Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Радасць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** Ці хто забывае цябе, небарака? Радасць
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
У зімовы дзень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Радасьць (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАДАСЦЬ

Ад заранкі ружавеюць вокны.
На дварэ гудзе-злуе мяцеліца.
Шум у хаце — Лёлік ажна гойкнуў
„Карова наша целіцца!“

У хляве наш бацька — акушэрам.
Дзеці ўсе задалі матцы загадку:
— Ці „яна“ — цялушка — будзе шэрай,
Ці у журавінках-ягадках?

У хляве і лямпка нумар пяты,
Адзінокая са шклом закураным.
Па падлозе дзеці востраць пяткі
І спацыруюць з курамі.

Маці дровы шчэпіць па пацёмку,
Нібы злосна кажа: — чэрці, годзе вам!
Калі не, сягоння дам лупцоўку,
А заўтра дам малодзіва…

Бацька йдзе і нешта ў кажуронку
Гладзіць ён рукою закарэлаю.
— Вось вам, дзеці, новага дзіцёнка,
Цялушку ды яшчэ белую.

— Барада у рабіна такая, —
Бацька з радасцю дадаў, жартуючы.
Нецярпліва маці папраўляе:
— Казаў-бы: „не раўнуючы!“

Мы „гу-га“ на хату ўсю паднялі
І давай знаёміцца з цялушкаю.
За акенцам пасівелі далі.
Далёкі лес — істужкаю.

Пасадзец, 1910 г.