Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць рэволюцыі/Шлях паўстаўшых

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сельскі рэўком Шлях паўстаўшых
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Гляджу на поле я…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шлях паўстаўшых.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХ ПАЎСТАЎШЫХ

З вякоў даўгіх пранесеныя мукі
Людзёў працоўных пад прынукай
Зямлю сьлязамі чыста змылі
І кроўю спрэс пачырванілі,
Як леза склюду ката руку.

На глебе тэй, аздобленай крывёю,
Ўзрасло ядрана-буйна маладое
Агнём апаленае мкненьне
Да помсты гардай за глумленьне
Над жыцьцятворчай грамадою.

А промен, сонца зыркага, што зьзяла
І кроў пралітую ў сябе ўбірала,
Сышоў к зямлі чырвонай муляй,
Якой палотны спаласнулісь
Для сьцягаў тых, што ўстаўшыя паднялі.

І там, дзе лужы з сьлёз вакол віднелі —
Зямлі слаі, бы камень, здрацьвянелі,
Падставу цьвёрдую заклаўшы
Пуціне той, якой пастаўшы
Працоўны йдзе настрэчу цэлі,
Комунай зорнай засіяўшай.

Менск, 21/VII 1921