Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Хоць ты разарвіся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** Гараць сняжынкі кволыя *** Хоць ты разарвіся
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Ці хто забывае цябе, небарака?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хоць ты разарвіся…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хоць ты разарвіся —
Не ідзе рукой.
Прырасла нядоля
Хвойнаю смалой.

Дзень за днём праходзіць
Зграяй чорных дум.
Злы смяецца швагер
І багаты кум.

Дзе набыў, — не знаю, —
Свой паганы лёс.
Заяц пераскочыў
Сцежку праз авёс?

Можа ад гультайства
Маю многа мук?
Праца не выходзіць
З гарапашных рук.

Дзень за днём мінае,
Маю шмат турбот.
На абшарах панскіх
Лью салёны пот.

Аб усім аб гэтым
Думаў разоў сто.
Хто тут вінаваты?
Вінаваты хто?

Вып‘ю ў манапольцы
Шкалік і другі —
І прапала гора,
І няма тугі.

Засвярбелі рукі,
Зарыпела косць.
Самі лезуць словы,
Лезе з сэрца злосць.

Уцякай ты, жонка,
Дзеці — хто куды,
Бо вярнуся п‘яны,
Будзе шмат бяды.

Кругам пойдзе хата,
Пойдзе хадыром.
Зазвіню я шыбай,
Застучу гаршком.

Пасадзец, 1910 г.