Ізноў вясна, зноў зелень руцянее…
Ізноў вясна, і сэрца прагай млее,
І сэрца ў грудзях палыхае…
Ізноў вясна, ізноў зіяе
Праменьнем творчым з неба сонца,
І смага тне душу бясконца;
Ўздымае цягу буйна жыць —
Змагацца з ворагам, тварыць…
Расквітшай сілаю, мяцежнай,
Зьнішчаць адвечныя прашкоды…
Ізноў вясна, ізноў свабоды
Істота прагне маладая
І думкі рдзістыя кідае
Насустрач сьветлай палкай волі…
Ізноў вясна, ізноў мне поле
Нячутны окліч пасылае:
„Прыходзь сюды — цябе чакае
Наліты кубак жыўнай п‘яні,
Які ты вып‘еш на спатканьні
Шчасьлівых хвіль твайго быцьця —
Руцяных ніў маіх, дзіця —
Поэта вольны, гаманлівы“…
І йду я гарды ды зухлівы
Вясну чароўніцу спаткаць,
Каб з ёю, пахкаю-шумлівай,
Жыцьцё самотнае зьвязаць…
Смаленск, 1916
|