Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/IV/Араты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пятая гадавіна Кастрычніка Араты
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Воля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Араты (Бядуля, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРАТЫ

Панясу кавалю
Скарб-саху я сваю.
Ён ачысціць нарог
На вялікіх агнёх.
Молат гучна грымне —
Ржа-луска адпадзе.
Скарб-саха, не на жарт,
Будзе мець моцны гарт.

На шнурах-пустырах,
На здзічэлых палях
Буду глебу раўняць,
Буду поле араць.
Шыр запахне раллёй,
Жыватворчай зямлёй.

Там, дзе страхі былі,
Дзе гарматы раўлі,
Там, дзе смерці садом
Папяліўся агнём,
Дзе дыміла расой
Чалавечай крывёй,
Пад стагнаннем зямля, —
Пойдзе праца мая.

Што прайшло, то — нішто,
Я ўзмацнею у раз сто.
Загарыцца ў грудзях,
Заіскрыцца ў вачах.
Устрахну галавой,
Узмахну я рукой,
Запяю з зор да зор
На бязмежны прастор.

Менск, 1922 г.