Зборнік сцэнічных твораў (1918)/I/Паўлінка
Паўлінка Камэдыя Аўтар: Янка Купала 1918 год |
Манька → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлінка. |
АСОБЫ:
СЬЦЕПАН КРЫНІЦКІ — засьценковы шляхціц, 45 г.
АЛЬЖБЕТА — яго жонка, 40 г.
ПАЎЛІНКА — дачка Крыніцкіх, 19 г.
ПРАНЦІСЬ ПУСТАРЭВІЧ — сваяк Крыніцкіх, 50 г.
АГАТА — яго жонка, 43 г.
ЯКІМ САРОКА — вучыцель, 25 г.
АДОЛЬФ БЫКОЎСКІ, 24 г.
ГОСЬЦІ — МУЗЫКІ.
Рэч адбываецца у нашы дні у хаце КРЫНІЦКІХ.
Акт I
[правіць]
АКТ І-шы.
Час: асенні вечар перад Пакровамі.
ЗЬЯВА I-ая.
Паулінка (адна).
Стройная і досыць прыгожая дзяучынка. Адзеушыся у нідарагую крамніну, але чысьцінька; без хусткі — у валасах колькі грэбенчыкау. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падыймаецца заслона — Паўлінка пяе.
Ой, паду я лугам, лугам, |
(Перастаўшы пець). Э-э! штось ні пяецца сягоння. Неяк сэрдайко трасецца, якбы хто яго знячэуку перапужау. А мо гэта песьня вінавата? Даліпантачкі, ані як ні магу сама с сабой да ладу прысьці. А ну, на шчасьце зачну другую. Якую-ж бы тут? Ага!.. (Пяе).
Дый чаго-ж ты, дуб зялены, |
(Пяючы падходзе к вакну і паглядае, пасьля ізноу садзіцца). А усе такі нешта ні цікава на сэрцы. І чаго яму беднінькаму ні стае? Піць і есьці, дзякаваць Богу, хватае; часам татка дае грошы і на сукенкі… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотнінька! Прост, хоць зьбірай манаткі ды йдзі у прочкі с хаткі. Ужо вечарэе: зараз ні будзе як шыць, а трэба сягоння канешне кончыць. Заутра Пакровы… у Міхалішках кірмаш… Эх, эх! ваб хаця той прышоў, ваго так хочацца сягоння пабачыць. (Садзіцца пры вакне і пачынае ізноу, шыючы, пець).
Ой, ляцелі гусі дый с-пад Беларусі, |
(Паглядзеушы у вакно). Ну, ужо саўсім німа як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як німа, так німа! А шчыра абецаўся, шэльма, напэуна прыйці. (Шукае запалак і запалівае лямпу). І што гэты тата да яго мае? С таго часу, як даведауся, што ен на мяне мілым вокам паглядае, — усе роуна, як чорная кошка між імі перабегла. Ен то нічога, але тата — дык жыуцом-бы яго зьеу. Ну, але тата свае, Якім свае, а я — свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткау, ці мой, ці яго? (Падумаушы). Казаў прыдзе сягоння, каб там і ліхо гарэло. «Трэба, кажэ, сякую, ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажэ, ні дзеці, — маем свой розум і можэм сабой пакіравацца. Толькі ты, кажэ, Паулінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажэ, згінем, як рудыя мышы»… (Ускочыушы). Ай! нехта ідзе. Ен, ен, напэуна, ен!!
ЗЬЯВА II-ая.
Паулінка, Якім.
Якім. Вось і я — як тут быу! Добры вечар ясьне-пекнай панне Паулінцэ. Што, золатцо мое нінагляднае, прачэкалася трохі мяне, нінавістніка? (Глянуўшы на бакі). А ці нікога німа? (Гаворучы, падбліжаецца к Паулінцэ, вітаецца і хочэ абняць яе).
Паулінка (баронючыся). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі у Якіма ні усе дома, бо по-начы ходзе да маладых дзеучат. Дэдуць, дадуць зараз пытлю старыя. (Тупаючы нагой). Пазваленне есьць гэтак позна прыходзіць?
Якім (садзючыся). Есьць, есьць, мая ты сакатушка, шчэбятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая безкрылая: тата твой дома, ці не? Бо-ж сама ведаеш, якая у нас з ім страшэнная любасьць…
Паулінка (садзючыся за шыцце). Ой, чаму-ж ні ведаю: як між катом і сабакай, якраз. Але, але сьмела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэуне, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заутра мае быць трохі гасьцей с кірмашу.
Якім. Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка, будзе.
Паўлінка. Так, так! Вечарынка быць то будзе, але ні усе на ей, будуць.
Якім. Эх, Паулінка! Ты усе свае; мне і так горка па душы, якбы хто там палын засеяу, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосьць ды прыду. Што-ж яны са мною зробюць?
Паулінка. Зрабіць то нічога ні зробюць, але і ты сам нічога ні зробіш, а толькі пераробіш…
Якім (робючы папіросу). Ці ясьне-панна Паулінка пазволіць мне закурыць пры ей?
Паулінка. Ого, скуль такая далікатнасьць? Рукам каля дзяучыны дае волю без пытання, а як папіроску закурыць, дык пазвалення просіць. Ні пазваляю за тое, вось і усе тут!
Якім. А я закуру.
Паулінка. А я ні дам! (Кідае шыцце і хочэ адабраць папіросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і ніўмысьля раскідаюць на ложку падушкі).
Якім (бегаючы). Ну, ужо годзе, годзе, Паулінка! Болей нічому без твайго пазвалення даваць волі ні буду.
Паулінка. Ну, калі так, то згода! (Садзяцца. Якім курэ, Паулінка шые).
Якім (памаучаушы). Паулінка!
Паулінка. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуса?
Якім. Ды не! Я хацеў-бы, золатцо, сур‘езна с табой пагаварыць.
Паулінка. І-і! Ведаю я гэтыя сур‘езнасьці. Перш-на-перш будзе, ці я люблю, пасьля — ці вельмі моцна, а пасьля, ці гатова усе чысьцінька, зрабіць, што чорнабрывы Якім захочэ, а там, а там… і паехало, як на ніпадмазаных калесах… Ці-ж ні прауда?
Якім. Прауда, то прауда, але усяму мусіць быць канец.
Паулінка. Ну, дык слухаем вашэці. А вось можэ і новую песеньку нам сьпяіце. Адно толькі за умовай: або натта вяселую, вяселую, каб аж лявоніху захацелося ісьці, або такую сумна-сумнінькую, што выслухаўшы яе — раз, два, ды бухтыль у вір галавою! вось так! (Паказывае і чуць ні валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве).
Якім. Гэта будзе ад цябе, мае ты сонейко, залежыць. Як захочаш — такая і песенька выйдзе: або вяселая, радасная, якбы самое небо яснае, або сумная, гаротная, як асеннія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаучаушы). Эх, эх! І дакуль-жа усе гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?
Паулінка. (жартауліва). Толькі ні нас, а мяне, трэба гаварыць. Мне дужа добра, восела, і так легінька, легінька на сэрцы, што…
Якім (з дакорам). Паулінка!
Паулінка (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маучу… як немая рыба.
Якім (якбы сам да сябе). Калі, калі ужо надойдзе тая часінка, што нас злучыць на векі, і мы ужо ніколі ні растанімся? Калі? Калі?..
Паулінка. Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ужо татка мой заеўся на цябе с таго часу, як даведауся, што мы с табой зьлюбіліся. Ну, а без таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.
Якім. Трудна, то яно трудна, але німа таго злога, каб ні вышло на добрае. Хоць бы, прымерам, мы с табой так зрабілі: выбраушы падхадзячую часіну, калі стары будзе ні у злосьці, узяліся с табой за рукі, падышлі к яму, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацячка, — я люблю Паулінку, а я люблю Якімку — вельмі-вельмі моцна так, што і жыцця нам аднаму без аднаго німашака, ну, дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленне узяць ды пажаніціся…
Паулінка. Э-э!!. Ні туды, мой ты дурненькі Якімка, паехау! Уедзеш гэтак у нерат, што ні узад, ні уперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк так, як табе ні раз я і казала, але с старым, дык чыстая бяда, настаяшчае горо. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога ні выдзяубеш. «На парог, кажэ, каб і ні важыуся паказывацца; мазгауню, кажэ, гаду пашчэпаю»! Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіу бы цябе. Ну, і гдзе-ж у такім разе набрацца сьмеласьці, ісьці кленчыць перад ім і прасіць пазвалення?.. Задасьць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба у галаву ні палезе.
Якім. Так, то яно так! Але я неяк усе ішчэ надзеі ні трачу, — ану-ж адпусьціцца. Быу-жа такі час, што мяне любіу, ды нават у бядзе то тады, то сяды памагау.
Паулінка. Быу час, але вадою сплыу. Памагау, пакуль ні убачыу, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтаго стало даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песьню цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіу і каго я палюбіла… (Устаючы, горача). І на векі вечныя любіць буду. (Ідзе і папраўляе падушкі, за ей — Якім, абнімае яе і садзяцца, абняўшыся, абое на ложку).
Якім (памаучаушы, ласкава). Паулінка!
Паулінка (сьмяючыся). Ізноу забыуся, як завуся?
Якім. А ты ізноу свае… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіу і маліу? Сама-ж ты, золатцо, казала мне ні раз і цяпер кажэш, што татка твой ні на якія просьбы ні згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншаго выхаду для нас німашака. А гэтак, як я казау, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак с сваей Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоускі — с сваей Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусьцяцца, — ведама бацькаускае сэрцо. Вось мы с табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасьце збудуем і нічыей ласкі прасіць ні будзем. Адно, абы твая згода і усе будзе добра. Я ужо, прызнацца табе, гаварыу с папом. Ен заутра прыежджае у Міхалішкі імшу адпрауляць, і заначуе у ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і — гатова.
Паулінка. Думаць, то я думала, але неяк страшна. Можэ-б было лепей, каб ішчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць.
Якім. Якая ты нідобрая, Паулінка! Ты зараз — страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і усю сваю моладасьць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыцце можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота у нас была ды вытрываласьць.
Паулінка. А што — калі зловюць? Гэта-ж я ні выжыву с сораму, людзі вочы выбяруць, нельга будзе на сьвет паказацца. Цяпер і то колькі усякай брыды услужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «Бог наш уцечка» ні удасца…
Якім. Ні бойся, золатцо, ні зловюць! Усе пойдзе гладка. Заутра у нас вечарынка; посьля вечарынкі усе будуць спаць моцна, так, што хоць з гарматау стрэляй — нічога ні пачуюць. Я усе акуратна прыгатую, ты толькі зьвяжаш у клумак што патрабнейшае, а там праз момэнт — і ты мая на векі вечныя.
Паулінка (нібы са злосьцю). Ні я твая, а ты мой на векі вечныя!
Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады у нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіу і прашу.
Паулінка (падумаушы, сьмяючыся). Ну, згода да… заутрашняго дня, а там пабачым.
Якім (павесялеушы). І дауно ужо трэ‘было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заутра вечарам, як толькі усе паукладаюцца, — я ужо у садзе пад вакном буду на цябе чакаць. Ты ваконцо адчыніш, лахі пад пахі ды скакель с хаты у сад, як пятух!..
Паулінка. Гэта ты, як пятух, а я, як…
Якім. (перапыняючы). Як курыца.
Паулінка. Ні курыца, а як зязюлька.
Якім. Як зязюлька, праз вакно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там…
Паулінка (сьмяючыся). А там ізноў фырр!.. (Размахівае рукамі і хочэ вырвацца. Якім мацней прыціскае яе к сабе і хочэ пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасьля хватае яго за шыю, і доуга горача цалуюцца).
Якім. Ох, каб гэтак усе жыцце і кожную мінутку.
Паулінка. Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш. (Прыслухаушыся). Ой! Недзе туркочэ! Ці ні едуць толькі нашы с торгу.
Якім (Прыслухаушыся). Такі-ж нехта едзе!
Паулінка (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ужо табе рабіць фырр!
Якім (устаючы, з уздохам). Нічога ні парадзіш — трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! І чаму гэта ні родзюцца на сьвет дочкі без бацькоу!..
Паулінка (устаючы). Ах, чуць ні забылася. Ці прынес мне тое, што абецауся?
Якім. А якжа, прынес, мае ты золатцо. (Дастае с кішані фотаграфію і аддае Паулінцэ).
Паулінка (прыгледаючыся к фатаграфіі, весяла). Вот так добра! Заместа аднаго, маю ужо двух: аднаго, што сам ходзе да дзеучат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за… пазухай. (Сьмяецца).
Якім (любуецца ею, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая нінаглядная!
Паулінка (баронючыся). Ну, ну, пятушок! Ні гарачыся: пасьпееш с козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма с хаты). Марш да дому! Раз, два, тры!..
Якім (у дзьверах). Помні, Паулінка — заутра!.. (Выходзе).
ЗЬЯВА III-ая.
Паулінка (адна).
Паулінка (папрауляе ложак, пасьля прыгледаецца к фотаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху. Прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? Цеплінька?.. Га?.. Каля самаго сэрцэйка дзявочаго… Пэуне чуеш, яе яно, беднінькае, трапечыцца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!.. Але не, не! Гэтак ні выпадае. Ешчэ трохі порана… Посьля заутра — другая рэч. А цяпер… (Ідзе к абразу) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзючы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песьцючыся тут (паказывае) у маладой дзяучыны. (Напеваючы, падходзе к сьцяне, хавае фотаграфію за абраз і, як у нічым ні бывала, сядзіцца за шыцце).
Дый чым-жа твая, дзеванька, |
ЗЬЯВА IV-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбета.
Сьцепан (пьянаваты уходзе з Альжбетай с сенцау і прыпевае).
Дзе мы едзем, дзе мы йдзем, — |
Альжбета (кладучы пакупкі на куфар і, раздзеваючыся, да Сьцепана). Ні сьмяшы ты людзей. Калі падпіу, дык ляж спаць!
Сьцепан. Маучы, баба!.. Ты, каханінькая, роднінькая, нічога ні разьбіраеш… Валасы доугія, а розум кароткі. (прыпевае).
Ой, там на гарэ |
(Хочэ абняць Альжбету).
Альжбета (адпіргнуушы). Ах, ты гнілая качарэжка! Ешчэ можэ табе чаго захочэцца?..
Сьцепан (выкручываючы нагамі).
Дзед боб малаціу, |
Паулінка. Тата! Ды кіньце ужо!.. Ось, лепей раздзевайцеся ды можэ чаго зьясьце.
Сьцепан. А можэ гэта і добра, каханінькая, роднінькая… Каб так кіслай ды гарачай капусты… (Скідае апратку і кладзе на куфар).
Скіну бурку, скіну боты |
(Садзіцца за стол).
Паулінка (кінуушы шыцце на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце с куфра настольнік, а я прынясу вам зьесьці. (Выходзе).
ЗЬЯВА V-ая.
Сьцепан, Альжбета.
Альжбета (дастаючы настольнік с куфра). С кім ты гэтак намурзауся?
Сьпепан (закурываючы люльку). Я і с тым, я і с сім, а ты, каханінькая, роднінькая, згадай, — с кім?
Альжбета. А немач цябе ведае с кім!
Сьцепан. Ці ж ні казау, што у цябе тут (Торкаючы сабе пальцам у лоб) ні усе дома? Але слухай: з зяцем!
Альжбета (зьдзівіушыся). З зяцем?!
Сьцепан. Так, так, каханінькая, роднінькая. Хто с сватам, хто с свацей, а як Сьцепан Крыніцкі, дык з родным зяцем.
Альжбета (накрываючы стол). Такі прауду кажуць, што гарэлка людзей с поля зводзе. Калі-ж ты усьпеу яго нажыць?.. Дачка ішчэ замуж ні вышла, а бацька ужо зяця мае!
Сьцепан. Калі ні маю цяпер, дык буду мець у чацьвер. Гэта, бачыш, ен ішчэ толькі зьбіраецца падмазацца к нашай Паулінцэ; ну, а каб сьлізчэй усе пашло, дык перш мяне ен падмазау.
Альжбета (садзіцца). Так-бы і казау адразу. А хто ж гэта такі?
Сьцепан. Адольф Быкоускі!
Альжбета. Э-э! Я думала, хто там!.. Ажно нічога людзкога. Толькі езьдзе ды нюхае, якая дзяучына пасагу болы мае, а сам дык голы, як бізун.
Сьцепан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але усе такі гэта для нас блін ды ішчэ маслам падмазаны. Ен сам мне, каханінькая, роднінькая, хваліуся, што яго гаспадарка у сто раз лепшая ад усіх тутойшых гаспадароу. За аднаго каня толькі, казау, заплаціу селета тры сотні. «На гэтым-жа кані, кажэ, заутра к васпанству заедуся с кірмашу». (Мацаецца па кішэнях, сам сабе). Дзе-ж бы яна падзелася?.. (Да Альжбеты). Ты, баба, ці бачыла кніжкі, што я купіу сягоння? Дзе яна прапала?
Альжбета. А што я пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіу можэ з гэтым сваім зяцем.
Сьцепан (ідзе к куфру, находзе у бурцэ кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паулінка палажыла фотаграфію). Каханінькая, роднінькая, ні думай, што я якую дрэнь выбрау сабе на зяця. Заутра ен прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам хлапец: шляхоцкаго заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і усе такое…
ЗЬЯВА VI-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбэта.
Паулінка (уходзючы з міскай, з лыжкамі і хлебам пад пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце. што мае усякую далікатнасьць і усе такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцце).
Сьцепан (ядучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханінькая, роднінькая, як усе будзеш ведаць.
Паулінка (просючы). Скажэце, скажэце, татачка!
Сьцепан. Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала! Калі ужо табе, каханінькая, роднінькая, так хочэцца, ды скажу. (С павагай): Знакам тым, гэты паніч з далікатнасьцяй і с усякім такім — мой зяць.
Паулінка (пырскнуушы сьмехам). Зяць!!.
Сьцепан. Знакам тым, ен ні саусім ішчэ зяць, але скора на яго выкіруіцца.
Паулінка. А як жэ годнасьць гэтаго… гэтаго, ну, як яго… Што некалі татавым зяцем зробіцца?
Альжбета. Ды гэты-ж, гэты… Ты, пэуне, яго бачыла некалі… Адольф Быкоушчык.
Паулінка. Быкоушчык!!.
Сьцепан. Але. Але! Пан Адольф Быкоускі.
Паулінка. Ну, хіба татка для яго другой дачкі пастараецеся, або самі з ім ажэніцеся, каб перарабіць яго с простаго чалавека на свайго зяця.
Сьцепан. А ты што? Зломак?
Паулінка. Зломак — ні зломак, але і за ламаку ні пайду.
Сьцепан. А дзяга на што?
Паулінка. На усе, толькі ні на паганяку к замужству.
Сьцепан. Каханінькая, роднінькая, ішчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.
Альжбета (ядучы, да Сьцепана). Еш, вот лепей, чымся с пустога у парожнае пераліваць! Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.
Паулінка. Татка ведаеш ні сягоння, за каго я толькі пайду, або за нікога.
Сьцепан (зьмяніушыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?.. За каго?..
Паулінка (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.
Сьцепан (стукаючы кулаком па стале). Маучы, гадаука! Раз сказау, каб гэтаго шэльмы і звання ні было у маей хаці, каб яго імені я ні чуу ніколі… гэтаго нідавярка, гэтаго… гэтаго забастоушчыка! Дык і ні забывайся аб гэтым, каханінькая, роднінькая…
Паулінка (з дасадай). На што дарэмшчыну вясьці. Ен нікому ніякай забастоукі ні рабіу і ні робіць.
Сьцепан (закурываючы са злосьцю люльку). Чорт яго бяры, ні тут успамінаючы, — рабіу, ці ні рабіу. Знаць і бачыць ні хочу яго у сваей хаце, гэтаго хамуйлу, гэтае плюгауство.
Альжбета. Прыбірай, Паулінка, ужо са стала!
Паулінка (кінуушы на ложак шыцце і ідучы к сталу). А дауно гэта, татка, сам з ім цалаваўся?
Сьцепан. Каханінькая, роднінькая, ні лезь у вочы. А не, то вон с хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.
(Паулінка ідзе з міскай к дзьверам; ніуспадзеукі дзьверы адчыняюцца, уваліваецца у хату пьяны Пранцісь Пустарэвіч, за ім — яго жонка. Пранцісь ніумысьля выбівае міску у Паулінкі).
Паулінка. Ай, што-ж гэта, дзядзька, зрабілі?
ЗЬЯВА VII-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь. Глупство, глупство, пане добрудзею! Пахвалены Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!
Сьцепан і Альжбета. На векі.
Альжбета. А мае-ж вы роднінькія, ці-ж гэта вы усе ішчэ з рынку едзеце? Здаецца-ж раней за нас выехалі?
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла, заблудзіла, пане добрудзею.
Агата. Тудэма-сюдэма, ці-ж гэта, мачыляпа, калі прыехау у сваім часе дамоу? Ен жа, як рызьнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.
Пранцісь. Пане добрудзею, твае бабскае дзело — маучаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю, што і як раблю.
Альжбета. Ды садзіцеся-ж, мае міленькія!
Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, поувярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ні вытрывау, каб людзям ні нарабіць у ночы ніспакойства. (Садзіцца, а за ей — другія).
Сьцепан. Э, што там такое! Высьпімся! Дзякуй Богу, ночка ні Пятровая, а Пакровая.
Паулінка (падбіраючы чэрапакі). Заутра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоук. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіу.
Пранцісь. Глупство, пане добрадзею, глупство! Хаутурнаго, собственно, выпьем па місцэ. (Дастае з баковай кішані фляшку, пацягавае з яе і хавае назад).
Альжбета (сьмяючыся). А каб гэта нам сватак дау гэтай сусолкі пассаць. Ці-ж мы с свацей паскрэбкі…
Паулінка (выходзючы с чэрэпкамі). Ого! Гэтых сьвянцоных кропэль дзядзька і канаючаму ні дау-бы, ні то, што… (Выходзіць).
ЗЬЯВА VIII-ая.
Сьцепан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь (у сьлед Паулінцэ). Глупство, глупство, пане добрудзею. Маладзенькая ішчэ, маладзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.
Агата (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добраго куплялі на рынку?
Альжбета. Ат, сее ды тое. Паглядзіце, калі хочэце. Нічога такога цікаускаго. (Устаюць і ідуць абедзьве к куфру і разгледаюць кінутыя на ем пакупкі).
Пранцісь (да Сьцепана). Чуу, сват, пане добрудзею, што сягоння людзі казалі?
Сьцепан. Не, не, каханінькі, роднінькі, ці чуу, ці было калі! А што?
Пранцісь. Ды як-жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане добрудзею, ідзе на Барысау па шапку і рукавіцы, што калісь там аставіу. Чатырыста тысяч войска с сабой вядзе і собственно…
Агата (перабіваючы, з мейсца). Ні чатырыста тысяч, а чатыры сотні тысячау…
Пранцісь. Глупство, глупство, пане добрудзею. Усе роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касьцел с сабой нясе, пане добрудзею.
Агата (з мейсца). Тудэма-сюдэма, ні нясе, а на паветры, на машыне, што летаюць, гэты касьцел вязе.
Сьцепан і Альжбета (зьдзівіушыся). Ай-я-я! Аж на паветры касьцел вязуць!..
Агата. Але-ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.
Сьцепан. Во калі пашло усе уверх нагамі! Як паставюць гэты спранжыновы касьцел, то можна будзе спадзевацца і для нашаго брата якога-такога палягчэння. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!. А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым безбожнікам, і хоць ты ей вар на галаву лі.
Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ні шкодзіло-б, пане добрудзею.
Альжбета. Дужа трудна паладзіць с цяперашняй моладзью. Пашло такое распуство на сьвеце, што ні дай Божэ! Заместа кніжак да набажэнства — чытаюць нейкія дрындушкі. Вецяр у ваусіх па галаве ходзе. Гэта-ж мне калісь сказалі: ідзі за Сьцепана, — я і пашла без ніякай спрэчкі са сваімі старымі.
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма! І мой, як ка мне пасватауся, бацька нябошчык і кажэ: ідзі, бо усе роўна ніхто цябе лепшы ні возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пашла. (Глядзяць абедзьве на сваіх мужоу, пасьля — адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разгледаюць ізноу клункі).
Пранцісь. Так, так, пане добрудзею, іначай калісь было. (Дастае пляшку і пье, а посьле дае Сьцепану). Собственно, глупство, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці ні сядзело (Сьцепан пье, Пранцісь прыдзержывае за пляшку каб той залішне ні выпіу).
Сьцепан (абціраючы вусы ды сплевываючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!
Пранцісь (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане добрудзею. (Абодва закурываюць).
Альжбета (да Агаты). А ці заутра, свацейка, будзеце на кірмашы?
Агата. Ды трэба-ж будзе як сьцягацца.
ЗЬЯВА IX-ая.
Тыя-ж і Паулінка.
Паулінка (уходзючы, да Альжбеты). Можэ-б, мамка, прыціснулі сыр, бо да заутрашняго ні адцісьнецца.
Альжбета. Яшчэ пасьпее… Дай мне с цеткай разгаварыцца.
Паулінка. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас, с цеткай пагавару.
Агата. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, ні зважайце на мяне. Мы тут с Паулінкай пачакаем на цябе.
Альжбета (выходзючы). Ну, як сабе хочыце. (Паулінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсь гаворуць).
ЗЬЯВА X-ая.
Паулінка, Сьцепан, Пранцісь, Агата.
Сьцепан. Знаеце, сваток, гэтаго, гэтаго… як ен… а каб цябе… (Да Паулінкі). Паулінка, як гэты завецца, што мяне сягоння падмазывау?
Паулінка (з мейсца). А скуль-жа я магу ведаць, хто татку мазау?
Сьцепан. Ну, гэты-ж?.. каб ен цяміуся… зяць, зяць!
Паулінка. (прыпамінаючы). Як-жа ен, як?.. Здаецца, Бык… Бычок…
Сьцепан. Ага, ен, ен. Не, ні так! Быкоускі, каханінькая, роднінькая, вось як. Пан Адольф Быкоускі. (Да Пранціся). Дык бачыш, сваток, ен, значыцца, падлабуніваецца к маей Паулінцэ. Што ты на гэта?
Пранцісь (дастаючы гарэлку). Глупство, глупство, пане добрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (Пьець і дае гарэлкі Сьцепану).
Сьцепан (выпіўшы). Заутра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. А ну-ж, каханінькі, роднінькі, можэ які гандэль будзе наладжывацца, дык прыкінеш якое слауцо. Прыедзьце толькі.
Пранцісь. Глупство, пане добрудзею, і прыйці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.
Сьцепан. Блізка, то блізка, але каб ні было сьлізка: на дождж як-бы зьбіраецца.
Паулінка (з мейсца). А ці татка каня паілі?
Сьцепан. Не, каханінькая, роднінькая. Зараз пайду. (Да Пранціся). А можэ разам с сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.
Пранцісь. Глупство, пане добрудзею. Собственно, жонка завязе, калі-б кабыла уцекла. (Да Агаты). Прауда, баба?
Агата (з мейсца). Што? — прауда.
Пранцісь. Собственно, калі-б кабыла уцекла, то мяне тады ты дамоу завязеш, пане добрудзею.
Агата. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам езьдзіу! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта-ж і мне с памяці сышло.
Сьцепан. Пойдзем, каханінькі, роднінькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзюць, напеваючы).
Чаму-ж нам ні пець, |
ЗЬЯВА XI-ая.
Паулінка, Агата.
Паулінка. Але-ж калі я яго лоблю, цетачка.
Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго; аде, калі бацька ні хочэ, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш?
Паулінка. А што там людзі? Яны з ім жыць за мяне ні будуць, і па маей сьмерці за мяне пакутаваць ні будуць. Пагаворуць, пагаворуць, ды перастануць, як намазаляць языкі.
Агата. Як уважаеш, мае дзеткі. Што-ж, я, тудэма-сюдэма, нічога ні дараджу.
Паулінка (заламаушы рукі на каленях). Калі ен такі добры, такі разумны, што і сказаць ні магу.
Агата. Усе яны добрыя, пакуль ні убярэ каторы дзяучыны у свае рукі, а як убярэ, тады на другі лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. І мой, пакуль толькі сватауся да мяне, — патульны быу, як цяле, а як ажаніуся, дык праудзівым вауком зрабіўся.
Паулінка (як-бы ні зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіу… Хораша так аб усім разсказывау… як трэба жыць, як людзей трэба усіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць-жа ен гэтых людзей сусім неяк ні так, як мы іх любім. Гэта-ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго усякай дарэмшчыны нагаварыу і ачарніу, а ен хоць бы што. «Ведама, кажэ, чалавек: яму нешта абышло, ці ні спадабалося, дык і памстуе. У нас, кажэ, усе ідзе ні так, як трэба. Людзі, кажэ, у нас, як зьвяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад‘юджываюць, нінавідзюць адзін другога. З малку дзен, кажэ, прывыкаюць у нінавісьці жыць, з малку дзен іх к гэтаму вучаць і дома і за домам. Сьляпыя, кажэ, усе сьляпыя. Адзін над другім ні маюць ніякай літасьці, хоць усіх душуць зьверху уселякія пошэсьці ды злыдні».
Агата. Чула я, чула аб ем ні раз. Вельмі ужо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ен.
Паулінка (ажывіушыся). А што-ж, ці ні прауда? І усе-б было добра, каб ні гэты тата. Хоць німа ведама, што рабі з ім…
Агата. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану-ж, тудэма-сюдэма, ліхо перамеліцца і усе добра будзе.
Паулінка. Трэці год, цетачка, чакаем і нічога ні выходзе. Трэці год трасуся і выгледаю тэй часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цетачка, павешуся, калі мяне з ім разлучуць!..
Агата (хрысьцючыся). Мейца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паулінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! Матачка Найсьвентшая!
Паулінка (паказываючы). Калі тут, цетачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць ні умагату. Такі ен міленькі, такі прыгожэнькі, такі паслухняны… (Загледзіушыся у даль). Калі яшчэ с татам былі яны добра, прыдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэукі нашчэпае. Ні глядзіць на тое, што калісь вучыуся, а цяпер сам вучэ і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога ні чула. Так, ведаеце цетачка, і хочэцца с кім колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. І чаму я такая нішчасная? (Са сьлязьмі). Бацька родны хочэ мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста — жыцця, хаты роднай, цэлаго сьвету. І чаму-ж я такая нішчасная?
Агата (тулючы к сабе Паулінку, праз сьлезы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Ні гаруй, ні маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк-жа ды будзе. Бог Найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны, і аб тваей тут цяжэнькай долі ні забудзецца.
Паулінка (якобы збудзіушыся). А ніхай сабе будзе, што мае быць, — я свайго такі дабьюся, або згіну, каб і сьледу ні асталося.
Агата. А усе-ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеуся?
Паулінка. Бо… бо Якім з мужыкоу…
ЗЬЯВА XII-ая.
Паулінка, Агата, Сьцепан, Пранцісь.
Пранцісь (за дзьвярыма). Глупства, вось-цо-да. Ні дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоу уцекла, пане добрудзею.
Сьцепан (уходзючы у хату, а за ім — Пранцісь). І трэбало-ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды у гэтую яшчэ цемру.
Агата (усхапіушыся). Каго прывязаць?
Пранцісь. Кабылу, кабылу, пане добрудзею. Ужо-ж ні цябе, вось-цо-да.
Агата. Дык дзе-ж кабыла?
Пранцісь (дастаючы пляшку). Собственно, німа кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
Агата (падбегаючы к Пранцісю с кулакамі). Дык чаго-ж ты, тудэма-сюдэма, нісьвянцоная костка, разсеуся, як у сваей хаце!
Пранцісь (пацягіваючы з бутэлькі). Глупство, глупство, вось-цо-да. Пасьвенцім, собственно, пане добрудзею, калі нісьвянцоная.
Атата (хочэ вырваць пляшку, Пранцісь ні дае). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высьвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх ні пазнаеш, нішчасны ты «вось-цо-да». (Галосючы). А Божэ-ж мой, Бацюхна мой! На што мяне пакарау гэтай, тудэма-сюдэма, пьяніцай, гэтай нідарэкай, гэтай куксамордай, гэтай… гэтай…
ЗЬЯВА XIII-ая.
Тыя-ж і Альжбета.
Альжбета (убегае, трымаючы у руцэ клінок с тварагом). Што гэта у вас тут парабілося, мае міленькія?
Паулінка. Кабыла дзядзькава уцекла, ці хто украў. (Ідзе, садзіцца на ложку і шые).
Альжбета (да Пранціся). Дык чаго-ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоу, — пэўне там; гэта-ж ей ні першыня.
Агата. Ці-ж гэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш з мейсца! Сядзіць-жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і з мейсца ні скранецца.
Сьцепан (закурываючы люльку). Супакойцеся, свацця. Ні дзе яна дзенецца. Каханінькая, роднінькая, яна дома, напэуна дома.
Агата. А сват, тудэма-сюдэма, ні сунься с сваім носам туды, куды цябе ні просюць. (Да Пранціся). Ідзем! Чуеш, ці не!..
Пранцісь (устаючы) Глупство, пане добрудзею, глупство. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоу.
Агата (выводзючы Пранціся) Бывайце здаровы! Пахвалены Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіу работы! (Выходзюць, за імі — Альжбета с клінком).
ЗЬЯВА XIV-ая.
Паулінка, Сьцепан.
Сьцепан. Ох, і даюцца-ж гэтыя сваякі у знакі. Але, дзякуй Богу, дзьве дзюркі у носе і скончылося, — ужо пазбыуся.
Паулінка. А дауно гэта таткау гняды уцек з Лужанкі, і татка дамоу пехатой прытрэпау?
Сьцепан. Што было, тое сплыло і болей, каханінькая, роднінькая, ні будзе, як кажуць людзі.
Паулінка. Паглядзім. Заутра кірмаш.
Сьцепан. Ні бойся, каханінькая, роднінькая. Я кабылу злаулю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыу.
Паулінка. Што ен конь, ці вол, каб я яго ішчэ мела лавіці?
Сьцепан. Ні конь і ні вол, а так сабе, дойная жывеліна.
Паулінка. Дык татка яго і дойце, калі ен для вас такі дойны, а я і ні думаю.
Сьцепан. Нічагутэнькі, каханінькая, роднінькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі, каб пагода была добрая, а то казау ен, што на кірмаш ні паедзе, калі будзе дождж ісьці.
Паулінка Ліхо ні возьме! Гэткі цукер ні размокне.
Сьцепан. Каханінькая, роднінькая, як скажу, так і будзе, дзьве дзюркі у носе і скончылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заутра пагода. Купіу я сягоння календар — нейкі беларускі, як кажэ крамнік. Пытауся у яго, ці пішэ аб пагодзе, дык крамнік гаворэ, мне, што аб пагодзе напісана у ім болей, як аб чым другім. Значыцца, паглядзім прауды. (Ідзе і дастае з-за абраза календар, адкуль валіцца на зямлю фотаграфія. Паулінка, саскочыўшы з ложка, падбегае падняць яе, але ні пасьпевае).
Сьцепан (падымаючы фотаграфію). А гэта што такое?
Паулінка (хочучы адабраць). Гэта мае. Аддайце мне, тата!
Сьцепан. Я пытаюся — хто гэта?
Паулінка. Ці-ж, тата, ні бачыце?
Сьцепан (са злоснай насьмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай-жа ен прападзе саусім. (Хочэ рваць, Паулінка адбірае).
Паулінка (скрозь сьлезы). Аддайце, татачка, аддайце, ні рвіце! Ні зьдзекавайцеся над ім…
Сьцепан (адпіргнуушы ад сябе Паулінку). Адчапіся ад мяне, гіцлеука! Я вам тут наразводжу шашняў… (Стукат у сенцах. Уходзюць: Пранцісь, Агата, а за імі — Альжбета. Паулінка стаіць патупіушыся, глытаючы сьлезы, і скубець пальцамі фартух).
ЗЬЯВА XV-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь. Глупство, пане добрудзею. Я, вось-цо-да, казау, собственно, ні дзе падзеніцца.
Агата (дражнючы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіу у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поузалі і сьлядоу прыгледаліся.
Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць нашлася. (Да Сьцепана). Што ты там круціш у руках?
Сьцепан (тыкаючы фотаграфіей у твар Альжбеце). На, на! любуйся, якія прэзэнты адтрымлівае твая дачушка!
Альжбета (закрываючы рукой твар). Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.
Сьцепан. Лжэш! Каб яна была мая, то была-б такая, як і я.
Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане добрудзею, што гэта за птушка?
Сьцепан (паказываючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!
Пранцісь (разгледаючы). Эгэ! Гэта гэты разумнінькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.
Сьцепан. Але-ж, але! Якім Сарока.
Агата (да Сьцепана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.
Пранцісь (да Агаты). Ты, пане добрудзею, баба, ні лезь сюды с цікавым носам. Собственно, пілнуй сваей спадніцы і панчохау, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім… правы і скоры.
Паулінка (падходзючы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярэце яе у таткі.
Альжбета. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Ешчэ біцца будзе…
Сьцепан (да Пранціся). А добра, сватка, кажыш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. А які?
Пранцісь. А такі, пане добрудзею: стражнікау паклікаць, спрауніку данясьці. Собственно, інквізытарскі суд зрабіць — па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.
Паулінка (кідаючыся к Сьцепану і цалуючы яму рукі, скрозь сьлезы). Татачка, аддайце! Ні зьдзекавайцеся над ім!.. Ен-жа вам нічога благога ні зрабіў…
Сьцепан (са злосьцю). Спаць, спаць пашла, калі гэткаго нашла! Спаць! (Рве фотографію).
Паулінка (с плачам апускаючыся на лаву). Татка згубіць мяне хочэце… Гвалтам с хаты выгнаць.
Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, выпьем хаутурнаго, вось-цо-да. (Пье).
Паулінка (усхапіушыся з лавы кідаецца к Пранцісю). Па кабыле сваей пі хаутурнаго, а ні па чалавеку, катораго і падноскау ні варт! (Вырываючы і разбіваючы аб землю пляшку). Вось-цо-да!
Пранцісь (разьвесіушы рукі, зьдзіўлены, як і усе). О-о-о!!.
(Заслона).
Акт II
[правіць]
АКТ ІI-гі.
ЗЬЯВА I-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбета, Госьці, Музыкі.
Паулінка (стауляючы гарбату перад Сьцепанам). Што-ж гэта нешта, татаваго зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ні зьнюхау ен, што у мяне пасагу німашака?
Сьцепан. Каханінькая, роднінькая, ні бядуй. Ні будзе Гірша, будзе чорт іншы.
Паулінка (насьмешліва). Мала што будзе… Ало-ж, калі мяне ужо неяк, як цмокам, стало цягнуць к гэтаму Бык… Бычку… Ах, як яго?..
Сьцепан (з націскам). Быкоускаму.
Паулінка (падходзючы к другому канцу стала). Можэ Адэльцэ ешчэ шкляначку?
Адэлька (госьця). Дзякуй. Ужо напілася.
Альжбета. Ды бяры! Што там пытаешся! Панна Адэля толькі дзьве выпіла.
Адэлька. Калі-ж болей ні хочэцца.
Паулінка (забіраючы шклянку). Выпьеш, выпьеш, Адэлька, — зьмесьціцца.
Альжбета (падсовываючы госьцям яду). Старайцеся, госьцікі, старайцеся. Вось — сыр, масло, вангліна! Такі-ж сягоння трохі напрацавалі каля полькі і лявоніхі.
Колькі галасоу (перажоваючы і сербаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.
Сьцепан. Чым хата багата — тым рада. Хлеб на стале, — рукі свае. Выбачайце толькі, каханінькія, роднінькія, што гарэлкі німа. Але я у гэтым ні вінават. Хацеу узяць у Міхалішках, ды, як на ліхо, манаполька цэлы дзень была закрыта.
Музыка (у старану да другога). Каб ні салгау, дык-бы і ні жыў. Я сам бачыу, як пасьля імшы адбывауся с пляшкамі пры манапольцы нешпар.
Другі музыка. Слухаць. Скнэра і больш нічога.
Паулінка (паставіушы Адэлі шклянку, к аднаму з гасьцей). Можэ пан Вінцусь яшчэ выпье?..
Вінцусь — госьць (уціраючы канцом настольніка губы і лоб). Яно-б то было ужо і досіць, але, калі панна Паулінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.
Паулінка (ідучы са шклянкай, у старану публікі). Гэты ужо дык пятую шклянку бабохае…
Сьцепан (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічау? Чаму іх так доуга німа?
Альжбета. Каб і ні прасіла то прыедуць. (З насьмешкай). Пэуне, собственно, кабыла, заблудзіла.
Адзін з гасьцей. Штось сягоння на кірмашы Якіма Сарокі ні было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусьці мяне к чорту.
Паулінка (стауляючы гарбату). А пану Бандысю зайздрасьць, што так прыадзецца ні патрапіць, хоць мо‘ і мае за што.
Госьць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.
Паулінка (садзючыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.
Госьць (самадавольна). Хе-хе-хе! А панне Паулінцэ злосьць ішчэ ні адышла, што калісь гэтаму ягамосьці Сароцэ ні за які працэнт ні пазычыу.
Паулінка. Вельмі-ж яму гэтым і ні пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтау пазычылі і далі яму магчымасьць паехаць на вучыцельскія курсы. Цяпер нічыей ласкі ні патрабуе.
Адна з гасьцей. Пэуне, што не! Такі чалавек нідзе ні прападзе.
Сьцепан (прыслухіваючыся дагэтуль гутарцэ аб Сароцэ). Каханінькія, роднінькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць. Прыелася ужо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманіце аб ім, ці ні гаманіце — усе роуна нічога ні выйдзе. Я ужо яму дау дарогу.
Паулінка (ніспакойна). Якую дарогу?
Сьцепан. А ты, каханінькая, роднінькія, ні слухай вушы разьвесіушы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі у носе і скончылося. (Нейкую хвіліну ціха. Паулінка падходзе браць шклянкі, але усе адказываюцца).
Альжбета. Што-ж, выбачайце, госьцікі. Ні хацелі піць і есьці, пасьля самі будзеце жалець.
Сьцепан. Выбачайце, выбачайце, каханінькія, роднінькія, адно ні скажыце, што усяго было удаволь, толькі прынукі ні было.
Колькі голасоу (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні. Падмацаваліся, хвала Богу, як лепей ні трэба.
Паулінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесьці, а паны-кавалеры вазьміце сабе табарэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкау.
Сьцепан і Альжбета (вылазючы з-за стала). А як-жа — трэба, трэба! (Дзеучаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой).
Альжбета (падходзючы к музыкам). Хадзеце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.
Музыкі. Дзякуем пані! Мы ужо сягоння пілі.
Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструмэнты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкау за стол і сама садзіцца. Да Паулінкі). А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!
Сьцепан (закурываючы люльку). Выбачайце толькі, каханінькія, роднінькія, што гарэлкі німа.
Музыкі. І без гэтых кропэль будзем жывы. (Чуваць стукат у сенцах).
Сьцепан. А бач, нехта такі хоць нарэшце зьявіуся. Трэба ісьці ды глянуць, а то яшчэ у дзьверы ні лучэ. (Ідзе).
Адзін з гасьцей. Нясі, Божэ, ніжанатаго ды багатаго!
Адна з гасьцей. Жаніць будзем!
Паулінка (стауляе музыкам гарбату, падходзе і глядзіць у вакно. У старану). Ах, як-жэ цемненька!
Адзін з гасьцей. Каго так, панна Паулінка, выгледаеце?
Паулінка. Таго-ж — ніжанатаго ды багатаго.
ЗЬЯВА II-ая.
Тыя-ж і Адольф Быкоускі.
Сьцепан (спатыкаючы Адольфа у дзьверах). А-а! Нарэшце зьявіуся, дарагі госьцік! Што-ж гэта, каханінькі, роднінькі, так доуга чакаць на сабе нас заставіу?
Адольф (вешаючы пальто на сьцяне каля парогу). Пахвалены у хату!
Колькі голасоу. На векі! На векі!
Адольф (вітаючыся са Сьцепанам). Выбачайце, што трохі прыпазьніуся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панес з гары, што каля Прытыкау, і мяне выкінуу, і вось зламау, так што аж мусіу другую каламашку узяць; праз тое і замарудзіу.
Адзін з музыкау (у старану, да другога). Каб ен толькі дыхау. Які яго чорт нес! Прыстау конь, ды усе тут.
Другі музыка. Ні ужо-ж што. У мае вочы заплаціу вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублеу, і тая ужо скарэй яго панясе.
Сьцепан (да Адольфа). Проша-ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе усе тут.
Адольф. Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату ні рабіць. (Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе у руку, стоючы к ей бокам і ні згінаючыся).
Альжбета. Проша, пана Адольфа, проша за стол! Можэ выпіце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паулінкі). Паулінка, налі пану Быкоускаму гарбаты!
Адольф (садзючыся за стол з другога канца да музыкау і закурываючы папіроску). А што-ж у васпанства дабраго чуваць?
Сьцепан (прысаджываючыся к сталу). Ды што у нас чуваць? — старая баба ні хочэ здыхаць, а маладая — замуж ісьці.
Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
Альжбета (да Сьцепана). А ваша схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоускаго.
Адольф. Ні турбуйцеся. Я яго добра прывязау.
Сьцепан. Каханінькі, роднінькі, хоць і прывязау, але сена пэуне ні дау. У нас так: госьць як папала, а жывеліну дык трэба добра дагледзіць. (Выходзе).
ЗЬЯВА III-ая.
Тыя-ж без Сьцепана.
Паулінка (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзючыся аподаль). Што-ж гэта пана Адольфа конь хацеу разнясьці?
Адольф. А як-жа! Тры сотні вясной заплаціу, і толькі клопату нажыу. Але у мяне усе так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублеу; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх ні угоніш.
Паулінка (хітравата). Пэуне і авечкі у пана Адольфа так сама гілююць?
Адольф. А так, так! Маю пятнанцаць старых і двадцаць маладых. Як ударэ гарачыня, дык яны чуць ні усе чыста круцяцца на адным мейсцы.
Паулінка (ідучы па гарбату для сябе, у старану публікі). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут. (Паказываючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
Альжбета. Якія-ж селета ураджаі у пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы). Жыта нажау коп са дзьвесьці, ауса так сама — са дзьвесьці, ячменю — с сотню.
Адзін з гасьцей. А колькі-ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі с паутары добрыя будзе.
Госьць. І лес есьць?
Адольф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа — есьць: с паувалокі, калі ні болей. Сасна у сасонку!
Госьць. І сенажаць есьць?
Адольф. Есьць, есьць! Над самай рэчкай, так сама с паувалочку. Мурог, як шафран.
Музыка. Дык у пана усяго с паувалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу так! З добрую паувалочку.
Альжбета. У нас ворнай зямлі мусіць і са тры валокі будзе, і то мы столькі ні нажалі.
Паулінка (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні у чым ні зблышэ. У мяне жонка і то будзе лепшая, як у ва усіх.
Адзін з гасьцей. Каб толькі ні удалася наравістая.
Паулінка. Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргавау сабе якую?
Адольф. Гэта, пакуль што, сэкрэт.
Паулінка. А мне пан Адольф скажэ?
Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасьля ужо і васпанні на самае вушко.
Паулінка (бяручы у яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведау, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата!..
Паулінка (ідучы па гарбату, у старану публікі). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказау, як жонкі купляць.
Альжбета. Пан Быкоускі, здаецца, у нас першы раз?
Адольф. А так — першы!
Адна з гасьцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
Адзін з гасьцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя у яго у рахунак ні йдуць.
Адольф. А прауда, прауда! Я толькі да маладых маю імпэт.
Альжбета (у старану). І дурны-ж ен, як відаць.
Паулінка (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароу, ці да дарагіх кабыл?
Альжбета. Ды не! Пан Быкоускі мае імпэт толькі ды маладых дзеучат.
Адольф (пьючы гарбату). Але-ж, але. Толькі да маладых дзеучат.
Паулінка. А кільчака часам з гэтаго ні нагоніце на язык?
Альжбета. Што ты?! Ці-ж пан Быкоускі конь?
Музыка (у старану да другога). Конь, ні конь, а як відаць, дык быдле парадашнае.
Адольф (да Паулінкі). Панна Паулінка дык усе мне каплімэнты гаворэ.
Паулінка (разсеянна). Ага! Каплімэнты. (Да музыкау). Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ужо ногі чэшуцца. Так і хочэцца с панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцау ні гуляю.
Музыкі (да Паулінкі). Дзякуем! Ужо як належыць сабраліся, цяпер можэм і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае мейсцы і зводзюць інструмэнты).
{{разьбіўка|Паулінка (да Адольфа). А якія-ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзючы з-за стала, цалуе Альжбету у руку, да Паулінкі). Ну, што-ж? Можэ мы с паненкай папробуем?
Паулінка. Калі-ж я гэтых мудрых танцау ні толькі што ні умею, але ніколі нават іх і ні бачыла.
Адольф. Ні бойцеся! Я на усе лады выучу паненку скакаць. (Бярэ Паулінку, як да танцу, да музыкау). Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтаго ні умеем.
Адольф. Ну, дык падзі-спаць!
Музыка. Першы раз чуем.
Адольф. А можэ падзі-кварту знаеце?
Музыка. І гэта першы раз чуем.
Паулінка (як-бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і ні научуся гэтых панскіх танцаў.
Адольф. Ні бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслуховайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
Паулінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык. (Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручываецца с Паулінкай).
Адольф (паказываючы). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галаву у левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то на права, то на лева… (Усе прыгледаюцца да іх і сьмяюцца).
ЗЬЯВА IV-ая.
Тыя-ж і Пранцісь, Агата, Сьцепан.
Пранцісь (пьяны). Пахвалены Езус. Вось-цо-да, пане добрудзею.
Колькі галасоу. На векі! На векі!
Пранцісь (глянуушы на Паулінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку, ці у сумашэдшым доме?
Адзін з гасьцей. Гэта пан Быкоускі навучае пану Паулінку навамодных танцау (Пранцісь і Агата распранаюцца).
Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтаго. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!
Адольф (далей паказываючы Паулінцэ). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка у ножку, раз, два, тры!
Паулінка (вырываючыся). Не, такі нічога ні выйдзе. Ні кемкая я да навукі.
Адольф (садзючы Паулінку). Гэта толькі трудна першы раз, а посьле пойдзе усе гладка, як нугай высмаліць! (Ходзе па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сьцепан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату).
Пранцісь (закурываючы люльку с Сьцепанам). Собственно, пане добрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазьніліся. Але гэта глупство, глупство! Ешчэ парой будзе, вось-цо-да.
Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб‘ехаў, тудэма-сюдэма, усю аколіцу, як пагарэлец, дык і поунач чуць ні агарнула. Тудэма-сюдэма, усе гары тэй сабе шукау.
Пранцісь. Ты, баба, собственно, маучы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі ні кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане добрудзею, Барнашоу, дзе пашоу, там і прайшоу. (Да гасьцей). А вы, маладзічкі, ні зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане добрудзею, пакуль казінец ні убіуся у ногі.
Паулінка. А прауду дзядзька кажэ. Будземо гуляць, на што дарма час марнаваць! (Да музыкау). Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж сьвет хадыром пашоу!
(Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф с Паулінкай, другія госьці — хто с кім. За сталом Пранцісь с Сьцепанам частуюцца гарэлкай с пляшкі, каторую першы прынес с сабою).
Адольф(танцуючы прыпевае). |
Сьцепан (як сьціхла гульня). Браво, браво, пан Адольф! Складзен да танцау, як, ні раунуючы, закрыстыян да ружанцау.
Пранцісь (пацягіваючы с пляшкі). Глупство, глупство, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішані пуста, за тое ногі сыпюць густа. Каб яму ішчэ ды мой розум растропны, дык зусім было-б добра, пане добрудзею.
Агата. Кінь ты ужо, тудэма-сюдэма, плявудзгаць, як латак у млыне! Гуляюць — ніхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так ні патрапіш.
Альжбета (да Пранціся). Можа-б чаго, сватка, закусілі?
Пранцісь. Глупство, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасьцей). А вы, пане дабрудзею, забауляйцеся, пакуль гаспадар вон с хаты ні гоне, вось-цо-да.
Паулінка (да Адольфа). Можэ, пан Адольф, сьпяіце нам што колечы? Я чула, что вельмі пекны голас маеце.
Адольф (астанауліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у другіх.
Колькі галасоу. Дык проша сьпець. Мы усе просімо.
Адольф. Калі ужо так пекна просіце, дык можна. А якую-ж бы панна Паулінка хацела?
Паулінка. А усе роуна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
Адольф (пяе ніскладна, махаючы хустачкай па твару).
Плываё голэмбы, |
Паулінка. А такі-ж нічога ні будзе.
Адзін з гасьцей. Ці-ж гэта голэмбі плываюць, а лабэндзі летаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саусім ні буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоускі на іх ні зважае ды пяе; ведама, — блазнота, што яны знаюць!
Паулінка (паглядзеушы у вакно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне ніумысьле выляцело слауцо.
Колькі галасоу. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш ні будзем!
Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна у цябе, прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саусім кіну пець. Пейце тады самі!
Колькі галасоу. Не, не! Ні будзем!
Адольф. (пяе).
Гляджу я бяз толку на хладную шаль, |
Паулінка (душучыся ад сьмеху). Ці-ж у пана Адольфа чорная душа?
Адзін з гасьцей. На што-ж пан глядзіш на яе без толку?
Адольф (насупіушыся). Болей пець вам ні буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца).
Паулінка. Дык і сьпяем, калі пан Адольф такі ні кемкі, што нават жартау ні разумее. (У старану). Эх, скарэй-бы усе гэта кончылося!
Адзін з гасьцей. А такі-ж сьпяем, і усе разам.
Паулінка (да Адольфа, хітравата). А пан Адольф нам паможа?
Адольф. Ані думау.
Колькі галасоу. А што мы сьпяем?
Паулінка. «Дый куды-ж ты, дуб зялены, пахінаешся»?..
Адольф. Фі, мужыцкая!
Паулінка. А пан Адольф можа-б хацеу, каб завялі якога манчыза?!
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане добрудзею.
Сьцепан (да Пранціся, сьціха). Каханінькі, роднінькі, ні кратайце яго! Ен, бачыш, як я ужо і казау, масьціцца к маей Паулінцэ. Як будзеш яму наругацца, дык гатоу ішчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
Паулінка. Ну, дык што? Згода на гэту?
Колькі галасау. Згода, згода!! А пасьля другую.
Паулінка. Толькі ні зьбівацца с толку. Глядзець, як я буду рукамі тахты адбіваць.
Колькі галасау. Добра, добра!
(Пяюць. Паулінка, сумна усьміхаючыся, дырыгуе. Пасьля і Пранцісь паходзе і пляшкай адмахівае тахты; музыкі такжэ сваей ігрой памагаюць).
Дый куды-ж ты, дуб зялены, |
Пранцісь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як-жа мне ні пець», пане добрудзею.
Адольф. Ізноу мужыцкую!
Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А васпан, собственно, сваю панскую схавай сьвіням на сьнеданне.
Атата (падходзіць і цягне Пранціся за полы). Кінь ты ужо, тудэма-сюдэма, с поля сходзіць!
Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане добрудзею!
Паулінка. Ну, будзем пець «Як-жа мне ні пець, як-жа ні гудзець»?.. (Пяюць, як першую).
Пранцісь (як скончылі). А цяпер, собственно, «Чачотачку», пане добрудзею.
Колькі галасоу. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку).
Спарадзіла чачотачка семера дачок, |
Альжбета (як сьціхлі). Аддыхніце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся). Хадзеце, сваток, за стол, ды можэ чаго закусіце, бо і ты-ж памагау.
Пранцісь (садзючыся). Собственно, глупство, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане добрудзею, а яны усе патрапюць… правільна толькі навучыць іх. (Праліваючы с пляшкі, да Сьцепана). А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім ні дам, яны маладзічкі яшчэ, пасьпеюць.
Сьцепан. А прауда, прауда, сватка! Яшчэ іх пара ні уцекла. (Выпівае).
Паулінка (каля гасьцей). А што-ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напеяліся, дык можэ ізноу пагуляемо?
Пранцісь (закусываючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане добрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога ні ведаеце.
Паулінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа). Што-ж гэта, пан Адольф, надууся, як мыш на крупы, або, як апошняе у печ усыпаушы?
Адна з гасьцей. Пан Адольф, відаць, закахауся.
Адольф. Ну, дык што, калі закахауся?
Пранцісь (перажовуючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане добрудзею!
Усе. Лявоніху! Лявоніху!
Адольф. Ізноу мужыцкае!
Паулінка (да Адольфа, прыпадхлебываючыся). А мы с панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапрауды, сыпнем! Адпусьціцеся на мяне грэшную, болей ці удасца так весела з вамі паскакаць.
Адольф. Ды я ужо вельмі ні гневаюся, Калі ужо так хочэце, дык пойдзем, што-ж там натта такое?!.
Пранцісь (да музыкау). Собственно, рэжце, пане добрудзею! (Да Альжбеты). А мы с свацей тупнем, вось-цо-да!..
Сьцепан (да Агаты). А мы с свацей, каханінькая, роднінькая! (Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі упіраюцца, але пасьля ідуць, за імі другія госьці. Паулінка з Адольфам).
Пранцісь(прыпевае). Альжбета.Хоць капуста зарасла лебядою, Сьцепан.О, Лявоніха, ты жонка мая, Агата.А мой татка, дзевярусенька, Адольф.Як я бегау, дык і бегау, Паулінка.А калі-ж я у матулькі жыла, Адольф.Ты бярозачка, бярозачка мая, Паулінка.Ні вядзі мяне ні у лес, ані у сад, |
Пранцісь (як перасталі гульню, да Сьцепана). Собственно, і дала-ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыдкі трасуцца, пане добрудзею.
Сьцепан. І твая, каханінькі, роднінькі, ні адстала, — аж дыхавіцу чуць мне ні нагнала.
Агата. Абодва вы кавалевыя мяхі, тудэма-сюдэма, ніпаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкаго давау.
Альжбета. А прауда, свацейка, прауда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а ні з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісьці.
Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане добрудзею, успомніла! (Дастае пляшку і частуецца с Сьцепанам).
Паулінка (да Адольфа). Ну, як-жа пану Адольфу спадабауся наш мужыцкі танец? Як я уважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае «падзі-кварта». І прыпеукі складныя знаеце.
Адольф (нібы скромна). А трохі-ж нейкіх навучыуся калісь.
Адзін з гасьцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэуне, ужо каля поуначы матаецца.
Колькі галасоу. Так, так, час рухацца дамоу!
Паулінка (з аблягчэннем, у старану) Дзякуй Богу!.. (Да гасьцей). А можэ-б яшчэ пагулялі?
Альжбета. Каму далека, то яно так, а каму блізка, дык ні шкодзіць яшчэ пазабауляцца.
Колькі галасоу. Не! Не! Ужо час і пара!
Паулінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім сьнілося, і каб моцна, моцна усім спалося.
Сьцепан. А гэта ні шкодзе! (Да музыкау). Што-ж, каханінькія, роднінькія, зайграйце, калі ласка, ішчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там дзьве дзюркі у носе і скончылося. (Музыкі іграюць марш. Госьці адзеваюцца, адвітываюцца і выходзюць, за імі — музыкі).
ЗЬЯВА V-ая.
Паулінка, Адольф, Сьцепан, Альжбета, Пранцісь і Агата.
Сьцепан. Вось і пацішэло трохі у нашай хаце, німа ужо каму скакаці.
Пранцісь. Собственно, глупство, восЬ-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вяселае у Паулінкі.
Паулінка. Э-э, майго вяселля ніколі ні будзе, значыцца, і шумна ні будзе!
Адольф. Ці-ж у бацькоу маладога, паненка, думаеце, ні хваце на вяселле?
Паулінка. Хваце, ні хваце, а такі вяселля майго ніхто ні убачэ…
Сьцепан. Гэта, каханінькая, роднінькая, пабачым. Яшчэ я на тое есьць і у сваей хаце гаспадар, а ні госьць! Жыта повен аруд і сала ні адзін пуд.
Пранцісь. Собственно, глупство, вось-цо-да. Часам ці вяселле ці павесіу — адно на другое, пане добрудзею, выходзе.
Агата. А ты, вось-цо-да, прыкусі свой язык і ні тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ні просюць. Напіуся, наеуся, дык і маучы!
Альжбета (да Агаты). Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ні кажэ. (Да Паулінкі). Прыбірай ты ужо, дзеткі, са стала.
Пранцісь. Собственно, ці сьвіні елі, ці шляхта папасывалася — гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане добрудзею.
Паулінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольва). А пан Адольф мне паможэ?
Адольф. Калі патраплю, дык чаму-ж не? (Прыбіраюць са стала; пасудак стауляюць на табурэце каля самавару).
Альжбета. Вы-ж бы, дзеткі, заняслі пасудак на тую палавіну.
Паулінка. Усе роуна; я посьля занясу сама, а цяпер… (Пагледаючы плутавата на Адольфа) я баюся с панам Адольфам ісьці адна на тую палавіну!..
Адольф (нясучы пасудак, у старану публікі). Відаць, дзеука улялюскалася у мяне па самую шыю.
Паулінка (ідучы к сталу, у старану публікі). І собіло-ж Богу стварыць гэткую чапялу нідарэчную!
Пранцісь (да Паулінкі). А прауда, собственно, лепш старожэ, як варожэ, пане добрудзею.
Агата (да Пранціся). А ты, «старожэ» ні мялі попусту, а думай, як да хаты ісьці.
Пранцісь. Пане добрудзею, дык і пойдзем; што-ж там, собственно, такое. (Развітываюцца абое і выходзюць. Альжбета памагае прыбіраць са стала).
ЗЬЯВА VI-ая.
Паулінка, Адольф, Сьцепан, Альжбета.
Паулінка. Ні так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказывае). Ну, і зграбны-ж! ні раунуючы — як вол да карэты.
Адольф. А панна Паулінка усе камплімэнты мне гаворэ.
Паулінка (у старану публікі). Дурню плюнь у вочы, а ен скажэ: дождж ідзе!
Альжбета (да Сьцепана, каторы клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта-ж табе тут ні карчма!
Сьцепан (сонна). Каханінькая, роднінькая, я паважу, а ты купіш. Сон ні кепская рэч. Для чаго Калядкі — добрыя сьвяткі, што пад‘еу ды на палаткі. (Вылазючы з-за стала, да Адольфа). Каханінькі, роднінькі, выбачай… Забауляйся тут с Паулінкай, а я прыкархну трохі… Сягоння ішчэ до сьвіта мяне мая успарола. (Адводзючы Адольфа у старану). Ну, што? Як мая Пауліна… падышаа пад мысль?
Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоу з ею жаніцца.
Сьцепан. Ну, так тупай каля яе; толькі сьмела: яна дзеука падатлівая, хоць можэ і мае трохі якіх мухау у носе.
Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я к усякай патраплю падлізацца.
Сьцепан. Ну, дык падлізывайся, каханінькі, роднінькі. (Прашчаецца і ідзе у бакоуку).
ЗЬЯВА VII-ая.
Паулінка, Адольф, Альжбета.
Альжбета (сьцраючы стол). А ты, Паулінка, можэ у карты пайграеш с панам Адольфам?
Адольф (закурывючы). Ды і мне ужо трэба зьбірацца дамоу.
Паулінка. Ці-ж пан Адольф разсыпауся, што маніцеся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце ні жартачкі!..
Адольф. О, конь мой добры!
Альжбета. Ну, дык і чаго-ж сьпешацца?.. Нам старым, як той кажэ, такая рэч: пад‘еу ды на печ.
Паулінка (у старану). Чаго добраго — заначуе, вот будзе беда! (голасна). А пагода сягоння ні дрэнная. Нават месяц сьвеце, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоу ехаць.
Адольф. А хоць-бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой у момэнт дамчыць.
Альжбета (да Паулінкі). Ну, дык паглядзі-ж ты, дзе карты, ды пазабауляйцеся яшчэ трохі с панам Адольфам, бо я мусіць зраблю сьледам за дзедам. Трохі-ж сягоння такі натупалася.
Адольф. Проша, проша, панічка! На нас маладых ні зважайце.
Альжбета. А ужо-ж я такі і пайду.
Адольф (цалуючы у руку Альжбету). Хутка і я паеду. Вось толькі дам аднаго гаспадара панне Паулінцэ.
Паулінка. Паглядзім — хто каму?! (Шукае карт. Альжбета выходзе у бакоуку).
ЗЬЯВА VIII-ая.
Паулінка, Адольф.
Адольф. Чаго паненка шукае?
Паулінка. Таго, чаго ішчэ ні маю. Карт.
Адольф (глянуушы на вакно). А вось яны, на вакне.
Паулінка (у старану). Думала, што ні убачыць; скарэй-бы можэ с хаты выпхнула, ні нашоушы карт. (Да Адольфа). Ну, калі есьць, дык будзем іграць. (Паглядзеушы у вакно). А у што?
Адольф. У гаспадара.
Паулінка. Гэта, значыцца, у дурня?
Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гаворуць. (Раздае карты).
Паулінка. А як пан Адольф думау, хто мы? То-ж так сама мужыцкаго роду.
Адольф. Першы раз чую!
Паулінка. Ды і пан Адольф так сама мужыцкаго роду. (Іграюць у карты).
Адольф (зьдзіулены). І я?!.
Паулінка. Але, але! Калісь былі усе мужыкі, ну, дык цяпер кожны чалавек мужыцкаго роду, хоць каторы і прыкідываецца панам, ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Эва і то былі мужыкамі.
Адольф (зьдзіулены). Адам і Эва?!.
Паулінка. І Ной і Езус…
Адольф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паулінка, усе ведаеце?
Паулінка. Ого, ні скажу!
Адольф (просючы). Проша, сказаць.
Паулінка. Ні тэй бьіце! Вот салапяка!
Адольф (паправіўшыся). Ды скажэце!
Паулінка (ніцярпліва). Ну, добра. Запытайцеся у Якіма Сарокі: ен усе вам разскажэ. (Адольф праігрывае). Дурэнь пан! Дурэнь пан!
Адольф (папрауляючы). Гаспадар. (Раздае карты).
Паулінка (у старану). Які чорта гаспадар, калі дурэнь?!
Адольф. Што панна Паулінка кажэ?
Паулінка. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маучаць. Паулінка у старану). Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. І трымае-ж яго нідобрае! (Да Адольфа). А ці пан Адольф жаніцца хочэце?
Адольф. Ой, страшэнна хачу. А панне Паулінцэ замуж хочэцца?
Паулінка. Ого, яшчэ і як хочэцца!.. Калі удасца, дык яшчэ і сягоння можэ пайду.
Адольф. А я-ж яшчэ с таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым ні гаварыу.
Паулінка. Аб чым — аб гэтым?
Адольф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паулінка замуж ісьці. (Праігрывае).
Паулінка. Ізноу пан дурнем! Ізноу дурнем!
Адольф. Гаспадаром… (Раздае карты).
Паулінка. А можэ ужо будзе? Нешта спаць якбы хочэцца. (Зевае, устае і паглядае у вакно. У старану). А што, калі ні прышоу?
Адольф (не пачуушы). Хто ні пашоў?
Паулінка. Я кажу, каб хаця дождж ні пашоў. (З удаванай жаласьцю). Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб ні замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказывае на грудзі).
Адольф. І я так сама панну Паулінку жалею і цяпер і потым…
Паулінка. Калі гэга потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?
Адольф. Ды не! Тады, як будзем… як будзем… ну, як гэта сказаць?
Паулінка. Ізноу скруціу! (Папрауляе). Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноу дурэнь, дурэнь, дурэнь!
Адольф. Гаспадар!
Паулінка. Усе роуна, хоць гаспадар, але, як карты паказываюць, дык дурэнь!
Адольф. Хай сабе будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паулінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устае).
Паулінка (з аблягчэннем у старану). Сабрауся такі наканец!
Адольф. Дабранач панне Паулінцэ! Проша чакаць, — я прыеду на канчатак.
Паулінка. Забярыце лепей яго цяпер!
Адольф. Каго?
Паулінка. Ды канчатак той.
Адольф. А панна Паулінка усе жартуе. (Прашчаецца. Выходзючы, у старану публікі). Вот так на усе бакі дзеука! Адным словам, як сторублевая кабыла. Гэткая — дыхт для мяне жонка!
ЗЬЯВА IX-ая.
Паулінка (адна).
Паулінка (ніспакойна). А той, можэ, хай-бы лепей і ні прышоу! Так усе неяк у сярэдзіне трасецца.… І на што гэта я яму абецала? Лепей было-б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзе ад вакна к вакну і пагледае). Падшахнуло-ж мяне нідобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела). А можэ ні прыдзе?.. (Сумна). А калі ні прыдзе, то значыцца, ен ужо мяне ні любіць болей. Не, ніхай прыдзе лепей, а там, што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае у пальцы). Прыдзе, ні прыдзе, прыдзе, ні прыдзе, прыдзе… (Весела). Прыдзе, прыдзе! А цяпер — любіць, ці ні любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты). Любіць, ні любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, ні любіць, к сэрцу прыжме… (Весела). Так, так, лобіць, к сэрцу прыцісьне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але мушу уперад паслухаць, ці сьпяць старыя. (Ідзе і падслуховае у дзьверах бакоукі). Сьпяць, ажно храпуць, якбы суконкі дралі. (Падходзе, глядзіць у вакно, задумываецца). Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца у ім; дастае пацеркі і прымерае). Во! гэта дык трэба забраць — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую так сама трэба узяць. Усе гэта зьвяжэм у хустку. (Разсьцілае хустку і складывае свае рэчы). А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо у чым-жа я з ім бегаць буду? Шнуровачку так-жа вазьму, бо хто-ж яе будзе тут насіць?.. І — і!!. ужо болей, здаецца, нічога. (Зьвязывае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за вакном. Паулінка сьціха). Ай, хтось там прышоу! (Паглядываючы на публіку). Прышоу мой міленькі, прышоу! Такі карты прауду паказалі. (Ідзе к вакну). Хто там?
Голас з-за вакна (прыдушаны). Я!.. Я!..
Паулінка (угледаючыся у вакно, у старану). Нічагутэнькі ні відаць! Цемната страшэнная! (У вакно). Хто — я?
Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці-ж ні пазнала?
Паулінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коудру.
Голас. Ды мне нічога ні трэба!
Паулінка. Мала, што ні трэба, а я вазьму… (Хутка ідзе к ложку, зьвязывае падушкі і коудру у пасьцілку). Ну, ужо гатова! (Адчыняе вакно і выкідывае вузлы). Пераймай, а, зараз — і мяне! (Да сябе). Трэба з бакоукі узяць верхнюю апратку і хустку, толькі-б хаця-ж старыя ні прабудзіліся. (Зьніжае агонь у лямпе і ідзе у бакоуку. Па неякім часе выходзіць стуль адзеушыся). А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к вакну. Чуваць шорах у бакоуцэ). Ай, нехта устаў!
ЗЬЯВА X-ая.
Паулінка, Сьцепан.
Сьцепан (Выбегае з бакоукі, ахінуушыся коудрай). Хто тут! Хто тут лазе а поуначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысьціушыся, кідаецца у вакно. Сьцепан убачыу). Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к вакну і хватае Паулінку за ногі). Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.
ЗЬЯВА XI-ая.
Паулінка, Сьцепан, Альжбета.
Альжбета (выбегае — як Сьцепан — акрыушыся коудрай; уся трасецца). Матачка Найсьвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сьцяне). Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзінніка, гадзіннік з грохатам валіцца са сьцяны і разьбіваецца). Ай! Што-ж я нарабіла!!
Сьцепан (трымаючы Паулінку за ногі, да Альжбеты). Куды цабе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..
Альжбета (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
Паулінка (перавесіушыся праз вакно) Цягні, братка, ямчэй!
Альжбета (падкруціушы кнот і бягучы к Сьцепану). Божухна мой! Гэта-ж Паулінка! Скуль ты узяу таго злодзея?
Сьцепан. Каханінькая, роднінькая, ні мялі языком ды вось памагай цягнуць: там нейкі гад яе за рукі трымае.
Паулінка. Мацней, мацней, браток!
Альжбета (памагаючы Сьцепану цягнуць). Што ты, дзеткі, адурэла, ці што? (Сьцягіваюць Паулінку з вакна на хату).
Сьцепан. Ты гэта, каханінькая, роднінькая, куды манілася ляцець?
Паулінка (апіраючыся рукой аб стол, патупіушыся). Я!.. Я!.. хацела замуж ісьці!
Сьцепан і Альжбета. Праз вакно?!
Паулінка. А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ні пускаеце.
ЗЬЯВА XII-ая.
Тыя-ж і Пранцісь, Адольф, Агата.
Пранцісь (без шапкі уваліваецца у хату, трымаючы за каунер Адольфа). Собственно, пане добрудзею, злодзея, злодзея злавіу, вось-цо-да.
Агата (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашаго вакна капауся.
Паулінка, Сьцепан і Альжбета. Пан Быкоускі?!
Пранцісь. А так, так, пане добрудзею. Адольф, Адольф! злодзей, собственно, вось-цо-да!
Сьцепан (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеу дачку украсьці, зладзюга, каханінькі, роднінькі!
Адольф (заікаючыся і ні разумеючы у чым рэч). Я… я… зьбіуся тут каля саду з дарогі, дык хацеу у панны Паулінкі запытацца праз вакно, кудой выехаць…
Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы с хаты праз вакно павыцягівау. Можэ і шапку маю украу.
Агата. Ты зараз, пьяніца, тудэма-сюдэмя, і галаву забудзешся. Гэта-ж аж дамоу давалокся і тады толькі агледзіуся, што шапкі забыуся.
Пранцісь. Собственно, а баба на што, каб усяго пілнавала. Але злодзея, пане добрудзею, злавіу, злавіу, вось-цо-да.
Сьцепан (да Паулінкі). Дык гэта ты, каханінькая, роднінькая, за яго хацела замуж уцекаць, як даведалася, што гэнаго гада, гэнае плюгауство за афішкі арыштавалі?!
Паулінка (глуха). Божухна мой, Божэ! Якімку арыштавалі!
Сьцепан (самадавольна). Хе-хе хе! Ужо гэтае мужыцкае насенне ні будзе больш нашых сьцежак паганіць.
Паулінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка нінагляднаго арыштавалі!
Сьцепан (да Адольфа). А ты, каханінькі, роднінькі, нігадзяй, вірутнік с пад цёмнай гвязды, вон з маей хаты, каб твая і нага тут ні была! Ні мог, як трэба, па хрысьціянску — с сватам, с запаведзямі маю дачку узяць, але, як злодзей, хацеу праз вакно вывалачы! Вон! Вон!
Адольф. Я… Я… толькі хацеу дарогі запытацца…
Пранцісь (развязываючы вузлы). Собственно, злодзей, пане добрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз вакно пакрау. К вурадніку, марш! К вурадніку, гіцель, вось-цо-да!
Паулінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі! (Дзіка). Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!! (Як сноп, валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: Вады! вады!).
Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, у мяне есьць кроплі. (Дастае с кішані пляшку і пырскае у твар Паулінцэ гарэлкай).
Агата (кідаючыся да Пранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеу!..
Сьцепан (панура). Каханінькія, роднінькія, дзьве дзюркі у носе і скончылося!..
(Заслона).
КАНЕЦ.
Акопы. 3. VI 1912 г.