Зборнік сцэнічных твораў (1918)/II/Сватанне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мядзьведзь Сватанне
Камэдыя
Аўтар: Антон Чэхаў
1918 год
Арыгінальная назва: Предложение (1888)
Пераклад: Напалеон Чарноцкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сватаньне (Чэхаў/Чарноцкі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. Чэхов.




СВАТАННЕ.


Жарт у I акце.



Пералажыў з расійскае на беларускую
Н. Чарноцкі.


СВАТАННЕ.



АСОБЫ:

СЬЦЕПАН ЧЫБУХ.

НАТАЛКА — Чыбухова дачка, 25 лет.

ІВАН ЛАМАКА — іхні сусед, таўсты, здаровы, ды ўсё пад сваім здароўем дрыжыць.



ЗЬЯВА I-ая.

Чыбух і Ламака (увайшоу у сурдуце ды белых рукавічках).

Чыбух (спатыкаючы). Галубок-жа ты мой, каго-ж я бачу? А матачка-ж мая!.. ото-ж я уцешыуся, неспадзеваушыся! (здароукаецца за руку). Ці здароу хаця?

Ламака. Дзякую вам! А вы-ж ці здаровы?

Чыбух. Жывём памаленьку, анёлак мой, Богу дзякаваць ды усё такое. Сядайце, будзьце ласкавы. Ці хораша гэтак суседзяу забываць, мамачка мая? Галубок-жа мой, чаму-ж з гэтакаю парадай? І y cypдуце, і у рукавічках, і усё такое? Ці едзеце куды, дарагенькія мае?

Ламака. Да не, такі-ж я да вас, пане Сьцепане.

Чыбух. Дык на што-ж той сурдут, цацачка мая, як Новым Годам віншуючы!

Ламака. Бачыце, во у чым рэч… (бярэ яго пад руку). Выбачайце, шаноуны пане Сьцепане, маю да вас просьбу. Ня раз ужо, дзякую вам, прасіу я вас памагчы, ды кожны раз, як той казау, але-ж я, выбачайце, сяромяюся. От, я вады выпью, шаноуны пане Сьцепане (пье).

Чыбух (да сябе). Мусіць грошай прыехау пазычыць. Ня дам! (Да яго). Чаго-ж трэба, мой харошанькі?

Ламака. Калі-ж, бачыце, паважаны, шанаваны… выбачайце… Сьцепанскі Сьцепане, як той казау, самі бачыце… Надта я саромяюся… Адным словам, апроч вас, ніхто мне не паможа, хоць ведама, я таго і ня варты, ды… ды права на тое ня маю каб ад вас помачы спадзявацца…

Чыбух. А мая-ж мамачка! Ды годзі-ж вам ужо размазываць. Ды кажыце-ж адразу! Ну?

Ламака. Зараз… У мамэнцік. У тым справа, што я прыехау у сваты да вашай дачкі, Наталкі.

Чыбух (уцешыуся). Мамачка-ж мая! Пане Іване! Яшчэ разок скажыце, я не дачуу!

Ламака. Маю гонар прасіць…

Чыбух (перабівае). Галубка-ж ты мая! Які-ж я рад ды усё такое… (абняу, цалуе). Дауно я жычыу гэтаго… Мне жадалося… (сьлязу пусьціу). Заусёды я любіу вас, анёлак мой, як роднаго сына. Дай-жа, Божа, каб вам было як раз ды усё такое, ды і я-ж хацеу таго самаго… Чаго-ж я стау як дурны? Здурэу, чыста здурэу ад радасьці. Ад усяго сэрца. Пайду клікну Наталку, ды усё такое.

Ламака (ледзьве ня плача ад радасьці). Шаноуны пане Сьцепане, як-жа вам здаецца, ці спадзявацца мне, што не адкажа?

Чыбух. Гэткі, як той казау, хорашы ды каб яны адказала ні з таго ні з сяго? Палюбіла, ня бойся, як кошка ды усё такое… зараз… (пашоу).

ЗЬЯВА II-ая.

Ламака (адзін).

Ламака. У холад кідае… Дрыжу увесь, як перад экзаменам. Калі доуга будзеш думаць, ды раздумывацца, ды разбіраць, ды шукаць зоркі у небе, або праудзіваго кахання, то гэтак і ніколі не ажэнішся… Брр… Холадна. Наталка — гаспадыня — ня трэба лепшай, з твару ня брыдкая ды вучоная… Якога-ж мне яшчэ ражна трэба? Аднак ужо мяне разьбірае, у вушах стало гудзець (пье ваду). А не жаніушыся німа як… Першая рэч, мне ужо 35-й год — такі век, што трэба, як той казау — ці сюды ці туды. Другое, пры маём здароуі трэба жыць па парадку, акуратна. Такі ж я сапрауды маю біццё сэрца, абы чаго зазлую, так зараз мяне разбярэ. От і цяпер мае губы дрыжаць, ды у правай веялцы сударога пачынаецца… Але-ж найгоршая у мяне бяда, як спаць прыдзецца. Абы толькі лёг, так нешта у левы бок штурх, а далей проста у плячо ды у галаву… Схаплюся як вар’ят, прайдуся трошкі ды зноу лягу, толькі лёг, задрамау, а яно і узноу — штурх у бок! Гэтак можа разоу з двадцаць…

ЗЬЯВА III-ая.

Наталка і Ламака.

Наталка (увайшла). А што! Гэта-ж вы, а тата кажа: купец па тавар прыйшоу. Будзьце здаровы, пане Іване!

Ламака. Здаровы будзьце, паважаная паненачка!

Наталка. Выбачайце, саусім не адзета, у хвартуху… Гарох лушчым, сушыць будзем. Чаму-ж гэта вы у нас гэтак доуга не былі? Сядайце… (селі). А мо пасьнедаеце?

Ламака. Дзякуй вам, я ужо пад’еу.

Наталка. Закурыце… вось запалкі… Як сягоння на дварэ хораша, а учора гэткі дождж быу, што увесь дзень у полі работы ня было. А у вас многа накошана? Во я абласавалася, усю сенажаць скасіла, цяпер і сама ня рада, баюся, каб не пагніло. Пауней было пачакаць. Ды што-ж гэта вы у сурдуце? От навіна! На вечарынку выбрауся, ці што? Прауду сказаць і пахарашэлі… Але-ж куды гэтак выглаганталіся?

Ламака (саромяючыся). Бачыце, паненачка… у тым справа… Я падумауся прасіць, каб вы мяне паслухалі… Пэуна вам і дзіуна будзе, можа будзеце сердаваць, але-ж я… (сам да сябе). Які-ж страшэнны холад!..

Наталка. У чым-жа справа? (счакаушы). Ну!

Ламака. Я ужо пастараюся па-просту. Самі ведаеце, паненачка, я ужо з малых дзен маю тое шчасьце, што пазнау вашу сямейку. Мая цëця нябошчыца і дзядзька, па іх, самі ведаеце, мне і зямля засталася, яны надта шанавалі вашаго тату і маму нябошчыцу. Наш род, ды ваш род жылі заусёды, як суседзі, можна сказаць, як сваякі. Да таго-ж самі ведаеце, і зямелька мая ды ваша адна пры адной ляжыць. Будзьце ласкавы прыпомніць, тут мае Валовыя Лужкі, а тут і ваш бярэзьнік.

Наталка. Выбачайце, што перашкоджу. Кажаце: «мае Валовыя Лужкі…» Ці-ж яны вашы?..

Ламака. А ужо-ж…

Наталка. На табе! Валовыя Лужкі ня вашы, а нашы!

Ламака. Такі-ж мае, паненачка.

Наталка. Гэта мне навіна!.. Калі-ж яны вам асталіся?

Ламака. Як, калі? Гэта-ж тыя самыя Валовыя Лужкі, ідуць між вашым бярэзьнікам ды Гарэлым Балотам.

Наталка. Але-ж, але… Гэта ж нашы…

Ламака. Ды не, гэта вы несправядліва… Лужкі мае!

Наталка. Апамятуйцеся, пане Іване! Ці дауно-ж яны сталі вашы?

Ламака. Як, дауно? Заусёды былі нашы, колькі у мяне памяці.

Наталка. Ну, выбачайце, гэта яшчэ пабачым!

Ламака. Паненачка, так яно у паперах стаіць. Былі яны некалі пад судом, і то прауда; толькі-ж цяпер яны мае, усім вядома. І спрачацца няма аб чым. От як яно было: маём цёткі бабка аддала гэтыя самыя Лужкі у вечны чынш мужыкам дзеда вашаго таткі тады за тое, што яны для яе цэглу рабілі. Так і валадалі мужыкі, падданныя дзеда вашаго таткі, гэтымі самымі Лужкамі гадоу сорак бяз платы, так яны, прауда, думалі, што Лужкі нібы-то іхнія. Але-ж далей як вышло палажэнне…

Наталка. Саусім ня гэтак яно было. І дзед мой і прадзед ведалі, што іхней зямлі граніца там, дзе пачыняюцца Гарэлыя Балоты, — выходзіць, што Валовыя Лужкі нашы. Чаго-ж тут спрачацца? Аж злосьць бярэ!

Ламака. І паперу магу вам паказаць.

Наталка. Жартаваць, дражніцца са мной уздумалі… От навіна! Гадоу трыста будзе як валадаем землёю, а тут — на табе, кажуць, зямля ня ваша! Выбачайце, пане Іване, я вушам сваім веры не даю. Лужкоу я не шкадую… Усяго дабра дзесяцін з пяць, ня варта больш як рублёу трыста, але куды-ж вы прауду дзелі? Кажыце сабе што хочаце, а крыуды я ня хочу.

Ламака. Зрабіце-ж ласку, паслухайце. Мужыкі дзеда вашаго бацькі, я-ж кажу, палілі цэглу для бабкі маёй цёткі. Цёткіна бабка, дзякуючы ім за ты…

Наталка. І дзед, і бабка, і цётка… Нічога я тут не разьбяру! А толькі Лужкі нашы!

Ламка. Mae!

Наталка. Нашы! Хоць два дні даказывайце, хоць пятнаццаць сурдутау узлажыце на сябе, такі Лужкі нашы, нашы, нашы! Мне вашаго ня трэба, свайго ня дам! Як сабе хочаце.

Ламака. Мая паненачка, не аб Лужкі ідзе, адно аб справядлівасьць. А, калі, хочаце, то Лужкі я вам падарую.

Наталка. Я сама магу вам падараваць, бо Лужкі мае. Дзіуна мне толькі, пане Іване, да гэтае пары мы думалі, што вы сусед як трэба, што вы прыяцель. Летась мы вам і малатарню сваю пазычылі, цераз што ужо лістапад быу, як мы сваё збожжо дамалачывалі. А вы цяпер з намі, як з цыганамі, завяліся. Маёю зямлёй, мяне падарыць хочаце! Выбачайце, гэта ужо не па суседзку. Гэта ужо зьдзекі хочыце строіць.

Ламака. Так гэта па вашаму выходзіць, што я заграбіу? Чужой зямлі я ніколі ня грабіу! Гэткае на мяне узьвясьці, я не пазволю!.. (шпарка ідзе, пье ваду). Валавыя Лужкі мае!

Наталка. Такі нашы!

Ламака. Не, мае!

Наталка. Ня прауда, я вам пакажу! Яшчэ сягоння пашлю сваіх касцоу, ды скосяць.

Ламака. Што?

Наталка. От зараз мае касцы там будуць!

Ламака. А я іх па карку!

Наталка. Не пасьмееце!

Ламака. (Ухапіушыся за сэрцо). Валовыя Лужкі мае! Разумееце? мае!

Наталка. Не крычыце, будзьце ласкавы! Можаце сабе крычаць ды храпсці ад злосьці у сябе удому, а тутака — стрымайцеся!

Ламака. Каб ня гэтае страшнае біццё сэрца, каб у мяне жылы не лапаталі гэтак у лобе — пагаварыу бы я з вамі іначай (крычыць). Валовыя Лужкі мае!

Наталка. Нашы.

Ламака. Mae!

Наталка. Нашы!

Ламака. Mae!

ЗЬЯВА IV-ая.

Яны-ж і Чыбух.

Чыбух (увайшоушы). Што гэта? Чаго крычыце?

Наталка. Тата, растлумачце, будзьце ласкавы, гэтаму пану, да каго Валавыя Лужкі належаць: ці да нас, ці да яго?

Чыбух (да яго). Цыпачка, Лужкі нашы!

Ламака. Зьмілуйцеся, пане Сьцепане, чаму-ж гэтак яны вашы? Вазьміце хаця вы у розум! Маëй цёткі бабка дала мужыкам вашаго дзеда пакарыстаць зямлёй без грошай толькі да часу. Мужыкі карыставалі зямлёй гадоу сорак, ды прывыклі як да свайго, а як вышло палажэнне…

Чыбух. Стрымайцеся, дарагенькі… То-ж то і ë, што вы забыліся, што мужыкі не плацілі вашай бабцы ды усё такое, дзеля таго, што за іх спор ішоу ды блізка таго… А цяпер усякі сабака ведае, гэта самае, што яны нашы. А вы, відаць, планау ня бачылі?

Ламака. Такі пакажу!

Чыбух. Мамачка-ж мая, на што-ж гэты крык? Аб тое-ж, што крыкам нічога не пакажаце. Вашаго я не хачу, ды свайго не папушчу! На што мне гэта? Ужо калі на тое ідзе, мілачка мая, калі са мною за гэтыя Лужкі зьвяліся, ды усё такое, то я барджэй іх мужыкам падарую, як вам. От як!

Ламака. Не пайму я гэтаго! Якое-ж право маеце чужое падараваць?

Чыбух. Гэта ужо маё дзело — маю я право ці не. То-ж то і ë, што я не прывык ад маладзікау гэтакую гутарку слухаць, ды усё такое. Будзьце ласкавы са мною паціхеньку гаварыць ды усё такое…

Ламака. Такі-ж я у дурні не запісауся, каб з мяне зьдзекі строіць! Маю зямлю ды сваёю назвау і яшча хоча, каб я спакойны быу ды гаварыу па людзку! Гэта ужо, пане Сьцепане, не па суседзку! Гэта ужо не суседзтво, ды зьдзірство. Вы узурпатар!

Чыбух. Як? Як гэта вы казалі!

Наталка. Тата, зараз на Лужкі касцоу пасылайце!

Чыбух (да Ламакі). Як гэта ягомасьць казау?..

Наталка. Валавыя Лужкі нашы, я не уступлю! Не уступлю! Не уступлю!..

Ламака. Пабачым! У судзе пакажу, што маë.

Чыбух. У судзе? Падавай ягомасьць у суд ды усё такое. Будзь ласкау. Ведаем мы вас, вам толькі аказіі прычакаць, каб судзіцца ды усё такое… Суцяга! І з роду усе былі суцягі! Усе!

Ламака. Роду майго ня сьмейце бэсьціць! Ламакі усе чэсныя былі. Ня было такіх, як ягомасьцяу дзядзька, што судзіуся за тое, як чужыя грошы патраціу.

Чыбух. А у родзе Ламакау усе вар’яты былі!

Наталка. Усе! Уce, yce!

Чыбух. Дзед ваш піу бяз меры, без памяці, а малодшая цётка, бо-ж то е Настуля, з будаунічым уцекла ды усё такое…

Ламака. А матка вашая была крывабокая! (ухапіуся за сэрцо). У бок таркануло… У галаву стукнуло… Бацюшкі! Вады!

Чыбух. А бацька ваш быу карцёжнік ды абжора!

Наталка. А цётка мантушка-плёткарка, што ня трэба горшай!

Ламака. Левую нагу адняло… А вы інтрыган!.. Ой, ой, сэрцо!.. Ды усім ведама, што вы, як выбары былі пад… Іскры у вачах… Дзе мой капялюш?

Наталка. Брыдка! Не па людзку! Гадка!

Чыбух. А сам ягомасьць хітры, як гадзюка, паскудны чалавек! От як!

Ламака. Ось капялюш!.. Сэрцо!.. Куды я дзенуся? Дзе дзьверы? Ox!.. Здаецца, памру… Нага валочыцца… (ідзе у дзьверы).

Чыбух (за ім). Каб вашай нагі тут ня было!

Наталка. Падумайце — у суд! Пабачым! (Ламака пашоу, ківаючыся).

ЗЬЯВА V-ая.

Чыбух і Наталка.

Чыбух. А каб яго чэрці! (шпарка ходзіць ад злосьці).

Наталка. Ці ня шэльма-ж гэта? І давай тут веру добрым суседзям!

Чыбух. Гунцват! Пудзіло гароховае!

Наталка. Вырадак гэты! Чужую зямлю цягне, ды яшчэ лаецца!

Чыбух. Яшчэ гэткая кікімора, гэткая, то-ж то і ë, курыная сълепата, у сваты выбрауся ды усё такое. Бачыш? У сваты!

Наталка. Як, у сваты?

Чыбух. А як-жа. Таго-ж прыехау, каб да цябе сватацца.

Наталка. У сваты? Да мяне? Чаму-ж ты мне пярвей не сказау?

Чыбух. Для таго-ж і у сурдут выстраіуся, кішка гэтая! Смоуж!

Наталка. Да мяне? У сваты? Ох! (падае на крэсло ды стогне). Вярнуць яго! Вярнуць! Ах! Вярнуць!

Чыбух. Каго гэта?

Наталка. Хутчэй! Хутчэй! Ох! Кепска! Вярнуць! (хватае яе сударога).

Чыбух. Што гэта? што табе? (Ухапіуся за галаву). А мая-ж доля ліхая! Застралюся! Павешуся! Замучылі!

Наталка. Паміраю! Вярнуць!

Чыбух. Цьфу! Пачакай! Не дзяры горла! (пабег).

Наталка (адна стогне). Ды што-ж мы нарабілі? Вярнуць!

Чыбух (прыбег назад). Зараз вернецца ды усё такое, бадай яго чэрці! Ух! Гавары з ім сама, а я то-ж то і ё, што ня хочу…

Наталка (крычыць). Вярнуць!

Чыбух (крычыць). Кажу табе — ідзе! А Божухна, каб яго з гэтымі дачкамі! Зарэжуся. Канечна зарэжуся! Чалавеку сораму нарабілі, аблаялі, прагналі, а усё ты вінавата… ты!

Наталка. Не я, а ты!

Чыбух. Ну, але, я вінаваты, ото-ж то і ë… (У дзьверах паказываецца Ламака). Ну, гаворы з ім сама (пашоу).

ЗЬЯВА VI-ая.

Наталка і Ламака.

Ламака. (Ідзе умарыушыся). Сэрцо страшэнне трапечыцца… Нагу адняло… у бок торкае…

Наталка. Выбачайце, пане Іване, мы пагарачыліся… Цяпер я успомніла: такі сапрауды Валовыя Лужкі вашы.

Ламака. Вельмі сэрцо бьецца… Лужкі мае!.. На абодвух вачах сударга скача…

Наталка. Ну але-ж, вашы, вашы Лужкі!.. сядайце… (селі). Гэта мы вінаваты.

Ламака. А я за справядлівасьць… Зямля мне ня дорага, дорага справядлівасьць.

Наталка. Ну, але-ж, справядлівасьць… Пагаварым аб чым інакшым.

Ламака. Але тое, што і даказаць магу. Маёй цёткі бабка аддала мужыкам дзеда вашаго таткі…

Наталка. Годзі ужо! Годзі… (сама да сябе). З чаго тут начаць… (Да яго). Калі ж выбіраецеся на паляванне?

Ламака. На цяцарукі, паненачка, пачну мусіць, як кончуць жаць. А вы ня чулі якое у мяне няшчасьце? Мой Адгадай, вы яго ведаеце, закульгау!

Наталка. Вото-ж шкода! І з чаго-ж гэта?

Ламака. Ня ведаю… Ці зьвіхнуу, ці сабакі пакусалі… (уздыхае). Найлепшы быу сабака, аб грошах і нема што казаць! Я-ж за яго Мірончыку 125 рублёу заплаціу!

Наталка. Гэта вы лішняе далі, пане Іване!

Ламака. А скажу, што яшчэ мала. Сабака быу — толькі дзівіся!

Наталка. За свайго Валяя, тата дау 85 рублёу, а вашаму Адгадаю куды да яго!

Ламака. Валяй лепяй за Адгадая? Што вы гэта? (сьмяецца). Ого — Валяй лепшы за Адгадая!

Наталка. Ведама, лепшы! Валяй, прауда, яшчэ малады сабака, а для таго ці рушыць, ці трымаць, то за яго і у Валчанецкаго німа лепшаго сабакі.

Ламака. Пачакайце, паненачка, вы-ж тое забылі, што у яго конская морда, а з гэтакою мордаю сабака ніколі добра ня возьме.

Наталка. Конская морда? Першы раз чую!

Ламака. Сапрауды — ніжняя сківіца даужэйшая за верхнюю!

Наталка. А вы-ж зьмерылі?!

Ламака. Зьмерыу! Да гону, прауда, ён нічога, але, як прыйдзе «вазьмі яго», то аслабне надзея…

Наталка. Першая рэч, наш Валяй гатунковы (пародзісты) сабака, з сабак сабака, ён сын Запрагая ды Стружкі, а вашаго пярыстаго і роду не дамацаешся… а да таго стары калека, як анучнікава кабыла…

Ламака. Стары, а я за яго пяці вашых Валяяу не вазьму… Ото дзіво… гэтакіх, як ваш Валяй, сабакару німа куды дзець, калі хто дасьць 25 рублеу, то яшчэ падзякаваць.

Наталка. Ды вас, пане Іване, мусіць сягоння чорт ды да какалашні папіхае? То задумалі, што Валовыя Лужкі вашы, то ізноу Адгадай лепшы за Валяя? Не люблю я, калі хто тое гаворыць, чаму і сам веры не дае! Такі ж вы самі добра ведаеце, што Валяй лепяй за гэтаго вашаго дурня, Адгадая. Аб чым-жа тут спрэчацца?

Ламака. А вам, я бачу, здаецца, што я асьлеп, або здурнеу? Хто таго ня бачыць, што ваш Валяй падуздаваты?

Наталка. Брахня!

Ламака. Падуздаваты!

Наталка. Брахня!

Ламака. Чаго-ж гэта васпанна крычыш?

Наталка. А чаму-ж ягомасьць гаворыш няма ведама што? Ня сьцярпець слухаючы! Вашаго Адгадая застрэліць пара, а ня то што раунаваць да Валяя!

Ламака. Выбачайце, я ужо не магу далей! У мяне біццё сэрца.

Наталка. Гэта я дауно уважала: гэты мыслівы, што да палявання астатні, той да калатні першы!

Ламака. Годзі ужо. Годзі! Будзьце ласкавы. Сэрцо маё трэсьне… (Крычыць). Годзі!

Наталка. Ня сьціхну, пакуль не прызнаецеся, што Валяй у сто разоу лепшы за вашаго Адгадая!

Ламака. Сто разоу горшы! Каб ён здох ваш Валяй… Ой, — ой!.. у скорні… у воко… у плячо тарканула…

Наталка. А вашаму падле Адгадаю ужо і здыхаць ня трэба, ён ужо і так здохлы!

Ламака (плача). Годзі! Маё сэрцо рвецца!

Наталка. Не! Ня буду маучаць!

ЗЬЯВА VII-ая.

Тыя самыя і Чыбух.

Чыбух. (Увайшоушы). Што гэта ізноу у вас?

Наталка. Тата, скажы шчыра, на сумленне, каторы сабака лепшы — наш Валяй, ці яго Адгадай?

Ламака. Пане Сьцепане, зрабіце ласку, скажыце адно: ці падуздаваты ваш Валяй, ці не?

Чыбух. А няхай сабе! Бяда вялікая! За тое на цэлы павет німа за яго лепшаго сабакі ды усё такое!

Ламака. Але-ж мой Адгадай лепшы! На сумленне!

Чыбух. Супакойцеся… дарагенькі… Пачакайце… Вашаму Адгадаю, то-ж то і ë, за што ня трэба — я ганьбы ня дам… Ен гатунковы, і у нагах моц мае і у задзе, ды усё такое. Толькі і твой собака, калі ужо хочаш ведаць, мой харошанькі, дзьве важныя недахваткі мае: стары ды морда караткавата.

Ламака. Выбачайце, сэрцо у мяне трасецца… Скажу толькі тое, што усе бачылі. Успомніце, будзьце ласкавы, як на Марыськінай руні мой Адгадай ішоу з графскім Размахаем вухо з вухам, а ваш Валяй на цэлую вярсту адстау?

Чыбух. Астауся цераз тое, што графскі даежджачы дау яму гарапнікам.

Ламака. І варта было — усе сабакі за лісамі ідуць, а Валяй давай барана церабіць.

Чыбух. Брахня… Галубка мая, не даводзьце мяне да злосьці, то-ж то і ë, будзьце ласкавы, пакінце ужо спрачацца! Даежджачы дау гарапнікам цераз тое, што на добраго сабаку гледзючы, усякаму зайздросна, што сабака не яго… То-ж то і ë… Усе такія зайздросныя! І ягомасьць трохі вінаваты! То-ж то і ë, абы угледзіу, што абы чый сабака лепшы за вашаго Адгадая, то і пачнеш — сëе, тое, ды усё такое… Ці я-ж не памятую як тут было?

Ламака. І я памятую!

Чыбух. (Дражніцца). «І я памятую…» А што-ж вы памятаеце?

Ламака. Сэрцо трапечыцца… Нага аднялася… Не магу…

Наталка. (Дражніцца). «Сэрцо трапечыцца…» Які-ж з вас мыслівы? Вам у кухні на печы лежаць ды тараканау душыць, а не лісіцу цкаваць! «Сэрцо трапечыцца…»

Чыбух. І прауду кажа, які з вас мысьлівы? 3 вашым, то-ж то і ё, быццём сэрца толькі у дому сядзець, а не на кані трасьціся. Няхай-бы палевау, як людзі палююць, а то толькі езьдзіце за тым, каб спрачацца, чужым сабакам перашкаджаць ды усё такое. Я шпаркі, пакінем ляпей гэту гутарку. А вам, то-ж то і ë, ня варта называцца мыслівым.

Ламака. А васпан нібы то мысьлівы? А едзеш толькі за тым, каб да графа падмазывацца да на людзей яму на вухо шаптаць. Ой! сэрцо! Падхлебнік! Інтрыган!

Чыбух. Што? Я падхлебнік? (крычыць). Маучы!

Ламака. Падхлебнік!

Чыбух. Блазьнюк! шчанё!

Ламака. Стары пацук! Езуіт!

Чыбух. Маучы, а не то падстрэлю цябе з паганай стрэльбы, як куранашку, сьвістун!

Ламака. Усе ведаюць, што — ox!.. Сэрцо!.. жонка нябошчыца лупіла яго як трэба… Ой нага… скроні… іскры… Упаду, упаду…

Чыбух. А на табе твая ахмістрыня едзе, як сама хоча!

Ламака. От, от, от табе і на… Сэрцо трэснуло! Рука прапала… Дзе мая рука?.. Паміраю! (падае на крэсло). Дохтара! (самлеу).

Чыбух. Блазнюк! Малакасос! Сьвістун! Ой, кепска мне! (пье ваду). Кепска!

Наталка. Які з вас мысьлівы? І на кані сядзець ня умееце! (Да бацькі). Тата! Што гэта з ім робіцца? Тата! Глянь, тата! (Пішчыць на увесь голас). Пане Іване! Памёр!

Чыбух. Кепска мне… Дух забівае. Дайце дыхнуць…

Наталка. Ен памёр! (трасе Ламаку за рукаво). Пане Іване! Пане Іване! Што-ж мы нарабілі? Памёр (падае на крэсло). Дохтара! дохтара! (сударга бярэ).

Чыбух. Ох!.. Што кажаш? Што табе?

Наталка (стогне). Памёр… памёр…

Чыбух. Хто памёр? (глянуушы на Ламаку). Сапрауды памёр! А бацячкі-ж мае! Вады! Дохтара! (дае Ламаку піць). Пійце!.. Не, ня пье… Значыцца памёр ды усё, такое… З няшчасных я няшчасны! Ды чаму-ж я не застраліуся? Чаму-ж не зарэзауся, да гэтае пары? Чаго я прычакаю? Давайце мне нажа! Давайце пісталет (Ламака варушыцца). Здаецца ачунівае… Напіцеся вады! от, гэдак…

Ламака. Іскры… Туман… Дзе я?..

Чыбух. Жаніцеся вы барджэй да бадай вас чэрці! Яна згодзілася! (Бярэ разам рукі Ламакі і дачкі). Благаслауляю вас ды усё іншае. Толькі-ж адчапіцеся вы ад мяне!

Ламака. Га? Што? (устае). Каго?

Чыбух. Яна згодзілася! Ну? Пацалуйцеся ды усё такое, ды… ды бадай вас чэрці!..

Наталка (стогне). Ен жыве… Але, але, я згодзілася…

Чыбух. Цалуйцеся!

Ламака. Га? Каго? (Цалуецца з Наталкай). Ото добра мне… Пачакайце, што тут рабіць? Ага, ведаю… Сэрцэ… Іскры… Дзякую паненцы за шчасьце… (цалуе у руку). Нага аднялася…

Наталка. Я… і я шчасьліва…

Чыбух. Як гара з плеч звалілася. Ух!

Наталка. Аднак… прызнайцеся хоць цяпер. Адгадай горшы за Валяя?

Ламака. Лепшы!

Наталка. Горшы!

Чыбух. Ну, ізноу сямейка шчасьця ужывае! Гарэлкі!

Ламака. Лепшы!

Наталка. Горшы! горшы! горшы!

Чыбух (стараецца перамагчы). Гарэлкі! гарэлкі! гарэлкі!


(Заслона).



КАНЕЦ.