Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У Ясных Крушнях З сказаў буры і віхораў
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Адплата пану
Іншыя публікацыі гэтага твора: З сказаў буры і віхораў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII
З СКАЗАЎ БУРЫ І ВІХОРАЎ

З СКАЗАЎ БУРЫ І ВІХОРАЎ

I

… Го-го-го…
Посвіст рэжа пушчу:
… Ф-ф-ф-ю-ю-у…
Ў апавітках ночнай сажы
З смаглаю журбою
Коціцца, паўзе па аксаміце лесу
Пошчак-рэха.
… Го-го-го…
Нехта звар‘яцелы
Голаў б‘е аб хвоі.
Скрабе плячом аб шурпаць жорсткіх пнёў
І свішча, свішча:
… Ф-ф-ф-ю-ю-у…

А пушча
Вілаватымі асілкамі,
Як той агромны ачарот,
Дрыжыць,
Дрыжыць,
Дрыжыць.
І шолах лье такі,
Як быццам на чыгун гарачы,
Дабела раскалёны,
Пырскае халодны град крапінак:
… Ж-ж-ж-ж…
Так бор гудзіць.

Тут гладкі быў абшар зямлі,
Як велізарны плех.
А з далечы прастораў і часоў
Імкнулася сюды, бы шквал сталёвы,
Няведамае племя,
Калюча-кудрае, віхрастае
І дзіка-воўчае.
Нахлынула, нарынула на веча-сход
Сторукае, стоногае
Няведамае племя.
І раптам —
Анямела, ацвярдзела,
Мохам абсцілалася,
Смалою абруштынілася,
Засталося навекі-вечныя стаяць
У пушчу-лес;
У лес з ваўкамі, ягадамі і грыбамі,
З казкамі дзядоў,
З труканнем бяроставай трубы
Дзівацкіх пастухоў.
А мо‘ не лес —
Коміны падземных фабрыкаў
Вылезлі, як дудкі, ўверх з глыбі
Пячэр агнёвых, з падзямелля,
І свішчуць,
Свішчуць.

То пальцы два
Ў губу ўлажыў малойца новы,
З новай казкі —
Засвістаў.
Выскачыў з бярлогі сумны воўк,
Ад голаду сухі, бы корч,
І бразнуў фосфарам вачэй
У хмельны цемень лесу.
Іскравіў голадам, самотнасцю
Вакол.
Паджаўшы хвост
І апусціўшы нізка морду,
Воўк сунуў між пнёў —
Апрыкрыла яму „цю-га“ людское.

II

Як даўны сын гушчару,
Які трымаў у страху
Магнатаў і князёў
І бараніў сярмяжны люд,
Так і цяперашні паўстанцаў атаман —
Янка Віхрабурны —
Хлопец з вёскі,
З буйнаю сям‘ёю дзецюкоў
Палохаў тых,
Хто сюды прышоў з Пазнані і Варшавы
Панаваць.
Белыя былі арлы ў паноў на шапках,
Багнеты і нагайкі — у руках.
Матка боская з ксяндзамі — у хвасце.
Беларусь ад іх стагнала стогнам.
Беларусь апранута была
Ў пажарышчны бурнос паўстанняў.
А кіпці белапанскага агіднага арла
Ірвалі яе грудзі,
І сэрца трэпетнае
Скублі на жылкі-ніткі.
… Што рабіць? —
Завойкаў люд па вёсках, —
… Што рабіць?
Дзе воі нашыя?
Дзе нашыя чырвоныя саколы
З зоркай на шаломах,
З бурай вольніцы ў грудзях,
З полымем штандараў
На штыках?
Дзе воі Леніна?
Дзе?
— Тут! —
Гукнуў Янка Віхрабурны, —
Мы самі — ўсе па вёсках!
Хлопцаў грамада адзін ў адзін!
Ідзем у цёмны лес!
Чырвоны певень загуляе па маёнтках!
Зрываць будзем масты!
Як звяроў, трывожыць будзем
Панскіх наймітаў труслівых!
Мы вытурым іх з Беларусі!
Наш курганны край задушыць іх жыўцом;
Апынуцца яны, як тыя мышы, ў студні.
Нам не арліхі дохлыя патрэбны,
А творчы і мазольны Серп і Молат!
Мы адваюем край!
Ён вольным быць павінен!
Вінтоўкі ўсе з заховаў павымайце!
Ідзем адваяваць жыццё!
На фабрыцы дагэтуль Янка працаваў
У горадзе, ён выведаў на сваіх плячах —
Адкуль на свеце ліха.
Бываў на сходках,
Кніжкі ён чытаў,
Вярнуўся ў вёску вольніцы байкар.
Вочы ў хлопцаў заблішчэлі.

III

Ноч і глуш
Спляліся між сабою.
Вандруюць, як разведнікі,
Між прысадаў векавых
У дзікай пушчы.
Над цёмнай шчэццю
Стромкіх дрэў
Вісіць над каркам сівай хмары
Яркамедны месяц.
Не месяц —
То, ў крыві карона,
Сарваная віхорам з галавы
Нязнанага бажышча.
Не месяц —
Чырвона-вогненнае сэрца волата
Блытаецца ў сумнай пустцы неба.
Не месяц —
Агромністая бурая лілея
Ў бяздонні шкла нямых пустотаў
Заквітнела.
А над борам
Па блакіце люстраў
Нехта рассыпаў вялікі коўш
Чырвоных, ядраных малін,
Пульхных, нібы вусны малалетак —
Зоркі.
Нехта рассяваў
Па вадзяністым шоўку
Зерняткі з рубінаў —
Зоркі.
Нехта тысяччу вачэй
Глядзіць уніз — у кудры бору —
І залатымі шпількамі
Коле пушчу.

Янка Віхрабурны
Толькі што прышоў у лес.
Прыдушаным авечым стадам
Ляжала воддаль вёска.
Часам даляталі стуль,
Бы спалоханыя птушкі,
Шумы-гукі:
Скрып варот,
Сабачы брэх,
Ні то гоман,
Ні то шэпт людскі.
Усё гэта лілося ў сэрца Янкі
Чароўнай музыкай,
Хмелем супакою;
Веяла яму ў вочы абразкамі
Гадоў даўно мінулых…

Абразок за абразком мігцеў,
Бы на заходзе сонца ззянне колераў.
Вось малы ён пастушок
З васільковым аганьком у зрэнках.
(Ў рэчку углядаючыся,
Ён заўсёды бачыў сам сябе,
Як быццам у люстэрку).

Старэнькі лысы дзед
З слязлівымі вачыма
Яму тады пры стадзе
Казак шмат апавядаў:
Пра ведзьмакоў, русалак,
Ваўкалакаў і разбойнікаў,
А больш за ўсё яму былі ў спадобу
Казкі аб асілках,
Што нарадзіліся ад зор.
Раслі асілкі тыя ў вокамгненне,
Высокія — бы хвоі.
З жалезнай булавою у сто пудоў
Пускаліся яны па свеце вандраваць,
Біліся з змяямі,
З чароўнай, цёмнай сілай,
З панскім войскам,
З панамі,
Што гаротны люд душылі на прыгоне.
У тых асілкаў:
За пазухаю — сонца,
Месяц ясны — на чале.
Дзед памятаў прыгон —
І жудасныя казкі-былі
Гаварыў малому Янку
Аб тым, што дзеялася
У маёнтках панскіх.
І кулаком старым сухім,
Пажоўклым, бы карэннем з-пад зямлі,
Трос стары ў бок маёнтка
Пана Скрыцкага,
Які здалёку белым дахам
Неба падпіраў.
Тады ў вачах патухлых дзеда
Палаў агонь…

З дзівам паглядаў малы Янка
На маёнтак панскі.
І доўга задумённы смутак
Яго вачэй палацы акрапляў…
Там…
Ў аксаміце, золаце і шоўку,
Гадавалася, расла
Панская дачка Марына —
Белая і пухлая дзяўчынка,
Як-бы сатканая з пуху
Снежнабелага, лябяжага…
А вочы… вочы…
Ласкавыя, мяккія.
Гляне —
Цёпла на душы малога Янкі робіцца,
Бы песня жаўранка шчакоча яму вушы,
Бы васілёчкі песцяць яго губы,
І цэлы дзень тады
Шчасцем быў ён сыт.

А раз…
Апрыкраў ёй.
Сабакамі яна яго цкавала,
„Хамам“, „быдлам“ абазвала,
Як доўга на яе здалёку
Ён глядзеў.
Ён пахаваў глыбока ў душы,
Бы у труне,
Пачуцце кволае.
Памёр яго дзіцячы бог.
І злосць яго ўзяла.
Ў „мужыцкім“ сэрцы
Нешта гордае і гнеўнае палала…
Як быццам раптам
Сярод ціхага і сонечнага дня
Пакрылі неба хмары,
Віхор пачаў круціць,
Маланка заіграла —
І горача і весела так стала.
Ён сам не знаў чаму, —
На Марыну болей не глядзеў.
Аднак-жа
Постаць гожая дзяўчынкі панскай
Ў яго грудзях жыла,
Атрутаю хмяліла яго думкі.

З пастушка зрабіўся Янка
Парабкам здаровым, стромкім.
Марына вырасла ў паненку.
І кожны раз, як ён яе здалёку прыкмячаў —
Успамінаў цкаванне.
І кожны раз расла і злосць
І гордасць.
І кожны раз, аднак, цягнула да яе…
— О, сэрца!
Сціхні ты, гадзюка, сціхні!
Не для цябе адроддзе панскае!
Каб загасіць агонь пякельнага кахання,
Янка уцёк у горад,
У незнаёмы горад.

IV

Горад…
Як калісьці ў дзяцінстве Янку вабіў лес,
Так яго пасля зачараваў вялікі горад:
Казка з каменя і сталі.
Горад
У зморшчынах глыбокіх, гулкіх вуліц,
У павуціне дротаў,
У рогаце машын,
У маланках — агнявіцах электрыцтва,
У хмельных скоках самаходаў і трамваяў. —
Нервовы і вар‘яцкі горад
Кіпеў жыццём.
Як мурашкі
На карчы у лесе,
Кішмя кішэлі людзі.
Што дзень злаваўся горад,
Бы асілак грозны.
Гэта фабрыкі, заводы
Крычалі ў неба,
Высунуўшы ўверх страшныя коміны,
Што чадзілі абшары вышыні
Туманна-шызым дымам,
Плявалі ў перламутравы, аблочны
Трон нябеснага тырана.
Грозным, гнеўным выкрыкам
Звалі фабрыкі.
Дрыжы, банкір і фабрыкант!
Свае хаўтуры чуеш ў гуку фабрык!
У бетонных курганах
Навекі ты заснеш.
Дрыжы!
Музыка, шампанскае, блудніцы.
І блеск кафе-шантанаў
Хай ліжуць твой распусны мозг,
Зацемраны агіднаю хваробай.
У сутарэнні сядзіць галодны твой нявольнік, —
У лахмоццях злосны,
З маланкай цёмнаю ў вачах,
З пракляццем у душы,
З матаршчынай на губах,
З сталёвым гартам у руках;
Ён сатрэ цябе з зямлі,
Ён створыць новае жыццё.

Янка на ліцейным доўга працаваў.
На сходы тайныя хадзіў ён часта.
Там грамаце студэнты навучылі.
Паразумнеў, чытаў шмат кніг.
Шырокі, вольны, сонечны абшар
Горда думкі засвяціў.
Вайна і Рэволюцыя.
І Янка добра ведаў,
Што такое пан і фабрыкант
І што рабочы і мужык-бядак.
Гардзіцца ён пачаў,
Што належыць да той сям'і людской,
Дзе „костка чорная“ пакрыта
Мазалямі творчай працы;
Да той сям‘і вялікай, братняй
На ўсім свеце,
Што будучыну, шчасце для людзей
З жалезнай сілай рве з рук
Пагніўшых і аджыўшых век свой
Багатыроў,
Якія хутка пойдуць у процьму
Тхлані, забыцця.

V

У гэтых думках-успамінах
Янка не прыкмеціў,
Як паўстанцы-хлопцы падышлі
Са стрэльбамі,
З харчамі,
З кулямётам.
Ажыла пушча…
Там гнёзды сабе хлопцы парабілі,
І выходзілі часам з пушчы
Жаўнераў панскіх, нібы качак,
Паляваць.
А Беларусь, як-бы капусным рабаком,
Кішмя кішэла шляхтай і панамі.
Край завыў
Галодны, ранены.
Музыка панскі бізуном іграў
Па „халопскіх“ спінах,
Забіраў дабро,
Гвалціў матак і дзяўчат,
Пажарышчы па вёсках узнімаў,
Расстрэльваў народ.

І помста полымем гарэла
У сэрцах партызан.
Усе адзін у адзін
Далі прысягу камандзіру
Змагацца за народ бядняцкі,
Трывожыць пана,
Знішчыць да канца.
А сведкаю была матуля-пушча.

Хто тры разы савою закугыкаў?
Хто будзіць пушчу сполахам паўночным? —
Малойцы Янкі знак даюць…
Чырвоны полаг неба.
Гарыць маёнтак панскі, як лучына.
І ноч успыхнула,
Прачнулася.

Спалохана чытае люд
Чырвоную прысягу
На аркушы мядзяным неба:
Помста,
Помста,
Помста —
За вёскі і за люд сярмяжны.
Гарыць маёнтак панскі.
Пажарышча рагоча, як вар‘ят…

VI

Гарачы летні дзень.
У пушчы цень і халадок.
Пахне ягадай, грыбамі
І смалою.
Лепшага няма на свеце,
Як у лесе — у глушы
Сядзець грамадай маладой,
Гарачай і адважнай,
І сполах навадзіць на тых,
Хто крыўдзіць люд гаротны.
У кожную хвіліну ты гатоў
Змагацца за жыццё,
Пайсці на смерць за ўсіх гаротных.
Ты нібы на працягнутым
Над бяздоннем дроце
Скачаш.
Упадзеш — і скончана усё.
Ты чуеш, што жывеш…
Нібы змейкаю у руках,
Смерцю і жыццём
Іграеш. —
Спакойна, з жартамі,
Палуднавалі хлопцы.
Раптам нешта шаснула ў кустах…
Прыбег разведнік:
„Пазнанцы акружылі лес!“
Ускочылі паўстанцы.
Стрэльбы ў рукі.
Усміхнуўся Янка.
Ведаў, што жаўнеры ў лес не пойдуць —
Пабаяцца.
А скуль дазналіся яны,
Дзе мы сядзім? —
То вынюхаў мой брат Лявон…
О, подлы… здраднік…
З даўных пор Лявон
Аконамам у пана Скрыцкага.
Гадоў мо‘ з дваццаць міскі ліжа панскія,
Як пёс.
Ён рассыцеў і панам сам зрабіўся.
Ён за паноў гатоў цяпер
На шыбельніцу ўзвесці
Не толькі ўсіх сялян —
І бацьку роднага.
Боль сумлення ў ім патух,
Як вугаль той у лужы.

— Здавайцеся усе…
Мо‘ вас памілуюць.
Акружаны вы тут
Жаўнерствам польскім.
З лесу шпілька не пралезе.
Ты звар‘яцеў, мой брат!
За што спаліў маёнтак?
Пан Скрыцкі-добры пан,
Вер брату роднаму —
Здавайся! —
Так соладка, так смачна гаварыў Лявон
З паўстанчай грамадой у лесе.
Пры гэтым выгляд у Лявона быў,
Як у святога.
Вочы — бы ў ягня:
Пакорлівыя, добрыя.
Сам гнуўся у бакі туды-сюды,
Як быццам без касцей ён быў.
І хітрасць, хцівасць вылезла наверх.
Лявон круціўся абаранкам,
Як пад карчом куслівая змяя.

А Янка — родны брат яго —
То бляднеў, то чырванеў,
Ён чуць стрымаў свой гнеў,
Уеўся пальцамі ў наган.
— Ты брат мне, кажаш, брат?
О, подлая гадзюка,
Хоць костка родная, —
Сабачым, панскім мясам
Абрасла…
Маланкі дзве блакітныя
Бліснулі грозна з Янкавых вачэй.
— Хлопцы! Плі!
Кашлянулі рэвальверы.
Лявон завойкаў, паваліўся.

VII

Мядовым сокам канюшыны
Пахне сонца.
Яно звініць-гудзіць
Жаўранкамі і пчоламі.
Залатыя, драцяныя косы сонца
У рэчцы замільгалі,
Зайчыкі яго на гладкім дне смяюцца,
Ў апракінутых уніз нябесах,
У люстэрцы з перламутру
З акунькамі срэбнымі гуляюць,

Заціснуты абапал
Сцяною жыта,
Возерам аўса
Жвірова-жоўты ўецца
Шлях.

У даль,
У даль,
У даль…
З прастораў хмельных,
Ярка-гучных
Кідаецца ў пушчу доўгі шлях;
Уцякае ў хвойны цень з гарачыні.

Абапал шляху —
Ў сполаху застылыя вандроўцы.
Сям‘я рабін да скрыўленага плота
Ціснецца;
Абвернутыя ў скруткі кужалю
Дрыжаць бярозкі.
А воддаль — ёлачкі,
Бы шэраг пірамід,
Уверх глядзяць.
Ім ветрык папраўляе складкі
На світках з вожыкавых голкаў.
А дзе-нідзе
На межах,
Каля мшыстых крушняў,
Што абраслі „сабачымі грыбамі“,
Вартуюць шлях
Крыжы…
То голыя, нязнаныя істоты
Выпучылі грудзі ўперад,
Разгарнулі рукі ў шыры,
Выцягнулі шыі ўвышкі…
І безгаловыя нямеюць…
Нямеюць…
Бо не могуць гаварыць
Аб тых, што дрэмлюць у зямлі
На гэтым месцы.

Спіце, косці!
Тысячамі блукаліся па дарозе
Адвечна вінаватыя,
Адвечна загнаныя,
Адвечна прыбітыя,
Адвечна гаротныя
Сяляне —
„Бежанцы“.
Вас царскія нагайкі
Павыганялі з родных гнёзд,
Пускалі вёскі полымем і дымам:
Павыкурылі ўсіх,
Бы стады счумленых авец.
Ад немцаў забіралі
З-пад Нёмана,
3 берагоў Віллі.
Ў вачах туга аб тым,
Што засталося.
Падушкі і цабэркі на павозках,
Жывёліны ад сполаху рыкаюць.
Пануры конь, пакінуты гаспадаром,
Ў задуме голаду дрыжыць.
І, як авёс з дзіравага мяшка;
Па дарозе трупы сеяліся.
Не плакалі па іх —
Бо не было калі, каму…
Сухія былі вочы,
Гарачыя ад роспачы.
Маўчы, крыжоў сям‘я,
А то застогне камень,
Заенчыць поле,
Віхор скалыша шлях,
Уздыбіцца пясок
Ў абшарах Беларусі,
Засыпле вочы сонцу,
Досуха загаціць рэчкі
Ад гневу-помсты.
Ад вогнішчаў-пажарышч
Нашых вёсак
Нямала пёкся шлях.
Нямала шлях у трасцы гойдаўся
Ад выбухаў гарматаў,
Ад рыку бомбы з самалётаў,
Ад кулямётнай ашалелай малацьбы,
Ад гіку-свісту вострадзюбых стрэльбаў,
Ад абозаў рознафарбных войск,
Ад конніцы здзічэлай,
Што ўсё поле здратавала.
На беларускіх гонях
Залішне многа
Канцэртаў смерці
Адбывалася.
У вопратках руінаў-папялішчаў
Беларусь галошанне казала,
Прычытанне рвалася з грудзей,
Кідалася, нібы град камнёвы.
Знізу ўверх —
Ў нямую сталь нябес!
Пракляццем білася,
Як той азябшы падарожнік
Б‘ецца ў хату.

VIII

Гэй, шлях, маўчы!
А шлях наш не маўчыць…
Ганебны, тлусты польскі пан
Зноў яго ўзбудзіў.
Прачнуўся з крыкам.
Як нерв паколаты, балючы,
Дрыжыць наш шлях-дарога.
Войканне і плач расце,
З вёсак надыходзіць
Роем аваднёў.
Воблака пяску кудзеліцца над полем.
Конніца.
Павозкі.
Жаўнерскі брыль блішчыць.
Лаянка пазнанская.
Дзікі карнавал з пякельні
У грозна-страшным выглядзе
Соваецца па дарозе:
Адзін у адзін сабраны ўсе
Дзяды старыя з вёсак.
Вяроўкамі звязаны рукі.
Па лысінах спяклася
Цёмнабурымі блінамі кроў.
Апухлі вочы на ссінелых тварах.
Акрываўлены кашулі на плячах
Ад шомпалаў жаўнерскіх і нагаек.

А побач з коннікам
Ідзе стары яўрэй
З вяроўкаю на шыі,
Другім канцом прывязан да сядла.
Сівую бараду,
З мясам вырваную,
Трымае польскі „рыцар“ у руцэ —
Вайсковая трафея.
Па патыліцы
Старога б‘е,
Каб той ішоў хутчэй.

На сялянскім возе
У вопратцы парванай
Сядзіць дзяўчына.
Прышнуравана моцна да сядзення.
Рукі пераціснуты вяроўкай.
К акрываўленым грудзям дзяўчыны
Жаўнер здзічэлы лезе.
Жарты строіць.
Ахрыплым голасам
Крычыць дзяўчына,
Плюючы ў твар жаўнеру.

О, гордая красуня,
Прыгожая і смелая Агата!
За што дзявочу чэсць тваю забралі?
За што такія здзекі над табой? —
Ты, Янкі Віхрабурнага сястра,
Разведніцай адважнаю
Была ў паўстанцаў.
Хтось падказаў жаўнерам…
Старога бацьку толькі што забілі,
Труп, мабыць, ’шчэ цёплы.
Брат — у лесе…
І вочы дзеўчыны,
Налітыя крывёй,
Маланкаю бліснулі ў бок жаўнера.
— Не злуй, пся косць! —
І штырх яе у бок. —
Не то йшчэ будзе!
А за грамадай, на калясцы,
Рассеўшыся вяльможай,
Пан Скрыцкі ехаў сам.
Ён раптам загадаў,
Каб „арыштанты“ заспявалі
„Ешчэ Польска не згінела“.
Нанова пад спякотай сонца
Катаванне пачалося…
На панскую пацеху
Спынілі ход.
Упартыя былі сяляне:
Замест гімна —
Мацяршчына…

IX

А побач жыта
Рухліваю густой сцяной.
І раптам…
Дзіва…
З жыта выскачыў
Атрад паўстанцаў…
Сполах…
Крыкі…
Страляніна…
Стогны…
Пан Скрыцкі першым паў ад кулі.
За ім — улан і конь,
Да сядла якога
Быў прывязаны стары яўрэй.
Пакінуўшы грамаду „арыштантаў“,
Жаўнеры уцяклі,
Забралі толькі сястру Янкі…

Ад злосці Янка скрыгатаў зубамі.
Цямнела у вачах,
А сэрца вугаллём
Пяклося у грудзёх.
— Агатка! Родная сястрычка!
Шчыра службу ты служыла люду.
З панскіх рук
Жывой цяпер не выйдзеш…
Я адамшчу…
І вочы —
Два агні
На бледным твары запалалі.
І сківіцы, бы абцугі,
Сціскаліся,
Скрыпелі.
І цела ўсё —
Сталёвая спрунжына:
Во-во,
Стралою смерці
Пусціцца ў дагонку
За катам польскім…
За смерць нашых бацькоў
Пан Скрыцкі заплаціў жыццём.
Марына — адменай будзе
За Агату.
З мясам вырву з сэрца я
Каханне.

X

Не ваўчанё
Над прыстрэленай ваўчыхай
Вые, прычытае, —
Марына, панская дачка,
Над забітым бацькам плача,
Б‘ецца галавой аб жвір.
Ламае рукі,
Ўся дрыжыць.
Змрокі узнімаюцца, растуць,
Бы цёмныя густыя кудлы воўны,
Па лагчынах дыміцца туман.
У хвалях сівых хмарак
Месяц — човен залаты —
Плыве…
Марына ціха плача.
Не бачыць, што над ёю
Стаіць Янка —
Атаман паўстанцаў,
Той, каго яна калісь
Сабакамі цкавала…
Стаіць Янка.
Вачэй не можа адарваць,
Маўчыць.
Забыў ён бацьку роднага,
Забітага сягоння
Пад камандай пана Скрыцкага.
Забыў сястру Агату,
Якую во цяпер,
У гэтую хвіліну,
Жаўнеры мо‘ жывую рэжуць
На кавалкі.
Забыў пра тое,
Што тут нядаўна
Пракляў сваё каханне
Да панскае дачкі.
Ён бачыць,
Як дзіўная дзяўчына,
Стромкая, бы топаль,
Белая, бы снег,
Плача, убіваецца.
— Марына… — прашаптаў, —
Марына…
Марына ўскочыла на ногі,
Тварам да яго.
Ў адну хвіліну
Вочы высахлі,
Сталёвыя, халодныя.
Пранізвалі яго
Пагардаю, нянавісцю,
Што з роду ў род
Жыве ў паноў
Да „чорнай, хамскай косткі“…
Прытомнасць да яго вярнулася.
— Дык вось якая ты… —
Прахрыпеў.
І рэвальвер бліснуў…
Раптам хтосьці ззаду
За руку яго стрымаў.
— Не страляй, мой брат,
Не трэба!
То была Агата.
Нейкім цудам вырвалася
З рук жаўнерскіх:
Уцякла.
— А ты, паненка,
Ухадзі скарэй.
Ты вораг мне. Жыві,
Каб бачыць, як і мы тут
Зажывем на славу.
Тады ад зайздрасці
Сама ты здохнеш.
Ідзі, адроддзе воўчае, адгэтуль!

XI

Прайшло йшчэ колькі дзён.
Адважная, магутная і гнеўная
Армія Чырвоная
Імпэтна, як віхор,
Гналася за сытым
Войскам панскім —
За стадам япрукоў,
Адкормленых амерыканскім салам,
Апранутых у ангельскія шынелі.
На панскім карку
З страху
Лой дрыжэў.
За спінамі — сталёвы штых
Рабочых і сялян.
На Варшаву шлях трымалі.
Песні волі заспявалі ў нас.
Пачаў залізываць наш край нанесеныя раны.
На папялішчах новае жыццё
Квітнела…

Менск, 20/III — 24 г.