Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Вакола і ўдаль/Браты-дубкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьвітаньне Браты-дубкі
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Бежанцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Браты-дубкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БРАТЫ-ДУБКІ

Я знаю у полі двух родных братоў —
Зялёных, кудравых і сьвежых дубкоў.
Растуць яны тама абняўшыся ўдвух
На вузкай мяжы, дзе канчаецца луг,
І цягнуцца к лесу палоскі шнуркоў
Убогай зямелькі братоў-мужыкоў.
Халоднай зімою пад сьнегам адны
Снуюць і гадаюць завідныя сны,
Абняўшыся шчыра і шчыльна ўдваіх.
А вецер халодны бушуе ўкол іх
Ды плача мяцеліца ў віхры ліхом,
Зьмятаючы гурбы ад сьнегу кругом…
І ціха, так ціха на мілі ўвакруг,
Як быццам жыцьцё ўсё скавана ў ланцуг,
Ні голасу песьні нідзе ня чуваць…
Так цяжка дубочкам зіму зімаваць.
За тое-ж як вецер павее вясны,
Дык радасьці буйнай нап‘юцца яны,
І ў променю сонца гамоняць аб тым,
Што жыцьце ізноў усьміхнулася ім.
А ветрык іх трэпле галінкі цішком,
І шэпча-гамоніць дубочкам аб том,
Што ўжо прамінуліся чорныя дні,
Што сьветла і волі міргаюць агні…
Дубочкі-ж сьмяюцца умільна ў адказ.
І рады, так рады, што цёплы стаў час…
................
Бы гэты дубочкі, з табою мы, друг,
Халоднай зімою скаваны ў ланцуг,
Ў туманах абвіты наўкола густых,
І шчасьця ня бачым хвілінак сьвятых.
Ці зьявім калі маладыя мы сны,
Прыдучай да нас залатое вясны?
І ветрык ці скажа прынадным дзьмухом,
Што вольна і нам ўпіцца шчасным жыцьцём,
Ці вечна ў туманах блудзіць будзем мы
Нядолі і гора сібірнай зімы,

Капыль, 1912