Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Вакола і ўдаль/Бежанцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Браты-дубкі Бежанцы
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Поэта, маці і муза
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бежанцы (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЖАНЦЫ

Перайшоў-перабег над старонкай маёй
Нябывалы даўно, нячуваны віхор,
І заліў, як вадой, зямлю сьлёзкай з вачэй
І спугнуў-страсянуў больлю нутрыны гор.
Як дарожкі вядуць — быццам ралкі бяроз —
І сюды, i туды, удаўжкі, папярок —
Ад зямлі да нябёс — лёскат дробных калёс,
Цяжкі енк аддае ад зямлі да аблок…
Паглядзіш — доўгі цуг… густы сум давіць твар,
У сяродку, у душы, нязвычайны спалох…
І людзей і жывёл, як на небе тых хмар,
Што пусьціў пагуляць, разгнявіўшыся бог.
На людзях адабіт дзікім выглядам страх
Крокам спутным іх лёс ў пуць няверны жане,
Кроў застыла з пяском на мазольных нагах,
Адраньцьвела істота ў пякельным агне…
Што прайшлося — ў мамэнт вышла з памкі зусім…
Ды нашто азіраць калюшковую пуць?
Хай зьядае агонь хаты цёплыя, ім
Трэ‘ забыць пра той час іх вярнуць…
Там ня хаты адны — там і гумны стаяць,
Паміж хатак садкі, за гуменцамі луг;
А ‘шчэ далей, за луг — там дубровы наўкруг
Апінаюць наўкол, як вянком, сенажаць
І раўчук ліпняку ды лазінкі над ім —
Палатно разаслана, бы стужкі, ляжыць;
З перапугу забыт — ды няведама кім,
Андарачак стары ля дзядулі злажыць…
Ай, даволі казаць, — даражэй, бач, няма
Той краіны, дзе жыў, гадаваўся і рос.
Дзе іграла вясна, дзе трашчала зіма,
Дзе маленькім гуляў пад цянямі бяроз, —
А патом, што-ж зрабіць, — хто жывы — пакідай…
І пашлі: з мужыком побач конь, а кароўка — з дзяцьмі,
Без яды, без надзей ды ў няведаны край,
Ад краіны сваёй, Беларускай зямлі…
Рэжа душу так жаль… Хто-ж ня знае ўсяго?
Нават ў рыку кароў, ў рагатаньні канёў
Чутны водгук нямы, водгук страху таго,
Што навалай ліхой на краіну зышоў…
Паабапал дарог нівы ўбрана ляжаць,
Дзе пад жытам яны, а дзе жоўтая яр.
Ой, шчасьлівенькі той, хто іх будзе зжынаць,
Гэты працы свой плён — неацэнены дар…
Хто хацеў, хто чакаў, каму трэба было
Зварушыць, скалыхнуць хлебаробаў спакой?
Каб жыцьцё наўсягды ад яго адняло,
Чым дарожыць ў жыцьці ён, чым цешыцца той…
Ўсе пашлі ад гумён, ад палосак, плугоў
Па дарожках крывых, цераз рэчкі й лясы,
Пагублялі дзе хто, і сясьцёр, і братоў,
Як часамі снапы губяць так каласы;
Тут дзядуля, тут сын — пахавай і забуць,
Бо ці пройдзеш калі ўжо сюдэма — наўрад…
— Но-о, Гнядая, сьпяшы, дзе канчаецца пуць?
— Саламея, маўчы, не глядзі ўжо назад“…


∗     ∗

Цёмны Нёман, ад сьлёз не хвалюйся крапчэй;
Абмываеш крывёй берагі ты свае…
Там ля Коўны ў цябе Вільля ціха ўцячэ
І крыві, і сьлязін яшчэ больш уліе.
Промень страшны агню ад Прыпеці к Дзьвіне —
Стараны мае рэчкі адбіцьце ў вадзе,
Хай патомак загляне ды іх пракляне,
А аб шчасьці людзкім рэч сваю павядзе…
Нам судзіў цяжкі лёс жыць ў ліхія часы,
Працярпелі ўсяго, больш ня будзем цярпець!
Пачнем з вераю жыць, што калісь будзем мець
Долю шчасную й жыцьце паўное красы…

Пецярбург, 1915