Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Ці хто забывае цябе, небарака?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** Хоць ты разарвіся *** Ці хто забывае цябе, небарака?
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Радасць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ці хто забывае цябе, небарака?..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці хто забывае цябе, небарака? —
Хто хоча — па карку задасць кулаком.
А ёсць і такія на свеце спявакі,
Што вучаць, як гнуцца пад цяжкім ярмом.

Мацнейшы стаптаў у шаленстве у дзікім
Дачок тваіх гонар у гразь па зямлі.
Ад вечнай бяды, ад нядолі вялікай
Аж вочы туманам, крывёй заплылі.

А праца твая — на раскошы зладзеям,
А сам ты на свеце — няпрошаны госць,
Табе, як сабаку, даюцца памыі,
З агідай кідаюць галоднаму косць.

Вось бедны рабочы — скалечан машынай,
Пры ёй здабываў ён крывавы пятак.
Яму дабрадзеі капейкі адзінай
Цяпер не даюць, хоць канчайся, бядак.

Хтось часам пра лёс твой застогне паціху,
Ён хутка забудзе, бо часу няма.
Туды і сюды ён — не ведае ліха.
Табе-ж на спатканне прыходзіць турма.

А потым вяроўку намыляць на шыі,
Старанна зацягнуць вужаку-пятлю.
Пасля у мяшок у дзіравы зашыюць.
Вось гэта ты маеш за працу сваю.

Пасадзец, 1910 г.