Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць жыцьця/Я жыць хачу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ізноў вясна Я жыць хачу
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
⁂ Мілы мне бясконца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я жыць хачу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ЖЫЦЬ ХАЧУ

Я жыць хачу, як піць ад смагі;
Я жыць хачу, як сонца ў холад!
Я жыць хачу і повен прагі
Жыцьця, бо ‘шчэ здароў і молад.
Бягучы час, дзянькі, хвіліны
На пальцы пільна я лічу.
І шкода кожнай мне часіны,
Што ўжо прайшла, бо жыць хачу.
Я ў даль глухую пазіраю,
За зданьнем выдумным лячу,
Аб днёх шчасьлівейшых гадаю
І жду іх, жду, бо жыць хачу!
Хачу квятоў, хачу вясельля,
Хачу прыгожых абразоў,
Любошчаў палкіх, хмелю-зельля,
Забыўнай ласкі-кайданоў,
Ўсю зелень поля, сьветласьць сонца,
Весь пах квятоў, весь рэчак цёк
Вабраць у сябе і ў іх бясконца
Купацца дні — ў сьвятло і ў змрок.
Каб знаць, што я жыву, як трэба,
Ня доўг, ня службу валачу, —
Я зораў бляск, прастораў неба,
Свабоды буйнае хачу.
Як вецер вольны, рэзвы, моцны —
Па галу вольнаму лятаць,
Хто жыць ня хоча — таго злосна,
Таго бяссэрдна праклінаць.
Ўвесь страх, ўвесь сум аб часе сьмерці
Прад думкай сьветлай распыліць,
Душой шчасьлівы, палкі сэрцам
Хачу я жыць, кіпуча жыць!

Пецярбург, 30/IV 1914