Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць рэволюцыі/Раньш і цяпер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нараджэньне Раньш і цяпер
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Сельскі рэўком
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раньш і цяпер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАНЬШ І ЦЯПЕР

Сякеру, молат, серп і плуг
Нам доля з роду даручыла,
За працай цяжкай крэп наш рух,
Расла за працай наша сіла.
Ад золку к цёмнаму, у працяг
Сяклі мы, гваздалі й аралі, —
Ў крывавым поце ды ў сьлязах
Сваіх тыранаў збагачалі.
Ад працы нашай сьвет паўнеў,
Таміўся, здэцца, ад багацьця,
Хто смачна піў, хто смачна еў,
Хто жыў у роскашы, ў палацах —
Той быў павінен толькі нам,
Ад нас залежаў той ад роду…
А нам, працоўнікам, майстрам
Ня мець было й на міг свабоды…
Нуда і голад, недахват,
Нядоля й зьдзекі ў цесным сплёту,
Вянчалі працы наш пасад,
Прыгонам гналі на работу.
І мы рабілі… Ці-ж цяпер,
Калі свабодная краіна,
Патухне палкі наш намер
К рабоце ўпартай ды няўпыннай?
Ці мы ня знойдзем сьвежых сіл,
Старэньняў новых не дастанем?
І наш магутны творчы ўздым
Свабодным духам не ап‘янім?
О, не, бурляць ужо ў душы
Пазыў, імкненьні ды ахвота
Стальной колёнаю рушыць
На адбудоўчую работу.
Сякера, молат, серп і плуг
Ў руках свабоднага ня тое,
Чым раньш тамілі гарды дух,
Ды цела ранілі худое.
Наш кожны ўзмах, наш кожны стук,
І ў ніве кожная разора, —
Ў жыцьці працоўных меней мук,
Жыцьцю свабоднаму падпора.
Дзе будзе праца наша йсьці, —
Адна служыцьме нам дарука
Нядолю цяжкую зьвясьці,
Паставіць крыж над цяжкай мукай.
За працу-ж ўсе! К зямлі, ў завод,
Размах яе шырэй раскіньма,
Комуны хай яна прыход
Кіпучай творчасьцю абдыме.

Менск, 11/I 1921