Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Вакола і ўдаль/Поэта, маці і муза

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бежанцы Поэта, маці і муза
Паэма
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
К зорам!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэта, маці і муза.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭТА, МАЦІ І МУЗА

Мукі творчасьці

За сталом, над паперай нагнуўся
І сядзіць, поўны думак, поэта.
Небасхіл перад ім разьвярнуўся
Ва ўсёй пекнасьці цёплага лета.

Уваччу граюць мулямі зданьні,
А ў грудзёх кіпіць творчая сіла.
Сьветлазорная Муза Змаганьня
Яго думкі к сабе нахіліла.

Глядзючы на убогую вёску,
На яе захудалыя людзі,
Не адну прараніў поэт сьлёзку,
Ён ня раз раніў чулыя грудзі.

Цярплючы векавую нядолю,
Спатыкаючы вечна нягоды,
Рвецца ён да супольнае волі,
Да супольнае рвецца свабоды.

Не пакоры душа вымагае,
Не спагады ад музы чакае,
А ў нутры яго прага хвалюе
Зьнішчыць долю заклятую, злую.

поэта

„Як арол, я з зямлі падымуся
І вачамі прасторы акіну,
А пад небам калі апынуся —
Сьветлай радасьцю вокала ліну.
Запануе тады над зямлею
Непадлеглае творчасьці сіла;
Яна ўздыме красу ды надзею
І жаданьні людзкія акрыліць.
Не пачуецца песьняў нядолі,
Не адзначыцца нізкай пакоры,
Брат на брата ня скажа ніколі
Лаянкі дзікай, завіснай укоры“.

І ў руцэ карандаш
Правёў рыску наўсьцяж
Пад апошнім радком…
Поэт глянуў кругом
І яскравым агнём
Засьвяціў яго твар.
Перад ім сетка мар
Зьвіла пекную здань.
Бы шапнуў хтосьці: „Глянь
Сюды! З пекных зор
Дзіўны твор
Твой глядзіць“.
Ён зірнуў і сказаў:

поэта

„Гэй, дажыць-бы, дажыць!
Я гатоў паслужыць
Ўсёй душою таму…
Прэч нядолю, журбу,
Прэч ліхое кругом!
Я радзіўся з вагнём
Непакорным барцом;
З болю мук ды бяды
Вышаў я малады,
Загартованы ў сталь.
Мне жыцьця больш ня жаль
Для людзей, для братоў
Яго ў момант гатоў
Бескарысна аддаць“.
Ў вачох зоркіх яго
Агонь зьзяе, гарыць.
Пачуцьця, бач, ўсяго
Мала ў творы ўлажыць!..
Вось ён рвецца з душой
Вайсьці ў твор шчыры свой,
Каб з радка у радок,
Бы жалезам ён пёк,
Каб таго, хто упаў
Пад паходняй цяжкой
Твор, бы звон, абуджаў,
І ваёўны настрой,
У нутро падліваў.

поэта

— „Адпачынак ня ў час,
Не упару;
Я захоплены працай
Кіпучай, натхненьнем!“
Ў гэты момант якраз
Падышла к песьняру
Ўся ў агні абураньні
Матка поэты.

маці

„Мой сынок дарагі,
Кінь ты гэту папер.
Няма часу цяпер
Склаўшы рукі сядзець
Й сумным узрокам глядзець
На халодны спакой.
Апанас, Апанас,
Што ты думаеш, сын?
Я сяджу — паглядзі —
Поўна цяжкай нудзьгі
І вачыма сачу
За табою ўвесь час.
Ты здавён сірата,
Мук бяз ліку пранёс…
Насьмяяўся з нас лёс,
Даў за плечы краста,
Ўзьдзеў вянок ад шупшын…
У мяне ты адзін,
Дарагое дзіця,
Даны ў радасьць жыцьця.
Як маленькім ты быў —
На руках маіх жыў
І ня ведаў, ня знаў,
Пакуль сталым ўжо стаў,
Колькі гора зьнясла
Я за тыя часы!..
Колькі сілы было,
Для цябе берагла.
Вось цяпер прышоў час —
Стаў ты сталым, падрос —
Я-ж старая зусім,
Чуць ліплю, чуць жыву…
Будзь жа ты, Апанас,
Ўжо кармільцам маім.
Пашкадуй, ня губі!
Вось пайдзі зарабі
Хоць ашчадны мядзяк,
Каб было абы як
Ў нашым бедным жыцьці
Дзень-другі правясьці.
А то хутка тры дні,
Як даелі мы хлеб,
А пры гэтым — зірні —
Колькі іншых патрэб!
Дровы скончаны ўсе;
Без апраткі сядзім;
Дах пагніў на страсе —
Няма выправіць чым…
Хоць цяжарны наш труд —
Дае чорны мазоль,
Але-ж беднасьці тут
Ці-ж ня горшая боль?
Без аховы — адны —
Мы гібеем удваіх.
Сьвятла, сонца жадны,
Сроць людзей, сроць чужых“.

І сьляза ў расьніцах маткі заблішчэла;
Змучаная ціха ля сынка прысела.
Цёплаю любоўю сэрца трапятала
Цяжкаю пакутай душу дратавала. —
Ў незьясьнёнай меры сынавы паперы,
Збрыдлі, надаелі ёй да ачамеры,
Так што, каб прымела, колькі склёну стане,
Зьліць была гатова, каб склясьці да званьня
Тую надаедную чорную часіну,
Калі думка ўголаў заняпала сыну
За паперы сесьці й дзень і ноч пісаці —
Ў жыцьці ўсё ж другое кінуць, занядбаці…
Нясупынным роем думкі захадзілі,
Небасхіл туманам матчын засьмуцілі.
Доўгі век цярпеўшы, няймючы спачынку,
Хоць бы ёй пад старасьць на адну гадзінку
Не ўскладаць на сьпіну непасільнай ношы.
Ёй палац ня трэба, ёй ня трэба грошы…
Думкі томяць голаў, думкі ціснуць грудзі.

маці

„Што з тваіх, сыночак, тых папераў будзе?
Ўнік ты ў іх глыбока, ўнік ты ў іх бязьмеры —
Доля і жаданьні — ўсё тваё ў паперы.
Колькі я здароўя, колькі сіл губляю,
Як тваю пастацу ўзрокам акідаю!
Ня трываюць грудзі слоў да прычытаньня —
Прад табою зьліць іх хочацца да званьня.
Але ты ня чуеш, ты не патураеш —
Аб табе адданай мацеры ня дбаеш.
.................
Мой сынок каханы, можа і грашу я
Калі на цябе так серджуся ды злую.
Таго быць ня можа, каб тваё ня чула
Сэрца маладое цяжкіх мук матулі:
То, бадай, жыцьцё так наша захацела,
Каб да самай дошкі мукі я цярпела,
Каб замест спакою на краі магілы,
З торбай за плячыма па дварох хадзіла…
Што-ж, пайці я мушу сорам мне — нічога —
Просьціцца ад сьвету, просьціцца ад бога…
Толькі ўсё-ж, здаецца, хай-бы ты, каханы,
Дай мне перад сьмерцю хлеб запрацаваны,
Каб з тым хлебам верным мець спакой для сэрца,
Каб магла я лёгка ды спакойна ўмерці“.

Твар матулі
Праясьніўся;
Пекнай муляй
Засьвяціўся
Думак новых
Рой разьвісты.
Зычнай мовай,
Галасістай,
Тнуў за душу
Маці шчырай.
І матуля
Прасіяла,
Свайму сыну
Цёплым словам
Праказала:

маці

„Ну, та мо‘ паперы, мо‘ тваё пісаньне,
Як карысным людзям і патрэбным стане,
Можна будзе згодна прамяняць на грошы?
Здэцца пішаш складна ты і твой піс харошы.
Напішы у горад, папрабуй спытацца,
Можа хто захоча ўзяць пакарыстацца!“

І змаўчала маці — слоў няма для сказу,
Ўглядаецца ў сына, жджэ яго адказу.
Сын-жа кінуў думку шчырага тварэньня,
Адвярнуўся к матцы поглядам ўміленьня,
Ды праз вільгаць сьлёзаў, ды праз сьмех бадзёры,
Стаў казаць ёй уголас з цёплаю пакорай:

поэта

„Той жыве, хто творыць
Сілай маладою,
Клопатам нябудным,
А сваёй душою,
Яе зовам цудным
Да жыцьця другога —
Лепшага, сьвятога.
І дае натхненьне
Вобраз той тварэньня
Маладому зову —
Прызыўнаму слову.
Ў кожным яго зыку
Сэнс ляжыць вялікі —
Пад якім ёсьць глеба
Толькі ў дзівах неба!
Ой, галубка-матка,
Дарма твая гадка
Ўкосна мне гавора —
Аб грашох за творы.
Ласьне вольна мушу
Прадаваць я душу?
Ці настрой зьмяню я
На срабрыну тую?
Не! Казаць ня трэба!
Не за творы хлеба
Мушу даставаці.
Ведай тое, маці!..
Хоць я абарваны,
Горам змардаваны,
Дзень у дзень спацеўшы,
Стомлены, няеўшы —
Ўсё то мне нічога!
Рвуся я да тога,
Што дабром завецца,
Што за яго б‘ецца
Многа людзей, многа.
Кроў ваяк забітых,
У вянкох абвітых
З лаўру, імарцелю —
Льле бальзам па целі;
Духам жыватворным
Сэрца к сабе горне,
Цела асьвяжае.
Я агнём палаю
Ha ахвяру дацца —
Страху не баяцца:
Толькі-б ведаць тое,
Што жыцьцё сваё я
У карысьць людзкую
Дарма ахвярую“.

Пот цурком па твары перайшоў поэты,
Ўсё-ж ён не стаміўся, праказаўшы гэта.
Весь ахоплен пэнтам, пачуцьцём адзеты,
Ён гарэў хаценьнем больш апавядаці,
Каб сваёй размовай супакоіць маці.
Хвілю прапусьціўшы, ён зірнуў наўкола
Ды ізноў аддаўся гутарцы вясёлай,
Шчырай ды гарачай:

поэта

„Эх, мы, людзі, плачам,
Мукі баючыся!
Нудзім, злуючыся.
А дзе-ж тое сэрца,
Каб з адвагай ўмерці
Ўраз было гатова
За свабоду слова,
За парадак новы,
За сьвятло праявы
За пачатак справы
Буйнага змаганьня
Проці панаваньня
Ўціску і нядолі? —
Каб кастры, вастрогі,
Ды ў кайданах ногі
Не зьвялі з дарогі
Ў нястрыманым ходзе
На пуці к свабодзе? —
Ворагу ня дацца
Йсьці — не азірацца,
З верай лёгкакрылай,
З буйнаю надзеяй,
Поўны гарту й сілы,
У той край жаданы
Волі панаваньня
Для ўсяго народу?!.
Дзе-ж душа ёсьць тая,
Каб сваю выгоду,
Каб сваё цярпеньне
Аддала для краю,
Для яго ўзраджэньня?
Адкажы мне, маці,
Адкажы, прашу я…
Што маўчыш сярдзіта —
Мэрам ўся разьбіта
Сынавым пытаньнем?
Можа мая гадка
Кожным сваім словам
Тне цябе й катуе,
Бы вянком цярновым?
Мо‘ мая размова
Ёсьць віны аснова
Дум тваіх балючых?
Мо‘ ў сваёй кручыне
Вінаваціш сына —
Свайго дарагога —
Што так плачаш многа?
Што сьлязою жалю
Шчокі абмываеш,
На мяне нялюбым
Вокам пазіраеш?“

І поэта назад азірнуўся:
Яму раптам чыйсь голас пачуўся

муза

„Пачакай, перастань, суніміся!
Ты наперад са мной згаварыся.
Я параджу табе, ўлажу ў мову
Для матулі твае супакойнае слова,
Ад якога цябе яна ўраз зразумее
І цалунны туман сваіх думак разьвее“.

поэта

Хто гавора тут са мною?
Ах, я бачу, гэта ты,
Здань нябеснай пекнаты!
Сваёй ласкай маладою
Разганяеш маю тугу.
Я гатовы на паслугу
І зьнямоглую матулю
Палкай сынавай уцехай
Атулю я.

муза

„Вось я тая,
Што зьлятаю
З небнай сіні,
З цёмнай далі.
І скрыжалі,
Блаславеньня
Для імкненьня
І для змогі
Я прыношу
Тым, хто годны.
Будзь свабодны,
Рвіся к зорам,
Мук, нядолі
Ня пужайся.
Ды пакоры
Не здавайся.
Ў міг сумненьня —
Нецярпеньня —
Йдзі наперад
Цьвёрдым крокам —
З ясным ўзрокам…
Я з табою
Днём і ноччу,
Ў час спакою,
Ў міг нямочы“.

Поўны цёплай веры, радасьцю адзеты,
Голасам бадзёрым адказаў поэта:

поэта

„Ад калыскі я рос
Сярод мук ды нязгод
Праліў многа я сьлёз!
За пражытых рад год,
Бы з нажом, бы з касой
Хтось стаяў нада мной,
І мой узрок, і мой твар
Абвіваў смуткам мар.
Ня туды — ў другі бок,
Накіроўваў мой крок
І шаптаў мне адно:
„Шчыры брат, верны друг!
Не давай ты патуг
Праяўляцца, снаваць
Вольным думкам сваім
І свайму пачуцьцю.
Прымірайся к жыцьцю,
Як што ёсьць, як відаць —
Так павінен трымаць.
Не гадай, не задач,
Не маркоць сваіх дум;
Разгані з сэрца сум,
Будзь бадзёр, будзь вясёл
Што дано — то бяры,
Май уступ, май пакор:
Мышы — цемень нары,
Арлу — вольны прастор“.

Так ўсягды,
Дні й гады
Ў цішыне
Нешта мне
Гаварыла.
Але ныла
Маё сэрца
Ў паняверцы.
Супыняўся
Я й пытаўся,
Поўны жалю:
Як быць далей?
Толькі чую
Адну й тую
Я прамову:
„Свайму слову
I хаценьню —
дай змовы
Ды вяленьня“.

І ў клубок віліся думак пераплёты —
Ня было сканчэньня, ня было ім шчоту:
Бы вакол вісела нада мной аправа —
За якую глянуць ня меў сіл і права,
Бы захоплен быў я абцугамі туга —
І маўчаў бязмоцна мэрам раб пад пугай.
Што рабіць мне далей — сам сябе пытаўся,
І, тым часам, з месца далей не кранаўся.

Ў гэты час ты ка мне
Наяву, а ня ў сьне,
Ўся ў праменным агне
Прышла з зовам сваім,
Маладым, баявым;
Па істоце маёй
Прайшла сілай жывой,
Праказаўшы:
— „Ідзі!
Ў бойку ты і вядзі
За сабою другіх.
Няхай ў жылах тваіх
Кроў, як промень, гарыць;
Хай заве, хай маніць
Шчаснай долі прамень!
Поўны прагных хацень,
Ты вядзі за сабой,
Хто ўжо крохкі душой.
Хто зварочвае ў бок
Няувераны крок,
І пугліва назад
Адварочвае узрок.
Будзь ваяк, будзь прарок!
Асьвятляй — там, дзе змрок.
Дзе спакой — давай звон!
Дзе жыве хоць адзін
Долі горкае сын —
Праляці, прагудзі,
І ў збалелых грудзёх
Прагу к помсьце ўзбудзі,
Гукні зычна: „Ўжо час!
Я пасланы па вас
З тых краін, з тых канцоў,
Дзе няма, ня чуваць
Ліхіх мук, горкіх сьлёз.
Дзе пануе ўжо лёс
Сьветлай долі людзей…
Дзе бурліва гудзе
Працы творчай размах“.
Слухаў я і нямеў, —
А ў душы бурны гнеў
Бушаваў і кіпеў.
На цябе я ўзіраў,
Твайму сказу ўнімаў.
Ў адзін міг быў гатоў
На рашучы твой зоў
Каго мог — таго вёў,
Сілы, гарту ўліваў
Ў душы слабыя, зваў
Йсьці ў паход, йсьці туды,
Дзе ўміралі браты
За дабро, за любоў
На прыгоннай зямлі;
Дзе няўпынна лілі
Яны сьвежую кроў…
Я быў твой і з табой
Сваім сэрцам й душой,
Ўсёй істотай сваёй.
Ва мне бляск твой ня тух,
Якім стынучы дух
Ацяпляла ты мне.
Служкай быў я табе,
Каб стаць служкай людзям.
За іх волю я нёс
У вагні пачуцьця
Сваю душу, жыцьцё!
Што мне ўласны быў лёс,
Што бяда мне была?
Я ішоў — ты вяла!..
Але стухлі агні.
І вялікія дні
Стухлі ў змроку глухім,
Ўсе забылі аб тым
Пра што марылі; спаў
І той, хто аддаў
У ахвяру жыцьцё
За свабоду другім.
Так і я задрамаў,
Так і я занямог
Зваяваным і… зьлёг
На пасьцелі цьвярдой
Сярод цемры густой
Дзікай ночы — й заснуў.
Сон мяне агарнуў
І балюча таміў
Я драмаў, а ня жыў,
Змогшы сам ў барацьбе;
Ды ня бачыў цябе
І ня знаў, дзе ты ёсьць…
Але раптам зноў весьць
Падаслала ты мне,
Праказаўшы: „Мяне
Ты чакай — я прыду
І к табе прывяду
Твой аслаблены гарт.
І ты станеш зноў варт
Быць прарокам людзкім“.
Я быў рад, што мне жыць
Зноў надыйдзе чарга,
І цябе як мага,
З нецярпеньнем чакаў,
І гукаў, і пытаў…
І вось, зноў ты прышла
І прыназначаны час
Да мяне ў другі раз,
І з сабой прынясла
Ў дзіўным бляску сьвятла
Духу гарт — сэрцу пал,
Шмат адноўленых сіл;
І чароўным агнём
Правяла па маём
Целу стомленым ты…
І сродзь соннай цішы
Ты за струны душы
Зачапіла рукой —
Навяла іх на строй.
Вось якраз у гэты міг
Зык пачуўся ад іх —
І то голас быў твой.
Буйнай хваляй ён плыў
Ў жылах з цёплай крывёй,
Маладой, агнявой.
Нібы пташка ён пеў,
Выліваючы гнеў;
Нёс прызывы, будзіў:
„Гэй, уставай — час прабіў, —
Зноў з гарачай душой
Йсьці пасьпешна на бой —
Ў гэты раз з цемнатой
Неабуднага сна…
Глянь, твая старана
Стогне ў цяжкім жыцьці —
Няма сьцежак прайсьці
Ёй да яснай зары!
Будзь агнём і гары
Ў цемры змрочнай над ёй.
Няхай сілы твае
На ахвяру ідуць
Для прыгонных людзей…
Не давай ім заснуць
Ні на момант адзін.
Люду беднага — сын
І яго ты — дзіця.
Не шкадуй-жа жыцьця
Ты для шчасьця братоў!
Будзь заўсёды гатоў
Памагаць ім, служыць…
Старана хоча жыць
Жыцьцем буйным, жывым,
А ня спаць векавым
Заварожаным сном“.
Вось, забыўшы бяду,
Я дарогай іду,
Што намеціла ты.
І з сабою нясу
Я жывую расу,
Што паіла ты ёй
Маё сэрца, мой дух…
Хай пануе наўкруг
Цемра ночы глухой,
І кажаны пяюць
Праз утомную смуць
Непрапаўшай бяды,
Я іду, малады,
Поўны гарту і сіл!..
Ва мне пыхае моц
Веры цьвёрдай, як сталь,
Што бурлівай ракой
Забуяе жыцьцё
Ў вольным краі маім
І ў буяньні сваім
Перашкоднае ўсё
Змые, зьнішчыць нашчэнт.
Веру я ў той мамэнт,
Веру моцна і жду —
Ды настрэч яму йду…
Ты два разы ка мне,
На яву, а ня ў сьне,
Прылятала з высі.
Прылятай-жа што раз
Ў прыназначаны час,
І з сабою нясі
Непатухшы агонь
Гарту й сіл у барацьбе.
Я заўсёды жадзён
Яго чараў жывых…
Бо я кроўю ёсьць з тых,
Што завуцца „рабы“
І прагуць барацьбы
За здабытак сабе
Лепшай долі ў жыцьці…
Ня цурайся мяне,
Муза сіл баявых“…

Праказаў і заціх…
Ў гэты міг зданьня блік
Распылеў і прапаў.
Поэт ўстаў, паглядзеў,
Запытаў:

поэта

„Дзе я ёсьць, дзе я быў?“

Маці, пахінуўшы голаў, паглядала:
Сынавай гамонкі ўсё канца чакала.
І ёй страшна стала: як-то сын бяспутна
Сам з сабою мовіць гэтак важна, рупна.

маці

„Божа мой ласкавы! Каб хаця нямала,
З ім чаго ліхога ад пісьма ня стала“…

І з паніклым ўзрокам, з пабляднелым тварам,
Ў любасьці гарачай, годнай для ахвяры
Стала радзіць сыну:
Родная дзяціна,
Годзе ўжо пісаці —
Над паперай вяці —
Апанасе, сынку!
Гэтым й на хвілінку
Не забудзеш гора…
Есьці не дастанеш
Шчыраю спагадай.
На цябе, дзе станеш
Воражным паглядам
Кожны хмура гляне,
Кожны засьмяецца.
І твае жаданьне
Ў трэскі разаб‘ецца.
Я-ж пайду па сьвеце
З торбаю цягацца,
А з цябе, сынок мой,
Будуць ўсе сьмяяцца…
Мовіць не захочуць,
Стануць пагарджаці.
Ці-ж ды хопіць мочы
Выцярпець для маці?
Кінь пяро ты гэта, годзе клапаціцца,
З ім нам лепшай долі, сынку, не дабіцца.
Ты адзін ваяка на шырокім полі —
Ці-ж ты пераможаш гора ды нядолю?
Ці-ж адзін ты ў сіле з імі ваяваці?“

поэта

„Годзе, мая маці…
Ша, я дагадаўся:
Я пайду на працу —
Вось ужо сабраўся…
І ў пакуце, ў муках
Падыму я рукі,
Ды з зямлі сырое
Вырыю я тое
Семя лепшай долі…
Для цябе я болей,
Ніж жыцьцё патрачу —
Й нават не заплачу.
Ўсё зраблю, дастану,
І цябе, кахану,
Пракармлю, адзену.
Але йсьці на здраду
З музаю — ніколі
Я ня дам патолі.
Аджану сумненьне
Ў бойцы беспагаднай.
Покуль сілы маю
Спробую ня дацца;
За сваю ідэю
Буду я змагацца“.

маці

„Эх, сынок мой, будзе.
Йдзі хоць паабедай!
Бач, як ссохлі грудзі
Хворыя да званьня.
Весь змарнеў. Ад раньня
Над паперай б‘ешся…
Вось, ‘шчэ засталася
Ад учора страва.
Хоць паеш крыхутку,
Ды спачынь мінутку“.

Адышоўшы, маці ў плач загаласіла.
Жальба ў яе грудзях рэчкай забурліла.
Чаму-ж бог бяссэрдны ды не зьлітаваўся —
Сын яе каханы ў бацьку ня удаўся.
Ён замест пакоры й ціхага маўчаньня
Весь гарыць адвагай к помсьце ды к змаганьню,
А замест клапотаў аб сваёй прыгодзе —
Дбае ўсё аб людзях ды аб іх свабодзе.
Не глядзіць ні званьня, як сям‘і жывецца —
Ўсёлюдзкой любоўю сэрца яго б‘ецца“.

Поэта ня слухаў:
Тварыць ён канчаў.
Красой весялухі
Твар гарды зіяў.
Ўздымалася ўгору
Заўпаласьць грудзёў…
Далёка ўсё гора
Пражытых дзянькоў.
Ён ў сьвеце ня гэтым, —
Істотай жыве.
Змаганьнік-поэта
Твор людзям дае:

поэта

„Свой астатні акорд я дапеў.
Ў ім прызыў ды разгойданы гнеў,
Ў ім сыгнал да зьнішчэньня прыгону
І аснова закону
Імкненьняў да волі.
Хай ён будзіць у людзей
Роі сьветлых надзей.
А табе, мая маці, скажу,
Што за ласку тваю адслужу.
Хоць я твой і нядбалы сынок,
А любові к табе ўсё-ж папоўню аброк.
Бо ты ў сьвеце, матуля, адна,
Што павагі глыбокай ды шчырай гадна“.

І поэта хутчэй
Да матулі падбег:
На губах яго сьмех
Блуднай ценьню мігнуў,
Цьмянасьць ўзроку вачэй
Пала мацеры ў твар…
Пацалунак — быў дар
Ды падзяка старой…


Сьледам — урочаны час! —
Ляжаў мёртвы яе
Апанас.

Вількамір-Пецярбург, 1912—15