Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/X

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адплата пану Дзед
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Госць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзед (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




X
ДЗЕД

ДЗЕД

I

У вянок убіраецца восень,
У вянок з ацвярдзелых лістоў,
І пільнуе сякер адгалоссе,
І вандруе між дрэў, між кустоў.

То дажджом пачне плакаць на рэчцы,
Безупынным, драбнюткім, бы шрот;
То праменнем на небе ўсміхнецца,
Абалье яркім сонцам чарот.

Гляне сумна на цёмныя ўзгоркі,
Кіне вокам на поле, лугі,
Завядзе між сасонак гаворкі,
Затрасе на балоце стагі.

Па гасцінцы жабрачкай кульгае,
Штось шапоча на сон іржаню;
Пад акном ваўком шэрым мільгае,
З азяродам вядзе калатню.

Нібы кот, драпяне акяніцу,
У завэндзаны комін зірне;
Запяе, загалосіць начніцай,
Пук саломы з страхі скубяне.

Туманом апранае фальварак,
Нібы ў шэры, вільготны кажух,
Варанне падбухторыць да сварак,
Вырай птушак спляце у ланцуг.

Зробіць зыбку з асвера над студняй,
Закалыша туды і сюды,
Завядзе свае спевы марудна,
Хоць давіся ад гэткай нуды.

Восень ценем палохае, труціць
Адзінокія мутныя дні;
Кожны раз жменьку хвіль яна скруціць;
Ноч раней затуляе лугі…

Ноч расце і расце, нібы казка,
Цёмным ценем між стромкіх барын.
Сябру дню уступае, як ласку,
На жыццё надта мала гадзін.

II

І гудзіць малатарня на доднік,
Коні шчыра пільнуюць свой круг,
І драцянкай фарсіць малы шкоднік, —
Абарваны свавольнік-пастух.

Як загойкае грозна і злосна,
Як тыркне пугаўём пад аброць,
Дык аж коніку робіцца млосна,
А дагэтуль ішоў самахвоць.

То паправіць хамут гаспадарна,
Раптам лейцы без толку рване…
„Галапуп! — хтось крычыць, — што так марна?
Не кіруе, а толькі псуе!“

У таку малатарні у губы
Снапы сам падае гаспадар.
Аж скрыгочуць сталёвыя зубы,
Паядаюць і жруць глебны дар.

Падавайце шыбчэй без спачынку —
Звядуць торпу збажыны цалком.
А зярняты мільгаюць пад скрынкай
Залацістым, жывым ручайком.

Дзеўка віламі ўверх падкідае
Саламяны скалмачаны пук:
Мо‘ збажына схавалася тая,
Верыць нельга-крадзецца з-пад рук.

А за ёй гаспадарава жонка
Прабівае салому ямчэй.
І журчыць, як крынічка, гамонка,
Ідзе праца хутчэй і хутчэй.

III

Дзед граблямі гартае з зярнятаў
То саломку, то жмут каласоў;
А ён сам у саломе калматы,
Мужычок старадаўніх часоў.

Захадзілі ў яго раптам грудзі,
Як на зло, граблі выпалі з рук,
„Што тут будзе далей? Што тут будзе?
Звар‘яцеў мой сыночак Лаўрук“.

„Звар‘яцеў, як вярнуўся ён з лесу,
Скуль на шляхту ішоў з грамадой.
Нешта ў голаву смешнае лезе,
Жэніць глупства з падумкай дурной“.

„Сквапным вокам глядзіць на комуню,
Хваліць новы парадак і лад.
Свой язык вечна муліць і муліць,
Ці пацягнеш сыночка назад?“

„Бярэ сполах, як глянеш на ўнучку,
Стала нудна ёй тутака жыць.
А бажніцу назвала анучкай,
З айцом-богам пайшла на нажы…“

„Скуль у парабка пыха такая?
Язычок у яго скуль такі?
Ён туман мне у вочы пускае,
Не йдзе роўна — а верне ў бакі“.

„Як Спалком падарыў стары хутар,
Дык жыві, багацей і сыцей,
А яму захацелася гуртам.
Вось знайшоўся такі грамацей!“

IV

Стары думае горкую думу,
Смокча люльку, дыміць і дыміць.
Раптам крыку наробіць ён, шуму:
„А што дзеўка без дзела стаіць?“

„Не да смаку, мабыць, наша праца,
Не ў спалобу ржаны каласок?
Не зявай, маляваная цаца!
Далібог, дам граблямі пад бок!“

„Ты зрабілася паняй вяльможнай,
Як у горад вучыцца пайшла?
Без цябе абыйсціся тут можна,
Можаш смела ісці, скуль прышла!“

Вось унучка заплача, здаецца,
Круглы тварык гарыць, нібы жар,
І спрытней за работу бярэцца,
І спяшыць, бы забухаў пажар…

Рупнасць вырасла з новаю сілай,
Граблі, вілы свой зык завялі;
Да работы вялікая міласць
У грудзях забуяла сям‘і.

Рос імпэт, аж завыла салома,
Закружыла, бы рой лясных пчол;
А да працы ніхто з іх не зломак,
Ажна сцены дрыжаць навакол.

Ловіш рытм кемных рук у паветры,
Проста дзіва, як граблі трымцяць;
Граюць вілы, спяваюць пад ветрам,
Хусткі баб мігацяць, мігацяць.

Цела гнецца рухава, упарта,
Разыгралася, рыпае косць;
Зніклі кпіны, адкінуты жарты,
Вока сыпле і строгасць і злосць.

Стог саломы расце на гумнішчы,
Жыта рэчкай плыве і плыве.
Малатарня тарпу скора знішчыць,
Да астатку яе глымзане.

Хадыром ходзіць стары будынак,
І дрыжыць пашурпачаны дах, —
Такі шум, такі тлум — быццам рынак,
Аж кругі мітусяцца ў вачах.

Проста люба глядзець, як работа
У руках гарапашных кіпіць.
Тут і цяга да працы, ахвота, —
Любяць працу, як есці, як піць…

V

А газніца стаіць на драбіне,
Воўчым вокам глядзіць на людзей;
І здаецца, буркне зара з кпінай:
„Хоць бы кончылі працу скарэй!“

У адказ раптам шась — стала ціха,
Нібы д‘ябал упутаўся сам;
Чутна лаянка дзеда: „Вось ліха,
Стары пас, стары пас папалам!“

Гэты пас мужыку быў назолай,
Вечна рвалася старая гніль;
На вяку сваім пас вакруг колаў
Шмаргануў не адну сотню міль.

А цяпер стары пас толькі шкодзіць,
На цярплівасць людзей вядзе гарт;
Рапаруй яго — ён валаводзіць,
Цёнгля рвецца наўмысне, на жарт.

Хоць гадзіцца ён толькі на дзягі,
На падшыўку к атопкам старым, —
Гаспадар да яго мае цягу,
Налажыў на яго свой „хэрым“.

Стары пас толькі латай і латай,
На яго сваю скуру хоць здзень.
Няма грошай, бядуе араты,
Адлажы малацьбу на ўвесь дзень.

VI

Шчыра пот выцірае сямейка
І дахаты ідзе на спачын.
На гумнішчы жалобіць жалейка, —
Пастуха абавязак і чын.

Ускарабкаўся ён на каняку,
Нібы смоўж да апенькі прыліп;
Зняць хамут і забылі, — знявага, —
Клешчы старыя водзяць свой рып.

Голаў конь уніз хіліць, варушыць
Да халоднай пахучай расы,
Хамут з‘ехаў на самыя вушы
І кудлаціць і рве валасы…

Лейцы путаюць ногі у петлі,
Ў бруднай лужыне мокнуць аж — грэх;
Прысядае каняка басэтляй,
Як глядзіш на яго — бярэ смех.

Раптам сучка завыла пад бокам,
Нібы зараз каня з‘есць жыўцом;
А каняка не міргае вокам,
Рупна корміцца цвёрдым сіўцом.

Водзіць хлопец тым часам тры ноты,
Талялюкае ён узапар.
Галасней паўтарае з ахвотай,
У пузыр аж надзьмухае твар.

Салавеюць блакітныя вочы,
Забывае сябе ды ўвесь свет.
У таку у гэты час хтось мармоча,
Злосна венікам шморгае дзед.

VII

Стары вечна работу знаходзіць,
Бо заўсёды яе проста цьма;
Вечна тупае, ходзіць і ходзіць,
І памерці на‘т часу няма.

Кучу жыта шаруе, шліфуе,
Пачынае мятлою мясці;
На язык часам зерне спрабуе,
Адкідае пылінкі, асці.

І на збожжа зірне без дакукі,
І кіўне галавой кожны раз:
„Мазалі хоць скалечылі рукі —
Умалотнае жыта у нас!“

„А чысцюткае — проста на дзіва,
Гарфаваць і не трэба, дальбог!
Без званца і ядрона да мліва, —
Будзе белы ў нас хлеб, як пірог“.

Але радасць асела на месцы,
Ашчавеў браджатлівы язык:
„Без мякіны хлеб прыдзецца есці?!“ —
А да гэтага дзед не прывык.

„Без мякіны… Ды гэта-ж распуста!
То-ж ашчады не будзе ніяк!
Без мякіны… Кяпство гэта, глупства,
Без мякіны хлеб страціць свой смак…“

Дзед правёў па бакох спрытным вокам:
„Каб не ўгледзеў, часамі, сынок…
Не стухлее дабро ад урокаў,
Як прыбавіцца лішні пудок…“

І давай шуфляваць зноў да кучы
І пазадкі й мякіну назад:
„Усёроўна хлеб будзе пахучы,
Смакаваць будзеш, рад ці не рад…“

„Шмат спарней будзе хлеб наш з мякінай,
Не праколе, як шыла, кішку.
Парасцёртую разам з збажынай
Я глытаў яе шмат на вяку“.

„А мякіна у хлебе не шкодзіць,
Не зашкодзіць і франтам маім“,
Аднак дзед аглянуўся, як злодзей
Пры учынку агідным сваім.

VIII

Сам з сабою дзед ціха гамоніць,
Нібы гутарку з духам вядзе;
Так сумленне і гонар бароніць,
Сваю казку жыцця так пляце.

Улюблёна глядзіць ён на жыта,
Зморшчыць лоб у гармонік стары;
Нібы сэкрат тут нейкі зарыты,
Тастамэнты мінулай пары.

І не скеміш, не сцяміш, не злічыш
Тоўсты жмутак працоўных гадоў.
„Бог святы, ці яшчэ павялічыш?
Ці не годзе ужо, ці не до́?“

„Хіба мне, бадай, не давядзецца
На вясну ды з сявялкай гуляць:
У грудзях штосць хрыпіць і, здаецца,
Хутка кіну людзям дакучаць…“

„Ці так будзе, як бае унучка,
Мне хацелася б ведаць і знаць.
А памерці цяпер так нязручна,
Хоць яшчэ мне пажыць гадкоў з пяць…“

Вось зірнуў ён убок на газніцу,
Мільганула і згасла яна.
А на небе красуе зарніца,
Адбіваецца ў шыбах акна.

А на небе малюнкі і фарбы
Замільгалі, каб зрок паланіць.
Як-бы нейдзе далёка пажар быў,
Як-бы нейдзе дымілі агні.

І чаго ты, чаго не пабачыш
У багатых у фарбах у тых:
Хмарак воблікі пераіначыш
У сямейкі істотай жывых.

Там на глебе агнёвых калёраў
Буйны мак крышталёвы цвіце;
Там, апрануты ў яркія зоры,
Волат лапці з праменняў пляце.

Кожны лапаць — вялікі, як хата, —
Пурпуровым світаннем мігціць.
А вакол гэтак пышна, багата
Срэбны, казачны замак стаіць.

Там у сажалках яркачырвоных
Качкі белыя ціха плывуць.
На бліскучых, прасторных загонах
Тры музыкі сівыя ідуць.

І глядзяць на усход, там дзе слонка
Мігаціць, як вуглёвы арэх.
На купінах варожаць сасонкі
І бялеюцца ў хмарах, як снег.

IX

Раптам хмары з нябесных аблогаў
Паплылі на край неба, на бор.
Бы загад выпаўняўся тут строгі —
Зрабіць вольны блакітны прастор.

Велічэзнай празрыстаю міскай
Неба ціха лягло на зямлю;
Нібы маці над кволай калыскай
Шапянула дзіцяці „люблю“.

На платох тчэцца шоўк павуціны,
І кудзеліць над хаткай дымок;
Пад акном млее чырвань рабіны. —
Будзе слаўны, пагодны дзянёк…

„Баб'е лета“ аздобіць шыр ніваў,
Закрасуецца сонца ярчэй…
Утаропіць на рунь-зеляніву
Міліёны лагодных вачэй.

Пазалоціць дубы на гародзе,
Прыгалубіць кудравы гушчар;
На лістоў дыване ў карагодзе
Будзе шастаць на цэлы абшар.

Пакуль шэрань засрэбрыць сівізнай
Абамлелай зямлі кожны крок,
Пакуль лес апранецца ў бялізну,
Пакуль рэчку абхопіць лядок.

X

Вось зарыпалі хрыпла вароты,
Дзед зірнуў на гумно, на хлявы.
„Трэба сёнейка вымазаць боты —
Пацвярдзеюць ад мокрай травы!“

Як угледзеў хлапца, крыкнуў строга:
„Што галуздаеш, шэльма, псякосць?
Быдла ў хлеве стаіць, бойся бога,
Ты бакі абіваеш, як госць!“

І паплёўся старэнькі дахаты
Растрывожаны, злосны такі.
„Неяк пахне ад печы занадта,
Мабыць Наста пячэ праснакі“.

„Да кармежкі мае вельмі рупны,
Не сняданне рыхтуюць, а пір;
Ўсё адразу пажруць неадступна,
Гаспадарку ўсю пусцяць у вір“.

„А з‘ясі хоць вала і карову,
Дык за гэта ўсё гонар адзін!“ —
І насупіў калматыя бровы
Старасвецкі дзядок-селянін.

„Ну няхай! Я ўжо выпусціў лейцы,
Хай сынок гаспадарыць! Мне — што?
Як унук на яловай жалейцы,
Пралюлюкае лёс нізашто!“

„Увесь пот, каб іх няньчылі голых,
На кішку прапускаюць яны!
Сабяруць галадранцаў вясёлых
І ядуць з верашчакай бліны!“

„А каб грошы гарусціў мой Янка,
Гэта-ж — фэ! — грош мазоліць яго!
Гэткіх дзетак хай спаліць маланка!“ —
І дзед плюнуў ад сэрца ўсяго.

XI

Азірнуўся дзядок на дзядзінец,
Кінуў вокам на свіран стары:
„Прызапасілі новы гасцінец,
Загавееш душой без пары?“

„Дзе прапала сякера з-пад ліпы?
Хоць бы латаў цяпер частакол!“ —
І ад дзедава гнеўнага крыку
Разляцеліся куры вакол.

„Дзе прапала сякера? Гэй, чэрці!“ —
І пайшоў на дрывотнік шукаць.
„Кожны дзень ад іх можна памерці,
Каб іх зыбала чортава маць!“

І ён поркаўся ў трэсках, у кучах,
І рукамі галішча капаў,
І хрыпеў на смяцці, на анучах,
Нібы скарб тут багаты шукаў.

Вось знаходзіць сякеру нарэшце
І давай узірацца, глядзець,
Ці сядзіць тапарышча на месцы,
Ці не выскачыў клін, як шальмец.

Вастрыню пазурамі прабуе
І ківае сівой галавой,
На дзядзінец увесь ён гвалтуе:
„Гэта-ж проста загуба, разбой!“

„Крымінал! дзе падзеліся людзі?
Гэй, сюды, акаянцы! сюды!
Гэта-ж свет такі грэх не забудзе!
Нарабілі тут процьму бяды!“

Нібы двор аблягло пажарышчам,
Бягуць з хаты усе на садом.
„Гультаі! пашчарбалі лязвішча!
Хоць ты лезь на сякеру вярхом!“

Дзед пытлуе сям‘ю і пілуе,
Бярэ ўсіх на цыгундар страшны:
„Хто вам, погань, праступ падаруе!
Злыдні! нечысці вы! груганы!“

А сямейка маўчыць — вінавата,
Толькі кплівасць і смех лезе з воч.
„Ды ці варта злавацца так, тата?
Потым будзеш хрыпець усю ноч“.

Так адважыўся сын пікнуць слова
І паклікаў у хату сям‘ю.
Хоць дзядоўскія крыкі няновы —
Надакучылі вельмі яму.

Менск, 20/XII 1921 г.