Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/4/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
2. На перагібе 3. Крыжавыя дарогі
Раман
Аўтар: Цішка Гартны
1932 год
4. Чырвоныя зарніцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КВАДРА 3



КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ

Частка першая

[правіць]


ЧАСТКА ПЕРШАЯ



I

РЫГОР АБУДЗІЎСЯ. Расплюшчыў вочы і паглядзеў: ма­ленькая каморка, брудная і няпрыветная ўчора вечарам, зараз сьмяялася ветлівай гасьціннасьцю. Сьцены, аблезлае люстра, паломаны стол і крывы тапчан — мыліся бліскучым сонцам, плаўкім і празрыстым. Маленькае вакенца ў шэсьць няроўных, шыбак — зіхацела, адбіваючыся рамамі на сьцяне…

А ў дварэ, за сьцяною, моцна і рэзва гаманілі. Некалькі галасоў, грубейшых і танчэйшых, гулчэйшых і цішэйшых. Усе нэрвовыя, трывожныя, але трывогаю ня злою, балючаю, а лёгкаю ды звонкаю.

Гамонка перарывалася, пераскаквала тонамі, на нейкі час спынялася, каб зноў пачацца…

Вось некалькі галасоў зьліліся ў адзін, разбавіліся, сталі крапчэйшымі, ім мэрам-бы хто набіваў абручы на жалезную бочку…

Раптам заіржэў конь і людзкі гоман.

Што-б там гэткае?

Рыгор прыпадаяўся: — не хацелася ўставаць — нядзеля — і паглядзеў. Наўскасяк акно, таму ў яго ваччу мігнулася колькі асоб, трасянуўшы поламі сівых сьвітак. Зразумела — былі сяляне. Кірмаш, местачковы, звычайны. Заехалі сяляне ў карчму, абступілі перакупшчыкі.

Смагін — тыя-ж Сілцы… Учора ехаў і зьлічаў — акурат. Вузкая, крывая вуліца. Пры хатах — садкі. У хатах — вячоркі: дзяўчаты, хлопцы. Прайшлі вуліцаю мужчыны ды з песьняю:

— Ой, у лузе, лузе…

А за акном гучней:

— Х-га-а-га-га-а! Гм-гы-ы!

Няўжо гэткі ўпарты торг?..

Зноў гоман, падобны гулу…

«Пагляджу!»

Рыгор раптам саскочыў з ложка, у бялізьне, тут-жа абліты променем сонца — ачуўся каля акна. Але мігам адскочыў, засаромеўшыся. Захаваў постаць, а высунуў голаў і ўгледзеў:

Натоўп сялян.

Яны стаялі каля воза і сумяціліся, тупалі, гукалі. Усе — адвярнуўшыся к возу, на якім выдзялялася белая лугавіна. Рыгор прыгледзеўся, і калі адзін з сялян адышоў, зрабіўшы прагалак, угледзеў: на возе ляжала кабета; пад галавою — пульхная белая падушка на зялёным сене. Сагнуўшыся, кабета пільна глядзела перад сабою і балюча ойкала. Прытрымоўвала рукою грудзі, нібы зашпільваючы адзежыну.

— Вось, пане доктар. Не давязьлі, бачыце. Паражаніца на возе!

То казаў белабрысы, худаваты, з рэдкаю бародкаю і тонкімі простымі вусікамі, востраносы селянін. Ён быў заклапочаны і не адыходзіў ад доктара.

— Паруля, табе нядобра? — пытаў ён кабету.

«Радзіны».

Раніцою, пекным сонечным днём — па дарозе ў больніцу.

Рыгор пусьціў тварам вясёлую ўхмылку. Адышоў ад акна і стаў адзявацца. «Як хораша нарадзіўся чалавек! Хораша тым, што ўжо занадта проста і сьмела… На-хаду, так скаваць, у рyхy… Цікава!.. Помню, як Лявонаў Юзік… маці жала авёс, а ён пад сьвіст сярпа… Тут-жа — на дарозе… Цікавае нараджэньне! А якаво-ж будзе яго жыцьцё? Якімі выхілясамі пойдзе далей яго дарога, што пачалася ў гразкім карчомным дварэ?..»

Абарваліся Рыгоравы думкі — сяляне выяжджалі з двара. Аднэй абутай нагою, а другой босай — вярнуўся ён да акна, і праз сонца, гарачае ды зыркае, паглядзеў на сівыя сьпіны: сяляне з доктарам ішлі за возам, гаманілі мяккім, як сьвежая трава, гоманам.

Рыгор шчыра схіліў голаў — гэтак даюць пашану вялікай заслужанай асобе — і даадзеўся.

Мыючыся, вярнуўся да перарваных думак: «Ня хочацца раўняць да сябе, не… Толькі само напрашаецца, прэ… Амаль ня год астрогу — падумаць!.. Ці разьлічвала маці, нарадзіўшы мяне, што прайду гэткую дарогу! Сілцы–Менск — сотні разоў; Рыга–Сілцы, Сілцы–Рыга і астрог. А радзіўся, ці не сьвяціла, як і тут вось, сонца? Цуда? Чалавек — дробнае стварэньне, здаецца, а падумаць, ды разабрацца — цэлы сьвет, вялікі і таемны. І вось, злучыцца сотня, тысяча гэткіх адзінак, і якая знойдзецца сіла! Горы парушыць, зьнясе на сваім шляху найбольшыя перашкоды».

На ўмывальніку зіхацелі разьлітыя кроплі вады, і тонкія ніткі сьвятла падалі на Рыгораў твар, сур’ёзны ды задуменны. Сонца выпякала на ім ранейшую сьвежасьць, пакрывала цьмянаю загараю. У бровах, пасмутнеўшых ад пылу і духаты ў заводзе, мянялі нядаўнія рысы маладое міны. Усе адзнакі працоўнага жыцьця — былі наповерху. Астрог, мукі няволі, высылка і доўгія пякучыя думкі пра мацеру, пра яе адзіноцтва — сьвяціліся ў вострым узроку, у лёгкім нахіле простае, роўнае постаці.

Рыгор натхненна глядзеў у наступнае, лавіў вачамі яскравы промень і цешыўся нараджэньню чалавека, якое яго абудзіла.

Новае месца, куды Рыгор папаў, яго ня смуціла. Ня думаў Рыгор пра тое, як і навошта жыцьме, калі ня ўстроіцца на рабоце. Але як яму наладзіць будзе сваю працу? Ці нойдзецца для яго належны размах? Ці ўложыцца ён у вузкія рамкі мястэчка? Ці лёгка ўдасца перайначыць сябе водлуг новых умоў?

Было шкада Рыгі, як месца, з якога яго выпхнулі, адарвалі ад рабочае гушчы, выслалі, заставілі пакінуць. Шкадаваў Рыгор і крыўдзіўся на самога, чаму ня сумеў адстаяць сябе, заперакорыць і ня здацца варожай сіле. Крыўда была глыбокаю і ўпічнаю.

Гэта-ж ён, Рыгор, ня так даўно ў тысячным натоўпе рабочых выходзіў з пераможнымі песьнямі на вуліцу…

Цяпер-жа, вось… А мо’ таго ня было? Можа то выпадковы скіц на палатне жыцьця… не пераказны ўдвойчы?

Так далёка ад яго, а так сьвежа і яскрава! Ні астрог, ні правал забастоўкі, ні лёкауты — у агульным жыцьці, а ў прыватным — ні расстаньне з Наталяю, з мацераю, з самаю працаю ў Рызе — не зацьмілі яскравасьці ды сьвежасьці тых перажыткаў.

Паўтарыцца — ён быў увераны, як у стук колаў сялянскага возу, на якім ехаў у высылку. Калёсы тарахцелі па нерастаўшых ледзяках і аголеных камянёх; возік тросься, штурхаючы яго аб білы, а сэрца цюкала: ня мі-не-цца! Ня мі-нецца! Адна бяда — гэта ў тым, што яго чаго добрага абыйдуць новыя рыскія здарэньні.

Рыга — кацёл на агні. Сёньня астыгшы, а на заўтра — зноў у поўным кіпеньні. Вось, здарыцца, закіпіць, а яму — ня бачыць. Будзе балюча і крыўдна… Ці-ж пажадаць, каб разьвіцьцё здарэньняў супынілася, пачакала яго звароту?

Дваццаць пяць вярстоў ад станцыі, ды ціхая язда. Перагутарыў бочкі з вазьніцаю і часу для думак засталося. Але на гэтае пытаньне Рыгор меў верны адказ: няхай здарэньні разьвінаюцца сваёю чаргою. Болей таго, няхай хутчэй выбухаюць здарэньні. Магутныя, вагромністыя, неабсяжныя. Разьліюцца іх хвалі, заліюць Смагін і паднімуць на сабе яго — Рыгора.

І па дарозе ў Смагін, і ўехаўшы ў мястэчка, Рыгор ня кідаў гэтых думак. Яны моцна запалі ў яго істоту і, як камін агонь, падтрымлівалі надзеі.

З гэтай надзеяй ён ачуўся ў карчме, з ёю прачнуўся і, ёю абданы, глядзеў усьцяж прыйшоўшаму дню, наступнаму часу.


II

СОНЦА ЎСТУПІЛА МЕСЦА для цені: на правай сьценцы пакою паказаўся цёмны востракутнік. Пукі променю скасілі ўлева. І белыя каплі, цуркі вады, што ліліся з капяжоў, з гэтага боку — пасерабрыліся. Іх нават было менш, ды, відаць, яны з гэткаю рэзвасьцю, з куды меншай напружанасьцю падалі яны на зямлю. На сонцы, калі прабягала тоўстая рага вады, яе пырскі разьляталіся зыркім галёнам ва ўсе бакі; драбнюткімі зоркамі адсьвечвалі вабранае сьвятло і сьмяяліся подыху вясны.

Заглядаючы ў акно, Рыгор ахапляў сваёю ўвагаю ўсе праявы жыцьця. У яго істоце знаходзілася досыць пачуцьця, каб адарыць ім кожную рэч, малюпаткую крупінку агульнага руху, што адбываўся ў яго перад вачыма. Гэты рух прыцягаў Рыгора да сябе, варажыў, прыкоўваючы к месцу і ў той-жа час — цягнучы ў свой вір.

Ён ня лічыў часу, колькі прастаяў каля ўмывальніка. Забыўся пра яду і не заўважыў, як чыесьці крокі падблізіліся да дзьвярэй пакою. Стук у дзьверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі.

— Слухайце-э! Га-а?

— Вайдзеце, калі ласка.

Рыгор адчыніў дзьверы.

Гаспадыня карчмы, поўная, высокая кабета, неахайна адзетая, з закасанымі па локаць рукамі, стала ў дзьвярах. Яе ветлівы твар, агорнуты мяккаю ўхмылкаю, ласкава глядзеў на Рыгора. Карчмарка мэрам-бы вывучвала пасуседа, каб запамятаваць яго.

Некалькі часу абое маўчалі.

— Вас разбудзілі? — запытала гаспадыня.

— Папрашу гарбаты.

Сьмех абоіх зьліўся ў адзін. Карчмарка загаварыла:

— Напэўна вас разбудзілі… Не ў пару… Сяляне, эх, бяз усякай далікатнасьці!.. Што і казаць… Досьвіткам — шусь у двор; паламалі вешніцы… Вунь! Чуць вокан не павыбівалі… Колькі крыку, ляманту!.. Разбудзілі ўсіх, напалохалі суседзкіх дзяцей… Кірмаш, цэлы кірмаш — ды годзе! Падума-аць! Вязьці ноччу цяжарную… Блізкі сьвет! Ці-ж нельга загадзя паклапаціцнца?.. Нядбайства… Ці-ж то можа быць, каб з гэтага дзіцяці былі людзі! Куды там! Недарэчнасьць адна выйдзе. Зломак…

Карчмарка гаварыла, як грамафон: адкуль браліся словы; няўпрыкмет варушыліся губы, а голас гучэў…

Сама стаяла роўна, непарушна, нібы гутарка падпірала яе з усіх бакоў, не даючы варушыцца.

Рыгор знарочыста паглядзеў на гадзіньнік, каб гэтым даць кабеце зразумець, што яму некалі слухаць. Але карчмарка на нічога на зважала ці не хацела зважаць…

Яна на гэта мела свае мотывы.

Не пазваць-жа чужога чалавека, як сваё дзіцё ці мужа: ідзі, гэй, або як… Трэба, каб цябе людзі паважалі.

І з захапленьнем казала далей:

— Думаеце гэта дарма — не, то з рашчотам. Нашы людзі-ы з рашчотам… Ды ня то, каб з рашчотам, а больш з недахопаў. Ад веку… Мы-ж тут, па суседзтве — дык ведаем, дасканала ўсё ведаем… Так прыходзіцца жыць… Ня верыце-э!.. Мы каля пятнаццаці гадоў з сялянамі маем справу… Што казаць!

Яна перадыхнула:

— Думаеце выгадная рэч карчмарства? Вечна не дасьпіш, заўсёды на нагах; не спакоішся: то тое возьмуць, то тое паб’юць, то паломяць… Чыстаты ў хаце ня бачыш ніколі! А заработак? І-ых! На ворагаў казана — заработак… Кожны ідзе, заяжджае — нібы за ласку, па суседзтве… Толькі што лічыцца заработак. Гады-ў-рады заедзе адкуль чалавек, вось, як вы, і толькі. Хаця-б на тыдзень рублёў пяць наскрабаць… і то-б добра… А то… Няхай яно спрахне гэткае рамясло!.. і гэткае жыцьцё!.. На ўсю сям’ю, на яду ды адзежу, калі маеш якіх дваццаць рублёў у месяц — скачы. А прадасі якую рыбіну ці пляшку квасу — дык заробіш шастак, або чатыры грошы — напрадавайся, калі хочаш… Што казаць, што казаць!.. А яшчэ няпрыемнасьць заўсёды… Чалавек хацеў-бы адпачыць, а другі бессаромна варвецца ў хату або ў двор, наробіць галасу, ляманту, і на табе… Цьфу!..

Карчмарка заварушыла сваю ўстойную постаць, замахала ру­камі і змаўчала.

Рыгор раптам зьняў з вешалкі паліто і павярнуў да дзьвярзй.

Карчмарка пераняла яго:

— А гарбаты? Ах, я і забыла, што вы ня сьнедалі. Ой, даруйце маю благую привычку — люблю з чалавекам пагутарыць. Мой Шлёма лаецца на мяне за гэта — та што мне зрабіць, калі ўжо ўрадзілася балбатухай? Мо’ ня праўду кажу? Кожны чалавек — па-свойму. Чаму і мне ня трымацца свайго?.. Бывае што… Дык вып’еце гарбаты?

— Дайце, калі ласка… І папрашу хутчэй, бо зраз-жа маю ісьці.

Карчмарка павярнулася і выйшла з дзьвярэй, але не пайшла; тут-жа зноў адвярнулася да Рыгора і запытала:

— А вы былі ўжо ў нашым мястэчку? Вам яно знаёма? Тут нічога асаблівага, прынамсі, няма. Балота — што можа ў мястэчку быць? Чыгунка далёка, фабрык — ніякіх; вось, жывом, як мурашкі ў муравейніку… Усё тут… Але кожнаму свае справы…

Яна з апошнім сказам вярнулася на ранейшае месца, абаперлася на вушак і, забыушыся пра гарбату, загутарыла далей.

— Ліба-а! Га, Лі-ба-а! Ідзі-ы сюды-і!

Карчмарка рухава цяпанула цяжкімі плячыма, скрывіла міну і прамовіла:

— Вось-вось, ужо нешта ёсьць… Го-о ёсьць! Ужо зноў на­бедокурылі… А-яй-а-яй!.. Бачыце-э, чуеце крык?.. Дачку заве…

Размахваючы рукамі, яна рушыла з месца і схавалася.

Рыгор зачыніў за гаспадыняю дзьверы і не пасьпеў адвярнуцца, як пачуў з другога канца калідору:

— Я вось зараз прынясу вам гарбату…

Неўзабаве пастукалі ў дзьверы.

— Уваходзьце!

— Адчынеце, папрашу.

Ён хутка адчыніў.

У каморку вайшла, з тацаю ў руках, маладая, чарнявая, гадоў восемнаццаць дзяўчына.

— Добры дзень! — прывіталася яна, паглядзеўшы на Ры­гора: — выбачайце, што мама так доўга замарудзіла з гарбатаю… Яна ў нас ахвотніца гаварыць, — перапрасіла дзяўчына, гасьцінна ўсьміхнуўшыся Рыгору.

— Нічога, пасьпею выпіць, — адказаў ён, аглядзеўшы дзяўчыну: — я таксама люблю гутарку, — дадаў.

Але гэта было да слова. Дзяўчына-ж, пэўна, зразумела Рыгораў сказ іначай, бо, падаўшы гарбату, назнарок замарудзіла з выйсьцем: яна перш атрапала настольнік, пасьля паправіла крэслы, пераставіўшы іх з месца на месца, далей стала ўсьцілаць ложак.

— Вось, асталося толькі падмясьці і ўсё ў парадку.

— Дзякую!

Дзяўчына ўсьміхнулася.

— Ах, я і забыла, можа вам падаць малака? — схапілася яна.

— Не, досыць і гарбаты… Хіба ў абедзе…

— А вы калі прыдзеце абедаць?

— Гадзін праз дзьве, думаю… Ды яно для мяне ўсёроўна…

— У нас абед калі хоць… Будзьце ласкавы…

Рыгор ізноў падзякаваў маладой гаспадыні.

Тая завярцелася, як белка, плаўка ды лёгка, і з ціхім на­певам вышмыгнула з каморкі.

Рыгор правёў яе ўзрокам і падняўся з крэсла.

У шклянцы на стале асталася недапітая гарбата, а на талерцы — лустачка намазанае маслам булкі.

Ужо сонца пакінула пакой. Толькі адна сьцяна мылася яго адсьветам.

У карчме пабольшваўся гоман. Разварушаныя думкі астудзілі жаданьне хутчэй выйсьці ў мястэчка, і Рыгор яшчэ на нейкі час астаўся ў пакоі.


III

БЫЛО А ДВАНАЦЦАТАЙ ГАДЗІНЕ ДНЯ, калі Рыгор пакінуў свой пакой. Перарваўшы думкі, ён выйшаў з карчмы і пайшоў усьцяж вуліцы, напрамкам да рынку.

Сьвяціла сонца, не атуманенае, зыркае і прамяністае. Дыхала блізкаю вясною. Па бакох вуліцы, рундучкамі, шпарка бурлілі джаролы. Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясьне. Бурыя, наздратыя кучкі зацалелага сьнегу падмываліся вадою і ў вачавідкі асядалі, меншалі. Сярэдзінай вуліцы, забруджанай густым пластом гавяжага гною, вытыркалі лобікі каменьняў, ужо падсушаных сонцам. З поля падыхала прыемным, мяккім ветрыкам; мэрам-бы ён, гэты ветрык, быў разбаўлены тым подыхам зямлі, асалоджалым, вызвай, які выпускала яе рэдкія чорныя плямы. І цёмны лес, азалочаны сонцам, прыветна паглядаў на мястэчка.

Год назад тое самае: мінулая казка вясны калыхалася ў но­вым нараджэньні няўміраючай чароўнасьці. Гэта яе калыханьне выразна адчувала ўсё жывое. Слухалі буркаценьне вады крыклівыя, з пачырванелымі грабянямі куры, растрасаючы пружыністымі лапамі смуродлівы бруд. Прыслухоўваліся да подыху ветру выпушчаныя з хлявоў каровы і авечкі; рыкалі і мэкалі ўбок поля, убок лесу, настрэчу пачарнелых прастораў.

Доўгая чарада фурманак выцінала калёсамі па бруку ды па рэштцы лёду аднатонныя гукі. Рагаталі рэзвыя канякі, забруджаныя ў дарозе, з палахмачанаю шэрсьцю. У жоўтых, пахучых дубнякох, кажухох, у драп’ястых хустках, пілявыя, гаваркія, варушыліся ў саломе на вазох сяляне, сялянкі. Кожную фурманку лавілі пяць-шэсьць пакупшчыкаў мяшчан; яны перапынялі каня, накідаліся на воз і мацалі рукамі прыхаваныя мяшкі, кошыкі, кублікі. Раз-ад-разу зграмаджалася ў кучу некалькі фурманак, і сярод вуліцы адчыняўся кірмаш, з крыкамі, лаянкаю і, урэшце — з гандлёвымі акцыямі…

На голых падгалістых дрэвах, што старажылі амаль ня кож­ную хату, сакатала вараньнё. Ужо яно будавала гнёзды, вяло вясновую варкатню…

На хібох стрэх, на вешалах над стрэхамі хат — варкаталі галубы. З двара ў двор, у марцавым пудзе, ганяліся каты, пішчучы, як ашалелыя.

Каля хат, пры вярэях, стаялі мяшчане, акідаючы дбайнымі ўзрокамі гародчыкі.

Уся гэта шумлівая, рухавая, трапяткая суматоха выглядала нейкай прыемнай, забыўнай, п’янай бяседаю. Кожнае жывое стварэньне, чалавек і жывёла, смагна пілі з аднаго каўша малады сок жыцьцёвай прагі. Гэта прага п’яніла, гайдала, варушыла драбнейшыя сустаўчыкі кожнай постаці, прыдаючы ёй задзёр, варухлівасьць, імпэт. У зьлітнай радасьці, якую нясла з сабою вясна, выглядала векавечнае хараство, бурлівы вір нястухаючага бытаваньня, незапляменае вялічча няўміручага сусьвету.

Рыгор ня мог не захапіцца настроем прадвесны. Ён мо’ выразьней усіх, каго бачыў перад вачыма, адчуваў яе калыханьне. Ён востра адчуваў сваю вольнасьць, яшчэ нядаўна скутую тоўстымі сьценамі астроту, і сваю сувязь з акаляючым жыцьцём, нядаўна адрэзаны ад яго. Ідучы, ён аглядаў нізкія, старыя, часта пахіленыя хаткі, расчыненыя двары. У дробных вокнах адбівалася сонца і здавалася Рыгору, што і ў гэтых хатках так-жа вольна, весела і незалежна, як і на дварэ.

Незаўважна, разам з цугам фурманак, Рыгор уліўся ў рыначны вадакрут і пайшоў да крам. Чаго і што — ён сябе ня пытаўся і не задумоўваўся. Ішоў, разглядаў у бакі, цікаваў.

Сяляне таўхаліся, церлі яго кажухамі і халатамі, перапынялі і путалі, але ён не злаваўся.

Каля крамнага раду яго зацікавіла грамадка людзей. Усе з местачковай цікавасьцю абгаварвалі прылепленую на сьцяне абвестку.

Рыгор прашыўся наперад і прачытаў таксама.

Абвестка паведамляла пра беларускі спэктакль, які меў давацца наезнай трупай аматараў пад загадам Лучынскага. — «Будзе пастаўлена «Сватаньне» і «Па рэвізыі».

«Сватаньне», «Па рэвізіі», «беларускі спэктакль» было навіною для тых, хто таўхаўся перад абвесткаю, углядаўся ў чорныя высокія яе літары, па некалькі разоў сьлібізуючы дзеканьне.

Нейкі мешчанчук, у жукетцы з блішчастымі гузікамі і ў шапцы з машастовым аколыхам, круглатвары і рэзвы, нездаволена матаў галавою ды пацьвіліваўся з вымовы. Казаў, азіраючыся вакола, як-бы шукаючы спагады.

— Бе-а-ла-арускі-ы, па-дду-ама-аеш! Ххі-ахха-а! Хха-ах!

Будзе-э-э! Сваттаньне-э!

Адным вокам ён хітра падмігіваў сваім суседзям і нецярпліва крывіў губы, мяняючы выраз твару ад неспагады іншых.

— А паглядзець, усё-ж такі, цікава, — не згаджаўся сярэдніх гадоў мужчына, у кажусе, рыжавусы.

Яго спакойлівы тон асадзіў кпітлівага мешчанчука, які раптам азірнуўся на свайго апонэнта і зрабіў зьдзіўленую міну.

— А пэўна, паглядзець цікава, — дадаў трэці з тых, што стаялі перад абвесткаю.

Памалу, слова за словам паднялася спрэчная гутарка. Яна зьбірала ўсё большую ды большую грамаду. Вачавідкі гутарка дзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Але можна было заўважыць, што спэктакль меў за сабою пераважную большасьць.

Рыгор нейкі час слухаў моўчкі; прыглядаўся да кожнага, хто прымаў удзел у гутарцы, пасьля ўмяшаўся ў яе сам.

— А чаму, браце, ты думаеш, што гэта некія штукі? — абярнуўся ён да мешчанчука: — мне думаецца, што тут зусім ня так. Тут абвяшчаецца звычайны спэктакль на беларускай мове, і ўсяго.

Усе абярнуліся на Рыгора. Яго хоць бедны, усё-ж гарадзкі выгляд, яго цьвёрдасьць і рашучасьць у вымове ўнясьлі нечаканую струмень у спрэчкі. Стала ясьнейшай сама тэма, вакол якое ішла гутарка, і Рыгоравы словы гульліва разышліся па грамадзе. Многія падозрана паглядзелі адзін на другога, як быццам-бы правяраючы нагаворанае імі пры афішы. І тут-жа рыжавусы мужчына, шырока ўхмыльнуўшыся, спачувальна паківаў галавою. Другі-ж селянін, у шэрай суконнай жукетцы, з манчжурскаю шапкаю на галаве, многазначліва праказаў:

— Ні з чаго ня трэба сьмяяцца, каб на сябе не аглядацца.

Хутка за спэктаклем была амаль ня поўная спагада.

І як быццам-бы таму, што гэта спагада падышла ў пору, пасьля спрэчак, ды захапіла добрых паўтара дзесяткі чалавек, далей было лішнім стаяць перад абвесткаю. Усе разам зарухалі і хто куды — сталі разыходзіцца.

Рыгор не агледзеўся, калі астаўся адным, ня думаючы куды і што пайсьці. Ён падышоў да абвесткі, яшчэ раз прачытаў яе ад слова да слова і вярнуўся ў сялянскую гушчу, адкуль і прыйшоў.

Абвестка навеела яму розных думак і ўспамінаў. Пасьля бліскучых гарадзкіх тэатраў Рыгі, з іх шаломнаю ігрою, ад гэтае абвесткі веела нечым мізэрным, бедным і шэрым. Але побач з гэтым, як у абвестцы, так і ў яе зьмесьце хавалася шмат цікавага. Кожныя аматарскія спэктаклі, якія раней адбываліся ў Сілцох, часта пры яго ўдзеле, аднаўлялі яму мінулыя вобразы юнацкага задору і чыстых імкненьняў. Мястэчка і тэатр! Ласьне малое дзіва? Што і казаць — бударажыла людзей, паднімала на ногі маладога і старога, праганяла сон, застаўляла на момант забываць пра вечны цягучы ды ліпкі клопат… Вось-вось, паміж літар абвесткі выразна паўстаюць героі п’ес «На дне», «Яўрэі», спрытна загрыміраваныя кудзеляй, крэйдай ды сажай замест крамных муль. Сёмка, Волька, студэнт Эрдэль, Ляйнэрт ды іншыя… «А ўсё-ж даўно» — прамігнула ў Рыгоравай галаве, і ён крута павярнуў направа.

— Стой! — раптам пераняў Рыгора чыйсьці зычны огук.

Рыгор прыпыніўся і паглядзеў на чалавека, які з шырокай ухмылкаю падыходзіў да яго.

— Не пазнаеш? — запытаў ён Рыгора.

— Не!

— Сроль, давай пазнаемся!

Рыгора зьдзівіла.

— Адкуль, і што, і як?

Нейкі час ён ня ведаў, што сказаць, пра што запытаць таварыша. Прыглядаўся ў Сроляў твар. Брала сумненьне ў праўдзівасьці вочавідкага факту. Разам з тым забірала задавальненьне ад нечаканай, зусім выпадковай, але прыемнай стрэчы.

Прымха нейкая, ды годзі!

І чорная бруднаватая бародка клінком на вуграстым твары Сроля, і абвісшыя рэдзенькія вусікі, што дужкаю апускаліся да бародкі, вяжучы яе ў адзін грушападобны малюнак, і капялюш на галаве, і дасканалы гарадзкі чорны гарнітур, белы каўнерык замест заўсёдашняе рубашкі бордо, і палачка ў руках, — усё гэта ня ладзіла ў памяці Рыгора з тым портрэтам, які маляваў Сроля пры разьвітаньні.

— Цябе цяжка пазнаць!

— Няўжо?

— Сапраўды. Вось гляджу на цябе і ня веру…

— Сьмяешся… Рыгор… Пройдам…

Яны завярнулі між левага боку крамнага чатырохкутніка ў бок майдані.

— Дык якім-жа ты чынам папаў сюды, Сроль? — цікавіўся Рыгор.

— А ты?

— Я зусім выпадкова, брат!

— Тое-ж самае і са мною.

— Цікава!

— А то-ж не?

— Кажы спачатку, Сроль!

Той азірнуўся назад, паглядзеў у бакі і пачаў у агульных рысах аповесьць, як і што разьвіналіся здарэньні ў яго жыцьці, чаму, як і калі ён папаў у Смагін.

Цэлы зьнізак выпадкаў — цікавых ды каразьлівых, рашучых ды сьмелых — перапляліся між сабою і зьвілі поўную гісторыю сролевага вандраваньня за апошні год.

Рыгор з аповесьці таварыша дазнаўся, што Сроль у два месяцы пасьля яго ад’езду ў Рыгу мусіў пакінуць Сілцы, каб ня стаць ахвяраю поліцыі. Два разы прыходзіў станавы са стражнікамі на кватэру, трасьлі, адымалі кніжкі, састаўлялі протоколы пра наведваньне. Яўных доказаў, важкіх ды сур’ёзных, каб на іх падставе заарыштаваць Сроля, у поліцыі ня было. Але поліцыя не магла супакоіцца на тым, каб пакінуць Сроля ў спакоі. Ведаў станавы, ведаў ураднік і шмат хто больш ведалі, што падваліна сілцоўскага соцыял-дэмокрацтва — гэта гарбар з Віцебску, Сроль Рэзьнік. І поліцыя пільна чакала здатнага выпадку, каб ціха, бясшумна расправіцца з ім. Сролю аставалася адно — уцячы з Сілцоў. І вось Сроль аднэй цёмнаю ноччу, а другой гадзіне па поўначы, пакінуў Сілцы. Ён накіраваў на Ліцк. А канчатковай станцыяй меў Слонім. Прабыў у ім тыдзень, пасьля падаўся далей і, вандруючы з мястэчка ў мястэчка, апынуўся ў Смагіне…

У Смагіне ёсьць некалькі гарбарскіх майстэрань, налічваецца ў іх да трыццаці чалавек рабочых. Паміма гарбарскай прамысловасьці, ёсьць у Смагіне і дзьве сьлясарскіх майстэрні, невялічкая ткацкая, каля дзесятку шчаціначных.

У Смагіне Сроль ужо болей двух месяцаў. Увайшоў у мясцовую організацыю, папаў у сябры комітэту, і вядзе спорную, як і ў Сілцох, працу.

Глеба для гэтае працы вельмі лагодная — шмат людзкога матэрыялу. Цікавасьць працы падкрэсьліваецца яшчэ тым, што ідзе вялікі перабой паміж бундаўцамі і іх соцыял-дэмократычнай організацыяй. Аднак, перавага за імі — соцыял-дэмократамі. Галоўнае таму, што маецца крэпкая база на вёсцы.

Між іх організацыяй і організацыямі іншых раёнаў наладжана цесная сувязь; часта мяняюцца прамоўцамі, а некалькі разоў удавалася рабіць сумесныя сходкі ў ляску за рэчкаю, у пяці вярстох ад мястэчка.

Увогуле, па словах Сроля, абставіны ў Смагіне былі-б вельмі добрымі, каб ня шпегства, якое ў апошні час стала пагражаючым для мясцовых, а мо’ і суседніх організацый. Дзякуючы прадаўніцтву аднаго сябра бундаўскай організацыі, грозіць правал многім адказным таварышом. Праўда, яны прынялі належныя меры, але ўжо справа зайшла далёка і, можна баяцца, што з часу-на-час поліцыя навядзе пагром… Гэтая прычына вельмі азадачыла таварышоў з організацыйнага актыву, і некалькі з іх ужо на мінулым тыдні пакінулі мястэчка.

Ён, Сроль, таксама знаходзіцца над уплывам гэтых настрояў і мо’ праз дзень-другі, у сваю чарту, будзе вымушаны адлучыцца на нейкі час са Смаігіна.

— Вось чаму я вельмі здаволіўся, калі напаткаў цябе. Гэта значыць, што ёсьць каму рабіць справу… Рыгор усьміхнуўся.

— Чаму-б ня так. Але…

— Што але?

— Я зараз скажу, пачакай.

Абое спыніліся.


IV

ЯНЫ РУШЫЛІ ДАЛЕЙ. Шырокі пляц, які запаўняўся падводамі ды людзьмі толькі раз у тыдзень, у аўторак, калі адбываліся ў Смагіне таргі, зараз пуставаў. Некалькі фурманак стаяла ля паркану зачыненага вучылішча; да іх цягнулася пяцера здаравенных адкормленых кароў. Кожны дзень яны тое і робяць, што шнайдараць па рынку, ад падводы да падводы а жывяцца зусім нячэсным спосабам — кражаю чужога сена з вазоў.

Між шэрагу хат, якія складалі сабою бок вуліцы, адмяжоўваючы майдань ад лагавое вуліцы, праходзілі рэдкія пешаходы.

Час-ад-часу Сроль паглядаў у іх бок, як быццам-бы вызнаючы кагосьці. Рыгор-жа спакойліва цікавіўся кожнай мясьцінаю, кожным будынкам, дрэўцам, адлеглымі за мястэчкам пэйзажамі. Гэта адцягала яго ўвагу ад чаканага Сролем адказу на апавяданьне, і ён упічна праказаў да Рыгора:

— Чаго-ж маўчыш?

— А што?

— Кажы аб сабе.

— Ведаеш, забраўшы мяне настрой не дазваляе варушыцца языку. І хочацца казаць, і ёсьць многа-многа пра вошта паведаць, а чамусьці так прыемна памаўчаць.

— Кінь, кажы…

Яны завярнулі ўлева. Рыгор на павароце праказаў:

— А ты думаеш, Сроль, што я дабрахвоць ачуўся тут?

— Нічога ня думаю, а таму і пытаю. Якім чынам, кажы?

Ён зьнізіў тон і азірнуўся.

— Няма каго баяцца.

— Ды я не баюся.

І сам азірнуўся вакола.

— Мяне, брат, выслалі сюды ў адміністрацыйным парадку пасьля васьмімесячнае адседкі ў астрозе. І, пэўна, поліцыя будзе мець за мною пільны нагляд. Так што справа з маёю заменаю другіх — ня гэткая простая, як табе здаецца. Трэба абдумаць гэта пытаньне ўсебакова… Зразумела, што я не адкажуся ад працы, не магу адказацца… Ты, брат, пэўна чуў, як і што рабілася мінулым летам у Рызе? Ох, якая вялікасьць здарэньняў! Што за ўздым! І вось я, прызнацца, адыгрываў у ім не апошнюю ролю… Разумееш, дапамагаў організаваць дэмонстрацыю рабочых, выступаў з прамовай, прымаў удзел у сутычках з поліцыяй… Высунуўся ведаеш, у першыя шэрагі партыйнае організацыі… Але разбурыла поліцыя і забастовачны комітэт і організацыйны комітэт… колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся, а другія разасланы, хто ў Сібір, хто ў Архангельск, Туркестан… Справы, бачыш…

Рыгор углядаўся ў Сролеў зацікаўлены твар.

— І, ведаеш, братка Сроль, — казаў ён далей, — ўсё маё жыцьцё перавярнулася ўверх дном. А складалася яно, бачыш, так. Пазнаўся з цэлым шэрагам таварышоў… Меў пару знаёмых дзяўчат… Ха-ха-ха! Апошняе сьмешна? Нечакана, само сабою зьвівалася ў калаўрот здарэньне за здарэньнем, яскравыя, блішчастыя, буйныя па размаху і глыбокія па сутнасьці… І вось, прыехаў сюды бяз грошай. Чужы кут, а выпадзе так, што доўгі час ня будзе працы, тады як?.. Каб я адзін, а то-ж дзесьці гаруе па мне маці. Шмат часу ня пісаў ёй — старая заплачацца. А мо’ — хто ведае, — што здарылася там з ёю, адкуль пачуеш?.. Ты, часамі, Сроль, не перапісваўся з Сёмкам ці з іншым кім?..

Сроль адмоўна паматаў галавой.

— Выехаў і кончана? Сілцоў як і ня было?

— Вядома… А як-жа інш… Напішаш — будзе сьлед для поліцыі.

— І то праўда…

Рыгор памаўчаў.

Яны падбліжаліся да пажарнае, што стаяла на адгоне калькіх сажняў ад паўднёвага ярусу крам.

— А я, ведаеш, — зноў пачаў Рыгор: — думаю як-кольвечы пабываць у Сілцох. Цягне адведаць…

— Гэта, па-мойму, небясьпечна. Там напэўна на цябе зубы точаць, — перасьцярог Сроль: — ці варта?

— Плёвая справа — няхай точаць; і наточаныя можна будзе выбіць… Ведаю…

— Расхрабрыўся, бачу! — засьмяяўся Сроль.

— Якое там храбрасьці трэба! Падумаеш!

Ён махнуў рукою, зрабіў два-тры крокі моўчкі і дадаў:

— Гэта яшчэ ў проекце, вядома… Мала што можа гэты час!.. Пэўна, што цікавей бліжэйшае, тое, з чым вось заўтра мушу спаткацца…

— Пра вошта гэта ты?

— Ды хоць-бы аб працы… Скажы, браток Сроль, ці можна як-кольвечы ўстраміцца ў гэтым Смагіне на работу? Хоць-бы з малага, якіх рублёў дваццаць у месяц зарабіць, га? А там — як кажуць — бог бацька…

— Я думаю, што можна будзе. Казаў-жа, — няўжо забыў? — што тут ёсьць некалькі майстэрань па тваёй профэсіі. Заўтра зранку запытаю таго-сяго, а вечарам — угледзімся… Ты дзе спыніўся?

— У Крамніка… або я ведаю, дзе лепш!

— Не, нічога і там. Усюды аднакава. Не спадабаецца — можна будзе перамяніць… Так… А вось, наконт грошай як? Кажы.

— Краплюся пакуль, — неахвотна адказаў Рыгор.

— Ды чаго саромецца?

— Пэўна, тым болей перад табою… Вось пасьнедаў на саракоўку, а то яшчэ і абед заказаў…

Ён паглядзеў на гадзіньнік:

— Ужо да вячэры блізіцца… Ды пэўна-ж, скажу, як прыпрэ…

— Ня хопіць — Крамнік паверыць… людзі добрыя.

Сроль зьнізіў голас і дадаў:

— І свае. Дачка ў організацыі… Бачыў, мо’?

— Так, яна падавала мне гарбату і прыбірала пакой… Прызнацца — цікавая дзяўчына… і таварыш…

Сроль адказаў на гэта ўкрадліваю ўхмылкаю.

— Кажаш, кінулася ў вочы, га?

— Заслугоўвае таго…

— Дык ведай, што мяне яна даўно ў ваччу стаіць… Ха-ха-ха! Наскочыў, брат… Выпадкова, як бачыш. Мо’ ня праўда?..

Апошнімі сказамі хлопцы абмяняліся пры самым будынку пажарнае.

Гурт дзяцей, што таўпіліся перад варотамі будынку, падняў зычны галас. Якісьці мужчына адганяў іх ад століка, за якім прадаваліся білеты на абвешчаны спэктакль.

— Во, бачыш, што тут іх чаўпецца, — паказаў на дзяцей Сроль: — гэта-ж тут сёньня будзе беларускі спэктакль…

— Я ўжо абвестку чытаў. Цікава наведаць…

— А вядома — навіна…

— Дык я ўжо адчуваю: мяшчан зацікавіла. Чуў, як дыскусіравалі перад абвесткамі.

— Няўжо?

— Сапраўды. Напэўна, людзям цікава, што за спэктакль беларускі?..

— Ды тут усё цікавіць: муха-заваруха, — мястэчка, глуш…

Сроль тузануў Рыгора за рукаў і перабіў яго гутарку.

Рыгор агледзеўся:

Да пажарнае падбліжаўся поліцэйскі стражнік.

— Пойдзем дахаты?

— Давай!

Сроль адвярнуўся, каб ісьці.

Рыгор перапыніў яго запытаньнем:

— Дык мо’ зойдзеш па дарозе на спэктакль?

— Чаму-ж не…

Яны разышліся.


V

РЫГОР НЕ ДАЧАКАЎСЯ СРОЛЯ і рашыў ісьці на спэктакль адным.

Выйшаўшы на ганак, ён быў спынены воклічам:

— Можа на спэктакль?

Яго пытала маладая карчмарка.

— Так. Можа маеце ахвоту?

— Калі не перашкоджу вам…

— Што вы, што вы…

— А ўжо так ці іначай, а правяду вас…

Бацька правёў дачку незразумелымі Рыгору мораламі.

— Я ведаю, не клапацецеся, — адказала яна.

Рыгор памаўчаў, пакуль сыйшлі з ганку, пасьля праказаў:

— Бацька непакоіцца?

— Ці-ж патураць яму? — адмахнулася дзяўчына.

Каб адцягнуць яе ўвагу ад гутаркі з бацькам, Рыгор перамяніў тэму:

— Я чакаў тут аднаго таварыша. Выпадкам стрэўся — але нешта ён не зайшоў.

— З таварышам спаткаліся? Я бо гляджу, што вы і абед замарозілі… Гэта ўдачліва. Вы, пэўна, тутка бывалі ўжо калі кольвечы?

— Прызнацца, не. І не спадзяваўся быць, а вось таварыш найшоўся.

— Цікава, хто такі!? Я-ж тутка ўсіх ведаю.

— Ёсьць гэткі…

— Вы робіце з гэтага сакрэт?

— Ніякага, паверце. Тым болей, што мой знаёмы цікавы і для вас.

— Што-о вы, сапраўды?.. Хто-ж бы ён быў?

Дзяўчына настаражылася і з узмоцненай цікавасьцю чакала Рыгоравага паведамленьня.

— Вы знарок? — не дачакалася яна.

— Я жартаў ня люблю, калі яшчэ ды пры першым знаёмстве.

— Кажэце каму ды ня мне.

— А вам вельмі цікава?

— Прашу.

— Вы Сроля Рэзьніка чулі?

— Ласьне ён вам знаёмы? — з зацягам праказала дзяўчына.

— Ня верыце?

— Ня маю падставы… Але…

Яна крыху памаўчала і няўверана папрасіла Рыгора:

— Даруйце, як-жа вас зваць?

— Рыгор Нязвычны…

— Гэта-а вы, Рыгор Нязвычны?

Дзяўчына акінула Рыгора ўзрокам з галавы да ног, мэрам-бы запэўняючыся ў яго словах:

— Пры вас, ён самы… Чаму так дзівіцеся гэтаму, цікава?

— Так-так, ваша імя я ведаю. Мне Сроль многа разоў дапамінаў пра вас… Ды ён вас шануе! У яго вачох — вы ідэальны чалавек… Ён хваліць вас заўсёды… І я так рада, што з вамі спаткалася!.. Ды яшчэ гэтак цікава спаткалася…

— Дазвольце мне зваць па фаміліі… Эдаецца Крамнік, калі ня мыляюся?

— Так, Ліба Крамнік… Але скажэце мне…

— Гэта пасьля, а цяпер…

З-за рагавое хаты прагучэў рэзкі воклік: ні то хтосьці каго зваў, ні то проста, займа здароў, нехта пракрычаў. Іх гутарка спынілася.

Ліба знаходзілася пад уражаньнем спатканьня з Рыгорам, пра якога раней многа наслухалася, і які, дзякуючы гэтаму, мэрам-бы астудзіў яе нядаўнюю рэзкасьць. Але яна адчувала тое пачуцьцё ўміленьня, якое яе местачковая непасрэднасьць абудзіла ў Рыгору.

Рыгору не хацелася думаць пра заўтрашнія захады наконт працы — спакой вясеньняе ночы апойваў яго асалодаю новага знаёмства. Гэта казытала яго істоту, засьцілаючы мяккаю ўтульнаю ўслонаю жорсткія хвіліны нядаўніх перажыткаў.

— Прыйшлі, — паведаміла Ліба.

— Можа яшчэ рана? — запытаў Рыгор.

Запытаў назнарок, бо было відаць, што спэктакль яшчэ не пачаўся. Пра гэта сьведчылі гурткі людзей, што стаялі перад варотамі будынку, шолам, крыкі дзяцей; сьведчылі няпрычыненыя вароты, з якіх выплывала шырокая паласа сьвятла. Але разам з гэтым чуўся ў пажарнай перапеў музычных зыкаў: музыкі наладжвалі інструманты. Пачатак спэктаклю набліжаўся.

— А ці нас месцы не разлучаць? — пажартаваў Рыгор.

— У мяне дзесятага раду — хто будзе глядзець!

— Вы дазволіце сесьці побач?

— Які вы, Рыгор… Калі ласка! Абы не мяшала вам!

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але яе паклікалі:

— Ліба!

— А, гэта ты, Сроль? Прабірайся сюды…

Праз хвіліну Сроль стаяў каля іх.

— Што так запазьніліся, — пытаў ён.

— Чаму, яшчэ-ж не пачыналася, — адказала Ліба.

— Зараз пачнецца… А ты хочаш прыйсьці ў палавіне спэктаклю?

— А чаго гэта па гразі таптацца…

— Падумаеш!.. Ідзем у сярэдзіну, Рыгор?

Яны прашліся праз грамадку мяшчан і вайшлі ў памяшканьне пажарнае.

У пажарнай было сьветла і прыбрана. Па сьценах вілася дзераза. У куткох, між сьцен, і перад сцэнаю стаялі стройныя ялінкі. Радкі елак былі паўтыканы ў траму і бэлькі. Зьлева перад сцэнаю, якая была зьбіта з новых смалістых дошчак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі; іх было шэсьцера. З другога боку, пры дзьвярох на сцэну, шумліва таўпілася грамадка моладзі. На расстаўленых доўгіх, няўстойных лаўках, разапятых ад сьцяны да сьцяны, сядзела ўжо чалавек з паўтараста мяшчан. Чалавек дваццаць стаяла на «галёрцы», бач у месцы, агароджаныя ад лавак тоўстаю жэрдзінаю, а ад папярочнае сьцяны — пажарнымі драбінамі. З дзесятак хлапчукоў тарчала на бочках ды насосах, што стаялі ў кутку за драбінамі…

Пакуль Рыгор з Лібаю ды Сролем знайшлі свае месцы, музыкі загралі якісьці гучны, какафонны марш, і гэтым перацягнулі з вуліцы ў пажарную рэштку публікі. Моладзь, што грамадзілася пры дзьвярох на сцэну, хутка расьселася: частка яе апынулася на мясцох, частка зьнікла за кулісамі.

Кароткі марш закончыўся бразгатнёю трупцянага званка, за некалькімі ўдарамі якога злосна няўдалым скруткам пакацілася ўгору.

Прыбраная зеленьню сцэна, прадстаўляючы сабою воласьць, пацягнула да сябе сотні пільных, настарожлівых вачэй. Яшчэ вастрэй праразалі гледачы густы змрок «салі», калі сцэна ажыла ад рэзвых гутарак і порсткіх павертаў артыстаў, прыбраных у вясковыя вопраткі. Белыя сьвіткі і магеркі, паласатыя спадніцы пад чырвонымі чалмамі хустак, знаёмая хатняя, надворная ды палявая мова — востра імпонавалі прытоенай, зьлітай у адным непарушаным маўчаньні, «салі». На тварах гледачоў гуляла дзівовая ўхмылка і рэзвая цікавасьць. Многія пераглядаліся адзін з другім, ківаючы галовамі… Калі дзея паглыблялася, разгартаючы сюжэт і сэнс п’есы, на «галёрцы» паднімаўся сьмех і выгукі, якія стрымліваліся з месцаў.

Рыгор пільна сачыў за сцэнай, але публіка раз ад разу адцягвала яго ўвагу на сябе. Ігра, здавалася яму, была добра наладжанай, дапасаванай.

Ён з увагай сачыў за разьвіцьцём п’есы. Яе просты, незамыславаты сюжэт компэнсаваўся для Рыгора асалодаю напеўных дыялёгаў.

Ужо набліжаўся антракт, калі яго настарожанасьць прарвала знаёмая гутарка новага пэрсоналу на сцэне. Гэта гутарка належала артыстцы, што грала ролю нявехны.

Ён натужыў сваю памяць і атрымаў пацьверджаньне знаёмасьці ў характары яе знадворных рысаў. Ён зьдзівіўся: як тое можа быць, каб на сцэне чакала яго неспадзяванка?

Заслона важна пала на падлогу, і яе стук зьліўся з словамі Рыгора, накіраванымі да Лібы і Сроля:

— Я прайду за кулісы, а вы пачакайце мяне тут…

На яго пытальна паглядзелі з абодвух бакоў.

— За кулісы-і? — прагучэла ў Рыгора над вухам. І чэцьвера вачэй перакрыжавалі яго пытальнымі ўзрокамі.

Бляск гэтых узрокаў, аднак, ня стрымаў Рыгора, і толькі супакойваючы мах рукі правёў паветраную рысу перад вачмі яго суседзяў.

Праз хвіліну, ня болей, Рыгорава постаць зьнікла ў натоўпе шумлівых гледачоў, што густою сьцяною адрэзалі сцэну ад салі.

Паўторны ўздым заслоны прадстаўляў перад імі зьдзіўленых нечаканым посьпехам артыстаў.

Тая, чый голас і чыя постаць прыцягнула Рыгора да сцэны, ажно трэці раз з часу сканчэньня дзеі прадэмонстравала перад неўгамоннай саляй.

Яна, напэўна, не пасьпела пакінуць сцэны, з пукам кветак у руках, калі першы сыгнал абвясьціў пра набліжэньне другое дзеі.

Густы трупцявы гук званка справадзіў Рыгора назад на яго месца.

— Чаго ты там ня бачыў? — пацікавіўся Сроль.

Расчырванелы Рыгораў твар таіў у сябе лёгкае нездаваленьне. Адчуваючы гэта, Ліба чакала яго адказу.

— Ёсьць справа.

— За кулісамі?

— Уявеце сабе, што так, за кулісамі…

— Вось гэта нумар…

— Нявехну, здаецца грае знаёмая асоба…

— ??

— Няйначай… І гутарка, і постаць, і нават манера паваротаў мне дапамінаюць… Гэлю…

— З Рыгі?

— З Сілцоў… Няўжо я абманьваюся?

Рыгор не адцягваў свае ўвагі ад гэтага пытаньня на працягу ўсяго спэктаклю.

Рупясьць хутчэй праверыць сябе падганяла хаду іграньня.

І толькі зарухала ў няроўным сувоі драпястая заслона, каб затуліць сабою зацягнуты спэктакль, як няўкосная прагаліна да выйсьця за сцэну аддзяліла Рыгора ад Сроля і Лібы.

Разьвітальныя воплескі гледачоў, як падзяка артыстам, шчодра расьсеяліся па ўсёй «салі» і паплылі ў густую цемень веснавое ночы.

Апоенныя імі, паважна, лёгкім цугам ішлі за імі артысты, хаваючыся ў імпозантным акружэньні гледачоў.

— Які я, аднак, цудны…

Недавыказанае сумненьне згасла перад пытальным узрокам, накіраваным да Рыгоравага твару маладою жанчыннай.

— Рыгор?!

Знаёмы, а цяпер наяўны Гэлін вокліч рушыў Рыгора з месца.

— Гэля?!.

— А ты адкуль гэта, і чаго?

Як назнарок, гледачы адрэзалі іх ад сьветлае палосы чырвонага праменю, што незатухшыя лямпы кідалі яго ў расхляпешчаныя вароты пажарнае.

Чорны цалун ночы атуліў іх густым змрокам неразгаданай выпадковасьці.

— Хоць-бы на цябе паглядзець, Рыгор! Давай на сьвятло… Чаго хаваешся ад мяне… Хі-ха-а-хх!

Гэліна пруткая рука, яшчэ ня зусім адвыклая ад крутых паваротаў з сярпом ды плугам, сашчапілася з Рыгоравай у локцевым загібе.

Яны павярнуліся ўправа, туды, дзе толькі што ляжала сьвятло, і, зьнячэўку, наткнуліся на дваіх чалавек, чуць ня стукнуўшыся лбамі.

— Выбачайце!

— Рыгор? Ты блудзіш?

Сроляў вокліч спыніў іх на адгоне двух шагоў адных ад другіх.

— Якая цемень!..

— Далучайцеся да нас і мы павядом да хаты Лібу.

— Вось падзівіся на Гэлю, калі хочаш…

— Гэлю Сідараўну? Што-а-і ты кажаш-ы!

— Будзь апосталам Фомкам, і…

Здаровы малады сьмех, у якім патанула каразьлівая нечаканасьць стрэчы, зьліўся ў адну гармонію са звонкімі адбоямі крокаў, веерам рассыпаных у акіяне ночы, і мяккім хрустам падмерзлае гразі.

За сьмехам разьліўся квартэтны пераплёт ажыўленае гутаркі, якая паходзіла на бурлівае цячэньне вады ў перапоўненых джаролах.

У іх гутарцы зьніклі пісклівыя скрыпы зачыненых варот пажарнае, і недаўменны трэск вартавое брашчоткі.

— Пара спаць! — пачуўся з боку чыйсьці ўпічны голас.

— Рады слухаць, — адказаў Сроль.

Яго жартаўлівы тон тут-жа зьліўся з сур’ёзнаю прапановаю Лібы:

— Сапраўды, пара ісьці дахаты…

Яны падзяліліся, праз некалькі хвілін згубілі адны другіх з ваччу.

На мястэчку зрабілася ціша, якая ўдзячна яго жыцьцю позьнімі начамі раньніх вёснаў.

Дзесьці ў ваколіцах, у бок патухаючых жоўтых агенчыкаў, чулася старэнная конкурэнцыя ў брэху двух сабак.

Далей за згонам іх брэху, вынікалі перабойныя гукі невядомага стварэньня.

— Гэта твая гаспадыня?

— Слаўны яна чалавек!

— Ужо пасьпеў разьведаць?

— Ці доўга пазнаць харошага чалавека!

— Ды яшчэ табе.

— Кожнаму… Гэля, ну скажы-ж ты мне, калі ласка, гісторыю гэткіх нечаканых перамен у тваім жыцьці… Я ўсё яшчэ пад іх уражаньнем…

Да дзесяці крокаў яны ступілі моўчкі…

— Паверыш, Рыгор, вось ужо столькі часу, як я думала над гэтым… Думаю, і не магу сабе ўявіць, што са мною сталася… Мне ня верыцца, што трапіла на сцэну, што я пераехала мо’ з дзесяць розных мястэчак ды гарадкоў… Ня верыцца, што я іду вось з табою не па Сілцох, а па нейкім Смагіне…

— Ну, хто-ж усё-ткі табе парадзіў гэта, або прымусіў цябе пайсьці?

— Маўчы лепш, — перабіла Рыгорава запытаньне Гэля: — тут не знайсьці канцоў… Вінаваты бацькі — ты-ж іх добра ведаеш! Вінаваты мой муж, вінавата і сама… Болей сама… Дзявочая слабасьць нарабіла ўсё… Пятрусь паехаў і змоўк… Я начамі ня спала — думала і дратавалася… Чаму такі ён астаўся гэткім няўдзячным да мяне!.. І мэрам-бы на злосьць яму — бо іначай не зразумець маёй выпадковай парыўчатасьці — я зьвязалася з Вусікам… Прыехала ў Сілцы трупа і на спэктаклі, вось як з табою сёньня, стрэлася з ім… далей-болей — і бачыш. Артыстка-а! Ххі-хі-хі! Артыстка!.. Хоць-бы бацькі словам папярэчылі — абы збыць…

— Дык ты замужам, Гэля? Дазволь павіншаваць!..

Рыгор знайшоў у цемнаце Гэліну руку і намерыўся поціскам яе перадаць сваё таварыскае павіншаваньне.

Але яна раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах…

— Ня трэба! Ня варта віншаваць!

— У чым справа, — недаўменна запытаў Рыгор.

— Я ня ведаю, да чаго прывядзе маё замуства… Так… Мой чалавек… Хтосьці ідзе за намі?..

Яны сьцішылі хаду і замаўчалі.

Наганяўшы чалавек сыгнальна кашлянуў…

— Гэта ён, — прашаптала Гэля і конвульсыўна ўздрыганула.

Рыгор настаражыўся.

— Гэля! Ты-ж куды? — пачулася з боку іх.

Гэля стала і прытрымала Рыгора.

— Будзь знаёмым, Лазар, з маім земляком: Рыгор Нязвычны.

Мужчыны моўчкі, але ветліва паціснуліся рукамі.

— А я быў на кватэры і, не знайшоўшы цябе, думаў, што ты…

— Якая клапатлівасьць! Ххі-хі-хі! Бачыш, Рыгор…

— На дварэ, апоўнач — і ўсё на месцы, а ты…

У тоне Лазаравых слоў прагучэў калючы ўпік, так дасканала вывучаны Гэляю.

— Сутрымайся хаця перад чужым чалавекам! — пераняла яна мужа.

— Прашу бяз ушчункаў… Самой трэба ведаць, што нянькі…

Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучэла ўкосная дэмонстрацыя супроць Рыгора. Каб ахаладзіць вочавідкую растроенасьць Лазара і выбавіць Гэлю ад далейшых няпрыемнасьцяй, Рыгор перарваў іх супярэчкі заявай:

— Дазвольце пажадаць вам добрае ночы!

— Што так раптоўна? — з фальшывым далікацтвам запытаў Лазар.

— Я першы дзень у чужым месцы.

— Хаця-ж не заблудзі, Рыгор…

Адышоўшыся мо’ на двое сажняў, Рыгор быў пераняты воклічам Гэлі.

— Дык мы чакаем цябе заўтра ў нас… Перадай, калі ласка, Сролю, каб і ён зайшоў… Кланяйся яму і перапрасі ад мяне, што я забыла яго пазваць… Мы спыніліся ў Брэхмана — каля касьцёлу…

— Дзякую — добра…

Яго нягромка сказаныя словы заглушыла потайкам набліжаная амаль не да самага вуха брашчотка вартаўніка.


У «ГОТЭЛІ» БРЭХМАНА было як на рынку. Стаяў шолам, галас. Шасталі дзьверы, як на вакзале, з пакою ў пакой нясьціханна бегалі мужчыны, жанчыны. Адны з іх напявалі роззыя арыі з опэр, іншыя вывучалі ролі; хтосьці граў на дудзе, выцінаючы жаласьліва-мінорныя тоны; адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Какафонія зыкаў густым струменем выбівалася з вокан «готэлю», разьлятаючыся па майдані.

Кучкі дзяцей грудзіліся пад вокнамі, найшоўшы сабе забаву і ўцеху перад дагэтуль ціхім «готэлем» Брэхмана.

Гаспадар готэлю, Міхель Брэхман, тупаючы па двары, задаволена пачэсваў бараду: госьці былі нязвычайныя, гарадзкія; яны давалі зарабіць. Па некалькі разоў на дзень заказвалі самавар. Патрабавалі піва, віна і закускі… Жонцы, і дачцэ, і служанцы Міхеля — работы па горла. І Міхель Брэхман, даўшы свой дом амаль ня ў поўную ўладу артыстам — ня дбаў больш ні пра што, як толькі пра тое, каб яны чым найдаўжэй у яго прастаялі. Ён расхвальваў гасьцей суседзям, і хто зазіраў у вокны «готэлю», пераймаў гутаркаю:

— Што-о за людзі-ы!.. Такіх я на вяку сваім ня бачыў… Ды ня толькі я, а наш Смагін, наогул…

Яшчэ гасьціньней сустракаў Міхель таго, хто заходзіў наведаць артыстаў.

Рыгора са Сролем Брэхман сустрэў гасьцінным прывітаньнем і дагадліва запытаў:

— Вы пэўна да нас?

Пачуўшы, што да «іх» — вярнуўся і правёў у самы «готэль».

— Вас ужо з ранку чакаюць… — папярэдзіў ён: — вы стукайце і яны вас пусьцяць.

Гэля з мужам з самае раніцы прыбраліся да стрэчы гасьцей і гутарка іх з Міхелем вывела абоіх з пакою.

— А мы ўжо думалі, што вы ня прыдзеце… У нас гэткі вэрлах! Выбачайце — цыганскае жыцьцё…

— Грэх, было-б выбачаць перад намі… Кіньце…

— Ну, вы-ж такія госьці, што хто-б мог думаць вас прымаць у гэткіх умовах…

— Трапляецца…

— Ой, не кажы, Рыгор…

Гэля аберуч хапілася за голаў.

— Кінь! Ты ўсё яшчэ, я бачу, ня можаш прывыкнуць да абставін нашага жыцьця!.. — папракнуў яе Лазар, увіхаючыся каля накрытага стала. — Бацькаў запечак ня досыць намуляў бакі…

Усе засьмяяліся на Лазараў сказ…

— Давайце, сябры, разам… Гэля, запрашай гасьцей…

— Калі ласка, Рыгор, Сроль, займеце месцы… Выбачайце ўжо… Няхай наша спатканьне скрасіць недахопы нашага пачастунку…

— Кінь, Гэля… Гэта ня ў Сілцох…

— І хто-б то мог спадзявацца… Я ўжо казала Рыгору… Ці ня праўда, Сроль?

— Чалавек з чалавекам — не гара з гарою, — адказаў Сроль.

Лазар падняў налітую чарку і агаласіў:

— За нечаканую стрэчу?!

Але ніхто не пасьпеў адказаць, як раптам адчыніліся дзьверы і ў пакой прасунуўся загіб бляда-ружовага, груба нагрыміраванага носу:

— Можна?

— У чым справа?

— Выбачайце! Я думаў мы зрэпэтуем гэту сцэну яшчэ раз…

— Пасьпеем, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі.

— У вас яшчэ мае быць спэктакль? — запытаў Рыгор.

— Сягоньня пакідаем Смагін… Разьбярэш з імі…

— Так хутка?

— Знача за стрэчу і за растаньне?

Сроль кіўнуў Рыгору, і ўсе ўчацьвярых выпілі налітыя чаркі…

— Закусеце! Прашу вас… Бо калі зноў сустрэнемся — няведама…

— Сустрэнемся, Гэля, — перабіў Рыгор: — нябось, ты ня думала пра Смагін, а між тым…

— Паверыш, ніколі ня думала…

— Дарогі крыжуюцца…

— І заплятаюцца вузламі.

— Паверыце, сьмяялася, калі Сёмка перадаваў табе, Рыгор, уклон:

«Угледзіш, Гэля, і прасі яго, каб ён забраў мяне»…

— Гэта Сёмка так?

— А то-ж бо то… Зямля вымусіць… Мо-ж памятаеце, як ён біўся з бацькам над сваім мізэрным гаспадарствам. Мука адна…

— Соцыялізацыя запазьнілася, — пажартаваў Сроль.

Яго сказ астаўся незразумелым ні для Гэлі, ні для Лазара, і ён тут-жа паабяцаў:

— За лепшую будучыню!

— Дачакаешся!

— Што за неймавер’е, Гэля! — папікнуў Рыгор.

— Калі мяне ня радуе нічога.

— І твае посьпехі на сцэне? — запытаў Сроль.

— Вот ужо жывое насьміханьне.

— Дайце рады — ніколькі…

Гэля з адбіткам самаздавальненьня на твары ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзеньне і падліла ў шклянкі піва.

— Не саромейцеся…

— Нашла каго сарамаціць…

— Я думаю… А Сёмку, хлопцы, трэба выручыць… Яго Сілцы зассуць дарэшты…

— Але, па-мойму, ён ня здатны іх пакінуць… Каб на іншага, ужо даўно можна было-б на іх махнуць рукою.

— Ня кожны гэта можа зрабіць…

— А ты?

— За яе — мяне дзякуйце, — пахваліўся Лазар.

— А то-ж ня праўда? — ветліва паглядзела на яго Гэля.

— Не чакаць-жа Сёмку, пакуль знойдзецца добры ангел і вынесе яго па сваіх крыльлях з Сілцоў…

— Так, яго пільна сьцерагуць гэтыя ангелы…

— Якія такія ангелы?

— А ты-ж хіба, Сроль, ня ведаеш, што з Сёмкам было?

Усе настаражыліся.

— Ты не жартуеш?

— Чаму вы мне ня хочаце верыць?

— Адкуль ты ўзяла?..

Гэля расказала гісторыю з Сёмкам, якога, незадоўга перад яе выездам з Сілцоў поліцыя арыштавала і пад канвоем прывяла з поля ў мястэчка.

Гэта навіна востра зацікавіла Рыгора і Сроля. Яны рэшту часу, праведзенага ў гасьцях у Гэлі, не астаўлялі Сёмкі без свае ўвагі.

Кожны стараўся лепей вымеркаваць плян, калі-б і як перацягнуць Сёмку з Сілцоў у горад.

Але ўрэшше ім не ўдалося спыніцца ні на акрэсьленым часе, ні на пэўным горадзе.

І Рыгор, і Сроль пакуль мала орыентаваліся ў сваім наступным. Перад адным і перад другім, аднака, губіліся няясныя пэрспэктывы іх будучыні.

У адносінах да Сёмкі пры іх аставалася ўсяго добрае сэрца і цёплае пачуцьцё таварышоў — ды ці-ж з гэтым адным можна было ўступаць у вайну з жорсткім жыцьцём з-за таварыша?

Для Гэлінага гонару, аднак, хапала таварышовага завярэньня, і яна з здавальненьнем сустрэла ўспыхшае ў сабе жаданьне паведаміць пра гэта Сёмку.

Але ўжо праз некалькі хвілін пасьля гэтага, калі нечакана для ўсіх пад вокнамі загрукацелі падводы, а па «готэлі» ўдвоілася ад’езная сумятлівасьць. Гэля забылася мімалётнага парыву, — праўдзівей — ён затушыўся ў яе нутры няпрыемнай выявай сапраўднасьці.

Гэта-ж сапраўднасьць вочавідкі пляміла чорнаю хварбаю халоднага растаньня цеплату і бляск зьнянацкай мілай стрэчы…

Хлопцы выразна адчувалі прыкры настрой пераддарожжа, што раптам заваладаў Гэляй. Яны з няцерпам чакалі зьнікшага з пакою Лазара, каб разьвітацца.

— У цябе па-нашаму, Гэля, — мяркуючы разьвеяць яе сум, спачувальна праказаў Рыгор: — тут сядзіш, а тут паднялася і ляці.

— Ой, я ўжо так стамілася ад гэтых пералётаў, што яны мне, як нож у сэрца.

— Толькі бяз роспачных думак… Я бачу, што ты ёмка прыстасавалася да падарожнага жыцьця.

— Ты хіба сьмяешся?

Гэля адвярнулася ад адчыненага куфэрка, у якім на зьдзіў шустра гаспадарылі яе ўвішныя рукі, і ўпічна паглядзела на Сроля.

— Усяго і ўцехі, што ў прыказцы: «голы зьбірайся — голы гатоў».

— Гатова? — не зразумеў яе ўляцеўшы ў пакой Лазар.

— Наробяць пажару, як на цягнік сьпяшучы, — вылаяўся ён, бегаючы па пакоі: — думалі к вечару, а яны — на табе, а полудні…

Пасьля спыніўся, каб прыняць ад гасьцей падзяку, і разьвітаўся з імі.

— Даруйце, што ў гэткую пару мы запрасілі вас, — выбачыў ён.

— Шкадуем, што мы вам не маглі адплаціць тым-жа! — адказаў за дваіх Рыгор.

— Хіба ўжо пры чарговым спатканьні, — пажартаваў Сроль.

— А гэта не безнадзейна!

— Калі ня суджана будзе вам вярнуцца ў Сілцы! Га-а, Рыгор? — дадала Гэля.

І, адарваўшысся ад упакоўкі, яна пачакала Рыгоравага адказу на запытаньне.

— У гэтым не магу цябе запэўніць, — адказаў Рыгор.

— Усё-ж я буду прасіць цябе, калі здарыцца наведаць Сілцы — не забудзь перадаць маім бацьком пра наша спатканьне…

— Ці-ж варта дапамінаць?..

Магчыма іх гутарка зацягнулася-б яшчэ хвілін на дзесяць-дваццаць — вострасьць яе, як звычайна бывае перад растаньнем, хутка ўздымалася, але Міхель абарваў іх сваім уваходам у пакой.

Заклапочаны ад’ездам артыстаў, ён не абмінуў паскардзіцца Рыгору з Сролем на сваё пагоршанае, у зьвязку з гэтым, становішча.

— Вось так і жывеш — выпадкамі, толькі выпадкамі, — разьвёў стары рукамі: — лёс прынясе добрых людзей — і з тэю-ж раптоўнасьцю іх забірае… Каб у яго было болей літасьці да мяне старога — магчыма-б і я мог крыху акрыяць… А то… І мне добрыя людзі трэба, трэба яны і Крамнікам, ды яшчэ і іншаму каму… Ці-ж гэта не вядомая рэч?..

— Ня стрэўшы адказу, ён абярнуўся да Лазара:

— Вось вам, калі ласка, рахунак…

Узяўшы з рук Міхеля кавалачак сьпісанай паперкі, Лазар пачаў лічыць грошы. Лічачы, ён не заўважыў, калі Рыгор з Сролем выйшлі з пакою. Праляцелі ў яго між вушшу і апошнія пажаданьні посьпеху, пасланыя імі Гэлі…

Толькі праз акно ён прыкмеціў беглае прамігненьне пары чорных кропак — якія прадстаўлялі голавы Рыгора і Сроля. Яны схаваліся за сьцяною ўправа, у бляску расчырвоненага променю, што, паказваючы на мароз, сонца ліло яго ў разварушаную каморку.


VII

КАЛІ РАЗЫХОДЗІЛІСЯ па хатах, Сроль паабяцаў Рыгору яшчэ з тым-сім пагутарыць пра работу.

— А ты мне паведаміш пра вынікі твае гутаркі?

— Можна нават і сёньня.

— А, сапраўды, заскоч вечарам.

— Пастараюся.

Думкі аб працы чамусьці нямоцна мулялі Рыгора. Праведзены ў Гэліным пакоі час разагнаў буднія клопаты. Іх вострасьць паслабляла згладжваць і тое, што Рыгор меў выпадак напаткаць у Смагіне Сроля. У выпадку зацяжнага безрабоцьця — ён ведаў — Сроль нойдзе магчымасьць выручыць яго. Праўда, Сролевы намёкі на небясьпеку з боку поліцыі сулілі іншы паварот у справах. Але яго сёнешні настрой не паказваў на сур’ёзнае становішча. Ды застань яно Сроля зьнянацку — Рыгор патрапіць абмацаць цьвёрдую глебу пад нагамі.

Прынамсі, ідучы да сябе, Рыгор не адчуваў жаднае трывогі за блізкае наступнае. Наадварот, навееныя праведзеным днём думкі сьмела пераносіліся праз поліцэйскія перашкоды ў шумлівыя сяродкі рэволюцыйнага руху. На фоне пазалочанага неба вырасталі памятныя вобразы рыскіх падзей, праломленыя ў Пецярбурскія інтэрпрэтацыі.

Пецярбург!..

Перад Рыгоравымі вачмі, як з-пад зямлі, вырасла здаравенная постаць поліцэйскага стражніка. Блішчастыя масянжовыя гузікі адбівалі праменьне павісшага над лесам сонца. Зьмяіным узрокам пракалолі Рыгораў твар шэрыя стражніцкія вочы. Але мясістыя яго губы гультайна ляжалі адна на другой, і дубовае аблічча выглядала лётаргічна спакойна.

— Выбачайце!

Стражнік не паварушыўся, і Рыгораў дзюрпаты башмак трапіў у заскарузлую ільдом калдабоіну.

І толькі тады, калі Рыгор стукнуў нагою па падсохлай дошцы, каб выліць з башмака воду, стражнік паважна абярнуўся, прамерыў вачмі адгон ад сябе да Рыгора і спакойліва рушыў у бок, куды ішоў.

— Чучала! — паслаў яму Рыгор удагон, і ў момант выпусьпіў з памяці поліцэйскага.

Але пры ўзыходзе на ганак карчмы яму дапомніла пра яго Ліба.

— Вы мелі прыемную стрэчу?..

— А менавіта?

— Хіба-ж не напаткалі стражніка?

— Так, меў шчасьце.

— Ён ад нас.

— Ласьне?

— Меўся вас наведаць.

— Хто яго прасіў!..

— Напэўна ёсьць інтэрас.

— Да ўжо-ж…

— Бацькі перапужаліся; вы суцешце іх, калі пытацьмуць… Вы будзеце абедаць?

— Калі ласка.

Рыгор прайшоў да сябе і ўспомніў, што яму трэба было наведаць стан.

Было ясна, што стражніку ўсяго і было да яго справы, як пытаньне прапіскі. «Гэта, зразумела, дробязь, усё-ж павявае агідай», — праказаў сам сабе Рыгор, і тут-жа рашыў азнаёміць Лібу са сваім становішчам.

Калі Ліба прынесла яму абед, Рыгор выпаўніў сваё рашэньне.

Ліба стрэла яго паведамленьне зусім спакойна і толькі папярэдзіла:

— Бацьком, аднак, прашу вас нічога не казаць.

Гэта папярэджаньне было лішнім — лібіных бацькоў цяжка ўдавалася абмануць у гэткіх рэчах.

Старая не дала Рыгору скончыць абеду, як прынесла яму сваю дараду:

— Вам ня варта адкладваць прапіскі. Навошта злаваць гэту сволач. Вы заўтра-ж раніцою і наведайце стан… А пры сабе таксама ня варта нічога пакідаць… Ня ровен час… Людзі з гэтага жывуць…

Тое, што Рыгор спакойліва выслухаў старую, яе суцешыла і здаволіла.

Не разводзячы далейшае гутаркі, яна пакінула яго аднаго, завесіўшы на выхадзе фіранку…

— Навошта, каб зайздроснае вока ўглядалася…

Філёзофія карчмаркі, досыць трапная, аднак не пакінула сьлядоў на Рыгоравым настроі. Ён хутка адцягнуўся думкамі ад дробнага інцыдэнту з поліцэйскім і вярнуўся да Гэлі. На самоце новы гэлін портрэт стаяў перад ім ва ўсю сваю паўнату. У смуглых рысах адроднай загары, гадамі ліцованага палявымі вятрамі, пяском ды сьпякотаю, штучна скрадаліся лёгкаю ружай парфумы. Празрыстыя цёмна-шарыя вочы яшчэ глыбей западалі ў орбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Усё-ж ні парфума, ні застарэлыя пласты мазкай фарбы, ні балючая чуласьць раздражненага грымам твару не хавалі сабою гэлінага нездаваленьня сваім лёсам. Нацягнутасьць адносін паміж ёю і мужам, няўтойная знарочыстай ласкавасьцю, выпірала на паверх і цесна лыгалася з абрыдлаю сумятлівасьцю вандроўнага жыцьця. Смуглым водсьветам пахвільных суцех, што ўздымалі іх невымагальныя местачковыя гледачы сваёю ўвагаю да яе, як да артысткі. Гэля ўсяго і рознастайніла свае настроі. Чаму і што гэта жыцьцёрадая мяшчанка-земляробка апынулася ў сучасным стане — цяжка было разгадаць. Тут, напэўна, адыгралі ролю прычыны, пра якія бывае ня варта казаць… У кожным выпадку Рыгор стаяў да гэлінай долі на стыку цьмянае загадкі.

У іншым аспэкце паўстаў перад ім Сёмка. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуцьцё таварыскай блізкасьці, цеплата кампаніі ў юнацкія гады. Ён ведаў яго наскрозь, разумеў як сябе. Сёмкаў вобраз заўсёды запаўняў сваёю прысутнасьцю, сьвет рыгоравых успамінаў і лісьціў шчыраю адданасьцю яму.

Рыгор упарта змагаўся з наплывамі забыўчывасьці, якую расьцілі вакол яго разухабістыя хвалі жыцьця. Яскрава адзнаная павіннасьць выцягнуць Сёмку з местачковай зацьвілі не пакідала Рыгора. Абы толькі ён адчуваў сябе моральна задаволеным — варочаўся да Сёмкі і шныпарыў у вакольных абставінах, шукаючы магчымасьцяй выбавіць таварыша.

Сёмкава развага, яго хоць і непаваротлівыя, але сьветлыя і простыя думкі, выразнае ўспрыяцьце соцыялістычных ідэй, зычылі рабочай справе адданага абаронцу.

Расказаны Гэляй выпадак з арыштам Сёмкі засьведчыў Рыгору таварышаву пасьлядоўнасьць. Рыгор ня выказаў, але адчуў прыемнасьць ад сёмкавай гісторыі. Гэта вымусіла яго праверыць свае магчымасьці сустрэцца з Сёмкам. Сілцы былі астатнім месцам для гэтага, ну ўсё-ж пры спрыяючых акалічнасьцях нельга было адкідаць і іх… Тым болей, што там —

Маці…

«Што думае старая пра свайго сына? Выплаквае балючыя вочы і тупіць безнадзейную веру ўбачыцца? Цяжкім крыжам ляжыць на яе плячох мая разлука з ёю і дратуе сэрца доўгая невядомасьць пра мяне. Нельга адмаўляцца ад завабнага настрою наведаць Сілцы. Няхай яны з невялікай гасьціннасьцю чакаюць мяне; ды ці-ж я паеду для Сілцоў, а не для маці і хоць для малой, але прыязнай жменькі людзей? Выпадзе зручны момант і я…»

Вобраз стражніка, мігнуўшы ў раскалыханым выабражэньні, дапоўніў Рыгору пра ўмоўнасьць яго хаценьняў. Над ім вісела дазорнае вока дбайнага начальства. І двухдзеннае ўхіленьне ад стрэчы з ім не выбаўляла яго ад пільнага дагляду… Сёнешні візыт поліцэйскага дапомніў пра той агідны хвост, які цёгся з Рыгі да Смагіна.

Можа тым, што ехаў Рыгор, а можа і папярэднім цягніком, ішлі ў Смагінскі стан датычныя Рыгора адносьнікі. У сухіх ад запячаных мук і цярпеньняў радкох вучастковых дакумантаў ляжалі сьляды жоўтага будынку рыскага астрогу. Яўка для прапіскі — вязацьме Рыгора прыгатаванымі ланцугамі няволі.

Тут мусіць ставіцца на карту мужнасьць і адвага. Бо ён прыехаў у Смагін не для адпачынку, а для працягу барацьбы. Няхай яе памеры, яе пэнт і характар шмат сьцішлейшыя ад рыскіх, але ідэёвая сутнасьць адна-ж і тая…

Сроль учора пасьпеў намякнуць Рыгору аб прыгатаванай яму ролі ў гэтым змаганьні… Яго ня спыніць поліцэйскае вока…

— Ваходзьце!

— Вы адпачывалі? Даруйце, што я так нахабна…

Міхелева кудлатая галава чуць выдзялялася разьбеглай у змроку сівізною.

— Чакайце, я засьвячу лямпу.

— Мне ня доўга… Калі ласка…

Міхель прастаяў з працягнутаю паперкаю ў руцэ, пакуль Рыгор ня справіўся з лямпаю.

— Вось вам ад тае артысткі, дзе вы гасьцявалі.

— Яны ўжо выехалі?

— Гадзіну таму…

Міхель падозрана аглядзеўся на дзьверы:

— Шкада мне іх… Гэта былі людзі, якіх мне доўга прыдзецца чакаць. Такіх людзей пасылае лёс… А вы?..

Хтосьці прайшоў калідорам. Міхель выпусьціў з рук паперку і выйшаў ад Рыгора.

Ужо з вулічных дзьвярэй данёсься яго павышаны голас разьвітаньня.

Рыгор ухмыльнуўся запозьненай ветлівасьці старога і падняў прынесенае.

У ненадпісаным конвэрце ляжала трохрадковая запіска Гэлі і зьмяты, пажаўцелы ліст.

Запіска зьмяшчала ў сабе наступныя словы…

«Перасылаю атрыманы мною ад Зосі ліст. Забыла перадаць днём. Думаю, што табе ён не бясцікавы. Бывай здароў. Гэля».

Рыгор, не саступаючы з месца, прачытаў прынесенае.

У сваім лісьце Зося паведамляла таварышку пра апошнія здарэньні з свайго прыватнага жыцьця. Ліст напісаны сьлязьмі пакутнага чалавека. Няроўныя літары адбівалі ўтомленае сэрца жанчыны. Берагі давялі Зосю да таго, што яна ня выцерпела і зьбегла ўпрочкі. Бацькі беспагадлівы: іх адносіны — нявытрымныя зьдзекі. «Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвілю. Я гублюся ў іх, як запалоханая белка. Памажы мне, дарагая, знайсьці незваротнае выйсьце».

Зосіна трагедыя хвілін пяць непарушна трымала Рыгора на адным месцы. Ён чуў, што нябачныя ніткі яе шавеляцца пад грудзянаю клеткаю, але не хацеў паддавацца сантымэнтальнаму настрою.

Патушыўшы лямпу, ён выйшаў з пакою.

— Вы скора вернецеся? — пераняла яго на калідоры гаспадыня.

— Не забаўлюся… А я вам трэба?

— За вамі ў даўгу гарбата.

— Памятаю… не дарую…

Гаспадыня ветліва паківала галавою, праводзячы пасуседа ўмільнымі ўзрокамі.

«Разумная галава», паатэставала яна Рыгора і мэрам-бы спалохалася, пачуўшы зьнянацку стук дзьвярэй.

Знадворку вайшло трое чалавек, з якіх адзін быў Рыгор, другі Сроль і трэці — Павал Памыйка, рабочы з мясцовай сьлясарнай майстэрні Шульца.

Яны ў адзін голас прывіталіся з гаспадыняй і прайшлі ў Рыгораў пакой. Цішыня, што ахутвала яго бяз Рыгора і пры Рыгору — патанула ў рэзвым маладым гомане.

З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні:

— Папрашу ваш доўг з процантам.


VIII

РЫГОР СТАЎ НА ПРАЦУ ў дзесяты дзень па сваім прыезьдзе ў Смагін. Яго прынялі ў сьлясарскую майстэрню немца Карла-Людвіга Шульца.

Майстэрня Шульца лічылася першаю ў Смагіне і па вартасьці вырабу і па якасьці ўнутраных распарадкаў. Яна была і экономічна мацней ад іншых. Гэта асаблівасьць зьяўлялася скуткам растаропу і пракіднасьці яе гаспадара. Спачатку Шульц цярпеў ад недахопу кліентаў, але хутка яго справы пайшлі ўгору. У кароткі тэрмін найшлося шмат заказчыкаў, праца разгарнулася, пагнаўшы майстэрню на рост.

Ужо на сходзе першага году Шульц ня мог справіцца з заказамі і пераняў ад сваіх колегаў-гаспадароў дваіх чаляднікаў.

На другі год яго майстэрня вырасла яшчэ на дваіх чалавек.

За кароткі час Шульц меў магчымасьць гатаваць некаторую колькасьць продукцыі ў запас. Гэтак, ён заўсёды меў гатовымі каля пяці балясаў, шмат замкоў, нажоў і іншага дробнага гаспадарчага начыньня.

Дзякуючы сьмікалцы і зваротлівасьці, Шульц апрацаваў асобыя правілы ўзаемаадносін з сваімі падмайстрамі. Умеючы з імі ладзіць, ён выкарыстоўваў усякім чынам іх працаздольнасьць, не шкадуючы плаціць болей сваіх конкурэнтаў.

Адыгрывала, вядома, пэўную ролю і тое, што ён быў майстар болей адукаваны, практычны, бачыўшы сьвет і знаўшы слабы бок провінцыяльнага падмайстра.

Шульц ніколі і сам не раставаўся з напільнікам ды молатам. Цэлымі днямі стаяў ён побач з чаляднікамі, адукуючы іх у незаўважных дробязях трыманьня молату, нахілу напільніка, згіну плячука пры варстаце; галоўнаю якасьцю ў адукацыі чаляднікаў Шульц лічыў навык і руплівасьць да чыстаты ды акуратнасьці. На гэты конт ён чытаў падмайстрам цэлыя лекцыі і нотацыі, апавядаў шэрагі анэкдотаў і казак, не забываючы падганяць у працы. І сам ён стараўся захоўваць чыстасьць, ні на хвіліну не растаючыся з белым каўнерыкам. Гэта асаблівасьць Шульца вайшла ў пагаворку смагінцаў, якія заўсёды ў гутарках пакладаліся на «немца».

Чаляднікі ганарыліся вучэньнем і працаю ў Шульца. Тыя-ж, што працавалі ў іншых майстэрнях, квапілі на «немца», лічачы спадароў «партачамі».

К таму часу, калі Рыгору трапілася спаткацца з Шульцам — немец меў пяць чалавек чаляднікаў і некалькі пахвальных лістоў за сваю вытворчасьць. Пра яго ведалі ня толькі ў сваім павеце, а чуць не ва ўсёй губэрні.

У сэзонны час, летам, работу да яго прывозілі з далёкіх ваколіц.

Шульц служыў асобнаю адзнакаю мястэчка. Многія судзілі пра Смагін па «сьлясарнай майстэрні немца Карла-Людвіга Шульца».

У сваім местачковым жыцьці смагінцы лічылі гонарам выбраць майстра Шульца ў паверанага, ці ў хадайніка па тых ці іншых справах. Сустракаючыся з ім, яны прыветна зьнімалі шапкі; часта хадзілі да яго за парадамі. Той ад смагінцаў, якому выпадаў лёс наняцца на працу да майстра Шульца — фанабэрыўся гэтым і хваліўся сваім суседзям. Шульц плаціў даражэй ад іншых і падабаўся сялянам за тое, што ўгаварваў іх рабіць акуратней, а з канём абыходзіцца ласкава. Кожны дзень ён вылучаў гадзінку часу ў абед, і прыходзіў у горад наведаць работніка, пагутарыць з ім, а то і пазнаёміць з зямельна-гаспадарчаю працаю ў Нямеччыне.

На майстра Шульца падказвалі, як на дасьціпнага гаспадара і талковага чалавека. Мала хто не разьбіраўся, чаму і што яму шанцавала ў жыцьці, удалося нажыць кавалак зямлі дзесяцін у дзесяць ды абсталявацца харошымі будынкамі. Нітка да гэтага цягнулася з мураванага будынку, у якім працавала пяцера чаляднікаў. На гэты будынак і тыкалі смагінцы пальцамі.

Домік і майстэрня Карла-Людвіга Шульца стаялі на Лясной вуліцы, якая паўдугою цягнулася ганоў на двое на поўдзень, як-бы ўцякаючы ад асноўнай масы местачковых будынкаў.

З гэтае вуліцы ішла дарога на другое мястэчка, Галубку, якое славілася двума ткацкімі майстэрнямі і добра абсталяванай лесапілкаю.

Ужо хат за дзеаяць ад цэнтру, па Лясной вуліцы, пачыналіся гароды і сады. Яны цягнуліся шырокаю лентаю да найбольшага і багацейшата саду Карла-Людвіга Шульца. Шульцаў гарод з лугам упіраліся ў бераг нелапое рэчкі Жаўранкі.

Дзякуючы гэтай рэчцы, бач яе вясновым разьлівам, руніста буялі мурожныя поплавы і прыносілі багатыя ўраджаі гароды.

Сьлясарная Карла-Людвіга Шульца хавалася за купчастым дубам на адгоне сажняў ста ад дому, і была павернута вокнамі да Жаўранкі. Дым з нявысокага коміну заўсёды калыхаўся над рэчнымі хвалямі, а іскры танулі ў іх рабаценьні.

Вечарамі, калі вясна ці восень слалі над зямлёю свае чорныя цалуны, іскры, што шугалі з коміну сьлясарні, пярэсьцілі мяккі мошаст адвячорку пукамі гарачага конфэці.

Стукі малатоў і бразг жалеза, рытмічныя скрыпы напільнікаў перакідаліся ад майстэрні за рэчку і нясьліся ў бярозавую дуброву, што адмяжоўвала сабою палоскі смагінцаў ад шырокіх галоў узорнага маёнтку пана Каструбіцкага.

Налева, куды нясла сваю ваду Жаўранка, цягнуліся даўжэразныя панскія мурагі; вярстоў за пяць яны ўпіраліся ў нявысокае ўзгор’е.

Зусім недалёка ад дому Карла-Людвіга Шульца быў перакінуты праз рэчку Жаўранку мост. Мост служыў любімым месцам для гулянкі смагінскае моладзі. Кожны дзень па ім тупаў шумлівы натоўп, у якім знаходзілася і дачка Шульца, Маргарыта, знаёмая Сролю і Лібе па ўдзеле ў местачковай соцыял-дэмократычнай організацыі. Маргарыта была політычна падгатаваным чалавекам і карысталася павагаю з боку соцыялістычнай моладзі. З ёю зьвялі Рыгора Сроль і рабочы Шульца — Памыйка. Цераз гэта знаёмства Рыгор і астаўся на працу.

З першых дзён працы Рыгор зрабіў на Шульца выгаднае ўражаньне. І пэўна таму, што ў Рыгору ён бачыў сьвядомага чалавека і практычнага майстра; далейшая праца пайшла гладка.

Падабаўся Рыгор і рабочым Шульца. Дзень за днём адносіны яго з імі шчырэлі, рабіліся таварыскі ўсталенымі.

На працягу першых двух тыдняў працы Рыгор вывучаў характар, нораў і духовы склад кожнага з іх. Разам з гэтым стала яму вядомым і іх політычнае крэдо.

За гэты тэрмін поўнасьцю высьветлілася перад ім і асоба гаспадара — Карла-Людвіга Шульца.

Чаляднікі, як і заўсёды, складалі з сябе досыць рознастайных тыпаў. Былі сярод іх двое зусім адсталых у духовым разьвіцьці, якія любілі выпіць, мала аддавалі ўвагі свайму клясаваму стану. Другіх двое — процілежалі першым: ім нячужа была газэта і рэдкая, бяз выбару, кніжка; але побач з гэтым другая двойка з завісьцю марыла пра жыцьцё Карла-Людвіга Шульца, як гаспадара, «самому над самім пану». Гэта двойка капіявала гаспадара ў паводзінах, беражлівасьці і акуратнасьці і часта наведвала яго дом. Пяты чаляднік — Павал Адамаў Памыйка, выдзяляўся ад усіх агульнаю пісьменнасьцю і політычнаю сьвядомасьцю. Як майстар, ён таксама быў лепшы за ўсіх, але меў хвараблівасьць на падкрэсьленае апрашчэнства. У ім, як у люстэрку, адбіваліся найменшыя калываньні політычнага жыцьця і як ад слоўніку, можна было даведацца ад яго пра ўсе навіны кніжнага рынку. Да выйсьця ў сьвет «Праўды», ён доўгі час выпісваў «Дзень».

Стрэўшыся з Памыйкам, Рыгор ні разу ня бачыў яго без далікатна згорнутага ў трубку чарговага нумару «Правды». Пасьля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён зьяўляецца корэспондэнтам некалькіх сталічных і провінцыяльных газэт.

У бок гэтага таварыша Рыгор і накіраваў пачуцьцё свайго сяброўства. Ён уверана і сьмела выяўляў яму самога сябе, і гэтымі сваімі адносінамі да Памыйкі выклікаў ад яго стрэчныя прыязныя пачуцьці.

Павал Адамаў Памыйка хутка ўвёў Рыгора ў гісторыю Шульцавай майстэрні і ў сутнасьць узаемаадносін між Шульцам і рабочымі. З Паўлавых паведамленьняў выявілася перад Рыгорам сваяасаблівасьць Шульцаўскай сям’і. Сам Шульц называў сябе «соцыял-дэмократам па-за партыяй»; сын Рудольф, студэнт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, фактычна быў актыўны член студэнцкай соцыял-дэмократычнай групы: дачка Маргарыта… пра яе Рыгору паведамілі раней. У доме Шульца часта адбываліся патайныя сходкі, якія часткаю аберагала яго гаспадарскае становішча.

Гэта акалічнасьць згладжвала ў Рыгору першачасовую неабыкласьць смагінскіх умоў. Але паступова іх упарты націск шчыльніў Рыгора да местачковага жыцьця, заблытваючы ў пераплёты яго інтарэсаў. З гэтых інтарэсаў выплывалі пытаныні і задачы, з якімі ён быў зьвязаны як соцыяліст і змагар.


IX

РЫГОР НЕ АГЛЯДЗЕЎСЯ, як ён стаў шрубкаю новае машыны. Дзень-у-дзень гэтая шрубка мусіла закручвацца, каб не парушалася праца ўсяго мэханізму. А сёмай гадзіне раніцы Рыгор ішоў у майстэрню, тупаючы па выбітых дошках тротуараў, абмінаючы знаёмыя хаты і сустракаючы адных і тых-жа людзей. А дзесятай ён варочаўся дамоў, у карчму Крамнікаў, адкуль не хацеў выбірацца і якою быў задаволены поўнасьцю. Ліба акуратна да яго прыходу ўбірала яго пакоік і праз хвіліну па ўваходзе стукала ў дзьверы, прыносячы сьнеданьне. Некалькі далікатных сказаў адно другому папярэджвалі Рыгораву яду…

А пасьля гадзіны, адданай на сьнеданьне, зноў Рыгор бег на работу, працаваў да трэцяй гадзіны дня, ішоў на абед, варочаўся з абеду і канчаў свой дзевяцігадзінны працоўны дзень а сёмай гадзіне ўвечары.

Пасьля працы Рыгор каля гадзіны чытаў газэты і кніжкі, і затым пісаў лісты ці хадзіў да Сроля, да Памыйкі, або адзін прагульваўся ў поле, за мястэчкам. Ляжала яшчэ на ім агідная павіннасьць зьяўляцца праз два дні ў стан на мальдунак. Яго першачасовая асьцярожнасьць у паводзінах, рэдкае пападаньне на вочы поліцыі пасобіла зьлёгку занядбаць наглядам за ім.

Карыстаючыся гэтым, магчыма знарочыстым папускацельствам з боку поліцыі, Рыгор на трэцім тыдні свайго жыцьця ў Смагіне ўжо сьвядома наведваўся ў стан толькі праз тыдзень. Аднак, дазваляць сабе поўную свабоду ён пакуль ня зьбіраўся. Рыга яго навучыла быць асьцярожным і тактоўным. Папасьціся яму другі раз у рукі поліцыі азначала не зрабіць і таго, што ён мог рабіць пры асьцярозе. Аднак, паступова, незалежна ад сваіх меркаваньняў, Рыгор цалкам увайшоў у партыйныя справы, занядбаўшы сваім няпэўным становішчам. Гэтаму значна пасабляла тое, што ён жыў у карчме. Пад выглядам папойкі, за пляжкаю піва хлопцы больш-менш спакойліва вырашалі пытаньні бягучае працы. Тым болей спрыялі гэткія абставіны яшчэ і таму, што гаспадар карчмы і ўся яго сям’я, ведаючы ў чым рэч, самі аберагалі гэткія пасяджэньні моладзі. Набліжэньне вурадніка ці стражніка, або проста чужога чалавека, сыгналізавалася старымі гаспадарамі карчмы загадзя. Організацыя так званых карчомных паседжаньняў належала цалкам Рыгору і вельмі прыйшлася да спадобы яго смагінскім таварышом.

Праўда, што аднымі паседжаньнямі іх політычная праца вычарпацца не магла. Яе трэба было шырыць сярод местачковых падмайстраў і пераносіць на вёску. Знаходжаньне больш адказных мэтодаў магло адбівацца на посьпеху працы. І тут пасобіў Рыгор: па яго думцы рэшана было організаваць у Смагіне публічную бібліотэку з правам разданьня кніжак вясковым чытачом. Першым кніжным фондам згодна рашэньню комітэту меўся быць фонд з сабраных самімі сябрамі організацыі кніжак. Выбар ад начальства дазволу на права адчыненьня бібліотэкі складала справу найцяжэйшую. Сярод сяброў організацыі не знаходзілася чалавека, якому-б хоць крыху давярала поліцыя. Рыгор падаў думку зьвярнуцца да Шульца, каб той выбраў на сябе правы на адчыненьне і номінальнае загадваньне бібліотэкай. Шульц безадгаворна згадзіўся.

Такім чынам справа з бібліотэкаю стала на рэйкі і хутка рухала наперад, прыкрываючы сабою політычную чыннасьць. Дзякуючы Рыгору, была праведзена паўлегальная кампанія збору падпіскі на газэту «Правда» і ахвяр у яе жалезны фонд. Па ініцыятыве-ж Рыгора наладжвалася некалькі спэктакляў з пераносам іх у бліжэйшыя да Смагіна вёскі, каб праз гэта навязаць сувязь з сялянскаю моладзьдзю. Усё гэта ўнясло ў смагінскае жыцьцё новы струмень асьвяжэньня. Тыя, што былі адкінуты цяжкаю рэакцыяй ад грамадзкае працы, абудзілі прыбітае пачуцьцё і з ахвотаю выпаўнялі ўскладзеныя на іх паўграмадзкія, паўполітычныя абавязкі.

Вочавідкі расла актывізацыя сярод местачковага рамесьніцтва. Па гарбарнях ды сьлясарнях, сярод краўцоў, шапачнікаў ды шчотачнікаў пайшлі гутаркі наконт ўрачыстага сьвяткаваньня 1 Мая. Сталі чуцца галасы за тое, каб у гэты год май адзначыць маніфэстаныяй. Для абгавору майскага пытаньня адбылося некалькі досыць шумлівых сходак па майстэрнях.

Рыгор яскрава адчуваў набліжэньне цікавых і прыемных падзей. Як-ні-як, а ў іх вызначалася і яго доля стараньняў. Праўда, ён добра разумеў, што не ад яго залежыла разварушыць местачковае жыцьцё і надаць большага тэмпу ў працы смагінскае соцыял-дэмократычнае організацыі. К яго прыезду ў Смагін расійская сапраўднасьць выяўляла агульны ўздым рэволюцыйнага руху. З усіх канцоў вагромністае краіны даносіліся радасныя весткі пра экономічныя конфлікты і політычныя выступленьні. Пад націскам агульнага ажыўленьня ўскалыхнуўся і Смагін. Але няма гэткае ідэі, якая-б не прайшла ў жыцьцё праз людзкую існасьць. Чалавек зьяўляецца правадніком думак і імкненьняў акрэсьленае клясавае групы. З гэтага пункту гледжаньня Рыгор меў падставы гардзіцца сваёю чыннасьцю ў Смагіне. Ён таксама з неаслабнай цікавасьцю сачыў за далейшым яе разьвіцьцём. Набліжэньне першага мая рэгулявала гэта разьвіцьцё, адбіваючы яго калываньне, як градусьнік тэмпэратуру.

Мястэчкам прабягала ўзростаючая затрывожанасьць. І па хатах і на вуліцы гутарылі пра падзеі, што іх гатовяць соцыялісты. Зданьні нядаўняга мінулага луналі над агойтанымі ў клапотах мяшчанамі. Паўставалі незабытыя з часу 1905 году пажары ў маёнтку пана Каструбіцкага, казацкія экзэкуцыі над смагінцамі і тая мяртвасьць мястэчка, якую нагналі новазьяўленыя поліцэйскія стражнікі.

Больш падуплыўная бацьком заможная моладзь асьцярожлівей паглядала на западазроных у соцыялістычнасьці таварышоў.

Дбайней ды рухавей зрабілася поліцыя. Закінутыя вуліцы ўсё часьцей сталі наведвацца стражнікамі. Гэтых-жа стражнікаў позьнімі вечарамі можна было бачыць пераадзетымі па-пад вокнамі хат.

Поліцыя не забывала і Рыгора — яго прапіска зноў вярнулася да двухдзённага тэрміну.

Агульны настрой захапіў сабою і местачковую інтэлігенцыю. Яна «дбайліва» вуснамі Шульца перадавала «хлопцам» свае папярэджаньні наступнага зьместу:

— Вы гатовіцеся да першамайскай маніфэстацыі, — казаў «па-за партыйны соц.-дэм.» Карл-Людвіг Шульц Рыгору і Паўлу, запрасіўшы іх адным вечарам да сябе: — гэта рэч карысная: трэба паказаць поліцыі, што яе сьвята пакуль не надзейна… Дзевяцьсот сёмы і восьмы гады даўно асталіся пазадзе… Але разам з тым вы павінны ўсебакова абдумаць, які выгляд сьвяткаваньня будзе карысьнейшым і для спраў рэволюцыі і для вас саміх… Нельга забываць, што поліцыя ня супыніцца перад самымі жорсткімі рэпрэсіямі. Яна з асалодай чакае поваду зрабіць крывавую расправу… Мне вядомы некаторыя яе захады да гэтага… Вось чаму не павінна пакідаць вас ні тактычнасьць, ні асьцярожлівасьць. Меней задзёру і больш організаванасьці… Дзевяцьсот пяты год менавіта праваліў справу з-за адсутнасьці сьвядомага кіраўніцтва рэволюцыяй. Я-б радзіў вам падумаць пра так званую мірную маніфэстацыю… Зьбярэцеся на майдані і спакойліва, бяз песьняў і выгукаў, пройдзеце мястэчкам… Ня думайце, што ў маўчлівым паходзе мала эфэктоўнасьці… Я памятую, як яшчэ перад дзевяцьсот пятым годам…

Рыгор ня даў гаспадару дасказаць, рашуча не згадзіўшыся з яго прымірэнчымі лібэральнымі дарадамі.

— Мне здаецца, — адкрыў ён сваю настойнасьць: — вамі гутарыць інтэлігенцкая сантымэнтальнасьць… Карл Людвігавіч, даруйце-э мне, толькі зусім не ў інтарэсах рэволюцыі стрымліваць размах баявога настрою. Я ня думаю, каб гэта пайшло і на нашу карысьць… Ад гэтага можа выйграць выключна перапалоханае цёмнае абыватальства… Мы мусім распаляць малейшую іскарку нездавальненьня і чым найвышэй паднімаць уздым рэволюцыйнага энтузіязму…

— Вамі грае экзальтацыя маладосьці, — па-бацькаўску моралізаваў Шульц: — выгук «далоў самадзяржаўе!» з адказам на яго пяцьцю арыштамі ды высылкай, наўрад ці апраўдае сябе. Яшчэ меней апраўданьня дасьць выпадковы стрэл у поліцэйскіх: яны адплацяць на гэта залпам і ваш задзёр каштавацьме жыцьця некалькіх чалавек…

— Мы ня лічым ахвяр, якімі плацім за шчасьлівую будучыню… У белых рукавіцах, Карл Людвігавіч, рэволюцыі ня зробіш… Найпякнейшым словам не праб’еш гнілое вастрожнае сьцяны…

— Ня думайце, што вастрожныя сьцены падаюць ад неорганізавана накіраваных да іх удараў… Так, па-мойму… А ўвогуле, я, прыватна, за найплёнейшыя скуткі перамог, якім-бы шляхам тыя не разьвіналіся…

У гэткай адлегласьці зацягнуліся спрэчкі паміж Шульцам ды Рыгорам на адгоне двухгадзіннага кавалку часу.

Але ўгаворная дарада Шульца ўдала разьбівалася аб Рыгоравы ўпартыя доказы за перавагу рашучых мэтодаў у рэволюцыйных выступленьнях. І надыходзячаму першага мая не гразіла апаска прымірэнчага зацямненьня абяцанай урачыстасьці.

— Няўломныя вы людзі, — заключыў Шульц, задумаўшыся над Рыгоравай рашучасьцю.

І яго двухсэнсоўны ўзрок мякка прайшоўся па маўклівым твары Памыйкі.

Было дармо: Рыгоравымі вуснамі гаварыў ня толькі Памыйка, а і ўвесь местачковы комітэт. Можна было ручаць, што і рамесьніцкія колы Смагіна не пайшлі-б зараз па сьлядох Шульца і тых «разумных людзей», чые погляды ён узяўся адстаяць.

Памыйка ўверана запэўняў Рыгора ў праваце яго позыцый і ад шчырага сэрца выказаў яму сваю павагу.

Пасьля гэтай гутаркі Рыгор выглядаў у ваччу Памыйкі загартаваным ваякам і дасканала падгатаваным абаронцам рэволюцыйных прынцыпаў змаганьня. Ён абегла раўняў Рыгора з Шульцавым сынам Рудольфам і выводзіў, што апошняму далёка да першага. У Рудольфа, не зважаючы на яго тэорэтычную падтатоўку, выразна гучэлі бацькаўскія ноты. Дробнаўласьніцкае паходжаньне згладжывала вострыя рубы клясавае просталінейнасьці.

Аднак, і Рыгора, і Рудольфа шліфавалі абставіны буйных рабочых асяродкаў. Свой вопыт, веды і рэволюцыйны стаж набылі яны там.

І ў Памыйкавым нутры, помеж з пашанай да Рыгора, мулялася і пачуцьцё завіды ды хаценьня самому прайсьці падобную школу.

Праводзячы таварыша ад Шульца да кватэры, ён многа разоў парываўся выказваць гэтыя пачуцьці, але іх адпіхала на задні плян жаданьне выліць Рыгору сваё прызнаньне і павагу.

— Ты гэтак трапна папаў да нас, што ўдвойчы цяжка чакаць падобнага зьбегу абставін…

— Не пераацэньвай толькі мае працы…

— Я не ад сябе аднаго, Рыгор. Мы не аднойчы гаварылі пра гэта з шэрагам таварышоў і ўсе аднае думкі, — прызнаваўся Памыйка: — калі-ж ты хочаш ведаць мае да цябе адносіны: — дадаў ён, — то паверыш, я ні з кім дагэтуль так блізка ня сходзіўся, як з табою… У жыцьці людзей бываюць рэдкія выпадкі знаходзіць шчырых прыяцеляў. Іх вельмі мала, Рыгор. Я да цябе быў адзін… і без цябе астануся ў тым-жа стане… Хіба стукне так момант, калі я бязбольна парву з сваім сягоньняшнім жыцьцём… Але для гэтага патрэбны адпаведныя здарэньні… Я не перавялічу, сказаўшы, што ты стрэнеш гэтыя словы ад многіх хлопцаў… Сроль першы…

— Я Сроля ведаю некалькі гадоў.

— Ласьне?.. Я-б хацеў таксама… Ты ня думаеш нас хутка пакідаць?

— Усё залежыць ад абставін… Я прывык да Смагіну, хоць і цягне мяне Пецярбург. Трывожыць думкі і маці, пакінутая аднэй на радзіме… Абяцаў старой на выезьдзе цэлыя горы, а вось каля году ня мог і сухога лісту напісаць… Толькі надоечы сабраўся паведаміць яе і таварыша ў Пецярбурзе…

— Так, дарогі крыжуюцца… І хто ведае, на якім месцы яны зводзяць людзей… Пу, я-б хацеў не расходзіцца з табою.

— Дзякую за таварыскае прызнаньне…

Шчырасьць Рыгоравага пачуцьця перадалася Памыйку ў цёплым паціску рукі.


X

ГЭТА СЯБРОЎСКАЯ ГУТАРКА з Памыйкам узьняла ў Рыгору многа чуласьці і сямейнае прывязьні да новага месца і яго людзей.

Рыгора лісьціла іх увага і пашана да яго. Ён разумеў, адкідваючы ўсякую лісьлівасьць, што кожнаму глухому месцу патрэбны такія людзі, як ён.

Багатыя вопыт і практыка ў рэволюцыйным руху, якія ім набыліся за час жыцьця ў горадзе, дадатна ўзьнімалі яго над узроўнем смагінскіх таварышоў.

Нават Сроль, каторы год таму назад стаяў значна вышэй за іншых, зараз далёка адставаў ад Рыгора.

Розуму і ведам Памыйкі выразна не хапала гарадзкое фабрычнае шліфоўкі. І таму, што паказаныя асаблівасьці местачковага жыцьця былі Рыгору відавочны, ён шкадаваў разлучацца з Смагінам, не пасобіўшы таварышом як найбольш у іх справах, што былі і яго справамі. Ён ваходзіў у іх стан, і яскрава адчуваў у кожным слове Памыйкавай гутаркі шчырае жаданьне бачыць яго ў Смагіне, як найдаўжэй. Памяталася Рыгору, калі ён жыў у Сілцох: як радасна, бывала, спатыкалі сілцоўцы прыежджых таварышоў! Як шчыра і ўважліва прыслухоўваліся яны да кожнага слова, што ішло з-за межаў іх мястэчка! І як ім шкода было праводзіць гасьцёў! Ім тады валодала непаборнае пачуцьцё — кінуць Сілцы і ехаць туды, адкуль прыяжджалі таварышы, каб цалкам нырнуць у тыя ўмовы, якія гэткіх таварышоў гадуюць.

Смагін мяняў ролі: чатыры апошнія гады Рыгорава жыцьця ажыцьцяўлялі яго жаданьні. Зараз ён выяўляў у Памыйкі, у Лібы, у іншых смагінцаў падобнае пачуцьцё завіды яму, як гарадзкому таварышу. Чаму-ж ня ўцешыць іх сваім даўжэйшым прабываньнем з імі?

З гэтых мотываў Рыгору рабілася прыемным адцягнуць момант свайго ад’езду з Смагіна. Ён-бы аддаў у ахвяру гэтаму і прыніжэньне перад поліцыяй, і жаданьне пабываць у Сілцох, і хаценьне ўглядзецца з Пятрусём. Але шкадаваў Рыгор аднаго — разгону і вялікасьці рэволюцыйнае працы ва ўмовах гораду. Э гэтага выключна пункту гледжаньня плянаваў ён свой час, і гэта адно вымушала яго скарочваць сваю пабыўку ў Смагіне.

З дня на дзень газэты прыносілі ўсё цікавейшыя весткі пра настрой рабочых і грамадзянства. Політычнае жыцьцё, наколькі ён разьбіраўся ў яго комбінацыях, нясупынна заблутвалася. Падзеі на бліжнім усходзе займалі надзвычайную ўвагу політыкаў. У паветры насіліся іскры надыходзячага выбуху. Кожнаму больш-менш пасьведчанаму ў міжнародную політыку было вочавідкі, што так званае балканскае пытаньне да дабра не давядзе. Многія бачылі немагчымасьць мірнага вырашэньня балканскага пытаньня, зьлепленага вузла капіталістычных супярэчак, з лапікаў інтрыг, падбоеў і хітрыкаў з боку так званых вялікіх дзяржаў.

Калі і што надыйдзе рашучы момант — Рыгор ня мог прадугадаць, як не зрабіў-бы таго і профэсіянальны політык. Але набліжэньне казытала і дражніла яго рэволюцыйнае пачуцьцё.

Рыгору паступова рабілася нецярплівей аставацца ў Смагіне. Ён што дзень, чым бліжэй да мая, усё настойней пачаў абдумоўваць плян свайго ад’езду. Нават да яго закрадалася сумненьне ў тым, ці варта чакаць Першага Мая. Для падгатоўкі к яму Рыгор зрабіў многае што, і з гэтага боку сумленьне магло быць чыстым… А ў горадзе, магчыма, яшчэ прыгадзяцца яго энэргія і організацыйная здольнасьць.

Але, успамінаючы пра Першае Мая, Рыгор усё-ж не хацеў яго засмуціць для смагінскіх таварышоў сваім раптоўным ад’ездам. Ён верыў ў таварыскасьць і шчырае да сябе пачуцьцё з іх боку, аднак, ня ручаўся, што яго перадмайскі ад’езд не навее на іх непажаданых думак. І плянуючы пра астаўленьне Смагіна, ён паступова схінуўся да думкі адкласьці гэта на пасьлямайскі час. За гэты тэрмін, разьлічваў ён, выразьней акрэсьляцца абставіны, як у адносінах да Пецярбургу, гэтак і датычна Сілцоў.

Калі для Рыгора гэта рашэньне стала бясспрэчным, ён падзяліўся ім з бліжэйшымі таварышамі — Сролем ды Памыйкам. Першы спакойліва паглядзеў на гэта, другі прыняў Рыгорава паведамленьне з пачуцьцём нездаваленьня. Памыйка не хаваў гэтага ад Рыгора і час-ад-часу дапамінаў яму пра тую страту, якую мецьме ў Рыгоравым ад’езьдзе Смагін.

Памыйку рабілася цяжка і горка таіць гэту навіну ў сваім нутры. Але сапраўднасьць не гадзілася з яго пачуцьцямі. Рыгор не па сваёй волі, а выпадкова апынуўся ў Смагіне. Адзін паварот ў іншы бок губарнатарскае думкі — цураў мястэчка ад гэтага карыснага яму чалавека. Аставалася пакорліва мірыцца з нямінучай разлукаю з ім. Болей таго, на іх, Рыгоравых таварышох з Смагіна, лажыўся таварыскі абавязак ухаваць яго ад магчымых няпрыемнасьцяй нелегальнага выезду.

Памыйка поўнасьцю адзнаваў усю супярэчнасьць паміж неабходнасьцю і сваімі жаданьнямі, тым ня меней шкадаваў Рыгора. Ён ведаў пра рупятлівасьць падгатоўкі поліцыі да Першага Мая і сачыў за рамесьніцкімі коламі, якія зацягла дэбатавалі найвастрэйшыя формы протэсту.

Складалася палажэньне, у якім чакалася шмат неспадзяванак.

А між тым, Рыгор з адплюшчанымі вачыма ішоў ім на спатканьне. І ўсе планы яго, усе яго намеры віселі на валаску.

Валасок павінен быць падмененым тоўстымі аборкамі. Ня можа пляма сораму адзначыць нядбайнасьць смагінцаў у абароне Рыгора.

Памыйка дзяліўся пра гэта сваімі меркаваньнямі з Сролем, з другімі сябрамі комітэту, з комітэтам уцалку. Забываючы тое, што абставіны хавалі ў сабе аднолькавую няпэўнасьць у адносінах да ўсіх удзельнікаў сьвяткаваньня, ён концэнтраваў таварыскую ўвагу на адным Рыгору. Чамусьці таксама сур’ёзнае становішча Сроля амаль не непакоіла Памыйку — ён нават знаходзіў сьмеласьць упікаць яго ў роўнадушшы да таварыша.

Але ў гэтым Памыйка перастарваўся. Яго самазабыўная адданасьць Рыгору тапіла ў сабе пачуцьцё ўмеркаванасьці. Сроль далёка стаяў ад таго настрою, у іякім западозрываў яго Памыйка. Тым болей бязупыннымі з гэтага боку былі іншыя сябры комітэту. Рыгор на ўсіх іх зрабіў аднака выгаднае ўражаньне і цанілі яго ўсе аднака высока.

Рыгор па-ранейшаму прымаў актыўны ўдзел у бягучай працы. З усвойнымі яму рашучасьцю ды натхненьнем выступіў ён з абаронаю сваіх поглядаў на перадмайскім пасяджэньні комітэту.

Ахапіўшае некаторых комітэтчыкаў сумненьне ў правовасьці папярэдніх пастаноў пра майскія выступленьні сустрэла ад Рыгора рашучы адпор.

Яго прамова вярнула хісткім таварышом рэволюцыйную загартаванасьць.

Ні ў кога не знайшлося довадаў яе абвергнуць, ні нават астудзіць навеянае ёю ўражаньне.

— Мы не павінны калывацца пад уціскам абыватальскіх настрояў! — даводзіў Рыгор у сваёй прамове: — ні аптэкар, ні дан­тыст, ні нават Карл-Людвіг Шульц з яго дзьмутай соцыялістычнасьцю — з намі не па дарозе. Мышы патрабуюць цішыні — няхай яны астаюцца ў норах. Усякія спробы зьнізіць сьвяточны ўздым рабочых — праступак, прадажа нашае справы. На гэта, я думаю, з нас ніхто ня пойдзе. І хай не ад Смагіна залежыць вырашаньне канчатковай перамоігі — агульныя вынікі складаюцца з дробных эпізодаў.

Комітэт ахвяраваў небясьпекай і заключыў пасяджэньне галоснымі воплескамі па адрасе Рыгора.

Частка другая

[правіць]


ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ХТОСЬЦІ НАПЭЎНА блудлівы паўночны ветрык, украдкаю адчыніў няпрышчэпленае акно ў Рыгоравым пакоі, і сьветлая раніца заліла яго майскім сонцам. Дыхнула параным пахучым паветрам. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Непарушныя дрэўцы маўчалі ў асалодзе квітучага бытаваньня. Руцянеючы мох на страсе суседняе хаты хаваў шэрань беднаты, так няпрыметнае ў гэты ясны, празрысты дзень.

Рыгор ня быў гаспадаром сваіх думак: яны пакінулі яго істоту і расплыліся ў шырокім гале вясновага дня, разьліўшыся па дрэўцах, па моху, у трапяткіх хвалях паветра. Павольна цюкала сэрца, як-бы адбіваючы подых сусьвету, прыгожага да чараваньня, вялікага да дзіву і магутнага да недасяжнасьці…

Вось яно — жыцьцё, цяганіна сусьветнага процэсу бясконцых зьмен, нясупыннага віраваньня і векавых пераформаваньняў. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родзяць новае ды новае ў бязьмернасьці вякоў… Чалавек-жа…

— Страляюць?! — рушыў з месца Рыгор і хапіўся за рамы акна: — няўжо дэмонстрацыя? Ах, таварышы!.. Навошта яны мяне ізолявалі. Да чаго іх спачуваньне ў час барацьбы?..

Яму стала балюча няёмка. Унутры згрудзілася цяжкае туманнае пачуцьцё ні то ўпічышча, ні то агіды і злосьці…

Ён пастаяў колькі хвілін, пакуль ураўнаважыўся, і тут-жа выявіў перад сабою апошняе пасяджэньне комітэту. Здарэньні накіравалі ў чаканы бок.

«Сапраўды, мы не памыліліся ў сур’ёзнасьці першамайскага выступленьня. Комітэт усебакова выявіў перад сабою магчымыя нечаканасьці ў павароце падзей… Толькі пры чым тут мая бясьпечнасьць?..»

Рыгораву думку абарвалі новых два стрэлы. Ён прасунуў галаву ў акно і паглядзеў на двор. Направа не заўважыў нікога; але толькі павярнуў узрок налева, як перад ім мігнулася двое асоб.

— Страляніна! Як-жа так, што я яшчэ ў хаце! — папікнуў сябе Рыгор і хутка быў гатовы да выйсьця. I толькі ён хапіўся за клямку ў дзьвярах, як пачуў іх націск з калідору.

— Можна, Рыгор Міхасевіч? — адчыніўшы дзьверы, запытала растрывожаная Ліба.

— Прашу вас, Ліба! Хто страляе?..

— Перастрэлка!.. Я знарок прыбегла да вас, каб вы нікуды з хаты…

— Я? Чаму гэта?

— Нядаўна прыбягаў Памыйка і прасіў мяне… Я сьцерагла, каб у хаце ніхто ня стукнуў. Заперла браму…

— Ах, да чаго ўсё гэта? На вуліцы дэмонстрацыя, а я…

Рыгор зноў рвануўся да дзьвярэй, але Ліба перагарадзіла яму дарогу.

— Прашу вас астацца ў хаце… Няўжо вы думаеце, што бяз вас революцыя згіне?.. Я толькі што з майдані. Дэмонстрацыя скончылася і зараз адбываюцца лятучыя маніфэстацыі. Дамонстранты разьбіліся на гурткі, рассыпаліся па вуліцах і маніфэстуюць неорганізавана…

— Але-ж поліцыя страляе?

— Не адна поліцыя, а і нашы…

— I нашы? Таварышы… Усё-ж я не дарую вам, што вы мяне захавалі ад дэмонстрацыі.

— Я выпаўніла просьбу ці дырэктыву ўсяго комітэту.

— Так, так! — нездаволена праказаў Рыгор.

— Можа гэта да лепшага.

Рыгор нічога не адказаў і прыслухаўся… Да іх даняслося яшчэ некалькі аддаленых, прыглушаных стрэлаў. Стрэлы рушылі Рыгора з месца і ён рупліва пару разоў прайшоўся па пакоі. Ліба ўважліва правяла яго пільнымі ўзрокамі і намерылася выйсьці.

— Адну хвілінку. Вы не на вуліцу?

— Выйду. Можа вам?..

— Пачакайце каля хаты мяне. Я цераз хвіліну…

Ліба пакінула Рыгора аднаго. Ён хутка перагарнуў зложаныя на стале паперы і выйшаў з пакою.

— Чакайце, Рыгор, прашу вас… — замахала насустрач яму рукою Лібіна маці. — Каля хаты спыніўся стражніцкі патруль… Прайдзеце на кухню… В-во-а, бачыце…

Дваром між вокан прабегла некалькі чалавек. Лопат іх шагоў адбіўся глухім рэхам па пакоях карчмы…

— Дзе-ж Ліба?.. На яе ліха, як вецер, носіцца сюды-туды…

Старая рухава затупала па калідоры.

Угледзеўшы Лібу, якая ў гэту хвіліну порстка варвалася з надворку ў хату, яна накінулася на дачку з востраю лаянкай:

— Скруціш, дачушка, голаву дачасна… Пракуратая!.. Чаму табе больш трэба як усім? Дабегаешся! Сядзі вось у хаце, а то…

— Што з вамі, мама? — не сьцярпела Ліба: — Сябе пільнуйце. Найшлі…

— Кіньце гармідар! Хрума, Ліба! — падаў з бакавога пакою стары Крамнік: — майце розум…

Ліба дабегла да дзьвярэй і гукнула да Рыгора.

— Патруль паехаў да рынку. Давайце пройдзем…

— Куда-а т-табе-э ісьці… Ліба!

Старая Хрума нэрвова замахала паднятымі ўгору рукамі.

— Хоць-бы раз паслухалася мацеры…

— Ды кінь-жа ты, нарэшце, няпрытомніца, — вылаяўся Крамнік, — вось ускруціцца, ускруціцца і цэлую раніцу…

Карчмар неасьцярожліва правёў рукою між носу і скінуў з яго пагнутыя, нядобра зачэпленыя за вушы акуляры. Гэта старога раззлавала, і ён моцна затупаў па дзюрпатай падлозе.

— Вы мяне дачасна ў магілу загоніце-э. Гусі кручаныя… Хай-бы ўжо хутчэй вы пакідалі адна другую… Ай, ай-яй! І што-а гэта ро-о-біцца-а!

Рыгору было няёмка. Фактычна сварка паднялася з-за яго.

Ліба зразумела яго каразьлівае становішча і кінулася разьнімаць бацькоў.

Якраз ёй пасобіў у гэтым уваход Памыйкі. Старыя раптам змоўклі і разыйшліся па пакоях.

— Рыгор дома? — запытаў Памыйка, не заўважыўшы адразу Рыгора.

— Я тут!

— Пастой! Ня выходзь на вуліцу. Ужо пачаліся арышты: дваіх гарбароў стражнікі адвялі ў стан… Трэба нешта думаць… Кожную хвіліну могуць наведаць да цябе…

— Ці ліха? А Сроль? Ты яго ня бачыў?

— Ня бачыў!.. Хоць-бы з ім ня здарылася чаго дрэннага… Можа нам склікаць лятучую нараду?.. Га?

— Зойдам да мяне і абгаворым…

Ліба асталася адна.

— Я павартую вас!

Яны пайшлі да Рыгора.

— Маніфэстацыя прайшла на-славу… — пахваліўся Памыйка: — Забастоўка захапіла ўсе майстэрні; крамы да аднае зачынены. Сьвята — разумееш… як мае быць! Повен рынак людзей… Настрой… Але некаторым дасталося ад стражнікаў. Аднаму нават порткі прастрэлілі… Добра, што ня ў ногу… Толькі, вядома, гэтым ня скончыцца, не… Трэба чакаць вобыскаў і, магчыма, арыштаў… Табе я раджу, Рыгор, пераначаваць ночэй колькі дзе-ні-дзе… Як думаеш? Сролю тое самае… Поліцыя раззлавана, як зьвяр’ё…

Памыйкава данясеньне было прасякнута выразнай трывожнасьцю. Ён нэрвова бегаў па пакоі і аглядаўся на Рыгора.

Рыгор некі час маўчаў, задумаўшыся над словамі таварыша.

— Трэба адшукаць Сроля і парадзіць яму пра асьцярогу… Са мною, магчыма…

— Пашкадуюць? Самаўцеха! Кінь, Рыгор… Мне-та напляваць.

— Чаму так?

— А што я маю згубіць?..

— Волю! Ты, пэўна, яшчэ не перажыў пачуцьця гэтае страты… Ня так лёгка…

— Бадай што…

— Я табе кажу…

Памыйка раптам спыніўся і паглядзеў у акно.

— Добра! Пасьля пра гэта будзем думаць, а зараз я цябе пакіну і пайду шукаць Сроля.

— Яму абавязкова на некі час трэба зьнікнуць ад поліцэйскага вока.

— Рацыя.

Гэта слова было сказана Памыйкам ужо за дзьвярыма Рыгоравага пакою.

Сьпешныя крокі яго пацягнулі за сабою скардлівыя гукі тупату.

Праз незачыненыя дзьверы Рыгор пачуў некалькі сказаў, якімі наляту Памыйка абмяняўся з Лібаю.

— Цікавы чалавек! Эпікурэец сапраўдны. Бесклапотны што да сябе, як птушка. Гэткіх жыцьцё песьціць… Ну, а са мною?

Кінутая ў прагальле наступнага, думка хутка пакінула Рыгорава адзнаньне. Ім завалодала глухая нядбайнасьць да ўсяго, што магло гразіць яму небясьпекай ці простай няпрыемнасьцю. Сталёвым калпаком навісла ўпартая нячуласьць, за якой мужнела яго істота.

Каб ня Ліба, якая ізноў прыйшла пазваць Рыгора прайсьціся ў мястэчка, ён-бы праседзеў адзін ў пакоі бязмоўна і безварухна чалавекам, каторы скончыў сягоньняшні вурок і дае адпачынак напружаным нэрвам.

— Над чым задумаліся?

Рыгор устаў і засьмяяўся.

— Якраз-та нічога ня думаў.

— Знача, як ёсьць вольны?

— Бачыце. Тады…

Ліба прыслухалася да прагучэўшага за дзьвярыма воклічу.

— Зноў маці расхадзілася. Яна ў нас сягоньня асабліва сварлівая.

— Так, трэба яе ўлагодзіць.

— Ня вельмі лёгка… Старая можа маеце хэнць выйсьці на вуліцу?

— З ахвотаю… Але маці?

— Нічога… Ня думайце-э што… Хадзем…

Мацеры ня было ў хаце, калі яны прайшлі да выхаду.

— Пашчасьціла! — пажартаваў Рыгор.

— Вось табе то і тое…

На суседняй вуліцы, дзесьці за прычыненаю брамаю ў дварэ, разьліваўся малады звонкі рогат. На яго адгукваўся выразны бразг падкоў, ці то змораных за дзень мяшчанскіх коняй ці распуджаных стражніцкіх стаеньнікаў.

Не загаварваючыся, Рыгор з Лібаю накіравалі ўбок вуліцы, якая бегла ў поле да засмучанага пылам ветрака.

Насустрач ім, з дэмонстрацыйным рыкам, сьпяшыла ў мястэчка лента выстраеных шэрагам кароў.

На вуліцы блізіўся вечар. У ціхім густым паветры насіліся кудлы пылу. Каля двароў хат, амаль ня спрэс, стаялі гурткі моладзі, горача абгаварваючы падзеі мінаючага дня. Чырванеючы захад залаціў зялёныя галы паплавоў, што разгарталіся перад прагнымі ўзрокамі Рыгоравага ваччу.


II

«НЯЎЖО СЕМ ГАДЗІН?» — зьдзівіўся Рыгор, працягваючы руку за гадзіньнікам?

У пакоі было сьветла і ціха. Спаць не хацелася ні званьня. «А калі і раней сямі? Учора весь дзень адпачываў — за ноч выспаўся».

Рыгор забыў паглядзець на гадзіньнік і палажыў яго пад падушку, а сам стаў адзявацца.

«Напэўна госьці на мінулую ноч раздумалі аддаць візыт».

Ён абмыў твар і выйшаў на вуліцу. Пастушкі толькі-што займалі гавяду. Дзесьці на рынку чуўся зык берасьцянкі. На яго адзываліся глухія стукі вешніц і траскучыя скрыпы варот.

Над шчытамі хат працягаліся чырвоныя касьнікі променю — імі таксама залаціліся верхавіны блізкага гайку і трапяткія лісьця разгацістага вязу ў дварэ суседняе хаты. Па стрэхах хат і на тым-жа вязе вароны спраўлялі вясельле.

Учарашняе трывогі, хваляваньня — ні сьледу. Нівошта не дапамінала пра маніфэстацыю, патрулі, страляніну. На адгоне вярсты, за востраю страхою школы, высілася вежная надбудова поліцэйскае цытадэлі.

«Няўжо ў ёй сядзяць заарыштаваныя ўчора гарбары? А мо’ да іх далучаны, чаго добрага Памыйка або Сроль? І ўзброены стражнік адмярае вартавыя крокі? Ці той-жа спакой, які справодзіў мой сон, быў уласным для ўсіх жыхароў мястэчка, пачынаючы ад Сроля з Памыйкам і канчаючы станавым з стражнікамі?»

Адказаць было некаму.

І Рыгор моўчкі накіраваў у абход мястэчка, пастаўнікамі да майстэрні.

Загінаючы за рог канцавое хаты, ён паглядзеў на гадзіньнік: было без дваццаці сем. Рыгор зьмерыў вачыма адгон да Шульцавага гароду, адлажыў прыблізных дваццаць хвілін для ціхае хады і прысеў на плоце.

Ад маладое травы на пастаўніках нясло мядовым водырам. Было лёгка дыхаць. У нутро надыходзіла рэзкае натхненьне, ткучы шаўкавістую тканіну ўзьнёсных, палкіх думак і намераў. Ці думаў хто пра яго ў мінулую ноч, ці не памыкаўся на яго поліцэйскі намер?

Уверсе, над галавою, неабмежны прастор блакітнага неба, аздобленага бурштынавым сонцам, а ногі на мяккім дыване поплаву… Побач — дэсэні рознастайнай загарадзі: шастаколу, пералазу, плятніку, драцяных нітак; за загарадзьдзю — зялёныя дрэвы, у маладым сьветазялёным лісьце, а то і ў белым прашыве нераспушчанага цьвету. Не адарвацца вачом!

Але яму трэба ісьці.

Асалодна пацягнуўшыся, Рыгор пайшоў да рэчкі.

Заваленая лёгкаю павуцінкаю луні, Жаўранка выпірала яму вострае калена свайго залому і далей наўскос кіравала да Шульцавага поплаву. Адкуль яна вынырала — цяжка было выявіць, бо густыя кусты лазы ды алешніку хавалі яе ўлоньне. Толькі мо’ на паўвярсты ўлева вынікаў з травы яе невялічкі кавалак, сінім вокам пазіраючы на Рыгора.

Рыгор павярнуў направа і накіраваў берагам успадарожжа вадзе.

Там, дзе Жаўранка бліжэй усяго падыходзіла да плоту, спыніўся.

На гадзіньніку паказвала палова восьмае.

Рыгор пералез на пастаўнік і вузенькаю сьцежкаю пайшоў праўцом да задымленага з невялічкаю трубою цагельнага будынку.

Яго настрой крута зьмяніўся; думкі панесьліся ў майстэрню, уздымаючы выгляд яе ўнутранага зьместу.

Мігнулі шэрыя вобразы будзёншчыны. Учарашні дзень бліснуў празрыстаю маланкаю і згас. Зараз, вось, радком у шэсьцярых, пад наглядам Шульца, прыгнуцца яны над варштатамі і заскрыпяць па жалезе вострымі напільнікамі… Шульц завядзе свае моралі… Пачне пытаць пра ўчарашняе. Магчыма папікне ці пагіронізуе над чым.

— Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе.

То якраз быў Шульц.

Ён нагнаў Рыгора, прывітаўся з ім і ня спыняючыся пайшоў побач.

— Значыць, рашылі такі выспрабаваць няпрыкрытую дэмонстрацыю? Не хапіла цярплівасьці… — пачаў першым Шульц, заглядаючы Рыгору ў вочы.

— Як ведаеце… А чым было дрэнна?

— А па-маёму, дрэнна… Трэба было ўтрымаць… Нябось, чуў мо’, што ноччу адбыліся трухі чуць не па ўсім мястэчку… Я проста зьдзівіўся, калі зьнянацку цябе стрэў. Глядзі адно, каб не наведала поліцыя сёньня і да цябе… Ня шкодзіла-б пераначаваць у мяне. Вось і з Памыйкам невядома.

— Можа стацца…

— Сроль Рэзьнік — дык той хітрэйшы… Ён гэту ноч начаваў у нашай майстэрні.

— Ласьне?

— Так… Нават у нашага Рундука трасьлі каля гадзіны…

З-за хаты паказаўся Памыйка.

— Цэлы, глядзі! — пасьмяяўся Шульц: — вам пашанцавала.

— У агні не гарымо, як кажуць і…

— Не запэўняйся… Трэба лепш прысьцерагчыся, браце…

Яны падышлі да майстэрні. Шульц прапусьціў Рыгора ў дзьверы, а сам вярнуўся назад.

У дзьвярох Рыгора пераняў Сроль.

— Мне Карл Людвігавіч паведаміў, што ты ў гасьцях…

— Чакаю больш паўгадзіны…

— Толькі?..

— Сплючы, ня думаў пра нікога.

Да іх падышоў Памыйка.

— Цэлыя?

— Мы не гаршкі, каб…

— І гаршчок да пары воду носіць…

Карыстаючыся адсутнасьцю Шульца, яны выйшлі з майстэрні і адышліся да кустоў агрэсту.

— Ведаеце што, таварышы, — паведаміў Сроль, — я надумаў сёньня ноччу пакінуць Смагін. Рундук, напэўна, тое самае зробіць… Яго-ж трасьлі… Забралі усе кніжкі, пісьмы… Чаму не заарыштавалі — дзіва!.. Вось ня ведаю, як і што было ў мяне на кватэры — не наведваў… Хіба папрасіць Лібу Крамнік… даведацца?

— Куды-ж надумаў ехаць? — запытаў Памыйка.

— Радзьмася ў траіх — гэта-ж агульная справа… Ды… Тут усё агульнае; а можа па-вашаму пакуль і ня сьлед ехаць? Ліха яго ведае… Кажэце…

Хлопцы хвілін з пяць думалі.

— Едзь, браце, — парадзіў Рыгор. — Нашаму брату ня можна доўга заседжвацца на адным месцы… Годзе — папрацаваў. Перакідайся, пакуль цэлы… І ў другім месцы людзі патрэбны…

— Ды ўжо-ж, не прывыкаць да пераездаў…

Памыйка спагадліва паглядзеў на сур’ёзны, задуменны твар Сроля і прамаўчаў.

— Ну, а па-твойму, Павал?

— Па-мойму?.. Па-мойму… Я не паеду — гэта першае; а табе… магчыма Рыгор праў… каціся ў Вільню… Усё далей ад Сібіру ці Архангельску…

Ён уголас зарагатаў, пасьля раптам стрымаўся.

— Я люблю цябе, Павал, за тваю бясьпеку… Але — давай бяз жартаў…

У гэтым Сролевым сказе і Рыгор і Памыйка адчулі лёгкае нутранае ваганьне — няпэўнасьць у тым, адобрываюць хлопцы яго намер ці толькі выспрабоўваюць яго цьвёрдасьць.

— Я магу гэтак і так, — дадаў Сроль.

— Ня можа быць іншага выйсьця — едзь, — у адзін голас пастанавілі Рыгор з Памыйкам.

І рашучасьць іх слоў мігам адбілася на Сролевым твары: хлопец ураўнаважыўся, заспакоіўся і перайшоў да іншых пытаньняў.

— Архіў і пячатку я пакіну ў Сімена Галаса… Надзейнейшы чалавек… Кравец з майстэрні Шамеса… Яго Павал ведае. Я скажу, каб ён да Рыгора прыйшоў. А вы, браткі, глядзеце за організацыяй… Ты, Павал, асабліва… Рыгору пакуль нельга адкрыта, а ты…

— А мне пляваць… Чым даражыць?..

— Як-бы сабе ні было, а жыўцом аддавацца ў рукі — ня сьлед… Ды ты ня так поліцыі патрэбен, як ёй патрэбна спаралюшаваньне твае працы.

— Мы ўжо паспыталі гэтага, кажаш, не навіна, — пасьмяяўся Рыгор…

— Як-бы сказаць…

— А калі едзеш і з кім?

— Я на змроку забягу да Крамнікаў… Трэба зрабіць так, каб як найменш людзей ведала пра гэта…

Хлопцы заўважылі Шульца і вярнуліся ў майстэрню.

— Пара, хлопцы, да варштату, — паслаў Шульц ім удагон і, азірнуўшыся навакол, дадаў… — Нечага загаворы ладзіць…

— Ідом! — праказаў Памыйка…

— Пільная праца: сячкарню з маёнтку прывязьлі рапараваць… На сёньня павінна быць гатова… — папярэдзіў Шульц і зацікавіўся кустамі.

Сроль правёў таварышоў да майстэрні і павярнуў на сьцежку, па якой прыйшоў Рыгор.

Стук малатоў і бразг жалеза ў сьлесарнай справодзіў яго няўвераную хаду ўбок да Жаўранкі.


III

— РЫГОР МІХАСЕВІЧ! Прымха, ды годзі! Вы бачыце-э? Лістоў, як да якога комэрсанта… Во… Адзін, другі, трэці… Сёньня ад вас належыць…

Ліба працягнула насустрач Рыгору зложаныя веерам лісты. Яе маці, старая Крамніха, седзячы на ўступах ганку, суцешна паглядзела на вяртлявую дачку і нешта прамармытала сабе пад нос.

— Абед гатовы? — справілася ў яе Ліба.

Рыгор пераняў ад Лібы лісты і пасьпяшыў да сябе. Клубок раптоўных, загадкавых думак занасіўся ў яго галаве. Выабражэньне стала пасьпешна плясьці рознастайныя комбінацыі зданных вобразаў. Яны затулілі настроі, з якімі Рыгор пакінуў майстэрню. Астыў узьюшаны доўгай працай і сьвежым паветрам апэтыт.

— Сапраўды — прымха, — паціснуў Рыгор плячыма, ачуўшыся адзін на адзін.

— А абедаць? — пачуў ён з-за дзьвярэй, але не адказаў.

Ліба з хвіліну недаўменна паглядзела ў няпрычыненыя дзьверы і, не дачакаўшыся адказу, цішком адышла.

Рыгор заняўся лістамі. Ён дастаў іх з конвэртаў і паглядзеў на характар пісаніны. Гэта яму нічога не сказала. Тады ён прыняўся чытаць.

Першы ліст быў ад Гэлі…

Яна пісала пра справы свае трупы, пра спэктаклі, якія ёй прыйшлося разам з трупаю адыгрываць у цэлым шэрагу мястэчак і гарадоў.

Сур’ёзна і з замілаваньнем паведамляла яна пра той шумлівы посьпех, які справодзіў у розных мясцох іх спэктаклі і… яе выступленьні. З натхненьнем апісвала Гэля спэктакль у адным прамысловым мястэчку, дзе рабочыя гарбары падаравалі ёй пару выцяжак і букет красак за яе здольнае выкананьне ролі.

Але чамусьці, сьледам за бадзёрымі сказамі пра гэтыя здарэньні, Гэля з сумам пераходзіць да сваіх суадносін з мужам. Яна рэкомэндавала яго Рыгору чорствым, халодным, бязудзельным да справы тэатру і да яе, як жонкі, чалавекам.

Яе ліст канчаўся ўспамінамі пра Сілцы, пра гутаркі з Рыгорам. У апошніх радкох яго Гэля выказвала спагаду таму, што «жыцьцё раскідала іх па розных куткох, паставіўшы кожнага ў розныя ўмовы».

«Напішы адказ на Беласток — да выпатрабаваньня»…

Другі ліст пісаў Рыгору Сёмка…

Па размашыстым характары, што распаўзаўся ломанымі літарамі па бруднай, плямістай паперы, выяўна адбівалася змардаваная рука таварыша-хлебароба. Ад лістоў нясло кіслым паўбульбяным хлебам ды пясчанаю, няўроднаю зямлёю. Між радкоў мігаліся беглыя ўзрокі гаспадарнага ваччу Сёмкі.

Ліст адцягнуў да сябе ўсю Рыгораву ўвагу. Перад ім вырасьлі вобразы мінулага. Вось ён бачыць Сёмку на полі пры ворыве. Пільнае вока заўзятага дбайніка-гаспадара аглядае кожную мясьцінку вузкае палоскі. Раз-ад-разу Сёмкаў узрок сягае ў бакі, дзе сьцелюцца шырокія галы ніў, якія сьціскаюць яго шнурок да памераў вузкае межкі… Ліст прысьвечаны амаль ня цалкам грамадзкаму жыцьцю Сілцоў. У ім падносіцца Рыгору суцэльная схэма сучаснага стану мястэчка ў водсьвеце політычных настрояў. Сілкаўцы ня дрэмлюць… Варушашца… Знайшлося шмат новае моладзі, якая згуртавалася ў некалькі колак з мэтамі самаадукацыі. Удалося адчыніць бібліотэку-чытальню і правясьці зборы на політычных ссыльных… Сам ён, Сёмка, менш як раней аддае часу грамадзкай справе — зацягнуты ў бросьню будзённага жыцьця, заўсёды пад шчыльным наглядам поліцыі — аднак, «не адарваны ад змаганьня»…

Ён жаніўся з Волькаю, і гэта крыху звузіла яго грамадзкую працу.

Пятрусь піша Сёмку лісты і ў кожным пытае пра Рыгора. Хацеў-бы бачыць яго хутчэй у Пецярбурзе, у асяродку рабочае гушчы… Сёмка дзівіцца, як трывае Рыгораў настрой пасьля бурліва перажытых дзён…

«Ці асвойтаўся ты ва ўмовах ціхага местачковага жыцьця, ад якога гэтак уцякаў».

Рыгора ўспамінае і Зося… «Выпадкова праз жонку дазнаўся, што атрымала ад цябе ўклон. Была зьдзіўлена і разам-жа зарадавана. Але… Ёй не да гэтага… Жыцьцё тузае і яе, бедную, як знарок аброчаную на пакуту. Жыве на дзьве хаты: у Берага і ў бацькоў. Больш у бацькоў. Амаль што ня кожны месяц прочкі, сваркі… Прасіла кланяцца… Горкім дакорам мінулая абмылка».

«Твая маці доўгі час хварэла… Многа плакала ў роспачы, у разувер’і ў тое, ці хаця жыў ты, ці хутка адгукнешся»… «З якою радасьцю пазвала мяне чытаць твой ліст! Якім шчасьцем было для яе атрымаць ад цябе грошы!»

«Я заўжды суцяшаю старую, абнадзейваю».

«Не патрабуй большага — ад сілы пасабляю».

І, нарэшце Сёмка крануў хваляваўшага яго пытаньня — пра выезд у горад. «Думаю пра горад… Ведаеш — чым гусьцей сплятаюцца жыцьцёвыя сеткі, тым большая прага вырвацца з Сілцоў. Але ці будзе на гэта магчымасьць, ці прыдзе час?..»

«Пра хатнія навіны піша маці… Пішы надалей! Твой Сёмка…»

Рыгор дачытаў і паглядзеў у акно. Зьмяркалася — у ваччу бегалі мурашкі.

Вакольнае жыцьцё было адгарожана ад яго неабсяжным прагалам… Рыгор жыў ня ў Смагіне, а ў Сілцох, за соткі вёрст ад яго. Асалода адчуваньня гэтага прагнала ўсякую ахвоту да яды.

Як прыемна, што ніхто ня трывожыць яго ў гэтыя хвіліны!..

«Ага… У мацерыным лісьце хатнія навіны».

Ён падышоў бліжэй да акна, абапёрся локцямі на падаконьнік, а лобам — да гладкае халоднае шыбы…

Шэрае сьвятло адвячорку разганяла літары. «Хто пісаў мацерын ліст? Сёмка? Не пазнаць — мэрам другі зусім характар. Ды ці ў гэтым справа?»

«Мой даражэнькі, сыночак мой залаценькі, любы Рыгорка! Ластаўка мая лёгкакрылая», — пачынала маці.

«Як я рада, што цябе лёс захаваў і ты адазваўся на мае прычыты. А столькі ўжо я папагаравала! За гэты час я многа чаго працярпела, сынок мой! Эдароўя без таго няцікавае, а тут яшчэ гэтыя мітрэнгі… Дык сэрца гэтак ные, гэтак пятрае, што, здаецца, вось, сарвалася-б з месца і паляцела-б немаведама куды… За край сьвету выбралася-б… Людзям замінаю, вузкі дарожкі, цесна… Дзякуй ім — адны Сёмкавы не адцураліся мяне… Сёмка — ну а да залаты-ж чалавек!.. Які ён, сынку, добры твой таварыш!.. Суджана было Вольцы сустрэць гэткага чалавека… Пашукаць падобнага ў сьвеце і не знайсьці… Я, бывала, плачу, гарую — ён прыдзе і, здаецца, здыме камень з грудзей: — мэрам ты сам пакажашся… Можа праз гэта і вытрымала…

«Твой-та ліст, Рыгор, уваскрасіў мяне, дальбог-жа, сынку мой мілы. Паверыш — ляжала як забітая, а адкуль узяліся сілы — паднялася і насустрач паштальёну. Зусім не спадзявалася, што ад цябе… Жарты — і столькі часу — няведама і нязнана, жарты-і!

«Пазвала Сёмку і, моцна плачучы з радасьці, праслухала некалькі разоў. Паляцела-бы да цябе, Рыгорка… Паняслася-бы ветрам, сынку. Даруй, што доўга ня пісала… Сёмка езьдзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісьці — ня зручна. Заблыталася — а час прамінуў… І толькі цяпер, вось, калі Сёмка вярнуўся, сабралася напісаць… Два вечары засаб пісалі…

«Што-ж табе сказаць пра маё жыцьцё? Цяжка жыву, дарагі сынок. Прыехаў-бы — паглядзеў. Але, ці можна табе наведаць мяне? Так — тыдзень дастала твае грошы. Дзякую, сынок. Аднаго не хапае — ня разам… Каб гэта, ды як у іншых людзей… Сёмка заўжды пры бацькох, Саўка… Другім іначай, а табе іначай… Зразумела, ня наша воля ды сіла ня наша, каб перайначыць… Мабыць, ужо нам суджана ня ўгледзецца больш. Усё-ж, калі будзе як, — не забывай… Ты ведаеш, што я адна… У мяне ты — любы Рыгорка, і больш нікога, суздром нікога… Не магу пісаць — сьлёзы заліваюць паперу… А цяпер яшчэ дапішу навіны… Слухай, сынку, мо’ не пазьней, як тыдзень таму, я гэтак прыўстала сяк-так з полу, зазірнула ў акно, а ў двор завярнула нейкая дзяўчына… Хто-б яна — думаю і чакаю. Бачу — ідзе ў хату. «Дзеньдобры» — «дзеньдобры». «Ці тут хата Рыгора Нязвычнага»? — пытае. Тут, — кажу… — Далей разгаварыліся. Сама з Рыгі, завецца — Ганна. Была ў сваіх раднякоў каля Ліцку і знарок заехала да мяне. Расказвала пра цябе… Цікавілася, дзе ты зараз… Пытала адрасу, але, прызнацца, я пабаялася даць… Яна думала, што ты ў Пецярбурзе, і хацела, пэўна, бачыцца з табою, бо прызналася, што хутка мае ехаць туды сама. Яе хтосьці — ня прыпомню, сынок, усяго, — запрасіў да сябе. А можа і не… Забыла ўжо… Яна пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў сьвет… І ведаеш, сынку, — на адыходзе дае мне пяць рублёў… Не хацела я, аднеквалася — з якое-такое ласкі — а сілаю ўсучыла… Мусіла ўзяць… Ці паверыш? Якое было шчасьце! Без капейкі ляжала… І зьнянацку… Папрашу цябе, Рыгорка, калі часамі напаткаеш яе, перапрасі і падзякуй ад мяне старой. Дай ёй, доля, чаго яна сама хоча… Узяла ад бацькоў Пятрусёў адрас…

«Ну, а вось, слухай далей — толькі ўчора Пятрусь надаслаў чаргавы ліст да бацькоў і піша ў ім, каб ты неадкладна ехаў да яго… Як быццам-бы ён найшоў добрае для цябе месца… І я плачу, што ты зноў выберашся ў вялікі, далёкі горад, не пабачыўшыся са мною… А ў гэтых гарадох — колькі розных неспадзяванак, сынок мой дарагі… Яшчэ раз дзякую табе, што не забыў старое мацеры… Дзякую за тое, што выратаваў мяне ад цяжкае роспачы і надаў мне ахвоты да жыцьця… Дык цалую цябе шчырым матчыным пацалункам!.. Цалую ў шчокі, цалую ў вусны, рукі твае цалую!.. Не забывай, дарагі сынку, памятай пра мяне!..

Дакладаю вось, Пятрусёў адрас…

Твая маці — Стэпа».

Апошнія радкі лісту расплыліся ў шэрані, і Рыгор прачытаў іх пачуцьцём.

Плойма разгойданых, пудлівых, нечаканых думак закруціла яго голаў. Зрабілася цесна ў пакоі, і хацелася выбегчы на вуліцу, на сьвежае паветра, пацягнула да знаёмых, каб перадаць ім зьмест атрыманых лістоў, роджаных імі думак і ўзьнятых плянаў. Ён схапіў шапку і рушыў з пакою.

— Вы ўжо прачнуліся? — перапыніла яго за дзьвярыма Ліба. — Вас закалыхалі навіны. Я шкадавала вас будзіць — а вячэра засталася. Даруйце, Рыгор Міхасевіч. Я вось зараз падагрэю…

Ліба мігам схавалася на кухні, і не пасьпеў Рыгор вырашыць, ці ісьці, ці вярнуцца ў пакой, каб павячэраць, як яна зноў ачулася перад ім, ужо з ежаю ў руках.

Ён вярнуўся да сябе і прысеў за вячэру.


IV

РЫГОР НЯ СКОНЧЫЎ ВЯЧЭРЫ і далёка не перабраў усіх настойна лезшых у голаў думак, як Ліба зноў убегла ў пакой. На гэты раз без папярэджаньня, як заўсёды, і без перапрашэньня — яна падбегла да стала і праказала:

— Рыгор Міхасевіч, вас Сроль просіць.

— Сроль? Чаму-ж ён не заходзіць да мяне?

— Ён чакае вас у маім пакоі.

Рыгор мігам падняўся з-за стала і пайшоў за Лібаю.

У пацёмку на калідоры стаяў Сроль, і толькі Рыгор выйшаў з дзьвярэй, як ён хапіў яго за крысо і прытрымаў.

— Еду… разам з Якавам Рундуком… Ён пайшоў за могілкі, усьлед балаголу, а я вось забег па цябе. Правядзеш?

— А Павал дзе?

— Павінен зараз тут быць… Пачакай квадранец, а я забягу яшчэ на хвіліну да Сімена Галаса…

— І я пайду з імі… Іх трэба вывесьці абочнымі сьцежкамі.

— Абавязкова… Але ці ня будзе за многа ў чацьвярых?

— Мы разаб’емся па дваіх…

Сроль памкнуўся выйсьці, ды Рыгор яго прытрымаў:

— На хвілінку… Ведаеш, браток, у мяне за сёньнешні дзень усе карты пераблыталіся…

— Чаму? — зьдзівіўся Сроль.

— Прыдзецца ісьці тваёю-ж дарогай… Пятрусь заве ў Пецярбург… Знайшоў нават мне месца… І наогул, — сёнешні дзень для мяне, браце мой, нешта надзвычайнае… Тры лісты і трыста навін… Кланяецца табе Сёмка і яго жонка — Волька… Чуў?.. Уклон і ад Гэлі… Ну, але не затрымоўваю… Бяжы да Галаса… Да нас не вяртайся, мы зараз ідом…

Сроль порстка выбег з карчмы.

Праз пару хвілін выйшлі на вуліцу Рыгор з Лібаю.

Цёмнае зорнае неба нізка-нізка апускалася над смагінскімі будынкамі. Местачковае жыцьцё замірала.

— Сролю спрыяюць абставіны, — цішком перадаў ён Лібе.

— Цемра абманчыва! — адказала тая.

— Вы правы. Можа па Сролевых сьлядох крадзецца не адзін поліцэйскі сабака.

Ліба міжвольна абярнулася назад і па бакох, правяраючы таемнасьць свае чыннасьці.

— Пойдзем па задвор’ю — запрапанавала.

Хутка яны схаваліся за дворнаю брамаю і прайшлі на гарод. У стадоле забрахаў сабака.

— Вы асьцярожна, а то можна наткнуцца на калы…

— Пройдам гарод і выйдзем на сьцежку, а там на школішча і праз Адрэзкі да могілак, — расказала Ліба і першаю апынулася за пералазам.

Хвілін праз пяць яны ўжо ішлі няроўнаю грудастаю сьцяжынкаю толькі-што засеенага гароду.

Рэдкія гумны цямнелі чорнымі камякамі між нізкіх платоў. За гародамі, управа і наперадзе, адкуль глядзела пяць вялікіх залітых сьвятлом вокан школы, даносіліся сьмех, выгукі і тупат. На рынку, што знаходзіўся наўскасяк, між школьшча шоргалі жалезныя акяніцы крам. У ваколіцах, напрамак да могілак, рагаталі коні, адтуль-жа далятаў заліхвацкі губны сьвіст.

Сьвіст не канчаўся, пакуль яны ня выйшлі на школішча.

У школе паступова гасла сьвятло… Апошні яго прамень пасьпеў перад іх вачыма асьвяціць кавалак вуліцы каля рагавога дому, за якім яна загінала да могілак. Яны зацішылі хаду, каб абысьці роў, і моўчкі мінулі першых дзьве хаты. За імі ўкрадліва нясьліся зацішаныя водгукі чужое гутаркі. Але, апроч таго, вакол ўсё маўчала.

Рыгор вярнуўся ў думках да лістоў, і яму захацелася паведаміць Лібе некаторыя вычытаныя ў іх навіны.

— Так, у мяне сёньня багата навін, — выказаў ён і на гэтым абарваў гутарку.

Ліба тузнула яго за рукаў і шапнула на вуха перасьцярогу. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх.

— Дзе-ж та Павал дзеўся? — запытала Ліба, забыўшы, пэўна, што сама супыніла Рыгора.

— Можа ён пойдзе адзін?.. — адказаў Рыгор зусім не зазлаваўшы за гэта на Лібу.

Іх нагнала двое мужчын. У цемні ночы нельга было разгледзець, хто яны; ды ні Рыгор, ні Ліба не стараліся на іх углядацца.

Мужчыны абыйшлі іх і мо’ праз хату далей пачалі прарваную гутарку.

— А вось глядзі, мо’ то і ёсьць Павал з кім-кольвечы другім? — дагадліва запытаў Рыгор.

— Мне паказалася, нібы Сролева хада, — з свайго боку ўсумнілася Ліба.

Іх сумненьне паглыбілася, калі яны ўскорылі хаду і ўгледзелі, што мужчыны непадалёк ад могілак з правага боку вуліцы перайшлі на левы.

Яны падышлі да курганца на рагу агароджы і прыгледзеліся наперадзе сябе.

— Няма нікога?! — няўверана праказала Ліба.

Рыгор не пасьпеў адказаць, як збоку іх, пры паркане, пачуўся ціхі сыгнальны кашаль.

— Во дзе! — адазваўся Рыгор.

— Зрабіўшы некалькі крокаў наперад, яны прымецілі балагольскую будку і некалькі людзкіх фігур. Хтосьці па іх адрасе выказаў:

— Нарэшце — прыйшлі.

Сышоўшыся, усе разам адышліся за прыпарканныя кусты гладзіньніку і пасталі для разьвітаньня.

— Чаму так доўга? — папікнуў Памыйка.

— Выбачайце, — перапрасіла Ліба: — мы не сьпяшаліся, бо думалі, што ні Сроля, ні вас яшчэ ня будзе.

— Вось бачыце… як вы бясьпечна…

— Ну, кінь, кінь, — пераняў Рыгор.

— Наперадзе нас ішло пара чалавек і мы не маглі выдаваць сябе…

— Падумаеш, — не здавальняўся Памыйка: — ішлі і прайшлі…

— Годзе вам… Пара ехаць…

— Так… Давайце разьвітвацца…

Сроль першым падышоў да Рыгора і расцалаваўся з ім.

Тое зрабіў і Рундук.

— Будзеш ехаць — ня мінай, — праказаў Сроль да Рыгора.

— Напэўна хутка… Пішы, брат… І толькі ня думай, што я без цябе не хачу заставацца ў Смагіне… Умовы так складаюцца…

— Кінь… Галас заменіць…

Сролеў голас зьліўся з асьцярожлівым воклічам балагола.

Хутка праважатыя пачулі глухі стук калёс, пацягнуўшыся ў глыб цёмнае ночы.


V

МАЙСКІЯ ЗДАРЭНЬНІ выклікалі зацяжныя трухі па ўсім Смагіне. Каля дзесятку рабочых-падмайстраў і сялян адведала халоднае. Допыты кожнага арыштаванага справодзіліся пагрозамі высылкі і астрогу. Станавы пакладаў многа стараньняў, каб вымусіць у кожнага арыштаванага прызнаньня ў яго належнасьці да сопыял-дэмократычнай організацыі. У існаваньні яе станавы не сумняваўся, але яўных доказаў не знаходзіў. На допыце ён выпытваў іх адносіны да Сроля і да Памыйкі. У Сроля на кватэры быў зроблены старанны трух і апытана сям’я гаспадара кватэры. Але ні да Рыгора, ні да Памыйкі поліцыя ня трапіла. Гэта зьдзіўляла іх абодвых. Рыгор рабіў усялякія дагадкі: ён разьлічваў, што гэтаму пасобіла яго адсутнасьць на вуліцах у дзень дэмонстрацыі, альбо тут адыграў некаторую ролю Шульц. Аднак, гэту акалічнасьць Карл Людвігавіч тлумачыў выключна «лібэральнасьцю» прыстава, «які трухі і прыводы ў халодную зрабіў для блізіру, абы не скомпромэтаваць сябе перад павятовым начальствам». Праўда, тлумачэньняў Шульца зусім нельга было апраўдаць шэрагам іншых рэпрэсій з боку «лібэрала» станавога. Распараджэньнем апошняга была зачынена грамадзкая бібліотэка з конфіскацыяй кніг. Былі забаронены чарговыя спэктаклі і ўведзена нешта накшталт ваеннага становішча, з разьязнымі начнымі патрулямі, якое цягнулася болей двух тыдняў. Не казаў у карысьць становага і праведзены перапіс рабочых.

Аднак, факт незачэпнасьці Рыгора аставаўся фактам. Гэты факт як найлепей спрыяў далейшаму рэволюцыйнаму руху ў Смагіне. Памыйка, які ўвесь час выказваў поўнае нядбайства да небясьпекі, зараз яшчэ больш пасьмялеў і стаў да дзерзкасьці адкрытым.

Ужо на другі тыдзень пасьля 1 Мая ён зьявіўся да Рыгора з думкаю склікаць местачковы актыў і абгаварыць плян наступнай працы.

— Поліцыя не зачэпіць! — увяраў ён, суцяшаючы Рыгора і сябе разам.

— Організацыя мусіць мець сталае кіраўніцтва. Няровен час! Кожную хвіліну трэба чакаць чарговага выбуху…

Рыгор іначай глядзеў на паднятае Паўлам пытаньне.

— Трэба некі час пачакаць…

— Каб поліцыя адумалася? «Сем бед — адзін адвет»… Ды табе што… Праз дзень-другі мы будзем праводзіць цябе, як праводзілі Сроля… А нам тут сядзець, пакуль ня вышлюць… Табе, я ведаю, не сядзіцца ўжо… Куды-ж там! і месца, і таварышы, і сталічны размах працы і… Ганна… А мы павінны варушыцца… Па маштабе… Мне дзіва, Рыгор, што ты на гэты раз забыў пра сваю ранейшую настойнасьць…

Апошнія словы Памыйкі і тон, якім яны былі выказаны, прыняліся Рыгорам за лёгкі ўкор. Гэта было чуць упяршыню з боку Памыйкі. Ранейшыя яго прызнаньні ў адданасьці Рыгору, хоць і несьлі некаторай вычварнасьцю, усё-ж не абяцалі таго, што Рыгор пачуў зараз.

— Ты на некага злы, а на мне спаганяеш злосьць, — суха адказаў Рыгор.

Памыйка ўлавіў Рыгораву нездаволенасьць і зьбянтэжана пачаў выбачацца.

— Няўжо такі і ў праўду ты пакрыўдзіўся? Калі так — прашу дараваць. Я ніколі ня думаў гэтага… Я добра разумею, што ты падаў мне раду з добрымі намерамі… Ну, ты-ж ведаеш, што я не з-за сябе ўзьняў гарачку…

Інцыдэнт паміж імі паступова згладзіўся і праз нейкі час Памыйка зноў прызнаваўся Рыгору ў сваіх цёплых пачуцьцях да яго. Рыгоравы пропозыцыі вярнулі ў Памыйкавым разуменьні прызнаную ім таварышову непаграшымасьць.

Дзякуючы гэтаму абое бясспрэчна сышліся на тэрміне скліканьня сходу на канец мая.

Але, наперакор абодвым, здарэньні самі пераставілі тэрмін, адначасова перамяніўшы і разьвіцьцё падзей. Зусім неспадзявана, каля дваццатага мая, прыехаў з Пецярбургу Шульцаў сын Рудольф. Сам Шульц зьвёў сына з Рыгорам ды Памыйкаю на другі дзень пасьля яго прыезду. Расказаныя Рудольфам навіны захапілі вострасьцю і Рыгора і Паўла. Яны запрасілі Рудольфа зрабіць даклад на сходзе мясцовай організацыі. Рудольф ахвотліва згадзіўся.

— Організуйце і — завеце мяне, — сказаў ён.

З прычыны важнасьці дакладу, рэдкага для Смагіна, справа са сходам ішла згаворана, пагоджана і латва.

Бліжэйшаю суботаю, адвячоркам, пацягнулася смагінская моладзь рознымі дарожкамі і сьцяжынкамі ў памешчыкаў лес, вярстох у трох ад мястэчка. На сход сыйшлося да сотні чалавек.

Сходу быў прыдадзены характар маёўкі.

Рудольфа прывялі з сабою Рыгор з Памыйкам. Яго зьдзівіў настрой сходу; суцяжала таксама і колькасьць яго ўдзельнікаў.

Разложаная між кустоў на зялёнай мураве ежа сьведчыла аб прадугледжанасьці організатараў.

Рудольфу, якому даводзілася вярцецца больш усяго сярод студэнцкіх колаў, імпонавала даверлівая ды натхненная местачковая рамесьніцкая і сялянская моладзь.

Да дзесяці чалавек сталых, сур’ёзных мужчын, укрэпленых у яе, прыдавалі сходу паважную сталасьць і цьвёрдасьць.

Рудольф адразу запаліўся натхненьнем і сказаў сваю ўдала ды стройна пабудаваную прамову, як-бы прачытаў верш у прозе. Прамова наэлектрызавала сход, які ў пазбыве небясьпекі прывітаў Рудольфа зычнымі воплескамі.

За прамоваю пачаліся пытаньні. Наперабой кідалі іх «таварышу аратару» ўдзельнікі сходу, і прагна лавілі яго адказы.

Пецярбург вырастаў у ваччу кожнага прысутнага ў нешта вялікае, магутнае і неабсяжнае. Падзеі з рэволюцыйнага руху, перавязаныя з махрастымі комбінацыямі праяў агульна-грамадзкага жыцьця, паказваліся казачнымі і настолькі моцнымі, што нараджалі сабою зьдзіў, плаваўшы па тварах натхненнае моладзі і сталых.

У цікавасьці ды намалёванай Рудольфам рэволюцыйнай сытуацыі танула Смагінскае Першае Мая.

Напружанасьць становішча на Балканах, вакол якога завязваўся моцны вузел супярэчак паміж вялікімі дзяржавамі — на чым умела і тлумачна спыняўся Рудольф, — яшчэ болей раскалыхала ўдзельнікаў сходу.

На ўзвароце ў мястэчка толькі і было тэмы, як пра здані вайны. Разьбіўшыся па двое, па трое — усе былі злучаны аднастайнасьцю гутарак.

Але Рыгор да іх не далучаўся. Яго абыходзіла і расьцягнутая пахвальба смагінскаму актыву, што пасылаў яе Рудольф. Размову на гэту тэму з Рудольфам Рыгор уступіў Памыйку. Ён ухіляўся ад Лібінага спадарожніцтва таксама. Штосьці адрывала яго ад усяго вакольнага і на скрыдлах думак пераносіла ў Пецярбург. Развой рабочага руху і месца, што знайшоў яму Пятрусь, і цэлы шэраг іншых акалічнасьцяй віхрам насіліся над бурлівай сталіцай.

Сам горад-вялікан паўставаў перад ум і зданных вобразах, у нямоўчным гуле людзкога натаўпу, у гудзеньні сырэн, у бляску электрыкі.

З сумных муроў вытыркаў халодны, акураны гмах вялізарнага заводу, ацятага агністым поясам вокан. Лахматыя камякі дыму кружацца між небам і зямлёю. Вось-вось — лезе сопуха ў ноздры, у рот, труціць чадам, гар’ю. І не перашкаджае гэтаму ні чыстата ляснога паветра, ні водыр хваёвае смалы, разьлітае навакола.

Зрэдку, у развоі думак, Рыгор уголас пераконваў сябе:

— Пара ўжо мне ехаць адгэтуль, пара. Я ўжо тут сваю справу скончыў.

Памыйка касіў на яго вочы, ківаў галавою і кідаў сказам: «Ды ўжо-ж, ты часовы госьць». Шкадаваў. І між гутаркі з Рудольфам гадаў: «У сьвеце набліжаюцца вялікія здарэньні, а я застаюся ў глухім мястэчку».

У Памыйкавых думках паўставаў Сроль, прамігваў Рундук. Іх абліччы паступова зьліваліся з тварам Рудольфа, да якога Памыйка шчыльна прыціскаўся. Рудольф лавіў яго цёплыя ўзрокі, але прапускаў іх задумёнасьць, як і зацятыя раздумы Рыгора.

Рудольфа атуляў настрой праведзенага сходу. Ідылія сялянскае ночы, пікантнасьць нелегальнасьці справы, яе пяршыня для яго ў падобных умовах — імпонавалі Рудольфу. Студэнцкія сходкі цьмелі на фоне местачковага мітынгу; іх інтэлігенцкая кіпучасьць згладжвалася перад цнотнасьцю позываў местачковых рабочых. Наогул — студэнты, з якімі Рудольф больш усяго меў справу, — далёка стаялі ад гэтых, вось, людзей. Там, здавалася яму, зусім ня чулася тае беспасрэднасьці, якая дыхнула на яго на смагінскім сходзе. Калі яны апынуліся ў мястэчку, Рудольф прызнаўся:

— На мяне ваш сход зрабіў вагромністае ўражаньне. Смагін так вырас, што я ня веру, калі ўспомню хоць леташняе…

— Гэтаму многа пасобіў таварыш Нязвычны, — парэкомэндаваў Памыйка.

— Мэрам-бы чалавек кіруе падзеямі, а не наадварот. Эх, Павал!

— Не заварочвай у філёзофію… Толькі, вось…

Памыйка сьледам хацеў паведаміць пра Рыгораў ад’езд, але стрымаўся.

— Я вельмі задаволены, што вы пад’ехалі да нас, — загладзіў ён папярэдні сказ.

— Ну, я не надоўга…

— Лепей, як ніяк…

— Пераацэньваеце, таварыш Памыйка, — не схаваў ільсьцівасьці Рудольф.

— Не ў маёй натуры: я люблю выказваць тое, што думаю.

Яны падыходзілі да Крамнікавай карчмы, калі трое конных стражнікаў галопам прамчаліся ў бок поля.

— Няўжо дазналіся?


VI

ЧАТЫРЫ СЬЦЕНКІ маленькага пакою губілі свае абрысы ў цёмным змроку ночы. Ды ці былі то, сапраўды, сьценкі, ці то самы змрок адгараджваў адно ад другога чуць прыкметныя стол, крэслы, ложак, — цяжка было разабрацца.

Ціша, якая панавала ў будынку і па-за яго сьценамі, яшчэ болей паглыбляла на ўзьдзіў глыбокую цемень. Шасьцішыбнае акно ледзьве прыметна адзначалася блядою шэраньню. У яго цяжка было запрымеціць досыць празрыстае мірганьне зорак. Здавалася, што густы зьлепак ночы давіў на ўсё жывое. Ды яго не заўважна было нідзе ўблізу Рыгора. Ці то мо’ ён мала прыслухоўваўся, будучы адданым ахапіўшым яго думкам.

Болей гадзіны нівошта не адцягнула да сябе Рыгоравай увагі. Ён ляжаў адзетым на непасланай пасьцелі, як у магіле. Чуў, мэрам-бы яго думкі ажыцьцяўляліся і шоргалі ў галаве поўзаньнем мухі. Тэю-ж зданьню падыхала і ад створаных яго выабражэньнем многалікіх вобразаў.

Раптоўны зычны трэск за сьценкаю падняў Рыгора на ногі. Ён настаражыўся.

«Няўжо хто стукае з надворку?» усумніўся ён і тут-жа заключыў, што таго не павінна быць: «было-б так, ужо-б даўно брахаў запёрты ў хляве сабака».

Рыгор зноў прылёг. Але ўжо яго настрой зламаўся. Скрытная ўтома дапомніла пра спаньне. З выразных думак асталіся цьмяныя, блытаныя ўрыўкі. Калі Рыгор патужыўся зьвязаць іх у адно цэлае і праверыць — не хапіла цярпеньня.

Тады ён увішна прыладзіў пасьцель, разьдзеўся і лёг. І толькі задрамаў, як узьнятыя на вуліцы крыкі яго абудзілі. На гэты раз — ня было сумненьня — штосьці здарылася. Сабака заліваўся нахабным брэхам.

Мігам адзеўшыся, Рыгор выбег з хаты. На ганку ўжо стаяў стары Крамнік.

— Вам ня варта выходзіць, пажар дзесьці за школішчам, — паведаміў ён Рыгора: — Во-а! — паказаў Крамнік на суседнюю страху.

Чырвоны промень разразаў чорны цалун ночы. Яркія іскры веерам нясьліся ўгару, гінучы ў камякох ружовага дыму.

На вуліцы расла гвалтоўная сумятлівасьць. Трывожна стукалі ў кожнай хаце дзьвярыма, перагукваліся людзі і беглі ў бок променю, пакідаючы па сабе гулкі тупат.

У канцы вуліцы і за гародамі выгуквалі аднастайнае цягучае «па-жа-арр! ппа-а-жарр!».

Рыгор пакінуў старога Крамніка аднаго і пабег за іншымі.

Ён не абмінуў і двух хат, калі зазванілі на гвалт. Частыя ўдары звону важка падалі ў ціхае паветра, віснучы над мястэчкам пераліўным медным гулам. Водгукі ўдараў несьліся далёка за ўсе канцы не знаходзячы сабе граніцы.

Апынуўшыся на майдані, Рыгор стрэў пажарны абоз. З грукатам і траскатнёю прамчалася між яго некалькі падвод з насосамі і бочкамі, з прыстаўленымі на іх дымнымі факеламі.

Удагон падводам горніст выцінаў надрыўнымі тонамі трывожную мэлёдыю.

І нязмоўкны гук звону, і трапятаньне цудоўных зданных ценяў на сьвятле факелаў, і плакучы гук пажарнага сыгналу, і разьюшаны, сумятлівы бег людзей зьліваліся ў якуюсьці таемную, трывожную какафонію, у ажыцьцёўленае ведзьміна вясельле.

Роўнае, стромкае полымя пажару, сьвечкаю ўзьнятае ўгору, зусім, здавалася, не вымагала ўзьнятае трывогі.

Калі Рыгор апынуўся на пажары — гарэла старая, зусім ізоляваная будыніна якогасьці сьвіронка. Спакойная пагода аднімала небясьпеку пераносу агню.

Натоўп мяшчан, асаджаны поліцыяй на сажняў дзесяць ад пажару, даваў разгарненьне дружнай працы пажарнікаў. Ад іх напору паціху асядала прагарэўшая страха і няўстойна калыхаліся сьцены.

Полымя вочавідкі меншала, згушчаючы вакол сябе цалунны змрок.

Але разварушаныя галавешкі рассыпалі пукі тоўстых іскраў, якія не дазвалялі пакуль аставіць без дагляду бліжэйшыя будынкі. На кожным з іх сядзелі людзі з вёдрамі вады і залівалі падаўшыя іскры.

Пажар не цягнуў за сабою вялікіх страт і, мэрам-бы, быў знарок зроблены для праверу людзкое дбайнасьці.

Разбуджаныя на яго людзі вярнуліся-б па хатах бяз жаднага спачуваньня пагарэўшым, з адным лёгкім нездавальненьнем на дарэмны неспакой, каб раптам пажар не набыў іншы зварот.

Ужо Рыгор абыходзіў парадзеўшы натоўп мяшчан, мяркуючы ісьці на кватэру, як яго хтосьці тузнуў за падол жукеткі. Ён азірнуўся і ўгледзеў Сімена Галаса.

— Ты куды?

— На кватэру.

— Пачакай хвілінку, тут хлопцы гатовяць маленькі сюрпрыз.

— У чым справа? — занепакоіўся Рыгор.

Сімен не пасьпеў адказаць: хлынуўшы натоўп зьыбіў іх з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад.

Калі яны паглядзелі на пажар, то ўбачылі пук узьнятых іскраў ад бразнуўшай у бок поліцыі здаровай галавешкі.

Напуджаны станавы кінуўся ўцякаць.

Яго адрывісты сярдзіты голас адбіваў некія распараджэньні.

У адказ на гэта натоўпам перабеглі ажыўлёная гутарка і ўкрадчывы сьмех.

— Хто гэта надумаў? — запытаў Рыгор у Сімена.

Той задаволена разрагатаўся і прашаптаў Рыгору на вуха:

— Памыйка!

— Ну, да чаго гэта было?

— Добра! Маўчы… Цяпер можна ісьці па хатах.

Рыгор разьвітаўся і павярнуўся да завулку; ён не зрабіў і пяці крокаў, як некі зычны бразг адцягнуў да сябе агульную ўвагу. Сьледам адзін за другім пачулася некалькі стрэлаў.

Натоўп мігам расьсееўся з поля сьвятла, і дагараўшае пажарышча асталося адно.

— Хавайцеся ў цёмнае! — папярэдзіў яго прамігнуўшы побач мужчына. — Стражнікі страляюць у людзей!..

— З якое прычыны? — кінуў Рыгор запытаньне ўсьлед уцякаўшаму.

Той нічога не адказаў і зьнік за высокім кастром паколатых дроў.

У завулку, што вёў на школішча, Рыгор нагнаў пару хлапчукоў. Адзін з захапленьнем расказваў другому, як з даху суседняе да пажару хаты хтосьць кінуў у поліцыю бляшанае вядро з вадою. Напалоханыя стражнікі ў адказ на гэта адкрылі страляніну. Хлапчукі пацяшаліся над цікавым для іх здарэньнем з поліцыяй, экспронтам складаючы анэкдот на тэму, «як стражнікі расстралялі пажар».

Данёсшыся ззаду іх чыйсьці прарэзьлівы крык перапыніў хлапчуковую рэзвую гутарку.

— Што там гэткае? — абярнуўся адзін з іх да Рыгора.

— Ня ведаю, браце.

Хлапчукі сарваліся з месца і панясьліся стралою ўбок пажару.

Рыгор паскоранай хадою пайшоў усьцяж ціхае вуліцы.

Вярнуўшыся на кватэру, ён застаў яе незапёртаю. Яго ўкрадчывы ўваход не прайшоў незаўважаным з боку старога Крамніка.

— Гэта вы, Рыгор? — праверыў ён Рыгора з бакоўкі.

— Так, я.

— Што там за страляніна была, скажэце? — пацікавіўся стары.

Рыгор расказаў карчмару пра гісторыю з галавешкаю ды вядром і цішком прайшоў да сябе.

У акне яго пакою яшчэ сьвяціўся патухаючы промень пажару, але поўнач брала сваё. На вуліцы, як і ў карчме, аднавіўся перадпажарны спакой.

Рыгор цішком разьдзеўся і ўлёгся ў ложак. Нядаўная санлівасьць яго пакінула, і ён доўга нэрвова вярцеўся з боку на бок, ніяк ня могучы заснуць. Толькі на золку яго адолела змора.

І тых дзьве гадзіны, што асталіся да гудку, ён праспаў, як забіты.

Ён не прачнуўся-б сам, хоць-бы стралялі над ім з гармат. Усё-ж праспаць працоўны дзень было залішняй роскашшу, і Ліба ўзяла на сябе сьмеласьць яго абудзіць.

Асьцярожлівы яе стук мусіў перайсьці ў гучныя ўдары, пакуль Рыгор адазваўся.

— Пара ўставаць, Рыгор Міхасевіч! Чвэртка восьмае.

— Так позна?

— Пазнавата, як бачыце.

Рыгор сьпешна адзеўся і выйшаў з пакою.

Настрэчу яму Ліба несла сьнеданьне.

— Назад, назад, таварыш, — кранула яна Рыгора тацаю.

Лыжка забарашчэла па шклянцы і вымусіла Рыгора пасобіць Лібе прытрымаць тацу.

— Яшчэ бяды набяруся.

— Толькі таго! Я ня гэтага баюся…

— А чаго? — зьдзіўлена запытаў Рыгор.

— Хаця-б учарашняя гісторыя не пацягнула за сабой дрэнных вынікаў.

— Вы ўжо пачулі?

— Усё мястэчка, як у бубен б’е, гаворыць пра гэта… Трэба-ж было гэта дзіцячае мудрагельства…

Яна прычыніла дзьверы і шэптам даказала:

— Я не чакала гэтага ні ад Памыйкі, ні ад Галаса. Абое сур’ёзныя хлопцы, а дзіцячае спаганяюць… Вам трэба выгаварыць ім гэта, Рыгор Міхасевіч.

— Ды ўжо позна…

У адчыненае акно ветрык вагнаў густы струмень цёплага паветра. Ліба адсаплася і паглядзела ў двор.

Яна не пасьпела адыйсьці ад акна, як на ім мігам апынуўся прыгожы, у рудыя яблыкі, аблавухі сабака. Працягаючы на пакой сваю вострую морду з адвіслаю верхняй губой, ён умільнымі вачыма аглядаў Рыгорава жыльлё.

— Няхай ён прабяжыцца з вамі да Шульца.

— Калі ласка.


VII

ГУДОК МАЙСТЭРНІ спаткаў Рыгора пры выйсьці на вуліцу. «Няўжо я так спазьніўся?» — хапіўся ён і, каб праверыць сябе, паглядзеў на гадзіньнік: было без васьмі хвілін восем. Рыгор у падбежкі накіраваў да майстэрні.

Таварышы толькі-толькі падпяразвалі фартухі, калі ён пераступіў яе парог.

Шульца ў майстэрні ня было.

— Пачынаеш пазьніцца? — жартаўліва праказваў Памыйка.

— Як бачыш… А ты ўжо даўно тут?

— Пасьпеў фартух падперазаць.

Таварышы весела зарагаталі.

— На пажары застаяўся?

— Абавязкі пажарнага…

— Цікавыя абавязкі…

Рыгор намекліва маргнуў вачыма і паківаў галавою.

Памыйка зразумеў у чым справа і хацеў пасупярэчыць Рыгору. Шульц перабіў яго намеры.

Хлопцы ўзяліся за працу. Застукалі малаткі, зашоргалі пілы. Шульц разьдзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза.

У невялікай майстэрні адчувалася пэўная сур’ёзнасьць вялікага заводу. Прынамсі, Рыгору чамусьці асабліва прыемнымі былі рэзкія гукі малатка ў руках Памыйкі і аднастайныя ўспыхі мяхоў. Бяссонная ноч не пакінула сьледу на яго рухавасьці. Ён не адчуваў жаднае ўтомы, ніякага суму. Працаваў старанна, з упартай заўзятасьцю. Ім заваладаў некі асаблівы імпэтны настрой. Дзякуючы гэтаму настрою, кожная рэч, што праходзіла праз яго рукі, здавалася яму блізкаю, неад’емлімаю часьцінай яго істоты.

Памыйка падмячаў стараннасьць і дзівіўся, паглядаючы на таварыша. Але маўчаў.

Чамусьці гэтай раніцой насупярэч звычайнаму, усе маўчалі. Нават калі з майстэрні выходзіў Шульц, ніводзін з іх не выкарыстоўваў выпадку для гутаркі. І пасьля сьнеданьня, і пасьля абеду, наогул, увесь дзень амаль ніхто ня выраніў слова.

Тым ня меней, ён прайшоў для Рыгора хутчэй за другія.

Пакінуўшы майстэрню, Рыгор адчуў вострае жаданьне прайсьціся ў поле, і запрапанаваў гэта Памыйку.

— Чаму не, — згадзіўся той: — Зойдам да Сімена, запросім Рудольфа і разам… Але-ж павячэраць трэба…

— А я і без вячэры, разумееш…

— Няўжо так смачна ў абедзе накармілі? Ці ты аброкся сёньня пасьціць?

— Як табе сказаць… Аброку даваць няма каму… Праўдзівей, ня хочацца чамусьці…

Усё-ж ён згадзіўся з Памыйкам і пайшоў на кватэру.

Вячэра адняла болей гадзіны. Гэтым часам на дварэ пачало хмурыцца, і цяга да поля ў Рыгора аслабела. Але калі да яго зайшлі Памыйка з Сіменам, Рыгор ахвотна выйшаў з імі.

— Можа Лібу запросім з сабою? — запрапанаваў ён.

Хлопцы згадзіліся.

Рыгор вярнуўся ў карчму і праз хвіліну выйшаў з Лібаю.

Яна ішла і аглядалася назад, чуючы нездаволеную гутарку мацеры. Гэта яе асьцярога паслужыла тэмаю для кпінаў з Лібы. Ліба злавалася і некалькі раз асякала хлопцаў востраю лаянкаю. І толькі калі намерылася вярнуцца дахаты, хлопцы суняліся.

— Досыць вам! — папікнуў Рыгор.

— Просім выбачэньня! — абярнуўся Памыйка да Лібы.

Каб згладзіць ніякавасьць, гутарка была пераведзена на іншую тэму. Памыйка перайшоў да пагоды — якраз насувалася хмара і раз-по-разу зьмяіліся ў ёй празрыстыя маланкі.

— Нам не шанцуе, — паскардзіўся ён.

— Гэта за тое, што вы з мяне пацьвільваецеся, — пажартавала Ліба.

Каля мосту яны перайшлі да пытаньняў грамадзкага характару, якія незаўважна для іх пераключыліся ў культурныя. Абгавору падпалі зачыненая бібліотэка і забароненыя спэктаклі.

Учарашні сход паглядаў на кожнага з іх чорнаю сьцяною аддаленага лесу… Жаўранка, абапал яе зялёныя поплавы, далей панскі маёнтак, жытняе поле ўбіралі яго хараством квітнеючай вясны.

— А ведаеце, дажджу ня будзе, — раптам абарвала Ліба ажыўленыя спрэчкі пра наведваўшую Смагін трупу.

Усе пагляделі на поўдзень. Сапраўды — хмары ня зьніжаліся, а хутка радзелі і ўздымаліся ўгору. Гнедае прасьцірадла іх раптам адкалолася ад чорнае кажуры і выпусьціла наповерх сонца.

— Можа зайці па Рудольфа? — запытаў Рыгор.

— А ці варта? — усумніўся Памыйка.

Рыгор не паслухаў і павярнуў да Шульцавай хаты.

— Вы не адыходзьце далёка, я зараз, — папярэдзіў ён.

І не пасьпеў падыйсьці да дваровай брамы, як Рудольф выйшаў з хаты.

— Я угледзіў вас праз вакно… У поле?

— Надумалі. Вясна цягне…

— Я са здавальненьнем. У Пецярбурзе гэтага не атрымаеш…

Рыгор уважліва паглядзеў на Рудольфа. Сын гаспадара лашчыў мяккасьцю сваіх вачэй і ласкавасьцю свайго голасу. Калі бацька яшчэ ва многіх рысах свайго я хаваў дасканалую нямецкую сухасьць, зьмешаную з сур’ёзнаю дзелавітасьцю ды пэдантызмам, дык Рудольф далёка адышоў ад гэтага. На ім ужо выразна адбіліся краёвыя ўмовы з выразнай рахманасьцю ды спакоем натуры. У гэтай рахманасьці танулі задзёр і фанабэрыя студэнта, гонар і самаўцеха прадпрыемцавага сына. Рыгор адмеціў гэта ўжо пры першым спатканьні з Рудольфам. Зараз ён яшчэ больш праканаўся ў сваіх заключэньнях.

Рудольфава выступленьне на сходзе і яго гутарка з Памыйкам па дарозе з лесу абудзілі ў Рыгору поўнае к яму давер’е.

— Вы пра ўчарашняе чулі? — запытаў ён Рудольфа.

— Гэта пра гісторыю з станавым? — засьмяяўся Рудольф.

— Але.

— Так, хтосьці выдумаў спрытна.

— Думаеце хто?

— Ня ведаю.

— Вось яны!

Рыгор паказаў пальцамі у бок Памыйкі і Сімена, якія пры месьце іх чакалі.

— Ласьне?

Рудольф покатам зарагатаў.

— Малайцы.

— А я ўсё-ж іх не пахвалю.

— Нічога дрэннага. Хлопцаў можна павіншаваць.

Падышлі да мосту.

Ад рэчкі нясло вільгацьцю. Асеўшы пыл ня труіў паветра. У яго нярухомасьці мігалі тысячы мошак. Густы водыр жытняга красаваньня калыхаўся над руньню зялёнае травы.

Рудольф прывітаўся з Памыйкам, як са знаёмым. З Лібаю ды з Сіменам яго Рытор пазнаёміў.

Пяршыня знаёмства не адбілася на цяплыні таварыскага збліжэньня, не перашкодзіла яно і іх ажыўленай гутарцы.

Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэволюцыйнага жыцьця Пецярбургу. Яго ўважна слухалі, распытвалі, цікавіліся дробязямі больш важнейшых мясцоў з апавяданьня.

Незаўважна для сябе яны прагулялі каля дзьвёх гадзін і калі вярнуліся к мосту, было ўжо цёмна. Местачковае жыцьцё глухла ў сьценах хлявоў за сенешнімі ды хатнімі дзьвярмі. Толькі з рынку даходзіў нечы крык. Гэтаму крыку ўторыў жабін хор у паплавох і перакрыкі перапёлкі ў жыце.

У Шульцавай хаце сьвяціўся агонь, а ў майстэрні дымела з коміна.

— Няўжо мой бацька ўсё яшчэ працуе? — падзівіўся Рудольф.

— А ён ў вас руплівы, — адказаў Сімен.

Рудольф ня спыніўся каля дому, а пайшоў з усімі далей.

— Цікава, як пойдуць здарэньні ў міжнародных адносінах, — мяняючы папярэднія тэмы, праказаў Рудольф.

Гэта кампанію настаражыла.

Рыгор з цікавасьцю запытаў:

— Чаму? Вы сапраўды думаеце, што можа кончыцца вайною?

— Усё ідзе да таго.

Рудольф аглянуўся навакол і цішэйшым голасам дадаў:

— Мне пішуць з Нямеччыны, што там апошнімі днямі адкрыта гутараць пра вайну. Нядаўнае спатканьне Вільгэльма з Францам-Язэпам цалкам было прысьвечана абгаворам пытаньняў вайны.

— Так, гэта сымптоматычна… — згадзіўся Рыгор.

Тым ня меней паведамленьне Рудольфа зрабіла і на яго, як і на іншых з кампаніі, моцнае ўражаньне.

Знак вайны выглянуў перад усімі ставокім чудзішчам з цемні надышоўшай ночы.

Нявыразнасьць наступнага зьлілася ў дыме ды агні ваенных жахаў. Дзесьці, ні то недалёка за Смагіным, ні то каля Пецярбургу вырасла сьцяна, у якую стукнуліся думкі хвіліну назад бесклапотнай моладзі.

Што будзе? Што чакае рэволюцыйны рух? Якім шляхам накіруецца жыцьцё краіны, іхняе жыцьцё?

І Рыгор, і Памыйка, і Сімен, і Ліба — кожны па сабе кінулі думкамі ў нетры гісторыі, якую яны праходзілі ў гуртку самаадукацыі і некалькі былі знаёмы з асабістага чытаньня. Навейшая эпоха гісторыі сьведчыла пра Парыскую Комуну і рэволюцыю дзевяцьсот пятага году. Гэтыя рэволюцыйныя выбухі яскрава выглядалі з далі мінуўшчыны, апярэджаныя ваеннымі жахамі.

Ліба дапомніла чуты ёю популярны сказ і з захапленьнем сказала:

— Вайна можа прынясьці рэволюцыю. Чым горай, тым лепей.

Падзяляючы яе настрой і веру, Сімен наводна ўсумніўся.

— Гэта твая тэорыя не заўсёды апраўдваецца жыцьцём.

Рыгор падтрымаў Лібу:

— Ліба праўду кажа. У некаторых выпадках…

— Вось-вось, толькі ў некаторых выпадках, — уставіў Памыйка.

— А голад у дзевяностых гадох — ласьне быў штуршком да рэволюцыйнага руху? — акрылілася Ліба.

— Я кажу пра вайну…

Ліба асталася непарушнай у правовасьці сказанага ёю. Праўда, яна не без жаданьня выслухаць думку Рудольфа зазірнула яму ў вочы, толькі той нічога не сказаў. Ён якраз разьвітваўся. Тады Ліба зарупела запытаць яшчэ пра адно, хвалюючае яе пытаньне, ды Рудольф ізноў перабіў яе:

— Так, вялікія падзеі ідуць нам насустрэчу. Яны становяць перад намі, таварышы, вагромністыя заданьні.

Рудольфа шапка апісала ў паветры няроўны круг, які аддзяляў яе ўласьніка ад кампаніі.


VIII

— Я ЗАЙДУ ДА ВАС. Можна? Толькі на хвілінку.

Рыгор зьдзіўлена паглядзеў на Лібу.

— Чаму вы пытаеце?

На ганку сядзелі яе бацькі — было ясна. Старыя акінулі дачку недаверлівымі ўзрокамі і ў тахт перакіўнуліся галовамі. На іх тварах можна было прачытаць выразнае нездавальненьне паводзінамі дачкі. Заўважаючы гэта, Ліба наперакор бацьком дэмонстрацыйна прайшла па калідоры побач з Рыгорам і схавалася за дзьвярыма яго пакою.

Старыя пачулі Рыгораў сказ:

— Калі ласка! Я вельмі буду задаволены вашым наведваньем.

І сьледам — Лібін.

— Мне здаецца, што я вам надакучваю.

Старыя не маглі спакойліва ўседзець і прайшлі ў хату.

У дзьвярах іх стрэў зычны сьмех, што далятаў з Рыгоравага пакою.

Гутарка, узьнятая сьледам за сьмехам, вялася цішэй і ўжо мінала ўвагу старых.

— Вы, я бачу, моцна зацікавіліся Рудольфавым паведамленьнем? — пытала Ліба.

— Я, прынамсі, адчуваў усё сам.

— Але дагэтуль я ад вас нічога на гэту тэму ня чула…

— Кожны дзень усё больш абвострывае становішча. І да прыезду Рудольфа пра яго можна было казаць многа спакайней…

Ліба крыху памаўчала. Ухмылка, што бегала па яе твары, стулілася ў чуць прыкметных ямках шчок.

— Так, так, Ліба Шлёмаўна, час нечакае…

— Мяне самую азадачыла. Я мелася ехаць у Вільню паступаць на акушэрскія курсы, а зараз…

— Ці-ж гэта зьвязана з сусьветнай політыкай?..

— Нябось, вашы інтарэсы вы не адлучаеце, Рыгор, ад разьвіцьця агульных падзей… Вось і зараз Рудольф сваім паведамленьнем пра вайну зусім зьбіў вас з панталыку.

— Чорт яго ведае! Ня хочаш, а жыцьцё прыпірае…

— А што, сазнаяцеся самі!

Рыгор расьсьмяяўся і гэтым заставіў сьмяяцца Лібу.

— Ад жыцьця не схаваешся…

— А намер маеце? Пецярбург не дае вам спакою — я ведаю.

— Зрэдку думаю пра яго…

— Усяго зрэдку і, можа між іншым, скажаце.

Ліба адвярнулася да акна.

— А мне вас шкода, Рыгор, — ціха прызналася яна.

Рыгор то хадзіў, а то спыніўся. І калі зірнуў на Лібу, тая непарушна-спакойліва глядзела ў адну кропку.

Рыгор зноў рушыў хадзіць.

— Я разумею, — сказала Ліба: — перад вамі стаяць складаныя задачы… А мы… што мы? Нам суджана вярцецца ў абмяжованых рамках… І гэта нас застаўляе чапляцца за людзей, якія нам могуць пасобіць у нашай працы… Выехаў Сроль… Ня будзе вас… А, чаго добрага, вынікне вайна… і што тады?..

— А Павал? А Сімен? Ды вы, нарэшце? Мы людзі выпадковыя ў вас…

— Кіньце… Паўла трымалі вы ды Сроль.

— Няпраўда. І адзін, і другі — людзі стойкія і шчыра адданыя справе…

— Магчыма… Але нешта нейкае сьвярдлуе маё нутро, калі я думаю пра ваш ад’езд. Паверыце, Сроль ехаў — менш рупела, а зараз…

Каля дзьвярэй хтосьці прайшоў.

Ліба ўздрыганула і падалася ад акна. У гэту хвіліну пачула бацькаў вокліч:

— Ліба!

— Скора! — адазвалася яна і праказала да Рыгора:

— Выбачайце…

Некалькі лёгкіх крокаў вынесьлі яе з пакою.

Рыгор напружаным узрокам прабег за ёю. Пасьля адвярнуўся і прысеў каля стала.

— Гутарка з Лібаю закалыхала ў ім знаёмае пачуцьцё разлукі. Колькі разоў гэта пачуцьцё хвалявала Рыгора! Якіх думак не выклікала ў яго галаве! Якіх ня ўзьнімала намераў!

За апошнія дні думка пра неадкладны выезд скондэнсавалася ў яго ў цьвёрдае рашэньне. Перад гэтым рашэньнем адыходзілі на задні плян і рызыка нелегальнага ўцёку і небясьпека быць перанятым поліцыяй. Памыйкава думка пасабляла ўдасканаліць організацыю выезду. І вось, раптам, зьявілася Ліба з сваімі ўгаворамі. Яна нечакана і ўмела падкралася да самага балючага месца. І з халоднаю роўнавагаю ў настроі раскалыхала яго заспакоенае пачуцьцё. А, бач, ён ні разу і не падумаў, што гэта можа быць. Прыпамятаваў, што ніколі з належнаю ўвагаю не паглядзеў на яе, як на жанчыну. Стрэў Сролевым таварышом і паступова ставарышкаваўся сам — вось і ўсё… А гэта…

Рыгоравы думкі выпархнулі з галавы і перанесьліся да жоўтага будынку рыскага астрогу, дзе ён пакінуў Наталю. Праз момант яны прынясьлі Зосін вобраз. Сьледам мацерын ліст радзіў Ганну.

Расстаўшыся з Рудольфам, калі той названіў яму пра Пецярбург, Рыгор у комплексе пецярбургскіх вобразаў ізноў напаткаў яе. Стройная і мілая, часта задуменная, Ганна глядзела на яго з руні сілцоўскіх паплавоў.

І маці…

— Досыць! Я перад ад’ездам, якога ня мінеш! — праказаў Рыгор і крута павярнуў думкі на апрацоўку пляну ад’езду. Калі і што, ды як пакінуць яму Смагін? Па якой дарозе накіравацца, каб ня даць поліцыі напасьці на сьлед? Як і што паглядзіць поліцыя на яго зьбег? Няўжо такі яна насур’ёз наладзіць за ім пагоню? Ці можа станавы аднясецца да гэтага спакойліва? Трывожны час адцягне яго думкі ў іншы бок? Цікава, як справіцца Памыйка з пашпартам? — падумаў Рыгор і праверыў прысьвечаных у яго ад’езд.

«Няўжо адзін Памыйка? Бязумоўна і Сімен… і… пэўна, Ліба? Навошта ведаць Лібе? Яна ўжо ведае…»

Рыгор пачаў хадзіць па пакоі…

«Ды і ўсёроўна-ж праз Лібу прыдзецца мець справу з яе бацькамі. Ад’езд цягне за сабою разьлікі за кватэру і харчы, разьвітаньне.

Трое, і гэтым павінна абмежавацца».

Стук у дзьверы перабіў яго развагі.

— Прашу! — пазваў Рыгор.

— Вячэраць будзеце? — пытала Ліба.

Рыгор адчыніў дзьверы.

— У вас цёмна, як у лесе. Я прыкмячаю, што вы любіце быць у цямне.

— Я зараз, вось, запалю лямпу.

— Ён пабег да стала і пачаў мацаць рукамі па засланай паперы.

— Не найду запалак.

— Я прынясу вам!

Ліба ў поцемках паставіла на стале вячэру і вышмыгнула з пакою.

Праз хвіліну яна вярнулася з запаленаю сьвечкаю.

— Вось вам сьвечка, — можа ў лямпе няма газы.

— Давайце. Дзякую.

Рыгор спакойліва пераняў з Лібіных рук сьвечку, паставіў паміж двух талерак і сеў есьці.

— Прыемнага апэтыту! — пажадала Ліба і выйшла.

Рыгору, аднак, ня прыйшлося і дзесяці хвілін прасядзець аднаму.

Ён не пасьпеў павячэраць, як да яго зьявіўся Памыйка.

— Не чакаў, думаю, — пасьмяяўся ён.

— А бадай, што і не.

— Ёсьць справы.

— Неспадзяваныя?

— Як табе сказаць: і неспадзяваныя і разам — спадзяваныя.

Памыйка прычыніў дзьверы і падблізіўся да Рыгора.

— Канчай вячэру, я пачакаю.

— Кончыў, кажы ў чым рэч.

Памыйка яшчэ раз азірнуўся на дзьверы і, упэўнены, што ў пакоі яны ўдваіх, падаў Рыгору чорную маленькую кніжачку.

— Маеш — на цэлых пяць гадоў.

Той аглядзеў і засьмяяўся.

— Ты стараешся як найхутчэй мяне выправіць з Смагіна.

— Так складаюцца справы… Бачыш, едзе ня Рыгор Нязвычны, а Сьцяпан Луговіч…

— Гэта твая выдумка?

— Хто-небудзь ды мусіць цябе ахрысьціць. Папа, бачыш, было зваць няёмка.

Абое шчыра пасьмяяліся.

— Можаш хоць заўтра ў дарогу, — парадаваў таварыша Памыйка.

Факт ад’езду набываў конкрэтную форму і апярэджваў Рыгоравы меркаваньні. Так бывае заўсёды: хваляваньне збораў раптам зьмяняецца больлю расставаньня. Тое, што складала комплекс яго жыцьцёвых адчуваньняў, навееных умовамі і абставінамі Смагіна, вачавідкі адсувалася кудысьці назад, за дзьверы ды сьцены яго пакою.

— Ты дня ня вызначыў? — запытаў Памыйка, не адрываючы ўзрокаў ад Рыгора.

— Ці ня ўсё роўна калі, — спакойліва адказаў Рыгор.

— Я на тое пытаю, што трэба згадзіць фурманку.

— Фурманку?.. Вядома… Але, скажы, Павал, у цябе консьпірацыя цьвёрда трымаецца?

Памыйка крыўдліва затрапятаў усёй постацьцю…

— Няўжо ты думаеш, што я нічога не разумею…

— Ня тое, Павал, зусім ня тое я хацеў сказаць… Ты мяне не зразумеў… Я пакладаюся на цябе, як на гару, ну вось, па-твойму, хто болей з нашых ведае пра гэта?

— Галас і толькі.

— А Ліба?

— Я не казаў нікому, ані… Ды Ліба калі і ведае — будзь спакойліў.

Хтосьці падышоў да дзьвярэй.

— Можна забраць пасуду? — пачуўся Лібін голас.

— Папрашу вас.

— Загутарыліся, — хітра праказала яна да Памыйкі.

— Так… Бярэце і мяне з пасудай, — адказаў Памыйка жартам.

І вясёлы яго сьмех зьліўся з Лібіным сьмехам, пацёкшы срэбранай лентай усьцяж калідору карчмы.


IX

З ЧАСУ ПАДАНАЙ ГУТАРКІ з Памыйкам Рыгору не працавалася. Ён адчуваў нейкі цяжар, неўгамонную рупнасьць. Рукі махалі малаток, ці вадзілі напільнік, а вочы глядзелі ў іншы бок. Страцілася ўсякая цікавасьць і захапленьне процэсам і дынамікай працы, і яму здавалася, што ён ужо лішні і непатрэбны, як у майстэрні, гэтак і ў самым Смагіне.

Становішча ўскладнілася яшчэ болей, калі ў адзін дзень ён атрымаў наступную тэлеграму ад Пятруся:

«Прыяжджай хутчэй. Я дастаў табе месца».

Тэлеграма магла адыграць прыкрую ролю з яго ад’ездам. Яна бязьвінна з пятрусёвага боку, аднак наводзіла поліцыю на болыш дбайлівую сочку за Рыгорам. Адно магло суцяшаць, гэта калі-б тэлеграма абмінула поліцыю. Ды пакладацца на выпадковасьць было апасьліва. Аставалася браць узмоцненай консьпірацыяй.

Цэлы даўгі вечар пайшоў у Рыгора з Паўлам на далейшы абгавор ад’езду. Было рэшана скрыць малейшыя адзнакі збораў. Той ці іншы намёк у поліцыі на тэлеграму павінен адцягнуць Рыгораў ад’езд. Памыйка штодня спраўляўся ў Рыгора наконт адносін да яго з боку поліцыі. Рыгор нічога не заўважаў. Ён два разы адбыў прапіску і ні разу ня прыкмеціў, каб да яго ўзмоцнілася поліцэйская ўвага. Гэта апраўдвала дадумы, што тэлеграма выкаўзнула з вачэй станавога.

І як ня горка было Памыйку расставацца з паважаным і любым таварышом, той мусіў хутчэй выпраўляць яго з Смагіна.

Рыгор, як нібыта той, узяў ад Шульца заробленыя грошы пад выглядам высылкі іх мацеры і аплаціў імі праз Лібу кватэру і харчы.

Кароткі тэрмін да моманту ад’езду Рыгор скарыстаў на абгавор закранутага Памыйкам пытаньня пра яго далейшую сувязь з Смагінам.

— Будзь пэвен, — завяраў таварыша Рыгор: — я выпаўню ўсё тое, што ты ад мяне просіш і яшчэ папросіш. Я адчуваю ў сабе вялікую ўдзячнасьць і табе і цэламу шэрагу смагінскіх таварышоў. Мястэчка само па сабе аставіла ва мне найлепшыя ўспаміны…

Памыйка ўважліва выслухаў Рыгорава завярэньне і ўдзячна паціснуў таварышову руку.

— Я прызнаюся табе, Рыгор, — сказаў Памыйка голасам, прасякнутым непадробнай шчырасьцю: — Ты многім памог мне пасталець. Дзякуючы табе, у маім нутру адбыўся круты пералом. Ты стрэў мяне напаўанархістам, нядбайнікам да жыцьця, а пакідаеш, павер, адданага соцыял-дэмократа, якому дорага яго жыцьцё, як сродак для змаганьня за соцыялізм. Я ня выпушчу з свайго ваччу тваіх сьлядоў, пакуль не спаткаемся нанова…

Памыйка ўжо паднімаў Рыгораў куфэрак, каб выносіць яго праз задняе выйсьце на горад і далей на загуменную сьцежку, як зьявіліся Сіман з Лібаю.

— Куды ты раптоўна? — запытаў Сіман.

— Фурманка чакае, — адказаў Памыйка.

— Пачакае… Так…

Сіман хацеў нешта аказаць, але гутарка ня клеілася. Рыгору рупела ісьці, і яго ўвага драбілася на часткі.

— Ты пасачы, каб ніхто не зайшоў у дзьверы, — папрасіў Лібу Памыйка.

Ліба зачыніла дзьверы, што адгароджвалі калідор ад буфэтнай і паведаміла:

— Нічога. Можна спакойна выходзіць.

Сіман разьвітаўся з Рыгорам і пакінуў іх траймі.

Ліба правяла Рыгора з Паўлам у двор:

— Шчасьлівае дарогі!

— Бывайце, Ліба Шлёмаўна! Дзякую за вашу таварыскую да мяне ўвагу, — шчыра паціскаючы Лібіну руку, выказаў Рыгор. — Кланяйцеся бацьком і перапрасеце, што я не пасьпеў з імі разьвітацца.

— Пішэце, Рыгор Міхасевіч, — папрасіла Ліба і пастаяла, пакуль яны не схаваліся за будынкам.

Калі праз паўтары гадзіны Памыйка вяртаўся ў мястэчка, правёўшы Рыгора, Ліба весела напявала мэлёдыю Кармэн, стаючы ў акне свайго пакою.

Назаўтра раніцою, ужо седзячы ў цягніку, Рыгор вычытаў у газэце паведамленьне пра забойства аўстрыяцкага кронпрынца сэрбскім гімназістам у Сараеве. Гэта буйная навіна з політычнага жыцьця ня выклікала дваякіх думак. Яна няўхільна і вачавідкі вяла да аднаго скутку — да вайны. Рэдка ў каго магло знайсьціся сьмеласьці надаваць іншае тлумачэньне гэтаму факту. Як прэлюдыю да вайны зразумеў яго і Рыгор. Ня дзіва таму, што ён адразу занядбаў усё іншае і накіраваў свае думкі і сваю ўвагу да Сараеўскіх падзей. Рыгора цешыла тое, што ён на дарозе да Пецярбургу, дзе далейшае разьвіцьцё здарэньняў не схаваецца ад яго ў сваёй выразнай надзеннасьці.

З кожнаю вярстою, што праяжджаў цягнік, ён усё радзей вяртаўся думкамі да Смагіна. Зьвязаная з яго ад’ездам небясьбека танула ў буйных расткох узрушаючых навін. Газэта адцягвала яго ўвагу і ад нагляданьня ў акно вагона, што было неад’емнай яго прывычкаю ў час язды па чыгунцы. Мала цікавілі суседзі па вагону; з імі Рыгор не знаходзіў гутаркі. Некалькі гарадзкіх мяшчан, як чуць было з іх гутаркі, ехалі па гандлёвых справах, і газэта іх мала абыходзіла.

Яшчэ далей ад апошніх політычных навін былі жанчыны. Іх займала ажыўленая дыскусія пра некае вясельле ў іх вёсцы. Не пачуў Рыгор абгавору газэтных навін і ў гутарках другіх пасажыраў вагону.

Гэта быў асобны, зусім абмежаваны сьвецік, які жыў у баку ад падзей, каторыя нясьлі і для яго нячуваную катастрофу. Не па ім, зразумела, можна было судзіць пра тыя ўражаньні і разварух, які зрабіў стрэлам невядомы дасюль сэрбскі гімназіст.

«Там, па-заваконьню вагона, у прамінутых гарадох і ў гарадох, якія наперадзе, сотні вачэй бегаюць па слупкох газэт, выглядаючы выразную веліч сараеўскіх падзей.

«Зацішаны ў сваім разьвязаньні тысячы экстраных спраў, другія тысячы набылі іншы наварот. Па ўрадавых установах і па прыватных інстытуцыях пранёсься вецер неспадзяванай клапатлівасьці. З стальною напружанасьцю сконцэнтравалася людзкое пачуцьцё на гадальным вырашэньні бліжэйшага наступнага.

«Праз дзень, праз два газэты распаўсюдзяць гэтыя навіны па ўсіх куткох вялікае краіны. Можа заўтра яны трапяць і ў Смагін. Цікава, як іх стрэнуць смагінскія таварышы».

Го, Рыгор адчувае, як моцна яны ўсхвалююць Памыйку. Разьвітваючыся ўчора, ён мэрам і ведаў, што павінна што-кольвечы важнае трапіцца, калі так нэрвова казаў пра далейшую чыннасьць смагінскай організацыі. «Іспыт надышоў… Хлопцам трэба будзе падварушыцца. Я ня думаю, вядома, што яны не прыстасуюцца да ўмоў. Знойдзецца ў іх сілы ды ўменьня запанаваць над абставінамі… А вось Пятрусь… Ці не падумае ён, што я збаюся ў гэты час ехаць у Пецярбург?..»

Але ўзьнятае газэтнымі весткамі ўзрушэньне паступова пакідала Рыгора. Ён асвойтваўся з ім, як з неадменным фактам. Гэты факт пакуль не адбіваўся на вырашэньні яго лёсу. Язды да Пецярбургу аставалася ўсяго няцэлая пара. Толькі тады, калі ён спаткнецца з пецярбурскаю сапраўднасьцю, будзе відаць, як павернуцца яго справы.

Рыгор ляжаў на апростанай жанчынамі лаўцы, калі яго папрасілі даць месца дваім новым пасажырам. Яны з узьнятым настроем абгаварвалі навіны дня, гартаючы жмах сьвежых, пахнучых фарбаю газэт.

Адзін чамусьці дапускаў мірнае вырашэньне аўстрыяцка-сэрбскага інцыдэнту, спасылаючыся на пэрманэнтную вострасьць Балканскага пытаньня. Другі няўломна стаяў на сваім — вайна нямінуча. Ён спасылаўся на шэраг прыкладаў з галіны экономічных супярэчак і даводзіў, што Балканскі вузел павінна расьсеч вайна.

— Няўжо такі Аўстрыя незадаволіцца выпаўненьнем Сэрбіяй ультыматуму? — пытаў першы свайго таварыша.

— Пра гэта ня можа быць і рэчы. Сараева — сыгнал да выступленьня, а ня звычайны выпадак. Гімназіст Прынцып таўхнуў воз, які стаяў на краю гары, і яго не пераняць цэлым, — даказваў другі —… Паляціць у правальле…

— Ці ліха! Няўжо іх не атрэзьвяць жахі вайны? — сумняваўся першы.

— Сэрбія, каб і хацела, ня будзе дапушчана яе апякунамі пайсьці на пакорную, — увяраў другі.

— Магчыма ультыматум і завостры, каб яго выпаўніць, — здаваўся першы.

«Ультыматум» — то былі пазьнейшыя тэлеграфныя весткі, пра якія Рыгор даведаўся з гутаркі гэтых пасажыраў. Гэта ўжо заганяла здарэньні далей, выразна акрэсьліваючы сур’ёзнасьць бліжэйшага наступнага.

Самы пэнт разьвіцьця падзей і нахіл, куды ішло гэта разьвіцьцё, зноў запаланілі Рыгора. Ён ня мог далей моўчкі слухаць і прыняў удзел у гутарцы сваіх суседзяў.

— Гэта калі Аўстрыя падала ультыматум? — запытаў ён.

— Стала вядома сёньня раніцою! Вось, чытайце!

Сусед падаў Рыгору газэту, ткнуўшы пальцам у чорныя радкі зьместу. Рыгор прагна накінуўся на зьмест і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца.

— Ага! — выказаў ён. — Скажэце, як усё хутка робіцца!..

— Пажар… Ды пры ветры!.. Цяпер можна сьмела гатавацца ў паход. Аўстрыйскі ультыматум — гэта ўжо вайна… Ды ў нас мобілізацыя на хаду. Настрой ясны…

— Настрой за вайну, кажаце? — перапытаў Рыгора, мэрам-бы не зразумеўшы суседавых слоў.

Той зьдзіўлена паглядзеў на Рыгора.

— Я не бяруся вам характарызаваць грамадзкага настрою. Я разумею настрой урадавых колаў. Грамадзкасьць пасьля выявіць свой твар. Пакуль яна абурана хадою падзей і перажывае першае зьдзіўленьне… Ужо ў Пецярбурзе відно будзе, у якім аспэкце выглядаюць апошнія навіны.

— Я, бач, еду з вёскі, — паведаміў Рыгор, — і толькі сёньня з газэт дазнаўся пра сараеўскі стрэл. Вёска зусім ня ў курсе, адкуль і што заставіла Прынцыпа страляць у аўстрыяцкага насьледніка.

— Так, зразумела, — супакоіўся Рыгораў сусед, — вёсцы цяжка разьбірацца ў пытаньнях міжнароднае політыкі… Наша вёска спаткаецца з ёю з аружжам у руках…

Рыгор зрабіў недаверлівую міну і, крыху памаўчаўшы, запытаў:

— Вы едзеце да Пецярбургу?

— Да Пецярбургу.

— Упяршыню?

— Мы пецярбурскія жыхары.

— Пецярбурскія жыхары? Якраз дарэчы. Тады я ўжо буду вас пільнавацца.


X

НОВЫ ДЗЕНЬ РЫГОР спаткаў пад настроем набліжэньня да Пецярбургу. Учарашнія навіны, ён дагадваўся, нарадзілі за ноч шмат сьвяжэйшых і, магчыма, болей складанейшых. Ён пазнаецца з імі ў Пецярбурзе.

Рыгор падняўся і стаў у акне вагона.

За акном сьвятлеў ясны пагодлівы ранак. Шырокая гала зялёных ніў, упярэмежку з даўгімі густымі лясамі, сьціскалі сьвежым паветрам бягучы цягнік. У душны яшчэ спакойлівы вагон ліліся пыльныя праменьні зыркага сонца. Трапляў густы вятрыска, асьвяжаючы сьпёртае паветра. Зелень блішчэла на сонцы, сьмяялася радаснай, ласкавай, суцешнай ухмылкаю. У мяккім калыханьні гэтае ўхмылкі расплываліся шэрыя сілуэты земляробаў і жывёлы.

Нідзе, ні на чым не заўважана было жадных прыкмет навіснуўшых над сьветам страшэнных прыгод. Нівошта не дапамінала пра іх, і таму Рыгорава нутро перапаўнялася пачуцьцём замілаваньня. У бліскучым праменьні сонца мігалі паўстаўшыя вобразы з яго сілцоўскага жыцьця: — Лужкі, Хвойнік, Масткі, знаёмыя палеткі і лясы. Няйначай, вось, гэта яны цягнуцца ўздоўж чыгункі, вяжучы сабою вёскі з гарадамі, мінулае з наступным…

Другі дзень ён сядзіць у цесным душным вагоне і, здаецца, што ў тым нічога асаблівага. Сядзеў у сваёй хаце, сядзеў у балагольскай будзе, пасьля перабраўся ў майстэрню заводу, а адтуль у астрожную камеру, а далей у майстэрню Шульца. А за гэтым? Вылезе з вагона і трапіць зноў ці ў завод, ці ў контору.

Рыгор вострымі ўзрокамі ўстраміўся ў зялёныя галы палёў. Яны хутка мігалі, адбягаючы назад, туды, адкуль ён аддаляўся.

Ён выразна адчуваў вялікую воддалеч ад пакінутага месца. Вось-вось абдым гарадзкога жыцьця захопіць яго ў свой вадакрут. Мільённы горад захавае ў хвалях разьюшанага натоўпу — і схавае сабою Смагін і Памыйку, Шульца і Лібу.

Вось паказаліся пад задымленым небам шэрыя абрысы фабрычных комінаў.

— Мы, напэўна, пад’яжджаем да Пецярбургу? — між іншым запытаў Рыгор яшчэ не ахаенага ад сну суседа.

Той паглядзеў на гадзіньнік і адказаў:

— Калі ня позьнімся, то праз гадзіну будзем у Пецярбурзе.

— Прыяжджаем а дзевятай? — запэўніўся Рыгор.

— Так… Калі ня позьнімся.

Набліжэньне да Пецярбургу ў вагоне падняло сумятню. Пасажыры заварушыліся, забегалі па калідоры ўзад ды ўперад. Застукалі куфэркі. Пацягнуліся да вокан, узьняўшы перадпрыезную гутарку.

— Вунь Пулкава, дзеці, — прарэзьліва гукнула на весь вагон якаясьці жанчына.

Некалькі дзіцячых галасоў зьліліся ў радасным выгуку:

— Пакажэце, мама!

Хутка ў Рыгоравым ваччу вырас на ўзвышшы белы будынак, ахутаны густою зелянінай садоў. Сьледам цягнік прайшоў станцыю Пулкава.

Веяла Пецярбургам.

Рыгоравым нутром бегаў ні-то халадок зьдзіўленьня, ні-то подых асалоды.

Узвышаны настрой зьмяніўся трапяткім уздымам, калі з-за пулкаўскіх гор вынырнулі жалезныя рыштаваньні Пуцілаўскае вэрфі. Цёмным пераплётам крыжавалі яны паветра на фоне каламутна-белаватага неба. Рыгор ня мог устаяць на адным месцы і рупліва пераходзіў з боку на бок вагона.

У правым акне лесам фабрычных комінаў зірнула на яго Маскоўская застава. Далей за ёю, на многа вёрстаў цягнуўся фабрычна-заводзкі раён Неўскае заставы, сёлы: архангела Міхаіла, Абухава, Колпіна.

Над роўнымі абшарамі балоцістых паплавоў насіліся хмары чорна-палавога дыму. У яго густой муці скрадаліся рысы высокіх, пабітых на вокны, стромых будынкаў гульлівага гораду.

Да Рыгора падстаў адзін з суседаў, пачаўшы апавядаць пра назвы заводаў і мясцовасьцяй, пра колькасьць рабочых на буйнейшых прадпрыемствах, пра нядаўнія забастоўкі. Рыгор прагна ўбіраў у сябе гэтыя першыя веды пра вялікі горад, дагэтуль завабны і марлівы, а зараз вачавідкі і жывы. Плойма рознастайных пытаньняў вырастала ў яго нутры, напірала на язык і прасілася да выказу. Але ня час быў гэтым займацца. Ужо пара было пытаць пра маршрут у Лясное, на Пятрусёў адрас.

Ён пасьпяшыў выкарыстаць суседа.

— Вам лепей усяго садзіцца на дзевятку і проста да Фінляндзкага вакзалу, а там…

Сусед, напэўна, запамятаваў далейшы парадак праезду ў Лясное і абярнуўся да свайго таварыша.

— Чаму на дзевятку?.. Лепей усяго васьмёркаю, — памог той.

— Толькі восьмым нумарам. Даедзеце да клінікі Вільліе, а там на паравік і ў Лясное, — праказаў селянін-эстонец.

Яго падтрымала да пяці іншых пасажыраў, якія ўжо стаялі згруджанай масай у праходзе вагона.

Між тым цягнік спыняўся на вакзале.

На пэроне яго чакала мноства публікі, якая напружана лавіла ўзрокамі пакідаўшых вагоны пасажыраў. Чуўся гулкі, рэзвы гоман і насіліся выгукі імяў і прозьвішчаў.

Рыгор пазіраў праз вокны вагона на публіку і завідаваў цёплым спатканьнем знаёмымі знаёмых. Яму міжвольна чакалася, што авось якая прымха навядзе на яго Пятруся ці Ганну. І тут ён якраз наткнуўся на сваю непрадбачанасьць і пагіронізаваў над сабою. «Або я дагадаўся хоць аднаму з іх паведаміць?»

З гэткай развагай Рыгор апынуўся ў густой тлуматні публікі.

Ён не агледзеўся, як людзкая хваля падхапіла яго і панесла з сабою да ўваходу ў вакзал.

Вузкія дзьверы не ўмяшчалі натоўпу. Яго добра паціскалі, пакуль ён прайшоў дзьверы. Ды ў вакзале ня было вальней.

Сотні рознастайных, мэрам дзе бачаных і знаёмых твараў, ухмыляліся яго пытальным вачом. Рыгораў знадворны выгляд дапамагаў яшчэ больш зьвяртаць на яго ўвагу. Не патураючы на гэта, ён ня кідаў надзеі стрэць хоць адну знаёмую душу…

Няўжо такі сярод вялікага натоўпу на вакзале ня знойдзецца каго-кольвечы, хто-б дзе калі яго спатыкаў?

Незаўважна для сябе Рыгор апынуўся пры буфэце. Навакола за столікамі сядзелі пасажыры і госьці, хто за гарбатаю, хто за півам, хто за сьнеданьнем.

Прысеў і ён і заказаў шклянку гарбаты ды пару сырных бутэрбродаў.

І можа з паўгадзіны аддаў на сваё скромнае сьнеданьне.

За гэты час вакзал паступова апусьцеў. Заціхлі гоман і тупатня.

Мала прыметны раней, ён зараз адцягаў на сябе беглыя ўзрокі мігаючых тэлеграфістаў і паважна тупаючага жандара.

Гэта не замяняла чаканых знаёмых. Роўная, як струна, здаравенная постаць жандара, яго колкія кноразавыя вочы, мэрам выдаўленыя наповерх чырвонага круглага твару — уплывалі няпрыемным уражаньнем і не манілі далей сядзець пры стале.

Адчуўшы казытны ўкол адзіноцтва, Рыгор выйшаў з вакзалу.

Направа, праз гарбаценькі мосьцік, заварачваў трамвай, на якім чорная літара расьпірала бакавыя бляда-жоўтыя трыкутнікі. Як вочы сьляпога, сумна глядзелі на яго шкелкамі пара патухлых ліхтароў і стройная пукатая, як сваха, лічба 8.

Частка трэйцяя

[правіць]


ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ



I

ВОСЬ ЁН, ПЕЦЯРБУРГ! Горад каменю і жалеза! Горад палацаў ды фабрык. Гняздо абсолютызму і калыска рэволюцыйнага руху. Кузыня культуры і засьценак сярэднявякоўя. Башта астрогу народаў і арэна будаўніцтва інтэрнацыяналу… Перад чым яго становіць неўгамоннае разьвіцьцё соцыяльна-грамадзкіх падзей? Што праракае яму недалёкае наступнае? Калі жыцьцё надасьць яму новую ролю стаць горадам тых, хто яго збудаваў?

З гэтымі думкамі Рыгор увайшоў у трамвай.

Пецярбург гудзеў кіпучым жыцьцём. Адзін за другім праносіліся стройныя вагоны трамваю. Сьвісталі аўтомобілі і траскацелі рамізьнікі. Паводкаю ліліся людзі ў адзін бок вуліцы і ў другі, насустрэч і ў бакі. Над высокімі гмахамі муроў, пад струну адмяраўшых мяжу вуліцы ўсьцяж бруднае канавы, насіўся полаг разрэджанага дыму. Агромністыя шыльды вабілі какао, шокаладам і цукеркамі, дапаміналі шофэрам пра шыны «Континенталь», а фабрыкам ды кватарантам — пра лямпачкі — „Osram“ і «Палуват». Процьма газэтчыкаў выгуквала шэраг цікавейшых навін, з якіх рэзка выдзяляліся гэткія, як: «Аўстрыя рыхтуе наступ на Сэрбію», «Пуанкарэ накіроўваецца ў Расію», «Нямеччына падтрымлівае Аўстрыю». Навіны востра інтрыгавалі публіку, якая брала газэты нарасхват, чытаючы іх на хаду.

Аднак на тварах людзей, ня гледзячы на трывожныя навіны, адмячаўся сьвяточны настрой адпачынку. Кожны быў заняты сваімі прыватнымі думкамі. Сур’ёзнасьць надыходзячых здарэньняў яксьці не гадзілася з жаданьнем ні тых, што сьпяшылі выехаць за горад, каб пасапці сьвежым паветрам, ні тых, хто парамі ці грамадкамі знаходзілі задавальненьне і супачынак у спацыры па гарачых каменьнях гораду.

Рыгор таксама захапіўся газэтнымі навінамі, да якіх ён ужо быў падрыхтаваны. Купленая ім і насьпех прагледжаная газэта ўзмоцніла яго аналіз перадстаячых здарэньняў. Навіны ён пакідаў на абгавор з Пятрусём, а зараз не адрываўся ад назіраньня гарадзкога жыцьця. Духата і смурод, густа разбаўленыя ў паветры, яму былі няўпрыкмет: ён уцягаў іх з нейкаю асабістаю прагавітасьцю. Імкненьне публікі выбрацца за горад аставалася яму незразумелым і чужым. Асалода жывога сутыканьня з горадам перамагала ўсё. Ён першым ускочыў на пярэднюю пляцоўку вагона і настаражыўся да нагляду. Збоку яго сядзеў важаты. Якраз небясьцікаўным было ўведаць, які час патрабуецца на язду ў Лясное, і Рыгор запытаў важатага:

— Колькі часу мы ехацьмем да Ляснога?

— Гэта зойме да гадзіны!

— Няўжо? Скажэце, калі ласка!

— Што? Доўга?

— Занадта, па-мойму.

— Гэтак заўсёды, чаго-ж дзівіцца.

— Я ўпяршыню еду.

Важаты агледзеў Рыгора з галавы да ног, падзівіўся ні-то з яго самога, ні-то з яго куфэрка і запытаў:

— Здалёк?

— Здалёк.

— Адкуль?

— З Віленшчыны… Не знаёмы хіба вам гэтыя мясьціны?

— А хто яго ведацьме ўсё — Расія вялікая. Дзе Сібір, дзе Каўказ, дзе…

Людзі, што спакойліва пераступалі рэйкі, шустра разьбягаліся ў бакі, агаляючы дарогу трамваю. Трамвай хутка нёсься вуліцаю. Рыгор паглядзеў усьцяж канавы і паціснуў плячыма: яна цягнулася вузкаю роўнаю паласою далёка-далёка ў глыб гораду. Абапал яе, між гмахамі дамоў, паднімаліся коміны фабрычных будынкаў. Рыгору мігам успомнілася Рыга, якраз тое месца, дзе перакінуты праз Дзьвіну даўжэрны мост Мітаўскае чыгункі. Шырыня Дзьвіны, яе вадзяны прастор, усеены плытамі, баркамі, параходамі і караблямі, дзесяткі заводаў, набліжаных да берагоў, рабілі куды большае ўражаньне. Ад гэтае канавы дыхнула цеснатою і сухасьцю. Ці гэта так здалося? Рыгор намерыўся праверыць сябе, але было позна: трамвай ужо бег шырокай простай вуліцай далёка ад мосту. Адна за другой, цэлы зьнізак падобных прасторных вуліц ператочвалі прадоўжную. Усе яны былі выведзены пад шнур і агароджаны роўнымі сьценамі будынкаў. Дарэмна Рыгорава вока шукала сваяасаблівасьці рыскіх шаломаў і вузкасьці, старога месца і палісаднікаў ды бульвараў — новага гораду. Вунь усяго прамігнуў перад ім невялікі пляцок перад агромным гмахам сабору. На пляцку рэдкія, закаржэлыя расьлінкі, мэрам-бы іх назнарок пасадзілі тут, каб пераканацца, што камень і чыгун не да твару зелені. Вострая жарства вакол клюмбаў выссала ўсе сокі. За высокім з медных жорлаў гармат помнікам схавалася парнае, але бледае сонца. І далей — той-жа камень: тоўстымі глыбамі, роўнымі і няроўнымі, наварочаны дзесьці ў гарах, нават дасьціпна не абсечаны, зложаны ў важкія сумныя будынкі. Колькі яго патрабавалася, каб узьвесьці гэту безьліч агромністых пяці ды шасьціпавярховых гмахаў! Якое працы каштавала перакінуць яго сюды і тутака пералажыць у сьцены, у брук і тротуары, захаваўшы спрэс зямлю і затуліўшы сонца! Цяжка выабразіць — не ахапіць думкамі; не ўвабраць пачуцьцём. І можа таму — ды напэўна з-за гэтага — Рыгору асалодна імпонаваў увесь гэты цяжар і гаматнасьць, гэта сіла і моц людзкое вытворчасьці. Ён не адводзіў у бок вачэй, не таміўся аднастайнасьцю выгляду з пачатку да канца цэлае вуліцы, кварталу, адгону ад спынкі да спынкі. Яго ахапляў уздымны настрой, асаблівая ўцеха ад прысутнасьці ў гэткім горадзе, у разорах яго змрочных душных вуліц. Дзесь глыбока ў яго нутры, падсьвядома, формавалася пякучае жаданьне застацца ў Пецярбурзе як надалей, зьліцца з ім, растварыцца ў яго пякельным грукаце, у ветраным пудзе руху. На ляту ў думках складаліся пляны, як і што адшукаць Ганну і разам з ёю ды з Пятрусём аб’езьдзіць, аблётаць усе куткі і закавулкі гораду, каб азнаёміцца з ім да дробкі. Трэба-ж ведаць і назву вуліцы, і рэчкі, і пляцы, і асобныя ўстановы. Зараз ён ня ў моцы ўсё распытаць у важатага — ды таму некалі тлумачыць. Хаця збольшага: Фонтанка, Кацярынінскі канал, Нікольскі рынак, Марыінскі тэатр, Благавешчанскі пляц…

Рыгор азірнуўся назад і ў бакі — колькі ўжо праехалі? Намерваўся запытаць, але не пасьпеў: выехалі на Мікалаеўскі мост, і перад ім паўстаў цудоўны выгляд Нявы, шпіцы Петрапаўлаўкі ды адміральтэйства, палацы Набярэжнае, растральныя колёны каля біржавога будынку, масты — направа і лес мачт і карабельных труб — налева. Ён адчуў, як мэрам-бы яго хтось схапіў рукамі, пакрышыў на частачкі і часьцінкі і рассыпаў абапал мосту на бліскучую празрыстую ваду Нявы. Вось ён нясецца з лёгкім параходам у бок Фінскае затокі, мерскаючы між чорных будынін караблёў, між сьцен набліжаных да рэчкі заводаў; вось раптам белы парусьнік абводзіць яго вакол веркаў Петрапаўлаўскае крэпасьці; і ён-жа каля палацаў узьбярэжнае і над біламі Троіцкага мосту… Хай-бы супыніўся трамвай і даў яму агледзець усё, як належыць, палюбавацца ўволю! «Не, тут ўжо далёка перасягло рыскія вобразы», праказаў ён сам сабе ў думках; а ўголас дадаў:

— Якое хараство, аднакава!

Каля яго стаяла некалькі чалавек, зусім незаўважна для яго выйшаўшых на пляцоўку. Што стаяў поруч з ім, сказаў:

— Гэта гордасьць Пецярбургу!

— Гэтым ён і бярэ! — дабавіў сусед.

— Ніводзін з расійскіх гарадоў не пахваліцца гэтым…

Рыгор быў цалкам згодны са словамі незнаёмых яму суседзяў. Ці-ж варта пераказваць ісьціну? Так, цікавы горад! Зараз яго ніхто не пераканае ў іншых думках. Адно-б ня здарылася — каб з тэй ці другой прычыны не давялося разлучыцца з ім.

І крохкая баязьлівасьць зьлёгку кранула Рыгорава пачуцьцё. Ён адцягнуўся ўвагаю ад нагляданьняў вакольнага і спыніўся на думках пра свой лёс. «Хоцькі-б ня ўпусьціў Путрусь абяцанага месца! Каб ня здарылася чаго-кольвек з боку поліцыі. Болей, як пэўна, што весткі пра яго ўцёк далятуць і да Пецярбургу. А калі яму прапісацца Луговічам? На кожны выпадак… А месца? Не павінна быць, каб яно так хутка было страчана… Ды калі і страціцца — дык няўжо ня знойдзецца новае?.. Плёвая справа!»

Трамвай выйшаў на Тучкоў мост. І новы вобраз адчыніўся Рыгоравым вачом. Малая Нява, адлучыўшыся ад Вялікае Нявы, адзяляла Васільлеўскі востраў ад Пецярбурскае стараны. З левага яе боку — фабрыкі і заводы цягнуліся далёка ўздоўж берагу, губляючыся ў шэрым тумане ўзмор’я. Правы бераг убіралі густыя купы дрэў Пятроўскага і Крастовага вастравоў. Зялёныя анталяжы расьлін яшчэ болей упякнялі выгляд… Але Малая Нява траціла многае ад надмернага ліку згруджаных на ёй барак з дрывамі, з вугалем, з цэглаю. Наабапал Тучкавага мосту ад Васільеўскага вострава, як гаць, была вымашчана імі шырокая рэчка. На барках ішло сваё жыцьцё. Граў гармонік, чуліся песьні, даносілася зычная гутарка. Па дровах і між дроў дзесяткамі сходаў тупалі няпрыбраныя, у ніжніх кашулях з закасанымі рукавамі, рабочыя-вартаўнікі, накладчыкі, каталі. І гэта жыцьцё зусім не гадзілася з тым, што шырокаю хваляю лінула на Рыгора з Пятроўскага парку. Тысячная грамада «простых» людзей спраўляла тут свой сьвяточны адпачынак. Варушылася, як пчолы ў вульлі, гудзела, як морскі прыбой. Працавалі атракцыёны, гучэў бубен, разьлівалася шэйна-катрынка. Вайсковы оркестр грымеў абыграныя мотывы вальсаў. На бягу трамваю гэта мігнула фэерыяй і паказалася Рыгору вельмі квяцістым. Але ціш і змрок бясконцага Вялікага проспэкту Пецярбурскае стараны дыхнулі на яго прыемнасьцю спакою. Рыгорава ўрачыстасьць была прасычана да адказу. Духата яго прытаміла. Увабраць за адзін раз усю рознастайнасьць, усю яскравасьць пецярбурскіх пякнот — было не пад сілу. Разьюшаная потэнцыяльнасьць не адпавядала вялікасьці і багацьцю вобразаў гораду-волата. Вось чаму рэшту дарогі да клінікі Вільле Рыгор праехаў крыху ў іншым настроі. Дзякуючы гэтаму, ён спакайней прапусьціў між вачэй хараство Каменаастроўскага проспэкту, Вялікае Невы, Ботанічнага саду. Толькі перасеўшы на паравік, ён яшчэ на нейкі час захапіўся выглядам дасканалай фабрычнай мясцовасьці Выбарскае стараны. Незьмярымая даўжыня Сампсоніеўскага проспэкту, застаноўленага дзесяткамі фабрык, усеенага рабочай публікаю, узбурліла ў ім пачуцьцё рабочае гордасьці. Зноў думка прывяла ў памяць здарэньні з рыскага жыцьця, з моманту рэволюцыйных выступленьняў. Але тыповасьць і характарнасьць гэтае часткі Пецярбургу, як рабочага асяродку, куды перавышала рыскую. Тут менавіта дыхала працоўным імпэтам, сіла работнічай творчасьці панавала над усім. Рыгору ня толькі прыемна было праехаць гэтым раёнам, яму прагліва хацелася абраць месцам свае працы толькі Выбарскую старану. Водлуг гэтага хаценьня, ён праказаў сам сабе: «Хоць-бы ды тое месца, што падшукаў Пятрусь, было на адным з гэтых заводаў». І ў думцы наконт гэтага ён захаваў намер зараз-жа абгаварыць гэта з Пятрусём.


II

К ЧАСУ РЫГОРАВАГА ПРЫЕЗДУ ў Пецярбург Пятрусь дажываў у ім восьмы месяц. За гэты тэрмін ён перажыў багаты прыгодамі кавалак свайго жыцьця. Цікавым і нечаканым формавалася яно ва ўмовах чужога і незнаёмага гораду. Тым болей складанейшым было яно для Пятруся, як чалавека без рамясла ў руках. Нагаворамі Рыгора ды юнацкаю сьмеласьцю набыў Пятрусь адвагі кінуць-рынуць сваіх бацькоў і паехаць у Пецярбург. І калі ехаў — зусім не выяўляў сабе, як і што стрэне яго сталіца. Жаданьне адшліхавацца, набрацца практыкі ў жыцьці і стажу ў рэволюцыйным змаганьні — перамагала ўсё іншае, а ў тым ліку і прадбачаньне няпрыемнасьцяй. Гаспадарства бацькоў, яшчэ не старых, пры якіх Пятрусю ня было вялікіх клопатаў і ня мелася абавязкаў адказнасьці, не супыніла яго рашэньняў. Яно, гэта рашэньне, было скорае і цьвёрдае, для бацькоў, і для таварышоў нечаканае. Тым болей цяжэй было паверыць у гэта Рыгору. Апошні пэўней спадзяваўся на падобны крок збоку Сёмкі, ну зусім-жа не з Пятрусёвага боку. Усё-ж самы факт Пятрусёвага ад’езду з Сілцоў у Пецярбург Рыгора цікавіў не на жарты. І, бязумоўна, што ўсе здарэньні, зьвязаныя з васьмімесячным жыцьцём Пятруся ў сталіцы, павялічвалі гэту цікавасьць. Пятрусь пісаў ужо пра ўсе пэрапэтыі ў гэтым жыцьці: і Гэлі, і Сёмку, і іншым сябром. Апавядаў колькі разоў новым пецярбурскім сваім таварышом, і гэта ня было сакрэтам.

Гэтыя яго пэрапэтыі пачаліся з блуканыня па вуліцах Пецярбургу ў час прыезду і прайшлі праз месячнае шуканьне працы, галадоўлю і начоўку па начлежках, праз работу за каталя і за падношчыка пры будоўлях. Яны выказаліся яшчэ ў продажы апошняе жукеткі на таўкучцы і ў жабрацтве на вуліцах. Кончыліся-ж нечакана для Пятруся вельмі ўдачліва. Выпадковае знаёмства ў клюбе на лекцыі з адным рабочым-земляком выручыла яго з бяды і дало месца на мэталічным заводзе. Пятрусь каля трох месяцаў папрацаваў падручным, агойтаў, абазнаўся з варштатам і станкамі, зблізіўся з майстрам і на чацьверты месяц атрымаў самастойную працу. Нахіл да сьлясарнае работы пасобіў яму хутка аўладаць складанымі процэсамі працы — і гэта пацягнула за сабою матэрыяльную забясьпеку.

Многа пасобіла Пятрусю і яго рэволюцыйная сьвядомасьць. Натура-ж дружакі і пабраціма адчыніла перад ім шырокую дарогу да знаёмства і хэўры з рабочымі заводу. Гэтым тлумачыцца хуткае ўцягненьне Пятруся ў шэрагі організаваных рабочых. Нават у апошнія часы перад Рыгоравым прыездам, Пятрусь правёў некалькі адказных заданьняў, часткаю па даручэньні таварышоў, часткаю па сваёй ініцыятыве. Абставіны працы на заводзе, колы знаёмых і посьпехі ў аўладаньні рамяслом уплывалі на Пятруся як найлепш. Ён адчуваў сябе бадзёрым, рашучым, жыцьцёрадым; у ім кіпела хэнць да грамадзкае чыннасьці і няўхільна расла прага да сьвядомасьці. Апошняе падказала таварышом абраць Пятруся сябрам управы культурна-асьветнага таварыства аднаго з пецярбурсскіх раёнаў. Гэтай працы Пятрусь аддаў многа ўвагі і стараньняў. Кожны дзень, пасьля работы, наведваў ён таварыства, пасабляючы організацыі і ўкомплектаваньню бібліотэкі, апрацоўцы програмы чыннасьці, адшуканьню лектароў. Заахвоціўся Пятрусь і тэатрамі. Ня было таго тыдня, каб ён не пабыў ці на драме Гайдэбурава ці на опэры ў Народным доме, або ў Музыкальнай драме.

Пятрусь сам сабе дзівіўся, адкуль у яго стаўся гэткі круты, гэткі раптоўны пералом. Дапамінаў пра гэта ў сваіх лістох і не абмінаў у гутарках. Яго неўгамонна прагнула паказацца Рыгору — прадставіцца яму ў перавобразным выглядзе. Сустрэцца хутчэй з Рыгорам і пагутарыць з ім — ці-ж бы гэта дапамінала сілцоўскую стрэчу? Ніколі! Ня выходзіла з памяці Пятруся, калі ён, угледзеўшы Рыгора, толькі слухаў яго, ня ведаючы, як падысьці да чапаных Рыгорам пытаньняў. Гарадзкое жыцьцё, умовы партыйнае працы ў горадзе, магчымасьць стыкнуцца з рознастайнымі пытаньнямі і атрымаць на іх адказ — гэтага не хапала для Пятруся ў Сілцох. І ён разумеў Рыгора, калі той заўжды падгаварваў іх усіх і асабліва Сёмку — кінуць мястэчка ды паехаць у горад. Пятрусь па-таварыску ўпікаў Рыгора, чаму той не напіраў з гэтым на яго, а выключна на Сёмку. Ня верыў у Пятрусёву рашучасьць? Напэўна. Бо Сёмка, як зараз стала Пятрусю зразумелым, меў больш даных на гэта: мацней захапляўся ўдзелам у соцыялістычным руху, быў болей за яго начытаным, Рыгор усё гэта ўзважваў. Як-жа іначай? А цяпер? Пятрусь атрымліваў лісты ад Сёмкі, чытаў іх і недаўмяваў: якім, аднак, адсталым ён зрабіўся! Зацягнула жыцьцёвая дрыгва… і радаваўся, што лёс самога не ўвагнаў на гэта. Цэлы шэраг пытаньняў, высунутых апошнімі месяцамі Пятрусёвага гарадзкога жыцьця, патрабаваў абгавору… Ды абгавору з гэткім чалавекам, як Рыгор.

З гэтых разважаньняў і ў дадатак з пачуцьця шчырае таварыскасьці да Рыгора Пятрусь увесь час думаў пра яго, пра іхнюю блізкую стрэчу. Словы Рыгоравай мацеры, выказаныя на праводзінах, Пятрусь выразна помніў: «Можа стрэнешся з Рыгорам, дык скажы яму, сынок…» Рыгор тады быў у Рызе і ці меў думку наведацца ў Пецярбург — цяжка было сказаць. Але Пятрусь ня траціў веры, што з Рыгорам спаткаецца — абы дзе: у Пецярбурзе ці ў Рызе. Жыцьцё намагала на першае: склалася гэтак спрыяюча, што ня выпісаць Рыгора ў Пецярбург — было-б ніякавата і не па-таварыску нават.

І толькі Пятрусь замацаваўся на заводзе, разьвёў знаёмства з шырокім колам рабочых, як упарта стаў шукаць Рыгору месца. Шукаючы, рэкомэндаваў таварыша, як добрага майстра і як сур’ёзнага дасканалага рэволюцыянэра. Таварышы пасобілі Пятрусю ў гэтым і хутка знайшлося не адно, а некалькі месцаў. Але Пятрусь разгубіў іх, бо ўсё ня мог знайсьці Рыгора. Ліст ад Гэлі, а пасьля і бацькавы лісты, паведаміўшыя пра Рыгора, супалі з тым, калі з усіх магчымасьцяй уладзіць Рыгора на работу мелася толькі адна, дый то не асабліва ўдачлівая. Тым ня меней Пятрусь у першым-жа лісьце да таварыша запрасіў яго ў Пецярбург. І, паслаўшы ліст, Пятрусь дрыжэў ад нясьцерпу прычакаць Рыгора і баяўся, каб той не зацягнуў ад’езду. Як і што павінен быў уладзіць гэта Рыгор, Пятруся ня цікавіла — ці-ж Рыгора павінна хоць што-кольвечы спыніць? Каб іншага, а Рыгора — ніколі.

Аднак, Рыгорава маруднасьць прымушала Пятруся задумлівацца. Ня быў ён цалкам упэўнены і ў тым, што Рыгора неадкладна зрушыць і тэлеграма. Пятрусь меў намер праз пяць дзён біць паўторную. Ня гледзячы на гэта, ён некалькі разоў езьдзіў на вакзал «на кожны выпадак». Але ў дзень прыезду Рыгора Пятрусь выпадкова не зрабіў гэтага. Нешта карцела, вымушала праехацца, а настойнасьць таварышоў, што зьявіліся да яго зранку, перашкодзіла гэтаму. Пятрусь ня мог адмовіцца прапусьціць міжзаводзкую нараду, якая была прызначана ў Азярках. Нарада адняла шмат часу і, калі скончылася, было ўжо позна ехаць на вакзал. Пятрусь, не сьпяшаючы, вярнуўся з Азяркоў а трэцяй гадзіне дня. Магчыма астаўся-б там на многа пазьней, каб знаёмая яму дзяўчына не ўгаварыла ехаць разам.

Пятрусь якраз праводзіў яе па тэй вуліцы, на якой жыў, калі Рыгор угледзеў яго наводдалек. Рыгора ўзяло сумненьне, ці паклікаць Пятруся, ці найсьці на яго ў упор. Спыніўся на апошнім.

Выглядала цікавым, калі Рыгор, ідучы настрэчу Пятрусю, нязмігутна сачыў за кожным крокам таварыша, чакаючы, што Пятрусь вось-вось яго пазнае. Але той і не западозрыў нічога. Ён быў захоплены размоваю з сваёю спадарожніцай. Неадхільна глядзеў дзяўчыне ў твар, пасьміхоўваўся, нават рагатаў і ні на што не зважаў. І зусім раптам — прымха! Толькі Рыгор меўся перагарадзіць Пятрусю дарогу, як той падняў вочы і спыніўся, гледзячы на Рыгора.

— Добры вечар, таварыш! — пераняў яго зьдзіўленьне Рыгор і працягнуў руку.

Дзяўчына адступілася, мэрам-бы адчуўшы сваю лішкасьць. Рыгор з Пятрусём пацалаваліся і раптам павярнуліся да дзяўчыны:

— Прабачайце, Рыма, — выказаў Пятрусь: — гэта мой таварыш-зямляк, Рыгор Нязвычны… А вось Рыма Беразак, зямлячка, з Віленшчыны.

Паружавеўшы на твары, дзяўчына фанабэрна працягнула Рыгору руку.

— Дзе-ж твае манаткі? — запытаў Пятрусь і паглядзеў на дзяўчыну.

Тая зьлёгку ўхмылялася, падазрона пазіраючы на Рыгора. Яго непразэнтабэльны местачковы выгляд крыху шокіраваў дасканала нараджаную і, відаць, ганарыстую знаёмую Пятруся. Рыгор заўважыў гэта, але не даваў выгляду, знарок падкрэсьліваючы свой провінцыялізм:

— Насіўся, насіўся па Лясным, а пасьля кінуў.

— Кінуў? Дзе? Жартуеш?

— Сапраўды… А ты-б хацеў, каб цябе стрэў з рэчамі за плячыма? Я ўжо гадзін дзьве ў Лясным…

— Так… Нечакана… І чаму ты, скажы, калі ласка, не захацеў паведаміць мяне пра выезд?..

— Чаму я не хацеў паведаміць?.. Я сам сябе пытаю пра гэта і не магу адказаць…

Дзяўчына затупала на месцы. Пасьля кранула Пятрусёвай рукі і праказала:

— Я вам перашкаджаю… Бывайце-э…

— Слухайце-э, Рыма… мы з вамі ўгледзімся? Сёньня? Заўтра?

— Будучыня пакажа…

— Як?

— Ці-ж вам вытлумачыць усё да дробкі?

Дзяўчына пайшла.

— Яна нездаволена! — заўважыў Рыгор.

— Ганарыстая, — адказаў Пятрусь і раптам спыніўся:

— Ах, а я абяцаў ёй пайсьці ў тэатр. Фу ты!..

Ён пакінуў Рыгора і намерыўся спыніць дзяўчыну, але тая пасьпела схавацца за брамаю.

Пятрусь вярнуўся, і яны пайшлі з Рыгорам да яго на кватэру.


III

— ВОСЬ І МАЕ МАНАТКІ, — пераступаючы парог, праказаў Рыгор.

Пятрусь зьдзіўлена паглядзеў на таварыша.

— Дык ты ўжо быў у мяне на кватэры? — запытаў ён.

— Бачыш!

— І хто цябе пусьціў?

— Цэлая гісторыя…

Яны падняліся па другі паверх і прайшлі ў Пятрусёў пакоік.

— Вось мая абіцель… Садзіся і расказвай… Ну, паверыш, я ўсё яшчэ не магу апамятавацца ад нашага спатканьня… Каб ты згарэў, каб ты… Як назнарок падстроіў… Да дзіва, што я забыў пра тэатр… Хто-б мог падумаць… Ай…

Пятрусь ківаў галавою, тупаючы між крэслаў і канапкі, запоўніўшы невялічкае гала наўзьдзіў цеснага пакоіку.

— І пэўна, ты нічога ня еў?..

Пры гэтым Пятрусь гукнуў у прачыненыя дзьверы:

— Алена Паўлаўна!

Праз хвіліну пачуўся стук у дзьверы.

— Патрэбна?

— Я папрашу вас нагрэць нам гарбаты…

Адкульсьці з глыбіні кватэры даляцела:

— Ладна!

— Зараз будзе гарбата, — абярнуўся Пятрусь да Рыгора і затупаў каля невялічкага буфэціку, што стаяў у правым кутку пакою.

Тут-жа забрашчэлі шклянкі, талеркі, заварушыўся стол. Рыгор наглядаў, як Пятрусь гаспадарна наладжваў перакуску. Рыгора цікавіла ўсё, што ён бачыў перад сабою: малюпаткі цесны пакоік, нядбала прыбраны ложак і запыленыя портрэткі на сьценах; папэцпканы абрус на стале і неўпарадкаванасьць з кніжкамі ды газэтамі. Нясло знаёмым яму жыцьцём адзінокага чалавека. Якраз, як то было з ім у Рызе і як, напэўна, будзе тут, у Пецярбурзе. Але побач з гэтым Рыгора цешыла, што яго таварыш гэтак хутка прыстасаваўся да адзінотнага гарадзкога жыцьця. Цешылі Пятрусёвы павароты, Пятрусёў выгляд, Пятрусёвы манеры. Рыгор радаваўся таму, што Пятрусь лёгка паддаваўся ўплыву да яго новых абставін, гарадзкой шліфоўцы. Было прыемна глядзець на таварыша прыадзетага, прыбранага, стройнага і далікатнага, якім зрабіў яго Пецярбург.

— Ну, а як табе тут? — запытаў Рыгор.

— Як бачыш — жыву, — адказаў Пятрусь.

— Падабаецца?

— Чаму-б не падабацца? А ты думаў, што я не падыду да гораду?

— Ня тое, каб… але не спадзяваўся цябе стрэць тым, чым стрэў.

Пятрусь разрагатаўся.

— А я, браток, прывык і спадабаў горад.

— Гэта мяне цешыць…

— Вось скажы мне кінуць Пецярбург — дык нізашто… Звыкся і зросься… Не хапала цябе… Нудзеў, ведаеш, па табе і трывожыўся за твой лёс… А дазнаўся дзе ты — надзвычайна ўзрадваўся… Ты мне раскажаш пра цябе? Вось перакусім сяго-таго і пройдзем па вуліцы — пакажу табе Лясное… Як яно так выйшла, што ты зараз перада мною — проста цуда…

Пятрусь паціснуў плячыма і прыемна ўсьміхнуўся.

— Мэрам-бы ў тых самых Сілцох — году, як ня было. Цэлага году! Падумаць! А колькі перажылося за гэты год…

— У наступным большага трэба чакаць… Бачыш…

— Бачу, чаму не… Пецярбург ахоплены пачуцьцём трывогі… І ў нас сёньнека абгаварвалі бягучы момант… Надыходзяць буйныя здарэньні. Ты-ж чытаў?

— Чытаў, чаму не…

— Глядзі, як шпарка заблытваецца клубок… Але цікаўней з настроем рабочых. Вось так і бурліць… Магчыма забастоўка… Агульная…

У дзьверы пастукалі.

— Гарбата!

— Калі ласка.

Хударлявая, сярэдняга росту, з мілавідным тварам, чыста адзетая маладзіца ўвайшла ў пакоік з невялікім чайнікам у руцэ.

— Дзе вяліце паставіць?

— Вось-вось, калі ласка.

Пятрусь узяў з яе рук чайнік і паставіў на стале, сярод, згруджаных талерак, шклянак ды кускоў булкі.

— Можа ў краму схадзіць? — запытала маладзіца.

— Дзякуй, пакуль ня трэба.

Маладзіца выйшла. Пятрусь зачыніў за ёю дзьверы і пазваў Рыгора да стала.

За гарбатаю хлопцы наперабой адзін другому задавалі розныя пытаньні. У іх гутарцы падзеі з грамадзкага жыцьця цесна пераблытваліся са здарэньнямі з жыцьця прыватнага. Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі ў Сілцох. Але казаньня было гэтулькі многа і цікавасьць яго была настолькі востраю, што каб усе іх абгаварыць — ня стала-б ня толькі вечару, а і цэлай ночы. Загэтым хлопцы абмяжоўваліся адрыўнымі сказамі, часта прапускаючы запытаньні і адказы, або адкладаючы іх абгавор надалей.

Тым ня меней гутарка зацягнулася на некалькі гадзін. Няўпрыкмет ніводнаму на дварэ вечарэла. Па калідоры, за дзьвярыма пакою, пачуліся крокі падсуседзяў-жыхароў. Знадворку пацягнула халадком.

На Рыгора павеела прыемным спакоем вёскі. Гарадзкі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Пятрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасьць бясьпечнага прытулку.

Пятрусь адчуваў таварышоў настрой і быў цалкам за тое, каб яго не зварушыць. Але яму здавалася, што Рыгору яшчэ прыямней будзе, калі ён яго выведзе на вуліцу. З гэтай думкаю Пятрусь запрапанаваў:

— Дык маеш ахвоту выйсьці на вуліцу? Га, Рыгор?

Рыгор ахвотна згадзіўся.

Яны выйшлі з дому і пайшлі ўсьцяж доўгае, роўнае вуліцы.

Гэта была вуліца дач. Абапал яе цягнуліся агарожы, за якімі ўпярэмежку знаходзіліся сады, гароды і драўляныя адзін ці двохпавярховыя будынкі. Пад капяжамі іх выглядалі цьмяна-сінія нумары. Пахла водырам красак і зеляніны. У гушчы дрэў чуліся зыкі гармонікаў і балалаек. Дзесьці наперадзе іх грала духавая музыка: управа — хор заводзіў «гусараў-вусачоў».

Ад усяго гэтага нясло ідыліяй і спакоем. Зусім ня чулася блізкае прысутнасьці гораду-волата з яго гулкім гоманам і нясупынным рухам.

Рыгор драбніўся на часткі, кідаючы ўзрокамі вакола сябе. Вакольны вобраз надаваў яму новага пачуцьця, новых лятуценьняў.

— Якое хараство! — выказваў ён да Пятруся.

— Я кожны дзень любуюся ім, — адказаў той і дадаў: — Абы ўладзіўся з работаю, то нацешышся.

Рыгор ня думаў пра работу і, пэўна, на сёньня не крануў-бы гэтага пытаньня, каб не Пятрусь. А раз на тое пайшло, ён ня прэч быў увязаць гэта з агульнай тэмаю іх гутаркі. Бач, работа папаўняла прыгожасьць вакольнага вобразу, чаму-б адмаўляцца ад яго ўдасканаленьня?

— Ну, а як, бок, з месцам для мяне? — запытаў Рыгор.

— Месца будзе! — запэўніў Пятрусь.

Гэта было выказана з цьвёрдасьцю, роўнаю да цьвёрдасьці іхніх крокаў, накіраваных назад, на Пятрусёву кватэру.

І адпаведна — было цьвёрдым давер’е Пятрусёвым словам у нутры яго таварыша.

— Колькі ўжо страчана мною гэткіх месц! — падмацаваў сваё завярэньне Пятрусь.

Можа было яно і лішне, але ня шкодзіла: Рыгоравы крокі сталі больш рашучымі і цьвёрдымі. І надзея на доўгую зьлітнасьць з Пецярбургам увачавідкі пачырванела ў яго ваччу.

— Мяне ачаравала Выбарская старана, — выказаў Рыгор. — І каб, здаецца, жыць у гэтым месцы — не хацеў-бы нічога!

— Каб чаго іншага захацеў, то трэ’ было-б падумаць, а гэтага…

Рыгор разумеў памер і значэньне свайго хаценьня і ў адказ засьмяяўся.

— Мне думаецца, што цябе ўдасца ўстроіць на нашым заводзе… Я ўжо згаварыўся з майстрам.

— Гэта калі будзе вядома?

— Днямі высьветліцца…

Нарэшце Рыгор расказаў таварышу пра ўмовы свайго ад’езду, пра «хвост», які заставіў па сабе ў Смагіне. Але тут-жа дадаў, што пра гэта ён мала думае і ў якую-б там небясьпеку ня верыць.

— На кожны выпадак трэба будзе і гэта ўладзіць. Як-ніяк, а гэта справа лягчэйшая ад іншых. У нашу карысьць усе даныя… — пацешыў Пятрусь.

Гэтымі былі скончаны першыя моманты іх цёплае, шчырае таварыскае стрэчы. Поўныя пачуцьця таварыскай блізкасьці яны ўлягліся спаць.

Была дванаццатая гадзіна ночы.


ІV

ДЗЕВЯЦЬ ДЗЁН пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Цэлы шэраг умоўнасьцяй перашкодзіў Пятрусю давесьці да канца гэта пытаньне. Перш два дні ў завод не зьяўляўся дырэктар; пасьля, са слоў майстра, у дырэкцыі паўсталі нейкія асаблівыя пляны наконт перабудаваньня ўсяго прадпрыемства; далей, калі з гэтым абышлося, захварэў майстар і цэлых тры дні ня прыходзіў на працу.

Пятрусь злаваў, нэрваваўся і дзень-ада-дня мерыўся шукаць іншага месца Рыгору. Вяртаючыся з заводу, ён доўга лаяўся, праклінаючы парадкі на заводзе і парадкі ў дзяржаве, разносячы капіталістычны лад і яго ахоўнікаў. «Чалавек хоча працаваць, а яму не даюць. Ласьне можна з гэтым гадзіцца? Нясе сваю сілу, свой розум для чужое карысьці, для эксплёатацыі яго, а яму адмаўляюць. Абурэньне!»

Спагнаўшы злосьць, ён пераходзіў да спакойлівага абгавору стану і ўпэўняў Рыгора, сумняваючыся сам, што справа з месцам не павінна ня вырашыцца.

— Ты, браток, не клапаціся; я ня выклікаў цябе на папаўненьне беспрацоўных. Не… Абавязаўся — зраблю. Месца будзе-э! Го… Пакуль пагуляй — ня так яно хутка робіцца, як хочаш… А з грашыма — ня бядуй: на дваіх зараблю… Дакумант маеш і хадзі куды заўгодна — ніякі чорт дарогі не загародзіць…

Пятрусь выказваў убачэньне і ўпарта сачыў за Рыгорам: яму не хацелася, каб той хоць каліва засмуціўся ці астудзіў веру ў яго хаценьне пасобіць таварышу. Разам з гэтым Пятрусь баяўся і таго, каб Рыгор не пачаў сароміцца расьцягнутага палажэньня госьця. Чаго іншага, а пачне сьціскацца, адказвацца ад патрат на яго. Угледзіць няёмкасьць доўгага пражываньня ў яго пакоі… Наогул, Пятрусь выключна клапаціўся пра тое, каб Рыгор не надаваў свайму становішчу сур’ёзнае ўвагі. Чамусьці ў гэтым каразьлівым пытаньні ён не адважваўся палажыцца на Рыгораву цьвёрдасьць, не знаходзячы ў сабе цьвёрдасьці на гэту адвагу.

Між тым Рыгор не даваў жаднага поваду на западозранасьць да сябе ў гэтых слабасьцях. Ён чуўся ў Пятруся, як дома, і лічыў лішнімі таварышавы папярэджаньні. Пятрусёва ўбачэньне перад Рыгорам разумелася апошнім, як недахоп дасканалае працятасьці таварыша пачуцьцём працоўнае солідарнасьці. Наконт гэтага Рыгор казаў сабе: «Пятрусю патрэбна яшчэ паўгода пажыць рабочым жыцьцём, як у яго ні званьня не застанецца з местачковае псыхолёгіі». Яму-ж у вочы адказваў спакойліва і сур’ёзна:

— Я ня лічу сабе госьцем.

І гэтак-жа спакойліва ішоў з Пятрусём абедаць, езьдзіў да яго таварышоў, у культурна-асьветныя таварыствы і нават у тэатр. Толькі ўсяго рупела Рыгору кватэра: Пятрусёў цесны пакоік вымушаў багатае клапатні пры надыходзе ночы. Трэба было пераварочваць усё дагары нагамі, грамазьдзіць барыкады, каб паслаць дзьве пасьцелі. Ад недахопу пасьцельных прылад даводзілася дзяліцца самым неабходным. Пятрусь аддаў Рыгору сяньнік, а сабе пад бок падсьцілаў паліто. Зьвіхнутыя спружыны ложка ўядаліся ў цела; але і зьмяты сяньнік ня туліў ад цьвёрдае падлогі Рыгоравых бакоў… Слаліся пасьцелі пад стукі крэслаў і бразгі дзьвярэй. Мала каго суцяшала гэта.

Далёка ад спакойнасьці была гаспадыня кватэры. Кожная стрэча з ёю сьведчыла Рыгору пра яе даволі няцёплыя пачуцьці да яго. І Рыгор стараўся як найрадзей непакоіць яе. Тут ужо не ўразоньвалі Рыгора таварышавы завярэньні, што з гаспадыняю кватэры ўсё ўладжана. Рыгор хоць і верыў Пятрусю, што ён падымаў гэта пытаньне перад гаспадыняю, але ня верыў гаспадыні. Было выразна, што Пятрусёвы перамовы на яе ўплыву ня мелі.

— Яна ў цябе, як ведзьма, — характарызаваў Рыгор Пятрусю яго гаспадыню.

— Табе здаецца гэта, Рыгор, — адбіваўся Пятрусь.

А сьледам згаджаўся, што ня варта бараніць, хто гэтага не заслугоўвае. І бадзёрыў Рыгора:

— Плюй на ўсё; урэшце, ты да мяне ходзіш, а не да яе… Што яна табе зробіць?

Рыгор меней усяго непакоіўся за апошняе. Пачуцьцё няпрыемнасьці, якое навявала на яго штодзеннае спатканьне з гаспадыняю, атрымлівалася зусім не ад баязьлівасьці. Рыгору не хацелася, каб Пятрусь хоць чым абавязваўся за яго перад ёю. Ён бачыў па яе твары, што лепей усяго вырашыць пытаньне шляхам уходу з гаспадыніных вачэй.

Але вырашэньне кватэрнага пытаньня, як і наогул усякія пытаньні прыватнага зьместу, мусілі адкладацца да абсталяваньня на месцы. Гэта было зразумела абодвум, як Рыгору, так і Пятрусю. І водлуг гэтага разуменьня і трэ’ было ладзіць жыцьцё бліжэйшых дзён.

Яно ладзілася гэтак.

Пятрусь а палове восьмай раніцы кідаў Рыгора дома, а сам сьпяшаў на працу. Выходзячы з пакоіку, пытаў яго:

— На абед грошы маеш? Калі ўжо выйшлі, то я пакіну… К канцу работы наведай да заводу.

Рыгор адказваўся ад Пятрусёвых грошай толькі першых пяць дзён — далей прасіў таварыша, колькі магчыма, пакідаць. У яго бадай-што хапіла-б на больш доўгі час сваіх пятнаццаць рублёў, з якімі ён ачуўся ў Пецярбурзе, але па радзе Пятруся ён распусьціў восем рублёў на падапратак. У Смагіне Рыгору не ўдалося справіць нічога, ды яно мала было патрэбна, а ў Пецярбурзе яго старыя, памятыя ў астрозе ўбёры выглядалі задужа ўбога.

І Рыгор са спакойным сумленьнем браў Пятрусёву пазычку і к канцу дня зьяўляўся да заводу.

Уражаньні дня, пераплеценыя з абдумамі і прагнозамі міжнародных політычных здарэньняў, складаліся ў Рыгоравым нутры чын-чынам, акуратна і дасьціпна, гатовымі да выкладу іх перад таварышом. Вярнуўшыся разам на кватэру, яны абіралі іх тэмаю для сваіх гарачых зацяжных гутарак.

У засосе гэтых гутарак хлопцы цалкам адцурваліся ўласных інтарэсаў і забывалі пра ўсялякія нечаканасьці ў сваім бліжэйшым наступным. Яны часта мянялі пляны і намеры, пабудаваныя ці зранку, ці ідучы на кватэру, або лічачы іх нясур’ёзнымі, або забываючы, што яны былі ў іх.

Трэба дзівіцца аднаму, што на працягу ажно васьмі дзён, ня гледзячы на рознастайную тэматыку гутарак, Рыгор ні разу ня ўспомніў пра Ганну. Мэрам-бы згубіў ён яе на вакзале, прыехаўшы, калі пашукаў сярод публікі і не знайшоў. Багацьце ўражаньняў, міжнародныя здарэньні, блытаніна ў плянах з месцам перапаўнялі яго галаву, не даючы запасьці думцы пра Ганну. Цікава тое, што не навяла на гэта колькіразавая стрэча з Рымаю ў Пятруся на кватэры.

Але на дапамогу падасьпеў зусім нечаканы і зусім дробны выпадак, які раптам вярнуў Рыгорава пачуцьцё да Ганны. Адным разам Рыгор увайшоў у вагон, каб ехаць у горад, як перад ім ачулася дзяўчына, ну кропка ў кропку — Ганна. Яе падабенства заставіла яго доўга і ўпарта глядзець у твар незнаёмай. Ажно яму карцела чапіць яе, каб упэўніцца. Яе пасьпешнае выйсьце з трамваю на першай-жа спынцы паперашкодзіла Рыгору гэта зрабіць. Выпадак востра яго крануў і, стрэўшыся з Пятрусём, Рыгор перадаў пра яго, як пра важную навіну.

Пятрусь зацікавіўся гэтым і быў зьдзіўлены, калі дазнаўся, што Ганна — гэта Рыгорава таварышка.

— Скажы ты, калі ласка-а! Восем дзён!.. І ты мяне не паведаміў нават, каб ня гэта тваё здарэньне. Ну і ну!

Рыгор ня мог нічога адказаць. Але не таіў ад Пятруся прыкметнага жаданьня спаткацца з ёю.

Ганна акрэсьліла доўгую гутарку гэтага вечару, даўшы Рыгору повад расказаць багатую эпопэю знаёмства з ёю, а Пятрусю — праслухаць цікавую гісторыю.

— Ты павінен адшукаць яе, як-бы там ні было, — намагаў Пятрусь.

— А трэба папрабаваць, — згаджаўся Рыгор.

І ўжо з наступнае раніцы насіўся ён у думках па пецярбурскіх вуліцах, пляцох, па вакзалах і школах, усюдых, дзе можна было дапусьціць Ганьніну прысутнасьць. Яна ўбэрсалася ў агульны сплёт плянаў, намераў і разьлічэньняў, якія займалі Рыгора.


V

АГРОМНІСТЫ ГМАХ машынна-будаўнічага заводу ўцягаў у сабе бясконцы лік рабочых. Яны цяклі ў яго вароты некалькімі чорнымі шнурамі; блядыя і настарожаныя, расплываліся яны па майстэрнях, па цэхах. І там, дзе спынялася хада кожнага з іх, пачынаўся круціцца станок. Завод, вачавідкі паддаваўся магутнай сіле руху і на вачох пераходзіў у складаную суцэльную чыннасьць. На тысячы ладоў несьліся рознастайныя гукі і зыкі. Сотнямі струменцаў цягнуўся ва ўсе бакі шэры сьмярдзючы дым. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан, прыцямніўшы сонечны бляск. Па вузкіх праходах між бясконцага шэрагу ўсялякіх станкоў, варштатаў і машын шнайдарылі клапатлівыя майстры, шчотчыкі, інжынэры. Усе яны здаваліся бязвольнымі часткамі аднае агромнае машыны і рухалі ў такце працоўнага мэханізму.

Рыгораў станок мясьціўся ў фразэровачнай майстэры, у левым куту другога паверху. Ён стаяў крайнім ад сьцяны, за якою было высокая цагляная агарожа. Далей за агарожаю прабягала ўзьбярэжная Неўкі. Сталёвыя хвалі рэчкі дзень-у-дзень калыхаліся на шырокім гале вады, б’ючыся ў гранітны бераг узьбярэжнай.

Рыгор раз-ад-разу кідаў узрокамі ў цьмяныя шыбы акна. З-за агарожы відаць было ўсяго невялічкі кавалачак рэчкі; ён выглядаў нялапым стаўком, з аднаго берагу якога стаяў агромністы чырвоны будынак, з другога — калыхаўся высокімі дрэвамі векавы парк. Успаміналіся рыгападобны вобраз, тое-ж распалажэньне заводу. Ды завод амаль той самы. Прынамсі, адусюль у ім нясло знаёмым выглядам. Аднакія машыны, прывычныя стукі малатоў і траскатня кранаў. Гэткія-ж рэзцы і нават аднолькавыя скрыначкі для інструманту. Агульная падобнасьць надворных абставін сьцірала той многамесячны перабой, які аддзяляў яго ад Рыгі. Хай толькі адцягнуцца на хвіліну думкі пра сучаснасьць, як раптам цалкам аднаўляюцца вобразы з рыскага жыцьця… Але…

Рыгор адчуваў, што, апынуўшыся ў Пецярбурзе, ён стаў на далёкім адгоне ад Рыгі. Арышт, астрог, Смагін — доўгі і багаты этап яго жыцьця. Ён многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Мэрам-бы скончыў асобную школу падрыхтоўкі да новага, больш складанага жыцьця, здаў экзамін на сталейшага барацьбіта. Рэчаіснасьць прадстаўлялася яму ў іншых, больш суровых фарбах. Кожнае сьвежае ўражаньне знаходзіла ў яго нутры іншы ад ранейшата водгук, значна глыбейшы аналіз. Выкліканыя Пецярбургам пачуцьці былі не падобны на тое Рыгорава адчуваньне, якое складалася пры яго ўездах у Рыгу. Другім настроем павявала ад нагляду за процэсам працоўнае чыннасьці заводу. Меней дыхала поэзіяй ад вёрту станка, ад пагоджанай гармоніі ў руху машын і рабочых. Не зацягала работа. У кожнай рэчы, у малейшай зьяве, што праходзілі між Рыгора на працягу працы, глядзелі суровыя рысы чарствое сапраўднасьці. Рыгор праглядаў праз вачавідкі бляск у захаваную скрытнасьць усякага здарэньня і ясна абмацваў у ім тую ці іншую недаробленасьць, непрыстасаванасьць да патрэб жыцьця. Усё трымала ў сабе вялікую долю фальшы і робленага бляску і ва ўсім ня старчыла істотнага. Сама па сабе праца на заводзе была тою-ж, якою ён яе праводзіў, бачыў і адчуваў у Рызе. Але вакол гэтае працы ён наглядаў большае зграмаджэньне адмоўных якасьцяй. Тысячы рабочых, што мятусіліся вакол яго і пад ім, кожным паваротам рукі і кожным згінам плеч дапаміналі яму пра завостраны да адказу прыгон. У агульным шоламе гукаў і бразгу ён адчуваў выразныя позывы на змаганьне з ім. Але Рыгор, як і ў Рызе, ня цяжыўся працаю. Ён уверана і цьвёрда ўваходзіў у вароты заводу разам з усім рабочымі, рашуча прыступаў да станка і пачынаў работу. Сама работа ішла ўжо спакойным роўным тэмпам. Як і раней, ён любіў цеганіну вытворчасьці, процэс ператварэньня куска сталі ў стройную каштоўную рэч. Па-ранейшаму заглядаўся бегам калёсікаў ў станку, сачыў за выкрутастаю стужкаю з-пад разца. Але разам з гэтым ён вёў падлік затрачанай для фабрыканта рабочай энэргіі, ператвараў яе ў дадатковую вартасьць і заключаў: «Якія капіталы мы складаем у кішэні кучкі эксплёататараў! А пайдзі-б тэта на агульную карысьць — якіх-бы посьпехаў дасяглі ў людзкім дабрабыце. Якімі-б спорнымі крокамі жыцьцё пасувалася наперад!».

Вырашэньне задачы, калі і што скончыцца, нарэшце, гэты лад, часта адрывала Рыгора ад працы і перакідала яго думкі за сьцены заводу. Ён перабіраў у памяці прачытаныя ў газэце зранку ці ў абед навіны і з насьцерпам чакаў іх далейшага разьвіцьця.

Між тым навіны хавалі ў сабе неабмежна глыбокія, незьмярыма шырокія магчымасьці. Рыгор, як той вынаходчык, вышукваў у іх разгортваньні пажаданых сабе вынікаў. Гэтыя вынікі, здавалася Рыгору, меліся ў самай істоце падзей, і ён абнадзейваўся імі.

Помеж з гэтым Рыгор адчуваў, што па заводзе носіцца выразнае чаканьне таго, што цікаўна яму. Гэтым чаканьнем захоплены ўсе рабочыя, імі прасякнута паветра ў заводзе.

І дзень-ада-дня Рыгор пагрозьлівей пазіраў у бок Зімневых палацаў і на заводзкую контору.

За лічаныя дні работы на заводзе ў Рыгора ўстанавілася шырокае знаёмства. Ён хутка, з дапамогаю Пятруся, зьвязаўся і ўвайшоў у мясцовую організацыю соцыял-дэмократычнай партыі. Рыгор наведваў амаль ня кожную нараду рабочых, прымаў удзел ва ўсіх іх сходках. Да яго голасу сталі прыслухоўвацца, сталі даваць розныя адказныя даручэньні. Няпрыметна, але ўверана Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцьця, у вадаварот грамадзкай працы. Дзякуючы гэтаму ён хутка быў у курсе настрою рабочых ня толькі на сваім заводзе, а і ва ўсім Пецярбурзе. Гэта Рыгора захапляла, зацягала, бадзёрыла. З-за гэтага ён мала зварачаў увагі на ўсталяваньне прыватнага жыцьця і мала клапаціўся пра сваю асьцярожлівасьць. Забыў пра няпрыязьнь Пятрусёвай гаспадыні і, як нібыта той, дзень-у-дзень трывожыў яе па некалькі разоў самастойнымі патрэбамі. Выпадкова і паміж іншым дапамінаў Пятрусю:

— Трэба, браток, мне знайсьці хутчэй пакой, а то ўжо я табе надазоліў.

Пятрусь яго разважаў:

— Кінь клапаціцца, — і гэтым вычэрпваў пытаньне.

Але, як і месца на заводзе, Пятрусь цішком апытаў для Рыгора пакой і спакойліва перасяліў у яго таварыша. Рыгор з гэтае прычыны жартаваў:

— Дзякуючы табе, я парываю сваяўство з Абломавым.

Пятрусь не згаджаўся з Рыгоравым парадоксам і ўхмыляўся яму ў адказ. Аднак, было вачавідкім, што Рыгор зусім ня той, з якім ён расстаўся апошнім разам. Асабліва кідалася ў вочы Рыгорава падросшая сталасьць, сур’ёзнасьць і трэзвы погляд на акольваючую сапраўднасьць. Цікавіў яго падыход да кожнага здарэньня, аналіз гэтага здарэньня. Бягучы момант знаходзіў у Рыгоры трапнага ацэншчыка. Рыгор поўнасьцю выяўляў усю вялікасьць і складанасьць таго калыханьня грамадзкіх падвалін, якое адбывалася вакола. Ён бачыў жорсткую супярэчнасьць між воляю некаторых людзей і вымаганьнямі гістарычнай неабходнасьці. Яму прадстаўлялася ясным, што ўсе рухі жыцьця бягучага моманту атрымалі папярэдняе назначэньне. Але ён ведаў, што яго можна перарабіць і накіроўваць на гэта свае думкі. Рыгору паказвалася зусім звычайным, калі ён глядзеў на знэрваванасьць гарадзкога натоўпу, на падазронасьць поліцэйскай улады — ад гарадавога да генэрала, калі адчуваў узмоцнены тон сталічнага шоламу, — гэта, па яго, было тварэньнем, формаваньнем, правядзеньнем процэсу нараджэньня. Куды-ж гэтым момантам адводзіць сваю думку на будзённыя рэчы прыватнага дабрабыту? Для чаго браць на ўвагу дробныя шурпатасьці самотнага побыту?.. і Пятрусь…

Так, Пятрусь недаацэньваў, калі думаў, чакаючы Рыгора, што ён яго нагнаў у політычным росьце. Пятрусь выпускаў з ваччу тое, пра вошта дазнаўся ад Рыгора і што зараз дасканала ўзважыў. І пачуцьцё ранейшай павагі да таварыша зноў займала месца ў яго нутры, ужо ўступленае некалькі пачуцьцю эгоізму. Пятрусю стала вачавідкі, што Рыгор пайшоў шпарчэйшым ад яго шляхам духоўнага выхаваньня. Безьліч усялякіх зьяў у бегу часу і ў пераборы месц шліфуюць чалавека ў рознастайных умовах.

Раніца ў раніцу, пакуль жылі ўдваіх, побач сьпяшылі на завод, разам вярталіся назад. Чуткі і весткі, думкі і настрой, пляны і намеры перапляталіся ў крытычным абгаворы. Ня было вечару, каб доўгімі кавалкамі часу яны не знаходзіліся разам: ці езьдзячы ў культурна-асьветнае таварыства, ці бываючы на сходках, ці трапляючы ў тэатр. Праўда, гэтага часу ім не хапала, каб задаволіць гутарку, выпаўніць пабудаваныя сумесна пляны.

Незалежныя ад іх абставіны агульна-рабочае справы, амаль ня цалкам адцягалі хлопцаву ўвагу. Праз гэта Рыгору ня было калі пазнаёміцца поўнасьцю з горадам, пабываць у намечаных мясцох. Ня мог ён вылучыць вольнае гадзіны, каб наведаць адрасны стол і справіцца пра Ганну…

А між іншым, з вядомага выпадку, ніводнага дня Ганна не абмінала Рыгоравых успамінаў. Нагальна ўрывалася яна ў гушчу яго натужных раздумаў, выбірала сабе месца і на нейкі момант захапляла сабою Рыгора. Сёньня пры рабоце, заўтра ў хвілі адбываньня сходу, трэці дзень — па дарозе дамоў, чацьверты…

І кожны раз пасьля гэтага Рыгор усхвалюецца, укорыць сябе нядбайнасьцю рашыць у бліжэйшы дзень зрабіць даведку — і да чарговага разу заспакоіцца. Бач, на ўсё гэта патрэбен час! Даводзіцца кінуць працу, ахвяраваць сходам, занядбаць паседжаньнем, каб пабываць у адрасным стале… А ці можна?

Рыгор сумняваўся і судзіў: «А ўсё-ж нельга не зрабіць гэтага. Нельга!» На запытаньні Пятруся пра Ганну — абяцаў як найхутчэй яе адшукаць. Рыме хваліўся пра знаёмую, якую вось-вось знойдзе і прывядзе да Пятруся… і якою абоіх зьдзівіць…

Рыгоравы думкі і Рыгораву гутарку пра Ганну справодзіла яго напружанае жаданьне бачыць яе, сустрэцца і пагутарыць з ёю, аддзякаваць ёй… за падмогу мацеры, за ўцеху, зробленую старой…

Ды маці!.. Чаму-ж не адвесьці ёй месца ў сваім нутры?

Старая ўставала перад Рыгорам у поўным абліччы. З сумам на твары, з уміленьнем у ваччу, з палкаю прагаю ў нутры, з укорам… Ці не забывае яе сынок? Ці будзе час, калі ўдасца з ўм спаткацца?

Вось канчаецца год, а ніякіх адзнак на гэта. Круціцца, мелецца — маланкаю мінаюць дні, тыдні, месяцы, а яна ні з месца. Сілцы. Воражнае аколеньне. Розныя гутаркі пра Рыгора — больш ябедныя, злыя, нараклівыя; брахня і глум… Пятрусь не разьбівае іх сваімі лістамі… Вось толькі Ганна — адкуль і што, нябачная, чужая дзяўчына… Мігнулася перад ваччу і атуліла сэрца ласкавым словам пра Рыгора…

Рыгор — сынок!.. Вось-вось ён адыме квадранчык часу і прысьвеціць яго мацеры. Гэта неабходна! Абсталюецца і кіне ліст, перашле некалькі рублёў. Раней днём, тыднем пазьней — ці-ж ад гэтага многае зьменіцца? Нельга-ж кінуць агульнае справы і аддацца пытаньням прыватнага жыцьця. Ды зноў-жа, ён толечкі-што пераехаў на сваю кватэру. Амаль ня голая яна ў яго. Ложак без сяньніка, адзін ламаны зэдлік, кульгавы стол — усяго. Хоць-бы крыху дагледзець… А там — пойдзе чарадою адно за другім… Магчыма, каб Ганна… Рыгор яе адшукае, няпраўда…

— Я ўсё-ткі, Пятрусь, на днях праедуся ў адрасны стол! — завяраў Рыгор Пятруся.

— Чаго-ж ты, сапраўды, шкадуеш паўдня страціць на гэта? — папікнуў яго Пятрусь…

— Праўду кажаш… Ці варта шкадаваць паўдня часу, — згаджаўся Рыгор. — Усяе работы не пераробіш…

— Менавіта…

Пасьля гэтага Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкава паедзе ў горад, і запэўніў таварыша. Пятрусь спачувальна ўхмылынуўся.


VI

ГАННА НІКОЛІ-Б НЕ ПАВЕРЫЛА, каб хто ёй сказаў, што Рыгор у Пецярбурзе. Тым болей яна зьдзівілася-б, каб уведала, што ён пра яе думае, гутарыць з таварышам і дзень-ада-дня маніцца шукаць. Адкуль і што тыя даныя на гэта! Ні намёку, ні знаку. Праўда, Ганна чула ад Рыгоравай мацеры, што ў Пецярбурзе жыве Рыгораў таварыш. Гэта Ганну цікавіла ды інтрыгавала. Яна захапіла з сабою яго адрас. І, прыехаўшы ў Пецярбург, пісала Пятрусю ліст, каб той паведаміў, мо’ што ведае пра Рыгора. Чамусьці на ліст не атрымала адказу — пэўна загубіўся. Праз некалькі дзён прыехала сама ў Лясное, але не застала Пятруся дома. Зьбіралася з дня-на-дзень паўтарыць паездку, ды… усё не магла сабрацца. Цэлы шэраг прычын перашкодзіў ёй зрабіць гэта.

Ганна паехала ў Пецярбург на сваю рызыку. Згуба мацеры растрывожыла яе да нэрвовасьці, і ў Пецярбурзе яна шукала сабе спакою. Без усялякіх хадайніцтваў да начальства, не разьлічваючы на наступнае, яна раптоўна разьвіталася з Рыгаю і паехала да дзядзькі пад Ліцк, адкуль наведала Сілцы і ў пачатку траўня накіравала ў Пецярбург.

Ганьнін прыезд у сталіцу супаў з канікулярным часам. Пайсьці шукаць ходаў да прызначэньня на месца настаўніцы Ганна не хацела, ведаючы, што гэта пацягне за сабою цэлы шэраг адміністрацыйных формальнасьцяй. Ды самая праца настаўніцы ёй не падабалася. Яшчэ ў Рызе, калі жыла маці, Ганна ня раз памыкалася перамяніць заняткі, старанна шукаючы падхадзячага месца. Мацi перашкаджала ёй. Пасьля мацерыны сьмерці Ганьне было вольна гэта зрабіць. Яна знайшла, што ў Пецярбурзе ёй лёгка гэта ўдасца.

Поўная ўверанасьці ў гэта, Ганна ня ўлічыла тых цяжкасьцяй, з якімі сустрэў яе чужы, вялікі горад. Без знаёмага, з ненадзейнымі разьлікамі на даўнюю таварышку, на Пятруся і, як ня дзіўна, на Рыгора, Ганна ачулася ў Пецярбурзе. Горад бесспагадліва схапіў яе ў свае абоймы і закалыхаў на хвалях глыбокае клапатлівасьці. Што надумоўвала тыднямі — разьляталася ў хвіліну. Стройна апрацаваныя пляны ламаліся пад націскам жывое сапраўднасьці. Ганна зьбівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі нявыразнасьць наступнага дня не да­вала спакою. Ужо прасочвалася вільгаць роспачы, ужо думкі спляталі пляны магчымага выезду з негасьціннае сталіцы, як зьнянацку ёй напаткалася праца. Гэта выйшла праз газэту, па дробна надрукаванай абвестцы. Патрабавалася «перапісчыца, маладая барышня». Ганна накіравала па адресе і атрымала месца ў экспэдыцыі газэты — па перапісцы адрасоў.

Адшуканая работа перейначыла яе настрой і накіравала Ганьніна жыцьцё ў спакойнае рэчышча. Тое, што не знаходзіла месца ў думках у час безрабоцьця, зараз адцягала на сябе яе ўвагу. Зарупела наведаць Пятруся яшчэ раз і, магчыма, выпытаць у яго пра Рыгора. Авось знойдзецца кончык і клубок пачне разбэрсвацца…

У Ганьніным выабражэньні разбэрсвалася доўгая каляровая нітка саладжавых надзей. Рознымі выкрутасамі яна працягалася кудысьці, дзе ападала ў Рыгораву душу… Вакол гэтае ніткі дзень-ада-дня набіралася гусьцейшых асадкаў пачуцьця, намераў і жаданьняў. З мільённага людзкога мурашніку, што трапятаў перад Ганьнінымі вачмі, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабору, і шпіц Петрапаўлаўкі. У чыстай каморцы экспэдыцыі мігаліся яе абрысы між шырокіх лістоў паперы.

Яе ня мог засьціць дасьціпны, жывы, мілавыглядны экспэдытар Лука Дарафееў. Хоць уважліва накіроўваў ён да Ганны гасьцінныя сказы і мяккаю ўхмылкаю абліваў іх адповедзь, — Ганна ня губіла з ваччу Рыгоравага вобразу… Апошні выпукляўся, што далей — болей. Ганна паступова ўкладала ў яго зьмест жывое істоты, і Рыгор уставаў у чыннасьці аднаго з шэрагаў тых забастоўшчыкаў, што ўзьюшвалі бакінскімі падзеямі ўсю Расію. Яна ўспамінала рыскія гутаркі з Рыгорам наконт яго ўдзелу ў забастоўках. Уяўляла Рыгораву захопленасьць імі, адчувала палкасьць змаганьня і вастрату злосьці на існуючы лад. Узважвала поўнасьцю вынікі гэтага. І заключала: «А зараз, напэўна, ён перагарвае прагаю хутчэй апынуцца ў асяродку падобных бакінскім здарэньняў. Каб гэта ды яго сюды, у Пецярбург, колькі-б энэргіі ён палажыў на організацыю рабочых да выступленьня!..»

Ганна не папікнула-б яго за гэта, не! Цяпер… яна зусім іншых поглядаў на рэчы! Ёй сорамна прызнацца, што яшчэ летась Рыгорава чыннасьць выклікала ў яе нутры варожае пачуцьцё. Цяжка растлумачыць, чаму яна трымалася тады выразна мяшчанскіх пераконаньняў. Але яшчэ цяжэй уявіць, калі і што адбывалася тая крутая перамена, якая зрабіла Ганну цяперашняй. Дзе тыя фактары, што павярнулі яе сьветапогляд на дзевяноста градусаў улева? Ганна правярала гэта тым пільней, чым вастрэй рабілася жаданьне выспавядацца пачуцьцямі з Рыгорам. Яна падрахоўвала: сьмерць мацеры, Рыгораў арышт, свой пераезд з Рыгі ў Пецярбург, блуканьне ў няпэўнасьці па яго цьвёрдых вуліцах. Няўжо ўсяго? Ды што ў гэтым надзвычайнага ёсьць? Рабілася цьмяным — прычыны губіліся ў змроку гэтае цьмянасьці. Іх нявыразнасьць яшчэ больш ускладняла іх важкасьць і сілу. Бо яна разумела, што з пераменаю поглядаў на рэчы ёй стала не падабацца роля настаўніцы. Калі прасачыць ад пачатку нараджэньня думкі пра тое, каб кінуць настаўніцкую службу, то, бадай, і можна будзе выявіць процэс перабудаваньня сьветапогляду… У кожным разе Ганна стрэнецца з Рыгорам зусім інакшаю, чым расталася. І таму, што факт растаньня меў вялікі ўплыў на яе думкі, няхай той факт будзе блаславенным. Якава-ж будзе стрэча? Ды калі яна будзе?..

Ганна ўважліва вяла спакойлівую перапіску адрасоў. Сотні прозьвішчаў пярэсьціліся ў яе памяці, губляючыся і паўстаючы адно за другім. Сярод іх многа пападала знаёмых, мэрам-бы дзесьці спатыканых ці чутых. Але ніводнае з прозьвішчаў не выдзялялася самотным і ня спынялася ў памяці. Ні за водным з іх не вырысоўвалася жывога вобразу чалавека, на якім-бы спынілася яе ўвага. А за многімі прозьвішчамі беглі чыны і званьні: тайны саветнік, колескі асэсар, правіцель канцылярыі, сьвяшчэньнік, вучыцель гімназіі, земскі начальнік, народны настаўнік. Чамусьці не менаваліся рабочыя і сяляне. Гэтыя званьні нікога ня вабілі… Мэрам-бы усе іх ведалі і не хацелі пра іх успамінаць.

Дзеля Ганны пустым зьвінелі ўсе чыны, ад вялікага да малога. І вось гэта няўважлівасьць да бліскучага і зычнага — чым нясло ад іх — цікавіла яе самую. Ці даўно яна не магла спакойліва глядзець на чыста адзетага, стройнага настаўніка гімназіі? Колькі разоў, бывала, закрадалася хаценьне стаць жонкаю аднаго з іх! А гэта? Нібыта тая… Гартаюцца мяртвыя формы, як сухія лісты на дрэвах. А вострыя ножны яе суседкі паласуюць іх на доўгія стужкі, якія ў сваю чаргу дробняцца на прадаўгаватыя лісты, перабіраюцца, складаюцца па трактах і адносяцца на пошту… Сёньня, заўтра, пазаўтра, з месяца ў месяц. Звычайна. І будзь іх дзесяткамі больш — дзесяткамі менш — аднакава. Згіне дзесяць папоў, ці дзесяць земскіх — ніякае заўвагі. Сам Давыд Харлампавіч, старэнькі пілявы трактоўшчык, хутчэй заўважыць, калі выпадзе месца, якоесь там Ладзейнае Поле ці станцыя Стругі Белыя — чымсь купа высокіх прозьвішчаў, справоджаных чынамі. Пра іх ня было клопату…

Ды Ганна наогул зусім ня дбала пра адрасы, калі кідала працу ды ішла да дому. Па дарозе мэханічна заходзіла ў крамку, брала да гарбаты, а трапіўшы ў пакой, грэла прымус і спраўляла вячэру. За вячэраю думала: як і што іціме яе жыцьцё. І на першым адказе сустракался з Рыгорам. Вачавідкі зьяўляліся да яе: Лясное, Пятрусь, двухпавярховая дачка… «Ці напісаць ліст, ці яшчэ раз паехаць?» карцела ёй. За лістом разгорталася прагаліна невядомага, сухі кароткі адказ, або і маўчанка. Паездка суліла знаёмства, надзеі, цікавасьць… Толькі-б ня вісеў на двьвярах бліскучы замочак… Не, яна пераедзе — ня ў суботу, дык у нядзелю, магчыма на буднях… Адкладаць нельга, уважаючы на тыя здарэньні, якімі жыцьцё частуе бягучы час.


VII

ТЫМЧАСАМ ЗДАРЭНЬНІ дзень-ада-дня нясупынна ўскладняліся. Іх развой можна было параўнаць з бурхлівым вогнішчам, на якое дзьме вецер. Полымя шугае ў бакі і ўгору, шырыцца, расьце; награецца паветра. Вось-вось заверціцца ўсё ў каламутным вадакруце агню. Ня было таго, хто-б так ці іначай не ўцягаўся ў падвышаны настрой, хто-б не захапляўся пытаньнем — а што далей? Выразна перад кожным гэта «далей» стаяла ў страшным вьглядзе вайны. Усякі адчуваў яе крывавы, прапахшы куравам пораху, прыход. Але ніхто не выяўляў сабе яе размаху. Яе жах перавяртаўся ў завостраную цікавасьць, пад якою танула ўсё іншае. Звычайнага, прывыклага жыцьця ня было ні ў водным доме, ні ў якай асобы. Яно зьнікла, растала, абляпіўшы агромністы клуб разьюшаных падзей. Напружнасьцю струны глядзелі ў наступнае мільёны вачэй. Шукалі. Густым ту­манам надзей і трывогі ўбіралі перадвочныя прасторы. На чым спыніцца завіруха? Як праломіцца яна на лёсе данай асобы? Чорнымі густымі джараламі плавалі людскія натоўпы па шырокіх тротуарах гораду-волата. У шораху тысяч ног адбівалася крутая парушнасьць жыцьця. Няўверана хадзіла рука, няцьвёрда ступалі ногі. Шыбы вокнаў сталі вельмі празрыстымі, мэрам-бы знарок, каб ня спыняць простага лёту ўзрокаў. Пераступаючы парогі ўстаноў, контор, крам і заводаў, вальней ды нядбайней прычыняліся дзьверы. Будынкі, наогул, цясьнілі людзей, прыгняталі іх пачуцьцё. Якаясьці магутная сіла цягнула іх на вуліцу, у гушчу, у натоўп. Чалавек стаў надзвычайна чулым, каразьлівым, як магнэс. І ў той-жа час — слабым, бяспомачным. Аднаму не хапала ні сілы, ні месца. Для цэлага, для грамады — ён быў неадменным. Грамада надавала характарнасьць здарэньням, але апошнія вы­разна рухалі грамаду.

Але ў агульным сплёце зьяў яскрава выпуклялася іх дваістасьць. Два асабістых напрамкі прарэзвалі гушчэчу людзкіх настрояў, пачуцьцяў, думак і жаданьняў. Гэтыя напрамкі крыжаваліся, як крыжавалася разьвіцьцё грамадзкіх падзей. Наператоч зданьню імпэрыялістычнай вайны расьлі сымптомы вайны грамадзянскае.

З Дуркінхэну накіроўваў у Расію прэзыдэнцкі карабель Пуанкарэ. Буржуазны выхаванец вёз самадзяржаўнаму цару для падпісаньня ўмову: разам бараніць інтарэсы францускіх і рускіх капіталістаў ды памешчыкаў, у саюзе губіць на вайне жыцьцё рускіх і францускіх рабочых ды сялян. Вайна супроць прускага юнкерства, у абарону слабое Сэрбіі — былі сыгналамі буржуазнаму Пецярбургу, Неўскаму — былі лёзунгамі імпэрыялістычнае вайны, кветкамі саюзьніцкага яднаньня.

А помеж з гэтым у Баку кіпела жорсткае змаганьне рабочых- забастоўшчыкаў з нафтавымі каралямі. Водгукі яго разносіліся па шырокіх абшарах прыгнечанае краіны. З гораду ў горад, з фабрыкі на фабрыку прыходзілі весткі пра становішча варожных лягераў; і разам — прызывы да падмогі, да солідарнасьці. Героізм змаганцаў прагудзеў брукам і пецярбурскіх вуліц — за заставамі, на ўскраінах. Зарэеў сьцяг грамадзянскае вайны.

Яшчэ Пуанкарэ ня выпусьціў з ваччу берагоў Францыі, калі яму на спатканьне паднялося да пяцідзесяці тысяч пецярбурскіх забастоўшчыкаў. Згода цароў ня цешыла сэрцаў працоўных. І тыя матросы, што ехалі на караблі прэзыдэнта, ня думалі пра пахвалу з боку цара, а песьцілі ружовыя надзеі на спатканьне з рабочымі на вуліцах Выбарскае стараны.

Рыгорам валодаў настрой, якога ён дагэтуль не перажываў. Цэлымі днямі ён ня кідаў думаць пра наступны протэст-забастоўку супроць зьверскага нападу поліцыі на пуцілаўскіх рабочых. Новыя ахвяры самадзяржаўя ўзьнімалі ў ім пачуцьцё злосьці і помсты. Было не да працы: не сядзелася каля станка, і разэц раз-по-разу выпадаў з рук. У абед і вечарам Рыгор абыходзіў дзесяткі рабочых, настройваючы іх на рашучае выступленьне. На сходках яго голас гучэў усё мацней ды рашучай.

Пятрусь бачыў, як настарожліва прыслухоўваўся яго таварыш да кожнага слова рабочых; адмячаў, якім хваляваньнем сустракаў ён кожную вестку з іншых заводаў. За два дні, якія аддзялялі сабою расстрэл пуцілаўцаў ад забастоўкі на іх заводзе, Пятрусь поўнасьцю выявіў сабе портрэт Рыгора-рэволюцыянэра. Трэба было дзівіцца яго стану, які складаўся з нясупыннага трапятаньня ўсіх частачак яго істоты. Рыгору нельга было казаць іншага, апроч гутаркі пра забастоўку. Усе пытаньні, блізкія і цікавыя яму ў звычайным жыцьці, зараз не існавалі. Ён быў заняты забастоўкаю, яе нараджэньнем, цеганінаю і вынікамі… Раз перажытое ў Рызе, цяпер захапіла яго цалкам.

І вось забастоўка стрэлася з ім тварам да твару. Звычайным днём па звычайнай дарозе ён накіраваў да заводу. І толькі пераступіў парог на заводзкі двор, як зараз-жа з грамадою таварышоў вярнуўся на вуліцу. Выйшаў і ўгледзеў, як наўсьцяж ад клінікі Вільле ажно да стыку з Выбарскім шосэ Сампсоніеўскі проспэкт выглядаў надзвычайным, прасторным і ўрачыстым. Ні ламавікоў, ні паравікоў, а грамады рабочых па тротуарах, каля брам у дварох, на рагох вуліц. Зычны гоман. Наперадзе іх — буйная маніфэстацыя. Над сотнямі галоў невялічкі чырвоны сьцяжок. Марсэльеза.

Рыгору не хапіла моцы сутрымацца ад нахлынуўшага на яго натхненьня. Ён мігам ачуўся наперадзе колёны і падхапіў песьню папярэдняе маніфэстацыі. Але не пасьпеў ён падаць знаку да пяяньня сваім суседзям, як перад ім вырас эскадрон казакаў. Разьюшаныя да пуду коні стрэламі імчаліся на роўныя колёны рабочых. Сакаталі падковы сталёвым шротам па бруку. У запыленым паветры апісвалі кругі казацкія нагайкі. «Раз-зай-дзі-ісь! — лавілі вушы перадавых радоў. Тысячная колёна зацішыла хаду, настаражылася. Казакі кіравалі, як на бар’ер. Сутрымаць? Бязмэтна! І маніфэстацыя раздваілася, прапускаючы азьвярэлых коньнікаў. Дзьвюма сьцянамі пасталі рабочыя абапал вуліцы. Сьвіст і гіканьне пагналіся за казакамі і хутка рабочыя зноў зьліліся ў маніфэстацыю. Усьлед ад’яжджаючых казакаў панесьліся гучныя тоны марсэльезы. Рыгор ішоў наперадзе, па правым флангу колёны. Сутычка з казакамі, якія нясупынна гарцавалі ад аднае да другое маніфэстацыі, заклапочанасьць поліцэйскіх атрадаў — яго інтрыгавалі, зацягалі. Было відаць, што запал рабочых тугі і ўстойны.

Сампсоніеўскі проспэкт гудзеў голасам перадстаячых боек… Зьбіраньнем сіл… Рыгор бачыў, як хвіліна ад хвіліны людзкі натоўп гусьцеў, заліваючы прасторы шырокае вуліцы. Гэтаму вобразу было нельга ня схіліцца. Яго вялікасьць асьвячалася духам рабочае ваяўнічасьці… Паўстанцкі задзёр нішчыў баязьлівасьць. Сьмеласьць кідала вызаў непадгатаванаму ворагу… Вось-вось — то там, то сям — гудуць шыбкія палёты каменьняў у казакаў. Поліцэйскія бяруць наперавагу вінтоўкі… Але на іх ніхто не шманае. У рабочым раёне — сьцеражыся, вораг рабочых!

Рыгор пасьля трэцяга разгону іх маніфэстацыі згубіў Пятруся. Ён зьмяшаўся ў грамадзе рабочых з іншых фабрык і заводаў. Дзе і што Пятрусь, цяжка было рашыць. А шукаць — куды там! Ня час і ня месца. І ён, адзін сярод чужых, чуўся сваім кожнаму, з кім стыкаўся і каго бачыў вакола сябе…

Не заўважыў, як маніфэстацыя наблізілася да новага спатканьня з казакамі. Яны нацянькі скакалі да рабочых наператоч, але ніхто не пакінуў радоў. Маніфэстацыя пасувалася наперад, і яе напорыстасьць спыніла казакаў; тыя зьмяшаліся ў кучу і павярнулі ў бакавую вуліцу, дзе чулася тая-ж марсэльеза. Рыгор з агідаю паглядзеў ім усьлед і адвярнуўся наперад — ішоў трамвай, а яго спынялі. Жалезным ланцугом аперазалі яго рабочыя з усіх бакоў, высадзілі публіку і тут-жа прыняліся валіць з рэек. Рыгора забрала хэньць пасобіць гэтаму. Ён цьвёрдым крокам накіраваў да пярэдняе пляцоўкі вагона. І ў момант, калі яго рукі выцягнуліся наперад, ён пачуў ззаду сябе:

— Рыгор! Таварыш Нязвычны!

Ён спыніўся і азірнуўся. Тут-жа, чуць ня поплеч, стаяла Ганна. Рыгор сумеўся ад нечаканасьці, адвёў рукі і некалькі хвілін ня ведаў, што сказаць.

— Якім чынам? — запытаў яе.

Але яго пытаньне мігам расплылося ў гучным «ура» грамады, паваліўшай вагон трамваю. Толькі хвілін праз пяць, калі грамада заціхла, Ганна ўзяла Рыгора пад руку і праказала:

— Не пазнаеш?

— Цябе?

— Ганны.

Грамада закалыхалася, веерам разьбягаючыся ў бакі — зноў несьліся казакі. Рыгор з Ганнаю кінуліся ў бліжэйшы двор.

— Якім чынам ты тут? — паўтарыў Рыгор першае пытаньне, калі яны спыніліся ля жалезнае брамы.

— Не чакаў?

— У гэтых умовах — ня думаў… Прымха…

— Я чула нутром, што ты ў асяродку забастовачных падзей…

— Ты… чула… нутром?..

Гутарка не вязалася як сьлед — уплыў вакольных абставін адцягаў Рыгораву ўвагу ад інтымнага пачуцьця спатканьня. Яму не стаялася пад скляпеньнем аркі, а прагло на вуліцу. Але прысутнасьць Ганны перашкодзіла. Нявыразна, а яе істота давала сябе адчуваць… І Рыгор, радуючыся, злаваўся ды непакоіўся; мэрам-бы знаходка ня поўнасьцю компэнсіравала згубу…

— Я табе перашкоджу? — нерашуча выказала Ганна.

— Ды не, што ты, Ганна! Я ашаломлены стыкам падзей сёнешняга дня! Прымха… Але ў гэткую хвіліну — на табе!

— Тое і ў мяне. Я ніяк не чакала, што трапіцца гэтак, як трапілася…

— Няўжо?.. Ну, ехала-ж некуды?

— Да цябе ехала… бач, да Пятруся…

Яны выйшлі з-пад двара і тут-жа ачуліся ў асяродку маніфэставаўшай грамадкі рабочых, выйшаўшай з-за рогу вуліцы. Ахопленыя рэволюцыйным уздымам, абое сталі ў першыя шэрагі маніфэстуючых.


VIII

СТРЭЛЫ ПОЛІЦЭЙСКІХ, накіраваныя ў пуцілаўскіх рабочых у адплату за іх солідарнасьць з бакінскімі забастаўшчыкамі, заглушылі сабою ваяўнічы шолам генэралаў, памешчыкаў, буржуазіі. Парады і тосты ў царскіх палацах і на рэйдах у гонар францускага госьця — ніклі пад хвалямі паўстаўшых ускраін сталіцы. Гукі «ура» «благавернаму воінству» гінулі ў магутных сьпевах марсэльезы. Гімн рэволюцыі панаваў у рабочых раёнах Пецярбургу. Яго баявыя тоны апяразвалі сталіцу сталёвым ланцугом. За Нараўскаю, за Маскоўскаю, за Неўскаю заставамі, на Выбарскай і на Пецярбурскай сторанах і на Васільеўскім востраве — усюды зьлітна, зьяднана маршыравалі грамады забастоўшчыкаў пад яе ўздымныя, бадзёрыя напевы.

Хутка водгукі марсэльезы пачалі пераносіцца праз шырокую Няву да буржуазных кварталаў цэнтру. Яны ўрываліся ў царскія палацы, у будынкі ўрадавых устаноў, у залі банкаў ды контор, у рэдакцыі буржуазных газэт. На старонках газэт чарней і буйней выпукляліся літары паведамленьняў пра «хаду забастоўкі», аб «працягу непарадкаў».

Думкі і пачуцьцё мільённага жыхарства ўстраміліся ў бок затухлых халодных комінаў на рабочых ваколіцах сталіцы. Хатнія падзеі ненарокам затрывожылі падвостранага міжнародным становішчам абываталя. Куды ўсё гэта накіруецца і да чаго прывядзе? Гэтыя пытаньні неадвязна мятусіліся ў думках соцень тысяч пецярбуржцаў. Яны вырасталі да жахлівых зданьняў, калі слупкі газэт дзень-на-дзень падносілі ўсё большую лічбу забастоўшчыкаў. За іх гушчаю прападалі ўражаньні ад падзей, якія набліжалі сабою сусьветную вайну. Ультыматум аўстрыяцкага ўраду бліснуў на пецярбурскім небасхіле і зьнік у полымі забастовачных здарэньняў. Гэтыя здарэньні, вачавідкі прымалі ўсё вастрэйшую форму. І глыбейшы сэнс. Ад маніфэстацый і сутычак з казацкімі патрулямі яны абярнуліся ў спыненьне трамвайнага і чыгуначнага руху, у бомбадыраваньне фабрык і будаваньне барыкад. Часова аб Пуанкарэ ўсе забыліся: дзе і што ён — было аднакава. Няхай дапівае апошні кубак за ўзмацненьне дружбы буржуазнай Францыі з самадзяржаўнай Расіяй. У баку ад гэтага куецца іншым чынам, іншая дружба — дружба між працоўнымі народамі абедзьвюх краін…

Рыгор дзень-у-дзень, на працягу тыдню, не пакідаў вуліцы. Усюдых, дзе толькі трапунак прыводзіў да складаных выпадкаў, багатых у зацяжнай забастоўцы, ён знаходзіўся сярод першых. Спынка трамваю, падпілоўка тэлеграфных слупоў і перарэзка тэлеграфнага дроту — не абыходзіліся бяз Рыгора.

Не прапусьціў ён далучыцца і да атраду сьмельчакоў, запёртых у доме на Ломанскім завулку і адважна дзень і ноч адбіваўшых напады казакаў і поліцыі. Першым займаў ён рызыкоўныя месцы, бадзёрыў таварышоў і адстрэльваўся з урачыстаю заўзятасьцю. Але ўвесь эпізод з захопам дому і са змаганьнем за яго былі бязумствам храбрых. Дзесяткі ахвяр вянчалі яго геройствам, тоячы ў сабе ападаньне забастовачнай хвалі. Апошняя перамога самадзяржаўя гнала з акрываўленых сьцен дому рэшткі мужных змаганцаў. Рыгор быў сярод іх, раззлаваны на ўвесь сьвет і на самога сябе. Ён ціснуў у кішэні ненабіты рэвольвэр і, тулячыся між сьцен будынкаў Сампсоніеўскага, скардзіўся.

Бліснула роспачная думка: «Тыдзень наступалі, дабіраючыся да гэтага будынку, а ў адну пору перайшлі ў адступленьне».

Але глыбіня трагедыі мясьцілася ня ў гэтым: яна выпірала з факту правалу забастоўкі. Значыць, не хапіла патрэбных сіл, каб перавярнуць гісторыю грамадзкага жыцьця.

І там, вунь, дзе разгортваецца прамень празрыстае электрыкі, у асяродку буржуазных кварталаў, уздыхаюць з палёгкай. Наноў хлынуць уздоўж Неўскага весткі пра вайну. Газэты аднясуць радкі пра забастоўку ў хроніку трэцяй старонкі… Не магчыма!.. Няўжо забастоўка зруйнавана? Вось, — вакола пустыя вуліцы. Прытоена маўчаць гмахі фабрык ды заводаў. Стухшы ліхтары на спынках паравіка. І ва ўсім — сум па згубленым.

Рыгор моўчкі спыніўся з двума таварышамі пад брамаю рагавога будынку. Узьнятае хваляваньне ня пускала адчыніць рот для вымовы слоў. Нутро цяжыла нявыразная жагучая млосьць. Утраіх глядзелі яны ў бок Ломанскага завулку. Там ідзе расправа?.. Зьнянацку для іх пачуўся цьвёрды тупат шагоў і выразны, сьмелы выгук: «Пятрусь, пачакай!» Яны хутка выйшлі з-пад брамы на тротуар і паглядзелі ў бок выгуку. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком проспэкт.

— Пятрусь? — гукнуў Рыгор.

Фігуры спыніліся. І толькі праз хвіліну Рыгор з таварышом пачулі:

— Рыгор?

— Я. Вы адкуль? — падаў Рыгор.

Тыя не адказалі і накіравалі да Рыгора з таварышамі.

— А вы чаго тут? — запытаў Пятрусь, падышоўшы і ня верачы, што перад ім сапраўды Рыгор.

— Мы…

Рыгор намерыўся тлумачыць, але мусіў спыніцца: дзесьці недалёка заляскаталі па бруку конскія падковы — ехаў аб’езд. Яны цішком падаліся да брамы, пад якой стаяў дасюль Рыгор з таварышамі.

— Няўжо іх чорт пагоніць сюды? — шэптам праказаў Пятрусь.

— Аблава, напэўна…

Але яны змоўклі і настаражыліся. Тупат конскіх шагоў нейкі час падбліжаўся, пасьля раптам зьнік. Было відаць, што разьезд завярнуў у бліжэйшы завулак.

— Цяпер можна рухаць далей, каму куды трэба, — выказаў Рыгор, і не пасьпеў ніводзін з іх крануць з месца, як ён дадаў:

— Дык вось, браткі, значыць мы прайгралі забастоўку.

— Чаму? — запытаў адзін з тых, што ішоў з Пятрусём.

— Ня верыш? Во, глядзі на нас… Мы — рэштка абаронцаў дому на Ломанскім… Астатнія хмаркі расьсеянай буры.

— Здаліся?

— Папрабуй ня здацца…

— Разумею…

— Дык і ты ваяваў?! — зьдзівіўся Пятрусь.

— Так, цэлую пору ваяваў… А ты думаў?..

— А я думаў, што ты даўно ў «Крэстох». Цэлых тры дні не паказваўся…

Рыгор матнуў рукою.

— Было-б лепей, каб хоць пазьней убачыцца, але пры лепшых умовах…

— Не ад нас з табою залежыць… Вось мы з Пецярбурскае стараны… Калтаўскую мануфактуру руйнавалі…

— Усё-ж забастоўка, браткі, пакажа… пакажа агромную сілу рабочых гушч. Не скажы, таварыш, — выказаў другі з Пятрусёвых спадарожных.

— Ды я разумею, толькі… калі адгукнецца яна?

На рагу аднаго з завулкаў яны спыніліся.

— Ну, нам дваім сюды, — сказаў Рыгор, — будам зьбіраць сілу на новае выступленьне, — дадаў ён.

Яны разьбіліся на тры часткі. Рыгор астаўся з Пятрусём.

— Ня выходзіць па-нашаму, — праказаў Пятрусь.

— Ня выходзіць… Я ўжо думаў, хоць стану ахвярай, абы… Успамінаў цябе пад стрэлы браўнінга… І Ганну… Выйдзе!..

— Ганну? — зьдзівіўся Пятрусь.

— Так, я стрэўся, нарэшце, з Ганнаю…

— Калі?

— Надоечы…

— Стрэўся і на гэтым скончана?

— Маніфэставаў разам… Абяцала прыйсьці, і тады я наведаю з ёю цябе.

— Прашу…

Тры стрэлы дзесьці ў баку заключылі іх гутарку.


IX

— ВО, ГЛЯДЗІ, ПЯТРУСЬ, што піша «Біржоўка»… Подлыя… «Забастоўка ідзе на вубыль…» «Настрой рабочых заспакойваецца». «За Маскоўскаю заставаю частка баставаўшых варочаецца на работу…» Ці-ж я не казаў? Самадзяржаўе цяпер так зацісьне зашмаргу на нашай шыі, што толькі сумей дыхнуць… Пад настрой вайны прапіша такую мікстуру, ажно, браце ты мой…

Рыгор растрывожаным шагам тупаў па каморцы. У руках ён нэрвова камячыў «Биржевые Ведомости», спаганяючы на гэтай бульварнай газэце ўсю злосьць і нянавісьць да самадзяржаўнага ладу.

— Ведаеш, браток, — казаў ён далей Пятрусю, які ўвайшоў да Рыгора і нярухома стаяў каля акна: — я адчуваю сябе надзвычай дрэнна. Прачнуўся, паверыш, і жаднае хэньці ні да чога… Во… — ён зноў разгарнуў «Біржоўку»: — «Патрыотычныя дэмонстрацыі па ўсёй Аўстрыі». Вайна… Нідзе рабочыя не адгукнуліся на нашу забастоўку… Не падтрымалі нас і нашы ў другіх гарадох. Забачыш, усе, хочуць-ня-хочуць, залыгаюцца жалезным ланцугом і пойдуць на бойню… Сялянства адарвуць ад плуга, ад сярпа, ад цэпа… Закалышуць мястэчкамі і сёламі… Усё для інтарэсаў тых, хто прыслаў сюды Пуанкарэ, хто… А мы зноў на завод, зноў да варштату… Цягні, брат…

Рыгор іронічна ўсьміхнуўся.

— Затое ім забастоўка паказала, як небясьпечна іхнае наступнае… Ты паглядзі, — праказаў Пятрусь і рушыў з месца. — Я дзіўлюся… І цешуся, наколькі вялікаснаю ёсьць наша забастоўка… Бач, яна на некалькі дзён спаралюшавала ўсё жыцьцё сталіцы, сабрала вакол сябе ўсю грамадзкую думку і… і навяла не малога жаху… Я заўчора і ўчора аб’яжджаў рабочыя раёны — і ўсюды адно: заводы і фабрыкі — маўчок, а вуліцы — у нясупынных маніфэстацыях. У фабрычных кварталах рабочыя — гаспадары. Мізэрнымі і бязмоцнымі здаюцца і поліцэйскія і вайсковыя патрулі… Сіла, калі хочаш ведаць, магутная сіла… Мы адмецілі забастоўкаю адну рысу — гэта бязмоцнасьць сучаснага стану…

— Зразумела, — згадзіўся Рыгор. — А ўсё-ж у мяне ўчора вельмі балела сэрца, калі я мусіў уцякаць з абсаджанага дому на Ломанскім… Я зьбягаў па сходах, лез па трубе, а нешта нямоўчна шаптала на вуха: гэта расьпінаецца ваша агульная, рабочая справа…

— Так, балюча, вядома, — рашыў Пятрусь. — Але… Мне здаешся ты іскраю, якая на хвіліну стухае, а то ўсё гарыць, пыхкае. Паверыш, я назіраю за табою і дзіўлюся: адкуль у цябе столькі запалу? Гэта-ж, каб ты прымеў, у гадзіну сьвет перакруціў-бы…

Рыгор ухмыльнуўся.

— Гэтулькі пакіпела, ведаеш… во тут… Прасачыўся да кончыкаў валос злосьцю і няпрыязьню да існуючага ладу… Праўдзівей, самы лад выпрацаваў з мяне вечнага ворага сабе… Бачыш: з дзіцячых гадоў пайшоў ў яго школу і да апошняга часу адукуюся… У выніку — давай Ломанскія падзеі… Ну, а сыйсьці з поля бойкі пераможаным — паверыш, цяжка…

— Я цябе разумею…

Пятрусь зноў спыніўся каля акна. Абое некалькі хвілін маўчалі.

У Рыгоравых руках шарпала «Біржоўка».

— Усё-ж, браток, нам зараз справы не паправіць… — перабіў маўчанку Пятрусь. — Пойдам, хіба, у горад, праведаем, як і што. Мо’ стрэнемся з кім… Ты піў гарбату?

— Піў, здаецца… Пойдам…

Рыгор адзеўся.

— Так, буржуазны друк папальле памый на нашы голавы… Прадажныя пер’і не мецьмуць сутрыманьня…

— Вось у тым та і рэч, ведаеш… Што-ж ты парадзіш…

— А ты, ласьне меў у воку інакшыя, чымсь ёсьць, вынікі з нашае забастоўкі?

— Я, зразумела, ня ждаў нашае поўнае перамогі, але яна вяла нас на змаганьне… Ты ня можаш выабразіць таго пачуцьця натхненьня, якое валодала мною ў абсаджаным будынку…

Яны выйшлі з пакою. На калідоры іх напаткала гаспадыня кватэры.

— І сёныня да другое? — жартліва кінула яна Рыгору.

— Калі хто пытацьме, скажэце, калі ласка, што а восьмай буду… А ўчора, часамі, ніхто ня пытаў?

— А хто-ж ведаў, дзе вы? — загадліва адказала гаспадыня і схавалася на кухню.

— Цікавая яна ў цябе кабета, — адазваўся Пятрусь.

— Ды мне ўсёроўна… Адно-б мне не перашкаджала… Ну, усё-ж ляпейшая твае…

Па сходах сышлі моўчкі. А ў дварэ Рыгор раптам успомніў пра Ганну.

— Я, здаецца, табе ўжо казаў, што меў выпадак стрэцца з Ганнаю?

— Казаў… Цікава…

— Перамянілася дзяўчына…

— Гутарыў?

— Ці-ж доўга трэба гутарыць — відаць…

— Можна павіншаваць?

З гутаркаю пра Ганну яны прайшлі да Сампсоніеўскага проспэкту і спыніліся.

Проспэкт не мяняў выгляду з дзён забастоўкі. Абапал тротуары і рагі ператочных вуліц ды завулкаў былі ўсеяны рабочымі. Сярэдзінаю проспэкту разьяжджалі конныя поліцэйскія патрулі. Сям-там паказваўся рэдкі рамізьнік, і толькі пагаварвалі пра пуск паравіка. На спынках яго стаялі грамадкі людзей, пазіраючы то ўлева, то ўправа.

— Мы пройдам да трамваю, ці таксама пачакаем паравіка? — запытаў Рыгор у Пятруся.

— Па-мойму, ляпей прайсьці да клінікі Вільле…

— Давай…

Яны завярнулі налева і пайшлі ўсьцяж проспэкту. Не даходзячы да трамвайнай спынкі, стрэліся з агульным знаёмым з заводу, які, запыніўшы іх, паведаміў:

— Што-ж, па нядзелі на працу.

— Ужо вырашана? — дзівіўся Рыгор.

— Яшчэ не аформлена, але бадай-што… Чаго-ж чакаць… У іншых раёнах заўтра пачынаюць варочацца на работу… Дзе-ж тут болей… Досыць… Скончана, зноў будні.

— Ну, а нараду склічам?

— Павінны…

Знаёмы разьвітаўся і пайшоў ад іх. Рыгор з Пятрусём падышлі да трамвайнае спынкі і зьмяшаліся ў натоўпе чакаючых.

Падзеі забастоўкі служылі тэмаю агульнае гутаркі. Уражаньне ад яе пакуль моцна сядзела ў голавах пецярбуржцаў. З пачуцьцём зьдзіўленьня, а то і жаху перадаваліся рознастайныя эпізоды з выступленьняў рабочых. Да сапраўднасьці дадавалася шмат фантастычных рысаў. Увогуле, аднак, людзкая пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы героічнасьці. У большасьці тых, хто быў заняты гутаркаю пра іх, чулася выразная спагада да рабочых і іх чыннасьці. Спыненьне Прыморскае чыгункі, бомбадыраваньне фабрычных будынкаў, абварочваньне трамваяў — перапляталася з сакавітасьцю расказу ў рознастайных варыяцыях пра братаньне забастоўшчыкаў з францускімі матросамі, пра сумесны іх напад на казакаў. Вялікае месца ў гутарках чакаючых адводзілася ўзброенай сутычцы на Ломанскім завулку. Асада поліцыяй і войскам агромністага будынку, заселенага рабочымі, прымала адценьне сьвежай легендарнасьці. Пасылалася спачувальная павага «невялікай грамадцы баявікоў, якія цэлую пару адбіваліся ад многалікага войска». Рыгор з асалодаю прыслухоўваўся да кожнага сказу, што ён датыкаўся Ломанскіх здарэньняў. Бач, нейкая доля і яго заслугі была ў гэтым. Але Рыгора цешыла не пачуцьцё гонару, а адбітак падзей у людзкім адзнаньні. Тон і мотывы водгуку на забастоўку сьведчылі Рыгору, што яе выбух быў на многа значнейшым, ніж аб тым ён заключаў. Калі-ж яно так, то можна ружавей глядзець настрэчу будучаму.

— Трамвай! — гукнуў Пятрусь.

Грамада зарухала, націснула да рэек.

— Сядай на пярэдні вагон, — падаў Рыгор.

І толькі трамвай спыніўся, ён спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Яго націснулі і ўтаўхнулі ў вагон.

— Цішэй, грамадзяне! — прагукаў ён і абярнуўся назад.

Абярнуўся і ахнуў у задзіўленьні — на яго напірала Ганна.

— Рыгор!

— Гэта ты? Што за дзіва, зноў-жа тут… зноў у трамваі. Ха-ха-ха! Якім чынам?.. Пятрусь, а? — гукнуў ён.

Публіка паглядзела на Рыгора з усіх бакоў.

— Шша-а, ці ты маеш лад? — прыпыніла Ганна.

Пятрусь падняў палец, зьвяртаючы на сябе Рыгораву ўвагу.

— Сойдам на Каменаастроўскім, ці паедзем да Неўскага? — прагукаў зноў Рыгор.

— Да Неўскага…

Яны ўселіся з Ганнаю побач…

— Прызнацца, добры кавалак прайшла пяшком… Усё не магла дачакацца паравіка…

— Адкуль-жа ты зараз?

Яна засьмяялася.

— Была ў Пятруся; хацела з табою спаткацца… А ты, вось, надоечы і адрасу ня мог паведаміць… Перабраўся ад Пятруся, а людзям — шукай…

— Няўжо я табе ня даў адрасу? — зьдзівіўся Рыгор.

— А то-ж бы я лішніх вёрст дзьве мерала горад… Туды, праўда, заехала, а адтуль — чакала-чакала паравіка і не дачакалася… Мусіла ісьці. А шостай гадзіне трэба ў контору…

— Чаму-ж дагэтуль вольная?

Газэта сёньня ня выйшла; друкары забаставалі…

— Магчыма і заўтра ня выйдзе, ці выйдзе?

— Ня ведаю.

— Бачыш, і ты забастоўшчыца, хоць і не па сваёй волі…

Суседзі згаворна паглядзелі на Ганну і здаволена ўсьміхнуліся.

— Я-б баставала з гэткаю ахвотаю, як бастуеце вы самі…

— Няўжо?

— Вось якраз…

Ужо да сьмеху суседзяў далучыўся і Рыгор. Але ў яго ўхмылцы адсьвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Рашучасьць і ўверанасьць, з якімі тая выказала свой сказ пра забастоўку, выклікалі яго павагу да яе.

— Магчыма, маніфэставалі-ж разам, — паіронізаваў Рыгор.

Ганна адчула гэта, але не адказала нічога — па трамваі пранёсься нечаканы вокліч кондуктара: «Гаспада, трамвай ідзе да Марсавага поля. А там можна перасаджвацца на любы, які кіруе да Неўскага».

На спынцы яны сышлі першымі.

— Варушыся спрытней, — пацьвяліўся Рыгор з Пятруся, які прапускаў наперад сябе дзесяткі пасажыраў.

Пятрусь зьлез перадапошнім і моўчкі падышоў да Рыгора з Ганнаю.

— Пазнайцеся, Ганна, мой таварыш і зямляк — Пятрусь.

— Я ўжо вас заўважыў у вагоне, — падаючы руку Ганьне, праказаў Пятрусь.

— А я колькі разоў у вас была і ўсё не магла вас убачыць… Нават і сёньня таксама… Вы мэрам знарок ад мяне ўцякаеце…

— Вы былі ў мяне?

— Так, ужо каторы раз…

— Цікава і шкада, што вы не засталі мяне ні разу.

Яны рушылі праз Марсавае поле, не пакідаючы рэзвае, бойкае, улучнае першаму спатканьню і першаму знаёмству гутаркі. Пятрусь уважліва аглядаў таварышову знаёмую з ног да галавы, з адбіткам нязжытай провінцыяльнай цікавасьці зазіраў ёй у вочы і… нясьціхана сыпаў пытаньнямі. Ганна адразу зрабіла на яго выгаднае ўражаньне; ён вачавідкі захапіўся ёю, як чалавекам і таварышом. Ганна падкупала Пятруся гаворкасьцю, рэзвасьцю і востраю пілявасьцю. Ад яе нясло дасканаласьцю стойкае, вымуштраванае жыцьцём асобы. Ніякім чынам нельга было параўнаць з Ганнаю хоць любую сілцоўскую дзяўчыну, у тым ліку і Гэлю… Ды што Гэлю? Апошняя наогул выглядала ў Пятрусёвым ваччу нясталаю, лёгкадумнаю асобаю. Яе выезд з Сілцоў і паступленьне ў тэатральную трупу сьведчыла за гэта. Фактычна Пятрусь ужо месяцаў са два, як кінуў з Гэляю ўсякую перапіску. Гэля стаяла далёка ад Ганны! Пятруся цікавіла, чаму так аднакава адносіцца да спатканьня з ёю Рыгор. Няўжо ён не знаходзіць у ёй таго, што становіць кабету на належную вышыню? Вось хоцькі-б і тут, калі яны ўтраіх ідуць Марсавым полем — Рыгор заўзята маўчыць. Гэта-ж не з дабра яно так!

— Ты-ж пра вошта думаеш так моцна? — запытаў раптам Пятрусь.

Рыгор паглядзеў на яго і ўверана адказаў:

— Наглядаю за гарадзкім рухам і пазнаю, чым ён аддае.

— І што-ж выявіў ты, пакуль прайшлі поле?

— Мне здаецца, што наша забастоўка палажыла адбітак на ўсім, што ёсьць жывога ў Пецярбурзе… І гэты адбітак ня можа хутка згладзіцца…

— Так… Я ўжо чуў ад цябе нешта падобнае…

Пятрусь павярнуўся да Ганны.

— Чуеце?

— І я ўжо чула пахожыя на гэта ноты, — адказала Ганна. — Рыгор мастак на іх выцінаньне…

І праз колькі хвілін дадала:

— Усё-ж яны падабаюцца мне…

— Нават? — падхапіў Рыгор.

— Ня хлушу…

Пятрусь заўважыў, як яна гасьцінна пахілілася да Рыгора, але не паказаў знаку. Ён агледзеўся навакол і запытаў іх:

— Ці не пара было-б паабедаць?

— Бадай што.

Яны прайшлі Садовую і ачуліся на Неўскім. Проспэкт зірнуў на іх ўсёю ўласьціваю яму вялікасьцю. Па іх прабегла электрычная іскра ўрачыстай настарожанасьці. Думкі вырваліся з галавы і завіхрылі ў скрутным, зацягаючым руху паводкі людзей, трамваяў, аўтомобіляў, рамізьнікаў. Гул і шолам абвісьлі над імі пластом рознастайных гукаў, трэску, звону, бразгу. Адчувалася віравое кіпеньне жыцьця, адкуль цяклі яго жэралы ва ўсе куткі вялікага гораду.

Хутка ліюодзкая хваля хлынула на іх і пагнала па сабе ў бок Анічкава маста, на пекныя фігуры якога глядзелі з рагавога дому завучыя словы: «Вэгетарыянская сталоўка».

Была чацьвертая гадзіна па паўдні, калі Рыгор з Пятрусём, правёўшы Ганну на службу, селі ў трамвай, каб вяртацца дамоў. Неўскі абодвух авеяў настроем прадваеннае трывогі. У распаленым паветры малявіліся жывыя абрысы яе блізкага, неадмоўнага прыходу. Водгукі забастоўкі, якая дагарала, раставалі ў хмурых разорах вуліц, што вялі да фабрычных раёнаў. Нядаўні настрой выразнае жахлівасьці, які ачула ціснуў на Неўскі натоўп, зьмяняўся ў ім заўсёдашняй ганарліва-задзёрыстай нядбайнасьцю. Вось яна ўплыла ў вагон трамваю, выклікаючы ў Рыгора з Пятрусём агіднае самапачуцьцё.

Хутчэй на той бок рэчак, у суворыя абставіны свайго, рабочага раёну!..

І толькі трамвай крануў з месца, як да іх вушшу данёсься зычны, выразны крык газэтчыка: «Забойства Жана Жорэса ў Парыжы!». Каму «Вечерние Биржевые»?

Рыгор уздрыгануўся і спалохана паглядзеў на пляцоўку. Там стаяў нелапы хлапчук, перадаючы сьвежыя газэты пасажырам. Да яго працягалася з дзесятак рук і чулася наперабой: «Мне газэтку», «дайце «Біржоўку», «сюды дайце».

— Чуеш, Пятрусь, Жорэса забілі?

Пятрусь пазваў газэтчыка.

— Вось табе, браток, дык навіна! — заўважыў ён, застыўшы ўзрокам на буйных радкох жудаснага паведамленьня з Парыжу.

— Буржуазія здымае перашкоды на шляху да свае праступнае чыннасьці…

Трамвай імчаўся Марсавым полем…


X

РЫГОР ПРАЧНУЎСЯ і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзеньне фабрычных сырэн. «Зноў пачынаюцца будні», — праказаў ён сабе і тут-жа перад ім мігнула яскраваю істужкай нізка апошніх падзей. Мястэчка Смагін, яго ўцёкі ноччу, дарога ў Пецярбург, вобраз гораду, спатканьне з Пятрусём, з Ганнаю, забастоўка, Сампсоніеўскі проспэкт, Ломанскі завулак, бойка з поліцыяй і салдатамі, братаньне з францускімі матросамі і… учарашняя сходка ўпоўнаважаных ад цэхаў з выразным і канчатковым рашэньнем — заўтра аднавіць работу. Цэлая багатая гісторыя на зусім кароткім адрэзку часу. Сьвет на момант завіхрыўся, сягнуў да неба і тут-жа зьнізіўся, апаў. Наперадзе — цёмная нявыразнасьць, крывавае бяздоньне ўсякіх магчымасьцяй. Як яны пройдуць між Рыгоравага жыцьця, чым адаб’юцца на яго лёсе, куды павернуць яго жыцьцёвы шлях? Калі-б азірнуцца назад, то не ўявіць поўнасьцю яго крутых, хілкіх завілін, не ўясьніць рашучасьці сьмелых пераходаў. Няўжо тое і ў будучыні? У кожным разе яно, гэта будучае, страчае ў ім загартаваную, вытрывалую адзінку, перад якою разьляціцца не адна перашкода.

Рыгор сышоў з ложка і паглядзеў у акно. Палавое неба запягалася дымам фабрычных комінаў. Разам з паветрам западалі ў нос крупінкі сажы. Работа пачыналася. Адпачнуўшыя махавікі разганялі бег трансмісій, трансмісіі нацягалі рамні, і прытупленыя разцы пазіралі на апыленыя балванкі сталі… Вось-вось увап’юцца яны ў сталь і пачнуць выразаць завілыя бліскучыя стружкі. Разгорнецца шырокае наладжанае гатаваньне знарадаў на патрэбу вайны. Цэлымі стосамі выкідацьмуць іх варштаты, перасылаючы ў прыгатаваныя скрынкі для адпраўкі на фронт. У кожным знарадзе — сьмерць некалькі чалавек, разбурэньне, пажары. А між тым іх гатавацьмуць яны, рабочыя, якія ўчора яшчэ, заўчора падавалі свой магутны протэст супроць пануючага ладу, супроць вайны і забойства. А сёньня, а заўтра?.. Якая заблытанасьць у жыцьцёвых зьявах! Які сплёт вострых супярэчнасьцяй!

Рыгор пададзеўся, абмыў твар і папрасіў гаспадыні даць гарбату. Гаспадыня неадкладна выпаўніла просьбу, моўчкі ўвайшоўшы ў Рыгораў пакой і моўчкі выйшаўшы з яго. Нават не паглядзеўшы на Рыгора, мэрам-бы яна была дзеравянаю і ўсё рабіла па заводзе. Для Рыгора гэта гаспадыніна маўчанка была па настроі: ён, не патураючы на нічога, у абдыме раздумаў, прысеў да стала і пачаў піць гарбату. Неахвотліва лезла ў горла пачарствеўшая булка з пажоўклым маслам; але ня есьці — ня мог; самы процэс яды гармонаваў з перабегам думак у яго галаве — як-бы дапаўняючы цеганіну разважаньняў. Нават не глядзеў на тое, што стаяла ў яго пад носам, а бегаў узрокамі па сьпенках пакою, перакідаў іх за акно. Няўпрыкмет спыніўся на нейкай портрэтцы, якая вісела на сьценцы над рагавым круглым столікам. І портрэткі і століка Рыгор да гэтага і не заўважаў. Чаго яны тут і на вошта? На портрэтцы — чыясьці мілавідная галоўка… Рыгор падняўся з шклянкаю ў руцэ і падблізіўся да сьценкі; так, якаясьці дзяўчына. Хто яна? Ён матнуў рукою, пасьмяяўшыся з сябе за руплівую цікавасьць, і адышоў. Але тут-жа навярнуўся яго выабражэньню вобраз Ганны… Яскравы, напружаны… Дзе яна зараз? Перапісвае формы? Ці можа бастуе? А ну-ж няўшманкі стукне дзьвярыма і апыніцца ў яго пакоі? Няхай-бы…

Ён паглядзеў навакола сябе — было яксьці няпрытульна, негасьцінна. Накідана паперы, нацярушана на стале. Няўжо гаспадыня не прыбірала?

Рыгор дапіў гарбаты і наліў новае. П’ючы успомніў пра лісты: трэба напісаць мацеры, Сёмку. Выбухнула ахвота да пісьма — і, здаецца, пісаў-бы многім, многім… Гэтулькі ёсьць пра вошта пісаць… Сроль, Наталя… Ды дзе-ж яны абое? Сролеў адрас мэрам-бы ў Рыгора меўся… Толькі дзе ён яго запраторыў? Рыгор падышоў да сьцяны, дзе вісела жукетка, выняў з кішэні нататку і пачаў гартаць. Няма! Ня было і Наталінага. Цікава, аднак, дзе-б магла быць Наталя?

— Можа падабраць пакой? — запытала з калідору гаспадыня.

— Прашу вас.

Гаспадыня ўвайшла з анучкаю ў руках, ужо руплівая і вёрткая.

— Што-ж вы сёньня дома ўвесь дзень? — запытала Рыгора, — ужо-ж забастоўка скончана.

— Так, скончылі, — задуменна адказаў Рыгор.

— Пара, пара ўжо, годзі-ы… баламуціць сьвет…

— Вы супроць забастоўкі?..

Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні — яна прыйшла ня к часу. Праказаўшы, ён папрасіў прабачэньня і выйшаў з пакою. Бязмэтна прайшоў на кухню, адчыніў дзьверы і паглядзеў на сходы. І калі вярнуўся да сябе — гаспадыня прычыняла дзьверы.

— Калі ласка, ужо гатова, — праказала яна і шмыгнула на кухню.

Рыгор пасьпешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Першы — мацеры ў Сілцы. Кароткімі, нязьвязнымі сказамі, бяссыстэмнай навязкай думак — сьпісаў дзьве палавінкі пісьмовага аркуша і палажыў у конвэрт. Сьледам — ня болей, Сёмку. Мацеру суцяшаў і абяцаў падмогу, у Сёмкі прасіў падрабязнага апісаньня сілцоўскіх падзей. Хопіць? Гэта Рыгора не заняло, бо, нарэшце, ён схамянуўся і намерыўся наведаць Пятруся… «Сапраўды, амаль ня цэлы дзень у хаце! Магчыма, Пятрусь ужо аб’ехаў горад і назьбіраў процьму навін… А тут і газэты ў руках ня было…» Рыгор заварушыўся; мігам адзеўся, забраў напісаныя лісты і стралою вышмыгнуў з пакою.

Рыгор быў на дварэ, калі Рыма перагарадзіла яму дарогу да варотцаў.

— Рыгор, я да вас! — палахлівым голасам праказала яна.

— Калі ласка! Пойдам наверх.

— Не, тут… Я з сумнаю навіною да вас… Ці вы ня чулі хіба? — перарыўна запытала Рыма.

Рыгор вытарашчыў вочы і ўпарта паглядзеў на дзяўчыну.

— Якія навіны?

— Учора вечарам… Пятруся арыштавалі… Я толькі з яго кватэры — проста да вас…

— Пятруся арыштавалі!.. Ці ня ў зьвязку са сходам упаўнаважаных?.. — устрывожыўся Рыгор. — Што вы кажаце? Гм? Як-жа быць? Як і што? Раскажэце…

— Так, вось… Учора а дванаццатай гадзіне ночы, а можа пазьней, прышлі на кватэру і… А сёньня абвешчана ваеннае становішча… Чаго добрага…

— Вы былі ў яго на кватэры?

— Не, гаспадыня прыбягала да нас…

Зьнянацкая навіна Рыгора ашаламіла. Ён ня ведаў, куды накіраваць думкі. Арышт Пятруся нёс з сабою цэлы шэраг зьмен нядаўна апрацаваных плянаў, перакомбінацыю стасункаў у штодзенным жыцьці. І разам з гэтым сьведчыў пра разьнятае поліцыяй наступленьне на рабочых.

— Цікава, пры якіх абставінах гэта адбылося! — казаў ён Рыме. — Мо’-б нам наведаць гаспадыню кватэры?

— Ласьне ад яе выпытаеш? Гэта-ж зараза — не чалавек… Што-ж, паедзем на кватэру…

Яны выйшлі з двара і пайшлі на Сампсоніеўскі проспэкт. Па дарозе Рыгор апусьціў у скрынку лісты.

Праз паўгадзіны яны стаялі перад брамаю дачы, у якой жыў Пятрусь. Гаспадыня Пятрусёвай кватэры загледзіла іх з акна і падала вокліч:

— Выбачайце, вы да Бока? Яго няма.

Рыгор з Рымаю спыніліся і паглядзелі на гаспадыню.

— Даруйце, нам трэба да вас, — праказаў Рыгор.

— Да мяне, гм… — гаспадыня завярцелася ў акне і адвярнулася на пакой.

Яны прайшлі ў двор, узышлі на ганак і пазванілі.

— А дзе Бок? — у прачыненыя гаспадыняй дзьверы запытаў Рыгор.

— Ён учора ноччу арыштаваны. Я-ж паведамляла іх, — паўшэптам праказала гаспадыня, паказваючы на Рыму. — Я лічу, што і вам небясьпечна сюды наведваць.

Гаспадыня намерылася зачыніць дзьверы. Рыгор яе перапыніў:

— На хвілінку, — дазвольце нам зайсьці ў яго пакой… Можа часамі…

Гаспадыня крыху памаўчала, пасьля запытала:

— А гэта для чаго? Не, я ня маю права вас пусьціць туды… Кватэра запячатана…

— Ну, мы-ж просім. Магчыма, Пятрусь што-колечы катораму з нас пакінуў…

— Я нікому нічога ня выдам, хоць і пакінуў, — настойвала на сваім гаспадыня.

Але яна ня выявіла актыўнага протэсту, калі Рыгор самавольна пераступіў парог на ўсходы. Саступіўшы ў бок, яна моўчкі прапусьціла наперад сябе Рыгора з Рымай, а сама пайшла за імі.

Усе ўтраіх падняліся ўгору і прайшлі да Пятрусёвага пакою. Гаспадыня спакойліва адамкнула дзьверы і паказала:

— Вось, як пакінуў, так і ёсьць… Прасіў прыберагчы ўсё гэта… Я прыберагу, як бачыце…

Рыгор з Рымаю ўвайшлі ў пакоік і агледзілі наўкола. Ляжала незасланая пасьцель; на сьцяне вісела будзённая вопратка. З буфэціка-шафкі выглядала неўпарадкаваная пасуда. На стале былі раскіданы кніжкі і газэты. На відным месцы з асяродку белага поля паперы выглядала мужная галава правадыра францускіх соцыялістаў — толькі-што забітага Жана Жорэса.

— Жан Жорэс? — з трывогаю ў голасе запытала Рыма.

— Ён… Ахвяра драпежнай буржуазіі, — адказаў Рыгор і павярнуўся да выйсьця.

— Пятрусь вам заплаціў за пакой? — запытаў ён гаспадыню.

— А ў нас свае разьлікі; не пасварымся… Абы ён вярнуўся, — адказала спагадліва гаспадыня. — Ня можа-ж ён доўгі час быць арыштаваным.

— Мы ад сябе папросім вас прыберагчы, што ёсьць Пятрусёва, — сказаў Рыгор.

Гаспадыня правяла іх да дзьвярэй і запэўніла:

— У мяне нічога ня згіне, абы… Бывайце…

І яшчэ ня змоўк гаспадынін голас за дзьвярыма, як з вуліцы ўварваўся на ўсходы зычны голас газэтчыка:

— У Кіеўскай акрузе абвешчана мобілізацыя трох узростаў… Францускае войска адпраўлена на ўсходнія граніцы рэспублікі…

Яны накіравалі усьцяж вуліцы, на пагрозны, няўмоўчны пярэкліч газэтчыкаў.

Частка чацьвертая

[правіць]


ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ



I

ТОЙ, ХТО яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасьць вайны, кінуў сябе супакойваць. Не знаходзілася жадных адзнак мірнага вырашэньня заблытаных пытаньняў міжнародных суадносін. Усе падзеі шпарка каціліся да крывавага разьвязваньня. Кожная новая вестка з Вены, з Бэрліну, з Парыжу, з Белграду — мела ў сабе ўсё меншы проблеск надзей на мірнае вырашэньне пытаньня. Ды каб, выпадкова, і трапіла заспакойваючае паведамленьне, яму-б ніхто не паверыў. Вайны напружана чакала буржуазія, захопліваючыся яе прадчуваньнем. Трывога дала месца яе жывёльнаму пачуцьцю, якое выклікала рознастайныя думкі, аналізы, прароцтвы. Разгойданы горад драбніўся на невялікія пласты людзей, з якіх многія ўглядалі ў надыходзячай вайне тыя ці іншыя выгады.

Па нагрэтых панэлях расфуфыранага Неўскага панясьліся задзёрыстыя выгукі наконт закіданьня шапкамі «праціўнае нямчуры». Ненатланныя апэтыты спэкулянтаў, банкіраў, растаўшчыкоў адчувалі тлусты пах нажывы на пастаўках, зьдзелках, калькуляцыях. Генэралы і задзірыстае офіцэрства прэторыянскае гвардыі — замарыла ордэнаў, нагарод, ганаровых званьняў. Чорнасотніцкія паўзуны ўзьнясьліся думкамі пра «славу ды перамогу расійскага самаўладзтва». Кісла-лібэральная інтэлігенцыя ўспомніла «врата Цареграду», «братоў славян» і засьлюнявіла старонкі прадажнае прэсы дзьмутым мужствам «доблеснага воінства». Адыгрываючы ролю «опозыцыі яго вялікасьці» і ўжарты праводзячы пальцам па мапе граніцу Расіі ад Пецярбургу на Вільню, Кіеў і Адэсу, лібэралы зараз выкінулі лёзунг міжнацыянальнага яднаньня ў змаганьні з «юнкерствам», «прускаю веншчынай», «тэўтонамі». Зашушукаліся па буржуазных рэдакцыях, у купецкіх і банкаўскіх салёнах пра новую місію расійскай прамысловасьці…

У адну суцэльную какафонію зьліліся галасы «Нового Времени», «Речи» і «Дня». Завіхрыла вакханалія мешаніны з прадажнага патрыотызму, з карыснасьці самаабароны і з дзікасьці нямецкіх пагромаў пад пяяньне «божа, цара храні». Ад Мілюкова да Распуціна, ад Меншыкава да Патрэсава, ад Мяшчэрскага да Гвазьдзёва, ад Мякоціна да Замыслоўскага — усё гэта пераблыталася, пераплялося ніткамі блуду, кламства, мізэрнага падхалімства…

Здань вайны несла ў сабе спадзяванкі бясьпекі буржуазным кварталам, палацам і асабняком ад падобных здарэньняў, якімі была яшчэ сьвежая забастоўка. Затапіць у рабоча-сялянскай коыві бурлівыя мары пра васьмігадзінны працоўны дзень, пра соцыялізацыю зямлі і фабрык, пра ўстаноўчы сойм і свабоду друку — вось у чым крыжаваліся думкі бюрократа-сэнатара, абжоры-банкіра, дзяржыморды-генэрала, шкурадзёра-памешчыка і баўтуна-лібэральнага інтэлігента… Да каляд пранесьціся форсаваным маршам да Бэрліну і ўвайсьці ў яго праз Брандэнбурскія вароты — вось у чым была асалода іх імкненьняў. У каго тады знойдзецца сьмеласьць падаць голас протэсту? Жандарскія шпоры заглушаць яго нашчэнт… П’янь перамогі заліе неабсяжныя палі змучанай, прыдаўленай краіны… Але, вось, кламцы і ліцамеры — яны затуманьваюць вочы абяцанкамі… Няхай усьміраць непакорнага немца, няхай абароняць «няшчасную Сэрбію» — і тады — Расія зажыве ляпей. Тады…

А цяпер?

Кідай, рабочы, кватэру ды сям’ю, селянін — саху ды каня, разлучайцеся з сям’ёю і нясеце свае галовы на аўтар бацькаўшчыны. Зрабіў пачатае, ці не, забясьпечыў бязмоцнае — ці кінуў на волю лёса — ідзі…

Мобілізацыя!

Па ўсіх гарадох, па ўсіх мястэчках і сёлах, засьценках і глухіх хібарках расклеены квадратовыя паперкі з пералікам галоў і катэгорый мобілізаваных. Раскіданыя ядынкамі, а мусам сьцягнутыя ў грамадкі, грамады і натоўп — памаршавалі з месца на месца, з канца ў канец дзесяткі, сотні, тысячы, мільёны… Бесьсьвядома і бесьпярэчна?

Несканчонымі лентамі разьліліся плач, енкі, рэчкамі — сьлёзы… Сум і жаль распластаўся цалуном над палямі незьмярымае Расіі.

Ці-ж заглушыць гук патрыётычных літаўраў чыстату і бунт мільённае скаргі?

Ці-ж пяройме паводку помстных сьлёз каламутнае пачуцьцё зданнага патрыотызму?

Ой, не! Ой, пільнуйся разбазыраны Неўскі, цябе затопіць раскалыханая хваля ваколічнае сілы… Яна скора прарвецца і ліне. Гэта будзе сіла ня дробнай кучкі падбітых гандляроў і пакорных чынуш з портрэтам Мікалая, разбураючы гмах на рагу Марское. Не…

Гэта будзе суд і помста…

Будзе, а пакуль… Восемнаццатае ліпеня адгукнулася гарматнымі стрэламі…

Вайна! Ужо падаюць знарады праз сіні Дунай, крышачы будынкі Белграду.

Вось! Вось!

Доўгая паласа паперы зьвесілася ў акне рэдакцыі суворынскае рэптыліі… Людзкі струмень, як вада, стрэўшая застаўкі, зьбіраецца ў бурлівую грамаду на рагу Неўскага і Садовай і сотнямі вачэй упіраецца ў няроўныя літары сьвежых паведамленьняў. З вуснаў у вусны, трывожна-жахліва і задаволена-кічліва, перадаюцца яны з вуліцы на вуліцу, з пляцу на пляц.

Людзкі віхор яшчэ болей разьюшваецца, мацней гудзе, шпарчэй паглынае прастор.

— Бедныя сэрбы! Дзе-ж іх каралеўская чэта жыцьме! — вылятае з тоўстых набраклых крывёю губ круглага гасьцінадворца…

— Барбары! Стары Франц з вума сышоў! — злуецца пруткаваты, худы, з бародкаю клінком, з кійком у руцэ, з філёзофскім выразам на твары, адвокат.

— А мы, як заўсёды, дрэмлем! Нямецкая рука арудуе ў нас пад бокам, — дадае яго сусед, з мінаю ісьціна-рускага купца.

Сьледам дзесяткі самаўвераных і ганаровых сказаў, сотні пагроз і столькі-ж ябедных, гіронічных жартаў — туляюць над бразгаючымі трамваямі, над шпарка езьдзячымі аўтомобілямі.

Жаднага сумненьня.

Раступаюцца натоўпы перад сівымі надутымі, бясчулымі генэраламі. На чырвоных крывавых лямпасах адбіваюцца нованароджаныя чаканьні і спадзяваньні.

Скончана пра ўсё іншае! Годзе сумненьняў…

Вайна прыйшла! Ужо атручана паветра порахам. Тысячы вёрст да Белграду, а чамусьці здрыгаюцца сэрцы няпэўнасьцю…

Вось, вось! Хто пільнуе гарматы, каб яны ня бухнулі над Нявою? Як справа з міннымі загарожамі пад Рыгай, Рэвэлем, Кранштатам? У забясьпецы? Напэўна! «Храбрае воінства»…

«Яго імпэратарскае вялічаства абвясьціла армію і флёт на ваенным становішчы!»

«У Кіеве абвешчаны прызыў ратнікаў першага разраду за 1911, 1912 і 1913 гг.!»

Гэтак пяе хор галасоў безьлічы юркіх, фаворных газэтчыкаў!

І весткі, што лятуць з дзесяткаў вуснаў — вострымі шпулькамі пранізваюць прагны на навіны людзкі натоўп. Поўнасьцю, дасканала аплёў яго атрутны подых вайны…

Але якое вайны?

Яскравае адчуваньне выпірае наповерх — вайны нязвычайнай.

Дагадкі, пляноўкі, раздумы знаходзяць трывалую падставу ў запхнутых далей вестак з Лёндону, з Рыму, з Токіо.

Няўжо-ж блытаніна законаў капіталістычнага разьвіцьця абмяжуецца двума-трыма краінамі? Яго моцныя сеткі ахуталі увесь сьвет.

Вайна прыйшла іх разбэрсаць. Разбэрсаць?

Уваходам у Бэрлін да каляд?

Захопам Дарданэльскай пратокі?

Разбурэньнем Сэрбіі?

Клубок нявыразнасьці носіцца загадкай над расійскай сталіцай.


II

ПЕРАПЛЁТ НАДЗВЫЧАЙНЫХ ЗДАРЭНЬНЯЎ, выбухнуўшых наповерх, як попел і лява з Вэзувія, шаламанілі Рыгора. Ён драбніўся на часткі, натужваючыся ахапіць іх веліч і глыбіню. Але губіўся ў іх заблытанасьці. Цьмяная нявыразнасьць скрадала яснату пэрспэктывы.

З заплясьнелых аналаў гісторыі паўставалі войны, непасрэдна цягнуўшыя за сабою рэволюцыі. Няўжо, калі ў жыцьці маецца падобны закон, ён абміне Расію на гэты раз? Ці для яго чыннасьці патрэбны асабовыя эпохі? Як-бы там ні было, а ў нявыразным наступным можна было вышукваць розных нечаканасьцяй.

Гэта тыя нечаканасьці, з якімі заўсёды гуляюць у жыцьці рознастайныя здарэньні, сябруюць і надзеі. Рыгор іх ня цураўся. Абданы надзеямі, ён знаходзіў палёгку і Пятрусёваму лёсу. Сядзеў-жа ён, Рыгор, калі паласа часу была зусім інакшай. Як-бы там ня было, а кожнаму ваяку трэба прайсьці гэту школу. Як ня ўтратны Пятрусёў арышт, усё-ж яму прыдасца. Астрог — політычная школа — Рыгор адчувае па сабе. Астрог — у той-жа самы час — і кузьня; Рыгор згодзен з другімі.

Таварышоў лёс атрымліваў палёгку ў Рыгоравым ваччу і таму, што ня мелася даных на зацяжны арышт. Магчыма Пятрусю інкрымінуюць удзел у сходзе упаўнаважаных — тады дадуць адміністрацыйную высылку з трыццацьма трыма пунктамі… А бывае і без таго…

Аднак падобныя развагі былі нятрывалымі: яны ня ўстойвалі перад наплывам таварыскага пачуцьця спагады. Якім ня быў Рыгор загартаваным ваякам, якою халоднасьцю не абдавала яго сэрца ў пытаньнях змаганьня — усё-ж Пятрусь займаў у яго нутры месца, вакол якога магла бліснуць сьлязіна сантымэнту. Няхай-бы Пятрусь праходзіў заводзкую школу, чымсь гэта яму надалі школу астрожную. А ці немагчыма, бывае, здарыцца так, што ён і ня вытрывае яе? І замест посьпехаў — набудзе разувер’е, страціць сілы. Так! Нікому шляхі не заказаны…

Вось-жа прыйдзе Рыгор на завод і ў ім не застане Пятруся. Вечарам пасьля працы яны ня сыдуцца ўдваіх і, як заўсёды, не абгавораць апошніх падзей. Ды колькі будзе марна страчаных плянаў хоць і дробнага штодзеннага жыцьця! Няхай-бы склаліся абставіны так, каб усё гэта знаходзіла сваё нормальнае завяршэньне… А яно — не… Не!

Рыгор ішоў на працу, адчуваючы сябе пераможаным, палонным.

Думаў, ідучы, што гэта яго шлях да пакоры перад тым, супроць каго выходзіў на супярэчкі.

Ішлі адзінкамі, па двое і другія рабочыя, але, чамусьці, на іх тварах не заўважна адбітку болю. Вось адзін размахвае рукамі і заліваецца сьмехам, калі другі яму патурае. Вунь трэці чытае ў засос сьвежыя навіны ў «Совремёнке» і на нішто не зважае. А яшчэ іншыя то пасьвістваюць, то жартуюць. Мэрам-бы нічога ніякага ня было — а дзесяцідзенная забастоўка не пакінула і сьледу. Будуць яхідна пазіраць на іх дырэктары заводаў і горда, звысака надзяляць сухімі сказамі. Ды павінны маўчаць? Го, не! Гэтага не! Было бяссумненна, што пачуцьцё пакоры ня вернецца.

Але пра гэта ня думалі — вайна перабівала ўсё. Пад яе ўражаньнем знаходзіліся і рабочыя заводу, і яго гаспадары. Нават тэмп працы падуладжваўся трывожасьці агульнага настрою. Машыны, якія тачылі знарады, захоўваючы ў кожным некалькі сьмерцяй, гэтыя машыны не маглі заглушыць сваім гоманам і шумам гутаркі рабочых. У праходах між станкоў, праз станкі кідаліся і адкідаліся руплівыя, уважныя запытаньні і адказы. Кожны і ўсе вязалі з імі пляны і дагадкі, страты і чаканьні.

Рыгор ад знаёмых дазнаўся, што не адзін Пятрусь паплаціўся арыштам. З ліку рабочых заводу ачуліся ў лапах поліцыі да дваццаці чалавек. Усю тую ноч, калі арыштавалі Пятруся, ішлі ўзмоцненыя трухі ў рабочых раёнах. Наладжваліся поліцэйскія аблавы.

Рабілася цікавым, як уцалеў ён. І разам з гэтым вырасла сумненьне, ці надоўга гэта. Не адначасна з Пятрусём, то сёньня, а заўтра, ці яшчэ праз дзень, і поліцыя наведае яго. Запросіць да Пятруся ў госьці, а там — чаго добрага — выплыве і Смагін, і Рыга. Падумаўшы — ня ўхмыляецца.

Рыгор надумаў колькі начэй не начаваць на сваёй кватэры. А вось мінецца гэта палоса. Але дзе знайсьці прытулак? Успаміналася Ганна. Зранку цьмяна, між іншым, а што бліжэй к вечару, яскравей і настойней. І выйшаўшы з заводу, ён сеў на першы трамвай і паехаў у горад. Ня думаў — будзе Ганна на кватэры ці не — рэшана і годзе. Што па-за гэтым — ня цікава.

У трамваі, бітком-набітым людзьмі, з якіх было многа рабочых, Рыгор прыслухоўваўся да гутарак. Вайна ў пераломе апошніх падзей — служыла асноўнаю тэмай. Адчувалася, што яна праняла кожнага чалавека, захапіла яго істоту. Старыя і маладыя, жанкі і мужчыны, вайсковыя і цывільныя, рабочыя і бюргеры-мяшчане — усе на розныя лады абгаварвалі бягучыя навіны дня. Паднімаліся спрэчкі, нясьліся доказы і абвяржэньні, выяўляліся настроі. Кішмя-кішэлі дзесяткі мотываў за вайну, за яе дачаснасьць і зусім слаба выплывалі варожыя ёй, але асьцярожлівыя словы. Гусьцела мешаніна, вінігрэт з людзкіх пачуцьцяў, настрояў, бязгрунтоўнай палахлівасці і беспадстаўнага задзёру. Гурт, гушчу, грамаду можна было разумець, бачачы яе ў бягучым трамваі, як нешта тлумнае, парванае на часткі, цьмянае і нявыразнае. Калі-б буржуазная філёзофія ня была пустою рэччу, патрэбна было-б ужыць яе пры вывучэньні зьмешчанай у трамваі кучкі людзей.

Рыгор пільна наглядаў і ўважліва слухаў гутарку, падобную на тлум. Магчыма, з гэтым і вылез-бы з трамваю, каб завярнуць на Пад’ячаскую, дзе жыла Ганна, і праз два крокі расьсеяць уражаньне, але раптам ускіпеў. Здаравенны, бочкаю пуза, якісьці, напэўна, буйны крамнік, нагальна перабіваючы агульную ўвагу, закрычаў: «Нямчура падкупіла жыдоўскую інтэлігенцыю і фабрычную басоту; нам трэба гэтыя плевелы выпаліць агнём». Некалькі жанчын спагадліва кіўнулі галавою. Болей — дабрадушліва ўсьміхнуліся. Хтосьці наперадзе гіронічна гукнуў: «Яшчэ выдумка!» А Рыгор са злосьці кінуў пузачу: «Вы пагромнымі лёзунгамі не адыграецеся!»

На Рыгора востра паглядзелі з усіх бакоў вагона. Пачулася некалькі пагражаючых выгукаў. Сярод іх Рыгор улавіў выразнае — «нямецкі агент». Сьледам двое якіхсьці асоб усхапіліся з месца і памкнуліся ў бок Рыгора. Што-б з гэтага выйшла, нельга сказаць, але Рыгор настаражыўся. Ён упорней паставіў ногі і сабраней настроіў узрок. «Толькі»… прамігнула ў яго галаве і абарвалася разам з агульнай увагай да ўсяго інцыдэнту.

З-за рогу Вядзенскай вуліцы хлынула раскіданая, як напалоханае стада, куча людзей. Трамвай спыніўся. Частка пасажыраў зьлезла. Праз адчыненыя дзьверы і вокны даняслося ў вагон дзесятак гукаў: «Шапкі далоў! Ура! Бо-ожэ-э, цара храні!» Было відаць, што гэта патрыотычная маніфэстацыя.

Рыгор убачыў, якім здаволеньнем засіяў твар трамвайнага таўсьцяка. І яму стала ня ўцерп сьмешна, калі гэты слонь замахаў праз акно капялюшом, вітаючы маніфэстантаў.

Сьледам, з натоўпу вылучыўся якісь чыноўнік і, падбегшы да бліжэйшага гледача, зьбіў з яго галавы нязьнятую шапку.

Рыгор мігам выскачыў з вагона і памкнуўся ў бок маніфэстацыі, але яго хтосьці схапіў за рукаў. Ён абярнуўся і ўгледзеў Рудольфа Шульца.


III

— КУ-У-ДЫ-І ТЫ? — запытаў Рудольф.

— А-ах!.. І надало-ж табе… — схамянуўшыся адказаў Рыгор. — Ці ты бачыў сцэну? Хуліганьнё-э!..

— Што-о, што вы сказалі? — перабіў Рыгора чыйсьці далёка не дружалюбны голас.

Рудольф тузануў Рыгора за рукаў і яны на два крокі адступілі ўправа.

— Хуліганства-а… — з тым-жа задзёрам адказаў Рыгор і не пасьпеў агледзецца, якое ўражаньне пакіне яго сказ, як яго шапка дугою мігнула ў натоўп.

Рыгор азірнуўся вакола сябе, але дзесятак твараў як-бы незаўважліва глядзелі ў розныя бакі. Зусім нельга было ўявіць, чыя работа з шапкаю.

— Сволачы! — праказаў ён, і ўспомніў пра шапку.

Рудольф працягваў яе Рыгору.

— Кінь, тут ня час і ня месца для тваіх спраў…

Яны павярнулі ад натоўпу і пайшлі ў бок ад маніфэстацыі. Апошняя з гікамі і шоламам, поўная пагромных разбойных настрояў, накіравала ўсьцяж Вялікага проспэкту напрамкам да Васільлеўскага вострава.

— Но што робіцца-а! А-ах! — Рыгор хапіўся за голаў.

— Самадзяржаўе на дражджах, — разважыў Рудольф.

Рыгор доўга ня мог супакоіцца. Толькі перавод Рудольфам гутаркі на іншую тэму адцягнулі Рыгора ад усхваляваўшага яго факту.

Рудольф паднёс Рыгору смагінскія навіны: арышт Сімена Галаса, і ад’езд Лібы ў Вільню.

— Абяскровілася мястэчка дарэшты. Мэрам-бы хто зачыніў вечка. І ўсё вайна. Перакруціла, перамалола.

— А ты даўно прыехаў?

— Учора раніцою. Прыехаў, ведаеш, поўны ўражаньня ад жудасных вобразаў мобілізацыі. Што-ой там чаўплося-а! У адзін дзень усё жыцьцё мястэчка згусьцілася, ці, праўдзівей, было сабрана, зьліта ў адно месца, на Згонішчы. І мужчыны, і кабеты, і старыя, і малыя, людзі і коні гулі, іржэлі, мятусіліся — мэрам-бы бачачы занесены над сабою востры, бліскучы нож ката. Я табе кажу — жах браў. Хацелася плакаць і завываць разам з асірацелымі дзяцьмі і жанкамі. Але сьлёзы тут-жа высушвала халодная цікавасьць. Сотні сталых сьвядомых мужчын, пакорліва, без супярэчак, накіроўваліся ў павет, магчыма ў губэрню — а адтуль — на вайну. Незьмярымае глыбіні жудасьць — і, мэрам-бы, так і трэба. Двое смагінцаў, чамусьці ўкрадкаю, кінулі каменьнямі ў акно манаполькі. Сьледам пяцера чалавек напёрлі ў дзьверы і выламалі; далей пайшоў расхоп гарэлкі, звон шкла, дзікія песьні… Дзесятак стражнікаў доўга ня мог ўціхамірыць многасоценную грамаду. Гоман і крык сьціхлі, сьціснуліся шарэнгі і людзі пакорліва пашнуравалі за горад. Нават хутка пачуліся песьні… Прызнаюся, браток, я і дагэтуль губляюся ў блытаніне падобных зьяў… Вось-жа, вось, пры вугле кожнае хаты роспачныя жанкі і замурзаныя ў сьлёзах дзеці — ужо сіраты, бязмоцныя, пакінутыя — а там, мо’ на гоні ад іх, сярод залатых снапоў жыта — песьні… Лебядзіныя песьні соцень здаровых, поўных жыцьця людзей — па дарозе да бойні… Толькі пудрысты пыл над мястэчкам — слупам…

— Гоняць, — заўважыў Рыгор.

— Тое і дзіва, што ідуць на імпэрыялістычную вайну ды яшчэ з песьнямі. Але мне здэцца, што гэта да першае стрэчы з жахамі вайны… Хутка яе сутнасьць выкрыецца перад усіма.

Рыгор задумаўся.

— Сапраўды складаныя пытаньні, — згадзіўся ён на канцы Вядзенскай.

Пры павароце на Кронвэрскі проспэкт іх спыніў праезд палка кавалергардаў. Здаровыя, ружатварыя, адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі, нават жыцьцёрадымі. Дагледжаныя, падабраныя пад масьць — каштаны-коні зіхацелі чыстаю шэрсьцю, як палітураю.

Стракаталі каменьні бруку — іх білі шротам цяжкія падковы. Адгароджваючы эскадронныя чатырохкутнікі з людзей, ехалі адзінкамі то па двое дасьціпна адзетыя, ганорна-задзёрыстыя командзіры.

Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсьцяж тротуараў, сочачы за кавалергардамі. Тысячамі ўзрокаў акідалі маладых, падабраных сялян-дзяцюкоў, якіх пасьцягалі з глухіх вёсак агромністае краіны ў прывілейныя палкі царскае арміі. З боку гледачоў чуліся развагі. «Жалезная сіла», — цешыўся дробны, сухарлявы чыноўнік. «Гвардыя першай пойдзе на фронт», — паведамляў якісь дэндзі, з моноклем у воку. «Ці не на фронт яны ўжо?» — дапытваў разношчык памідораў, з пірамідаю чырвоных фруктаў на галаве. «Не павінна… Го, не — тут і вакзалу блізка няма», — адказваў прыказчык з рагавое булачнае.

Тут-жа, недалёка ад Рыгора з Рудольфам, нікому не заўважаны, торкаўся ў натоўпе юркі, гарачы патрыот, які зьнянацку, нечакана выгукнуў: «Слава мужнай гвардыі!» Яго ніхто не падтрымаў, але мігам людзі рынуліся на выгук. Вачавідкі вырасла грамада, чый гоман заглушылі аддаленыя стукі падкоў кавалергардзкіх коняй.

Рудольф пацягнуў Рыгора за рукаў і абое пайшлі ў бок Біржавога мосту. Калі яны апынуліся ля Васільлеўскага вострава супроць будынку Зоолёгічнага музэю, Рыгор спыніў Рудольфа.

— Я не нацешуся з гэтага вобразу! — паказаў ён на Няву.

— Прыгожы, нечага сказаць… І цікава, бачыш, вонь у тым ражку, направа, Трубяцкі бастыён, дзе, напэўна, і зараз сядзяць рэволюцыянэры, а наўскось, з другога боку — Зімнія палацы з каранаваным катам.

— Хвалі стукаюць у крапасную сьцену і ўсё не размываюць пакуль.

— Размыюць…

Яны яшчэ на некалькі хвілін спыніліся на эпізодах рэволюцыйнага змаганьня, пасьля пайшлі ўсьцяж Унівэрсытэцкае ўзьбярэжнае, да трамвайнай спынкі.

— А ты-ж куды думаеш ехаць? — пацікавіўся Рудольф.

— Я… як табе сказаць, да аднае свае знаёмае… Навіны вязу…

— Навіны?

— Так… надоечы арыштавалі нашага агульнага знаемага.

— Арыштавалі? Завошта?

— У скутку забастоўкі… Чытаў мо’?

— А то думаў — не?.. Так, цяпер з гэтым сьцеражыся-а…

— Дык вось…

Рыгор аглянуўся.

— Сам баюся… Прымаў удзел у сутычцы з поліцыяй на Ломанскім завулку…

— Ты? Ого! Дай руку…

— На Выбарскай старане ўзмоцненыя арышты, трухі, аблавы… А пападзіся — зьвяжуць з Смагіным, успомняць Рыгу — ты-ж ведаеш, чаго казаць…

Рудольф засьмяяўся.

— У Смагіне пра твой ад’езд — ні шушу… Нават мой бацька нідзе нічога ня чуў… Дзе ты, браток, бачыў, каб у гэткі час ты быў у станавога на вуме. Іншая рэч — Ломанскі завулак… Я такі і спадзяваўся, што ты ня мінеш гэтага. Адчуваў, калі ўпяршыню спаткаўся… Ну, мой бацька дагэтуль успамінае цябе — хоць і ня ведаў, што ты быў пад наглядам.

— Вітай, калі пісацьмеш…

— Бацька тут…

— Бацька твой, тут? — зьдзівіўся Рыгор.

— Прыехаў са мною…

— Ёсьць справы?

— Так… бачыш, мы немцы, як табе вядома, а цяпер…

Пад’ехаў трамвай і ня даў дагаварыць Рудольфу.

Рыгор ужо з пляцоўкі вагона запытаў рудольфавага адрасу і толькі пасьпеў улавіць: «Дзесятая лінія»…

Зьнятая для разьвітаньня шапка адгарадзіла ад яго вушшу нумары дому і кватэры. І тут якраз ён успомніў, што забыўся запытаць пра лёс адданага яму Паўла Памыйкі.


IV

ПАДВЕШАНЫ над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна.

Рыгор узышоў на ганак параднага ўходу, каб паглядзець кватэру. Яе над дзьвярыма ня значылася — стаялі чотныя лічбы, а Ганна жыла ў кватэры 35. Трэба было ісьці ў двор і там шукаць. Рыгор накіраваў у прачыненыя варотцы брамы.

— Вы да каго? — спыніў яго чыйсьці голас.

То быў дворнік, прытуліўшыся да цёмнае сьцяны і не заўважаны Рыгорам.

— Я ў кватэру нумар 35. Скажэце, дзе яна?

— Направа, чацьверты атаж…

— Дзякую.

На ўсходах Рыгор раптам спыніўся і сам сабе запытаў — ісьці?

Ня даўшы адказу, рашуча пайшоў угору. Не заўважыў, калі зьлева глянула на яго вядомая лічба.

— Не чакае, зразумела, — падумаў Рыгор і пазваніў.

Шагі, што застукалі па той бок дзьвярэй, не дазволілі думаць. Хутка ў дзьверы прасунулася бабуліна галава і запытала:

— Вам каго?

— Мне Ганну Завіру, яна дома?

— Уваходзьце. Направа другія дзьверы. Пастукайце — у яе хтосьці ёсьць…

Цёмны калідор узьбіў Рыгора на нейкую шафу. Ён папрасіў убачэньня і пачуў ззаду сябе:

— Стукайце.

Рыгор не пасьпеў падняць рукі, як Ганна выбегла на калідор і пазвала:

— Сюды, Рыгор… с-сюд…

Яе голас перацялі спазмы…

— Добры вечар… Неўпару?

У драбнюткай каморцы, дасьціпна прыбранай, усё-ж беднай на выгляд, пры акне сядзеў якісьці мужчына. Не разглядаючы яго, а шукаючы, дзе-б палажыць шапку, Рыгор падышоў да малюпаткага століку, з падстаўнікам для кветак.

— Магчыма паперашкодзіў? — ня гледзячы на Ганну, запытаў ён.

— Кінь, што з табою, Рыгор?.. Сядай, вось, і будзь, як у дому… Мне сорамна, што я нічога… Хіба пачакай, а я мігам зьбегаю…

— Ганна, ты…

Рыгору, аднак, хацелася есьці, і здорава. Гэта ён адчуў, калі зьлез з трамваю. Ён хапіўся, — бач, дарэмным быў яго намер перапыніць Ганну.

— Ты, вось, пазнайся з таварышом і пасядзеце ўдваіх.

Рыгор міжвольна абярнуўся да акна і ўгледзеўся ў твар Ганьнінага знаёмага.

— Не пазнаеш? — запытала Ганна.

— Не.

— Артура Цьвібеля? — праказаў той.

Рыгор утаперыўся вачмі ў адну кропку і праказаў:

— З Рыгі? Ведаю!

— Помніш сходку і… Наталю?

Рыгор падняўся з месца і падышоў да чалавека з працягнутаю рукою. Ужо ён яскрава бачыў перад сабою перапоўнены людзьмі пакой. Наталін вобраз уклініўся між яго і Артуравымі вачмі.

— Але, якім-жа чынам? Ганна?

Стук дзьвярэй, за якімі Ганна схавалася, быў адказам на Рыгоравы словы.

— Я з Ганнаю толькі тыдзень таму як пазнаўся. І дзе, і як — проста цікава… Мая жонка працуе разам з ёю ў экспэдыцыі. Я, аднойчы, зайшоў да яе, а тая вазьмі і зьвядзі мяне з Ганнаю. Разгаварыліся — і выявілася, што абое з Рыгі… Калі-ж кранулі рыскага жыцьця, знаёмых, так першым чынам — абое ўзьбіліся на цябе… Паверыш — каб хто мяне завяраў, што я з табою сыдуся тут, у Пецярбурзе — махнуў-бы рукою… А, тымчасам, праўда… І як нутром чуў, што ты прыйдзеш сюды… Давай, думаю, заскочу па дарозе і запытаю, ці бачылася з табою… Я жыву вось тут, на Нікольскай; калі ласка, заходзь — буду вельмі рады… Успомнім старое, хоць і недалёкае…

Яны трымаліся адзін у другога за руку. Ніводзін не памыкаўся разьняць таварыскага прывітаньня. Адначасна абое прыселі каля століка, як зьвязаныя… і толькі закавыляўшае пад Рыгорам крэсла заставіла яго мімаходзь аберуч хапіцца за апорныя пункты: за шыляваньне акна — аднэй рукою, а за сыцену — другою. Аднак, гэта комічнае становішча ня выклікала ні ў адным водгуку. Праз хвіліну маўчанкі Артур загутарыў далей:

— За гэты год, таварыш Рыгор, я многа гора нацярпеўся. Мяне разьлічылі з заводу ў Рызе хутка пасьля твайго арышту. Я перш прабаваў паступіць на другі, але, як па згаворы — усюды адбой. Тады я напісаў ліст таварышу ў Пецярбург — той парадзіў прыехаць. Ня думаючы доўга — злажыўся і ў дарогу… Што-ж нам, пролетарам, доўга раздумваць? Пакідаць нечага, а сям’ю за рукі і ходу… Прыехаў у Пецярбург і, паверыш, добра ўладваўся. Астаўся на працы… Заработак быў ня дрэнны… Раптам — забастоўка… Ці-ж у маёй натуры ня быць першым? І, што ты думаеш, гэтымі вось рукамі накінуў масьцеру мяшок на голаў… Пасьля дазналі і ў чорныя сьпіскі. Куды не паткніся — адказ… Як і ў Рызе… Тады я кінуўся на другое — мяне ўперлі ў арцель каталёў… Ну — там ня вытрымаў… А зараз з паўгода бадзяюся па дробных майстэрнях. Заработак — як кот наплакаў… Дзякуючы Міхасю Камару — мо’ помніш яго? — удалося жонку ўладзіць на службу, і гэтак кідаюся… З агню ды ў полымя…

Рыгор уважліва слухаў, прапусьціўшы між вушэй ўспомненае Артурам імя Камара.

— Круціць, браце, жыцьцё нас, як вецер саломіну! — праказаў ён.

— І яшчэ як круціць!..

— Але, вось, мне здаецца, што ня сумее зламаць! Ха-ха-ха! Не дамося-а!

Рыгор, а за ім Артур, як па згаворы, падняліся з месц, каб праверыць свае сілы, ці сапраўды іх хопіць не паддацца жыцьцёвай нязгодзе.

У гэты момант стукнулі дзьверы і ў пакой увайшла Ганна. Не патураючы нінавошта, загутарыла:

— Сустрэла, выпадкова, Міхася Камара… Прасіла зайсьці… Але ён сьпяшыў кудысь… і ніяк ня мог уварваць каліва часу… Вельмі прасіў днямі яго наведаць…

Ганна паведамляла гэта з перабоямі, засопшыся, уладваючыся з небагатым сэрвізам, які складаўся з двух талерак, аднаго нажа і відэлак. Яна сьпяшалася і гэта паднімала нэрвовасьць — у скутку якой пару разоў выпаў з рук нож і чуць не павярнуўся стол…

Рыгор настаражыўся, пачуўшы імя Міхася Камара, але затрымаўся распытваць, пакуль Ганна не ўроўнаважыцца…

— Вось… цесната, бачыце… даруйце-э, чым хата багата…

Яна паглядзела на мужчын…

— А зараз і самавар… Ня болей дзесяці хвілін, перапрашаю…

Ганна памкнулася ў дзьверы — Рыгор пераняў:

— Міхась Камар, кажаш? — Як-жа ён, адкуль і што?

— Хіба-ж табе Артур не казаў?

Ганна мігнула ў дзьверы, падаўшы пра сябе знаць стукам самаварнае трубы ў калідоры.

— Я-ж табе казаў, Рыгор, што маю жонку Міхась у экспэдыцыю ўладзіў!

— Міхась Камар? А яго адрас?

— Я запытаю ў маёй жонкі — тая ведае… Кожны раз можам зайсьці да яго… Ды Ганна, напэўна, знае…

— Я мушу быць у Камара… Ганна?

Тая шмыгала то ў пакой, то з пакою… І клапацілася пра гасьцей.

— Як на ліха — жаднае цягі… — ні-то казала яна сабе, ні-то скардзілася гасьцём.

— Вы-бы кінулі, Ганна, з самаварам, — праказаў Артур. — Мы зараз пойдзем і дзе-колечы па дарозе перакусім…

— Па дарозе… а Рыгор, магчыма, і не абедаў, праўда?

— Ты ўгадала, — пасьмяяўся Рыгор, — з заводу і да цябе — глядзі, во…

— Вось бачыце…

Ганна яшчэ парсьцей завіхнулася каля гарбаты. Цяпер яна пакінула гасьцей і ўжо зьявілася ў пакой з гарачым самаварам.

— Сядайце-э, прашу вас! — пазвала Ганна Рыгора і Артура… — Выпіце па шклянцы гарбаты…

П’ючы гарбату, іх гутарка цярпела ад нязьвязнасьці, часта пераходзіла з тэмы на тэму. І гадзін за дзьве часу яны стала вырашылі толькі адно пытаньне — гэта пра тое, калі пабываць у Міхася Камара.

Падвешаны на сьцяне гадзіньнік выбіў дванаццаць.

Артур падняўся з месца.

— Няўжо поўнач? Даруйце, я пабягу…

— Жонцы абяцаў? — пасьмяяўся Рыгор.

— Позна, позна, браце…

Ён па чарзе разьвітаўся перш з Рыгорам, пасьля з Ганнаю, і накіраваў у дзьверы.

— Чакаю… Думаю — не адкажацеся мяне наведаць? Ганна? Рыгор?

— Абавязкова.

— Будзь пэвен.

Ганна правяла Артура за дзьверы.


V

ЯШЧЭ ДАНОСІЎСЯ СТУК Артуравых шагоў па каменным сходам — калі ў Рыгора з Ганнаю пачалася шчырая прызнаная гутарка.

Рыгор сядзеў, апёршыся локцем рукі на столік, напружана глядзеў у пабляднелы твар Ганны і казаў:

— Каб ты ведала, Ганна, я прыйшоў да цябе, як да бліжэйшага мне чалавека… Ці чула ты — арыштавалі Пятруся. І з дня на дзень можна чакаць…

Ён зацішыў голас.

— Пятрусь бурыў Калтаўскую мануфактуру, а я… а я змагаўся з поліцыяй і казакамі ў будынку на Ломанскім завулку. Сказаць табе — добра, сьмела і дружна бараніліся. Але нас купка — а вакол дому — сіла ворага… За поўнач былі пераможаны, уцяклі з дому і ўжо праз некалькі хвілін я напаткаў бясьпечныя патрулі коннае поліцыі… Што-ж аставалася на далей? І мы пайшлі працаваць. А зараз — вораг робіць расплату — кожны момант я гатоў ачуцца побач з Пятрусём… Ты чула?

— Я, я добра чую… — растрывожана праказала Ганна і змаўчала.

Маўчала, а на твары гусьціўся глыбокі раздум. Настарожаны ўзрок камяніў вочы; у куткох губ прабягалі нэрвовыя ўздрыгі. Было відаць, што дзяўчына аддалася пачуцьцю няпэўнасьці за Рыгора.

— Зноў можа стацца…

Ганна не даказала — нэрвовасьць скрала словы.

Дзяўчына тут-жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляваньне.

Рыгор яскрава адчуў у сваім нутры Ганьніна становішча.

— Цябе непакояць мае навіны? — узяў ён Ганну за руку.

Тая шчыльна да яго наблізілася; палажыла яму на плечы руку і адказала:

— Табе небясьпечна на кватэры…

За дзьвярыма пакою прашамалі чыесьці крокі.

— Начаваў-бы ў цябе, але цесна, няёмка ад гаспадароў кватэры і…

— Нічога, Рыгор. Начуй, прашу я…

— А ты?..

Рыгор пацепам плеч дакончыў сэнс ня выказаных слоў — ці не завялікаю інтымнасьцю будзе гэта для яе. Ганна зразумела яго лепш, як-бы чула выразны бяссумненны сказ.

— Кажу табе, Рыгор, нічога… Я як колечы, а ты… а табе будзе месца…

Нельга было не паверыць у Ганьніну шчырасьць. Рыгор шустрым узрокам акінуў пакоік Ганны. Тая засьмяялася.

— Цесна, ну-ж у цеснаце — ня ў крыўдзе… Няпраўда мо’?

— Чаму-ж няпраўда!..

І шчырасьць сваіх слоў Рыгор падмацаваў поціскам Ганьнінай рукі:

Для іх абоіх было ясна без далейшых слоў — што ўсё злажылася як мае быць, само сабою, выпадкова, але неадменна і натуральна. Тады нечага вяртацца да гэтай тэмы, можна пераходзіць да чарговых пытаньняў.

І ў Рыгора, і ў Ганны мелася процьма плянаў і намераў, якія вымагалі неадкладнага абгавору і вырашэньня. Многія з іх былі агульнымі для абоіх. Кожнаму яны здаваліся трапяткімі, вострымі і грунтоўнымі.

Ды ніводнаму не хацелася варушыць язык, каб не перабіваць запойнае цікавасьці ўзаемнага сузіраньня. Сарамлівае і няёмкае для другога разу, зараз прымалася за звычайнае і зразумелае.

Яны маўчліва глядзелі адно другому ў твар і тут-жа ўваскрашалі цікавае, яснае і ў той час нявыразнае мінулае. У гэтым мінулым мясьцілася багата характарных рысак і глыбокіх момантаў. У ружовым воддалеку гэтыя рыскі і моманты яшчэ болей выпукляліся, адшліфоўваліся і ў прызьме бягучых хвілін давалі хвалюючае праламленьне.

Над іх нярухомымі постацямі насілася палкае натхненьне, малюнковыя надзеі; расла і формавалася тая жыцьцёдаўчая сіла, якая хавае ў сабе субстанцыю людзкога бытаваньня. І Рыгор, і Ганна адчувалі неабачныя ланцугі, якія вязалі іх падсьвядома і сьвядома, адным канцом замацаваўшыся ў Ліцку на станцыі — другім — вось у гэным пакоіку…

Болей году часу, што разьлёг між іх першым і апошнім спатканьнямі — звузіўся, стуліўся ў нязначны квадранец і зьнік… Знік, але не бяз сьледу… На кожным з іх — яго адбітак, выразны і вачавідкі. То-ж ім зацікаўлены абое, седзячы і вывучаючы адно другога.

Рыгор не выпускае з вока жаднае дробязі ў Ганьнінай перамене. Ён бачыць кожную рысу яе пасталеўшага і пахарашэўшага твару. Вось гэты спакоўліва-ўглыбёны ўзрок пабуйнеўшых вачэй; пахудзеўшыя і ад таго — падаўжэўшыя шчокі з паўпатухшым рыжам; нявысокі і ня нізкі лоб, так характарны для нажытае Ганнай сур’ёзнасьці. Даўгаваты, з няпрыкметнаю гарбінкаю, стройны нос; як часнок, белых і чыстых, два рады зубоў. Выразнасьць цёмна-шэрага ваччу і той-жа шоўк хвальністых льняных валасоў. У хадзе — болей гібкасьці, болей дынамічнае рухавасьці. У постаці — непараўнаная элястычнасьць…

Рыгор падмячаў у Ганьне агульныя з Наталяю манеры ў завіхах. Тая-ж, гэтак моцна запаўшая ў яго нутро парыўчатасьць; тыя-ж навароты і сталёвыя замахі рукі. Мэрам-бы нехта знарок прыдаў гэту якасьць год таму зусім непадобнай дзяўчыне. Адзін толькі год — праўда — вельмі даўшыся ў знак Ганьне — зрабіў з Рыгоравае знаёмае зусім іншую істоту. Гэта перамена выйшла ўдала пагоджанай, закончанай як знадворку, так і з нутра.

Перад Рыгорам стаяў чалавек, да якога нельга было не прасякнуцца глыбокаю павагаю; роўна з гэтым — цяжка было не падацца да яе і цёплым каханьнем. Калі-б ён думаў шукаць сабе сябра — можна было-б спыніцца на Ганьне і кропка. Ды зараз, знаходзячыся з ёю сам-на-сам і далёка без аформленых намераў у адлегласьці гэтага пытаньня — ён адчуваў, што Ганна бліжэйшы і раднейшы яму чалавек. Яна цалкам адпавядае яго запатрабаваньням… З боку натуральнага падбору, бязумоўна, і сам дзядуля Дарвін не падкапаўся-б. Так! Жыцьцё — вялікі мастак і ператворца! Варта было ад Ганны адняць мацеру, перакінуць яе ў новае месца і ў іншыя абставіны, як з яе выйшаў чалавек, падобнага якому — пашукаць.

Цяпер Рыгору былі зразумелымі паводзіны Ганны, калі яна знарок наведала яго мацеру і гэтак цёпла абышлася з ёю. Зараз было ясна, чаму яна гэтак клапатліва чакала яго, а, стрэўшыся — пайшла ў шэрагах маніфэстантаў. Вось-вось яна ўся — у гэтых клопатах пра яго, у зацікаўленасьці стрэчамі з Артурам і Міхасём Камаром.

— Я ўспомніў, Ганна, — перарваў зацяжную маўчанку Рыгор, — гэта-ж ты была ў Сілцох. Дай я табе падзякую за тваю ўвагу да мае старое.

Рыгор прыхіліў Ганну да сябе і надарыў яе пацалункам.

Гэта было для яе нечаканым і разам з тым надзвычайным.

Надзвычайным і глыбока дзіўным, бо нішто не паказвала гэтага. Ганна ўверана глядзела на Рыгора, як-бы супроцьстаўляючы сваю пранозаватасьць яго востраму ўзроку. І год нябачаны Рыгор вырастаў перад ёю ў мілы, зачароўваючы вобраз. У ім зьбіраліся Ганьніны пераблытаныя надзеі, за ім разгортваліся заманчывыя пэрспэктывы. Але тут-жа, побач, Рыгор здаваўся халаднаватым і сухім. Прынамсі ў ім не знаходзіла Ганна таго, што-б дазволіла ёй паспавядацца яму ад душы. Намякне возьме пра што-колечы гэткае, а той, бачыш, і не спадабае.

Рыгораў пацалунак вярнуў дзяўчыну да поўнага давер’я.

— Ты ведаеш, Рыгор, як я па табе сумавала. Я не знаходзіла выйсьця ў сваім жыцьці і ня цікавілася яго будучыняй… Той вечар, калі я наведала цябе па сьлядох першага спатканьня, той вечар акрэсьліў усё… Я не злавала на цябе, застаўшы разам з Наталяй; я даравала пазьнейшыя няпрыемнасьці і болі; я толькі не даравала аднаго — гэта немагчымасьці цябе замяніць другім… Разумееш, ці сьмяешся?..

Ганна апусьціла вочы. Ціха выказаныя думкі рабілі шолам, гудзелі ў вушшу, і павостранасьць у чаканьні Рыгоравага слова — навостранасьць была таней валаска. Вось-вось плаўкі зык, пушчаны з мілых, гарачых вуснаў сябра-таварыша кране па ім і…

— Што-б я не сказаў, гэтага будзе мала…

Другі пацалунак ажывіў яго словы.

У гэтым пацалунку крылася тое, за чым адчынялася поўнае ўзаемнае паразуменьне далейшага.

Адчуваючы гэта, яны спакойліва пайшлі настрэчу адпачынку.


VI

НАЗАЎТРА БЫЛА НЯДЗЕЛЯ. Ужо зранку горад жыў пад уражаньнем маніфэсту пра вайну. Па напаленых сонцам тротуарах тупалі тысячы пецярбуржцаў, пераказваючы апошнія навіны. Яны, гэтыя навіны, далей адсякалі ўсякую няяснасьць, розныя надзеі і сумненьні. Вайна санкцыянавалася подпісам «божага памазальніка». Вайна ўзаконьвалася воляю таго, каму пакуль ня кінулі пакарацца мільёны. Вось іх, гэтыя пакорлівыя мільёны, ап’янены крывёю сатрап, з «божым імем» на вуснах, блаславіў на бойню.

Кожны, чытаючы белыя лісты на сьценах камяніц — ня быў ўпэўнены, што «божая міласьць» не падставіць яго грудзей пад кулю. Суворая сапраўднасьць трымала пецярбуржца ў душным горадзе. Адны з іх вылічвалі гады, успаміналі час прызыву і абмяркоўвалі пляны далейшага жыцьця іх сем’яў, другія будавалі намеры, вывучалі абставіны і падрахоўвалі будучую нажыву. Гэтыя апошнія з асалодаю чакалі моманту, калі з балькону Зімняга палацу «самадзержац усерасійскі і прочае» пачне чытаць маніфэст «сваім вернападданым», першыя пасылалі праклёны крываваму «благавернаму» чытальніку.

Рабочыя ваколіцы назьбіралі клясавую помсту.

Рыгор выходзіў ад Ганны а дзесятай гадзіне раніцы, умовіўшыся чакаць яе на Каменаастроўскім, каб пайсьці вечарам у опэрны тэатр Народнага дому. У яго ня было думкі выяжджаць за горад.

Агульны настрой жыхарства, ахапіўшы Рыгора на вуліцы Пецярбургу, рабіў гэты дзень цікавым і памятным днём. Рыгорава чуласьць да агульных сутрасеньняў надавала яму вострасьці ў перажываньнях бягучага моманту.

Едучы з Пад’ячаскай на Выбарскую, ён уважліва прыслухоўваўся да кожнага жывога гуку, да маленькага шораху.

Яркая сонечная пагода не скрашала яго чаканьня тых ці іншых надзвычайных водгукаў на абвяшчэньне маніфэсту. Грамадкі гараджан, растыканыя па бакох вуліц, каля белых квадрацікаў паперы, выглядалі ў Рыгоравым ваччу знаёмымі вяшчунамі вялікіх падзей.

Пераяжджаючы Малую Няву і пазіраючы на срэбра вады, ён бачыў яе застыглы спакой. Як і ў кожны дзень шныралі па яе прасторах шутаўскія лёгкія параходзікі; яны пярэсьціліся букетам сьвятошняе публікі. У Пятроўскім парку — кішмя-кішэла людзьмі. З гікам і піскам падкідаліся высока ўгору качэльныя лодкі. Памерна круціліся скрынкі на карусельным калясе. Заліхвацкі зырылі бубны і гудзелі медныя трубы оркестраў. Сярод людзей блыталася ранейшая колькасьць бясьпечных салдат.

«Няўжо іх ня кратае жах вайны? Або ўжо яны перадумалі маніфэст, перабалелі яго сутнасьць і вярнуліся да бягучых спраў?» падумаў Рыгор, цяпнуўшы плячыма.

Кватэрная гаспадыня сваім настроем крыху выясьніла гэта. Стрэўшы Рыгора на парозе ў кватэру, яна ў упор праказала да яго:

— Цяпер ужо вайна — факт… Гуляй і думай пра заўтрашняе…

— «Так! Гуляй і думай пра заўтрашняе!»

— А цару — хоць-бы што: падпісаў і на трон, — дадала яна.

— А вось людзі маўчаць, мэрам так і трэба, — не даючы сабе адчоту, — выліў Рыгор накіпеўшую злосьць.

Гаспадыня паківала галавою і ўхмыльнулася.

— Людзі… што людзі… ёсьць розныя людзі… Адным вайна — гора і сьлёзы, а другім — вясельле і пацеха…

У гэтым сказе простае кабеты, мяшчанкі-абываталькі, хавалася доля мудрае ісьціны. Перад ёю спасаваў і Рыгор, спакойліва заўважыўшы:

— Так, Сарафіна Хлёраўна, так; вы праўду кажаце.

Або-ж ня так? Паспрабуй перайнач… Вось казалі-ж людзі, якія маніфэстацыі ўчора былі ў спагаду вайне… Нават быццам-бы якіясьці падстаўныя рабочыя прымалі ў іх удзел… Так… мы-ж чулі, колькі трухаў прайшло мінулаю ноччу?

Рыгор паціснуў плячыма:

— Ня чуў!

— Заўтра пачуеце…

Гаспадыня трымалася стоічна і словы з яе вуснаў ліліся, як з якогасьці бяздушнага мэханізму. Яе абыватальскі спакой і спакойная аднакавасьць моташнілі Рыгора.

Схаваўшыся ў сваім пакоі, ён чуў, як за дзьвярыма далей гудзеў голас бесклапотнае гаспадыні. А ў гэты час за сьценамі дому, у агромністым горадзе, па ўсёй вялікай краіне насіўся крывавы віхор вайны.

— Да мяне ніхто не наведваў, Сарафіна Хлёраўна? — запытаў Рыгор гаспадыню ў прачыненыя дзьверы…

— Вас… Ой-жа, ой, даруйце-э, Рыгор Міхасевіч, вось вам пісулька. Утрапёная я баба… Сапраўды, з доўгімі касамі, а з кароткім розумам. Загаварылася, стрэўшы вас, а экстранае справы… Дзяўчына якаясьці прынесла і вельмі прасіла тэрмінова перадаць…

Даючы выгляд вінаватай, гаспадыня рухава замятусілася па кватэры і хутка прынесла Рыгору пісульку.

— Я хацела запытаць вас, хоць і не дарэчы, ці ня былі вы на Дварцовым пляцы?

— Чаго?

— А маніфэст слухаць… Цар-жа меўся чытаць яго з балькону Зімніх палацаў… Усе-ўсе ішлі туды.

Гаспадыня чупырылася… Чытаньне царом маніфэсту мела на яе куды большы уплыў, чым яго сутнасьць.

— Н-ну яго з гэтым…

Рыгор не даказаў — не таму, што было неўпару і не на месцы, а таму, што літары запіскі перабілі сказ. Ён, не зачыняючы дзьвярэй, прачытаў нястройныя радкі дзявочага характару і раптам настаражыўся — запіска была ад Гэлі.

«Няўжо Гэля ў Пецярбурзе? Як-то магло стацца?» — праказаў Рыгор уголас, і тут-жа пачуў адказ гаспадыні.

— Я так і ведала, што гэта ваша знаёмая. Але, даруйце мне, ад яе нясе падазронасьцю.

Рыгор на гаспадыніны словы нічога не адказаў. У пяць хвілін ён пераадзеўся і пайшоў да назначанага Ганьне месца.

Яго думка мігам вярнулася на кватэру, дзе Сарафіна Хлёраўна зьбіралася ісьці на Дварцовы пляц.

Сарафіна Хлёраўна — адна з тысяч філёзофак звычайнага непарушнага бытаваньня. Вось табе ўзрокі на вайну, вунь табе адносіны да маніфэсту, а побач — думкі пра няведаную ёй дзяўчыну. Чым то Гэля паказалася ёй падазронаю, цікава? Ха-ха-ха! Няўжо яно… «Але я вазьмі і не распытай гаспадыні, што-ж Гэля сказала, падаўшы пісульку? Адкуль і як яна трапіла да мяне?»

Эпізод з Гэлінай запіскаю аднімаў Рыгораву ўвагу, пакуль ён не дайшоў да Каменнаастроўскага. Яго не перабіла нівошта, хоць на рагу Дваранскае Рыгор найшоў на громкі крымінал з непакорным пасажырам трамваю. Поліцэйскі нахабна тузаў сярэдніх гадоў чалавека, сьвістаў камусьці, а вакола гукалі зусім няласкава для гарадавога. Праўда, тут ня мелася сувязі з ваенным настроем. Рыгор прымеціў гэты настрой, калі падблізіўся да Троіцкага мосту. Тут было відаць, як гушчы людзей плылі ўзад і ўперад праз гарбатыя пралёты мосту.

— Рыгор, сюды-і! — пераняла яго Ганна. — Задумаўся-а нечага? Мо’ зноў ня добрая навіна? — дадала яна.

— А і то — навіна, — ухмыльнуўся Рыгор.

Ганна зьмяніла міну — навіна не абяцала быць няпрыемнай.

— Кажы пра яе…

— Во, — Рыгор дастаў з кішэні Гэліну пісульку:

— Зямлячка прынесла, Гэля, — ёсьць такая… Неспадзявана — і таму загадліва.

— Чаму загадліва?

— Таму, што зусім нядаўна я спатыкаўся з ёю ў Смагіне, а гэта ўжо яна тут… Але пабачым далей, а цяпер — пойдам у Народны.

— Так… Ну, ты-ж ведаеш, што там за опэра?

— Здаецца, ці не Тарас Бульба? Ды аднакава… Важна…

Рыгор не дасказаў, у чым хавалася гэта «важна». Цеганіна з білетамі, за якімі яму прыйшлося стаць у чаргу, перабіла думкі.

Калі яны ачуліся ў фойэ, Рыгораў настрой вачавідкі падняўся і расхваляваў яго нутро. У тэатр сабралася процьма багатае, шыкознае публікі, якая не па моманце выглядала бясьпечнай і самадавольнай. Элегантныя вайскоўцы выгіналіся перад расфуфыранымі панямі, заліваліся робленым сьмяшком. За сьценамі будынку яны хаваліся ад усяго таго, што было страшнага і праступнага ў царскім маніфэсьце.

Разьзіраючы навакол, Рыгор карцеў жаданьнем выкінуць якую-колечы штуку, хоць блазенскую, недарэчную, але такую, якою-б можна было заставіць вось гэту плойму адваротных яму людзей замятусіцца, узьюшыцца, пачуць, што ў іх пад нагамі — ня цьвёрда. Шэраг казачных комбінацый мігнуў у яго думках, завярцеўся ў шалёным лёце…

— Хадзём, хадзём, ужо трэці званок, — перабіла яго Ганна.

На іх хлынуў гулкі, порсткі натоўп гледачоў і панёс з сабою напрамкам да ўходу ў глядзельную залю.

Яны не пасьпелі знайсьці месца, як агні пагасьлі і ў глыбіню агромністага прастору будынку прагудзела:

— Марсэльезу-у-у! Марсэлье-зу-у-у!

Адзіны гук хутка зьліўся з цэлаю гамаю настойных вымагальных крыкаў да оркестру, каб той прайграў марсэльезу, як рэволюцыйную песьню. Крыкі верхняга ярусу запоўніліся рэдкімі выгукамі ў розных канцох тэатру.

У адказ на іх — оркестр дэмонстрацыйна зайграў «Божа, цара храні». Пранёсься беглы шорах па ўсёй залі і партэр, амфітэатр ды першы ярус — падняліся, як адзін. Выбухнула маніфэстацыя за вайну, подых якое з прыходам у тэатр абдаў Рыгора гідотай.

Як стаяў, ён увесь закалаціўся ў пазыве абурэньня і на ўсю сілу гукнуў: «Далоў вайну-ю!». Яго выгук востра ўрэзаўся ў звонкі оркестр.

Ганна нэрвова тузнула Рыгора за крысо жукеткі і ўдала засланіла сабою з боку насупліва глянуўшага ў яго бок таўсьцяка.

З пярэдніх месц азірнуліся ў іх бок каля дзесятку чалавек; іх вочы гарэлі жывёльнаю злосьцю.

Рыгор незаўважана, паўз сьцену прайшоў да выйсьця ў фойе і да канца іграньня гімну ачуўся на трэцім ярусе.

Ён ужо праходзіў да свайго месца, як на ўспыхнутае сьвятло ў тэатры паняслося з чацьвертага ярусу новае дружнае — «Марсэльезу-у! Марсэльезу-у!»

Сьвятло зноў пагасла, ды гукі не змаўкалі. Оркестр зацягнуў «Марсэльезу», і ёй настрэчу хтосьці прагукаў Рыгораў лёзунг «Далоў вайну-у-у!».

Рыгор зычна запляскаў у далоні.

Ганна тузанула яго за рукаў.


VII

— ГЭТА-Ж ТРЭБА, цэлым тыднем ня даць пра сябе жаднае весткі… Я ўсё чакала, што авось наведаеш, авось кінеш адкрытку, а ты…

— Перша давай прывітацца, а тады ўжо будзем ушчуваць… Якая ты, Ганна… Ласьне можаш вымеркаваць, каб усё ішло па пляне… Думаў ужо, што чацьвяргом абавязкова зайду, а, тым часам — навярнулася сходка і затрымала… Тады адклаў на сёньня…

— А я, паверыш, трывожылася за цябе… Колькі розных думак перабрала… Усё-ж, па-мойму, ты неасьцярожліва трымаў сябе ў тэатры… Ці-ж гэтым згрозіш каму…

— Згрозіш… Ха-ха-ха! Няхай паслухалі… Задумаецца, каму трэба…

Ад пункту стрэчы на рагу Вазьнясенскага, яны прайшлі да Пад’ячаскай і завярнулі налева.

На вуліцы было ціха і цемнавата. То насустрач ім, то абганяючы іх, хадзіла шмат пешаходаў, болей жанчын. Зрэдку чуліся гучныя пярэклікі, лаянкі і піскі.

— Тут шмат жульля і…

Ганна ўскорыла хаду.

— Ты сьпяшаеш, каб не спазьніцца? Яшчэ-ж дзевятая толькі. Напэўна-ж Камаровы чакаюць? — праказаў Рыгор.

— А ласьне яны ведаюць, што мы зойдам сёньня?

— Ня ведаюць? А я-ж думаў…

Яны ачуліся на Нікольскай. Якраз прабег трамвай і ажывіў сваім гукам маўчлівы квартал. З-пад перакіднога мосьціка праз Фантанку глядзела некалькі сіняватых газавых ліхтароў.

Ганна, падняўшы галаву ўгору, прыглядалася ў вокны будынкаў. Яе хада зацішала. Рыгор патвараў.

— Вось, глядзі, на чацьвертым паверсе пара асьветленых вокан? Гэта якраз Камарова кватэра. Пераходзім на правы бок…

— А ці варт сёньня ісьці да іх?

— Ну, ты-ж ехаў знарок…

Хутка яны апынуліся ў дзьвярах. Ганна першаю пайшла па ўсходах. Рыгор адставаў. Да чацьвертага паверху ён адстаў на два пралёты і нагнаў Ганну, калі перад ёю ўжо былі адчыненыя дзьверы ў кватэру Камара.

— Нешта цяжка мне даюцца вашы паверхі, — праказаў Рыгор у цёмны калідор кватэры.

— А як-жа я — кожны дзень па некалькі разоў, — адказала Ганна.

— О то-ж і тое… — дадала жаночая асоба, стоячы ў ценю за дзьвярыма.

— Мой Міхась штораз, калі ўзыйдзе наверх, праклінае і ўсходы, і дом, і людзей, якія яго будавалі… Чамусьці ня любіць, ды годзі… Па мне-ж, хоць-бы што…

— Ну, убачайце, мы бяз попыту промся ў дзьверы…

Рыгор прыпыніўся і прытрымаў за руку Ганну.

— Ці хоць гаспадар у дому? — запытаўся ён.

— Дык-жа чакаем, напэўна вас… І Артур Цьвібель разам…

На іх гутарку адчыніліся дзьверы бакавое каморкі і з іх прасунулася галава мужчыны. Рыгор кінуў да яе востры, напружаны ўзрок, але не знаходзіў знаёмых, памятных рысаў. Выцягнуты твар з францускаю рыжаватаю бародкаю, з высокім ілбом, худым доўгім носам і заўпалымі шчакамі, не перадаваў ранейшага Міхася. Няўжо і ён пасьпеў так зьмяніцца? Ці, магчыма, Рыгор згубіў з памяці яго рысы?

Пераступаючы парог у каморку і наблізіўшыся тварам да твару Камара, Рыгор улавіў орыгінальнасьць і плаўкасьць Камаровага ўзроку, яго заўсёдашнюю ні-то сяброўскую, ні-то гіронічную ўхмылку, скрадзеную тонкімі губамі і ўпаласьцю шчок.

— Рад бачыць свайго вучня, — прывітаўся Камар.

— Ня меней рады стрэцца са сваім настаўнікам, — адказаў Рыгор.

— А мы ўжо і надзею згубілі вас дачакацца. Праз увесь тыдзень чакалі — авось прыйдуць, авось… Мяне тады Ганна так заверыла, што я думаў назаўтра-ж вас бачыць у сябе…

— Цяпер такая пара, што і на гадзіну наперад не ўгадаеш, — падаў Артур.

— Так, пара бурлівая… Ці думалі мы, памятаеце, хлопцы, пра гэта ў Рызе? Ніколі. А зараз… Але сядайце, вось… Бярэце хто крэсла, хто на канапцы…

Камар увіхаўся каля гасьцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы і прымаючы ад іх галаўныя ўбёры.

— Яшчэ ўсё не ўсталяваліся акурат. Пакуль агойтаешся — час імчыцца… А з банку ня возьмеш…

— Міхась! — пачулася з калідору, — хадзі сюды…

Камар у пару хвілін выбег з пакою і зьвярнуўся назад…

— Прызнавайцеся, хто галодны? — запытаў ён. — Та жонка, вось, яешню згатуе ці што-колечы з мяснога…

— Да не, не, не! — у адзін голас зааднекваліся Рыгор, Ганна ды Артур.

Камар крыкнуў у неадчыненыя дзьверы — гарбаты! — і стаў перад гасьцьмі так, каб бачыць усіх траіх.

— Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам… Праца і змаганьне да таго збліжаюць людзей, што цяжка, бывае, расстацца… Калі, вось, цябе, Рыгор, заарыштавалі, я проста занудзеўся… Хоць мы і разыходзіліся ў поглядах, аднак — то ў дробезях, а мэты нашы — роўныя… Няпраўда, мо’?

Рыгор ухмыльнуўся і гэтым заставіў Артура з Ганнаю павярнуцца да сябе, а Камара — настаражыцца.

— Ня згодзен? — запытаў Камар.

— Згодзен, але ня цалкам… Я прыпамінаю нашу сходку і вашу асьцярожлівасьць наконт забастоўкі, памятаеце? — адказаў Рыгор.

— Тады ты быў ня праў — здарэньні паказалі. Няхай, вось, Артур скажа.

— Гэта з якога боку судзіць, — падаў той.

— З усіх бакоў, таварышы…

Камар прайшоўся па пакоі, азадачаны Артуравым адказам.

— Ня з усіх хлопцы; дарэмна вы ўпіраецеся… Палезьлі-б напралом — было-б крыві па калені…

— Бяз гэтага не абыйсьціся… Болей крыві не пральлеш, чым яе вымагае вайна. А, між тым…

Камар задумаўся і некалькі памаўчаў.

— Часамі патрэбна і вайна, — уверана праказаў ён.

— Каму? — перанялі яго ў адзін голас Рыгор з Артурам.

— Ды хоць-бы нам, рабочым… Хто не глядзіць у сутнасьць рэчаў, той гэтага не разумее… Нямеччына з даўных імкнецца закабаліць Расію і гэтаму трэба зрабіць канец… Вайна апраўдваецца гістарычным і соцыяльным разьвіцьцём нашае краіны…

— Нават так?..

У Рыгоравым голасе задрыжэлі ноткі абурэньня. Ён моцна сьціснуў кулакі, пусьціў злосную міну па твары і падняўся з месца. Бачачы гэта, Ганна настарожліва сачыла за яго паваротамі.

Відаць было, што Камарова гутарка хапіла Рыгора за жывое.

— Дык вы па сьлядох нямецкіх соцыял-дэмократаў? І магчыма разам з іншымі маніфэставалі за вайну?

Вострасьць гэтых пытаньняў, рубам пастаўленых Камару, Рыгор ня лічыў надмернымі і недачаснымі і вызоўна чакаў на іх адказу.

— А, думаеш, нямецкія соцыял-дэмократы ня правы? Што-ж, браце, па-твойму, для рабочага не павінна быць дарагою яго радзіма? Яны ня кайзэра бароняць, а заваяваныя імі вольнасьці… Перамажы расійскае самадзяржаўе — тады ланцугі няволі патаўсьцеюць удвойчы. І парлямант, і агульнае, тайнае права выбараў, і свабода саюзаў — усё паляціць да чорта… Тое і з намі: пераможа Нямеччына — прускі бот растопча нас, як чарвяка. Мы не павінны быць колёніяй нямецкага капіталу…

— Ха-ха-ха! Артур, чуеш?

Рыгор зрабіў некалькі крокаў да Камара, ажно той паправіўся на месцы.

— А вы, дзядзька Міхась, вельмі пакахалі путы роднага капіталу. Вы хочаце будаваць краіну пагоджана з памешчыкамі ды генэраламі радзімага пахаджэньня. Ганьба! Я не чакаў ад вас гэтага, таварыш Камар. Ніколі. Замест аднакава суворае вайны з нашымі, гэтак і з нямецкімі ды францускімі капіталістамі, бю- рократыяй і памешчыкамі ды з сыстэмай капіталізму — вы агалашаеце грамадзянскі мір. Цікава, калі вы сталі гэткім заядлым патрыотам? Ці не натхніў толькі вас цар чытаньнем маніфэсту пераднародня? Не чакаў, не… Знача, па-вашаму, усе зьбірайцеся вакол прастолу цара-бацюшкі і нішчыце праклятага кайзэра… Ну і ну! Н-ну — і… Не чакаў, кажу вам…

Пакуль Рыгор казаў, і Камар і Артур спрабавалі перабіць яго сказы сваімі ўстаўкамі, але ён паднімаў голас і глушыў іх.

Для яго ня было зьмякчаючых даных для Камара. Апошні стаяў перад Рыгорам у новым вобразе, за якім хаваўся акрэсьлены, выпуклены і адваротны Рыгору зьмест. Гэты зьмест цьміў сабою ўсё тое, завошта Рыгор хапаўся, будучы павінным Камару. Пачуцьцё прыязьні, бліснуўшае на Рыгора пры першым прывітальным слове з боку Камара — зараз зьнікла. Камар быў для яго чужым і далёкім чалавекам. Нават абставіны — пакой з усімі яго атрыбутамі, пачаў выглядаць бяспрытульным і варожым. Яго паветра давіла і замыкала Рыгоравы гартань ды вусны. Хацелася зараз во, бязумоўна і дэмонстрацыйна рушыць з месца і выбрацца за сьцены Камаровай кватэры.

Рыгор пад уплывам гэткага настрою павярнуўся да акна і доўга не зважаў на спробу Камара працягнуць спрэчкі, увесьці ў іх большае тлумачэньне і абкругленьне руб. Ён скланяў на ўсе лады гучныя словы, як «рабочыя інтарэсы», «вярнейшы шлях», «да перамогі працоўных», «ідэалы будучага».

Для Рыгора яны мелі зусім танны эфэкт.

Было вачавідкі адно — атрутная хвароба буржуазна-мяшчанскага патрыотызму ўлілася ў нутро акрэсьленага кола рабочых. Ці то недасканалае ўразуменьне асноўных прычын соцыяльнага разьвіцьця грамады, ці то пахіл у бок дробнабуржуазнага сьветаадчуваньня — адно з двух збочыла іх з правільнага шляху. І гэта — была бяда. Гэта дало магчымасьць на нейкі час затармазіць рост рабочага нездавальненьня вайною. «Урад пастараецца выкарыстаць гэткіх Камароў для сваіх інтарэсаў»…

— Ганна, а ці нам не пара пайсьці? — запытаў Рыгор сярод настарожанай маўчанкі.

— Так, вам усёроўна ня вырашыць сёньня закранутага пытаньня. А часу, во — каля дванаццатае.

Яна паднялася і падбегла да акна.

— А табе-ж ехаць блізкі сьвет!

— Пасьпееце, чакайце-э, хоць вып’ем гарбаты, — пераняў Камар. — Арына, што-ж у цябе гэтак марудна? — прагукаў ён у дзьверы.

У дзьвярах паказалася Камарова жонка.

— Я даўно гатова, ды ўсё вас чакаю. Калі ласка, нават падагравала ўжо самавар. Ці-ж вас дазавешся? Быццам які клюб, або што… Га-га-га! Ту-ту-ту… Ідзеце-ж…

Гаспадыня заківала галавою і пайшла ў суседні пакой. Камар гасьцінна паказаў рукою ўсьлед жонкі, запрашаючы гасьцей.

Артур першым накіраваў за гаспадыняй.

— Ідзі-ы, ідзі-ы, Рыгор! Гарачая гарбата любіць гарачых людзей… Бачу, усё-ж я, што ты ні каліва не зьмяніўся за гэты час… Як прысак — так вось і пышаш, і пышаш… Скажу, ведаеш, — Камар патрапаў Рыгора па плячы: — па-старому, магчыма ў наш час патрэбны і падобныя табе людзі. Ну, а я — я ўжо закарчэў на сваіх поглядах і болей ні з месца.

Рыгор нічога не адказаў. За сталом ён таксама маўчаў, несхаця п’ючы нясмачную яму гарбату. У яго нутры ўзрастала палкае хаценьне мігам перанесьціся ў іншыя ўмовы, напаткаць іншых, блізкіх сабе па настроі людзей і компэнсаваць гутаркаю з імі пачутае ад Камара. У гэтым настроі Рыгор пасьпеў усяго дапіць шклянку гарбаты, пасьля чаго рашуча і настойна дамогся пакінуць застольле і пайсьці з Ганнаю ад Камара.


VIII

ТОЛЬКІ СТУКНУЛІ зачыненыя дзьверы, як Рыгор адчуў заўважную перамену ў настроі. Мэрам-бы ён скінуў з сябе нешта ліпкае і агіднае. Нават прытухлае паветра сходаў студзіла кіплівую злосьць і разганяла адваротнае ўражаньне ад Камаровай гутаркі.

Ён уподбежкі спускаўся ўніз, пакінуўшы Ганну ззаду на цэлы пралёт.

— Чакай, Рыгор!

Стук крокаў заглушыў яе перайманьне, і Ганна нагнала Рыгора ў дзьвярах.

— Ты дэмонстрацыйна выйшаў з кватэры! Ці варта было гэта рабіць?

— Ня мог, паверыш. Ня мог! Калі я слухаў Міхасёвы развагі, яны мне дапаміналі гідкія выгукі патрыотычных маніфэстацый…

— Чакай…

З процілежных дзьвярэй выйшаў захутаны ў шубу кароценькі, квадратовы чалавек.

— Вы выходзіце? — запытаў ён пісклівым жаночым голасам.

— А ласьне ўжо запёрты вароты?

— Нельга, бачыце, іначай… Я прабаваў пакідаць незапёртымі да першае гадзіны — дык — што вы думаеце? — бяды набраўся. На адным тыдні тры кватэры абабралі. А-і-ы-эй! Колькі разьвялося жульля — ня дай ты рады! Людзі надзвычай распусьціліся. Ні табе закону, ні табе боязьні… Зломысьніцтва вакола: ідзе, хай-бы цішком прайшоў, дык не: стукае ў дзьверы, а то паб’е ліхтар. Ці-ж гэта па-людзку?.. Наш раён асабліва распусны. Тут з цябе сярод дня зьдзяруць паліто, ці вымуць паралез… А поліцыі — з агнём ня знойдзеш — баіцца таксама…

Дворнік знарок марудзіў, бразгаючы ключом у замку і бобам сыплячы недарэчнымі сказамі. Ганьне не сьцярпелася, і яна падагнала яго, хапіўшы за замок.

— Я зараз, барышня, зараз… Нешта зацяе ключ, — схлусіў дворнік, і дарэчы паскардзіўся: — Да таго скнары, што і замка людзкога ня купяць… Пэўна спадзяюцца на дворніка. За дваццаць рублёў у месяц гатовы рамонту патрабаваць за мой кошт…

— І у вас больш ніякага даходу? — пацікавілася Ганна.

— Ат… часамі трапіцца добры чалавек і перакіне саракоўку якую, ды ці-ж гэта лічыць… дапамогай? Дом, куды добрыя людзі баяцца зайсьці…

Апошні сказ зьбянтэжыў самога дворніка.

Каб перабіць магчымае на яго рэагаваньне з боку Рыгора з Ганнаю, ён порсьцёй замятусіўся каля замка і пад’ехаў да іх з ільсьцівай дарадай:

— Я-б сказаў, што вам лепш пайсьці налева: там і людзей нядобрых меней і трамвай пазьней ходзіць…

Ганна падзякавала дворніку за дваіх і дала яму некалькі медзякоў.

На вуліцы Рыгор пацікавіўся:

— Цябе ён хіба ведае, што так гасьцінна стрэў?

— Так ведае мяне, як і цябе. Натура ўжо такая… Чалавека не прапусьціць, каб не нагаварыць яму бочку арыштантаў… Міхась казаў…

— Кінь пра Міхася… — перабіў яе Рыгор.

— Што за зьнянавісьць да чалавека! Ты робішся загадкавым для мяне, Рыгор. Ну, а калі хто нязгодны з тваімі думкамі, ці-ж можна абняхайваць яго, як чалавека…

— Ня ў гэтым справа, Ганна. Па-першае — чалавек пазнаецца па яго думках, па-другое, гледзячы, чые думкі ён выказвае і як іх выказвае. Міхасёвы думкі — варожыя мне, як рабочаму, а выказ іх — насьмешлівы і зьдзечны…

— Я-б не сказала гэтага.

— Ты сантымэнталістка, Ганна.

— Адкуль ты ўзяў?

— Цябе ня кратаюць клясавыя супярэчнасьці…

— Х-хі-ха-хі! Рыгор! Навошта завострываць там, дзе ня трэба. І ты, і Міхась — абое рабочыя… Абоіх…

— Ды ня роўна служым рабочай справе…

Працяжны гучны званок трамваю, што выбег з-за будынку, спыніў іх размову і хаду.

— Бяжы, пасьпееш! — штурхнула Ганна Рыгора.

— Куды-ж ён ідзе?

— Хоць трохі ды падвязе.

— Бывай… Чакаю ў нядзелю…

Ганна паматала хусьцінкаю ў бок пабегшаму ад яе Рыгору.

Па ціхай вуліцы залапацелі частыя стукі яго крокаў.

Ужо важаты памерыўся да ад’езду, калі Рыгор хапіўся за сьлізкі жоўты прэнт дзяржаньня. З разгону яго правая нага моцна стукнула абсацам у бакавіну вагона.

— Асьцярожлівей! — заўважыў кондуктар і ў момант працягнуў руку да сыгнальнага шнурка.

Рыгор стаў на задняй пляцоўцы, і паглядзеў назад.

У бок трамваю ішла якаясь жанчына; адаленасьць не дазваляла ў ёй убачыць што-колечы ўсвойнае Ганьне. «А між іншым, яна мусіла накіроўвацца гэтай дарогай».

Рыгораў узрок прабег па цёмнай сьцяне будынкаў і выцягнуў з галавы дагадку: «Здаецца, Ганна жыве вось у гэтым…».

Трамвай рвануўся наперад і параўняўся з адасобленай, зусім невядомай Рыгору будынінай.

«Ганна, напэўна…»

Зложаная думка дзесьці высьлізнула з яго адзнаньня і пакінула па сабе пустое месца.

Было дарэчы, бо халаднаваты ветрык, што дзьмуў насустрач бягучаму трамваю, прыемна студзіў Рыгораў твар, навяваючы салодкае заспакаеньне. Яму захацелася нейкі час пастаяць так аднаму, бяздумна любуючыся мігаючымі начовымі вобразамі сталіцы.

Высадзіўшы голаў, ён лавіў узрокам трапяткія агні ліхтароў, цьмяныя палосы каналаў і пералівы ў іх туманлівых адсьветаў агню. Чорныя купы садоў і гіганцкія цені будынкаў хавалі сабою адрыўныя выгукі запозьненых галасоў, крокаў і поліцэйскіх сьвісткоў.

Чароўнай карцінай мігнулася асьвечаная заводамі Нява…

— Вам далёка ехаць? — зьнянацку для Рыгора запытаў яго кондуктар.

— А дзе мы зараз?

Кондуктар гіронічна ўхмыльнуўся і паглядзеў у цёмны прастор.

— Выяжджаем з Васільлеўскага…

— А куды ідзе трамвай?

— У парк, на Пасадзкую…

— Мне ў Лясное.

Кондуктар прысеў у кутку пляцоўкі між выхадам і моторам і заплюшчыў вочы.

У вагоне драмала пяцера пасажыраў.

— Ці засьпею я паравік?

Пытаньне ў думках неспадзявана для Рыгора перавярнулася ў слоўнае і выклікала сабе адказ з боку кондуктара:

— Напэўна яшчэ засьпееце… Усё-ж трэба сьпяшыць.

Гадзіньнік на скрыжаваньні Каменаастроўскага і Вялікага проспэктаў паказваў палову другое.

Гэта наводзіла сумненьне, Рыгор уподбежкі пайшоў ад Пасадзкае напрамкам да клінікі Вільлё.

Ён пераходзіў Дваранскі мост, калі насустрач паказаўся трамвай. Нешта зарупела яму стаць і паглядзець у вагон. І якраз яго ўзрок напаў на знаёмы твар Якава Гіса.

— Ня мыляюся?

Трамрай не дазволіў праверыць, хоць Рыгор яшчэ далёка праводзіў яго напружанымі вачыма.

Вераемнасьць, мала калі падводзіўшая Рыгора, заварушыла яго цікавасьцю.

Яму захацелася стрэцца з Гісам і ўспомніць рыскае мінулае. Ды Рыгорава бягучае знаходзіла сабе ў Гісе прыемнае папаўненьне.

Вялікі і шумлівы горад паступова выкрываў свае дадатныя для Рыгора магчымасьці. Час-ад-часу кола яго знаёмых пашыралася, і водлуг гэтага паглыблялася зрашчэньне з сталіцаю. Ужо Рыгор ня браўся астуджваць сябе адзіноцтвам. Ён ня мог таксама дапускаць абмежаваныя ў далейшым знаёмстве. Кожны дзень гатоў быў надзяліць яго новаю стрэчаю, часта надзвычайнаю. Бягучы момант спрыяў таму: разварушанасьць вайною закаржэлага ўстою і звычаёвай нормалізацыі адзначаліся раскіданьнем ва ўсе канцы людзкое грамады.

І зусім дапушчальным былі думкі Рыгора напаткаць на вуліцах Пецярбургу любога свайго знаёмага. Міхась Камар, Артур Цьвібель і Якаў Гіс — сьведчылі за тое.

Адным днём, суздром, ён можа стыкнуцца тварам да твару і з Паўлам Адамавым Памыйкаю.

Ён успомніў яго, толькі выпусьціў з ваччу трамвай, у якім праехаў бадай-што Якаў Гіс. Успомніў і пашкадаваў, чаму-б сапраўды, Міхася Камара не замяніў Памыйка.

У гэтым падатлівым для рэволюцыйнага ўплыву чалавеку Рыгор бачыў стойкага ваяку, падгатаванага агітатара і здольнага організатара.

Адгон прастору і часу, як праменьні радыё, прасьвяцілі перад Рыгорам Памыйкаву істоту і выявілі ў ім рэдкага чалавека.

«Трэба сьвядома і балюча самаўпікнуць за доўгую, маньлівую маўчанку».

На добры лад і водлуг абяцанак, якія дыктаваліся Рыгору не пачуцьцём аддзякі, а таварыскай павіннасьцю, Памыйка меў атрымаць ужо некалькі Рыгоравых лістоў.

А між тым… Абяцаная і асьвечаная сумеснаю працаю, падмацованая Рыгоравым словам, патрэбная сувязь паміж імі і сілцоўскімі таварышамі — рассыхалася. Рыгор недазвольна забыў пра гэта… Колкім дакорам адгукнуўся ў яго нутры ўспамін пра Памыйку.

Аголеная вінаватасьць малявала перад ім рознастайныя дапушчальнасьці, канцы каторых пачыналіся ад яго.

Смагін, як і Расія, стыкнуўся апошнім часам з нячуванымі фактарамі знадворнага жыцьця. Кожны з іх мусіў так ці іначай адбіцца на дзейнасьці мясцовай організацыі. Сталічны вопыт, хоць ускосна прыкладзены ў Смагіне, даў-бы сваяасаблівы адбітак кожнаму фактару смагінскага жыцьця…

Так — паміж ім і Смагіным утварылася глыбокае правальле. Толькі і бачыў Рыгор — гэта нямалёваныя Рудольфам Шульцам страшныя вобразы мобілізацыйных часоў.

Але… нават і ў Рудольфа ён не запытаў пра Паўла.

Ён садзіўся на паравік, вось-вось ня ўцёкшы з-пад носа, а словы і сказы, цалкам вылітыя з разгорнутых і прызнаных выбачэньняў, стаялі ў галаве, як радкі лінотыпу.

Шпаркі бег паравіка Рыгор падганяў нэрвовым калываньнем усяе постаці, рытмічнымі ўхіламі ў бок дымлівага лёкомотыва. Паўгадзінная язда і квадранцовая хада ад спынкі да кватэры — паказаліся бясконцымі. Раздражнены на ўсіх, а на сябе болей, ён недалікітна ўварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзьверы і, не распранаючыся, сеў за пісаньне.


IX

ЗАЦЯГ, З ЯКІМ РЫГОР пасядзеў болей гадзіны над шэраю папераю, нагадваў пакорлівую споведзь перад Памыйкам. З адчыненага нутра выліваліся прызнальныя сказы вінаватасьці і таварыскага перапрашаньня.

Ён пісаў і разам з тым драбніўся на маленькія частачкі, што ў руху электронаў імчаліся з ціхага пакою далёкае сталіцы да закінутага Смагіну.

Вобраз Памыйкі ў многалікіх інтэрпрэтацыях неадступна лунаў над яго сагнутаю постацьцю. Здавалася, што шамалі Паўлавы крокі і скігітаў у рытмічных паводзінах яго напільнік. Белы каўнерык Карла Людвіга Шульца адцяняў разлахмачаныя косы смагінскага апрашчэнца.

Паказалася, мэрам-бы ў ціхім шорпаце адколанай ад шуляваньня стромкі, якую няпрыметны ветрык разгойдваў пад цёмным акном каморкі — выяўліялася нескладаная мэталёвая песьня разгорнутай працы ў Шульцавай майстэрні.

І, разам з гэтым, Рыгор ня чуў, як у пакоі гаспадыні, за тонкаю перагародкаю, гадзіньнік выбіў лічбу чатыры.

Пастаўленая кропка за чорнай стройнаю літарай Н набыла ўсвойнасьць, з якою падняла Рыгора з месца і абярнула яго тварам да празрыстага сьвятла пяцідзесяцісьвечнай лямпачкі. Густа сьпісаны лісток паперы зьмяшчаў у сабе наступны тэкст:

«Дарагі таварыш Павал!

Нарэшце… Так, нарэшце сабраўся напісаць табе гэты ліст. Я чую твае зьдзіўленыя, гіронічныя выгукі і бачу недаўменную міну на твары. Разуверны мах рукі ня раз пахаваў пад сабою ўсякую надзею атрымаць ад мяне вестку. Думаю, што з гэтым разам пахавана і тая павага, якую я ад цябе неаднойчы чуў. Я ня серджуся за гэта, бо сам нясу віну. Вінаваты цалкам за доўгую неапраўдлівую маўчанку… Заслужыў ад цябе глядзець на мяне так, як ты, думаецца, зараз глядзіш. Усё-ж, павер, я ня думаў зрабіць таго, што сталася. Калі праз гэткі доўгі час мне не ўдалося табе напісаць ліст, то ня я цалкам вінаваты ў тым. Ня я — цалкам! Можа, не паверыш, — бо крыўда ператне веру! З часу прыезду ў Пецярбург, я вярчуся, як белка ў калясе. Сталіца зассала мяне ў сваё бурлівае жыцьцё і не давала магчымасьці апамятавацца. Я толькі лічанымі ўрыўкамі мог адцягнуцца да прыватных пытаньняў — здарэньні-ж бягучага часу бяруць маю ўвагу для сябе. І я не перакору гэтаму. Ты-ж ведаеш, чаго я ехаў у Пецярбург. Табе вядома ўсё гэта, і я ня буду спыняцца на тым, як і што выпаўнены мною грамадзкія абавязкі. Скажу адно: за гэты час я пасьпеў сёе-тое зрабіць… Ды ці-ж у гэтым толькі мае заданьні ў справе распачатае эпопеі змаганьня за сьветлую будучыню працоўнікаў? Але я зусім не ўмаляю свае віны перад табою. Я мусіў урваць гадзіну-другую часу і — ня раз! — каб напісаць табе ліст і падзяліцца бягучымі навінамі. І не зрабіў таго! Не зрабіў і, магчыма, не пасобіў вашай працы…

Я чуў ад Рудольфа, што начаўплося за гэты час у Смагіне. Мяне вельмі цікавіла і цікавіць ваша праца ў час мобілізацыі. Ня меней цікава мне ваша становішча зараз… Я-б радзіў вам ня згортаць працы, але пераглядзець яе мэтоды. Суровы момант вымагае таго. Вайна — гэта найудзячнейшая тэма, толькі дваякавострая. Трэба брацца так, каб незаўчэсьне парэзаць рукі…

Ліст не дазваляе даўжэй спыняцца на гэтым пытаньні, бо мне цяжка судзіць пра вашу сытуацыю… Было-б вельмі пажадана мець ад цябе вестку і тады можна было-б пагутарыць на гэту тэму даўжэй… Усё-ж скажу, што тут, у Пецярбурзе, вайна балюча адбілася на настроі рабочых. Выбухнуўшая ў час прыезду Пуанкарэ забастоўка, была расьціснута жалезнымі клешчамі разьюшанай ваеншчыны.

Усё-ж рэволюцыйны настрой ня зьнішчаны, не. Ён часова прыціх, прытуліўся па куткох мілітарызаваных фабрык ды заводаў, у цесных каморках рабочых кватэр… Магчыма, нейкі час вайна змывацьме крывёю працоўных маладыя парасткі рэволюцыйнага нездаваленьня, але… але стукне час і… адным напорам раскалыханай хвалі змыецца векавая няволя…

Я пішу, а ці прачытаеш ты мой ліст? Кожны дзень нам нясе нечаканасьці. Можа цябе ў Смагіне ўжо няма, і мае словы трапяць на вушы чужым людзям… Не напісаць-жа я ня мог… Я мусіў гэта зрабіць, каб хоць некалькі апраўдацца перад табою. Няўжо мы ня стрэнемся яшчэ? Не павінна таго быць. Бывае, што раптам, зьнянацку, прымхаю. Я гэта, у Пецярбурзе, ужо меў рад прыкладаў…

Моцна цісну руку. Перапрашаю за непавінную зману і чакаю адказу.

Пішы на адрас: Пецярбург, галоўны пачтамт.

Да ўстрабаваньня Н. Г.»

Перачытаўшы напісанае, Рыгор астаўся ня зусім здаволеным. Ліст не зьмяшчаў у сабе паўнаты перачуваньняў, не выдаваўся выпукласьцю думак і каструбаціўся вострымі адкрытасьцямі. Бясспрэчна — у нутры наглядалася іншая карціна і думкі адыгрывалі крыху інакшую мэлёдыю. Але трэба было лічыцца з тым, што ліст можа трапіць у чужыя рукі.

Рыгор не супярэчыў паўстаўшаму сумненьню: толькі ўжо ня мог перапісваць.

Згорнуты надвае, ліст уверана адправіўся ў конвэрт, і сінім чатырохкутнікам лёг на відкім месцы стала.

Крохкі золак украдкаю пралазіў у акно Рыгоравага пакою, калі гаспадар укладаўся спаць.

Электрычнасьць плавала малочнаю юшкаю па ўтулах павыразьнеўшых рубаў ды ліній.

Млосьць, перамешаная з утомаю, плюшчыла Рыгоравы вочы і гультайна падняла руку на затушку сьвятла.

Лёгкая шэрань, аднак, ня згладзіла шурпатасьці неўгамонлівых думак.

Асобнымі сказамі, вырыўнымі словамі пралазілі яны праз нацягнутую на галаву коўдру, праз шчымеўшую галаву і бегалі па зьвілінах мозгу.

Перад заплюшчанымі вачмі камарамі скакалі характарныя літары старэнна напісанага адрасу…

Душная падушка і мулкі сяньнік патваралі гэтаму.

І толькі настойная незварушлівасьць Рыгора пасобіла агарнуць яго цягучаю зморай.

Ужо над Выбарскай стараною перагуквалівя гукі ды сырэны, калі Рыгор абудзіўся. Ложак прыцягваў яго да пасьцелі, утома зьвязвала здранцьвелыя суставы, але ён перамог ўсё гэта і з рэдкаю ўвішнасьцю быў на парозе да выйсьця з кватэры.

— Рыгор Міхасевіч! — пераняла яго гаспадыня. — Ці то ня вы забыліся прышчапіць дзьверы?

— Калі і якія?

— Я сёньня зранку паглядзела — і яны без запору. Мяне перастрашыла гэта і я…

— Я зашчапіў…

— Няўжо то я?

Гаспадыня падняла абодва плячукі і схіліла ўцягнутую ў іх голаў.

Рыгоравы частыя крокі расьсейвалі яе робленае ліцамер’е.

— Не сазнаецца! — уголас праказала Сарафіна Хлёраўна, калі Рыгор выходзіў на двор.

Яе ўпік астаўся па-за хлопнуўшымі дзьвярыма.

На вуліцы аколілі Рыгора рознастайныя гукі гарадзкое раніцы.

Распялешчанае жыцьцё адбівала трапяткую, рупную музыку руху, праводзячы Рыгора да заводу.

На адгоне паўганоў адрыўны прарэзьлівы сьвіст сырэны рвануў яго да паскоранай хады, і ў пяць хвілін асталіся пазадзе: клапатлівая чарада гаспадынь, дымлівы паравік і прысеўшы на лаўцы стораж.

Праз драцяную сетку зашчэпленае нумарное дошкі відаць было калыханьне Рыгоравага нумарку, як напасьледак падвешанага — але яго ўладар у гэты час пускаў станок разам з іншымі.

Лёгкі, наладжаны вёрт калёсак і струнковая бегатня пасу пагналі ў шпаркім мігаценьні першыя хвіліны працоўната дня. З цьвёрдае сталі панесьліся драбнюткія часьцінкі ўдушлівага пылу, зьліваючыся з раздробам сьветлага і маладога раньня. Учарашняе злучылася з сёнешнім і перабойныя моманты Рыгоравых узрушэньняў ніклі ў шоламе творчае працы.

«А ліст Памыйку?».

Наперадзе быў абедзены перапынак і за ім утуліўся сіні конвэрт, беражком вытуркнуты з кішэні.

У думках яму не хапіла месца — ды навошта варочацца да зробленага?

— Вазьмеце білет на даклад!

Закасаная мурзатая рука адгарадзіла Рыгораў узрок аб бліскучага станка. Ён адняў разец і паглядзеў направа.

— У доме Панінай… Трыццаць капеек!

Малады рабочы пытальна глядзеў на Рыгора, падаючы яму маленькую абвестку.

— Запішы.

Абестка асталася ў яго, і глядзела сумліўнымі літарамі, з якіх складалася знаёмае прозьвішча Якава Гіса.

«На тэму — Страхавыя касы і іх роля».

Якаў Гіс?

Так, Рыгор не абмыліўся, стрэўшы яго ва ўчарашнім трамваі.

Дарэчы!

І нанова ўведзены ў кругляк сталі востры разец задыміў пакручастымі стружкамі.

З перарывам у полудні, роўна і ўпарта трымалі Рыгоравы рукі выгладжаную далонямі сталь, а думкі нясьціхана насіліся ад Памыйкі да Якава Гіса.

Ён адкінуў ранейшыя пляны і меркаваньні і роўна а восьмай гадзіне вечара быў на Тамбоўскай.

Вядомы будынак паглядзеў на Рыгора радам асьветленых вокан, памятлівымі форткамі дзьвярэй, і праз некалькі хвілін увёў у сваё нутро.

Там стаяў разварушаны гоман. Каля сотні чалавек рабочых, згрудзіўшыся ў цесную купку, нешта горача абгаварвалі.

Калі Рыгор падышоў да іх, то зразу разьбегся вачыма ў два бакі.

У асяродку гутарыўшых тросься чорны пук Гісавых кос, пакрытых старым капялюшом, а з бакавых дзьвярэй глядзела прадаўгаватае рыжае аблічча акалодачнага. Блішчастыя гузікі адсьвечвалі зыркую электрыку, як вочы — трутлівую злосьць.

Рыгор не пасьпеў запытаць у чым справа, як акалодачны накіраваўся да купкі рабочых і голасна прагукаў:

— Гаспа-а-дда! Прашу ачысьціць памяшканьне!

Купка людзей зарухала і вузкім ланцужком палілася ў дзьверы.

Адкрытае нездаваленьне перабягала ззаду наперад у абураючай гутарцы пакідаўшых залю.

«Лекцыя забаронена — пайшлі!» пачуў Рыгор.

То казаў Якаў Гіс.

— Ці да мяне?

Як нібыта той, Якаў Гіс пайшоў далей, пакінуўшы Рыгора ў баку.

— Таварыш Гіс! — нагнаў Гіса Рыгораў выгук.

Той павярнуўся і запытальна паглядзеў на задніх.

— Ты мяне не пазнаеш?

— Нязвычны?

Якаў Гіс шчыра патрос працягнутую Рыгорам руку.

— Адкуль ты папаў сюды?

— Заблутанымі сьцежкамі.

— Я думаю.

— Сустракаю цябе ўдвойчы. Ты ня быў, часамі, учора на Выбарскай старане?

— Быў. А чаму?

— Паверыш, загледзеў цябе ў трамваі.

— Мне пра цябе казаў Артур Цьвібель… Дарэчы, ён тут. Давай выйшаўшы пачакаем.

За парогам абое пасталі, праводзячы вачыма абураных забаронай лекцыі рабочых.

— Ці не прайшоў ён наперадзе? — усумніўся Якаў Гіс.

З дзьвярэй выходзілі па адным чалавеку запозьненыя, і, нарэшце, з портфэлем пад пахаю, паказалася сівая постаць акалодачнага.

Яны завярнуліся і пайшлі ўсьцяж шырокае, бязьлюднае вуліцы.

З-пад Абводнага каналу беглі ім настрэчу два радкі сіняватых газавых агенчыкаў. На Віндаўскай таварнай чуліся арцельныя выгукі насільшчыкаў ды манэўравыя сьвісткі стрэлачнікаў.

Працахкала конскімі падковамі пара рамізьніцкіх каламажак.

— Табе далёка? — папытаўся Рыгор.

— На Пецярбурскую… але я мушу зайсьці да знаёмага на Лігаўцы. А ты дзе жывеш?

— У Лясным.

Пры выйсьці на Лігаўку яны стрэлі грамаду мобілізаваных. Яшчэ непераадзетыя ў вайсковую форму, мобілізаваныя ўжо адмервалі ўзмоцненымі ўступамі прыназначаную маршыроўку. Разьмераныя воклічы унтараў і яфрэйтараў раўнялі несашчыльненыя шэрагі адвыклых ад ваеншчыны рабочых, сялян, служачых.

— «Аць, аць! Аць-два, аць-два! аць-два-тры!» — перапевам няслося пад рытмічным гукам крокаў.

— Машына працуе! — заўважыў Якаў Гіс, спыніўшыся і абярнуўшыся да мобілізаваных.

— Яшчэ як! Дзе не паглядзі — толькі і бачыш муштроўку. Вайна!

— Вайна… каб ды яна апошняя стала…

Якава Гіса перабіў раптоўны гоман расстроеных радоў мобілізаваных.

У іх была апраўка.

— Ну, я направа! — рушыўшы, праказаў Якаў Гіс.

— А мне проста. Заходзь!

— Абавязкова. Хоць успомнім рыскае мінулае.

— Таба-то і то.

Яны разьвіталіся і хутка зьніклі з ваччу адзін другога.


X

КАЛІ СТАЦЬ НА ДВАРАНСКІМ МОСЬЦЕ і кінуць узрокам усьцяж Малое Нявы, туды да выспаў — угледзіш вобраз, з якага не надзівіцца. Зьлева — пасьля некалькіх кварталаў будынкаў, густая расьліннасьць Ботанічнага саду, далей Аптэкарскага востраву, як мошаставая сукня, падпяразаная цёмна-сінім шоўкам Неўскае вады. Аб’інталяжаная расьлінамі — здалёк, як Амазонка ў джунглях, Малая Нява губіцца ў купчастай зелені пышных расьлін вастравоў.

Гэта для адпачынку.

Насупроць — праца.

Доўгім правым берагам Вялікае Неўкі — спрэс заводы і фабрыкі.

Траскатня жалеза, бразак, гудзеньне машын.

Густая загарадзь высокіх закураных дымам комінаў.

Над будынкамі — чорная хмара сажы. З сажы выглядаюць буйныя белыя ды чорныя літары назваў заводаў і фабрык.

«Кеніг».

«Пракатны».

«Парвіайнен».

«Стары Лесьнэр».

«Новы Лесьнэр».

«Ніткавая мануфактура».

«Эрыксон».

«Ландрын».

«Суконная фабрыка Торнтон».

Нясьціханая мэталёвая гама стукаў спрэснаю палосаю вісьне над спакойліваю вадою рэчкі. Яна глушыць пялесканьне дробных хвалек у абложаныя падгнілым тынам берагі. У разгойданым процэсе творчасьці, прыгоннай і вызысковай, расплываецца, як воск, ца кішэнях прадпрыемцаў благааплачаная рабочая сіла.

Вайна ўзмоцніла вызыск працоўных, і зьменшыла да нічога і без таго правы рабочага стану.

У бразгу жалеза — звон генэральскіх шпор, у стуку малатоў — поступ абманеных салдат.

А побач — як жывыя — выплываюць празрыстыя здарэньні апошняй забастоўкі.

Узьбярэжная маўчыць. Ні струменю пякучае пары, ні шумлівага гоману бязьлікіх ламавікоў, ні рытмічных, напеўных выгукаў каталяў.

Затушанымі стаяць высокія коміны, як сьведкі заміраньня.

За ўпыленымі, закратаванымі вокнамі пануе спакой, як у пустках.

Жыцьцё кіпіць на незьмярымым Сампсоніеўскім, у вузкіх, ператочных вуліцах раёну.

Песьні, дэмонстрацыйныя выгукі, хваляваньне густога натоўпу рабочага колектыву звоніць у запертыя дзьверы фабрык і заводаў пагрозным вяшчаньнем.

Туды, да зелені Ботанічнага саду і ўпрыгожаных расьлінамі востравоў, нясуцца рэволюцыйныя напевы ўрачыстага паўстаньня.

Настарожаныя гулякі трывожна азіраюцца на бязьдзейныя гмахі закінутых прадпрыемстваў, пугліва верцячы галовамі.

Над Вялікаю Неўкаю лунае ачулая здань незавіднага наступнага. Нацягнуты каўпак вайны ня суліць доўгавечнай зарукі.

Гады, дзесяцігодзьдзі, што сплывалі хвалямі Вялікае Неўкі ў недалёкія глыбіні мора, уносілі з сабою прыгонныя скрэпы няволі.

Празрыстымі бліскавіцамі, ударамі грому прарываліся вострыя протэсты рабочых грамад, парушаючы фальшывую гармонію жыцьця.

1905 год!

Дзевятое студзеня. Першы Савет рабочых дэпутатаў і ўсеагульная забастоўка…

1912 год!

Далёкія, але магутныя водгукі ленскіх падзей.

Крывавае Бодайбо, як адказ на 100.000 забастоўку 1911 г.

1914 год!

І на вуліцах сталіцы трыхсоттысячная грамада зьяднаных адзінай прагнай воляй да свабоды рабочых.

З таго часу — перапынак.

Ці на доўга?

Ліхаманка ваенных паставак нагрузіла прадпрыемствы падвойным штатам рабочых, трыма зьменамі і ваеннай прынукай.

Уздым прамысловасьці?

Конфорка ў канаючы організм самадзяржаўя.

Калі-ж, ды калі гэтыя хмурыя гмахі заводаў перавернуцца ў кузьні вольнае аграмаджанае працы?

Прыдзе час!

Ён ідзе — чутна! — у самым імпадзе згушчаных крокаў рабочых, у іх зьяднаных ды палкіх імкненьнях, ва ўзроках, накіраваных да наступнага.

Роўныя ўтаптаныя дарогі паступова шырэюць і вострымі шпаркімі стрэламі імчацца ў нерастуманеную далячыню.

Рыгоравы ўзрокі прыліплі да блішчастых сьвятлом вокан высокае мануфактуры.

У зьлітым гомане працы рассыпаліся яго імклівыя думкі і лётаюць — носяцца над фабрычнай Выбарскай.

Дагэтуль мімалёт, наскокам бачыў ён гэты вобраз шумлівае, многаграннае сталіцы, а зараз — штосьці прыкавала яго да мосту, злучыла ў адно з раскалыханай працай і трымае, вось, на адным месцы — гадзіну, паўтары, болей…

Над гарбатымі біламі — напружаная постаць…

— Здаецца, знаёмы?

Зьніклы шолам пешаходаў, ездакоў і грукат трамваю, як з адкрытага віру, абдаў Рыгора з усіх бакоў.

Ззаду і з бакоў кіпела жыцьцё ў сваім нясьціханым руху, у нямоўчным гомане. З-пад гарбатага мосту даляталі яго выгукі да Рыгоравых вушэй і ўпадвойвалі жывую песьню існаваньня.

— Я! А вы?..

Ён не дасказаў. Знаёмы выраз чорных воч паласкаў яго пільныя ўзрокі. Стройны клясычны нос дапамінаў…

— Сроль, калі не абмыляюся?

— Здароў, Рыгор! Угледзеў здалёк і перш усумніўся, а даля — давай, думаю, праверу і — на табе! — Чаго ты стаіш над біламі мосту?

— Ты даўно ў Пецярбурзе? Кожны дзень я стыкаюся з нечаканасьцямі… Ня ўпэўнены, што ў адзін момант…

— Дзе-ж тая ўпэўненасьць!.. А я еду якраз назад у Вільню. Была справа прыехаць і так, ведаеш, ня хочацца ад’яжджаць, а мушу…

— Пачакай — дай адумацца… Чым цябе цягне Вільня?

— Мы павінны…

Набліжаныя да Рыгоравага вуха трапяткія вусны Сроля перадалі сакрэтную вестку з жыцьця соцыял-дэмократычнае партыі, але не пасьпелі поўнасьцю растлумачыць прычын. Сроля, нечакана для Рыгора, пазваў чакаўшы яго мужчына.

— Бывай!

— Так раптоўна?

— Мушу. Не аднаго справа…

— Пішы!

Сроль не пасьпеў адказаць, як Рыгор падаў яму мігам занатаваны свой адрас.

— Калі ўсё добра будзе, абавязкова напішу, а можа і прыеду…

Той, хто трымаў Сроля за руку, паглядзеў на гадзіньнік і падаў знак хутчэй сьпяшыць.

— Ці мне здалося, ці сапраўды я стрэў учора Карла Людвіга Шульца?

— Магчыма…

— Асталося меней гадзіны! — няўмольна прагучэў басісты голас Сролевага таварыша.

Працягнутая Сролем рука ўжо не дастала Рыгоравай.

Над біламі мосту, на адгоне перш двух сажняў, а вачавідкі ўсё болей ды болей — адтрапетвалі два капялюшы таварыскае разьвітаньне.

Для Рыгора яно хутка затулілася шэрым змрокам пецярбурскае ночы, якая зьнянацку высунула гэта цікавае спатканьне.

Сроль, як гном, цудам паўстаўшы перад вачыма, цудам і зьнік — толькі мігнуў яскравым вобразам у дынамічнай завірусе прабягаючых зьяў ды ценяў.

Напаўказачным паказаўся ён тым болей, што само тлумачэньне прычыны яго наезду ў Пецярбург асталося загадковым.

У чым справа?

Сроль напіша?

«Калі ўсё добра будзе».

Што-б гэта азначала?

Стаючы сьпіною да Вялікае Неўкі, да руплівага мігаценьня фабрычных агнёў, да раптам узьніклых зыкаў гармоніку з праплываўшае пад мостам лодкі, Рыгор угледзеў наперадзе густую купу людзей. Яна заліла сабою шырыню мосту і запоўніла паветра гаманлівым шоламам.

Як іскры з агню, з шоламу выскаквалі вострыя зычлівыя выгукі, мэрам пікі, насаджаныя на ўзьнятыя ўгору дрэўкі.

Ён прыгледзеўся: у асяродку грамады, акружаныя густою загарадзьдзю гарадавікоў, ішлі да дзесятка добра адзетыя, з цыгарамі ў губах, людзей.

Рыгор пераняў здаравеннага барадатага дзядзьку, чый твар плаваў у тлустай ухмылцы, а вочы ўпарта глядзелі наўкос, і запытаў:

— Каго гэта вядуць?

— Тэўтонаў! Шпегі! Вво-а і-ім-ым!

Здаравенны дзядзька затрос над галовамі дзьвюх жанчын тоўстым прыкасмачаным кулаком.

— Вот ім баронства! Аплялі, як павукі, сталіцу… Т-тудды-і.

— Куды? — пацікавіўся Рыгор.

— У «Красты», пакуль на шыбеніцу.

— Вы да іх маеце справу?

Здаравенны дзядзька мэфістофэльскі паглядзеў на Рыгора і злорадна адпавеў:

— А ты ня маеш?

Яго нахабная рука накіравала да Рыгоравых грудзей, але папхнуты заднімі, здаравенны дзядзька капыльнуў галавою і строма апусьціў руку да нізу.

Праз хвіліну ён зьнік з Рыгоравага ваччу, расплыўшыся ў ценю захілу вуліцы.

На прымоўклы гоман аддаленай грамады мчалася хваля новых зыкаў і грукату звычайнага руху.

Адзін за другім, даўгім шэрагам прабегла да дзесяці трамвайных вагонаў, аплеценых цягучым боем званкоў.

Сьледам на мост узьехала першая падвода вярстовага ланцугу грузавікоў з мукою, жалезам, бочкамі.

Калі мост закалыхаўся ад грукату цяжкіх калёс, пераплеценага дэвэнгам біцюговых падкоў — над Малою Нявою ўзьнёсься прарэзьлівы сьпеў некалькіх фабрычных сырэн.

Уздоўж цёмнае, азоранае агнямі вады, паўз зьлітыя са змрокам парканы фабрык і заводаў, туды — дзе канчаюцца стромкія дзеравяныя будынкі ваколіц — бегла шпаркая струмень перапоўненых зыкаў.

Над дрэвамі выспаў, у згушчанай цемры неасьветленых мясьцін, яны драбіліся на часткі, як фэйервэркі і рассыпаліся ва ўсе канцы пераліўнаю мэлёдыяй.

Гэта дапамінала баявую пераклічку, ці позву на рэволюцыйную трывогу.

Або паказвала распаданьне на зьвяны жалезных ланцугоў, што скоўвалі людзкую свабоду.

Або сымбалізавала перабой малатоў у вызваленых руках творчага колектыву.

Цэлы пук узьнёсных сымбаляў атуліў Рыгораву істоту, як празрыстым зьзяньнем сонца.

І ён урачыста, як волат, перад якім ляжалі трофэі яго перамогі, глядзеў у чорны струмень выходзіўшых з прадпрыемстваў рабочых.

У іх рэзвым гомане, у цьвёрдай ды ўверанай хадзе наглядалася сіла і воля, і лёс блізкага наступнага.

Захоплены радаснымі думкамі, Рыгор крануў з месца і пайшоў на стрэчу гаманлівай грамадзе — сёньня нявольнікаў капіталу, а заўтра — гаспадароў жыцьця.

Частка пятая

[правіць]


ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

РАСІЯ ЖЫЛА ПАД ЗНАКАМ ВАЙНЫ. З усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні эшалёнаў салдат, аружжа, адзеньня, ежы. Мільёны здаровых, працаздольных рабочых і сялян адрываліся ад плённае, карыснае працы. Нязьлічоны лік гадзінных адзінак часу кідалася ў бяздонную процьму, на марнатраўства, на загубу жывых людзей. Па асірацелых сёлах затупала апусьценьне, заняпад. На сьвежых пожнях глыбей у зямлю палезьлі карэньні быльля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладзьдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканьні вестак з фронтаў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзьлі яны, акрываўленыя, авесныя сьмерцю, у белых конвэртах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітаньні бацьком, жонкам і дзецям з далёкіх мясьцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю. Нявыразныя сэнсам рэчы, як назвы вайсковых часьцей, аружных умацаваньняў, командных чыноў павісалі ў затуманеных сьлязьмі вачох. Гэтыя вочы выразна бачылі сьляды, па якіх выходзілі з двара апалчэнцы ды ратнікі, а за імі коні, гавяда, збожжа. Попыт на гэту сялянскую вытворчасьць падобіўся некай ліхаманцы, ліхому паветру. Казачная, зданьнёвая вужака-вайна высмоктвала сокі вёскі, абязмоцваючы яе і спустошваючы. Засмучаны небасхіл хаваў сабою і блізкае наступнае і далёкае будучае.

Іначай выглядаў горад. Яшчэ іначай было ў сталіцы. Калі з аднаго боку і тут лунала здань небясьпекі, дыхала атрутаю сьмерці, то побач з гэтым вайна надавала гораду больш руху, вялікшае ажыўленьне, дынаміку. Горад, а асабліва сталіца, зрабіўся бурлівым катлом, у якім кіпелі прагавітыя пачуцьці рознастайнага характару. Шалёна несьліся ўгару акцыі фабрык і заводаў, на якіх пачалася вытворчасьць для патрэб вайны. Шпарчэй завярцеліся опэрацыі банкаў, выбіліся наповерх новыя дзяльцы з нябывала драпежнымі апэтытамі, з цікаваю надзеннаю сьмякалкаю і пракуратасьцю. Вышэй падняла галаву шматлікая разбэшчаная помпадурская ваеншчына. Гандляры мясам, абуткам, збожжам і многім, што стае патрэбаю дня, пашыралі і без таго ўёмныя кішэні для лёгкага заработку. Нават дробнае чынавенства і тое пачула сябе лягчэй: недастача ў мужчынскай сіле падняла попыт на апошнюю, а сьледам — вырас заработак. Водлуг часовага разбуханьня матэрыяльнае забясьпекі, аформлялася і расло спэкулянцка-патрыотычнае, карысна-фальшывае пачуцьцё любві да «зьняважанай радзімы». Тупаючы па шырокіх тротуарах проспэктаў, падлічваючы даходы мінуўшага дня, нагароду і выйгрышы па акцыях — генэралы, купцы, фабрыканты, банкіры і іх паслугачы самаўсхвалялі пераможнае «воінства», трасьлі кулакамі па адрасе немцаў і праглі нясупыннага пашырэньня вайны. «Зараз-зараз прыдзе на падмогу французам Італія».

У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгэльма і Франца-Язэпа. Адурманеная ваяцкай атрутаю, прадажная прэса пакрылася карыкатурамі, шаржамі, пародыямі і сатырамі на ўсё нямецкае. Вобраз немца падаваўся страшнейшым за ўсё на сьвеце. Расьлі, як на дажджы, надзеі на гасьціннасьць у Бэрліне, на захоп Дарданэл і вызваленьне Балькан. Але за надворнаю мыльнаю помпэзнасьцю ваяцкасьці чулася, таілася коўзкая няўпэўненасьць і нават баязьлівасьць. Ня чулася апоры пад нагамі.

Адсталасьць і бязмоцнасьць, якія пакрываліся барабанным боем прафільтраваных газэт, хавалі ў сабе пагрозу жаданай магутнасьці, звону цяжкіх жандаракіх шпор. «Доблесная гвардыя», накірававая на Кёнігсбэрг, «слаўныя» сібірскія стралкі, пушчаныя прасьцейшым шляхам, праз кут Польшчы, на Бэрлін, фортэцыі і дзьмутая адважнасьць командуючых арміямі, пастаўленыя на вайсковую ногу заводы — усё-ўсё гэта абміналася чаканьнем выступленьня Амэрыкі. «Толькі ўмяшаецца Амэрыка — і немцам да каляд капут». Ну, ці ўмяшаецца гэта залатая пані, далёкая ад фронту і ня столькі ўблытаная ў інтарэсы ваюючых краін? Будзе-ж умяшаецца, то на чыім баку?»

Амэрыка здрочыла радзімых ваяк-храбрацоў, інтрыгавала кожнага, хто зьвязваў з вайною тую ці іншую выгаду сабе. Новы сьвежы нумар газэты, вячэрнія навіны, чуткі з «аўторытэтных колаў» і проста бязгрунтоўныя плёткі — перагаворваліся, крытыкаваліся, надавалі новых надзей і глыбейшай веры.

Драпежныя пачуцьці і крывасмагныя ўзрокі нязьменна накіроўваліся ў бок захаду. Назад, на цёмныя і брудныя ваколіцы гораду, на пусьцеючыя раўніны сялянскае краіны, — ніхто з моцных сьвету не азіраўся. Там, па-іхнаму, панаваў спакой, паслухмянасьць і пакора. Ды чаму-б таго ня быць, калі падкаваны абцас наступіў на горла мільёнаў працоўных і трымае іх пад сабою? Памкніся паварушыцца — раздавіць, зацісьне.

«Наперад перамога — а далей рэформы». Гэта мусяць узяць сабе на розум усе, хто дабрачынны і верны сын радзімы. «Жывыя сілы краіны павінны зьліцца ў адно цэлае і непераможнае». «Толькі тады настане сьветлы дзень, калі Расія выйдзе з цяжкага іспыту неаслабленай і не загубіўшай мінулай славы». Масьляныя сказы і калысныя ўгойданьні засмуродзілі паветра апойным дымам, згусьціўшыся над горадам…

Але першыя сутычкі на франтох расхалоджвалі завуаленую сапраўднасьць. Фронт казаў пра іншае. Калі ня кожная куля, то адна з дзесяці, з дваццаці несла з сабою сьмерць. Гэтых-жа дваццатых было так многа, што людзі гінулі адзін за адным, сотнямі і тысячамі. Падалі мёртвыя і падалі параненыя: ні «сьвятасьць» расійскага аружжа, ні «доблесьць» расійскае арміі, ні «блаславенствы» цара і бога — не абаранялі ад нямецкіх куль. І паступова, дзень за днём, тыдзень за тыднем усё галасьнейшым рабіўся енк параненых, зьвязаных з енкам разлучаных. Лазарэты і шпіталі вырасталі, як грыбы, перш паўнеўшыя клопатамі ды дбайнасьцю, а што далей — чарсьцьвейшыя, закіданыя.

З герояў і абаронцаў — раненыя рабіліся надазолаю, лішніцай. Той, хто на старонках газэт апяваў іхні адважныя ўчынкі, у трамваі злаваўся і мармытаў лаянкі, што яму недзе сесьці з-за абрубкаў людзкога мяса.

Сталіца не павінна стыкацца з праявамі вайны! Сталіца — бач яе палацы і віллы, Неўскі і Сергіеўская, мусяць быць злучанымі з вайною толькі прыказнымі кіўкамі пальцаў у белых рукавіцах.

Вайна-ж рабіла сваё.


II

ЗАВОД, на якім працаваў Рыгор, падпаў пад рубрыку працуючых на абарону. На працягу першага месяца ваеннае чыннасьці ён значна пашырыўся, лік рабочых амаль не падвоіўся — былі ўведзены дзьве поўных зьмены. Тыя з майстэрань, якія прабаўляліся на вырабе вытворчасьці для мірнага часу, перайшлі на выраб ваенных прылад. Гэткім чынам, вялізная армія людзей, колькасьцю ў сем тысяч, была занята падрыхтоўкаю сьмерці. Агромністы чатырохпавярховы трохкутны гмах абярнуўся ў дасканала організаваную кузьню людзкое згубы. У стройным сугучным наігрываньні соцень станкоў, у празрыстым бляску электрыкі гатовіліся дзень-ада-дня тысячамі штук адмысловыя бліскучыя трохцалёвыя і шасьціцалёвыя знарады. Каб праца болей спорылася, рабочых увялі ў цесныя рамкі вайсковае дысцыпліны і падвышанага заработку. Спакойна, бяз слова перакору, пад напружным узрокам адміністрацыі — трэ’ было пакорліва стаяць над разцом і рэзаць, рэзаць цьвёрдую сталь.

Узмоцненыя нагледачы, упаўнаважаныя сілаю і правам з боку вайсковае ўлады, зрабіліся грознымі падганяламі рабочых. Капіталістычны прыгон, зьвязаны з узброенай ваеншчынай, панаваў над рабочымі кварталамі сталіцы.

Нядаўнія здарэньні ацягнуліся дымкаю шэрасьці і стуліліся ў ціхіх куткох прыгнечанае памяці. Раніцой а восьмай, вечарам а шостай цягнуліся чорныя ланцугі рабочых з заводу і на завод. Густа набраныя балонкі газэт, ад чорнасотніцкага «Гражданина» да левага «Дня» — ні слова пра рабочае жыцьцё. Абцугі цэнзуры зырка сачылі за крамолай пісак.

Рыгор нейкі час знаходзіўся пад уражаньнем нутранога прыгнёту. Яго ашаломвала халодная ціша паказнога грамадзянскага замірэньня. Аднастайнасьць штодзённага тупаньня з заводу на кватэру і з кватэры на завод — надакучалі. Яшчэ цяжэй рабілася, калі ён варочаўся ў думках да Камара, Артура і ўспамінаў пра Пятруся. Рыгор чуў, як некаторыя з рабочых, асабліва з большых майстроў, толькі і гутарылі, што пра справы свайго асабістага будзённага жыцьця. Адзін хваліўся новым гарнітурам і палітом, другі — набыткам «абстаноўкі» ў кватэры, трэці — удала праведзеным часам з дзяўчынаю. У паветры насілася атрута дробных клопатаў мяшчанскага дабрабыту. І, як на бяду, лёгка і шчыльна прыліпала да адзінак рабочых пачуцьцё фальшывай надзеннай патрыотычнасьці.

Горай усяго, што не асталося жаднага месца, ніякай установы, дзе-б рабочы сумеў сустрэцца з таварышамі і ўсебакова азнаёміцца з бягучаю сапраўднасьцю. Культурна-прасьветныя таварыствы, бібліотэкі і клюбы поліцыя старанна прычыніла.

У зьвязку з апошнімі падзеямі і арыштамі сувязь з партыйным комітэтам на нейкі час была прыпынена.

Рыгору напрашваліся невясёлыя думкі, падкрадалася злосьць. Ён часта-густа кідаў кватэру і ехаў да Ганны. Там з ёю, адзін на адзін, ён дзяліўся думкамі, плянамі і надзеямі. Але гэтага Рыгору не хапала. З Ганнаю ён ня мог належным чынам абгаварыць пытаньне прыкрай сучаснасьні. Многае ёй было незразумелым, іншае прымалася не з належным спачуваньнем і цеплатою. Ганна болей спачувала Рыгору з прычыны яго незадаволенасьці і нэрвовасьці, чымся асуджала прычыны, якія гэта радзілі. Рыгор абураўся і лаяў Камара: «Вось гэткія, як Камар, многаму віною. Атрымаўшы капеечную падачку, яны гатовы аддаць за яе рабочыя інтарэсы. Замест таго, каб будзіць у рабочых пачуцьцё рэволюцыйнага настрою, яны разводзяць мяшчанскія антымоніі». Ганна супакойвала Рыгора, адыгрываючыся на ўвярэньні: «Пачакай — усё пераменіцца. Гэты самы Камар запяе зусім па-іншаму».

Рыгор не сумняваўся ні званьня, што «ўсё пераменіцца». Але яго брала нездавальненьне за маруднасьць процэсу пераменчывасьці. Перадваенная забастоўка ў Пецярбурзе, крута зьмененая халодным заспакаеньнем з часу абвяшчэньня вайны, балюча раніла Рыгорава сэрца. Вакольныя абставіны ціснулі яго жалезнымі абручамі, студзячы позывы, энэргію, захапленьне.

Рыгор вяртаўся да сябе і пачынаў шукаць падпоры ў тых проблісках непатухшых зьяў, якія іскрамі гарэлі ў рабочым асяродзьдзі. Ён разважаў: «Няхай сабе некаторая колькасьць рабочых паддалася камароўшчыне, усё-ж гэта хвароба ня здолела апанаваць рабочым станам». Рыгор быў пэвен, што таварышоў з яго настроямі можна знайсьці ў заводзе не адзін дзесятак. І зараз пасьля разгрому, пасьля арышту многія з іх спадцішку, асьцярожліва, тайком абмацваюць грунт, пашыраючы яго пад іншых. У адзін час яны зьявяцца магутнаю грамадою ваяк.

Рыгор на ўсе лады комбінаваў розныя пляны, якія-б выклікалі набліжэньне жаданага моманту. Хвілінамі яго апаноўваў задзёр, з выгляду эфэктоўны, па зьмесьце — рызыкоўны. Узважыўшы чыннасьць і яе скуткі, прыходзілася адмаўляцца ад зданьнёвых намераў. Часта жыцьцё не ўкладалася ў яго прагноз. Раптоўнасьць здарэньняў абганяла сьмеласьць намераў. З шэрагу іншых Рыгор ня мог ня вылучыць дадатным наступнага: наглядаючы за працаю цэху, майстар зьнячэўку папаў пад кавалак зломанага разца, які параніў яго ў голаў.

— Я прашу выбачэньня! — перапрасіў яго зьбянтэжаны рабочы.

— Я злачынцам не выбачаю! Ім у нас ня месца! Прашу зьявіцца за разьлікам! — абурыўся майстар і крута павярнуў ад рабочага.

Ён не пасьпеў ступіць і трох крокаў, як мусіў спыніцца. Роўная струна станкоў раптам стала і замерла. Сумная цішыня маланкай пранеслася па майстэрні і абяліла майстра бялізною спалоху… Скрозь туман ён убачыў перад сабою вострыя, як лёзы, хмурыя ўзрокі рабочых, якія нярухома глядзелі ў яго застыўшы твар. Рыгор пачынаў шэраг ад сьцяны і рашуча яго выгінаў, падаўшыся крыху наперад.

— Гэта яго сыгнал! — паказваючы на Рыгора шабляю, басам прагучэў палкоўнік інтэнданцтва, быўшы з майстрам.

Майстар ці ня ўчуў, ці збаяўся падтрымаць палкоўніка і ціхім умольным голасам праказаў у бок рабочых:

— Я прашу вас пусьціць станкі. За свае словы прашу ўбачэньня.

І, палажыўшы масьляную руку на раненае месца, ён блытанымі крокамі павярнуў у бок конторкі. Нездаволеным пайшоў за ім палкоўнік. Рабочыя пусьцілі станкі. Рыгор з незьмярымаю асалодаю прасачыў доўгі ланцуг пахіленых да станка таварышоў і сам апошнім глыбока з запоем усадзіў разец у пажоўклую сталь. «Нумар выдаўся на славу», — пацешыўся ён. «Рабочыя паказалі ўзор яднаньня, прыклад рашучасьці, дэмонстрацыю протэсту. Гэта значыць, што пад расьсьцеленым павучыньнем знадворнага спакою дзейнічае, калышыцца няўміручая сіла ўздыму. Успыхнуўшы, іскра запаліць полымя. Толькі ўмела яе разьдзьмухаць!»

Вечарам таго дня, выйшаўшы з заводу, Рыгор паехаў да Ганны, каб падзяліцца з ёю сьвежымі навінамі з жыцьця заводу.


III

РЫГОР ПРЫНЯЎ ад конторшчыка разьліковую кніжку і паглядзеў на выведзены заработак: першы тыдзень верасьня даваў яго новае падвышэньне. Рыгор зарабіў на дзесяць рублёў болей папярэдніх двух тыдняў. Гэта яго зьдзівіла і суцешыла. Час недахопаў, пабіраньня і ўпартых дапамінаў пра грошы — мінаў. Заработак абяцаў некаторую забясьпеку. Яшчэ тыдзень- другі і Рыгор сумее пакрыць першыя патрэбы. Выходзячы з заводу, ён разьмяркоўваў, куды і на што прыдзецца аддаць частку атрыманых грошай. Выяўляліся тры месцы першае чаргі: выслаць мацеры, зьвярнуць Ганьне і пераслаць Пятрусю. Толькі як гэта зрабіць? Мацеры выслаць — вельмі проста; знойдзецца падыход і да Ганны. Угаворамі, націскам на сяброўскае пачуцьцё ён сумее яе схіліць. З Пятрусём — цяжэй. Прайшло больш месяца, як ён арыштаваны. Пятрусёва маўчанка наводзіла Рыгора на падазронасьць і неспакой.

Не павінна-ж быць, каб яго так запраторылі, што аднялі ўсякую сувязь з вольным сьветам!

Рыгор да таго ўвайшоў у раздум, што не заўважыў, як абмінуў двор свае кватэры. Раптоўны вокліч прымусіў яго спыніцца. Ён азірнуўся і ўгледзеў накіраваўшую да яго Рыму.

— Рыгор, я вам нясу паклон. Думаеце, ад каго?

— Магчыма, ад…

— Так, ад Пятруся, — пераняла яго Рыма: — сёньня раніцою прынесьлі ліст. І, ведаеце, ліст абазначаны пятнаццатым днём жніўня. Тры тыдні ішоў ад прадварылкі да Ляснога.

— Ён ішоў праз пошту?

— Хто яго ведае, як і што; паштовая пячатка ёсьць.

— Дык зойдзем да мяне і пачытаеце. Нам трэба будзе абгаварыць справу дапамогі Пятрусю.

— Спатканьне даецца два разы на тыдзень. Давайце, ахвяруем дзень.

Яны зайшлі да Рыгора. Пятрусь шчыльна аб’яднаў пачуцьцё абодвух, і яны прагавіта накінуліся на ліст. Рыма завучана прачытала яго Рыгору. Той выслухаў і пацяў плячыма.

— Ды што можна іншае пісаць? — запытаў ён ні то ў сябе, ні то ў Рымы.

— Але я рада і гэтаму. Нарэшце, хоць сэрца адлягло…

Выказаўшы гэта, Рыма змаўчала, мэрам-бы чаго спалохаўшыся.

— Вы мне скажэце, Рыгор, ці гэта бясьпечна для мяне, што поліцыя знацьме мой адрас і мае дачыненьні да Пятруся?

— Чаму вы пытаеце?

Уверанасьць і цьвёрдасьць у Рыгоравых словах зьмянілі настрой дзяўчыны. Яна засьмяялася і скорамоўна праказала:

— Ну і цудная-ж я! Плявузгаю ліха ведае што! А каб і трапілася, што мяне заарыштавалі, ці-ж бы я адна была?.. Фуу!

— Кіньце-э, Рыма, з чаго вам прышло гэта ў голаў? — разуважыў яе Рыгор.

Дзяўчына зноў засьмяялася і, каб скрасьці вачавідкую нэрвовасьць, ці то зьвязаную з Пятрусёваю цыдулыкаю, ці незалежную ад яе, перайшла на іншую гутарку.

— А я ўсё чакаю выпадку, калі вы зьвядзеце мяне з вашаю знаёмаю. Помніце, колькі разоў вы абяцалі мне гэта?

Рыгор паглядзеў на Рыму.

— Я добра гэта помню, але, да шкоды, рэдка вас бачу.

— Можа мяне вінаваціць станеце ў гэтым? Я так і думала…

У Рымы па твары прабегла лёгкая чырвань. Яна падняла зрэнкі ўгару і з хвіліну глядзела ў столь. Пасьля падышла да акна і столькі-ж часу стаяла, адвярнуўшыся ад Рыгора.

— Вы мне даруйце, я мушу зараз ісьці, — няўвераным голасам праказала яна, зрабіўшы пару крокаў ад акна.

— Я бачу, што вы ўсхвалёваны нечым, Рыма? — хапіў яе за руку Рыгор: — Вы пакрыўдзіліся, што я…

— Не, не-э… Я… Пятрусь, вы… Пусьцеце мяне, прашу вас…

Рыма тузанула і вырвалася з Рыгоравых рук. Не праказаўшы слова і не азірнуўшыся на яго, кінулася ў дзьверы і схавалася.

Задзіўлены яе паводзінамі, Рыгор пагнаўся ўсьлед ёй, але калі дабег да дзьвярэй на сходы, Рыма ўжо сходзіла апошнія ступы. Ён пастаяў, пакуль яна схавалася за сьцяною, і вярнуўся ў пакой: «Што з ёю такое?» — падумаў Рыгор: «Спаткалася, як трэба, а нарэшце — вунь што! Няўжо тут замешана нешта такое, да чаго маю і я дачыненьне? Ганна? Знаёмства з Пятрусём?»

Рыгор доўга раздумваў пра гэта, занядбаўшы і гарбатаю, і газэтамі, і намерам праехацца ў горад… Толькі а гадзіне дзесятай вечара навеенае Рымаю пачуцьцё расплылося, і ён вярнуўся ў думках да Пятруся.

Вестка ад яго, прынесеная Рымаю, ня гледзячы на ўсё іншае, супакойвала Рыгора. Ёю вырашалася задача, якая так моцна захапіла яго некалькі часу назад. Цяпер аставалася адно: вылучыць дзень і пайсьці да Пятруся на спатканьне. «Гэта трэба зрабіць, як найхутчэй, а то Пятрусь, напэўна, думае, што я пра яго і забыў». Рыгор спыніўся на бліжэйшым чацьвяргу і перайшоў у думках да Ганны з мацярай.

Цікава, у якую-ж форму выльлецца гутарка з Ганнаю? Ён возьме і запрапануе ёй грошы, спасылаючыся на яе дапамогу мацеры, на яе недастатковы заработак… А Ганна? Добра-ж, калі яна абмяжуецца голай адмовай, а калі…

Рыгор дапусьціў, нарэшце, крануць сваіх інтымных адносін да Ганны. Яскрава прадстала яму гэта дзяўчына ў настроі замілаваньня і нутраное асалоды, дбайна хаваючы яго ад апаскі ў сваім цесным пакоі. Як міла і цёпла глядзелі на яго Ганьніны мяккія вочы! Колькі ў іх спагады і братняе любасьці! Якая яна ласкавая і гасьцінная! Магчыма, Ганна лашчыць многа надзей… якія, аднак, далёка ад ажыцьцяўленьня. Цікава ўсё-ж выклікаць яе на адкрытую гутарку… Няўжо дзяўчына пра гэта ня думала?

Думка за думкаю блытаным сплётам вілася ў Рыгоравай галаве. Водгукам на іх сэрца адбівала спагадлівы настрой.

Рыгор хутка абарваў і думкі, і настрой. Ён раптам сеў да стала і ўзяўся за пісаньне лісту да мацеры. Ён папераджаў яе, што разам з лістом высылае пятнаццаць рублёў грошай; гэта мала, але няхай маці ўбачыць; спусьціўшы нейкі час, ён сумее выслаць больш. Покуль яму трэба расплаціцца з даўгамі, купіць сёе-тое, а стане вальней — тады…

Пятнаццаць рублёў дапамогі мацеры выклікала ў ім пачуцьцё задавальненьня. Спадаў нейкі цяжар з плеч, калі ён канчаў з лістом, адначасна адлажыўшы ў другое месца вызначаную суму.

«Маці атрымае і…»

Стук у дзьверы пакою падняў Рыгора на ногі. Ён правёў няроўную рысу па паперы і адсунуў яе ў бок.

— Прашу!

— Вам ліст, — прачыніўшы дзьверы, падала гаспадыня кватэры.

— Дзякую.

Рыгор узяў ліст з рук гаспадыні і паглядзеў на конвэрт, дзе была пячатка. «З Сілцоў!» — праказаў ён сам сабе і падышоў да акна з намерам прачытаць яго. Тут яго ўвагу адцягнуў аэроплян: вагромнаю птушкаю выпархнуў ён з-за высокага будынку і плаўна закруціўся перад акном яго пакою. Рыгор бачыў, як шэрая істужка дымку пляла ўзоры пад яго хвастом, мэрам-бы жартуючы з тройкаю чудлівых варон, што ляталі ўсьлед аэропляна. Да яго вушэй даходзіла цягучае гудзеньне пропэлеру. Відовішча хавала ў сабе прыгожасьць людзкое перамогі над стыхіяй, акрыляла Рыгоравы думкі і надзеі. Яго захапіла хаценьне, каб гэта ды самому паспрабаваць абляцець адно кола ў чыстаце спакойнага паветра… У адчуваньні прадстаўленых перажыткаў пры палёце — ёкнула сэрца, а халадок ні то ўцехі, ні то пудлівасьці прайшоў па ўсім целе…

Хвілін праз дзесяць Рыгор наглядаў у палёце аэропляну пагрозную адзнаку завіхрыўшай вайны. Легенда пра Ікара ў яго раздумах атулілася жалобаю. Дзякуючы гэтай дзёрзкай людзкой вынаходцы, вайна скарачае шлях, якім вядзе сваё разбурэньне. Ці-ж можна ручаць, што з яго скрыдлаў не спадуць сьмертаносныя стрэлы?

Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзеньне аэропляну.


IV

ДОЎГАЯ ВУЗКАЯ ПАЛОСКА паперы была скрэмзана да адказу. Няроўныя радкі п’яных літар абкручвалі берагі палоскі, сплятаючыся ў Арыадніну нітку. Рыгор круціў паперу ва ўсе бакі, меркаваў, адкуль і куды накірованы канчаткі слоў.

«Ну, і напісаў-жа Сёмка», — пераказваў раз-по-разу.

Дачытаўшы да канца, Рыгор падняўся з крэсла і затупаў па пакоі. Зьмест Сёмкавага лісту завалодваў яго думкамі і настроямі.

Хутка Рыгор бачыў перад сабою жывыя малюнкі водгукаў вайны ў яго родным мястэчку. Вось па яго вузкіх пыльных вуліцах прашнуравалі стражніцкія разьезды; яны абвяшчалі пра мобілізацыю людзей і коняй. Адначасна сьцены рагавых хат увабраліся абвесткамі пра ваеннае становішча. Сілцы замерлі, мэрам-бы на іх дыхнула ліхое паветра. Нейкі час жыхары сядзелі, як замарожаныя, аглузьдзелыя. Назаўтра іх разбудзіла раскалыханая трывожнасьць. Паўсталі шэпты, гутарка; сьледам зьявіўся рух, гвалтоўны настрой, роспачныя аханьні, узрыды… Чарговым днём мястэчка апынулася каля Масткоў: тарахцелі вазы, курыўся пыл, вылі сабакі. На шырокай прагаліне, абкружанай сьцяною людзей і жывёлы, ішла мерка коняй. Трое чалавек, з якіх адзін быў вэтэрынар з Ліцку, другі — спраўнік адтуль-жа, трэці — валасны пісар, — машынальна аглядалі аднаго за другім несканчоны шэраг рознамасных, рознаросных коняй. Пісалі, прыстаўлялі і адстаўлялі стракатую палку, выгуквалі аднастайныя словы: «прыняты», «у коньніцу», «у артылерыю», «у кухню». Рэдка можна было пачуць — «брак».

Пакорныя лёсу, сілкоўцы маўкліва выслухоўвалі выпады ка­місіі і гінулі ў разгаламучаным натоўпе, у пылу, за нячэмнымі драбінамі і вазкамі…

А ў гэты час у мястэчку гудзеў гвалтоўны звон. Над шэрымі стрэхамі панурых хатак гусьціўся чорны дым, запярэшчаны во­гненымі языкамі праменю. Нейкі час каля Масткоў не заўважалі гэтага, але надало камусьці паглядзець на ўсход, як дзікі выгук «Сілцы гараць!» узьняў тысячную грамаду з месца і шалёным галопам папёр яе ў мястэчка. Людзі гналі коняй, не патураючы ні на вошта, гукалі, лаяліся, наяжджалі адзін на другога, варочалі вазы, разьбіваліся. Ва ўзьнятым пылу яны здаваліся ценямі, зданьню. Ці то знарок, ці зьнянацку, каля самага мястэчка, пры завароце адзін з сілкоўцаў наехаў на пісарскую брычку і павярнуў яе. Пісар ачуўся пад конскімі нагамі. У момант на гэтым месцы згрудзілася грамада вазьніц. Панесьліся нялюдзкія крыкі і лямант. Адказам былі беспарадкавыя стрэлы адкульсьці прыскакаўшых стражнікаў…

А пажар, як вадою, змываў хату за хатаю. Галавешкі, мэрам вогненыя птушкі, насіліся ў атручаным дымам паветры. Гудзеў, не змаўкаючы, звон…

Незаўважным крокам падасьпела ноч і паглынула разьюшаны дзень, яшчэ страшней зрабіўшы разгорнуты вобраз пажару…

Кончылася раніцою — тады, калі ў шалёным пудзе нячуваных падзей людзі выбіліся з моцы. З апушчанымі галовамі шукалі пагарэльцы сваё дабро; тыя-ж, у каго яно ўцалела, голасна дзякавалі невядомага ім абаронцу ў асобе выдуманага бога. Мірнымі тупалі змораныя коні стражнікаў…

Толькі наступным днём чарада мобілізаваных сілкоўцаў знарушыла жалобны супакой разьвітальнаю песьняю — «последний нынешний дене-очек-ек…»

Яны ішлі на вайну…

«Я табе кажу, братка мой, гэтакага пекла я ніколі яшчэ ня бачыў. Вось як мы сустрэлі вайну. У вас, пэўна, яно ўсё спакайней абышлося. Бывай здароў! Адпісвай хутчэй. Твой Сёмка».

Рыгор незаўважна выпусьціў з рук ліст і толькі рушыў з месца, калі сударга апусьціла яго стомленую руку.

У пакоі пацямнела. На вуліцы, у бок казарм, заблішчэў ліхтар. У яго малочным сьвятле расплыліся рэшткі вобразаў, узьнятых Сёмкавым лістом.

«Ну, а з маткай там якаво?» — уголас запытаў Рыгор сябе і баржджэй хапіўся за напісаны ёй ліст. «А калі ды згарэла і наша хата, а маці асталася без таго, што мела? Што тады? Пятнаццаць рублёў — ці-ж яны выручаць яе?»

Рыгор уталоплена глядзеў на ліст, палажыўшы на лоб руку. Плойма нявыразных думак ахутвала голаў. Становішча, якое нядаўна выясьніла перад ім бліжэйшую пэрспэктыву, раптам заблытвалася. «Якім-бы чынам тут уведаць»…

Ён не дакончыў думку, калі з-за дзьвярэй данёсься настарожлівы вокліч:

— Можна, Рыгор?

— Прашу вас!

Ужо інстынктыўна ён пачуў, што прыйшла Ганна. Было зусім дарэчы. І сэрца ўзмоцненым стукам аддало ёй вітаньне.

— Ты дома? — запытала Ганна, працягваючы яму руку.

— Чаму? А то мяне ты не заставала? Садзіся… Дома… Дагэтуль вось… гісторыя…

— Гісторыя?!

У Ганьніным ваччу бліснула настарожанасьць. З чырвоных яблычак, што іх наклеіла на Ганьніны шчокі сьвежае ядранае паветра, заўважна спадала ружа.

— Сядай… Гісторыя…

Ганна села, і не адводзіла ад Рыгора вачэй. Напружана чакала — што-ж у яго за гісторыя, які яе зьмест.

Рыгор зацяжна ўздыхнуў і пагладзіў косы.

— Гісторыя ня з прыемных, — раздразьніў ён Ганьніну цікавасьць.

Тая прыўстала, узрокам вымагаючы апавяданьня.

Калі-ж Рыгор у кароткіх рысах перадаў ёй зьмест Сёмкавага лісту, Ганна спагадліва войкнула.

— Давай тэлеграму, — парадзіла яна.

— Я думаў… Ды ці-ж бы Сёмка не дапісаў, каб крый чаго…

Гэта была самаўцеха, але Ганна на ёй спынілася — магчыма ўсё абышлося добра. Прынамсі… Што-б яна зрабіла, каб ды наадварот?..

— А я цябе чакаў…

Рыгорава рука лягла на Ганьніным плячы…

— Няўжо праўда?.. Сядзь каля мяне хоць на адзін квадранец… Мне так хочацца з табою ад душы пагутарыць…

Чамусьці Ганнаю завалодала нясьмеласьць. Нешта ня пускала плаўкай вымове слоў… Тая-ж сіла схіляла да долу яе затуманены ўзрок. Рыгор настаражыўся і, калі Ганна змоўкла, ён пахіліў яе стан да сябе.

— Я слухаю, Ганна… Кажы мне ўсё, што маеш сказаць… Я слухаю…

Павернуты да Рыгора яе твар выглядаў жывым, настойным пытаньнем; вочы пранізвалі яго нўтро — ня было абароны.

— Выслухаеш?

— Выслухаю.

— Дарагі мой, я ўжо здаўна і часта пытаю сябе… Няўжо мне суджана будзе зноў загубіць твой сьлед?.. Я баюся, што мне будзе ня справіцца з напорам жыцьця, калі ў адну хвіліну… Ты чуеш?.. Я табе не казала ніколі ні разу, а, тымчасам, твая істота, ты — неад’емная часьціна майго жыцьця… Цалюткі сёнешні дзень я мучылася думкамі — рашыцца, ці яшчэ чакаць. І вось прымай, як хочаш…

Гэтыя напружаныя, трапяткія сказы абдавалі Рыгора праменнай цеплатою. Яму рабілася ад гэтай цеплаты не па сабе, млосна — зусім нечакана ён сустрэўся з гэтым манэўрам Ганны. Калі толькі што яго думка кранула магчымасьці з ім спаткнуцца, то ўсё абыйшлося нясур’ёзна і павярхоўна; нават не зацікавіла яго, што-б і як адказаць, каб падасьпеў выпадак. Вострая рэакцыя ўнутры спаліла праявы ўсякага пачуцьця. А гэта, вось…

Бязмоўным пацалункам, зьмешчаным на Ганьнінай шчацэ, было не абмежавацца. Вачавідкі і зразумела — Рыгор сам адзнаваў, жадаючы пачуць Ганьніна слова. Ды яна маўчала — ні то задаволеная, ні то пакрыўджаная.

Яе ўзрок пранізваў промень, занесены з вуліцы ў акно. Сэрца-ж замірала пад шчыльна пакладзенаю на грудзі Рыгоравай рукою. Таемнасьць цішы разгортала таінства глыбокага прасякненьня любоўю двух блізкіх, палкіх, маладых сэрцаў.

— Запалі сьвятло!

Ганьніны словы сустрэў зацяжны гул сырэны, што нахабна ўварваўся ў пакой. Рыгор пакорліва выпаўніў Ганьніна ці то вяленьне, ці просьбу.

— Ну, я табе забыў пахваліцца, Ганна, — раптам ён успомніў пра вестку ад Пятруся.

— А што? — бясьцікаўна запытала дзяўчына.

— Пятрусь прыслаў паведамленьне… Я, бок, табе казаў пра Пятруся?

— Казаў… Адазваўся?

— Так, як і трэ’ было чакаць, — ён у доме папярэдняга зьняволеньня… Рыма…

— Рыма?

— Ты-б прыйшла калі, Ганна, я-б цябе зьвёў з гэтай дзяўчынаю… Яна вельмі хоча з табою пазнацца. Што за чалавек!.. Пятрусь…

Ганна стаяла ля акна, і Рыгор не заўважаў, што яна глядзела на гадзіньнік.

— Я прыду ды буду лішняю, тады…

— Ганна!

Рыгор сам не чакаў гэтай неасьцярогі — гук дзвэнгнуў шклом у акне і, напэўна, дайшоў да гаспадыні. Скокам маладога цігра ён апынуўся каля Ганны і спрытным обдымам прытуліў да сябе.

— Ты ня злуешся?

— Вы гарбату будзеце піць, Рыгор Міхасевіч?

Гаспадыня злаўмысна прачыніла дзьверы, і ў вузкай шчыліне блішчэў вагенчык яе шпегаўскіх вачэй.

— Папрашу, калі ласка. Вып’еш гарбаты, Ганна?

— Позна. Я мушу ісьці.

— Цябе чакаюць?

— Чаму-ж мяне, думаеш, некаму чакаць?

— Думаю… Ты злуешся на мяне?

— Я ні на кога ня злуюся, я на сябе злуюся…

— Сядай… Правер той час, у які мы знаёмы з табою. Ці ж калі-кольвечы даў намёк на няўвагу да цябе? Ці хоць раз ты ад мяне чула няўладнае слова? Ганна?..

У яго сьлесарскай руцэ захрусьцела тонкая далікатная рука нядаўняй настаўніцы.

— Я так быў рады, калі стрэў цябе ў гушчы рабочай грамады. Я кінуўся да цябе, як матрос на маяк…

І міна на мужным, суровым твары Рыгора, і сталёвасьць у яго словах, і бляск у ваччу і нахіл яго постаці — усё казала Ганьне — павер, праканайся, заспакойся…

— Можна? Гарбата!

Рыгор адчыніў дзьверы і ўзяў з гаспадыніных рук тацу.

Праз хвілю яны сядзелі за хісткім столікам, адзін супроць другога, і пілі гарбату. Спакой сьведчыў пра наступіўшае замірэньне, якое радзіла звычайную лёгкую гутарку. Цёплая ўхмылка роўна апінала іх жыцьцярадыя постаці.

Раз ад разу бранчэла пасуда.


V

ВОСТРАЯ, ПРАЗРЫСТАЯ нітка праменю кінула на Рыгораў твар вёрткага зайчыка. Заказытала ў ваччу і чулыя вейкі падняліся ўгору.

— Пятрусь? Дзе-ж ён?

Мігам шустрая думка Рыгора апынулася ў вузкай глыбокай камеры дому папярэдняга зьняволеньня.

— Дзе Пятрусь?..

…Камера № 87.

Вось толькі пяць хвілін, як Пятрусь удвойчы хапіўся за праверку перажытага ім у вастрозе часу. Якая цягучая аднастайнасьць! А між тым — як хутка прамігнуў час! Мэрам-бы сёньня яго прывялі сюды. Тыя-ж сумныя і халодныя сьцены. Той-жа кавалачак хмурнага неба ў закраценым акне. Прымацаваны да сьцяны жалезны столік, абрыдлы цьвёрды ложак. Замураваны ўмывальнік і брудная параша. Усё асвойтанае, звыклае і надаеўшае.

— Стукаюць?

Схудалая постаць туліцца вухам да сьцяны і напружана слухае. Спусьціўшы хвілін пяць, адбівае. «Ніякіх зьвестак з волі».

— Ці чакаю? — «Чакаю. Пісаў некалькі лістоў, а жаднага адказу».

Стук змаўкае і Пятрусь памерным, разьлічаным ступам мерае камеру з кутка ў куток. «Няўжо і на гэты раз ніхто не адзавецца?»

Пятруся карціць і прагна хочацца атрымаць вестку з волі. Ён дзень у дзень успамінае Рыгора, Рыму, часамі далучае да іх Гэлю; часта пераносіцца думкамі ў Сілцы, выяўляе перад сабою настроі і думкі бацькоў; спагадае іх няведаньню пра яго. І ўсе гэтыя раздумы, успаміны, жаданьні і хаценьні пэрыодычна ўстаноўленым чынам праносяцца перад ім у бяспрытульнасьці астрогу. Наколькі часу ўперадзе? А хто яго адгадае — воля царскіх сатрапаў, капрыс любога апрычніка. Каму ёсьць дзела да сотні-другое заключаных у гэты сіберны будынак? Вунь цэлыя мільёны пастаўлены пад нажы, пад кулі, пад атрутныя газы — ці-ж можа хто думаць пра іх, у цяпле і безапасцы?

Жорсткаю рукою вайна сьцірала людзкое дбаньне аднаго пра другога. Сухая адчужанасьць цёрлася па гладкіх каменьнях ка­меры, пускаючы мерзлую шэрань Пятрусю ў вочы… Час, час, які няпэўны час! Ці можна даць нездаволеньню ўтульнае месца ў сваім нутры? На Рыгора? На Рыму? На ўсіх тых, хто яго ведае, хто яго помніць? Няровен час! А мо’ Рыгор далей за яго — натура Рыгора вядома… А Рыма? — прамігнуўшы агенчык… Так, сьвядомасьць дыктуе развагу, але ёй не паддаецца настрой…

— Ізноў стукаюць?

Вуха лажыцца на шэрую фарбу сьцяны.

— Што-о?

Здаровыя пальцы звыклі з цьвёрдасьцю сьцен — б’юць запытаньне… Але… з боку шорах?

Косіцца вока да вузкай круглінкі ў дзьвярах — ня ўтоіш, наглядач, у мяккім войлаку сваіх прадажных крокаў.

Ізноў думкі.

Нязвычны! Вось ён, чалавек жалезнае волі. Рыгор! Дык чаму-ж ён маўчыць? Цэлых два месяцы ні слова… Пераймаюць лісты? Ці тут віною Рыма?

Пятрусь затросься, як асіна — калючая прага пачуць цёплае слова з волі, праведаць пра Рыгора, угледзіць Рыму… А можа яны… Не павінна быць!..

Маланкаю праясьняецца мінулае ў іх адносінах — чыстае, як маланка, без заусінкі. Ня ў гэтым прычына. Яны помняць яго, магчыма, думаюць, а мо’ і дбаюць — чаму-ж яму заўчэсьня наракаць…

— На гу-у-лян-ку-у!

Пятрусь гатоў.

Вось бразгае жалеза за дзьвярыма камеры. Чуецца ажыўленьне на глухім, мяртвым калідоры… Яшчэ хвіліна — і ён у роўным, мэханічным шэрагу вязьняў. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўкі галавы абменьваюцца прывітаньнем. Украдчывая ухмылка на зьбляднелых тварах. Рассыпаецца шэпт па жалезных усходах. Тры павароты — і насустрач водбліскі празрыстага сонца. Яны скрадаюць беднасьць і агіднасьць белых гарнітураў арыштантаў…

Двор і шоргат шкарбакоў па ўкованай каменьмі зямлі. Ланцугамі ўюцца круглыя цені галоў — мэрам-бы круціцца знарочыстае кола, на многалікіх сьпіцах якога насаджаны чорныя галкі. Мяртвым шулам тырчыць фігура салдата з аружжам у руках. Непарушны, як укопаны, ён ловіць уталопленым узрокам выразы твараў. Сочыць за кожным крокам мігаючых постацяй. А ззаду? Ззаду жалезная брама. У драп’ястых будках — настарожаная варта. І толькі? Не. Вуньдзека, з-за шуляваньняў вокан наглядаюць запасныя нагледачы. Не, тут не рызыкнеш нічым, апроч свайго жьцьця…

Сьвісток. Глухі і калючы: назад! У камеры!..

Ужо галоўка шэрагу накіравалася ў чорную дзірку дзьвярэй. Як у яму, гіне адзін за другім у змроку калідораў…

Пятрусь — на парозе. Ён закідае ногу, каб ступіць у дзьверы, і чуе — за брамаю гукі! Прыйшлі на спатканьне? Няўжо і да яго таксама?

Хто-б з яго прыяцеляў надаўміў яго ашчасьлівіць? Рыгор? Другога — няма. А вось яго голас…

— Пятрусь, не затрымоўвай…

Шаргатня крокаў аддзяліла яго ад зыкаў за брамаю. Змрок калідораў ахутаў прапахлым паветрам…

Забранчэлі замкі ў дзьвярах — доўгі ланцуг з людзей парваўся на часткі. Некалькі хвілін, і Пятрусь у абоймах суровай камеры. Цішыня. Ну, сэрца-ж нешта адчувае. Пятрусь настарожваецца, мярцьвее… Раптам зычны стук замка разразае спакой.

— Бок, да вас прыйшлі.

— Да мяне?

Пятрусь хапіўся за вушы і вытарашчыў вочы.

Сьледам, незаўважана для самога сябе, ён пайшоў за нагледачом. Калідоры, сходы — дарога да выйсьця. І вось яшчэ не закругліўся паварот, як шустрыя ўзрокі абнялі стройную постаць Рыгора. Яны сышліся ля перагародкі.

— Бра-ат… — хацеў выгукнуць Пятрусь, ды ўстрымаўся.

Пачуцьцё ўцехі ён выліў у гарачым зацяжным пацалунку Рыгора.

— А я думаў, ведаеш, што і ты…

— Пакуль, вось…

— Ты атрымаў мой ліст?

— Мне Рыма яго прачытала.

— Рыма?

— Ну, а з табою як?

— У моцных руках…

Рабы, абвіслы твар нагледача пакрыўся ўхмылкаю.

— Паверыш, Рыгор, мэрам-бы адчуваў, што ты прыдзеш сёньня. Толькі што вярнуўся з гулянкі і не пасьпеў аглянуцца, як чую вызаў… «Прыйшлі»… А якаво ў цябе з працаю? Усё на старой кватэры? А Ганна?.. Ну, ты паправіўся, я бачу…

— Меў ліст ад Сёмкі…

— Ёсьць навіны?

— Дзе іх зараз няма! Пажар быў у мястэчку.

— Пажар? І многа згарэла?

— Не адмячае… Рыма цябе не наведвала, часамі?

— Не. Чаму?

— Я думаў, што можа… Цудная, аднак, яна… Адзін раз, тады-ж во, як прынясла твой ліст, раптам ускіпела нечага і неўтрапёнай вылецела з майго пакою. І болей тыдня ня чуваць нічога…

— Што ты кажаш…

— Дзіўлюся сам. І ня прыйшла спаткацца?

— Ох, як я чакаў каторага з вас!.. Ведаеш, хоць-бы вестку хто даў — было-б спакайней, а то ні слова, ні гуку. Як-жа таварышы?

— Усё ў парадку, ну, а здароўе тваё як?

— Пакуль, як бачыш…

— Правішся…

Бязумоўны ківок рукі нагледача прымусіў Пятруся ўздрыгануцца. Ён пасьпешна зашавяліў губамі, але замест слоў абмежаваўся паўторным пацалункам з Рыгорам і разьвітальным поціскам яго рукі.

Сьледам наглядач разгарадзіў іх сваімі шырокімі плячыма. Толькі ледзьве ачулы шорпат Пятрусёвых крокаў данёсься да Рыгоравых вушэй. А праз хвіліну перад Рыгорам мільганула сопушная цем калідору, і ён павярнуўся да выйсьця.

Пятрусь адбіў яго ва ўстойнай нярухомай позе і нізашто ня мог ўявіць ягонае хады… Напэўна, старая, цьвёрдая ды ўвераная. Сам — нязьменны… Здаецца, застыглы ў акрэсьленых формах. Для Пятруся — які ён дарагі, які мілы, які блізкі! Цікава мець гэткага сябра!

Рыгораў прыход адвёў новую мяжу ў яго сядзеньні. Пятрусь пераняў ад яго бадзёрасьць, надзеі, веру. Пятрусь адчуў у ім жалезную стойкасьць і бясстрашны ўзрок у вочы сапраўднасьці. Рыгор не панікае галавою, не азіраецца ў бакі. Кожнае яго слова — пераконаньне таварышу.

— Стукаюць?

Пятрусь падышоў да сьцяны і настаражыўся. Сусед пытаў, хто яго, Пятруся, наведваў. «Адкуль ён даведаўся?» — «Пачуў па вызаве Пятруся нагледачом»… Так, да Пятруся, наведаўся яго таварыш і сябра — Рыгор Нязвычны. Пра яго Пятрусь пасьпеў расказаць суседу. «Той самы?» Той…

Наглядач?

Пятрусь аглянуўся на дзьверы. Прывычнае вока ўлавіла лёгкае калыханьне рэдкага ценю.

Ён адступіў ад сьцяны і цьвёрдым крокам накіраваў насупраць акна.

На стрэчу яму сыпалася золата цёплага сонечнага праменю.


VI

СПАТКАНЬНЕ З ПЯТРУСЁМ заспакоіла Рыгора; ён не дапускаў сабе думкі, каб Пятруся судзілі. Бліжэй ўсяго — Пятрусю пагражае адміністрацыйная высылка. Каб суд, было-б сур’ёзьней, тады-б яму не дазволілі з ім спатканьня. Напэўне, і Пятрусь чакае гэтага. Увогуле, паколькі Рыгор заўважыў, Пятрусь настроены ня дрэнна. Крыху пахудзеў, але гэта адбітак астрогу. Каму-каму, а Рыгору гэта вядома. Адна прыкрасьць — як-то выйшла так, што ён забыў перадаць таварышу пра зданыя ў контору астрогу на Пятрусёва імя дваццаць рублёў. Прымха нейкая, ды годзе… Ах!.. Рыгор пастараецца выправіць гэты недагляд: ён напіша Пятрусю, ці перадасьць праз Рыму, калі…

З Рымаю цікава. І што тады выйшла — чаму яна выляцела так раптоўна з пакою і зараз не паказваецца? Няўжо ён неасьцярожліва выказаўся перад ёю, ці?..

Рыгор кожны раз уплятаў інцыдэнт з Рымаю ва ўспаміны пра спатканьне з Пятрусём. Пацепаў плячыма і дзівіўся.

Дзіва зьнікала бясьсьледна, калі Рыгор вяртаўся да выпадку з Ганнаю. Мэрам-бы згавор які супроціў яго? Адна зрабіла зусім незразумелы яму выбрык, а другая гэты выбрык разьвінула ў цэлую тэорыю? Ганна! З ёю ўжо справа складаней. Яна кранула таго пытаньня, пра якое…

Рыгор ня мог згладзіць вастраты Ганьнінай гутаркі вось ужо некалькі дзён. Ці думаў пра падзеі ў Сілцох, ці вяртаўся да Пятруся, ці перачытваў весткі са «стаўкі вярхоўнага галоўнакомандуючага» — у вушшу гудзелі яе словы, а ў ваччу мігаўся яе ўмольны, настарожаны выгляд. Рабілася ясна, што Ганна перажывае якісьці крызіс, нейкую жыцьцёвую надарванасьць — іначай-бы яна так раптоўна не паставіла яго перад казытным пытаньнем. «Але што я магу зрабіць, каб ёй пасобіць?». Рыгор не знаходзіў ніякага выйсьця, калі разьбіраўся ў акольваючых умовах.

Наперадзе таксама было беспрасьветна. Між тым ён адчуваў, што яму Ганну шкада. Шкада і балюча… Трэба тым ці іншым заспакоіць дзяўчыну, разагнаць яе настрой, даць ёй зразумець… Што? Вось ад гэтага і разьбіваліся мільгаўшыя ў Рыгоравай галаве пляны. Абнадзеіць Ганну ён ня можа і ня хоча. Ды нават ня ўпэўнены, што яго надзея магчыма яе суцешыць…

Усё-ж ён рашыў наведаць да Ганны. Ён пойдзе да яе і скажа…

Рыгоравы першыя крокі па выйсьці з заводу былі накірованы да спынкі трамваю. Без заезду на кватэру ён пасьпяшыць застаць Ганну ў сябе і паспрабуе ёй растлумачыць… Так — гэта вярней усяго.

— Рыгор?!

Думка раптам разьляцелася: Рыгор паглядзеў перад сабою.

— Артур? Ты якім чынам сюды?

— Цікава? — запытаў Артур Цьвібель.

— Каля гэтага… Ну, пойдам, хіба, да мяне?

— А ты зьбіраўся дахаты?

— Я?.. Я нікуды, можна сказаць, ня зьбіраўся… Усё-ж ідзем разам… А мо’ ты каго-кольвечы чакацьмеш?

— Я знарок да цябе… Ведаеш, я маю цэлы шэраг пытаньняў…

Рыгор узяў таварыша пад руку, і яны завярнулі ўправа ад варот заводу.

— Я ўжо, браток, знайшоў тут ходы і маю як-небудзь ўціснуцца да вас на завод…

Яго перабіў грук падбегшага паравіка. Рыгор міжвольна падаўся ў яго бок.

— Табе куды трэба ехаць? — пераняў Артур Цывібель.

— Я перш думаў… ды нічога… Пойдам… Кажы…

— Але-ж я цябе затрымліваю…

Артур спыніўся і пытальна зазірнуў Рыгору ў вочы.

— Дробязь… Кажы…

— Бачыш, вось, мне парадзілі чамусьці завярнуцца і да твае падмогі. Чуў?

Ужо Рыгор пытаў яго сваім узрокам.

— Дарэмна?.. Ха-ха-ха! Я і казаў ім, што дарэмна, а яны…

Артур засьмяяўся.

— Хто яны? — пацікавіўся Рыгор.

— Трубін, бачыш…

— Шалаплут.

Рыгор загледзеўся навокал сябе і дадаў:

— Ніякім чынам. Надоечы ў нас адыграўся выпадак, які мог кончыцца сур’ёзнаю справаю. Ты ня чуў?

— Не-э.

— Мы ўсім цэхам наладзілі дэмонстрацыйны протэст. І, чамусьці, майстар з палкоўнікам-наглядчыкам здрэйфілі… Здрэйфілі… А ў тым, яшчэ невядома — магчыма яны абмяркоўваюць вынікі. І калі, чаго-добрага, захочуць дапомніць — тады мне першаму… Вось і разьлічы сам, якаво мне…

— Зразумела… Я ня ведаю, чаму Трубін…

Яны завярнулі ў вуліцу, на якой жыў Рыгор.

— Ужо блізка да цябе?

— На гэтай-жа вуліцы, другі квартал… Ну, стой!

Рыгор раптам адлучыўся ад Артура і накіраваў праз вуліцу да ідучага другім бокам чалавека. Артур спыніўся. Рыгоравы словы яго азадачылі — абарвалася. Ён тут-жа ўглубіўся ў адшуканьне новых шляхоў да ажыцьцяўленьня справы з паступленьнем на завод. Але не пасьпеў хапіцца ні за водную раду, як падышоўшы да яго Рыгор перабіў.

— Магчыма, што ўсё добра будзе. Гэта старшы рабочы сьлясарнага цэху. Я прасіў яго пра цябе…

— А ён?

— Дае згоду памагчы. Ты запішы яго імя і прозьвішча… Фрыдрык Курс — фін, сумленны і сталы чалавек. Прасіў зайсьці наступным чацьвяргом. Зойдзеш і пасьля скажаш мне…

— Было-б вельмі добра. А то…

— Можа ты грошай ня маеш, то я магу табе пазычыць дзесятку?

Артур падзякаваў Рыгора і адмовіўся ад пазыкі.

— Я надоечы захваціў у Камара…

— Ты ў яго бываеш?

— Часамі…

Рыгор паглядзеў на жоўтую браму і спыніўся.

— Прыйшлі.

— Тут?

Артур кінуў бясьцікаўным узрокам на дробныя вокны будынку.

— Добрая кватэра? — усумніўся.

— Ня дрэнная. Зацішна і недалёка ад заводу. Зойдам, Артур.

Ужо Рыгор прапусьціў таварыша ў двор, як Артур раптам перамяніў рашэньне.

— Убачай, браток, не магу зайсьці. Няхай другім разам… Суйздром забыў, што мяне а шостай гадзіне чакацьмуць…

— Кінь!

— Ні ў якім разе; чалавек прыдзе ў трэці раз — абяцаў-жа яму…

Артур паглядзеў на гадзіньнік.

— Даруй… Абавязкова гэтымі днямі наведаю.

Яны разьвіталіся.

Рыгор вывеў таварыша з двара і зьняў шапку.

— Чакаю! — гукнуў усьлед Артуру і павярнуў назад у браму.

Ён толькі што занёс правую нагу, каб пераступіць парожац дзьверцаў, як яго хтосьці тузнуў за жукетку. Рыгор азірнуўся — то быў Артур.

— Зусім забыўся… Табе Наталя перадае паклон… Помніш гэту дзяўчыну?

— Наталю?

На Рыгоравым твары заблішчэла ўхмылка.

— Крыху памятаю… Ну, дзе яна, цікава?

— Ліст атрымаў з Харкаву. Як і што яна туды трапіла — баюся сказаць.

— А ты маеш яе адрас?

Артур палез па кішэнях шукаць Наталінага адрасу. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блёкнотаў, памятых брудных паперак і — дарэмна.

— Напэўна, у хаце забыў… Перашлю. Пісацьмеш?

— Мне вельмі цікава…

— Напішы… Бывай!..

Яны ўдвойчы разьвіталіся і пакінулі адзін другога.

Рыгор, азадачаны пачутаю навіною, ускораным крокам пайшоў да сябе.

«Што за дзіва! Адкуль яно гэта?» — праказаў ён уголас і нерашуча пазваніў. «Знача, Наталя на волі! Цікава!»

Адчыніліся дзьверы.

— Вас чакаюць, Рыгор Міхасевіч, — паведаміла гаспадыня.

— Хто?

— Якісьці малады чалавек.

— Даўно?

— А ўжо хвілін з дваццаць.

Адчыніўшы дзьверы ў свой пакой, Рыгор угледзеў Рудольфа Шульца. Той падняўся з крэсла і з газэтаю ў руках гасьцінна кіўнуў галавою.

— Даруй, Рыгор, што я так нахрапна залез у твой пакой.

— Будзь ласкаў, я вельмі рад цябе ўгледзець. Я думаў, што ўжо ты… Чытаў прыказ кранштацкага комэнданта?..

— Чытаў… Вось, бачыш, даводзіцца пакінуць Пецярбург… Ворагам стаў…

Рыгор як зьняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Вестка пра Наталю разбурала яго пачуцьцёвы сьвет, блытаючы увагу да гутаркі.

— Можа-б гарбаты шклянку, Рудольф? — запытаў Рыгор.

— Дзякую. Я зусім на кароткі час. Мне сёньня а дванаццатай гадзіне ўначы тэрмін пакінуць сталіцу.

Рудольф прысеў.

— Я прывёз да цябе, — сказаў ён далей, паказваючы пальцам у бок ложку, — каб ты, браток, захаваў у сябе вось гэту пару маіх куфэрачкаў… Вярнуся — забяру. Можна, Рыгор?

— Куды-ж ты мусіш ехаць?

— Прадпісана ў Орэнбург… Прасіўся да бацькоў — у Перм. Адмовілі…

— І бацькі высланы?

— Го, яны ўжо месяц таму…

Рудольф хвілінку памаўчаў. Пасьля раптоўна ўстаў і зрабіў два крокі па пакоі.

— Ведаеш, Рыгор, бацька мой перажывае вялікую трагедыю. Надовечы атрымаў ліст і, я табе кажу, — жах… Пякельны жах…

Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, няпрычэсанай галаве. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў.

— Што, што за дзіва? — прыўстаў і Рыгор.

— Ты добра ведаеш майго бацьку… Я не скажу, каб ён быў ідэальнай чыстаты, але… ён чалавек не благі… Гэта жывая машына… У сваю майстэрню ён укладваў душу. Жыў ёю… І жыў Смагіным… Ды паскаўзнуўся чалавек. Не пасьпеў, ці ня мог, ці не хацеў атрымаць падданства — і на табе… Адарвалі ад месца, ад кавалку хлеба і — у ссылку. Бадзяецца бяз працы, праклінае сябе, жыцьцё, долю… Моліць пра дапамогу… А што я зраблю, калі і я ў тым-жа стане… Вайна, — і я вораг, бязьвінны вораг нават былым прыяцелям і блізкім… Ды болей таго… Гэтага мала, што…

Рудольф разнэрваваўся да адказу.

— А ў дадатак усяго казакі запалілі бацькаву хату і майстэрню, назьдзекваліся з яго, старога… Ну, ды што-ж рабіць. Цяпер ня час, а чакаць цяжка… Дык я папрашу цябе — вазьмі вось гэта на нейкі час… захавай…

— Я дам табе на дарогу рублёў дзесяць.

Рыгор мігам выцягнуў з кішэні паралез і ваткнуўся ў яго.

— Ня трэба!

— Рудольф хапіў Рыгора за руку.

— Бяры — аддасі… Ды кланяйся бацьку… Нічога… Адамсьцім, Рудольф… Сарафіна Хлёраўна! — гукнуў Рыгор.

— Бывай-жа!.. Дзякую, дзякую…

Рудольф працягнуў руку. Яны пацалаваліся.

— Гарбаты вып’еш, Рудольф?

— Дзякую, няма часу. Бывай!

— Ня сумуй, таварыш. Да блізкага спатканьня.

Гаспадыня настарожана паглядзела ўсьлед Рудольфу.

— Вам адзін прыбор? — запытала яна ў Рыгора.


VII

РЫГОР нэрвова коўзаўся па крэсьле. Налітая ў шклянку гарбата некалькі разоў пакідала тацу і варочалася назад. На запыленай сурвэце красавалася каля дзесятку мокрых плямак… Чайная лыжачка саскочыла на падлогу і ўгадзіла пад абцас Рыгоравага бота… У горле смагла, але піць не хацелася. Сіні абажур лямпачкі абвіваўся шэрым туманам… Рыгора цягнула ў некалькі канцоў — так веерам і разьбягаліся шляхі. Ён адчуваў, што яго чакаюць, думаюць пра яго — а ісьці ня мог. Штосьці трымала ў пакоі, бяспрытульным і не сваім на гэты раз. Якім чынам усё так зьбеглася нечакана, тлумна і хаотычна, ён ня мог сказаць… Скрыжавалася, зьмятусілася… Рудольф!

Яго пацягнула да акна.

Шэрань. Смуглыя ліхтары. Бяспрытульна. Дзесьці гудзе паравік і звоняць рамізьніцкія шамкі. А ў акопах? «Адзеньце салдата! Холадна ў акопах!» Так, у акопах холадна, а ў палацах — балі… Орэнбург, Перм… Маргарыта, Рудольф…

— Я-ж мушу да Ганны…

Рыгор сярдзіта захадзіў рукамі ў гамузе газэт і кніжак. Закалыхаўся столік, і недапітая шклянка плюхнула на падлогу. Дзвэнгнула…

— Што я… Ды я-ж не абяцаў ёй прыяжджаць… Заўтра паеду… Не ўцячэ…

Роўны лісток паперы абвіўся вакола асадкі, адале пырхнуў і адляцеў на ложак.

«Ганна дарма закруціла»… «Пятрусю трэба пачакаць»… «Што-ж там з мацераю? Ці атрымала яна грошы?.. Сёмка — ані словам»… «Наталя кланяецца… Ах, Наталя»…

Рыгор абярнуўся да дзьвярэй:

Стукаюць?

— Прашу вас!

— Я на адну хвілінку, Рыгор Міхасевіч… Я ўжо даўно зьбіраюся, ды ўсё вам обмаль часу… Парываюся запытаць, а пасьля неяк… Дазвольце прысесьці?

— Калі ласка!..

— А я вам ня буду перабіваць? Вы, напэўна, ужо ня пойдзеце сёньня нікуды?.. Дзесятая гадзіна…

— Калі ласка…

Прыбраная і напудраная, з шырока вылупленымі вачмі, гаспадыня лісьліва глядзела на Рыгора. Таму рабілася цяжка вытрымаць яе ўпарты, нашароханы ўзрок, і ён раз-ад-разу азіраўся на акно. Гаспадыня перашкодзіла яму, але Рыгор ня ведаў, як ад яе пазбавіцца. Намякнуць — не зразумее, сказаць адкрыта — няёмка…

— Я вас слухаю, Сарафіна Хлёраўна, — натужыўся ён.

— Сядайце побач, Рыгор… Нешта перашкодзіць мне сказаць вам…

— Калі ласка…

— Мне толькі дваццаць рублёў на адзін месяц, — паўшэптам сказала яна. — Прышлося, ведаеце, да-зарэзу цяжка. Я вам з процантамі вярну. Не адмоўце, галубчык…

— Сарафіна Хлёраўна, дык я-ж ня маю… Апошнія сёньня.

Гаспадыня крута павярнулася і выбегла з пакою.

— А немцам, Рыгор Міхасевіч, ёсьцека? — прагукала яна за дзьвярыма.

— Што-а-а?

Рыгор злосна стукнуў абцасам па падлозе і прыслухаўся.

У кватэры ўсё прыціхла.

— «Слухала, подлая!»

Ён не пасьпеў працягнуць думкі, як ззаду яго шаснулі дзьверы і крокі гаспадыні павярнулі Рыгора да дзьвярэй.

— Кіньце злавацца, Рыгор Міхасевіч, — перапрасіла яна.

— Што вы ад мяне хочаце? — злосна запытаў Рыгор.

— Я прашу вас… Я бачу, што вы не ў настроі сёньня, Рыгор Міхасевіч… Ня выводзьце з маіх слоў нічога дрэннага. Я не хацела вас абразіць — мяне вымусіла… Рыгор Міхасевіч…

Няпрытомнасьць гаспадыні перастала злаваць, а дзівіла. У чым сэнс яе просьбы, прыходу ў пакой, лаянкі, перапрашэньня?

— Я вас не разумею, Сарафіна Хлёраўна.

— Я сама сябе не разумею.

Яна раптам пасумнела і накіравала ў дзьверы.

— Даруйце-э мне, — яшчэ раз перапрасіла.

Рыгор ня даў ёй дайсьці да свайго пакою, як мігам апрануўся і выйшаў з кватэры.

На вуліцы туманіла. Халодная золкая пагода ня спрыяла бадзёрамі настрою. Цягнула назад у памяшканьне. А Рыгор не хацеў варочацца да сябе. Ён перасіліў няўтульнасьць надвор’я і пайшоў да Выбарскае шашы.

На гэтай вуліцы адчувалася заўсёдашняе ажыўленьне. У абодва канцы насіліся рамізьнікі, праяжджалі паравікі. Направа, у бок заводу «Сьветлана», чулася музыка гармоніку. Некалькі п’яных галасоў падпявалі частушачныя мэлёдыі. У другім баку доўгі час сьвісьцеў гарадавы. Хтосьці гвалтоўна лаяўся.

Рыгор крыху пастаяў пры рагавым доме, пасьля пайшоў у бок ясна асьветленай харчэўні.

Ён ужо быў каля самых дзьвярэй, як яго аклікнулі. Ён абярнуўся. Перад ім стаяў сусед па рабоце, Анікей Кузін.

— Чаго ты сюды? — запытаў ён.

— Да проста так, надаела аднаму ў дому. А ты куды?

— Я ад таварыша — дамоў.

Яны збочылі ад дзьвярэй.

— Ёсьць навіны якія?

Анікей нахіліўся да Рыгора і шэптам паведаміў.

— Ды ўжо-ж. Надовечы адбылася раённая сходка за Нараўскай заставай. Абгаварвалі характар сьвяткаваньня дзевятага студзеня. Ёсьць настрой у карысьць забастоўкі…

Яны адышлі далей.

— Варта было-б і ў нас памацаць грунт. А то мы заўсёды адстаем… Га?..

— Вось то-то і ёсьць… Я назнарок і наведваў таварыша, каб абмеркаваць гэта…

Вырынуўшы з харчэўні натоўп хлапцоў перапыніў іх гутарку.

— Трэба падрабязгава абмеркаваць гэта, — парадзіў Кузін уголас: — Гэта рызыкоўная справа…

— Я думаю…

Безгаворна абое пайшлі ў харчэўню.

Шырокае і досі чыстае на выгляд памяшканьне было перапоўнена людзьмі. У сініх палосах курава расплывалася электрыка і тануў густы разьвяселены гоман. Між шчыльна ўседжаных сталоў насіліся падавальшчыкі: іх гукалі і тузалі за рукавы. Нясьціхана хлопалі піўныя бутэлькі. Машына выігрывала «Тройку». Дзесяткі рознастайных пахаў зьліваліся ў кісла-оцэтны імпад.

На іх прыход ніхто не абярнуўся; усяго і было знаку, што за імі ўварвалася знадворку шустрая струмень халоднае паветры. Гэта рабілася нязьменна праз увесь вечар — вэнтылятар над дзьвярыма ня спыняўся вярцецца і насьвістваць аднастайную мэлёдыю.

Яны акінулі ўзрокамі шырокую залю сталовай — парожняга месца не наглядалася. Тады абое пайшлі між сталоў, шукаючы яго. Рыгор падсьцярог дваіх мужчын, якія вялі разрахунак з падавачом, зьбіраючыся пакідаць харчэўню. Ён гукнуў таварыша. Кузін у гэты час пасьпеў захапіць столік у кутку, якраз насупраць ігральнае машыны. Акно збоку злёгку астужала сьпёртае паветра. Кузін махнуў шапкаю і Рыгор упусьціў чаргу другім.

— Вып’еш піва? — запытаў Кузін.

— Я-б ня проч і падзакусіць чаго.

— Заказвай…

Кузін паклікаў падавача і даў заказ на піва і салянку.

Падавач не пасьпеў адыйсьці да буфэту, як збоку іх пачуўся востры надрыўны голас газэтчыка. «Біржавыя Ведамасьці». «Наша войска пакінула Лодзь». «Немцы ўвайшлі ў Лодзь дваццаць трэцяга». «Вячэрняя Біржоўка». «Каму «Вячэрнія Біржавыя?» «Аўстрыйцы занялі Белград». «Зьдзек над сэрбскімі цэрквамі». «Зьверствы немцаў» кніжка Рэньнікава».

Выгук за выгукам ляцеў з вуснаў здаравеннага чырвонашчокага дзядзькі. Гоман прыціх, і дзесяткі рук пацягнуліся за газэтаю. Газэтчык заўважна памяншаў іх пад пахай, зьбіраючы медзякі.

Сьвежыя навіны зразу перамянілі настрой прысутных. Над сталамі распасьцерліся аркушы газэт, адцягаючы людзей ад ежы і пітва.

Але хутка першае ўражаньне ад ваенных навін пасьпела адляцець. Важкасьць здарэньняў прасочвалася ў нутро, асядаючы ў глухіх куткох істоты.

Карчомнае жыцьцё аднаўлялася. За суседнім сталом раптам узьнялася вострая спрэчка. Малады, чарнявы мужчына заўзята крытыкаваў дзяржаўныя парадкі, лаючы расійскае командваньне. Махаючы абедзьвюма рукамі, ён бясстрашна крычаў: «Прадацелі-ы! Зьмена-а! Усю-ды-і зьмена! Дзе-ж ты пераможаш? Гэ-э! Меншыкаў! Кінь, брат, пераконваць нас у перамозе… Ду-удкі-ы! Табе тут лёгка дыктаваць машыністкам, а там… Прадаце-лі-ы! Згубы-ы захацелі… Нішчыце народ… А нам пушку заліваеце-э…»

Вайшоўшы ў азарт, ён падняўся над сталом і яшчэ мацней загукаў. «Перамо-о-га-а! Знаем мы вашу перамогу! Ужо раз наведалі Прусію… Тое будзе і з Галіччынаю… Губарнатара вызначылі? Перамышлю захацелі?.. Тут, у сябе лад навядзеце… Марадзёры-і… Нажывацца-а на нашай крыві…»

Вакол прамоўца згрудзіўся натоўп. З усіх бакоў няслося адабрэньне. Настрой абвострываўся, пераходзячы ў дэмонстрацыю супраць вайны. Загрымеў пляск аплёдысмэнтаў, а хтосьці пасьпеў зацягнуць марсэльезу.

Гаспадар харчэўні з падавачамі бязвольна мыкаў то з-за буфэту, то за буфэт, клапатліва пазіраючы на дзьверы.

— Гаспа-ада-а, пацішай! Пра-ашу-у вас!.. — напінаўся ён, крычучы ў бок натоўпу. Яго доўгія рыжыя вусы і лахматы кузаб галавы зводзілі ўсю сур’ёзнасьць да бязвольнай комэдыі — яго ніхто не шманаў.

Героем быў рухавы і злоязычны сьмяльчак — ужо падняты на рукі наэкзальтаванаю грамадою.

Паддаўшыся агульнаму настрою, паўскаквалі з сваіх месц і Рыгор з Кузіным.

«Бра-а-ва-а!» — далучыўся да агульнага гоману Кузін.

Ды не пасьпеў ён стуліць вусны, як яго Рыгор тузануў за руку: — у дзьвярах харчэўні стаяла трое здаравенных гарадавых, якія сурова глядзелі на разьюшаных наведвачоў харчэўні. Хутка адзін з іх паднёс да губ сьвісьцёлку, і прарэзьлівы зацяжны сьвіст разьляцеўся па харчэўні. Грамада змоўкла, а прамоўца спрытна апусьціўся ўніз і зьмяшаўся з людзьмі. Гарадавыя напорам кінуліся ў парадзеўшую грамаду.

Праз хвілін пяць адзін з іх накіраваўся ў дзьверы, вядучы пры сабе прамоўцу. Рыгор зразу скмеціў, што справа апошняга бярэ дрэнны наварот. Ён у момант аддзяліўся ад стала і ёмкім скокам апынуўся пры гарадавіку. Наглядаўшыя гэта заўважылі спрытны манэўр Рыгора, які разам з арыштаваным мігам зьніклі за дзьвярыма харчэўні. Раззлаваны гарадавік падаў гвалтоўны сьвіст, кінуўшыся ў дагонкі за ўцекачамі.

Усьлед яму пабегла цэлая грамада з другімі гарадавікамі.

І ў харчэўні і на вуліцы разьнеслася нечаканая трывога. Кузін спакойліва выйшаў чорным ходам.


VIII

АЧУЎШЫСЯ ў сябе на кватэры, Рыгор нейкі час прыслухоўваўся да кожнага шоргату за дзьвярыма. Ён быў няўвераным, што яго хто-небудзь з прысутных у харчэўні ня прымеціў. Не магло таго стацца, каб сярод наведвачоў ня нышпарыў адзін, або і некалькі шпегаў. Толькі рэдкі выпадак мог паперашкодзіць улавіць яго прысутнасьць у харчэўні. А раз яго заўважылі — наўрад ці абмінуць з візытам на кватэру. Магчыма, што гэта была памылка з Рыгоравага боку. Як-ні-як, а паўжартоўны ўчынак таіў ў сабе дрэнныя вынікі.

Яшчэ і ў ложку Рыгора не пакідала сумненьне. І толькі а гадзіне трэцяй уначы ён зьнябыўся і заснуў.

На заўтра раніцою яго разбудзіў зьнянацкі стук у пакоі гаспадыні. Сарафіна Хлёраўна незнарок таўханула падстаўку пад вазоны і цяжкі гаршчок з зямлёю зырнуўся аб сьцяну.

Рыгор мігам праплюшчыў вочы і вылаяўся. Па ўсім целе адчувалася ўтома — ён не даспаў. Спроба ўлегчыся і яшчэ крыху прыдрамнуць асталася бяз вынікаў.

Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сьценах пакою. На вуліцы чулася ваенная музыка. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора.

Ён устаў і праз гадзіну часу ўжо быў на вуліцы. Аб’іненыя дрэвы цярусілі драбнюткімі крышталямі сьнегу. Кудысьці сьпяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам. З Выбарскае шашы даносіўся грукат паравіка. На чырвонай сьцяне муру, у які ўпіралася вуліца, адбіваўся чорны сілуэт гарадовага. Калі ён павяртаўся перадам да Рыгора, медная бляха на шапцы адбівала сонцам.

«Ці ня той самы, з якім я ўчора меў справу?» пажартаваў Рыгор і, калі параўняўся з ім, гарадавік пільна паглядзеў на яго і тут-жа адвярнуўся. Рыгор кінуў пра гэта думаць і накіраваў у горад.

Ня гледзячы на моцны мароз, паравік быў перапоўнены людзьмі. Ішла рэзвая гутарка пра апошнія здарэньні на вайне. Хтосьці сьпераду яго скардзіўся на абмылковасьць разьлікаў у рускага командваньня к калядам апынуцца ў Бэрліне. Жаночы голас узвальваў віну за гэта на Баўгарыю ды Італію. Яшчэ хтосьці з запалам агітаваў за збор цёплых рэчаў. Побач хвалілі невычарпаную энэргію солісткі «яго вялікасьці» Марылі Долінай, даваўшай у цырку Чынізельлі дваццаты «патрыотычны концэрт». Далёка ня сугучным першаму зьвінелі скаргі дваіх бабулек на ўздаражаньне мяса.

Кондуктар таксама лічыў патрэбным ўстаўляць ад сябе словы ў кожную гутарку. Гэта, відаць, яго цешыла і здавальняла, бо ён нясьціхана ўхмыляўся. Ён узяўся за артыстку Доліну, калі паравік абмінаў сампсоньнеўскую царкву. У напоўнены вагон шугнула новая грамада пасажыраў.

— Усе на «патрыотычны концэрт»… Які патрыотызм у людзей! Дайце вальней уздыхнуць ад яго! — прагукнуў кандуктар у насядаўшы натоўп.

Яго рука, павісшы на рамушку ад сыгнальнага званка, падалася ў бок, і вагон рушыў. Усьлед яму пагналіся лаянкі не папаўшых у паравік. Раптам сярод рознастайных галасоў вылучыўся сьвіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзьвярэй. Кондуктар тузаў вяроўку, даючы сыгнал спыніцца. Зьнянацку штуршок таўхануў напікованы людзьмі вагон. Кагосьці прыціснулі, чыясьці рука праламіла шыбу, і шкло зазьвінела срэбраным гукам.

Яшчэ ня ўсе чарапкі разьбітага акна апынуліся на ўгладжаным сьнягу, як гучная лаянка напорным струменем варвалася перш на пляцоўку вагона, а сьледам праз рашуча прачыненыя дзьверы — у сярэдзіну яго. Нельга было не пацікавіціа на грозны голас крыкуна, на яго ваяўнічы настрой. І калі дзесяткі вачэй накіравалі ў яго бок свае ўзрокі, — стройная, асаністая фігура чорнамазага вялікана-генэрала спыніла іх на сабе.

Рудымі буйнымі вачмі генэрал аглядаў вагон, людзей, афішы і забойна лаяў кондуктара. «Хам’ё — адрыўна ляцелі словы з генэралавых густа аброслых губ: — яшчэ не пасьпелі вас выхаваць належным чынам. К-кашы-і бярозавае мала спыталі, мужыччо… У акопы, пад нямецкія кулі, погань».

Рыгор затросься ад абурэньня. У яго нутры забушавала прагнае хаценьне кінуцца на царскага помпадура і расквасіць яго наглую морду. Ужо ён намерыўся да павароту, як яго пераняў выгук кондуктара: «Тут сьмелыя, а на фронце-э…» Гэта падліло масла ў агонь: генэрал мігам спыніў паравік, выперся на пляцоўку і ва ўсю моц гукнуў гарадавіка. Пасажыры змоўклі і нашарохана пераглядаліся. Некаторыя сталі пакідаць вагон.

— Ну, гэта-ж недапусьцімая рэч! — гукнуў Рыгор і сьледам пазваніў важатаму. Паравік крута рвануў з месца. Генэрал ня ўтрымаўся і бухнуў з пляцоўкі на мерзлую зямлю. Скрозь гаму скрыпаў і стукаў калёс можна было ўлавіць нямыя крыкі генэрала. Ды яны не маглі ўплыць на бег паравіка. Ня спынілі яго раней астаноўкі і палахлівыя з озіркам сказы некаторых пасажыраў.

Перад клінікай Вільле Рыгор першым выскачыў з паравіка і перасеў на трамвай.

Ён не заўважыў, калі апынуўся на рагу вуліцы Жукоўскага. Замаруджаная хада трамваю настроіла яго сыйсьці і прайсьціся да Неўскага пехам. Мо’ ўпяршыню за час бываньня ў Пецярбурзе Рыгор нічога ня думаў, нічым не задаваўся, а бяспытальна, бязмэтна, гардліва і вольна глядзеў наперад сябе. На яго твары грала чырвоная фарба здароўя, у нагах пружыніла сталёвасьць, вочы праразалі разрэдзенае, абмытае сонцам паветра.

Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце зьбіўся ў натоўп. «У чым рэч?» — далучыў Рыгор свой голас да іншых. Ніхто не адказваў. Тады ён прарэзаў сьцяну людзей і тварам да твару стрэўся з гарадавіком. Апошні з разьнятымі рукамі затрымліваў натоўп, каб не перашкодзіць насіць раненых.

Пасярэдзіне вуліцы, якраз супроць будынку шпіталю, доўгім цугам выстраіліся санітарныя вагоны. Да дваццаці пар насільшчыкаў у белых халатах бесьперабойна бегалі з шпіталю да вагонаў і вярталіся назад з раненымі. Чуўся адрыўны ойк і працяжны енк.

Бязрукія і бязногія, з чалмамі перавязак на галаве, пад скупымі коўдрамі — варочаліся «героі» франтоў у «гасьцінную сталіцу». Далёкая Польшча, Усходняя Прусія — чужыя і невядомыя, мігалі ў іх балючым выабражэньні жахлівымі вобразамі. За каго і дзеля якое мэты пакінулі яны там свае сілы, сваё здароўе, часткі свайго цела? Ці мала ім было разанскіх ці яраслаўскіх прастораў, украінскіх стэпаў, беларускіх лясоў?.. Родных, знаёмых, спакойлівых…

Вунь малады з круглым белым тварам мужчына. Сінія рэзвыя вочы, стройны лоб, роўны вытачаны нос… Вось тонкатвары з пракідкім калісьці ўзрокам, жывы і, напэўна, весяльчак-сібірац. Манчжурская шапка паглынае ў сябе страхі нячуваных боляў…

Сьледам — чарнявы, задуменны яўрэй — бяз рукі і нагі; пашарпаная летняя шапка на букеце чорных кудраў. Прыплюшчаны вочы — пэўна, ловяць жахлівыя ўчынкі казакаў… Магчыма, што толькі за дзень да калецтва ён атрымаў ліст з балючаю весткаю пра забойства бацькі… Падбудаваная хата на Рымарскай вуліцы гродненскага мястэчка. Замілаваная жыцьцёрадая Пэся… Біржа майскімі начамі…

Ах, і казак… Сярэдніх гадоў — бацька і муж. Аброслы, замурзаны раскапанаю на акопы зямлёю; скрыўлены сударгамі твар; жмак мэрлі на галаве, пад новаю папахаю… На кані ад Маныча да Віслы… З рэзвым ваяўнічым выглядам — на страх ворагам. Бязвольныя рукі — яшчэ так нядаўна па загадзе сьцябаўшыя нагайкаю сьпіны беларускіх мужыкоў, яўрэйскіх жанок. Што там, дома? Ці сабрала жонка з поля? Кавуны, какаруза? Ці беліцца хата к калядам? Ці вучыцца Юзік?..

Саракавы — лезгін… У даўгім носе — арліная воля. У раскрытых, ашклянелых вачох — водбліск вечных сьнягоў Казьбэку… Шырокая чорная бурка — прасторныя выганы на стромах гор… Бурлівыя рэчкі, срэбныя вадаспады… Ці не абвалілася тая скаля, на якой ён так любіў скакаць віхравую лязгінку?..

Сорак першы — льняны магілевец… Без абедзьвюх ног… бяз тых намардаваных ног, што так вёртка спраўляліся з носкаю дроў на параходы… Сыгнал а першай гадзіне ўначы… Вёска на нагах — зрэбныя порткі да болю шаруюць цела — тры рублі на сто чалавек… Сырап да іржаных бліноў… Ці ўрадзіла палоска? Колькі коп сабрала Юзя жыта?.. Ці парос лён — хоць наткаць на кужаль… Пэўна, вецер зьнёс страху і хата сьвіціцца голымі кроквамі… Напішы яму, Юзя… Чаму-ж?..

І на вайне і раней у палку — разам з ім — палтавец… Шаўчэнкаўскія вусы… Хмурыя і навесістыя бровы. Прадаўгаваты васковы твар… Думкі, палітыя крывёю, носяцца ў трапяткім лісьці топаляў… Думкі гудуць пчоламі на вішнёвым цьвяту… Жоўтыя кругі сланечніку — ціхая Ворксла… Або дачакае тачанка, на якой столькі вёрст ён выехаў… «Сымон, калі-ж ты наведаеш сінюю Палтаўшчыну?..»

Рыгор непарушна стаяў на адным месцы, сьціснуты жалем і помстаю, як стальнымі абручамі. «Ці скора надыдзе час расплаты за гэтыя пякельныя жахі вайны?»

Адказ зацёрла хлынуўшая на яго і пацягнуўшая за сабою грамада пешаходаў. Ён не агледзеўся, як апынуўся перад роўнаю гладзьдзю хваляваўшага жыцьцём Неўскага. Безабдумна пахіліў направа, у бок Анічкавага мосту. Не даходзячы, успомніў пра абед — добра, што побач харчэўня.

Праз хвіліну ён ўжо праходзіў другі паверх, калі яго абазвалі зьнізу. Ён азірнуўся — за ім сьпяшыла Гэля.


ІX

— ЦЯБЕ не нагнаць, Рыгор…

— Гэля?!

— Прыгледзься, ха-ха-ха…

— Няўжо такі Гэля?

— Не пазнаеш?

— Дзень добры!

— Добры дзень!

— Каго я бачу!

— Раптам?

— Якім-жа чынам?

Яны ўзяліся за рукі і доўга не маглі іх разьняць.

Прымха?

Рыгоравы вочы ўталоплена глядзелі Гэлі ў твар.

Верылася — ня верылася.

Гэля — ня Гэля?

Каб ня бачыў, каб ня ведаў, каб ня жыў з ёю ад малых гадоў — не пазнаў-бы.

То была ня Гэля, а яе далёкае падоб’е. Бляды, асунуты твар. Глыбока заўпалыя вочы. Сінякі, як сталёвыя дугі, вакола паблеклых зрэнак. Тоўсты пласт таннае пудры. Надломы ў паваротах. Пужлівасьць ва ўзроках. Беднае дэмісэзоннае памятае палітцо… на рыб’ім пуху… Без галёш — пашарпапыя чаравікі.

Прымха?

Гэля не магла расчыніць вуснаў. Мэрам-бы баялася глядзець Рыгору ў вочы. Нэрвова пераступала нагамі. Апускала голаў. Руку непарушна трымала ў Рыгоравай руцэ.

— Хадзем паабедаем.

Пакуль Рыгор разглядаў мэню, заказваў ежу, Гэля маўчала. Усё яшчэ не знаходзіла ў сабе сьмеласьці пачаць размову, каб выказаць сваю скаргу на жыцьцё. Мэрам-бы ня ўверана была, што жыцьцё вінавата…

Рыгор выручыў запытаньнем:

— Паведамі-ж, хоць, як ты трапіла ў Пецярбург?

— Доўгая гісторыя.

— Тым лепей, я сёньня вольны — нядзеля. Паабедаем і паедзем да мяне… Згодна?

Гэля кіўнула галавою.

— Ты над нечым задумалася моцна?

— Братка Рыгор, каб ты ведаў…

— Што?

— Думак — бясконца, бяз меры… Думаю, толькі бяз толку і без карысьці…

— Чаму?

— Тая-ж гісторыя, якую я так імкнулася табе расказаць…

— Імкнулася, а зараз?

— А зараз, мне здаецца, яна нікому не патрэбная… Што каму да мае гісторыі, дробнае і няпрыметнае?..

— Гэля… З нашых дробных гісторый складаецца вялізная кніга быцьця… Мы дробныя — ды нас многа… Вялікае складаецца з дробязі…

Рыгор справодзіў сваю гутарку лёгкаю ўхмылкаю — ён думаў разьвеяць Гэлін сум.

Але праз увесь абед яму гэта не ўдалося зрабіць. Гэля болей маўчала. Рэдкімі сказамі адказвала на цэлыя комплексы Рыгоравых запытаньняў.

Толькі праз нейкі час, у які яны праехалі з Неўскага да Ляснога, Гэлін настрой адстояўся, выраўняўся, і яна разывязала язык.

— Я ўжо тыдзень у Пецярбурзе, — казала яна па дарозе да Рыгоравай кватэры: — дзьве ночы начавала… Ой, цяжка сказаць, дзе і што начавала… Пасьля… Выпадкова натрапіла на бежанскі комітэт… Ужо пятую ноч, як жыву на яго дапамогу… Я бежанка, а ўсёроўна не магу зьбегчы ад жыцьця… Сьвет шырокі, а дарога вузкая. Звузілася, Рыгорка… Памятаеш мне ня было прыпынку, а зараз…

— Вось у гэты двор.

Рыгор уважліва слухаў Гэлю, і надрывы ў яе голасе і бедны яе выгляд радзілі ў ім глыбокую спагаду да зямлячкі, знакомай і таварышкі. Ён ішоў побач, з пахіленаю да Гэлі галавою і час ад часу зазіраў ёй у вочы.

— Наша жыцьцёвае заданьне — разгартаць гэту вузкасьць дарог… Чалавек створаны на тое, каб жыць у супярэчках…

— Ты ўсё той-жа, Рыгор. Сілцы, Смагін, Рыга, Пецярбург. Восемнаццаць гадоў і дваццаць чатыры… Балаголай і сьлёсарам…

Яны спыніліся пры дзьвярах Рыгоравай кватэры. Рыгор тузнуў за драцяную пятлю.

— Хто там? — запытала гаспадыня.

— Я, Рыгор. Адчынеце…

— Вас чакала адна дзяўчына… Толькі што выйшла… Я не магла сказаць, калі вы прыдзеце.

Сарафіна Хлёраўна далікатна ўхілілася ў бок, прапусьціўшы Рыгора з Гэляй.

— Абяцала прыйсьці, — паслала яна ўздагон.

Рыгор не пачуў; ён бразнуў дзьвярыма і скраў гаспадынін голас.

— Прашу, Гэля. Вось мая абіцель.

Гэля ўвайшла і бясьцікаўна паглядзела вакола сябе. Пасьля села пры стале, апусьціла ўзрок і апавядала далей…

— За гэты час ўсё пайшло шыварат-на-выварат. Помніш, мы наехалі з трупай? Аб’ехалі шэраг гарадкоў і мястэчак… Было весела… Усюды віталі, падносілі кветкі, выклікалі… Толькі тэатр — гэта вярцеп… Ён вытузаў сілу, разблытаў нэрвы, скаламуціў жыцьцё… Мой Лазар… Ты помніш яго, Рыгор?

— Крыху… Ну, ты пра свае посьпехі пісала мне ў Смагіне. Памятаю гарбарскія букеты і выцяжкі…

Гэля зьлёгку ўсьміхнулася.

— Вось гэты Лазар… сьпіўся, распусьціўся, залайдачыўся… Западозрыў мяне ў зайздрасці… да каго, думаеш?.. да цябе… Пачаў біць і гнаць… Перш я не паддавалася, адстойвала сваю людзкую вартасьць, змагалася, а пасьля… Ён кінуў мяне ў Крынках адну і зьбег… Дзе ён — цяжка сказаць, мэрам-бы ў войска ўзяты… Заўсяголаў толькі я асталася бяз нічога і бяз нікога… Я мусіла, Рыгор. Я мусіла ісьці…

Рыгор заўважыў у Гэліных вачох буйныя крышталі сьлёз і знарочыста затупаў па пакоі.

— Ня ехала ў Пецярбург, а паўзла… Этапамі, спынкаю, з нявыказным мардаваньнем… Я думаю, табе відаць… Не пазнаў-жа?

— Усё-ж, Гэля, ты занадта зажурбіла… Табе трэба…

— Што мне трэба? — запытала Гэля: — мне ўжо мала што трэба, а можа… Скажы, аднак, мне, дзе Пятрусь? Я дзень- у-дзень наведваю адрасны стол, хаджу па вуліцах гораду і разглядаю тысячы людзей. Некалькі раз трапляла да варот заводаў і чакала, пакуль пройдуць рабочыя… Няма… Ты, пэўна, ведаеш, Рыгор…

Рыгор памаўчаў.

— Пятрусь сядзіць… Некалькі часу таму я яго наведваў…

— Сядзіць?! Які жах! Сядзіць?!

— Сядзіць… Ужо чацьверты месяц…

— Тады мне няма чаго чакаць…

Яна паднялася, каб ісьці. Рыгор спыніў, упрасіўшы пасядзець.

— Я пашукаю для цябе месца.

— Для мяне месца? А хіба ты ня ведаеш, што я за масьцярыца?

— Кінь свой настрой… Я ня люблю, Гэля, зьнявераных людзей… Ты-ж ведаеш…

Гэля рванулася да дзьвярэй.

— Ты ня пойдзеш — ты мне не сказала ўсяго… Пасядзі…

Яна спынілася.

— Памажы, калі хочаш і можаш…

Яе мяккі, упрошны голас разрэдзіў напружанае дагэтуль паветра.

— Я буду шукаць табе месца… Цяпер лёгка знайсьці… Толькі кінь сумаваць… Ды, нарэшце, ты маеш бацькоў, якія…

Гэля ізноў зьмяніла настрой.

— У мяне няма бацькоў — я адна. У мяне і блізкіх няма. Толькі ўсяго…

— Палічы мяне хоць-бы знаёмым, Гэля… Няўжо ты думаеш, што я не магчыму адгукнуцца ўсякі раз, як ты…

— Даруй, Рыгорка… Ты дай мне хоць пару рублёў… Я хоць чаравікі папраўлю, а то ногі вылазяць…

Рыгор падышоў да Гэлі і моцна паціснуў ёй руку.

— Калі ласка, я магу табе пазычыць пяць рублёў… Вось, апошнія — толькі глянь празрыстымі вачмі наперад, Гэля!

Ён перадаў ёй скамечаную паперку.

— Дзякую… Вельмі дзякую табе, Рыгор… Я хутка-ж пастараюся вярнуць… Няпраўда, я зараблю і вярну… Няўжо-такі для мяне ня знойдзецца працы?

Гэлін твар перавыбразіўся. На бледных шчоках адзначыўся лёгкі рыж. З вачэй зьбегла цягучая асавеласьць. Знайшлася варушлівасьць. Яна зьдзела палітцо і гіронічна адазвалася пра зношаную картуновую блюзку.

— Не пасуе да пецярбурскіх умоў, га? А даводзіцца мірыцца… Часы пераменчывы… Ты, Рыгор, будзеш ласкаў пастарацца месца?.. І яшчэ прашу цябе, браток, кланяйся Пятрусю… Можа яму гэта нішто, а для мяне… Кланяйся яму і скажы…

Яна паправілася…

— Лепей не кажы нічога… Я перад табою магу душу адкрыць, а Пятрусь… Пятрусь недаверак… Помніш, Рыгор, Сілцы? Я табе казала ня раз… Паверыш, вось да цябе ў мяне столькі павагі, што ты… У Смагіне ты ашчасьлівіў мяне нашай стрэчаю, а тут… Я ня чула ног пад сабою, угледзеўшы цябе на Неўскім…

Рыгор папрасіў у гаспадыні гарбаты.

— Я табе, Гэля, веру… І прашу, разам з тым, забудзь прыкрыя хвіліны… Ад Захараўскай у Лясное ты дарогу ведаеш… Кожны раз ты можаш ка мне прыехаць і няскрытна паведаць пра ўсе…

Гаспадыня прынесла гарбату. Рыгор увішна наліў шклянку і падаў Гэлі.

— Дзякую, Рыгор. Мне час ісьці, а то комітэт…

— Я цябе правяду… Пі…

Гэля ўзяла шклянку і тут-жа паставіла назад.

— Зусім запамятавала! — весела праказала яна да Рыгора: — Хоць жыцьцё прымушае плакаць, а я знарок буду весяліцца…

— Брава, Гэля!.. Весяліся, пой і змагайся…

— У мяне рэч усяго пра адзін вечар…

— Вонь яно што! Пра адзін вечар усяго?

— Бежанскі комітэт наладжвае вечарынку… У студзені якраз… І я, як артыстка — маўчы, Рыгор! — іграю. Ты мне хоць пару воплескаў падорыш, га?

— Я табе, Гэля-а!.. Буду чакаць цябе з білетамі… Дачакаюся?

Гэля задаволена ўсьміхнулася.

І гэта Гэліна ўсьмешка ўжо ня сходзіла з яе твару, пакуль яна не рассталася з Рыгорам.


X

ЦЁМНАЯ ЎСКРАІННАЯ НОЧ ахутала вузкі дворык чорным цалуном. Золкае паветра сьціснула холадам распараныя постаці выйшаўшых з дому двух чалавек. Пасьля зыркага сьвятла бегалі калёсы ў вачох. Дзьмухаў фінскі ветрык, сыплючы ў твар калючымі сьняжынкамі. Зьвінелі драты. Пахіленыя варотны на ланцужку монотонна скрыпелі. Уверсе-ж, над зямлёю і будынкамі, над голымі дрэўцамі і парканам калыхалася малако отсьвіту. Цішыня, коўзкая і паўзучая.

— Засядзеліся, — першым вымавіў Рыгор.

— Яшчэ-б не заседзецца! Пытаньне ня лёгкае і ня простае, — адказаў Анікей.

— Ха-ха-ха! Ну, мне з Якавым Гісам не разабрацца. Гой, дзівак які… Ты паслухай толькі-ы…

Анікей тузануў Рыгора за полу паліта.

За імі чуліся чыісьці крокі і ціхае перашоптваньне.

Яны вёрткім паваротам апынуліся за брамаю і павярнулі направа.

На адгоне некалькіх сажняў сьвірэла першая пара зеленаватых агенчыкаў. За імі, як зьвены ланцуга, ішлі другія пары: яны глядзелі з цемры ночы блішчастымі гузікамі на чорным сурдуце.

Ні жывое душы. Толькі цёмныя абрысы будынкаў.

— Няма нікога! — шапнуў Рыгор: — Давай пройдам наўскасяк і тады налева, — дадаў ён.

— Ды мне-ж будзе не па дарозе, — адказаў Анікей.

— Чаму?

— Мне на Сэрдабольскую…

— А ты подзеш гэтай, як яна…

Анікей не спрачаўся. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Прайшоўшы ня болей дзесяці хвілін, Рыгор знайшоў спраўнейшым абагнуць два кварталы першага завулку, каб на яго скрыжаваньні расстацца з Анікеем.

— Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасьмяяўся ён.

— Здавайся, каяцца ня будзеш…

Рыгор спыніўся пры мглівым сьвятле ліхтарыка і прачытаў лічбу дому. Ліхтар далёка ня вытлумачыў таго, чаго ад яго чакалі. Тады Рыгор узяў на рызыку і пераказаў да таварыша:

— Здавайся, каяцца ня будзеш.

— Здаюся… А пакуль выведзеш з гэтае глушы, зусім здамся…

Абодва засьмяяліся і зусім не з асьцярогаю. Ніякага адказу — ні стукам, ні тупам, ні кашлем.

— Якаў мяне распацешыў, ды годзі-ы… Ну, да чаго, скажы, апошняя яго пропозыцыя?..

— І я так думаў… Інтэлігеншчына…

— Я табе кажу, Анікей…

Ім паказалася, мэрам-бы хто іх наганяе… Азірнуліся… Смуглыя ліхтарыкі хаваліся пад стрэшкамі брам. Ціха.

— Зрабіць спробу не мяшае… Сотня, дзьве сотні чалавек, а эфэкту, во-а-а… Ня праўда, мо’?

— Як табе сказаць… І я гэтай думкі трымаюся… Хоць рызыкі…

— Рызыкі… Зразумела, што не без таго… Спроба, бачыш… Паўгода вісіць крывавы дурман… Алавяны цяжар душыць усякія пазывы… Ну, памятаеш, сталовую? Во-а! У адзін момант і — Вэзуві… Вэзуві, кажу табе…

— Усё-ж, і Якаў меў рацыю… Перша раздаць адозвы — мэрам-бы сыгналам прапусьціць па заводзе… А тады… Тэма — суд над дэпутатамі думы, дарагоўля мяса, нястача вугалю, цукру…

— Спроба… Аднак, надзея ёсьць… Важна, кажу табе, выкрэсіць хоць адну іскрачку… Зрабіць намёк, што вайсковае становішча, мілітарызацыя, узмоцненыя меры папярэджаньняў, усё-ўсё — нівошта…

— Я ўсё выясьняю гэтымі днямі… Нельга-ж без коордынацыі… Сам разумееш…

— Ну, Якаў, Якаў! Дзівак які, ня праўда, мо’?..

Яскравы бляск ліхтара іх перапыніў.

— Куды мы выйшлі? — запытаў Анікей.

Рыгор сьмяяўся — то была яго вуліца.

— Паверыш, ты мяне правёў дамоў…

— Няўжо? Вось і здайся на цябе…

Яны разглядалі мясцовасьць.

— Ты варочай налева — прасьцей дарогі ня знойдзеш.

— Да ўжо-ж.

Анікей разьвітаўся і сьпешна пайшоў у бок Выбарскае шашы. Як яно выйшла, што Рыгор вывеў на гэта месца, для яго таксама было няясна. Ён шчыра сьмяяўся з таварыша.

Той мінаў другі квартал, калі Рыгор кінуў праводзіць яго ўзрокам і павярнуў направа, да сябе.

Ён зрабіў некалькі крокаў, зноў вяртаючы думкі да Якава, і не заўважыў, як хтосьці мігнуў паміж яго. Рыгор спыніўся і агледзеўся. Мо’ на сажань ад яго стаяла якаясьці жанчына, азіраючыся. Рыгорам зайграла цікавасьць.

— Не пазналі? — запытаў ён.

— І вы не пазналі?

Знаёмы акцэнт рушыў Рыгора з месца.

— Няўжо гэта…

Ён падумаў на Гэлю, і раптам зьмяніў дагадку.

— Вось, бачыце-э…

— То-та і ёсьць, што ня бачу…

— Вы Рыму суйздром запамятавалі… А я вось іду ад вас…

— Рыма?!.

Каб хто чуў Рыгораў выказ, падумаў-бы, што Рыгор напаў на сьлед чалавека, якога шукаў гадамі. Мяккасьць і мілагучнасьць яго голасу дыхала весялухаю радаснага пачуцьця.

Рыма пачула ў ім нечаканую асалоду.

— Ха-ха-хэ-э! — зарагатала, падыходзячы насустрач.

Поціск іх рук быў шчырым і сардэчным. Рыгор зразумеў яго, як выбачэньне з боку Рымы.

— А я зьняверыўся быў… Памятаеце-э…

— Кіньце-э… Хто ўспомніць мінулае, таму… Хэ-хэ-э-хэ!.. Ну, я буду шчасьлівая!..

— Чаму?

— Вы не пазналі…

— Я вам жадаю…

Ласкавая, крохкая ўхмылка на Рыгоравым твары была заканчэньнем яго сказу… Рыма разумела ўсё, што таілася ў ёй. Дзяўчыне было прыемна слухаць Рыгора, ці проста, моўчкі, глядзець у яго раскрытыя вочы… Яна не аднімала свае рукі з яго рук і мінаю Джыаконды выклікала новыя сказы з Рыгоравых вуснаў…

— Я заўсёды ўспамінаю вас…

— Маўчэце… Хто ўспомніць мінулае…

Рыма падняла ўгору левую руку і паказала ўказны палец.

— Разумею… Чаму-ж вас я ня мог дачакацца?..

— А ў мінулую нядзелю хто вас наведваў? Бяспамятнасьць?

Рыгр успомніў, што яго гаспадыня паведамляла пра нейкую дзяўчыну… Так, гэта тады, калі ён прыйшоў з Гэляю…

— Вам холадна, Рыма?

Ён сьмела крануў яе пушыстага, коцікавага каўнера. Драбнюткія пылінкі сьнегу ссыпаліся на ровень надгруднага прастору.

— Марозіць?

— Марозіць!.. Золка…

— Пойдам?

— Мне пара дамоў.

Другім бокам вуліцы прайшла запозьненая пара.

— Людзі не сьпяшаюць, во!

Рыма азірнулася.

— Яны ідуць таксама дамоў!

— Іх дом у тым баку?

— Хэ-хэ-х! — засьмяялася Рыма на хаду.

Перад брамаю, дзе спыніліся, яна рашыла вярнуцца дамоў.

Гэта рашэньне дапомніла Рыгору памятны выпадак з Рымаю ў яго пакоі. Ён усхваляваўся, але паказаў, што не заўважыў нічога.

— Я вас правяду…

— Калі ласка… Я мушу вам перадаць тое, з чым наведвала вас…

— Менавіта?

— Я была ў Пятруся…

— Былі ў Пятруся?!

— Дзівіцеся? Была… Ён казаў мне, што бачыўся з вамі… Я так і думала, што вы таксама былі ў яго…

— Як-жа Пятрусь сябе адчувае?

— Па-мойму, дрэнна… Ён вельмі зьмізарнеў і пабляднеў… Мне шкада яго… Ён гэткі добры і мілы чалавек…

— Ну, калі-ж, нарэшце, яго вызваляць? І чым…

— Чакае, нібыта днямі яго лёс будзе вырашан…

— Казаў?

— Так, казаў… Жудасьць бярэ, Рыгор, уяўляючы сабе яго стан…

— Я з ім знаёмы…

— Што вы кажаце?

— Сядзеў… А ласьне вам Пятрусь не казаў?

— Магчыма… Ён вельмі дзякуе вас за грошы. Прасіў перадаць, што калі можна, пастарайцеся яшчэ хоць раз наведаць яго… Ён добры таварыш… Каб я была…

Рыма адвярнулася на вуліцу.

— Я ненавіджу гэтыя людзкія ўмоўнасьці… Як павуцінаю, пераблытана імі наша жыцьцё… І чуеш у сабе сілу, а між тым ня можаш з агідаю іх парваць… Скажэце, Рыгор, колькі пойдзе часу на тое, каб усе гэтыя талмуды, эвангельлі, псалтыры і торы сабраць у адно месца і — шшу-ух! агнём… Мне шкада Пятруся, як бывае шкада…

Рыгор апяразваў Рыму праваю рукою. І чуў, постаць яе аддавала нэрвовым трапятаньнем; ён настарожваўся і выбіраў гладкія, плаўкія сказы, каб імі не раздражніць дзяўчыну.

Яна штосьці такое перажывала — відаць было з яе адрыўнай, затуманенай гутаркі, з частага дапамінаньня пра Пятруся.

— Вы ідзеце дамоў, — праказала яна Рыгору, калі яны спыніліся перад брамкаю аднае дачкі: — А я выберу час і зайду, каб доўга-доўга і пра ўсё-ўсялякае пагутарыць з вамі…

— Даяце слова?

— Ня верыце?

— Буду вельмі рад з вамі спаткацца…

— Не забывайце Пятруся — ён ваш лепшы таварыш…

Яна бразнула цяжкаю клямкаю дзьверац і схавалася ад Рыгора.

У гэты момант пачуўся трывожны званок пажарных, якія ўгрунь несьліся з-пад Выбарскае шашы ўсьцяж вуліцы. Чырвоныя лахматыя факелы агню разьвяваліся на белым фоне сьнегу, прамянеючы рэволюцыйнымі сьцягамі.

Частка шостая

[правіць]


ЧАСТКА ШОСТАЯ



I

ГАННА ЎЖО ТРЭЦІ РАЗ спускалася з свайго пакою на вуліцу. Абегала некалькі крамак, а забыла хлеба.

Была дзевятая гадзіна і вось-вось канчалі гандаль. Каб засьпець, яна хутка перабірала нагамі, не азіраючыся па бакох. Некалькі суседзяў, стрэўшыся на сходах, прывіталіся з ёю — але Ганна забыла адказаць. Дворнік, уладуючы з брамаю, зьняў перад ёю лахматую шапку і саступіў з дарогі.

На дварэ стаяў моцны мароз.

Рыпала пад нагамі, і бляск марознага галену пярэсьціў у ваччу.

У хлебнай падбіралі апошні тавар. Голыя паліцы дапаміналі пра сьвяты.

— Хоць пару фунтаў, Мікалай Ігнатавіч, — папрасіла яна маладога рухавага прыказчыка.

— Да хопіць-хопіць, барышня, — адказаў той.

Ганна прашылася да прылаўка і ўзяла адважаны хлеб. Цяжкія медзякі бразнулі аб дошку.

— Вазьмеце грошы.

Прыказчык паглядзеў на Ганну і жартоўна ўхмыльнуўся.

— Жадаю вам весела спаткаць новы год…

Ужо з дзьвярэй Ганна паслала аддзяку.

А на першым кроку за дзьвярыма забыла, што і была ў краме. Тым-жа тэмпам яна накіравала да сябе. Ёй не хацелася, каб госьці засталі яе непадгатаванай для іх спатканьня.

Ачуўшыся ў пакоі, яна агледзела яго, як незнаёмы ёй, і паківала галавою. Ёй паказалася, што ў яе дужа ўбога і няпрытульна. Прыдуць госьці, а іх стрэнуць гэткія абставіны. Не, тут не да новагодніх настрояў.

Ганна пераставіла накрыты закускаю стол; прымеркавала на вока, як і што расьсядуцца госьці, пасьля яшчэ раз прыгладзіла пасьцель і паправіла накідку на падушках. Далей пачала прыбірацца.

Кожны стук у калідоры і за дзьвярыма, на ўсходах, яе нэрвавалі. Час бег няўтрымна, а процэс чаканьня гэткі цікавы! Ганна нічога ня мела-б, каб ён працягнуўся надалей… Але разам з гэтым ёй прыкра было думаць, каб закліканыя ня прыйшлі.

Вось перад ёю мігнулі: Рыгор, Лука Дарафеіч, Міхась Камар… ізноў яна глянула на прыгатаваную вячэру. Яе ўражаньне перабіў зычны званок. Ганна кінулася да дзьвярэй і пачула гаспадынін голас:

— Дома, направа першыя дзьверы.

Сьледам да яе пастукалі.

— Прашу вас, — пазвала Ганна і адчыніла пакой.

— Я раньні госьць, выбачайце мне, — праказаў Рыгор.

— Яшчэ-б чаго не хапала… Бяры крэсла… А я думала, што можа ты забудзеш і не наведаеш.

— Гм! Якія дзіўныя ў цябе думкі.

Рыгор распрануўся і пацёр рукі.

— Вось марозік — дык марозік! Бедныя салдаты — трэба-ж ім цярпець у акопах.

— Праўда, горкая праўда… Цярпяць, а завошта?

Ганна раз-по-разу паглядала на стол, сочучы за Рыгорам. Той-жа тупаў на малюткай плошчы паміж сталом і дзьвярыма і паахківаў.

— Зіма бярэ сваё…

— А я, ведаеш, Рыгор, што надумала?..

Ганна пытальна зазірнула Рыгору ў вочы.

— Што?

— Пайсьці ў сёстры… Тут нас некалькі чалавек і я з імі… Мне хочацца памагчы няшчасным салдатам… Хоць чымсь-кольвечы памагчы… Як ты думаеш? Твая думка будзе мне…

Ганна не даказала, мэрам-бы збаяўшыся выказваць свае намеры.

— Як табе сказаць… Мне шкада цябе… Я-б не хацеў з табою расставацца… Усё-ж, Ганна, ты сама над сабою пан…

Яна задумалася. І прыгатаваны стол, і спатканьне гасьцей, і перадновагодні настрой — усё гэта на момант зьнікла дзесьці, затулілася Рыгоравым выглядам. Ганнаю апанавала пачуцьцё шэрае нявыразнасьці, тупое і бязвыходнае. У гэтым пачуцьці расплылася за апошні час набліжаная да яе істота Лукі Дарафеіча… «Няўжо такі Рыгор?..» бліснула ў Ганьніннай галаве запытаньне і раптам абарвалася.

Ізноў званілі. Ганна борзда пабегла адчыніць.

Засопшыся, перад дзьвярыма стаяў расчырванеўшы на марозе Лука Дарафеіч. Ганна зусім была забылася пра яго — а гэта якраз тварам да твару.

— Калі ласка!

Той праз парог працягнуў аголеную з пярчаткі руку і нізка схінуўся перад Ганнаю.

— Зіма ў поўным разгары… Вы адны?

— Ня бойцеся, калі і ўдваіх…

— Ужо?

У пакоі Ганна пазнаёміла Луку Дарафеіча з Рыгорам.

Абое нейкі час памаўчалі, аглядаючы адзін другога; пасьля слова за словам узьнялі гарачую гутарку пра сучаснае становішча. Лука Дарафеіч пачаў скардзіцца на дарагоўлю мяса і круп, на перабоі ў апале. Усю віну ён ускладаў на дзеячоў гарадзкое думы і мясных гандляроў. Лука Дарафеіч выглядаў у іх зломысьнікаў і шкоднікаў грамадзкай справы. Апошняя заключалася, па-ягонаму, у адзінай мэце — перамозе ворага Расіі, прускага юнкера.

Рыгор спрабаваў перасунуць спрэчку на больш шырокія рэйкі, закранаючы агульныя прычыны соцыяльнае несправядлівасьці і бязладзіцы пануючага стану. Гэтае, аднак, ня ўспрымалася Лукою Дарафеічам. Тады Рыгор перамяніў тэму гутаркі, звузіўшы яе да будзённых мотываў.

Ганна перш дзесьці выйшла з пакою і мо’ з паўгадзіны адсутнічала. Вярнуўшыся, яна ўставіла некалькі сваіх заўваг, і сьледам за апошняй заўвагай крута абарвала абоіх.

— Адзінаццатая гадзіна, а Камаровых усё яшчэ няма.

— Марозу баяцца, — адказаў Лука Дарафеіч.

— А бяз іх мы ня сумеем спаткаць новы год? — пасьмяяўся Рыгор.

— У большай кампаньні весялей…

— Нават?

— Ды я гатавалася дзеля ўсіх…

— Нічога не парадзіш…

Ганна прачыніла дзьверы і паслухала. У кватэры і за дзьвярыма было ціха.

— Вы ўбачайце мяне, браткі, што так не гасьцінна…

— Ня ўбачым, ні за што, — пажартаваў Рыгор.

— А вы-ж яшчэ чакаеце кагосьці…

Ганьнін адказ пераняўся стукам дзьвярэй — то прыйшлі Камаровы.

Пакоік напоўніўся да адказу. Пяцёра чалавек да разапяты пасярэдзіне столік занялі ўсё яго гала.

— Хто не знаёмы — пазнайцеся, прашу…

Скрыжаваньнем выцягнулася некалькі рук. Паўстаў сьмех, перагаворы…

Ганна замітусілася, ня ведаючы, як гасьціньней уладзіць. Яна памеркавала з крэсламі, падышла да ложку і ўсё не магла вырашыць, як тут лепей. Нарэшце спынілася, праказаўшы:

— Прашу вас заняць месцы за сталом. У цеснаце — ня ў крыўдзе…

— А вы-б мо’ думалі, што мы крыўдзімся? Харошая справа…

Міхась Камар першым залез за стол, а за ім усе другія.

— Мне думаецца, што ўжо павінна чуваць крокі новага году.

Рыгор паглядзеў на гадзіньнік…

— Зараз званіцьме…

Ганна наліла ў чаркі віна і праказала:

— Давайце вып’ем за новы шчасьлівы год!

— Хоцькі-б не абмануў ён нас…

— За хуткую перамогу?

Міхась Камар паглядзеў на Рыгора.

— Над кім і каго? — суха запытаў Рыгор.

— Над немцамі.

— Дык вось: немца рабочага над немцам буржуем і расійскага рабочага над расійскім буржуем… За перамогу над вайною…

— Рыгор! Цябе, я бачу, не навучылі апошнія здарэньні гісторыі… Я бачу, што ты… Во! Гэта-ж мой вучань! — абярнуўся Міхась да Лукі Дарафеіча.

— Ласьне?

— Запытайце… За Рыгу і за мінулае, Рыгор!

— За сьветлую будучыню…

— Я з Рыгорам! — праказала Ганна.

— Ну, вы пад яго ўплывам, дарагая…

Яны скончылі пераказы, калі стрэлкі ўсіх наяўных пры іх гадзіньнікаў наблізіліся да лічбы дванаццаць.

— За гаспадыню ў новым годзе, — падняўшы ў аднэй руцэ чарку, у другой гадзіньнік, праказаў Рыгор.

Усе выпілі і прыняліся закусваць. Пакоік хутка напоўніўся бразгам нажоў, талерак, вёрткім увіханьнем Ганны, рэзваю гутаркаю. Госьці пакінулі ўмоўнасьці. Шэраг надзенных тэм уліўся ў іх спрэчкі. Рыгор схапіўся сварыцца з Міхасём. Іх перамова незаўважна для абодвых прыняла формы вострае спрэчкі, пасьля абярнулася ў дыскусію.

Рыгор няшчадна асуджаў царскі лад, ганьбу яго прадстаўнікоў, паднімаў чарку за яго зьнішчэньне. Паражэнчыя думкі набывалі выразную форму і сваім лёзам пранізвалі Міхасёва нутро.

Міхась злаваўся і таксама не шкадаваў едкіх выразаў; ён заўзята хапаўся за буржуазную формулу — «перамога над нямецкім юнкерствам дасьць народапраўную Расію». Тут зьяўляліся рознастайныя тэорыі рабочага дабрабыту, правы для Польшчы і ўскраін, разьвіцьцё прамысловасьці, уздым культуры.

Усе аблезлыя, заношаныя абяцанкі новаяўленых патрыотаў скланяліся і пераскладаліся ў вуснах Міхася Камара. Наперакор Рыгору ён выпіваў чарку за чаркаю за пераможны канец вайны, за аб’яднаныя сілы расійскага народу…

Жонка Міхася настарожна сачыла за мужам, раз-ад-разу хапаючы яго за рукаў, перабіваючы яго на сказах.

Лука Дарафеіч сьмяяўся і лагодна патураў то Міхасю, то Рыгору.

Ганна ўпарта трымалася Рыгоравых думак. Але становішча гаспадыні не дазваляла ёй уважліва сачыць за захапіўшаю ўсю кампаньню дыскусіяй. Яна нясьціханна выбягала з пакою, клапатліва сачыла, каб госьці закусвалі, не забываючы дзе яны і для чаго ўселіся за стол.

Хутка завязаная гутарка паміж імі здавальняла Ганну. Яна кінула небясьпечную думку, што на гасьцях адаб’ецца няпрытульнасьць яе пакою. Выходзіла зусім наадварот. І гэта надавала Ганьне рухавасьці і адпаведнага настрою.

— Толькі не пабецеся, — гукала яна да Рыгора і Міхася: — Тады ня добрай будзе адзнака новага году.

Рыгор махаў ёй у адказ рукою і рашуча перабіваў Міхасёвы довады.

Ужо перад канцом бяседы, якая захапіла дзесяць хвілін на другую гадзіну, Рыгор чапіў справы сябраў дзяржаўнае думы — бальшавікоў.

— Вось тая народапраўнасьць, якое вы чакаеце ад перамогі над немцамі… Не народапраўнасьць прынясе вам пераможная вайна, а дубальтовае бяспраўе і прыгон… Зьдзек, нагайкі, тухлую і крывавую горамыкіншчыну, — казаў Рыгор.

Міхась вярцеў галавою і перабіраў рукою. Бальшавікі-дэпутаты яму не падабаліся.

— Я за Ганну, за яе намеры — ісьці на дапамогу гарацешным салдатам… Агульнымі патугамі мусім выбавіць Расію ад нямецкага засільля, а тады — штыкі супроціў сваіх тыраноў. Праўда, Ганна? — Нам тады не па дарозе. Бывайце!

Ганна ўладжвала з гарбатаю. Занятая самаварам, яна зразу не адказала на Міхасёва запытаньне. І толькі падаўшы гарбату, паведаміла яму, што яна пакуль ня мае пэўных рашэньняў.

— Гэта вырашыць новы год! — гукаў Лука Дарафеіч.

Вакол Ганны гутарка вярцелася нядоўга. Госьці патрошку стамляліся і пазіралі на гадзіньнікі. І хоць Ганьне вельмі шкада было перарываць прыемны для яе час, ёй хутка прышлося расставацца з сваімі гасьцямі.

Правёўшы Рыгора, яна запрасіла яго наведваць часьцей. Рыгор даў згоду на гэта шчырым поціскам рукі. — Толькі бяз гэтых асоб! — праказаў ён за дзьвярыма.


II

ДВОРНІК ХРОП ў вялізарны каўнер чорнае браваркі. Шкада было яго будзіць. Позны час, цішыня ночы — усё казала не ў карысьць Рыгора. Усё-ж ён ня мог чакаць, пакуль дворнік прачнецца і выпусьціць яго на вуліцу. Ён падышоў да брамы і пастукаў у халоднае жалеза.

Па двары, у рэдкім марозным паветры, зазьвінела. Звон быў да таго гулкім, ажно, здавалася, сыпнулі з неба зоры. Дворнік мігам падняўся на ногі і паглядзеў на Рыгора. Нічога не сказаўшы, ён павольна адамкнуў жалезныя варотцы ў браме і выпусьціў яго з двара. Той хапіўся за кішэню, маючы на думцы аддзякаваць за гэта, але дзьверцы ў момант апынуліся на замку. Рыгорава рука адчула пякучасьць жалеза і хутка апынулася за пазухай паліта. Ён павярнуў налева, да Садовай.

Вакола было пуста і ціха. Ліхтарні расплываліся сьвятлом на аб’індзявелым фоне сумных муроў. Рэдка дзе ў вокнах сьвяціўся агонь; шэрыя плямы іх прагна лавілі вулічнае сьвятло.

Пра трамвай нечага было думаць. Рыгор дарма супыніўся і прыслухоўваўся — знаёмага гуку ня чуваць было нідзе. Вярней было — шукаць рамізьніка. Але і таго не напатыкалася.

Рыгор ускорыў хаду. «Хаця-б не давялося шагаць пехам на Выбарскую старану! Гэта-ж зойме болей гадзіны».

Ён яшчэ раз супыніўся, ужо выйшаўшы на Садовую. Паглядзеў. У баку Аляксандраўскага рынку прымеціў чорныя плямкі — бязумоўна, то былі рамізьнікі. Стала бясьпечнай, і ён кінуўся сьпяшацца. Гэта дазволіла вярнуцца яго думкам да Ганьнінага пакою. Міхась Камар мігнуў перад ім несымпатычнаю мінаю твару.

«Які дзіўны ён, аднакава. Няўжо такі, сапраўды, не навучыла яго жыцьцё правільна ў ім разьбірацца?» праказаў сабе Рыгор. І толькі намерыўся працягнуць далейшую думку пра Міхася, як зьнянацку пачуў з-пад брамы:

— Як ваша імя?

Рыгора зьбянтэжыла ад нечаканасьці. Ён нэрвова азірнуўся ўправа і ўгледзіў пры чорнай браме якуюсьці фігуру. Сьледам бліснуў агенчык цыгаркі.

— Як ваша імя? — ужо сьмялей даняслося да Рыгора.

Ён спыніўся, сьцяміўшы ў чым справа. Унутры заварушылася цікавасьць.

— Вам яно патрэбна?

— Скажэце.

Ад брамы аддзялілася сярэдняга росту, у суконнай, вязанай хустцы дзяўчына і накіравала да Рыгора. Не падыходзячы на крок, яна пазвала:

— Можа праведзяцё мяне дамоў?

— А вам далёка?

— Я па дарозе з вамі… Запазьнілася ў таварышкі і боязна ісьці.

— Калі ласка, я магу з вамі прайсьці…

Рыгор ня сумеў дасказаць, як на твары набліжанай да яго дзяўчыны мігнула нешта знаёмае. Сьледам за гэтым паказаўся вядомым яе голас. Ён пільна ўглядзеўся ў дзяўчыніны вочы і з хваляваньнем праказаў:

— Гэля?

— Што-а ты кажаш?

Дзяўчына завярнула назад і ўподбежкі стала ўцякаць ад Рыгора.

— Гэля, куды-і ты? — гукнуў Рыгор: — Чакай, на хвіліну.

Гук панёсься ўсьцяж доўгай Садовай. Рыгор пайшоў за дзяўчынай. На адгоне трэцяга дому, у самым цёмным месцы яна завярнула да сьцяны і спынілася. Рыгор падышоў да яе і ўзяўся за руку.

— Гэля?

— Так, Гэля… Даруй мне, што я…

— Ты-ж чаго гэта так позна адна? Ты заблудзіла можа?

Яна траслася ні то ад холаду, ні то з сораму.

— Хадзем да мяне…

— У бежанскі комітэт?

— Не-э, я ўжо на новай кватэры. Я жыву вось у гэтым двары… Зойдзем, Рыгор… Табе далёка ісьці дамоў… Я ўладжу з начоўкаю. Дам табе свой ложак, а сама перайду да таварышкі…

Ад Гэлі нясло пахам таннае пудры і поту. Блішчэлі заатрапіненыя вочы. Яна стукала нагою аб нагу, ляскочучы замерзлымі чаравікамі. Рыгор ня ведаў, як быць. Яго рука не выпускала з пальцаў Гэлінай рукі. А думкі разгорталі шэраг балючых дагадак. Яны страшылі Рыгора і ў той самы час не дазвалялі яму пакінуць Гэлю.

— Хадзем! Думаеш? Саромеешся?

Апошняе запытаньне агаліла праўду. Рыгор адказаў на гэта сударжным уздрыгам і на некалькі хвілін адсрочыў намер пайсьці з Гэляю.

Але яна пераняла Рыгора, стукнуўшы нагою ў браму.

— Хто там? — пачуўся з-за брамы мужчынскі голас.

— Гэля.

Бразнулі ключы і каля іх вырас высокага росту, тоўста апрануты дворнік.

— Ідзеце.

Рыгор безабдумна шагнуў за Гэляй і ачуўся ў вузкім цесным двары.

— Дай капеек дваццаць дворніку, — шапнула Гэля Рыгору.

Той спыніўся, дастаў пулярэс, і, абмацаўшы сярэбраную манету, працягнуў руку да дворніка.

— Дзякую! — адказаў той.

Рыгору замоташніла.

Ды куды было раздумваць! Падобны вастрожнаму, выразны стук брамы аддзяліў іх ад вуліцы. Гэля мерзканула ў цёмны кут двара, сыкнуўшы Рыгору. Нельга было ня ісьці на яе кліч.

Праз хвілю абое ўзьбіраліся павілымі ўсходамі наверх. У нос біла атручанае паветра: нясло памыямі, гнілым расолам, здыхляцінай. Сумны агенчык вугальнае лямпачкі сеяў нудоту.

— Зараз, вось, Рыгорка, зараз, — суцяшала Гэля.

Рыгор маўчаў, не даючы сабе адчоту ў бягучым і не зазіраючы наперад. Лёгкі хмялёк, захоплены ў Ганны, разьвееўся. Сапраўднасьць непрыхарошанай глядзела яму ў вочы. Ён больш зрочыў пад ногі, на выбітыя, замурзаныя ўступы. Не заўважыў аблупленых сьцен і ўткнутых у іх, абітых палатном і цыратаю дзьвярэй.

— Ужо! — даняслося праз адзін пралёт, які аддзяліў яго ад Гэлі.

Пакуль Рыгор яе нагнаў — дзьверы былі адпертымі.

— Заходзь, Рыгорка! — сьмялейшым тонам запрасіла Гэля.

Рыгор пераступіў парог у цёмны калідор. Дыхнуўшы імпад ня даў магчымасьці адступіць ад дзьвярэй, і Гэля таўхнула яго рукою.

— Прайдзі наперад.

Разам з выказам гэтых слоў бліснула сьвятло. І тут-жа, як па чыйму оклічу, з бакавых дзьвярэй высунула галаву страшэннае стварэньне: налахмачаная, адутлая, з бліскучымі вачыма пажылая кабета. На ўзроўні яе плюскатага носу з адвіслым падбародкам, целяпаліся гарбузамі фэномэнальныя грудзі.

— Вольны нумар трэці. На час, ці нанач?

— Гэта мой знаёмы, і ён у мяне заначуе.

— Там усё напагатове? Можа піва патрабуецца?

Стварэньне не мяняла позы.

— Я вам скажу, Палута Янкаўна, — нездаволена адказала Гэля і прапусьціла Рыгора ў пакой.

Рыгор моўчкі шуснуў у адчыненыя дзьверы і стомлена прысеў на зялёнай тумбачцы. Абставіны яго вярнулі — яны былі знаёмы Рыгору па вядомым творы Купрына. Ужо адно паветра, прасякнутае вострымі, тухлымі пахамі, казала за ўсё. Яго забіраў жаль і ссала жуда. Спраўдзілася! Не здарма ад першага спатканьня з Гэляю ён затаіў мулкую падазронасьць — зараз яна навыяве.

Гэля незаўважна для яго распранулася, выбегла дзесьці з пакою і сьледам вярнулася з закуранаю цыгаркаю ды дзьвюмя пляшкамі піва.

— Смага, Рыгорка, забірае. Пі, прашу. Садзіся да стала… Я бачу, што для цябе ўсё гэта нечаканым выглядае. Га?

— Нечаканым, Гэля, і страшным…

— Для рэволюцыянэра ды страшна? Ха-ха-ха! Рыгорка-а?

— Страшным і балючым…

Гэля падала яму шклянку пеністага піва. Пакуль Рыгор падняў яе з стала, яна другую выпіла засаб, зацяжна ахнуўшы.

— Пі-ы, мой добры сябра, пі-ы, мой…

Спрытным повертам яна апынулася ў яго на каленях і абвіла халоднаю рукою яго шыю.

Рыгор скалынуўся і крыху адхіліў галаву…

— Рыго-орка-а! Давялося-а мне-э… Я тады не магла сазнацца — сэрца, ведаеш, ціснула-а… А зараз — ня выцерпела… Або ты не дазнаўся-б, Рыгорка-а? Мусіла-а! Во-а — пасьцель мая — высокая і мяккая, а муляе… муляе, сябра мой дарагі…

Гэля шчыльна прытулілася напудранаю, вялаю шчакою да разгарачанага твару Рыгора. Яе сухія губы правялі па яго лбу халодную істужачку мёртвага пацалунку…

— Ты на мяне злуеш?

— Нічога падобнага… Я цябе шкадую…

— А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Прыйшоў да дзяўчыны і думаеш?..

Піва палілося Рыгору на прыпол. Ён паднёс шклянку да губ, смакануў крыху і адставіў…

— Разьдзявайся, Рыгор… Ужо нечага далей марнаваць час…

Гэля першаю стала здымаць з сябе памятую, бедную кашульку. З-пад нізка агарсаванай сарочкі паказаліся худыя, плоскія, касьцістыя грудзі. Тонкая шыя слаба трымала вяртлявую галаву.

— Ты ня супроць таго, каб і я тут спала?

— Табе лепі відна, — ціха праказаў Рыгор і падняўся з месца.

Ён не агледзеўся, як Гэля стала перад ім у аднэй сарочцы, ні каліва не саромеючыся.

— Мы-ж разам расьлі, разам гадаваліся… Няўжо ты гнацьмеш мяне, Рыгор, ад сябе?..

Спрытным скокам яна апынулася на ложку і заківала Рыгору пальцам.

— Гэля, ну як ты дазволіла сабе гэта? — упічліва запытаў Рыгор.

Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Рыгор не кранаў яе, адчуваючы глыбіню трагедыі, якую перажывала пры ім дзяўчына.

Ён ужо драмаў, сьціснуўшыся ад жалю, калі громкі плач Гэлі яго абудзіў. Расплюшчыўшы вочы, Рыгор угледзеў каля сябе Гэлю. Яна сядзела і плакала.

— Чаму ты ня сьпіш?

— Не магу… Паверыш… Го-ой-ой!.. Рыгорка… Выцяігні ты мяне з гэтае ямы… Ты-ж абяцаў мне месца, помніш? Ласьне табе ня рупіць Гэля? Твая таварышка ў дзяцінстве, верная твая пасяброўка… Няўжо табе лёгка, гледзячы на мяне, га?.. Сілцы, маладосьць, каханьне, Пятрусь… Збаў мяне, сябру мой…

Рыгор бязмоўна ахапіў Гэлю двума рукамі, прыцягнуў да сябе і пацалаваў яе ў халодны, напудраны твар.

— Я ўсё зраблю, што ад мяне залежыць… Я выму цябе з гэтага балота, выму-у… Чаму-ж ты мне раней не казала?

У перамежку з доўгімі маўчанкамі, яны прагутарылі да самай раніцы.

Ужо забялеў золак першага дня новага году, калі Рыгор крыху заснуў. Але Гэля яго абудзіла. Ён стомлены і сонны, пасьпешна сабраўся і, не разьвітваючыся з Гэляю, кінуўся ў дзьверы. Цяжкія крокі яго ног прагучэлі па кватэры.

— Адну хвілінку! — перапыніў яго нейчы вымусовы голас.

Рыгор абярнуўся і ўгледзеў перад сабою ўчарашняе страшылішча — кабету. Яна бессаромна, у аднэй кашулі, стаяла ў прачыненай фортцы дзьвярэй і ўпарта глядзела ў яго бок.

— Вы заплацілі за піва? Гэля?

— Усё заплочана, Палута Янкаўна, прапусьцеце! — даняслося з Гэлінага пакою.

Рыгор павярнуў да дзьвярэй.

— Вы там абмацайце крук, налева… Заходзьце-э часьцей… — праказала кабета.


III

ЦІХАЯ, марозная раніца асьвяжыла Рыгора. Ён безаглядна прабег вузкі цесны двор і ачуўся за брамаю, як у новым сьвеце. На вуліцы яшчэ было пуста. Першы вагон трамваю выскачыў з-за рогу высокага будынку на Вазьнясенскім проспэкце і шпарка пранёсься перад яго вачмі. У замерзлых, абсьнежаных вокнах мігала некалькі людзкіх ценяў. На адгоне кварталу — рассыпалася серабро сыгнальнага званку. На рагу гандлёвага раду Аляксандраўскага рынку стаяла некалькі рамізьнікаў. Ухутаныя ў доўгія зялёныя халаты і валасатыя пыжыкавы шапкі, двое з іх стукаліся адзін з другім, праганяючы мароз. Трэці неадгінна сачыў за таварышамі і весела падбадзёрваў іх частымі выгукамі.

З-пад Сэнацкага пляцу выскачыў жоўты аўтомобіль і стралою прарэзаў стромкі шнурок Вазьнясенскага. Чырвоныя аколышкі седакоў чуць адзначыліся ў Рыгоравым ваччу. Калі аўтомобіль праскочыў мосьцік праз Фантанку, рамізьнікі кінулі па адрасе яго некалькі лаянак.

— Паедзем? — зьвярнуўся адзін з іх да Рыгора.

Той моўчкі прайшоў далей.

На рагу Петэргофскага проспэкту ён стрэўся з атрадам бальтыцкіх маракоў. Выходзячы на Садовую, маракі зацягнулі песьню. Звон песьні многаратным водгукам разьляцеўся ва ўсе канцы вуліцы.

Рыгор правёў маракоў да Сяннога пляцу, дзе сеў на падасьпеўшы трамвай і паехаў на Выбарскую.

Не даяжджаючы да апошняй спынкі, ён выйшаў з вагону і пайшоў пяшком да кватэры. Яму хацелася сустрэць таварыша ці знаёмага і ў гутарцы з ім на тую ці іншую тэму разагнаць сьціснуўшае яго пачуцьцё агіды і млосьці.

Мінуўшая ноч пакінула ў яго нутру гадкі асадак. Выабражэньне затуманілася дымкаю горкасьці. Сударгі нэрвовасьці разгойдалі ўсю яго постаць. Няпрыглядная, адваротная сапраўднасьць труіла сэрца.

Ён ня верыў у прымхі. Ён сьмяяўся з усялякіх забабонаў. Але супаданьне двух стрэч перад новым годам — прыкрыла. За трыццаць хвілін язды ў трамваі ён перагарнуў дзесяткі ўспамінаў, зьвязаных з Гэляю. Перад ім мігнулі Сілцы, Смагін, зборні і пакоік, дзе ён стрэўся з аматарскаю трупаю. Рэзвая, жыцьцёрадая Гэля, як жонка Вусіка; Гэля, як здольная аматарка-артыстка… Яе надзеі, яе парываньні… І зараз… Бацькі, Пятрусь, Зося і Волька… і сьвет у выглядзе тае кабеты — чудзішча, якую ён двойчы ўгледзеў у кватэры Гэлі — беспагадна паглядзеў яму ў вочы. Пажаданьні за чаркаю віна ў прытульнай каморцы Ганны і распырсканае на прыпол піва…

Рыгор раптам спыніўся: «Анікей».

Так, на адгоне дзесяці сажняў ішоў яму настрэчу яго таварыш Анікей. Ён ужо заўважыў Рыгора, бо на яго расчырвоненым твары гуляла ўхмылка. Падышоўшы бліжэй, Рыгор падняў руку да шапкі і стрэў ад Анікея падобнае-ж прывітаньне.

— Ты ня з гораду, часамі? — запытаў Анікей.

— Угадаў, браце…

— Бачу.

Рыгор сумеўся — на ім відаць было адбітак перажытае ночы. Ён успомніў, што, выходзячы ад Гэлі, яму ня прышлося нават умыцца. Чуў па нудзе ў нагах і па шоламе ў стомленай галаве, што ў ім мала звычайнага. Празрыстая сонечная пагода не гадзілася з памятасьцю яго твару, з прыплюшчанасьцю яго звычайна бойкіх, іграючых вачэй.

— А відаць, ласьне?

— Ха-ха! Не схаваешся — дзень…

— Дагадваюся… Перажыў ноч, скажу табе…

Поверт галавы і ківок рукі ўзмоцнілі сэнс Рыгорава сказу.

— Дзе-ж гэта ты і як?

— Не раскажаш, пакуль не апамятаюся… Перажыў, чаго дагэтуль не даводзілася… Куды ты?

— Я за Маскоўскую заставу. Там маецца сёньні адбыцца маленькая нарада…

— Наконт дзевятага студзеня?

— Ага…

— Стой на нашай думцы, Анікей… Мы павінны адсьвяткаваць гэты дзень… Пара разьбіць маўчанку… Годзе-э…

— Ды я чалавек цьвёрды… Мяне цяжка зьбіць з абраных позыцый… Ну, пакуль…

Рыгор ускоранай хадою накіраваў у ператочную вуліцу.

Незаўважна ён прайшоў на Выбарскую шасу, а адтуль завярнуў дамоў. Яму адчыніла гаспадыня.

Новы год адбіваўся на ёй у вясёлым твары, у парыўчатых рухах і ў надзвычайнай пілявасьці.

— Я ужо нямаведама што падумвала наконт вас… Порачнулася — а ў вашым пакоі — муха-заваруха. Я пастукала — маўчок. Я, прызнацца, адчыніла, а пасьцель нярушаная… Дзе, думаю, Рыгор Міхасевіч? Час ня пэўны і мала што можа трапіцца…

Сарафіна Хлёраўна наўзьдзіў ласкава зазірала Рыгору ў вочы і не дазваляла адыйсьці ад дзьвярэй.

— Вы заглянеце да мяне, — казала яна далей, разьліваючы пах цьвятнога одэколёну і часта моргаючы шэрымі вачыма: — У мяне цяпер знаёмыя, павіншаваць прыйшлі з новым годам…

З-за дзьвярэй гаспадынінага пакою данёсься жаночы голас — звалі Сарафіну Хлёраўну. Яна пудка закруцілася на правай назе і шмыганула ад Рыгора. Да Рыгора дайшоў вясёлы, покатны рогат, а над ім выразны вымаў яго імя. Сьледам пачулася некалькі тостаў.

Было ясна, што жаночая кампанія, разьвяселеная і рэзвая, выклікала яго да сябе. Але Рыгор не адказаў на гэта жадным гукам, і хутка прайшоў у свой пакой.

Зразу, мэрам-бы хто яго абласкаў, стала спакойліва і міла. Цьвёрдае крэсла, на якім ён прысеў, цешыла яго знэрваваную істоту. Думкі, як напалоханыя вераб’і, разьляцеліся. Колекцыя гаспадарскіх рэчаў, незаўжаных і звычайных, набылі асабісты прыемны выгляд і лашчылі Рыгораў узрок. Белаватае, з адсьветам вохры, неба, напаўняла пакой мяккім, пухкім сьвятлом.

Рыгор пільна ўглядаўся ў павешаную на сьцяне портрэтку невядомае асобы. Скрытныя воддальлю рысы твару яе нясупынна мяняліся, прымаючы рознастайныя міны. На шкле мігаліся лёгкія цені, паласуючы яго плошчу.

Было зусім нечаканым, калі апаўшы на стол Рыгораў узрок улавіў сіні конвэрцік пісьма. Рыгор схамянуўся і порсткім рухам пальцаў падняў конвэрт. Чатыры няроўных радкі адрасу дапомнілі Сёмку — то яго рука. Сілцы — маці — сябра… Надыходзіўшы ўздром адляцеў — зарупела прачытаць. Ён запомніў ужо, калі ад мацеры было пісьмо. У завірусе падзей ня мог спыніцца над прычынаю гэтага, і зараз — суйздром падышоў момант.

«Дарагі сынок…»

Тое-ж, што і дагэтуль, што і ўсягды…

Радок за радком выкладалі мацерына пачуцьцё…

«Гэтак доўга ня мела ад цябе пісьма, і розных думак — не абяруся. А можа тое, а можа гэта — сьвет як круцёлка, як малатарня — не падсаджвай рукі… Атрымала ад цябе гасьцінец, і цалую твае шчочкі, тваё чулае сэрца… У нас так неспакойліва, Рыгорка, так трывожна, што я начамі ня сплю, як на чаране гарачым ляжу… Некаторыя зьбеглі — іншыя рыхтуюцца на вясну… Шыюць буды, ладзяць драбіны, шыкуюцца. Чутак тых чутак!.. Гэрман пад Гродняю, Гэрман у Беластоку, Гэрман ля Слоніма — страхоцьце… І хоцькі мне няма чаго шкадаваць — голы зьбірайся — голы гатоў, — а вось кут дарагі і з месца ня ўзьняцца… Жджэцца пакуль папхнуць і тады ўжо, даруй, да цябе. Прасіцьму Сёмку, няхай не пашкадуе мясьцінкі для клумачка і хоць да Ліцку адвязе. Няўжо я далей ня траплю сама ў Пецярбург? Можа-ж там зацішней крыху, сынок? Дажыліся, мілы мой, дачакаліся. Уздумаў д’ябал сьвет засмуціць і пайшла гуляць завіруха… Каб ты ды бачыў тое пекла ў часы мобілізацыі — Рыгор-ор-ка-а, зала-а-т-ы-ы! Што тады рабілася! Век зжываю — ня бачыла… Цяпер трасуся — думаючы…

Ну, як-жа-ж ты там, галубе? Шануйся сыне, беражыся, родны. Твая маці не пакідае аб табе думаць. Яна моцна цябе цалуе і…»

Стук у дзьверы адарваў Рыгора ад замілаваных слоў мацеры. Ён незадаволена папрасіў увайсьці і падняўся з крэсла.

Высокая, у блакітным, з белымі інталяжамі сукні, паружавеўшая ад хмелю, увайшла ў яго пакой стройная маладзіца. Крыху скошанымі вачмі пад шарымі брывамі ласкава зірнула на Рыгора. Тут-жа доўгая рука зьмяёю выцягнулася на ўзроўні белага, як сьнег, поясу.

— Суніцына. Я пасланцом ад Сарафіны Хлёраўны… Ня цурайцеся яе гасьціннасьці, малады чалавек… Новы год… Сёньня жывом, а заўтра — Авеццано… Ці Нява, ці Бальтыцкае мора, калі ня вулькан…

— Я дзякую вам…

Рыгор паглядзеў у твар незнаёмай жанчыны і адвярнуўся.

— Я адчуваю сябе, ведаеце, надта змораным і… дзякую…

Маладзіца спакойліва падышла да яго і ўзяла пад руку.

— Вы, мужчыны, робіцеся часта жанкамі. Ідзем-жа…

Рыгор яшчэ раз падзякаваў за запрашэньне і ўглыбіўся ў мацярын ліст.

Пастаяўшы хвіліну моўчкі, маладзіца мерсканула з пакою, моцна стукнуўшы дзьвярыма.

Праз момант па калідоры праляцела рэха шклянога звону рэзвага, гіронічнага сьмеху.


IV

ШАРЫ ЗМРОК глядзеўся ў цішыню Рыгоравага пакою. Сьцягнутая са століку сурвэта пялася падняць скінуты і разгорнуты лісток паперы. Сіні конвэрцік туліўся да боку, абняхаены адрасатам. На ложку, расьпятым, ляжаў у адзежы гаспадар пакоіку. Памятая падушка ціснулася між палак ложку, разгароджваючы надвае пухкія валасы Рыгора. Ён спаў, як заварожаны, ціха-ціха сапучы. Спаў соладка і моцна, адарваным ад сьвету і ад яго жорсткіх праяў.

А ў гэты час паважнаю, разьмеранаю паходкаю набліжаўся да яго дому затулены ў каўнер чорнага паліта чалавек. З-пад нахлабучанае фінкі ён паднімаў пару нявыразных у змроку вачэй і разьзіраў нумары. Каля брамы Скрынкінай, Сарафіны Хлёраўны, ён спыніўся і аглядзеўся навакола. Пасьля шчыльна падблізіўся да вярэі і яшчэ нейкі час пазрочыў на прыламаную лічбу ліхтарні.

З-пад Выбарскае шашы падыходзіла да яго некалькі пешаходаў і ён, каб не спаткацца, хутка прайшоў на двор. Пры дзьвярах ён яшчэ крыху падумаў ды памеркаваў, адаля пазваніў. Хвілін з пяць ніхто на званок ня прыходзіў. Можна было думаць, што няма нікога ў дому, але чалавек паўтарыў званок і яму адчынілі.

— Вам каго? — злосна запытала Сарафіна Хлёраўна, выбегшы ў хусьцінцы на галаве.

— Я да Нязвычнага… Ён дома?

— Ён сьпіць і яго ня варта трывожыць…

— Мне экстранна да яго…

— Я перадам ўсё, што вы дасьцё ці скажаце…

— Мушу асабова…

— Даруйце, я не магу вас пусьціць…

— Я а дванаццатай павінен выехаць…

— Я і сама ня ведаю…

Чалавек пераступіў парог і ўжо безнадзейна было яго выгнаць. Сарафіна Хлёраўна зачыніла дзьверы пярэдняй і падышла да Рыгоравага пакою.

— Сьпіць, а будзіць яго так шкода, што я… Заходзьце да мяне, хіба, на хвілін колькі.

Гаспадыня ня кідала разглядаць незнаёмага. І пакуль той вырашыў, будзіць Рыгора ці не, яна адважылася запытаць яго.

— Ці вы толькі… ня былі ўжо калі-кольвечы ў Рыгора?

— Можа калі і было…

— Я бачу, што нешта знаёмае відаць і ў вашай паходцы і ў вашых вачох і… Калі ласка, прашу да мяне…

Сарафіна Хлёраўна гасьцінна адчыніла дзьверы і прапусьціла госьця ў свой пакой.

— Я вас добра помню… Распранайцеся… Го, як Рыгор узрадуецца вашаму прыходу!.. Вы езьдзілі кудысьці?..

Пятрусь — то быў ён — ня ўстрымаўся ад сьмеху.

— Каб ды езьдзіў — сядзеў, ня езьдзіў…

Гаспадыня адразу перамянілася на твары.

— Сядзелі?.. Во, здэцца, Рыгор прачнуўся…

Яна мігам вылецела з пакою, і Пятрусь пачуў часты асьцярожлівы стук у дзьверы. Ён дагадаўся, што гаспадыня будзіць Рыгора, але не даваў на гэта выгляду.

— Хтосьці стукае за сьцяною! — праказаў ён у адчыненыя дзьверы.

Тая ўбегла ў пакой і паведаміла:

— Рыгор устаў; ён просіць вас да сябе.

Пятрусь спакойліва выйшаў з яе пакою і пастукаў Рыгору.

— Братка-а-а! — выгукнуў Рыгор, угледзеўшы перад сабою Пятруся: — Я хіба ня сьню?

Яны кінуліся ў обдым і зацяжна пацалаваліся.

— Разьдзявайся, вось… Мо’ хочаш чаго перакусіць?.. Не чакаў, ведаеш, ну, забі, не чакаў… Яшчэ нядаўна, вось, бачыў Рыму і пытаў… А пэўнага — нічога… Ну, як-жа, як, кажы?!..

Рыгор пасобіў Пятрусю зьняць паліто і неадгінна заглядаў яму ў вочы. Пятрусь паціраў ад марозу рукі і спакойліва, суцешна ўхмыляўся. Яго схудалы твар выразна выпукляў падаўжэлы, здавалася, нос, і праводзіў роўныя лініі ўсьцяж вытырклых скронь. Вочы ўдаліся глыбей у орбіты і ўпарта змагаліся з навяваючай хвалькай ухмылкі. Знаёмы гарнітур здаваўся завялікім і прасторна вісеў на Пятрусёвых плячох.

— Як бачыш… Некалькі месяцаў — у воду…

— Дык раскажы, усё-ткі…

— Рыгор пазваў гаспадыню і папрасіў гарбаты.

— Госьць, Сарафіна Хлёраўна, неспадзяваны госьць… Калі ласка, ужо…

— А я ведаю, ведаю, — суха адказала гаспадыня.

Пятрусь ня сьцярпеў, каб не азнаёміць Рыгора з яе нядаўнімі паводзінамі вакол яго, і праказаў:

— Напалохалася, бедная…

— Кручаная, а ня бедная… Кажы лепей пра сябе…

— Мая прысутнасьць у цябе ўсё кажа…

— Мала, браток, мала… Я хачу ведаць дасканала, на якіх-жа правох… Рыма штосьці казала, нібы-та мерыліся цябе выслаць…

— Праўда, — цішком адказаў Пятрусь.

— Такі?

— Іначай нельга. Цяперака трыццаць тры пункты — шаблёнае рашэньне… Чым-жа я лепшы?

Рыгор задумаўся.

— Дык ізноў на расстаньне?

— Нічога не парадзіш.

— І далёка намерыўся ехаць?

Пятрусь некалькі памаўчаў, пасьля шэптам паведаміў:

— Застаюся ў Шувалаве. Днямі мецьму новы пашпарт і перад табою — другі чалавек…

— Та-ак?..

Рыгор зрабіў зьдзіўленую міну, пакасіўшы галаву.

— Гарбата! Можна? — перабіла з-за дзьвярэй гаспадыня.

— Прашу вас… Налівай, Пятрусь… Можа-б вы, Сарафіна Хлёраўна, пазычылі мне некалькі закускі… Выбачайце ўжо, але дайшло да таго, ведаеце…

Праз хвілін пяць гаспадыня прынесла да Рыгора дзьве талеркі з рознаю ежаю.

— Што маю, не захайце, — праказала яна.

Рыгор упрашваў Пятруся закусіць, а сам няўпэўнена азіраў яго з галавы да ног. На Пятрусю адбіваліся ўтома доўгага адзіночнага вязьненьня. Яму неахвотна давалася гутарка, і на несканчоныя запытаньні Рыгора ён адказаў двуслоўнымі сказамі ці кіўком галавы.

— Ну, ты бачыўся з Рымаю? — пытаў Рыгор.

— Калі-ж было!

— Дык ты наперад усяго да мяне?

— Я ўчора вызваліўся і пасьпеў ужо пераначаваць на волі…

— І яшчэ не агледзеўся акурат?

— Цяжка апамятацца.

Рыгор перамяніў гутарку, каб урознастайніць Пятрусёў настрой.

— А ў мяне, браток, колькі ўсякіх навін!

— Маеш навіны? — з адбіткам нявыразнай цікавасьці запытаў Пятрусь…

— Да цябе мала даходзіла, вядома, раскалыханая хваля нашай сучаснасьці. А яна, ведаеш, неміласэрдна страсае сьветам і топча людзкое жыцьцё, як апаўшыя лісты…

— Гэта жыцьцё яшчэ ня вызвалілася ад жывёльных інстынктаў…

— Гэта зьверху, бач; з птушынага, як кажуць лёту… А зазірні ты ў гушчу — чырвоны сьмех, ды далёка не па андрэеўскі… І колькі яшчэ патрэбна сілы і волі, каб зьнішчыць усё гэта!..

— На нас ляжыць адпаведнае заданьне… Разьбярыся адно: сьцяна, а за ёю бесканечная плошча заросьніку. Карчуй і карчуй, палі ды палі.

— Я веру, што рабочая кляса сумее прэабразіць сьвет… У яе досыць дадзеных на тое, каб зьняць з жыцьця заношаную апранаху і адзець яго ў бліскучае, сьветлае адзеньне… Праўда? Па- твойму?

— Мы-б ня жылі, каб ня верылі ў гэта і не памагалі змагацца…

Пятрусь сказаў і азірнуўся навакола пакою. Разьюшаная нэрвовасьць прабегла яго істотай.

— Вартавы ня сочыць у шкелка, — пахлопаў яго па плячы Рыгор.

— Але ён не дае пакуль мне ні спаць, ні сядзець спакойна… Цішыня, што зараз пануе ў кватэры, дапамінае мне…

— Кінь… Я табе скажу адну навіну…

— Навіну?

— Гэля ў Пецярбурзе, ці чуў?

Пятрусь выцягнуў голаву і паглядзеў на таварыша.

— Не сьмяешся?

— У тым-жа і справа, што тут не да сьмеху…

— Нават?

— Нават… Мінулай ноччу бачыўся з ёю…

— Ноччу?

— Вось іменна, што ноччу…

Рыгор зьняверна матнуў рукою.

— Можаш ужо дагадвацца, у чым справа… Прапала Гэля… Ад першата разу, калі яна зьнянацку наведала мяне, я супроць вачавідкасьці ня мог згадзіцца, што з ёю бяда. А ўчора… учарашняе разьбіла ў шпэлах усе мае ілюзіі… Прапала, бедная, амінь…

Пятрусь ня ўседзеў, а пачаў тупаць па пакоі. Відаць было, што Рыгорава паведамленьне кранула яго нутро.

— Трэба бараніць, Рыгор! Ды ці можна?

— У гэтым наша важнейшая павіннасьць. Я ўжо сур’ёзна заняўся думкаю, каб яе дзе-кольвечы ўладзіць на працу… Жанчына яшчэ можа выратавацца, пакуль бросьня цалкам не зассала… Сама, ведаеш, просіцца… І з такім замілаваньнем успамінае цябе, што нельга не паспагадаць ёй. Першы раз знарок прыйшла да мяне, каб пагутарыць пра цябе… І ўчора…

— Так…

Пятрусь парываўся нешта сказаць, але спыніўся на адным слове. Крутым узмахам рукі ён даў зразумець Рыгору, што на гэтым пара скончыць пра Гэлю. Рыгор пасьпяшыў разагнаць яго трывожлівае пачуцьцё запытаньнем:

— Жыць у Шувалаве, а працаваць думаеш дзе?

— Знайду, Рыгор. На Воздухаплавацельным папрабую ўладзіцца…

— Было-б добра, ведаеш…

Хлопцы яшчэ час аставаліся ў Рыгоравым пакоі, зацята абгаворваючы апошнія здарэньні з рэволюцыйнага і рабочага руху і падзеях па заводах.


V

РЫГОР з вясёлым настроем ішоў на працу.

Уплыў ад спатканьня з Гэляю, доўгія раздумы пра яе лёс — усё знаходзіла ў сабе апраўданьне ў яго яскравых надзеях.

Ён адчуваў у сабе сьвежыя сілы, асаблівую моц. Вось няхай толькі прырвецца да станку — фонтанам палятуць жалезныя стружкі. Станок зайграе стальную сымфонію. Праца апраўдае ўсё.

Яго цягнула ў завод болей, як калі дагэтуль. Сёньня ён павінен сустрэцца з шэрагам знаёмых і абмяняцца з імі навінамі. Ён раскажа пра вызваленьне Пятруся, а сам дазнаецца пра іншыя навіны. Чаго добрага, магчыма пачуе што-кольвечы і пра месца для Гэлі. Новы год — новае жыцьцё. Паглыбленае і пашыранае. Сьмялей-жа на яго хвалі!..

Але што там?

Каля заводу, перад варотамі, зьбіраліся рабочыя. Грамадка іх то ўзрастала, то раставала. Нешта ёсьць?

Рыгор пасьпяшыў. Ясна. Адміністрацыя ня дрэме — на варотах абвестка. Папярэджаньне? Так. Надыход дзевятага студзеня.

«Па горадзе ходзяць упартыя чуткі, што на дзевятае студзеня гатовяцца выступленьні. Праступныя асобы шнайдараць па прадпрыемствах Пецярбургу і ўносяць смутак у голавы трэзвага і патрыотычна настроеных рабочых… Папераджаецца, што ўсе, хто будзе заўважаны ў праступнай агітацыі…».

На Рыгоравым плячы лягла чыясьці рука; ён аглянуўся.

— Бачыш, во? Здароў!

То быў Анікей.

Яны аддзяліліся ад грамадкі і прайшлі ў завод.

— Гатовяцца.

— Былі дурныя, каб сядзелі склаўшы рукі.

На заводзе жыва абгаварвалася абвестка.

Дзевятае студзеня набывала ўсё большай выразнасьці і глыбейшага значэньня. Яксьці вяла пачыналася праца і асьцярожліва вярцеліся станкі.

Рыгор пачуў, што ў ім згінула нядаўняя хэньць завіхнуцца пры рабоце. На каго — навошта? Якая карысьць, калі з-пад яго рук выйдзе пара лішніх каробак для знарадаў?

Ён пахвільна перакідаўся словамі і сказамі з Анікеем.

Да абеду яны пасьпелі расказаць адзін другому пра ўсё чутое імі за мінулы дзень.

У абед на заводзе атрымалася неспадзяванае здарэньне. У майстэрнях і на дзядзінцы зьявіліся проклямацыі. З прагнай цікавасьцю накінуліся на іх рабочыя, і гурткамі, па некалькі чалавек, узасос перачытвалі даўгія палоскі тэксту. Адміністрацыя нашарохана насілася па майстэрнях заводу, выяжджала ў горад і варочалася назад. Падазроней глядзеў вартавы на выходзіўшых рабочых і пільна сачыў за вяртаўшымі на завод.

Рыгор задаволена азіраўся па бакох, выяўляючы настрой рабочых. У надышоўшай настарожанасьці ён углядаў нараджэньне доўгажаданых падзей. Новы год — суліў новае. Пра яго гудзелі станкі, сьпявалі шасьцярні. Яно чулася ў агульным пэнце заводзкае працы.

Яно, гэта новае, перабягала па твары соцень людзей, напаўняўшых харчэўню. Яно прабівалася ў рэзвым сьмеху і ва ўзьнятай гутарцы за сталамі.

Анікей?

Нельга было ня дзівіцца спрыту і ёмкасьці гэтага таварыша.

Толькі-б, чаго-нядобрага, яго ніхто не западозрыў.

Рыгоравы вочы ня спускалі ўзрокаў з куткавога стала. Спакойная міна Анікея казала за бясьпеку. Рыгор пераканаецца, калі стане пасьля абеду поруч з Анікеем за станкі…

А зараз…

Пакінуўшы харчэўню, Рыгор сустрэў на вуліцы патруль гарадавых. Яны тапталіся каля варотаў заводу, праводзячы кожнага, хто ў іх ваходзіў. Шнурок рабочых паважна цягнуўся між іх шулаватых фігур, як нібы-та той. Рыгор прайшоў з другімі. Прайшоў, ганорней і гардзялівей іншых, і пачуў нявыразны сказ па сваім адрасе. Але не азірнуўся, бо праз трох чалавек ішоў і Анікей. Успомнілася здарэньне ў піўнушцы на Выбарскай шашы — жыцьцё багата на розныя фокусы і сьмікалкі!

«Цені забітых трывожаць тыранаў!»

Зыкі станкоў заглушалі перамову Рыгора з Анікеем да канца дня.

На разьвітаньні Рыгор моцна паціснуў Анікееву руку і з ранішнім настроем пайшоў на кватэру.

Хрусткі сьнег сьпяваў у яго пад нагамі.

Дзевятае студзеня?

— Дзевятае студзеня.

Празрыстая палоска бадзёрых адчуваньняў цягнулася перад ім усьцяж сямі наступных дзён.

«Цені забітых трывожаць тыранаў!»

— Чакайце, на хвілінку.

Рыгора наганяла Рыма. Ён пазнаў яе на адгоне каля двух сажняў і ўхмыльнуўся:

— Ізноў мы з вамі стрэліся на тым-жа месцы.

— Можа прымха?

— Я вас заўважыла і думаю, што вы мяне таксама… усё-ж, аднак, прайшлі — і не ўшманкі.

— Убачайце, я вас не заўважыў, даю слова.

— А я вам магу паклон перадаць…

— Можа?

— Ну, як вам здаецца?

— Гублюся, ведаеце, у дагадках…

— Я выпадкова зусім стрэлася з аднэй вашай знаёмаю. Яна сястрою зараз.

— Ганна? — нечакана для сябе самога праказаў Рыгор.

— Брунэтка такая, стройная і сымпатычная…

— Вы ня кламіце?

— З якогасьці мястэчка, казала. Разгаварыліся і яна мне давай апісваць вас… Я, прызнацца, дала ёй ваш адрас.

Гэта канчаткова зьбіла Рыгора ў яго дагадках, і ён абмежаваўся тым, што падзякаваў Рыму.

— Але гэта між іншымі — прамовіла яна, рушыўшы з месца: — я, уласна кажучы, хацела запытаць вас, ці ня чулі вы пра Пятруся?

Няведаньне Рымы яго зьдзівіла.

— Хіба-ж вы ня чулі? — запытаў ён.

— Ведаеце, нічагуткі. Наведаць ўсё не зьбяруся, а ад яго жаднае чуткі.

— Тады я вас абрадую — Пятрусь учора заходзіў да мяне; яго выпусьцілі і… высылаюць…

Рыма, як ішла, так раптам спынілася.

— І ня даў мне знаць!

У яе словах пачуўся жорсткі папрок Пятрусю.

— Ён, напэўна, не пасьпеў яшчэ гэтага зрабіць, Рыма. Дрэннага ня думайце-э…

Рыма моўчкі ішла побач Рыгора, правяраючы ісьціну яго завярэньняў. Рыгор шкадаваў яе перабіваць.

Абое ня прыкмецілі, як іх нагналі чыесьці скрыпучыя крокі.

— Выбачайце! — нечакана даняслося да іх.

Яны збочылі з тротуару. Абмінуўшы іх, паглядзеў назад. — Рыгору ёкнула ў нутру — знаёмы? — мігнула няўвераная думка. І ён цішком пазваў.

— Пятрусь?

— Хто гэта?

— Я, Рыгор. Ты куды?

— Я…

Пятрусь зрабіў некалькі крокаў.

— Думаю да Рымы…

— Ха-ха-ха! — засьмяялася тая, ня могучы ўтрымацца ад нечаканасьці:

— Здароў!

— Рыма?

За маўчанкай, якая надышла пасьля гэтага, Рыгор разьвітаўся і з Пятрусём і з Рымаю і ўскоранай хадою пайшоў да сябе.

Рыма з Пятрусём павярнулі назад.

У пакоі Рыгора чакала сьвежая, толькі што прынесеная газэта. Ён, не разьдзяваючыся, хапіўся за яе і прачытаў важнейшыя навіны дня.

На фронтах адзначалася ўмоўнае спакойства. Побач выдаваліся фальшывыя, падробленыя весткі пра магчымае нямецкае адступленьне з Польшчы.

«Германія напярэдадні банкрунтва».

Усё гэта, знаёмае і перажованае, не супыніла на сабе Рыгоравай увагі.

Вайсковыя падзеі патанулі ў жаху другіх навін. Гэтыя навіны адбыліся ў Італіі. Там разьюшылася стыхія. Магутныя зямляўздрыгі разбурылі шэраг гарадоў і сёл. Дзесяткі тысяч людзей, як няпрытомныя, разьбегліся ў сьвет. Бяздомныя, напалоханыя, пакалечаныя. Сіраты і няшчасныя. Між соцень і тысяч мёртвых целаў, пры выцьці сабак і карканьні варон. У асяродку жаху і зьнішчэньня… Дваццаць тысяч забітых… Вайна і стыхія… Стыхія — вайна…

Рыгор злосна швырнуў на падлогу скамечаную газэту. Распраўнуўся і сеў пры акне.

У яго галаве мітусілася плойма рознастайных думак.

На вачох, адзін за другім, запальваліся ліхтары. Цёмны змрок разьбягаўся ў бакі.

Новы год — новае жыцьцё?

Адказ рабіўся сьлізкім і неўлавімым.


VI

ГРАМАДКА КОНЬНІКАЎ прамчалася наперад і зьнікла за рагавым домам.

Патрулі?

Рыгорава хада стала спарнейшай. Ці то здаецца яму, ці, сапраўды, на Выбарскай шашы многалюдней звычайнага. Няўжо такі ў гэтым заложаны ўплыў дзевятага студзеня? Ды ня відаць паравіка! Было-б цікава, каб ды ён у гэты дзень не хадзіў!

Хутчэй на Выбарскую шашу!

Не, нічога асаблівага.

Вось прамчаўся паравік бітком набіты людзьмі. Найбольш рабочых з ваколіц. Куды-ж, як не на завод, яны сьпяшаюць?

Абапал, тротуарамі — таксама.

То было ўражаньне, няйначай.

Ён паглядзеў направа і налева — не распазнаць.

З ператочнай вуліцы раптам выскачыў конны разьезд — новы, другі, ці той самы? Казакі накіравалі да заводу і, пад’ехаўшы, сталі. Мэрам-бы грамада расьце і павялічваецца. Ня пускаюць у завод? Што там трапілася?

Пакуль Рыгор дайшоў да заводу — людзі расьсеяліся. Ён звычайна прайшоў у дзьверцы брамы і ачнуўся на заводзкім дзядзінцы.

Дзевятае студзеня, ці будні дзень?

Сьледам за гудком заварушылася трансмісія і завярцеліся станкі. Шолам, стук, бразгі напоўнілі майстэрні і цэхі, вялікія карпусы заводу.

Побач — Анікей.

— Як-жа ў другіх?

Навін жадных.

І вострае джала разца гоніць спружыністыя стужкі блішчастае сталі. Ад сьцяны да сьцяны — шэрагі прыгнутых сьпін.

— Модлы над забітымі ваякамі?

— Праца на карысьць катаў?

Вось яны.

Перад Рыгорам мігнула фігура палкоўніка. З гары паглядзеў і прайшоў далей. У вачох — пардлівая ўпэўненасьць.

За варотамі — патрулі?

Ды ці ўловяць яны раскалыханыя хвалі пачуцьцяў рабочых да помсты? Ці пяроймуць іх захапленьне да протэсту? Ня чутна і незаўважна пераліваецца яно ў стальным шоламе станкоў па душных майстэрнях. Між стосаў абструганае сталі і скрынак з абітым начыньнем.

— А мы працавацьмем?

— Не сьпяшайся…

Анікей кінуў узрокам усьцяж роўнага шэрагу бліскучых станкоў.

У пераплёце соцень прыводаў хісталіся рабочыя. Крыжаваліся ў ваччу сьпіны з рукамі, галовы з кавалкамі сталі. Проста, як па шнурку, ішоў палкоўнік — контроль — кірункам да конторкі майстра.

— Таварышы, хопіць на сёньне!

Рыгор аддзяліўся ад станка і махнуў рукамі направа і налева.

Раптам вырас лес галоў. Дзесяткі ўзрокаў накіраваліся ў Рыгораў бок. У момант — запруджаны праход кішэў людзьмі. «Канчаць работу!» «Далучыцца да другіх!» «Адзначым дзевятае студзеня!»

Даўгіх пераконваючых прамоў не патрабавалася. Усе, хто адлучыўся ад станка на Рыгораў мах рукі — ясна разумелі яго значэньне. Яны натужна яго чакалі.

А цяпер?

Палкоўнік не апамятаваўся, калі насустрач яму пацяклі стройныя шэрагі забаставаўшых. Тупат увераных крокаў даваў ілюзію вярчэньня станкоў.

Але песьні?

Яны палохалі палкоўніка і гналі бягом па дарозе ў дырэктарскую. У яго вачах вагромністы завод рушыў з месца, паўстаў на ногі і загудзеў нячуваным гоманам бунту.

Трым-ма-ай!

Жалезная брама перад напорам людзей беззагадна расчынілася на абедзьве форткі. Прасторная вуліца радасна ўбірала ў сябе сьмелую грамадку забастоўшчыкаў.

Спыняліся пешаходы і злазілі з паравіка праежджыя. Вачавідкі натоўп большыўся. Хутка ён загарадзіў дарогу для вулічнага руху.

Студэнты, што стаялі пры браме з скарбонкамі, зьбіраючы на бялізну салдатам — зьніклі. Забастоўшчыкі нясьлі не падмогу вайне імпэрыялістычнай, а вестку, першую спробу вайны грамадзянскай.

Разам з студэнтамі — схавалася пара гарадавікоў, што глядзела за парадкам на вуліпы і ў заводзе. Няўжо на іх адных выпала гэта адказная роля? Не павінна быць — дзесьці блукаюць патрулі.

Дэмонстранты грамадкаю павярнулі ў бок гораду.

Колькі ім удасца прайсьці?

Яшчэ ніводзін з іх ня сумеў адказаць на гэта, як ужо дэмонстрацыю нагнаў узмоцнены патруль. Дзесьці ў патайных мясцох чуліся поліцэйскія сыгналы. Дэмонстранты разышліся на дробныя купкі і зьмяшаліся з пешаходамі. Тут яны ўбачылі сваю маласьць і адзіноцтва.

Іх не падтрымалі ні суседнія заводы, ні нават іншыя цэхі свайго заводу. Чаму так?

Рыгор нэрваваў і злаваўся. Але не шкадаваў няўдачы. Невялікі лік мала адбіваўся на вагромнай значнасьці самога факту забастоўкі. Яе эфэкт дасягаў патрэбнае мэты…

Калі-б яшчэ адбылося падобнае і ў іншых раёнах гораду, тады…

Яму захацелася наведаць Маскоўскую заставу.

Няўжо яны адны?

Праз паўгадзіны Рыгор ужо ехаў напрамкам да Неўскага. Ехаў і наглядаў у акно вагона за вулічным рухам. Прыслухоўваўся да гутарак пасажыраў — ціха; ніякіх водгукаў на дзевятае студзеня. Было ясна — чуткі пра іх дэманстрацыю не данясьліся ў буржуазны асяродак сталіцы.

Рыгор купіў сьвежую, толькі што вышаўшую вячорку. Абеглым узрокам прабег па яшчэ незасохшых радкох чатырох страніц зьместу — пуста. Напэўна газэта не пасьпела надрукаваць і пакінула назаўтра. А можа?..

Карцела хутчэй, яшчэ засьветла дабрацца ў намечанае месца. Бадай што яны адны адгукнуліся на дзевятае студзеня, і зразумела…

Рыгораву думку перабіла раптоўная спынка трамваю.

— У чым справа?

— Папсаваліся правады і перарваўся ток.

Разам з публікаю Рыгор пакінуў вагон і ачуўся ў нерашучасьці, як быць — дабірацца да Маскоўскае заставы, ці перавырашыць гэта пытаньне. Ён схіляўся да апошняга, хоць яму не хацелася адмяняць свой ранейшы намер.

З нявыразнаю думкаю ён пайшоў у бок Неўскага, азіраючыся на трамвай.

Ужо ён быў ад проспэкту на адгоне ня болей пяці сажняў, калі насустрач яму паказалася грамадка раненых ў справоджаньні двух сясьцёр. Рыгору раптам успомнілася гутарка з Рымаю пра яго знаёмую сястру.

«А можа стацца, што?..»

Ён пасьмяяўся о гэтых сваіх думак і адвярнуўся да акна кніжнае вітрыны.

Пярэстыя вокладкі новых кніжак замігалі ў яго ваччу. Заварушылася нейкая асабліва вострая прагнасьць мець іх у сябе і запойна, засаб перачытаць да аднае. Вечар у вечар, адкінуўшы шэраг іншых заняткаў, сесьці ад шостае гадзіны дня і…

Лёгкі штуршок прымусіў яго азірнуцца направа. На Рыгора з пракольваючай пільнасьцю ўзіралася адна з сясьцёр, што праводзілі раненых. Пазадзе яе стаяла двое калек-салдат — адзін на двух мыльніцах, другі — на драўлянай назе. Абое глядзелі ў шырокую сьветлую шыбу кніжнае вітрыны.

— Вы хочаце ў мяне чаго-кольвечы запытаць? — праказаў Рыгор да сястры.

Тая адвяла ад яго вочы і зрабіла намер ісьці, але раптам адказала:

— Мне здаецца, што я вас дзесьці бачыла.

— Магчыма, толькі…

У момант незнаёмая сястра выявіла ў Рыгоравым ваччу многа знаёмых рысак, дапомніўшы яму маладую смагінскую карчмарку.

— Ці ня былі вы толькі ў Смагіне?

— Ліба?

Яны прывіталіся, ня веруючы адно другому.

— Але вы знаеце, што мне надовечы пра вас казалі, пахваліўся Рыгор.

— Правізарша? Ну, вы-ж успаміналі мяне, скажэце, хоць раз?

— Я вельмі быў узрадаваны, калі пачуў пра вас і калі атрымаў ваш уклон… Ці мо яго мне ўплялі ў комплімэнт і я дарэмна тут…

— Ужо нават заўтрашнім днём я варвалася-б у ваш пакой… Вось гэта ваш адрас…

Яна паказала на радыкюль.

— Мне казалі, але, паверыце, я ніяк ня мог здагадацца, што вы — сястра. Я губіўся ў дагадках і каб мне падказалі, што вы ачуліся ёю…

— Чаму, дрэнная справа?

— Ня тое, зусім, Ліба. Ну, я…

— Вы ня ўлічваеце, Рыгор, аднаго… Маё-ж званьне мне дае правы тупаць вось па гэтым тротуары… Гэта — ад Смагіна… Смагіна!? Ды дзе ўжо ён, той Смагін… О, Рыгор! Я вам хачу пераказаць цэлую эпопею, крывавую эпопею нашага мястэчка.

— Сястрыца! — пазваў яе ранены на мыльніцах: — пойдам паціхай, холадна.

Ліба адвярнулася ад Рыгора і штосьці праказала раненаму.

— Мне вельмі хочацца пагутарыць з вамі, ну, бачыце, зусім няма часу. Даруйце ўжо, калі-кольвечы…

— А вы-ж зьбіраліся заўтра, як быццам бы… — запытаў Рыгор.

— Думала, толькі кожную хвіліну мне могуць паперашкодзіць.

— Ліба Шлёмаўна! — гукнула Лібу яе таварышка.

— Зараз, Тацьцяна Іванаўна, у хвілінку…

Яна яшчэ раз працягнула руку Рыгору і з гасьціннаю ўхмылкаю на пасталеўшым сур’ёзным твары, пад белаю касынкаю, адступіла назад на пару крокаў.

— Вас нельга пазнаць…

— Няўжо толькі праўда таму?

— Даю слова… І чакаю, Ліба?

— Абавязкова наведаю… Бывайце-э!..

Рыгор паглядзеў ёй усьлед і загадліва пацяў плячыма.

Калі-ж пешаходы засланілі ад яго і Лібу і раненых, ён крута рушыў з месца і пайшоў на празрысты ліхтар, умацованы на сутыку трох проспэктаў.


VII

ПЕРАД ВЫСОКіМ шасьціпавярховым каменным гмахам па Захар’еўскай вуліцы грамадзілася многа якіхсьці людзей, адзетых у жоўтыя і белыя кажухі, у шэрыя халаты і падхалаткі. У многіх з іх віселі за плячыма зрэбныя, памурзаныя клумкі. За малым выключэньнем — яны былі абуты ў ліпавыя ці лазовыя лапці, у да кален абкручаных аборкамі анучах. Адны з іх выходзілі ў дзьверы дому, лаючыся на некага і нешта, другія, відаць, ужо пабывалі ў ім і спакойліва абгаварвалі вынікі наведваньня.

У многіх, слабей адзетых, сінелі худыя твары і на вытаркшых насах віселі каплі. Другія падскакалі на месцы, грэючы ногі, часта прамочаныя навылет; іншыя старэнна паціралі рукі. Ніводзін не рашаўся пакінуць намерзлых тротуараў і аддзяліцца ад грамадкі. У грамадцы ішла мерная, з адбіткам хваляваньня, але з выразнаю доляю жальбы і безнадзейнасьці, ажыўленая гутарка. Большасьць прагна ўталопна глядзела між двух слупкоў пад стрэшкаю ў вузкія зялёныя дзьверы, раз-по-разу стукаўшыя праваю форткаю. На выходзіўшых з дзьвярэй накідаліся чалавек па-двое — па-чэцьвера і доўга нечага распытвалі.

Пешаходы і рамізьнікі з пасажырамі ўважліва супынялі на гэтай жоўта-шэрай пляме з людзей свае цікавыя ўзрокі; некаторыя прыпыняліся воддаль, каб хоць паглядзець на іх, ці паслухаць іх незнаёмае гутаркі. Ад іх нясло потам і пахам чорнага хлеба. У памятых і закаравелых кажухох ды халатох, у парваных лапцях выглядала жорсткая доля.

Рыгор спыніўся каля грамадкі якраз у той момант, калі з дзьвярэй дому выйшла двое маладых мужчын у аблезлых манджурках, з дубовымі дручкамі ў руках, прагукаўшых грамадцы:

— Для трыццаці памяшканьне вызначана. Пойдам, дзядзькі.

Адным замахам рушыла з месца да паловы грамадкі. Яна накіравалася ў бок Басэйнае. Рэшта падалася бліжэй да сьцяны дому і моўчкі цягнула чакаць.

Ні з водных вуснаў ня чулася скаргі на пайшоўшых. Ніхто, таксама, ня выказваў выяўнага нецярпу на доўгае стаяньне. Відаць было, што пачуцьцё пакоры і замірэньня з сапраўднасьцю загартавала іх цярпеньне і спакой.

Рыгор толькі ўгледзеў грамаду з-за рогу вуглавога дому, як зразу дагадаўся, у чым справа. Жоўтыя кажухі і паўшубкі гэрбавалі сабою беларускія прасторы, ціхія паніклыя вёскі.

Яшчэ зусім нядаўна па раскіданых ва ўсе бакі шляхох і гасьцінцах тупалі гэтыя людзі за дробнымі худымі канякамі. З сёл у мястэчкі, з мястэчак у горад перавозілі яны рэшткі плёнаў свае працы, кароўку ці сьвінку. Адпраўляліся ў лясы на сечку дроў, да паноў у двары і фальбаркі на падзённую працу. Нядзелямі ды сьвятамі кішэлі імі рынкі. Саматкань, зрэб’я, гаршкі і бандарныя рэчы, лыка і тальку мянялі яны на медзякі для падаткаў ды акцызу.

У нізкіх курных хатах, з земляною падлогаю, у пярэмеж з курамі і гавядай караталі яны сваё жыцьцё.

Сумнае сьвятло лучніка ці сьветаша сымболізавала іх дабрабыт, іх культурны і экономічны стан. Вузкія шнуркі зямлі, патаптаныя шырокімі, трэсканымі нагамі, дагледжаныя ад каменьняў і дзярыны, не давалі ім умерці з голаду. Пра іх быў клопат у вурадніка і ў папа, толькі клопат асабовы, драпежны і дзікі.

А гэта, во…

— Вы з якое прычыны сабраліся тут, дзядзькі? — запытаў Рыгор у двух пажылых сялян.

— Сынок мой, няўжо табе невядома?

Сівабароды, са ўпалымі шчакамі, з тоўстым, бульбінаю, носам, затрос рэдкаю бародкаю. Даўгая арэшына, на якую ён апіраўся, каўзанула наперад.

— Гэта наша не астатняе прыстанішча, — дадаў другі дзядзька, абросшы жоўтымі валасамі ад вушэй да барады.

— Мы зранку тут, — казаў першы: — Гэта бежанскі комітэт і мы прыйшлі за дапамогай. Няма дзе, сыне, прытуліцца, куска хлеба няма, і мы вось…

— Але, але, — пераймаў другі: — дзесяткамі гадоў мелі зямлю і хаты, мелі хоць на чым прылажыць сваю працу, а гэта… Выгналі… Хмараю насунулася войска… Патапталі нашы палі і поплавы, паадбіралі статак і хлеб і прагналі ў белы сьвет.

— Ідзеце!..

Да іх падышло яшчэ некалькі чалавек. З напружанымі ўзрокамі настарожана глядзелі яны ў Рыгораў спагадлівы твар і прагна чакалі яго рады. Ім так мала трэ’ было ў гэты час! Хоць некалькі суцешных сказаў, каліва ўвагі, адну-другую сяброўскую параду… Напэўна Рыгору зразумелы іх мукі, іх доўгае пакутнае вандраваньне…

— Ідзеце, а куды і як? — казаў першы: — у сьвет! Лёгка сказаць! Кідай гняздо і ляці на галодную сьмерць… Ды нічога не парадзіш… у іх штыхі і кулі, нагайкі і дзікія суворыя твары. У іх жорсткія сэрцы і бязьлітаснае пачуцьцё… А ў нас?

— У нас дурная, нікудышная пакора. У нас зайцава палахлівасьць, завошта цяпер адкупаемся мукамі, — рашуча выказаў трэці і з агідаю сплюнуў.

Першы хапіў яго за руку і праказаў:

— Маўчы, Сьцяпан, не кажы на вецер… А чаму-ж ты пайшоў? Паказаў-бы сваю сьмеласьць і паспрабаваў-бы астацца… Пераканаўся-б тады… Гаворыць — ліха ведае што. Нябось — пайшоў і зараз там сама, дзе і другія. Чаго-б лепшага, а глядзі, нябожа, дарога, напэўна, яшчэ ўся ня пройдзена.

— Кінь, Андрэй, злавацца. Каго ты ўшчуеш, га? — пераняў яго другі: — Думаеш, чалавек не разумее нас і бяз гэтага?

— Разумею, дзядзькі, усё разумею… — спагадліва падаў Рыгор і заўважыў, як некалькі лахматых галоў яшчэ шчыльней нахіліліся да яго.

— Чаму-ж ия ведаць? Хто зараз ня ведае гэтага страшнага пекла? Наша гора сьвет заліло, браткі мае. Яно ня можа не пачуцца навокал-вакола. Гора, гора, добры чалавек — вякамі ня вычарпаць яго, патомкам не забыцца… Во, глядзі на нас — старцы — ня старцы, валацугі, брадзягі… А завошта? Запытай нас — завошта-а? Перад кім і што мы саграшылі, чалавеча добры?.. Ніхто ня кажа. Багацеі ўздумалі — і доля наша вырашана.

— Ідзі-ы…

— Пакора, дзядзька, дазволіла на гэта…

— Ты ізноў, — азірнуўся Андрэй: — не правучыла цябе нівошта…

— І каб ты бачыў, як мы ішлі, каб ты бачыў, сыне, ты-б ня вытрымаў, гледзячы, — перабіў першы: — Ад Ваўкавыску — на прасьцяк, як вокам кінуць роўная дарога. Мэрам гэта, вось, вуліца. І ўся, ня згледзець, загружана людзьмі, падводамі, жывёлаю. Пыл, стогны, конскі рогат і сабачы брэх — адзін гвалт, вялікі, страшэнны крымінал. А ззаду — промін. Усё неба, сынок, з гэткага, во, проміну, як той ліхтар, так во і калыхаецца над нівамі, над дубравамі. Камякі чорнае сажы — вагромністымі каршукамі па зялёнай руце лісту, па сіняй валошцы, па белым цюцюпане — лажыцца і сажыць, лажыцца і мярцьвіць. І сэрцы разам мруць, сьціскаюцца тоўстымі халоднымі рэхвамі, — сынку, падумай — то-ж у дыме тым нашы хаты і гумны, наседжаныя гадамі мясьцінкі. Наша праца, наша ўсё, што мы мелі, што нажылі, чым хваліліся і на што апіраліся. А нівы гайдаюцца, братка мой, густым ядраным коласам, залатою пруткаю саломаю — якія-б выходзілі кулькі, як-бы хораша выглядалі новыя стрэхі! — гэта жыта дратавалі коні, ня тыя, што ўспахалі яго, а тыя, з якіх на нас глядзелі сіберныя твары казакаў… І жыта, і ячмень, хлеб і аладка — усё, усё — пазадзе. Адвернешся, нябожа, і няма сілы адарваць ваччу, прыкоўвае болем і жудою, заве, вабіць назад. Назад — да ведамага, да ператупанага, да перамацанага, да… Ды назад нельга… — гоняць, націскаюць. Ідзі наперад, туды, дзе чакае невядомае. І мы ішлі, цягнуліся, валакліся… Галодныя, забруджаныя, абаўшывеўшыя… Дзень і другі. Ноч ды другую. Тыдні — насустрач яснага, але халоднага сонца… ішлі, знэрваваныя, з падбітымі нагамі, нямытыя, злосныя на людзей і на сябе, ачумелыя…

Па бакох яшчэ стаялі ціхія, неўзварушаныя вёскі… Пасьвіліся коні, вырасталі мэндлі і копы. Дзяўчата пяялі жніўныя песьні. На шырокіх межах, на сьценках і сьцежках стаялі гэткія, як мы, сяляне і глядзелі на нас і спачувалі нам. Нашы дзеці прасілі ў іх малака, яблычка, кавалачак сала. Ды ці-ж усім надаешся? Глянеш — а ўсьцяж даўжэрнае дарогі, як вокам кінуць, ідуць і едуць, становяцца і топчуцца на месцы. Бо што-ж ты думаеш — паўюраю ў дарозе. Узьнялі і пагналі. Ідзі-ы… Куды-ж і колькі-ы ісьці — няведама… Стаімо, вось, і думаем, што заўтра, пазаўтра — кідай горад і далей-далей-далей…

— А тыфус, Андрэй, а халера… Баішся сказаць? Ведаюць, не схаваеш. Паглядзеў-бы, браток — як на пакосе. Людзі — як мухі. Мэрам чыясьці рука махала востраю касою — на вачох клаліся людзі. Зрабіў два крокі — і сьмерць, два крокі — і сьмерць. Каня, карову — убок, а чалавека — рыеш магілу. Паложыш і галінку бярозы, ці елачку ваткнеш ды далей. Зрэдку саб’еш нятрывалы крыжык. А разам, паверыш, могілкі. На гоны, на вёрсты, доўгія, вялікія могілкі. Аднаго маладзіца, другога — дзіця, бацька і дзед, матуля і каханая. Кінуў — ня глянуўшы на твар у апошні раз — і пайшоў ці паехаў. Калі мы пройдам, братка, між тых могілак і крыжоў? Нас тут каля сотні, а выйшла — у пяцера болей. Што-ж, можа і добра, бо дзе-б мы начавалі? Дойдзе з нас палова і таго хопіць… Гэткія справы, нябожа…

Рыгор стаяў, як заварожаны, убіраючы ў сябе жаласьлівыя паведкі дзядзькоў.

Іх простыя шурпатыя сказы стукалі малаткамі па яго сэрцы, пілавалі нутро і камянілі істоту. Хацелася абняць гэтых мучальнікаў, пераліць у іх сваё гарачае кіпучае пачуцьцё спагады і ўверыць у сьветлае, бліскучае, надзейнае ды ўцешнае будучае.

— Дзядзькі, прыдзе час і ўся ваша крыўда і ўсе вашы мукі будуць адплачаны вольнаю доляю і жыцьцём шчасьлівым… Гэта валежыць і ад вас саміх.

Рыгор не дасказаў свае думкі — перасохла ў горле.

Раптоўны вокліч, вылецеўшы з дзьвярэй, разварушыў грамадку.

— За Неўскую заставу, мужчыны.

Яшчэ пяць хвілін і нястройныя, блытаныя шэрагі кажухоў і сьвітак аддзяліліся ад Рыгора, пакінуўшы яго адным. Ён паглядзеў ім усьлед, многазначна паківаў галавою і схаваўся ў дзьвярах будынку.

Стромныя, забруджаныя ўсходы глядзелі на яго шырокімі піраговымі сьлядамі лапцей. Пракуранае карашкамі і самасеем паветра, дапамінала пра цэладзеннае таптаньне па ўсходах яго землякоў — выгнанцаў.

На самым верхнім паверсе, пры няпрычыненых дзьвярах, стаяла пара бабулек, пільна рухаючы медзякі. Яны баязьліва паглядзелі на Рыгора і сышлі ўбок ад дзьвярэй.

Рыгор прайшоў у дзьверы.

Цемнаваты калідор сьмярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. За дзьвярыма ў пярэднім пакоі ішла гучная размова. Ён пастукаў і, не чакаючы адказу, увайшоў.

Пры шырокім заваленым папкамі і сьпісаным паперай стале стаяла двое мужчын; адзін з іх кароценькі ў шэрага колеру жукетцы, з памурзаным каўнерчыкам пад ёю, жывы, рухавы, з ласкава бегаючымі ўзрокамі, раптам павярнуўся да Рыгора:

— Вы па справах комітэту?

Другі мужчына, крыху вышэйшы ад першага, з падобнымі да першага жоўтымі вусамі, з лапінкаю францускае бародкі і сінім колерам вачэй, ну ўжо сутулы зьлёгку, дабрадушна ўхмыляўся.

— Напэўна за білетамі?

Першы спрытна разгортваў перад Рыгорам зялёную афішу з чорнымі надпісамі програмы.


СПЭКТАКЛЬ

У ЗАЛІ «ПОЛЛАК» — НЯДЗЕЛЯ…


— На карысьць бежанцаў.

— Для мяне цікава, на колькі ім комітэт пасабляе?

Другі мужчына незадаволена пакруціў галавою.

— Крошкі адны, крошкі… А гора, а бяды — акіян, акіян… Кідаемся ва ўсе бакі, хапаемся за ўсё, што можна… Вось ладзім спэктакль… Самі не пасобім сабе — хто-ж паклапатуе за нас? Вы два білеты возьмеце?

— Ты запрасі чалавека, Бронісь, няхай распаўсюдзіць білетаў з дваццаць, — парадзіў другі мужчына.

Кароценькі дастаў з кішэні білетную кніжку і падаў яе Рыгору.

— Ваша фамілія і адрас?

Рыгор сказаў.

Кароценькі запісаў на маленькім кавалачку паперы, які тут-жа схаваў у бакавую кішэню.

Рыгор даў згоду і ўжо адчыніў дзьверы, як яму ўспала думка пра Гэлю.

— Будзьце ласкавы, — абярнуўся ён да абодвух мужчын: — Ці ня ведама вам, часамі, наконт складу ўдзельнікаў спэктаклю? Сярод іх няма, выпадкова, аднэй дзяўчыны, Гэлі Пералаз — імем і фаміліяй?

— Ведаеце, рад-бы сказаць, ды суйздром запамятаваў. Даруйце.

— Даруйце вы мне.

«Ну, што я пра Гэлю пытаю. Наіўны!» — папракнуў Рыгор сябе і схаваўся за дзьвярыма.

Праз гадзіну ён быў дома.


VIII

КАЛЯ ДВУХ ТЫДНЯЎ ад часу наведваньня бежанскага комітэту і да дня спэктаклю Рыгор быў цалкам заняты думкамі пра бежанцаў. Перад ім неадлучна стаялі здані малюнкаў вялікага зьбегу людзей, разбурэньня знаёмых абшараў спустошанае краіны. Вулічны вырай людзей дапомніў яму тыя незьмярымыя шляхі ад Ваўкавыску, ад Бельску, ад Горадні — на ўсход, якімі выходзілі бежанцы з сваіх месц. Курава над фабрычнай Выбарскай стараною — асоцыявала пажары вёсак, нажытага дабра, мазольнае працы. Яго раздражнялі аднакава: і брэх сабакі, і ржаньне каня, і праезд коннага гарадавога ці казака. Чудзішча вайны набыло ў яго нутру яшчэ большае дзікасьці, драпежнасьці і абурэньня.

Ён хадзіў па вуліцах і бачыў у кожным дзесятым чалавеку выгнанца, бяспрытульніка, пакутніка. Халодныя, хмурыя муры гораду — ведаў Рыгор — ня проймуцца іх сьлязьмі і плачам.

А між тым новыя чаргі ўліваюцца ў халодную, бяздушную прорву сталіцы. Адыходы расійскага войска перад націскам немцаў гоняць сьвежыя тысячы няшчасных. Ні зіма, ні завеі, ні пошасьці не супыняюць разгону вайны. Вайна — і ворагу пустыя абшары. Вайна — і пляваць на ўсе скаргі, на ўсе законы да аховы чалавека, жывёлы, дабра.

Пляваць?

Дык чаму-ж дзень-у-дзень нясьціханна трубяць прадажныя газэты пра «нямецкія зьверствы?»

Атрутныя газы — праступак? Абстрэл Рэймскага сабору — зьверства? Зруйнаваньне Лувэну і Льежу — барбарства?

А зьдзекі і глум над тысячамі польскага, беларускага, яўрэйскага, літоўскага працоўнага насельніцтва — тактыка? Гвалтоўнае спусташэньне краю, адданьне соцень тысяч людзей у ахвяру бядзе, марозам, тыфусу і галоднай сьмерці — абарона? Цэпэліны над Лёндонам — драпежніцтва? А зруйнаваньне тысяч сёл, мястэчак і гарадкоў з радзімных гармат і кулямётаў — людзкасьць?

«Ад Смагіна не засталося памяткі».

А Сілцы?

А вялікая колькасьць тых вёсак і мястэчак, якія цешылі яго вочы ў пераезды з Рыгі ў Сілцы, з Рыгі ў Смагін, са Смагіну ў Пецярбург?

А тыя людзі, між якіх ён тоўкся на рынках і сходках?

А яго маці? А Сёмка з сям’ёю? А цэлая вуліца суседзяў, знаёмых людзей? Няўжо ён не сягоньня — так заўтра сустрэне іх на абледзянелых тротуарах Захараўскае вуліцы? У зношаных, выпертых і лапленых лахманох? Пахудзеўшымі, прыбітымі, бязмоцнымі і безнадзейнымі? А мо’ і зусім яны не дайшлі, ці мо’ ня дойдуць?

На шырокім выбітым гасьцінцу, пад бярозай ці ядловым кустом пяройме іх беспагадная пошасьць і прыкуе на векі да зямлі.

З нецярпеньнем чакаў Рыгор да сябе Пятруся, каб падзяліцца з ім балючым уражаньнем пра стан роднага кутка.

Як на-дзіва, Пятрусь дзесьці зьнік і не паказваўся да Рыгора.

І калі Пятрусь зьявіўся да яго дзён за два да спэктаклю, Рыгор, замест прывітаньня, праказаў:

— Як шкода, што ты позна мяне наведаў!

Пятрусь не зразумеў сказу і ўпарта паглядзеў на Рыгора.

— Так, так… Ты быў мне вельмі патрэбным у гэтыя дні, — дадаў Рыгор.

— У чым справа? — пацікавіўся Пятрусь.

Рыгор пачакаў, пакуль таварыш распранецца ды зойме месца і падрабязна расказаў свае ўражаньні ад спатканьня з бежанцамі. Абое, і Рыгор і Пятрусь, разьюшана тупалі па пакоі, захапіўшыся настойнымі думкамі. Перад імі абодвымі паўставалі выразныя малюнкі з трагедыі, якая адыгрывалася далёка ад іх.

Яны хвілін з дзесяць пастаялі моўчкі, губячыся ў бязмоцнасьці. Каб хоць крыху адыйсьці ад думак, Рыгор паведаміў:

— Бежанскі комітэт наладжвае спэктакль. Можа чуў?

— Не.

— Вось я ўзяў для распаўсюджаньня пару дзесяткаў білетаў; і, думаеш, так-такі і лёгка гэта зрабіць? Прапануеш білет — а на цябе з ухмылхаю пазіраюць і маўчаць. Што за бежанцы і каму да іх якое дзела… Так, прынамсі…

І ўчора я мусіў вярнуць каля дзесяці білетаў не праданымі. Ці чуў ты?

Пятрусь зьдзіўлена пацяў плячыма.

— А ад мяне купілі-б, думаеш?

— Усё-ж бы… Аднаму, другому знаёмаму і дзесятак…

— Гэта малая дапамога. Ды мне, ведаеш, нязручна ўсюды хадзіць, пакуль яшчэ ня ўладзіў са сваімі справамі.

— А хіба-ж яшчэ ня ўладзіў?

— Згадзіся, што не. На Воздухаплавацельным — цяжка ўстроіцца… І я ўжо намерыўся ехаць у Маскву…

— У Маскву?!

Рыгор вытарашчыў вочы.

— Так, браце, іначай ня выходзіць.

— Дык мне жадаеш аднаму аставацца?

— Як таго не шкада, а даводзіцца. Я з гэтае прычыны і зайшоў да цябе, Рыгор. Прапануюць месца ў Народным банку і мне думаецца, што гэта праца якраз для маіх разгойданых нэрваў… Там-жа ўладзіцца і з пашпартам. А з білетамі… Так, я мушу гэта — але што значыць праданых пара білетаў…

— Вось не чакаў я таго! Гм! Шкада, шкада, Пятрусь, мне расставацца з табою. Ды, прынамсі, на колькі — нічога пэўнага ня скажаш? А ў наш час — кожны дзень за год, і хто ведае… Зразумела, што продажам білетаў мала дапаможаш.

Далей яны пакінулі гутарку пра спэктакль і заняліся абгаворам Пятрусёвых спраў.

— Так, хто ведае… Думалася яно так, а выходзіць… — шкадаваў Пятрусь.

— І нельга зьмяніць?

— Дзе-ж ты бачыў… Ды ці варт! Я ўжо думаў пра гэта і рашыў… Я напішу табе — толькі зьлезу з цягніка. Ну, вось, прасіў-бы цябе, браце, аднаго…

— А менавіта?..

— Ты не забывай адпісваць на мае лісты.

— Што ты выдумаў! Ласьне можна дапусьціць. Усё-ж і ў Маскве не забудзь пра бежанцаў…

У гэты момант за дзьвярыма некалькі разоў пераказалі Рыгорава імя. Чыйсьці невядомы, басысты голас зычна гудзеў у пустым калідоры кватэры. Хлопцы прыслухаліся. Пятрусь пасьпешна стаў апранацца.

— Ты куды гэта?

— Ды ці ёмка мне аставацца?

Пятрусь не пасьпеў зашпіліць паліта, як у пакой увайшоў сярэдняга росту, у добрым зімовым паліце, грубы, доўгавусы чалавек. Ён спрытным замахам рукі зьняў баярскае формы коцікавую шапку і запытаў:

— Я не перашкаджаю?

— Калі ласка, сядайце! — адказаў Рыгор, падаючы зайшоўшаму крэсла.

— Я перапрашаю вас, Нязвычны, я, памятаеце, наконт вашай просьбы. Зараз якраз выдалася месца ў нашым цэху для аднае жанчыны. Якаво з вашай кандыдаткай?

Рыгор зразу дагадаўся ў чым рэч і радасна адказаў:

— Вельмі дзякую вам; вы, проста, выбаўляеце чалавека. — Гэта наконт Гэлі, — абярнуўся Рыгор да Пятруся, які стаяў пры стале, уткнуўшыся ў газэту: — Дзякуй яму, таварыш не забыў.

— А мне што-ж, прасілі — і я лічыў таварыскім абавязкам паведаміць… Няхай зойдзе, скажаце, у інструмантальны цэх і запытае Палікара Лазарчука.

— Калі-б то лепш? — запытаў Рыгор.

— Не пазьней паловы лютага. Месца, трэба сказаць, дрэннае. Рублёў паўсотні выжане ў месяц.

Ён устаў.

— Прашу пасядзець… Як у вас з настроем, скажэце? — пацікавіўся Рыгор.

Настрой паднімаецца… Але, зразумела, ня так, як-бы таго хацелася… Вось і дзевятае студзеня — перш памкнуліся баставаць, а датыркнулася справы, каму пачынаць — дык на нас чалавек сарака і абышлося.

Ён нездаволена махнуў шапкаю і зрабіў на твары невыразную міну.

— Патрэбен штуршок. Ды добры штуршок; а бяз гэтага — цяжка раскачацца… Так… Знача, як толькі захоча яна — няхай ад дванаццатай да другое — кожны дзень. Палікар Лазарчук — мяне ведаюць.

Прыйшоўшы завярнуў у дзьверы. Рыгор яшчэ некалькі разоў пераказаў яму сваю падзяку і правёў яго на сходы.

Вярнуўшыся назад, ён застаў Пятруся нарыхтованым да выйсьця.

— Дык бывай здароў, Рыгор! Чакай лісту.

— Ужо? Бывай! Шкада, ведаеш, але нічога не парадзіш.

Яны пацалаваліся.

Стук дзьвярэй разлучыў іх на доўгі час.


IX

УЖО ПАДЫХОДЗІЛА ДА ВОСЬМАЙ гадзіны вечару. Час бег безаглядна. Бадай што можна было-б выходзіць з пакою, але Рыгор хацеў дачакацца Анікея. Яны згаварыліся ўдваіх паехаць на спэктакль.

«Чаму-ж яго няма?» Рыгору не хацелася думаць, што Анікей перавырашыў з гэтым. Усё-ж можна было дапушчаць, што знайшліся тыя ці іншыя прычыны, паперашкодзіўшыя яго намеру. Рыгор апошні раз паглядзеў на гадзіньнік і пачаў зьбірацца. Самому яму карцела папасьці на спэктакль у час, каб так ці іначай праведаць пра Гэлю. Напаткаць яе на спэктаклі і паведаміць пра знойдзенае для яе месца было-б вельмі добра. Праўда, яму ня верылася, што Гэля там будзе. Апошняя стрэча з ёю ня сьведчыла за Гэліну цікавасьць да спэктаклю. Рыгору проста хацелася, каб яна была, і ўжо на хаценьні будавалася магчымасьць.

Рыгор патрапіў на дарогу ня болей паўгадзіны. І калі апынуўся ў залі Поллак — там ужо было багата публікі. Аднак, як звычайна з аматарскімі спэктаклямі, вечарына яшчэ не пачалася. Ён замяшаўся ў тупатні публікі і з цікавасьцю разглядаў залю.

Публіка была зборная і рознастайная, мяшчанская і абыватальская, крыху закранутая пачуцьцём спагады да «няшчасных» землякоў. Але гэта іх «спагада» канчалася з моманту адарваньня білетных купонаў.

Рыгор, прынамсі, ня чуў адпаведных мэтам вечарыны гутарак. Пад яскравымі люстрамі цеснага фойэ разьліваліся твары бесклапотнымі ўхмылкамі. Нясло парфумаю. На жаночых шыях віселі залатыя ланцужкі і жамчужныя маністы. Рознакаляровы шоўк шапацеў над нацертым паркетам. Усё гэта лякіравала прыедная за час вайны філянтропія.

Гэля? Было выразна, што сярод публікі яе няма. Калі яе няма і за кулісамі — значыць яна на спэктакль ня прыйшла. Болей таго — значыла гэта, што Гэля кламіла Рыгору, успамінаючы яму пра вячарыну ў час першага з ім спатканьня. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залю і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Ён прачыніў вузкія дзьверцы за кулісы і паглядзеў на груды складзеных дэкорацый і рэквізыту. Гутарка ішла дзесьці на сцэне, дзе сьпешна гатовіліся да пачатку спэктаклю.

Рыгор палічыў няёмкім праходізць за сцэну і зачыніў дзьверы. У гэты момант каля яго апынуўся той самы кароценькі вёрткі чалавек, якога ён першы раз сустрэў у бежанскім комітэце. Хапіўшы Рыгора за руку, ён гасьцінна прывітаўся і запытаў:

— Вы кагосьці шукаеце?

— Так, мне хацелася-б знаць, ці ня прымае ўдзелу ў спэктаклі Гэля Пералаз?

— Гэля Пералаз? — перапытаў кароценькі чалавек: — Ня памятую такое. А ў тым, я запытаю, пачакайце-э.

Кароценькі чалавек шмыгнуў за кулісы. І яшчэ не пасьпеў ён зачыніць за сабою дзьверы, як пачуўся трохкратны званок. Шугнуўшая з фойэ публіка застукала крэсламі, загудзела навакола яго, замятусілася. Рыгор ня мог ужо стаяць на праходзе і сам накіраваў між радоў крэслаў.

І толькі ён трапіў на сваё месца, як сьвятло пагасла.

Рыгор з зацікеўленасьцю глядзеў на сцэну і не заўважыў, як падасьпеў антракт і зычны гул воплескаў напоўніў асьветленую залю.

Рыгор ухмыляўся, азіраючыся наўкола.

— Цікавішся? — перабілі яго ззаду.

Ён аглянуўся і ўбачыў Анікея.

— А я да цябе заяжджаў, ды ты ўжо пайшоў.

— Не дачакаўся.

— Угаварваў жонку і запазьніўся. Пайшла ў Народны дом, а я…

Абое намерыліся пакінуць месцы, калі да іх падышоў кароценькі чалавек, ужо знаёмы Рыгору.

— Ну, як пачатак? — з цікавасьцю запытаў ён.

— Добра, — адказаў Рыгор.

— Бачыце, у Пецярбурзе вельмі цяжка што-кольвечы наладзіць. Б’ешся, б’ешся, пакуль нойдзеш людзей, пакуль організуеш. А, між тым, патрэба ёсьць… Спробы, бачыце…

Кароценькі чалавек не дагаварыў, як яго пазвалі ў фойэ. Адыходзячы ад іх, ён дакончываў гутарку швыдкімі размахамі рукі.

— Гэта з бежанскага комітэту. Жывы чалавек — як клубок, так і круціцца.

Сыгналы да другое дзеі перабілі іх гутарку.

— Будам рабіць вывады пазьней! — праказаў Анікей, ідучы на сваё месца.

Рыгор у думках вярнуўся да Гэлі. Было ясна, што яе няма і ня будзе. Было таксама ясным, што Гэля ня мела да спектаклю жаднага дачыненьня. Адгэтуль выходзіла, што нельга было паверыць усёй яе гісторыі з прыездам у Пецярбург, з наведваньнем бежанскага комітэту. Гэліна гісторыя бадай што развіва­лася зусім іншымі шляхамі. Ці-ж можна верыць, каб яна пакінула сваю яму і пайшла на працу?

Рыгор з-за думак пра Гэлю малаўважна праглядзеў канчатак п’есы. Ён ня мог нічога адказаць Анікею, які хваліў артыстаў, «выразна зарэкомэндаваўшых сябе ў ігры».

— Мяне цікавіць, болей усяго, той прыбытак ад спэктаклю, які мае пайсьці на дапамогу ўцекачом! — адказаў Рыгор.

— Так, гэта асноўнае пытаньне, — згадзіўся Анікей.

— Гэта пытаньне, над якім доўга прыдзецца думаць… Калі мне ўспамінаюцца жудасныя апавяданьні сівабародага дзядзькі…

Анікей разьняў губы, каб выказаць таварышу сваю спагаду, як ківок рукі таго-ж кароценькага чалавека павярнуў іх абоіх управа.

— Я папрашу вас, прымеце ўдзел у скарбоначным зборы… Хоць дзесяць рублёў, — усё-ж дапамюга…

— Я вельмі ахвотна пасоблю, калі гэта трэба лічыць за да­памогу, — адказаў Анікей.

Яны схаваліся ў суседнім пакоі.

У залі пачыналіся скокі і медныя гукі оркестру зьліваліся з бразгам медзякоў у пустыя скарбонкі.


X

НА РАГУ ВАЗЬНЯСЕНСКАГА проспэкту і Садовай вуліцы Рыгор зьлез з трамваю і пайшоў напрамкам да Нікольскага рынку. Ён помніў, што дзесьці між гэтымі двума пунктамі, у адным з шэрых нявысокіх будынкаў жыве Гэля. Ён пільна разглядаў форму дамоў і асабліва строй іх варот, але ні на водным ня мог спыніцца.

Будучы ў Гэлі перад новым годам, яму ня ўспала на думку заўважыць месца і будынак, у якім яе «кватэра». Тады ўсё неяк сталася нечакана і дзіўна, што, каб і хацеў разглядзецца чалавек, то ня мог-бы гэтага зрабіць.

Роўная сьцяна будынку на ўвесь квартал. Падобныя адна да другой лёхі пад жалезнымі брамамі. У прачыненых варотцах глядзяцца калодзежы цесных двароў. Сярод іх, бязумоўна, і той, якім правяла яго Гэля да сябе. Але каторы? Рыгор прыпомніў, што гэта мэрам-бы ў першым ад Вазьнясенскага, проспэкт у квартале з левага боку, калі накіроўвацца да Нікольскага рынку. На адгон некалькіх дамоў ад Аляксандраўскіх радоў. Хоць-бы адна прымета асталася ў яго памяці — дык не.

Ён навугад пачаў заглядаць у двары. Пройдзе у варотцы, азірне навакола і далей.

На чацьвертым захадзе ён угледзіў найболей падабенства да таго, чаго шукаў. Заўважанае выйсьце ў бакавы засмуглены будынак пацягнула яго да сябе.

Усходы аднавілі памятны выгляд, — можна было расьсеяць сумненьне.

Каля абшарпанае абіўкі дзьвярэй Рыгор спыніўся і пазваніў. Чамусьці марудзілі адчыняць. Ён паўтарыў званок і праз хвіліну ўгледзіў праз вузенькую шчылінку знаёмы адрэз запамятаванага твару гаспадыні.

— Вам каго?

— Гэля Сідараўна дома?

Гарылаў твар гаспадыні зрабіў мэханічны поверт убакі і з гары ўніз; сьледам выкаціліся з яе абвіслых, набрынялых губ недаверныя запытаньні:

— Вам яна патрэбна? А па якой справе?

— Я згаварыўся з ёю сустрэцца сёньні.

Гаспадыня бразнула крукам і ўпусьціла Рыгора ў кватэру. Паўторны бразг запёр зачыненыя за Рыгорам дзьверы.

Не запальваючы сьвятла, жанчына правяла яго цёмным калідорам да якіхсьці дзьвярэй, адчыніла іх і праказала:

— Прашу заходзіць.

Па ўсім абсталяваньні пакою, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзыдэнцыя самое гаспадыні.

— Сядайце-э, — мякка выказала яна, засунуўшы засаўку ў дзьвярах.

Рыгор сеў на падстаўленым таўстухаю паношаным, калісьці раскошным, фотэлі і чакаў, што яму скажа зацікаўленая яго прыходам гаспадыня.

Тая некалькі хвілін бязмэтна і падозрана павярцелася між чарады расстаўленых бяз толку мяккіх крэслаў, зазірнула па чарзе ў буфэт і шафку і, стаўшы ўблізу Рыгора, праказала ў паўшэпт:

— Гэлі няма ўжо, малады чалавек. Ці-ж вы ня чыталі хіба? «Пецярбурскі лісток» надоечы публікаваў пра яе сьмерць ад самагубства…

— Што вы кажаце-э?! — узьбянтэжаным падняўся Рыгор з фотэлю.

Спакойнае паведамленьне гаспадыні, мэрам-бы то справа датыркала блуднае кошкі, ці злоўленае ў пастку мышы, паказалася Рыгору зьдзекам над Гэляю.

— Вы яе давялі да гэтага?! У чым справа?

Гарыла працягнула да Рыгоравага твару вагромністыя пухлыя далоні рук і, зрабіўшы ведзьміну міну на твары, яхідным шэптам адказала:

— Хлусьня-а… Вы, мужчыны, віною гэтаму. Вы пхаеце жанок у гэта бяздоньне, робіце іх таварам, рэччу сваіх асалод, а пасьля…

— Дзе вы дзелі Гэлю Сідараўну? — сярдзіта выгукнуў Рыгор, стукнуўшы кулаком па стале.

Яго вокрык і стук сунялі таўстуху і яна, адступіўшы на два крокі, адказала:

— Клянуся вам, што я непавінна ў яе сьмерці. Ёй жылося ў мяне зусім нядрэнна. Бывалі дні, што Гэля ня мела ні аднаго гасьця… Я давала ёй штодня па рублю кішэнных грошай… Карміла — няхай яе таварышкі скажуць — як дочку. Прызнаюся — любіла яе болей усіх. І чаму, і што яна пайшла на самагубства — гублюся адказаць. Я сама плачу аб ёй…

Як па заказе гаспадыня пусьціла з вачэй сьлёзы і старэнна пачала ўціраць іх нямецкім бялюткім фартушком.

— Нашто вам узводзіць на мяне дарэмшчыну, — з горнасьцю скардзілася яна Рыгору, абапёршыся на стол: — Колькі я перанесла гора, поліцэйскае цеганіны, а завошта? Ці-ж бы я прытульвала яе, каб гэта ліха ведала; пражыла два тыдні, а з іх цэлы тыдзень непакой у кватэры; допыты, хадзьба ў вучастак, вопісі і штрафы, ды людзі яшчэ ад сябе… Дабро робіш — а астаешся вінаватай. Сьвет, сьвет, каб ён праваліўся…

Таўстуха крута павярнула да буфэту, спрытным замахам непаваротнае рукі адчыніла дзьверцы і зашумела газэтным лістом паперы.

— Во, — як усё гэта было… Ласьне я магла тут мець хоць укоснае дачыненьне?

Яна ў голас, сьлібізуючы, прачытала: «26 студзеня-а… адвя-а-чоркам… каля Чарнышова-а-га мо-о-сту… на вачох многа-а-лікіх праходжых кінулася ў прасечан-ную палонку Фонтанкі маладая, на выгляд гадоў дваццаці, дзяўчына… Падбегшы-і на ратунак… двое ма-а-тросаў-у і гарадавік… з вялікімі… цяжкасьця-а-мі вылавілі самагубцу… застрэмля-а-ную галавою… пад крыгаю лёду. Самагубца… была… няжывою, атрымаўшы сьмяртэльнае раненьне галавы аб востры руб ільдзіны… Ахвяра адзе-э-та ў пано-а-шанае дэмісэзоннае-э паліто-а… з чорнага драпу, у таннай вэлюравай пастэрцы… На нагах жоўтыя… пакрыўленыя мэ-эшты на шэ-э-рых фільдэкосавых панчохах… Шарсьцяна-а-я малі-ы-на-вага колеру спадніца… і модэпаля-а-мавая… у палоску блюзка дапамінаюць пра беднае пахаджэ-э-ньне самагубцы… Ся-а-род знойдзе-а-ных пры ёй рэ-э-чаў выяўлены паралез з трыма рублямі дробязі… і жоўты білет, які сьве-э-дчыць… за во-о-льныя паводзіны дзяўчыны… Пры-і-ходзіцца… дагадывацца, што дзяўчы-і-на, імем Гэля Сідарава Пералаз… родам з мястэчка Сілцы — стала ахвярай прыкрага выпадку… Дале-э-йшае дазна-а-ньне… паўней выявіць пры-і-чыны гэтага»…

— І вы нічога ня ведалі пра яе намеры? — абурана запытаў Рыгор у гаспадыні.

— Няўжо я вам хлушу, малады чалавек? Запытайце, калі ня верыце, яе таварыша. Пайшла, як заўсёды хадзіла з кватэры і хоць-бы па настроі відаць было, што ліхамыснае — барані божа… — Шурка! — аклікнула рэзкім голасам гаспадыня і адсунула дзьверы.

У пакой убегла сьветлая блёндынка з разбэрсанымі на плячах, завілымі касамі. Угледзіўшы Рыгора, яна роблена засьмяялася і ня двузначна мірганула сінімі бліскучымі ад атропіну вачмі.

— Ты памятаеш, калі Гэля апошні раз выходзіла ў горад? — наводна запытала гаспадыня.

Дзяўчына ў момант перамяніла настрой, зрабілася нярухомай і баязьлівай ды ў паўголас адказала:

— Бедная Гэлінька, яна была тады сама не свая…

— Лжэш, блядзюшка, — тупнула нагою азьвярэлае чудзішча ў асобе гаспадыні: — ды цябе-ж, здаецца, і ня было тады, а сьме…

— Так гэта вы зьбёдавалі маладое жыцьцё…

Рыгор злосна страсянуў стаяўшую пад рукою фотэлем, і, абураны нечаканаю весткаю пра Гэліна самагубства, вышаў з гаспадынінага покою.

Цёмны калідор узьбіў яго на якіясьці куфэркі, і ён уголас вылаяўся па адрасе гаспадыні.

Ужо ён мацаў клямкі ў дзьверах, як да яго данёсься глухаваты вокліч:

— На адну хвілінку!

Ён адвярнуўся ў цем калідору і ў гэты-ж момант пачуў даткненьня да рукі шамкага лістку паперы.

— Відаць — гэты ліст вам ад Гэлі? — праказала цішком выкліканая гаспадыняй блёндынка.

Рыгор схамянуўся ад абдаўшага яго жалю, порстка выхапіў з халоднае рукі дзяўчыны ліст і, бязумоўна, шпунтам вылецеў за дзьверы. Бяз озірку прайшоў ён вузкі двор, выйшаў на вуліцу і ўподбежкі накіраваў да трамвайнае спынкі. У левай руцэ запхнутай у кішэню, ён трымаў перададзены яму ліст.

Гэлін вобраз міргаў у яго ваччу, жорнамі ціснучы на раскалыханае сэрца. Дапушчальны зьмест лісту перабіваў усе іншыя думкі, падбіваў заўвагу да ўсяго акаляючага.

Не заўважыў Рыгор і раптоўнага зьяўленьня перад ім Артура Цьвібеля.

— Ты адкуль гэта, колега? — гучна прамовіў той, стукнуўшы па плячы Рыгора: — Ці не ад Ганны толькі?

Рыгор зьдзіўлена паглядзеў на Артура і нічога не адказаў на яго запытаньне.

— Не пазнаеш? — перапытаў Рыгора Артур.

— Ах! Даруй, я зусім ашаламіўся…

— Чаго? Шкадуеш Ганны?

— Ганны? — трывожна перапытаў Рыгор.

— Так. А ты-ж часамі не ад яе?

— Не-э. І з ёю нядобрае што?

Сьмяшок, прайшоўшы па здаровым круглым твары Артура, крыху супакоіў Рыгора.

— Як табе сказаць… Хто як глядзіць…

— У чым справа?

— А ты-ж хіба ня ведаеш, што яна памянула цябе добрым словам і…

— І што?

— І стала вернай жонкай Лукі Дарафеіча. Ха-ха-ха! Вось табе нумарок… Ня чуў? Ба-абы-ы! Ды і ты падкачаў, браце. Можна сказаць — з-пад рук выпусьціў гэткую дзяўчыну.

Паведамленьне Артура Цьвібеля, як яно ня было зьнянацкім, не зрабіла на Рыгора моцнага ўражаньня. Трагедыя Гэлі прытупіла яго пачуцьці і ў іх не знайшлося належнага водгуку на сьвежую, далёка ня прыемную навіну. Тым ня меней, Рыгор ня выпусьціў гэтага з-пад увагі і яшчэ болей ацяжыў сум свайго настрою.

— Ха-ха-ха! Што ў цябе за настрой. Упяршыню сустракаю. Ня хочаш, а трэба сьмяяцца. Кінь-жа, калі сапраўды!

Артур бачыў, што яго рэзвасьць ня ўплывае на Рыгора. І гэта яго занепакоіла.

— Ты сапраўды, як я бачу?..

Пад’ехаўшы трамвай не дазволіў Рыгору адказаць. Яны разьвіталіся і рассталіся.