Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/IX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З сказаў буры і віхораў Адплата пану
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Дзед
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адплата пану.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IX
АДПЛАТА ПАНУ

АДПЛАТА ПАНУ

(З часоў паншчыны)

I

Там, дзе стромкія бярозкі,
Сіднем селі хаткі вёскі.
Каля вёскі, — выган роўны,
А за выганам — загоны.
За загонамі — лясок.
За ляском за тым ускок
Лез у неба, лез да зорак
Адзінокі стромкі ўзгорак,
А на узгорку — роўны пляц,
Дзе свяціўся дом-палац.
Нібы злое бяльмо-вока,
Той палац бялеў здалёку.
Жыў на ўзгорку на крутым
Пан сляпы ў палацы тым.
Людзі скардзіліся надта
На благога пана-ката.
Не за цяжкую работу,
Не за вечную турботу,
А за іншы, горшы здзек
Слязмі плакаў чалавек.
Не мазоль людзей палохаў,
Не ад працы бедны вохаў,
Не ад горкае нядолі
На шырокім панскім полі,
Не ад крыкаў цівуноў,
Не ад свісту бізуноў. —
Бо на панскіх на загонах
Так-сяк звыкліся з прыгонам,
У хацінах курных цесных
Часам цешыліся песняй;
Песня ймкнулася ўгару
На высокую зару,
І адтуль чырвоным птахам
Біла крыллямі аб дахі:
Зыкі брызгалі яскрава
На абшары, на дубравы. —
Дзеі горшыя былі,
К ім прывыкнуць не маглі:
Вочы панскія сляпыя,
Як ражонішчы, страшныя,
Бедных рэзалі-калолі
Аж да страшнага да болю:
Той сляпы, той панскі зрок
Пранікаў людскі куток
І даводзіў да дрыготаў.
Адпадала і ахвота
Жыць на свеце — бельмы пана
Аж да вечара ад рана
Ўсіх калолі як сукі,
Як сталёвыя цвікі:
Пан сляпы, а заўжды знае,
Дзе дзяўчына маладая,
Дзе красуня-маладуха, —
Да яго даходзіць слуху.
Да сябе з вясковых хат
Згоніць пан усіх дзяўчат;
Корміць мясам, поіць мёдам,
Кружыць гучным карагодам.
Граюць скрыпкі і басэтлі
На ігрышчы панскім гэтым
Дзень за днём, за ночкай ноч,
Ажна іскры сыплюць з воч.
На благія жарты-кпінкі
Пан ім ладзіць вечарынкі.
Ён у шумным карагодзе
Страхаццё на іх наводзіць,
Бо іх мацае рукой:
Робіць спробы над красой.
А каго з іх спадабае —
Застаецца пасля балю…
Быў тут сведкай слёз і стогнаў
Бедны стараста прыгонны.
Ён зганяў сюды дзяўчат.
Воля пана — то не жарт.

II

Раз пад вечар громка, строга
Кліча старасту старога
Пан сляпы к сабе ў камору,
Кажа: „Во якраз у пору
Ты прышоў! Наладзь гульню,
Знаеш, так, як я люблю!
Калі не, дык закатую,
Галаву здзяру пустую!
Пасяку цябе на мяса —
Маім выжлам на каўбасы.
Мой фурман на гэта зух, —
Выб‘е твой мужыцкі дух!“
Мужычок стаіць, трасецца:
„Дзе схавацца? Дзе тут дзецца?
Заклююць, з‘ядуць сяляне,
Мне жыццё пякельняй стане.
Вось паганства, вось брыда,
Проста гора ды бяда!“
Вышаў стараста з пакояў.
Над зямлёю зорак роі
У сінявых у пасцелях
Люду штось казаць хацелі.
Во-во скажуць слова, сказ,
Шэпнуць люду ўніз хоць раз…
А над гаем над хваёвым,
Пад абшарам пад сталёвым
Ціш вісела ільдзяная,
Ціш смяротная, нямая;
Жудзь дрыжэла на палях,
На цяністых пустырах.
„Гэй, нябёсны божа, дзе ты,
У рызах вогненных адзеты?“
„Дзе ты?“ — водгалас гавора
На шырокім на прасторы.
„Дзе ты?“ — кажа цёмны бор.
„Дзе ты?“ — крык плыве да зор,
„Што-ж ты бедных не ратуеш?
Ці не бачыш? Ці не чуеш?
Мы-ж папоў тваіх паілі,
Мы-ж ксяндзоў тваіх кармілі,
Мы-ж маліліся шмат год
Да хмялення, да хрыпот…
Мы падлогу білі лобам,
Святкавалі свята добра.
Ў нашых хатах у старых —
Малявідлы ўсіх святых.
Пад мядзянымі званамі
Чорнарызнікі над намі
Жартавалі ў тлустым целе,
Вартавалі нашу цемру.
Гулка бомкалі званы,
Ці не хлусілі яны?
Мо‘ усё выдумкі і глумы?“ —
Так старэнькі думаў думу.
А нябёсныя пустоты
Навадзілі на маркоты…
Дзед пусціўся нацянькі,
Дзе луналі аганькі.
Нібы страхі-чорнарысы,
Нібы кнігі-летапісы,
Хаткі-труны, хаткі-цені
Смалякамі ўсе мігцелі.
Пад нагой квахтала гаць.
Дзед пачаў дзяўчат збіраць…
„Гэй, на згон-прыгон да пана!
Пабалюеце да рана!
Хто шкадуе сваю цноту,
Дык бізун паддасць ахвоты!
Падбярыце, дзеўкі, хор
І да пана сыпце у двор!
У святочных у намітках,
У суконных новых світках,
У гарсэціках, каралях
Трэба быць на панскіх гралях.
Гэй, у двор на згон-прыгон!“
У адказ ён чуе стогн
Ён ідзе ад хаты ў хату.
Крык і плач. Усе дзяўчаты
Ў хмызнякі кусты наўцекі
Ад такой гульні-пацехі.
Шмат страхоцця, шмат жуды.
Дзе ратунак ад бяды?..

III

У палацах пан сярдзіты,
У атлас увесь абвіты,
Ловіць зыкі, слухам сочыць,
Жмур і жмур сляпыя вочы,
То не вочы — смерць вачэй,
То сляпы агідны змей.
А музыкі ў гулкай залі
Ладзяць скрыпкі і цымбалы.
Вось прыносяць пачастункі —
Рознай ежы, розных трункаў.
Сыплюць лёкаі слаўцы,
Сыплюць градам малайцы.
Скрыпы, рыпы, шэпты, піскі
Па кутках далёкіх, блізкіх.
Чэлядзь панская па модзе
Валаводы валаводзіць.
Што не йдзе сюды хутчэй
Гурт сягоняшніх гасцей,
Пан рукой сваёй варушыць,
Ўвесь ён — слух, увесь ён — вушы.
Адкідае, як лупіны,
Шэпты слугаў, іх вазніну,
Ловіць шолах са двара,
„Што не йдуць? пара… пара…“
Разважае ён паволі,
Прыслухаецца ён болей.
Слух, як шпілька, навастроны.
Ўсе магчымыя законы
Праступае яго слух,
Як нялюдскі нейкі дух.
Ў яркасць дня, у цемень ночы
Пану слух — другія вочы.
Не пабачыць — слухам возьме.
Не дасць пудлы пан вяльможны.
Ён сляпы, ды хоць-бы што —
Дзіўна чуе, як ніхто.
Вось, здаецца, тыя „госці“…
Пан на дзверы вушы гострыць.
Так, ідуць. І толькі двое
Увайшлі ў яго пакоі.
Злосць сваю ён перамог:
„Гэта рух дзявочых ног!“
Крок саромлівы, пудлівы,
Неадважны, негуллівы.
Аксамітная дарожка
На сабе ледзь чуе ножкі.
„Маладзенькая, так, так…
Вось у гэтым — самы смак…“
Крок лапцей тут не да толку —
Коліць слух калючай голкай.
Пан злуецца: што за звода?
Хто ў лапцях тут робіць шкоду?
— Ты? мой стараста? Ну, ну?
— Дзеўку я прывёў адну…
— Ці-ж адну? Ой, дам гультаю!
— Спадабае пан, я знаю!
Уцяклі ўсе. Дай, пан, веры, —
І старэнькі — шмыг за дзверы.
А дзяўчына слёзы лье.
Пан бярэцца за яе…
— Дык чаго-ж ты? падыйдзі-жа! —
Кажа пан — ты пакажыся!
Я агледжу без прынукі,
Замест воч — я маю рукі.
Ацаню красу тваю,
Палюблю ці праганю. —
Прыцягнуў і — мац рукою.
— Пан, злітуйся нада мною…
— Бач і голас у дзяўчынкі,
То не голас — ручаінка!
Валасы твае, як пух,
Словам, стараста мой — зух!
Шчочкі гладкі — маладая.
Тварык — жар, то кроў жывая,
Мабыць чырванее цела.
Во халодная — збляднела…
Губкі пухлыя маўчаць,
Грудкі поўныя дрыжаць…
Пан ёй гладзіць рукі, плечы,
Штось балмоча недарэчы,
А яна глядзіць на бельмы
Злой, агіднай, дзікай шэльмы,
І нязнаны смертны страх
Б‘ецца ў тропаткіх вачах:
Пад схаванай панскай грозьбай
Скамянелі яе просьбы.
— Бач, як гнецца стан дзяўчыны,
Ты трасешся, як асіна…
Аб зубок стучыць зубок,
Ты не бойся, лебядок!
З галавы да ног агледжу
Я рукамі, як належа.
— Ой, панок, хай будзе досыць, —
На каленях шэпча-просіць.
— Ты чыё, дзіця маё?
— Дочка старасты твайго.
— То няпраўда! — кажа хтосьці, —
— То няпраўда, ягамосце!
Далібог, не доч мая, —
Кажа стараста, — твая!
(За дзвярыма прытаіўся,
Як не трэ‘ было — з‘явіўся).
Пан калісь і маю бабу
Да сябе ў пакоі вабіў.
Ты пакінуў тады ёй
Водслед похаці тваёй.
Гадаваў тваю дачку я,
І цяпер яе шкадую,
Так чыніць бясконца здзекі
Непрыстойна чалавеку.
У грудзёх тваіх цяпер
Вые, рвецца дзікі звер.
Пан, дастаў ты асляпленне
І на вочы, й на сумленне,
Вось цяпер на пана-ката
Надышоў і час адплаты.
Я ў граху табе служыў,
Я пакутаваў — не жыў.
Як дугу, ты гнуў мой карак,
Праз мяне ты знойдзеш кару. —
І дзяўчыну, дзед спакойна
За руку вядзе з пакояў.
Пан крычыць: „Сюды! Гайдук!“
Будзе старасту каюк.

IV

Восень. Цемрадзь. Ноч сляпая,
Вельмі ціхая, глухая.
Спіць палац у жудкіх чарах,
На нябёсах хмар атара.
У ваўнянай паласе
Патанулі зоркі ўсе.
Цьма сляпым бяльмістым вокам
Абхапіла свет шырокі,
Загуляла з цішынёю,
Паплыла над шырынёю,
Ўсе запоўніла куткі,
Пустыры і хмызнякі.
Чуць шапталіся бярозкі.
Спала поле, спалі вёскі.
Сон з дрымой удвух луналі
Па-над змрочнай, немай даляй,
Сажу сеялі уніз
Сярод хатак, сярод хмыз.
Што за крыкі апаўночы?
Мо‘ каго хто рэзаць хоча?
Чаму неба заквітнела?
Чаму глеба счырванела?
Што за ночны нейкі сход?
Куды ймкнецца так народ?
Панскі ўзгорак грае, ззяе:
Вечарынка агнявая.
Нібы сонцам асвятлёна,
Цветам пышным аздаблёна.
Панскі дом на той гары
Як-бы ў водблеску зары.
Як удзень, уночы светла, —
Гэтак цёпла, гэтак ветла,
Варна, нібы сярод лета.
Што за дзіўная прымета?
Панскі дом блішчыць, як жар, —
Гэта бухае пажар…
Асталіся там на ўзгорку
Толькі печ і падмуроўка,
Да апошняй галавешкі
Спапялілася ўсё рэшта.
І загінуў пан благі
Ў тым пажарышчы-агні.
А назаўтрае па вёсках
Пайшла чутка-пагалоска,
Нібы стараста з дачкою
Ўночы панскія пакоі
Падпалілі, уцяклі,
Бо нідзе іх не знайшлі.
Вельмі скора, вельмі хутка
Гэта спраўдзілася чутка,
Як агонь пайшоў гуляці
Над суседнім над палацам,
Як маёнткі паміж сёл
Пагарэлі ўсе вакол.
Доўга помнілі сяляне
Той палац сляпога пана,
Яго жудасныя балі.
І паны не забывалі
Цэлай панскай грамадой
Дзеда-старасту з дачкой.

Менск, 1918—1922 гг.