Перайсці да зместу

Зборнік сцэнічных твораў (1918)/II/Чорт і баба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Па рэвізіі Чорт і баба
Камэдыя
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1918 год
Мядзьведзь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чорт і баба (Аляхновіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішак Алехновіч.




ЧОРТ І БАБА.


Жарт у 1 акце.


(Паводле народнай казкі).



ЧОРТ І БАБА.



АСОБЫ:

МІКІТА — малады селянін.

МАРЫСЬКА — яго жонка.

БАБА — суседка.

ЧОРТ.


Селянская хата. Як заслона адчынілася, на сцэне нікога німашака. Пасьля с пад печы вылазіць Чорт.


ЗЬЯВА I-ая.

Чорт. Вось дык бяда! Варочацца ні с чым да пекла — сорам, дый Люцыпар прагоніць вон…

Жывуць у хаце тэй Мікіта с жонкай Марыськай. Як я ні стараюся іх пазвадзіць, пасварыць — нічога ні магу парадзіць, нішто ні памагае! Жывуць у згодзе, моу два галубкі… Вось так-рок я закватэравауся тут, у падпечку, так-рок Мікіта ажаніуся з Марыськай… Гэта-ж ужо часу шмат! Пара-бы ім хоць раз палаяцца, яе сьлед, пара, каб мужык хоць раз дый жонку сваю аддубасіу. Іншы дык ужо на другі дзень пасьля шлюбу схваце за косы і лупню добрую задае, каб, значыцца, прагнаць уселякую дур, а той і ні думае! Жывуць у згодзе, цалуюцца, бытцым учора спазналіся. А, каб іх маланка! Вось дык мука, даліпантачкі! Бывае, што так замаруся, што ледзь дыхаю. То ей нашэптываю на мужыка усякай брахні, то яму набрашу на жонку, — нічога ні памагае, і слухаць ні хочуць! Фу! і сьмех, і стыд — німа як глянуць чартам у вочы: сьмяюцца усе… Што мне рабіць? На плач зьбіраецца ужо (выцірае хвастом вочы). Вось паганы льос, каб яго ні знаць! Ах, цяжка чартом быць на сьвеці!.. (слухае).

Цсс! Нехта ідзе! Ідуць да хаты!.. Ну, калі іх ні пасвару, прыдзецца хіба павесіцца на сухой асіне!.. Трэба хавацца зноу пад печ! (улазіць пад печ). Ох, горкая доля мая!

ЗЬЯВА II-ая.

Мікіта і Марыська (уходзюць), пасьля Чорт.

Мікіта. Людзі брэшуць… Кажуць: на сьвеці блага жыць. Усе злыя, сварацца, звадзяцца… Чаго? Далібог, ні разумею! Вось, бачыш, я с табой, Марыська, жывем у згодзі, ажно зайздруюць усе. Так-рок мы пажаніліся і праз гэны час ці адзін аднаму сказау хаця дрэннае слово? Ці-ж ніпрауда?

Марыська. Але, Мікітка, добра нам жывецца! Я іншы раз, дык сама дзівуюся: чаму гэта мы так шчасьлівы? Ты добры для мяне, такі ты добры, што аж мне страх бярэ, каб шчасьце нашае каліколечы ні папсавалося…

Мікіта. Ні папсуецца! Ніякі чорт ні здолее нас пасварыць. Дый чаго? Ты, Марыська, добрая для мяне, так сама язык стрымаць умееш зауседы; ні так, як іншыя, што мужа языком да злосьці даводзюць, — нічога насупроць ні робіш…

Марыська. Ніхай мяне Бог сьцеражэ, каб я каліколечы зрабіла, або хоць сказала нешта насупроць цябе!

Мікіта. А мне ніхай рука адсохне, калі я наважуся цябе ударыць!

Марыська (абыймае Мікіту). Мікітка!

Мікіта. Марыська!

Марыська. Люблю цябе!

Мікіта. А я цябе!

Марыська. Цалуй мяне!

Мікіта. З усіх сіл!.. (цалуюцца).

Чорт (высоувае галаву с-пад печы). О! йзноу! А каб вас немач! І зрабі тут, што хочэй!.. — (хаваецца).

Мікіта. Марыська! Сягоння еду да мястэчка. Скажы, што табе тамака купіць? Мо’ хустку новую?

Марыська. На што гасьцінцы мне, Мікітка? Лепш сабе нешта купі.

Мікіта. Мне нічога ні трэба!

Марыська. Ды не, забыуся! Люльку-ж ты сваю зламау і другі ужо дзень махорку курыш у паперцы.

Мікіта. А прауда! люльку трэ’ купіць… Добра, што прыпомніла. Значыцца, хустку для цябе, а для сябе люльку дый пачок махоркі.

Марыська. Ну, ніхай ужо так…

Мікіта. Іду, Марыська! трэба каня перад дарогай напаіць! (выходзіць).

ЗЬЯВА III-ая.

Марыська (адна).

Трэба распаліць агонь, каб згатаваць Мікітцы есьці. Ен, бедненькі, ажно увечары вернецца — будзе галодны. (Дзьмухае у попял на прыпечку). А ад якога-ж чорта ен загас! Нідауна ж гарачыя вуглі былі! (Шукае сярнічкау). А каб-жэ іх! Трэба пабегчы пазычыць… Вось трэба йшчэ прыпомніць Мікітцы, каб сярнічкау пачок купіу у мястэчку…

ЗЬЯВА IV-ая.

Марыська і Баба (уваходзіць).

Баба. Пахвалены…

Марыська. На векі.

Баба. Ну, што чуваць, зязюлечка?

Марыська. Нічога, дзякаваць Богу, благога… Вось мой зьбіраецца ехаць у мястэчко і прычапіуся, што новую хустку хочэ мне купіць…

Баба. Ах, добры ен мужык! Усе дзівуюцца, уся веска так аб ім гамоніць. Скажы, зязюлька, прауду: няужо-ж ні разу ен цябе ні біу?

Марыська. Каб біць, трэба прычыну, а я ніколі нічога ні раблю ні паводле яго думак.

Баба. Ну, а як пьяны?

Марыська. Тагды ен яшчэ лепшы.

Баба. Дзіво, дзіво дый толькі!

Марыська. Выбачце, суседка, пасядзіце крыху, я толькі зьбегаю пазычыць сярнічкау, каб распаліць агонь (выходзіць).

Баба. Добра, добра, зязюлечка!

ЗЬЯВА V-ая.

Баба (адна).

Бываюць-жэ на сьвеці гэткія дзівы дзіуныя: каб муж ды жонку ніколі ні біу! Гэта-ж проста сьмех! Прауда, што мой, нябошчык, мяне так сама ні біу ніколі, але гэта ужо іншая справа: за тое я яго, бедненькаго, добра лупцавала, ажно ні стрывау, каточак, бый узяу дый памер… Адзін раз, памятаю, схавау ен ад мяне мяшочак збожжа і пацягнуу яго у карчму прадаць. Спаймала я яго і як пачала качаргою дубасіць па патыліцы і па чым папала: «ах, ты валацуга ты гэтакі! ад мяне ні утоішся!»… ажно людзі зьбегліся бараніць маго пьянічугу… Але каб, як тут, сваркі ніякай ніколі у сямьі ні было-б, — першы раз чую!

ЗЬЯВА VI-ая.

Баба і Чорт (вылазіць с-пад печы).

Баба. Фу, ты згінь-прападзі! А ты-ж, чорце, чаго сюды залез? А кыш! а кыш, бо зара вазьмуся за качаргу!

Чорт. Выбачайце… Паслухайце мяне толькі цярпліва… Я бедны чорт… Хачу з вамі зрабіць адну умову.

Баба. Чаго хочэш, нечысьць пракляты?

Чорт. Фэ! кіньце, цетка, так брыдка лаецца! Я-ж вам нічога благога ні раблю…

Баба. Я-б табе зрабіла, ты — касматы!

Чорт. Успомніу я, што у вас, людзей, есьць прыказка: дзе чорт няйме, там бабу пашле…

Баба. Рэч вядомая: баба хітрэйшая за чорта.

Чорт. Дык, цетачка, памажы мне!

Баба. Якая я табе „цетачка», ты паганы сморад!

Чорт. Памажы!

Баба. Чаго-ж ты хочэш?

Чорт. Глянь на мяне: я высах ужо зусім, зусім ужо замарыуся, ледзь дух трымаецца у маем чартоускім целе. Пад прыпечкам, — вось там, — ужо год сяджу…

Баба. Дык пачынай аб справе! Чаго трэба?

Чорт. Як я ні мучуся, як ні стараюся, а пасварыць іх ні магу… значыцца, Мікіту з Марыськай… То ей шапчу: мужык твой пьяніца страшэнны, як гдзе спаймае які грош, у карчму да Боруха нясе. Яна сьмяецца толькі, туліцца ямчэй да свайго Мікіткі і кажэ: не, а не! ні дам я веры! Мікітка мой гарэлкі не, ні пье!»… (іронічна). Але! дык с хлебам есьць!.. Яму шапчу: дурны! дык твая жонка, як засьнеш, або с хаты выйдзеш вон, да каханка свайго зара бяжыць… А ен мне толькі плюне у вочы і маучыць… Ні верыць, шэльма!

Баба. Дык чаго-ж хочэш ад мяне?

Чорт. Пасварыць! Іх пасварыць!..

Баба. Э, які шпаркі! Захацелося кабыле воцту! Сам бачыш, што справа ні легкая.

Чорт. Я-ж ні дарма…

Баба. А што дасі?

Чорт. Чаго-ж хочаш?

Баба. Дасі мех грошы?

Чорт. Добра… Дам, дам, ты толькі пасвары!.. А ці патрапіш?

Баба. Што? каб пасварыліся? Я так зраблю, што дзед ні толькі аблае бабу, але і павалочыць за косы…

Чорт. Ну, пастарайся, заплачу… Ох, першы дзень я супачыну. Дагэтуль я ні еу, ні спау, а толькі думау аб справе… Скажы-ж мне, калі ты гэта зробіш? Хутка?

Баба. Калі так хочэш, дык можна нават сення.

Чорт. Калі? калі? Каб ні праспау-б я!

Баба. Як плюне яна тры разы пад печ, дык вылазь і глядзі.

Чорт. Ну, добра, дзякую табе… Мех грошы сення будзеш меці.

Баба. Эй, чорт, ты толькі ні скруці!

Чорт. Чартоускім гонарам клянуся! Хоць я і чорт, — свой гонар я то-ж маю!.. Бывай здаровенька, бабулька!

Баба. Бывай здароу!

ЗЬЯВА VII-ая.

Баба (адна).

Што-ж!.. пасварыць ні натта трудна. У жыцці сваем я ні такія нават штукі рабіла. Чаму-ж ні пасварыць, калі чорт так пекна просіць ды мех грошай у заплату абяцуе… А мілы чорт! Шкада толькі, што чорт, а то бліжэйшае знаемство я-бы з ім зьвяла!

ЗЬЯВА VIII-ая.

Баба і Марыська (уваходзіць).

Марыська. Ну, вось і я! Ледзь-ледзь я сярнічкі дастала: у чатыры хаты бегала. Ну, дзякуй вам, што пасядзелі, папілнавалі хату мне.

Баба. Німа за што, німа за што, мая ты бедненькая!

Марыська. Чаго шкадуеце мяне?

Баба. Як ні шкадаваць, калі такая бедная, такая бедненькая, што аж страх!

Марыська (спалохаўшыся). Што кажэце? чаму?

Баба. Ах, як ні шкадаваць цябе! Вось бачу, жывеш ты з мужам у згодзе, шчасьлівы вы, здаецца, што усе добра, так добра, што і ні трэба лепш, а нішчасьце вісіць над бедненькай тваей галованькай, а ты й ні бачыш яго!

Марыська (я. в.). Кажэце-ж, ні палохайце! што? што гэта?

Баба. А ты і ні бачыш… Ды німа дзіва! Ні бачыш, дык і ні ведаеш нічога…

Марыська. Ах, суседка, ні муч, кажы!

Баба. Ці-ж ты ні бачыш, як муж твой дрэнна выглядае?

Марыська. А што? Няужо-ж ен хвор?

Баба. Ой, хвор, міленькая, ой, як хвор, так хвор, што хутка ужо і у дамавіну трэба будзе класьці. Ні раз я такія прыпадкі бачыла: жыве, жыве дый памрэ. Людзі нічога ні ведаюць. Адны кажуць: гаручка, іншыя яшчэ нешта выдумываюць, а я дык ведаю…

Марыська. Што кажэце? Мікітка мой памрэ? А што-ж яму гэтакае?

Баба. Як што? Сухія пад барадой вырасьлі валасы.

Марыська. Сухія валасы? пад барадой? Дык што-ж?

Баба. А гэта ужо першы знак: памрэ.

Марыська. Няужо-ж памрэ?

Баба. Памрэ.

Марыська. Дык што рабіць?.. Скажу яму, каб да цырульніка пайшоў, згаліу.

Баба. А крый-жэ Бог! Згубіць яго ты хочэш! Дык ен адразу на мейсцы зробіцца мерцьвяк, як скажэш яму гэта!

Марыська (у роспачы). О, Божэ-ж мой! Дык што-ж рабіць? Няужо-ж ратунку німа?

Баба. Э! які тут ратунак, калі выраслі пад барадой сухія валасы!

Марыська (плачэ). О, Божэ мой, Божэ мой! Ах, бедная я удава! Так добра усе было і вось звалілося нішчасьце! Памрэ Мікіта мой, памрэ! Што-ж я адна на сьвеці рабіць буду без яго! О, бедная я сірацінка — удованька! О, Божэнька ты мой! што-ж мне рабіць!?

Баба. Ды што рабіць! Маліцца за душу грэшную, каб у чысцу доуга ні мучылася, бо ведама, што гэтыя с сухімі валасамі так адразу да неба ні пападаюць.

Марыська. Ах, бедная я, нішчасьлівая! Няужо-ж нічога ні парадзімо? Мо’ да дохтара трэ’ завязьці яго?

Баба. А крый-жэ Божэ! Доктар як убачыць сухія валасы, дык зара дасьць такое лекарство, што на другі дзень Мікіта твой памрэ… Гэта значыць, яны дохтары гэта так, каб заразы ні было.

Марыська. Цетачка! Суседачка! Кажэце-ж! Ці-ж вы ні ведаеце ніякого спосабу на гэта? Мо’ есьць якое зелле такое? Га?

Баба (спакойна). Ды што-ж! Спосаб есьць, дык трудна…

Марыська. Ах, міленькая, скажы! кажы хутчэй! Нічога я табе ні пашкадую.

Баба. Ды мне нічога ні трэба… Вось толькі вельмі трудна…

Марыська. Толькі кажы, я усе зраблю!

Баба. А трэба, каб ты, каб, значыцца, уласная жонка, узяла нож, нагастрыла яго аб прыпек, плюнула тройчы пад печ дый выразала гэтыя сухія валасы. Тагды усе добра будзе: ужо ні адрастуць.

Марыська. А як-жа-ж гэта зрабіць? Мікіта як пабачыць, што я раблю, спытаецца, што гэта значыць… Яшчэ Бог ведае што падумае! Што-ж я яму скажу?

Баба. А ты, зязюлька, зрабі гэтак: купі гарэлкі, сьпячы яешню ды й напой свайго гаспадара, а як ён ляжэ і засьне, вазьмі нож ды сягоння-ж, як я казала, і зрабі! Яны, валасы значыцца, так і стырчаць проціу шэрсьці. Ды толькі з гэтым трэ’ сьпешацца, бо як сухія валасы перарастуць нісухія, то ужо Мікіта твой прапау, капут!

Марыська. Ах, я ужо сама ня ведаю, як вам падзякаваць за раду, родненькая! А мая-ж ты залаценькая, нехай Бог награду дасьць табе за твае добрае сэрцо!

Баба (да сябе). Награду дасьць ні Бог…

Марыська. Што кажэце, родненькая?

Баба. Не… я нічога… Кажу: дай Бог, каб удалося табе вылячыць мужа.

Марыська. А чаму ж не? Я усе зраблю, як вы казалі.

Баба (устае). Ну, а мне ужо пара… Засядзелася. Бывай здаровенька, зязюлька, дый памятай, значыцца, як ён засьне, дык ты я таго… Бывай!..

Марыська. З Богам! з Богам!.. Як вылячу Мікітку, дык ужо вам пекна падзякую.

Баба. Німа за што! німа за што! (выходзіць).

ЗЬЯВА IX-ая.

Марыська (адна). Ах, як добра, што суседка прыйшла і так добра мне параіла! А то, каб ні яна, то я дагэтуль нічога ні ведала-б і марна згінуу бы Мікітка мой, а я удавой бы засталася! Ну, трэба сьпешацца… Ах, вось ізноу бяда!.. Як раз учора я прадала усе яйкі і ні маю с чаго зрабіць закуску для Мікіткі. Трэба хіба пазычыць недзе у суседзяу! (выходзіць).

ЗЬЯВА X-ая.

Чорт (вылазіць с-пад прыпечка).

Чорт. Эй, баба мяне хіба ашукала! Абецалася іх пасварыць, а замест гэтаго пачала развадзіцца аб нейкіх сухіх валасох дый рады розныя даваць… Трэба і мне паглядзець у сябе пад барадой, ці і у мяне ні вырасьлі прыпадкам сухія валасы, а то хто ведае!? С такога гора вельмі легка могуць выпаусьці здаровыя, а вырасьці сухія… С такога гора усё магчыма! Гдзе-ж тут люстэрко у іх? А вось! — (Глядзіць у сябе пад барадой). А даліпан!.. вось ёсьць… здаецца, што сухі… Трэба згаліць, хаця усе сьмеяцца будуць… Які-ж гэта, скажуць, чорт без барады!.. А, ізноу нехта ідзе! ізноу хавацца трэба… Эх, жыцце!.. (хаваецца).

ЗЬЯВА XI-ая.

Мікіта, пасьля Баба.

Мікіта (уваходзіць). Еду ужо, Марыська! Кажы, якую хустку… (разгледаецца). Гдзе-ж яна? У хаці німа… Кудыйсь падзелася. (Клічэ). Марыська! (пауза). Трэ’ пачэкаць яе. (Сядае).

Баба (праз вакно). Эй, гаспадар! ці ты адзін?

Мікіта. Адзін. А што?

Баба. А так я толькі спыталася… Пагаядзела… Я зайду.

Мікіта. Заходзьце, зрабіце ласку!

Баба (уховадзіць, села на услончыку і голасна уздыхае). Э, хэ-хэ!..

Мікіта. Чаго уздыхаеце, бабулька?

Баба (махнуушы рукой). Лепш ні пытайся!

Мікіта. Ну, а што?

Баба. Кажу, лепш ні пытайся, бо сам пасьля шкадаваць будзеш!

Мікіта. Ну, і зацікавіла-ж ты мяне!.. Кажы, бо даужэй чакаць цярплівасьці ужо ні маю!

Баба. Шкада мне цябе, Мікіта, вось што!

Мікіта. Ну? Чаго?

Баба. Э, лепш ні казаць!

Мікіта. А каб цябе чорт!.. Кажы, бо ужо злосьць бярэ!

Баба. А вось твая кабета…

Мікіта. Што яна?..

Баба. Твая Марыська, жонка, значыць…

Мікіта. Ды чорт. Я ведаю, што Марыська жонка!.. Ну, дык што?

Баба. Вось любіш ты яе…

Мікіта. Ну, ведама, люблю, бо лепшай бабы німашака хіба на усенькім сьвеці… Ды й яна мяне любіць…

Баба. Яна любіць!.. Хэ-хэ-хэ!..

Мікіта. Чаго сьмяецеся? Ведаеце нешта?

Баба. Каб ні ведаць! Усе ведаюць, уся вёска, ды толькі ты адзін сьляпы.

Мікіта. Што брэшэш! Ты важы мне с сэнсам!

Баба. Каханак ёсьць…

Мікіта. Брэшэш!

Баба. Але… Знайшла ужо! Ты толькі с хаты дык яна ураз да яго…

Мікіта. Брэшэш!

Баба. Да душы! Баб сонца мне ні бачыць… Вось і цяпер…

Мікіта. Брэшэш!

Баба. Цсс! Ні крычы! яшчэ скажу: яна зарэзаць цябе хочэ, каб, значыцца, с каханкам без ніякіх перашкод… От-жа пабачыш, яна цябе сягоння падпоіць, а як ты ляжэш спаць, то яна цябе зарэжэ. Вось пабачыш! Як ты вернешся з мястэчка, яна паставіць на стол яешню і пляшку гарэлкі. Гэта значыцца, каб ты упіуся ды ні скеміу, што яна ліхо замышляе. А ты толькі прыкінься быццым сьпіш, ды пабачыш, што яна будзе рабіць…

Мікіта. Брэшэш, патаскуха!

Баба. Вось і маю за свае сэрцо! Ах, і навошта я усе гэта расказала! Ды ні хацела, а ён усе: кажы, кажы… Вось і аблаяу за маю прауду!.. Такая заусёды па сьвеці падзяка! Эх, — эх!.. (выходзіць).

ЗЬЯВА XII-ая.

Мікіта (адзін).

Мікіта. У галаве шуміць… Ох, я здурэю! Марыська каханка мае! Марыська зарэзаць хочэ!.. Ні можэ быць. ні можэ быць!.. Мы-ж так добра жылі, я ніколі благога ні сказау ей слова… О, Божэ мой! ні можэ быць! ні можэ быць!..

ЗЬЯВА XIII-ая.

Мікіта і Марыська (уваходзіць).

Марыська. Што? ты яшчэ ні паехау да мястэчка?

Мікіта. А ты гэтаго толькі і чакаеш!

Марыська. Я ні чакаю… ты ні едзь. Ты думаеш, што я дзеля гэтай хусткі?

Мікіта. Я ведаю…

Марыська. Ці-ж я с хаты цябе ганю? А і запрауды, ведаеш Мікітка, ні едзь! Вось я прынесла пляшку гарэлкі, яек дастала, сьпяку яешню… Выпьеш, закусіш, ляжэш спаць… Мікітка, добра?

Мікіта (да сябе). Зарэзаць хоча… (голасна): Чорт хай бярэ усе хусткі дый мястэчкі!.. Ні паеду!

Марыська. Вось і добра!

Мікіта. Пабачымо, ці добра…

Марыська. Што?

Мікіта. Нічога…

Марыська. Чаму ты нейкі дзіуны, Мікітка? Злуешся на мяне, ці што?

Мікіта. Не, нічагусенькі…

Марыська. Дык чаго?

Мікіта. Я… я… гэта… Нешта у сярэдзіне баліць… хвор штосьці…

Марыська (спалохаушыся). Баліць? у сярэдзіне? (да сябе). Гэта мусіць с сухіх валасоу, трэба сьпешацца!.. (да Мікіты): Вось выпі чарку-другую, тагды лепш табе будзе, а пакуль што сырам закусі (дае сыр) яешня хутка будзе гатова (налівае чарку).

Мікіта. Давай! (Як Марыська адвярнулася, выліу чарку на падлогу і зацямкау быццым выпіушы яе). Фу, добра, моцная!

Марыська. Дык яшчэ пі, калі смачна…

Мікіта (налівае і вылівае на падлогу, як раней). Я пью…

Марыська. Пі, пі, Мікітачка, ды пасілкуйся!

Мікіта. А, гадзіна!

Марыська (спалохаушыся). Ах! дзе?

Мікіта. Не… я так. У полі бачыу… Кіем забіу…

Марыська. А, селёта шмат.

Мікіта. О, шмат!.. (пауза, Марыська прыгатауляе яешню). Каб цябе немач!..

Марыська (зьдзівіушыся). Чаго ты?

Мікіта. Нічога… Так… У сярэдзіне кальнуло…

Марыська. Кальнуло? Дык ты пі, ты пі, Мікітка!

Мікіта. Я пью… (Вылівае, як раней).

(Пауза).

Мікіта (устае, працягіваецца, хітра-няшчыра). Спаць нешта хочэцца…

Марыська. Спаць хочэш? Ну, дык засьні, бо замарыуся ты, каточак! Вось выпі яшчэ чарку і засьні… Лепш спаць будзеш…

Мікіта (іронічна). О, буду спаць… Прауду баба казала…

Марыська. Я заусёды кажу прауду… Дык выпі і сьпі!

Мікіта. Але… Я пью… (кладзецца на лаві, і пачынае моцна храпсьці, паглядаючы ад часу да часу, што робіць Марыська).

Марыська (пачуушы, што Мікіта сьпіць, падыходзіць да яго і ціха клічэ: „Мікітка“, каб пераканацца, ці ен запрауды заснуу. Мікіта храпе і ні адказывае. Тагды Марыська хапае са стала нож і хутка пачынае яго гастрыць).

Мікіта (зірнуу і пабачыу, што Марыська робіць). А, шэльма!

Марыська (пачуушы гэта). Бедненькі! Праз сон гаворыць. «Баліць, казау, нешта у сярэдзіне»… Гэта усё мусіць ад гэных паганых сухіх валасоу! Добра, што я у пару аб усім даведалася, а то магла-б быць беда! (гострыць далей нож; пауза). Вось нож ужо, здаецца, гостры… Пара ужо!.. (Плюнуушы тройчы пад печ, падыходзіць да Мікіты і граболіць у яго у барадзе).

Мікіта (ускаківае з лавы і пачынае яе лупіць). А! рэзаць хочэш, подлая ты душагубка! Вось я табе пакажу, хварэць твайму бацьцы ды стагнаць тваей маці, як гаспадара рэзаць!..

Марыська. Мікітка! дык я не… Я ні тое…

Мікіта. А! яшчэ запірацца будзеш! Вось якая ты, мая галубка! Пакуль ты мяне зарэжэш, я табе усе костачкі палічу, паганая!

Марыська. Людзі добрыя! ратуйце!.. (уцекае, Мікіта за ей гоніцца).

ЗЬЯВА XIV-ая.

Баба і Чорт.

Чорт (высоуваецца с-пад печы).

Баба (усунуушы галаву праз вакно). Ну, чорт! Хутчэй, хутчэй! давай мне мех! Няужо-ж мяне ты ашукаць хочэш?

Чорт. Не, цётачка! цябе і чорт ні ашукае!

Баба. Дык давай мех! гдзе грошы?

Чорт. Чакай!.. баюся я цябе!.. Я зара…

Баба. Давай хутчэй, бо часу ні маю!

Чорт (вылез на сцэну і цягне с-пад печы цяжкі мех).

Баба. Што? цяжкі? Цягні, цягні, браток!.. А то чакай! я зара увойду у хату і памагу табе.

Чорт (спалохаушыся). Ні йдзі!.. ні памагай!.. баюся я!..

Баба. Чаго-ж ты, міленькі, спудзіуся?

Чорт. Баюся я, каб ты і мне жыцця ні атруціла!

Баба. Давай-жа мех!

Чорт. Чакай… толькі да мяне ні йдзі! (бярэ з-за печы вілы і на вілах высовывае праз вакно мех).

Баба. Ці вага добрая? Ні ашукау? Бо у хаці у мяне бязьмен, я пераважу…

Чорт. Вага добрая… Дый магу даць яшчэ, калі толькі споуніш маю просьбу.

Баба. Што, яшчэ кагосьці пасварыць?

Чорт. Не… Але як спаткаемся у пеклі, нічога там ты ні кажы, ні набрахай там на мяне… Я бедны чорт, я цяжка на свой хлеб працую… Мей літасьць нада мной! Ні пажадай жыцця майго.

Баба (прагавіта). А прынясеш мне яшчэ адзін мех?

Чорт. Добра, я ураз, калі мне абяцуеш…

Баба. Але да хаты мне…

Чорт. (страшэнна спалохаушыся) О, не!..

Баба. Нікога у мяне ні будзе!..

Чорт. Ой, не! ой, не! ты ні губі мяне!

Баба. Прыйдзі, ні пашкадуеш…

Чорт. Я вельмі молад… Я саромліу… Ты выбачай…

Баба. Прыйдзі, каточак! Прыйдзі, міленькі, да мяне!

Чорт. А ні зарэжэш там мяне?

Баба. Ды што ты! Цябе там соладка я буду цалаваці… Да раніцы маім ты госьцям будзеш!..

Чорт. О-ей! Прапау я, згінуў я зусім, бо баба закахалася ва мне! Хутчэй трэба да пекла уцекаць!.. Хай лепш Люцыпар бье, хай чэрці усе сьмяюцца, чымсь з гэтай бабаю кахацца! А як прыдзецца ужо нам спаткацца на пякельным дне, смалы для яе ні буду шкадаваць дый, апрача таго, патэльню горачу лізаць прымушу там яе!.. (хаваецца пад печ).

Баба (усьміхаючыся да чорта бяззубым закахаушымся тварам). Каточак! Пачакай! Чакай!..


(Заслона).


КАНЕЦ.