Перайсці да зместу

Зборнік сцэнічных твораў (1918)/II/Мядзьведзь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чорт і баба Мядзьведзь
Камэдыя
Аўтар: Антон Чэхаў
1918 год
Арыгінальная назва: Медведь (1888)
Сватанне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мядзьведзь (Чэхаў/невядомы).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. Чэхов.




МЯДЗЬВЕДЗЬ.


Жарт у 1-м акці.

(Пераклад з расійскаго).



МЯДЗЬВЕДЗЬ.


АСОБЫ:

АЛЕНА ПАПОВА, удава, з ямачкамі на шчоках, пані на маентку.

РЫГОР СМІРНОУ, пан на маёнтку, сярэдніх лет.

АНТОН, стары слуга Паповай.

АГАРОДНІК, ФУРМАН, РАБОТНІКІ.


(Усе дзеецца у дварэ Паповай).


(Гасьцінная у дварэ Паповай).


ЗЬЯВА I-ая.

Папова і Антон.

Папова (у глыбокай жалобі, не адрываючы вачэй ад фатаграфіі).

Антон. Ня добра, панічка!.. Загубіць сябе хочэце… Пакаёўка і кухарка пайшлі у ягады, уселякае стварэнне весяліцца, котка і тая забауляецца: па надворку гуляе, птушак ловіць, а вы цалюсенькі дзень сядзіцё у пакоі, быццам у манастыры і ніякай прыемнасьці. Сапрауды! Мусіць ужо год прайшоу, як вы з хаты ня выходзіце…

Папова. І ніколі ня выйду!.. На вошта? Жыццё маё скончылося. Ен у магілі, я пахавала сябе тутака у чатырох сьценах… Мы абое памёрлі…

Антон. Ось яно! І слухаць ня хочэцца. Пан ваш памёрлі і нічога ні зробіш, вечны пакой яго душачцы. Бог так хацеу. Пагаравалі і годзі — на усё павінна быць мера. Шакжа-ж ня век плакаць і хадзіць у жалобі! Калісьці і у мяне баба памёрла… Ну, дык што? Паплакау, пасумавау з месяц і досі з яе будзе, а калі-б цэлы век заводзіць дык і баба не варта таго. [Уздыхае]. Аб суседзях забыліся… І самі нікуды, і нікога у сябе ня прыймаеце. Гэтак жывём мы, выбачайце, як павукі, сьвету белаго не бачучы. Каб жа-ж добрых людзей ня было, а то повен вуезд паноу. У Рыбалоуцы цэлы полк стаіць, ахвіцэры проста як цукеркі, не надзівішся! У лагерах кожную пятніцу баль, і бадай што-дзень ваенная аркестра музыку іграе… Эх, панічка! Маладая, пекная, як пісаначка, кроу з малаком — жыць бы вам сабе на уцеху! Шакжа-ж пекнасьць і усё такое на век не дадзены. Пяройдзе гадоу дзесяць, самі захочаце павай прайсьціся ды пусьціць пыл у вочы паном ахвіцэрам, але ужо будзе дармо…

Папова [цьверда]. Я прашу цябе ніколі аб гэтым мне не казаць. Ты павінен ведаць, што з таго часу, як памёр пан твой Мікалай, жыццё страціло для мяне уселякую цану. Табе здаецца, што я жыву, але гэта толькі здаецца. Я прысягаюсь да сьмерці ня скідаць гэтай жалобы і не бачыць сьвету… Табе ведама, што ён часта быу для мяне нясправедлівым, грубым і… здраднікам, але я да сьмерці не здраджу яго, хай ён ведае, як я умею любіць. Тамака, на тым сьвеці, ён пабачыць мяне такой самай, якой я была да яго сьмерці…

Антон. Лепш, чым казаць усё гэта, панічка пайшла-бы у сад прайсьціся, ці наказала-бы запрагчы Гнедку, або Беланожку і у гасьціну да суседзяу…

Папова. Ах!.. [Плача].

Антон. Панічка… Роднінькая… Чаго вы?

Папова. Ен так любіу Гнедку! Ен заусягды езьдзіу на ім да Карчагіных, да Уласовых. Як ён умеу паводзіць коньмі… Колькі павабу было у яго хвігуры, калі ён нацягівау лейцы. Памятаеш? Гнедка! Гнедка! Накажы даці яму сённека лішні гарнец ауса.

Антон. Добра! [Нехта звоніць].

Папова [уздрогнуушы]. Хто гэта? Скажы, што я ніякіх гасьцей ня прыймаю.

Антон. Добра. [Пайшоу].

ЗЬЯВА II-ая.

Папова (адна).

Папова (глядзіць на фатаграфію). Ты пабачыш, Міколка, як я умею любіць і выбачаць… Любоу мая згасьне разам са мною, калі перастане біцца маё беднае сэрцо. (Сьмяецца праз сьлезы). Няужо-ж табе ня сорам? Я слухняна, верная жонка сяджу пад замком і не здраджу цябе да магілы, а ты?.. Няужо-ж табе ня сорам? Быу мне няверным, рабіу мне сцэны, праз цэлыя тыдні пакідау мяне адну…

ЗЬЯВА III-ая.

Папова і Антон.

Антон (уходзіць, устрывожаны). Пані, тамака нехта пытаецца вас. Хоча бачыць…

Папова. Шакжа-ж ты казау, што я з дня сьмерці майго мужа нікога ня прыймаю.

Антон. Казау, але ён і слухаць ня хоча. Кажа, што мае пільны інтэрас.

Папова. Я ня прый-ма-ю.

Антон. Я яму казау, але… чорт якісь… лаецца і проста у пакоі прэцца… ужо у сталовай стаіць…

Папова (са злосьцю). Добра! Кліч яго… Які грубіян! (Антон выйшоу). Якія дрэнныя гэтыя людзі! Чаго яны ад мяне хочуць? На вошта ім трывожыць мой спакой? (Уздыхае). Як я бачу, дык сапрауды прыйдзецца мне ісьці у манастыр… (Задумываецца). Але! у манастыр…

ЗЬЯВА IV-ая.

Папова, Антон і Сьмірноу.

Сьмірноу (уваходзючы, да Антона). Дурань, шмат сабе пазваляеш!.. Вучыць цябе трэба!.. Асёл! (Пабачыушы Папову, с павагаю). Пані, маю за чэсьць апавясьціцца: паруччык артылерыі у адстауцы, зямельны уласьнік Рыгор Сьмірноу! Змушан турбаваць вас у вельмі важнай справі.

Папова (не падаючы рукі). Чаго вы хочаце?

Сьмірноу. Ваш нябошчык муж, з каторым я меу за чэсьць быць знаёмым, застауся мне вінен па двум вэксэлям тысяча дзьвесьці рублёу. Дзеля таго, што мне заутра трэба плаціць працэнты у зямельны банк, я прасіу-бы паню заплаціць мне грошы сённека.

Папова. Тысяча дзьвесьці!.. А за вошта мой муж быу вам вінен?

Сьмірноу. Ен купляу у мяне авёс.

Папова (уздыхаючы, Антону). Дык жа-ж ты, Антон, не забудзься наказаць, каб Гнедку далі лішнюю мерку ауса. (Антон пайшоу. Сьмірнову). Калі Мікалай быу вам вінен, дык я заплачу, але выбачайце, будзьце ласкавы, я сённека ня маю свабодных грошай. Пасьля заутра вернецца з места мой камісар і я накажу яму заплаціць вам усё, а сённека я не магу зрабіць гэтаго… Акром гэтаго, сённека як раз скончылося сем месяцау, яв памёр мой муж, і я у такім настрою, што зусім не маю ахвоты займацца грашавымі справамі.

Сьмірноу. А у мяне цяперака такое настраенне, што калі я заутра не заплачу працэнтау, то павінен буду выляцець у трубу да гары нагамі. У мяне апішуць маёнтак.

Папова. Пасьля заутра вы дастанеце вашы грошы.

Сьмірноу. Мне патрэбны грошы не пасьля заутра, а сённека.

Папова. Выбачайце, сённека не магу заплаціць.

Сьмірноу. А я не магу чакаць да пасьля заутра.

Папова. Што зрабіць?.. У мяце сённека грошай німа.

Сьмірноу. Значыцца, вы ня можаце заплаціць?

Папова. Не магу!..

Сьмірноу. Гм!.. Гэта ваша апошняе слово?

Папова. Але, апошняе!

Сьмірноу. Апошняе?.. Аканчацельна?..

Папова. Аканчацельна!

Сьмірноу. Вельмі дзякую! Так і запішамо. (Варушыць плечамі). Хочуць яшчэ, каб я быу спакойны. Сустрэуся я цяперака па дарозі з акцызнікам, ён і пытаецца: «Чаму вы такі гнеуны, пан Рыгор?» Дык якжа-ж мне ня быць гнеуным? На гвалт патрэбны грошы!.. Выехау я яшчэ учора з раніцы, ледзьве сонейко узнялося, аб’езьдзіу усіх сваіх крэдытароу і хоць-бы адзін заплаціу мне. Замучыуся, як цюцька, начавау ліхо ведае дзе — каля барылы з гарай. Прыехау урэшце сюды, за 70 верстау ад хаты, маючы надзею дастаць грошэй, а мяне частуюць заместа грошэй — «настраеннем». Якжа-ж мне ня сердаваць?..

Папова. Я, здаецца выразна казала, што, калі вернецца камісар, дастанеце грошы.

Сьмірноу. Я прыехау не да камісара, а да вас. На якое ліхо, выбачайце, здауся мне ваш камісар?

Папова. Выбачайце, міласьцівы пане, я ня прывыкшы да падобных выражэнняу, да такога тону. Я вас больш ня слухаю. (Хутка выходзіць).

ЗЬЯВА V-ая.

Сьмірноу (адзін).

Сьмірноу. Падумайце сабе! «Настраенне»… «Сем месяцау, як муж памёр…» Але-ж мне трэба плаціць працэнты, ці не? Я вас пытаюся: мне трэба плаціць працэнты, ці не? Добра, у вас тамака муж памёр, настраенне і уселякія штукі… камісар паехау, чорт-бы яго узяу, але мне што рабіць? Задаць лататы ад сваіх крэдытароу, ці што? Ці, разагнаушыся, тарабахнуцца галавой аб сьценку? Прыежджаю я да Грузьдзеева — у хаці нема. Ярашэвіч схавауся, з Курыцыным палаяуся на сьмерць ды ледзьве яго ня выкінуу праз вакно, у Мазутава — халерына, у гэтай настраенне. Ні адна хвароба грошай не дае. А усё гэта дзеля таго, што я натта з імі цацкаюся, што нюня, баба! Натта я ужо з імі далікатна. Але пачакайце! Пазнаеце вы мяне!.. Я не пазволю жарты з сябе строіць. Застануся і буду сядзець тутака, пакуль грошай не дасьцё. Брр!.. Які я сярдзіты сённека, які я сярдзіты! Ад злосьці аж трасуся увесь і дух захапіло… Ху! Божанька… Млосна нават робіцца… (Крычыць). Слуга!

ЗЬЯВА VI-ая.

Сьмірноу і Антон.

Антон (увайшоушы). Чаго вам?

Сьмірноу. Дай мне квасу, ці вады! (Антон выйшоу).

Сьмірноу. Не, якая логіка! Чалавеку на гвалт патрэбны грошы, хоць ты вешайся, а яна не плаціць дзеля таго, бачыце, што не мае ахвоты займацца грашавымі справамі… Праудзівая, бабская, турпюрная логіка! Праз тое самае я ніколі ня любіу гутарыць з бабамі. Для мяне лягчэй сядзець на бочцы с порахам, чым гутарыць з бабай. Брр!!. Аж мароз за скурай дзярэ — так разазлавау мяне гэты хвост. Мне досі пабачыць — хоць-бы здалёку — паэтычнае стварэнне, каб ад гневу у лытках пачаліся корчы. Проста хоць ты гвалт крычы.

ЗЬЯВА VII-ая.

СьмірноуАнтон.

Антон (прынес і дае ваду). Пані хворая і ня прыймае.

Сьмірноу. Пашоу вон! (Антон выйшоу). «Хворая і ня прыймае»! Ня трэба, ня прыймай!.. Я застануся і буду сядзець, пакуль не дастану грошай. Тыдзень хварэці маеш і я тыдзень буду чакаць тутака… Год будзеш хварэць — і я год… Маё ня згіне, панічка! Мяне не парушыш жалобай і ямкамі на шчоках… Бачылі мы гэтыя самыя ямкі! (Гукае праз вакно). Сямен, адпрагай! Мы яшчэ ня хутка паедземо. Я застаюся тутака. Накажаш тамака у стайні, каб коням далі ауса! Зноу у цябе, быдлё, левы орчыковы конь заплутауся у лейцы. (Дражніць). «Нічога». Я табе дам — нічога! (Адышоушы ад вакна). Пагана!.. сьпека несьцярпуча, грошай ніхто не дае, у ночы спау кепска, а тутака яшчэ гэты жалобны хвост з настраеннем! Галава баліць. Гарэлкі выпіць, ці якое ліхо! Няхай сабе — выпью. (Гукае). Слуга!

Антон (увайшоу). Чаго вам?

Сьмірноу. Дай чарку гарэлкі! [Антон пайшоу]. Ух! [Сядае і агледае сябе]. Німа чаго казаць, пекная хвігура! Увесь запылены, боты брудныя, ня мыуся, ня чэсауся, на камізэльцы салома!.. Пані чаго добраго уважала мяне за разбойніка. [Пазевае]. Як-бы і ня выпадае зьяуляцца у гасьцінную так выглядаючы. Ну, але нічога!.. Я тутака ня госьць, а крэдытар.

Антон [прыносіць і падае гарэлку]. Перабіраеце мерку, паночку.

Сьмірноу. Што?!

Антон. Я… я нічога… я…

Сьмірноу. З кім ты гаворыш?! Маучаць!..

Антон. Прывалокся нячысьцік на нашу галаву… Нялёгкая яго прынесла!.. [Пайшоу].

Сьмірноу. Ах, які я сярдзіты! Такі сярдзіты, што здаецца, увесь-бы сьвет патоук на парашок… Нават млосна робіцца… [Гукае]. Слуга!

ЗЬЯВА VIII-ая.

СьмірноуПапова.

Папова [уходзіць, спусьціушы вочы]. Міласьцівы пане, у сваёй самоці я дауно ужо адвыкла ад людзкога голасу, і гоману не цярплю. Прашу вас вельмі пакінуць мяне у спакоі.

Сьмірноу. Дайце мне грошы — і я паеду сабе.

Папова. Я ужо казала вам, здаецца, досі зразумела: у мяне грошай немашака, пачакайце да пасьля заутра.

Сьмірноу. Я так сама меу гонар казаць вам досі зразумела: грошы мне патрэбны не пасьля заутра, а сённека. Калі вы сённека мне не дасьцё грошай, дык я заутра мушу павесіцца.

Папова. Дык што я маю рабіць, калі у мяне немашака грошай? Які дзіуны!

Сьмірноу. Дык вы ураз не заплаціце? Не?

Папова. Не магу!..

Сьмірноу. У такім разі я застануся тутака і буду сядзець, пакуль не дастану… (Седае). Аддасьцё пасьля заутра. Добра! Я буду сядзець тутака да пасьля заутра. Ось гэтак і буду сядзець!.. (Ускаківае). Я вас пытаюся, ці трэба мне заутра плаціць працэнты, ці не?.. Ці можа вам здаецца, што я жарты строю?

Папова. Міласьцівы пане, будзьце ласкавы не гаманіць. Тутака не стайня!

Сьмірноу. Я у вас пытаюся не а стайні, а аб тым, — ці мне трэба плаціць заутра працэнты, ці не?

Папова. Вы ня умееце весьці сябе у жоначай кампаніі.

Сьмірноу. Не, я умею вясьці сябе у жаночай кампаніі!

Папова. Не, ня умееце! Вы кепска выхаваны, грубіян. Добра выхаваныя людзі не вядуць так гутаркі з кабетамі.

Сьмірноу. Ах, дзіуная рэч! Якжа-ж вы накажэце вясьці з вамі гутарку? Хіба па-французску? (Злуе і сюсюкае). Мадам, жэ ву прі… які я шчасьівы, што вы не плаціце мне грошай… Ах, пардон, што патурбавау вас! Якая сённека пекная пагода! І як вам да твару гэтая жалоба! (Разшаркуецца).

Папова. Неразумна і груба!

Сьмірноу (дражніць). «Неразумна і груба». Я ня умею вясьці сябе у жаночай кампаніі… Панічка, я на сваім веку бачыу больш жанок, як вы верабьёу. Тры разы праз жанок я стрэляуся на паядынку, двацаццаць жанок я кінуу, дзевяць кінулі мяне. Быу час, калі я дурня строіу… Любіу страшэнна на уселякія спосабы, уздыхау-кіс, растапляуся, халадзеу… Стракатау, як сарока, аб эмансіпацыі, прасьвістау на усім гэтым палову сваёй маентнасьці, але цяперака — досі! Цяперака мяне не ашукаеце. Вочы чорныя, вочы палкія, чырвоны вусны, ямачкі на шчочках, месяц, палахлівае дыханне — за усё гэта, панічка, я цяперака і макаваго зерняці не дам. Я не кажу а прысутных, але усе кабеты — ад маленькай да вялікай — крыулякі, брахухі над брахухамі, чванкаваты, дробязны, неміласэрны, логіка безталковая, а што датычыцца ось гэтаго (ляскае сябе па лобі) дык, выбачайце за адкрытасьць, верабей першаму лепшаму філёзафу у спадніцы дасьць дзесяць вачкоу наперад. Паглядзіш часам на паэтычнае стварэнне: батыст, эфір, поубагіня, мільён парывау, а заглянеш у душу — найзвычайнейшая налпа. (Хапаецца за сьпінку крэсла, крэсло трэскаець і ламаецца). Але больш усяго абурае, што гэтая налпа чамусь сабе думае, што яе прывілегія, яе манаполь, яго шэдэвр, дэлікатнае чуццё. Дык ніхай мяне трасца, павесьце мяне ось на гэтым цьвяку да гары нагамі — хіба кабета умее кахаць каго-небудзь апроч балонак! Кахаючы, яна умее толькі пішчэць і кіснуць. Тамака, дзе мужчына мучыцца і аддае усё, у яе выяуляецца каханяне у тым, што яна круціць хвастом і пільнуе, каб мацней ухапіць за нос. Вы маеце за нешчасьце быці кабетай, дык вы самі па сабе добра мусіце ведаць жаночую натуру. Скажыце мне па праудзі: ці вы бачылі праз сваё жыццё кабету, каб яна была шчырай, вернай — не здрадніцай? Не бачылі! Верны і не здрадніцы бываюць толькі бабы і калекі. Хутчэй вы сустрэніце рагатую котку, або чырвоную зязюлю, як кабету не здрадніцу.

Папова. Выбачайце, — дык хто па вашай думцы не здрадлівы у каханні? Ці ня мужчына?

Сьмірноу. Але! мужчына.

Папова. Мужчына! [Голасна рагоча]. Мужчына не здраднік у каханні! Ось гэта дык навіна! Якое вы маеце право казаць гэта? Мужчына верны і не здраднік! Калі маемо аб гэтым казаць, дык я скажу ось што: з усіх мужчын, якіх я толькі знала і знаю, найлепшым быу мой муж… Я любіла яго агніста, усей сваёй істотай, як можа толькі любіць маладая кабета; я аддала яму сваю моладасьць, шчасьце, жыццё, сваю маентнасьць, дышала ім, малілася да яго, як язычніца і… і што? Гэты найлепшы з мужчын ашуківау як найлепш мяне на кожным кроку. Пасьля яго сьмерці, я знайшла у яго стале поуну скрынку лістоу ад каханак, а пры жыцці — страшна падумаць! ён цэлымі тыднямі пакідау мяне адну, прад маімі вачамі залецауся да іншых кабет і здраджывау мяне, марнавау мае грошы, глуміуся над маім пачуццём… І не зважаючы на усё гэта, я любіла яго і заусягды была яму вернай… І ось ён памёр, а я засталася вернай яму. Я на векі пахавала сябе у чатырох сьценах і ня скіну жалобы да самай магілы…

Сьмірноу [рагоча]. Жалоба… Не разумею, за каго вы мяне уважаеце? Быццам я не знаю, на вошта вы носіце чорнае доміно і пахавалі сябе у чатырох сьценках. А якжа-ж. Гэта так таемнічна, паэтычна. Будзе ехаць каля двара які небудзь юнкер, або куртаты паэт, гляне на вокны і падумае сабе: «Тутака жыве таемнічая Тамара, што з кахання да свайго мужа пахавала сябе у чатырох сьценках». Бачылі мы такія штукі!

Папова [гнеуна]. Што? як вы важыцеся казаць мне усё гэта?

Сьмірноу. Вы пахавалі сябе жыуцом, аднача не забыліся напудравацца…

Папова. Ды як вы сьмееце гаварыць са мной гэтак!

Сьмірноу. Будзьце ласкавы, ня крычыце, я не ваш камісар. Дазьвольце мне іменаваць рэчы праудзівым іх прозьвішчам. Я не кабета і прызвычаіуся выказываць свае думкі проста. Калі ласка — бяз крыку!

Папова. Гэта не я крычу, а вы гвалтуеце. Пакіньце мяне у спакоі.

Сьмірноу. Заплаціце мне грошы і я пакіну вас.

Папова. Не дам я вам грошай!

Сьмірноу. Не дасьцё?

Папова. Ось на злосьць вам, ні капейкі не дастаніце! Можаце пакінуць мяне у спакоі.

Сьмірноу. Я не маю за шчасьце быць ні вашым мужам, ні нарэчоным і дзеля таго прашу не рабіць мне сцэн. [Сеу]. Гэта мне не спанарауна.

Папова [задыхаючыся ад злосьці]. Вы селі?

Сьмірноу. Сеу!

Папова. Будзьце ласкавы выйсьці!

Сьмірноу. Аддайце грошы!.. [У бок]. Ах, які я злы! які я злы!

Папова. Я не маю ахвоты вясьці гутарку з грубіянамі. Калі ласка, выйдзіце. [Пауза]. Вы ня пойдзеце? Не?

Сьмірноу. Не!

Папова. Не?

Сьмірноу. Не!

Папова. Добра! [Пазваніла].

ЗЬЯВА IX-ая.

Тыя-ж і Антон.

Папова. Антон, вывядзі гэтаго пана.

Антон (падыйходзіць да Сьмірнова). Пане, ідзіце, калі наказываюць. Німа чаго!..

Сьмірноу (ускочыушы). Маучаць! З кім ты маеш дзело? Я цябе на порах ператру!

Антон (хапаецца за сэрцо). Баценька!.. (Падае на крэсло). Ох, млосна, млосна! Дух захапіло!

Папова. Дзе Зоська? (Гукае). Зоська! Параска! Зоська! [Звоніць].

Антон. Ох, усе у ягады пайшлі!.. Нікога нямашака у хаці… Млосна! Вады!

Папова. Прашу вас выйсьці!

Сьмірноу. Ці пані ня будзе ласкава быць крыху меньшай грубіянкай?

Папова [сьціснуушы кулакі і топаючы нагамі]. Вы хам! Мядзьведзь! Пудзіло!

Сьмірноу. Як? Што вы казалі?

Папова. Я казала, што вы мядзьведзь, пудзіло!

Сьмірноу [прыступаючы да Паповай]. Выбачайце, якое вы маеце право зьневажаць мяне?

Папова. Але, зьневажаю… ну, дык што? Вы хочаце мяне напалохаць!

Сьмірноу. А вам здаецца, што калі вы паэтычнае стварэнне, дык можаце усё рабіць безкарна. Так! Да бар’еру!

Антон. Баценька мой!.. Ох!.. Вады!..

Сьмірноу. Страляцца!

Папова. Калі у вас здаровыя кулакі, ды бычачае горло, дык вам здаецца, што я вас баюся, га? Мядзьведзь вы!

Сьмірноу. Страляцца! Я нікому не дазволю зьневажаць сябе, хоць-бы гэта была кабета, слабае стварэнне.

Папова [стараючыся перакрычаць яго]. Мядзьведзь! Мядзьведзь! Мядзьведзь!

Сьмірноу. Час ужо адракціся забабону, што толькі адны мужчыны павінны плаціць за зьневагу. Раунапрауе, дык раунапрауе! Да бар’еру!

Папова. Страляцца хочэце? Добра!

Сьмірноу. Ураз-жа!

Папова. Ураз-жа! Пасьля майго мужа засталіся пісталеты… Я іх прынясу сюды… [Хутка выходзіць; вертаецца]. З якой прыемнасьцяй я уляплю кулю у вашу галаву! [Пайшла].

Сьмірноу. Я падстрэлю яе, як куранятка, я не дзяцюк, для мяне немашака слабых стварэнняу.

Антон. Баценька родненькі! [Стануушы на калены]. Зрабі ласку, пашкадуй ты мяне старога, ідзі адсюль. Напалохау ты мяне на сьмерць, ды яшчэ зьбіраешся страляцца.

Сьмірноу [не зьвяртаючы на яго увагі]. Страляцца — ось гэта раунапраунасьць, эманцыпацыя. Тутака абодва полы роуны. Падстрэлю яе дзеля прынцыпу. Але-ж якая кабета! [Дражніць]. «З якою прыемнасьцю уляплю кулю у вашу галаву…» Паузірайцеся! Расчырванелася, вочы блішчаць… Вызау прыняла. Далібог, першы раз у сваім жыцці такую бачу!..

Антон. Баценька мой! Ідзі ты! Вечна Бога маліць буду.

Сьмірноу. Гэта — кабета! Ось гэта — я разумею. Праудзівая кабета! Ня кісьляціна, не якая небудзь размазьня, а агонь, порах! Нават забіць шкада.

Антон [плача]. Баценька!.. родненькі, ідзі адгэтуль!

Сьмірноу. Яна мне проста падабаецца. Сапрауды. Хоць і ямачкі на шчоках, а падабаецца. Гатоу нават доуг ёй дараваць… і злосьць прайшла… Дзіуная кабета!

ЗЬЯВА X-ая.

Тыя-ж і Папова.

Папова [уваходзіць з пісталетамі]. Ось яны, пісталеты!.. Але перш, чым маемо стрэляцца, вы мяне навучыце, як трэба стрэляць. Я ніколі у жыцці ня трымала у руках пісталету.

Антон. Божанька!.. Зьлітуйся!.. Пайду, пашукаю агародніка і фурмана пашукаю… Скуль гэта напасьць на нашу галаву… [Пайшоу].

Сьмірноу[агледае пісталеты]. Бачыце, ёсьцека неколькі гатункау пісталетау… Есьць пісталеты спэцыяльна для паедынку Мортімара. А гэта у вас рэвольвары сыстэмы Сміт і Вэссон з экстракторам, цэнтральнаго бою… Добрыя пісталеты!.. Яны каштуюць меньш усяго 90 рублёу пара… Трымаць рэвольвар трэба так!.. (У бок). Вочы, вочы! Запальная кабета!

Папова. Гэтак?

Сьмірноу. Але, гэтак!.. Потым вы падыймаеце паукурча… ось гэтак цэліцесь!.. Галаву крыху назад. Руку трэба выцягнуць добра!.. Ось гэтак!.. Пасьля вы ось гэтым пальцам націскаеце гэту штучку — больш нічога… Толькі глауная рэч: спакойна і ня сьпешаючыся нацэліцца… Старацца, каб не задрыжэла рука…

Папова. Добра!.. У пакоях стрэляцца нязручна, пойдземо у садок.

Сьмірноу. Хадзем. Толькі я павінен вас папярэдзіць, што я страляць буду у гару, у паветро.

Папова. Гэтаго яшчэ неставала! Чаму-ж гэтак?

Сьмірноу. Дзеля таго… дзеля таго… гэта маё дзело, дзеля чаго.

Папова. Вы спудзіліся! Але! А-а а! Не, пане, вы ня выкручывайцеся! Прашу ісьці за мною. Я не супакоюся, пакуль не прабью вашаго лобу… ось гэтаго лобу, што я так ненавіджу! Спудзіліся?

Сьмірноу. Але, спудзіуся.

Папова. Брэшаце! Чаму вы ня хочэце стрэляцца?

Сьмірноу. Дзеля таго… таму, што вы… мне падабаецеся!..

Папова (злы рогат). Я яму падабаюся. Ен мае сьмеласьць казаць, што я яму падабаюся. (Паказывае на дзьверы). Можаце…

Сьмірноу (моучкі кладзе пісталет, бярэ шапку і ідзе; каля дзьвярэй затрымліваецца; момэнт абое моучкі глядзяць адзін на аднаго; потым ен кажа, баязьліва падходзючы да Паповай). Паслухайце!.. Вы усё яшчэ гнеуны?.. Я так сама, як чорт злы, але, ці разумееце… як-бы гэта выславіцца? Справа у тым, што, бачыце, такога роду гісторыя, кажучы па праудзі… (Крычыць). Ну, дык хіба-ж я вінен, што вы мне да спадобы? (Хапаецца за сьпінку крэсла, крэсло трашчыць і ламаецца). Чорт ведае, якія у вас нямоцныя крэслы!.. Вы мне падабаецеся. Разумееце? Я… я закахауся!

Папова. Адступіцеся ад мяне, я вас цярпець не магу!

Сьмірноу. Божа, якая кабета! Ніколі у жыцці ня бачыу такой. Прапау! Загінуу! Папау, як мыш у пастку!

Папова. Адступіцеся, а то страляць буду.

Сьмірноу. Страляйце! Вы ня можаце зразумець, якое шчасьце умерці пад паглядамі гэтых вачэй, умерці ад рэвольвару, каторы трымае гэта маленькая, аксамітная ручка… Я зварьяцеу. Думайце і рашайце ураз-жа, таму, што, калі я выйду адсюль, то ужо мы больш ніколі не пабачымось. Рашайце!.. Я шляхціц, добры чалавек, маю у год дзесяць тысяч даходу… трапаю куляй у падкінуту капейку… маю пекных коней… Хочаце быць маёй жонкай?

Папова (абурана, трасе пісталетам). Страляцца!

Сьмірноу. Зварьяцеу!.. Нічога не разумею… (Гукае). Слуга, вады!

Папова (на голас). Страляцца!

Сьмірноу. Зварьяцеу, закахауся, як дзяцюк, як дурны. (Хапае яе за руку, яна крычыць ад болю). Я кахаю вас! (Стануушы на каленкі). Кахаю, як ніколі не кахау. Дванаццаць кабет я кінуу, дзевяць кінулі мяне, але ніводную я так не кахау, як вас… Раскапусьціуся, разьмяк, раскіс… стаю на каденках, як дурны, і прашу вас ісьці за мяне… Ганьба і сорам! Паць гадоу не кахауся, дау сабе слово, і раптам уцюрыуся, як аглобля у чужы воз. Рукі прашу! Так, ці не?! Ня хочаце? Ня трэба! (Устае і хутка ідзе к дзьверам).

Папова. Пачакайце!..

Сьмірноу (затрымліваецца). Нy?

Папова. Нічога, ідзіце!.. А то пачакайце!.. Не, ідзіце. Я вас не цярплю. Ці не!.. ня йдзіце! Ах, каб вы ведалі, якая я злая, якая злая! (Кідае на стол рэвольвар). Набраклі пальцы ад гэтаго паскудзтва… (Рве ад злосьці хустачку). Чаго-ж вы стаіце? Вон!

Сьмірноу. Бывайце здаровы!

Папова. Але, але, ідзіце!.. (Гукае). Куды вы? Пачакайце!.. не!.. ідзіце лепш!.. лепш ідзіце!.. Ах, якая я злая! Не падходзьце, не падходзьце да мяне!

Сьмірноу (падыйходзючы да яе). Які я злы на сябе! Закахауся, як гімназіст, стаяу на каленках!.. Нават мароз за скурай дзярэ… (Груба). Я вас кахаю… Надта было мне патрэбна закахацца у вас. Заутра працэнты плаціць, сенажаць трэба касіць, а тутака вы… (Бярэ яе за стан). Ніколі гэтаго ня выбачу сабе…

Папова Адступіцеся! Бяз рук! Я вас… цярпець не магу. Страляцца! (Доугі пацалунак).

ЗЬЯВА XI-ая.

Тыя-ж, Антон з сякерай, агароднік з граблямі, фурман з віламі і работнікі з дручкамі.

Антон (пабачыушы іх у часі пацалунку). Баценька мой! (Пауза).

Папова (спусьціушы вочы). Антон, накажы тамака у стайні, каб сённека Гнедку зусім не давалі ауса!


(Заслона).



КАНЕЦ.