным шляхам прасьціраліся над дахамі дамоў і над чыстаю вадою Дзьвіны. Час-ад-часу Рыгор адрываўся і ачыма, і думкамі ад прастораў рэчкі і пераносіўся да заводзкіх карпусоў. Перад ім выразна вымалёўваўся рэзкі контраст між вольным размахам вадзяное стыхіі і абмяжованым, сьцісклым, прыдушаным тоўстымі сьценамі, заводзкім рухам.

Чым бліжай ён падыходзіў к заводу, тым паўней выдавалася яго жыцьцё, зьлітае ў магутныя стукі малатоў, у бразг жалеза, у сьвіст і траскатню паравікоў. Медны імпэт яго, прамагнічаны некай крэпкай сілаю прыцягненьня, захопліваў Рыгора цалком, як вір, укручваў яго сабою і ачула цягнуў у завод. Помеж з жалезнаю сілаю, яму хутка пачалі чуцца ў яго стуку і бразгу прыемныя ноткі знаёмай музыкі, якія ўскаралі яго хаду, утуравалі цьвёрдаму ступу ног і паважнаму цюканьню сэрца. Думкі як быццам-бы аддзяліліся ад кіраўнічага цэнтру і перадаваліся ва ўладу гэтай музыцы.


IV

РЫГОР ПАДЫШОЎ да заводзкага тыну з высокіх, падгостраных уверсе дошчак і, у дадатак, убранага калючым дротам, аглядзеў яго ўсьцяж і ўверх і накіраваў да брамы. Цяжкія, жалезныя вароты, ухарошаныя рысункамі і дзьвюма галавамі ільва з чыгуннага ліцьця свайго вырабу, стаялі надзейным вартаўніком ад уваходу пастароньніх людзей; аднак, ня гледзячы на гэта, на шуле брамы выглядаў выразаны з медзі надпіс:

«Пастароньнім уваход забараняецца».

Рыгор адняў вочы ад жалезных варот і абярнуўся да бакавых варотцаў з маленькім акенцам, праз каторыя звычайна ўваходзілі ў завод рабочыя. З боку гэтых варотцаў, пры тыне, які ўгінаўся на гэтым месцы, стаяла невялічкая двухмясцовая лаўка. «Ці ісьці, ці не?» усумніўся Рыгор, і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы, вырашаючы. Да гэтага моманту, праз усю дарогу, яму не давялося паставіць перад сабою гэта пытаньне і зараз для яго было яно нечаканым. Але, абдумаўшы і ўзважыўшы яго, ён рашыў пайсьці ў кантору і заявіцца аб звароце з пабыўкі.

Падышоўшы к варотцам, Рыгор крануў за ручку і забразгаў. Мігам з акенца пачуўся голас:

— Хто там? Чаго трэба?..

Рыгор паглядзеў у вакенца варотцаў і ўглядзеў у ім маршчыністы, худы, абросшы рэдкаю бародкаю твар стоража заводу — старога латыша Караля:

— А, гэта ты, Нязвычны? Ужо вярнуўся з пабыўкі?

— Як бачыш.

Караль за доўгую службу на заводзе пасьпеў налаўчыцца добра памятаваць у твар, а то і па прозьвішчы, амаль ні кожнага рабочага. Трэба было яму раз-другі ўгледзець любога навічка, пачуць яго імя ці прозьвішча, як ужо Караль памятаў. З некаторымі рабочымі ён блізка знаёміўся, суседкаваў і кожны раз пры стрэчы з імі кідаўся ў гутарку, стараўся ладзіць у абыходжаньні, услужваць, дзе і калі трэба. У ліку апошніх быў Рыгор. Караль хутка асвойтаўся з ім, палюбіў яго і адносіўся да яго з пашанаю. У выпадках, калі Рыгор пазьніўся на работу, а дошка з нумарамі рабочых замыкалася, Караль прапускаў яго, браў сабе нумар і цішком падвешваў на дошку. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з заводу ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Пры ад’езьдзе Караль шчыра разьвітаўся з Рыгорам і надзяліў яго багатымі пажаданьнямі на дарогу.

Угледзеўшы Рыгора зараз, ён хутка адчыніў варотцы і вышаў на вуліцу.

— Глядзі, як хутка прамінулася твая пабыўка, — з некаю спагадаю праказаў стораж.

— І ня ўгледзеў нават, — адказаў Рыгор: — заўтра вось ізноў на завод, ізноў за напільнік ды молат.

— Ой, бяжыць, дзеткі, час, бяжыць з ім і наша жыцьцё, — заматаў галавою Караль, забыўшыся пра завод і няпрычыненыя варотцы: — ці ў дабры жыве чалавек, ці паганае яго жыцьцё, з аднакавым рухам яно нясецца. Вось так і весь век прамігне — азірнуцца не пасьпееш, як апынішся на парозе магілы. Ці даўно я астаўся на гэты завод, а глядзі — хутка пятнаццаць год міне, як я на ім служу. А ўсё, што прышлося пабачыць і пачуць, як маланка бліснула — бліснула і згасла назаўсёды… Так, так, не перайначыць ужо людзям гэтага: як напісалася спакон веку, дык і ідзе адным, роўным простым шляхам, няўхільна, непаваротна… Што-ж — няхай ідзе! Ці няпраўда?.. Давай, паведай хіба, як і што ты пражыў удому. Нябось, там у вас, пэўна, і край зусім інакшы, і людзі іншыя… У многіх мясцох быў, а там не давялося быць ні разу… Радавалася, вядома, матка твайму прыезду, га? Два гады ці болей ня быў удому, ды дзіва, што ўзрадуецца! Эх, дзеткі, яшчэ-б ня радавацца! Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі пры вашым выгадаваньні, столькі пакуты пераносіцца, пакуль вас у людзі вывесьці, а выведзеш у людзі, паставіш, як той казаў, на ногі — дык і бывай здароў дом і бацькі. Я ведаю, сынок, гэта, добра ведаю; на сабе перажыў… Што-ж зробіш з вамі, ветраноснымі! Толькі ўспадзе вам у голаў якая думка: на ўстрэм ваччу несяцёся вы з ёю ў туманную далячыню. Ці-ж можна вас утрымаць! Так і вырываецеся з рук, як распуджаныя жарабяты, толькі боль паплыве па бацькаўскім сэрцы да горнасьць сьцісьне асірацелую душу… Пэўна, думаю, маці твая ня песьні пяяла, калі праводзіла цябе назад у Рыгу, га? Раўчаком, нябось, ліліся сьлёзы з ачэй старое, цягнуліся рукі за табою, ды што-ж, за фалды ня ўчэпішся! Едзеш — едзь, яшчэ блаславеньне паслала на дарогу… А сэрца на вугаль счарнела, а ўсе жылы на дрот згартаваліся. Ці няпраўду, мо’, кажу, га?

Рыгору рупіла хутчэй заявіцца ў кантору, каб прапісацца ў пору, і ён адхіляўся ад гутаркі з Каралем, павяртаючыся ў варотцы. Караль-жа ні на чога не шманаў, увашоўшы ў гутарку, і пільна глядзеў Рыгору ў вочы, размахваючы рукамі і часта прытупваючы нагамі!

— Прамігнуў час маланкаю, — цягнуў далей гутарку Караль: — і глядзіш — ты ізноў на заводзе. Пэўна, і дома быўшы, чуў яго шолам. Спаў і чуў. А я, вось, прывык. Сяджу і нібы-то той: гадамі сяджу. Ні ў госьці, ні на пабыўку ня іду, бо няма куды і няма да каго. Няхай гудзіць, хутка загудзіць у магілу — тады будзе і спачынак, і пабыўка. Яшчэ год, яшчэ год — і бывайце здаровы завод і людзі, і весь сьвет… Не шкадую, ведаеш, нізваньня; бо куды-ж, сапраўды кажучы, гэтае жыцьцё? Навошта яно годна! Гадамі сядзець ля парога, як той сабака, і пільнаваць чужое дабро… Чаму і што яно ўсё так склалася — не разьбяруся, хоць і чую вялікую няпраўду і вялікі непарадак. Але ўжо неяк уцягнула цябе, прыбіла тваю сілу і супярэчнасьць, і вось, сядзіш пакорліва, падаешся ва ўсе бакі, куды цябе схіляюць… Не, брат, Нязвычны, ня раджу я табе быць такім, як я, рахманым і падатлівым: ні да чога не прывядзе гэта падатлівасьць. Трэба быць цьвёрдым, непадатным, упартым, тады шмат большага дасягнеш. Вы яшчэ маладыя і можаце загартавацца, выбраць правіловы шлях, пакуль ня позна. Ваш брат, рабочы, ужо зразумеў, у чым крыецца непарадак жыцьця, і прабуе павярнуць яго на інакшую сьцяжынку. Вось, паглядзі, хоць-бы перапёкі: забаставалі і трымаюцца цьвёрда і ўпарта…

Рыгор паглядзеў Каралю ў вочы.

— Ласьне перапёкі ўжо забаставалі?

— Бастуюць, ужо колькі часу, амаль ня тыдзень. Кажуць, арыштоўваюць іх, ловяць па горадзе і за горадам на сабраньнях, а яны стойка трымаюцца на сваім, ані кроку назад. І малайцы, скажу я, малайцы. Я дарую ім тое, што праз іх забастоўку падаражэў хлеб — няхай сабе; менш чвэрткаю ў дзень зьем, але затое ведаю, што гэтым памагаю людзям дамагчыся палягчэньня свайго становішча. Трэба-ж супольна вясьці змаганьне з гаспадарскім уціскам. Годзе паддавацца панскаму гвалту: перамаглі ў пятым годзе, дык думаюць гэта працягнецца на соткі гадоў. Дарма! У пятнаццатым ці ў дваццатым шчасьце можа адвярнуцца… І я табе скажу, Нязвычны, што ўсё залежыць ад вашае, рабочых, злучнасьці: вось бастуюць перапёкі, муляры, а да іх патрэбна прылучыцца ўсім заводам і фабрыкам. Каб нідзе ні дымку, каб нідзе ні стуку; і так горад за горадам. Нябось, нядоўга спрачаліся-б! Па адным ці невялічкімі грамадкамі могуць перамагчы, а будзь усе зьяднанымі ды дружна наступам паведзены — тады зусім інакшыя песьні пойдуць. Мо’ няпраўду, думаеш, кажу?

— Вядома, што так, гэтак і павінна быць, гэтак і будзе. Вось пачакайце крыху — толькі момант падыдзе. Нам, рабочым, нечага губіць, апроч свае няволі, — падмацаваў Рыгор.

— Братка Нязвычны, — прыцішаным голасам вымавіў Караль і пільна аглядзеўся вакола сябе, прыслухаўся ў бок брамы: — ужо фабрыканты запалоханы: — пэўна, ведаюць і чуюць, чым гэта можа скончыцца для іх. Шэпчуцца вось і нашы дырэктары ўвесь час, а ў горадзе — дык багацеі адкрыта гавораць, што магчыма другая рэволюцыя. Я пільна прыслухоўваюся і чую…

Караль зрабіў маленькую маўчанку.

— А думаеш, на нашым заводзе ўсё ціха? Не патурай; вось надоечы я чуў, як Артур Цьвібель з Міхасём Камаром размаўлялі: насьпяе браток, нешта цікавае, насьпяе…

Караль многазначна паківаў галавою і зрабіў крок назад.

— А ласьне Міхась Камар ня выехаў на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.

— Не. Толечкі, вось, ён прашоў на завод. Нават пра цябе запытаў, ці не вярнуўся…

Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Скалануўшыся ўсёю старэчаю постацьцю, як перапуджаная авечка, ён пасьпешна кінуўся ў двор заводу. Рыгор пашоў усьлед за ім. Ля варотцаў яны абудва спаткаліся з двума суб’ектамі, ні то канторшчыкамі, ні то дырэктарамі, якія, раскурваючы гаванскія цыгары, аб нечым пільна гутарылі. Стораж пакорліва з-за вушака паціснуў леваю рукою варотцы, а сам падаўся ўсім целам назад, каб даць начальству прасторна выйсьці на вуліцу.

Рыгор, адмеціўшы гэта, злосна скрывіў твар і хутчэй адышоў у бок, павярнуўшы к канторы. Каб прайсьці ў яе, трэба было перарэзаць наўскасяк увесь двор: кантора знаходзілася ў заднім корпусе заводзкага будынку, хаваючыся ад двара за высокую тыльную сьцяну.


V

РЫГОР, НЕ АЗІРАЮЧЫСЯ, ПЕРАСЕК ДВОР і хутка апынуўся перад ганкам канторы. Паднімаючыся к уваходу, ён нечакана пачуў ззаду сябе ціхі вокліч і абярнуўся назад: з-за сьцяны заводу, таксама ў кірунку да канторы, ішоў Міхась Камар — яго добры знаёмы, таварыш па цэху і настаўнік па практычных ведах політычнага руху.

Рыгор спыніўся на пятай ступеньцы ганку.

— Га, здароў, сябар! — уголас прагукаў Міхась да Рыгора, працягнуўшы яму руку і зрабіўшы шырокую цёплую ўхмылку на твары.

У адзнаку свае павагі да Міхася, Рыгор саступіў на дзьве ступенькі ніжэй, ухіліўся перад ім і горача паціснуў яго руку.

— А вы, ласьне, ня езьдзілі на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.

— Куды там мне на пабыўку, — весела адказаў Міхась і тут-жа сьцішаным голасам дадаў: — у нас хутка можа разыграцца гэткая рэч, што ўсе зараз адправімся на пабыўку, ды на доўгую…

Рыгор настаражыўся і з задзіўленьнем запытаў у Міхася:

— А ў чым справа?

— Пачакай, я табе раскажу ўсё: давай паперш справім дзела ў канторы… А пакуль скажу, што ты вельмі добра зрабіў, што пад’ехаў к часу: цяпер кожны чалавек павінен быць на ўлічэньні. Тут завязваецца такі вузёл, што — ой, ой, ой!..

Рыгор цалком захапіўся Міхасёвым паведамленьнем і ўжо забыў нават зачым ідзе ў кантору. Усе пляны і настроі раптам вылецелі з галавы, і распаленая ўвага завярцелася каля пачутага ад Міхася. Некая бадзёрая трывожнасьць ахапіла ўсю яго істоту і рэзкім сьвярбячым казлытаньнем забегала па целе.

Міхась аперадзіў яго на некалькі ступенек і першым падбег да дзьвярэй канторы, азірнуўшыся на Рыгора.

— Што-ж, прыняў блізка да сэрца тое, што я сказаў?

— Наадварот, я зарадваўся вашай вестцы.

У дзьверы абое ўвашлі моўчкі, а ў карыдоры Рыгор запытаў Міхася:

— А вы чаго ў кантору?

— Ды, вось, трэба атрымаць за звыштэрміновую работу.

— А сёньня вы не на рабоце?

— Да полудня працаваў, а з полудня гуляю: трэба было скончыць некаторыя дамашнія справункі; распачаў калі ўжо і цягнуліся дагэтуль… Ну, а ты як прагуляў пабыўку?

— Эт, ні то ні сё… а ўсё-ж такі крыху спачыў…

— А чаму так — нявесела?

Рыгор не пасьпеў адказаць: яны ўвайшлі ў пакой, разгароджаны на некалькі каморак стройнаю драцяною загарадкаю, з невялічкімі акенцамі, як-то бывае на пошце ці ў банку. За загарадкаю, на свабодна расстаўленых сталох, працавала шмат канторшчыкаў і рахавальнікаў. Бражджэлі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Аднак, апошняе не перашкаджала шпарка і даладна здавальняць наведнікаў-рабочых, якіх перад кожным акенцам стаяла па некалькі чалавек. Сярод рабочых было многа знаёмых Рыгору і Міхасю.

— Ну, я зайду сюды, — сказаў Міхась: — і калі спраўлюся хутчэй цябе, то пачакаю пры дзьвярох.

Рыгор павярнуў у другі бок, заламаўшы направа. Якраз яму пашанцавала: канторшчык, да якога ён меў справу, за хвілю перад ім адпусьціў апошняга чалавека і тут-жа справіў Рыгораву прапіску. На гэту цырымонію пашло ня больш пяці хвілін, і калі Рыгор падышоў к дзьвярам, то яму самому прышлося пачакаць Міхася каля чвэрткі гадзіны.

— Бачыце, я скарэй вас; вы нешта доўга разважалі, — праказаў Рыгор падышоўшаму да яго Міхасю.

— Грашовая справа ня так лёгка робіцца, — адказаў той. — Ну, а цяпер ты куды? — запытаў ад сябе Міхась.

— Пэўна, дадому, а па дарозе паабедаю. А вы?

— А мне трэба сьпяшыць дадому. Давай, правядзі мяне да перавозу.

— Добра, якраз я сам меўся тудэю ісьці.

Яны вышлі на заводзкі двор, перасеклі яго ў кірунку да Каралявай будкі і прыпыніліся. Караль ня даў сябе доўга чакаць: хутка выбегшы з будкі, ён машынальна ўзяў пад казырок і адчыніў ім дзьверцы.

— Заўтра, нябось, абое прыдзеце на работу? — запытаў іх і жартліва дадаў: — няма чаго траціць часу.

— Ото-ж і ёсьць, — разам адказалі Рыгор з Міхасём.

Але стук дзьверцаў, якія тут-жа зачыніў за імі Караль, скралі іх словы, і стары моўчкі шмыгнуў назад у сваю будку.

Рыгор з Міхасём азірнуліся і павярнулі ў той бок, з якога Рыгор ішоў на завод.

Ім аставалася прайсьці да прыстані каля вярсты. Рыгор не хацеў траціць часу, і толькі яны адышліся крокаў з дзесятак ад заводзкае брамы, як ён хутчэй пасьпяшыў завесьці гутарку.

— Дык вы паўней паведаміце мяне аба ўсім?

— Абавязкова… — Міхась навакол азірнуўся: — вось што, брат: надоечы папярэдні дэлегацкі сход ад фабрык і заводаў вырашыў баставаць. Нельга, бачыш, прапусьціць гэткага выдатната моманту, які склаўся цяпер. Абурэньне ў рабочых гушчах паднялося высока. Усе, як адзін, з жалезнаю рашучасьцю настроены протэставаць супроць суду над бальтыцкімі і кронштадзкімі матросамі. Вось на днях павінен адбыцца паўторны станоўчы сход дэлегатаў, каб намеціць дзень абвяшчэньня забастоўкі. Трэба ня ўпускаць часу і не распыляць сіл. Якраз можна будзе падтрымаць дух і булачнікаў таксама. Колькі часу яны бастуюць, а падмогі няма; нават больш таго: між самімі ідзе няўладзіца — частка бастуе, другая пашла працаваць. Гэта сее нездаровы настрой… А вось і на заводзе кампаніі: які час бастуюць адны і не да лепшага, а глядзіш, фабрыканты перамогуць і пойдуць у наступ. Ужо чуваць гутаркі аб лёкауце. Патрэбна, каб нас не засталі раптам — лепей нам ударыць усім разам на ворага… За гэтым і паміж партыямі наладжана коордынацыя чыннасьці…

— Так, так, так, — цалкам згаджаючыся з Міхасём, поўны натхненьня адказаў Рыгор: — толькі тады выграем, калі самі пойдзем у наступ… Настрой уздымны ўсюды… Вось у нас, дзе я быў, гатовілася забастоўка гарбароў… На вёсцы конфлікты сялян з памешчыкам…

— Вось бачыш…

Міхась хвіліну падумаў.

— Ты, пэўна, зусім не спадзяваўся, што так шырока разьліюцца здарэньні. Тыя маленькія адзнакі, якія адмячаліся перад тройцаю, зусім не казалі на гэта… Яно, бачыш, заўсёды так бывае…

— Ведаеце, таварыш Міхась… — перабіў Рыгор: — каб я ведаў, што ўсё яно прыме гэткія формы, я-б і тыдню дома не прасядзеў… Дзе там адпачынак у час пажару! Мяне ўсяго ахапляе абурэньне, забірае прага… Пара ўжо, нарэшце, сказаць рашучае слова… Праўда, і дома я дарам не праседзеў…

— Шша-а!..

Міхась суняў Рыгора.

— Ты цішэй… Пара прысьпела падаць голас — падавай. Напіраюць злучанымі сіламі капіталісты і ўрад. Пачулі нядобрае для сябе… А калі напіраюць, то ня гнуцца-ж самохаць!

— Пэўна, у трубу сагнуць… Падумаць толькі, да чаго дашло. Хоць-бы ўзяць вёску — выказаць нельга, што там чаўпецца! Вураднік, старшыня, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Не адгукніся, не абзавіся, слова ня вымаў — усё аглядайся, усё бойся. Маўчы, як нямы. Але, ня маўчаць, а чакаюць, што горад скажа, што мы тут пастановім.

— Гэтага мала, патрэбна рашучая падмога з боку сялянства…

— Мне думаецца, што яна будзе. Я суджу па сваім месьце. У нас большасьць — бядняцкае малазямельнае сялянства; ёсьць багатая спадчына народавольчаскай чыннасьці; яскравая памяць аб 1905 годзе. Організацыя соцыял-дэмократаў хоць і невялікая, а ўплыў мае вялікі. Між вёскамі маецца цесная сувязь — у кожнай ёсьць некалькі нашых чалавек…

— Так, але ўсяго гэтага мала, вельмі…

Міхась не даказаў і змоўк. Рыгор ня прымеціў нават; захоплены настроем моманту, ён сягаў і думкаю, і пачуцьцём у блізкай будучыне, якую абяцалі выкінуць наповерх хвалі раскалыханых здарэньняў. Выабражэньне яго не магло справіцца з тым вобразам, поўным сілы і магутнасьці, руху тысячных грамад, які ў выразных рысах насіўся ў яго ваччу. Перад гэтым вобразам прыкметна нікла і гінула ўсё тое, што было ня зьвязана з агульным жыцьцём, з ідэямі працоўных гушчаў. У Рыгоравым нутры ўвочавідкі нарастала прагнае жаданьне як найхутчэй падцягнуць здарэньні, прысьпяшыць іх разьвязку і, разам з гэтым, не абыйсьці іх самому, не абмінуць, а абмыцца імі, кінуцца ў іх віраваньне, уплыць сваёю чыннасьцю на іх разьвіцьцё і пасобіць пакіраваць па сваім разуменьні. О, ён даў-бы ім кірунак, сьмелы і адважны!

Рыгор ажно скалануўся ўсёй постацьцю ад надышоўшага пачуцьця ўздыму. Паглядзеў на Міхася. Мімавольна падумаў: «Руху, змаганьня, помсты! Хай-бы адчулі на сабе, якая сіла назьбіралася ў нашых радох!..»

— Так… — ацьвярозіў Рыгора Міхась: — на днях назначаны другі дэлегацкі сход… Ад нашай майстэрні, ведаеш, выбралі і цябе… Што ты скажаш?

— Як яно вышла? Ці-ж ведаюць, што я прыехаў? Або без мяне не знашлося? — зьдзівіўся Рыгор, а сам палаў ад радасьці… — Ці ня вы, адно, Міхась, пастараліся?

— А калі я, дык ты нездаволены?

— Ня тое, толькі думаў…

— Годзе думаць, пара сур’ёзна брацца за справу…

Рыгор памаўчаў, ён толькі і думаў аб сур’ёзным.

— А скажэце, Міхась, які настрой на нашым заводзе? — перайшоў ён на другое.

— Як і ўсюды: рвуцца на барыкады…

Рыгор падумаў, пакуль прашлі які сажань, пасьля ізноў запытаў Міхася:

— Ну, а як павашаму, можна спадзявацца на посьпех?

— Памоему адно: будзем маўчаць — то, напэўна, прайграем, а станем адбівацца, то хоць прайграем, але ня столькі…

— А такі прайграем, ці так, ці гэтак? — сумеўся Рыгор: — дакуль-жа, нарэшце, мы будзем прайгрываць, скажэце?

Міхась усьміхнуўся. Паглядзеў па бакох.

— Трэба вучыцца выйграваць на… прайграным.

— Балюча і немажліва гэта… Годзе! Трэба напружыць усе сілы і паўтарыць пяты год…

Міхась узяў Рыгора за руку.

— Астынь, астынь, браток. Занадта ты гарачы, як я пабачу. Лепш паціхеньку, вобмацкам, зьбіраючы сілы, вырахоўваючы, а не без азірку, нагалам. Пачакай — яшчэ год, яшчэ год…

І колькі гадоў?

— Колькі выпадзе — тут ня скажаш дакладна.

Рыгор сярдзіта матнуў рукою ў бок гораду.

Міхась ня ўтрымаўся і ў голас зарагатаў:

— Зялёныя!

У яго словах Рыгор адчуваў недачасную спакойлівасьць, і падазрона падумаў: «Ці-ж можна з гэткім настроем ісьці ў бойку».

А Міхась, чалавек, гадоў сарака пяці, нагледзіўшыся і начуўшыся, перажыўшы шмат забастовак і паўстаньне пятага году, многа разоў губіўшы палкасьць і захапленьне з-за частых няўдач, пазіраў на Рыгора, як на вучня, упікаў за яго моладасьць, шкадаваў сваіх ранейшых гадоў і тут-жа сам сабе цешыўся, як-бы ў адплату за іх, што яго сілы і турбацыя не загінулі, што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змаганьня за вялікія ідэі вызваленьня працоўных. Багатая сокамі цаліна агромнай краіны расьціла маладыя пасынкі. Што, сапраўды, усе тыя пакуты, якія давялося перанесьці! Міхася, арыштаваўшы ў першамайскаю маніфэстацыю, марылі тры месяцы без работы — ці-ж не дзеля таго гэта, каб дзень-ада-дня, на вачох, уверана ды ўпарта ўзрастала на гэтым новая хваля маладое бунтоўнае сілы, сілы, якая нясе ў сваім росьце магутныя заданьні новаму, вольнаму жыцьцю! Вось Рыгор! Колькі іх ідзе па Міхасёвых сьлядох!..

І далей, далей, туды за Дзьвіну, туды, да заліву, адыходзілі чорныя цені мінуўшчыны, праясьніліся паземы, і побач расла вера, маладое натхненьне.

Міхась ступаў па напаленых каменьнях тротуару і адчуваў, як прутка выпростваюцца ногі, як лёгка адмяраюцца рашучыя, цьвёрдыя крокі. Ён ішоў праз гушчу варожага яму жыцьця, якое сьціскала яго з вакол, давіла духатою атрутнага паветра, — а яго вера маланкаю разразала згусткі павісшай жыцьцёвай духаты.

Рыгор, ідучы побач, замоўкшы, задумаўшыся над тымі-ж заданьнямі, што і Міхась, цешыў апошняга сваім настроем і глыбокім пазнаньнем падасьпеўшых пытаньняў моманту.

Міхась не сьцярпеў, каб ня выказаць Рыгору свайго пачуцьця.

— Ведаеш, Рыгор, ты ўзбадзёрыў мяне сваім настроем. Я вельмі рад тваім словам; я рад, што ты ўбіраеш іх гэткім натхненьнем.

Рыгор быў палішчаны.

— Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцьця, я шчасьлівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншынаю. Я бласлаўляю той момант, у які я стаў на шлях змаганьня. Сіла яго зьбіралася ва мне гадамі, гартавалася, а зараз вось выбухае на поверх. І кажу я вам: майму жыцьцю няма і ня будзе іншае дарогі, як дарога нясупыннага, кіпучага, самазабыўнага клясавага змаганьня за свабоду…

Рыгор слова за словам паднімаў голас. Захапляўся пачуцьцём, ківаў галавою і перабіраў пальцамі. Пешаходы, што наганялі іх ззаду і што ішлі насустрач, цікавіліся, павярталі ў іх бок галовы, некаторыя азіраліся, іншыя чуць-чуць усьцішалі хаду; бывалі, што гіронічна падсьмейваліся. Нарваўся адзін такі, што бясцырымонна спыніўся, параўняўшыся з імі, і пільна пачаў прыглядацца. Рыгор ня прыкмеціў, але Міхась, напрактыкаваны на людзях, заўважыў цікавага і тузануў Рыгора за рукаў: Рыгор сьціх і паглядзеў на Міхася…

Зусім блізка была прыстань. Перад дашчанаю будачкаю ціснуўся натоўп людзей, якія чакалі параходу. Да іх надыходзілі ўсё новыя, гусьцеючы і павялічваючы кожнаю асобаю людзкую грамаду.

Рыгор з Міхасём сышлі з тротуару, перасеклі вуліцу і апынуліся ў гушчы натоўпу. Як і ўсе, паглядзелі на рэчку.

Дзьвіна паважна гайдалася ў каменных берагох. Лёгкія скруткі спакойлівых, нібы прыўтомленых хваль, пярэстых ад пераліву сьвятла з ценем, кудысьці задуменна вялі паход. Белымі, буйнымі птушкамі насіліся лёгкія парусьнікі, як правадыры хваль; каля абодвух берагоў ціснуліся пукатыя, ужо засмоленыя і яшчэ жоўтыя баркі, заплыўшыя вадою плыты. Далей і бліжэй шныралі параходы і параходзікі.

— Якая магутная рака! — падзівіўся Рыгор.

Міхась нічога не адказаў: натоўп зарухаўся і падаўся да сходаў; іх абодвух зьбілі з месца — падыходзіў параход.

— Ідзі лепш, каб не натаўхалі, — параіў Міхась і схаваўся ў людзях.

— Да заўтрага, бывайце! — паслаў за ім Рыгор.


VI

РАСТАЎШЫСЯ З МІХАСЁМ КАМАРОМ, Рыгор прашоў у горад, дзе адну за другою пасьпешна справіў усе свае патрэбы. Па дарозе дамоў ён захіліў у парк і некалькі разоў засаб абышоў па дарожках аблюбаваны круг. Ім увесь час валадаў узвышаны, неастываючы настрой. Пра работу, якую мусіў заўтра-ж з раніцы пачаць, ён і не патураў. Усе яго думкі неадлётна віліся вакола гутаркі з Міхасём. Яна адчыніла Рыгору новыя паземы, паказала заварожную таямніцу бурлівага перажываньня, хлынула бляскам бясконцай, разьліўной, як Дзьвіна, урачыстасьці. Шэраю палоскаю, мігаценьнем імжэла нявыразнае адзнаньне аб павіннасьці працаваць, аб закураных сьценах заводаў, аб жалезнай браме, аб сторажу Каралю. І гэта не чапала яго, як не чапаў яго ўвесь парк са сваім жыцьцём: з вясёлымі дзеткамі, што ганяліся за апукамі і абручамі, з боннамі ў беленькіх пастэрачках і з кухаркамі — у гаптаваных хвартушкох, з бяздомнымі валацужкамі, з шляхэтнымі бабулькамі-скарэдніцамі, з вясёлымі рэзвымі парачкамі, з сахармарозьнікам і прадаўцом рознакалёрных пухіркоў. Толькі-б дапомніць яму хацелася гэтым людзям, што іх лёс у многім залежыць ад тых здарэньняў, якія хутка пранясуцца над горадам, над Дзьвіною і над Вэрманаўскім паркам.

Рыгор паглядзеў вакола сябе.

Ён ведаў, што яго думкі і пляны, што яго перажываньні і настрой няведамы нікому. Яго пацягнула прысесьці пад лахматым капялюшыстым клёнам, з боку ўквечанай клюмбы, наўскасяк ад саджалкі. Ён прашоў наперад, паглядзеў на адну, на другую лаўку, вярнуўся назад, але ўсюды было заседжана, занята. Тады Рыгор вышаў з парку на вуліцу і ўспомніў, што да яго можа прыйсьці Ганна. «Авось ды надумае — пайду! Абяцаў-жа быць. Трэба спаткацца!»

Ішоў і думаў аб Ганне. Пазіраў на сонца і лавіў яго чырвоныя праменьні ў водблісках вокан, у правальлях між высокімі мурамі. Баяўся не спазьніцца. Не азіраўся назад: ёмка віляў між пешаходаў, калі-ні-калі саступаў на брук.

Нарэшце — дома. Рыгор каля брамы спыніўся і паглядзеў у бакі, а мо’ Ганна ідзе яшчэ, ці ўжо вышла, вяртаецца дамоў і з астатняю надзеяй кідае праглівыя возіркі? Нічога ня ўгледзеў і павярнуў у двор, на ўсходы, да кватэры.

Ніякага сьледу, ні знаку. Вільгельміна адчыніла дзьверы і прасунула ў іх свой няпрыгожы твар.

— Да мяне ніхто ня прыходзіў? — даведаўся Рыгор.

— Не, ніхто. А ласьне хто меўся зайсьці? — пацікавілася Вільгельміна.

— Так сабе, мо’ каму і надумалася-б, — схлусіў Рыгор.

— А вы ўжо з заводу?

Рыгор усьміхнуўся:

— Праспаў сёньня.

— Няўжо? Я-ж будзла — роўна а сёмай гадзіне стукала ў дзьверы.

— Я чуў, дзякуй; але не захацелася ўставаць.

— Вядома — пасьля дарогі затаміліся… А я думала, што вы на заводзе, цэлы дзень ня чуваць у хаце… Ды яшчэ пасьпееце нарабіцца…

— Пэўна, мы на тое і жывем, каб рабіць.

І ён прашоў у свой пакой. У пакоі было ціха і сьвежа; адчыненае праз увесь дзень акно ачысьціла паветра, падсушыла. Глухім гудам уплываў горадзкі шум; Рыгор зачыніў акно і пастаяў каля яго хвілін з дзесяць. Пасьля адышоўся на сярэдзіну пакою, паглядзеў вакола і прылёг. А ў гэты час, перажываючы хваляваньні няпэўнасьці, набліжалася к дому Ганна. Ціха, але ўверана, разьзіраючы па бакох і час-ад-часу паглядаючы на нумары дамоў, яна ішла да Рыгора з такім разьлікам, каб прысьці на кватэру на змроку, калі-б, напэўна, ён быў дома. Яна не баялася зблудзіць, бо лічба дому і асабліва нумар кватэры — № 33 — добра запамяталіся ёй, нібы хтось выразаў скальпэлем на сэрды. Яна іх бачыла, нават адчувала з моманту, калі іх выказаў Рыгор. Расказвала мацеры, як і што гуляла ў гасьцёх, што там чула і бачыла, як жывуць дзядзькі і знаёмыя, — а думка ўвесь час вадзіла перад яе ваччу лічбу дому і лічбу кватэры — роўныя, вочастыя, стройныя тройкі. Хадзіла на рынак купляць харчы, — і гэтыя лічбы нясла з сабою. Яны кідаліся Ганне ў вочы на кожным муры, дзе чырвоныя на цёмным полі, дзе белыя — на сінім, выразьнейшыя, то цямнейшыя. У іх была патаемная сіла прыцягненьня. Ганна ня ведала, як скаратаць дзень, каб, нарэшце, падыйсьці да гэтых троек і заглянуць за іх заслону. Рыгор!.. Між дваіх троек, жывы, рэзвы, як мастацка намалёваныя лічбы і — захоплены ёю, Ганнаю… Як хутчэй скаратаць дзень? Быў-бы ён дома! Бралася за кніжку, калі маці адлучалася ў горад, вадзіла вачмі па радкох літар, а з іх паяскоў вынікаў знаёмы твар, яго пекныя рысы. Губіўся сэнс, і галава павярталася да дзьвярэй — дзе клямка з прадоўжнаю ручкаю таксама падобілася на тройку. Паглядала то ў адно акно, то ў другое і, бачачы толькі кароценькія клінкі ценяў на спрэс залітых сонцам сьценах і дахах дамоў, гостра недаволілася, чаму гэтым днём, як назнарок, так доўга не заходзіць сонца. Нібы хтось прыбіў яго на адным месцы, і яно ня можа крануцца кнізу! Гэта-ж трэба! Некалькі разоў пачынала зьбірацца ісьці — не магла чакаць, — але падыходзіла да дзьвярэй і адразу паварочвала назад. Куды-ж сярод дня! Рыгора, напэўна, няма ўдому… А шостай гадзіне Ганна вышла на двор. Але яснасьць дня, паднятае над мурамі сонца, зноў вярнулі яе ў хату.

— Забылася нечага? — запытала маці.

— Хустачкі.

— Ты ня баўся, дачушка, — папрасіла маці, калі Ганна вышла.

— Не, не.

А сама і ня думала, што хлусіць мацеры. Толькі-б застаць Рыгора, а там — як удасца… І ўжо захіліўшы за рог дому, забыла аб мацеры.

Сьвяціла сонца — крыху пачырванелае. «А калі крыху раней прыду», рашыла Ганна, адкідаючы сумненьне.

Няпрыкметна прашла Ганна ўсю дарогу і зусім нечакана апынулася каля дому №… Было відна — няхай сабе. Толькі кінула вокам паўзвыш брамы, праверыла лічбу і павярнула ў двор. Яе паварот адмеціўся лёгкім цюканьнем сэрца, іначай звычайнага. Але ня сумелася, перасекла двор, запоўнены дзяцьмі, і ўзышла на ўсходы. Адзін, другі, трэці пралёт. А вось і дзьве тройкі — хтось хацеў захаваць — палінялі; усё-ж для яе выразныя.

«Званю!» падбадзёрыла сама сябе і пазваніла, каб пэўней было.

За дзьвярыма пачуўся гучны тупат і зараз-жа яна пачула запытаньне:

— Вам каго?

— Рыгор Нязвычны дома?

Вільгэльміна — яна адчыніла дзьверы — адразу нічога не адказала, а падазрона аглядзела Ганну з ног да галавы, зрабіла чарствую міну на твары, пасьля двухсэнсоўна запытала:

— Ры-го-о-р? А на во-ош-та-а ён?

— Мне ён патрэбен, ці дома? — з налётам нецярпеньня адказала Ганна.

— Патрэ-эбен?! — зацягнула Вільгельміна: — ідзеце! — і прапусьціла Ганну ў кватэру.

Ганна ўвайшла і спынілася ў цёмным калідоры.

— Вунь там, направа, — падказала Вільгельміна, засьвяціўшы агонь: — апошнія дзьверы, — дадала яна: — ён дома, пастукайце.

Ганна падышла да дзьвярэй і нерашуча спынілася, але хутка сабралася і пастукала. З-за дзьвярэй пачуўся голас:

— Хто там?

А за голасам пашоў клапатлівы рух.

— Адчынеце, Нязвычны!

Рыгор адчыніў дзьверы і, замест прывітаньня, перапрасіў Ганну:

— Выбачай, што я ў сонным выглядзе: натупаўся за дзень па справах і змардаваўся.

— З гэткай цікавасьцю мяне чакаў? — падцяла Ганна.

— Што-о ты… пакінь.

— Садзіся… А я ўжо думаў, што ты… можа і ня прыдзеш?..

— Спаў і думаў?

— Перад сном…

Ганна прысела.


VII

РЫГОР ДОЎГА ГЛЯДЗЕЎ НА ГАННУ, стаючы побач: і ў поофіль твару, абгорнутага русымі косамі, і на галаву, якая густа ўбіралася чыстымі ільняністымі палойкамі гэтых кос, сабраных на задзе галавы ў багатую, абаранкамі, куклу; зьбегаў яго ўзрок па белым сьнежным полі шырокіх роўных плеч да перацятае стужкаю паясьніцы; зьмераў рукі, танклявыя, мармуравыя, за локці аголеныя; асьмельваўся прыкмячаць белыя туфлі і нацельнага колеру панчохі. Рад быў, што ніхто, што сама Ганна, не перабіваюць яму любавацца маладою дзяўчынаю.

Рыгор не чакаў, а рука сама апусьцілася Ганьне на правае плячо. Тая здрыганулася.

— Чаго ты?

Маўкліва Ганна паднялася, прашла некалькі разоў па пакоі, пасьля прысела на ложку.

— Садзіся, — паказала рукою. — Якая ў цябе строгая гаспадыня! — калі Рыгор сеў — сказала Ганна. І паглядзела яму ў вочы мяккім, але пранозаватым узрокам. Рыгор абняў яе, прыціснуў да сябе і пацалаваў.

— Гэта работніца, бач?

— Ня ведаю, тоўстая гэтая, пляскататварая.

Рыгор засьмяяўся.

— Праўда, праўда! Абараняе цябе.

— Малайчына.

— Добра жывіцё з ёю?

— А не сварымся.

— Ну, ну, скажы?

Ганна бязвольна апусьціла голаў яму на грудзі.

— Я ўтамілася сёньня ня менш твайго.

— Якім чынам?

— Я прагавіта, запойна чакала вечару, каб хутчэй убачыцца з табою, Ты паверыш?.. Утамілася, хачу прылегчы… Папраў падушку…

Рыгор выпаўніў просьбу і ўстаў.

— Ты баішся, каб я цябе ня прыспала? Садзіся… Бліжай, яшчэ бліжай… Кажы мне што; як ты правёў дзень? Ці чакаў мяне?.. На вуха, прыхіліся, я ня чую…

Яна закінула руку яму на шыю, прыцягнула да сябе.

— Ты чакаў мяне? А спаў, нябось; нават выйсьці адчыніць не схацеў… Даў мажлівасьць вылаяць мяне, праэкзаменаваць… Чуеш! Я сама набіваюся табе, надазаляю… Кажы, каб…

Яе словы ціхлі водлуг таго, як Рыгор усё шчыльней прытуляўся да яе, пакорны, адданы яе разьюшанаму жаданьню, паслушны рухам яе рукі… Ганна спавядала яго, ён маўчаў, баяўся супярэчыць, шкадаваў — бо мілаваў яе зацяжны выказ плаўных сказаў, трапяткіх зыкаў, шаўкавістага тону ў голасе. Яшчэ ня чуў ён да гэтага моманту падобных напеваў, не прабаваў гэткае асалоды ў ценькіх вібрацыях агрэтага густым подыхам шэпту. «Спачывай, спачывай, мая мілая», білі думкі ў галаве.

Гарэла лямпачка пад стольлю, і шэры змрок ліў у вакно алавянае праменьне. Туманнае сьвятло аблівала каморку, скрадаючы ўбогасьць яе абсталяваньня…


VIII

КАБ ХТО ЗАГЛЯНУЎ у пакой Рыгора праз гадзіну, то ўгледзіў-бы, як двое маладых істот маўкліва стаялі ў акне і пільнымі, праглівымі вачмі паглядалі на белаватае, нібы затуманенае неба, якое скрадала зыркасьць зор і пекнату лазурку, нізка ападаючы на шэрыя дахі муроў. Здалёку да іх даходзілі гукі сьвісткоў, прытоены, нібы падземны гул і пісклявыя зацяжныя ноты скрыпкі. У каморцы, за іх сьпінамі, было сьвятлей, ніж на дварэ, але ніводнаму з іх не хацелася аглядацца, каб не абудніць настрою, які паціху ападаў, сыходзіў з апогею ўздымнасьці. Зыкі скрыпкі справодзілі яго да роўнаважнасьці, але помеж выклікалі перажытыя хвіліны, тым ці іншым зьвязаныя з іх спатканьнем і зараз далёка адышоўшыя, часткаю загістораныя ў іх жыцьці.

Да Рыгора зьявіліся вобразы Сілцоў, ажылі постаці Сёмкі, мацеры, нават Зосі; цугам панясьліся пацеркі ўспамінаў, перажываньняў. Нібы другім пластом сваіх думак, не падлеглых яму, ён паціху ды паважна перабіраў мінулае… Але цесна быў зьвязаны асяродкам свае істоты з Ганнаю. Ён адчуваў, што Ганна марыць ім, жыве спатканьнем, п’е хвілі бягучага жыцьця, як-бы чытаў яе думкі, што ляцелі ў Ліцк, на станцыю, дзе з новым днём зараджалася іх знаёмасьць. Неразрыўным сплётам — цягнік, гутарка ў вагоне, гуляньне на станцыях. Пасьля — Рыга, дзень чаканьняў і нарэшце… каморка, вось-вось ён побач, жывы, неапісаны. Яік многа перажыткаў! За гэткі малы кавалак часу. Чым так зачараваў яе Рыгор? Быў Гарасім, якім яна жыла, з якім столькі часу гуляла, якога думала, ні на што не заменіць — нядаўна рассталася з Андрэем, а раптам — Рыгор!.. Ганна ня стрымалася і бязвольна апала яму на плячо, ажно гайданулася.

— Што з табою, Ганна? — падхапіў яе Рыгор.

— Нічога. Я так шчасьліва, я гэтак рада жыцьцю, мой Рыгор…

Ён адвёў Ганну ад акна і пасадзіў на крэсьле, сам стаў перад ёю, умільна гледзячы ёй у вочы.

— Ты не сярдуеш, Ганна? — перасьцярожна запытаў.

Яна скрала адказ. Толькі праз некалькі хвілін нясьмела вымавіла:

— Ты ня думаеш правясьці мяне?

— Што ты! Зараз!

Яна рушыла да дзьвярэй.

Перагарадзіўшы ёй дарогу, Рыгор сказаў:

— У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Кожную хвіліну я магу падзяліць лёс сваіх таварышоў.

Ганна жахнулася і пужліва паглядзела Рыгору ў вочы.

— Рыгорка, не мяшайся ты, не мяшайся…

Узяла яго за руку.

— Прыходзь да нас начаваць.

Рыгор усьміхнуўся.

— Не мяшайся-а. Цудная ты! Я мушу не адставаць ад другіх, я мушу разам з маімі таварышамі змагацца за волю, за шчасьлівае жыцьцё працоўнага люду… Я не магу сыходзіць убок, калі на мяне напіраюць… Разумееш, Ганна? Трэба абараняцца… Трэба на гвалт адказаць гвалтам…

— Усё-ж, прашу цябе, — беражыся… Дзеля мяне, дзеля мае просьбы, шчырае, сястрынае просьбы.

Рыгору шкада стала Ганны, якой былі мэрам-бы незразумелы яго словы, яго воклічы. Ён задумаўся.

— Не пайду, пакуль не дастану згоды.

У адказ Ганна атрымала пацалунак і ўверана рушыла з каморкі.

Вільгельміна праглянула з кухні і ціхім голасам папярэдзіла Рыгора:

— Я на ланцужок не вазьму — захапеце ключ.

Рыгор правёў Ганну да самага дому; вярнуўся гадзіны праз дзьве. Каля дзьвярэй успомніў, што ключа не захапіў: здаецца, браў, а памацаў у кішэнях — няма. Прышлося званіць. Вылаяўся на сябе за сваю забыўчывасьць, але тут-жа ўважыў — нязвычайныя абставіны. Хапіўся за званок і пацягнуў засаб два разы — зазваніла, як над вухам, ажно праняло ўсяго. Занадта. Прыкусіў язык.

Сонная, разьюшаная зараз-жа каля дзьвярэй апынулася Вільгельміна.

— Хто там? — пачуўся моцны шэпт.

— Я, Рыгор, адчынеце.

Адчыніліся дзьверы. Вільгельміна ў сподняй спадніцы, у гарсаванай кашулі, сарамліва падалася ўбок.

— Не глядзеце, Рыгор.

— Выбачайце.

Рыгор прашоў к сабе. У каморцы было сьветла: нятрэба было агню. Рыгор разьдзеўся і падышоў да ложка; абапёрся на яго сьпінку. І, як заўсёды, перакінуўся думкамі ў Сілцы — яны чапляліся за Рыгора! «Ці можа сабе дапусьціць Сёмка ўсё тое, што прывёў яго неасьцярожны паказ пальцам у Ліцку на станцыі? Ці паверыць ён, што я так хутка сумеў блізка сыйсьціся з гэтай дзяўчынаю, падобнаю да Зосі? Напэўна, ён зусім ужо выпусьціў Ганну з памяці, як большасьць пасажыраў. Мужчына з дзіцём на руках і побач яго маладзіца з другім, што ехалі на новае месца, мо’ знанае, знойдзенае, а мо’ яшчэ невядомае зусім — гэта сям’я, пэўна, выразьней усяго адаб’ецца ў яго выабражэньні. Каб ён ведаў, што я тут вытвараю! Сьмяяўся-б покатам, цешыўся-б».

У супроцьлежным акне патухла сьвятло. Рыгор апусьціў фіранку. Каморка правалілася ў шэрасьць ночы. Ён паглядзеў на двор — было шэра і на дварэ. Цьмяны водсьвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру.

«Сапраўды», адвярнуўшыся на каморку і гледзячы ў яе шэрасьць, задумаўся ізноў Рыгор: «цікава ўсё-ж са мною. Так заклапаціцца дробнымі справамі прыватнага жыцьця! Якія ў іх прынцыпы ці законы, каб на іх будаваць тыя або іншыя пляны? У параўнаньні з агульным жыцьцём — то-ж мізэрная нязначнасьць. Усё залежыць ад агульных умоў: паправяцца — выграю і я, пагоршаюць — пацярплю з іншымі. Значыць тады — патрэбна змаганьне супольнымі сіламі за супольныя мэты».

Думаючы яшчэ з поўгадзіны, Рыгор папераменна пераходзіў з полюса да полюса ў двух рознастайнасьцях сваіх думак. Рабіў параўнаньні, выводзіў супольнасьць між асобаю і масаю, даводзіў і разьбіваў доказы пераважнасьці самотных інтарэсаў над агульнымі.

Нарэшце, адчуў утому: пачалі блытацца думкі і перарывацца ўспаміны. Ацяжэла галава. Рыгор паглядзеў на гадзіньнік — гадзіньнік паказваў палову другое.

Няпрыкметна прабег час. Успомніў, што заўтра на работу, і кінуўся ў пасьцель…

Частка чацьвертая

[правіць]


ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ



I

РЫГОР РАЗУМЕЎ СЁМКУ, і калі судзіў аб ім, то судзіў упапад.

Расстаўшыся з таварышам, Сёмка не пасьпеў яшчэ выехаць з прывакзальнага пляцу, як ужо выпусьціў з думак ня толькі Ганну, а і ўвесь вобраз вакзальнага руху. Усё зьлілося ў мінутным выбуху нейкай мятусіны і адразу расплылося ў лёгкім тумане. Астаўся адзін Рыгор, з якім не разрываліся яго думкі, які загартаў сабою і вакзал, і яго рух. Усьлед цягніку нясьліся Сёмкавы думкі, а ў грудзях яго адчувалася прыкметная пустата. Ня верылася, што прыдзецца аднаму вярнуцца ў Сілцы. Вырасла ў яго галаве многа розных вялікіх плянаў, якія ахоплівалі ўсё жыцьцё і вярцеліся вакол яго. Сёмка раз-по-разу азіраўся ў бок вакзалу, пакуль ня выехаў за пасёлак.

Цёплая сонечная раніца чаравала поле. Зелень кушчастае густое ярыны ізумрудзілася полівам чырвоных праменьняў сонца, сапла цёплым, парным паветрам пасьля мыцьця халаднаватай расою. Цёмнымі лахматымі брыжамі абкідалі поле маладыя лясы-хвойнічкі. З кута роўнакутніку, які апісваў маладняк, каля пералеску нёсься гук трубы-беразоўкі і зычныя рэзвыя галасы пастушкоў. Крычалі вароны і перакідваліся з месца на месца сіваваронкі. Цыбаты бусел спацыраваў па граніцы лесу, адначасна сумяшчаючы службу палясоўшчыка і паплаўнічага. Паважна апускаў голаў, пасля паднімаў яе і глядзеў у бакі. Пэўна, цікавіўся заліўным траскатаньнем некалькіх жаўранкаў над руньню. Косаю сцежкаю, што выходзіла з хвойнічку і накіроўвала ў левы ад Сёмкі бок, да вёскі Пралескі, паціху, чуць-чуць варушачыся, ехала на адгоне адна ад другой пара хурманак. На драбінах сядзела па адным чалавеку ў белых сарочках; яны выглядалі гіпсовымі фігуркамі, якія хтось акуратна паставіў на вазох і пусьціў ціхім тупатам коні, каб не разьбіць іх ад трасяніны па калдабоінах выбітае сьценкі. Хутка вышла з рогу хвойнічку трое кабет ці дзяўчат з поўнымі мяшкамі травы на плячох. Здалёк паказвалася, што вось-вось цяжкая ношка прыгне іх да долу, ападзе сваёю вагою і прыдушыць, або пераломіць аголеныя за калені ногі. У паветры было ціха; расьліны стаялі заварожанымі.

Сёмка ўладзіўся сесьці так, каб паглядаць абапал гасьцінцу, сочачы за пасевамі. Ён суздром захапіўся полем і любаваўся ім, як мастак сваім вобразам. Яно родна Сёмкаваму сэрцу, блізка яго разуменьню. Змалку прывучыў яго бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. За якія восем гадоў Сёмкавы ногі пакінулі мільёны сьлядоў у мяккай глебе па вільготных разорах і на цёплым баранаваньні; яго праца, што цеплатою і потам пералілася ў мяккі парашок чорназему і суглінку, напаіла мільёны камялькоў аўсу, жыта, грэчкі, ячменю; яго вочы, шустрыя і празрыстыя, ахварбаваліся колерам валошкі, нажылі зоркасьць птушкі. Сёмка пашоў па бацьку, толькі ад натуры прыдалося яму больш ахвоты да працы пры зямлі. Злажыўшы яго з бацькавай сілу, стараннасьць і ахвоту — яны-б за пяцярых напрацавалі. Але шматок зямлі ў чатыры-пяць дзесянцін, які меў Сёмкаў бацька, не даваў мажлівасьці разгарнуцца. Прыходзілася спыняць размах! Тымчасам Сёмка бачыў, што ёсьць многа людзей, якія маюць па пятнанцаць, па дваццаць, па сорак і па больш дзесянцін. Сёмка бачыў цэлыя маёнткі і ведаў, што ўласьнікі іх самі не працуюць, а другім не даюць… Гэта заўважыў ён яшчэ юнаком, калі ўпяршыню пачуў скаргу бацькі на розныя недастачы ў хаце. І з таго часу задумаўся глыбока над пытаньнем, як зрабіць, каб лепей разьмеркаваць зямлю. З гэтымі думкамі ён умешваўся ў бацькаўскую гутарку, з імі ён падрастаў, аручы зямлю, праз іх дайшоў да соцыялістаў. Але Сёмка стаў соцыялістам асабовым — бунтаром і ў той час прыхільнікам «надзелу зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі». Гэтага надзелу ён ні на момант не выпускаў з галавы; «надзел зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі», стаяў у асяродку програмы ўсіх яго дамаганьняў, каля яго вярцеліся мары аб соцыялізьме.

Вяртаючыся з адвозу Рыгора, Сёмка пільна сачыў за нівамі паабапал дарогі, крывіўся на вузкія і зайздросьціў шырэйшым. Тайком варушылася гострае жаданьне — мець-бы сабе такую — гэтак, дзесяцін у дзесяць гаспадарку. Усё-ткі былоб на чым разьвярнуцца. Відаць — дзе шырэйшая палоска, там збожжа лепшае. А ў фальварках — дык проста яно паказвае на другі завод, на інакшы сорт. «Я апрацаваў-бы з бацькам дзесянцін пятнанцаць — сьмела», думаў ён: «чаму-ж мне іх не дастае? Папы, паны, шляхта маюць тысячамі дзесянцін, а мужыку — тры, пяць, сем… Няпраўда, соцыялізуем!» матаў Сёмка пугаўём у бок фальваркаў і пераходзіў да думак аб рэволюцыйным руху, аб яго посьпеху, аб прыходу соцыялізму. Тут-жа перамігаліся ў памяці таварышы з Сілцоўскае організацыі, усё некія асаблівыя, непадобныя адзін да другога, і ўсе — на яго. «Зямля — мала каго цікавіць. Працоўны дзень, паляпшэньне ўмоў працы, павялічэньне пэнсіі. А працаваць да цёмнага ў полі? Замурзанаму, босаму, забруджанаму ў гной? Найбольш гарбары, шаўцы, краўцы — вось яго таварышы. А сялян-земляробаў — два-тры; ён — Сёмка, Пятрусь і Саўка…

Сёмкавы думкі краталіся Рыгора. «І Рыгора нават не клапоціць зямля — можа гэта і лепш. Узяў, вось, кінуў-рынуў Сілцы; і паехаў — нічога пазадзе, Сілцы пры ім і без яго — тыя-ж Сілцы; прыехаў у Рыгу — яго Рыга, пераедзе ў іншае месца — там сваё. Рукі — вось яго статак. А каб гэта сказаў мне: Сёмка, едзь у Вільню ці ў Рыгу — кідай Сілцы, ці-ж бы я паехаў? А бацькі? Ха-ха-ха! Рыгор мо’ і паверыў, што я ў адзін раз раптоўна, вазьму і апынуся ў Рызе… Не-э-э, даражэнькі-ы сябру, мабыць, гэтага ня будзе-э… Я так сабе, да слова, сказаў. Нялёгкая справа, прыкаваўся да зямлі — тупай. Каб і хацеў — то не адарвешся адразу. Аднаму — сьцены заводу, другому — прастор нівы, лес, поплаў… Рыгор кажа, што «зямля любіць вучаных», то праўда. Шчырая праўда. Толькі тое бяда, што часта зямля не дае мажлівасьці вучыцца. Ну, хоць-бы ўзяць мяне; я цёмны нявольнік зямлі. Куды-ж мне да гораду!.. Я ведаю, што горад можа навучыць, як лепей і мацней змагацца за зямлю. Але мяне само жыцьцё загартавала на гэта».

Сёмка цалком аддаваўся гэтым думкам, ажно забываў пра ўсё іншае. Конь паціху клыпаў, трасучы воз. Усё гарачэйшым рабілася сонца. Прыпякала, цяжыла яго, хіліла ко сну. Але ён упарта адганяў драмоту, папраўляўся на месцы і далей перабіраў думкамі. Ад тэмы аб зямлі — перашоў асабіста да Рыгора, і адразу паўстаў яго вобраз у тым выразе, які адбіўся пры разьвітаньні: як жывы, вось. Здавалася, што ён не пакінуў Рыгора ў Ліцку, а адвёз іншага чалавека. Вернецца ў Сілцы і стрэне яго ці ў сьценцы між палеткаў, ці каля хаты на прызыбе. Сёмка пражыў і прадружыў з Рыгорам вясёлыя рэзвыя гады юнацтва: разам вучыліся ў дырэктара па хатах, разам рабілі саначкі і лыжы ды коўзаліся на іх; разам па чатыры гады пасьвілі каровы. Дружылі і тады, калі падрасьлі, і Сёмка стаў земляробам, а Рыгор астаўся служыць у балагольстве. Па адных зборнях хадзілі, браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Самі ўдваіх дашлі да дэмокрацтва і адначасна Сідар Вузел упісаў іх у соцыял-дэмокрацкую організацыю. Як-жа забыць ім адзін другога? Як пагадзіцца з думкамі, што Рыгора ўжо ня будзе ў Сілцох, калі вернецца Сёмка. Каб то Рыгор не прыяжджаў — мо’ яно іначай было-б: усё-ткі час патроху бярэ сваё — памяць паддаецца новым абставінам. Але Рыгор вазьмі — і прыедзь; а далей — спатканьне, гульня, гутаркі, успаміны аб мінулым, і мяжа перарэзалася, як-бы Рыгор ніколі не выяжджаў з Сілцоў. А гэта ізноў — шась і зьнік, і ня будзе яго… Няўжо такі ня будзе?

Гэткі пераплёт жыцьцёвых зьявішчаў блутаў Сёмкавы думкі. Цікава ўсё робіцца на сьвеце!..

«Гэта-ж прыеду ў Сілцы і мушу зайсьці да яго мацеры, каб паведаміць, як і што мы даехалі. А пайду на зборню — Рыгора не знайду. Яго ўжо ня будзе ў Сілцох, ён ужо будзе ў Рызе».

Сёмка азірнуўся навакола, мэрам хочучы праканацца, што ён адзін, бяз Рыгора. Узрок яго коўзаўся па гладзі руцяністай зелені і дзе губіўся ў сівай далі, а дзе перасякаўся сьцяною лесу, або шэрым узгоркам, — Сёмка Рыгора ня бачыў. Ён ад злосьці, ці з крыўды, хвасянуў займаздароў па кані і ўголас нокнуў: «Но-о-о, каб ты здохла! Падбяжы-ы крыху!»

Конь рвануўся і мо’ з поўганоў прабег скорым трухам, а далей зноў умерыў хаду.

Белая шырокая дарога выхілястаю стужкаю бегла далёка да ўсходу, рэжучы зялёныя нівы.


II

БЫЎ ПОЛУДЗЕНЬ, калі Сёмка прыехаў дамоў. Якраз нікога ня было ўдому — на зашчапцы дзьвярэй вісеў замок. «Дзе-ж бы яны былі ўсе?» падумаў Сёмка, супыніўшы каня перад дзьвярыма і пазіраючы на гарод. Пасьля зьлез з возу, пастаяў з хвіліну ды пачаў распрагаць каня. Але не пасьпеў ён рассупоніць хамута, як пачуў з-за вешніц голас:

— Дзень добры, Сёмачка! Ці-ж ужо вярнуўся, сынок?

То казала Стэпа, — Сёмка пазнаў па голасе.

— Ідзеце, цётка, сюды, — пазваў яе.

Стэпа прашла ў двор, падблізілася да Сёмкі і некалькі хвілін памаўчала, сочачы за распраганьнем. Калі-ж Сёмка вывеў каня з аглабель, завёў у хлеў і стаў зьбіраць зброю, Стэпа ўлучыла момант і запытала:

— А як-жа, сынку, заехалі?

— Добра, цётачка. Скора і добра. Пасадзіў яго на поезд…

— На поезд-і-ы?

Стэпа разгорнілася і ўцерла хвартухом вочы.

— Добра-а, кажаш? Мой сынок сеў на поезд ужо. Мае дзеткі, калі-ж я яго ўгледжу ўжо… Гой, Сёмачка-а, дзе ўжо тое дабро. Вось ты прыехаў, а яго няма; вас дваіх у бацькоў ды абое дома, а гэта адзін-адзінёшанек і таго ня суджана бачыць. Адна мушу жыць, як манашка якая… І мне ня добра, і ён, пэўна, ня зусім спакойны.

Абое прыселі на прызьбе.

— Нічога, цётка, ня сумуйце так… Ехалі мы весела, праз усю дарогу гутарылі, сьмяяліся. А на станцыі ў Ліцку я яшчэ падшукаў яму на дарогу дзяўчыну, як ляльку. Разам паедуць… Вяргіня проста — куды там Прыдатчанка!

Перад Сёмкам выразна залунаў вобраз Ганны.

— Чаго тужыць, — далей казаў Сёмка: — вы думаеце, што толькі адзін Рыгор і паехаў? Тысячы людзей едуць; маладыя і старыя, адзінкамі і сем’ямі; пэўна, многія ад бацькоў у сьвет, іншыя да бацькоў, бацькі да дзяцей. З месца на месца, з гораду ў горад, за шчасьцем і праз няшчасьце. А ўсе разам — ганяюцца за сваёю доляю, шукаюць чагось лепшага… Ці-ж толькі вам адным нядобра? Гэта тут, у Сілцох, седзячы, думаецца, што Рыгор адзін такі, а паглядзелі-б, што чаўпецца ў Ліцку на станцыі — дзіва!

Стэпа зьдзіўлена ківала галавою, і, відаць было па яе міне, што сэрцу няма спакою ад Сёмкавых слоў. Мала дзе што ёсьць — ёй балючы свае раны.

— Што-ж, Сёмачка, — загаварыла яна: — і я-б, мілы мой, ахвотна кінула-б усё ды паехала з ім. Як падумаю, што мне аднэй давядзецца жыць — няма сілы цярпець.

— Пачакайце, вось: ажывецца трохі і перавязе вас да сябе. Ці-ж тут вельмі трудная рэч?

— Ай, дзе там, сынок, вязьці старыя косьці невядома куды, — не згадзілася Стэпа: — добра вам, калі вы маладыя, перад самым жыцьцём, а мне… Вось пацягаешся які гадок — ды на Пасечныя. Яно-ж таму і цяжка гэтак, што на парозе сьмерці, можна сказаць, ды аднэй заставацца. Каб ранейшыя сілы ды рухавасьць — мо-б іншымі вачыма глядзела-б, а цяпер, вось… Як у людзей — то ёсьць блізкія, родныя або свая добрая стача, а гэта — як кол той — адна аднэю… А быў-бы дома Рыгорка — іншыя паперы: як чула-б сябе, як за мураванаю сьцяною; захварэла — было-б каму даглядзець, памёрла-б — было-б каму пахаваць палюдзку. А цяпер, схопіць хвароба, задушыць, дык дзён пяць паляжыш, пакуль даведаюцца людзі. Або, каму гэта трэба праведваць? Каму і дзеля чаго я карысна? Вось, мой Сёмачка, у чым захаваны ўвесь жах мае адзіноты… Паглядзіш на другіх — вясёласьць з воч ня сыходзіць: дзеці дома, поўна хата гоману, рэзвасьць, вясёласьць некая, а ты, колькі ні прызірайся — Рыгоркі ня ўгледзіш.

Стэпа да таго разгорнілася, што не магла далей казаць. Яна ўнырыла тварам у фартух і мо’ хвілін пяць выцірала заплаканыя вочы… Ад гэтага ніякавата рабілася і Сёмку: шчырая споведзь Стэпы праходзіла ў яго нутро і кратала за душу. Яго пачуцьці зьліваліся з пачуцьцямі кабеты мацеры і адчынялі перад Сёмкам глыбокую пустэчу, якую нядаўна займаў Рыгор. Аднак, ня хочучы паддавацца сумнаму настрою, Сёмка жадаў разьвеяць яго і ў Стэпы. Памаўчаўшы крыху, ён ізноў пачаў разважаць старую:

— Дый чаго ўжо вам, цётка, занадта сумаваць! Няўжо такі і сапраўды вы памрыцё не дачакаўшыся Рыгора? Ня трэба глядзець у вочы выключна нядобраму; трэба ведаць, што жыцьцё не бяз добрых выпадкаў. Вось пражывеце якога з поўгода адны, адаля Рыгор забярэ вас да сябе, ажэніцца там, возьме многа пасагу і ўсё паверне на новы шлях. Рыгор — чалавек ня дурны; у яго ёсьць і талент, і ахяота, і спрыт. Чулі-б вы, колькі разоў ён мне дапамінаў, каб я, прыехаўшы, суцешыў вас, ня даў сумаваць па ім.

Тон, з якім Сёмка выказаў гэтыя словы, яго бадзёры выгляд і адчуваная Стэпаю шчырасьць ды спагада да сябе, зьлёгку разагналі насядаўшы на яе цяжар, адчынілі ёй край цёмнага пазему і бліснулі крохкаю, нясьмелаю надзеяй. Стэпа адчувалася крыху весялей і месца смутку займала пачуцьцё нявыказнай любасьці да Рыгора.

— То-ж то, каб-жа так сталася…

— Або прыедзе сам па вас, — дадаў Сёмка: — забярэ і паедзе. Мо’ нечакана гэта выпадзе… Горад усё можа зрабіць — то ня наша зямля, якая адно ведае — выцягнуць з цябе ўсе сокі, а пасьля забраць у сябе.

— Ой, зробіць горад, — з напускным недавер’ем сказала Стэпа: — вось колькі часу ўжо ён пражыў у ім, а што добрае знайшоў? Толькі адно, што вытравіў хаценьне жыць у доме, пры мацеры… Бачыш, сынок, ты тут цішком, паважна рыешся і рыешся ў зямлі, даглядаеш бацькоў і сябе, а Рыгор — носіцца са сваімі думкамі, плянуе ды мяркуе, няма ведама аб чым. Думаеш гэтае не мяшае яму? Вельмі ўжо шырокую натуру мае — каб усім добра зрабіць…

Сёмка ня стрымаў ухмылкі на губах.

— Цётачка, ці-ж гэта ганьба? Рыгор ведае, што толькі тады будзе добра і нам, як добра ўсім будзе. Ён ведае, што вам цяжка жыць таму, што занадта лёгка жыць другому. Або Рыгор паехаў-бы ў горад, каб тут было добра?..

— Ай, дзеткі, дзеткі, што вы задумалі? Ці мала ў вас свайго клопату? Ласьне вы можаце перайначыць тое, што вякамі стаіць?

Стэпа не даказала, — голас Сёмкавага бацькі, Хведара, які няпрыкметна для іх падышоў к возу, перабіў Стэпін сказ.

— Ужо і дома? — раптам прамовіў Хведар.

— Як бачыце. Ужо больш гадзіны вас чакаю: прыехаў, а хата замкнута…

— Дзеньдобры, Стэпа! — перабіў Сёмку бацька і прысеў помеж са Стэпаю.

Дзьве касы, што прынёс з сабою, палажыў з правага боку.

— А дзе-ж маці?

— Або я ведаю?

— Пэўна ў траву пашла з хлопцам…

— Так, так, Саламея… пашла ў траву, я бачыла.

— Гм! А трэба было ёй ісьці. Прысьпела. Паабедаўшы, пашла-б… Нябось есьці, Сёмка, хочаш?

— Ды нічога, пачакаю.

Хведар выцер рукавом пот на лобе, разгладзіў доўгую клінастую бародку, паправіў косы і пытальным узрокам паглядзеў на Стэпу.

— А ты ўжо прышла аб сыну праведаць што-колечы? Непакоішся, вядома.

— Дзе ты бачыў — спакой! Сэрца чарнее, работа ня міла…

— Вось тота-ж і тое: на сьвежую памяць… Што-ж ты з імі парадзіш: кінуў і паехаў, а ты тут, маці, як сабе хочаш — сумуй, біся, тужы… Гэткі ўжо сьвет.

— Навошта казаць — кінуў, — умяшаўся Сёмка: — а што-б яму тут рабіць?

— Чаму, што рабіць? Касіць, служыць, а мацеру сьцерагчы. Сьцерагла-ж яго, як быў малы, працавала. Нябось, згубіць мацеру — ня знойдзе другое…

— Ды што ім бацькі!

— Або Бэрка ня ўзяў-бы да сябе?

Сёмка зарухаў на месцы.

— Кіньце ўжо гэтага Бэрку. Досі ўжо яму балагольства. Мала ён папацягаў цяжару ды папаблытаўся і ў Ліцк, і ў Вільню; увосень і ў мароз. Наеўся гэтага хлеба ўдосталь…

— Яно-ж гэтак, сынок, ня вельмі добра служыць балаголам, але як трэба — нічога не парадзіш. Робяць-жа людзі і цяжкую работу. Вось, Бэрка, глядзі, як неміласэрна працуе… Ды, думаеш, там, на заводзе, лягчэй?

Хведар безнадзейна матнуў рукою.

— Ай, кінь ужо ты, Стэпа. Ласьне іх увагорыш? Ня ў нас яны, што і казаць. На іншы шлях пашлі — няхай. Пабачым — выграюць што ці не…

— То-ж вядома… Ды яно-б маўчалася, каб тое здароўе або крыху лепшыя ўмовы жыцьця; але ўсяго бяды — жыць старому няма як; чакалася ўцехі, вясёласьці, а тут вунь што.

— Я-ж ведаю. Вельмі дрэнна.

Хведар падняўся з прызбы, і пацікавіўся на вуліцу.

— Прапалі недзе. Скора каровы пагоняць, а іх няма.

Падышоў да прызбы і праказаў Сёмку:

— Давай самім пашукаць чаго есьці; дакуль-жа яе будзем чакаць.

— Ды я ўжо так і думаў; хіба дайце каню.

Хведар адшчапіў замок і пашоў у сенцы, а Сёмка, падняўшыся з прызбы, падышоў к возу, каб зьняць з яго салому, посьцілку і палукашак.

Стэпа некалькі часу пасядзела моўчкі, а пасьля ўстала з прызбы і зрабіла два крокі да вешніц.

— Дык дзякуй табе, Сёмачка, — прамовіла яна, мэрам апамятаўшыся: — хоць крыху адвяла душу, а то цэлую ноч непакоілася. Што-ж зрабіць, няхай здароў едзе — гэтак ужо трэба… Хаця, сынок мой, не адмовішся лісту напісаць. Мо’-ж хутка паведаміць ён аб сабе?

Яна пашла з двара.

— Добра, цётка, добра, — паслаў ёй удагон Сёмка.

І тут-жа адцягнуўся думкамі ад Стэпы і ад Рыгора, а пачаў меркаваць, як і што павясьці бліжэйшую працу на гаспадарстве. Здавалася, што гэты час як быццам-бы павінен быць крыху вальнейшым, а тота-ж цэлая процьма работы! Папар ня зяблены, пасека не ачышчана, не загароджаны пастаўнік, засекі ў гумне не падрапараваны. Ці ўдасца, наогул, справіцца з усім гэтым да касьбы! І Сёмку задрэнчыла хутчэй сьпяшыць у Лужкі, каб заараць к вечару ганоў з чацьвёра. Ён паглядзеў на сонца — паказвала на другую гадзіну пасьля палудня.

— Хадзі есьці, — пазваў яго бацька.

Сёмку ня вельмі хацелася абедаць. Утома ад бяссоннай ночы давала аб сабе чуць: балела галава, вісеў нейкі цяжар на сьпіне, рабілася млосна. Добра было-б легчы адпачыць…

— Ня хочацца есьці.

— Хоць малака кубак выпі.

На гэта Сёмка згадзіўся: выпіў малака і хутка завінуўся каля воза.

Праз некі час быў гатоў і выехаў у Лужкі на ворыва. Дарогаю ён ізноў углубіўся ў думкі аб жыцьці, аб яго рознастайных патрэбах і вымаганьнях, аб настойным, упартым змаганьні з ім. Дзівіўся, якім развоем здарэньняў патыхала ад яго, і адзначаў сам сабе паступовы посьпех у сваім разуменьні ўсё большага ліку жыцьцёвых зьявішчаў. І тут-жа адчуваў, што чым глыбей адчыняюцца перад ім жыцьцёвыя тайны, тым веліч іх цікавейшая і ўражаньне ад іх большае. Ажно не хацелася ўглыбляцца ў яго нетры, а цяпнула адвярнуцца на лёгкія зялёныя пэйзажы прыроды.

Управа роўнаю сьцяною струніў хвойнік, калісь яднаўшыся з густым непраходным лесам Скадыбамі. За Скадыбамі пачынаўся Жмыгінскі лес, а гэты, усвой чарод, падыходзіў да суседніх лясоў. Гэткім чынам, на дзесяткі вёрст цягнулася шырокая палоса лясоў, якая абнімала вакола Сілцы, мэрам шалік чалавечую шыю. Сёмка ўваскрашаў перад сабою даўно забытыя моманты з часоў пастушыных, калі цэлымі днямі прыходзілася яму блудзіць са стадам па гушчарных нетрах ельніку, залазіць у балотныя багны, губіць гавяду і губіцца самому. Часта злучаўся з Рыгорам і, не паладзіўшы, разлучаўся: браў сваё стада і гнаў у іншы бок.

Ад хвойніку і пастушыных часоў Сёмкава думка пераносілася да недалёкай пары сёмага і восьмага гадоў, калі яму разам з Рыгорам упяршыню цёмнай перадвялікоднай ноччу давялося раскідаць па дарогах проклямацыі. Вось па гэтай самай сьцежцы, што зараз едзе, накладалі яны дзесяткі лістовак і кніжачак, якія заклікалі да нізрынуцьця самадзяржаўя, да адабраньня ад паноў зямлі, да заваёў устаноўчага збору.

А пад’ехаўшы да крыжавой дарогі, Сёмка пераносіўся ў яшчэ ранейшыя, юнацкія гады, калі верыў, што на скрыжаваньні дарог водзіцца нячыстая сіла і што-вечар палохае людзей. Колькі разоў ён напалохаўся тут! Помніцца яму — адзін раз нешта гналася за ім да самага мястэчка.

Уцякаў, а калі прыгледзеўся — бегла Гладышова авечка…

А вось і грэбля! Тая самая, што летась бачыла дзікі вобраз зьдзекаў над ім поліцэйскага стражніка. Толькі падсохла зямля, як сагналі поўмястэчка на папраўку грэблі. Дзяўчаты, хлопцы, старыя, моладзь… Прыняліся за работу, а стражнікі ўсё падганяюць. Сёмку не сьцярпелася, і ён агрызнуўся. А стражнік, нічога ня кажучы, — раз, два, тры разы — нагайкаю. Ён паспрабаваў бараніцца, але куды там! Стражнік яшчэ больш раззлаваўся і даў не шкадуючы.

Па целе Сёмкі прашоў сударажны ўздрыг, а ўнутры закіпела злосьць.

Ён перакінуў узрок на захад, у бок панскага двара. Вузкая градка маладога бярэзьніку адмяжоўвала панскую зямлю ад зямлі вяскоўцаў. Здаецца, нядаўна на тым месцы, дзе раскіданы хаты сялян, стаялі вялікія лясы, куды часта зганялі сілкоўцаў на аблаву на ваўкоў. Адну гэткую аблаву Сёмка добра запомніў. Пашоў, адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сьнягу, пакуль вышаў на дарогу. Папакалаціўся ня мала! Цяпер тых лясоў ні сьледу… Бярэзьнік вырас на вачох. О, гэты бярэзьнік! Як любы ён Сёмку! У ім, гуляючы з Волькаю, Сёмка пачуў першыя пазывы любасьці да яе. То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. У шэрых мяккіх купінах тырчэлі блакітныя вочкі пралесак. Рухавы заяц прабягаў некалькі разоў перад імі, абарочваючыся. То ён, то Волька ламалі пруткія ралкі голых бярозак і глядзелі, як з іх сачыўся сок. Як хацелася яго піць! Цяпер зялёныя лісьці шатуюць маладыя галовы стройных дзярэўцаў. Пераліваецца залаты пыл сонца і п’ецца белымі камялькамі.

Дзе яна, Волька, цяпер? Арэ, сее, ці мо’ ў бярэзьніку?

— Но-о! малая, малая!

Пагнаў каня — бо нельга-ж так захоплівацца ў той час, калі мусіш ехаць на працу, на капаніну ў зямлі! Але вачэй не закрыць — ня спыніць узроку — так і цягне яго то сюды, то туды, з месца на месца. Пранёсься захадам ды поўначчу і рвецца на поўдзень-усход. Там сьцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засьценкі і хутаркі. Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі — будынкі. Куды можна заплысьці па яго хвалях?

Сёмка пад’ехаў да месца, дзе трэба было зварочваць убок, на папярочную сьценку. Конь ужо ведаў гэта і сам павярнуў направа. Сёмку пакарцела праверыць, ці ўсё ў парадку на возе, ці не забыўся чаго-колечы. Паглядзеў і супакоіўся — было ўсё пад рукамі: прытуплены зрэзаны плуг, аброчная торба з кормам каню, прыпон і жукетка. Тады ён зьлез з воза, падвязаў лейцы за біла і пашоў сьледам. Ішоў і аглядаў папарныя галы. Сонца шмат зьнізілася, але яшчэ грэла добра. Пахла сухою зямлёю і гавяжым гноем. Па сьвежай ральлі скакалі кучамі вераб’і; бегалі жаўранкі і тупалі вароны. Птаства да таго было сьмелым, што і не ўважала ні стуку калёс, ні фырканьня каня, ні посьвісту Сёмкавай пугі. То сям, то там на шэрым галу бачыліся аратыя, якія прыдавалі свае манатонныя зыкі да рэзвага сьпеву жаўранкаў. Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы сьпякоту.

Праз некалькі хвілін Сёмка спыніўся каля свае палоскі, вузенькай, заросшай пырнікам і дробным дзятлікам. Праворна і ўвіхна распрог каня, залажыў яго зараз-жа ў плуг, паправіў на возе торбу і жукетку і пагнаў. Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок, рассыпчатымі камякамі. Роўная істужка разоры ціха разьвіналася сьледам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чымся ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Сёмка на вока адмяраў першыя гоны, якія хапалі ад сьценкі да невялікага ўзгорку з тоўстым каменем пасярод палоскі.


III

УПУСЬЦІЎШЫ ПЛУГ У ЗЯМЛЮ а гадзіне шостай, Сёмка ня выняў яго на працягу некалькіх гадзін. Гоны за гонамі, ён узараў без адпачынку, засаб, трое ганоў, пакінуўшы недаворанымі толькі адны. Араў наўзьдзіў ахвотна, з нейкім асаблівым захапленьнем, з заядласьцю ўпартага, неўгамоннага крата. Дзе дзеліся тыя ўтома, млявасьць і санлінасьць, якія апаноўвалі яго ўдому і справодзілі на ворыва. Адкуль надыходзіла тая ахвота, стараннасьць; нават карпела скончыць і чацьвертыя гоны, але, разьлічыўшы, што можа захапіць змрок, Сёмка рашыў аставіць іх на другі раз. Ды нельга-ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны авёс і, пакуль конь падпасваўся, прылёг каля воза.

Астыўшае паветра дыхнула вячэрнім заспакаеньнем; адзін за другім сьціхлі жаўранкі, сталі разьяжджацца аратыя. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Сёмка нічога не прапускаў, каб не ўсачыць, але, сьцешыўшыся, усё-ж ня мог змагацца з надыходзячай санлівасьцю. Пазіраў к небу, у яго глыбіню, і міжвольна плюшчыў вочы, мэрам-бы нябесная сінь давіла на вейкі; аглядаўся на пачырванеўшае сонца, што села на лясныя верхавіны. Пасьля апусьціў голаў на скрыжаваныя рукі і паціху пачаў засынаць. Заснуў-бы мо’ і надоўга, але раптоўны зык пастуховай трубы, даляцеўшы з-пад бярэзьніку, абудзіў яго. Сёмка хутка падняў голаў і паглядзеў на каня: той стаяў на адным месцы, трымаючы на шыі пустую аброчку-торбу.

— Чакаеш ехаць! — выказаў Сёмка, падняўся і запрог: — пакуль заеду, якраз зьмеркне, — і крануў.

Паганяць шкадаваў, а пусьціў паволі — і так утаміўся конь. Сам прысеў на возе, бокам да каня, спусьціўшы ногі між калёс, і бяздумна змоўк.

Моўчкі даехаў да шляху, ня помніў і ня прыкмеціў-бы нават, што выехаў са сьценкі, каб пры павароце не пачуў воклічу.

— У яму ўедзеш! Правей трымай!

Сёмка падняў голаў і абярнуўся ў бок воклічу. На грудку пры дарозе, аблёгшы на вялікі поўны мех травы, сядзела Зося.

— Адкуль ты вынікла, як русалка? Ці не ў канаве спала? — пажартаваў Сёмка.

— Гэта твой сон?

Зося паднялася.

— Ты думаеш, што я спаў?

— І думаць ня трэба, калі бачыла; конь ліха ведае куды зашоў, за канаву.

— Ці ліха? Няўжо-такі я драмаў?

— Сумняваешся?

— Яно то і ня дзіва — увабраў за гэту пору нямала. Ну, ідзі садзіся, ды па дарозе пагутарым.

Зося спрытным замахам рук ускінула на плячо мяшок з травою, ажно схавалася пад ім, і паднясла на воз. Сёмка памог зьняць і ўзлажыць.

— Садзіся на траву, — запрапанаваў і пагнаў каня.

Яна ўскочыла і села тварам да Сёмкі.

— Чаму-ж ты так позна варочаешся? — запытаў Сёмка, паглядзеўшы на Зосю.

— А чаму ты так позна з ворыва?

— Я?

— Так, ты…

— Бачыш, цэлая гісторыя са мною.

— Цікава.

Зося настаражылася.

У баку жмыгінскага лесу пачуўся нястройны гук некалькіх пастуховых труб, яго напоўніў плач жалейкі і трывожныя крыкі пастухоў. Да гэтых гукаў дадалі свой рознастайны рык каровы. Абое — Сёмка з Зосяю, забыўшы аб гутарцы, адвярнуліся к лесу. З яго гушчэчы пацямнеўшай ад змроку, як з агромністае закуранае дымам і сажаю лёхі, роўным шэрагам, стройна, як птушкі на адлёце ў вырай, зашнуравала рознакалёрная, рознарослая гавяда. Матаючы галовамі і пачаргова рыкаючы, яна выводзіла сабою жывую нітку, якая пацеркамі раскідалася па зялёным гале выгану. Мэрам-бы хтосьці раскідаў яе, як фокусьнік стужкі, каб паказаць асаблівую стройнасьць жывёльнага параду. Ужо пярэднія хаваліся ў платох гародаў, заходзілі за грудок і зьнікалі, а з лесу ўсё яшчэ не пакідалі паказвацца новыя і новыя. Хутка над іх шэрагамі завіўся камякамі белы лунь, выпушчаны пасекаю ды бярэзьнікам, і акольны вобраз прыняў яшчэ больш дзіўны выгляд, дапамінаючы ўрачыстае вандраваньне казачных пілігрымаў з ахвярнікамі ў руках. Забелены дол служыў ім абрусамі, а вячэрнія птушкі — вястунамі аб дасягненьні блізкай мэты.

— Паглядзі адно, як цікава расьцягнуўся цуг кароў! Вось колькі гавяды ў Сілцох!

Сёмка працягнуў пугаўё.

— А гэта-ж ня ўсе: гэта толькі з лясной пашы.

— Вось і згадзіся пастароньні, што Сілцы бедныя.

— А сапраўды яно і так — каб гэта зусім бедных, дык наўрад ці знойдзеш.

— Што ты, Зося! — пераняў Сёмка, — плявузгаеш ліха ведама што. Як-бы нічога ня ведае… Колькі ёсьць гэткіх, што малака ў вочы ня бачаць; я не кажу таго, што ў большасьці каровы — фундамант усяго: здохні карова — няма чаго есьці, і прападае гаспадарства. Гэткіх сотню можна налічыць… А Рыгорава маці?

Зося змаўчала; каб Сёмка паглядзеў на яе, то адразу падмеціў-бы, што дапамінаньне аб Рыгоравай мацеры адбілася смуткам на Зосіным твары. У нутры-ж нельга бачыць — а там у Зосі так і захадзіла хадуном, так і разьлілося нешта цяжкім атрутным жарам. Яна паправілася сядзеньнем, каб хоць крыху астудзіць раптоўнасьць у перамене настрою і думак… Стэпа — што, то, бач, Рыгор! З ранку кратаў ён Зосіных думак і пачуцьця, а з паўдня — да самага вечару і зараз вось, едучы і гутарачы з Сёмкам, яна выпадкова адцягнулася ад яго сваімі думкамі. І так было добра, лёгка і спакойна, нядбайна неяк! Ня прыходзіла на памяць, што Сёмка ўчора адвозіў Рыгора, што сёньня вярнуўся, што, адвозячы, пэўна, многа аба ўсім гутарыў з ім і… кратаў яе, Зосі. А гэта — на табе — нечакана!

— Што-ж ты маўчыш? — паглядзеў ёй у вочы Сёмка.

А Зося ўжо цалком была захоплена нахлынуўшымі на яе ўспамінамі аб нядаўніх днёх, аб гульні з Рыгорам, аб выніках каханьня і аб яго скутках. Жывасілам тягнула глядзець на дарогу ў бок Лужкоў, высочваць тую сьценку, дзе яны разьвітваліся. Выпукла, як яблыка, паўстаў перад яе вачыма вобраз Рыгора ў хвілі разьвітаньня: вось ён стаіць, спагадліва прынагнуўшы голаў і ўстраміўшы ў яе твар пытальны ўзрок. Стаіць, а далей схінаецца да пацалунку: пара рук, важкіх, здаровых, выгінаецца ў дугу, адна настрэч другой, і зьмяёю агібаюць яе стан. Хвіліна, міг — і цёплыя губы кладуцца мяккім-сочным абрыкосам на яе прагныя вусны.

Зося парухала губамі, прыкусіла іх, мэрам-бы хочучы праверыць, ці не пакінуў на іх Рыгор чаго-кольвечы. Тут-жа захацелася ёй таксама, хоць-бы ў сотай долі, адчуць тое самапачуцьцё, той настрой, тыя перажываньні-заміраньні, якія прамігнулі пры тым пацалунку… Што-б яна дала за гэта! Настойна выплывала з далёкіх глухіх куткоў яе нутра гаручая крыўда — Зося ня ведала, на каго гэту крыўду кіраваць, — чаму тады ў хвойніку ўсё так ціха, пуста абышлося? «То Рыгор вінават», мігнула думка, як іскра з крэсіва, але Зося не пагналася за ёю, а барджэй дастала апраўданьні Рыгору: «А чаму-ж Рыгор ажно на Лужкі прышоў да мяне? А чаму яго вочы туманіліся сьлязьмі, калі ён глядзеў на мяне пры разьвітаньні? А чаму ён мяне прытрымоўваў за руку, калі я намервалася ехаць? А праз вошта ён у горнасьці вымаўляў словы? А чаму, калі разышліся, дык пакуль можна было бачыць, раз-по-разу спыняўся на мяжы, напружваў узрок праз шэрасьць адвячорку і сачыў за мною? Напэўна, ён тады верыў моцна, што я ня згублена для яго, што мы не разлучаліся ў той момант. Напэўна!»

Зосі здавалася, што так, — яна з кожным часам усё больш пераконваецца ў гэтым. А каб-жа хто падмацаваў гэтыя яе дагадкі! Го, як-бы яна была шчасьліва! На што-б яна тады рашылася! Якім-бы моцным штырхачом было-б гэта ёй адважыцца да рашучых, непаваротных крокаў. Акрыліла-б яе, паставіла-б на цьвёрды грунт.

«Ці не адкрыўся толькі Рыгор Сёмку?» падумала нерашуча Зося і няўпрыкмет паглядзела на яго. «Няўжо ён утоіць? Няўжо не прагаворыцца? Няўжо астанецца ўсё ўтайне?»

Зосі задрэнчыла вызваць Сёмку на гутарку. Як найхутчэй, каб пасьпець хоць што-кольвек пачуць, пакуль даедуць да мястэчка. Яна заварушылася на сядзеньні, некалькі разоў глыбока ўздыхнула, павярцела галавою і стала перад пытаньнем — з чаго-ж пачаць? Ласьне раптам, столькі памаўчаўшы, ёмка зачапіць Рыгора? Што падумае Сёмка? Ці ня ўгледзіць яе слабасьць?

Каб гэта сам Сёмка зачапіў гэта пытаньне! Яна прагна сачыла за ім, заглядала ўкрадкаю ў яго твар, чакала. Але ён маўчаў, мэрам назнарок таксама чакаючы, што скажа яна.

Так праехалі з поўганоў.

Зося, нарэшце, не сьцярпела.

— Сёмка! — раптам аклікнула яна, — хоць-бы ты расказаў…

І сумелася, не дасказаўшы.

— Аб чым? — запытаў Сёмка, дагадваючыся аб Зосіных думках.

Сёмка ўсьміхнуўся.

— Ехалі добра… Была цёплая ноч… Гэткая панавала ноч, што хацелася пяяць ды думаць… аб вас.

— Ты жартуеш, Сёмка! — не здаволілася Зося і працягла мятліцаю па яго твары.

— Ды аб тым, як вы ехалі з Рыгорам у Ліцк.

— А цябе гэта цікавіць?

— Пытаю — раскажы.

— Я кажу праўду, я ня люблю жартаваць… Рыгор праз усю дарогу гаварыў аб табе…

— Не жартуй, Сёмка! — перабіла Зося, а ў самое так і зацюкала радасьцю сэрца. Нявыказнае ўміленьне разьлілося па ўсёй істоце і дзяўчыне стала добранька-добранька.

— Што-ты ўшалопала.

— Я думаю, што калі ды ўспамінаў мяне Рыгор, то толькі ліхам.

— Каб мне такога ліха жадалі мае ворагі…

Гэты сказ паказаўся для Зосі сур’ёзным, і прыемнае пачуцьцё ўвераньней завалодала ёю. Яна пачула, што вось-вось заплача ад шчасьця. І яшчэ раз выспрабавала Сёмку:

— Ну усё-ж, вельмі крыўдаваў на мяне Рыгор?

— Чаго табе хочацца? Ну, крыўдаваў… крыўдаваў за тое, што ня мог паперашкодзіць бацькавай волі. Так, крыўдаваў, але на сябе. А на цябе — нізваньня. За вошта мог ён крыўдаваць на цябе, калі ён так цябе шануе, шануе…

Зося абярнулася ў адно прагнае чуцьцё. Міжвольна падбліжылася да Сёмкі, ажно кранула яго шчакі сваёю, ды лісьліва, завабна паглядала ў яго замрочаны твар. Толькі-б ён казаў праўду! Толькі-б не прыхарошваў ды не прыбаўляў? Толькі-бы не суцяшаў! Ёй ня трэба абманчывых мар!

— Ну, што-ж ён хаця казаў? Што ён думае…

— Рыгор у многае верыць і на многае спадзяецца… Між іншым, ён прасіў мяне перадаць табе ўклон.

— Ты ня хлусіш?

— Што ты, Зося, ушалопала сабе!

Сёмка нокнуў і абярнуўся да Зосі, пачуў цеплату яе цела. Тут-жа раптам прыпомніў Ганну. Вакзал у Ліцку, суматоха, бегатня, процьма людзей і між усіма — Ганна. Падобная на Зосю, як блізьнец.

Ён прыгледзеўся Зосі ў вочы і падумаў: «Якое ўражаньне яна зрабіла-б цяпер на Рыгора?»

Перад Сёмкам вырас радасны твар Рыгора, калі той угледзеў Ганну. «Пэўна, ён ужо зусім іначай думае аб Зосі», і Сёмка пашкадаваў суседкі, як брат шкадуе сястры: «Зося ня ведае таго і ня трэба, каб ведала».

— Ды што і за карысьць, што ён думаў пра мяне. Усё роўна ад гэтага мала карысьці, — уздыхнула Зося.

— Чаму?

— Ці-ж ты ня ведаеш? У мяне вызначаны шлях.

— Усё ў тваёй волі.

— Кінь-кінь, Сёмка. Мне тое самае казаў Рыгор. Я сама гэта ведаю, але я ня ў сілах што-колечы зрабіць. Мне трэба падмога — трэба, бо я… тану. На мяне напала моцная варожая сіла, якая або задушыць мяне, або прывядзе да роспачы, да няпрытомнасьці, і тады толькі…

У Зосіных словах зычэла праўда: яна выкладалася Зосяю ў абголеным страшным выглядзе. Ці-ж сароміцца таварыша? Але ўсю цяжкую няпрыкрытасьць гэтае праўды Сёмка сам ведаў і адчуваў. Болей таго: калі ён дапускаў мажлівае захапленьне Рыгора Ганнаю, то глыбіня Зосінай трагэдыі на многа павялічвалася.

Сёмка бачыў гэта так яскрава, як свайго каня, што клыпаў уперадзе, як зорку, што міргала над маладым бярэзьнікам, — і шкадаваў Зосю. Шкадаваў уразіць яе самалюб’е хоць адным намёкам на крохкасьць далейшых іх адносін з Рыгорам. Нават сам цярпеў ад таго павароту спраў, які пхаў Зосю ў Берагаў абдым. Сёмку па яго шчырасьці верылася да апошняга часу, што тыя некалькі дзяўчат-мяшчанак, з якімі доўгі час яму з Рыгорам, з Пятрусём даводзілася гуляць, а гуляючы ўплываць на іх сьвядомасьць, — што гэтыя дзяўчаты выхаваюцца пад іх уплывам у іншыя, больш чыстыя ад паслояў мяшчанскае бросьні натуры, злучаць сябе з імі і пакажуць прыклад новае сям’і, новых абставін у сямейных адносінах. Раней малявалася гэта Сёмку ў ружовых хварбах і чакалася моманту першай спробы ажыцьцявіць крылатыя пляны. Колькі было сяброўскай гутаркі на гэту тэму! Якою ідыліяй патыхала!.. А тота-ж — вось як. Падыходзіць момант — і ўсё рушыцца… Сёмка бачыць гэта перад сабою, а пасобціь ня можа, і толькі мае самаўцеху, што цяжкія абставіны. «Якая ўсё-ж крыўда!» І ў Сёмкі не паднімаўся язык на гутарку — хацелася маўчаць і ня раніць Зосінае душы рознымі абяцанкамі. «Пацешыў крыху — і будзе з яе. Хай памарыць аб шчасьлівых хвілінах». Ён здаволіўся, што Зося сапраўды аддалася розным перадумам мінулага і маўчала. Вось, вось яны даедуць да мястэчка і зусім перарвуць гутарку, бескарысную, бязгрунтоўную.

Ужо ім у вочы забліскалі рэдкія агоньчыкі з вокан хат, ужо пачуўся клапатлівы скрып варот, пярэгукі па дварох, перадсонны рык гавяды. Ужо конь пачуў блізкасьць адпачынку і зарагатаў прывітаньне мястэчку.

Моўчкі даехалі да платоў вулачкі, кудэю Сёмка накіраваў каня, мінулі першае гумно.

Зося агледзелася і прамовіла:

— Чаму ты сюдэю едзеш?

— Ды, вось, хачу каня напаіць.

— Чакай, я зьлезу.

— Чаму?

Зося не сказала. Але Сёмка дагадаўся, што яна не хацела, каб Васіль Бераг ці яго маці ўгледзелі, што яна з ім едзе.

«Чаму-ж бы мне не аб’ехаць іх хаты», папікнуў сябе Семка і спыніўся:

— А хай-бы даехала да студні.

— Усё роўна, дайду. Ты яшчэ будзеш каня паіць ды што, а я проста пайду…

Яна зьняла з возу мех, падкінула на плечы і, падзякаваўшы Сёмку, пасьпешна пашла ўперад. Сёмка знарок некалькі хвілін пратрымаў каня спыненым, а пасьля ціха рушыў сьледам за Зосяю. Ён бачыў, як яна, параўняўшыся з Берагаваю хатаю, ускорыла хаду і за рэчкаю патанула ў цені. Даехаўшы да Берагоў, ён угледзеў вялікае сьвятло ў іх хаце і пачуў рэзвую дзелавую гамонку. Стала ясна, чаму Зося ня ехала з ім.

«Якая асьцярожная ўсё-ж», праказаў Сёмка па яе адрасу і павярнуў каня ў бок студні.


IV

ПРЫЧЫНАЮ таго, што ў Берагавай хаце жукацела сьвятло ды шла гучная гутарка, была невялічкая, зусім выпадковая суседзкая бяседа. Яе выклікаў сваёю асобаю старшыня Андрэй, які наведаў Берагоў па справе куплі імі пляцу ў мешчаніна Шэі Краўца, на які пазарыўся сусед Шэі і завёў гутарку аб тым, каб памяшаць Берагом. Старшыня прышоў папярэдзіць Тадосю, а якраз у хаце іх папаўся і Апанас Хрыпак, Берагаў памежнік. Гэта надаўміла Тадосю пачаставаць рэдкіх гасьцей. У дадатак яны пазвалі Хлёра і Дзям’яна Квіту.

Усадзіўшы ўсіх за стол, Васіль з мацераю, ня ўмеру раздобраныя, тупалі вакол стала і шчыра ўпрашвалі іх выбачыць іх ашчаднасьці і закусіць.

— Чым хата багата! — пераказвала разьвясёленая Тадося: — затое, даражэнькія, калі прыжджом Васілёвага вясельля, дык ня гэтак загуляем!.. Закусвайце — вы-ж у нас рэдкія госьці. Як бачыце — сёе-тое прыдбана. Сяк-так перажылі цяжкую пару, калі мне аднэй даводзілася на ўсе бакі кідацца… Ведаеце, мае даражэнькія, як пакінуў мяне гаспадар, дык так прыпякло, так прыпякло, што я думала — не акрыяю ніколі: вядома, адна. Васіль яшчэ малы, а гаспадарства, нелапое, — што-ж ты аднэй бабе зробіш. Дзякаваць, Хлёр пасобіў, а то-б… ну, а цяпер усё іначай. Цяпер я пані. Мой Васіль — усё мае…

— Няма чаго казаць, — патураў Тадосі старшыня: — ты маладзец кабета; я ўжо сяджу і думаю сабе: добра выкруцілася Тадося, пахавала гаспадара, нацярпелася, а ўсё-ж і з гаспадарствам справілася, і сына выхавала, як ляльку, ды жаніць прычакала. Відаць, што ты цяпер непакрыўджана ў жыцьці…

— Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людзькасьць і самавітасьць. Бацюшка-ж — дык не нацешыцца, бо, прызнацца, апроч усяго, ён у мяне і набожны. Жывём — а ніколі ня сварымся, як то бывае ў іншых. Трэба мне — я ўступаю, прыходзіцца яму — ён падаецца; ніякіх супярэчак у хаце. Вось і цяпер, — парадзіліся з Хлёрам, каб жаніць — сказалі яму, і хоць-бы слова — добра. Намякнулі на Прыдатчанку — добра.

Васіль маўкліва слухаў мацерыну атэстацыю і цішком толькі падліваў дзядзькам гарэлку ды падсоўваў закуску. Чуючы іншыя лісьлівыя словы ад мацеры, ён адварочваўся ў акно і паглядаў у цемру надворку. І толькі тады, калі Тадося перашла да вясельля, Васіль пачуў некаторую каразьлівасьць гутаркі і перасьцярог мацеру:

— Ды будзе ўжо вам так расхвальваць мяне…

— Чаму? Ласьне я ганьбую цябе? Можна ўсім ведаць аб тваіх дадатных бакох, не пашкодзіць гэта… — не здаволілася Тадося.

— Так, так, так, — уставіў старшыня: — каб я меў гэткага сына, як ты, нічога не хацеў-бы. Сваё званьне з прыдачаю аддаў-бы… Нават… — ён павесялеў і прыняў іншую, зухвальскую міну. — Каб ды ведаў, што будзе такі сын, прылажыў-бы ўсе стараньні мець яго…

Гэтыя словы расьсьмяшылі ўсіх; засмяяўся і старшыня.

— Ну, вядома, — дадаў ён: — абы якіх то і радзіць ня варта; я такога правіла трымаюся. А харошага сына мець — трэба быць шчасьлівым.

— Жартаўнік наш старшыня! — выказаўся Апанас і пастукаў Андрэя па плячы.

Гэта фамільярнасьць казала за сьмеласьць, якую прыдала Апанасу гарэлка. Увашлі ў вясёлы настрой Дзям’ян і Хлёр. Апошні шчыра паціснуў руку старшыні за яго словы, а Дзям’ян нават памкнуўся падняцца, каб пацалаваць Андрэя, але раптам перадумаў і толькі няпрыкметна дзеля другіх пашавяліў губамі. Старшыню-ж імпонавала агульная ўвага прысутных, і ён не сароміўся прыняць адпаведныя свайму чыну тон, позу і настрой.

— А думаеце, мужчыны, невялікая заслуга ў выхаваньні Васіля за Хлёрам? Памойму, каб ня Хлёр, то Тадосі-б вельмі цяжка было справіцца з гэтым. Яна праўду кажа, адзначаючы гэта. Ужо тое колькі варта, што Хлёр сумеў пераняць Васіля ад розных непахвальных кампаній. Тут патрэбна цьвёрдая мужчынская рука, хітры падыход, каб правясьці між ямак і калдобін. Маці! Мала што маці! Кабета, пры гэтым занятая кабета — ці-ж бы яна дагледзела за ім? І, будзьце пэўны, Васіль даўно круціўся-б з гэтымі басякамі-дэмократамі; а можа-б к гэтаму часу і сядзеў-бы дзе. Цяпер дужа неспакойны час, скрутны так, што вельмі цяжка абмінуць, каб не папасьці ў яго вадакрут. Вы паглядзеце! — старшыня ўвашоў у аплёмбу: — колькі вы налічыце ў Сілцох, ды нават ва ўсёй воласьці, гэткіх людзей, як Васіль? Нават мужчыны — і тыя, на іх цураха, многа дзе забаламучаны дэмокрацтвам — не кажу ўжо аб моладзі… Вось чаму Тадося павінна дзякаваць свайму швагру.

Словы старшыні пападалі ў цэль: Хлёр няскрытна лісьціўся імі, і пакуль Андрэй казаў, умільна пазіраў то на старшыню, то на Васіля, то на Тадосю. І думаў пра сябе: «А разумны, аднак, чалавек Андрэй. Не здарма каторы раз яго воласьць абірае за старшыню. Удаецца ў кожнага жыцьцё і ведае яго, як сваё».

— Я — дзядзька Васілёў, — зьмяніў старшыню Хлёр: — мусіў ахоўваць свайго нябога. Бо, праўду кажа наш паважаны старшыня, каб не глядзелі за ім, магло-б многае што стацца. Цяпер, калі я гляджу на Васіля, устае гонар ва мне — то-ж мой выхаванец. Я не хвалюся, а дзяцей гадаваць умею добра. Вось у мяне двое малых, а загадзя магу сказаць, што выведу іх у парадачныя людзі.

Хлёр адхінуўся на сьцяну і выцер рукавом губы.

— Вядома, вядома, вядома… — не астаўся ў даўгу Апанас Хрыпак: — з дзяцьмі цяпер, як са шклечкам, трэба акуратна абыходзіцца: так і сачы за імі, каб ня выпусьціць з рук. У мяне, праўда, іх няма, але ўжо лепш ня мець, як мець распусных ды зьвіхнутых з пуці. Ці-ж добра бацьку, калі яго дзіця ўлада арыштоўвае да саджае ў астрог або ссылае? А гэткіх цяпер процьма; па ўсім краі, ва ўсім сьвеце. Пішуць-жа газэты аб гэтым. Ды навошта далёка шукаць — калі вось, пад бокам колькі хоць такіх: Сёмка Хведараў, Янка Зьмітраў, Пятрусь Прахораў, процьма… Як паветра якое — гэта дэмокрацтва; па ўсіх куткох і шчылінках разыходзіцца. Вунь і ўчора, расказвалі, дык чалавек пяць стражнікі прывялі з вёскі Катлоў. І, думаеце, што яны чаўплі? Сабралі нядзеляю сход мужыкоў і давай пад’южваць: «Глядзеце, зямлі ў вас — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх. Адкуль яны набралі, як не паадбіралі ад вашых дзядоў, ад працоўнага народу. А яны забралі — дык і ў іх трэба забраць… Таксама і з лесам; у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Яны сякуць яго, прадаюць і складаюць грошы ў банках, а на вас вада цячэ. Ці-ж так справядліва? Ці-ж мы павінны моўчкі глядзець на гэта?» І іншага ўсяго набаялі мужыком, а тыя вазьмі і паслухай. Назаўтрае ранюсенька сабраліся грамадою і гайда ў панскі лес. Пашла павальная рубка. Іх прасіць, перасьцерагаць — дзе там! Пакуль не вытрабавалі стражнікаў… Вось як… ці праўда, ці не? Андрэй ведае… А раней гэтага эконома зьбілі за пашу…

— Вядома, ня хлусьба, — падмацаваў старшыня.

— А-яй-яй! Як распусьціліся людзі! — падзівіўся Дзям’ян.

Пахаяў «бунтаўшчыкоў» і Хлёр.

— Вось і бачыце! — заматала галавою Тадося: — і то, бадай, работа сілцоўскіх соцыялістаў? Пэўна так! З чаго-ж яны жывуць? Хоць-бы гэты Стэпінчык — езьдзіць па сьвеце, як валацуга; мала чаго ён навучыцца! А прыедзе сюды — і давай пераймаць другіх.

Некалькі хвілін яна памаўчала, мэрам дапамінаючы аб нечым.

— А Сахрона Быка, думаеце, хто спаліў як ня Стэпінчык? — дадала яна.

— Можа стацца, вельмі проста! — падмацавалі ў адно слова Хлёр з Апанасам.

— Тут, на добры лад, мусіць Андрэй сказаць сваё важкае слова! — вывеў Дзям’ян.

— У чым? — не зразумеў Хлёр.

— А ў тым, каб троха павылавіць гэтае рыбкі з сілцоўскага возера.

Старшыня задаволена ўхмыльнуўся. Пасьля пагладзіў разьвесістую бараду і патрос паважна галавою.

— Вылавім! А вы думаеце, мы дрэмлем? Я ручаю сваёю галавою, што вылавім…

— Закусвайце, дзядзькі, — перабіваў Васіль, захопліваючыся гутаркаю мужчын.

А старшыня завяраў, рухаючы тулавам, рукамі, нагамі, мэрам-бы дзеля таго, каб прыдаць сваім словам непарушную аўторытэтнасьць:

— Як венікам, вымецем усю гэту нечысьць. Ведаеце, усё неяк ня хочацца займацца; думаеш — а будуць крыўдаваць, а пачнуць наракаць… А зараз я бачу, што ўсе на маім баку. Грамада са мною. Чаго-ж больш трэба! Вось я і прылажу пячатку…

Старшыня стукнуў кулаком па стале, ажно пасуда забранчала.

Васіль зарагатаў ва ўсё горла і адышоў ад стала. Але тут-жа скочыў на ранейшае месца і, скардзячыся, загаварыў:

— Дык ведаеце, дзядзечкі, на мяне і на Янку Грыба ўвесь час грозяцца. Нават па вуліцы прайсьці боязна. Прыехаў, згуртаваў хэўру і пад’южвае…

Ад надышоўшай злосьці Васіль ня мог ўсяго выказаць і, замест слоў, некалькі хвілін адчаяна памахаў рукою.

— Думаеш, ніхто ня ведае? — уставіла Тадося: — а з Прыдатчанкаю праз каго ўсё вышла? Праз гэтага самага абармота. Падгаварыў-падгаварыў дзяўчыну, наплёў усяго на нашу сям’ю і зьбіў з панталыку… То была добраю, рахманаю дзяўчынаю, а гэта гаварыцца не дае аб Васілі…

Тадося паглядзела на сына.

— Праўда?

Васіль кіўнуў галавою.

— Вось бачыце… — Ну, яшчэ закусеце… — Каб не бацькі — зусім зьвіхтавалася-б дзяўчына. Але добра, што Мікола ды Марта моцныя людзі — узялі дачку ў рукі… Ого, што і казаць! Гэта згубцы нейкія… Тут толькі ад Андрэя залежыць…

Старшыня-ж з усіх гэтых гутарак выводзіў адно: на яго сілу і начальніцкую моц «пакладаюць надзею многія паважаныя сілоўцы». Значыць, яму суджана зрабіць вялікую справу «ўміратварэньня» воласьці. Няхай ён падчыняецца земскаму ці прыставу, а без яго нельга падыйсьці ўмела і дасьціпна да вясковых умоў. Гэта — заданьні старшыні. Часамі гэтага не ўважаюць па начальству, а, сапраўды, яно нясуменна.

— Будзь спакоен, Васіль! — пацешыў старшыня: — усё зробіцца. Твайго кшталту людзям будзе заўсёды лепш жыць. Вер! Усе гэтыя дэмократы і соцыялісты нойдуць сабе належны прытулак… Начальства ня сьпіць, — Андрэй паківаў пальцам, — яно ведае, дзе ракі зімуюць…

У гэтым напрамку гутарка працягнулася яшчэ з поўгадзіны: госьці не шкадавалі ні слоў, ні праклёнаў, накіроўваючы іх на бунтаўшчыкоў-дэмократаў; вынаходзілі розныя абвінавачваньні іх, прыпісвалі ім віну ў сухавеях, у градабіцьці, у няўродах і інш. А калі выказаліся ўволю, расходаваўшы цікавасьць і запас слоў, — перашлі да песень. З добрага пачатку старшыні прапяялі некалькі трапароў і перашлі да сьвецкіх. У пяяньні прынялі чынны ўдзел Васіль і Тадося. Да гэтага ўвіхаўшыся каля гасьцей, цяпер яны прыселі да стала і шчыра, да адказу адчынілі вусны.

Пяяньне забрала цэлых дзьве гадзіны. Ажно зьдзівіліся ўсе, калі Хлёр выпадкова паглядзеў на гадзіньнік і праказаў:

— Ого, а ўжо першая гадзіна па поўначы!

Тады зарухалі на месцах, і тут-жа пачалі вылазіць з застольля. Першым вылез на хату старшыня. Каб паказаць сваю далікатнасьць, ён падышоў да Тадосі, працягнуў ёй руку і падзякаваў; тое самае зрабіў і з Васілём. Апанас і Дзям’ян абмежаваліся слоўнай аддзякай.

Тадося з прыемнасьцю прыняла далікатнае абходжаньне Андрэя і для выгляду запрасіла мужчын яшчэ крыху пасядзець.

— Чаго вам дрэнчыць? А калі ўдзень спачынеце? Расклапаціліся ўжо вельмі! Астанецца на ваш век працы! Частуйцеся!

У яе голасе і ў рухах адзначаўся павышаны настрой і рэдкая для яе раздобранасьць. Падыходзіла то да аднаго, то да другога і таўхала іх у плечы, цягнула за рукі, намервалася цалавацца. А калі ўсё-ж гэта не пасабіла і госьці намерыліся ісьці, яна зрабіла нездавольную міну і спакойна прамовіла да ўсіх:

— Ну, калі ўжо згаварыліся не паслухаць — нічога не парадзіш. Сілаю-ж мы вас ня ўтрымаем…

Крыху памаўчала і іншым тонам дабавіла:

— То ўжо выбачайце хаця: чым хата багата. Прыжджом Васілёвага вясельля — іначай загуляем…

І, правёўшы гасьцей з двара, на разьвітаньні дапомніла ім:

— Вы-ж помніце тое, што я мушу вас бачыць на Васілёвым вясельлі. Вы дзеля мяне найлепшыя сваякі… Андрэй, ці чуеш? Прыяцель ты наш харошы — не адлучайся нікуды!

— Не, не! Дзякую, Тадоська, дзякую.

— Тут не ў падзяцы рэч…

Іх гутарка, рэзкая і гульлівая, сярод ціхай ночы, зычным водгукам разносілася ва ўсе бакі.

Адказам на яе з Сівулінскай вуліцы данёсься трывожны стук бражджоткі. Гэта паслужыла перасьцярогаю, і госьці змоўклі ды паціху разышліся.

Тадося з Васілём вярнуліся ў хату і патушылі агонь.


V

ВЯРНУЎШЫСЯ З ВОРЫВА, Сёмка пры ўезьдзе ў двор прыкмеціў, што ў хаце сядзіць нехта чужы: запаленая лямпа сьведчыла, што да іх зашоў рэдкі госьць — пры сваіх паліцца газьнічка. «Хто-б то быў і з якое прычыны, цікава?» падумаў Сёмка, і як-бы ў адказ думкам, пачуў:

— Дзе ты блытаўся гэтак доўга? Ты, брат, мы бачым, буржуем хочаш стаць: жарты, да поўначы сядзець на полі.

Сёмка пазнаў па голасу Сроля Доўгага, наезнага ў Сілцы гарбара, сябра сілцоўскай організацыі.

— А як-жа, мушу гаспадарства даглядаць. Гэткія нашы ўмовы.

Зьлезшы з драбін і паглядзеўшы ў вакно, заўважыў у хаце і Віктара Стаўбуна, які аб чымсьці вёў гутарку з Сёмкавым бацькам.

— Наша справа — ня ваша: у нас няма абмежаванага рабочага дня: узышло сонца — выяжджай, зашло — канчай. А ў вас: перабыў свае дзесяць гадзін — і бывай здароў.

Загаварыўшыся, ён паціху пачаў распрагаць каня і ўладавацца з ім.

— Ды кінь ужо, я сам распрагу, — вышаўшы ў двор, пераняў бацька: — хлопцы, вунь, чакаюць гадзін со тры. Ідзі да іх у хату… Пэўна, настаў, каб заараць усю палосу — так бавіцца…

— А такі чуць-чуць і не ўхадзіў ад сьценкі да граніцы, — нахваліўся Сёмка.

— Я так і ведаў… Чуеш, маці? — крыкнуў Хведар праз акно: — Сёмка ўхадзіў каля чацьвярых ганоў! Ха-ха-ха! Вось маладзец!

— Ды навошта табе было гэта?! — выказалася маці.

Сёмка пакінуў бацьку пры кані, а сам увайшоў у хату і павітаўся з таварышамі.

— Бачыце, як страшыдла якое! — паказаў ён на сваё адзеньне! — калі тое будзе, што магчыму я з поля прыехаць падобным на чалавека?

— Можа і будзе, — выказаў Сроль: — тады, як і мы ляпей выглядацьмем.

— Ды, не, дзеткі, вам гэтага ўжо не прычакаць, — разуверыла іх Сёмкава маці: — хаця-б так, як ёсьць, было-б заўсёды…

Сёмка прысеў на ўслоне, скінуў шапку і паведаміў таварышоў:

— Думаеце, чаму я так запазьніўся? Ехаў да гасподы і напаткаў Мікалаішку Зосю; узяў падвесьці, і як разгутарыліся, дык і заняўважылі, ці ідзе конь ці стаіць. Так шагам і краталі болей гадзіны.

— Мы так і ведалі, што тут не бяз прычыны, — пакпіў Сроль.

— Тота-ж: дзяўчына тым болей.

— Да ты за дзяўчатамі, бадай, шчырэй гонішся, як за зямлёю, — дадаў Віктар.

Маці за нечым вышла ў сенцы.

— Ды тут, ведаеце, надзвычайны выпадак; трэба было з Зосяю перагаварыць сёе-тое. Рыгор перадаў паклон, а побач хацелася вызнаць яе настрой у зьвязку з сватамі, усё разам мела пэўную цікавасьць…

— Дык Рыгор, знача, ужо кінуў нас, — з несхаванаю спагадаю вымавіў Віктар: — так, а шкода, ведаеце, яго. З ім іначай чулася. Каб жыў тут — можна было-б шырока працу разьвярнуць — яго і вопыт багаты, і здольнасьці немалыя… Бяда наша ў тым, што нічога добрага не застаецца ў нас; вынікне, пакажацца таленавіты хлопец — і зараз-жа едзе ў горад. А тут — як была пустач, так і астаецца… Вось і паварушы людзей…

— Няма з намі, то ў горадзе сваё нагоніць, — суцешыў Сроль.

— У горадзе! — не згадзіўся Віктар: — горад больш нашага мае… ды гораду ня столькі людзей і трэба… Самы грунт у нас ды вось у гэтых вёсках. А Рыгор якраз і падходзіць да мясцовых умоў: селянін, і гэткі верны соцыялізму… Не здарма-ж яго так ненавідзелі нашы багацеі. Чулі, чым пахла ад яго. Колькі стараньняў палажылі, каб збавіцца як…

— Праўда, праўда, — падмацаваў Сёмка: — каб Рыгор пабыў яшчэ колькі часу, дык не здабраваць-бы яму…

— Ну, з часам аддзякуем.

Сёмка засьмяяўся і пачасаў патыліцу.

— Братка, Сроль! Хто яго ведае, ці хутка дачакаем мы таго часу… Бачыш, прыкмет мала. Дзевяцьсот пяты год адышоў далёка, а новага ня відаць. Тымчасам абцугі ўсё цясьней сьціскаюцца.

— Пэўна, яшчэ шмат трэба змагацца. Можа і не прычакаць нам, ну а дзеля другіх ня трэба?..

Сроль змоўк і паглядзеў на дзьверы. Сёмкавы бацькі ўвіхаліся на дварэ, абгаворваючы хатнія пытаньні. Брат Сёмкі, Ігнатка, што дагэтуль пільна прыслухоўваўся да іх гутаркі, зьнябыўся і прыкархнуў.

— Слухай, Сёмка ціха, — на вуха Сёмку прамовіў Сроль: — мы прынясьлі да цябе схаваць літататуру; толькі што атрымалася з Вільні. Трэба будзе распаўсюдзіць на Пётру, а ў нас няма як пакінуць. Ты дзе-колечы ў гумно ці ў хлеў запхні, і хай паляжыць.

Сёмка памаўчаў і прычыніў акно. Падумаў крыху і адказаў:

— Што-ж зрабіць: няма дзе ў вас, захаваю я. Ці-ж то пяршыня? Прыносьце.

Сроль засьмяяўся.

— Ужо прынесена — вось.

Ён паказаў на нелапы пак паперы.

— Тут пяць тысяч — хопіць па ўсх дарогах. На Пётру ў абед трэба будзе рассыпаць.

Сёмка ўзяў пак і хутка аднёс яго ў падпечак.

— Заўтра перахаваю…

У гэты момант у хату вярнулася маці. Не падазраючы нічога, яна адвярнулася ў мыцельнік і пачала ўвіхацца з пасудаю. Неўзабаве ўвайшоў і Хведар.

— Сёньня ўжо хай конь пастаіць у хляве, — прамовіў ён да Сёмкі.

І прыняўся за люльку. Шчыра зацягнуўся некалькі разоў засаб і пусьціў на хату густыя камякі дыму. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Маці не ўцярпела і вылаялася:

— Прыпаў ізноў, як муха да мёду. І ня скучыць, ліха яму! Адну за другою, адну за другою! Гэта-ж сталёвае сэрца трэба… Ды тое перапятрае… Можа ўжо і так усё нутро прасмаліў. То-ж жартачкі, няма ўнімку, няма сьціханку: смаліць ды смаліць… Вось-жа і Сёмка мужчына, а і не падумае…

— Будзе, годзе, годзе ўжо! — пераняў Хведар! — ты мяне не перайначыш…

Ён сеў каля печы і прадаўжаў спакойна курыць.

— Цьфу! — сплюнула маці і перашла на ціхі голас.

Сёмка пераглянуўся з хлопцамі і ўсе цішком засьмяяліся. Але, каб не прыдаваць увагі бацькоўскім спрэчкам, яны перашлі да новай гутаркі, якую ўзьняў Сёмка.

— А вы ведаеце што? Нашым хлопцам усім трэ’ было-б у горадзе пабываць. Апроч карысьці — іншага нічога. А то мохам абрасьцём у гэтым глухім кутку.

Віктар вышаў на хату.

— Ды, прызнацца вам, — з настроем прамовіў ён: — я такі і рашыўся пусьціцца за Рыгорам. Паеду, павандрую па сьвеце. Можа не загіну… Працы найду — абы здароўе было. Няпраўда?

— А што ты дўмаеш? — падтрымаў яго Сроль: — паедзеш і работы дастанеш, і сьвету пабачыш, і назад вернешся. Ды калі які час прыдзецца бяз працы пабыць — выручаць хлопцы… Я таксама быў у гэткім становішчы, як з Веліжу ў Сілцы дабіраўся: каля дзесяці местаў праехаў, пакуль натрапіў на работу; і хлопцы ўсюды выручалі — не галадаў. А здому пусьціўся з адным рублём… А калі, часамі, і давядзецца крыху пацярпець — што-ж: на горы жыць вучацца.

— Ды яно-ж так. Баішся воўка — у лес ня ідзі. Думаю восеньню проста на Слонім пусьціцца.

— Хіба і мяне бяры з сабою? — напоўжартоўна ўставіў Сёмка: — куды-ж мне аднаму ў Сілцох заставацца. Хай яна залядзеецца, гэта зямля.

— А чаму-ж не? — ухапіўся Віктар: — сапраўды, давай разам. Зьбяры з поля і паедзем.

Сёмкавы бацькі нашарохаліся: Рыгор быў яскравым прыкладам. Чаго добрага возьме і паедзе і Сёмка. Хведар заварушыўся на лаўцы і многазначна кашлянуў. Настаражылася ў мыцельніку маці; яна кінула важданіну з пасудаю і адвярнулася да хлопцаў, паглядзеўшы на іх сур’ёзным узрокам.

— Бацькі-ж мо’ ня будуць пярэчыць? — дапэўніўся Віктар і паглядзеў на мацеру.

Тая зрабіла крок уперад і замахала падкасанаю рукою.

— Вось ты толькі не пад’южвай Сёмкі, — з налётам злосьці ў голасе праказала яна. — Зьбіраешся ехаць — то едзь сабе здароў… Добра табе, калі яшчэ твае бацькі маладыя ды здаровыя… А Сёмка навошта нас пакіне? Жабраваць? Вунь глядзі, як Стэпе соладка бяз Рыгора… Едзем!.. — Едзь…

— Чакай, чакай, Саламея, — перасьцярог жонку Хведар, падняўшыся з лаўкі і вышаўцы на хату: — ты ня крычы гэтак, можна і ціха пагаварыць…

Ён пагладзіў бараду і адкашляўся.

— Баба — па-бабскаму… Давайце цішэй пагутарым… Вось хоць-бы ты, Віктар: кажаш — разам з Сёмкам ехаць у горад. Пачакай-жа, ну, а ты ведаеш, што гэта цягне за сабою? Пэўна і ня думаеш аб гэтым: сказаў — і ўсё. Ты-ж рамясьнік, а Сёмка? — хлебароб. Ты ў кожным месьце можаш дастаць работы — а Сёмка? За дворніка якога ці за вартаўніка ісьці? Чым ён выграе на гэтым? Абы ў горадзе быць… Браток, перад тым, як зрабіць, — трэба перш добра падумаць ды рашчытаць: а што ў скутку атрымаецца?

Хведар падступіўся яшчэ бліжэй.

— Вось у нас маецца мізэрнае гаспадарства — ведаеш сам: крыху тае зямлі, пара кароў, сьвінчо, каняка; мы паціху варушымся каля яго, уходжваемся і сяк-так назьбіраем на год хлеба; а то прызаробім часамі — так і жывецца. Ня важна, бедна, затое незалежна; як і што захацеў — тое зрабіў. Ня так — сваё дзела, асабістае. А ў горадзе? — папіхачом быць. Вось што важна, браце.

— То-та-ж і ёсьць, — дадала маці.

— Ат, дзядзька, часамі і ня гэтак! — не згадзіўся Віктар: — вы кажаце — ніхто вас не чапае? А сапраўды кожны дробны начальнік мае ўласьць над вамі. Вураднік, старшыня, сотнік — каму ня цяжка — кожны мае права паркануць вас. Гэта толькі лічыцца — вольны… А бывае ў горадзе — так добра нападзеш на работу, што можна махнуць рукою на ўсё іншае. Едуць-жа бяз жаднага рамясла і жывуць… ды яшчэ як жывуць! Хоць-бы ўзяць Рыгора: які ён вельмі быў рамясьнік — а, бачце, так падвучыўся, што зараз лічыцца лепшым спецыялістам.

— Або ты ведаеш? — перабіла Саламея.

— Ды не, братка, Сёмку няма чаго зарыцца на горад. Я-б і не перашкодзіў яму, нічога, але трэба праўду казаць…

Хведар матнуў рукою і вярнуўся на лаўку. Прынялася зноў за кінутую работу Саламея. Хлопцы пераглянуліся між сабою і некі час памаўчалі. Сроль паглядзеў у вакно і паказаў на нешта Віктару. Перашапнуліся.

Пасьля Сёмка знарушыў маўчанку.

— Ай, яно-та нам і ў горадзе кепска, дый тут ня лепш. Каб ужо сапраўды тая гаспадарка, а то сорам сказаць. Часам падумаеш-падумаеш — і, здаецца, кінуў-бы яе ды зьбег-бы куды- небудзь. Сьлёзы — ня жыцьцё. Каб ня верыў у будучыну — ня варта было-б і жыць…

— Дый што ты, сынок, кажаш! Не грашы яшчэ за сваё жыцьцё. Вунь як жыў з мацераю, пакуль агораў гэту зямлю! Хлеба ў хаце ня было, абадранымі хадзілі. А прыходзілася маўчаць, — каму-ж паскарадзіцца?..

— Эх, дзядзька, — умяшаўся Сроль: — у тым уся бяда, што вы маўчалі. А мы ўжо ня думаем маўчаць. І каб павясьці іншае жыцьцё — дык езьдзім па гарадох, вучымся, як адвыкнуць ад маўчанкі.

Хверад падняў вочы і некалькі хвілін пільна паглядзеў на Сроля. Пасьля спагадліва выказаўся:

— Што-ж, зычу посьпеху. Ці-ж я супроць гэтага што маю? Ніколі. Вучэцеся жыць іначай — можа што і выйдзе, але… ласьне ўся навука ў горадзе? Адны няхай тут, а другія — там. Бо калі і перайначваць — то з адным горадам не патрапіць…

Саламея адышлася з мыцельінку да печы і завіхнулася ў качэргах.

— Выбачайце, — раптам перапрасіў Сроль: — мы да таго засядзеліся, што далей нельга; а тымчасам Сёмка галодны сядзіць. Даруйце, што перашкодзілі вам цэлы вечар… Самі павячэралі, а людзям…

Яны накіравалі да дзьвярэй.

— Ды нічога. Думаеце, мы вас сароміліся-б, каб ужо вельмі хацелі есьці? — супакоіў Сёмка.

— Усё-ж нам пара ісьці.

Хведар зьлез з месца і намерыўся прайсьці за хлопцамі.

— Выбачайце, што горача пагутарылі з вамі. Усяк бывае…

— Ды што вы! — у адзін голас загаварылі Сроль з Віктарам: — Хто мог падумаць гэта? Ласьне мы ня ведаем цёткі ці дзядзькі? Вось калі! Наадворат — яшчэ нам трэба перапрасіць вас. Бывайце здаровы!

— Ідзеце здаровы, дзеткі.

Яны вышлі з хаты. Хведар пашоў за імі. А Сёмка адвярнуўся к акну і пачакаў, пакауль таварышы прайдуць міма.

— Ну, бывай! — кінуў Віктар.

— Прыходзьце нядзеляю!

— Яшчэ мо’ і да нядзелі разоў пяць наведаем.

Апошнія словы Сроль падаў з канца двара, пасьля чаго хлопцы схаваліся за рогам. Сёмка паглядзеў усьлед ім, адале кінуў узрокам на неба.

— І цямнюткая-ж ноч! — зьдзіўлена праказаў сам сабе: — а паветра — мэрам-бы хто разьліў луг. Проста, як у дзень! Добрая ўстанавілася пагода. Каб толькі так пастаяла які тыдзень — то ўжо і касіць патрэбна.

— Ды будзе ня будзе пагоды, а дзён праз дзесяць трэба зьбірацца на касавіцу, — рассудзіў Хведар.

Саламея падала вячэру на стол.

— Будзеце хлопца.

Хведар падышоў да ложка і пачаў катурхаць Ігнатку. Хлапец паварушыўся і штосьці замармытаў.

— Уставай! Зьверадзіўся вельмі!

За вячэраю ўзьнялася хатняя гутарка.

— А ў каго вы куплялі косы? Ці добрыя хаця будуць? — запытаў Сёмка бацькі.

— Хто іх ведае: выбіраць-то я, здаецца, выбіраў старанна. Можа з сотню перабраў. Зьвіняць добра… Ды ліха іх бяры, на касавіцу хопіць. Ня ўлезеш-жа ў сярэдзіну!

— Пэўна. Толькі і бяды…

— Толькі і бяды! Чаму-ж ты гаворыш так? Цудны які! Гэта-ж грошы каштуе! А дзе ты іх набярэшся, калі пачнеш выкідаць… — уставіла Саламея.

Хведара заўзяло:

— То хай-бы сама пашла і купіла! Ушчуваць можаш, нябось, а самой зрабіць — няздатна.

Сёмка заспакоіў бацькоў.

Пагутарыўшы яшчэ пра сенакос, як і што прыдабыць яго з боку дзесяціну-другую, сям’я скончыла вячэру і разышлася спаць. Было ўжо поўнач.


VI

СІЛКАЎЦЫ ПАЧАЛІ КАСАВІЦУ за чатыры дні да Пётры. Пагода якраз устаялася і абяцала працягнуцца надалей… Гэта спрыяла касавіцы і нельга было адкладаць. Тым болей у гэтым годзе швыдка пасьпявала жыта. За якіх тыдні паўтары пасьля Пятра магло наскочыць жніво.

Ужо дзён за два перад выхадам на паплавы пачалася падгатоўка: сілкаўцы зарухалі каля гумен, каля кос, каля вазоў. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю-ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў касьсё, хто майстраваў да парогу ці да калодкі бабку. А з полудня перад днём касавіцы, пашло агульнае, дружнае, як па згаворы, кляпаньне кос. Перш рэдкія нясьмелыя стукі паляцелі з аднаго двара, адгукваючыся праз вуліцу ў другім, а пасьля часьцей і часьцей, пераскакваючы з двара на двор, з вуліцы на вуліцу пакаціліся яны срэбным шротам усьцяж вуліц, праз гароды і сады, па ўсім мястэчку. Зазьвінелі тысячамі неразрыўных, перабойных удараў, зьліліся ў густыя пацёкі зьяднанага пагоджанага пяяньня. Мэрам-бы па нечым вяленьні іх стальны перапеў выліваў магутныя мэлёдыі працоўнае сымфоніі.

Час-ад-часу, папераменна, неабачнаю хваляю пералівалася ўдоўжкі і ўшыркі лёгкае ападаньне гукаў траскатні, каб зараз-жа аддацца новым уздымам. Праз гадзіну, калі стук увашоў у роўнавагу, ён, здавалася, зьліўся ў адну суцэльную крэпкую гаму, выглядам конуса верхавіна якога сыходзіла ўверсе гострым шпіцам, а аснова шырокім веерам абдымала ўсе Сілцы. У віхры бразгу танулі ўсе іншыя зыкі. Ды іх, напэўна, ня было ва ўсім мястэчку. Бо птушкі, што не пасьпелі вылецець у поле, гавяда, што асталася пры доме, дзеці і старыя, што не адлучыліся з мястэчка — усе замоўклі і прыслухоўваліся да ўрачыстых зыкаў кляпаньня кос. Нават дзярэўцы ў садох настаражыліся і не трапяталі лісьцем; нават ветрык зранку павяваўшы, прыціх паміж платоў, за вугольлем, зьнізіўся да расьлін. І атакованае на небе, сінім пабялеўшым ад жары, сонца не хацела доўга сходзіць кнізу. Толькі цёплае паветра, раскалыханае самым стукам, нэрвова трапяталася пад асьвечанымі капяжамі хат, над зелянінаю гародаў, у шчылінах загарадзі. Мэрам-бы ўцякала кудысь к лесу, за мястэчка на прастор, дзе-б ня гудзелі гэтыя сталёвыя восы.

Кляпаньне цягнулася да заходу сонца, да цёмнага; урэзалася ў нетры ночы, дасягнула поўначы і, праўда, зацішаным голасам, але падляцела на спатканьне ўсходу сонца. І было яму вітаньнем, і было разам маршам для касцоў, якія з расою, якая нібы вытварылася з гучных мільённых удараў малаткоў, пашлі на свае палоскі.

Так, касцы амаль што ня спалі. Чуць завязаўся ў небе золак, яны паўзьнімаліся з пасьцелі, зарухалі, забегалі… У белыя торбачкі ўлажылі прыгатаванае жонкамі і мацеркамі сьнеданьне. У спалосканыя баклажкі нацадзілі халоднае, чыстае вады. Перакрыжаваліся, мэрам рыцары, зброяю, ядою і трункам. І, як тыя-ж рыцары, у роўна-белым зрэбным палатне з косамі, адбітымі да бляску, адточанымі да брытвы, уснашчанымі мянтушкамі, пашнуравалі сьценкамі і дарожкамі, сьцежкамі і межамі ў бок хвойніку. Шнуравалі, а сьвятло ярчэла, золак разгараўся: у першых — серабрыліся на косах джалы, а ў чародных — чырванелі. Першыя адзначалі касьсямі косыя крыжы на ўзрошанай траве, а апошнія не падмочвалі і ног. Але к усходу, калі над хвойнікам спыхнуў крывяны пажар праменьняў і вярхоўя стройных хвой абярнуліся голкамі ў бок выглядаючага сонца, і апошні касец змоўк, перабег прагон ад Сілцоў да паплавоў і стаў у новы шэраг, у шэраг на работу.

Тым-жа зьяднаным гмахам, які выцінаў музыку кляпаньня, захапіліся касцы ў касьбе. Так плывуць рыбакі на доўгім, лёгкім чаўне, паднімаючы і апускаючы ў воду вёслы; так сякуцца ў атаках на вайне, размахваючы шаблямі, штыхамі. Касцы — былі першым шэрагам салдат, што ідуць у наступ, стыкаюцца з ворагам і пачынаюць секчыся. Толькі мігалі доўгія дугі пад лязамі блішчастых кос! Толькі сьвісталі сьмяртэльную песьню стромныя замахі, кладучы сьвежую траву ў роўныя пакосы. Мэрам разгорненыя сувоі палатна расьцілаліся роўныя пракосы зялёнага мяккага мошасту. Радкамі, на локаць адзін ад другога, між прагалін зялёнай пакошы. Пракос ад пракосу аддзяляўся густою бародкаю травы, якое не падцінаў насок касы.

Над зялёнымі паплавамі насіліся дробныя хвалькі густога паветра; качалі на сабе матылькоў, стрэлак, вос; блыталі лёгкія нітачкі-павуцінкі. Трапяталі незгамонныя жаўранкі, то ўзьнімаючыся высока ўверх, то каменем падаючы ў траву. А трава, падцятая касою, выдыхала сваё зялёнае жыцьцё густым мядовым водыхам. Дзяцельнік выпускаў белы мёд, мяцёлка — крышталёвыя капелькі сыропу, малачайнік — ліпкую, белую сымятанку, казачкі — цукроўку. Кожная травінка, кожная зялінка вылівала апошнія сокі, варочаючы іх па ветру, касцюм, каб пасьля пераняла іх зямля дзеля новата ўзросту травы. І шырокімі, бурлівымі пацёкамі разьліваўся пахучы водыр над поплаўным галам, паіў касцоў, бадзёрыў іх для нясупыннай працы, жывільнаю сілаю пераліваўся па разгарачаных постацях, асьвяжаў кроў, бунтаваў сэрца, роіў бадзёрыя, жыцьцярадыя думкі і надзеі.

Глыбока дыхалі касцы! Узьнімаліся падгарэлыя смуглыя грудзі, выстаўленыя з-пад кашулі на гарачае сонца, пілі мядовы сенны пах; трапаліся на галовах лахматыя палойкі нерасчэсаных валос, цьвёрда пераступалі ногі. Тыя, што прышлі першымі, урэзаліся свімі палоскамі глыбей ад другіх, ад прышоўшых пазьней. Шэраг касцоў выглядаў паломаным, пабітым на ўстуцы, але калыхаўся раўнамерна, як па ўказцы. Толькі тры-чатыры чалавекі з агульнага ліку папераменна мянцілі косы. І шасталі мянтушкі скрыпячымі зыкамі, пераплятаючы імі посьвіст кос, і аддавалася рэха дзесьці далёка-далёка за паплавамі, мэрам-бы звала каго… Звала грабцоў.

Ужо з абеду пачалі яны прыбываць на пакос. Ішлі па адным, па два, грамадкамі; з паднятымі ўгору граблямі, з гаршчэчкамі і слоікамі, несьлі абед для касцоў — вясёлыя, рухавыя: жанкі, дзяўчаты, хлапчукі, дзеці; жанкі і дзяўчаты ў белых хустачках, схаваўшы ня толькі голаў, а і ўвесь твар, у лёгкіх кашульках высока падаткнуўшыся. На зялёных межах выразна адзначаліся тоўстыя ікры ног, як белыя слупкі; над гладзьдзю жытніх палеткаў, ужо пасьпяваючых, калыхаліся пукатыя грудзі. Дзе ішла грамадка — чуліся песьні: неразрыўным касьніком слаліся ад Сілцоў да паплавоў.

Абед рабіў перабой разгойданай працы: касцы клалі на пракосах косы, утыкалі іх пры сабе і ўсаджваліся за яду. Пачыналася гутарка, але не на доўга. Ня можна марнаваць часу: толькі мігалі рукі над гаршкамі. У хвілі спраўляліся з страваю, запівалі падагрэтаю ў баклажцы вадою, уціралі рукавом пот і ізноў браліся за косы. Мянцілі, пазіралі на сонца і на поплаў, адмяралі шагамі правіловасьць мяжы.

Касілі.

А пабялеўшыя пракосы, накошаныя з раньня, перакідаліся грабцамі на другі бок. Мігаліся граблі, і ў агульным выглядзе паяднаная работа касцоў і грабцоў выказвала сабою вясёлую, рэзвую ігру-гулянку ў русалкі, у карагод ці што іншае.

Яшчэ дзівавей стала к вечару, калі на паплавох пачалі ўзрастаць круглыя стройныя копы; яны выступалі мэрам з зямлі, адбягаліся адна ад другой, гналіся за касцамі, ухіляліся ў бакі.

Вяртунамі забягалі між іх шалаўлівыя дзеці. І асеўшае над лесам сонца разагнала іх доўгія цені. Пастухі прыгналі стады кароў: пакоша — каровіна вясельле. Замукалі, зарыкалі, уподбег кінуліся на поплаў. Захрумсталі зубы сочную, маладую травіцу.

Частка пятая

[правіць]


ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

НА ПЁТРУ ў Сілцох фэст. Але людзей вабіць ня гэта, а тое торжышча, якое з даўных-давён адбываецца ў Сілцох у дзень гэтага сьвята.

Штогод Сілцы старанна гатовяцца да яго. З далёкіх аколіц, з суседніх мястэчак, а то і з павятовага гораду зьяжджаюцца на гэты дзень тысячы народу, які напаўняе мястэчка да нельга. Ад раньняга ранку да позьняга вечару вядзецца бойкае, буйнае торжышча. Ідзе гандаль на жывёлу, на збожжа, на рэчы хатняга вырабу. А помеж з гандлем адбываюцца пачосткі па корчмах, запоіны, барыш. Тут ня мала перападае і сілцоўцам. Кожны з іх мае знаёмага на вёсцы, які лічыць сваім абавязкам натрапіць да яго фэстам з цэлаю сям’ёю. А як-жа з госьцем не пачаставацца? Гэта ня часта, а раз ў год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватаньні, раскідаюцца запросіны. Пройдзеш па вуліцах Сілцоў, падзівішся на рынку — учуеш песьні, угледзіш пацалункі…

У гэты год, дзякуючы добрай пагодзе, зьезд народу перавысіў папярэднія гады: ужо зранку на рынку мала было вольнага месца. А к палудню ўся плошча да таго была напікована падводамі і людзьмі, што новапрыяжджаючыя мусілі спыняцца ў вуліцах, захопліваючы іх далёка ўбок ад рынку. У сілцоўцаў — дык проціў сьвята занялі ўсе двары… Шырока разьняты кірмаш глушыў мястэчка. Зьлітным грамавым гудам вісела над Сілцамі кірмашовая тарабаршчына. Крыкі гандляроў, — сьмех гуляючых, рагатаньне коняй, рык гавяды, піск сьвіней — усё зьлівалася ў аднушумную басовую ноту. Яе гудзеньне агартала шырокую аколіцу, цягнучы ў свой вір старога і малога. Людзі плылі да рынку, як вада, і ў згушчаным натоўпе, паднімаючы пыл, пацеючы, брудзячыся, удыхаючы цяжкае, смуроднае паветра, мятусіліся, мэрам мурашкі ў разварушаным мурашніку. Між бакі вялікага квадратнага пляцу цягнуліся праходы-дарогі, а па іх бесканечнаю чарадою тупалі тысячы людзей. Пярэсьценькія галовы, растыканыя парасоны, паднятыя ўгору аглоблі! На рынак сышліся ў лепшых вопратках, з рознымі надзвычайнымі думкамі і намерамі, з паднятым настроем, і кожны даражыў торжышчам, баючыся, каб дождж не папсаваў пагоды і не перабіў разьнятага пляну. Раз-у-раз сотні ўзрокаў паднімаліся ўгору, ганяліся за белацёмнымі воблачкамі і судзілі аб пагодзе. Хэўрамі дзяўчаты і хлопцы, паркамі, па адным па некалькі разоў абходзілі двухвярстовае кола рынку, перакідаючыся дзе ўзрокамі, дзе сьмяшком, дзе словамі. Сярод гандлёвых гутарак і чыннасьцяй ішлі палюбоўныя прызнаньні. Поруч з купляю-продажам, заўсёды абманным, зараджаліся знаёмствы, якія абяцалі шчасьлівыя хвіліны доўгіх, часта шчырых любошчаў, каханьня.


II

ПАСЬЛЯ ГУТАРКІ З СРОЛЕМ ДЫ ВІКТАРАМ наконт распаўсюджаньня проклямацый Сёмка ўсе дні перад Пётраю абдумоўваў як і што лешш будзе зрабіць гэта. Некалькі разоў ён патыкаўся зайсьці да Сроля і плянава абгаварыць, намеціць хлопцаў і падзяліць дарогі; але пачын касавіцы ня даў мажлівасьці зрабіць гэта; самі-ж Сроль з Віктарам таксама не надаўмілі сябе прыці да Сёмкі парадзіцца. Так міналі дні — так падасьпеў Пятрок. Сёмка зранку, не ўстаючы з пасьцелі, сам стаў абмяркоўваць гэта пытаньне. «Ісьці гутарыць з Сролем — няма рацыі. Трэба сказаць Пятрусю і ўдвох пойдзем на Ліцкі шлях, к Жмыгінскаму лесу і зробім справу. Будзе шыта-крыта. А то, чаго добрага, выбаўтне хто. А цяпер гэткі цяжкі час! Арышты ў Катлох і настойныя гутаркі аб тым, што будуць трасьці па ўсіх Сілцох. Няхай комітэт сам думае».

З гэтым рашэньнем Сёмка а дзесятай гадзіне сустрэў Пятруся. Расказаў яму — той эгадзіўся. Да Сроля рашылі ня ісьці, а лепш прайсьціся па рынку — вызнаць што-колечы. Так і зрабілі. Вышлі на рынак і абышлі некалькі разоў вакол плошчы, разьзіраючыся ды прыслухоўваючыся. З поўгадзіны патупалі з дзяўчатамі. З другімі хлопцамі не хацелі сустракацца, каб ня траціць часу. Але якраз на рынку напаткалі Сроля і ў кароткіх словах паведамілі яму пра свой плян. Сроль адобрыў.

А дванаццатай гадзіне Сёмка з Пятрусём былі ўжо дома. Пятрусь зайшоў да сябе, а ў гэты час Сёмка зьбегаў у гумно па праклямацыі, пералажыў іх на дзьве часткі, для сябе і для Пятруся і захапіў на ўсякі выпадак рэвольвэр, які пра запас ляжаў захаваным у страсе падпаветкі.

Пятрусь гародамі перашоў да Сёмкі, узяў частку проклямацый і вярнуўся назад, каб выйсьці за мястэчка паасобку. Але гэта не ўдалося — вышлі і стыкнуліся ля Сёмкавай хаты. Пасьмяяўшыся — пашлі ўдваіх, ні навошта не патураючы, — з гутаркаю, з сьмехам.

Каля хаты Прыдатных сьцішылі хаду і кінулі ўзрокамі ў адчыненае акно. Прымецілі, што ў хаце ішла клапатлівая мятусіна, разбаўленая вясёлаю гутаркаю. З дзесятак дзетак вілося перад хатаю і на дварэ, забягаючы нават у сені. Палілася ў печы.

— Прыдатныя гатуюцца.

— Так, зьбіраюцца выпіць за Зосіна здароўе.

— А, бачыш, Бераг узяў верх…

— Што-ж парадзіш — ня было настаяшчай супярэчкі…

— А добрая дзяўчына застанецца заразе…

— Вельмі шкода Зосі.

— Папраўдзе сказаць, Рыгор многаму віною…

Пятрусь пытальна паглядзеў на Сёмку.

— А што-ж Рыгор? Сілаю ня возьмеш. Наогул, у Зосі не хапіла рашучасьці. А паглядзеў-бы як чужыя дзяўчаты. Вунь, на станцыі ў Ліцку я запрымеціў дзяўчыну, каля нас сядзела, паказаў Рыгору. Поўнае падабенства Зосі! Рыгор гэта, нічога ня кажучы, — шморг, павярнуўся да яе, кіўнуў-маргнуў і пачаў гутарку. Мо’ думаеш, пасароміліся, ці што? Адкуль тая рэзвасьць знашлася, сьмеласьць — у вадказ ды ў адказ… Тут-жа пазнаёмілася з Рыгорам — адно я сяджу ды і дзіўлюся, як усё проста, звычайна. А каб, сказаў, дзяўчына абы якая — лялечка: ні каліва ня ўступіць Зосі. Пэўна, трэба думаць, што Рыгор і паехаў з ёю сумежкі… А каб гэта на нашых дзяўчат, дык ці сядзела-б моўчкі, ці плакаць кінулася-б…

Пятрусь зацікавіўся гутаркаю Сёмкі — зацікавіўся тэмаю апавяданьня.

— Гэта было на ад’езьдзе? — запытаў.

— Так, вось-вось…

Пятрусь сказаў:

— Яно-то праўда, што Зося паддурыла. Чаго ёй было трусіць! Жыватугам не аддалі-б. Пагрызьлі-б бацькі, пагрызьлі-б, а пасьля і замаўчалі-б.

Гутарачы, яны сышлі з горкі, мінулі рачулку. Каля Берагавае хаты прымоўклі і пільна паглядзелі ў вокны, ці не сядзіць хто і ня бачыць. У вокнах ніводзін нікога ня прымеціў, а Пятрусь угледзеў на дзьверах замок і штырхануў Сёмку, праказаўшы:

— На рынку недзе, хата на замку.

Тоўсты жоўты сабака, Ніц, расьцягнуўшыся пірагом, чутліва ляжаў у кутку між плотам і брамаю. Расплюшчыў вочы і правёў хлопцаў.

Далей, між гумнамі, пэўней было ні з кім не спаткацца: нідзе нікога. На рэдкіх прыгуменьнях пасьвіліся прыпятыя коні, на невялікіх дзярэўцах чырыкалі вераб’і. Але — пакуль узышлі на грудок — хлопцы азіраліся назад. Азіраліся і лавілі вушамі прыліў рынкавага гоману, які саматугам адрываўся з зямлі ды нёсься ўпрочкі з мястэчка. Кірмаш кіпеў буйным жыцьцём, не патураючы на нічога, папераджаючы ўсю іншую справу кожнага сілцоўца і блізка Сілцом чалавека. Напэўна, каб і сказаў каму, што якіхсьці пара хлапцоў кінулі ўсякую ўрачыстасьць у мястэчку і накіравалі за якімі там справамі ў поле — ніхто не паверыў-бы. Як, ласьне можна памяняць фэстаўскае сьвята Пётры на што-колечы іншае? Каму гэта ў голаву ўпадзе? Мо’ аднэй толькі поліцыі. Але — то ня дзіва, бо яна ніколі неспакойна. Усюды і ўсягды ёй бачыцца і сьніцца, як людзі заняты справаю змаганьня з існуючым ладам. Потайкам і яўна. Скрытна і адкрыта. Проста і хітрыкамі. Усе, усе, а найпаўней — моладзь. Організацыя — рамесьнікі, краўцы, гарбарчукі.

Гэта мелі на ўвазе Сёмка з Пятрусём, калі ня верылі загуменнай сьцішы і правяралі сябе частымі возіркамі. Ня шкодзіць быць старожкім… Пакуль яшчэ можна абхітрыць у выпадку чаго.

Але гумны хутка апынуліся ўзадзе: перад імі разьлягліся папарныя галы, на ганоў двое ад апошняга гумна. Загуменьні калыхаліся румяным збожжам усіх выглядаў — ад жыта да канюшыны. Мэрам знарочыстая разасланая тканіна — зялёна- сьветла-зялёная з жоўтымі палоскамі разгарталася абапал сьценкі збажына. Управа, на поўнач, з-за лёгкага ўзгорку віднелася страха бліжэйшых да Сілцоў хутароў, ад іх убок — крыжаваў крылы вятрак. Вось выбег з-за мяжы, з-за жыта, нечы сабака, плямісты, буйны, і пусьціўся наўскасяк, праз папар, да млыну. Пэўна, пачуў іхнюю прысутнасьць, бо, адбегшыся, пачаў раз-по-разу азірацца. Доўга ня выходзіў з ваччу, а пасьля зьнік за горкаю.

Хлопцы правялі яго ўзрокамі і адвярнуліся к лесу, які перапінаў папарны разгон. Над яго шэрым галам ляталі рэдкія жаўранкі, але чамусьці не хацелі шчабятаць. Накіроўвалі да паплавоў, што ганоў праз пяцёры, у лёгкай лагчыне, зялёнаю плямінаю пярэсьцілі шэры гал.

На папярочцы-сьценцы, што аддзяляла загуменьні ад папару, хлопцы прыпыніліся парадзіцца, як ісьці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Вымеркавалі час, далячыню, выгаднасьць пустэчы папару і пастанавілі шнураваць на цянькі, усьцяж палосак. Выбралі шырэйшую мяжу і адзін за другім, гуськом, пашлі.

Мястэчка аддалялася — апускаючыся за горку. Гоман рабіўся ціхім, глухім. Каркала варона ці квактала перапёлка, выпадкам пралятаўшыя над імі — заглушалі яго.

Каля поплаву хлопцы перашлі на косую сьцяжынку, што вытапталі каровы, а пасьля даезьдзілі хурманкі. Сьцяжынка меркавала тым-жа кірункам, што і самы шлях, толькі на адгон, невялічкаю палогасьцю, нібы баючыся выявіцца. Была выгадная дарога, але падбліжаўся лес і сурова пазіраў цёмнымі вачмі на бунтаўшчыкоў. Таіў у сваіх нетрах невядомае, неспадзяванае. Нейкаю скрытнаю сілаю закідаў на хлопцаў і заварожваў да сябе іх узрокі. Абудва з пачуцьцём няпэўнасьці адчувалі яго блізасьць — знаёмае пачуцьцё настарожлівасьці перад важнаю справаю, а для другіх перад праступкам. Сёмка маўчаў — маўчаў і Пятрусь. Кожны ведаў пра другога настрой, навошта казаць. Нават не пераглядаліся, а, устраміўшы вочы ў цёмную сьцяну, ішлі, ня думаючы вяртацца, не азіраючыся.

Здалося доўгаватым пакуль параўняліся з гранічкаю, але з гранічкі зразу, занядбаўшы ўсё — скокнулі ў кусты. Затрашчэла гальлё — панёсься водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Лес жыў сваім жыцьцём: гулі шэршні ды авадні; доўб дзяцел сухастоіну-асіну; пархалі жоўтабрушкі, валовыя вочкі, сіваваронкі. Сам сабою абламваўся струхнеўшы сук і гопаў у мяккую траву; ад трапунковага ветру разам ускалыхваўся арэшнік і рабаціў у ваччу; смуглымі камякамі між густых елак ціснуўся змрок. Людзкога жыцьця — ані знаку.

Улева прасьвечваўся гасьцінец. Не аддаляючыся ад яго, хлопцы прашлі ганоў двое лесам і спыніліся супроціў балот.

— Я думаю гэттака! — сказаў Сёмка.

— Давай.

Прыселі пад ельнікам. Дасталі з-за пазухі пукі проклямацый, дыхнуўшых сьвежаю хварбаю.

— Ты бяжы на той бок і адыдзіся ўперад, а я пачну з гэтуль.

Пятрусь пакінуў Сёмку; выбег на шлях, паглядзеў у вабодва бакі, матнуў рукою і схаваўся ў кустох. Сёмка пашоў за ім, таксама абсачыў шлях — нікога, і пачаў раскладаць белыя паперынкі. Палажыў з дзесятак — пры хвоях — на елках, пры каменьнях… Адагнуўся — ўгледзіў Пятруся. На момант сумеўся. Але тут-жа адышоў і ўвішна, бегаючы завілінамі, далей клаў бунтоўныя думкі на зямлю, каб пасьля перакінуць іх у нутры сялянства.

Хутка шлях ганоў на трое быў убраны проклямацыямі. Хлопцы цешыліся, гледзячы ды падсьцілаючы гусьцей.

Параўняліся з Юкаўскаю дарожкаю, якая выдзялялася з шляху і паварочвала ўлева. Прыпыніліся за ельнікам.

— Рэшту давай за канаўкаю расьсеем.

— Памойму — на Юкаўскай дарозе…

Раптоўны стук калёс перабіў іх: хлопцы тут-жа, як стаялі, пападалі — але не спалохаліся: падводаю поліцыя не паедзе — то з рынку. Прагарнулі раўкі і сталі сачыць, прыслухоўваючыся. На нейкі час стук заціх, а данеслася нявыразная гутарка; пасьля ізноў затарахцелі калёсы. І калі параўнялася з імі падвода, хлопцы ўгледзілі на ёй траіх мужчын, кожны з праклямацыяй у руках. Учуткі чыталі. Па тварах бегала радасная ўхмылка.

Сёмка штырхануў Пятруся ў бок, той азірнуўся — засьмяяліся абое.

— Ці-ж ня прыемна гэта бачыць? — шэптам праказаў Сёмка.

— Я думаю.

Паціху хлопцы адышлі ў кусты і скасілі на Юкаўскую дарогу. Вышлі на яе на крутым загіне, адкуль ня відаць было шляху ні з аднаго, ні з другога боку на сажняў пяць.

— Давай тут раскідаем рэшту і пойдзем хутчэй; зараз пачнецца разьезд.

Яны шпарчэй забегалі па дарозе, расьсяючы рэшту проклямацый. Угусьцілі дарогу, мэрам заслалі палатном; начаплялі на кусты.

— Хопіць многім. У добры час!


III

АБАІМІ ВАЛОДАЎ УЗДЫМНЫ НАСТРОЙ; не хацелася вяртацца дамоў — паглядзець-бы, як сяляне пачнуць разьбіраць агітацыйныя лісткі! Тут-жа, пад бокам у поліцыі разьвінаецца вялікая справа агітацыі супроціў пануючага ладу! Якая рызыкоўнасьць! Подвіг! Хлопцы адчувалі сябе ўдзельнікамі агромністага змаганьня за вызваленьне працоўных з-пад цяжкага ярма. Гэта адзнаньне ўлівала ў іх нутро сьмеласьць і задзёр. Лічылі сябе шчасьлівымі, што ачуліся ў гэткім становішчы і не хацелі ўспамінаць нядаўніх перажываньняў. З-пад кожнага куста глядзелі на іх ня згусткі цемні, а сьветлыя пляміны. Елкі, арэшнік — сьмяяліся трэпаньнем ралак і лісткоў. Дурманіў пах смалы.

Хлопцы пастаялі хвілін з дзесяць пры дарозе, палюбаваліся зробленым і заспакоенымі накіравалі дамоў. Яны не згаворваліся, кудэю вяртацца, але кожны бяз гэтага ведаў, што ляпей усяго ісьці праз пасеку, а там жытнімі палеткамі, зусім іншым бокам, як ішлі к лесу. Моўчкі сышлі ў кусты і павярнулі нацянькі да палеткаў.

— Давай выйдзем на сьценку, — запрапанаваў Сёмка, калі яны прашлі з поўганоў кустамі.

— Давай!

Заламалі ўлева, прашліся гушчарняком ганоў двое — не патрапілі і завярнулі направа.

Недалёка пачуўся пастушы гоман; зарыкала карова. Хлопцы на некалькі крокаў зьлевілі, але натрапілі на балота і мусілі трымаць правей.

— Заблудзілі, мабыць, — усумніўся Пятрусь.

— Нічога, давай больш не зварочваць.

— Я ўсе вочы павыпорваю…

Нарэшце, нечакана ачуліся на граніцы пасекі.

— Высьці то вышлі, але з якога боку?

— Пачалі адгадваць, меркаваць, пазіраць на сонца.

— Спанталыжыліся.

Улева ад іх прагукаў пастушок — «кся-а-го-го-а-го!»

— Давай направа.

Хлопцы прашлі некалькі сажняў і ачуліся на роўненькай, заросшай мяккаю мураўкаю палосцы. Яна паходзіла на мяжу, а не на праезжую дарожку. Лахматымі грыўкамі, мэрам палоскі дэсьні, выступалі два касьнічкі травы паабапал лёгкае лагчынкі, кудэю калісьці ступалі коні. За каляінкамі для калёс — шырэйшыя стужачкі таго-ж травянога ядвабу. З густога лесу жыта, спалавелага, вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатае валошкі, падгалісты куколь. Між комлікаў — вілася і на таўсьцейшым — то тут, то сям — гадзінаю абкручвалася бярозка. Маленькія вочкі — яе цьвет — глядзелі на падсушаную зямлю і губілі ў яе шэрасьці свой бледна-сіні, на чужых соках выхаваны колер. На сьценцы бялелі цюцюпаны, абдуванчыкі, жоўты малачайнік. Па ўсёй гэтай маўклівай прыгожасьці — толькі паўзком, мімалётна — каўзанулі хлопцавы ўзрокі і пасьля краскі і зелень, і жыта — асталіся для сябе чакаць больш цікавых, больш уважлівых, больш цёплых вачэй і шчырых адносін. Можа трапіць часам да іх гарадзкая дзяўчына, якая гадамі ня бачыла поля, убачыць і выкажа спагадлівыя словы — «Якая прыгожасьць!» А яны — Сёмка ды Пятрусь хлебаробы, — што ні дзень, ужо праз колькі гадоў стыкаюцца з імі пры нараджэньні і пры ўміраньні, пры зацьвітаньні і пры адцьвітаньні. Прывыклася: ім зараз вось патрэбна інакшае хараство — хараство высокіх пазываў, магутных калыханьняў, нясупыннага ўздыму.

Хутка вышлі на ўзгорак, апяразаны долам — ганоў пяцёра ад пасекі і з вярсту ад Сілцоў. Прыпыніліся, як па згаворы. Аглядзеліся навокал: ззаду шырокім дываном — далёка ўшыркі і карацей удаўжкі — расьсьцілалася пасека — пасьбішчы; улева, паднімаючыся да верху, на другі ўзгорак, кацілася паважнымі хвалямі жыта. На ўзгорку стыкалася з небам і, здавалася, стадкі авечка-хваль паднімаліся ўгору, каб упасьці на яго сіняе гала. Уперадзе зноў-жа ўзгрудак хаваў ад іх Сілцы. А ўправа — разгортвалася шырокая даліна: канчалася жыта — пачынаўся выган, а за выганам, аддзяляючы яго ад папару, віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены хурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. То разьяжджаўся кірмаш — ехалі дадому далячэйшыя госьці.

Шлях прыкаваў хлопцаў да сябе: яны ўстраміліся ў яго пільнымі ўзрокамі і мералі ад лесу да ўзгорку. Прагліся пранізаць вачмі чорную сьцяну дзярэў, дасягнуць да таго месца, дзе раскіданы проклямацыі і глядзець як іх будуць падбіраць. Супыняцьмуцца хурманкі, злазіцьмуць мужчыны ці хлопцы, падбірацьмуць па дзьве, па тры штукі.

— Ведаеш, Сёмка, так і цягне вярнуцца ды паглядзець.

Пятрусь стаў на наскі і працягнуў голаў, як-бы хочучы перакінуць ўзрокі праз лес.

— Нічога ня будзе. Падбяруць. Давай ісьці, — пацягнуў яго Сёмка за руку.

Яны пашлі, апускаючыся ў лагчыну. Шлях карацеў, а пасьля і зусім зьнік з вачэй — заступіла жыта з усіх бакоў, як сьцяна. Прыпарвала. Хлопцы зьнялі шапкі. Хацелася абоім піць.

— К вечару, а гарачыня.

Калі ізноў пачыналася ўзгор’е, пры заломе сьценкі, улева, жытамі, сілцоўскія людзі пралажылі вузкую беленькую сьцяжынку, нацянькі, як аднаму прайсьці.

— Заломім сюды і праз гароды.

— Не спрачаюся.

Ішлі працягнуўшы рукі — згіналі жыта — і гутарылі.

— Мала ўсё-ж, на гэткую грамаду! Ці было ў нас з тысяча? — шкадаваў Пятрусь.

— Хопіць. Было тысяча. Хай толькі кожную прачытае адзін чалавек.

— Тысяча чалавек! А часта адну прачытае некалькі ды ад сябе перададуць. Калі яшчэ тое будзе, што оратар магчыме казаць прамову гэткай грамадзе сельскіх людзей. Падумай — тысяча! Няхай палова пяройме думку і то што значыцьме!

Пятрусь памаўчаў.

— Добра, то добра… Але колькі патрабуецца часу, пакуль мы гэткім парадкам раскалышам вёску! Гукаем, швэндаемся ўкрадкаю па лесе ды па полі, а сьлед дзе?

— Што ты так раптоўна заняпаў духам! Муха за палец укусіла?

— Ня жарты! Сапраўды кажу.

— Кінь, браце. Захочам — і сьвет перавернем… раней ці пазьней, а перавернем. Закружыцца, як калаўрот, і толькі пыл паляціць ад старога… Вунь — як на Ліцкім шляху…

— А ты, як бачу, загарачы… Каб вачэй не засыпала.

— Прывыклі да пяску — усё жыцьцё рыемся.

— Было-б добра…

Гутарачы, глядзелі то на сьцежку, пукатую, з бакоў абмытую вадою, то на мігаценьне каласоў — і не заўважылі, як падняліся на ўзгрудак, дзе меншае жыта выкрыла іх. Ветрык, нагнаты з палудню, дзе згушчаліся хмары, трапаў іх косы і студзіў твары. Пачуўся выразны гул кірмашу, усё яшчэ зычны, цьвёрды, мэрам-бы ніхто і нішто яго не разрэдзіла к вечару… Мэрам-бы яго была несчарпаная крыніца, што вылівала ва ўсе бакі па гасьцінцах, а дапаўняла з-пад зямлі, каб трымаць адзін ровень…

Ізноў Ліцкі шлях — той самы наплыў людзей… Як-бы знарочыста наладжаная помпа выпампоўвала нязьлічаны лік хурманак і вылівала іх з цесных вуліц на польныя галы. Ажно бурліла пры будынках, што былі апошнімі ад поля.

Хлопцы ня спускалі вачэй, любуючыся людзкім вірам, пакуль не зашлі ў гароды, адкуль гумны засланілі шлях.

IV

ПАНЯСЛО ГНОЕМ І ПЫЛАМ — мястэчка. Праз вузкую вулачку яны прашлі на Тыльную вуліцу. Было прыкметнае ажыўленьне: многія з мяшчан толькі што варочаліся з рынку, іншыя ўжо сядзелі на прызбах і абгаварвалі перажыты дзень, дзяліліся чуткамі і навінамі, датыркалі наступнага жніва. З многіх двароў выяжджалі гасьціўшыя сяляне, разьвітваючыся з гаспадарамі.

Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. То сям, то там дзе стаялі каля хат, а дзе ішлі дамоў парачкі — хлапец з дзяўчынаю. На іх заглядалі, імі цешыліся кабеты.

Сёмка з Пятрусём павярнулі ў бок рынку. Ішлі паціху, мэрам-бы нічога ня ведаючы. Сустракаліся з знаёмымі — віталіся, калі ня бачыліся да таго, перакідаліся словамі, калі раней ужо сустракаліся. Але ніхто іх ня пытаў, дзе і што былі — таксама нікому ня было ўшманкі, што Сёмка з Пятрусём больш поўдня правялі ў адсутнасьці з мястэчку.

— Якаво вышла ў Сроля з Віктарам?

— Ці хадзілі яны?

— Павінны.

— А хто іх ведае: сустрэць-бы каторага з іх і распытаць.

З намерам угледзець каго-колечы з сваіх, лепш усяго Сроля, яны павярнулі ў Яўрэйскі перавулак, а адтуль на рынак.

Ня гледзячы на хмары і на позны адвячорак, на рынку яшчэ было людна, куды шумней, як у звычайны нядзельны дзень: вакол крам і пры будынках стаяла шмат падвод распрэжаных, з паднятымі ўгору аглоблямі; швэндалася многа селькіх людзей — адны за справамі з крамы ў краму, другія па піўных і корчмах, трэція ўсё яшчэ даспацыроўвалі; грамадкамі, як сходкі, у баку, пры ганках і дварох зьбіраліся мяшчане, вядучы бясконцую гутарку аб усім-усялякім.

Нясло гострым пахам гною і сьпірытусу.

Хлопцы прастаялі каля чвэрткі гадзіны, але нікога ня ўгледзелі.

— Пройдзем, хіба, — параіў Пятрусь.

— Пройдзем.

Рушылі ўправа, дзе выглядала больш мятусіны. Прашлі між шэрагу гандляроў — лыкам, гаршкамі, палатном, рашотамі, між «рускіх» з кніжачкамі і карцінамі.

— Відаць, Сроля нам ня сустрэць; мо’ дзе дома сядзіць?

— Пройдзем яшчэ раз вакола — і да хаты.

— А такі і гэтак.

Згадзіліся і павярнулі ўлева, але не пасьпелі ступіць, як ззаду пачулі вокліч:

— Хло-опцы-і, пачакайце-э!

Хлопцы азірнуліся і ўгледзелі дзяўчат — Вольку і Гэлю, якія іх наганялі.

— Хоць пад вечар ды злавілі! — пажартавала Волька, падаючы руку.

Гэля павіталася другою.

— Яны думалі, што мы ня знойдзем іх! — дадала яна.

У хлопцаў ня было настрою да сьмеху і жартаў, аднак, яны ня далі на гэта выгляду.

— Го-о! Хто ад вас вырвецца. Вы налаўчыліся лавіць хлопцаў, як кошкі мышэй, — адказаў дзяўчатам Сёмка.

— Спрытныя да мужчын, — уставіў ад сябе Пятрусь.

— Цьфу, Пятрусь! Ну што ты балхвіш! — пераняла Гэля.

Волька тузнула таварышку за рукаў капоты:

— Няхай брэшуць — не адрэжаш языкоў.

І тут-жа перашла на другое:

— Вось скажэце, дзе гэта вы цэлы дзень галёкалі?

— Вас шукалі.

— Кіньце дурыцца.

— Праўда, праўда.

— Ды годзі…

Пятрусь запытаў:

— Ці ня бачылі вы часамі Віктара?

— Віктара? — у вадзін голас перапыталі дзяўчаты.

Пасьля пераглянуліся і зьдзіўлена, у вадзін голас адказалі:

— Як, Віктара?!

— Ды так… Я насур’ёз, — патрэбен нам.

— Ну, ну, закідайце хітрыкі… Можа выпусьцілі?

— Каго і адкуль?! — не зразумеў Пятрусь.

— Ды кінь прыкідацца… Віктара-ж арыштавалі сёньня і… хіба выпусьцілі цяпер?

— Арыштавалі?!

Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Зацішылі хаду, а хутка і спыніліся зусім, як ашаломленыя ад нечаканасьці.

— Што вы кажаце? — памаўчаўшы, зьдзівіўся Сёмка.

— Гм! А ласьне вы ня ведалі? Вось мы і бачым, што вас ня відаць праз цэлы дзень.

Пятрусь крануў Вольку за руку, даючы знак, каб яна змаўчала.

— На дарозе ў Асаўкі злавілі стражнікі — проклямацыі раздаваў сялянам. Другі, што быў з Віктарам уцёк, а яго злавілі.

— То быў Хам Крупнік, — дадала Гэля.

Хлопцы далей нічога ня пыталі — было ясна, што справа прыняла нядобры зварот. Кожны па сабе пачалі думаць і меркаваць, што і як цяпер быць, каб поліцыя не захапіла ўсяе організацыі і не дакапалася да іх.

Сёмка стараўся прыпомніць усе тыя месцы, кудэю яны ішлі ў Жмыгінскі лес і кудэю вярталіся назад, стараўся праверыць, ці не падглядаў хто за імі, ці не падпільноўваў. Да яго падкрадалася сумненьне і ўставала небясьпека арышту і тых скуткаў, якія арышт за сабою пацягне.

Пятрусь пасвойму перадумваў тое самае; ён таксама ўлічаў усе скуткі таго, што трапілася, хоць думаць аб сваім арышце — ня думаў.

Да абодвых падышла нэрвовасьць і западозранасьць.

Дзяўчаты прыкмячалі гэта і пугліва пераглядаліся. Нарэшце Волька ня ўтрымалася.

— То можа нічога. Можа пераначуе і выпусьцяць. Ласьне ўжо тут вельмі сур’ёзна?..

Словы празычэлі, а ніхто зразу не адказаў. Толькі Сёмка пусьціў крохкую ўхмылку, якою засьведчыў Вольчыну наіўнасьць.

Вольцы стала ніякавата.

Гэля кранула яе за рукаў, намерыўшыся нешта сказаць. Пятрусь перабіў:

— А і надало ім ліха не ўсьцерагчыся.

Аглянуліся і падышлі да войсьця ў Сівулінскую вуліцу, патрошку пачалі пераходзіць да жартаў і няпрыкметна некалькі згладзілі ўражаньне ад арышту.

— Да хаты, да хаты! — парадзіла Гэля.

Моўчкі згадзіліся і пашлі ў вуліцу. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэньнях, якія бачылі на працягу дня. Расказалі далей, як напаткалі Зосю, у якім яна была настроі.

Гутаркі хапіла на поўвуліцы, да Сёмкавай хаты, дзе кампанія прыпынілася, хвілін пяць пастаяла і разышлася.


V

— АЙ ДЫ СЁМКА! Цалюсёнькі дзянёк, гэткі доўгі дзень і не паказацца ў хату. Ад раніцы, як вышаў, дык і ні абедаць, нічога. Галодны праз увесь дзень… Дзе ты быў, хаця, нябожа?

З гэткімі словамі стрэла маці Сёмку.

Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў:

— Вас ня было ў хаце, а я некалькі разоў прыходзіў. Два разы еў сёе-тое.

— Калі ты прыходзіў, та што ты еў? Я-ж амаль ня цэлы дзень сяджу дома, — і на рынак ня выходзіла. Няўжо-б ня бачыла, каб ты прыходзіў?

Маці задумалася, прыпамінаючы.

— Ня ведаю, дзе і што вы былі, толькі я вас не заставаў. Ня было ні бацькі, ні хлопца.

— Ласьне прыпомніш? Можа куды і адлучалася, — уткнуў бацька, які дагэтуль маўчаў, стаючы каля дваровага акна.

— Вось ты, хаця, Хведар, не плявузгай ліха ведае чаго. Што я, няпрытомная, ці што? Не адлучалася, кажу, праз цэлы дзень; нават знарок яшчэ яго чакала.

Хведар адступіўся на хату, матнуў нездаволена рукою і прамовіў:

— Заўсяголаў ужо з тым, што было. Кіньце ды давайце вячэрацьмем… Абы прышоў цэлы — хоць-бы і два дні ня было.

— Чаму вы кажаце «цэлым»? — падхапіў Сёмка.

Хведар абярнуўся к сыну.

— А таму, што, вось, Віктара ужо сцапалі.

— Адкуль вы ведаеце?

— Ведаю. А хто гэтага ня ведае? Усе Сілцы як у бубен б’юць. Я нават бачыў, як яго вялі… Усіх вас пераводзяць. Жыві ды чакай — бо пусьціліся ўжо на тое.

Ён падышоў к мыцельніку і памыў рукі.

— А малога яшчэ няма?

— Нідзе ня дзенецца, — адказала старая, завінуўшыся з качэргамі. — Балхвіш ты ліха ведае што, — перамяніла яна гутарку: — чаму гэта ты вымеркаваў так, што няпрыменнча ўсіх пераарыштуюць? Адкуль ты гэта ўзяў? Што, напрыклад, Сёмка шкоднае зрабіў для поліцыі? Або, каму ён чым перашкаджае?

Хведар вышчарыўся на жонку.

— Калі нічога ня ведаеш, дык сама маўчы… А Віктар што, патвоему, шкоднае зрабіў? Украў у каго што, ці падпаліў каго? Лісткоў некіх з дзесятак растыкаў сялянам — вось і ўсё. Можа сам знашоў дзе. А глядзі — узялі і арыштавалі. Тое можа стацца і з другімі. Бачыш, гэта-ж таварышы: і Сёмка, і Пятрусь, і Віктар, і Сроль. Панашаму — усе яны невінаваты, а начальству — бяльмо ў воку.

На дварэ занокаў хлапчук.

— Ігнатка прыехаў?!

Хведар кінуўся з хаты і пакуль вярнуўся з хлапчуком, на стале стаяла вячэра. Сёмка ўлазіў за стол, крыху пасуваючы яго ад лавы. На дварэ вечарэла. У хаце па куткох туліўся змрок; з надворку праз невялічкія акенцы глядзелася смуглае алавянае сьвятло.

— Можа засьвецім газьніцу?

— Абыйдземся. Павячэраем і спаць — навошта той агонь. Госьці ня прыдуць.

— А табе вельмі спаць закарцела! — падкрэсьліла зламысна Саламея: — высьпішся яшчэ — ня надта запрацаваўся… Вунь чужыя мужчыны на прызбах сядзяць і ня думаюць аб сьне. А гэта ўжо вельмі…

Яе перабіў раптоўны бразг дзьвярэй.

— Бачыш, людзі наведваюць, а ў нас у хаце, як у коміне — цемната. І агню засьвяціць лянуецца…

Саламея адбеглася да прыпеку, знашла сярнічкі і засьвяціла агонь.

Якраз увашла Стэпа.

— А я думала, што мо’ няма нікога ў хаце. Дабрывечар ў хату! — праказала яна.

— Дабрывечар! — за ўсіх адказала Саламея.

Сёмка папрасіў Стэпу сесьці.

— Сядай, сядай, сястрыца, — дадала ад сябе Саламея. — Гэта наш стары гэткі — прашу агонь запаліць, а ён і ні рыдае.

Стэпа прысела.

Мужчыны вылезьлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць.

— Што-ж, уладзіны глядзець пойдзеш? — абярнулася Стэпа да Сёмкі.

— Думаю, — адказаў той! — чаму-ж не паглядзець? Таварышка выходзіць замуж… А ўсё гэта прыдзецца Рыгору пісаць…

Стэпа як сядзела, так зразу пахмурнела і прасьлязілася:

— Ай, Сёмачка! — заківала галавою: — шчасьлівыя тыя бацькі, што з дзяцьмі не разлучаюцца: і гуляюць, і жэняцца, а бацьком пацеха.

Саламея кончыла вячэру і пачала прыбіраць са стала, Хведар прысеў каля прыпеку і закурыў люльку.

— Там Рыгорка, хто ведае, як маецца, а я тут усё плачу ды плачу па ім, вачэй не асушваю.

Не адгінаючы галавы, разуважыў Хведар:

— А ці паможа табе гэты плач? «Плачу, плачу». Карысьць вялікая ад плачу. Ведама, што цяжка аднэй…

Ён зрабіў перапынак.

— А з дзяцьмі, думаеш, лепш? Вось Рыгор там жыве і нібыта той, а тут, глядзі, Віктара Саўкавага заграбасталі… Трудна яшчэ сказаць, як тутака лепш…

— Хведарка мой, завошта-б майго Рыгорку арыштоўвалі-б? Ён-жа такі добры, што ніколі нікому ніякае шкоды не зрабіў…

— Ах! — Хведар паварушыўся на месцы і паматаў галавою. — Нічога вы, бабы, не разумееце, як я бачу… А Віктар зрабіў каму што? Таксама добры хлопец, а аднака… Таму, што добры, што людзям дабра хоча таму і арыштавалі.

Сёмка паглядзеў на бацьку і здавальняюча ўхмыльнуўся. Спадабалася гэта і Саламеі, а Стэпу зьдзівіла: яна наставілася ў бок Хведара і прамовіла:

— Дык, калі так, калі за дабрату арыштоўваюць, хто-ж можа ручаць, што майго Рыгоркі не арыштуюць там? Гэта-ж гвалт…

— А і то-ж ты што думала?

Стэпа ўстала з месца і зрабіла некалькі крокаў да Хведара.

— Чаго добрага, — спуджана загаварыла: — не здарма я мінулай ноччу страшнае гэткае сьніла… Пачуйце адно, — абярнулася вакола: — здаецца, сяджу так адна сьветлай ноччу ў хаце, раздумоўваю аб Рыгорку, успамінаю мінулае — сэрца як не разарвецца, млосна так, ня вытрымаць. Я і кажу сама сабе ўголас: «Не, — кажу — не дачакацца мне цябе, сынок мой даражэнькі». І давай плакаць, плакаць… А Рыгорка, здаецца, гэтак — шусь раптам у хату! «Добры вечар, маці!» кажа. — І стаіць, пільна гледзячы мне ў твар. Я тады хутка узьнялася — адкуль тае сілы старчыла — разьняла рукі і да яго, каб гэта абняць ды расцалаваць, а ён тутака-ж завярнуўся, рушыў ісьці і на хаду: «Бывайце здаровы, матуля, я забег толькі паглядзець на вас і зараз ад’яжджаю далёка-далёка, ды надоўга»… Я гэта ў голас ды за ім, а ён у момант і счэз… Вось бачыце, суседзікі даражэнькія… Ці-ж, думаеце, на добрае гэта?

Мужчыны выслухалі і засьмяяліся, а Саламея разуважыла Стэпу:

— Ай, цудная ты, мала што вярзецца ў сьне; часамі наблытаецца ліха ведае чаго, дык усяму і верыць? Вось праўдзівей усяго — ліст атрымаеш.

— Я нават думаў, што вы ўжо прынесьлі ліст прачытаць, — дадаў Сёмка.

Стэпа павесялела, адышлася к лаве ды прысела:

— Мой сынок, дзе-ж ты бачыў! Я сама ня ўрымшчуся дачакацца… Да цябе прыбегла запытаць, ці часамі ня прыслаў ён табе якое весткі? Так задоўжылася ўжо, так зацягнулася…

— А чаго-ж ён будзе Сёмку прысылаць наперад? Перш мацеры трэба, а тады ўжо таварышам, — разуважыў Хведар.

— Не, я не атрымаў… Але ня сумуйце, цётка, прышле хутка. Няхай агледзіцца там ды асталюецца добра.

— Каб-жа з ім толькі ня сталася нічога дрэннага. Так ужо я прачакалася, што вытрымаць не магу. Дні і ночы непакоюся, трывожыць нешта мяне.

Стэпа кінулася ў горнасьць і пачала плакаць, выціраючы вочы то кончыкам хусткі, то хвартухом.

— Напіша, напіша: ці-ж вы думаеце, што ён ужо забыў пра вас? Помніцца яму ўсё: і маці, і Сілцы, і Зося.

Нязвычніха сутрымала горнасьць і адвярнулася да Сёмкі.

— Ай, Сёмачка, што ўжо яму думаць аб Зосі! Яна і ня прызначана было яму. Я ня раз Рыгорку казала, як ён яшчэ быў дома: «Кінь, кажу, сынок, Мікалаішку — яна дзяўчына не дзеля цябе. Куды, кажу, табе набівацца да Прыдатных — гэта людзі ня нам раўня, гаспадары, знатныя ды заможныя; з пагардаю глядзяць на гэткіх, як мы. Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Два-тры гадкі пачакаеш пакуль, а тады — абы хацеў: у Сілцох дзяўчат хопіць». Але ён, Рыгорка, чамусьці ня слухаў мяне — ганяўся за Зосяю. Гаварыцца не даваў, ставіў яе вышэй усіх. А чаго вельмі там павабнага: ну, дзяўчына ня дурная, больш-менш самавітая — ды ці-ж яна адна гэткая? Толькі — у сэрца-ж ня ўлезеш, калі так ушалопаў… А цяпер, вось, якраз памойму сталася. Ты ўжо, Сёмачка, на выпадак чаго разуваж яго ў лісьце, адгавары, каб ён ня дужа шкадаваў Зосі — заўсяголаў яны, гэтыя Прыдатныя, бяз іх абыйдземся. Няхай сабе цешацца, а Рыгорку майму знойдзецца іншая дзяўчына. Усё-ж, хоць і бедныя мы, а за іншых людзей ня горшыя. Не на Прыдатных сышоўся сьвет. — Стэпа нядбайліва матнула рукою: — Напішаш ты, Сёмка, — напішу і я ад сябе — хай махне рукою. Ці няпраўда, Хведар?

Той падняў кнот у газьніцы, зьняў лучынкаю нагар, скалыхнуўшы ценямі ў хаце, пастукаў некалькі разоў, каб ня курэла, зацягнуўся і разважна адказаў.

— А чаму, Стэпа, няпраўда? Вядома, што праўда. Рыгору знойдзецца пара, чаго і казаць. Пане мой, такі хлопец, што ані рады. Дурноту спаганяў, што ўвіваўся за Зосяю. Мацыя вялікая, падумаеш!.. Яму яшчэ пасьпее вырасьці…

Саламея адхілілася ад пасуды і дадала к мужавым словам:

— Як для твайго Рыгора, гэтак і дзеля майго Сёмкі знойдзецца колькі хоць дзяўчат. Абы хацелі жаніцца. Вось калі, вось калі! Няхай Прыдатныя свой гонар у торбе носяць, а мы і без яго абыдземся, абыдземся…

А Сёмка слухаў гутарку старых, пасьмейваўся; час-ад-часу пазіраў на цёмную пляму акна, не давяраючы двароваму спакою. У вачох і ў думках стаяў Віктар, Хаім, Сроль; мігаліся проклямацыі, паўставалі лес і поле — а сэрца выбівала глухую трывогу, а цела дрыжэла ў рухавай нэрвовасьці. Не хацелася заседжвацца ў хаце — цягнула на вуліцу: хоць-бы аднаму прайсьціся, калі ня ўдасца нікога напаткаць і пачуць сьвежую заспакойваючую думку, хоць-бы разагнаць засеўшую ўнутры няпрыемнасьць ад арышту.

Якраз пачуліся песьні, што зацягнулі на зборні дзяўчаты; заўтуравалі галасы і вясёлыя, бесклапотныя выкрыкі дзяцей — уладзіны іх прыцягалі да сябе з усіх куткоў вуліцы.

Сёмка пасьпешна сабраўся пакінуць хату, але спыніўся пры дзьверах, аб нечым думаючы.

Стэпа паглядзела на яго і, каб не затрымаць, папярэдзіла:

— Ды ўжо ідзі-ідзі, Сёмачка, не глядзі на нас. Ідзі, дзякую табе, што крыху душу маю суцешыў, — а то гэтак нудна, гэтак горна, што дзецца няма дзе. Цяпер пайду, мо’ спакайлівей засну.

Яна зрабіла крок да дзьвярэй, разьвіталася. Сёмка прачыніў дзьверы і прапусьціў яе наперад сябе, а сам пашоў за ёю.

— Ты-ж не загульвайся, сынок, а то заўтра зранку прыдзецца ўстаць ды ісьці дакасіць той шматок поплаву, а днём — будзе пагода — то звазіць.

Сёмка адказаў з-за дзьвярэй:

— Я ведаю.


VI

У ХАЦЕ ПРЫДАТНЫХ пачаліся ўладзіны яшчэ з завідна… Калі Сёмка вышаў на вуліцу, было цёмна; у Прыдатных жукацела сьвятло, акідаючы променем натоўп гледачоў, што грудзіліся каля хаты. Сёмка праціснуўся к двару і паглядзеў у покутнае акно; якраз у акне была Зося, якая перамаўлялася з некаю маладзіцаю. На бляску сьвятла Сёмку ўдалося разабраць сумныя нарысы на Зосіным твары. Каб ніхто не падмеціў, што ён разглядае яе, Сёмка крута заламаў у цень і прашоў да вугла тыльнае сьцяны. Тут, крыху на адгоне ад прызбы, трымаючыся ў баку ад натоўпу, стаяла двое кабет, якія да таго разгарачыліся ў гутарцы, што не зьвярнулі ўвагі на Сёмку. Ён для цікавасьці прыпыніўся кроках у двух ад іх і, даючы выгляд, нібыта сам глядзіць у акно, прыслухваўся да кабет.

— Яшчэ гэтага ніхто ня ведае, мая галубка, — казала адна маладзіца другой.

— А ты-б узяла ды сказала, навошта хаваць, — радзіла другая ўверана і наглавата.

— Дык Зосі чамусьці шкода, — не здавалася першая: — мала што трапілася — абы ніхто ня ведае… Ды, папраўдзе сказаць, чаго там вельмі саромецца. А Рыгору губіць ад гэтага няма чаго. З кім таго ня бывае. Заўсяголаў…

Сьпевы і гоман, якія чуліся ў хаце, перабівалі гутарку маладзіц, і Сёмка мусіў пільней прыслухоўвацца, скеміўшы, у чым справа.

— Дык кажаш, Марцэля, гэта ўсё твой Юзік бачыў? — смакавала другая.

— Вось калі — пэўна. Ехаў так з Паплавоў і чамусьці намеркваў на Лужкі. Угледзеў воз — што-ж? стаіць воз — няхай стаіць. Але пад’ехаў гэта, кажа, якраз, глянуў, аж пад возам на паплаўцы… Вось мой мудрагель як крыкнуў, як зарагатаў — ха-ха-ха! — дык і Рыгор, і Зося, як апараныя, паўзьнімаліся і баржджэй паадварочваліся ўбок… Цікава, кажа, што бессаромна і бясьпечна — вось-жа каля сьценкі. Да таго захапіліся, што не маглі стрымацца…

Апошні сказ, пэўна, засароміў слухальшчыцу і тая суцішна супыніла суседку:

— Каб ты спрахла, каб ты, Марцэля; цішэй крыху.

Яны мінутку памаўчалі, а пасьля другая са смакам выказала:

— А цікава было-б, каб гэта парадаваць гэтым Васіля. Ён, пэўна, і ня думае аб сім…

— Гэ, дачуецца к вясельлю, — уверана сказала Марцэля.

— Усё-ж ты ня так ужо паўсюдзь гэта…

Сёмка далей ня слухаў. Адышоўся ад кабет у натаўп і задумаўся. Успомніў настрой Рыгора ў дарозе, а Зосі, калі падвозіў яе з травою. Адгадаў, што абое цяжыліся нечым. Сёмка гостра зацікавіўся, як далей пойдуць здарэньні. Ён дапускаў, што Васіль дачуецца пра Зосін грэх і будзе мсьціць ёй за гэта, датычна Рыгора — сумняваўся, каб яго адцягнула ад думак пра Зосю тая дзяўчына, што стрэлася ў Ліцку на станцыі. Раздумваючы так, Сёмка падышоў да Ярмалаевай хаты, дзе ішла зборня. Хлопцы і дзяўчаты прывіталі яго хорам:

— Добры вечар, Сёмка, — а сьледам Пятрусь цішком дадаў:

— Ты яшчэ цэлы? А я думаў — у карты з Віктарам рэжашся.

— На варагі казана, — перабіла Волька.

Усе зарагаталі.

— Абарона Сёмку, — падаў хтось з гурту.

— Дзякую ёй, — знайшоўся Сёмка.

І запытаў Вольку:

— Ці-ж ты, Волька, не ў сватох?

— Цікавішся? — праказала Гэля Сідорышка.

— Цябе чакала, — уставіла Аксеня Астапішка.

— Мяне?! Разам ня пойдзем.

— Як бачыш…

Волька рашуча перабіла:

— Годзе ўжо, годзе. Залепяталі.

Зборня ўнялася і перашла да звычайных разважаньняў, жартаў, сьмеху і піскаў. Адны намерваліся пяяць, другія перабівалі, трэція перакідаліся словамі. Атрымоўваўся рыначны задзёрысты бясклопатны шолам, які зьліваўся з гоманам натоўпу каля хаты Прыдатных, з песьнямі і крыкамі сватоў у хаце. Дзякуючы ціхай ночы, гукі далёка разыходзіліся ва ўсе канцы мястэчка. Сёмка прытуліўся да Волькі і выказаў сумненьне на конт свае бясьпекі:

— Я ўсё-ткі баюся, Волька, каб да мяне ноччу ня трапіла поліцыя?

— Няўжо ты думаеш? — жахнулася Волька.

Яе жах перадаўся Сёмку.

— Усё можа стацца.

Волька шчыльна прытулілася да Сёмкі, мэрам-бы хочучы паказаць сваю рашучасьць змагацца за яго да канца. І на вуха дрыжачым голасам шапнула:

— Перадай мне, калі маеш няможнага.

— Не, нічога няма.

— А ў Пятруся?

— Таксама.

— Дык мо’ нічога?

Збоку іх зацягнулі песьню: «Ды з-за хмары, хмары цёмнае». Песьня заглушыла гоман у Прыдатных і каля Прыдатных ды перакатным рэхам аддалася далёка за будынкамі, у капусьніках. Да зборні пачалі зьбягацца хлапчукі, якія дасюль віліся па падвоканьню ў Прыдатных. Абступілі суцэльным ланцужком дзяўчат і хлопцаў і запішчалі ў ноту сваімі рэзкімі, пісклівымі галаскамі.

Сёмка з Волькаю нейкі час маўчалі ні то слухаючы песьню, ні то раздумоўваючы кожнае па сабе.

Вольку брала нэрвовасьць і таміў неспакой: яна спагадліва зазірала ў вочы Сёмку, раз-по-разу падавала пытаньні. Песьні і жарты надаядалі — стала хацецца іх ня чуць. Забылася суйздром пра сваты і пра тое, што абяцала Зося зайсьці да яе. Нешта міжвольна трымала яе каля Сёмкі, які здаваўся на гэты раз вельмі дарагім, вельмі каханым.

А Сёмка, не патураючы яе настрою, праз некі час нядбайна праказаў:

— Ну… што-ж парадзіць: забяруць — забяруць. Пасяджу — ня я першы, ня я апошні… Быць соцыялістам, трэба паспрабаваць усяго. Жыцьцё — змаганьне…

Волька перабіла:

— Што ты! Не кажы, кінь… Да чаго табе кідацца ў няверу.

— Ты шкадуеш?!

Волька адказала ціхім пацалункам.

— А ў выпадку чаго — не пакінеш мяне, як Зося Рыгора?

— Навошта ты пытаеш?

Сёмка змаўчаў. Пазяхнуў і падняў угору правую руку.

— Ну, ідзі да Зосі, а то прачакаецца.

— Яшчэ пасьпею.

Але наперакор словам паднялася з прызбы і зрабіла некалькі крокаў ад дзяўчат. Сёмка намерыўся прайсьці за Волькаю.

Якраз паперашкодзіў Сроль, падасьпеўшы да зборні.

— Добры вечар! Ці няма тут Сёмкі? — запытаў ён да ўсіх.

Сёмка падкраўся і аблапіў яго за рукаў.

— Вечар добры!

Ужо цішэйшым голасам Сроль дадаў:

— Ты мне патрэбен на хвілю.

Яны адышліся, а Волька вярнулася к прызьбе.

— Я прышоў сказаць, каб ты быў напагатове: Хаіма Крупніка таксама арыштавалі, а зараз трусяць Рувіма Кінда… Ты падхаваў усё?

Сёмка сумеўся, ня могучы скрыць хваляваньня.

— Сволачы! Насталі, бачыш… Трасцу, нічога ня знойдуць, калі і прыдуць.

— Перадай Пятрусю.

— Ведае і ён.


VII

СРОЛЬ НЕ МАРУДЗІЎ, а зараз-жа разьвітаўся і пашоў, а Сёмка няпрыметна для іншых перадаў пачутае Пятрусю.

Пасьля, пачакаўшы хвілінку, удваіх з Волькаю пакінулі эборню і пашлі ўздоўж вуліцы. Прашлі за некалькі хат і прыселі цішком ля платоў аднаго саду. Сёмка перадаў і Вольцы тое, што пачуў ад Сроля, пераняўшы яе словамі:

— Нічога, абміну гэту напасьць, будзеш бачыць.

Волька, аднак, не магла суцешыцца. Тады Сёмка рашуча перавёў гутарку на другую тэму.

— Слухай лепш гэтую новасьць.

— Яшчэ якую?!

— Цікавейшая ад першай.

— Ну?

Волька скора заінтрыгавалася.

— Ты скажы, табе Зося нічога не казала?

— Калі?

— Хоць калі… Ну, на гэтым тыдні, ці крыху раней?

— Здаецца, нічога. Сапраўды?

Сёмка ўхмыльнуўся — разьвеяў нядаўную трывожнасьць на Вольчыным твары.

— Кажы, кажы? — настойвала яна.

— З умоваю, што будзе шыта-крыта. Між намі? Згаджаешся?

— А то я калі што каму пераказвала? Папомні хоць адзін выпадак.

— Так, раней ня было…

— А цяпер?.. Кінь, Сёмка, казаць ліха ведае што. Яшчэ я не дашла да таго, каб выбрэхвацца. Будзь пэвен, што і далей нічога не зраблю… Кажы, а то я закрыўдую на цябе.

Волька апусьціла голаў, а грудзі пачалі выдыхаць ціхія, чуць прыметныя гукі скаргі ды ўкоры.

— Ты-ж ня злуйся, Волька: я жартую, мала што.

Ён заглянуў ёй у вочы.

— Слухай.

Яна настаражылася.

— Гэта я пачуў перад тым, калі падышоў да зборні. Зусім выпадкова пачуў. І ніколі, павер, ня думаў, што трапіцца так. Дзьве маладзіцы перагаворваліся…

— Дык што?

Волька злосна тузнула Сёмку за плячук.

— Ды яно, усё, бач, проста… Стаялі, кажу, кабеты і між сабою гутарылі… Аб Зосі, вядома. Я прыслухаўся. Вось адна й кажа другой: «Ехаў», кажа, мой сын праз Лужкі і бачыў, як Рыгор з Зосяю»… Ну, ты дагадаешся… Верыш, Волька?

Волька не знашлася што адказаць: стала тут-жа ніякавата за Зосю і за сябе. Не саромілася дагэтуль Сёмкі, а тут гэта пачуцьцё зразу аднекуль выпаўзла і кранула яе за сэрца. Мігам праляцелі ў Вольчынай галаве адрыўныя колкія думкі: «Ці-ж яно так? Калі гэта?» Брацца за Зосю — Волька ня сьмела. Не хапала адвагі прызнаць таварышчын паступак за звычайнасьць — таксама. Як тут лепш выйсьці з палажэньня? Сёмка прыяцель, а тота-ж гэтак застраміў, што няма як вывернуцца. А добра-б і Зосю абараніць і самой астацца сухой. Гэткія справы менш усяго патрабуюць абгавору. «Навошта такі Сёмка так паставіў пытаньне? Што-ж за навіна, калі што і здарылася з Зосяю? Эх, мужчыны, а самі вінаваты амаль не заўжды».

Яна глыбока ўздыхнула і палажыла голаў на Сёмкавым плячы.

— Ну, што-ж маўчыш? — пачула над вухам і выпрасталася зноў.

— Не, мне Зося не казала нічога. А ласьне ты вінаваціш яе, калі дапусьціць праўду?

— А патвоему як?

— Памоему…

Волька заблуталася, а Сёмка злавіў у ёй саромлівую нерашучасьць і пасяброўску падсьмяяўся.

— Кажы, кажы, Сёмка, — адбілася яна.

— Я ня віню яе, а я баюся за яе, шкадую яе… У баб доўгія языкі… Што ім каштуе хлусьню разбрахаць па мястэчку, а тады…

Волька згадзілася з Сёмкам. Міжвольна яна адцягнула на сябе пуглівую думку-параўнаньне, — і спынілася перад голасьцю праўды: магло-б так стацца і з ёю, бо яна любіць Сёмку.

— Я ня віню Зосі, — яна так шчыра кахала Рыгора, што магла пайсьці на ўсё.

— І пашла?

— Ня ведаю, але, каб і пашла, то ня грэх.

— Я люблю такіх шчырых, як ты.

Каб болей не гаварыць на гэту каразьлівую тэму, Сёмка запытаў:

— Дык можа ты зойдзеш да Зосі?..

Маўкліва ўсталі і пашлі.

Ужо было шмат за дванаццатую гадзіну ночы. Вуліца пусьцела і цішэла. На ўсходзе завязваўся золак. Каля Прыдатных з вялікага натоўпу асталося некалькі невялічкіх гурткоў моладзі, якая ўсё яшчэ не пакідала наглядаць за ўладзінамі, як-бы ахвяраваўшы дачакацца іх канца.

Сёмка падвёў Вольку, не даходзячы аднэй хаты, да Прыдатных, спыніўся на хвіліну і разьвітаўся.

— Прашу цябе — усё захавай, — парадзіла яна Сёмку.

І, адышоўшы на два-тры крокі, успомніла, што забыла запрапанаваць яшчэ адно.

— Сёмка? — ціха пазвала.

Той абярнуўся.

— А мо, да нас пойдзеш начаваць? У прыгрэбіцы на вышках вельмі зацішна: я пасьцялю табе хоць зараз? Га? Нават і бацькі ведаць ня будуць.

— Не, не. Дзякуй! А мо’ ўсё абыдзецца добра.

— Калі хочаш? Падумай!

— Дзякуй.

Разышліся.


VIII

БЫЛО ЎЖО СЬВІТАНЬНЕ, калі ў Прыдатных скончыліся ўладзіны. Мястэчка, асабліва яго земляробская часьць, прачыналася да будзённага жыцьця, да звычайнай працы. Па дварох чуўся гоман і пярэзвы. Пастухі выганялі ў поле гавяду. Трубілі ў бяроставыя трубы, гралі на жалейках, крычалі і нукалі. Гавяда рыкала, мэкала, чуючы спажыўную папаску. А ўсяму гэтаму галасу ўтарылі песьні і танцы сватоў. Яны гамузам вышлі на вуліцу, цягнучы за сабою бяседу. Берагава палавіна наладзілася да хаты, а Прыдатных — праводзіць. Як пачалі ў хаце — дык праз двор і на вуліцы не маглі кончыць пацалункаў. Выкладалі адны другім тысячы розных пажаданьняў, зычэньняў, пахаценьняў: ня было канца падзякам. Нарэшце Хлёр з Фядотам Грыбам вылузаліся з Марціных рук і пашлі ў прысядку драпака — віліся як немчыкі, прыгуквалі, пляскалі ў далоні, паднімалі ўверх шапкі. Сваёю зухаватасьцю раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Папрачыналіся, хто яшчэ спаў, і праз вокны, а то вышаўшы на двор, дзівіліся на разьюшаных сватоў. Адны зайздросьцілі, другія — злаваліся і клялі, трэція нядбайна паглядалі.

— А Зося дзе? Дзе Зося? Васіль, чаму не вядзеш з сабою Зосю? — гукаў старшыня Андрэй.

Абняўшыся, яны выбраліся наперад і сталі зваць сватоў да хаты. Туга, з неахвотаю — усё-ж па адным пачалі разыходзіцца. Гурток з Тадосі, старшыні, Хлёра з жонкаю і двух Берагавых раднякоў, азіраючыся на Прыдатнага хату, пашлі напрамкам к Загор’ю. Ахрыпшыя галасы цягнулі разьбітыя ноты нявыразных песень, у адзнаку разьвітаньня маталіся хусткі і шапкі.

Гэтак, пакуль не зашлі за гору, схаваўшыся за Цішкавай хатай.

За гарою, не даходзячы да хаты Берагаў, спыніліся на разьвітаньне. Але зрадніўшыся за ноч, цяжка было моўчкі разыйсьціся. Тым болей, што ўладзіны паказалі поўную перамогу Васіля. Прыдатныя цалкам згадзіліся на ўсе ўмовы пасагу, якія даўно апрацаваў старанны Хлёр, вельмі здавольніліся, што так пашла справа, як хацелі Берагі. Пры гэтым гасьціннасьць Прыдатных таксама запісалася ў строчку: жарты — цалюткую ноч паілі ды трактавалі каля пятнанцаці чалавек! І як гасьцінна ды далікатна абходзіліся! Ці-ж мала гэтага для абгавору? Багатая тэма для гутаркі.

Хлёр першы пачаў выліваць сваё пачуцьцё:

— Ну, сваткі, сёньнека наша сьвята! І сьвята — у гонар нашага дарагога Васількі. Чуеш, Тадося, ці не?

Хлёр раскідаўся ў бакі і матаў рукамі, мэрам-бы хочучы затрымаць у кучы, гуртком, усіх каля сябе.

— Чуеш, Тадося? Каб ты, як і мы — Андрэй, Хвядот, Пракоп, я, — каб ты не ўзяла сёньня ў рукі ніякае прылады да працы. Наша сьвята, а тваё — большае. Тваё найурачысьцейшае сьвята, Тадося. Учора быў Пятрок, а сёньня… — Васілёк… Хадзі, чуеш, нябожа?

Хлёр аблапаў Васіля і пацалаваў.

— Учора сьвяткавалі ўсе, а сёньня будзем сьвяткаваць мы, вось уся наша кампаньня… Паглядзеце, родненькія, вось ён — наш князь, а яго багацьце вуньдзека! — Хлёр паказаў на хату. — Мой брат, Васілёў бацька, каб ведаў, як і што жывецца яго сыну і жонцы, заплакаў-бы ў зямлі ад радасьці. Паглядзеце, сапраўды, на Васіля…

Усе павыцягалі голавы, ад сьвежага ранку пасьвяжэўшыя, і працягнуліся ў бок Васіля, які трымаўся прутка і падтрымліваў ужо выходзіўшага з п’яні Хлёра…

— Чым Васіль сягоньня ня рыцар? А маладую выбралі — як ляльку! Цукар — не дзяўчына, цукровае яблычка, ружачка пахучая… Атрасьлі і падабралі. Падабралі — ды ў кашэлік… Ці няпраўда?

Нястройны хор галасоў адазваўся:

— Праўда, праўда, Хлёр!!

А Пракоп казаў:

— А той, бач, Мікола, што за гаспадар! Што за розум чалавек! Нюхам чуе, што за хвігуру мы прывялі да яго дачкі… Ні пярэчынкі, ні задорынкі-ы! Ды куды там пярэчыць, калі само жыцьцё так хоча? Тут не пасаг важан, а важна тое, што Зося для Васіля, а Васіль для Зосі — лёсам прыназначаны… Чалавек бачыць, адкуль сонца сьвеціць… Ці няпраўда, старшыня?

— Праўда, сусед, працягаю табе руку.

Пацалаваліся.

— Ты, старшыня, таксама шмат памог, адным чынам сваім памог, — палісьціў Хлёр Андрэю.

Старшыня задаволіўся. Паправіўся ў стойцы і перабіў Хлёра:

— Ды я, я… я на ўладзінах набіў руку… Бачыце, заікнулася Марта аб пасагу, а я кінуў — і ўсё добра. Няма спрэчкі — дык няма. Мы не на таргі прышлі.

— Ну, то простая звычайнасьць; нельга-ж абмінуць, каб не закінуць словам за сябе, — уставіў Хвядот.

— Так, маладзец, Андрэй! — завёў далей Хлёр: — яго ласка не забудзецца намі…

Ева, старшыніха, перабіла:

— Дык якая ўжо тут ласка. Наадварот — мы вельмі дзякуем вам… А там — што…

— Не, не… зусім ня тое… Васіль! — на вясельлі наш старшыня павінен быць забясьпечан месцам — на покуці. Мы з гэтага часу павінны наладзіць цесныя зносіны між сабою. Нашы бацькі заўсёды добра жылі…

— Дык мы-ж вельмі рады, вельмі рады, што хаця яны прышлі да нас. Раднякоў так ня люблю, як Андрэя з Еваю… Няхай даруюць мне Хвядот з Пракопам… — казала Тадося, паказваючы на стрэчных братоў.

А нам ласьне не пачот? Берагі — ня хто-небудзь, а сям’я знатная, вядомая. Мой чын — ня вечны, а ваша котлішча болей веку гудзе ў мястэчку. Ці трэба казаць… — падлісьціў старшыня.

— Пэўна, што так…

Хвядот не даказаў, што меў на языку. Раптоўны крык, вырваўшыся, як з зямлі, перабіў яго.

Сваты засумяціліся і абярнуліся ў бок вуліцы. А праўцом на іх нёсься хлапчук, уцякаючы ад бацькі, які гнаўся за ім па пятах з пугаю і раз-по-разу хвастаў малога па голых лытках. Хлапчук кінуўся да сватоў, просячы абараніць яго, і хапіўся за руку старшыні. Сваты абкружылі хлапчука і загарадзілі яго ад бацькі.

— Кінь палохаць малога.

— Завошта ты яго?

— Каб яго паралюш узяў! — крычаў раззлаваны бацька, Аўсей Карчук: — узяў да дзьве шыбы выбіў Міколе зранку, на яго немач, і ўжо ўчыніў бяду. У хаце ні капейкі, а гэта плаці цэлую пяцьдзесятку. Падумаць! Дзе іх браць, гэтыя грошы? Я яго на сьмерць захвашчу! Я яго, паршы-ыў-ца-а!

Але бацьку ўгаманілі, і ён прыціх. Толькі ўзяў хлапчука за руку ды пагразіў.

— Ня бі ты ўжо яго, Аўсей, — парадзіў Хлёр.

— Распусьнік бо.

— Хвасянуў колькі разоў і хопіць…

— Шчасьце яго — што вы абаранілі, а так-бы дасталося яму на яблыкі!

Калі чалавек з хлопцам схаваўся за рагавою хатаю, сваты не вярнуліся да гутаркі, а разьвіталіся і пачалі разыходзіцца, кожны ў свой бок… Хлёр з жонкаю пашлі да Берагоў. У дварэ разгаварыліся:

— Ну, цяпер застаецца сыграць вясельле, а астатняе ўсё зроблена.

— Дзякуй табе, Хлёрык. Хоць маё сэрца будзе спакойна. Як я шчасьліва, што дачакалася гэтага! Перабудзем клопат з вясельлем, нічога.

— Да перабудзем. Хопіць часу, каб прыгатавацца. Можна пачынаць хоць з заўтрашняга.

Яны ўвайшлі ў хату і расьселіся ўкол стала.

А ты-ж хаця задаволен, Васілька? — абярнулася Тадося да сына.

Васіль памаўчаў.

— Мабыць нешта не да дыхту? Нешта было, га?

Хлёр уперыўся ўзрокам на нябога. Той ня мог стаіцца: паварушыўся, паглядзеў у акно, залітае чырвоным променем і, як-бы баючыся, сказаў:

— Нічога… Нешта Зося ўсё капырсьціцца. Ты да яе палюдзку, а яна адхіляецца, маўчыць, дзьмецца, думае ўсё.

Васіль падняўся і вышаў на хату.

— Аж прыкра ўжо стала, — уваходзіў ён у злосьць: — і ня ведаю, што яна сабе думае да гэтага часу! Няўжо яшчэ бацькі не пасьпелі выбіць з галавы думкі аб тым валацузе? Напрыкрыла, проста! Усё, здаецца, ішло добра, а тут, як стромка ў здаровым целе… Вось гэта мяне злуе…

— Яна-ж мо’ праводзіла цябе? — запытала цётка, Хлёрава жонка.

— Вялела маці, дык і правяла, а сказаць — ні слова.

Хлёр ужо, ацьверазіўшыся, прыўстаў з месца і нядбайна матнуў рукою:

— Блаж, нябожа… Усё блаж… Да вясельля — усё выдзе з галавы — будзь спакойліў. Няма чаго сумаваць: жэніцеся і пакахаеце адно другога. Хай сабе пакапырсьціцца крыху, чаму ёй не дазволіць гэтага? Ну, а што датыча Нязвычнага — то шманкі: хай выкіне дурасьць з галавы. Гэтаму разбойніку ўжо больш ня бачыць Сілцоў.

Да слоў Хлёра дадала Тадося ад сябе:

— Ды вядома, сынку, калі толькі гэта цябе трывожыць, дык толькі бяды. Маладая дзяўчына — блажы многа ў галаве. Ці-ж варта гэта браць усур’ёз?

Яна адышлася ў мыцельнік, пакруцілася крыху і запрапанавала:

— Вось мо’ сьнеданьне згатовіць? Хлёр таксама астанецца…

— Не, не, не… Ня турбуйся, Тадоська, — пераняла Хлёрава жонка: — дзе-ж ты бачыла, — нам трэба ісьці дадому ды таксама прымацца за работу. Гэткі дзень мае быць аж люба, — зазірнула ў акно: — Ідзем, Хлёрык, ідзем.

Тадося не хацела далей упрошваць. І калі тыя намерыліся ісьці, яна прачыніла ім дзьверы ды першая вышла ў сені.

Хлёр разьвітаўся з Тадосінымі сваякамі і яшчэ раз суцешыў Васіля:

— Ты-ж забудзь аб гэтым. Пакінь! Мала што!

— Ды я мала буду дбаць.

— Тота-ж.

Тадося з Васілём правялі Хлёравых да кладкі праз рэчку і вярнуліся дахаты.


IX

ПЯТРОК НЕЧАКАНА ПРЫНЁС з сабою многа навін для сілцоўцаў: арышт Віктара Стаўбуна, Хаіма Крупніка, многалікія трухі па мястэчку, уладзіны ў Прыдатных з Берагамі, якія закончыліся поўным згаворам, і набліжэньне вясельля, рэдкага, знатнага, усё гэта дало ня мала гутаркі. Назаўтрае, прыступаючы да будніх клопатаў, сілцоўцы на ўсе лады абгаварвалі сьвежыя здарэньні, перашэптваліся, падкрашалі чутае сваімі выдумкамі, дадаткамі, дзівіліся аднаму, спагадалі другому. У гутарках адмячалася зацікаўленасьць да кожнага факту, ня гледзячы на тое ці іншае яго значэньне, не патураючы на яго дадатнасьць і адмоўнасьць. Адчувалася вядомае ажыўленьне, якое на некі час абяцала ўзьняць прыкарэлую плеўку буднічнай заскарузласьці ў клапатлівым жыцьці Сілцоў. У аблытаных, як павуціньнем, штодзеншчынай, у апушчаных у ліпкую бросьню цяжкага жыцьця, якое аднімала неміласэрна сілу, ды здароўе, адцінала інтарэс і наганяла нямоту, — нават у гэткіх падняліся языкі да гутаркі.

Чыя ўцеха, а чый сум, каму першае, а каму другое, — а хоць маласьцю чапала і адцягала на сябе ўвагу. Ужо даўно, як у Сілцох адбываліся арышты за політыку, гадоў пяць назад і — раптам зноў! чым-жа ня дзіва! А вясельле — калі так здаралася, каб яно завязвалася пад шумок, з рознымі гутаркамі, з цэлаю гісторыяй. Таксама гадоў тры, калі ня цэлых пяць назад. Але з тае прычыны, што вясельле было шмат уперадзе, арышт гастрэй адбіваўся на гутарках сілцоўцаў. Кожны, каго цешыла «правучэньне басякоў» і хто шкадаваў «небаракаў-хлопцаў», аднакава цікавіла — што-ж з імі зробяць? Ці выпусьцяць іх, ці не? Ці на іх кончыцца, ці мо шырэй разыдзецца гэта насланае на Сілцы? Помнілася ўсім, што арышты мінуўшых часоў канчаліся амаль не дзеля ўсіх арыштаваных высылкаю; хто-ж ручыць, што і на гэты раз іначай будзе? Бацькі, у якіх былі сталыя хлопцы-сыны, непакоіліся за іх лёс, а тыя, да каго Віктар прыходзіў гуляць і якія ведалі Хаіма Крупніка — а гэткіх было многа ў невялікім мястэчку, — тыя дрыжэлі і разам спагадалі хлопцам, пасылаючы розныя добрыя пажаданьні па іх адрасу. У вадных апаска за арыштаваных, а ў іншых задаваленьне ўзмацняліся тым больш, што халодную, дзе сядзелі дэмократы, строга абаранялі поліцэйскія стражнікі, і да іх ня пускалі нікога. А ў гэткіх умовах трымаюць вялікіх праступнікаў! Што-ж зрабілі хлопцы? Таксама цікавіла насельнасьць мястэчка. Цікавіла ды давала мажлівасьць вынаходзіць розныя нябывалыя праступкі. Адны складалі чуткі, нібы Віктар хадзіў за Сілцы рабіць падкоп на дарозе, кудэю павінен праяжджаць спраўнік, другія перакорылі гэтым весткам, перадаючы свае, якія казалі аб намерах дэмократаў напасьці на казарму стражнікаў і перастраляць іх; ніхто не хацеў верыць, хоць і ведалі ўсе, што ўся справа ў проклямацыях. Кулакі-мяшчане карысталіся выпадкам і перадавалі сваю радасьць у тым, што «не даждацца басяком падпальваць іх гумны». Многія, каму ішло гэта на карысьць, не забывалі Рыгора, хвалячыся, нібы і ён будзе арыштованы, бо ўжо «станавы адбіў тэлеграму ў Рыгу». У паветры пахла напружанасьцю.

Дапускалі, што арыштаваныя пападуць на высылку. Некаторыя лічылі абавязкам папярэдзіць знаёмага хлопца, а больш таго, якога бачылі хоць калі разам з Віктарам ці Хаімам, каб ён быў асьцярожан, каб прыціх на гэты час, каб кінуў дэмокрацтва. Уставалі ў памяці енкі і плач мацярок і бацькоў, іх пакута па дзецях, цяжкасьць разлукі — так было ў 1906 годзе, калі адпраўлялі ў Сібір Сьмуцькавага Алёшу, Хрэнавага Фомку і Стасюка Язэпа. Іх вязьлі стражнікі з аголенымі палашамі, і многія казалі, што хлопцам ня мінуць плахі. Што тады вычваралі іх бацькі! Пэўна, ня іначай будзе і цяпер. Арыштанты — гэта ахвяры поліцыі! Цяпер яе воля зрабіць, што хоць.

Судзілі, хоць ня ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. І таму, што адплата дасца ім начальствам за справядлівыя дамаганьні дэмократаў, за тое, што яны шукаюць праўды — каму тое не вядома! — то нельга сказаць, каб большасьць сілцоўцаў справу арышту хвалілі. Не, нават многія-многія, зусім, здавалася, ціхія і няўдзельныя ў грамадзкім жыцьці, зусім адсталыя, а падавалі ў голасе варожыя поліцыі тоны. Мацюкаліся на поліцыю, пракліналі, пагражалі, абяцалі скорую кару.

Ішло так здаўна — глыбокая канава падзяляла прыстаўскі стан ад усяго мястэчка, за малым выключэньнем. Колькі разоў станавы з ураднікам ды стражнікамі выцягалі кароў за падаткі! Колькі разоў выкідаліся падушкі праз вокны за пену, за нядоімку! Колькі разоў накладаліся штрафы за навабранцаў! А выган на панскія грэблі, а ўсім памятная бойка ўсяго мястэчка за сэрвітуты! Блішчастыя гузікі і цэшкі адбівалі сабою тыя іскры злосьці, якія накопліваліся гадамі ў земляробскіх душах сілцоўцаў, якія дзень з дню, год з году пераходзілі ад бацькі к сыну і захоўваліся ў сэрцы, каб пасьля разгарэцца ў магутнае полымя. Іскры гэтыя штораз набіраліся большай зыркасьці і толькі пачынала асьвяжацца паветра грамадзкага жыцьця, як яны выдзялілі пякучы прысак, які абліваў істоты сілцоўцаў. Адбыліся арышты — ці-ж гэта не прыклад начальніцкага разбою?

Няма чаго казаць — арыштаваныя мелі за сабою хоць ня выразную, але моцную моральную сілу. Можа і мала было адзнакаў на мажлівасьць яе конкрэтнага выяўленьня, усё-ж «бунт» колькі гадоў таму — страшнае зданьне, — к данаму моманту аддаваў інакшым, пажаданым і прыемным. 1905 год увёў яго ў сілцоўскі побыт, абрахманіў, і агромная большасьць сілцоўцаў адчувала ў гэтым слове магнэтную сілу, задзёр, адвод балючых думак. Хоць, здавалася, ляжала на іх пахудзелых спрацованых тварах цяжкая пячатка суму, пакоры, і прытоенага змоўку, гадамі ляжала яна, як налепленая, а ўсё-ж пад ёю таіўся натуральны позыў да протэсту, да помсты, да адплаты за векавую пакуту. Сілцоўцы ня ведалі, калі прыдзе час адплаты, але і думкі не дапускалі, што ён ня прыдзе. «Можа нашы дзеці дачакаюцца лепшага жыцьця», — казалі яны. У іх было шмат адзнакаў на гэта. Дзеці — мо’ ня ўсе і ня ўсіх, але большасьць дзяцей — гатовіліся на ачох бацькоў да гэтага жыцьця. Чаму-ж пашло дэмокрацтва, соцыялістычнасьць? На бацькаўскіх вочах мяняліся ўмовы жыцьця дзяцей: гінула п’янства і карты, гінуў разбой і лаянкі, а пашлі кніжкі, газэты, гутаркі, тлумачэньні. Ці-ж гэта дрэнна?.. Ні ў якім разе. А вось начальству не па сабе, начальству дрэнна. І начальства нападае на хлопцаў, арыштоўвае іх, высылае кудысьці ў Сібір. Канава рыецца глыбей ды глыбей, разладзьдзе большае, абгострываецца супярэчнасьць інтарэсаў… Час-ад-часу пачынае віраваць клясавае пачуцьцё.

Пётраўскія арышты — прыдатны час для гэткага віраваньня. Яны прышлі, каб узварушыць застаялы ровень сілцоўскага жыцьця — і Сілцы адбілі ў сабе расхвалёваны настрой… Уздым, няўрымнасьць пераліваліся па хатах мястэчка… З кожным днём — мацней, інтэнсыўней. І з кожным днём цікавасьць да пытаньня, — калі-ж адвязуць хлопцаў, — усё павялічвалася. Звявілася сумненьне, каб хаця іх не адправілі ноччу, цішком. Можа поліцыя пабаіцца сьвятла, людзей і скрые сваю расправу? Ішла дапытлівасьць, разузнаваньне, разьведы. Вечарамі і ўночы назначалася добраахвотная варта — пэўна пад рознымі выглядамі, каб ня даць западозрыць поліцыі. Наведвалі мацярок і бацькоў арыштаваных, ці ня ведама ім. Але і тыя нічога ня ведалі. Яны былі заняты організацыяй абароны сваіх дзяцей: бегалі заплаканымі ад аптэкара, лібэрала і ўплывовага чалавека, да адваката, які любіў часта заступацца за пакрыўджаных. Крупнікі зьбіралі грошы на залог, тармашылі рабіна, каб той даў падпіску ад цэлага кагалу. Стаўбуны стукаліся да мяшчанскага старасты. Усе ня кідалі надзеі выратаваць хлопцаў і ня пусьціць іх з мястэчка. Нават перад адпраўкаю разьнясьліся былі чуткі, што станавы перадумаў і згаджаецца аддаць арыштаваных на парукі. Чуткі ўлілі некую прасьветласьць у напружанае становішча ў мястэчку. Сёмка, Сроль, Пятрусь, — паддаліся таксама на фальшывыя чуткі і кожны па сабе перабывалі ў бацькоў арыштаваных таварышоў.

Але праз дзень надзейныя думкі разьвеяліся — арыштаваных адпраўлялі ў павет. Бацькі дазналіся аб гэтым першымі і з плачам разьнясьлі вестку па мястэчку. «Ці ты чу-ў-у? Усё-ткі іх вывозяць!» з вуснаў у вусны перадавалася агульнае зьдзіўленьне, настарожваючы сілцоўцаў і завучы іх на рынак, да прыстаўскага стану.

Ужо а восьмай гадзіне раніцы на рынку таўклося каля дзьвёх соцень народу. Стаялі расьсеянымі грамадкамі па ўсім пляцы. Гутарылі, распытвалі адны другіх; пераходзілі з месца на месца, перадаючы нясьціхана нарастаючыя тут-жа навіны. Ня спускалі вачэй з прыстаўскага дому. Калі па двары праходзіў стражнік ці паварочваўся вартаўнічы пры браме, натоўп сілцоўцаў прытойваўся, мярцьвеў на момант і сотнямі вачэй апалоскваў варожы стан. У кожным руху начальства западозрывалі ліхую думку, дзікі намер. Арыштаваныя ў гэты час знаходзіліся пад пільнаю аховаю, хоць не актыўнай, але моцнай, гранітнай сілы спагады ад сваіх суседзяў-сілцоўцаў. Яны гэта адчувалі і былі ў падвышным настроі — так перадавалі іх бацькі, калі хто распытваў іх аб самапачуцьці арыштаваных.

Аб гэтым ведалі Сёмка, Сроль, Пятрусь, якія самі пераймалі таварышаў настрой. Сустракаючыся на рынку ў людзях, яны мяняліся сваім пачуцьцем і здавольнена разыходзіліся — нельга было кідацца ў вочы начальству.

Сёмка асабіста нясьціхана тупаў па пляцы, пераходзячы ад гуртка да гуртка і расслухоўваючы гутаркі мяшчан. Ён зранку вышаў на рынак, прыехаўшы з поля, куды з досьвітку выяжджаў на ворыва, і бачыў, як рос натоўп на рынку, як паднімалася суматоха ў прыстаўскім двары. Якаясьці дзіцячая задзёрыстасьць забірала Сёмку, у яго знашлася адвага і нядбайнасьць да сябе. Гутарылі вакол пра дэмократаў, пра іх намеры, пра сьмеласьць і геройства, з якімі яны вядуць змаганьне з царскім парадкам, хвалілі іх — і гэта было тым грыбком, які кондэнсаваў у Сёмкавым нутры пачуцьцё здавальненьня, самаўцеху. Гэты настрой кідаўся ў вочы кожнаму, і калі Сёмка сустрэўся ў натаўпе з Пятрусём ды Волькаю, тыя зразу заўважылі ў ім перамену. Сёмка хваліўся Пятрусю ды Вольцы: «Мяне ўгаварвалі, каб я ня прыходзіў з поля. А мне толькі сьмешна было з гэтага. Каб я не пашоў правесьці сваіх таварышоў! Каб я не прасачыў вось гэтага вялічэзнага вобразу! Гэта-ж паглядзець адно на нашых мяшчан, да паслухаць іх гутаркі — чаго варта! Вось бачыце, якою спагадаю мы карыстаемся».

— Ты толькі паціху, Сёмка, — заўважыла Волька.

Сёмка не пасьпеў нічога адказаць: грамада людзей раптам заварушылася, сьціснулася ў адну густую суцэльную гушчу і падалася ў бок стану. Пачуўся зьлітны тупат соцень ног і рытмічны рух многіх рук. Сёмку скаланула ад надышоўшага абурэньня і ён, кінуўшыся ў натоўп, прагукнуў: «Далоў самадзяржаўе!» Пятрусь з Волькаю ды дзесяткі суседзяў з вакол паглядзелі на яго, адны вясёлым узрокам, другія з лёгкім сполахам. Нехта з боку тузнуў яго за полу жукеткі. Сёмка азірнуўся.

— Стражнікі вунь! — пачуў ён, і тут-жа людзкая сьцяна таўханула яго назад. Праз галовы нашароханых ён угледзеў больш дзесятку коньнікаў, якія злосна напіралі на грамаду, маталі бізунамі над людзкімі галовамі і дзіка крычалі: «Ассадзі-ы! Ассадзі-ы назад!» Людзкая сьцяна з натугам, паціху пасувалася на яго. Сёмку апанавала злосьць, задрэнчыла выкінуць якую-кольвек штуку, і ён хапіўся думкамі за таварышаў. Дзе яны? Пагаварыць-бы! Гэткі момант! З гушчы, па ўсім расьцягу натоўпу, чуліся рэзкія галасы протэсту і нездаволеньне на стражнікаў. То там, то сям мужчыны і кабеты дражнілі іх гончымі, кумяльганамі, лаялі. Дзеці-хлапчукі галёкалі на іх,як на сабак — «Га-ля-а! Га-а-г-а-а!» Гэта раздражняла поліцэйскіх, і тыя з большаю злосьцю кідаліся на грамаду, расьсякалі яе сьцяну і ўразаліся ў сярэдзіну… Раптам з правага боку ад Сёмкі пачуўся балючы крык і ўзьнялася суматоха — то стражнік хвасянуў бізуном кабету. Гэта вестка электрыкаю прабегла па гушчы сілцоўцаў, скаланула кожным, як вецер дзеравам. Адзін квадранец — і сілцоўцы маглі-б перайсьці ў рашучы наступ на поліцыю, але нешта супыніла іх. Абмежавалася грозным гулкім гоманам, які з пяць хвілін катаўся алавяным шротам па разлаванай грамадзе… У яго раскатах выразна чулася гострая небясьпека, і стражнікі, яе заўважыўшы, ад’ехалі к прыстаўскай браме. Калі грамада заціхла, Сёмка кінуўся шукаць таварышаў: прабег управа, вярнуўся назад, пралез уперад, пытаўся сяго-таго. Нарэшце ўгледзеў Пятруся са Сролем, але бяз Волькі, наўскасяк ад сябе, ззаду, і падышоў да іх:

— Ну, як падабаецца настрой сілцоўцаў?

— Цікава!

— Адна хвіліна — і магло-б выліцца ў пабоішча.

— Чакаў я гэтага, так і рупіла кінуць каменем у паганую хару…

— Добра, што так абышлося, а ня то-б… крыві ня мінуць…

Падышлі Волька з Гэляю.

— Што вы робіце, хлопцы, — з некім жахам папракнула Гэля. — Ці ня ты гэта крычаў «Далоў самадзяржаўе!»

— Перапужалася?

— Гэта-ж маглі-б перастраляць людзей.

— А, нябось, напужаліся самі… І, чаго добрага, маглі-б на капусту скрышыць…

— Малыя выпадкі, а да чаго могуць давесьці.

— Добрая агітацыя.

— Глядзеце толькі, каб вы з ёю не пашлі даганяць Віктара з таварышамі. Паагітуеце тады…

— Вас не пакінем…

Волька намерылася прыкрыць рукою Сёмкаў рот і ўжо замахнулася на гэта.

Але ўперадзе натоўпу, якраз прыцішанага, пачуўся плач і зацяжныя прычыты. Хлопцы падаліся галовамі ўперад — апынуліся вачыма на двары стану.

З халоднае, невялічкага старога будынку, ні то хаты, ні то сьвіронку, стражнікі вывелі арыштаваных і пад канвоем павялі іх к браме. У стражнікаў былі голыя шаблі, якія блішчэлі ад сонца. Рэзвыя зайчыкі шмыганулі ў людзкі натоўп і раптам ізноў запалілі ў ім настрой. Дапамагалі прычыты бацькоў арыштаваных:

— Куды-ы вы павязяце-э нашых дзяцей! Дзе-эткі-ы мае-э!

Грамада ўзьюшылася і раптоўным крокам падалася ізноў наперад. Прагудзеў варожы шэпт. Коньнікі накіраваліся адціскаць. Ізноў пачуліся крыкі: «Асадзі-ы назад!» Але людзі ня слухалі — ухіляліся і напіралі. Раззлаваныя поліцыянты замахалі бізунамі, пагражаюча сталі насядаць на пярэдніх. Пад гэту суматню арыштаваных усадзілі на падводы, прыгатаваныя для іх загадзя.

І а другой гадзіне паполудні рушылі па шляху ў павет, пад аховаю траіх узброеных стражнікаў. Сілцоўцы напружана сачылі ўсьлед ім, спагадліва ківаючы галовамі і матаючы шапкамі і зычным, медным голасам шлючы ў дагон — «Скора вярнуцца!»

Арыштаваныя адказвалі выгукам:

— Няхай жыве свабода!

— Ці адчувае гэта Рыгор? — ідучы дамоў, сказаў Сёмка Пятрусю.

— Гэ, ён там жыве больш напружаным жыцьцём… — адказаў той.

Так, Рыгор жыў больш напружаным жыцьцём…

Частка шостая

[правіць]


ЧАСТКА ШОСТАЯ



I

НЯ ГЛЕДЗЯЧЫ НА ПОЗЬНІ ЧАС, пасьля бурліва перажытага дня, не патураючы на ўздымны настрой, які падняла ў ім стрэча з Ганнаю, Рыгор помніў, што а сёмай гадзіне раніцы ён мусіць уставаць і ісьці ў завод. Нельга праспаць ні за што! Нельга прапусьціць другі дзень.

Заснуўшы хутка ды крэпка, ён раз-ад-разу прачынаўся і глядзеў на гадзіньнік. Прачнуўся а чацьвертай, а пятай, а палове шостай…

Летні дзень паднімаў раньні золак, празрысты, сіні. Сьвятло абдавала пакой, але адзнаньне, што яшчэ можна паспаць — перамагала ўсё. Рыгор кідаўся ў падушку і засынаў. Нарэшце стрэлка гадзіньніка апынулася на лічбе сем — далей спаць было нельга.

— Так скора сем! як адзін момант. Ах, яшчэ-б гадзінкі са дзьве!

Аднак сустрымаўся ад гэтае спакусы і зьлез з ложка.

Адзеўся, падышоў к акну.

— Вечарам пасплю, калі ня прыдзе-э… Ганна…

Рыгор сілком прагнаў пяшчотныя думкі і прыслухаўся да стуку, які нёсься з надворку.

Праз пару хвілін ён быў на вуліцы.

Сьвежае, яшчэ не запыленае паветра астудзіла Рыгораў твар і прамыла галаву. Ён пачуў сябе разьвей, рухавей. Знашоўся адпаведны, рабочы настрой: перакінулася некая нітачка сувязі ад ранейшых дзён, перад пабыўкаю, да сёньнешняга. Як быццам-бы нічога асабістага ня было: учора, заўчора, тыдзень таму і месяц будзіў яго гудок і к васьмі гадзінам дня вымушаў прыйсьці на завод. Ласьне і наўперад будзе гэткі лёс рабочага чалавека? Сотні-тысячы гэткіх як ён; вось, праз усю вуліцу выцягнуліся, нібы цэлае войска… Рыгору заімпонавала ўдачлівае параўнаньне, і ён азірнуўся назад, усьцяж вуліцы. Сапраўды, яна скрозь была ўсыпана чорнымі ды сінімі фігурамі людзей, якія джаралом цяклі ў адзін і ў другі бакі. У розных канцох гораду гудзелі сырэны трывожна-дысонансную мэлёдыю, як-бы выігрывалі зору, і на яе напевы зьбіралі рабочых — армію. У іх руху, ва ўвераных кроках, у спакойлівых выразах твараў адчувалася магутная вялікасьць творчай сілы. Кожны рабочы, шагаючы пліткамі тротуараў, нёс у сабе часьцінку гэтае сілы; без яе не даставала-б многага, а мажліва, і ўсяго таго, на чым вярцелася гарадзкое жыцьцё. Рыгор міжвольна адчуваў гэта, — можа таму, што сам быў рабочым, што ў глыбі душы захаваў гардлівасьць гэтым званьнем, што сам складаў часьцінку агромнае арміі. Гардзіўся самім, а праз сябе і цэлаю грамадаю.

Тут-жа ён параўняў адно з другім абачны рух і падзеі забастоўкі-дэмонстрацыі. На моманце протэсту злучацца ўсе гэтыя ядынкі-рабочыя, запаляцца агнём рашучасьці і пададуць свой голас. Якава будзе яго сіла? Хто не здрыганецца ад яе? З гэтымі думкамі Рыгор вышаў на ўзьбярэжную Дзьзіны.

Дзе мясьціўся плывучы таржок — кіпела жыцьцё: гандляры і гандляркі, крыклівыя, ачамерныя, рухавыя, маталі рукамі, крычалі, лаяліся з пакупнікамі. Таржок гудзеў, як парушаны вулей. Шнурком сьпяшылі на таржок работніцы, нянькі, боны: з кошыкамі, з пляцёнкамі, з гнутымі каробачкамі. Цэлы шнур ламавых падвозіў з таржку прыпасы: бульбу, цяпліковую гародніну, крупу, муку. Мурзатыя, запэцканыя з ног да галавы, шырокаплечыя, каржастыя ламавікі папарадку разгружалі кампаніяй пярэднія падводы, тут-жа замяшчаючы іх чарговымі. У іх рабоце была асабістая наладжанасьць, выпрацаваная доўгім часам. Цяжкія мяшкі падхапляліся крукамі і з надворнай лёгкасьцю перакідаліся на плавучку.

Па Дзьвіне шнурвала некалькі кацераў з людзьмі і з дзесятак парусьнікаў. З левага боку плытнікі заварочвалі к берагу даўжэразны плыт. Яны голасна крычалі адзін другому, бегаючы ўзад ды ўперад па сьлізкіх бярвеньнях плыту. Рыгор на ўсё зварочваў увагу, усё яго цікавіла, што мела рух, што вязалася з працоўнай чыннасьцю, што складала каляско агромнай машыны гораду. Працоўная часьць гэтай машыны вярцелася ў віры творчасьці, у натужным змаганьні за кусок хлеба. А там, у цэнтры, у багатых кварталах, людзі яшчэ спачывалі пры адчыненых вокнах, у мяккіх пасьцелях, абароненыя другімі ад назойлівых клапот жыцьця. Іх ня будзілі гудкі ды сырэны, ня трывожылі вымаганьні быцьця. Ранак будзіў аколіцы, пачынаючы з іх працоўны дзень. Горад, як і ўся дзяржава, як усё чалавецтва, дзяліўся па стану людзей на дзьве паловы, — рэзкія, адмяжованыя адна ад другой. Між гэтымі паловамі ляжала глыбокая канава-разьдзел. Жыцьцё нясупынна паглыбляла яе, адначасова варужаючы абудва станы. Раз-ад-разу выбухалі ўздымы ўзаемнай варожасьці, падганяючы блізкасьць рашучае схваткі.

Забастоўка, якая насьпявала ў горадзе, суліла падкрэсьліць яе завостранасьць.

Рыгор ізноў абярнуўся думкамі к ёй. Заздрочыла хаценьне, хутчэй-бы яна вынікла ды як найлепш прашла. Ён перакінуў узрок на дымлівыя коміны фабрык і заводаў. У цёмных полагах сажы, у затуманеным небе як быццам-бы ўжо калыхаліся чуць абачныя яе нарысы.

Ловячы іх, Рыгор ускорыў хаду і няпрыметна для сябе прышоў к заводу. Вузкаю стрункаю, як каралі, укочваліся рабочыя ў цесную шчыліну варотцаў. Рыгор злажыў сабою новае зьвяно і перастутіў парог разам з другімі.

— А! Дзень добры, Нязвычны! — леваю рукою крануўшы казырка шапкі, прывітаў Рыгора стары Караль: — я твой нумар ужо загадзя падвесіў на дошку. Во, глядзі і ўпэўніся! — ён ткнуў заскарузлым пальцам у драцяную пляцёнку супроць меднага кружка з лічбаю 1803.

— А Міхась Камар не праходзіў яшчэ? Не падмячалі? — запытаў Рыгор.

Некалькі рабочых абмінулі іх, вешаючы свае нумаркі і вітаючыся з Каралем.

— Не, не прыкмячаў; здаецца, яшчэ не праходзіў, — я бачыў-бы, — адказаў Караль.

Рыгор пакіраваў к мэханічнаму корпусу.


II

ЗАВОД ЯШЧЭ СТАЯЎ, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: ня рухалі нядаўна спыненыя начною зьменаю варштаты, ня шыпелі разцы і зубілы, ня ляскала электрычная тачылка, не кратаў цяжкі кран. Толькі ў парожнюю вярцеўся трансформатар са спушчаным пасам. У першым паверсе падагравалі печы, выпускаючы пару. Рабочыя, што ў вачавідкі напаўнялі цэхі, нясьпешна пераадзяваліся ў рабочую вопратку. То сям, то там, каля станкоў раздаваўся бразг сталі, — то пачыналі даставаць струмант. Некалькі майстраў і падлічнікаў хрономэтражаў прабеглі ўсьцяж майстэрні, паглядзелі на варштаты і спусьціліся ўніз. Рыгор акінуў узрокам цёмна-шэрыя галы будынку, уздыхнуў і падышоў да станка, дзе працаваў перад водпускам. Усё стаяла на сваім месцы, як і пакінуў; толькі ззаду, пад комлем, хтось уткнуў новую скрынку з напільнікамі, малаткамі, разцамі, шаблёнамі, рэхвамі і шрубамі. Ён карпануў рукою, як-бы шукаючы чаго, і адышоў к шафе паглядзець свайго рабочага гарнітуру. Кашулька ляжала на сваім месцы зложанай, як трэба, прыпыленай. Рыгор узяў яе, абгледзеў і намерыўся надзяваць, шукаючы вачмі портак.

Гэтым часам завод рушыў: усё вакола зашыпела, закруцілася, заляскала, забранчэла. Няпрыкметна рабочыя разышліся па мясцох і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Зьнізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Зазьвінелі ўдары малатоў па жалезу.

Рыгор вярнуўся к станку і перш хацеў прысесьці ды пачакаць майстра, а пасьля перарашыў і пашоў усьцяж майстэрні. Прывітаўся са знаёмымі таварышамі, пераказаўся з імі двума-трыма звычайнымі словамі.

У канцы праходу, другім ад сьцяны, працаваў на стругальным станку Міхась Камар. Рыгор падышоў да яго, прывітаўся і запытаў:

— Ці ня бачылі майстра, часамі?

Міхась аглядзеўся вакола.

— Толькі што быў тут. Мо’ ўніз дзе пабег, у кантору… Навошта ён табе?

— А я ня ведаю за вошта прымацца.

— Зараз прыдзе наверх…

Памаўчаў і паглядзеў на суседзяў.

— Ну, заўтра сходка, не забудзь…

— Заўтра, ласьне?

— А чаго адкладаць… Трэба карыстацца момантам.

— А дзе?

— У Артура Цьвібеля, на Задзьвіньні… Яшчэ стрэнемся заўтра, а між іншым папераджаю…

— Так, добра… Ну, я пайду к станку.

Рыгор адвярнуўся і ўгледзеў майстра, які ішоў насустрэч, правяраючы рабочых.

— А, Іван Пятровіч, а я вас чакаю… Што мне пачынаць?

Іван Пятровіч, здаравенны русак, з чорнымі паднятымі на рожкі вусамі, з каўнерыкам пад незамурзанай кашулькаю, выбрыты ды прычэсаны, добрадушна прывітаўся з Рыгорам і адказаў:

— Нічога, дамо работу. Пастараемся знайсьці цяжэйшую пасьля гульні; нябось, набраліся сілы ўдому.

Па шырокім твары майстра прабегла цёплая ўхмылка, а вочы бліснулі патайным агеньчыкам хітрасьці.

— Ну, як правялося ўрэмя? — запытаў ён.

— Ня дрэнна.

— Ды я думаю, у бацькоў ды каб было дрэнна.

Рыгор змоўчаў, хапіўшыся думкамі за сходку. Толькі прайшоўшы некалькі крокаў, адказаў:

— У іншых лепей без бацькоў, ніж з бацькамі.

— Чаму?

— А таму, што мая маці ня вельмі мае з чым сына сустрэць.

Майстар перапусьціў тую-ж ухмылку, кіўнуў галавою і забег у канторку. Рыгор падышоў да станка і пачаў аглядаць яго з усіх бакоў. І не заўважыў, як падышоў к яму майстар з работаю.

— Вось вытачыце дзесяткаў два гэтых шрубак, — праказаў ён і адышоў.

Рыгор паважна пастроіў станок, уставіў кавалак сталі і пусьціў калясо. Прывычным настроем накіраваў разец і ўпусьціў яго ў сталь. І тут-жа засьвісьцела блішчастая доўгая стружка, гадзінаю папоўзшы яму на прыпол; за ёю другая, трэцяя… Ён ня спускаў празрыстага ўзроку з аднэй кропкі, ня зводзіў увагі ад станка. Яго шустрае вярценьне і разьба сталі прыцягалі да сябе Рыгораву ўвагу і разам захаплялі яго процэсам творчага руху… Ён міжвольна зьліваўся з бегам каляска, з міганьнем высокага адшліфаванага ў зеркала валіка.

Рыгор ня прыкмеціў, як прасядзеў пры станку да абеду, неадгінна, упіліўшыся нязьмігутным узрокам у лёза разца. Гудок, апавясьшіўшы перарыў работы, растаў у завыўным посьвісьце станка і застаўся ім не заўважаным.

— Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі яго суседзі: — на абед пара.

— Ласьне ўжо быў гудок?

Звычайны абедзенны рух па майстэрнях паказваў, што быў.

Рыгор спыніў станок і прыўстаў. Закалола ў плячох, задрыжэлі ногі ад няпрывычкі. Але ён не марудзіў і пакінуў майстэрню не астатнім.

На дварэ нагнаў некалькіх знаёмых таварышоў і разгаварыўся.

Гутарачы, яны зайшлі ў харчоўку. Цікавасьць да настрою сярод рабочых іх заводу і суседніх фабрык, якія дзесяткамі мясьціліся ў гразкай няпрытульнай харчоўцы, цягнула яго пабыць з імі. Заўтрам яму будзе матэрыял у руках, каб абстойваць сваю думку, як найхутчэй пачаць забастоўку. Улічаючы важнасьць гэтага пытаньня, Рыгор праз увесь час абеду падтрымоўваў гутарку з рабочымі за сваім і суседнімі сталамі. Вакол яго сышлося да двух дзесяткаў чалавек, якія пільна прыслухоўваліся да гутаркі і хвіліна-ад-хвіліны ўстаўлялі свае адабрэньні. Цэлаю грамадою правялі яны Рыгора ў завод.


III

ВЕЧАРАМ, ПАСЬЛЯ РАБОТЫ, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды ня выходзіць. Пільная, захапіўшая яго цалкам работа як-ні-як стаміла за дзень; ён адчуваў цяжар ва ўсім целе і калі зашоў у пакой, — пацягнула адпачыць. Шчымела ў галаве: хацелася даць перадышку разгарачанаму мазгу.

Рыгор пасьпешна разьдзеўся і прылёг. Яго зразу ахапіў здром; ён на некі момант зьнябыўся, некалькі хвілін прадрамаў. Але раптоўны званок у дзьзярох яго разбудзіў. Рыгор схамянуўся і прыўстаў. «Ці ня Ганна?» стукнула ў голаў выразная думка. Ён прыслухаўся і, затаіўшы дыханьне, пачакаў, пакуль адпёрлі дзьверы і загутарылі на калідоры. Аднак, па голасе ён пазнаў, што то прышлі не да яго, і супакоіўся; прылёг зноў. Заплюшчыў вочы і намерыўся заснуць. Але ўжо на гэты раз думкі мяшалі, ён ня мог адагнаць ад сябе вобразу Ганны. Праз цэлы дзень і ня думаў, — а тут раптам яна знашлася; як-бы чакала ўрочнага часу, каб цалком запаланіць яго ўвагу і пачуцьцё. І якраз пасьпела, — ці-ж ад яе ўхавацца?

Болей гадзіны ў думках і пачуцьці Рыгор жыў з Ганнаю, ня могучы заснуць. Нарэшце, сон пачаў змагаць. Думкі хвіліна-ад-хвіліны станавіліся горш заблутанымі, разрываліся, губілі парадак… Тады ён прыпомніў стычку Ганны з Вільгэльмінаю і ўсхапіўся з ложка.

На кожны выпадак трэба папярэдзіць Вільгэльміну, каб яна ўпусьціла, калі хто прыдзе да яго.

І ён даў сыгнал. Работніца неўзабаве пастукала ў дзьверы.

— Прашу!

Адчыніла.

— Вось што, Вільгэльміна, калі хто іціме да мяне — пусьцеце абавязкова.

— А то-ж я ня пускала калі?

Дзяўчына ўперылася зьдзіўленымі вачыма ў Рыгораў твар.

— Не, я таго не кажу; але вы мо’ падумаеце што мяне няма дома і неасьцярожна адправіце — хто прыдзе. Да мяне мусяць сёньня прыйсьці…

— Добра, — і Вільгэльміна вышла з пакою, адчуваючы лёгкую крыўду.

— Вельмі прашу вас, — паслаў удагонкі Рыгор.

І калі шагі работніцы змоўклі, ён хутка заснуў.

Адчынетае акно, што прапускала надворнае паветра ў яго пакой, цішыня, што выпадкова на гэты раз панавала ў кватэры, — пасаблялі ўкрапіцца Рыгораваму сну. Ён ляжаў, як прывязаны, непарухна і пахропваў. Прынятая поза — на правым баку, зьлёгку падагнуўшы ногі — не мянялася ім праз некалькі гадзін. Толькі пярэдаднем, калі знадворку пацягнула рэзкаю сьвежасьцю, ён паправіў на сабе капу, затуліўшыся ў яе з галавою.

Ноч прамігнула, як хвіліна: было бяз чвэрткі сем гадзін раніцы, калі Рыгор прахваціўся. Паглядзеў у акно і з першага моманту не разабраў, ці дзень, ці адвячорак, ці раніца. А разабраўшыся, зьдзівіўся і пашкадаваў, што столькі часу змарнавалася ў сьне. Але тая лёгкасьць і бадзёрасьць, што ахапілі яго, выкупалі страту. Пасьля ўчарашняга перажытку ўсё выглядала яму ў ружовых фарбах, усьміхалася і прывабляла сваёю прыемнасьцю ды хараством.

Гудок, знаёмы, басісты, з рэзкім хрыпам, вытаўхнуў Рыгора з кватэры. Як-бы штурхнуў яго і, зрушыўшы з месца, пацягнуў гвалтоўна за сабою.

Зусім за кароткі час Рыгор дашоў да заводу, без учарашняй цікавасьці павітаўся з Каралем, прабег двор і ачуўся каля свайго станка. Мэханічна перапрануўся, мэханічна пусьціў станок. Як і ўчора, стройна паляцелі з посьвістам блішчастыя стружкі, загуло каляско, запляскаўся шнур; паўчарашняму прыгравала разбаўленае дымам праменьне. Толькі лягчэй было прыгнутай сьпіне ды падкурчаным нагам — уцягаўся ў працу, прывыкаў. Бясконцы шолам і стукатня ня глушылі думак-лятуценьняў.

Рыгор гадзіны са тры прасядзеў пры станку бяздумна, цалком аддаўшыся процэсу працы, адлучаны ад усяго сьвету. Пасьля якаясь прымха натаўхнула ўспомніць пра ўчарашні вечар, ці ня прыходзіў толькі хто-кольвечы да яго? А мо’ часамі, і Ганна? Зарупіла балюча, чаму не запытаў Вільгэльміну, і каб хутчэй запытаць. З гэтае прычыны прыпыніў станок і паглядзеў на гадзіньнік, ці хутка міне дзень. Была субота. Падыходзіў абед — значыць, заставалася яшчэ дзьве гадзіны. Як ён дачакаецца? Цэлых дзьве гадзіны нясупыннага вярценьня станка, нязьмігутнай сочкі за лёзам разца!

Але не аглядзеўся, як работа прышла к канцу.

— Кідай, чаго так прыліп да станка, — пачуў Рыгор над вухам і адняў разец ад сталі; азірнуўся і ўгледзеў Міхася Камара.

— Ды кідаю, кідаю! Зусім-бы, здаецца, кінуў.

— Чаму так?

— Няма ахвоты.

І паджартаваў, хоць ў душы не стаіў сур’ёзу:

— Забастоўка-б тая хутчэй. Сапраўды, час ідзе, а мы нечага ждом.

Міхась палажыў яму на плячо руку.

— Сягоньня вырашым. Абавязкова будзь а дзевятай гадзіне ў Цьвібеля.

— Добра.

І калі Міхась адышоў, Рыгор некалькі хвілін пастаяў, як азадачаны. А пасьля пасьпешна сабраўся, амаль ня першым памыў рукі і выбег за вароты, каб пераняць таварыша.

— Мне хочацца пагутарыць з вамі, — ціха праказаў нагнаўшы.

Яны аддзяліліся ад натоўпу, перашлі на другі бок вуліцы і, разгаварыўшыся, пашлі па ўзьбярэжнай. Рыгор з зацікаўленасьцю чапаў розныя пытаньні ў зьвязку з сучасным момантам, выпытваў настрой комітэту організацыі, фракцыйныя спрэчкі, асьцярожна выспрабоўваў, як Міхась глядзіць на тэрмін абвяшчэньня забастоўкі, і пачаў выказваць свае думкі наконт гэтага.

— Мне думаецца, — казаў ён, — што зараз мы можам ня толькі што абвясьціць забастоўку, а і зрабіць спробу да варужнага выступленьня. Гэткі ёмкі момант! Абурэньне сярод матросаў, шэраг буйных забастовак, уздым грамадзкага нездаваленьня… Вось абгаварыць гэта, як сьлед, выплянаваць і зараз-жа за справу. Рабочыя ў добрым настроі…

Міхась тузануў яго за рукаў і наставіцельна паківаў галавою.

— Адкуль у цябе гэткі запал? Беспардонны максымалізм! Які ты гарачы стаў! Зразу гатоў сьвет перавярнуць. Пачакай. Паберажы свайго імпэту надалей, а то — выпшыкаешся скора. Яшчэ ня быў у пераробцы. Цябе латыскія с.-д. падбіваюць…

Для Рыгора Міхасёвы словы празычэлі зусім ня сур’ёзна, як быццам жартоўна, з прадугледжанымі кепікамі.

— Вы сьмяіцёся? Вас туманіць апортунізм…

— Як хочаш разумей.

Ён зьмяніў голас і нездаволена адказаў:

— Я ня ведаю, чаму вас ня кратае нічога. Няўжо вам не баліць усё тое, што робіцца наўкола. Дальбог, ну — я ня ўтраплю сабе, як гэта людзям удаецца так ёмка астудзіць свае пачуцьці… Разганяюць з фабрык рабочых, арыштоўваюць забастоўшчыкаў, судзяць на сьмерць людзей, а ім хоць-бы што — ліквідатарства… Мэрам так і трэба. Тут, памойму, ніводнае хвіліны ня трэба чакаць. Лепш памерці ў змаганьні, чымсь жыць у няволі…

— Праўда, праўда…

Міхась азірнуўся вакола.

— Лепш памерці ў змаганьні; лепш, чымсь жыць у няволі. Але, калі ўміраць, то трэба адно мець у воку, ці ўсё ты купляеш сваім жыцьцём, ці мог-бы ты яго прадаць за больш дарагую цану. Уміраць на полі бойкі трэба з рашчотам… Умерці — невялікая штука…

Рыгор задумаўся. «Міхась, якога, як-ні-як, нельга западозрыць у мяшчанскім настроі, а размаўляе дзяляцкі, куртаты меншавізм заядае.

Хто з іх праўдзіў?

Няўжо Міхасёвым настроем будзе прасякнута ўся сходка? Няўжо яго, Рыгора, ніхто не падтрымае? Усё-ж Рыгор будзе цьвёрда стаяць на сваім, няхай лічаць гэта за ману, за непрадугледжанасьць, за мары.

— Ня ведаю, чаму вы так кажаце, — разьвітваючыся, праказаў Рыгор, — мне здаецца, што сьмерць ня лічыцца з рашчотам, а жыцьцё ня мераецца розным коштам.

Адышоўшыся на сажні два, ён улавіў яшчэ адну думку гэткага сэнсу, але вярнуцца назад, каб яе выказаць, палічыў ніякаватым і, разьбіраючы яе сам-сабою, пашоў дамоў.


IV

НА КВАТЭРЫ РЫГОР НЯ БАВІЎСЯ. Каб вярней папасьці на сходку, ён завідна прагулачным шагам пашоў на Задзьвіньне. Па дарозе некалькі раз спыняўся і па хвілін колькі сядзеў — у Вэрманаўскім парку, на бульварах. Таксама прастаяў крыху каля Дзьвіны. Усю дарогу разьмеркаваў на паўтары гадзіны і толькі апошнюю чвэртку ня ўлічыў, як лепей выкарыстаць, каб ня тупаць два разы па адным месцы. Але яму ніяк не ўдалося гэтага абмінуць: незнаёмая мясцовасьць і надышоўшы змрок паперашкодзілі яму зразу падмеціць патрэбную лічбу дому. Прыглядацца ён не хацеў, бо недалечка, на скрыжаваньні вуліц, стаяў гарадавы і пільна ўзіраўся за кожным пешаходам; асабліва, паказалася так, поліцыянт прыглядаўся на яго. Каб ня даць выгляду, што ён шукае каго ці чаго, Рыгор уверана прашоў да канца кварталу і павярнуў направа, каб абкруціцца вакола і тады проста ды ўверана ўвайсьці ў вароты. Абход патрабаваў чвэртку гадзіны, і Рыгор удвойчы прашоў адным месцам. Ці падмеціў гэта гарадавы, ці не, ён ня цікавіўся, а хутчэй прашоў у браму.

На дзядзінцы, агароджаным высокімі мурамі, гуляла куча дзетак. Пры ўходах, на нізенькіх ганачках, сядзелі кабеты і рэзва абгаварвалі здарэньні перажытага дня. Рыгор помніў, што трэба іці налева, да куткавога ўваходу, і павярнуўся, бясьцікаўны ля ўсіх, хто быў на дзядзінцы. Узышоў на ўсходы і вобмацкам, бо яшчэ ня было электрыкі, знашоў званок. Яму тут-жа адчынілі, мігам закрыўшы дзьверы.

У нелапым і, наколькі можна было падмеціць у змроку, чыста прыбраным пакоі знаходзілася ўжо некалькі чалавек; яны сядзелі ў радок на мяккай канапе за прыстаўленым да яе поўкруглым сталом. З двух канцоў стала ляжала па некалькі кніжак, у пераплёце і не пераплеценых; пасярэдзіне закрывалі прагал разгорнутыя ва ўсе шыркі газэты. Рыгора сустрэлі моўчкі, і ён сам перарваў цішу прывітаньнем:

— Добры вечар!

За ўсіх адказаў гаспадар кватэры, які сядзеў ад акна.

— Вечар добры!

І запрапанаваў:

— Сядай, сябру Нязвычны…

Пасьля прыўстаў і запытаў Рыгора:

— Знаёмы з усімі?

Той прыглядзеўся — людзі былі незнаёмыя.

Усім падаў руку; апошняй — дзяўчыне, якая сядзела з другога канца канапы.

Прывітаўшыся, Рыгор прысеў ля стала побач з дзяўчынай.

— Мала цікавага, — пераняў Артур: — ды якраз няма сьвятла.

— Што-ж так доўга не падаюць? — запытала дзяўчына і прыўстала з месца.

Якраз бліснула электрыка. Адзетая ў цьмяны ўзорны абажур, лямпачка дала досыць сьвятла, так што людзі і рэчы выглянулі ў поўным акрэсьленьні.

— Вось прагаварылася.

Рыгор паглядзеў на дзяўчыну і захапіўся яе стройнасьцю, здаровым целаскладам, прыгожай постацьцю. Крыху прадоўглы смуглы твар з дасканала прымеркаваным роўным носам, з цёмнымі вачмі пад густымі чорнымі брывамі; мерны лоб, абложаны чарнаватымі, прыгладжанымі ў простую прычоску косамі. Яна была адзета ў простае поўшарсьцянае плацьце з перахопам у стане і з высокім каўняром, які шчыльна закрываў стройную шыю. Пастаяўшы колькі хвілін, дзяўчына села і, працягаючы ногу кранула Рыгоравай нагі.

— Убачайце!

— Калі ласка.

— Якая я няўдалая, ці ня праўда?

— Гэта можна вам дараваць.

— Ня вучылася абыходжаньню.

— І яна засьмяялася. Рыгор з некаю патайною думкаю паглядзеў на прысутных, каб праверыць, ці яго аднаго так цікавіць гэта дзяўчына-таварыш, ці захоплены ёю ўсе прысутныя. Пяцёрка чалавек, наўзапой курачы, былі напэўна заняты іншым: яны перакідаліся адрыўнымі сказамі, некаторыя заводзілі рэволюцыйныя мэлёдыі, мянялі раз-у-раз позы ды пазіралі на гадзіньнікі.

— Нам яшчэ многіх трэба прычакаць? — запытаў ува ўсіх адзін з прысутных, доўгакосы, з бародкаю клінком, у акулярах, тыпічнага інтэлігентнага выгляду мужчына, гадоў за трыццаць.

— Павінны падыйсьці зараз, — адпавеў яму сусед, здаровы, белакуры, поўнатвары латыш: — вось яшчэ нават Міхася Камара… Нешта некае з ім.

Ён павярнуўся да Артура:

— Ці толькі прыдзе ён, наогул?

Рыгор адказаў:

— Я з ім бачыўся пасьля работы; абяцаў прыйсьці абавязкова.

— Ня можа ня прыйсьці.

— Можа што здарылася? — уставіла ад сябе дзяўчына.

— Нічога, пэўна, з ім ня сталася, а ўжо ў нас гэткая прывычка — заўсёды на паўгадзіны пазьніцца, — матнуў рукою інтэлігент.

— Не падабаецца мне гэта.

— А каму яно падабаецца…

Стук за дзьвярыма, а сьледам званок перабілі гутарку. Артур кінуўся да дзьвярэй і ўпусьціў зразу траіх чалавек, Міхася сярод іх.

— Ня думай, што разам ішлі, дагнаў іх, на ўсходах, — замест прывітаньня праказаў ён да Артура.

— Я і ня думаю.

Калі ўвайшлі ў пакой, Рыгор ня даў вымавіць слова, накінуўшыся на Міхася.

— Ваша холаднасьць і ў гэтым выявілася.

— А ты яшчэ не астыў? Ты — факел наш.

— Мо’ незнаёмы, — абярнуўся ён да ўсіх: — гэта з нашага заводу, мой вучань, можна сказаць, і мая гордасьць.

Усе паглядзелі на Рыгора, як-бы хочучы пераканацца ў праўдзівасьці Міхасёвых слоў. Пільней за ўсіх паглядзела на Рыгора дзяўчына: аўторытэт Міхася казаў за многае.

Рыгор, нібы сумеўшыся ад Міхасёвых слоў, прыўстаў і зьлёгку пакланіўся ў бок таварышоў. Пасьля, ня думаючы, працягнуў дзяўчыне руку і шчыра, з запалам паціснуў:

— Рыгор Нязвычны!

Пэўна ён зрабіў-бы тое самае у з мужчынамі, у кожным разе ён падаў намер, але Артур пераняў яго сказам:

— Я ўжо пазнаёміў Нязвычнага з таварышамі.

Тады Рыгору асталося сесьці, што ён і зрабіў. І пакуль тыя, што прышлі, перакідаліся словамі з інтэлігентам, ён выкарыстаў час для гэткай перамоўкі з дзяўчынаю:

— Убачайце!

— Калі ласка…

— Цікава, які настрой на вашым заводзе?

Рыгор паправіў сядзеньне; быў рад, што яго запыталі.

— Як-бы вам сказаць, я ўсяго два дні папрацаваў і не пасьпеў акурат разьведаць, але наколькі мог прыслухацца да гутарак і сам пагутарыць — настрой баявы. Гэта мы мусім зараз падкрэсьліць. Другія ня цікавяцца, а я думаю — то будзе наша абмылка.

Ён памаўчаў:

— А вы, таварыш, на якім заводзе працуеце? І што кажуць у вас?

— Я з «Правадніка», — ахвотна адказала дзяўчына, а сама востра пранізвала яго сваімі цёмна-шэрымі вачмі.

— У нас рабочыя ня дрэнна настроены… На кожны кліч да забастоўкі адгукнуцца рашучым выступленьнем.

Яна з намерам унесла пропозыцыю:

— Давайце разам будзем праводзіць свае пытаньні. Га? Я — максымалістка…

— Латва — я таксама супроць меншавіцкай драбласьці…

Яны згоднай ухмылкай заключылі гутарку і момант памаўчалі, — таксама мэрам згаварыўшыся.

— А я, ведаеце, меў выпадак падсачыць настрой вёскі, — пахваліўся Рыгор.

— Так? Якім чынам?

— Выпрасіўся на пабыўку.

— Вы шчасьлівы; я вам завідую. А я, каб і магла паехаць, ды няма куды… Я…

Артур перабіў іх гутарку прызывам да ўвагі.

— Пачнем, таварышы…

Усе змоўклі, паправіліся на сядзёньні.

— Што-ж, як водзіцца, давайце старшыню выберам.

— Міхась! Тав. Камар!

— Так і бог вялеў, — падказала дзяўчына.

Міхась адказаў ухмылкаю і тут-жа прамовіў:

— Пасяджэньне адчыняю… Наша сходка прадстаўнікоў ад заводаў і прадстаўнікоў ад мясцовых організацый павінна вырашыць пытаньне, як і калі абвясьціць агульную забастоўку ў Рызе. Гэта пытаньне, думаю, зойме ў нас увесь вечар і іншых дадатных пытаньняў мы ставіць ня будзем.

— Не, не! — падмацавалі некалькі галасоў.

— Тады даю слова таварышу Якаву Гісу.

Усе маўчалі, а ўстаў чорны інтэлігент. Крыху памаўчаў, зьлёгку пахіліўшы лахматую бакунінскую голаў, як-бы выбіраючы словы для пачатку прамовы, кашлянуў, а пасьля пачаў казаць цьвёрдым, трошкі гаркавячы, тэнарком:

— Вы, таварышы, сышліся сёньнека на гэту сходку, каб вырашыць адпаведнейшае пытаньне, ці ёсьць сэнс і ці тэрмінова зараз абвяшчаць агульную забастоўку. Зараз мы перажываем вельмі і вельмі рашучы момант! Царскае правіцельства кідае пярчатку працоўнаму народу і ўсяму лепшаму грамадзянству, якое падае свой голас протэсту супроціў пануючага гвалту… Хутка разыграецца крывавая комэдыя-суд над бальтыцкімі матросамі… Ім ужо царскія каты згатовілі свой люты прыгавор… Мы павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленьнем — забастоўкаю… Мы гэта зможам зрабіць, бо адпаведны настрой у рабочых ёсьць. Ён ужо прарываецца на поверх: як вам вядома, ужо доўга бастуюць перапёкі, спыніўся завод кампаній электрычнасьці… Калі мы ня сумеем узяць руху ў свае рукі, ён абміне нас і разьвінецца стыхійна сам сабою…

Прамоўца далей датыркнуўся ў сваёй рэчы дарагоўлі, што дало прычыну для дробных забастовак рамесьнікаў, чапіў таго ўздыму, які ахапіў розныя куткі прамысловай Расіі; пасьля перашоў да заграніцы; даўшы агульны агляд рабочага руху і політычнага жыцьця другіх краін.

Казаў паўтары гадзіны без перапынку, складна, лёгічна, без перабояў. Закончыў з маленькім хрыпком, выгукнуўшы да сходкі:

— Ад вас залежыць вынесьці тое ці іншае рашэньне…

Ён абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца.

Рыгор дзівіўся яго красамоўнасьці ды ўменьню падыйсьці да слухачоў; і карыў сам сябе, — чаму ён ня ў моцы гэта зрабіць. «А яшчэ мне хацелася стаць правадыром! Ці-ж я сумею?» сумняваўся ён. І карцела чымсь хутчэй узяць слова.

Але пакуль што пачаліся даклады дэлегатаў з заводу. Адзін, другі і цэлы рад прамоўцаў расказвалі аб настроі рабочых і выкладалі свае думкі наконт закранутага пытаньня. Апошнім казаў Міхась. Расьцяжным, спакойлівым тонам прызываў ён строга абгаварыць гэта пытаньне, улічыць усе дробязі яго і ня быць гарачымі ня ў меру, як то «адмячаецца сярод некаторых таварышоў».

Рыгор праслухаў даклады з тэй-жа ўвагай, як і прамову Якава; запамятаў характэрныя сказы і намёкі кожнага дакладчыка, але ня думаў, што Міхась возьме слова наперад за яго і сумеўся: «А можа, ня прыдзецца мае казаць?»

Аднак, у сваім слове, нечакана для ўсіх і для самога сябе ён знайшоў як і што падысці да справы, сказаўшы:

— Я чуў тут прамову таварыша Якава і чуў словы іншых таварышоў. Заключыў мой паважаны настаўнік — Міхась. Нельга сказаць, хаб пачалося дрэнна, але дрэнна скончылася: калі Якаў зваў да памяркоўнай рашучасьці, то таварыш Міхась і яе пераняў сваёю асьцярогаю. Да чаго яна вядзе, гэта асьцярога? Першы дакладчык ужо адмеціў, што абурэньне рыскіх рабочых выбіваецца на поверх, і падаў правіловую думку, што калі мы спозьнімся абвясьціць агульную забастоўку, то здарэньні абмінуць нас і разьвернуцца ў стыхійны ўздым. Знача, «трэба сьпяшыць узяць рух у свае рукі». Але ці гэта знача, што мы павінны адмежавацца невыразным прызывам да забастоўкі? Не. Мы павінны асадзіць яе ў рэволюцыйныя рамкі рашучага выступленьня. Рабочыя павінны ведаць, што яны не абараняюцца толькі, а ідуць у наступ… Раз кінулі пярчатку, трэба яе падняць…

Рыгор пачаў ціхім голасам і седзячы, пасьля падвысіў тон і прыўстаў; далей абярнуўся ў натхненага прамоўцу, гутарычы з націскам, размахамі рукі. Кожнае слова выходзіла суцэльным, адлітым, дыхала сілаю і абдуманасьцю. Вясковы, беларускі акцэнт не псаваў, а як-бы скрашваў высечаныя з граніту сказы. Папярэдні прамоўца, інтэлігэнт Якаў, налоўчаны казаць, стушаваўся з сваёю, вельмі ўжо гладкаю, адшліфаванаю і ад гэтага халаднаватаю прамоваю. Яго журнальная форма ў пабудове сказаў, цягучыя калыханьні ў выгавары пакінулі хоць і прыемнае, але зусім інакшае, ніж Рыгорава слова, уражаньне. Рыгор выйграваў шчырасьцью, як рабочы, здаваўся многім з прысутных чалавекам іншае ад Якава формацыі. Нават Міхась мусіў прытаіць гіронічную ўхмылку наконт «свайго вучня» і паківаць галавою ў адзнаку пахвалы яму.

Ну, а дзяўчына — тая цалком захапілася Рыгоравымі словамі. Увесь час, калі вяліся спрэчкі, яна ня спускала з яго вачэй, забыўшыся аб усім іншым. Пасьля Рыгоравае прамовы яна лічыла бескарысным спрэчкі і проекты іншага зьместу; чакала галасаваньня, каб падтрымаць яго.

Пастанова сходу абмежавалася абвяшчэньнем забастоўкі. Рэдакцыя пастановы разлавала дзяўчыну больш, як Рыгора. Яе гнеў крыху астудзіла даручэньне, якое нарада дала Рыгору: выступіць перад рабочымі заводу з дакладам аб мэтах забастоўкі. «Рыгор сумее выкарыстаць гэта для сваіх вывадаў», рашыла яна.

Пры гэтым ёй захацелася настроіць Рыгора зрабіць усё мажлівае для наданьня большай рэволюдыйнасьці пастановы.

З нарады пачалі разыходзіцца па адным каля першае гадзіны. Тыя, што чакалі чаргі, гутарылі аб дробных справах, інформавалі адзін другога аб маленькіх эпізодах з забастоўкі перапёкаў ды электрыкаў.

А Рыгор, даючы выгляд, што слухае, перадумоўваў праявы бягучага моманту, што датыркалі яго самога. І перад ім паступова адно за другім, сплятаючыся ў суцэльны ланцуг, прамігала — вяртаньне з дому, запрашэньне на нараду-сход, падбліжэньне забастоўкі, гарачая прамова на нарадзе і наступнае выступленьне перад тысячнай грамадой рабочых. Рыгор раўняў гэта з уступам на высокую гару: усё вышэй ды вышэй паднімаешся ўверх, усё больш ды больш шырокі гал расьцілаецца ўнізе. Усё, што ўжыўна было пры першым кроку, разрастаецца ў нешта магутнае, неабдымнае, неасяжнае. Забываешся, губіш будзенныя клапоты, штодзенныя думкі, як губяць сваю меру ды ўзрост усе рэчы, чым вышэй ты ад іх. З тае высі, куды ён ішоў, будзе яму відаць ня толькі Сілцы, а цэлы сьвет. З тае высі яго голас пачуюць усюды ўсе, бо ад яго прамовы будзе залежаць кірунак здарэньняў.

У сваіх задзёрыстых сяганьнях Рыгор прапусьціў між вушэй шмат цікавых навін. Таварышы сьмяяліся, дзівіліся, строілі дагадкі і адгадкі, разьвітваліся, у пакоі цішэла, а ён марыў і лунаў па высях, у будучыне, горды, недасяжны, апалены прагнымі, яскравымі лятуценьнямі. Нават не заўважаў дзяўчыны, якая тут-жа пры ім сядзела, умілялася і чакала.

Нарэшце ў кватэры застаўся адзін Артур, — трэ’ было ісьці.

— Пойдзем разам? — абярнулася дзяўчына да Рыгора.

Той быў палішчаны яе пропозыцыяй і далікатна адказаў:

— Вельмі рад.

Яны разьвіталіся з Артурам і пакінулі яго кватэру.


V

— ВАМ ДАЛЁКА ІСЬЦІ, таварыш? — запытаў Рыгор дзяўчыну, вышаўшы з брамы.

— На Мар… вуліцу, — адказала яна.

— Здорава. Мне ў той-жа бок, хочаце, я правяду вас?

— Калі ласка: аднэй мне так нязручна.

Моўчкі прашлі яны вуліцаю да Дзьвіны, сьпяшаючы захапіць пераход ці пераезд. Па дарозе, настрэчу прашло некалькі чалавек. Рэдкія ліхтары асьвятлялі вуліцу. Стаяла цёплая, парная пагода. З гораду даносіўся ціхі шум. Калыхаліся снапы проміну, здавалася, калышучы сабою неба. На вакзалах сьвісьцелі параваікі. Каля кацернай прыстані стаяла некалькі запозьненых пасажыраў; адны ў другіх перапытвалі, ці вернецца кацер.

Яны прыпыніліся і сталі чакаць. З заліву паказаўся агромністы морскі параход; дзесяткі агеньчыкаў прарэзвалі адбіткам бляску чорнае палатно Дзьвіны. Зычны гудок хутка пранёсься над горадам, аддаўшыся дзесьці далёка-далёка, чуць не на моры. У тым-жа баку, але шмат бліжэй, мэрам сьвечкі, гарэлі вокны заводаў; над імі, пад небам, гулялі пукі рэзвых іскраў. Туды глядзела некалькі пасажыраў, апісваючы прыгожасьць абачнага вобразу.

Паміж тым параход падышоў к прыстані, якраз супроць іх, і пачаў разгружацца. Узьбярэжная зашумела стукам калёс, выгукамі людзей, якія выяўна даляталі з другога берагу Дзьвіны. Нарэшце падышоў кацер, і яны праехалі ў горад.

— Можа паедзем з рамізьнікам? — запрапанаваў Рыгор.

Падарожніца крыху падумала.

— Ня варт, — адказала.

— А можа ўсё-ткі?

— Я-б хацела пабыць з вамі некі час.

Яе словы былі нечаканы для Рыгора.

— Я рад гэтаму, — мог сказаць ён.

І замілаваным узрокам кінуў дзяўчыне ў твар.

Моўчкі яны прашлі добры кавал узьбярэжнае, зьвярнулі ў завулак, крывы, глухі і вузкі, прамінулі дзьве ператочных вуліцы.

Нарэшце мімахоць вырвалася ў Рыгора:

— Вы даўно працуеце на заводзе?

Ён прыкусіў язык, чакаючы адказу. «Да чаго ёй маё запытаньне?»

Але дзяўчына толькі і чакала ад яго жывога зыку. Не пасьпеў замерці ён у Рыгоравых вуснах, як яна словаахотліва, гасьцінна адказала:

— Не, ня зусім. Я сама — швачка; працавала тры гады ў аднэй майстэрні — тут, у Рызе. А летась восеняй кінула… бач, не сама кінула, — прагнала гаспадыня за падгавор дзяўчат на стачку… Месяц гуляла бяз працы, а пасьля, з дапамогаю свайго дзядзькі, папала ў «Праваднік»… Чорную работу маю, цяжкую… Але нічога ня зробіш. Адна — пражыву як-кольвечы… Палацаў, пэўна, не нажыву.

Яна засьмяялася…

Рыгор нічога не адказаў: яму захацелася ведаць імя дзяўчыны і думаў, ці варт пытаць.

— Ну, а вы здаўна жывіцё ў Рызе?

Прышлося расказаць, як і што. І шчыра, бяз утайкі драбнейшага факту, расказаў ён, хто і што сам, адкуль прыехаў, як папаў на завод, як пазнаёміўся з Міхасём Камаром, як жыве цяпер…

Каля дзесяці хвілін прагаварыў, зацішыўшы хаду… І з нутра яшчэ ўсё набягалі словы, як нехта выпіраў іх сілаю, але ён сумысьня прымоўк, каб запытаць яе.

— Даруйце, вы маё імя ведаеце, а самі — як тая незнакомка. Мне ніякава бяз гэтага. Вось ужо мы болей пяці гадзін знаёмы, а я… Няўжо нам ня ўдасца больш стрэцца?

Яны падыходзілі да Вэрманаўскага парку; цёмнаю сьцяною паднімаліся старыя дрэвы, навісаючы над вуліцаю.

— Мне здаецца, што… вы з далікатнасьці…

— Вы сараматніца вялікая, як я бачу. Не чакаў, прызнацца, у вашым палажэньні…

І ен узяў дзяўчыну пад руку.

— Мы перш усяго — таварышы. Праўда, таварыш?..

— Таварыш Наталя.

Яны ўвашлі ў парк. Насустрач прашло некалькі чалавек; у бакох чуўся дзявочы сьмех. З галоўнае алеі павярнулі на бакавую. Каля лаўкі спыніліся.

— Вы любіце зелень? — запытаў Рыгор.

— Так: люблю поле, лес, кожны кусьцік. Вельмі люблю; занудзела па іх і рвуся, рвуся… Ды бескарысна: няма куды і няма за вошта ехаць. Паверыце, я яшчэ ня была гэтым летам на ўзмор’і.

— Я таксама быў усяго раз, хоць і мог-бы… Са мною іншае — я ня маю з кім.

— Вы праўду кажаце?

— Праўду, праўду… Хачаце, паедзем з вамі?

— Што-ж, я з ахвотаю…

Абое замаўчалі, думаючы.

Раздумы аднялі некалькі доўгіх хвілін.

— Што вы маўчыцё? Над чым задумаліся, таварыш Нязвычны? Я памяшала якомусь вашаму пляну? Вы хацелі ісьці куды, зачым? — скорамоўна кінула чатыры пытаньні Наталя.

І тон у яе голасе быў зусім ня выбачны.

— Кіньце, кіньце, я пры вас — толькі аб вас думаю. Я рад, нарэшце, што напаткаў сабе добрага таварыша. А то больш часу я адзін ды адзін. Хоць падзяліцца будзе з кім сваімі перажываньнямі… Бачыце, што дзень — іх болей ды болей надыходзіць. Стачка! Колькі навін яна прынясе!

— Вы думаеце пра забастоўку?

— Думаю… Я, прызнацца, цалкам захоплены ёю. Гэтыя дні, ад прыезду з дому, яна завалодала мною.

— Вы баіцёся яе?

— Я?!

Рыгор не дасказаў. Абое падняліся з лаўкі і пашлі з парку.

Прашоўшы гонаў двое моўчкі, Наталя запытала:

— А як будзе ў нядзелю?

— Давайце спаткаемся а другой гадзіне ў Вэрманаўскім парку. Авось падыдуць якія-кольвечы навіны…

Занятыя нязначнай перарыўнай гутаркаю, падышлі яны да самага дому, дзе жыла Наталя. Прыпыніліся пры браме, яшчэ раз умовіліся аб нядзельным спатканьні і разьвіталіся. Рыгор спакойнаю хадою пашоў усьцяж вуліцы, да Вэрманаўскага парку.

Кароткі тэрмін, які давялося яму прабыць з Наталяю, пакінуў па сабе глыбокі сьлед у яго нутру. Зусім неспадзявана напаткаў і вось… Выпадак за выпадкам, нязначныя, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцьця. Заўсёды непрадбачныя, заўсёды цёмныя — яны нахальна ўрываюцца ў будзёншчыну, здавалася-б раз абаснаванага процэсу і перабіваюць яго стройнасьць… А мо’, дзякуючы гэтаму, процэс жыцьця набывае сваю паўнату?

Ужо добра шарэла, калі Рыгор вярнуўся к сабе на кватэру. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пашоў спачываць пасьля бяссоннай ночы. Ліхтарчык тушыў ліхтары. У двары, куды прышоў Рыгор, некалькі раньніх асоб таўкліся ля хлявушкоў. Ціха перагаварваліся адна з другою. Ён падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не зьяўляўся адчыніць. Рытору стала няёмка, што ў гэткую пару неспакоіць гаспадароў кватэры. І ён мацней пазваніў. Праз хвіліну Рыгор пачуў:

— Хто там?

— Я, Рыгор.

Вільгэльміна адпёрла дзьверы і, не знашоўшы сказаць нічога путнага, паведаміла:

— Учора прынесла вам нейкая дзяўчына пісульку: я палажыла яе вам на стале.

— Дзякую… Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час.

— Нічога, мала што бывае.

Вільгэльміна прашла на кухню, а Рыгор — да сябе ў пакой. Зачыніўшы за сабою дзьверы, ён кінуўся к сталу, знайшоў пісульку і разгарнуў.

Пачаў чытаць:

«Дарагі Рыгору, я была ў цябе роўна а дзевятай гадзіне. Вельмі хацелася ўбачыцца з табою, каб пагаварыць. Столькі назьбіралася розных думак, столькі вынікла плянаў! Наша знаёмства далёка зашло і паставіла мяне перад настойным пытаньнем: як-жа быць? Чаму-ж бы табе не пачакаць мяне? Значыць — непатрэбна? Бывай!.. Калі ўгледзімся — ня ведаю.

Ганна».

Рыгор прачытаў і схамянуўся; задумаўся; пасьля яшчэ раз уважліва перачытаў і апусьціў руку з лістком; прысеў на крэсьле і ўпёрся думкамі ў два словы: Ганна — Наталя. У кароткі час — дзьве новыя знаёмкі, дзьве маладыя, слаўныя дзяўчыны. Ганна — натура сьціслая, з адчыненаю душою, даверная, прыгожая мяшчанка. Наталя, пакуль нявыяўленая, але захопная, па характару, па манерах загартованай работніцы — чалавек асабістых умоў, асабістага выхаваньня. Дзявочасьць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суворая з орыгінальнымі замерамі — у Наталі. Дзьве — на дзьвюх розных ступянёх абставін: Ганна, — калі бурліла пачуцьцё разлукі з Зосяю, калі душа змагалася супроціў пустаты, якая апанавала яе пасьля разьвітаньня з Сілцамі, — тады зьявілася яму. Наталя надыйшла ў той момант, калі ён, Рыгор, уваходзіў у прачынетую перад ім створку да стану адпаведных абавязкаў рабочага, вяшчуна адказных намераў у наступным змаганьні працы з капіталам. Бяспытальна, паміж яго волі — тая і другая. Няўжо ён зусім бязмоцны? Адкуль тая падатлівасьць у яго нутру?

Тут-жа, помеж з усім іншым, вырасталі звычайныя пытаньні перад Рыгорам. І сьледам — далейшыя скуткі адмечаных знаёмстваў… Ганьніна пісулька — на першым пляне. Няўжо ён варты яе вострых папрокаў? Няўжо ён здацен да благіх дзей? Можа, сапраўды, але яны яму ня відны. Тады, ці можна ручаць, што і ў аднсінах да Зосі ён застаўся чыстым? А як пойдзе далей?

Паўсталі нядаўнія гутаркі з Наталяю. Выявілася, што ён зьвязаўся таксама і з ёю: умовіліся спаткацца ў нядзелю ў Вэрманаўскім парку. Ён ня можа не пайсьці, тым болей, што надарваліся адносіны з Ганнаю. А ў Наталі — столькі завабнага і новага!

«Мала што можа быць! Урэшце, усё гэта асобныя моманты суцэльнага перажываньня» падумаў ён.

Тымчасам над горадам вітаў дзень. Чырвонае сонца залівала дахі будынкаў, ападала ў глыбокія выемкі-двары, адбівалася ў вокнах суседніх дамоў. Тоўсты пук яго праменьняў уліваўся ў вакно Рыгоравага пакою.

Мацнеў ды мацнеў гарадзкі шум.


VI

ВЭРМАНАЎСКІ ПАРК КІШЭЎ НАРОДАМ. Алеі прапускалі па сабе рэчку разадзетай сьвяточнай публікі. Пляцоўкі былі ўсеяны дзяцьмі з нянькамі, бонамі, гувэрнанткамі. Як-бы хто шліфаваў каменьні — шапацелі тысячы шагоў тых, што гулялі. Каб прыглядаўся, не знашоў-бы сумных твараў: амаль ня ўсе выглядалі задаволенымі, часта — вясёлымі, многа — радаснымі. Пагодлівы дзень ухарошваў вобраз, пераліваючы золата сонца на руні лісьця. Ачула асядала зьверху добрачынная цяплынь, ружуючы людзкое цела.

Рыгор у назначаны тэрмін зьявіўся ў парк. Разам з другімі прайшоў усьцяж галоўнае алеі, разьзіраючы па бакох. Пасьля завярнуў на бакавую дарожку, прашоў некалькі заваротаў і спыніўся на ўмоўленым месцы, направа ад саджалкі. Якраз тут было ня так багата людзей, і ён нашоў на аднэй лаўцы парожняе месца. Прысеў і ўстраміў вочы ў той бок, адкуль павінна была прысьці Наталя. Ён не западозрываў, нават, што яна ня будзе ім прыкмечана — абы толькі прышла. Вось ці прыдзе? Таксама не хацеў думаць адмоўна. Чамусьці быў ўвераны, што Наталя ня схлусіць. Але не прамінула і паўгадзіны, як Рыгор усумніўся: народ нясьціхана выліваў з вуліц і кіраваў у сад — парамі, па трое, адзінкамі. Найболей — маладыя мужчыны з дзяўчатамі, гімназысты, студэнты, рабочыя. Час-ад-часу мігалі між вачэй асобныя дзяўчаты ці хлопцы. А між іх ня відаць было знаёмага твару Наталі. Ці ён нядобра разглядзеў яго? Ня можа быць! Вобраз яе глыбока прашоў у Рыгорава нутро. Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзны зьлёгку нос. Спрытная постаць з выхілястым станам і наўзьдзіў лёгкая хада. Ці-ж ёй загубіцца ў людзкой гушчы? Вось толькі адно — ці не забылася яна, што была ўмова? Ён пачаў адварочвацца ў другі бок, разьзіраць направа ды налева, назад ды перад сабою. Вырахоўваў час, ці хопіць яго на язду на ўзмор’е?..

Якраз вышлі з-за павароту тры знаёмых дзяўчыны з двума некімі мужчынамі: Рыгор нечакана павярнуўся і стрэўся з імі ўзрокамі. Знаёмыя міла ўхмыльнуліся. Адна пазвала:

— Ідзем разам на ўзмор’е! Каго вы чакаеце?

Усе зацішылі хаду і паглядзелі пільней на Рыгора.

— Ня маю часу — чакаю знаёмага.

— Хіба ня хочаце з намі? — пажартавала другая.

— Што вы? Крыўдзіце мяне.

— Прыходзьце, чакаем.

І калі яны адышліся, Рыгору стала прыемна ад гэтай стрэчы. Дзяўчаты паказаліся яму, як ніколі, блізкімі і шчырымі сябрамі, якіх шкода не паслухаць. Чаму-б не далучыцца да іх кампаніі? Рыгор намерыўся падняцца, каб дагнаць знаёмых, але тут-жа аддумаў: так доўга прачакаў Наталю. Яшчэ хоць дзесяць хвілін пасядзець.

Рыгор на гэтым супакоіўся і пачаў палачкаю выводзіць на пяску розныя фігуркі, літары. Вывеў, між іншым слова «Наталя». І вось касаваў патрошку, засыпаючы драбнюткімі каменьчыкамі апошнюю літару — я, калі збоку хутка зашамалі нечыя шагі, блізка-блізка, што прымусілі яго хутка падняць голаў і азірнуцца.

Наталя дробным альтовым рогатам акдазала Рыгору:

— Прачакаліся? Убачайце, — не магла раней. Вы тут заснулі, чакаючы.

У белым гаптаваным маркізэтавым плацьці, у добра падабранай да фігуры пастэрцы, мякка-блакітнай, з шырокімі берагамі, у жоўтых мэштах — Наталя далёка не дапамінала работніцы з заводу «Праваднік». Нельга было падмеціць у ёй і тых якасьцяй політычнага работніка-падпольшчыка, з выразнай псыхолёгіяй загаворшчыка-бунтаўшчыка, што ўжыўна ёй было на пасяджэньні дэлегатаў ад фабрык ды заводаў. Сур’ёзнасьць перашла ў лёгкую вясёласьць адмысловай жартаўніцы-дзяўчыны, якой ня чужы адпаведныя пачуцьці, мары і жаданьні…

І тое, што дзьве адмечаныя якасьці так пагоджана ўжываліся ў гэтай новай знаёмай, цалкам заняло Рыгора.

— Сядайце, — сказаў гасьцінна.

— Калі ласка, падайцеся крыху, — папрасіў ён справа суседку.

Пажылая жанчына скрыўленаю мінаю адказала на Рыгораву просьбу, прабарматала штосьці няўнятнае і адсунулася. Наталя села па вольнае месца.

— Убачайце!

— Нічога, не зацісьнеце.

Наталя засьмяялася і з яе ўхмылкі выбліснулі іскаркі прагавітага пачуцьця ды цёплай ласкі. Рыгор паглядзеў ёй у вочы — яны таілі ў сабе многа агню.

— Дык паедзем?

— А вы перадумалі?

— Каб ня было позна.

— Вы вінаваты, Наталя.

— Вінавата — не адказваюся. Усё роўна справы не паправіць.

— Дык едзем… А калі пазьней вернемся?

— Гэта мяне ня смуціць.

Рыгор прыўстаў. Наталя сьледам за ім.

Перад білетнымі касамі ціснулася процьма людзей: наплыў ахвотнікаў ехаць на ўзмор’е быў тысячны. Духата і пыл гарадзкіх вуліц гналі людзей у поле, к мору, на чыстае паветра. Раз у тыдзень адпачынак. Хто разумеў яго каштоўнасьць — стараўся выкарыстаць як найпаўней.

Яны бачылі больш усяго буржуазнай моладзі — гладкіх, чырвонашчокіх гімназістак у рудых, у сініх, у чырвоных кароценькіх сукенках, з белымі каўнерыкамі, з косамі; стройных, жыцьцярадых гімназістаў, больш у спортсмэнскіх гарнітурах, з сетачкамі для туляньня ў лапту, з шкуранымі апукамі для футболу. Многія з гімназістаў адпраўляліся разам з бацькамі, поўнымі, брытымі, у манішках і капялюхох мужчынамі, у шаўкавых блузах, з залатымі ланцужкамі па пояс, з брасьлетамі на выпешчаных руках мацеркамі… Зусім мала можна было бачыць прасьцейшай, мяшчанскай або рабочай публікі. Але пападалася і яна.

Рыгор стаў у чаргу і хвілін праз дзесяць дастаў білеты. Разам з іншымі вышлі на пэрон і захапілі яшчэ не перапоўнены цягнік.

— Я, прызнацца, рэдкі буду госьць на ўзмор’і.

— Я таксама даўно-даўно як была там.

І калі крануўся цягнік, абое — Рыгор і Наталя — нязьмігутна сачылі ў акно. У гэткім стане ня прымецілі, як апынуліся на месцы. Рыгор з Наталяю пратаўхаліся натаўпам, завярнулі направа, сьледам за іншымі. Хутка яны ачуліся на ўзьбярэжжы Рыскае затокі. Якое дзіўнае зьявішча! Што за прыгожасьць! Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, сьвятошны настрой многасотнай публікі. Здавалася, у Рызе ня было яе столькі! Ні мясьціны вольнае. Нельга было згадзіцца, што ўся гэта публіка адпачывае ці адпачне. Шолам, пыл, тупатня тамілі, нэрвавалі яе, выцягалі шмат энэргіі. Але ў гэтых адмоўнасьцях усё-ткі хаваўся адпачынак…

На шырокім прасторы цёмнае вады гайсалі парусьнікі, схіляючыся набок, шныралі доўгія вузкія чаўнакі, з угону васьмі ці дзесяці крэпкіх спортсмэнскіх рук; закаханыя парачкі, усьцешаныя сем’і або таварышы ці сябры заводзілі песьні, ганяючы сінія, жоўтыя, чырвоныя лодачкі. А наводдаль, у баку ад публічнага гульбішча, віднеліся купальні. Па адведзеным для купальшчыкаў вучастку гулялі сотні юркіх цел — меншых, большых, цямнейшых, бялейшых. Як русалкі, як фаўны, цешыліся вадою пад сонцам, на прасторы, зьняўшы ўсе ўмоўныя і ачулыя путы-ланцугі, рэзвыя людзі. Яны здаваліся старадаўнымі дзікарамі-паганцамі, што ў сівую старыну спраўлялі сьвяты магутным стыхіям. Рэзваю хваляю бурлілі вясёлыя галасы, рогат. Паднімаліся высока белыя пырскі вады.

Рыгор з Наталяю падпільнавалі вольнае месца на аднэй з лавак і прыселі. Абярнуліся к мору — тое настройвала іх маладыя, палкія душы на ўздымны, ваяўнічы настрой. Акрыляліся думкі, пламянела лятуценьне. Вадзяны прастор і яго стыхійнасьць выклікалі ў іх рухавыя задумы, вострую цікавасьць да адцягненых пытаньняў пра стварэньне сьвету, пра яго вялікасьць, пра векавечнасыць. І тое, што чалавецтва сумела перамагчы, здавалася-б, непераможныя сілы натуры, зьмерыць агромныя прасторы мораў і акіянаў, уздымала па чарзе то ў Рыгора, то ў Наталі, пачуцьцё гордасьці і сілы. Што яшчэ хаваецца ў людзкім розуме? Якая сіла вынікне, калі надыйдзе тэрмін агульнага вызваленьня прыгнечанай часткі чалавецтва? Тут і яны павінны прылажыць свае сілы, сваю сьмякалку, свае здольнасьці. Лёс паставіў іх абоіх на адпаведны ўступ вялікага змаганьня за сьветлую будучыню. Іх думка, іх ківок рукі, выгук таго ці іншага сказу варочацьмуць здарэньнямі.


VII

УСЁ ВЫШЭЙ ДЫ ВЫШЭЙ рос іх уздым. Акрыляліся надзеі, разгортваліся жаданьні, выціналі новыя словы ды новыя песьні, вырастала натхненьне. Рыгор захапіўся, уголас замарыў: «Ведаеце, Наталя: нам трэба ўсе натугі скарыстаць на тое, каб перабудаваць сьвет. Ёсьць многа прыгожасьці ў жыцьці ды ня дадзена нашаму брату карыстацца ёю. Бушуе мора або ціха адпачывае, буяе зелень, шуміць дуброва, палошчацца сонца на морскіх хвалях… грае музыка, снуюць самакаты — няхай будзе гэта для рабочае клясы. Чаму для адных толькі дасяжна, а для другіх недаступна? Рабочы — поўнапраўны гаспадар зямлі, вольны Ікар, волат, цэлы сьвет. Праўда?»

Наталя захапілася яго словамі, як і на сходзе. Яна адкрыла ім сваё нутро, падалася насустрэч. І ў адзнаку згоды рашучым рухам працягнула руку к яго руцэ, ды моцна сьціснула.

— Праўда! Праўда! Праўда!.. Мы выявім сябе ў наступнай забастоўцы.

На некі час абое адцягнуліся ўзрокамі ад мора, ад сіняга неба, ад усяго, што ваколіла іх, і перанясьліся да забастоўкі.

— Як вы думаеце, Наталя, сумеем мы зрабіць наша выступленьне магутным, організаваным?

— Мне думаецца — ёсьць адпаведны настрой.

— Мяне смуцяць нашы таварашы сваёю асьцярогаю. Мала ў іх рашучасьці.

— Набяруцца. Здарэньні прыдадуць яе ім.

— Ці чуюць вось гэтыя людзі набліжэньне часу, калі мы выступім?

Наталя засьмяялася.

— Што ім да таго: яны жывуць сягонешнім днём — момантам.

— Захапіць-бы іх раптам.

Рыгор адчуваў у сабе нявыказную энэргію, агромністую сілу. Вось яна скалыхнецца і затрасе морам, здыме сонца. Ды сама стыхія здавалася яму ўмоўнаю па сваёй моцы і па сваім размаху. Праўда, гэта не перашкодзіла Рыгору прасякацца яе вялікасьцю і набірацца далейшага настрою.

Чырвоны промень, што заліў сабою захад неба, і круглае крывяністае сонца ў асяродку гэтага променю сапраўды былі чароўны. Сваёю дзіўнасьцю гэты вобраз міжвольна прыцягаў да сябе ўвагу публікі. Быццам гарэла мора, адбіваючы полымя ў небе; і з далёкага-далёку ў пераменчывым па хварбе і па сіле цяпла набліжаўся агонь ажно да месца гулянкі. Далёка заплыўшы, парусьнікі, здавалася, пападалі ў промень і гарэлі нястухаючымі факеламі.

Рыгор параўняў чырвань променю з чырваньню крыві, што «лілася ракою» ў вогненна-празрыстай Марерсэльезе, натхніўся веліччу вобразу і ціха завёў на вуха Наталі: «І ўзы-ыд-зе-э за крыва-ваю ра-ко-о-ю сонца-а праў-ды і-і братняй любві-і».

Наталя ў асалодзе здрыганулася:

— Во-во-во! Як удачліва вы давялі! — пахваліла яна.

— Сапраўды?

Ён нахіліўся да яе і кінуў у вочы дзяўчыне замілаваным узрокам. Надыходзіў адвячорак. Стала адчувацца вільгаць. Публікі меншала; але паўнелі курзал, рундучкі.

Рыгор з Наталяю завярнулі ў бліжэйшы рэсторанчык.


VIII

ПРЫШОЎШЫ НА КВАТЭРУ, Рыгор даведаўся, што ў яго ўвесь дзень ня было нікога. Не наведвала і Ганна. Даля яе было-б занадта нявытрыманым прыйсьці да Рыгора так хутка, пасьля пакінутай яму цыдулькі. Не са спакойнаю-ж душою пісала яе дзяўчына! Ганне трэба было перадумаць, вымеркаваць, разьлічыць усе ўмовы і скуткі, каб рашыцца на яе. Пэўна, пасьля гэтага яна не пасьмела-б пісаць папроку Рыгору, каб раптоўная злосьць, абурыўшы яе пры словах Вільгэльміны — «Рыгора няма ў дому», ня вымусілі на гэта.

Ганна доўга абдумоўвала перажытае ёю пры спатканьні з Рыгорам. Падыходзіла яна да гэтага з розных мотываў: лічыла злачыньнем з боку Рыгора і празывала слабасьцю з свайго боку. Абедзьве дагадкі прыгняталі яе, нэрвавалі. Тады яна настойна шукала тых прычын, якія-б апраўдвалі тое, што яна зрабіла; з гэнай мэтаю Ганна старанна імкнулася прайсьці ў Рыгораву душу і адгадаць яго тайны. Перабірала, седзячы ў пакоі аднэю, кожную падрабязговасьць пры спатканьні з ім, дапамінала тэмы гутарак праз усю дарогу, асобныя сказы; аднаўляла дзесяткі разоў вобраз Рыгора, выгляд яго вачэй, міну твару, ухмылку на губах. Усюды было чыста, незаплямена. Нельга было прычапіцца да хлопца. Няўжо так? Хацела не паверыць, але не хапала сьмеласьці прышчапіць да сэрца хвальшывае пачуцьцё. Аставалася вінаваціць самую сябе; Рыгорава істота пайграла на яе душы?! Не без таго. «Рыгор падкупіў мяне сваёю натураю. Гэты бялявы твар, як з мармуру, глыбокі узрок вачэй, высокі лоб пад капяжом густых кос. Гэта цёплая, ласкавая ўхмылка з характэрнымі рыскамі на шчаках. Узмахі рукі, пружыністыя, кароткія, мяккі тэмбр голасу, статнасьць фігуры, дабрата»… А мо’ злая сіла затуманіла яе выабражэньне, і ўсё тое — ня больш, як адна здань, мыльныя бульбаткі? Можа настрой моманту адыграў тут балючую ролю? Наляцела пачуцьцё, асьляпіла яе сьвядомасьць і папхнула на гэты крок? Нельга было, колькі ня судзіла Ганна, знайсьці канцы тае прычыны, якая заставіла па сабе гэткі глыбокі сьлед. І таму, што прычына ўцякала ад яе, дзяўчыне рабілася цяжэй і неспакойлівей.

Ганна намерылася была назаўтра пасьля спатканьня ісьці да Рыгора, пагутарыць з ім аб многім-многім, абнадзеіцца, вырашыць наступнае. Некалькі разоў яна выходзіла з кватэры, вярталася назад; меркавала, траціла ахвоту, набіралася эгоізму і адкладала назаўтра. На змроку ўжо, здавалася, канчаткова сабралася пайсьці, — пераняла маці: прыхварэла і ўпрасіла Ганну астацца. Сэрца не дазволіла адказацца.

Але ў суботу, дачакаўшыся вечару, яна ня мела іншых думак, ні сумненьня. Выгартавала стальную рашучасьць і а сёмай гадзіне вышла з дому, уверанымі крокамі пакіраваўшы да Рыгора. Хто мог-бы яе супыніць, пераняць? З чым-бы яна палічылася? Ішла, як ідзе цягнік, загубіўшы машыніста, як ляціць распуджаны конь, вырваўшы лейцы з рук хурмана. Перад ёю яскравым малюнкам лунаў Рыгораў вобраз, чаруючы яе, вабячы, цягнучы непераможнаю сілаю. Яна гналася за ім, хочучы схапіць рукамі, абняць, прытуліць шчыльна да сябе і выказаць насьпелыя думкі, рашэньні: як далей?

Ганна няпрыметна прашла горадам, мінула Вэрманаўскі парк, параўнялася з домам, дзе жыў Рыгор. Прашла дзядзінец, усходы, ачулася пад дзьвярыма кватэры. Ні пахожае думкі, якія былі пры першым наведваньні. Сьмела, рашуча пазваніла — гэтак званіла ў сябе на кватэры. Павяліцельна. Але некалькі хвілін патрывожылася: ці дома Рыгор?

Адчыніла Вільгэльміна і запытала:

— Вам каго?

— Мне Нязвычнага, — і адвярнулася.

Адзін тон работніцы раўняўся ўдару молатам па галаве.

— Нязвычайнага няма дома.

Работнца думала зачыніць дзьверы — Ганна пераняла:

— Альбо пачакайце тут, альбо я пайду ў яго пакой і…

У пешую хвіліну ня ведала, дзеля чаго гэта, і змаўчала, ні-то думаючы, ні-то шукаючы слоў…

— Чаго чакаць?

— Я яму напішу запіску.

І тут-жа хапілася шукаць паперы: абмацала ў кішэні, перавярнула ўсё ў рэдыкюльчыку, знашла запісную кніжачку з алоўкам і прылажыла яе да зачынетай паловы дзьвярэй.

— Я буду чакаць?!

— Хутка, некалькі слоў.

Сышоўшыся ўсёю істотаю ў думкі, Ганна пасьпешна напісала той зьмест, які пасьля Вільгэльміна падала Рыгору. Нават не прачытала, ці ёмка, ці тое, што трэба, напісана. Падала, а сама, абураная злосьцю, разнэрваваная, з набегшымі ў вочы сьлязьмі, кінулася ўніз па сходах. Упоцемку вярнулася на кватэру і, мэрам-бы протэстуючы супроціў Рыгора, запытала мацеру:

— Ці ня прыходзіў Андрэй?

У голасе ня было шчырасьці, нават сэрца ня думала пра яго.

— Ня прыходзіў. Цікава, дзе ён, што ўжо колькі дзён, а яго ня відаць?

Так, яго ня відаць! Ганна настаражылася. Сапраўды, — дзе-ж Андрэй? Ганне трэба было мець козыр у руках, трэба было мець пры сабе чым засыпаць адзначаную расколіну ў адносінах з Рыгорам. Андрэй — то мост пры мажлівым адыходзе. Го! І яна хапілася за гэта імя, як за выратоўны маяк, за падкінутую дапамогу. У яе ёсьцека Андрэй, чалавек, з якім доўга знаёма, з якім блізка сышоўшыся… Як-то яна магла гэтыя дні ня думаць пра Андрэя?

Ганна прыпомніла, праверыла, ці не магла чым навясьці яго на падазронасьць да сябе. Ці, часамі, ён прыходзіў наведваць, ды не застаў на кватэры. Можа некалькі разоў упадрад і пасьля махнуў рукою, зазлаваўшы на яе? Можа, можа… І помеж таго, як уставалі пытаньні, падагрэтыя раскалыханым пачуцьцём, усторывожанае выабражэньне малявала вобразы Андрэявай зьмены, вобразы свае адзіноты, закінутасьці, бяспрытульнасьці. Хто віною гэтаму? — «Сама! Сама віною. Няхай-бы, вярнуўшыся з гасьцей, пашла да яго, наведала, як і што ён жыве. Пагутарылі-б, прагулялі-б весела час. Дык не — надало занядбаць Андрэя. Як быццам-бы Рыгор ведаў пра гэта. Што я гэтым выйграла?»

— Няўжо Андрэй так і ня прыходзіў? — ні-то сама ў сябе, ні то ў мацеры запытала Ганна. — Дзіва!

— А я думала, мо’ вы бачыліся з ім.

— Бачыліся. «Маці ня ведае нічога». Ганна на хвіліну дапусьціла, што маці дазнаецца пра ўсё, і ёй адначасова стала і горка і страшна. Яна паглядзела ў спакойны мацерын твар і не магла вытрымаць.

— Мо’ ён заўтра прыдзе: заўтра нядзеля, і будзе вольны час.

— Пэўна, заўтра!

Яна пераняслася думкамі назаўтра. Пачала маляваць пляны, як і што давядзецца правясьці час з Андрэем, аб чым гутарыць з ім. Меркавала, калі ён прыдзе, то з якім настроем. Ачула цягнула яе да старога прыяцеля, ён рабіўся ў яе растрывожаным уяўленьні куды бліжэйшым за Рыгора, шчырэйшым. Яна часова забыла пра яго, заўтра паправіць сваю абмылку. Ці-ж ня бывае з чалавекам?

І, лёгшы пазьней звычайнага, Ганна, пакуль не заснула, думала пра адно — пра заўтрашні дзень, пра спатканье з Андрэем. Падганяла час, каб хутчэй мінула ноч. «Хоць-бы была пагода добрая!.. А што, як ён прыдзе зраньня, калі я буду спаць?»

Заснула заспакоенаю, суцешанаю. І паднялася назаўтра радаснаю. Зьлезла з ложка — і ў акно… Сонца прыемным сьвятлом сустракала Ганьніну вясёласьць. Сьмяяліся ў акно цёплыя праменьні. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі гораду. Даносіўся перазвон і ўрачысьцей гудзелі гудкі. Няўжо ня едзе ўжо да яе Андрэй? Разьлічала час: на хаду, на пераезд Дзьвіны, на пераход ад прыстані да кватэры. Вылічыла, што праз некалькі хвілін пакажацца ў браме. Хоць-бы не захапіў яе неадзетаю.

Лёгкім скокам Ганна ачулася пры глухой сьцяне пакою, пры вешалцы з адзежаю. Увішна пададзелася, абулася; пасьля ўважліва вымылася, прычасалася. Маці падала сьнедаць, а сама пашла ў горад. Так усё ёмка складалася для спатканьня! Прыдзе, а яна адна-аднэю ў хаце, сядзіць пры акне і чытае…

Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Пасьля прылатвіла крэсла і, узяўшы з свае невялічкае бібліотэкі томік Шэльлера-Міхайлава ў прылажэньні да «Нівы», пачала чытаць. Бязуважна: два радкі прачытае і паглядзіць у акно, два радкі прачытае і паднімецца. Усё — спакойліва і ўверана, ня лічачы часу, не шкадуючы яго прабегу.

Нарэшце, раптоўна перадумала плян: «Чаму-ж, каб ён прышоў? А калі я пайду да Андрэя? Ня думаючы, ці варта гэта рабіць, Ганна пасьпешна сабралася і хутка ўжо была на дварэ.

Лёгкі ветрык студзіў яе твар, настрой публікі паднімаў яе настрой. Усё выглядала ў яе ваччу пагоджанай, гармоннай складнасьцю. Як побач гуляюць людзі, стаяць дзярэўцы, бегае трамвай, у дадзены час, на дадзеным месцы — гэтак яна сустрэнецца з Андрээм ці па дарозе да яго, ці на прыстані, ці пры выйсьці з двара. Мог-жа ён толькі цяпер сабрацца да яе — мала што ёй хацелася бачыць раней!

Праз паўгадзіны Ганна стаяла ў дзьвярох беднага двухкватэрнага доміка і глядзела зьдзіўленымі вачмі на прывешаны тоўсты паржавелы замок. Каля яго тырчэў гузічак з маленькім кавалачкам памурзанае паперкі — астатак ад быўшай візыткі.

— Дзе бы ён?

Не магла дадумацца, хоць можна было дагадвацца розна, ці перабраўся на іншую кватэру, ці паехаў у водпуск. Але Ганна была ашаломленай ад нечаканасьці. Замок на дзьвярох спаралюшыў яе пачуцьцё і думкі, і яна стаяла ў нейкай отарапі, ня ведаючы чаго і што… І толькі праз доўгі кавал часу адвярнулася ад дзьвярэй і рашыла праведаць аб Андрэі ў суседзяў. Нельга-ж бяз нічога варочацца, — замучыць сумленьне.

Яна падышла да дзьвярэй кватэры нумар першы і пазваніла. Вышла сівенькая поўная бабулька.

— Выбачайце, ці ня ведаеце, куды выехаў Андрэй Калок?

Бабуля агледзела Ганну падазроным узрокам, памаўчала з хвілінку і нехаця адказала: «У Лібаву», ды зачыніла дзьверы.

Ганна міжвольна здрыганулася ўсёю постацьцю, паглядзела на яго кватэру і павярнула з дзара задуманаю, раззлаванаю.

«Няўжо праўда таму?» думала яна ідучы: «Паехаў і не сказаў, не паведаміў нават. Паехаў, як у прочкі, тайком»…

Яна паглядзела ўсьцяж вуліцы і прадставіла сабе, як мог Андрэй ехаць вось гэтым самым месцам, кудою яна ідзе і, едучы, мог думаць або ня думаць пра яе. Абярнулася — авось здарыцца цуд, і Андрэй сьледам за ёю ідзе ў горад.

Ішлі іншыя людзі: якісь дзяцюк ухмыльнуўся ёй і зрабіў двухсэнсоўны намёк. Ганне стала боыдка і агідна, яна ўскорыла хаду, кінула думаць пра Андрэя і захапілася клопатам як хутчэй вярнуцца дадому, дзе-б спакойна, наадзін ўсё абдумаць.

Неўзабаве Ганна ачулася ў сваёй вуліцы. Знаёмыя будынкі, знаёмыя дзярэўцы, нават, вось, некалькі знаёмых чалавек. Раскланялася з імі ветліва і прашла ў двор. У дзьвярах кватэры стрэлася з мацераю, якая выходзіла на двор, і не магла, каб не паведаміць ёй навіны пра Андрэя.

— Андрэй выехаў у Лібаву, ці чулі гэта?

— Няўжо? — зьдзівілася маці, пільным узрокам кінуўшы Ганне ў твар. — А я, здаецца, зусім нядаўна бачыла яго. Хадзіла на рынак і сустрэла — бег вуліцаю. Некалькі дзён да твайго прыезду… А хто табе казаў?

— Я іду ад яго: замок на дзьвярах, а суседка паведаміла, што паехаў у Лібаву.

— Чаму-ж не напісаў, ці?.. — маці ўкорна паківала галавою: — і людзі-ж, аднакава!

— Э, ліха яго бяры! — вылаялася Ганна і матнула рукою: — есьці ёсьць што-кольвечы?

Маці расказала дачцы, дзе і што знайсьці, папярэдзіла, што выйдзе крыху на вуліцу, і адышлася, ківаючы галавою і мармычучы штосьці сабе пад нос. Ганна спрытна павярнулася і прышла на кватэру.

І вось… Толькі пераступіла парог, як ёю аўладала пачуцьцё некай нядбайнасьці: усе думкі, як-бы хто іх выгнаў з галавы, замерлі, прыціхлі. Яна знашла яду, усмак паела і падышла да ложка, каб крыху супачыць. Лягла і толькі прыплюшчыла вочы, супакоілася, як раптам наляцелі ўспаміны пра спатканьне з Рыгорам, пра вечар, праведзены з ім ў яго на кватэры, пра сваю запіску яму. Ёй стала душна і млосна, не хацелася ляжаць, ні адпачываць…

Паднялася з ложка, зьлезла і кінулася тупаць па пакоіку, ня гледзячы ні на што, прыплюшчыўшы вочы.

Тупала і сама сабе цьвярдзіла:

— Рыгор! Рыгор! Я вінавата перад табою. Я дапусьціла сабе думку, што ты мне здрадзіў… Няўжо таму праўда?

І, спыніўшыся на момант, прыстукнула нагою:

— Я цябе выпрабую… Заўтра. Не, у аўторак… у чацьвер… у суботу… за тыдзень у нядзелю я да цябе прыду, нечакана для цябе… незнарок, раптам… Чакай мяне, чакай!

Стукнулі дзьверы — Ганна настаражылася.

Частка сёмая

[правіць]


ЧАСТКА СЁМАЯ



I

У панядзелак пасьля спатканьня з Наталяю, Рыгор з самага ранку задумаўся над тым, як і што яму прыдзецца выступаць перад рабочымі. Тое, што для сходу ня вызначаны дзень і час, больш усяго непакоіла яго. «А што, калі Міхасю прыдзе ў голаў зрабіць сёньня? Або самі рабочыя запатрабуюць гэтага — тады што? Я-ж і каліва не падгатаваўся. Не падумаў, як і што сплянаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лёзунгі. У суботу так ні на чым і ня спыніліся рашуча, а прыдзе час»…

Зьбіраючыся на работу і ідучы да заводу, Рыгор раз-по-разу варочаўся да гэтых думак, прыслухоўваўся да іх, забываючыся што робіць. Падыходзячы к заводу, ён прыпыніўся і задаў сабе пытаньне, ці ня лепш будзе, калі сёньня ня пойдзе на работу, а вернецца дамоў і старанна абдумае характар свайго выступу. Перш рашыў вярнуцца, пасьля аддумаў і пашоў у завод.

Пры станку, сочачы за разцом, ён натужна абдумоўваў парадак прамовы, яе пабудову, накіраванасьць. Ён ведаў, што ад гэтага залежыць яго ўплыў на рабочых. Скажа ўдачліва, зробіць пасвоему, змурзае — пасьмяюцца. «Пасьмяюцца», думаў сабе Рыгор, «вось гэтыя сталыя рабочыя, практычныя, старэйшыя за мяне і ў змаганьні, і работаю. А я мала каму вядомы, ні з кім незнаёмы, малады»…

Момантамі Рыгора забірала трусьлівасьць: хацелася пабегчы да Міхася і сказаць, што ён адказваецца на гэты раз ад выступу перад рабочымі. Нават паглядаў у бок, дзе рабіў Міхась, чакаў, каб той падышоў сам і перадаў якія-кольвечы прычыны, з-за якіх усё пойдзе іншым шляхам. Прыглядаўся да рабочых, як тыя настроены сёньня; ці ня ведаюць, што будзе ён выступаць, і ці ўжо не сьмяюцца тайком. Выходзіў на абед і, мінаючы грамадку рабочых, прыкмеціў, што яны паглядзелі на яго і засьмяяліся. А што будзе, як угледзяць яго на трыбуне? Сумненьням ня было канца: у розных прычынах, у розных зьявах насядалі на яго з некай адмысловай упартасьцю.

А помеж, тут-жа, у яго нутры жыло ня меней настойнае жаданьне як-бы там ні было зрабіць выступленьне — сказаць прамову. Чаго палохацца? Перад кім трусіць? Свае-ж рабочыя. Змаганьне — яно патрабуе рознастайнай чыннасьці. Тут нельга спыняцца ні перад чым. Стаіш на адзначанай плятформе — праводзь яе ў жыцьцё. Ад энэргіі залежыць посьпех у справе.

Рыгор правяраў свае веды і ўкараў сябе за нясьмеласьць. Пасьля ўспомніў, як гладка і стройна казаў на сходзе той чорнакосы таварыш-інтэлігент. Якаў сумеўся, што пасьля яго захацеў выступіць ён. Пэўна, пасьля той усыміхаўся! Але… чаму Наталя хваліла? Чаму ўсе слухалі з гэткаю ўвагаю, калі ён кідаў свае словы…

«Я чаплю ў сваёй прамове мінулых забастовак, якія адбываліся ў Рызе, спынюся на іх слабасьці; адмечу розьніу ў стане цяперашнім і пяць год таму назад, пакажу на рашучасьць моманту, падкрэсьлю патрэбнасьць цясьнейшай солідарнасьці, адзначу меншавіцкую драбласьць і зазаву да новых лёзунгаў».

Вечарам, кончыўшы работу, Рыгор пашоў у культурна-асьветнае таварыства і пераглядзеў некалькі кніжак політычнага зьместу. Кніжку «Рэволюцыйны рух у Расіі» — Туна і некалькі кніжак часопісі «Просвещение» — узяў з сабою дамоў. Сядзеў позна і ўсё думаў ды плянаваў.

А першай гадзіне яму паказалася, што як-бы аснова прадмовы муляецца ў думках. Тады ён адышоў ад стала, выпрастаўся, як ёсьць настроіўся і, абярнуўшыся ў акно, захацеў выпрабаваць сваю здольнасьць, папрактыкаваць.

І пачаў слова ў слова казаць: «Таварышы рабочыя! Мы зараз перажываем адказны момант. Царскі ўрад рашыў агнём ды мячом зьнішчыць усякія праявы рабочага руху, усе спробы працоўнага народу вырвацца да лепшае долі. Паглядзеце, што ён чыніць з матросамі, якія…»

Першыя словы выказаў цішком, нясьмела, путаючыся, але чым далей, тым каструбатасьць прападала, голас узмацняўся, знаходзіліся новыя словы; падышло натхненьне і прыдало сьмеласьці, раскалыхала яго постаць. Рыгор ня мог устаяць на адным месцы і рушыў хадзіць па пакоі, махаючы рукамі. Забыўся, што гавора самому сабе, што побач жывуць чужыя людзі, што на дварэ ноч. «Лёгка і складна набягалі ўсё новыя сказы, думкі і раздражнялі яго ахвоту казаць бясконца…

За сьцяною, у гаспадыні нехта стукнуў і перабіў яго: Рыгор замаўчаў і паглядзеў на гадзіньнік; гаварыў больш гадзіны. Ухмыльнуўся — пачуў ахапіўшую яго лёгкасьць, уверанасьць. Дзенныя сумненьні разьляцеліся, знашлася гатоўнасьць, рашучасьць. «Няхай сабе хоць заўтра назначаюць сабраньне — я гатоў».

З гэтым настроем Рыгор лёг у пасьцель. З ім прарабіў адзін і другі дзень, не астываючы, ня губячы веры ў сваю здольнасьць запаліць ваяўнічым настроем рабочыя гушчы. Болей таго, кожная гадзіна давала яму мажлівасьць абагаціць зьмест прамовы новымі ўнёскамі, новымі дадаткамі. Рапэтуючы назаўтра, Рыгор уверыўся, што яго прамова зробіць глыбокі ўплыў на слухачоў. І калі ў чацьвер, напаткаўшы Міхася раніцою, ідучы на работу, дазнаўся, што па згавору з іншымі заводамі рэшана мітынгі зрабіць сёньня, Рыгор ні каліва ня сумеўся. У адказ Міхасю на словы: «Ну, ня дай маху, Рыгор!» адмовіў: «Паглядзімо».

З гэтага моманту ён перавярнуўся ў палкае чаканьне. Падбліжаўся к заводу, а пра работу ня думаў. Узрок і думкі адцягалі да сябе рабочыя, якія ішлі тут-жа, помеж і ўперадзе і ззаду, наганялі яго, сустракаліся. Па іх тварах, па руках і частых возірках на яго і адзін на другога, як быццам чакалі чагосьці рашучага, надзвычайнага. І імі валадаў гостры, падняты настрой. Рыгор ня мог не паддавацца яму, тым болей, што яго абгостранае пачуцьцё перанімала ўсё з дубальтам.

Пераходзячы з Міхасём дзядзінец, ён угледзеў двух дырэктараў, якія швыдка прашмыгнулі ў кантору.

— Пэўна адчуваюць, прахвосты.

Міхась крануў Рыгора за руку:

— Маўчы…

Рыгор запытаў:

— Нямаведама як на іншых заводах?

— На некаторых мітынгі пройдуць сёньня, на іншых — заўтра.

— А настрой якавы, ня чулі?

— Усякся. Большаю часткаю — добры, бадзёры. У нас глеба падгатаватна.

Майстэрнямі яны прашлі моўчкі, прыслухоўваючыся да гутарак сярод рабочых. Са слоў, якія чуліся ад гутарыўшых па двое, па трое, з настарожаных, пытальных узрокаў, зрухаў, жвавых адрывістых і рэзкіх, можна было прыкмеціць значны ўздым настрою.

Завод распачынаў працу, вядомую, наладжаную шмат часу назад і дзень-у-дзень падобную ў кожным драбнюткім выяве, у кожным руху і сьвісьце, у кожнай ноце бразгу… Але сёньня, паказалася Рыгору, гэта гармонія звычайнасьці, надаедлівай, зьвязанай з бессаромнаю эксплёатацыяй тысяч рабочых, была прасякнута новымі адценьнямі, іншымі вібрацыямі, прыемнейшаю мэлёдыяй. Ён паглядаў у хаосе зыкаў, у пары і дыме, у цяжкай духаце — сілу бунту, віраваньне магутных падзей. Разам з атручаным паветрам улівалася гэта сіла ў нутро рабочых, віравала, разьюшвала кроў, запальвала прагу, узьнімала пачуцьцё.

Работа Рыгору ня ішла — станок адказваўся слухаць. Узрокі коўзалі паўз яго, расьсягаючыся вакола па майстэрні. Узрастала чуласьць: па некалькі разоў у гадзіну ён пазіраў на гадзіньнік, лічыў хвіліны. Прамова ня выходзіла з галавы: асобнымі мясьцінамі, адрыўкамі перабіралі яе думкі, уладваючы падрабязгі…

Ледзьве дачакаўся абеду. А па абедзе — пачуцьцё падгастрылася яшчэ больш, узрасла настарожанасьць. Кожны зык, які выбіваўся з агульнага шоламу, адымаў ад Рыгора ўвагу: ён прыслухоўваўся. І злаваўся, чаму то ня ўрочаны гудок.

Каб у гэты момант падышоў да яго майстар, Рыгор абышоўся-б з ім недалікатна, пакрыўдзіў-бы за адно нявіннае слова, за адзія узрок. Чамусьці, пэўна, нюхам чуў гэта майстар і сёньня ні разу не прашоў між Рыгора. Як быццам яму ня было да нікога жаднае справы, як быццам ён наперад зрабіў забастоўку — толькі разоў тры праз увесь дзень паказаўся ў верхніх майстэрнях. Завод ішоў без тае ўказкі, без таго нагляду, як то бывае звычайна.

Адміністрацыя ведала сутнасьць надыходзячага і гатавалася іншымі шляхамі, ахвяруючы «лішні» дзень дзеля рабочых. Аб гэтым кожны з іх знаў. Каго цікавіла гэтая драбяза?..

Нарэшце гудок загуў шыбка, аклікаючы. Рыгор схамянуўся: выпаў з рукі шаблон. Думкі хапіліся за прамову, мігам перабралі ўсю, прапусьцілі маланкаю. Ён супыніў станок — зьняў рэмень і, ня чысьцячы, кінуў.

Яму здавалася, што на ўсё гэта патрацілася ня больш дзьвюх хвілін, але, паглядзеўшы, прыкмеціў — усе майстэрні апусьцелі, пакуль ён сабраўся выходзіць. «Трэба сьпяшыць!» падагнаў сябе і намерыўся кінуцца ўподбег.

Міхась з Артурам перапынілі яго.

— Чакай, разам пойдзем.

Рыгор аглядзеўся.

— Добра, што вы падышлі.

Яны ўтраіх вышлі на двор, які кішэў рабочымі. Стаяў густы, зьлітны гоман. Грамада калыхалася, чакала. Яны праціснуліся між сьцен майстэрняў да ганку канторы, замкнутае і пустое. Падняліся і паглядзелі перад сабою. Грамада змоўкла, прытаілася і тысячы вачэй накіравала на іх.

Рыгора на момант абдало сталёвым холадам і ён згубіў самаўладаньне — застыла сэрца. Але раптам паднатужыўся і вашоў у сябе, настаражыўся. Узроку ня спускаў з Міхася і не пасьпеў падумаць, як той праказаў:

— Таварышы! Увага! Наш сход лічу адчыненым. Слова мае таварыш Нязвычны.

— Хто, хто, хто?!

— Мацней, мацней!


II

РЫГОР НЕ ПРЫСЛУХОЎВАЎСЯ: паправіўшыся на месцы, ён ціха кашлянуў і праказаў: «Таварышы! Надышоў момант!» — усе замаўчалі. Выразныя, зычныя як удары молата, стройна, адно за другім паліліся палкія словы над галовамі рабочых і ва ўсе куткі дзядзінцу. Зьліваліся ў адточаныя сказы, нямудрыя, але адпаведныя настрою, блізкія разуменьню, бяз лішніх уставак, без пераказаў, з прыціскамі, з перагібамі ў голасе.

«Таварышы! Ізноў мы вымушаны прыняць бойку ад нашага ворага. Ізноў нам суджана праверыць свае сілы і паказаць нашым прыгнятацелям, колькі і што мы можам зрабіць дзеля свайго вызваленьня. Таварышы! Нам няма чаго губіць, апроч сваіх ланцугоў! Ланцугі-ж нам пара скінуць, пакуль яны не пераелі нашага цела, пакуль ёсьць хоць малая мажлівасьць зрабіць рух, шавяльнуцца. Мы мусім не дазволіць вярнуцца да стану поўных нявольнікаў, якія адбывалі няволю прыкутымі. А нас да гэтага вядуць. Таварышы! Толькі нашы протэсты не дазваляюць канчаткова нас запрыгоніць.

Мы ня так даўно протэставалі супроць Ленскае бойні. А пасьля — выказвалі свой протэст першага мая. Зараз урад у саюзе з капіталістамі вымушае нас на новае выступленьне. Бессаромная эксплёатацыя ня мае межаў. Ужо нашы таварышы перапёкі абвясьцілі забастоўку. Далей — гатуецца крывавая расправа над бальтыцкімі матросамі. Таварышы! прадстаўце сабе, што азначае цырымонія суду над імі. Тая самая няпрыкрытая бойня. Мы не павінны без змаганьня аддаць нашых таварышоў у рукі катаў. Мы павінны паказаць, што рабочыя і сяляне ў матроскіх ды салдацкіх шынялёх — нашы браты, адна армія працоўных. Суд над імі — суд над намі; расправа з імі — з намі расправа. Таварышы! калі вораг наш пасуваецца на адным фронце, мы павінны даць адказ па ўсім фронце. Толькі ў рашучым выступленьні — наша перасьцярога ворагу»…

Далей Рыгор захапіў гісторыю матроскіх бунтаў, сучасныя забастоўкі ў розных канцох краю, настрой загранічных рабочых. І закончыў прызывам:

«Дык сьмела на змаганьне!»

У адказ усхваляваная грамада рабочых падала магутным важкім гулам сваю згоду. —

«Змагацца! змагацца!»

Міхасю не ўдалося паведаміць рабочых аб часе пачатку забастоўкі — грамада ня слухала. Тут-жа з яе гушчы ўзьняліся зычныя гукі Інтэрнацыяналу, якія перш разьліліся па дзядзінцы заводу, а далей сягнулі ў высь, перанясьліся праз высокі паркан на вуліцу, к Дзьвіне, у горад.

Рыгор бачыў, як з гэтымі гукамі рэволюцыйнага гімну рабочыя сталёваю сьцяною рушылі з месца, павярнулі да чыгуннай брамы, і яна мігам адчынілася на расхлёст.

Пярэднія рады вышлі на вуліцу — заднія, калышучыся, імкнуліся за пярэднімі. Пяяньне стала гульчэйшым. Грамадою валадаў бойкі ўздымны настрой. Ваяўнічасьць, запаліўшыся ад Рыгоравых слоў, разгаралася ў полымя, бушавала ў магутным, зьяднаным колектыве тысяч чалавек.

Рыгор забыўся пра таварышоў, пасьпешна саскочыў з ганку, і кінуўся ў чорную гушчу рабочых; зацягнуў інтэрнацыянал разам з імі. Зычны, пявучы голас, яго высокі тэмбр узмацніў агульнае пяяньне. Некалькі чалавек зацікаўлена паглядзелі на яго, не перастаючы пяяць. Пэўна пазналі і падвысілі галасы.

У вошта выльлецца дэмонстрацыя? Куды накіруе свой протэст распаленая грамада — Рыгор ня ведаў і не даваў сабе ніякага адрахунку. Ён забыўся нават пра тое, што ў гэткія вось менавіта адпаведныя моманты і трэба знайсьці ў сабе тую сілу волі, умеласьць, кемнасьць, якія-б пасобілі ўлавіць агульны намер, зразумець яго сутнасьць і, зразумеўшы, накіраваць зьяднаную волю да намечанае мэты.

Рыгор выпусьціў гэта з вока — ён паддаўся настрою таварышаў. Але, вышаўшы з двара, апамятаўся, што-ж далей? І яму раптам успалі на думку тыя словы ды намеры, якія мелі месца і ў гутарцы з Міхасём, і на сходзе ў Артура. Запалілі нутро. Ён выбег з гушчы, як быццам у натаўпе цесна было думаць, і паглядзеў усьцяж Узьбярэжнай. З левага боку нядбайна гайдалася ў каменных берагох шырокая Дзьвіна, справа стаяла сьцяна паркану, уперадзе — слалася вузкая вуліца; яна вяла ў горад, бурлівы, тлумны горад. Чым адгукнецца ён на пераможныя мотывы песьні?

Але думаць было некалі. Рыгора падганяла сьвядомае пачуцьцё адкрытага выступленьня. Ён кінуўся ўподбежкі, каб нагнаць пярэднія рады. Мінаючы рабочых, бадзёрыў іх: сьмялей!

Ужо ён раўняўся з пярэднімі, як на стыку вуліц Узьбярэжнае і Прадольнай куды павінна была павярнуць дэмонстрацыя, каб прайсьці ў горад, зьявіліся конныя атрады поліцыі ды жандараў і перагарадзілі дарогу. У гукі рэволюцыйных песень урэзалася рэзкае: «Раззойдзі-ысь!» На першы момант грамада ня стрымалася, не перарвала пяяньня, надыходзячы на коньнікаў. Але апошнія, агаліўшы шаблі, кінуліся на дэмонстрантаў і знарушылі рады. Нельга дый бескарысна было змагацца з варужнаю сілаю, і пярэднія расстроіліся, падаўшыся на тротуары. Пяяньне перабілася, змаўкаючы ўперадзе і цішэй цягнучыся над заднімі радамі. Сутычка з поліцыяй хутка перадалася па ўсёй грамадзе дэмонстрантаў, і ўсе пакінулі пяяць. Замест песень то там, то сям з гурткоў рабочых панясьліся выкрыкі: «Далоў самадзяржаўе!» «Няхай жыве дэмократычная Рэспубліка!» «Далоў поліцыю!» Моладзь выбягала наперад, і ў вочы поліцыянтаў кідала гэтыя воклічы. Поліцыянты ўвайшлі ў злосьць і пачалі ганяцца за рабочымі, размахваючы шаблямі і бізунамі. Некалькіх чалавек, больш старэйшых, двое поліцыянтаў хвасянулі па галаве і намерыліся падбіць пад коні. Рыгор убачыў гэта і ўвесь задрыжэў ад злосьці. «Ах, паганцы!» праказаў скрозь зубы і, падмеціўшы камень, швыдка падняў яго і кінуў у аднаго з поліцыянтаў. Камень папаў каню ў шыю. Поліцыянт пагнаў каня і ад’ехаў у бок, азіраючыся назад. Па прыкладу Рыгора яшчэ некалькі рабочых вырвалі з бруку каменьні і запусьцілі на жандараў. Адзін з іх барджэй схапіў вінтоўку і даў выстрал. Сьледам уся поліцыя, падзяліўшыся па трое, з вінтоўкамі ў руках кінулася на раскіданыя грамадкі і ядынкі рабочых, дзе разганяючы, дзе арыштоўваючы.

Рыгор з іншымі накіраваў у двор бліжэйшага дому, які аказаўся праходным, і паціху вышаў на суседнюю вуліцу. Да яго даносіліся, рэдкія выкрыкі з Узьбярэжнае, мімаволі затрымлівалі, ня пускалі аддаляцца ад іх, але немагчымасьць паправіць становішча дазваляла ісьці адгэтуль.

Рыгор пашоў на кватэру.


III

АЧУЎШЫСЯ ў сваім пакоіку адзін на адзін, Рыгор Нязвычны стаў перацэньваць толькі што перажытае. Не засьвятляючы агню, ён перш падышоў да акна, прыслухаўся, ці ня чуваць дэмонстрацыйных выгукаў, а пасьля, рухава тупаючы ўзад ды ўперад, пачаў перабіраць думкамі ўсе драбнейшыя рысы гісторыі падгатоўкі і самага выступленьня, дэмонстрацыі, настрою рабочых, яе значнасьці, з’організаванасьці і сутычкі рабочых з поліцыяй. Дзівіўся, які цікавы вадакрут мае дынаміка здарэньняў, як цесна пераплецена асабовая думка з думкаю колектыўнаю, як шчыльна зьвязан дробны пачатак з буйным канчаткам. Цікавіўся, да чаго прышоў ён з сваім нерашучым імкненьнем стаць перад працоўнымі гушчамі, і як неперадуглядна ўецца разьвіцьцё здарэньняў. Не даваў веры, што гэткім зыркім выбліскам занялося, працягнулася і кончылася яго першае выступленьне. Дагадваўся і вышукваў тых прычын, якія мяшаюць аднаму чалавеку захапіць шворан колектыўнае думкі, грамадзкае волі, каб накіраваць іх у тое ці іншае русло. Ухіляўся перад законам пераможнасьці грамады над ядынкаю так выразна, так ачула перажыты толькі што самім.

Тое, што дэмонстрацыя скончылася разгонам, што наступнае разьвіцьцё здарэньняў цяжка было прадугледзіць — ня вельмі непакоіла Рыгора. Ён цешыў сябе, лісьціў свайму пачуцьыцю адным — гэта тым, што — як-ні-як, а ў перажытым выбуху рэволюцыйнасьці ляжыць некаторая доля і яго энэргіі, яго здольнасьці, яго адвагі і таленту. Здарэньні — верыў Рыгор — ня супыняцца. Важна было і знайсьці сабе штырхач, разварушыцца, а там…

Рыгор адлятаў у думках ад бягучага, адрываўся ад конкрэтнага, а пераносіўся ў наступнае, бліжэйшае і далейшае, малюючы сачлівыя вобразы і будуючы завабныя пляны. Выабражэньне і мары — расьлі, разбухалі, шырыліся, ствараючы з акольнага прадметнага сьвету багатую мозаіку будынку жыцьця. Усё яно — адна пекната, адна прыемнасьць, замілаваньне. Пры гэтым, асаблівасьць і гострасьць яго ў нясьціханым перайначваньні, у нясупынным бегу, трапятаньні, у бясконцым змаганьні за лепшае, за ляпейшае, за дасканалае. Кожная рэч, кожны прадмет, выглядаючы скрозь цем, пераказваў: «Уся прыгожасьць у нясупынным, праглівым, віруючым змаганьні рабочае клясы, у яе перамозе, у яе дыктатуры». Хто-ж асымеліўся сказаць яму ў гэту пору, што ён абмыляецца, што жыцьцё — адна нудная, цягучая песьня, заведзеная на адзін тон, накіраваная на адзін шлях, звычайная — Рыгор запляваў-бы таму вочы, празваў-бы дурнем, не схацеў-бы гаварыць. І як-бы горача ён сустрэў таго, хто прышоў-бы яго павіншаваць за выступленьне, за бадзёрасьць, за ваяўнічы настрой. Ён пацалаваў-бы таго, хто-б прынёс яму рэзвасьць, рухавасьць, бесклапотны сьмех… Ганна ў першыя часіны знаёмства, Наталя — са сваім бойкім, мужчынскім узрокам, з жыцыцярадаснымі рысамі на твары, з вераю, лёгкаю і палкаю; Міхась, выцярпеўшы рад боек, загортаваны жыцьцём і тугі, непарушны ў глыбокіх надзеях — прышлі-б яны да яго. На сьвежы сьлед — падзяліўся-б думкамі і перажываньнямі… А перанясьціся-б туды, у Сілцы, да Сёмкі, да Пятруся, да Сроля. Як-бы ўскалыхнуў іх Рыгор? Цяпер яму выразна і ясна стала пераважнасьць гарадзкога працаўніка над селянінам, гораду над вёскаю ў тым вялікім змаганьні, якое вядзецца за вызваленьне працоўных гушчаў ва ўсім сьвеце. Быў у Сілцох, бегаў усюды, падбухторваў таварышаў, каб тыя прылучаліся да організацыі, раскідаў проклямацыі, праводзіў гарбарскія і кравецкія забастоўкі, але ўсё тое — бледны адбітак сёнешняга выступленьня. Адзін завод — дзьве тысячы з лішнім чалавек, а злучы дзесяць тысяч, некалькі заводаў, што тады можа стацца!..

Рыгор пераходзіў да наступнае забастоўкі. Пачаў гадаць і меркаваць, як яна разгорнецца, колькі захопіць людзей, як паверне здарэньні, чым адзавецца на становішчы… чым кончыцца… Не! Аб канчатку забастоўкі не хацелася Рыгору думаць. Яго цікавіў процэс яе быцьця, цікавіла яе цягучасьць. Забастоўка — змаганьне: рэволюцыйныя прамовы, дэманстрацыі, сутычкі з поліцыяй. Вакола паўстаньне, помеж з ім… Натужнасьць, зарад, трапятаньне…

Думкі прыдалі Рыгору павышаны настрой, захапленьне — і ён справодзіў іх рэзкімі махамі рукі, прытоптваньнем, пераказам учуткі… Ён быў падобны да электрычнага матору, які ўвесь жыве нясупынным рухам, у непаглядным вярценьні…

Незаўважна для яго горад заціх, павеяла вільгацьцю. На паземе адмеціўся надыход золку. Перашло за першую гадзіну. Перамагаючы сябе, Рыгор прылёг: заўтра трэба ісьці к заводу, трэба ўгледзець Міхася ці Артура і праведаць наконт забастоўкі, што адбылася на іншых заводах.

Іскралётныя думкі яшчэ з добрую гадзіну мігаліся ў яго галаве, адрываючыся, гаснучы і ўзгараючыся. Бліскучым шэранем, трапяткім галёнам імжэлі, заходзячы ў глыбі здрому: Рыгор заснуў чулым сном…

Але не супачыў за тыя пяць гадзін, што праспаў да першага гудка. І стомленым падняўся з пасьцелі, і пашоў у завод. На Ўзьбярэжнай хадзілі патрулі гарадавых. Рабочыя ішлі працаваць — гэта Рыгора засмуціла. Разам з другімі ён прашоў у завод і нехаця папрацаваў да абеду. Ідучы ў харчоўку, спаткаўся з Міхасём — пагутарылі аб дні абвяшчэньня забастоўкі, аб здарэньнях на іншых заводах, аб рэзультатах учарашняе сутычкі з поліцыяй. Гутарка некалькі ўроўнаважыла Рыгора: ён зашоў у харчоўку. Цёмная, забруджаная — яна была перапоўнена людзьмі. Падсеўшы да століка, за якім абедала ўжо трое рабочых, ён заказаў абед і пачаў прыслухоўвацца, пра вошта гавораць. Рабочыя, не заўважыўшы Рыгора, цягнулі раней пачатую спрэчку:

— Сволачы, якраз перапынілі; а то-б прарваліся ў горад да хаця напалохалі-б буржуазію, — казаў здаравенны рыжы хлопец.

— То-та і ёсьць! Ці-ж яны спацьмуць! Дзе ты бачыў! Сачаць — працуе і іх розум, — сказаў сярэдніх гадоў мужчына, з францускаю бародкаю.

— Ну, як сабе хоча ўсё, але дэманстрацыю правялі. Ведаеце, міжвольна пойдзеш на ўсё пасьля гэткае прамовы. Да чаго складна гаворыць… Ні ты, Пракоп, часамі ня ведаеш, хто ён такі? — ваткнуў трэці.

— З сьлясарнага цэху, — адказаў рыжы.

Рыгору стала няёмка: ану-ж угледзяць і засаромеюцца за свае словы. Усё-ж тое, што пра яго ішла гутарка — лісьціла яму. Не даючы выгляду, што рэч ідзе аб ім, Рыгор кончыў абед і намерыўся сам увайсьці ў гутарку.

— А вот учарашняе — я ізноў да дэмонстрацыі, — казаў мужчына з францускаю бародкаю: — ня так павінна было-б скончыцца.

— А як? — перабіў Рыгор.

— Як? — той пільна ўгледзеўся ў Рыгораў твар, памаўчаў крыху і мякчэй адказаў:

— Мякка абышліся з гэтымі цюцькамі. Трэ’ было ўсім хапіцца за каменьні. А то стрэліў адзін і пачалі разьбягацца.

— А як-жа іначай? Сталі адбівацца — стралялі-б усе. Крыві пралілося-б за няма нішто…

— Як за няма нішто? — хапіўся рыжы: — за нашу свабоду… Бач, крыві баіцца. Лілі-ж дагэтуль — і надалей не застрахаваны.

— Пэўна…

— Тота-ж…

Рыжы прыгледзеўся на Рыгора і запытаў:

— Ці я абмыляюся, ці не, — здаецца, гэта ты ўчора казаў прамову?

Усе ўтраіх бессаромна абярнулі ўзрокі на Рыгора.

— Я таксама прыкмеціў, але не асьмельваўся казаць, — дадаў мужчына з францускаю бародкаю.

Рыгор засьмяяўся і прызнаў сябе за ўчарашняга прамоўцу.

— Маладзец, добра гаворыш, — пахвалілі ў адзін голас двое рабочых.

— Так, завідна, — прыбавіў трэці.

І калі Рыгор адчыніў губы, каб адказаць ім, з суседняга століка адвярнуўся да іх стары худашчавы дзядок і ў паўголаса праказаў:

— Асьцерагайцеся, вунь у кутку сядзіць шпег. Увесь час глядзіць на ваш стол. Пакідайце харчоўку заднім выйсьцем.

Яны ўсе ўчацьвярох няскрытна паглядзелі ў левы куток пакою: за маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў шляхэтна пададзеты з белым каўнерыкам, гладка прычэсаны, брыты чалавек. Роўна паставіўшы голаў, ён вадзіў узрокамі па ўсёй харчоўцы, як-бы шукаючы каго. У момант, калі на яго кінулі ўзрокі Рыгор з трыма суседзямі, чалавек ці незнарок, ці сумысьля, паглядзеў у супроцьлежны канец. Карыстаючыся гэтым, яны падняліся з-за стала і вышлі праз задняе выйсьце на двор, накіраваўшыся да заводу. Каля брамы, застаўшыся ззаду таварышаў, Рыгор азірнуўся і заўважыў, што той-жа тып праводзіць іх на адтоне ганоў з трое. Рыгор усьміхнуўся і схаваўся ў заводзкі двор.

Гэты інцыдэнт нічым не адбіўся на Рыгоравым настроі. Ужо пры першым зыку машын у заводзе Рыгор выпусьціў з думкі шпега і тую асьцярожнасьць, якую той сыгналізаваў сваёю сочкаю. Гутарка рабочых, іх пахвальба Рыгору, водгук іх на ўчарашнюю дэмонстрацыю — вось што займала яго ўвагу і пачуцьцё: знача, ён не ашукваецца, калі думае аб вялікай важнасьці праведзенага выступленьня.

Помеж з гэтым прыемным адчуваньнем, Рыгору захацелася ў наступных падзеях яшчэ раз выявіць сябе, тым болей, што, адчуваў Рыгор, у яго маюцца на гэта энэргія і здольнасьць. Пад сьвіст станка, роўны і цягучы, ён памкнуўся ў момант збудаваць новую прамову, куды мацнейшую па сіле і глыбейшую па сэнсе. «Я ім абвяшчу»… Праказаў ён сам сабе і адцягнуў увагу ад разца, які глыбока ўеўся ў сталь і пусьціў сьмярдзючы гарэлы дым. Рыгор пасьпешна супыніў станок і адняў разец. Вылаяўся рэзка і злосна. Сплюнуў і матнуў рукою.


IV

ПАДВЫШАНЫ НАСТРОЙ не пакідаў Рыгора і ў наступныя два дні: жыў ён выключна мінулай дэмонстрацыяй і надыходзячай забастоўкаю. Апошнюю чакаў з тым-жа нецярпецьнем, што і сваё выступленьне з прамоваю. І таму дні праходзілі ня ў прыкмет.

У суботу, кончыўшы працаваць на дзьве гадзіны раней, ён рашыў прайсьці па дарозе на кватэру Вэрманаўскім паркам. Вышаўшы з заводу, ціхай хадою накіраваў у горад, зрабіў кунлю і прашоў у парк. Дзякуючы субоце, гуляла шмат публікі, разадзетае, сьвяточна настроенае. Чуўся звычайны, вечна жывучы, малады, сакавіты сьмех, кідаліся ў вочы бесклапотныя жыцьцярадыя жарты дзяўчат, вёрткіх, як газэлі, стройных, трапяткіх. Як быццам-бы жыцьцё паказвала праз іх сьветлыя ўхмылкі сваю няўміручую прыгожасьць. Ад яе нельга было ўхавацца. На руцяністых лісткох акацыяў, бэзу, клёну, на чырвоных вяргінях ды гвазьдзіках гулялі зайчыкі променю, шустрага, электроннага… Рыгора цалкам захапіла гэта віраваньне жыцьця, разьмякчыла. Ён ня стрымаўся, каб уголас падумаць: «Няўжо ня прыдзе сёньня да мяне Наталя? А Ганна? Паглядзі ты, так зазлаваць! Як канфора ў воду — каторы час і няма нідзе!» Ганна заінтрыгавала Рыгора. «Хоць-бы ўгледзець яе, напаткаць дзе-колечы». У Наталю ён быў завераны, упэўнены; хацеў-бы бачыць, але ведаў, што ня сёньня, то заўтра ўгледзіць, стрэнецца абавязкова. «А вось Ганна — хай-бы яшчэ раз спаткацца з Ганнаю». Закарцела да таго, што Рыгор некалькі разоў прашоў цэнтральнымі алеямі, прыглядаючыся ў твар кожнае дзяўчыны. Нездаволіўся, што не пападаецца Ганны і несхаця вышаў з парку; вышаўшы, раз-ад-разу азіраўся, пакуль не схаваўся за вуглом муру. Ня было Ганны і ён, ідучы дамоў, меркаваў калі і дзе яе можна ўгледзець. Напрашаліся гатовыя пляны: узмор’е, парк, тэатр. Дзе-колечы — да трапіцца сыйсьціся.

Забясьпечыўшы сябе надзеяй, Рыгор падбліжаўся к дому і зьнячэўку, не даходзячы колькі дамоў, як з зямлі вырасла ў яго ваччу Ганна. Кроў лінула да сэрца, ён здрыгануўся ад нечаканасьці. Дзяўчына ішла да яго, задуманай, няўпэўненай, разьзіраючы па бакох. Шмат праходжых яе міналі, абыходзячы, ці справа ці зьлева; некаторыя ўглядаліся падазронымі ўзрокамі. Рыгор ня ведаў, як вясьці сябе: даганяць Ганну або даць мажлівасьць ёй зайсьці ў двор; ён зацішыў хаду, хоць нейкая сіла падганяла яго бегчы, сьпяшыць, апынуцца каля яе і загутарыць. Сіла волі перамагла пачуцьцё — Рыгор даў часу прасачыць, куды ідзе Ганна. Колькі разоў супыняўся, ня спускаючы воч…

А Ганна, тымчасам, параўнялася з дваром яго дому, паглядзела налева і направа, замялася на момант і прашла далей.

«Каб не пашла зусім», мільганула думка ў Рыгоравай галаве і ён пасьпешна мінуў адзін дом, супыніўся, пастаяў крыху і ізноў зацішаным шагам пайшоў далей. І пасьля перарашыў: «Затрымаюся каля брамы; ня вернецца — пабягу даганяць, а вернецца — пачакаю». Пакуль падышоў — Ганна завярнула назад і пэўна ўгледзела яго, бо раптам зьмяніла кірунак хады і яе тэмп.

Праз колькі хвілін яна ізноў была каля брамы, тут-жа спаткаўшыся з Рыгорам.

Ён уверана, працягнуў ёй руку, гасьцінна ўхмыльнуўся і праказаў:

— Добры вечар! Як гэта здарылася? Ну, пойдзем да мяне?

Ганна не палісьцілася гасьціннасьцю з боку Рыгора: ні засьмяялася, ні падала выгляду задаваленьня.

— Добры вечар!

Суха і працяжна адказала.

— Дзе ты быў так позна? Кожны раз, як назнарок — прыдзеш, а цябе не застаць.

— Кінь падазронасьць… Я ня ведаю, што прымусіла цябе пісаць да мяне гэткую запіску…

— Ты варт таго… Падумай сам, што я магу перажываць. Табе — нічога…

Яны прашлі браму і накіравалі да Рыгора. Ганна ішла, апусьціўшы голаў, нясьмела, як арыштаваная.

— Табе да таго жаднага клопату.

— Што-ж ты думаеш! У мяне — забастоўка, пытаньне жыцьця, змаганьне; ты думаеш, я жыву выключна сабою? Я — адзін з мільёна, кропка ў вялікай гушчы працаўнікоў. Маё жыцьцё цесна пераплецена з жыцьцём гэтае магутнае суполкі людзей… Ганна! — каб ты ведала, якія здарэньні адбываюцца зараз на нашым заводзе, і ў самым горадзе! Мо’ чула, якая грандыёзная дэмонстрацыя адбылася ў чацьвер! Ня чытала хіба? Я выступіў перад рабочымі з натхненаю, палкаю прамоваю, напаліў іх да белага. З інтэрнацыяналам, з воклічамі — на вуліцу! Толькі паглядзець было на гэты вобраз! Тысячы чалавек, якія зьяднаны аднымі клясавымі інтарэсамі, адною монолітнаю думкаю, адным жаданьнем — «уставай, пракляцьцем катаваны!» Зямля, здавалася, траслася ад гэтае сілы. Накіруй яе на абраную мэту — парушынкі не застанецца ад усіх перашкод… мы ішлі — луналі песьні…

— А ўрэшце? Разагнала поліцыя!

Рыгор раптам замоўк, як быццам чыясь рука неміласэрна парвала настроеную струну.

— Ты ведаеш? — праз колькі хвілін запытаў у Ганны.

— Бачыш.

— Ну, а калі поліцыя разагнала, дык думаеш — на гэтым скончыцца? Паглядзіш, што прынясуць наступныя дні. Жах абойме ўсю буржуазную Рыгу…

Падышлі да дзьвярэй. Пазванілі.

— Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае сьпіны. Неабмежнаму зьдзеку мусіць прыйсьці канец. Ты паглядзі — сьвет будуем, а нявольнікамі ходзім. Вось…

Рыгор паказаў на зашмальцаваную крысу жукеткі.

— Не адчыняюць, — нэрвавалася Ганна, чужая настрою Рыгора, захопленая сваімі, зусім іншымі, самотнымі думкамі.

— Твая гэтая латышка… я бы з-за аднае яе ня жыла тут…

Стук дзьвярэй перапыніў яе. Вільгэльміна адшчапіла ланцужок і адчыніла:

— Калі ласка, Нязвычны.

І тут-жа скрывіла міну, ўгледзеўшы Ганну.

З пераднамеранай думкай работніца праказала:

— А да вас прыходзіла Наталя!

— Наталя?!

Рыгор перш сумеўся, а пасьля ў момант хапіўся за думкі, як адказаць, і ўсё-ж, нявольны ад няёмкасьці, адказаў двухсэнсоўна:

— Хто яна такая?

— Прыдзе яшчэ, абяцала.

Ганна паперадзе прашла ў кватэру, але прыпынілася перад Рыгоравым пакоем і ўся — адно хваляваньне — пачула паведамленьні Вільгэльміны. Кожнае слова яе, знарок падкрэсьленае, адзывалася гостраю больлю ў Ганьніным нутры. Пачуцьцё назьбіранае крыўды, якую вось-вось яна мелася выліць перад Рыгорам, зараз утройчы пабольшылася, ахапіла яе ўсю, да кончыкаў, ногцяў, да кончыкаў кос. Рыгор мігам адляцеў далёка-далёка. Ужо не хацелася пераступаць парогу ў яго пакой, ужо не жадалася нічога казаць яму. Завярнуцца — і бегам дамоў. Толькі-б крануцца з месца…

Рыгор падышоў да яе і, ня даўшы адумацца, адчыніў дзьзеры ў свой пакой і папрасіў:

— Ганна, проша.

Ганна нехаця зрабіла колькі крокаў, зачыніла за сабою дзьверы і стала сярод пакою.

— Ты крыўдзішся на мяне?.. Ты думаеш, што я… Ах, якія бо вы, дзяўчаты, фанабэрыстыя, што…

Ён хваляваўся і шкадаваў Ганну.

А яна ледзьве стрымоўвала сябе ад злоснае горнасьці. Раз-у-раз то паднімала, то апускала голаў, кідаючы асавелым узрокам у профіль Рыгоравага твару. Пераступала з месца на месца, садзілася, то ўставала, камячыла ў руках рэдыкюль; сьціскала зубамі. Пасьля адвярнулася ў акно і, стоячы бокам да Рыгора, усё парывалася нешта сказаць.

Рыгор ня стрымаўся: рашуча падышоў да яе, палажыў на плячы руку і сказаў:

— Злуешся? Кінь!

— Ты, ты, ты! Ты адзін…

Рэзкі, нястрыманы голас яе прарэзаў настарожаную цішу.

Рыгор схамянуўся — некі час ня ведаў, што сказаць.

Сустрыманы, нясьмелы стук у дзьверы прымусіў абоіх настаражыцца.

— Уваходзьце!

Адчыніліся дзьверы і ў пакой праглянула Наталя.

З няёмкасьці — ня ведала, што рабіць: ісьці ці не.

— Сьмялей, падыходзь сюды, — падбадзёрыў Рыгор.

Яна падышла, працягнула яму руку і павярнулася да Ганны.

— Мой таварыш — Наталя, таварыш Ганна.

Офіцыяльна, суха дзяўчаты паціснуліся за рукі.

Ганна моўчкі адвярнулася.

— Я ўжо была ў вас, — весела паведаміла Наталя, садзячыся на ложак: — а вы гуляеце недзе. Абманваеш мяне…

— Я? — проста бяда: Сцыля і Харыбда — Ганна тое самае думае. Паміж двух агнёў.

Ён хацеў выпрабаваць Ганну, ці не адпусьціў яе гнеў: тая маўчала, яшчэ больш нэрвуючыся. Гэта ўплыло і на Наталю.

— Вы пасварыліся? — запытала яна Рыгора гэтак, каб чула Ганна.

— Дзе там! Ганна проста злуецца…

— Ты, ты… прымушаеш на большае. Каб не шанавала сябе…

Ганна злосна паглядзела на Рыгора і павярнула да дзьвярэй…

Рыгор перапыніў:

— Куды ты, Ганна! Што з табою?

Але яна маланкаю вылецела з пакою, зачыніўшы за сабою дзьверы.


V

— ЦУДНАЯ ДЗЯЎЧЫНА! — разьвёў рукамі.

— Што ты зрабіў ёй?

— Эх, не разумее жыцьця. А настаўніца! Гарадзкая, да таго.

— Ты пакрыўдзіў яе?

— У вашага брата іншага не дажджэшся.

— Чаму?

— Бачыш, кідай усё: і эмаганьне, і агульныя інтарэсы, усё на сьвеце, а аддайся цалкам ёй.

Наталя скрыла ўхмылку і праглівым узрокам уставілася ў вочы.

— Вой, глядзі, ня тое!

— Будзь інакшаю…

Ён захадзіў па пакоі, ня ў сілах супярэчыць нахлынуўшым думкам. «Сапраўды, чаму-б мне асьцярожней не падыйсьці да яе? Чаму-б мне не перапрасіць яе? Ах, натура ўжо мая — напралом, ці трэба ці не. Пакрыўдзіў дзяўчыну! Трэба перапрасіць, абавязкова трэба перапрасіць»…

І ўжо быў спыніўся на гэтым, як раптам усумніўся: «Перапрасіць! У чым? Зьнізіцца да будзёншчыны? Ласьне яна зразумее маю ласкавасьць? Што я, дзеля гэткай мяшчанкі! Праступнік, бунтаўшчык — ня болей. Не! Я не паддамся на гэта»…

Рыгор утаропіўся ў адну кропку на сьцяне і стаяў нярухома. Наталя колькі хвілін сачыла за ім, пасьля раптам павярнулася і ў голас праказала:

— Рыгор! Таварыш Нязвычны! Ты ня рад майму прыходу?

Рыгор памкнуўся адказаць, але спыніўся.

— Чаго ты маўчыш? Сядзьма, Рыгор!

Пакарыўся — селі.

Селі — так хацела Наталя, думаючы гаварыць, — гаварыць з Рыгорам, спавядацца яму ў тым пачуцьці, якое выбухнула ў ёй пры адыгрываньні гісторыі з Ганнаю. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры насьпявае некая моцная цяга да Рыгора. Гуляла з ім на адзіноце, сустракался, а прыметы гэтага не адчувала. Паважала Рыгора, як добрага таварыша, нават зьлёгку любіла яго, як прыгожага, мужнага чалавека; ну, а каб гэта захапіцца ім — пакуль не ўспадала на думкі. Сёньня ішла да яго з ранейшым пачуцьцём, — праўда, з гэткім пачуцьцём, якому было цяжка пярэчыць. Усё-ж далёка было да адыгранага фіналу.

Захапілася — і не магла слова мовіць, толькі напружана, пільна сачыла за яго рухамі, за мігаценьнем яго броў, за ціхім, няпрыметным калыханьнем дробных рыс твару. Глядзела і ўкладала ў свае ўзрокі неапісанае натхненьне. Той-жа самы воблік, той вобраз, які выглядалі ў Рыгору Зося і Ганна — маляваўся і Наталі. Рыгор — у гэту хвіліну ня толькі таварыш-змагальнік, ня толькі сябар, а і ідэал, якому мажліва і трэба пакланяцца. Каб хто запытаў яе, адкуль узяліся тыя ценкія струны ў яе нутры, тая мяккасьць ды гасьціннасьць у гэтак неміласэрна патузанай жыцьцём, абчэрственай яго жорсткімі ўмовамі, заціснутай нядоляю і недастачамі істоце — Наталя не адказала-б.

І толькі праз доўгі прагалак часу, мо’ праз гадзіну, удвойчы праказала да яго, умаляючы:

— Чаму ты маўчыш? Кажы мне ўсё, усё кажы… Ня сьмейся з мяне, што я гэткая… Ты сустрэў мяне сухою рэволюцыянэркаю, а я… Ну, што-ж, чалавечая ўласьцівасьць прысутна і мне… Скажы, скажы мне, ці я не перашкоджу табе? Мяшаю Ганне? Навязваюся? Знарушаю твае пляны? Скажы, скажы… Не маўчы.

А Рыгор маўчаў судзячы: «Што мне ёй казаць? Прызнавацца?»

Тады, пачакаўшы крыху, Наталя нэрвова адышлася да акна, паглядзела на двор і спакойным голасам адказала:

— А мне пара дадому. Паглядзі — усюды патушылі агні. Правядзеш мяне?

— Аставайся начаваць. Куды табе блізкі сьвет цягнуцца ноччу?

Паглядзеў на гадзіньнік.

— Другая гадзіна па поўначы. Аставайся, Наталя. Ласьне саромеешся? Ці не давяраеш мне? Начуй… Мы рэволюцыянэры…

Наталя недаверчыва паглядзела Рыгору ў твар.

— Ты сьмяешся?.. А што мне дзядзька скажа?

— Ха-ха-ха! Дзядзька! На прывязі трымае цябе?

— Маўчы лепш.

Рыгор не настойваў. Моўчкі адзеў жукетку, шапку і падышоў да Наталі. Далікатным кіўком паказаў, што хоча праводзіць. Наталя вышла з пакою першая.

— Не разбудзіць-бы адно гаспадароў.

Асьцярожна прашлі калідор, стараючыся ня стукнуць, адперлі і заперлі дзьверы. Сышлі з усходаў — бяз слова гутаркі, адно за другім. Перасеклі двор і каля брамы абудзілі драмаўшага дворніка. Той нездаволена паківаў галавою, гультайна падняўся з месца і выпусьціў іх на вуліцу.

Ціхая зорная ноч абдала іх астуджаным, але нячыстым гарадзкім паветрам. Электрычныя лямпы вадзілі даўгія, дзівосныя цені. Ублізку ня відаць было чалавека, але здалёк даносіўся ляскат шагоў, стукатня конскіх капыт і розныя гукі ды зыкі.

Яны накіравалі да Вэрманаўскага парку — ішлі мернаю, спакойнаю хадою. Усё яшчэ маўчалі, ня хочучы ніводнае першым загаварыць, хоць у абоіх бушавала пачуцьцё і самі сабою напрошіваліся словы гутаркі. Рыгору імпонавалі абставіны летняй ночы, перажытыя здарэньні; трымалася бадзёрасьць. Наталя — адна аднэю з ім — цягнула да сябе яго ўвагу, думкі, пляны; Наталя будзіла цэлы зьнізак мінулых перажываньняў, разгойдвала выабражэньне. Рыгор ня ведаў, не адзнаваў і не хацеў разумець Наталінай маўчанкі. Нарэшце, ужо падыходзячы да парку, Рыгор запрапанаваў ёй:

— Давай пасядзімо ў парку?

— Запозна, Рыгор.

— Ты сярдзіта?

— Кінь хаця.

— Давай пасядзімо.

Наталя згадзілася. Рыгор аддзякаваў моцным поціскам яе рукі.

— Ты, падумай, колькі нам суджана гэткіх ночаў правясьці? Хто ведае, чым і што кончацца здарэньні з забастоўкаю… Ды наогул, што нас наперадзе чакае…

Каля агарожы парку, куды яны падышлі, пачуўся гучны гоман. Яны паглядзелі ўбок: шагоў дзесяць ад іх ішла грамадка людзей; у цені дзярэў нельга было разабраць, хто і што, але ў тупаце ног чуўся знаёмы звон шпор. Рыгор спыніўся, затрымаўшы Наталю.

На сьветлай пляміне, якая ўразалася ў згусткі ценю, бліснулі жоўтыя гузікі поліцэйскіх. Было ясна — вялі арыштаваных.

Рыгор з Наталяю шчыльна прытуліліся да агарожы і праждалі, пакуль гэта процэсія аддалілася ад іх на добры кусок. Пасьля, не заходзячы ў парк, павярнулі направа, абыходам.

— Хаця-б ня нашых толькі? — занепакоіўся Рыгор.

— Чаго добрага — усё можа стацца. Папераджаюць забастоўку. Цяпер трэба быць асьцярожным. Асабліва табе, Рыгор… Я чула, нябось, як ты выступаў.

— Чула? ну? ну?

І ён тутака забыўся і пра Ганну, і пра поліцэйскіх, якія павялі арыштаваных, і пра жаданьне пасядзець у парку, палюбавацца ночкаю, пацешыцца Наталяю.

— Ты ведаеш, чуць дэмонстрацыі… крывавай дэмонстрацыі ня вышла — гэткі настрой… Момант цікавы… Ну, а вось, у вас што чуваць?

— У нас, ведаеш, большасьць кабет… Але нельга сказаць, каб не падтрымалі вас. Выступяць…

— Трэба шчырэй узяцца за агітацыю… Усё залежыць ад ёмкасьці падыходу да рабочага ці да работніцы. Ты, Наталя, павінна папрацаваць… Мусім-жа паказаць, што мы — сіла, што мы апіраемся на крэпкія падпоркі…

— Так, трэба, ведама…

Двое праходжых, што йшлі ім насустрэч, паперашкодзілі далейшай гутарцы. Наталя, каб адцягнуць увагу, праказала:

— Бачыш, ужо і золак займаецца.

Рыгор паглядзеў уверх.

— Хаця-б крыху адпачнуць.

— Так, ідзі ўжо, я адна прайду гэтых два кварталы. Ідзі.

Наталя спынілася, але Рыгор угаварыў правясьці яе да самага дому. І нават пачакаў, пакуль дворнік, упусьціўшы Наталю ў двор, запёр вароты.

— Прыходзь-жа, — паслаў удагон і вярнуўся.

Рыгору не хацелася прысьці на кватэру пазьней, чымся прачнецца Вільгэльміна. Не баяўся яе, не сароміўся — проста не хацеў, каб яна бачыла яго раньняй раніцаю ня сплючы. З гэтае прычыны ён ускорыў хаду, меркаваў скараціць дарогу, пераходзячы на загібах вуліцы з боку на бок, выбіраючы перавулкі.

Горад зусім заціх, і Рыгоравы шагі гучна разносіліся пад дахамі муроў, адбіваючыся ў вузкіх вуліцах. На некалькіх рагох і на скрыжаваньнях вуліц, прытуліўшыся да сьцен муроў, драмалі вартавыя гарадавікі. Рыгор праходзіў між іх, не зважаў, і яны не патуралі нічому. Вэрманаўскі парк быў абагнутым ім з боку ад пошты, зусім няпрыметна. Наогул, за сьпешнаю хадою Рыгор ня спыняўся на аднэй якой-колечы думцы, прапускаючы процьму адрыўкаў. І толькі спыніўшыся ў браме дому, дзе была яго кватэра, ён зьнячэўку ўлавіў кусочак успамінку аб Сілцох, некаю прымхаю мільгануўшых у яго галаве. Улавіў і задумаўся, ажно забыўся пастукаць дворніку, каб той адчыніў вароты.

«Маці! Падумаць! Забыў! Столькі часу ні слова не напісаць! Што перажывацьме яна там, ня ведаючы і ня знаючы пра мяне? Пэўна, старая праплакалася, занудзела, зьняверылася… А я тут кручуся-вярчуся, як шалёны… Не, годзі маўчаць. Трэба-ж, нарэшце, улучыць хвіліну-другую і кінуць ёй ліст. Маці! Ды таварышы таксама лаюць мяне здорава. Сёмка — той, пэўна, матнуў рукою… Хлусом празаве… Як-жа яму не напісаць? Ах! Ды столькі ўсяго ёсьць пісаць! Столькі перажыта за гэты тэрмін»…

Думаючы, Рыгор не заўважыў, як да яго падышоў яшчэ адзін жыхар гэтага дому. Падазрона абглядзеў яго з ног да галавы і рашуча пастукаў у браму. Гэта Рыгора адцягнула ад думак, і ён паціху вашоў у двор сьледам за незнаёмым чалавекам.

Частка восьмая

[правіць]


ЧАСТКА ВОСЬМАЯ



I

«ТОЛЬКІ ў рашучым выступленьні — перасьцярога наглай заўзятасьці ворага», казаў Рыгор перад тысячнаю грамадою рабочых. І, кажучы гэта, ён выказваў сваімі вуснамі той настрой, які паступова ў гэтым годзе ахопліваў рабочыя гушчы не аднэй толькі Рыгі, а ўсяго неабмежнага прастору царскае Расіі. К моманту яго выступленьня — нездаволеньне існуючым станам, абурэньне супроціў крывасмагнага самадзяржаўя, протэсты на бессаромную эксплёатацыю капіталістамі рабочых бурліваю хваляю ўскалыхнулі працоўныя гушчы. Цяжкія гады ўціску і душэўнага заняпаду, што наступілі пасьля паражэньня рэволюцыі 1905 году, адышлі ў ліхое зьнябыцьцё… Трывожныя стрэлы, што прагучэлі над далёкаю Ленаю, аддаліся громкім рэхам у настарожаных сэрцах рабочых. То быў сыгнал, які рашуча і дзерзка адкідаў наглыя словы царскага сатрапа: «Так было і так будзе!» нясучы вестку аб новых днёх… Жыцьцё выглядала ў іншым абліччы, падаючыся пад упартым законам гістарычнага разьвіпьця.

К сходным днём ліпеня абурэньне сярод рыскіх рабочых паднялося да вышэйшага пункту. Здарэньні ў сваім разьвіцьці апярэджвалі людзкія намеры, падрахункі, пляны. Саматугам гуртаваліся мітынгі, выбухалі рэзкія конфлікты на розных фабрыках ды заводах, вынікалі стыхійна забастоўкі. Паветра напалялася гострым змаганьнем працы з капіталам. Па майстэрнях пры рабоце адкрыта і сьмела паднімаліся спрэчкі, дыскусіі на рэволюцыйныя тэмы. Факт агульнае забастоўкі не таіўся, а быў прызнаным, нямінучым зьявішчам. Нельга было пачуць слова, якое-б пярэчыла патрэбнасьці яе. Наадварот, дзень-ато-дню ўсё рашучай ды настойней аформлівалася выразная думка — не чакаць назначанага тэрміну, а зараз-жа пачынаць змаганьне. Дзякуючы гэтаму, яшчэ за некалькі дзён адна за другім сталі спыняцца фабрыкі і заводы. Факт ажыцьцяўляўся…

І вось адным днём распаленае паветра сыпнула агнём трывогі. Над багатымі кварталамі шумлівага гораду распласталася здань рабочага паўстаньня. Што прынясе яно бесклапотным багацеям? Рупліва заварочаліся на мяккіх крэслах фабрыканты і заводчыкі, грашавікі і губарнатар, дамаўласьнікі і вышэйшыя чыны адміністрацыі. Зашамалі губамі гандляры і мяшчане. Што-ж такі будзе далей?

Калі баставалі перапёкі і электрыкі, а поліцыя ўпарта змагалася з імі праз арышты, гаспадары — праз разьлічэньне з работы, гарэла надзея перамогі над бунтаўшчыкамі. «А вось не падтрымаюць іх рабочыя іншых заводаў. Па адным чалавеку пераловяць разбойнікаў і надоўга закажуць, як весьці сябе». На кожнае паведамленьне аб арышце — тыкалі пальцамі і ліхамысна ўсьміхаліся: «Так іх, галубчыкаў!» Але, як толькі тыя-ж газэты буйнымі літарамі на першых старонках адмецілі пачатак агульнае забастоўкі, бадзёрыя выгукі прымоўклі. У багатых магазынах, у канторах і банках, у рэсторанах і дома, купцы, папы, дырэктары, і загадчыкі, паны і пані падозрана азіраліся адны на другіх, на вокны і на дзьверы, прыслухваліся да стуку і крыку і палахліва паглядалі, вышаўшы на вуліцу, у бок прыгарадаў, у бок Наддзьвіньня, уздоўж Мітаўскае чыгункі, ці ня дымяцца коміны, ці ня чуваць рэвалюцыйных песьняў і стрэлаў паўстанцкіх… У канцы вуліц, якія вялі да рабочых раёнаў, прагліва ўзіраліся баязьлівыя вочы, чакаючы варужных дэмонстрацый. Дзе праходзіла двое-трое рабочых, на іх глядзелі натрывожаныя буржуі, старонячыся ўбок, іх праводзілі падазронымі ўзрокамі гарадавікі, сачылі пераадзетыя шпегі. На вечар узмацнялася варта, выстаўлялі патрулі, а ў кватэрах багацеяў шчыльна запіраліся дзьверы і аканіцы. Насіліся сумліўныя охі і ўздыхі: «Ох, ох! да чаго толькі дойдзе. Так разбазырыла чэрня! Ні начальства, ні бога нямашака. Поліцыя вінавата — трэба-ж было гэтак народ распусьпіць… А цяпер — і ні рады!»

А па Наддзьвіньню і ў іншых рабочых раёнах забастоўка выяўлялася ў яскравым заміраньні працы, у ўрачыстым, разьюшаным руху каля нярухомых заводаў і фабрык, каля ціхіх рабочых домікаў. Кучкамі, большымі і меншымі, па двое хадзілі рабочыя між высокіх сьцен заводу, па глухіх, крывых вуліцах і перавулках; гутарылі на тэму дня, радзіліся, сыходзіліся і распачыналі маніфэстацыі. Юнакі выкідалі чырвоныя сьцягі, пяялі песьні, дражніліся з поліцэйскімі, якія ўдубальт варужнымі соваліся між хмурых будынкаў, падазрона азіраючыся ўбакі і навакола, трымаючы за рэвольвэры і шашкі; час-ад-часу гарцавалі, паднімаючы пыл, коньнікі. У харчоўнях ды гарбатнях, дзе заўсёды таўкліся рабочыя ў абедзены час і вечарам было пуста; а дзе сыходзілася колькі чалавек, там стаяў гоман, абгаворы бягучага моманту, вестак пра настрой на розных фабрыках і заводах, пра арышты. І па раніцы і сярод дня па вуліцах раскідаліся плякаты і адозвы забастовачнага комітэту і комітэтаў партый, разьлепліваліся на сьценах дамоў, на агарожах, і побач іх — распараджэньні губарнатара і заявы фабрыкантаў. Грамадкі рабочых спыняліся і чыталі, чыталі і лаяліся, гразілі помстаю ў блізкай ці далёкай будучыне.

Магутная думка — ідэя вызваленьня з-пад цяжкай няволі прасякала ўсе куткі рабочых раёнаў, лучыла ў адну гушчу тысячы і дзесяткі тысяч адзінак, настройвала іх на распачлівую супярэчнасьць другой, клясава варожай сіле, сіле абірацеляў і прыгнятацеляў. Нельга было не паддацца ўплыву разгарачанай помсты, змаганьню — і ёю захаплялася ўсё насяленьне рабочых раёнаў — ад дзяцей да старых, ад мужчын да кабет. Сьмерць катам! Пагібель тыранам!

Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. На пяты дзень пасьля апошняе гісторыі з Ганнаю Рыгор пашоў на завод, маючы намер падняць агітацыю за хутчэйшае далучэныне яго да забастоўкі. У чыннасьці Міхася і іншых таварышаў ён наглядаў некую нерашучасьць-баязьлівасьць і не хацеў далей пагоджваць з ім сваіх плянаў. «Чаго адцягаць надалей? Да чаго можа прывясьці іх куртатая політыка?» разважаў Рыгор.

Прышоўшы к заводу, ён сустрэўся з фактам: завод стаяў; забастоўка зарадзілася сама сабою, захапіўшы тысячную грамаду рабочых. Вагромны дзядзінец ужо кішэў разьюшанай гушчаю людзей, як мора ў час шторму. Чуліся прамовы аратараў, выгукі лёзунгаў. Тыя, што стаялі каля варот, павярнуліся, каб выйсьці, але чакалі ўрочнага знаку, сыгналу.

Рыгор апукаю ўкаціўся ў цесную гушчу людзей і, рвучыся на ўсе бакі, пачаў падбіваць рабочых на рашучасьць, на дэмонстрацыйнае выступленьне. «Чаго вы стаіце тут? — зварочваўся да ўсіх, між каго праходзіў: — пара выходзіць на вуліцу. Нечага раздумоўваць». Агітуючы, наткнуўся на Міхася, які ўгаварваў гурток рабочых спакойна разысьціся па хатах. Ня стрымаўся і папракнуў яго за баязьлівасьць. Міхась адказаў папрокам Рыгору ў нязвычайнай гарачлівасьці. Супыніў яго і хацеў растлумачыць сваю правату. Але тут-жа грамадаю пранёсься неспадзяваны гоман і рух: яна закалыхалася і рушыла ў вароты, на вуліцу. Магутным штырхачом разьбіла іх гурток і аддзяліла Рыгора ад Міхася. Праз некалькі хвілін яны ўсе апынуліся на вуліцы, у згушчаных радох рабочых, у дэмонстрацыі, якая прашла з гоны ўсьцяж вуліцы і пасьля сама сабою разьбілася на гурткі, якія сталі маніфэставаць.

Рыгор не пашоў з вуліцы, а амаль не да абеду маніфэставаў разам з іншымі, пераходзячы з месца на месца, з вуліцы на вуліцу. У абед ён паехаў у іншыя рабочыя раёны, каб азнаёміцца з агульным становішчам; а далей знарок наведаў «Праваднік», каб праканацца, як там — ці бастуюць, ці гатовяцца да гэтага. Якраз «Праваднік» працаваў: дымела труба, бразгала жалеза, у двары, пры варотцах стаяў вартаўнік. «Няўжо іх не крануць здарэньні?» папракнуў Рыгор, пастаяўшы некі час перад фабрычным будынкам. «Што-ж Наталя робіць? Чаму яна не агітуе?»

Нездаволеным вярнуўся на кватэру гадзіне а чацьвертай. І толькі пасьпеў зайсьці ў пакоік, як раптам хапіўся за думку — ці не напісаць зараз, вось, мацеры пісьма. «Сяду, калі ўлучыў падхадзячую хвіліну, і напішу колькі слоў… Разам і Сёмку… Ах, каб ён ведаў, што тут вычвараецца! Каб уявіў сабе, да чаго-б зайздросьціў хлопец… Сапраўды, шчасьлівы я, што жыву ў гэткі момант! Толькі падумаць!» Рыгор распрастаўся, падняў даверху правую руку і аблегчана ўздыхнуў поўнымі грудзямі. Не задумаўшыся, вывеў звычайны зварот — «Даражэнькая маці!» Пасьля хвілін са тры пачакаў, адцягнуўшыся думкамі да іншых рэчаў, і пачаў пісаць: «Выбачайце, матка, што гэтак доўга маўчаў. Усё неяк ня мог выбавіць кавалачку часу, каб сесьці напісаць вам колькі слоў. А думаў — штодзень. Ведаю, што вы там загараваліся па мне, затужыліся, але, паверце, ня ў сілах самому адарвацца ад тых абавязкаў, якія выпалі мне з часу прыезду ў Рыгу. Амаль ня з першага дня заняўся я працаю на тым-жа самым заводзе, а пасьля насьпелі непаразуменьні паміж гаспадаром заводу і рабочымі. Зараз, вось, вынікла забастоўка, ды ня толькі на нашым заводзе, а па ўсіх фабрыках і заводах у горадзе. Протэстуем супроціў суду над бальтыцкімі матросамі, а разам з тым і супроціў цяжкага стану, у якім даводзіцца жыць рабочаму чалавеку. Толькі што адбылася дэмонстрацыя рабочых з нашага заводу. Каб вы пабачылі, якая гэта сіла!» Далей Рыгор пытаў у мацеры, як яна жыве і як яе здароўе; пры гэтым папераджаў, што ўвесь час думае пра яе і мяркуе, як і што ў блізкай будучыне наладзіць сумеснае жыцьцё. «Няпраўда-ж, — ня будзем мы цёнгля жыць паасобку. Калі-колечы зьвядзе нас доля разам».

Напісаўшы гэта, недаўменна паківаў галавою: «Даводзіцца суцяшаць старую абяцанкамі!» Але рашуча адкінуў сумненьні і на трэцяй старонцы паперы прыхваціўся і ў агульных словах апісаў ужо дзеля Сёмкі ўсе важнейшыя здарэньні, якія давялося перажыць з часу разлукі. Нарэшце, папрасіў яго, каб той перадаў уклоны ўсім знаёмым і Зосі і абавязкова адпісаў як найхутчэй.

На гэту дапіску пашло ня болей, як поўгадзіны часу, і Рыгор, пішучы, ужо адчуваў, што пісьмо выйдзе зусім няпоўным, адрыўным, выпадковым — не хапае сьцерпу ў гэткі час спакойна пісаць. Пашкадаваў, разьвёў рукамі, як-бы хочучы апраўдаць сябе — «не магу, што-ж ты зробіш».


II

КОНЧЫЎШЫ ПІСАЦЬ Рыгор уважліва перачытаў напісанае і барджэй адзеўся, узяў пісьмо і вышаў з кватэры.

Не задумваючыся, пакіраваў у бліжэйшую харчоўку, у якой раз-ад-разу абедаў у тыя дні, калі не хадзіў на завод.

У харчоўцы публікі было ня мала. Але рабочых можна было палічыць на пальцы. Рытор пільна акінуў вачыма пярэдні вялікшы пакой, пасьля прашоў два бакавых меншых і, нідзе ня ўгледзеўшы знаёмых, прысеў у правым кутку за маленькім столікам ды папрасіў вячэру.

Падавальнік запытаў, што даць, атрапаў ручніком стол і адбег ад Рыгора. «Сейчас. Хорошо!» падаў на адгоне некалькіх шагоў. Але прашло каля пятнаццаці хвілін, пакуль ён прынёс першую страву. Рыгор перанэрваваўся і папракнуў яго. «Ничего не сделать — всем нужно», адказаў падавальнік, і другую страву падаў таксама спозьнена. У огуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Рыгор вылаяўся на парадкі, чаго ніколі не дазваляў сабе ў гэтай харчоўцы, і вышаў. Пацягнула дадому, хоць нешта звала астацца на вуліцы, пад сінім небам. Панэлямі бясконцым ланцугом шнуравалі праходжыя.

Нясьлі з сабою сьмех, рэзвасьць і бесклапотнасьць. Рыгора цешыла гэта і ў той-жа час злавала. Няўжо ім няма ніякага дзела-да тэй барацьбы, якая адбываецца вось тут-жа, у іх пад бокам? І сьледам думка перакінулася да Ганны. «Пэўна — гуляе дзе-колечы з таварышкаю і высочвае хлопца-каханка!..» Гэта разам была і гіронія, але не зважаючы на яе, у Рыгоравым нутры вынікла зьнячэўку жаданьне — спаткаць Ганну па дарозе дадому. Няхай сабе Наталя пачакае, калі прыдзе раней. Ён пачаў разьзіраць у бакі. Не паленаваўся і два разы прашоў па люднай вуліцы. Нават думаў прайсьці ў кірунку да яе дому, а далей перарашыў і вярнуўся на дарогу к дому.

Не даходзячы двух кварталаў, абмацаў пісьмо ў кішэні і вярнуўся адшукаць паштовую скрынку. Гэта адняло яшчэ хвілін з дваццаць, так што яго захапіў змрок. У небе пачалі запаляцца рэдкія зоры, а на вуліцах — ліхтары. Павеяла лёгкім халадком. І — проста прымха, — калі падыходзіў к дому, дзе жыў, амаль не на тым-жа месцы, на якім ужо раз успомніў аб пісьме да мацеры, успомніў цяпер аб грошах, якія абавязкова трэба было-б паслаць старой. «А мо’ ёй жыць няма за што? А мо’ яна хварэе? Галадае? Бедная старая! Сапраўды, ці-ж я не вінаваты перад ёю?.. Паслаў пісьмо — а што ёй пустое пісьмо? Як-бы там ні было, а мушу дастаць рублёў пяць і выслаць. Прыдзе ліст, а за ім неўзабаве — грошы, Ого — пяць рублёў! Наколькі хопіць! Выстараюся, пашлю»…

Гэта было яго неадменным рашэньнем: таму Рыгор заспакоіўся. Уверана і крута павярнуў у двор, каб скарэй прайсьці на кватэру і праведаць, ці не заходзіў хто да яго. І вось — толькі зрабіў пару шагоў, як ззаду хтось голасна яго азваў:

— Вы — Рыгор Нязвычны?

Было зьнячэўку — Рыгор сумеўся і спыніўся.

Да яго падышоў здаровы, шляхетна адзеты мужчына.

— Вы арыштаваны! Пойдзем.

Рыгор сярдзіта паглядзеў на нечаканага госьця і, быццам-бы не разумеючы, да чаго хіляцца яго словы, зьдзівіўся:

— Як? Што? А гэта адкуль і чаму?

Папрабаваў зрабіць некалькі крокаў назад.

Шпег растапырыў рукі і пахіліў тулава ў бок Рыгора.

— «Там» праведаеце ўсё! Пойдзем са мною, папрашу, — і, ня даўшы Рыгору апамятавацца, сьвіснуў. У момант зьявіўся гарадавік і ўмела паказаў сябе ў распараджэньні шпега.

Нельга было дваяка думаць — справа ясная: папаў у добрае сільлё. Рыгор мусіў ісьці. Бліснуўшая на момант думка — «А ну-ж паспрабаваць даць дзёру» — патухла, зьнікла: гарадавік ішоў ззаду, трымаючыся за рэвольвэр, шпег ішоў шчыльна побач. Куды бегчы? Як бегчы? Рыгор паглядзеў у бакі, але не асьмельваўся пайсьці на рызыку: нешта трымала, і ён ішоў — куды вялі, ня сьціхаючы папракаць сябе ў тым, што так дурна папаўся. Не хацелася верыць рэчаіснасьці. Няўжо гэта ліхая прыгода пойдзе сваім шляхам, а ён будзе адарваны ня толькі ад забастоўкі, ад знаёмых і сяброў, але і ад усяго сьвету? З гэтым не гадзіўся і стараўся не дапускаць сумненьня. Маўчаў, ідучы, не зьвяртаючы жаднае ўвагі на частыя закіды шпега, які стараўся вызваць яго на гутарку, на адказы пытаньням. Дзякуючы гэтаму, не заўважыў, як раптам ачуўся перш у некім пустым, цёмным двары, абгароджаным з усіх бакоў глухімі тыльнымі сьценамі ці то парканам, а праз хвілю ў прасторнай з тухлым паветрам каморцы. За столікам, пустым і брудным, сядзеў некі поліцэйскі чын — ні то гарадавік, ні то жандар. Шпег кінуў Рыгора з гарадавіком і з нявыразным чынам сам шмыгнуў у дзьверы, якія вялі ў другі пакой. І Рыгор не пасьпеў агледзецца, як з-за дзьвярэй яго пазвалі:

— Проша, Нязвычны.

Рыгор пашоў: то зваў жандарскі офіцэр да сябе на допыт. Няўклюжы, тоўсты, з рабым тварам, рыжаваты, сядзеў ён за вялікім канцэлярскім сталом, адкінуўшыся на сьпінку мяккага крэсла, і задаволена ўхмыляўся. Прыдаў далікатнасьці, калі Рыгор пераступіў парог у яго пакой, і шляхетна запрапанаваў:

— Сядайце, вось.

Ня йшла далікатнасьць да яго постаці, і ў ёй Рыгор не адчуваў патрэбы; усё-ж сеў, каб ня выказваць пакоры, стаючы. І, як нібыта той, акінуў зрокам пакой жандара: досі чысты, абсталяваны паказённаму, з портрэтамі трох цароў у жоўтых рамах, пакой выглядаў далёка не гасьцінным.

— Ваша імя, прозьвішча?

Жандар прыстасаваўся пісаць на блёкноце, узіраючыся Рыгору ў твар.

— Рыгор Нязвычны. Запытайце ў вашага чалавека, — то быў намёк на шпега, які юліў каля дзьвярэй начальнічага габінэту і нагла ўсьміхаўся. Спакойны вымаў не падабаўся ні жандару, ні шпегу. Але Рыгор цьвёрда трымаў сябе і пры ўсіх далейшых распытаньнях. Ні слова — лішняга. І калі насабачаны ў шпягоўскай працы жандар пачаў рабіць ябедныя закіды і провокацыйныя намёкі, то Рыгор перш пагарачыўся, а пасьля зусім змаўчаў, два разы пераказаўшы сказ:

— Ці я скажу, што — не, ці скажу, што так — вас не здаволіць і не пераканае. Навошта-ж вашы хітрыкі, а маё нэрваваньне? Я лепей буду маўчаць.

Жандар злосна мармытаў у адказ, чырванеў, як бурак, і без таго чырвоным тварам, рухаў на месцы. «Гм! гм! гм!»

— Значыць вы, Нязвычны, адказваецеся гаварыць са мною? — некалькі разоў пераказаў сам сабе і ўсё пісаў. У пярэмежку з пісанінай бацькаўска-ўгаворна прабаваў разьмякчыць Рыгора і выклікаць яго на адкрытае прызнаньне. А калі той не паддаўся, жандар злосна стукнуў кулаком па стале, скрывіў твар у зьвярыную міну, прыўстаў і выгукнуў на ўвесь пакой:

— Адвядзеце. Пасядзіць — памякчэе!

Адчыніліся дзьверы, нібы хто паціснуў у гузік — і двое поліцыянтаў пасталі пры абодвых вушакох, чакаючы прыказу.

— Адвядзеце! — пераказаў жандар.

Рыгор бязумоўна ўстаў з крэсла і вышаў з габінэту жандара. Шпег правёў яго да выхадных дзьвярэй і астаўся ў памяшканьні; гарадавікі адны карсажылі Рыгора «куды сьлед».


III

БЫЛО ЗА ПОЎНАЧ, калі Рыгора прывялі ў астрог, прапусьцілі праз кантору і заперлі ў камэру. І вось толькі за ім зачыніліся цяжкія жалезныя дзьверы, стукнуўшы засаўкаю, і смуглае сьвятло электрыкі выявіла шэрую, з цяжкім паветрам, пры адным загартованым акне, каморку, ён схамянуўся, задумаўся, і зьясьніў сабе, што справа прыняла сапраўды дрэнны зварот. Арышт, допыты, канвой — гэта было ўступам, а астрог — скутак. Рыгор паглядзеў на разложаныя ў рад пяць ложкаў, з якіх чатыры былі занятымі, а адзін пустым, і пачуў, якім няпрыемным пачуцьцём напаўняецца яго нутро. Утома мэрам-бы прытупляла віруючую крыўду, але думкі ўжо парываліся нясьціся з гэтых сьцен і шчыльна хапацца за здань мажлівасьцяй выйсьці адгэтуль.

Двое арыштаваных абудзіліся, калі ўводзілі Рыгора, і сачылі за яго настроем… у новых абставінах. Пасьля, улучыўшы момант, абярнуліся да яго з пытаньнямі:

— Пэўна па аднэй справе?

— Пакуюць патроху…

Рыгор ня зразу адказаў, мэрам-бы не заўважыўшы. А далей павярнуўся да тых, што пыталі, і гіронічна ўсьміхнуўся.

— Пакуюць… А забастоўка бяз нас?

— Бачыш, бяз нас… Няхай таварышы даводзяць да канца… Вы з якога заводу?

— З мэталічнага… А вы?

— Мы з Бальтыцкага… Ці не ад вас, вунь, Ромусь?

Рыгор пачаў шукаць знаёмага таварыша. Абгледзеў першы і другі ложак. На адным сапраўды спаў Ромусь. Гэта прыдало Рыгору больш устойнасьці і разам-жа — больш надзей.

Ромусь смачна спаў. Яго здаровы сымпатычны твар быў спакойны і нярухомы, грудзі саплі ва ўсе лёгкія. Рыгор пацікавіўся Ромусевым суседам: прыкмеціў знаёмыя рысы, якія гэтак сьвежы яму. Лахматая шапка чорных кос. «Дзе я бачыў гэтага чалавека?» Разьюшаныя думкі пасьпешна зрабілі экскурсію па ўсіх мясцох, дзе яму даводзілася быць гэтымі днямі. «Дзе і што?» Дазнаўся, нашоў — на сходзе ўпаўнаважаных ад заводаў. Чалавек гэты інтэлігент Якаў. Рыгор усьміхнуўся і тутака-ж выклікаў вобраз Наталі, Ганны, перанёсься ў Сілцы да мацеры і да Сёмкі, чапіў думкамі напісанага ім пісьма. Паднялася ў галаве цэлая мяцеліца думак і вобразаў, плянаў і намераў. У грудзях завіхрыла разгарачанае пачуцьцё; адкуль вынік бадзёры настрой, некая асабістая ганорлівасьць сваім станам, крылатасьць, разгон. Ён крануўся з месца і прашнураваў камэраю ад дзьвярэй да акна, выабразіўшы сябе ў такім месцы, дзе сам сабе гаспадар. Але тут-жа пачуў стук у дзьверы — знак, дапамінаючы чужую сілу і чужую волю над заключным. Рыгор падышоў да ложка, прысеў, каб разьдзецца і зноў задумаўся.

«Лажыся!» грозны голас з-за дзьвярэй перабіў яго думкі.

Прышлося легчы.

І толькі пачаў драмаць, як прагудзеў за сьценамі камэры гудок цягніка. Рыгор падняў голаў: гудок так быў далёка і такім паказаўся цікавым, прыемным, мэрам-бы ён быў ня звычайным сыгналам аб прыбыцьці штодзённага цягніка, а клічам перамогшае свабоды. Міжвольна пацягнула Рыгора падняцца, кінуцца да акна, паглядзець за сьцены і даць вестку, што вось тут, у камэры, сядзіць ён і яшчэ чатыры нявольнікі, якіх не павінна забыць. Але хвілёвы ўздым хутка патух, і Рыгор прылёг, каб заснуць трывожным сном.

Раніцою, прачнуўшыся разам з усімі, Рыгор адчуваў сябе зусім іначай учарашняга. Заспакоіўся праз ноч і ў некай долі ўспрыняў умовы няволі. Камэра дапамінала прыватны пакой, дзе яны сышліся на абгаворы важных пытаньняў організацыйнага характару. Каб не староньнія фактары, як надазойлівы вартаўнічы, можна было-б працягнуць гэту думку і становішча настрою многа далей; але гвалтам разьбіваў яго ілюзію вокрык вартаўнічага, перш гарачая вада праз акенца ў дзьвярах, пасьля паверка… Рэчаіснасьць, паганая і надаедлівая, біла молатам па галаве. Змагаючыся з ёю, Рыгор пасьля праверкі перашоў да апытаньня суседзяў, як і што, ды дзе іх заарыштавалі. Наперад ён зьвярнуўся да Ромуся.

— Я ўчора ўжо заўважыў цябе. Пасьпеў раней мяне?

Засьмяяўся.

— У харчоўні, брат, разам з Гэнрыкам, — Ромусь паказаў на маладога здаровага белакурага мужчыну, які сядзеў на другім ад дзьвярэй ложку (чамусьці ложкаў не паднімалі на дзень). — У харчоўні Грачкунаса, ведаеш, на Кірхавай вуліцы. Зашлі гэта, каб выпіць па шклянцы піва і пагутарыць аб сім, аб тым, як… тутака-ж, з гушчы людзей паднялося трое шпегаў — і на цугундар: хадзеце сюды. Абступілі, падалі сьвісток — і папалася птушка. Пашлі — і вось дзе ачуліся.

Пакуль Ромусь расказваў, падышоў Гэнрык і яшчэ адзін арыштаваны; згуртаваліся.

— А мяне падвечар з кватэры сцапалі, — устаў рабочы з Бальтыцкага, што ўчора стрэў Рыгора: — Пашлі ў наступ, паганцы.

— То-та ж і ёсьць, хочуць сарваць забастоўку — разьбіць нашы рады.

— Было-б вельмі добра, каб таварышы не здаліся. Патрэбна давясьці змаганьне да канца.

— Не павінна быць: дзесяць, дваццаць чалавек ня ўплыве на здарэньні, калі і вырвуць іх з гушчы тысяч.

— Гледзячы якіх…

— І то праўда.

— Вялі-б сябе асьцярожней таварышы з комітэту…

— А цікава, як Міхась Камар, што з нашага заводу?

Рыгор абярнуўся да Ромуся.

— Учора да арышту спатыкаў яго.

— А ці ня ведае хто-колечы з вас, як «Праваднік»? Я ўчора ў абед быў, і ён працаваў ва ўсю.

— Забастуе, ці ліха яму. У іх было назначана працу прыпыніць на сёнешні дзень. Мая адна знаёмая там працуе. Ды цяперака, памойму, і рэчы быць ня можа, каб ня прылучыцца да забастоўкі, — настрой сьведчыць за тое.

На тэму пра лёс забастоўкі, пра яе размах, формы, пра яе скуткі яны гутарылі і спрачаліся засаб тры гадзіны пільна і заўзята. У час абеду перарывалі агульную гутарку, а пасьля ізноў да яе варочаліся з новымі думкамі, з іншымі падыходамі і комэнтарыямі.

Для ўсіх дзень прашоў няпрыметна, хутка, нават з асаблівым зацікаўленьнем. Пакуль уся ўласьцівасьць няволі заставалася ўперадзе, вартуючы свае ахвяры ў цёмных куткох нуднае камэры, з-за дзьвярэй на калідор, пры высокіх сьценах агарожы, у страшных прызапасеных на кожны выпадак карцэрах і баштах, у шэрагу роўных, аднакавых, утомных днёў. А пакуль істота не гадзілася з наступным, жывучы запасам прынесенай волі, надзей, імкненьняў.

На шэрай гадзіне Рыгор прылёг і крануў у думках Наталі і Ганны. Захацелася, каб каторая з іх праведалі аб ім, каб як-колечы дайшлі да яго. Разам з гэтым хаценьнем закралася сумненьне, ці не паперашкодзіць яго арышт далейшым зносінам паміж ім і дзяўчатамі. Мажлівасьць гэтага, бадай што пэўнасьць, выкрылі глыбокую прабоіну ў Рыгоравай душы; каб запомніць яе, Рыгор кінуў маўчанку і выклікаў суседзяй на агульную гутарку аб загранічных рабочых, аб іх становішчы, аб іх організаванасьці ды солідарнасьці.

Гэта гутарка адцягнула арыштаваных ад навакольнай рэчаіснасьці і заняла ўвесь час да тэрміну, калі павінна ўкладацца спаць.


IV

ТЫМЧАСАМ забастоўка ў Рызе разгарталася ў грандыёзную схватку двух варожых сіл. Два варожыя станы, рабочыя і фабрыканты з поліцыяй, пераходзілі да рашучага і настойчывага змаганьня. На некаторых заводах быў абвешчаны лёкаут і агульны разьлік рабочых. Фабрыканты паведамлялі, што яны зачыняюць фабрыкі на няпэўны тэрмін. На іншых — гаспадары кідаліся на провокацыйныя меры, падкупаючы штрэйкбрэхераў, наймаючы больш цёмных, несьвядомых безработных. Адміністрацыя гораду, цывільная і вайсковая, натрывожаная стыхійнасьцю протэсту, працавала, не пакладаючы рук. Падвойныя нарады поліцэйскіх, з дапамогаю драгуноў, патрулявалі ў рабочых раёнах; на вуліцах і завулках, якія вядуць у цэнтр гораду, вартавалі захаваныя па дварох засады, цэлыя атрады коньнікаў і пешых вайсковых. Шпегі займаліся паляваньнем па справах сочкі і лову асобных, больш актыўных рабочых, і адшуканьнем цэнтру, які вёў кіраўніцтва забастоўкаю.

Але, ня гледзячы на гэта, з боку рабочых панавала зьлітнае, магутнае захапленьне справаю протэсту. Завод за заводам, фабрыка за фабрыкаю, буйныя і дробныя майстэрні прыпынялі працу і дружна выходзілі на вуліцу, абвяшчаючы сваю солідарнасьць раней забаставаўшым. Розныя манэўры аб’яднаных прадпрыемцаў з поліцыяй — не палохалі рабочых; не зважалася імі на лёкауты, на зачыненьне заводаў. Забастоўка выяўна прымала востра-зацяжны характар, падвойваючы трывожнасьць становішча. У рабочых раёнах каторы дзень ня сьціхалі маніфэстацыі, стычкі з патрулямі. Паціху рэволюцыйны настрой перакінуўся ў навучальныя ўстановы. Газэты разносілі весткі аб распачатым руху сярод гімназістаў. Абываталі працягалі іх глыбей, успамінаючы аб вайсковых частках, якія быццам-бы адказваюцца выходзіць з казармаў на ўзьмірэньне забастоўшчыкаў. Горад захапіўся сполахам, неспадзяванкамі. Прабег крывымі вуліцамі асяродкавай часткі нэрвовы настрой, жахлівасьць, падазронасьць. 1905 год усё яскравей ды яскравей выяўляў свае стальныя рысы, зазіраючы пустымі комінамі, застыгшым жыцьцём звычайна кіпучых аколіц.

«Праваднік» спыніўся днём пазьней назначанага тэрміну — усё-ж не з апошніх. Наталя многа сіл палажыла на гэта. Ужо ў першыя дні забастоўкі, калі прыпыніліся толькі два прадпрыемствы, Наталя занэрвавалася, хаця-б іх фабрыка не асталася ззаду. Па некалькі разоў у дзень раілася з больш перадавымі рабочымі і работніцамі, вяла нясупынную агітацыю, хадзіла ў комітэт партыі. Нават забылася пра Рыгора, ня змогшы яго наведаць. Помніла адно, калі, праводзячы яе дамоў, ён дапамінаў ёй «прылажыць працы». Гэта неадходна стаяла перад Наталяю да часу выбуху забастоўкі на «Правадніку».

Затое ў момант, калі гушчы рабочых вырынулі на дзядзінец, каб далучыцца да бастуючых, Наталя ня менш Рыгоравага ахапілася натхненьнем; у ліку другіх праказала гарачую прызыўную прамову і ў першых радох вышла на вуліцу з фабрыкі. Дэмонстрацыя вышла досі выдатнай, хоць закончылася пабоямі напаўшых на дэмонстрацыю поліцэйскіх-коньнікаў. Адным ударам бізуна захапіла яе твар, на якім, каля вуснаў, астаўся вялікі крывавы сіняк. Можа, дзячуючы гэтым пабоям, яна змагла абмінуць на гэты раз свой арышт, выпаўшы на долю пяці таварышаў і таварышак, ішоўшых побач з ёю на дэмонстрацыі.

Натомленаю, але гордаю ў сэрцы, настроенаю неўгамонна, вярнулася яна з дэмонстрацыі на кватэру. Дзядзька, ужо папракаўшы яе за надмерную бойкасьць, сустрэў упічышчам:

— Ну, цяперака задаволена, нябога?

Пэўна, нябога была задаволена! Пярэчыць усё-ж не захацела і, запершыся ў сваім пакоіку, аддалася ўспамінам аб Рыгоры. Гэтак добра было-б яго бачыць цяпер! Наталя шкадавала, што засаб каля тыдню ніяк не магла спаткацца з ім, і цікавілася, сумляваючыся ў дачаснасьці гэтай цікавасьці, а ці не ўспамінаў часамі Рыгор пра яе. Лісьціла жаданьне, каб было так, каб успамінаў, але саромлівасьць не дазваляла згадзіцца з гэтым: куды яму ў гэткі час? Напэўна, і хвіліны ў дому не сядзіць, а ўсё бегае па справах, хвалюецца…

Наталя не дапушчала на першых хвілінах жаднае думкі, што з ім можа здарыцца нядобрая прыгода. Ды наогул, абурэньне ваяўнічым настроем адкідала ўсякае сумненьне, усякую небясьпеку і адмоўныя рэчы. Калі і заходзіла гутарка аб арыштах і трухах, то яна тут-жа забывалася, нікла ў нарастаючым уздыме рабочага бунту-забастоўкі. Бач, арышты, разважала Наталя, то дробныя ўколы з боку ворага, нічога нявартыя меры, якія вораг карыстае для змаганьня з магугнаю сілаю дзесяткаў тысяч рабочых. Ды чаму-ж няйначай, падпадзе арышту і Рыгор? Можа часамі здарыцца, але не якраз, каб ужо цяперака.

Паабедаўшы, Наталя рашыла праведаць Рыгора — захацела падзяліцца з ім перажытым, праканацца, як і што ў іх на заводзе, што наогул чутно ў горадзе. Былі і іншыя пазывы побач з пералічанымі, — і ўсё разам настроіла дзяўчыну ды пацягнула з хаты.

Дзядзька папярэдзіў, каб яна аберагалася і нікуды, дзе не патрэбна, ня ішла, а лепей-бы ў дому сядзела. Ці-ж можна было паслухаць? Схлусіла, што толькі пройдзе вуліцаю. А на вуліцы ўжо мела скончаны намер, рашэньне: ісьці куды-хоць, дзе-б можна спаткаць Рыгора. Пэўна, раней на кватэру.

Наталя рашуча павярнула налева і цьвёрдымі ўверанымі шагамі пашнуравала ўсьцяж вуліцы. Кожны крок, як клявіш роялю, выбіваў стройную, парыўчатую думку-настрой, дастаючы яе з цесных глыбінь дзяўчынінага нутра. Думка-будаваньне цэлай гармоніі пачуцьця выяўлялі перад Наталяю ўсю сутнасьць, усю значнасьць, якія таіліся ў знаёмстве з Рыгорам. Нельга было не захапіцца пераборам вынікаючых тонаў, нельга было не патураць ім. І калі яна пранікла ў іх, ахапіла з усіх бакоў і паспрабавала дайсьці да іх вытокаў — атрымалася жывая, сакавітая, выпуклая карціна жыцьцёвых здарэньняў, прыгод, якія заблутаным спляценьнем давялі да спатканьня яе, Наталі з Рыгорам. Стала самой цікава, ажно яна, ідучы праз Вэрманаўскі парк, супынілася, прысела на лаўцы і з поўгадзіны раздумоўвала, выяўляла, лавіла дэталі.

Карціна малявалася гэтакай: жыцьцё яе, Наталіна жыцьцё — з раньніх гадоў жорсткае і мулкае бытаваньне. Сірацінаю ад дванаццаці год узьняло яно дзяўчыну на свае шумлівыя, вірыстыя хвалі і пачало гайдаць-насіць, як лёгкую трэсачку, стукаючы аб скалы, аб берагі, паднімаючы на хібы хваль і скідаючы ў іх правальлі. Трэба было мець у спадчыну загартаванае сэрца і ўпартую, непадатлівую душу, каб вытрымаць неміласэрныя поскубы жыцьця. Наталя мела ад натуры носкі, вытрывалы характар, і гэта пасобіла ёй адолець усе перашкоды, абмінуць на шляху ўсе калдабоіны. І калі жыцьцё было для яе саракма пакутамі, то ў іх, у гэтых пакутах, як у горыне, яна к восемнаццаці гадом засталявалася, зьлілася ў моноліт. Ад нянькі, ад пастушкі, праз падзёншчыцу-чорнарабочую — у швачкі, а далей — на завод, ізноў амаль што ня чорнарабочаю. Перашла, абмінула. Вытрымала акзамін. І, помніцца сьвежа-сьвежа, як наіўна зычэлі дзядзькавы словы, калі той, даўшы ёй рэкомэндацыю, папераджаў: «Толькі, Наталька, не пярэч ты майстру; ён гэткі каразьлівы, што да нявіннага слова можа прычапіцца і разьлічыць. Няхай яго халера возьме бяз нас. Лепш болей змаўчы, болей папусьціся — на тваю карысьць». Сьмешна і падзіцячаму: — яна будзе карыцца! Не даждаў ён! Яна знае сабе кошт, сабе, як аднэй з тысячы работніц, гэткіх, як сама, і пастаіць — пастаіць за праўду. На трэці дзень ужо пачаліся сутычкі з майстрам; Наталя рашуча і ўмела адбівала іх. Майстар ня мог прычапіцца, косячы вочы, ківаючы галавою. «Нічога, нічога, — думаў, — правучу». Але момант падыходзіў ня той, каб лёгка можна было «правучваць». На Наталю азіраліся таварышкі ўсяго цэху, а патрошку, далей — і яна стала вядомаю ўсёй фабрыцы, Работніцы прызналі колектыўным розумам яе за перадавога таварыша і колектыўным адзнаньнем даручылі ёй сваё давер’е: выбралі ўпаўнаважаным ад фабрыкі. Не абмыляліся, робячы гэта, нізваньня. Наталя захапілася сваёю роляю, аддалася служэньню рабочай грамадзе і яшчэ больш падкрэсьлівала ім сваю выключную цікавасьць да рэволюцыйнага змаганьня. Нават, дзякуючы гэтаму, у яе выхавалася асаблівая аднабокасьць, якую можна было адзначыць, як нядбаласьць да пытаньняў полу, да палавых адносін, да ўсіх перажываньняў, што выцякалі з гэтага, што напаўнялі вякамі маладое жыцьцё маладых асоб. Чула яна гутаркі таварышак на падобны зьмест, ведала ўсе законы жыцьця ў гэтых галінах, але напружаная думка, уся істота яе былі прышрубаваны да іншых пытаньняў чалавечага жыцьця, да проблем клясавага вызваленьня. Судзіла гэтак: перш павінна паправіць экономічныя і політычныя ўмовы жыцьця, палепшыць яго дабрабыт, ухарошыць яго да ўзроўню, калі-б яно стала вартым, належна адбіць у сабе ўсе парываньні рабочае клясы, а далей… Бач, уся пекната, калі яна засмучана недастачамі, клапатлівасьцю, нудою будзённых дзён, нікне, савее, губляе выразнасьць і сакавітасьць. Уся асалода — труіцца, калі няма адпаведных умоў дзеля таго, каб яе захаваць на натуральным узроўні…

І датычна сябе гадала Наталя:

«Мне ня суджана іншага, апроч змаганьня. Чым стане жыцьцё падзёншчыцы, калі яго зьвязаць сямейнымі ўмовамі? Незалежнаю, аднэю, сама-па-сабе — я ваяка, змаганьнік. А тады?..»

Часамі, было — чаму не — прарываліся ў яе нутры падсьвядомыя парываньні, выразныя імкненьні да рознастайнасьці, да натуральнага выяўленьня ўсвойных ёй, як усякай дзяўчыне, пачуцьцяў і жаданьняў. Хадзіла-ж і на сходы, і на яўкі, і на нарады — усюды былі мужчыны. Але Наталя не папускалася: абмінала коўзкія месцы, абыходзіла іх, аддаючыся палкім спрэчкам на грамадзкія тэмы, на пытаньні з рабочага жыцьця. Таварышкі заўважвалі гэту Наталіну асаблівасьць; цікавіліся, перагаворваліся паміж сабою, дзівіліся, але не наракалі.


V

ГЭТКАЮ ЗЬЯВІЛАСЯ ЯНА на Заддзьвіньне, у Артураву кватэру, на сход упаўнаважаных ад фабрык і заводаў. Рыгор угледзеў яе тою, якою яна была, сформаваўшыся жорсткім жыцьцём. Як-жа магло стацца, што яго гостры, варажлівы ўзрок гэтак ёмка крануў маўклівую струну заняважаных жаданьняў рэволюцыянэркі-дзяўчыны? У рысах Рыгоравага твару, у яго постаці, стройнай, вытачанай з цэлага куска, пэўна, Наталя ўгледзела, папершае, змаганьніка, шчырага, адданага ідэі рэволюцыянэра. Усё-ж, усё-ж пад гэтым таіліся і іншыя сілы, іншая матэрыя. «Як цікава, — думала яна, — побач, рука ў руку, нага з нагою, змагацца з таварышам Нязвычным! Аслаблюся духам — запазычу ў гэтага ваякі-блёндына, які гарыць, палае, які да каліва праняты рэволюцыйным настроем». А далей, толькі ён выказаў сваю думку, выразную і рашучую, нельга было сумнявацца. Рыгор — ня тое, што ўсе іншыя, каго бачыла і бачыць, Рыгор — мэта. Прыпамінае, якімі багатымі здаваліся хварбы мора і неба, калі яны гулялі на ўзмор’і, яшчэ хаваючы адно ад другога патаемнасьць сваіх хаценьняў. Помніць, як дзіўна яна адчувала сябе, гледзячы… толькі на Рыгора і не зважаючы соцень іншых мужчын. Пэўна, тады з даляй шырокіх разгонаў вадзянога абшару, лёгкія хвалі залацістай вады прынясьлі ёй новае, бурлівае чуцьцё ласкі, каханьня? Пэўна, нагнаў яго подух ветру з-за атупленага пазёму пад чырвоным колерам променю? Наталя ня бралася вызнаць прычыны — скуткі абурылі яе цалком, выліліся ў прызнаньне, у захапленьне, якое вось зараз цягне яе да Рыгора, каторага ўжо некалькі дзён ня бачыла… Чула, што без яго няпоўнае жыцьцё. І як соладка стала на сэрцы, калі параўнялася з брамаю знаёмага дому. Некалькі хвілін — і спаткаецца, папагаворыць уволю!

Не агледзелася, як прабегла двор, паднялася па ўсходах і падышла да дзьвярэй. Рашуча, рупна пазваніла. Знаёмая работніца прачыніла дзьверы:

— Вы да Нязвычнага? — ябедна запытала.

— Так, выбачайце. Ці дома ён?

Вільгэльміна працягнула голаву ў адчыненыя дзьверы і адмовіла:

— Ведаеце — няма! Ужо некалькі ночаў не начаваў; самі ня ведаем, дзе і што…

Вільгэльміна спынілася, мэрам-бы засароміўшыся, што хлусіць дзяўчыне. Пасьля цішком паправілася.

— Заўчора прыходзіла на кватэру поліцыя: пэўна, што ён арыштаваны.

Наталя ажно жахнулася, скрывіла балюча міну і адступіла на два крокі ад дзьвярэй.

— Ласьне? Ня хлусіце?!

— Што вы?

Яна яшчэ колькі хвілін паглядзела на збляднеўшую Наталю і паціхеньку зачыніла дзьверы.

Наталя нясьмелымі, блытанымі крокамі пашла па сходах уніз. Перад яе вачыма разгарнулася роўная, бязьмежная шэрасьць, у істоце адчулася глыбокая праваліна. Куды ісьці? — напрашвалася настойнае пытаньне. І яна не магла на яго нічога адказаць. Гэтак шаломіць чалавека раптоўны гром, маланка ў цёмнай ночы, зычны стук гарматы, што зьнянацку парушае цішу.

Каля дзьвюх гадзін Наталя ішла дамоў: яна не сьпяшыла, ня цікавілася, каб скарэй вярнуцца, была ахоплена пачуцьцём утратку, нявыразнасьці, сумлівасьці. Што дома? Ішла і спынялася пры асьветленых вокнах магазынаў, разглядаючы ў іх подаўгу і бясьцікаўна. Чамусьці, зусім бязмэтна, зашла на пошту, паглядзела на гадзіньнік, прачытала надпісы над маленькімі аконцамі ў драцянай сетцы: «тэлеграмы», «заказная корэспондэнцыя», «продаж марак», паглядзела на шафу абонемэнтаў, з драбнюткімі шуфлядачкамі, з нумарамі. Бясьцікаўна кінула ўзрокі на дваіх дзяўчын, якія круціліся каля дзьвярэй, пазіраючы то ў акно, то на гадзіньнік і момант-ад-моманту падмазваючы шчокі пудраю. Некалькі мужчын прашло з пошты і на пошту, паглядзеўшы на Наталю пытальнымі узрокамі. Адзін сумысьня падышоў да яе і беспатрэбна запытаў, калі выбіраюць чародную пошту са скрынак. Наталя суха адмовіла — «ня ведаю» і вышла на вуліцу паперадзе цікавага суб’екту. Бяз дай прычыны падышла да агарожы Вэрманаўскага парку, пасачыла за бурным струменем публікі і нарэшце пашла да кватэры.

Ужо сьцямнела, як увашла да сябе ў пакоік і, сеўшы на ложку, аддалася думкам, выяўленьню сутнасьці таго, што здарылася сёнешнім днём у яе жыцьці. Паўстаў астрог — хмуры, жоўты будынак, агароджаны высокім мурам-сьцяною. Пабіты на цесныя клеткі, акратаваны на вокнах. У ваднэй клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла бязупынна ісьці на змаганьне, ухарошваць жыцьцё кіпучым полымем рэволюцыйнага натхненьня. Якія прасторы адчыняліся перад імі? Якія далі выказваліся? Ці-ж можна было думаць, дапускаць, што раптам усё гэта згладзіцца, зьнікне, абарвецца. І тут — вось гатова. Што-ж далей? Зразумела. На пакуту — да яго, разам, удваіх. Бачыць мукі ўтому, няволю, іншыя парываньні. Якавы ён у вастрозе? Што думае, чым жыве, як годзіцца з пахінутаю забастоўкаю, да якое імкнуўся, якой аддаваўся ўсёю істотаю сваёю? Ці ведае, хаця, седзячы, які паварот прымае яе разьвіцьцё? О, падумаеш, як-бы радасна стрэў ён чалавека з волі… таварыша… можа і яе? І паціху, Наталя пачала аддавацца новаму дзерзкаму хаценьню наведаць Рыгора ў астрозе. Што-б ні было, як ні сталася-б — прайсьці да яго.

VI

РЫГОР — МЫ ЯГО ВЕДАЕМ — меў шмат гарту ў сэрцы, валадаў крэпкаю сілаю волі, каб мог лёгка паддавацца любой варожай сіле. І астрожная атрута не магла парушыць яго цьвёрдасьці. Толькі першы момант, калі ён ачуўся ў астрозе, як быццам зьбіў яго з панталыку. Але то было не надоўга. Пасьля Рыгор асвоіўся з умовамі нявольніцтва і павярнуў свае думкі ды жаданьні на новы шлях. Ён спрачаўся з таварышамі за ўсякія пытаньні, якія пападалі на абгавор, выпіхаў розныя пляны і проекты, каб ляпей організаваць рабочых і пасьпяшней змагацца за іх вызваленьне. Больш, як у другіх таварышоў, у Рыгора адчуваўся ўстойчывы, бадзёры настрой. На гэта ўплываў ход забастоўкі, аб чым яны даведаліся рознымі спосабамі. Яе шырачэзны размах, яе абгостранасьць надавалі веры ў тое, што іх няволя — часовая, нятрывалая, што вось-вось грымне магутны прыбой і разаб’е сьцены астрогу. Казлытала нутро адчуваньне волі, прыгожасьць неабмежнага прастору, абшараў, якія стрэнуць іх у свае вольныя абдымы. З сумыснаю, знарочыстаю агідаю пазіралі яны на вартавых у дварэ, у калідорах, горда і нядбала трымаліся на апытаньнях у канторы, куды іх па некалькі разоў зазывалі.

Толькі рэдкімі момантамі знаходзілася спачуваньне да мацеры, якой ужо нельга пасабіць, і жаданьне — угледзець Наталю ці Ганну. Спатканьне з аднэю з іх цікавіла тым, што Рыгор хацеў прасіць, каб яны ў тэй ці ў іншай форме паведамілі ў Сілцы пра здарэньне з ім. Ён цалкам пакладаўся ў гэтым на Наталю. Але сумняваўся: як, што яна праведае аб яго арышт ды ці знойдзе шляхі дабрацца да яго. Каб нічога дрэннага ня здарылася, калі папрабуе дамагацца спатканьня. Раздумваючы так, Рыгор баяўся за яе бясьпеку. «Хай-бы пакуль што ня рупілася прыходзіць да мяне; хай-бы»… Рыгор хацеў, у гэткім выпадку, параіць, каб яна аставалася дома, але прыпамінаў, што гэта нязбыўна для Наталі, што яна закручана ня менш яго ў калаўрот тых здарэньняў, якія вынесла наповерх жыцьця забастоўка… Хвіліна-за-хвілінаю паднімалася ў ім усё гастрэйшае жаданьне, усё большы пэнт — бачыцца! Стукаў у дзьверы іх камэры вартаўнічы — Рыгор настарожваўся, прыслухоўваўся. Абы лёгкі шораг ноччу, шам — прачынаўся, паднімаў голаў, глядзеў у бок дзьвярэй. На чацьвертую ноч сасьніў Наталю. Перажыў со-сну прыемныя хвіліны ласкі і яшчэ больш задумаўся.

Адзін раз, думаючы пра Наталю, дапусьціў, ці нельга было-б яе папрасіць, каб яна пераслала мацеры пяць рублёў. Гэта зрабіла-б уражаньне, нібы з ім, Рыгорам, нічога ня здарылася, і заспакоіла-б мацеру. Самому-б лягчэй стала.

Нарастала момантамі многа бягучых, настраёвых пытаньняў. І кожнае з іх далікатна, залюбована Рыгор занатоўваў на паперы; пасьля мяняў іх рэдакцыю, перастаўляў чаргою, падвострываў і затупляў выразнасьць кожнага з іх.

К канцу тыдня Рыгор ужо не адмячаў рубяжу, дзе канчалася жаданьне і дзе пачыналася вера, ён стараўся заверыць сябе, пераканаць, што Наталя прыдзе. Ні баязьлівасьці за цэласьць яе, ні спачуваньня ёй не знаходзілі месца ў яго нутры. Ня цікавіла, як і што пройдзе, якім шляхам дастукаецца спатканьня… Ня лічыўся ні з якімі перашкодамі.

Але мінула яшчэ некалькі дзён — і Наталя ня прыходзіла. Тады ў загартаваны ком веры, напаўняўшы яго нутро, пачалі пранікаць тонкія голачкі сумненьня, ужо новага, інакшага, чым было раней, падмацаванага другімі мотывамі і дагадкамі. «Забастоўшчыкі ахоплены абурэньнем; усё болей выпадкаў сутычак з поліцыяй; апошняя зьлее і зьлее, страляючы ў рабочых; арышты і трухі ня спыняюцца. Як тут уцалець гэтай гарачай галаве — Наталі?

Чацьвер, чатырнаццаты дзень няволі, Рыгор стрэў сумным і маркотным, — дашлі чуткі, што забастоўка кончылася перамогаю над рабочымі. Гаспадары ўзялі верх, маглі і на гэты раз панаваць. Многія з іх, на зло рабочым, зачынілі фабрыкі і заводы, каб пакараць голадам, каб правучыць іх надалей. Да чаго давядзе гэта пераможаных? Якія падонкі астануцца ў іх на душы пасьля напружанай гэроічнай барацьбы? На сваіх уласных перажываў Рыгор чужыя настроі, але ўверана глядзеў у наступнае.

А дванаццатай гадзіне рашыў ня ісьці на прагулку — заявіў таварышам. І калі тыя пакінулі яго адным, Рыгор некі час пасядзеў бяздумна, як у трансе, як у нірване; пасьля падняўся з ложка і хапіўся думкамі за скончаную забастоўку, каб праверыць яе значнасьць, яе вынікі. Прадставіў вобраз дэмонстрацыі, і задаволіўся, ажно павесялеў, зарухаўся, абмыў твар ухмылкаю.

Уголас, каб было мацней, каб глыбей зашло ў сэрца, казаў сам сабе: «Забастоўка ўсё-ж паказала магутную сілу солідарнасьці, якая жыве сярод працаўнікоў. Забастоўка адзначыла, што між намі, працаўнікамі, і матросамі, салдатамі — непарыўная сувязь. Чуласьць да аховы свае, рабочае, клясавае самотнасьці выявілася надзвычайна выпукла ў цягу забастоўкі. Як-ні-як, а горад, нават цэлы край, тыднямі быў прыкаваны да аколіц Рыгі. Забастоўка пралягала чырвонаю ніткаю праз гарадзкое жыцьцё, клапоты, думкі, чаканьні… А я памог ёй зьдзейсьніцца, можа нават пасобіў абвастрыць яе разьвіцьцё — ці-ж таго мала?»

Пэўна, было хоць ня шмат, але досі. І тое, што было досі паложана ім працы на забастоўку, узьняло Рыгорава пачуцьцё. Ён пазбыўся будзённых клапот, усяго таго, што акольвае ў няволі, у сьценах; ускрыліў і панёсься выабражэньнем ва ўсе канцы зямлі; захацелася гутарыць, гутарыць.

«Прыдуць таварышы — тады пагутару».

Раптам стукнулі ў дзьверы.

Рыгор падбег:

— Хто? чаго? — запытаў.

— Нязвычны! — знаёмы голас вартаўніка.

Рыгор спыніўся, сышоўшыся ўсёю істотаю на думцы-чаканьні: «У чым справа? Наталя?»

— Я! — адазваўся.

— Проша ў кантору.

Маленькае сумненьне затульвала яскравасьць надзеі.

— Іду!

Рыгор машынальна вышаў з камэры, ня чуў, як бразнулі дзьверы, не заўважыў, калі прашоў паўз таварышаў, якія вярталіся чарадою з прагулкі.

— Хто патрабуе?

Вартаўнік памаўчаў.

— Га?

— Угледзіце.

На заломе калідору, кінуўшы ўсьцяж яго ўзрокам, Рыгор улавіў фігуру, што стаяла пры дзьверах, каля выйсьця, за нявысокім парканам… жанчына. «Пэўна, Наталя». Яе вобраз аформіўся ў рэальнасьць, устаўшы выразна перад яго вачмі. Ён ішоў, а Наталя адыходзіла, нярухома, недасяжна і падцягала за сабою Рыгора. Чуў, як траціў волю над сабою, як дваіўся на часткі, мякчэў.

Нарэшце — падышоў. Радасная ўхмылка Наталі разьвеяла яго ўражлівасьць, дала апамятацца.

Вартаўнічы стаў на воддалі пяці крокаў.

— Дваццаць хвілін часу, — і адвярнуўся ў бок, каб не перашкодзіць.

Рыгор пацалункам прывітаўся з Наталяю і адрыўнымі сказамі, перабоямі думак пачаў гутарыць з ёю. Пра кніжку, куды запісваў тэмы для гутаркі з ёю, забыў. Куды там да сыстэмы!

Пачуцьцё напірала, а сам баяўся за кароткі тэрмін, каб чаго не забыць. Нэрваваўся і падганяў гутарку.

— Нам мала часу, а гутаркі колькі!

Трымаўся за яе руку, паклаўшы сваю на білу.

Я ня буду пытацца, як ты дабілася сюды, колькі патраціла на гэта часу, сілы… Наталя… Ці ня была ты на маёй кватэры?.. Але, што я? Навошта мне ўсё гэта… Скажы наперад, так і прайгралі забастоўку? Ах, падумаць! Столькі асталося людзей без работы… Ну, а ты? Пакуль спакойна, уцалела? Як там Міхась, Артур… Помніш таго кудравага чорнага інтэлігента? Сядзіць са мною разам… Вось скажы, як-бы гэта, каб ты была добраю ды… Але, што там казаць…

— Кажы, кажы, — Наталя сачыла за вартаўнічым…

— Я хацеў мацеры паслаць рублёў пяць… Сілцы, — Рыгор панізіў голас: — толькі ці варт; выйду-ж, пэўна, неўзабаве — тады ўладзім… А ці пісаць мацеры?

— Маўчы, ня варт — абурыш… Няхай думае, што з табою тут — нічога. Я пашлю ёй, маю грошы.

— Не, Наталя, можа…

— Нічога…

— Ты ведаеш, я чуў нутром, што ты прыдзеш, я быў запэўнены, завераны. І толькі мяне пазвалі, як…

Вартаўнічы спакойліва павярнуў у іх бок голаў, даючы першы сыгнал.

Наталя прымеціла.

— Ну, як думаеш, ці хутка ўгледзімся?

— Пэўна, адміністрацыйная высылка будзе, вядома…

Абое сьпяшылі перакінуцца як найбольшым лікам слоў і адно другога перабівалі, перапынялі, блыталі гутарку… Яе было многа, многа! Але ў самы разгар вартаўнічы спыніў:

— Пара!

—Мэрам-бы молатам стукнула па галаве Рыгору. Але пярэчыць нельга — разьвіталіся.

Наталя павярнулася і праз два крокі зашла за сьцену. Абярнуўшыся, каб лішні раз акінуць яе ўзрокам, Рыгор нікога ня ўгледзеў. Стала крыўда, глыбокая і балючая, якое, здавалася яму, яшчэ не даводзілася адчуваць, і шкода-шкода, што спатканьне абмежавалася адным момантам, шустрым мігам. Столькі каштавала мук прычакаць — і зьнянацку, няўпрымет прамігнула, згасла…

Забастоўка, сапраўды, кончылася не ў карысьць рабочых: значыць, ня прыдуць яны да турмы і не адчыняць дзьвярэй, не пазавуць іх на волю…

Даводзіцца чакаць. Колькі?

Пакуль Рыгор падышоў да дзьвярэй камэры — пасьпеў абляцець думкамі і мінулае і будучае, і Рыгу і Сілцы.

«Вось з мацераю як? Якаво ёй там?» чуць ня ўголас вымавіў, калі вартаўнічы адчыніў дзьверы камэры, на шаг адступіў убок і ўпусьціў Рыгора.

Частка дзевятая

[правіць]


ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ



I

У ТОЙ ДЗЕНЬ, калі з Сілцоў поліцыя вывезла арыштаваных хлопцаў, Рыгорава маці не пакідала дому. Вярнулася з рынку, зашла да сябе ў хату і сядзела, ня выходзячы, да цёмнага. Цалкам была пад цяжкім уражаньнем перажытага: шкадавала мацярок, шчыра спачувала іх гору, шкадавала хлопцаў. Баялася разам з тым, каб нічога такога ня сталася з Рыгорам. Адна кампанія. Ці ўберажэ сябе ён у далёкім чужым горадзе? Га? Спавядалася сама сабе: «Мае вы дзеткі, мае! Як цяжка даводзіцца бацьком адказваць за вас! Гадуеш-гадуеш, радасьці чакаеш, а тут — на табе! Якая крыўда! Як яно ідзецца — хто яго разгадае… Бедная Тарэся, бедная Хрума! Я адчуваю ваша гора… Але не разумею аднаго: чаму-ж такі яно гэтак наладжана, што няма за вошта, а хлапцоў схапалі, арыштавалі і павязьлі ў няволю. А калі — чаго ліхога — да і з ім, з сынком маім, стане падобнае?»

Падумала — здрыганулася ад жаху. Балючае сумненьне не пакідала старое. І прагла істота: няхай-бы хто яго разьзеяў ці паменшыў яго ўціск, прытупіў сілу. Чула, што нельга аставадца з ім — не заснуцьме, не супакоіцца.

Адвячоркам, на шэрай гадзіне, знайшла выйсьце, як-бы хто падказаў ёй: пайсьці да Тарэсі, а з тэю разам да Хрумы — да хлопцавых мацярок, каб разам, адна перад другою, разьвеяць гора, суцешыцца.

Заперла на закрутку хату і пашла. Хутка была ў Стаўбуновых. З-за парогу ўзьняла гутарку:

— Тарэська, ты думаеш — лёгка ўсё гэта перажыць! Я ўжо ведаю сама. Ой, галубка мая, колькі я папацярпела!.. Толькі скажы, ласьне ў гэтым наша воля!.. Я думала, даражэнькая, думала, чаму яно так складаецца ў людзкім жыцьці… То ці хто-ж адкажа на гэта запытаньне? Вядома, што не: жыцьцё — мора, а мы — трэсачкі на ім… Спачуваю табе, Тарэська, ад шчырага сэрца спачуваю. Ведаю, што ты паверыш…

— Ой, маўчы, Стэпа!..

Стаўбуніху абуяла горнасьць. Чула Стэпіну шчырасьць, адзнавала, што тая прышла яе суцешыць, што хоча гэта зрабіць. Ды ці ёй паможа яе спачуваньне?

А Стэпа, перш стаючы каля парогу, пасьля прысеўшы ля прыпеку, няўсьцішна гаварыла:

— Яшчэ ў вас-то другі сын юнак, дзяўчына, твой мужчына — сям’я. Ну, а ў мяне, падумай — як стромка, адна-аднэю, як струц, у хаце сяджу, іду куды — вакола адна, чужая. Вядома — адзін ён у мяне, куды ні кінеш. Так урочана ўжо ад роду — перамяніць нельга. Думаеш, лёгка? Гадаю нясупынна, дагадваюся, што і як з ім у тым горадзе — а хто скажа! Лістоў няма — які час ня піша. Да чаго яго лёс давядзе, або давёў…

Тарэся слухала, але заўважвала, што яе гора — больш вострае і пякучае. Стэпа, праўда, цярпіць многа, ды ці-ж параўнаць з тым, што зараз у яе, Тарэсі, на сэрцы. Віктар арыштаваны: што з ім зробяць там, куды павязьлі? Можа навекі замуруюць у каменны мяшок — ці-ж ня было з людзьмі? А Рыгор — можа і жыве дзе… пэўна, што жыве…

— Усё-ткі, Стэпачка, Рыгор можа не падпаў таму, што мой Віктарка. Мала чаму ня піша — усякая бывае прыгода, а гэта, вось, на вачох тваіх, пад мячамі вязуць тваё дзіця. Памочні-ы-к мой, да-а-рагі…

Стаўбуніха заплакала, Стэпа памагла, ня сутрымалася. Праўда — сэрца сьлёзы точыць.

Тарэся, ці-ж думаеш так ужо строга: не даждалі-б яны, каб, барані чаго, замураваць у каменны мяшок, як ты кажаш… Ці-ж павыш іх няма мацнейшае рукі? То-ж чалавек — ня кусок дзерава, што ў лесе гніе… А ты думаеш, мой Рыгор — там-жа, як у ступе, у гэтым каламутным горадзе?

— Патураць ім. Добра Віктар казаў, як яшчэ з намі быў, вось тутака седзячы, — паказала Стаўбуніха на край стала, пры акне ў двор, — казаў заўсёды: сьвет людзкі — адно змаганьне, кавадла і молат: папаў — расьцісьне, калі сам другога не расьцісьнеш… Казаў вось, так літаральна… Цяпер, вось, папаўся пад молат.

Ізноў заплакала і праз сьлёзы запытала Стэпу:

— А ці-ж твой Рыгор нічога ня піша?

— Кажу-ж — нічога… Чуе сэрца, нядобрае нешта чуе. Сны розныя бачу, цудныя і страшныя. Горад — ступа. Старэю — а адна, без дапамогі. Ты яшчэ ў лепшым стане, ты яшчэ…

— А мне, ты думаеш… Віктар так многа пасабляў! Мужчына мой — трупцяк, дзеці — малыя. Той шмат зямлі — адна абуза… А Віктар зарабляў дваццаць рублёў. Няхай сем кіне ў хату — глядзі, які спор. А ён менш дзесяці не даваў. Часамі, як трэба што сабе справіць, прынясе менш, а то — дзесятку.

— Пэўна, як так, пэўна — добра…

З перапынкамі, у пераменах настрою, судзілі каля паўтары гадзіны. І, судзячы, згаварыліся і пашлі да Крупнікаў.

— Яны можа што чулі.

Хоць-бы што пачуць — сышліся абедзьве: і Стэпа, і Тарэся. Чамусьці выводзілі, што Хрума, Хаімава маці, сумее іх разуважыць, прасьветліць. З надзеяй увашлі ў хату.

Стары Хацкаль сустрэў.

— Чаго трэба?

— А Хрума дзе?

Жанкі паселі, запыталі Хацкаля:

— Ці ня чуў, куды іх павязуць?

Той трасянуў галавою, матнуў рукамі.

— Няхай іх ліха, столькі крыві папсавалі. Ах, ах, гэтыя хлопцы! Гэтыя хлопцы! Шчасьліва ты, Стэпа!

У Стэпы праясьніліся вочы; хацела запытаць, чаму, але Хрума, увашоўшы знадворку, перабіла:

— Што ў вас, жанкі?

— Мы самі прышлі даведацца. Вам лепш вядома. Можа што чулі?

— Нічога добрага. Куды там — увесь сьвет калоціцца… Бунты, забастоўкі… Вунь прыехаў знаёмы з Рыгі — мяцеж. Ці-ж пусьцяць іх?

Стэпа, як сядзела, раптам паднялася.

— Што ў Рызе, што? Чула маё сэрца!..

— Ша-ша. Ты ўжо думаеш, што якраз з тваім сынам што здарыцца… Хай прагоніць вецер на сухія дрэвы. Ці ты маеш лад… Мала што: горад — ня Сілцы: усяго многа, заўсёды многа.

Але Стэпа не магла супакоіцца — трэба было крануць яе балючую западозранасьць, каб яна акамянела ў яе грудзёх, закаваўшы сэрца. Думкам ня было чаго кіравацца ў іншы бок, шукаць сьветлых плямак… «Ведама», судзіла Стэпа. І ўжо ёй не хапіла сілы на спачуваньне, не знашлося месца для Тарэсі ці Хрумы. Як ішла — была надзея, хоць сякая-такая, цьмяная, смуглая, а цяпер? Віктара, Хаіма павязьлі ў павет, а мо’ праз колькі дзён і пусьцяць. А Рыгора які лёс засьціг? З Рыгі даняслося ў Сілцы — нездарма; пэўна, тысячы людзей палягло. А Рыгор такі порсткі…

Стэпа пашла, не чакаючы Тарэсі, мэрам-бы пакрыўджаная на Хруму за тое, што тая паведаміла ёй гэткую вестку. Як сумысьня, як назнарок.

На вуліцы, у цемрыве ночы, дратавалася сэрца, а вочы напружана нізалі змрок у бок Жмыгінскага лесу, дзе, здавалася Стэпе, стаіць Рыга. Чаму яе пабудавалі людзі? Няхай-бы Рыгор ня ведаў гэтага гораду.

Жахлівым чудзішчам паўставалі ў Стэпіным выабражэньні зданныя будынкі Рыгі, яе няпрыветлівыя вуліцы, неміласэрныя, дзікія людзі. Шолам, стукат, браскатня аддаваліся ў кожным шораху дрэў у садкох, у скрыпе варот.

Прышла да хаты, не засьвяціўшы агню, села на лаве і ўсё кляла няведаны горад, падсьвядома просячы спачуваньня хоць ад каго, хоць крупінку, каб ня было нядобрага з Рыгорам, каб жахлівае праляцела няўпрыкмет. Няўжо гэтак ціха астанецца? Няўжо ніхто ня кіне пісьма? Рыгор-жа хваліўся вялікаю колькасьцю знаёмых. Дзе яны?

Стэпа хапалася за ўсё, што-б хоць каліва, беднае, яе абнадзеіла, што-б сказала ёй: Рыгор жыў, або — заўтра, па-заўтра ці праз тыдзень ад яго прыдзе ліст. Стала маляваць сабе гэткі вобраз: прачнецца заўтра раніцаю, запаліць у печы і — пакуль згатуе сьнеданьне — прыдзе паштальён з лістом. Падасьць праз акно беленькі кавалачак паперы, які ўсё-ўсё скажа аб Рыгору. Ці-ж не пара яму прысьці, пісьму гэтаму?


II

СТЭПА ДА ПОЎНАЧЫ лічыла і пералічвала дні з часу ад’езду Рыгора, адкладала некалькі часу на пераезд, на асталяваньне ў Рызе, на збор, каб напісаць пісьмо, на перасылку гэтага пісьма перш да павету, а з павету — у Сілцы. Хаценьне перасьцігала думкі, падганяла час: «А мо’, неўспадзеў, пісьмо ўжо ляжыць на пошце?.. А мо’ нават паштальён ужо прыносіў яго, а мяне ня было дома?» Яна падыходзіла да акна і ўзіралася ў цем ночы — ці ня ўгледзіць паштальёна. Пасьля ўспомніла, што раней колькі разоў яна знаходзіла пісьмы ў сенцах пад подам, куды яны заляталі, як паштальён кідаў іх праз аконца. Чаго добрага — можа і цяпер ляжыць там. «Праверыць», закарцела, і Стэпа засьвяціла газоўку ды вышла ў сенцы. Старанна абгледзела ўсе куткі і шчылінкі, абшукала месцы, нават і гэткія, куды ніякім чынам пісьмо не магло-б заляцець. Разгнявілася. «Значыць, ня прыносіў», заключыла і ўвашла ў хату. Рашыла: «Ці-ж кожнае пісьмо можна кінуць? А калі яно заказное — патрэбна расьпісацца» — было з ёю гэта.

У сумненьнях дасядзела, пакуль не адзначыўся ў мыцельнікавым акне трывожны золак. Закрычалі пеўні, данёсься каровін рык. Стэпа пачула вялікую ўтому, заняпад і, не разьдзяючыся, прылягла. І ні-то прадрамала, ні-то праспала гадзіны з паўтары.

На вуліцы паднялося жыцьцё, гоман, крык. Чырвоная раніца хлынула ў хату яскравым сонцам, да таго празрыстым, сьвежым, што яго праменьні праніклі няшчыльна стуленыя вейкі Стэпіных вачэй. Нельга далей спаць — Стэпа прачнулася і падняла з сабою ўчарашнія думкі. Ні каліва ня прытупленыя, ясна-балючыя, няўтрымныя, трывожныя. Яны ганялі яе ад печы да акна, з хаты — на вуліцу глядзець пад рынак, адкуль іціме паштальён. Клала казырком руку над вачмі, узіралася: паштальён ня ішоў. Зарана.

У печы тухлі дровы — злавала, папраўляючы вілкамі, чапялою. Пасьля Гірш Капаўскі зьнянацку нашарохаў, завучы грабсьці сена. Была задуманай, расстроенай, а ён раптам забарабаніў у вакно.

— Стэ-э-па!

Здрыганулся — падумала радаснае, жданае, а ўрэшце — вунь што. Сплюнула.

— Вольна на гэтым тыдні?

— Пэўна, вольна.

— Там дзён на два сена грабсьці трэба.

— Дзе?

— У Залужным.

Гірш пастаяў з хвілінку моўчкі, а далей запытаў:

— А сын як? Ня піша нічога?

За гэта Стэпа даравала Гіршу сваё разувер’е. Падбегла да акна.

— Гіршык, дарагі, сама ня ведаю, што рабіць — ня піша.

— Кепска. У Рызе непакой… То прыдзеш?

— Прыду… Непакой?

Апусьціла рукі — забыла пра пісьмо; дзе яно прыдзе?

Цэлы дзень хадзіла па рынку, распытвала знаёмых, ці ня чулі чаго пра яе Рыгора? Мо’ хто вычытаў з газэт, мо’ каму знаёмы перадаў у пісьме.

Нічога не дазналася. Бегала да Сёмкі, да Пятруся — тыя суцяшалі Стэпу звычайнымі, ёй вядомымі выразамі-ўгаворамі — не паверыла.

А ў бліжэйшыя дні не глядзела ў акно, не пільнавала паштальёна. Нават у сераду, вярнуўшыся з работы, не пацікавілася паглядзець у сенцах каля поду — ня было веры. Зашла ў хату, патужыла-патужыла і намерылася лажыцца, як хтось пастукаў у дзьверы. Настаражылася, стукнула думка: паштальён. Выбегла, адсунула засоўку.

— Цётка!

— Чаго, Сёмачка?

— Што піша Рыгор?

Ашаламілася старая.

— Як?!! Чаму?!

— А ласьне паштальён нічога ня прынёс? Наш хлопец казаў, нібы бачыў, як прыходзіў да вас паштальён.

Стэпа пакінула Сёмку і пабегла ў хату. Мігам вярнулася з газоўкаю і пільна, трапятко пачала азіраць пад подам, у ручаі жарон. Сёмка чакаў. Пасьля пераступіў парог і паткнуўся к поду. Паглядзеў і весела паведаміў, угледзеўшы каля жоран шэры конвэрт:

— А вось, бачыце.

Стэпа выраніла газоўку.

— Няўжо-о, Сёмачка? Ох!

Некі час памаўчалі.

Пасьля абмацалі газоўку і пашлі ў хату. Стэпа знашла запалкі, засьвяціла агонь. Села пры стале і бязмоўна, сышоўшыся ўсёю істотаю ў праглівым чаканьні, глядзела Сёмку ў вочы. У іх сьвяцілася шчырая просьба старое.

Сёмка абарваў конвэрт і паглядзеў на дату: чамусьці пісьмо было ў дарозе больш двух тыдняў; падумаў, памеркаваў, але нічога Стэпе не сказаў, а, прыхіліўшыся да газоўкі, разборна, выразна пачаў чытаць вынутае пісьмо. Некаторыя словы і сказы перачытваў па два разы, іншыя тлумачыў. Дзе пісьмо кратала Ганны — Сёмка перарваў чытаньне і пераказаў Стэпе кароткі нарыс іх стрэчы з гэтаю дзяўчынаю, абмаляваў яе выгляд, падабенства да Зосі Прыдатнай. Імя-ж Наталі — зблытала дагадкі…

Стэпа ня цікавілася тым, як і што перапляліся дзьве ўспомненыя пісьмом дзяўчыны. Вестка, што Рыгор жыў, самы факт пісьма — пераважвала ўсё, што ім пісалася. Яна забывала на другім сказе першы; губляла сувязь між словамі, бо ўсе яны крычалі, пяялі пра тое, што яе сумненьні былі дарэмнымі, што жыцьцё апраўдала нясьмелыя надзеі і жаданьні. Пачуцьцё радасьці і шчасьця ня месьцілася ў яе нутры, выліваючыся перш рэдкімі сьлязьмі, а пад канец чытаньня — зычным плачам, прычытамі:

— Сыно-ок мой дарагі-ы… Рыго-ор-ка-а… Дзякуй-жа та-абе-э, што ты не забываеш мяне, старое… Як ты-ы мяне арадаваў… Як завесяліў мяне…

Сёмка суцяшаў Стэпу, задаволены тым, што Рыгор не абмінуў і яго. Весткі аб тым, як і што пачалася забастоўка, які ўдзел прыняў у ёй Рыгор, вельмі зацікавілі Сёмку, узьнялі ў ім настрой. «Кінуў-бы, здаецца, усё тут і панёсься да Рыгора, у Рыгу». Сілцы, здарэньні і прыгоды з яго ціхага жыцьця расплыліся ў Сёмкавых вачох, патанулі ў яго будзённай шэрасьці. Ён пачуў, упяршыню так яскрава, якая дробная ды ціхая яго праца — параўнаўча з працаю Рыгора. І стала дзіўна — да чаго і навошта яму, Рыгору, цікавіцца ім, Зосяю, Сілцамі. «Толькі таму, пэўна, што мае шырокае сэрца».

— А што-ж Рыгорка табе піша, сынку?

Стэпа сьцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Заплаканыя вочы прасілі гутаркі аб сыну.

Сёмка расказаў; не дасьцярогся і ўспомніў пра забастоўку, пра тое, што Рыгор казаў прамову перад тысячамі рабочых.

— Такі ня ўтрымаўся? — з лёгкім сумненьнем у голасе запытала Стэпа.

Але Сёмка разьвеяў сумненьне, пераканаў яе, што бяз гэтага нельга абыйсьціся, што змагацца вымушае само жыцьцё, што толькі змагаючыся можна дайсьці да лепшай, шчасьлівейшай долі.

— Працуйце, працуйце на здароўе. Няхай вам на посьпех пойдзе… А мо’ і дажывеце да лепшага… Толькі, сынку мой, калі што-якое, дык са мною што станецца? Ці хопіць у мяне сілы вытрымаць?

— Ня думаю, цётка, каб так было. Чаму, няйначай, з Рыгорам дрэннае здарыцца? Ён не такі…

Стэпа пераняла:

— А ласьне ад яго будзе залежаць! Вось калі! Гэткая мятусіна ў сьвеце — без разбору падпадаюць пад калёсы…

— Навошта думаць пра няведамае наступнае? Сёньня маеце вестку — радуйцеся гэтаму: Рыгор жыве, здароў, думае пра вас.

Ён вылез з-за стала і вышаў на хату.

— Пэўна, Сёмачка, пэўна. Ды я ўжо так рада, так задаволена — цэлую ноч не засну, цэлую ноч думацьму пра яго…

— Тут ужо і думаць ня трэба многа… Заспакойцеся і засьнеце… Дабранач!

Стэпа прашла за Сёмкам і на расстаньне папрасіла:

— Ты-ж ужо, сынок, не адмовішся адпісаць. Ужо выдзеліш вольную хвілінку.

— Гэ, чаму не; калі ласка.

— Дабранач!


III

ПІСЬМО АД РЫГОРА Сёмка давёў да ведама сваіх таварышоў. Па чарзе расказаў яго перш Пятрусю, пасьля Сролю, далей дзяўчатам. Усіх навіны пісьма цікавілі, цешылі, выклікалі на некую нявыяўную зайздрасьць да Рыгора, да яго стану. Падзеі з забастоўкаю, яго выступленьні здаваліся ў ваччу хлопцаў- таварышоў недасяжна вялікімі і запалялі кожнага хаценьнем самому пабыць у асяродку гэткіх падзей. Здарэньні сілцоўскага жыцьця мізарнелі перад вобразамі рыскіх падзей.

— У гэткай школе ня шкодзіла-б нам кожнаму павучыцца, — радзіў Сроль, калі яны сышліся адным вечарам цэлаю хэўраю, з дзяўчатамі.

У Пятруся гастрэй ніж у іншых варушылася думка — пакінунь Сілцы і пераехаць у горад. Зацікавіўся горадам і Сёмка.

— А ўсё-ж, — казаў ён, — горад вырашыць усю справу з рэволюцыяй.

— З нашаю дапамогаю, — самаўцяшаў Пятрусь.

— Так, але… цікавей ісьці ўперадзе, ніж плясьціся ззаду.

— Згадзіўся, Сёмка, ці-ж усім перасяляцца ў горад?

— Усім ня ўсім, а многім трэба…

Дзяўчат інтрыгавала знаёмства Рыгора з Ганнаю ды Наталяю, і вакол гэтага між імі і хлопцамі ня мала прашло гутарак. Дасталося Рыгору, дасталося хлопцам.

— Чаму-б вам не пацікавіцца політычным бокам Рыгоравага жыцьця? — упікалі хлопцы.

— У іх на першым месцы суадносіны іншага характару. Мужчына, каханак…

— Моладасьць сваё бярэ.

— Дык на гэта ёсьць пэўная забясьпека для кожнае дзяўчыны.

— Забясьпека… Прыклад з Рыгорам — на далоні.

Волька заўсёды выбягала наперад, рачавісьцей супярэчыла і настойней накідалася на хлапцоў. Таварышкі давяралі ёй свае думкі і падтрымоўвалі аднагалосна.

— Бачыце, — паехаў, а тут Зосі як хочаш. Так і ўсякі з вас; тутака як быццам-бы мае шчырасьць, а паедзе — дулю на мяду.

— А што, можа, за спадніцу ўзяўшыся, бегаць за вамі? Згаджацца на вашы капрызы і бацькоў вашых слухаць?

— Як гэта?

— А хоць-бы так, як тое было з Зосяю. Хто-ж вінават, што яна адказала Рыгору, ды яшчэ гэткім чынам? Папраўдзе судзячы, думаю, ніводная не абвінаваціць Рыгора.

Волька не згаджалася.

— Не абвінаваціць! Вашаму брату хочацца абяліць чалавека, хоць ён і не паддаецца гэтаму. Скажэце, што Зося вінавата? А ці ня мог ён, хоць-бы сам Рыгор, пераканаць яе паехаць за ім? Дык не: абы адчапіцца, а там — як сабе хоча. Куды-ж ёй аднэй змагацца з гэткімі бацькамі, як Прыдатныя? І то яшчэ трэба падзівіцца, як яна перакорылася ім… Гэтага Рыгор не заўважае, нябось.

— Дзе яму заўважаць! У яго іншых думак поўна. Бадай што і цяпер вось, калі мы тутака палошчам яго костачкі, ён там дэмонструе з бастуючымі рабочымі.

— Так, многа іншых думак… — не згадзілася Волька.

— Вядома…

Пятрусь выказаў гэта тонам, пасьля якога нельга было далей спыняцца на суадносінах між Рыгорам і Зосяю.

— Якаво-б там сабе ні было… — перашоў ён да свайго пачуцьця: — а я, калі ўвайду ў думкі, разьбяруся з Рыгоравай чыннасьцю ў Рызе, дык ня ўрымшчуся тутака: цягне саматугам у горад. І думаю — сур’ёзна думаю… кінуць Сілцы.

— Куды — і табе… — умяшалася Гэля.

А Волька выкарыстала:

— Вось-вось, а Гэля?

— Баіцца Зосінай гісторыі? — падхапіў Сёмка: — Калі так, то мае поўную мажлівасьць ехаць разам з Пятрусём.

— Пэўна, няхай дакажа сваю вернасьць.

— А трэба будзе, дык і дакажу, чаму не.

— Мы можам даказаць; ці ёсьць толькі гэтая вернасьць у вас, хлопцаў, — не паддавалася Волька.

— Як у кога: у Васіля Берага напэўна больш, як у Рыгора, — пагіронізаваў Сёмка.

— Дзяўчаты прамаўчалі.

— Вось, мабыць, ужо ў суботу і вянок будзе? — запытаў Пятрусь.

— Так, у суботу.

— Бачыце: Рыгор там у катле змаганьня, а Зося тутака спраўляе вясельле…

— Няма чаго ўпікаць Зосю.

Вакол пісьма яшчэ доўга ў гэты вечар спрачаліся хлопцы і дзяўчаты, таварышы Рыгора; і, разыходзячыся да хаты, не маглі расстацца — гэтак яно іх узьюшыла.

У гэты-ж вечар, на разыходзе Сёмка пашоў праводзіць Вольку. Падышоўшы да яе хаты, яны прыселі на прызьбе, і Сёмка ізноў разьняў гутарку пра суадносіны Рыгора з Зосяю.

— Гаварыць у кампаніі — мы многае гаварылі; але тое для ўсіх можна. А ёсьць і іншае, чаго ня варта, каб другія ведалі.

Волька з цікавасьцю запытала:

— А што?

— Нічога такога, каб надзвычайнага, але ўсё-ж цікавае: Рыгор пасылае Зосі ўклон. Бачыш — не забывае. Ты перадай ёй — гэта важна.

— Ну, а апроч уклону Рыгор нічога ня піша?

— Ці-ж ты ня чула, як я казаў?

— Чула, чаму не, ды ці ўсё-ж усім расказваць?

— Не, болей нічога асабістага… ды сам уклон многае значыць.

Волька памаўчала.

— Гэта адна далікатнасьць — ня болей…

— Што ты!

— Пэўна. Да чаго Рыгору Зося, калі ён мае там Ганну? Кінуў, а цяпер — хай сабе з Зосяю што хоць чаўпецца…

— Чаму?

— А таму: Рыгору ні холадна, ні горача, а пра Зосю поўна ўсякіх чутак… Як у бубен б’юць па мястэчку… Го, колькі яшчэ давядзецца ёй пацярпець!

— Што ты кажаш! У чым справа?

— У чым справа — нібы ты ня ведаеш сам!

— Я ведаю, але-ж…

— Ніякі але-ж, калі, можа, дашло да саміх Берагоў.

— Ты думаеш?

— Можна спадзявацца.

Сёмка іншым тонам адказаў:

— А памойму — няхай-бы праведаў ды расстроіў вясельле. Што-б ад гэтага Зося згубіла?

— Эх, ты ўсё сваё… Вось бачыш — ну, да чаго-б гэта прышло? Дзе-б тады Зосі дзецца?

— Ды пакінь, Волька, спагадаць!..

— А ты пакінь апраўдваць Рыгора…

Яны яшчэ некі час паспрачаліся, ні да чаго пэўнага не дашлі, і позна, каля другое гадзіны ночы, разышліся.


IV

НАЗАЎТРА ВОЛЬКА РАНКАМ спаткалася з Зосяю. Жывучы па аднэй вуліцы, амаль ня суседкамі, яны бачыліся штодня і не па адным разе; кожная ведала пра другую. Калі Зося ехала ў паравы палетак, мусіла мінуць Вольчыну хату, а па дарозе ў жытнія палеткі Волька праяжджала між хаты Прыдатных. Таварышкі пільнаваліся адна другой, наведвалі вечарамі, калі днём траплялася ня бачыцца. Чым бліжэй падыходзіў тэрмін вясельля, тым больш Зося чула ў сабе патрэбу знаходзіцца каля Волькі, каб дзяліцца з ёю сваім пачуцьцём, думкамі і настроем. Адыход дзявочае пары, часоў росквіту, гулянак вельмі цяжка адбіваўся на Зосі; ёй хацелася, настойна штосьці застаўляла яе выкарыстаць як найпаўней апошнія дні залатое пары дзявочасьці, ці хоць-бы забывацца бягучымі хвілінамі аб нярадаснай, трывожнай будучыне. Яна адважвалася, наперакор бацьком і Васілю, хадзіць на прызбу да дзяўчат, куды сыходзіліся і хлопцы, і гуляць, як гуляла да заручын.

У гутарках з Волькаю Зося ніводнага разу ня мінала, каб не чапіць Рыгора; пытала таварышкі, ці ня піша ён пісьмаў і, калі піша, ці не дапамінае пра яе. Кожны раз Волька хацела хоць чымсьці суцешыць дзяўчыну, але ня было чым. На гэты-ж раз, пачуўшы ад Сёмкі пра тое, што Рыгор усё-ткі шле Зосі ўклон, Волька вельмі была задаволенай, як-бы гэта тычыла яе больш, ніж Зосі. І, спаткаўшыся з ёю ў сваім двары, не дала Зосі доўга гутарыць аб іншым, паведаміўшы:

— Нарэшце скажу табе навіну…

— Якую? — зацікавілася Зося.

— Рыгор табе прыслаў уклон.

— Рыгор? Няўжо!?

Зося зачырванелася ад нечаканасьці.

— Не забывае Рыгор… — праказала.

Пачуцьцё ўмільнасьці сьціснула ёй сэрца і яна не магла нічога болей сказаць.

Волька пазірала спагадліва на таварышку і міжвольна паддавалася яе настрою. «А каб ды ведала яна, што за гутаркі ходзяць аб ёй! Бедная дзяўчына! І трэба-ж зыйсьціся гэткім умовам жыцьця! А здавалася-б, толькі-б і жыць».

Каб разагнаць Зосін настрой, Волька перашла на іншую гутарку, паведаміўшы:

— А нашы хлопцы захапіліся горадам; вось ужо зьбіраюцца выяжджаць; Пятрусь першым.

— Пятрусь? — бясьцікаўна запытала Зося.

— Учора хваліўся.

— Каму?

— Нам; учора мы каля Гэлі гадзін да дванаццаці гулялі.

— І разам гэта пісьмо ад Рыгора слухалі, Сёмка расказваў.

Зося ізноў перамянілася ў настроі, які некалькі ўроўнаважыўся.

— Пісьмо слухалі?.. Ну, а што больш ён піша? Можа ўжо там ажаніўся?

— Не… Куды яму; думаеш, ён заняты рабочай справай, каб мець час на жаніцьбу. Вунь, прамову трымаў перад рабочымі… Цяперака ў Рызе ідуць забастоўкі, і Рыгор зацягнуты ў самы агонь змаганьня. Пашоў далёка ўперад па сваёй дарозе.

Волька казала і бачыла, як глыбока западаюць яе словы ў Зосіна нутро.

Кожны момант з Рыгоравага жыцьця вырэзваўся яркаю плямінкаю ў яе істоце, прырастаў, як часьцінка жывое матэрыі, каб астацца назаўсёды, каб вечна муляцца і дапамінаць аб шчыра каханым чалавеку. Адцягаліся Зосіны думкі за тысячу вёрст, у няведаны ёй горад, лавілі ў ім Рыгора і ўтваралі сваім імкненьнем асалоду зданага незямнога жыцьця. Вакольнае як быццам-бы ня жыло для яе і не існавала…

— І вось, праслухалі пісьмо, дык Пятрусь ўрачыста: «Абавязкова еду ў горад». А Гэля з скуры лезе, чырванее, злуе, агрызаецца: бач, баіцца, каб, чаго добрага, Пятрусь не пакінуў… — сказала Волька і засьмяялася. І Зося пусьціла тварам нядбалую ўхмылку.

У двор увашла Вольчына маці; дзяўчаты кінулі гутарку. Прывіталіся.

— Ты, Зося, усё к вясельлю зьбіраешся?

— Не кажэце.

— Чаму? Кінь свае думкі, нябога.

— Ня лёгка іх кінуць.

Зося не магла далей гутарыць; тое, што перагаварыла з Вольчынай мацерай, было нечым вымушаным, да чаго не ляжала сэрца, не варочаўся язык. Нельга было не гаварыць, але думкі вымагалі іншых слоў, іншае гутаркі. Ня выходзіў з памяці Рыгор. Уклон адзначаў многае: будзіў нейкія смутныя надзеі, калупаў ужо заплесьненыя ўспамінкі, вобразы. Нанава варочаў дзяўчыну да пераацэнкі яе думак і вывадаў аб ім, яго правасьці і віны ў тым лёсе, які яе напаткаў.

Зосі хацелася, вельмі моцна хацелася выбрацца гэтым часам куды-кольвечы ў шырокае поле ці ў густы хмызьняк, дзе-б ня было нікога, дзе-б сама з сабою яна магла праверыць усе дадатныя бакі жыцьця, ацаніць вартасьць яго, абмеркаваць, як і што з ім змагацца, у чым пагадзіцца, і можа — адшукаць адну, назаўсёды роўную, адзначаную сьцежку, на якую стаць цьвёрдаю ступою і пайсьці рашучым крокам. Тое, што асталося ўзадзе, — забыць, занядбаць, лічыць не існаваўшым… Хацелася гэтага, але рэчаіснасьць трымала Зосю ў сваіх кіпцястых руках і вадзіла так, як меркавалі законы акольных абставін.

Зося пашла дадому і ўжо на парозе стрэлася з адваротнаю, надзойліваю яўю: маці папікнула яе за нядбаласьць да тых вялікіх здарэньняў у яе жыцьці, якія нясло вясельле, і выгаварыла ёй:

— Ты ўсё яшчэ ня кінула сваіх цырымоньняў, дачушка. Труціш маё сэрца, нябога! Хоць гэтыя апошнія дні ня зводзіла-б мяне.


V

«КАБ ГЭТА ЗОСЯ ВЕДАЛА, што аб ёй гавораць!» Так Зося не дагадвалася, ня думала, каб тая выпадковасьць, якая ўплялася ў яе жыцьцё, як скутак у каханьні з Рыгорам, стала зьместам рознай гутаркі аб ёй, плётак, нагавораў. Прашло колькі часу, здавалася-б павінна ўсё зьнікнуць, павінен заглушыцца рэзкі сьмех, які пачуўся ёй тады ў Лужкох, палічыўся за здань, за выабражэньне… Тымчасам, гэта было якраз ня так: патрошку, слова за словам, ад аднаго да другога, і чуткі дашлі да Берагоў. Што далей з іх выйдзе?

Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!..

У той дзень, калі Волька перадала Зосі ўклон ад Рыгора, у Хлёравай хаце адыгралася гэткая сцэна. Адвячоркам, вярнуўшыся з поля, Хлёр ляжаў у хаце на палку і марыў аб блізкім вясельлі свайго нябога, цешачыся Васілём, як раптам убегла ў хату жонка і засаб выказала:я

— Вось табе і штука! Ці чуў?

— А што?

— Ого-о!

— Ня чуў нічога.

— Ня чуў? А трэба было пачуць…

Хлёр падняўся, зьлез з палка і вышаў на хату.

— Кажы.

— Ліха ведае што! Вунь усе, як у бубен б’юць: Мікалаішка-а з Нязвычным… у Лужкох пад нарадам… бачылі людзі… Падумай, што гэта робіцца!

— Няўжо? Што-о ты кажаш!

Хлёр вытарашчыў вочы, паціснуў плячыма.

— Не здарма! Каму прыдзе на розум балхвіць ліха ведае што бяз дай прычыны.

Хлёр памаўчаў, падумаў.

— Чакай, — супакоіў жонку. — Ты ўжо чакай. Памойму, гэта знарочыстая рэч нашых ворагаў. Ты думаеш не, сапраўды. Хітрыкі, кажу табе, хітрыкі. Проста — выдумана. Няма як падкапацца, дык пусьцілі чуткі, каб зганіць і Васіля, і Зосю: Не паверу, і ты, глядзі, не давярайся…

Юстына не супакойвалася: ёй зусім было незразумелым, чаму Хлёр перапыняў яе. І яна спрачалася.

— Мне казалі гэткія людзі, у якіх нельга сумнявацца, якія не зацікаўлены ў тым, каб ганьбіць Васіля.

— Ты політыкі ня ведаеш… Ласьне ведацьмеш, хто твой прыяцель, а хто вораг? Яшчэ прыяцеля хутчэй можна выявіць, а ворага… Іншы ў вочы прыкідаецца добрым, а сам думае прадаць цябе за ломаны асьмак. Цяпер многа гэткіх. Усюды пашлі розныя соцыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісьцю на знатнейшых людзей, з зайздрасьцю — узяць чужое, спаліць, згнюсіць людзкую чэсьць. Некаму і нечаему верыць… Вось і тут: Васіль перацягнуў Зосю, а іншым крыўда стала — і пашлі іграць у помсту. Можа той-жа Нязвычны напісаў сваім сябрам, каб яны пастараліся ўчыніць якую пакасьць. Бачыш, мала ён пападзужваў Зосю, калі яшчэ быў тут! Або маці ці блізкія іх пастараліся… Я сам і думкі не дапушчу, каб гэта Зося…

— Не бярыся, Хлёр, кажу табе, не бярыся.

Юстына сапраўды не выясьняла сабе таго, чаму муж так старанна абараняе Зосю. Не дагадвалася, што, апроч радняцкага пачуцьця, у Хлёра была доля і політыкі. Гэта яго політыка заключалася ў тым, што зараз, калі вясельле на носе, хоць-бы і праўда была, аб чым жонка паведаміла, то гэтую праўду прыняць нельга, тым болей аддаць ёй павіннае і зрабіць тыя ці іншыя вынікі. То-б значыла стварыць гісторыю, якая-б запляміла іх котлішча, дала-б справы для розных гутарак і плётах, у сто раз горшых, усяму мястэчку і аколіцам. Дапусьціць, што Зося магла зрабіць праступак, Хлёр мог і нават ня зьдзівіўся гэтаму, калі жонка сказала, а зьдзівіўся і нават збаяўся таго, каб чутка не дашла да Тадосі і да Васіля. Аднак тое, адкуль вынікла чутка і ад каго жонка пачула, цікавіла Хлёра.

— Хто табе казаў? — запытаў ён жонку.

— Паруля Вышкава.

— Паруля? І ты верыш Парулі?

Імя Парулі Вышкавай мела за сабою нядобрую рэпутацыю; гэта мяшчанка славілася, як дасканалая ябедніца і язычніца.

— Не адна Паруля, а многія казалі; як у бубен б’юць…

— Няхай сабе ўсе гавораць, а ты маўчы…

— Дык ужо ўсе ведаюць; пэўна, я нікому не скажу, але адно дзіва, як яно так выходзіць, што нам не ўдаецца…

Хлёрыха не даказала, падумала і зьвярнулася да мужа з гэткай пропозыцыяй.

— А ўсё-ткі, Хлёр, запытай Васіля. Чаго-ж сароміцца: лепей хай праведае, што людзі брэшуць, каб ня было зьнячэўку. Хлопец дачуецца ад каго з боку і раззлуецца — тады яшчэ горай будзе…

— Нічога… Васілю ня можна ліха ведае чаго казаць. Навошта хлопца расстройваць… Ты таксама не заікайся, прашу.

Аднак, выказаўшы гэта, Хлёр хутка сам перадумаў. «А ўсё-ж жонка рацыю кажа: трэба на ўсякі выпадак пераняць Васіля. Пайду, нават сёньня пайду і так ці йначай уладжу гэта».

Аб сваім рашэньні паведаміў жонку і, павячэраўшы, пашоў да Тадосі.

Быў вечар. На вуліцы зьбіраліся начлежнікі. Хлёр сьпешнаю хадою перабег к братавай. У хаце яшчэ сьвяціўся агоньчык. Васіль з мацераю аб чымсі ўголас гутарылі. Гэта суцешыла Хлёра, які перш паглядзеў у акно, ўхмыльнуўся сам сабе і ціхаю ступою прашоў к дзьверам.

Тадося зьдзівілася Хлёраваму прыходу, але загаварыла гэта.

— Цяперака калі ні прыдзі, то ў нас работа, клопат, увіхі. Мала часу асталося да вясельля, і працы не абабрацца. Нясьціхана шнайдырым па хаце. Прасіць каго чужога неяк ня хочацца, а самым дык ёсьць над чым пакруціцца.

— Вядома. Чаго і казаць! Гэта-ж вясельле, не абы што.

— Так, вясельле. Мы ўвесь час з Васільком гаворым самі сабою; добра ўжо, што хаця яно неяк ціха і спакойна ладзіцца. Спачатку пашумелі: паспрачаліся то сям, то там, а зараз усе прыціхлі; і Зося ўгаманілася, і той жулік, пэўна, кінуў усякую надзею пашкодзіць Васілю. Вось адбыць вясельле і тады пачынайце жыцьцё, мае дзеткі.

Хлёр прысеў каля стала, выслухаў братавую.

Бачыў, што таго, з чым ён прышоў, тут ня чулі і ня ведаюць і, пэўна, спалохаюцца, калі ён паведае ім. Замаўчаць усё-ткі не перадумаў і рашыў пакіраваць гутарку так, каб самую перадачу зрабіць менш прыметнай, менш выразнай.

— А як у вас усё-ткі стаць справа? — запытаў Хлёр.

— Добра, Хлёрык, — пахвалілася Тадося: — амаль ня ўсё гатова; асталося яшчэ зварыць, сьпячы — то гэта мы ў пятніцу, у суботу зробім…

— Ну, а ў полі як у цябе, Васіль?

— Поле падганяю за ўсімі — не здаюся, дакошваю.

— Го, ён у мяне дбайны.

— Чаго-ж, добра, маладзец.

Васіля, як і яго мацеру, цікавіла вялікая прыгода ў іх сям’і, і тое, што гэтая прыгода супадае з экономічнымі інтарэсамі іх гаспадарства і што ўсё ідзе, як па масьле. Гэта цешыла іх абоіх, а што па-за гэтым — ня было ніякага дзела. Вось чаму і Тадося і Васіль адчувалі сябе задаволенымі і знаходзіліся ў добрым настроі. Ніякае падазронасьці, ні ўспаміну. Здавалася, каб хто пераконваў, што трэба яе мець, што ня ўсё бясьпечна, як ім думаецца, то і то-б ніводнае не паверыла-б.

— Ну, а што, бок, людзі кажуць аб нашым вясельлі? — да рэчы пацікавілася даведацца ад Хлёра Тадося.

— Нічога… Ды што прыслухоўвацца да людзкіх гутарак. Хай кажуць, каму язык сьвярбіць. Розныя ёсьць людзі…

— Так, вядома, цюцькаў многа; але махнуў пугаўём — дык і паадбягаюцца. А вернуцца, можна хвасянуць пугаю, — вывеў Васіль.

— Пэўна… Але, трэба сказаць, што ўсё-ткі ёсьцека адмысловыя брахуны. Вось хоць-бы ўзяць цяперака — пусьцілі плёткі на Зосю: «нібы яна з Нязвычнікам спала ды дзе…» Сёньня жонка мне паведаміла…

— Няўжо? — нагастрылася Тадося.

Васіль-жа нядбайна матнуў рукою:

— Брахня! Рыгорава справа.

— Пачакай!

— Аднак, Хлёр, убачыўшы, што Васіля паведанае ім ня зьдзівіла, пасьпяшыў астудзіць і цікавасьць братавае.

— Пэўна, брахня. Хто з разумных людзей гэтаму паверыць? Мне жонка сказала, дык я сплюнуў — і толькі.

— А мо’… Зося — пракідная дзяўчына…

Відаць было, што Тадося прыняла Хлёравы словы да сэрца, захапілася імі, бо хоць змаўчала, а ўсё-ж на твары яе застаўся адбітак яхідзтва. Так і чулася, што баба ў патрэбны час пачутае вылажыць перад Зосяю.

Хлёра, аднак, настрой братавай ня смуціў; ён быў пэвен, што ў кожным разе гэта не адаб’ецца на вясельлі.

— Людзям языкоў не павяжаш, — рашыў ён.

Тадося моўчкі згадзілася.

На гэтым заключылі і перашлі да вясельнай справы: Хлёр распытаў, каго Тадося думае запрасіць, апроч сваякоў, як і што зроблена Васілём для падарункаў Зосі і інш. Беражыха ахвотліва адказала Хлёру на ўсе пытаньні, расхваліўшы свой плян і свае намеры.

— Думаю, каб вясельле адыграць палюдзку, — старшыню, урадніка, нават бацюшку думаю запрасіць: ён так прыхільна адносіўся да Васіля. А шлюб ізноў думаю справіць багаты. Не калі-ж было — адно дзіця. Скупіцца няма чаго, — заключыла Тадося.

— Зразумелая рэч. Што-што, а вясельле трэба адзначыць добраю бяседаю. Тут скупошчаў, вядома, ніхто не падглядае, але і намёку на іх даваць ня трэба. А Зосі трэба зрабіць добры гасьцінец.

Васіль ухмыльнуўся здавальняюча і пахваліўся:

— Набралі машастовую сукенку і тонкія чаравікі. Хадзілі надоечы ўдваіх.

Нарэшце, Хлёр запрапанаваў некалькі практычных думак наконт таго, як вясьці вясельле, як пільнавацца парадку і каля першай гадзіны ночы пашоў да хаты.


VI

ВЯСЕЛЬЛЕ ВАСІЛЯ БЕРАГА з Зосяю Прыдатнаю сапраўды, нарабіла гоману; яно выглядала не малым здарэньнем для Сілцоў, тым болей для Сівулінскае вуліцы. Як і што да яго гатаваліся абедзьве палавіны, куды і зачым хадзілі Марта з Міколам ці Тадося з Хлёрам — усё да дробкі абгаварвалася дасужнымі жанкамі, да сапраўднага дадавалася шмат лішняга, гэтак што вакол маленькага замеру вырасталі вялікія лягенды, набухала цэлая гісторыя. Гэткім чынам узьнятая зацікаўленасьць да вясельля зрабіла тое, што ў суботу, на цырымоніі «пашыцьця вянка» да Прыдатных сабралася вялікая колькасьць моладзі з усяго мястэчка і добры лік старых людзей з Сівулінскае вуліцы. Далёка за поўнач гэта вуліца кішэла людзьмі, як рэдка бывала дагэтуль, шумела, гаманіла. Апошнія зыкі гамонкі засталі золак. Тым, хто мала цікавіўся вясельлем і сядзеў у хаце, нельга было спакойна заснуць. З гэткіх была Стэпа Нязвычніха; для яе вясельле ў Прыдатных было зусім не ўшманкі. Яна мела свой клопат і сваю цікавасьць: гэта Рыгор; ім Стэпа жыла, аб ім марыла.

Назаўтра таксама ўсе вясельныя цырымоніі, як хадзьба ў сваты з песьнямі і музыкаю, адвод перш маладое, а пасьля маладога да шлюбу і самы шлюб, прашлі між Стэпы. У яе галаве праз увесь дзень складаўся ды пераскладваўся зьмест пісьма, якое яна праглася хутчэй адпісаць Рыгору. Каб не вясельле, пэўна, прасіла-б яна Сёмку зрабіць ласку і напісаць сёньня, у нядзелю, калі вольны час і можна больш і спакайней падумаць. Вясельле перашкодзіла гэтаму і злавала Стэпу. Каб адцягнуцца ад яго вачмі і думкамі, яна доўгі час хадзіла па рынку, пасьля наведала Стаўбуноў і распытала аб іх Віктары; ня мінула, каб не пахваліцца, што яе Рыгор прыслаў надовечы пісьмо. Стаўбуны скардзіліся Стэпе, што Віктара перавялі з павету ў губэрню і што праз блізкі час мерыцца быць суд. Віктар пісаў бацьком, што дрэнна сябе адчувае ў астрозе, аднак, ад сваіх думак і настрою не адракаецца. Стэпа паспагадала Стаўбуном і вывела, што з іх хлопцам нічога ня зробіш — даводзіцца гадзіцца.

Варочаючыся дамоў, Стэпа стрэлася з Волькаю, якая была за дружку ў Зосі, і расказала Нязвычнісе, як прайшоў шлюб, які настрой валадаў Зосяю і што выявілася ў час шлюбу. Стэпа не паверыла ў Вольчыны намёкі і адказала:

— Ці-ж кожнаму можна верыць? Брэшуць!

Ня хочучы спрачацца з Стэпаю, Волька зрабіла выгляд, што згадзілася з ёю, і пацікавілася, што піша Рыгор.

— Добра, галубка, жыве паціху.

— Я чула, што нібыта мае сабе каханку. Куды яму да нас, мужычак.

— Кінь, Волька. Я думаю, калі і праўда, што мае знаёмую дзяўчыну, то ўсё-ж прасьцейшую за нашых дзяўчат. Нашым мяшчанкам Рыгор мой няцікавы: куды яму, бедняку, да гэткіх сынагогаў, як Прыдатныя! Бачыш, у нас усе гаспадары, а там, пэўна, напаткаў гэткую, як сам, работніцу якую ці майстрыху.

— Не кажэце, цётка, мы ўсе вельмі паважаем вашага Рыгора. Каб ведалі, як рады, што ён нам прысылае ўклоны. А як Зося была задаволена, калі ён і ей уклон прыслаў.

— Няўжо такі?! — задзівілася Стэпа.

Ёй зрабілася ўмільна на сэрцы, і Зося выпуклей прадстала яе выабражэньню.

— Так так!

— Цікава.

— Вось бачыце. А вы кажаце, што нам няцікавы ваш Рыгор.

— То-ж я не пра ўсіх: многім ён косткаю ў горле.

— Усіх не зраўняеш. Няма таго чалавека, каб усім быў добры. Што і казаць.

— Праўда, дачушка.

— Бачыце, каб не бацькі, можа-б мы Зосіна вясельле гулялі-б у вашай хаце.

Стэпа махнула рукою:

— Дзе нам, дачушка. Няхай ужо Рыгору іншае месца дасьць дзяўчыну. Ня суджана. Вось пажыве ў Рызе, сыдзецца з якою работніцаю, і таквеле. Нікому рупіць ня будзе. А тут, у Сілцох, бачыш, многім ён вялік. Абы прыехаў, — колькі наплятуць усяго, колькі памыяў выльлюць!

— Бывае…

Волька памкнулася вярнуцца ў гутарцы да Зосі, але стрымалася і толькі падумала: «Ня ведаеш, цётка, што цяпер кажуць на твайго сына».

Так, па першаму намёку Волькі Стэпа не дагадвалася, у чым сэнс. Але гэтым-жа вечарам ёй суседка Лявоніха пад сакрэтам паведала, у чым справа. Па мястэчку, як маланка, мігнула вестка, якая ў розных хварбах малявала Зосін праступак перад мужам. Знаходзіліся гэткія людзі, якім выгадна было пашыраць розную брахню, абы часаць языкі; іншыя ад злосьці на Прыдатных і Берагоў стараліся выкарыстаць выпадак і ад сябе выдумлялі ўсякія байкі. Як і што, у чым праўдзівасьць здарэньня — ніхто не дапытваўся: той казаў, што Зося папу не адказала нечага так, як трэба, другі перадаваў, нібы перад шлюбам нехта ліст падкінуў Васілю, у якім даносіў на Зосю, як на распусьніцу. А многія карміліся словамі Марцэлькі Цюркі, якая старанна паўсюджыла апавяданьне пра Лужкі ды пра свайго сынка.

Зразумела, што пачуць гэтыя навіны можна было кожнаму. І Лявоніха іх пачула разам з другімі. Пачула і перадала Стэпе.

— Няўжо ізноў мой сынок замуляў людзям вочы? — зласьліва запытала яна ў суседкі.

— Як бачыш.

— Ну і сьвет-жа! Знарок, сястрыца, знарок.

— Чаго добрага.

Стэпу занепакоіла гэта і перабіла думкі наконт пісьма. Яна расхвалявалася, расстроілася, ажно доўга сядзела бяздумна, безварушна. І толькі перад сном як-бы супакоілася крыху, цьвёрда рашыўшы: «Ці-ж можна на ўсё адгукацца сумам? Дурная я кабета! Мая дарога ў жыцьці адведзена мне».

Назаўтра здарэньні прынялі гастрэйшы зварот. Раніцою ў хаце Берагоў адыгралася цэлая трагэдыя між Зосяю і Тадосяй. Сьвякроў з агіднаю бессаромнасьцю слухала ўсю ноч пад дзьвярыма клеці, дзе спалі маладыя. А на золку дзіка накінулася на нявестку з лаянкаю ды сваркаю, грозіла на яе кулакамі, кляла, упікала сына, чаму ён паступіўся сваім імем і знатнасьцю для распусьніцы. Каля гадзіны часу вярцелася, як апараная, па хаце ды сенцах, шпурляла, куды зарве, розныя рэчы, стукала кулакамі па стале, хапалася за косы. Некая азьвярэласьць напала на кабету… Ледзьве супакоіў яе Хлёр, падасьпеўшы на лямант і крыкі…

Але «затушыць пажар» было ўжо позна: суседзі пасьпелі падслухаць Тадосіну лаянку і разьнесьці яе па вуліцы, па мястэчку. І хоць далейшае граньне вясельля адбывалася з надворнаю чыннасьцю, з паказным гонарам ды рызыкай — кожны, хто цікавіўся прыданымі або паходам у госьці да бацькоў маладое, падглядаў нутраную штучнасьць. Зося, хмурная, задуманая, хадзіла з апушчанымі вачмі. Беражыха — глядзела ведзьмаю; насупленай была Прыдатніха.

Учарашнія гурткі сілцоўцаў аднавіліся. На прызбах, па хатах перабіралі ўдоўж ды ўпоперак знатнае вясельле, спагадалі Зосі, успаміналі Рыгора, прадракалі маладым няцікавую будучыну. Многія выводзілі моралы наконт таго, што ў багатых заўсёды бывае няўладзіца ў гэткіх справах: бо грошы ды зямля граюць першую скрыпку, а маладыя — другую. Чаго лепшага было чакаць у даным выпадку? Рыгор больш усіх выйграў ад гэтых гутарак: яго хвалілі за прадугледжанасьць, за спрыт, з якім ён выскаўзнуў з непасрэднага абстрэлу, за стойкасьць ды сьмеласьць.

Аддавалі павіннае яму і таварышы. Вечарам гэтага дня сабраліся ў Сёмкі Пятрусь, Хірысон, Сроль і доўгі час гутарылі на гэту тэму.

— Не спадабалася, нябось, ні Берагом, ні Прыдатным, — казаў Сёмка зломысна.

— Яшчэ-б ды спадабацца! — дадаў Пятрусь, — вось няхай прыкусяць языкі. Ападзе ўвесь гонар пасьля гэтага.

— Зося маладзец! — прылучаўся Хірысон: — вось за гэта можна пахваліць. Сьмелая, прынамсі. Чаго там! Розныя цырымоніі спраўляць!

— А потым дзяўчына апала духам…

— Яшчэ-б сказаў! Абставіны гэткія, што наймацнейшы падасца. Скруцяць небараку — піснуць не пасьмее.

— Наконт гэтага — то дастанецца ад гэтага няхлюгі.

— Папалася…

Спусьціўшы некі час, хлопцы накіраваліся к Берагу.

Сёмка правёў іх жартоўным пажаданьнем папасьціся ў рукі Васілю і вярнуўся ў хату…

Калі Сёмка бразнуў клямкаю ў дзьверах, ззаду яго пазвалі:

— Сёмка!

— Я! Хто гэта?

— Я, Стэпа…

Сёмка адвярнуўся ад дзьвярэй.

— Пачакай, нябожа, — папрасіла Стэпа.

Падышла.

— Ці чуеш, сынок, што тут робіцца? Можа Рыгорка душою вінават, а гатовы зрабіць яго праступнікам. Як у бубен б’юць.

— Так. Мы, вось, таксама абгаварвалі гэта. Некаторыя з хлопцаў дык да таго зацікавіліся, што пашлі к Берагу. Ні пазаўчора, ні ўчора ня былі, а сёньня пашлі, каб хоць зірнуць на Зосю.

— Бедная Зося! — паспагадала Стэпа і тут-жа перамяніла голас:

— А ўчора я спаткалася з Волькаю, дык тая мне і кажа ўсё, а я нічагуткі не разумею. Толькі вечарам Лявоніха растлумачыла, у чым рэч… Папершае, думала я: заўсяголаў яны, нагавораць ды пакінуць, ажно ня тое — сёньня яшчэ больш гутаркі. Вядома, ведзьма — на ўсе Сілцы раскрычала. А там, можа, нідзе нічога… Ці-ж ня бывае, што не ў парадку часамі! Дык крымінал рабіць? Сьвятыя, ліха ім, чэсныя! І ўплялі бачыш, Рыгора…

— Нічога. Каб і быў Рыгор замешаны, дык…

— Ну, але-ж, Сёмачка! Нават у нашы часы здаралася, што вясельле пройдзе ня так, як трэба, а то цяпер… Сьвет, глядзі, перамяніўся; да дзіва, што дзяўчына — не анёл…

Стэпа матнула рукою, адкашлялася і запытала:

— Ну, а скажы, Сёмачка, ты калі думаеш Рыгорку ліст пісаць?

— Да, вось, к наступнай субоце. Трэба-ж пачакаць ды пачуць, як і што ўсё скончыцца. Бо ўжо ў пісьме трэба падрабязна апісаць.

— А я-б думала — заўсяголаў яно… Можа-б, на добры лад, ня варт было-б і засмучаць яго гэтым. Ня ведае — няхай-бы і ня ведаў. Як ты думаеш, сынок?

— Чаму не? Дарэмна. А яму што там? Пляваць. Прачытае і сплюне. Усё-ж пацікавіцца. Мне здаецца — на чужыне кожнай вестка з дому міла і прыемна.

— А то-ж, думаеш… Пішы, чаму-б ня так.

— Вось напішу аб гэтым; таксама пра Пятруся…

— А што пра Пятруся?

— Зьбіраецца ў Пецярбург…

— Ці маеш ты лад?

— Напэўна…

— Глядзі ты! Маладая натура… А чаму-ж бы яму ў Рыгу не паехаць?

— Вырашыў ехаць да Пецярбургу.

— Ага… Прабачай, што затрымала… бачу, што ты спаць хочаш. Дык ужо пішы, Сёмачка, разам — ад сябе і ад мяне. Я надыду да цябе на днях… Добра?

— Добра, цётка, добра…

На вуліцы пачуўся сьмех, які разьліўся сьледам за крэпка вымаўленым словам «Зося»… Сёмка прыслухаўся, але тупат Стэпы, якая, не разьвітаўшыся, пашла з двара, перашкодзіў разабраць голас. Ён адвярнуўся к дзьверам і ўспомніў Рыгора. Сьмех сярод зорнай ночы на ціхай вуліцы ўваскрасіў яму вобразы з нядаўняга мінулага, калі не аднораз здаралася варочацца яму гэткай, а то і пазьнейшай парою з гульні і чуць, як, разьвітаўшыся, ззаду Рыгор дапамінаў яму ўдагон той ці іншы эпізод, сьмяючыся зычным, прыемным сьмехам.

— Што ён цяпер, вось гэтымі днямі, робіць там? Што думае? Ці ўспамінаае тое, чаму я аддаўся ў даную хвіліну? Цікава!

Частка дзесятая

[правіць]


ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ



I

СПАТКАНЬНЕ З РЫГОРАМ у вастрозе асьвяжыла Наталю. З яе плеч як быццам-бы апала гара. Нэрвовасьць, навеяная трывогаю, неспакой прашлі; бліснула ружовая надзея, запляліся мары. Тыя дні, што чакала яна гэтага, абураная нявыразнасьцю бліжэйшых хвілін, доўгія марудныя дні забыліся. Адкуль узяліся лёгкасьць, уздым, размах. Праходзіла астрожны двор і чула сябе не бязродным стварэньнем, якое можна ў любую хвіліну схапіць у зьвярыныя кіцюры і заперці ў доўгую няволю, а здавалася Наталі, нібы яна варочаецца з поля, дзе адбылася вялікая бойка, а з тэй бойкі яна вышла пераможніцай, героем. Хмурны будынак астрогу, дзе сядзіць Рыгор, адкуль невядома, калі яго выпусьцяць, не выклікаў сабою ў Наталі боязі, ня будзіў жаднага пачуцьця сполаху. Яна прамінула варту, прашла ў вароты, як хадзіла з кватэры, з заводу, і апынулася на вуліцы адроджаная, прасякнутая натхненьнем. Выабражэньне яе малявала перажытае спатканьне, як вольную, бесклапотную гулянку. Ні трывожна-адрыўныя сказы гутаркі з Рыгорам, ні намёкі, ні нэрвовасьць, якую надавалі тоўстыя сьцены астрогу, вартаўнік-надзірацель, ні настрой Рыгора, які крапіўся, стараўся паказацца бадзёрым, а сапраўды заметна цяжыўся няволяю ды неакрэсьленасьцю свайго стану, нявыразнай будучынай — нішто не выглядала перад Наталяю ў сваёй рэальнасьці, нясуцешнай, прыкрай. Быццам-бы яна была ў Рыгора на кватэры і вярталася, каб у любы момант, у любую хвіліну пайсьці да яго назад, вольна, самохаць.

Наталя ішла вуліцаю, горда падняўшы голаў, поўная задзёру, самаўверанасьці; яе ўзрок гарэў агоньчыкам абуяўшае яе мужнасьці; у нутры накіпела хаценьне кінуцца насустрэч якому-колечы надзвычайнаму здарэньню, дзе-б можна было выявіць сваю адвагу, свой спрыт і сваю здатнасьць; падбівала на гострыя перажываньні, на ўздым, на бунт супроць усяго таго, што жыло ў вялікім каменным горадзе, сярод яго вуліц, за вокнамі суворых, маўклівых муроў. Джарало людзей, што цякло ёй насустрэч, стукатня калёс, крыкі паасобных гандляроў — нядбайна забывалася; быццам-бы нішто яе не датыркала…

Але, адышоўшыся кварталаў пяць ад астрогу, Наталя прыпомніла аб Рыгору: што ён робіць у даную хвіліну? Азірнулася назад, як-бы хочучы праверыць, ці ня ідзе часам ён удагонкі ёй? Вузкая разора вуліцы бегла ад яе кудысь далёка назад, а высокія муры хавалі прастор. Астрог загубіўся ў іх грамадах. Нават Наталя адразу ня выявіла сабе, у якім ён баку. Затое Рыгор, якога яна мэрам-бы згубіла ў вулічнай гушчы, занепакоіў яе. Зусім мімаволі, нечакана, да дзяўчыны вярнулася трывога за долю дарагога таварыша… Рэчаіснасьць разьбіла зданны настрой, штучнасьць хвілёвага ўздыму; яна, вось, ідзе вольная, куды хоча, а Рыгор астаўся там, за захілам хмурай вуліцы, за брамаю ў таўсьценнай сьцяне, за вартаю турэмнае команды. Рыгор у няволі. Вуліца шуміць, таемная ў кожнай сваёй рэчы і ў кожнай асобе людзкой і кіпучая ў спляценьні агульнага жыцьця, чужая жыцьцю кожнай ядынкі. Пэўна, пра Рыгора, пра яго стан ня ведала ні адна душа, ні адзін чалавек, з якім сустрэлася ды разымінулася Наталя. А гэтых адзінак прашло сотні ды сотні.

Яна агідна паківала галавою. Паспагадала, чаму яна ня ў моцы адразу-ж перайначыць размах і формы людзкога жыцьця?

Перадумаўшы ўдоўж ды ўпоперак вынікшыя перад ёю жыцьцёвыя супярэчнасьці Наталя тымчасам вышла к парку, абышла яго, не заходзячы, і параўнялася з будынкам пошты. І тут прыпомніла якраз просьбу Рыгора — напісаць яго мацеры пісьмо. Але яе азадачыла, як і што пісаць? Трэба-ж, каб старая там вызнала пра сына і не напалохался яго лёсам. Цяжкае заданьне злучыць дзьве гэтыя процілежнасьці! Атрымаецца ці адно, ці другое; або маці не праведае, што з Рыгорам, або, праведаўшы, дашчэнту перапужаецца… А не напісаць?..

Каб вырашыць пэўней і грунтоўней задачу, Наталя зашла ў парк, прысела на лаўцы і стала абмяркоўваць з усіх бакоў, як пагадзіць Рыгорава жаданьне з тымі вынікамі, якія яно прынясе. Меркавала, углыбілася. І чым больш выяўляла перад сабою розныя мажлівасьці, тым няпэўней рабілася сама… Прыходзіла да скутку, што гэта справа — нялёгкая, справа, над якою давядзецца добра падумаць, — адлажыла яе на некалькі дзён.

З гэтым рашэньнем паднялася з лаўкі, каб прайсьці паркам. Але, адвярнуўшыся направа, сустрэлася вачмі з убогаю мізэрнаю бабулькаю, якая задуменна клыпала на яе месца. У Наталі міжвольна напрасілася параўнаньне гэтае старое з Рыгораваю мацераю. «Пэўна, ходзіць і яна там па мястэчку, не выпускаючы з думак Рыгора. Як-бы была яна абрадавана яго пісьму!.. Трэба толькі ўявіць сабе яе пачуцьцё. Не! Мушу напісаць! Хоць ня ўсю праўду выясьніць, хоць не датыркаць Рыгоравага стану!» рашыла Наталя.

І сапраўднасьць, якая акружала яе, паднясла Наталіным думкам цёмныя вокны астрогу і пераплёты жалезных крат, і вузкі калідор, што выглядаў чорнаю цеснаю нарою, і Рыгора ў стане нявольніка, злоўленага арла. Шэраг сумных вобразаў працягнуўся ў даль наступных дзён. Каб адарвацца ад іх, Наталя абярнулася к імені Сёмкі. Таварыш, аб якім гаварыў ёй Рыгор добрымі словамі. «А каб ды яму напісаць. А ён там перадасьць мацеры»… Гэта аблягчала задачу, рабіла яе прасьцейшаю. «Так напішу пісьмо да Сёмкі; перайму яго, каб не адкрываўся мацеры. Падкрашу надзеяй на скорае звальненьне Рыгора… А ён там… няўжо ён ня зможа зрабіць гладка і добра? Пайду, вось, зараз цяпер, вось, і сяду за пісаньне. Бо што будзе заўтра — няведама».

Пасьпяшаючы, вышла Наталя з парку і пашла направа. Але, ступіўшы пару разоў, яна пачула ззаду сябе вокліч:

— Наталя Хлёраўна!

Было нечакана, і Наталя як-бы сумелася; хутка павярнулася і ўгледзела чалавека, які ў першы момант паказаўся ёй незнаёмым. Хацела запытаць яго, у чым справа, пасьля дагадалася па рысах твару, што недзе бачыла, і на даўгад пацікавілася:

— Ці не спатыкаліся мы з вамі?

— Я — Ермалай Куваш… Бачыліся з вамі некалькі разоў; апошні раз у Артура, на Задзьвіньні, помніце?

Наталя працягнула руку.

— Цяпер ясна; так, так — сустракалася з вамі.

— Адкуль вы і куды, Наталя Хлёраўна?

— А як-бы вам сказаць… Дамоў…

— Дамоў? Я якраз перайму вас. Ведаеце, быў у вас дома — знарок; і цяпер зусім выпадкова сустрэў…

— У мяне былі дома?

— Так, так.

— А як-жа вы праведалі мой адрас?

— Вы мне сказалі; забылі, пэўне?

Абое адступіліся к боку панэлі.

— А навошта я вам?

Ермалай агледзеўся вакола і цішэйшым голасам сказаў:

— Сёньня надзвычайная раённая сходка ўпоўнамоцных ад заводаў і фабрык… Вы павінны быць абавязкова. Цэлы рад важнейшых пытаньняў…

Наталя задумалася, рашаючы, як быць.

— Часу ня маю, ведаеце. Сьпяшу дамоў па важнай справе.

— Гэта важней усяго. Тут насьпяваюць новыя здарэньні, якія гатовы выліцца…

— Што так раптоўна?

— Так-так… Пойдзем абавязкова; усё іншае пасьля вырашыце. Хадзем…

Наталя болей не спрачалася.

Яны кранулі ў працілежны бок, абмінаючы парк.

Некалькі прагону прашлі моўчкі. Наталі рупела пісьмо і яна натужна раздумоўвала, як і што ёй прыдзецца зрабіць. «Хаця-б не зацягнулася гэта сходка», думала сабе і меркавала так, што калі яна і скончыцца рана, то ўсё роўна займе шмат часу. Плян так ці іначай мяняўся, а гэта не здаволіла Наталю.

— Адкуль-жа, усё-ткі, вы ішлі? — пацікавіўся Ермалай, каб прагнаць няёмкасьць ад маўчанкі.

Наталя адарвалася ад думак і з лёгкаю пахвальбою адказала:

— Была ў гасьцях, ды дужа ў паважных…

Зацікавіла Ермалая.

— У каго?

— Не ўгадаеце ніколі…

— Скажэце.

— Была на спатканьні з Рыгорам.

— Ласьне?

— Але, але… Колькі каштавала сілы! Усё-ж дастукалася і прашла.

— Цікава, праўда. Не дагадаўся-б ні за што. Ну і што? Як ён сябе адчувае?

— З выгляду — бадзёрыцца… Думае, што нядоўга трымацьмуць… Цікавіцца, як і што ў організацыі… Прасіў напісаць ліст таварышу на радзіму. Загэтым, прызнацца, я і сьпяшыла.

— Пасьпееце гэта зрабіць…

— Хто яго ведае.

— Чаму такая няўверанасьць?

— А вы ўвераны за сябе?

— Пэўна.

— Не кажэце…

Гутарачы, яны прашлі некалькі вуліц, пасьля апынуліся ў нейкім вузкім крывым перавулку…

На дварэ зьмяркала, і высокія муры засланялі апошнія праменьні сонца; хмуры выгляд сьцен, галеча, бязьлюдзьдзе. Наталя зацікавілася, куды і што яны зашлі.

— Мы абыходзім простую дарогу і зараз выйдзем да месца. Вось-вось завернем налева…

З Дзьвіны нясло халадком…

Праз пяць хвілін яны былі на месцы.


II

А Ў ГЭТЫ ЧАС Рыгор жыў непасрэдным уражаньнем ад спатканьня з Наталяю. Пасьля расстаньня з ёю, толькі схавалася яе постаць з вачэй, ён быў адданы задзіўленьню, як і што Наталя ўладзіла наведы і чаму ёй надало ахвоты ставіць сябе ў падазронасьць. Стараньні пабачыцца з ім, Рыгор ведаў, нялёгка дасталіся Наталі. Было ўсякае гутаркі, розных запытаньняў; паглядалі на дзяўчыну дапытлівыя вочы барбосаў, і не адна рыса Наталі адбілася ў іх ваччу — на ўсякі выпадак. Гэта ёй ня суліла нічога добрага… Але, побач, вынікала іншая дагадка: а можа, часам, адміністрацыя ня так ужо сур’ёзна глядзіць на яго справу, што вольна прапусьціла к яму Наталю. Бо’ трымай яго поліцыя, як вялікага праступніка, бязумоўна, ужывала-б яна іншыя рады… Як-ні-як, а бываньне ў яго Наталі было дзіўным і дагадлівым. Самую-ж Наталю яе паступак паставіў надзвычайна высока ў Рыгоравым ваччу. Ён не знаходзіў у сабе належнае аддзякі за дзяўчыніну ўвагу, і проста, як дзіця, цешыўся яе пачуцьцю таварыскасьці і сяброўства. Заключаў, што Наталя сапраўды мае шчырую душу і спагадлівае сэрца і, пэўна, яго істота знашла ў ёй цёплае месца. І нявыказна, магнэтнаю сілаю цягнула яго к ёй; рознастайныя вобразы яе не адыходзілі ад Рыгора. Поза, у якой Наталя стаяла на спатканьні, рысы яе твару, узрок вачэй, драбнейшыя рухі галавы, губ, веек — асталіся ў яго выабражэньні. Нейкая чароўная істужка з пачуцьця і думак Рыгора пацягнулася ўсьлед Наталі, а нагостранае выабражэньне вышуквала далейшыя ігры ў яе рухах, узроку і нават у думках. Хвіліна ад-хвіліны, калі ён усядаўся адным, не патураючы на ўсё, што вакол рабілася, і заплюшчваў вочы, сьцены астрогу зьнікалі; адчынялася бязьмежная гала, шырокі прастор, зелень, дрэвы і мора… Пры беразе, над яго хвалямі — Наталя з ім, жвавая, рэзвая, вёрткая, як вавёрка, як стрэлка… Сонца аблівае іх касьнікамі променю, вольнае паветра студзіць лёгкім повеем…

Таварышы аддавалі павіннае яго настрою: ні адзін не чапаў Рыгора. Толькі паважна, няпрыметна кідалі на яго кароткімі ўзрокамі зноў варочаліся да сваіх клапот ці гутарак. Толькі на змроку, калі вось-вось мусіў заблішчэць агонь электрыкі, Рыгор не сьцярпеў, каб не паспавядацца суседу.

— Як-то яно бывае так, што адзін дробны выпадак робіць цэлую рэволюцыю ў тваім жыцьці. Бачыце: прышла на спатканьне знаёмая дзяўчына, — таварышы пагутарылі са мной аб сім, аб тым і быццам заваражыла. Усе думкі, усё пачуцьцё прыцягнула да сябе…

Суседу Рыгоравы словы паказаліся звычайнаю рэччу:

— Таварыш, — адказаў ён: — не забывай, што мы ў астрозе, папершае, а падругое, прышла дзяўчына. Прышла дзяўчына, ды, пэўна, блізкая, а можа яшчэ… Ну, мала што бывае… У нашу прозу ўразаецца часамі сьветлы промень прыгожасьці, і тады мы ажываем…

— Так, — перабіў Рыгор таварыша, — праўду вы кажаце: — мы ажываем. Я, прызнаюся, цэлы дзень жыў, як апушчаны ў нірвану… Гэткія шчасныя хвіліны апутвалі маю істоту. Падумайце: жыцьцё вымушае чалавека яму карыцца. Якімі-б мы ні былі моцнымі, колькі-б ні выкладалі сілы на змаганьне з ім, усё-ж такі дагэтуль мы астаемся пераможанымі…

— Гэта цяпер, — не згадзіўся таварыш: — калі мы сядзімо тут вось, у гэтых сьценах… А выпусьці нас зараз-жа, у гэту вось хвіліну, з астрогу, як мы зноў паднімемся над жыцьцём… Рабочая кляса мае непераможную прагу да змаганьня. Ты думаеш, што сьвет канчаецца вось гэтым нашым станам, хоць-бы жыцьцём нашым?.. Справа, з-за якіх мы сядзімо тут, — гэта наш бальзам…

— Табато і то… гэтым мы жывём… а ўсё іншае…

Рыгор перарваў думку і вярнуўся да Наталі.

— І дзяўчына, што да мяне наведвалася сёньня, таксама жыве тым, каб як найбольш здабыць гэтага бальзаму… Ведаеш, сябра, што за дзяўчына! Мучылася за грамаду, цярпела і цяпер — хоць у агонь. Пасудзі сам — дашла ў астрог. А ў забастоўцы, думаеш, астанецца ззаду? Не на яе было! Заўсёды ўперадзе пойдзе.

— А дзе яна працуе?

— На заводзе «Праваднік». Чорнарабочая… Сірата, без бацькоў, пры бедным дзядзьку…

Рыгор перш мерыўся апісваць постаць Наталі, а пасьля хапіўся, перадумаў і рашыў, што гэта крыху сантымэнтальна.

Ззаду бліснула электрыка.

«Дзе-ж Наталя?»

А ў гэты час Наталя зьявілася на сход. Прышоўшы з Ермалаем трэцімі, яны доўга прачакалі другіх. Толькі аб адзінаццатай распачаўся сход і зацягнуўся на цэлых тры тадзіны з лішкам.

Ажно к палове трэцяй Наталя вярнулася дамоў. На дварэ днела; шэрае сьвятло прабівалася ў яе пакой праз шчыльную суравую хвіранку. Аставалася спаць да паложанага тэрміну каля чатырох гадзін, Наталя перш думала аддаць гэты тэрмін на пісаньне пісьма; ужо нават дастала з шуфлядкі паперу і конвэрт і пачала шукаць чарніла. Якраз яго не знашлося пад рукамі, і гэта паперашкодзіла ёй заняцца пісьмом. Тады яна разьдзелася і ўляглася спаць.

Перажыты дзень адбіўся на ёй цяжкай утомай. Наталя ў некалькі хвілін заснула моцным сном і не агледзелася, як дзядзіна пачала катурхаць а сёмай гадзіне раніцы. Адчуваючы недаспаласьць, яна звычайным чынам управілася ня болей, як хвілін у дваццаць, і бяз чвэрткі восьмай вышла з хаты.

Цэлы дзень, не супыняючыся і на трошкі, яна прахадзіла па горадзе, наведваючы таварышоў, аб’яжджаючы фабрычныя раёны. Забыла прыйсьці паабедаць. Чула вялікую ўтому, як, звычайна, прышоўшы з работы. Але, вярнуўшыся на кватэру, занядбала ўсё, і нават вячэру, ды села за пісаньне.

— Хай-бы ты паабедала перш. Чуеш, Наталя? — перабіла яе дзядзіна.

— Толькі спраўлю пільную работу.

— Дык абед астыне.

— Нічога, халодны зьем.

— Чаму ты ўсё не палюдзку?

Наталя не дачула і змаўчала. Дзядзіна нездавольна крутнула галавою.

— Такі то-ж прысьпела так, што і яды адцурваецца, — прамовіла яна, адыходзячы ад Наталі.

Але Наталя ня заўважыла нават, аддаўшыся пісьму. Цэлая эпопэя, жывая, багатая, лунала над ёю, захапляючы дзяўчыну цалком.


III

САДЗІЛАСЯ ПІСАЦЬ, то думала, поўгадзінкі часу — і скончыць. А пачала пісаць — ня бачыла канца! Хацелася нічога не прапусьціць, не забыцца, думалася, каб пісьмо вышла складным і далікатным — пісала-ж Рыгораваму таварышу. І яна, пачаўшы ад непасрэдных здарэньняў з Рыгорам, чапіла на працягу пяці старонак амаль ня ўсіх момантаў з гісторыі іх знаёмства. Стрэчы на сходзе ў Артура, уражаньне ад гэтага, першыя гутаркі з Рыгорам, а далей характар яго ды нораў, свае думкі аб ім; і толькі ў канцы вывела, з якой мэтаю яна піша Сёмку ліст і што Сёмка павінен заключыць з яго. «Хай ужо, як будзе!» заключыла Наталя і тут-жа рашыла аднясьці яго ў паштовую скрынку. Забыла, што не наклеіла маркі, што гэтае маркі нават ня мае пры сабе. Адзелася і павярнула да дзьвярэй. Дзядзіна супыніла.

— Куды ты, не вячэраўшы! Ці ты маеш лад, Наталя?

Тая азірнулася.

— Вячэра сапсуецца дарэшты. Што табе так пільна прысьпела…

— Я зараз, пяць хвілін…

Дзядзіна зазлавала.

— Ніколі, як у людзей…

Наталя паслухала і спынілася. Але не захацела скідаць хусткі, а прысела к сталу ды пасьпешна, не разьбіраючыся ў ядзе, стала вячэраць замест абеду.

Дзядзька, дагэтуль маўчаўшы, заняты чытаньнем газэты, раптам адазваўся да ўсіх:

— Ідуць нясупынныя арышты; арыштавалі ўчора ноччу дзесяцёх чалавек з чыгуначных майстэрань… Арудуе поліцыя… Будзе і нашым… Ліха іх бяры, ня трэба было на гэты раз пачынаць забастоўкі… Усё роўна справы не паправім…

Наталя не сьцярпела: кінуўшы лыжку на стол, яна гостра адказала дзядзьку:

— Ім таго і хочацца… Маўчаць ды адкладваць — лягчэй усяго. Але ці пасобіць гэта нам? Нашу дабрату ні фабрыканты, ні поліцыя дорага ня цэняць…

— А ты вельмі гарачая… Што-ж, на ражон лезьці?

— Як трэба, то трэба…

— Выйграеш гэтым!

— Больш, як пакораю ды паслухмянствам.

— Відаць!..

Ён паглядзеў на газэту, павадзіў па слупкох вачыма і праз хвіліну трывожна праказаў:

— Вось, глядзі: «Нарада фабрыкантаў пастанавіла абвясьціць лёкаут. У першую чаргу…»

Ён прыглядзеўся і ўжо спалохана дадаў:

— Ёсьць ужо… Во, во, во… «У першую чаргу будзе зачынены паравозабудаўнічы завод і фабрыка… «Праваднік»…

Наталя не чакала.

— Сапраўды?

— Вось табе і сапраўды.

Яна стала думаць, вяла жуючы хлеб.

— Палохаюць, ня болей.

— Зачыняць на лета, а ты…

Дзядзька занэрваваўся, устаў з крэсла і пачаў тупаць па пакоі, размахваючы рукою.

— Паганцы, крывапіўцы; заморам хочуць браць. Юдашы.

Абярнуўся з упікамі да нябогі:

— А ты яшчэ храбрышся! На вуліцу…

Мэрам-бы Наталя была вінаватаю…

— На вуліцу, — пераказала яна і хапілася за думку: тут храбрасьцю дзядзькі ня зьбіць. Факты, а што перад імі словы? «А і сапраўды, што будзе, калі раптам лёкаут?» засумнілася. І мігам прапусьціла ў галаве некалькі няпэўных, павярхоўных намераў ды плянаў, як і што яна рабіцьме, калі зачыніцца фабрыка. Тое, што ў газэце дзядзька ня вычытаў тэрміну, у які пачнецца лёкаут, не загострывала патрэбы дэтальней спыняцца на мігнуўшых перад ёю думках. Аднак намер, у выпадку чаго, паехаць з Рыгі да Рыгоравай мацеры ў Сілцы і там застацца швачкай, заінтрыгаваў Наталю. Цягнучы гутарку з дзядзькам, яна меркавала, як лепей павярнуць будзе гэту справу. Нават знашлося жаданьне асьвядоміць аб гэтым Рыгора і напісаць у лісьце да Сёмкі. Апошняе да таго зарупела, што Наталя тут-жа ўстала з-за стала, выняла з кішэні ўжо прымяты конвэрт ды намерылася яго адчыніць.

— Нойдзем выйсьце… — не дарэчы вымавіла яна.

І хацела намякнуць на адшуканы плян, як раптам пачуўся гучны званок.

Яна пісьмо апусьціла назад у кішэню.

У кватэры ўсе замоўклі.

Праз хвіліну званок паўтарыўся.

Дзядзька падышоў да дзьвярэй, хочучы запытаць, хто там; але не пасьпеў разьняць губ, як званок затарашчэў зноў і з-за дзьвярэй пачуўся патрабавальны голас:

— Адпіра-йце-э, тэлегра-ама!

Дзядзька павярнуў ключ; дзьверы з сілаю падаліся к яму, стукнуўшы па нагах, якіх ён не пасьпеў адняць. І тут-жа перад ім вырасла фігура здаравеннага мужчыны.

— Тут жыве Кузьма Чмель?

— Тут, — у поўголас адказаў Наталін дзядзька.

— Дзе ён?

— Я буду…

У гэты момант у кватэру ўвайшло чэцьвера асоб, а пятая, гарадавы, застаўся за дзьвярыма.

Здаравенны мужчына паведаміў:

— Мы прышлі ператрасьці вас.

Кузьма нічога не адказаў. Тады здаравенны мужчына знакам падазваў да сябе крайняга з увашоўшых і паставіў яго каля Кузьмы, а другіх дваіх паслаў трасьці ў сталовай ды спальні. Сам зашоў на кухню, абгледзеў вакола, пераставіў пасуду, адчыніў пліту і, нічога не знайшоўшы, падышоў да Кузьмы. Праз некалькі хвілін кончылі справу і другія двое.

— Пасьпяшылі захаваць, — выказаў здаравенны. — Ну, добра. Нам ня гэта важна. Скажэце, Чмель, у вас ёсьць кватарантка.

— Ёсьць, — адказаў Кузьма.

— Яе імя?

— Наталя!

— У дому?

Кузьма замяўся. Але ня было іншае рады, як прызнацца, — тым болей, што ўжо другіх двое ўпарта глядзелі ў адчыненыя дзьверы кухні, дзе сядзела Наталя.

— Дома, — адказаў Кузьма: — яна вам трэба?

— Я сама. Чым магу быць карыснаю?

Наталя вышла з кухні і горда стала перад гасьцямі.

— Начальнік жандарскага ўпраўленьня просіць да яго… Адзявайцеся, будзьце ласкавы.

Наталя ня зразу рушыла з месца, акінуўшы ўсьцяж траіх «гасьцёў» пільным узрокам. Яе не падганялі. Выстраіўшыся гуськом, усе чэцьвера ня зводзілі з яе вачэй, лісьліва ўхмыляючыся.

Некалькі хвілін усе маўчалі напружанай маўчанкаю.

Дзядзіна прыметна хвалявалася. Наталя заўважыла гэта і, каб разьбіць гэты настрой, пашла з праводамі госьця ў сваю каморку, адзелася і сьмела заявіла:

— Можам ісьці!

Словы ня змоўклі, як стукнулі дзьверы, і Наталя, акружаная «гасьцямі», вышла з хаты.

На сходах ужо яна хапілася, што забыла зьнішчыць пісьмо, якое тут-жа, пры ёй. «Як быць з гэтым?» кальнула думка.

І дзесяткі плянаў завярцеліся ў яе галаве.


IV

НАТАЛЯ НЕ АДНА ПАПАЛА ў рукі поліцыі: у той вечар па ўсім горадзе пракацілася хваля вобыскаў ды арыштаў, у рабочым раёне была зроблена сапраўдная аблава. Поліцыя, выходзячы з сябе, старалася напасьці на сьлед організацыі соцыял-дэмократаў, якая фактычна кіравала ўсімі забастоўкамі, абвяшчаючы гэта ў разьлепленых ды раскіданых у горадзе проклямацыях. Праца поліцыі цягнулася ўсю ноч, кончыўшыся перад днём. Было заарыштавана звыш сотні чалавек. Часткаю іх рассадзілі часова па вучастках, а чалавек сорак адагналі ў астрог. Наталя папала з апошнімі.

Ёсьць вядома, што гэткі лік сьвежых жыхароў астрогу ня мог арыштаванымі сустрэцца спакойна. Гэта выразна сьведчыла аб новай перамозе поліцыі і ўраду над узбуранымі рабочымі. Насельніцтва астрогу моцна занепакоілася, пашлі гутаркі, запытаньні, абгаворы таго стану, які ў скутку гэтага склаўся. Многія даводзілі аб слабасьці дысцыпліны сярод рабочых, іншыя наракалі на іх нерашучасьць. Думкі Рыгора, аб якіх ён казаў на вядомай нарадзе перад пачаткам шырокае забастоўкі, пераказваліся амаль ня ўсімі таварышамі з яго камэры. Больш другіх гукаў Ромусь, ён упікаў многіх, і асабліва Міхася Камара, за іх мяккасьць. Зломысна пераказваў раз-по-разу: «Няхай цяпер цацкаюцца са сваёю тактыкаю. Няхай глядзяць на плён свае працы».

Рыгор падказваў таварышу, задаволены яго настроем, але ў нутры адчуваў, як сэрца зьніжала размах. Як-ніяк, спадзевы меншалі, прытухалі. Каб трымацца іх, трэ’ было болей натужваць сілу волі, а яна, гэта сіла волі, пасьпела падтачыцца за часы астрожнага жыцьця. Праўда, часу пакуль мінула небагата, але натура Рыгора — каразьлівая, успрымальная натура — была не прызвычаена да астрожных абставін. Занадта раптоўна гэтыя абставіны ўрэзаліся ў яго жыцьцё, якраз тады, калі яго істота сама што гартавалася ў полымі змаганьня.

Мо’-б яшчэ ня так прыкра было, каб Наталя не напомніла аб сабе. А то гэтак сьвежа ўражаньне ад спатканьня з ёю! Толькі-толькі першыя павуцінкі забыцьця каўзанулі над памяцьцю — вера-ж ў хуткую стрэчу яшчэ гарэла. А цяпер?

Перад Рыгорам, толькі ў іх камэру ўпусьцілі дваіх сьвежых арыштаваных, бліснула цікава-настарожанае пытаньне: ці не папала разам і Наталя? Ён хацеў зразу распытаць пра гэта, але неяк загутарыўся аб іншым, і толькі праз гадзіну, п’ючы гарбату, абярнуўся да сьвежага таварыша з запытаньнем:

— Ці ня чулі аб Наталі Чмель з фабрыкі «Праваднік»?

Таварыш падумаў.

— Якая яна сабою?

— Сярэдняга росту, брунэтка!

— Як быццам-бы мігнулася паміж, калі нас прывялі ў турэмную кантору… Ці то перад уваходам… Быццам-бы ўпэўнена не скажу.

Яшчэ падумаў і праз хвіліну ўверана сказаў:

— Так, бачыў. Яна — стройная, у шэрым жукеце…

Для Рыгора было ўсё ясна, ён ужо не хацеў распытваць падрабязна. Наталя! І перад ім згрудзілася ў адно і пісьмо да мацеры, і рэчы, аб якіх прасіў, каб Наталя забрала, і рэгулярныя весткі з волі, якія меўся атрымоўваць праз яе, і чародныя спатканьні з ёю. Пляны гэтыя пераблыталіся, зьмяшаліся, спанталыжылі яго. Рыгор то падтрымоўваў гутарку з таварышамі на агульныя тэмы, а то адышоў ад яе, замоўк і аддаўся раздумам. Ажно ўсім кінулася ў вочы.

— Аб чым ты сумуеш горай усіх? — пацікавіўся Ромусь.

— Ёсьць прычына… Ці-ж ня чуў?

— Якая?

— Наталя, брат, таксама папалася.

— Дык аб гэтым?

Рыгор пацяў плячыма.

— Ня тое, каб аб ёй самой, але, ведаеш, разьбіліся пляны. Мацеры колькі часу ня пісана, — тая гіне ад невядомасьці аба мне, адна, бяз грошай, старая… Далей… Усё-ж, ня тое, як-бы на волі Наталя заставалася. Зразумела… Ну але… Вось як-бы зьвязацца з ёю?

Ромусю паказалася гэта простаю рэччу.

— Гэта ўладзім.

— Разумееш, пісьмо ці пасьпела напісаць — вось цікава.

— А ўжо тады разьведаеш…

Ромусь адышоў ад Рыгора, а той яшчэ доўга бавіўся над вырашэньнем розных пытаньняў, якія былі зьвязаны з арыштам Наталі.

На прагулцы Рыгор цэлых дваццаць хвілін раскідаў узрокамі па двары астрогу, заглядаючы ў бок яго кабечае палавіны. Прыкмячаў некія незнаёмыя твары — разабраць было нельга: глядзеў вартаўнічы. Плянаваў, як і што ды калі выпадзе тая мажлівасьць перакінуцца з Наталяю словам-другім. Падышло жаданьне, каб хаця яна была тут, у вастрозе, а ня ў іншым месцы. Але прагулка кончылася, і Рыгор нічога ня мог праведаць пра Наталю. Тады яму асталося адно — чакаць абеду, авось прыдуць сякія-такія весткі аб ёй. На гэтым крыху супакоіўся.

Час, які аддзяляў прагулку ад абеду, прашоў незаўважна. Рыгор увязаўся ў новую гутарку з таварышамі і дашоў да самага гострага пытаньня, калі пастукалі ў дзьверы камэры. Ён першым падбег да аконца, каб паглядзець, які з надзірацеляў прынёс абед. Угледзеў — як заўжды, той, што кожны раз прыносіў гэтым днём. Абнадзеіўся. Не адыходзячы, пастаяў каля дзьвярэй, пакуль большасьць таварышаў атрымала абед. Затым падышоў сам і запытаў у надзірацеля:

— Ці няма мне чаго-колечы з волі?

Надзірацель прывычным спосабам перадаў пакецік у знаёмай паперы. Рыгор прасунуў руку, дастаў яго ад надзірацеля і, забыўшыся пра яду, разьвярнуў. Між іншымі гасьцінцамі ляжалі запіска і пісьмо. Узрадаваўся, не прыглядаючыся да характару, і хутчэй-жа прыняўся чытаць.

«Даражэнькі Рыгор! Выбачай, што я гэтак доўга не давала аб сабе ніякае весткі… Ты, пэўна, думаў, што я выпадкам сустрэлася і выпадкам згінула з твайго вокагляду».

«У чым справа?» пацікавіўся Рыгор, заінтрыгаваны першымі словамі пісьма.

Не сьцярпеў і пашукаў подпісу.

Стаяла —

«Ганна».

«Ганна!» настаражыўся ён. І з некай надзвычайнай цікавасьцю, з захапленьнем пачаў чытаць, ізноў спачатку, слова ў слова. Не адгінаючыся, прачытаў раз, пасьля другі, усё не даводзячы сабе ясна, як і што гэта магло стацца…

«Даведалася, што з табою зрабілася бяда і, паверыш, тры дні не магла прыйсьці ў сябе, супакоіцца. Патраціла колькі сілы і стараньняў, пакуль змагла знайсьці ходы, каб перадаць табе гэты лісток. Ня ведаю, ці пападзе ён табе, хоць і пэўная асоба ўзялася зрабіць гэта… Скажу, што цяпер я адна, маці мая памёрла. Хоць наша спатканьне балюча адбілася і на мне і на маёй нябожчыцы мацеры, але… Ох, як-бы рада была з табою ўгдедзецца! Ці маеш надзею? Адрас стары»…

Прачытаў і даўгі час пісьмо трымаў у руках, прыслухоўваўся да нечага асаблівага, на што ў акольных абставінах ня было жаднага намёку.

А перад вачыма няслося кіноматографічнаю стужкаю ў бясконцых варыяцыях: Сілцы, маці, Ліцк, Сёмка, Ганна, Рыга, Зося, Наталя. Адно другое пераганяла, мяшалася, зьлівалася, драбілася, нікла на момант, пасьля паўставала — радаснае, бесклапотнае, рэзвае, пяючае.

— Чуеш, Рыгор! — перабіў яго Ромусь: — яда астыла. Еж хутчэй, пакінь думаць. — І тут-жа сур’ёзна дабавіў: — Пашлі чуткі, што нас з табою маюцца выслаць у тваю губэрню пад надзор поліцыі.

— Хто сказаў?

— Нашы гавораць!

— Няўжо?

І Рыгор прыняўся абедаць.

А Ганна ня выходзіла з думак.


V

ВЯСЕЛЬЛЕ ў Берагоў-Прыдатных скончылася на чацьверты дзень вечарам. Як вадзілася ў Сілцох, яно было запіта півам, ды добра запіта. З палудня да гадзіны дзесятае ходырам хадзіла Пінява карчма. Скокі і песьні, пацалункі і абяцанкі, пахвальба і зьневажаньне — нямоўчна напаўнялі пракіслую гэтым трункам карчомку. Не падавалася ніякага выгляду на тое, якое здарэньне справодзіла на другі дзень вясельле. Запіваўся звычай, па якім уваходзіла маладая ў мужавую сям’ю работніцаю і сем’янінам, прывязаным крэпка і шчыльна. Сваты і свахі дарылі адны другіх рознымі пажаданьнямі; зычылі маладым доўгага і шчаснага жыцьця. Нельга было знадворку ў гэтым вясельлі прагледзець нічога такога, што-б вяшчала тыя ці іншыя шурпатасьці ў будучым жыцьці маладых. Нават, здавалася, і Зося адкінула ад сябе хмурыя раздумы ды больш рэзва глядзела на рэчы. Перагаварвалася з Волькаю, з Гэляю, паказвала пальцам на мацярок ды на вясёлага, захопленага ігрышчам Васіля…

Аднак, ужо назаўтра, калі новы дзень устаў перад Зосяю ў звыклай сваёй будзёншчыне, яна пачула сябе сьціснутаю. Трэба было пачынаць новае жыцьцё, у новых абставінах, з людзьмі, да якіх далёка яшчэ ня прывыкла да гэтага часу. Гаспадарка мужа, як кожная гаспадарка ў часы жніва, вымагала да сябе ўвагі, працы. Нельга было раздумваць ды прыглядацца. Зося ведала гэта. Але тупала па хаце, нясьмела пазіраючы ў куты і ня ведаючы, за вошта і як узяцца. Тым болей, што Тадося, сьвякроў, хапалася за ўсё сама: і ў печы паліла, і цяляці траву выбягала падкідаць, і давала распараджэньні Васілю. На нявестку-ж, ці сумысьня, ці з нядбаласьці, мэрам-бы не патурала; хоць нельга было ня прымеціць, як колкія ўзрокі старое накіроўваліся на Зосю ды ганяліся за ёю, куды яна тупала.

Гэтак мінуў дзень, другі, трэці. У хаце Берагоў адчувалася нейкая нацягнутасьць. Тадося не падавалася на размову, як-бы знарок вытрымоўваючы сур’ёзны нораў сапраўднае сьвякрові. Васіль чамусьці маўчаў таксама, мэрам-бы адчуваючы якуюсьці няёмкасьць ні-то за мацеру, ні-то за самае вясельле. Зося старалася абмінуць гэта тым, што выходзіла з хаты, ці ў траву ідучы, ці адносячы да каваля сярпы ў точку, ці забягаючы да сваіх бацькоў. Вечарамі надыходзіла Марта ў даведкі, і ўжо гэтым паднімала тую ці іншую рознастайнасьць настрою. У гэтыя хвіліны Зося разьвязвала язык, умешвалася ў гутарку мацярок, але пільна адводзіла кожнае слова, калі яно хілілася крануць іх, Зосі з Васілём, сямейнага жыцьця. Яна адчувала і прадбачыла, што ўсякая неасьцярога запляцецца сьвякроўю ў лычка і пасьля разбэрсаецца ў Зосін бок.

А што Тадося заплятала лычкі, відаць было ўсім, найлепш самой Зосі. Так і чулася ў хаце — старая нясупынна намякала на сваю волю ды на сваё кіраўніцтва і верхаводзтва; кожны паварот, кожны намёк ці ківок галавы — Зося дзень за днём ляпей падмячала — казалі за гэта. Можна было і трэба было чакаць ад Тадосі прызнаньня ў гэтым. Муха-заваруха — і бура ў хаце.

На пяты дзень, аўторкам, гэты выпадак здарыўся. У абед, надало ліха, якраз на кладцы праз рэчку, блізка Берагавай хаты, схапіцца Зосінаму бацьку з Марцэлькаю Цюткаю: як прымха якая, ды годзі! Мікола злавіў Марцэльчынага хлапчука на прыпасе каня і насьцябаў пугаю. З плачам хлопец паскардзіўся мацеры, а тая — хто яе ня ведаў у Сілцох! — пашла лаяцца да хаты Прыдатных. Сустрэліся, аднак, на кладцы, і тутака-ж Марцэлька рассыпалася на Міколу градам лаянкі ды кляцьбы. Пашлі ў зварот дзяды і прадзеды, сваякі ды раднякі і… Зося. Марцэлька, пераказваючы дзесятак разоў, бессаромна перад сабранымі людзьмі ўспамінала Лужкі, складаючы гэта слова на розны лад, на розны манер.

А Тадосі якраз выпала быць сьведкаю — чутно з хаты. Яна ня ведала, дзе дзецца, слухаючы атэстацыю сваёй нявестцы. Чырванела, зьвярэла, стаючы наўздалёк, а ліхі голас паддаваў ёй нездаваленьня і злосьці да Зосі. Беражысе рабілася неўцярпеж, каб хутчэй падышоў той вечар і вярнулася з поля нявестка, — а тады яна дасьць ёй жаху…

І вось, толькі Зося пераступіла парог у сенцы, незнарок праліўшы кацялок вады, як Тадося выскачыла з хаты і з лямантам накінулася на нявестку. Пачала лаяць з апошнята слова, глуміць і паскудзіць, трасучы кулакамі над Зосяю. Гразілася адучыць — нямаведама ад чаго і што, зрабіць паслухмянай… а далей дашла да пагрозы — выгнаць з хаты.

— На якое ліха ты прыплялася сюды? — крычала Тадося, шастаючы з хаты ў сенцы ды назад. Гэта-ж ў зямлю жывой трэба лезьці, чуючы гэткія штукі… Перадлюдна гэткія рэчы выкладаць! Апаганіла ты і Васіля, і нас усіх… Усе людзі на воку… Па аколіцах пойдзе… Падума-аць… Нявестка…

Зося маўчала, крапілася, а на сэрцы бегалі мурашкі. Кілела роспаччу, як горын агнём. Нарэшце, ня стрымалася, кінула хату і пабегла да сваіх бацькоў. Але гэта яшчэ больш падліло масла ў агонь: хвілін праз дваццаць прыбег па яе Васіль, настроены, падбухтораны мацераю, і бессаромна пачаў упікаць яе ў ачох бацькоў. Тыя ўступіліся за дачку, пачалі сунімаць зяця, угаварваць, разуважаць… Куды там! Усё-ж, дашоўшы дамоў, Васіль вярнуўся назад да лаянкі і разам з мацераю доўгі час грыз Зосю. Толькі надышоўшы Хлёр разрэдзіў паветра.

— Ці варта гоман паднімаць! Брахуха гэтая ліха ведае чаго напляце, ці-ж браць да сэрца? Цудныя вы!..

— Дарма ня будзе казаць…

— Га-а! Веданая ўжо штучка… Дурны Мікола, што чапаўся з гэтаю яшчарыцаю. Хай яе добрыя людзі ня знаюць… Або адрэжаш ёй язык?..

Зося скарыстала выпадак і ўпікнула сьвякроў:

— Ёй хочацца крычаць: скора цяжкаю стала…

— Маўчы-і… — няўтрымалася Тадося.

Хлёр супыніў братавую, дапомніў ранейшую думку, што ня варта самім падаграваць справы з-за мінулага, і папрасіў надалей не сарамаціцца перад людзьмі.

— Вы думаеце што, — людзям на руку будзе. Пачні на кожную брахню адгуквацца — сьцерпу ня хопіць. Вось калі…

Васіль слухаў дзядзькі, але на гэты раз і яго дзядзькавы словы не праймалі: цьвёрды, мулкі камячок злосьці і недавер’я к жонцы ўсё бліжэй падбіраўся да сэрца, рос, брыняў і ждаў моманту лопнуць зьверскім нездаваленьнем на Зосю… Сумныя ўзрокі, што пасылаў ён да яе, сьведчылі аб тым…

Сьведчылі і дапаміналі Зосі аб нядобрым, але — невядомая сіла цягнула яе кудысь далёка, у шэрае наступнае, адкуль выглядала здань незабытага, памятнага Рыгора.


VI

ЖНІВО! Гэтым годам яно спазьнілася дзён на восем. Але гэта не адбілася на яго харастве, на прыгожасьці гармоніі працы, уядранай сьпелым залатым жытам. Роўная цёплая пагода спрыяла Сілцом. Думалі сілцоўцы, што дажджы, пашоўшы пасьля касьбы, захопяць жніво. Трапяталі, пазіралі ўгору — калі пяройдуць гнедыя хмаркі з захаду.

Так не ў пару, так не ў пару! Жыта пагінае каласы, жыта просіцца на серп. Роўнядзь ніў не пачарніла-б золата іржою праростаў. Няўжо ня выпадзе так, каб хоць на тыдняў два сплыў полаг хмар, выглянула сонца, у жніўні яшчэ не халоднае, і людзі адсьвяткавалі ўрачыстасьць жніва. Хоць-бы маленькая прыкмета — усьміхнулася неба сінім лазуркам, выпусьціла праменьчык сонца! Хоць-бы! Вечарам, на змроку, калі жабы ў рэчцы завялі свой карагод, не паказвала на пагоду: імжэла, цярусіла па руні лістоў.

Так не ў пару, так не ў пару дажджы!

Але раніца, раньняя раніца прынясла надзеі. Ужо апоўначы хмары сталі радзейшымі, а к усходу сонца яны парваліся на кавалачкі, распаўзьліся па белаватай сіні паземаў і выпусьцілі першы сонечны промень. Які быў ён чулы! Пралез у тысячы вокан, апаў на тысячы ачэй, падняў, узварушыў, закалыхаў Сілцамі. Мястэчкам праняслася творчая завіруха: высыпалі з хат старыя, малыя, мужчыны, кабеты. Як па командзе, зачынялі вешніцы, запіралі дзьверы і з падводамі ды пешкам сьпяшылі да жытніх палеткаў. Мэрам-бы хтосьці іх зваў на бяседу, на ўрачыстасьць: уподбег, не азіраючыся, падкасаўшы порткі, падаткнуўшы спадніцы, моўчкі, з прагнымі ўзрокамі, шнуравалі перавулкамі, вулічкамі, сьцежкамі, мяжынкамі. У белых сарочках, быццам на таінства якое! Чорнымі дужкамі — сымболь працы — пераціналі сьпіны гострыя сярпы.

Сілцы перабіраліся ў поле. Сілцы заціхалі, каб посьвіст сярпоў ды шалясьценьне жыта даходзіла да рашчыненых гумен, да падсушаных такоў. Рэдкія асобы заставаліся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. А то бегалі падсьвінакі па дварох, узьляталі на платы куры — і годзі. Жніво! Прыпар! Час, якому няма роўнага ў годзе. Пара, калі жытнія каласы ўбіраюцца думкамі селяніна, як новаю красою, жаўцеюць надзеяй… Жыта — хлебароб: чародны пераплёт жыцьця, злука прыроды з чалавекам!

Вось шырокае палатно жытніх ніў. Як вокам акінуць, цягнуцца яны далёка к лесу, за ўзгорак. Глядзець упапярок — зьлітны, суцэльны! Дзе тая прымета затрачанай працы кожнага працаўніка! Але роўныя ніткі-межы ўдаўжкі рэжуць цэлы кусок на вузкія шнуркі-палоскі. Многа іх выразана з гэтага палатна. І кожная палоска з далёкага далёку, з дому, заве да сябе гаспадара…

Сыходзяць жанцы з дарожак ды сьцежак, раўняюцца з нівамі і гінуць за яго густою высокаю сьцяною. Гэтак птушкі, ападаючы на зямлю, рассыпаюцца ў шчэці травы, зьнікаючы з вачэй у вадгоне ад цябе. Падыходзіш бліжэй — яны вось тут, вунь дзе: рухаюць, трапечуцца, — то іх праца за крупінку хлеба. І жанцы: па адным, па два каля палоскі, у радок, ад краю сьценкі прыпыняюцца, паглядаюць на сонца і пачынаюць працу — жаць. Як жрацы перад алтаром, белым ланцугом, паяднанаю воляю, агульным жаданьнем, супольным пачуцьцём нахіляюцца да жыта, махаючы сярпамі. Памерна, як адзін, злучанымі махамі рук, падобным аднаму згібам плеч, стройным замахам сярпа — жнуць. Жнуць? Мэрам-бы пэрлы зьбіраюць з вясёлымі песьнямі. Няхай ніжа сонца стрэламі праменьняў іх скручаныя ў дугу сьпіны і шырокімі рагамі гоніць пот па ўсім целе — ня цяжка, пяюць. Жыта кладзецца роўным простам; гострыя іржакі пазадзе. Умалотнае? Гоны сажнуць — лічацца снапы: колькі іх? Будуць вязацца, будуць у мэндлі складацца — будуць лічыцца. А сонца толькі-толькі падбіраецца к палудню. Вось яшчэ больш прыпячэ! Ня відаць хмурынкі. Сышлі яны ранкам з паземаў, адчыніўшы сінія шыры неба. Як ня радавацца, жнучы сьпелае жыта, як не пяяць! І над золатам каласоў і над простам снапоў лунае песьня. З ёю грае перапёлка — там у жыце шнайдарыць. Любіць яго пах, любіць гушчэчу цырбуноў. Хутка- хутка мінецца гэта роскаш — перапёлка шкадуе. Шкадуе і жоўтабрушка — ня будзе схову ў непагоду. А шпакі кучамі пралятаюць над жанцамі, чуюць высыпаныя зерняты. Ападуць ў іржышча і, мэрам тыя жанцы, захопяць палоску, прабягуць ёю і зьбяруць зерняты. Сядуць яны ў бабкі — няхай толькі зьвяжуць жанцы.

Перад вечарам пачынаюць вязаць. Паднімаецца жыта снапамі, у пояс падпяразанымі. Растуць мэндлі роўнымі нізкімі крыжыкамі. Паглядзіш, як салдаты. Доўгі цень уцякае ад жанцоў: вада астудзіць смагу. Вада! І яна сагрэлася ў баклажках пад лахманамі, пад жытам. Колькі ні цадзі — хочацца болей. Палудзень апаражніў чуць не да дна — астача, як луг. А піць — няма рады. Здэцца халадней, і лунь закурыўся над поплавам, а смага пячэ. Чуваць — шчыміць сьпіна ды ломіць рукі. Вось ужо дзесяць гадзін працы! Якое гала іржышча, колькі бабак настаўлена! Можа годзе? Ой, не! Гэткі дзень, гэткая пагода! Што заўтра будзе? Трэба жаць — няхай мінае дванаццаць гадзін, няхай прыдзе трынаццатая… Вельмі ўжо сонца міла глядзіць, вельмі ўжо жыта соладка пахне, пекна так сьвішчуць каласы. А жыта, жыта — з залатога на чырвонае зьмянілася. Зіхаціць, пераліваецца. Як яго ня жаць, ня зьбіраць у снапы! Зажын, зажын, зажын… Трое жмень. Трое жмень, а там і гоны…

Ды ці ўсё-ж зжаць увадзін дзень? Жанцы, надыходзіць змрок! Пакіньце сілы назаўтра! За жытам сьпее ячмень ды авёс. Жніва хопіць на тыдзень, на два! Толькі-б стараньне, толькі-б ахвота!.. Праца любіць адпачынак…

Ведаюць жанцы. Адыходзяць ад жыта, выпростваюцца. Зьбіраюць клумкі, парожнія баклажкі і глякі. Мацяркі — калыскі з дзяцьмі… Ізноў на сьценкі, на дарожкі, на сьцяжынкі. Шнурочкамі — у Сілцы. Нагараваліся? Пэўна! Але пяюць, мэрам і ранкам. Ротат і гукі. Пучкі зажыну ўбіраюць іх постаці. Чыстае паветра ловіць іх, даючы волю ляцець далёка к лесу, у даліну.

Пакуль пяюць жанцы, маўчаць іншыя песьні, песьні калёс. Скора-скора загрукаюць яны па каменьнях, паднімаючы пыл і вязучы поўныя вазы снапоў. Скора! Хай толькі падсохне жыта, хай прагучаць першыя песьні жанцоў… Пакуль — пяршыня: жыта не ўвассала патрэбнага цяпла. Зерне не ўвашло ў сілу. Пасьвеціць сонца сем-восем дзён, сьцісьне зерняты, згоніць вільгаць — уверана кладзі ў стоўп. Зьнятае з кораню — жыта маладое, набрынялы колас. І песьня жанцоў — маладая. Першы дзень — зажынкі. Жытні водыр бадзёрыць жанцоў, калышучы радасным сэрцам. Няхай сабе ня відаць канца палосак і недалёка ад іх жаўцеюць іншыя — з ярыною, — праца лічыцца зажынкамі. Весела лунаюць зацяжныя мотывы; нясуцца далёка поверхам жытніх каласоў. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае іржышча будзе пустым галам выглядаць. Тады пакажа сваю здань блізкая восень. А пакуль — пяршыня. Таму так голасна зычаць сьвежыя галасы жанцоў, так спора ідзе жніво, так многа зжата за дзень! Пяршыня…


VII

БЫЎ ПОЛУДЗЕНЬ трэцяга дня жніва. На пожні ў двух мясцох стаялі грамадкі сілцоўцаў і ўголас абгаварвалі здарэньне, якое адбылося на іх вачох. Васіль сіберна, бязьлітасна назьдзекваўся з Зосі. Каб не абаранілі яе падасьпеўшы к часу Сёмка з Хірысонам Пузам, скалечыў-бы маладзіцу. За вошта? З якое прычыны? Аб гэтым судзілі дваяка: там, дзе грамадка складалася з Сёмкі, Пятруся і некалькі іншых, вінавацілі Васіля. Наадварот, у другой грамадцы адказнасьць ускладалі на Зосю. Сёмка расказваў:

— Паверыце, ледзьве з рук адабраў. Каб Хірысон не пасабіў, ня даў-бы рады. Ушчаперыўся, як клешч, і неміласэрна б’е кулаком па чым папала. Азьвярэў, запеніўся.

— А за вошта ён?

— Ня ведаеце гэтае заразы! Прыстаў да Зосі, каб тая прызналася… бач, каб упэўніла яго, што ня мае ніякіх зносін з Рыгорам. Нехта набаяў, быццам-бы Рыгор ёй піша пісьмы, яна адпісвае, і гэткім чынам падводзіць яго, мужа, здраджвае. Нагаварылі пра Лужкі, пра… ліха ведае што.

Усе зьдзівіліся.

— Ці можна дурнейшае прыдумаць?!

— Вось то-та-ж!

— І за гэта перадлюдна так біць кабету!

— Няпрытомны…

— Пэўна, маці пад’юшыла. Тая-ж, як ведзьма, увесь час. Кажуць, нібы ад вясельля яшчэ з Зосяю слова не прамовіла.

— Можа быць…

— Міколка ўлез, няма чаго казаць…

Адначасна ў другой грамадцы, дзе быў Васіль, яго дзядзька Хлёр, старшыніха і блізкія Берагоў, судзілі Зосю.

Тадося бессаромна крычала:

— Хай-бы яна ўзяла сабе на розум, што так ня можна, дык не. Тыя яе падбіваюць, а яна слухае. Што-ж, гэта ласьне можна цярпець? Навошта-ж гэткая жонка? Да чаго тое вясельле было спраўляць?

— Кажаш ёй, а яна наперакор табе: «Пішу, ну, што ты мне зробіш», — скардзіўся Васіль. — Проста не сьцярпець…

Хлёр варушыў плячыма, верыў і сумляваўся, але дапускаў, што Васілю, напэўна, Зося здорава дадзела.

Старшыніха бачыла ў гэтым цэлую змову, куды Зосю ўцягнулі Сёмка, Пятрусь, Волька, Гэля ды іншыя.

— Можа-б яна інакшаю была, каб ня гэтая шайка. Усе яны ліхамысны на Васіля і стараюцца яму нашкодзіць. Чаго добрага, могуць усякае шальмоўства зрабіць: ім закон ня пісаны.

Успаміналі і Рыгора. Псюк Даніла, Берагоў пасусед па полі, падбіваў Васіля, не шкадуючы слоў і плётак. І ніхто з гэтае кампаніі ня прызнаў, што Васіль зрабіў дрэнна, ускалануўшы ўвесь палетак. Болей таго — гэты самы Псюк патвараў Васілю, хочучы падкрэсьліць правільнасьць яго паступку:

— Вось няхай ведае на другі раз… — ківаў ён пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў: — гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю — завядзе ў няволю! Ня супыніш спачатку — прапала. Го-о!

Пасьля адварочваўся ў бок, дзе стаялі прыхільнікі Зосі, і лаяў Сёмку:

— Яшчэ гэтая заноза патрабуе добрых абцугоў… Баламуціць моладзь…

— На добры лад, трэба было, як падбег ён бараніць, кінуць Зосю ды запліскаю па ім…

— А я-б гэта зрабіў, каб к часу падбег, — хваліўся Хлёр. — Што-што, а гэтага нельга цярпець. Якое ім дзела, сукіны дзеці?..

Абгавор здарэньня заняў каля гадзіны часу. Пасьля па адным жанцы разышліся, і ізноў пачалося жніво, як і першыя дні, з песьнямі ды выгукамі жанцоў. Толькі больш цікавыя азіраліся ў бок Берагавае палоскі, сочачы, ці не вярнулася Зося ад бацькоў. Але мінаў час, а Зося не вярталася; і гэта абяцала далейшае разьвіцьцё здарэньня, ужо ў саміх Сілцох. Дагадваліся і судзілі, каму была ахвота, як і што гэта здарэньне разьвернецца, хто возьме верх, чым яно кончыцца. Рыгор уплятаўся ў яго з ўсіх бакоў, мэрам-бы ён прысутнічаў дзесь недалёка — мо’ ў Сілцох, а мо’ і ў жытнім палетку. Сёмка асабліва думаў пра таварыша, прагнучы хутчэй паведаміць Рыгору ў пісьме аб Зосіным жыцьці. Ён на гэты раз сам пачаў спагадаць, чаму, сапраўды, Рыгор ня змог вывесьці Зосю з гэткае напасьці. «Можа і вінаваты», судзіў ён. І дапускаў мажлівасьць напомніць Рыгору аб гэтых сваіх вывадах…

Наогул, для ўсіх гэты дзень канчаўся пад уражаньнем адыгранага Васілём Берагам спэктаклю. Аб ім дапаміналі і ўзгоркі на пожні, і кусьцікі зьдзічэлых ігрушак на Берагавай палосе, і гняды конь, што таптаўся недалёчка. Многія пранясьлі-б яго ў Сілцы, дзе, магло стацца, дзеі ў тым ці іншым выглядзе паўторацца.

Але новы выпадак адцягнуў увагу сілцоўцаў ад Берагаў, ад Зосі, ад таго здарэньня, у якім яны мелі галоўныя ролі.

Ужо выходзілі жанцы вузкімі межкамі на дарогу, вяртаючыся да хаты; ужо песьні працы паднімаліся з белым лунем над паплавамі, як з-пад Сілцоў паказалася трое коньнікаў. Шнурком, адзін за другім, яны гацалі насустрач жанцом. Падсохшая зямля курэла ззаду коняй, затуляючы пылам чырвоны промень на захадзе.

Сьпярша мала хто з жанцоў зацікавіўся коньнікамі — мала хто едзе! А калі яны сталі падбліжацца, многім стала рупець: стражнікі, пэўна.

Волька ішла пярэдняю і паказала, адвярнуўшыся да ўсіх:

— Стражнікі!.. Няўжо-то Мікола Прыдатны пасьпеў данесьці наконт Зосі?

Жанцы кінулі пяяць. Раз-по-разу пачалі азірацца вакола, стараючыся выгледзець, дзе і што ў гэту хвіліну Васіль Бераг. Зацішылі хаду, каб быць сьведкаю, што з гэтага выйдзе. То ішлі гуськом, а то сталі зьбівацца ў кучу.

Праз некалькі хвілін тыя пад’ехалі.

— Сёмка Хведараў Загон, хто тут? — супыніўшы коні, запыталі двое з іх у Вольчынага бацькі, які абмінуў жанцоў, каб ісьці дамоў.

— Сёмка Хведараў? Ня ведаю! — адказаў той і зрабіў шаг наперад; пасьля схапіўся і запытаў: — А для чаго ён вам?

— Патрэбен, — адказалі стражнікі і праехалі далей.

У чым справа — ніхто пэўна ня ведаў, але кожны з жанцоў дагадваўся, што тут няма нічога супольнага ні з Васілём, ні з Зосяю. Ва ўсіх напрошвалася думка, што Сёмка зьвязаны з поліцыяй зусім інакшымі справамі, якія мала каму ў Сілцох невядомы. Гэта інтрыгавала сілцоўцаў, якія забыліся аб тым, што можа быць у Берагоў, што наогул трэба ісьці дамоў, каб павячэраць ды лажыцца супачыць, а стаялі ў грамадзе, судзячы і пільнуючы, чым усё кончыцца.

І вось на працягу поўгадзіны часу яны былі сьведкамі, як стражнікі адшукалі Сёмку, пасобілі яму запрагчы каня і пад канвоем паехалі з ім другою сьценкаю да Сілцоў.

— Няўжо арыштавалі? — праводзілі іх трывожныя запытаньні жанцоў.

Многія застанаўляліся на гэтай думцы, дадаючы:

— А-яй-яй! У самы прыпар забяруць ад бацькоў гэткага працаўніка!

Берагі, Псюкі, Крумкі і некаторыя іншыя іх пакрою паціралі рукі, забыўшы пра Зосю.

А Волька, напалоханая, прасьлязілася…

Жанцы сьпяшылі ў Сілцы, нясучы трывогу.


VIII

НАЗАЎТРА ВЫЯСЬНІЛАСЯ, у чым справа.

Сёмку забралі так экстрэнна на допыты згодна сьпешнага «прадпісаньня» Ліцкага спраўніка прыставу «дапрасіць Сямёна Хведаравага Загона, які мае сувязь з Рыгорам Міхасёвым Нязвычным і іншымі асобамі, заарыштаванымі ў гор. Рызе, па справе іх належнасьці да патайнога таварыства, якое становіць сваёю мэтаю», і г. д. Улікаю быў ліст да яго, адрасаваны Наталяю па просьбе Рыгора. Гэта выясьнілася на допытах, якія, аднак, ня кончыліся дрэнным для Сёмкі. Сёмка спрытна адказаў на ўсе запытаньні прыстава і быў адпушчаны пад расьпіску ні куды не выяжджаць з Сілцоў. Справа выходзіла ня гэткаю страшнаю, як аб тым можна было думаць і чакаць перад гэтым. Шуканьне Сёмкі ў полі, незадоўга да таго, як вось-вось ён мог быць дома, далей — справоджаньне яго трыма ўзброенымі стражнікамі сапраўды наводзіла на ўсялякія гутаркі. Тым болей, што дэмокрацтва яго было не таямніцай для большасьці сілцоўцаў. Магло быць, станавы атрымаў загад з павету, а можа і па свайму пачыну рашыў злавіць Сёмку ў полі, каб менш бачыла людзей, і адправіць туды, куды ўжо быў адпраўлены Віктар Стаўбун, Хаім Крупнік і іншыя. Ня дзіва, што многія, бачачы гэта, выказваліся так: «Нарэшце не ўцалеў і Сёмка. Цярпелі, цярпелі і пасьля заарыштавалі». Або: «Ізноў пачынаецца — многім хлопцам не здабраваць будзе».

Ну, а бацькі Сёмкі, дык тыя дашчэнту перапалохаліся, толькі ўгледзелі ў дварэ стражнікаў. У іх ня было іншай думкі, апроч тае, што іх Сёмка папаў у добрую пастку. І бацька і маці бегалі па некалькі разоў з дому на рынак, абураныя роспаччу, радзіліся з людзьмі, як і што ім рабіць. Ніводнае не спадзявалася, што справа кончыцца зваротам Сёмкі гэтым-жа вечарам, хоць і позна, дадому. Бацькі пасьля ня верылі сваім вачом, настолькі былі запэўнены ў нядобрым скутку… Вось чаму назаўтра з ранку, толькі Сёмка вышаў на вуліцу, каб звычайным чынам ісьці ў поле, да яго падыходзілі сілцоўцы, мужчыны і кабеты, цікавячыся і пытаючы, чаму і навошта яго з гэткім шоламам вадзілі да станавога. Сёмка выдумаў адзін адказ, якім і збываўся. Ён казаў, што яго выклікалі з-за справы Віктара, над якім паведзена новае сьледзтва наконт аслабаненьня. Гэта было сказана і бацьком. Сутнасьці справы ён не хацеў адкрываць, папершае, каб не даведалася Стэпа Нязвычніха, падругое, каб ня ўзрадаваць непрыяцеляў Рыгора. Толькі таварышам — Пятрусю, спаткаўшы на дарозе ў полі, Сролю ды яшчэ аднаму з ім, што прышлі да Сёмкі на поле, ён перадаў сапраўдны сэнс яго позвы да станавога. З гэтымі таварышамі Сёмка падрабязна абгаварыў выпадак з сабою. Усіх іх, асабліва самаго Сёмку, вельмі дзівіла тое, як і што здарылася ў Рызе; што да поліцыі папала пісьмо, ды пісьмо Наталі. Ён дагадваўся і выказваў свае дагадкі таварышам, што, напэўна, пісьмо было перахоплена, і ні ў якім разе не дапускаў, каб яно было гэтак, як яно, сапраўды, было. У кожным разе паведамленьне Сёмкі таварышам надаўміла ім многае. Асабліва паказным было адабраньне ад Сёмкі падпіскі не адлучацца з Сілцоў. Гэта сьведчыла, што справа ня скончана, што ў любы момант поліцыя можа паклікаць да сябе не аднаго Сёмку, а многіх з іх… Усе згадзіліся на тое, каб быць гатовымі на ўсякі выпадак, а Пятрусю парадзілі адлажыць свой ад’езд на некі час — ня так кінецца ў вочы, ня дасьць выгляду, нібы ідуць уцёкі… Нарэшце, усё-ж, калі Сроль варочаўся ў Сілцы, Сёмка пастараўся загладзіць першае ўражаньне, якое атрымалі таварышы; ён паказаў сябе перад ім пераконаным у нясур’ёзнасьць справы. «Мала што: мне здаецца, што ўсё скончыцца добра». Самому, вядома, рупела, і ён, цэлы дзень працуючы, быў заняты гэтым. Займала Сёмку болей усяго адно: чаму вышла ў Рыгора гэткая неасьцярога, што ён даручыў дзяўчыне пісаць яму, Сёмку, пісьмо. У гэтым Сёмка падглядаў залішнюю давернасьць з боку Рыгора. Разам з гэтым у Сёмкавым разуменьні не магло зьмясьціцца, каб то Рыгор сам мог дазволіць, пэўна, бязгрунтоўнай асобе вясьці ад яго імя перапіску. Але магло здарыцца зусім іншае, чаго нельга адгадаць, ня быўшы на месцы. У кожным разе атрымалася штосьці няпрыемнае, над чым ня шкодзіла падумаць.

Бацькі Сёмкі падмячалі сынаву маўклівасьць і канчаткова не маглі супакоіцца. Бацька два разы правяраў Сёмку, але кожны раз Сёмка трымаўся адных слоў, разважаючы бацькоў:

— Ня думайце больш, чым было. Нічога страшнага. Мала каго аб чым пытаюць…

— Ты ня тойся ад мяне, — настойваў бацька: — калі тут датыркае Рыгора, то я Стэпе не скажу…

Западозрываў гэта Сёмкаў бацька, Хведар, па аднэй прычыне: па адсутнасьці лісту ад Рыгора к мацеры. Ведаючы яго добра за хлопца харошага, руплівага, Хведар яшчэ раней меў гэта на думцы, але Стэпе ня выказваў яе, а Сёмку ня было выпадку яе выказаць. Пасьля-ж таго, што адбылося, непатрэбна было хаваць, і Хведар абыходзіўся з ёю вальней.

Адчуваючы гэта, Сёмка пераймаў бацьку:

— З якой рацыі гэта будзе зьвязана з Рыгорам? Дзе ён, а дзе я! Тым болей, газэты даводзяць, што забастоўка ў Рызе меншае, ападае. Гэта Стэпе думаецца розна…

— Хто-б мог не падумаць, калі ад Рыгора колькі часу, як жаднае весткі.

— Колькі там часу! Бывае, год цэлы чалавек ня піша пісьма…

— То не бяз прычыны.

— Гледзячы як…

Хведар маўчаў, ня тое, каб ня верачы сыну, а ня маючы сілы перамагчы рупнасьць, якую выклікаў дапрос Сёмкі.

І вечарам, калі яны, вярнуўшыся з поля, вячэралі, а прышлі Стэпа і Волька, каб ад сябе выпытаць у Сёмкі пра ўчарашняе, Хведар некалькі разоў паўтараў:

— Вы думаеце, што нойдзеш у ім лад: кажа, нібы тут зусім пусьцяковая справа, ды справа, ня зьвязаная з Рыгорам.

— А мне ўсё думаецца, мае даражэнькія, што тутака прыплецены Рыгор. Гэта-ж падумаць, колькі часу ўжо вестак ніякіх, — сумнявалася Стэпа.

Волька суцяшала Стэпу, шчыра ўгаварваючы цётку ня трывожыцца, хоць сама яшчэ не адышла ад сполаху, які навеяў выпадак з Сёмкам.

— Нельга, здаецца, і думкі дапусьціць, — казала яна: — каб там з Рыгорам што-колечы ніякаватае здарылася. Рыгор ня гэткі прастак, — ён многіх абыдзе з усіх бакоў.

— Усё бывае, дачушка. У сьвеце, як у катле, варыцца ўсё, кіпіць. На чужыне — ня дома.

— Ды цяпер ручыць нельга, — казаў Хведар, пазіраючы ў міску.

А Сёмка сачыў за бацькам, каб той не пераказаў пры Стэпе тых думак, якія надоечы выказваў яму.

— Бачыце — факт. Ажно траіх стражнікаў выправадзілі за адным Сёмкам. Увесь час ціха, нідзе нічога, а тут цэлы крымінал.

Аднак, праз усю гутарку, якая працягнулася каля гадзіны, Сёмкаў бацька ня вышаў за рамкі і нічога падазронага наконт Рыгора ня выказаў. Стэпа засталася з папярэднім настроем, суцяшаючы сябе самую. «Няўжо такі адно з другім зьвязана? Наадварот, можа і добра, што Рыгорка ня дома. Вунь чаго пасьпела начаўпціся тут за час яго адсутнасьці», разважала яна, вярнуўшыся дахаты.

Такім чынам Сёмку ўдалося правясьці свой плян, якім ён яго сабе паставіў. Апроч таварышоў, ніхто ня ведаў сапраўднае прычыны яго візыту ў стан. У далейшым, ён ведаў, што гострасьць ападзе, цікавасьць мінецца і можна будзе бацьку паведаміць таямніцу. А пакуль — няхай астаецца пры тым, што і ўсе іншыя.

Так яно і было. Праз тыдзень, а мо’ дзён праз дзесяць, калі жніво пераняслося з жытніх палеткаў на яравыя, многія з тых, хто бачыў справоды Сёмкі пад конвоем трох стражнікаў, цяпер былі сьведкамі позвы яго да прыстава праз сотніка Бульбушку Адама. Гэты няскрытна ад Сёмкі і яго бацькоў паведаміў, што станавы заве Сёмку да сябе расьпісацца. Самая цырымонія позвы праз сотніка мела куды меншы ўплыў, хоць факт таксама даў прызадумацца Загонам. Сёмка сам не дагадаўся, у чым рэч, але ішоў у стан многа сьмялей і спакойней папярэдняга разу. І калі уся справа кончылася тым, што станавы зьняў яго падпіску аб неадлучэньні з Сілцоў, то Сёмка палічыў мажлівым расказаць бацьку ўсё ад пачатку да канца, аднак з умоваю, усё-ж, не пасьвячаць у гэта Стэпу.


IX

НАДЫХОДЗІЎ БАГАТНІК. Вакола нясло восеньню. У полі аставалася пакуль адна бульба. І тую пачалі капаць. Засеяная чуць ня цалкам азіміна прарастала чырвоненькімі хрусьцікамі, гатуючы зялёную рунь. Там, дзе нядаўна жаўцела ярына ды жыта, слалася гала пожні, утаптанай гавядаю. Многія палоскі былі пазяблены, каб зямля пасьпела лепей перапрэць. З лясоў, пахмурнеўшых, а дзе пераадзетых у жоўта-чырванаватую вопратку, прыляталі кучы шпакоў, апускаліся на сьвежую ральлю і клапатліва бегалі па разорках. Неба ўжо засаб колькі дзён было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх няўсьціханна сачыўся драбнюткі дожджык.

Міналася палявая работа. У сілцоўцаў паварочвалі думкі і клопаты да зімы. Дровы, кастрыка, яшчэ сёе-тое для хатняга агляду — і там малацьба. Пакуль не раскісьне зямля — кончыць работу з фурманкамі, а тады хай сабе гразь, сьнег — ня страшна.

Стэпе было крыху іначай ад другіх: восень спыняла яе заработкі. Гатаваньне к зіме — ей шмат цяжэйшае, ніж другім. Дровы прыдзецца на плячох насіць з лесу: куды-ж аддасі на іх сабраны рубель-другі. Прыгодзяцца на зіму, бо нямнога высучаш кудзеляю. Ды к гэтаму — усё роўна няма чаго рабіць. Кончыцца капаньне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць — і таквеля. Не сядзець-жа ў хаце — хопіць зімы. Пакуль ногі цягаюць, трэба рухацца хоць за чым. Тым болей, што працы яна з маленства не баялася ніякай. Не палохала яе і наступная восень, досі вядомая ёй па мінулых гадох, у многіх, падобных на гэты…

Але адно карцела Нязвычнісе — гэта Рыгор. Ад яго ўсё яшчэ ня было ніякіх вестак. Колькі ні чакала Стэпа пісьма — не магла дачакацца. Думала да ўтому, гадала, бегала пытаць рады ў Сёмкі, што ёй рабіць, як быць. Дапускала нязбыўную думку, каб паехаць самой у Рыгу і адшукаць яго, мерылася падаваць запросіны праз поліцыю. Аба ўсім паведамляла Загонаў, сына і бацьку, як-бы просячы іх згоды. Сёмка здаволен быў гэтаму, суцяшаючы Стэпу, ды абнадзейваючы яе пачакаць яшчэ дзянёк- другі. Але скора Сёмкавы ўгаворы сталі надакучаць ёй: яна пакідала верыць яму, злавалася, а пасьля стала западозрываць. «Тут нешта некае ёсьць, але Сёмка хітруе і стараецца абайсьці мяне», думала Стэпа і радзей хадзіла да Загонаў. Затое стала наведваць Крупнікаў і ў іх распытваць. Крупнікі, занятыя сваім сынам, Хаімам, мала цікавіліся яе скаргамі, клопатам ды трывогаю. Да гэтага яны самі доўгі час не дазнаваліся прычын Сёмкавага допыту.

Але нічога няма тайнага, каб ня было яўным. Патрошку-патрошку папаўзьлі Сілцамі, перш нявыразныя, а далей усё паўнейшыя ды паўнейшыя чуткі, што Сёмка выклікаўся да станавога па справе, якая шчыльна датыркала Рыгора Нязвычнага. Перадавалі, няведама ад каго ды што, аб арышце Рыгора ў Рызе, аб судзе, да якога быццам-бы яго пацягнулі. Чуткі — рэч каразьлівая: вакол іх вырастала шмат лягенд, дадавалася процьма казачнасьці і, урэшце, калі дашлі яны некім чынам да Стэпы, вырасьлі ў цэлую агромністую гісторыю, страшную ды нячуваную. Нязвычніха была ашаломлена ёю, запалохана, і першыя дні ня ведала, дзе яна — на гэтым сьвеце, а мо’ пад зямлёю. Перш няпрытомнаю наведала Загонаў. Плакала цэлы вечар у іх хаце, дапытвала Сёмкі, не здаволілася тым, што ён дагэтуль нічога не казаў, прасіла хоць чым-колечы пасобіць.

— Можа парадзіш, сынок, мне паехаць у Рыгу? — уваскросла з новаю сілаю незабытая думка.

— Як-жа-ж вы паедзеце? Што вы там праведаеце… Ды, апроч таго, вам няма ніякае патрэбы ехаць… Мала што людзі гавораць… Так вы думаеце, што і сапраўды гэткія страхі.

А Хведар Загон ад сябе разважаў Стэпу.

— Сапраўды, куды ты паедзеш? Ты-ж ніякага толку ня знойдзеш. Гэта табе ня Сілцы, што кожны чалавек знаёмы, можа парадзіць, а то і пасобіць… Дый то, паглядзі сама, якая-б магла быць мне дапамога, каб гэта майго Сёмку забралі! Адно на допыты завялі, і то я ня ведаю, як і што зрабіць, а мужчына, ды дома… А ты… Не кажы, Стэпа! Што-ж зробіш, сьвет гэтакі! Пашоў па такім шляху — не пяроймеш, не малы хлапчук, мужчына, бачыш… Вось колькі я свайму Сёмку кажу: няхай-бы ты, сынок, пасьцярогся, няхай-бы памаўчаў; бацькі старыя, возьмуць, чаго добрага — што мы зробім. А ён — ні лыс… Перакананьні… Хто за гэта не цярпеў. Праўда, табе цяжка гадзіцца з гэтым, але нічога ня зробіш, прыходзіцца… Ты думаеш, крый чаго, вельмі страшна? Паглядзі — Стаўбуноў Віктар напісаў, што к дзядом прыедзе дадому. Яно пэўна…

Стэпа заспакойвалася, мэрам-бы ўкалыхвалася Хведаравымі словамі, але залячыць імі вышаўшай наповерх раны не магла. Можа і праўду гавора, усё-ж самая праўда не папраўляе справу.

Ня ўнімалася:

— Усё яно гэтак, Хведарка, усё яно гэтак, але Рыгорка мой прапаў. Мала што могуць зрабіць з ім? Ці-ж навіна, калі зводзяць са сьвету, у каменных мяшкох гнояць, а то і губяць жывасілам… Што мне рабіць? Я ня вытрываю, не перажыву! Парадзьце…

— Якая-ж тут рада…

— Такі-та вы мае лепшыя прыяцелі: добра — бягу да вас, дрэнна — таксама. Хто-ж мне пасобіць, калі я адна-аднэю тут… Была надзея на Рыгорку, а цяпер і тая разьляцелася дымам. Не на кім думцы спыніцца…

— Цяжка, няма чаго казаць… Але-ж, не зьвярайся…

Стэпы ня ўцешылі на гэты раз, не маглі ніяк угаварыць і пасьля; яна бегала па мястэчку, дамагалася папасьці к аптэкару і таго папрасіць, каб пасобіў ёй, абхадзіла адвакатаў, што жылі ў Сілцох і часта бралі на сябе падобныя справы. Але тое, што Рыгор у Рызе, што падрабязна яго справа невядома нікому, нават станавому, у якога даведваліся адвакаты, перашкодзіла ўсяму. Стэпе ніхто ня мог сказаць пэўнага слова. Прыяцелі Рыгора яе суцяшалі гэтак, як Загоны, а ліхамысьнікі сьмяяліся, цешыліся, пацьвільваліся. Гэта ўзмацняла Стэпін боль і мукі. Яна чула ад людзей, а колькі разоў і непасрэдна, як пацяшаліся з яе няшчасьця Берагі, Крумкі ды іншыя. У іх рукі папаў добры козыр, і гэтым козырам хваліліся яны, дзе трэба, а дзе ня трэба. У васобку, як Хлёр Бераг або Васіль, — тыя раз-по-раз дапаміналі аб гэтым Зосі, даючы ёй зразумець, што яна выратавалася праз замуж за Васіля.

Не дашоўшы ніякага скутку, хто мог-бы што зрабіць Стэпе, каб і хацеў, — яна стала адыходзіць ў самую сябе. Рыгора няма — на гэтым сыходзіліся Стэпіны думкі і ад гэтага пачыналася яе жыцьцё. Ён стаяў перад ёю неадступна ў розных выглядах, у ўсялякім стане, маўклівы, няжывы, недасяжны, аддзелены глыбокай канаваю. Як яно гэтак здарылася, чаму яно пашло гэткаю дарогаю — ня ў моцы Стэпінай было разгадаць. Глухі куток ціснуў яе з вакола, загуляў сьветагляд і аднімаў ахвоту жыць. За кароткі час яна асунулася, памізарнела, пастарэла. Кідалася кожнаму ў вочы. І больш чулыя кабеты — Лявоніха, Хведарыха, Стаўбуніха — спагадалі ёй. Выкарыстоўвалі ўсю сваю просталюдную мудрасьць, ужывалі рознастайныя довады вяковае лёгікі, суцяшалі.

Казалі Стэпе:

— Ну, а згадзіся, сястрыца: бывае, што памрэ чалавек. Такі ўжо лёс… Ласьне другому, будзь то маці сабе, ня трэба жыць? Жывым-жа ў зямлю не палезеш… Людзкое жыцьцё ўжо пастроена гэтак. Аднаму суджана да старасьці пажыць, іншаму — сыці з зямлі ў самым росквіце… Нямерны жаль, роспач нялюдзкая, а пасьля прывыкае чалавек, абжываецца, занывае…

— Альбо можна раўняць з гэткім станам цяперашні выпадак у тваім жыцьці? Паглядзі, іншыя людзі па дзесяць год адбывалі пасяленьне альбо вастрог, варочаліся назад і жылі-жылі, забыўшы ўсё ўсялякае.

— Памятаеш, паўстанцы польскія: колькі іх на пасяленьне выгналі! А пасьля ў некалькі гадоў паварочаліся назад і нібыта тое. Альбо Кульдабіцкі Сымон: дзесяць год за політыку праседзеў у Ліцкім астрозе…

— І ня гэтае тутака: мо’ нічога зусім, а мо’ арышт. Вядома, у горадзе — усюды ўмяшаецца чалавек. Мо’-б не хацёў, а мусіш. Бо, калі не ўмяшаешся, бывае горш выдзе… Ці мала людзей арыштоўваюць?! А ласьне яны гінуць праз гэта? Тое і з Рыгорам будзе. Ну, патрымаюць некалькі часу, калі арыштавалі, а пасьля і выпусьцяць… Нечакана атрымаеш ліст…

— Ды то, калі і што яно было! Можа ўжо зараз Рыгор на волі. Ласьне ведама каму, як і што там робіцца? Людзям балхвіць — языкі не баляць, можна колькі хоч. Сядзяць тут, як у загарадзе, і толькі падай тую иі іншую чутку — разадзьмуць у сланя. Напэўна, і з гэтым тая-ж справа. Ты тут тужыш, бядуеш, а ён там — нібыта той…

Але для Стэпы аставаўся адзін факт: гэта адсутнасьць пісьма. Можа-б яна ніяк не спалохалася-б і таго, што Сёмку выклікалі ў поліцыю з-за Рыгора; каб ён, Рыгор, паведаміў ёй аб сабе. А то — воляй-няволяю будзеш думаць усялякую ўсялячыну, калі ад чалавека ні чуткі, ні пагуткі. І Стэпа заставалася з адным балючым рашэньнем:

— Ня ўбачыцца мне з Рыгоркам!


X

У ТЫДЗЕНЬ пасьля Багатніка таварышы і знаёмыя ды суседзі праводзілі Пятруся Прахорава Кліна. У суботу вечарам, 15 верасьня, ён выяжджаў з Сілцоў у Пецярбург. Кампанія з дзесяці чалавек, у тым ліку і Стэпа Нязвычніха, сышліся ў Прахоравай хаце і пачалі выказваць Пятрусю пажаданьні. Сёмка прасіў таварыша не забываць аб Сілцох і аб ім у васобку, а пісаць пісьмы, даваць весткі. Сроль хваліў Пятруся, за яго рашэньне няйначай пабываць у горадзе, выпрабаваць яго жыцьцё і сяму-таму падвучыцца. Хведар Загон ад сябе жадаў найлепшага жыцьця на новым месцы, дапамінаючы, аднак, што нідзе ня лепш, як у бацькоў. Стэпа прасіла праведаць што-колечы аб Рыгору. «Можа адтуль ляпей дазнацца». Бацькі хадзілі нахмурана. Прахор не здаволіўся на сына і коса паглядаў на яго таварышоў; маці тапіла злосьць у жаласьці, тупаючы каля сына з заплаканымі вачмі. Брат і сястра Пятруся глядзелі на ўсё проста: сястрыца прасіла брата прыслаць ёй гасьцінца — ляльку і цукерак. Пятрусь весела адказваў:

— Праз тыдзень атрымаеш.

Ён, наогул, быў задаволен ад’ездам, хоць далёкая сталіца прадстаўлялася яму страшнаватай і няпэўнай. Гутарыў з таварышамі і разважаў бацькоў. У гутарках успамінаў праводзіны Рыгора і казаў:

— Убачыце, выяжджаем паасобку, а прыедзем разам.

— Каб то ды было так! — спачувалі жанкі.

— Якраз будзе.

— Якім чынам? — пацікавілася Гэля.

— А такім: не знайду работы ў Пецярбурзе — паеду ў Рыгу…

Сказ Пятруся ні то ажывіў Стэпу, ні то затрывожыў яе.

— Няўжо праўду кажаш, Пятруська?

— Ня хлушу.

— Насіцьме яго паветрае, — умяшаўся Прахор.

— Не кляні на дарогу, — заступілася маці.

— Мой дарагі сынок, — перабівала Стэпа: — не забудзь-жа мае просьбы — даведайся аб Рыгору. Ты-ж яго лепшы таварыш. Што табе каштуе гэта?

— Пэўна не забудзе, — даводзілі за Пятруся Сроль ды Сёмка.

— Хаця-б сам даехаў здароў! — казала Пятрусёва маці, пазіраючы ў акно. — Якая пагода няцікавая і цямнота, сырасьць…

І праўда, цёмная ноч ня вабіла з хаты, тым болей, што хатняе цяпло было крэпка нагрэта пачуцьцём расстаньня. У гэткія моманты выразьней, як калі, паўстае вялікая любасьць да ўсяго таго, што перад гэтым за якую хвіліну не прыкмячаецца нават; ды разам з гэтым вынікае несьвядомая трывога — ці ўдасца яшчэ калі бачыць тое, шта пакідаеш. Пятрусь прыпамінаў разьвітаньне з Рыгорам, калі сам быў захоплен парывам — ехаць. Чаму яно так? Можа таму, што гэты парыў перабіваўся адзнаньнем таго, што ўсё-ткі ён астанецца дома, хоць і меў ахвоту падзяліць кампанію з Рыгорам. Цяпер-жа, калі сам спаткаўся з фактам свайго ад’езду — было іншае адчуваньне. Але ня быў-бы ён самастойным чалавекам, каб паддаўся хвілёваму пачуцьцю.

А дзевятай гадзіне, толькі вывеў брацішак на двор запрэжанага каня, як Пятрусь з усімі, хто прышоў праводзіць, пакінуў хату. На вуліцы разьвітаўся з Хведарам Загонам, Палікарам Ганкам, яшчэ з двома-трыма чалавекамі, а з іншымі пашоў за падводаю.

Сярод гэтых іншых была і Стэпа. Яе захапіла некая незьясьнёная надзея, зыркая, як усходні промень, і цёплая, як сонца ў ліпнёвы поўдзень, надзея ў тое, што Рыгор стрэнецца з ёю. Ёй хацелася верыць, пасьля таго, калі Пятрусь дапомніў пра Рыгу, што ён напэўна вось зараз і накіроўваецца туды. Прыпомніла, як пры спатканьні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыцьцё ў ёй. А мо’ яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над’ехаць да яго. Пецярбург — просты адвод вачэй. Зрабілася суматоха, ці-ж паказаць начальству ўсе свае задумы? Гэта западозранасьць Стэпы вырастала на кожным кроку ўсё болей ды болей, падбівала яе пад сакрэтам запытаць Пятруся. Хлопцы ды дзяўчаты перашкаджалі гэтаму. Тады Стэпа, ідучы з Пятрусёвай мацерай, рашыла ёй адкрыць свае думкі — добра, што адчувала да яе раптам паўстаўшую прыязьнь. Шэптам, нахіліўшыся да вуха, праказала:

— Прузынка, а ці ня думаеш, што сын едзе не ў Пецярбург, а куды інш? Не выгаварваўся ён часамі? Мне ўсё здаецца, што Пятрусь абраў сабе іншую дарогу…

Прузынка зьдзівілася.

— А чаму ты думаеш, Стэпа? Ні словам не абмовіўся… Ці не казаў каму?

Загневалася на сына.

— Ох, які хлопец, які хлопец! Усё робіць так, каб ніхто з хатніх ня ведаў. Гэта-ж падумаць, людзям вядома, а бацьком нічога.

Стэпа пераняла Прузыну.

— Не, ша, Прузынка. Я ня чула ні ад кога і ні ад Пятруся. Чамусьці мне самой надышло ў голаў.

— Можа стацца! Ласьне разьбярэш іх?

А сама прыняла Стэпіну думку за сур’ёзнае і пазвала Пятруся.

— Пятруська, пачакай адно, я хачу ў цябе запытаць.

Пятрусь спыніўся і пачакаў мацеру з Стэпаю.

— Скажы, сынок, ці ты сапраўды ў Пецярбург едзеш?

— А то куды? — зьдзівіўся Пятрусь.

— Мне казалі, нібы ты да Рыгора сабраўся.

— Вам? хто казаў?

— Гавораць людзі.

— Кіньце, мама. Ласьне я вам маніў-бы? Ліха ведае што плятуць.

Пятрусь сплюнуў, матнуў рукою і пакінуў жанок.

— Вось, глядзі, нічога падобнага!

— Але… Бач, мне здавалася толькі…

Стэпе ўсё-ж хацелася верыць, што робіцца водлуг яе думак; і таму, што яна верыла гэтаму, стала адчуваць у сабе заспакоенасьць. Цешылася, што надало ёй шчасьце прыйсьці праводзіць Пятруся. Цёмная ноч, няроўная дарога, частыя спатканьні не тамілі яе. Наадварот. Стэпе хацелася ісьці далёка за мястэчка, хоць да Жмыгінскага лесу, або і далей. Аб доме ня думала, і калі Пятрусь некалькі разоў напомніў, ці не пара-б было старым вярнуцца, Стэпа слухаць не хацела.

— Не патурай, сынок. Можам прайсці, некалі-ж угледзім.

І правяла датуль, пакуль і хлопцы, — за апошні будынак мястэчка. Разам з усімі разьвіталася з Пятрусём, некалькі разоў пераказаўшы яму:

— Не забудзь-жа мае просьбы. Адшукай там Рыгора.

Нарэшце, блаславіла некалькімі гарачымі словамі Пятруся і ня сышла з месца, пакуль не заціх грукат калёс у начной цемні.

Вярнулася дамоў аднэю і запытала у пустую хату:

— Рыгор, Рыгор, дзе ты, што з табою? Калі мы стрэнемся, сынок?

Мястэчка Сілцы і горад Рыга. Пецярбург. Некая сіла лучыла іх між сабою. Пералівы людзкога жыцьця хвалююцца ў адным пункце, адбіваюцца рэхам у другім. Змываюць упарта каменчык за каменчыкам, нясучы яго туды, дзе ёсьць перавага кіпучай сілы завірухі. Дзе пачатак, дзе канец? Не знайсьці. Калыханьне хваль жыцьцёвага мора роўнаважна ахапляе зямную кулю. Адлівы — прылівы. Аднакі ўзровень.

Рыгор, Пятрусь — тое, чаго ня старчыла ў горадзе. Іх нясла хваля туды. Пераплётам заблытаных зьяў ужо выказваўся закон тае сілы, якая пасьля прыдалася для вялікага акту — перш разбурэньне старых асноў, а сьледам — будаваньня новае формы людзкога дабрабыту. Жыцьцё шліфуе людзей — людзі шліфуюць жыцьцё. Працоўнік народжаны змагайца. Яго лёс перамагчы на сваім шляху ўсё тое, што перашкодзіць яму стаць панам жыцьцёвага стану. Жыцьцё няхай будзе падуладным яму… Гэта закон, гэта правілы, гэта лёзунг! Дык няхай жыве нясупыннае змаганьне!