Зборнік сцэнічных твораў (1918)/I/Манька
← Паўлінка | Манька Драма Аўтар: Францішак Аляхновіч 1918 год |
Залёты → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Манька (Аляхновіч). |
АСОБЫ:
МАНЬКА — маладая прыгожая дзяучына, 18 гадоу, нідауна з вескі.
ЮЛЬКА — старшая сестра яе.
МІХАЛКА — малады хлапец, студэнт.
СЬЦЕПАН — яго прыяцель.
ЛЕКДУГНА — стары студэнт, пьяніца.
ГАСПАДЫНЯ РЭСТАРАНУ.
ГАЛУБОУСКІ — музыкант.
ГРЫШКА.
ГОСЬЦІ.
Акт I
[правіць]
АКТ I-шы.
Яна грошы ні узяла, ні узяла, ні узяла,
А па збанку плакала, а па збанку плакала.
Мой зялены збан, збан,
Што разбіу яго пан.
Як завеса адчыніласа, Манька выходзіць з левых дзьвярэй ды йдзе у другі пакой. Пасьля кароткай паузы правыя дзьверы адчыняюцца, уходзіць Сьцепан і кліче кагосьці з вуліцы.
ЗЬЯВА I-ая.
Сцепан. Хадзі! яшчэ рана! Хадзі! кажу табе, што шкадаваць ні будзеш! Ну, дык-жа хадзі… на адну мінуту!.. Выпьем сабе па бутэльцы піва ды пойдзем дамоу!.. Ты толькі паглядзі!..
Міхалка (уходзіць). Ні хочэцца мне ні піва, нічагусенькі! Замарыуся ужо: спаць хочэцца…
Сьцепан. Ды хадзі-ж, кажу, нінадоуга!... Пабачыш, — зьдзівуешся! (да гаспадыні). Добры вечар, пані! (Да Міхалкі). Сядзем тутака, а? (Седаюць каля стала, што пасярэдзіне). Ну, што? выпьем?..
Міхалка (слабовольна усьмехаючыся). Эх, што ты, далібог, са мной робіш! Галава ад учарашняго яшчэ ні у парадку, а мы сягоння пьем ды пьем…
Сьцепан. Нічога!.. Апошні дзень, міленькі, а заутра — новае жыцце!..
Міхалка (як вышэй). Ах, ведаю я гэтае «новае жыцце»!..
Сьцепан. Заутра будзем цьвярозымі людзьмі, а сягоння трэба гэтае пьянство кончыць тутака — Манькай… Эх, пабачыш, якая дзяучына! Ні дзяучына — кветка, васілек! (Да гаспадыні). Панічка! дайце тут нам… ведаеце?.. маю порцыю!
Міхалка. Бачу, што цябе тут добра знаюць… Скуль-жа яна?
Сьцепан. Нідаўна прыехала з вескі… Сьвежынькая, чырвонінькая — яблычко райскае! Наіуненькая, сінявокая — васілёчак, кажу табе! Калі гляджу на яе, здаецца мне, што чую гоман каласістаго жыта, пах палеу зяленых… Э, на што казаць многа!.. сам пабачыш! (Да гаспадыні). Дзе-ж Манечка?
Гаспадыня. Зара прыйдзе, піво гасьцям падае…
Міхалка (сьмяецца). Ты паэт!
Сьцепан. Але… Далібог! Я ні гляджу на яе вокам мужчыны, а толькі вокам паэта…
Міхалка (іронічна сьмяецца). Хэ-хэ-хэ!..
ЗЬЯВА II-ая.
Тыя-ж і Манька.
Манька (уходзіць праз сярэдзіну. Ідзе да буфэту. Гаспадыня нешта там ей гаворыць. Яна бярэ бутэльку, чаркі, талеркі, каб падаць гэта на стол, гдзе сідзяць Сьцепан з Міхалкай).
Сьцепан (да Міхалкі). Далібог! Ні сьмейся! Табе мо, здаецца, што я цынік, а у мяне душа, як у новароджанаго дзіцяці… Далібог!
Міхалка (я. в.). Хэ-хэ-хэ! На што казаць пустое! Я ведаю, хто ты, ты ведаеш, хто я…
Сьцепан. Гэта так… Але я кажу табе зусім шчыра, што на Маньку я гляджу іначай чымсі на іншых дзяучат. Яна… мае у сабе нешта с Форнарыны… Рафаэль!.. памятаеш? — простая дачка якогась пекара, якаясь там Форнарыначка, а ен што зрабіў?! Ці есьць на сьвеці інтэлігэнт, каторы ні знау бы ліку Форнарыны?..
Манька (ставіць на іхні стол бутэльку, чаркі і т. д.).
Сьцепан. А вось і яна — наш цукерачак! Манечка даражэнькая… (Да Міхалкі, трымаючы Маньку за руку). Што? прауду я казау? — Кветка! Вішанька! Цукерачак!..
Манька (засароміушыся, вырывае сваю руку). Ды кіньце!..
Міхалка (глядзіць на Маньку с цікавасьцю; яна яму спадабалася. З яго вуснау зрываецца толькі адзін зык): А-а-а!..
Манька (стаіць, апусьціушы вочы).
Сьцепан (глядзіць то на Маньку, то на Міхалку, быццым хочучы сказаць апошняму: «А? спадабалася?!» Пасля кароткай паузы, да Манькі). Ну, Манечка, гэта мой найлепшы прыяцель!.. сядай з намі, — выпьем, пагутарым… Ведаеш, мы з Міхалкай сягоння пьем, як шаленыя…
Манька (ні глядзячы на іх). Ні трэба піць, — гэта брыда…
Сьцепан (сьмяецца). «Ні трэба піць?» — ха-ха-ха! Ах, ты мая каханінькая-дурненькая!.. Ну, дык апошні дзень!.. І ты сядай, бо мы зрабілі пастанову, каб гэты дзень скончыць з табой… Эх!.. (пяе): Апошні сення пью дзянечак…
Манька. Цяпер ні магу, — я зара прыйду. (Ідзе да буфэту, бярэ нешта і нясе у другі пакой).
ЗЬЯВА III.
Тыя-ж без Манькі.
Міхалка (гарачымі вачыма глядзіць у след Манькі).
Сьцепан. Ага! заглядзеуся! Што? а? — А ні хацеу ісьці!.. Шкадуеш, што прыйшоу?
Міхалка. Пекная дзяучына!.. Скуль яна тутака? дауно?
Сьцепан. Пачакай, я табе усе разскажу, я ведаю… Яна сірата. Жыла на весцы у цеткі. Старшая сестра дауно ужо тут у аднэй піуной служыць. Вось цетка думае сабе: старшая у месьці, паненкай, у капялюшы ходзіць, жыцце хваліць, ну дык і гэтую павезьлі да места: хай паненкай будзе, на легкае жыцце ідзе… Эх, людзі!.. Яна-ж, бачыш, дзяучына вельмі яшчэ маладая і саромлівая. Ей і падабаецца гэтае іншае, новае, местовае жыцце і пужаець адначасна. Ей і весела тут, гдзе гэтулькі розных людзей што-дзень пераліваецца, і адначасна сумна аднэй, без душы блізкай, без заступніка, дзе кожны легка скрыудзіць можэ, дзе пьяная гутарка ні шкадуе саромлівых вушэй дзявочых — вось як!.. Ды ні яна першая і ні апошняя. Усе гэтак… А усе-ж шкада!..
Ну, усе роуна… (Клічэ): Манечка! Дзе ты?
ЗЬЯВА IV.
Тыя-ж і Манька.
Манька (ідзе з другога пакою). Іду!
Сьцепан. Ну, вось яна… Ну, сядай з намі, мая даражэнькая-пекнінькая, бо нам без цябе сумна.
Манька. Э, пан дык зауседы сьмяецца.
Сьцепан. Ні сьмяюся, далібог!.. Ну, сядай! Чаго выпьеш? Гарэлку будзеш піць, анелачак?
Манька. Фэ, я ні люблю гарэлкі. Хіба нешта салодкае…
Сьцепан. Салодкае? Добра. Зара будзе. (Ідзе да буфэту).
Міхалка. Як жа-ж панне Мані падабаецца тут?
Манька. Нічога…
Міхалка. Весяла? Гасьцей шмат?
Манька. Ні зауседы… Есць іншыя дэлікатныя, а іншыя натта прыстаюць.
Міхалка. Хэ-хэ! Прыстаюць, бо панна Маня пекная дзяучына…
Манька. І пан жартуе. Такая я, як і іншыя.
Грышка (ад ухода Манькі ні спускае з яе сваіх вачэй. Цяпер пачынае званіць шклянкай аб бутэльку).
Манька (да Міхалкі). Выбачайце, я ураз… (ідзе да Грышкі).
Грышка (хватае яе за руку). Я ні хачу, каб ты там сядзела, чуеш? Я хачу, каб ты тут, каля мяне, сядзела.
Манька (ціха). Яшчэ чаго!? Чаму-ж гэта? Гдзе захачу, там і сядзець буду.
Грышка (горача, ціха). Слухай, кінь, прашу цябе, ні сядзі там, бо у мяне аж у грудзях тут нешта лапочэ… Кажу табе…
Манька. Вось яшчэ якая хванабэрыя!... Што хачу, то і раблю! (Ворочаецца да століка Міхалкі).
Грышка (грозна ей у сьлед). Папамятаеш!!
Сьцепан (тагды, як Манька гутарыла з Грышкай, вярнууся да свайго століка). Ну, сядаймо і будзем піці, есьці, весяліцца!.. (Ставіць на стол новую бутэльку). Вось для цябе, Манечка, салодзенькае, а для нас хай будзе чара горкая, каторую выпьем сягоння да дна.
Міхалка (усьміхаючыся). А заутра «новае жыцце».
Сьцепан. Але!.. Новае жыцце! Ну, дык чаркі у рукі! (пяе).
Чаркі налівай, дружна выпівай, |
ЗЬЯВА V-ая.
Тыя-ж, Лекдугна і Галубоускі.
Лекдугна (пьяны). А, і ты, Міхалка, прыйшоу да нас?! Паніч! Хэ-хэ! Чысьценькі паніч заглянуу у наш брудны шынок!..
Міхалка. Дык вось Сьцепан мяне прыцягнуу…
Лекдугна. Але… але. Мы, бядота, мы у вялікія чыстыя рэстараны ні ходзім… Нам вось тут добра! А ты — пан! Чысьценькі паніч! Хэ-хэ!
Сьцепан. Ну, Лекдугна, кінь сварыцца! Вось лепш сядай з намі!.. Ты с кім сядзіш?
Лякдугна. Я? я сяджу адзін... Не! я сяджу з маім прыяцелям! (Абыймае Галубоускаго, каторы дурна усьміхаецца). Вось гэта мой друг найлепшы! гэта эхо душы маей! Ен іграе, а я… я пью, бо пьянство гэта… так сама музыка, а я — віртуоз!
Сьцепан (бярэ чарку). Ну, Сарасатэ пьянства! па чарачцы!
Лекдугна (сядае). Ну, што-ж, можна! Давай!
(Усе пьюць).
Галубоускі (нісьмела, стоючы за крэслам Лекдугны, цягне на гармоніцы мінорны тон).
Лекдугна (да Галубоускаго). А, і ты хочэш выпіць?.. Ідзі, прынясі маю бутэльку!
Галубоускі (ідзе у другі пакой).
Лекдугна. Ен, як хочэ выпіць, ніколі ні скажэ, а толькі бярэ гэты тон… Мы разумеем адзін аднаго.
Галубоускі (варочаецца з бутэлькай).
Лекдугна. Ну, бяры крэсло і сядай вось тут, каля мяне… Пі!
Галубоускі (цягне на гармоніцы іншы акорд).
Лекдугна. А, і закусіць хочэш, маэстро? Бяры, што хочэш, ні рабі цэрамоніі… Мае прыяцелі павінны быць прыяцелямі і майго прыяцеля…
Міхалка (да Манькі). Ну, яшчэ чарачку!
Манька (трохі ужо пьяная). Калі ужо галава круціцца.
Міхалка. Э, ніхай сабе круціцца! На тое чалавек і пье, каб галава закруцілася… Ну, яшчэ!.. (налівае).
Манька. Калі я ужо пьяная, — с крэсла звалюся — ха-ха-ха!
Міхалка. Ні звалішся, бо вазьму як птушачку на рукі, (абыймае яе) пасаджу сабе на калены, прытулю да сябе, закалышу… (Другой рукой бярэ чарку) Ну, брат!.. (Дэклямуе).
Груканем, стуканем, чарка у чарку, як сьлед,
Бач і стане душа паланеці агнем;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе усе хадуном[1]
Манька. Ах, як пекна! Яшчэ! | (разам). |
Сьцепан. Браво! Дэклямуй, Міхась! | |
Лекдугна. Задэклямуй!.. |
Міхалка. Не, лепш засьпеваем! (Да гаспадыні, паказываючы бутэльку). Пані гаспадыня! яшчэ!
Сьцепан. (Сьмяецца). Бач, як разыйшоуся! А ні хацеу ісьці!
Міхалка. Апошні дзень!
Сьцепан (я. в.). А заутра новае жыцце?..
Манька (пьяная). І я буду піць!
(Усе сьмяюцца).
Сьцепан і Лекдугна. Браво!
Міхалка. Ну, калі так… (Аднэй рукой абыймае Маньку, а другой трымае чарку і пяе; іншыя за ім у сьлед).
Чаркі налівай, дружна выпівай,
І усёй, браты, душою весяліся…
Галубоускі (хапае гармоніку і пачынае іграць).
Грышка (стукае шклянкай аб бутэльку).
Манька (махінальна зрываецца з мейсца).
Міхалка (затрымлівае яе). Ні трэба, сядзі! Гаспадыня падасьць… а то ніхай сам возьме, што яму трэба.
Грышка (стукае далей і крычыць): Манька!
(Усе парушыліся ніздаволеныя).
Сьцепан. Што гэта?!
Міхалка. Гэй, каму «Манька», а табе ні «Манька»… Ты чаго там крычыш?
Грышка. Ну, ну! Ні настауляйся так, бо ні напужаеш!.. Манька! ідзі сюды!
Манька (да Міхалкі). Бараніце мяне!
Міхалка. Ні бойся, Манечка! (Да Грышкі). Эй, ідзі лепш вон адсюль, бо дачэкаешся!..
Грышка. Ні напужаеш! Ні такіх бачылі… Што вас многа, а я адзін… Нічога… Скаціна!
Міхалка (ускочыушы с крэсла). Што?! Як ты сьмееш, падлец! Вон!! (Ударае Грышку па твару).
Манька (стараецца супакоіць Міхалку). Ні трэба!.. Кіньце гэта!..
Сьцепан (хапае крэсло).
Лекдугна (хапае бутэльку).
Грышка. Ах, ты!! (Выцягівае с халявы нож, ударае Міхалку і хутка выбегае).
Манька (крыкнула, хацела бараніць Міхалку, ды ужо было позна).
Сьцепан. Дзе ен! стой!..
Лекдугна. Стой! трымай яго!..
ЗЬЯВА VI.
Тыя-ж без Грышкі.
Гаспадыня (стараецца усіх супакоіць). Паночкі даражэнькія! Ні рабіце скандалу!.. Паночкі! ні губіце мяне! Як прыйдзе паліцыя — зачынюць мой рэстаран!.. Паночкі! ні губіце мяне, — у мяне дзеткі малыя…
Галубоускі (зачыняе дзьверы).
Міхалка (сядзіць на крэсьлі, трымаючыся за левую руку).
Сьцепан. А, падла! уцек! (да Міхалкі). Што? ен цябе ударыу? пакажы! хутка!
Міхалка. Нічога… Здаецца, глупство…
Сьцепан. Пакажы! пакажы!
Міхалка. Ах, трэба прылажыць што-колечы, перавязаць…
Сьцепан (сьцягівае з Міхалкі марынарку. Міхалка ранены у левую руку).
Манька. Ах, Божэнька ты мой! Гэта я усяму вінавата! Каб я пайшла, як ен мяне клікау, дык і ні было-б усяго гэтаго!.. Божэнька Ты мой!..
Сьцепан (да Гаспадыні). Пані гаспадыня! Чыстай вады! Хто мае чыстую хустачку?
(Ідзе з Міхалкай у другі пакой; за імі Лекдугна і гаспадыня).
Гаспадыня (выходзючы). Трэба-ж на маю галаву такога нішчасьця!..
Манька (выходзіць з усімі).
ЗЬЯВА VII.
Галубоускі (адзін).
Галубоускі (астаушыся адзін на сцэне, падыходзіць да століка, гдзе сядзеу Грышка, і выпівае астаушаеся у бутэльцы піво.
Пасьля варочаецца да столу пасярэдзіне сцэны і пачынае яго апаражняць).
ЗЬЯВА VIII.
Галубоускі і гаспадыня.
Гаспадыня (уходзіць). Галубоускі ізноу хочэ напіцца пьяны, як учора!.. Хай Галубоускі зачыняе ваконніцы, позна ужо!.. (выходзіць праз дзьверы налева).
Галубоускі (выходзіць праз дзьверы управа).
ЗЬЯВА IX.
Манька і Міхалка (уходзяць).
Міхалка (апранаецца у пакінутую на сцэне марынарку).
Манька. Вельмі баліць?
Міхалка. Э, глупство!.. Зусім ні баліць.
Манька. Ні прауда. Вы толькі так кажыце.
Міхалка. Ды німа аб чым казаць.
Манька. Усяму… гэтаму… мая віна… (пачынае плакаць).
Міхалка. Дзетачка! супакойся! Што ты?! Кінь плакаць. Ды я для цябе ні толькі руку-бы пад нож падставіу, а з галавой у агонь кінууся-б.
Манька (усьміхаючыся праз сьлезы). Ці прауда?
Міхалка (абыймае яе). Манечка даражэнькая! птушачка белінькая! я-ж люблю цябе! (Хочэ яе пацалаваць).
Манька (легка баронючыся). Ці-ж гэта прауда? Вы-ж толькі сягоння нідауна мяне спазналі…
Міхалка. Манечка! Каб закахацца, ні трэба, як кажуць, зьесьці супольна бочкі солі… Іншы раз хопіць аднэй мінуты… Адзін момэнт кароценькі, адзін зірк вокам — і сэрцо зашчэміць… аж затрасешся, аж мурашкі прабягуць па сьпіне!..
С першаго таго момэнту, як я цябе пабачыу… як ты прыйшла тут да нашаго століка, мяне нешта кальнуло у сэрцо… Адразу я пачуу да цябе дзіуную сымпатыю…
Манька. І я так сама.
Міхалка (з радасьцю). Прауда?! О, Манечка! вось бачыш — значыцца нам так суджано… Мая салодзенькая, каточак мой! (абыймае яе і цалуе).
ЗЬЯВА X.
Сьцепан. О, браво! наш рыцар часу ні траціць! Зара пасьля турніру дастае награду ад дамы свайго сэрца!
Міхалка. Ідзі да чорта!
Лекдугна. Ну, дзеля гэтаго варта яшчэ выпіць… (Клічэ): Галубоускі!
Гаспадыня (уходзіць). Паночкі! ужо позна! ужо зачынено!
Галубоускі (уходзіць, бярэ гармонік і сядае у куце).
Сьцепан. Зачынено? Добра! Ніхай будзе зачынено!.. Галубоускі! Ці добра зачыніу дзьверы і вакеніцы? — а мы прасядзім тут да раніцы!
Лекдугна. Браво! Да раніцы!
Сьцепан (да Міхалкі, усьміхаючыся). А заутра, Міхалка, як?.. што?.. Пачынаем новае жыцце?
Міхалка (паважна). Я сягоння ужо пачау новае жыцце! (Абыймае Маньку). Хадзі, Манечка!
Сьцепан. Добра! Віна давай!.. Хай жыве наша Маня і — «новае жыцце»!
Галубоускі (пачынае іграць і пеяць).
Яна грошы ні узяла, ні узяла, ні узяла,
А па збанку плакала, а па збанку плакала…
(Заслона хутка зачыняецца)
Акт II
[правіць]
АКТ II.
Дэкорація тая самая. Закусак і бутэляк на буфэці німашака. На століках ніпарадак. Рэч дзеецца на другі дзень раніцай. Каля буфэту с правай стараны сьпіць Галубоускі, акрыушыся марынаркай, пад галаву падлажыушы гармонік, а пад бок дыванік.
На сцэне цемра, бо вакеніцы зачынены.
ЗЬЯВА I.
Галубоускі і Манька.
Манька (уходзіць праз сярэдзіну). Пан Галубоускі! а, пан Галубоўскі! Уставайце, бо ужо позна.
Галубоускі (ускаквае). А? хто прыйшоу?.. позна, кажыце. (Пазевае і працягіваецца). Ааа!.. ой, бакі баляць!..
Манька. А я ні раз казала: чаму ні возьмеце са складзіку выкінуты там сяннік? Можна яго палатаць і зусім добра было-б спаць. А то вы на падлозе, як сабака.
Галубоускі (скрабецца). Усе роуна! Як сабака жыву, як сабака памру!.. Усе роуна!
Манька. Адчыніце, пан Галубоускі, вакеніцы! Ужо трэба рабіць парадак.
Галубоускі (ідзе у правыя дзьверы і хутка ворочаецца. На сцэне робіцца сьветла).
Манька. Чаму гэта вы, пан Галубоускі, зауседы махаеце рукой і кажыце: усе роуна! Ні «усе роуна», бо кожны стараецца, каб яму ляпей было. Вось толькі вы…
Галубоускі. Сьмерць ідзе! Чую: сьмерць ідзе!.. Ужо хутка… На што-ж мне лепшае? Усе роуна: скрыня з дошак, сіроцкія могілкі — згнію, як падла!
Манька. Ды яшчэ ні памрэце!
Галубоускі. Памру! (Паказвае рукой пад горлам). Тут душыць… ведаю… Мой бацька так сама: тут здушыло — памер…
Манька. Пан Галубоускі! Ці гэта прауда, што людзі кажуць: што вы маеце жонку?
Галубоускі. Маю сьцерву.
Манька. Чаму-ж вы з ей ні жывеце?
Галубоускі. Выгнала мяне, падла.
Манька. Выгнала? Чаму?
Галубоускі. Як піць пачау — выгнала. З іншым зыйшлася, каб яе немач!
Манька. Кажуць, вы службу нейкую мелі, чыноунікам былі?
Галубоускі. У канцэлярыі пісау, трыццаць рублеу брау. Добра жылося, пакуль ні піу.
Манька. Ах, Божэнька! як гэта людзі самі сабе жыцце загубляюць!.. (Хочэ выліць вон застаушуюся у чарках гарэлку).
Галубоускі (хапае яе за руку). Што вы робіце! ні вылівайце! Панна Манечка! як астанецца пасьля гасьцей — мне адлівайце… (адлівае астаткі у шклянку і выпівае).
Манька. Ні трэба, ні трэба, ні пійце!
Галубоускі. Трэба, трэба, панна Маня, трэба, ні кажыце.
Манька. Ды скажэце, на што вы так многа пьіце?
Галубоускі. Чорт ведае… вось пью… Здаецца, што лепш на душы будзе, а усе роуна дрэнна.
Манька. Вось верніцеся да жонкі…
Галубоускі. Ні пускае, падла! з іншым жыве.
Манька. Кіньце піць, пашукайце службы…
Галубоускі. Позна ужо. Тут душыць. Усе роуна: гроб, сіроцкі могілкі… памру, як сабака.
ЗЬЯВА II.
Тыя-ж і Юлька (уходзіць).
Юлька (апранута с „шыкам“ кэльнэркі: капялюш с кветкамі, коляровая блюзачка і г. п.). Як маешся, Манька! Ішла я міма і зайшла тутака да цябе, паглядзець, як жывеш. Здаволена? (Сядае).
Манька. Нічога…
Юлька. Папірос ні маеш? я забылася купіць.
Манька. Гаспадыня зачыняе.
Галубоускі (дастае с кішэні папіросу і падае Юльцы).
Юлька (да Галубоускаго). Ну, што я буду голаго абдзіраць!.. На, маеш грошы (дае яму рубель), купі мне пачку папірос, тагды мае закурыш.
Галубоускі (бярэ грошы, шапку і выходзіць).
ЗЬЯВА III.
Манька і Юлька.
Юлька. Ну, як тут ідзе? Гасьцей шмат?
Манька. Нічога, Юлячка!.. Ах, учора вось дык была авантура!.. Сядзеу тут вось гэты, ведаеш, што да мяне прычапіўся…
Юлька. Грышка?
Манька. Але, але… А сюды прыйшлі нейкія іншыя госьці, дэлікатныя такія, хораша апранутыя… Я сядзела з імі… А ен усё: ні сядзі, ні сядзі!.. значыць, каб я пайшла да ягонаго століка. А я ні пайшла. Вось ен зрабіу скандал. Яны пасварыліся і гэты чорнамазы разрэзау нажом руку пану Міхалу.
Юлька. Хто-ж гэта пан Міхал?
Манька. А гэта адзін с тых, с каторымі я сядзела.
Юлька. Хто-ж яны?
Манька. А, здаецца, студэнты ці што. Маладыя, пекныя, чыстыя…
Юлька. Дурная, дрэнна ты зрабіла.
Манька. Чаму?
Юлька. Ну, дык што, што маладыя, пекныя?.. Ахвота сядзець з нейкімі студэнтамі! Як будзеш такая дурная, то нічога з гэтаго ні будзе… Вось Стэпка мела розум і жыве цяпер, як пані, Юзя так сама знайшла сабе якогась — і шмат іншых!.. А ты нават пякнейшая ад іх і так сама магла-б зрабіць кар’еру, каб захацелася… Я табе добра раю, я — сестра твая…
ЗЬЯВА IV.
Тыя-ж і Галубоускі.
Галубоускі (варочаецца і дае Юльцы папіросы і грошы).
Юлька (да Галубоускаго). На, маеш папіросіну, а рэшту (дае назад Галубоускаму грошы) бяры сабе на апахмялку, і ідзі адсюль, каточак Галубоускі, бо нам трэба пагутарыць.
Галубоускі. Дзякую. (Цалуе Юльку у руку і ідзе у правыя дзьверы).
ЗЬЯВА V.
Тыя-ж без Галубоускаго.
Манька. Дык што-ж мне рабіць?
Юлька. Я-ж кажу: ахвота табе задавацца з голымі студэнтамі, калі цябе клікау Грышка!
Манька. Хто ен?
Юлька. Ну, той самы… А чым ен займаецца? — а Бог яго ведае! кажуць, у карты іграе, шулер ці што… Ведаю толькі, што мае грошы, а гэта — грунт!.. А ты яму надта спадабалася!
Манька. Ен мне казау гэта…
Юлька. Ну, вось… А што-ж ты на гэта?..
Манька. Калі ен мне ні падабаецца — нейкі страшны ен…
Юлька. Дурная! Чаго табе?.. Калі ен закахаушыся, дык ты павінна за нос вадзіць яго, трэба толькі умець з мужчынамі…
Вось скажу табе прауду: ен прыслау мяне сюды, каб я пагаварыла с табой, даведалася, ці ты гневаешся на яго за учарашняе [дастае с торбачкі грошы] і вось прысылае табе дзесяць рублеу на блюзку…
Манька. Ні хочу ягоных грошы, ні трэба!
Юлька. Дурная! чаму?
Манька. Бо ен мне ні падабаецца… Жулік!
Юлька. Ну, вось табе маеш!.. Эх, ты дурная, Манька! Што-ж ты думаеш, што лепшаго знойдзеш? Ні кожная гэтакае шчасьце мае, як Степка або Юзя… Ну, на! бяры!.. [Манька ні бярэ грошы]. Ну, як хочэш! Глядзі, каб ні шкадавала!.. Ну, і думаеш далей задавацца с сваімі студэнтамі?
Манька. Я нічога ні ведаю… [Пауза]. Пан Міхал мне вельмі спадабауся…
Юлька. Які пан Міхал?
Манька. Дык вось той, што учора… Ен такі… да іншых ні падобны, дэлікатны такі…
Юлька. Эх, з гэтых знаемасьцяу дабра ні будзе!..
Манька. Мне нічога ні трэба. [Ідзе да вакна].
Юлька. Як, ні трэба!? А блюзку купіць трэба? а боцікі купіць трэба? а капялюш купіць трэба? Хіба-ж ні зауседы будзеш хадзіць абарваная, у хустачцы, як цяпер! А с пяці рублеу, каторыя плоціць табе у месяц гаспадыня, усяго гэтаго ні зробіш.
Манька (ні слухае яе і глядзіць у вакно).
Юлька (ізноу дае ей грошы). На, маеш, бяры, а то пасьля пашкадуеш!
Манька (гледзючы праз вакно). О! ен ідзе! Глянь — гэта ен!
Юлька. Хто такі?
Манька. Міхась… Вось сюды… Здаецца, сюды ідзе!..
Юлька. Здурэла!.. Эх, дурная, дурная! Калі ты набярэшся розуму?! [Устае]. Ну, я іду ужо, а ты добра падумай аб тым, што я казала… Бывай здарова! [Выходзіць].
ЗЬЯВА VI.
Манька [адна].
Манька (астаушыся адна, адчыняе вакно і гаворэ за сцэну). Дзень добры!.. Што?.. Не, нікагусенькі!.. Чаму-ж не, толькі у нас яшчэ усе зачынено, бо гаспадыня сьпіць… Добра!.. (Злазе з вакна і бяжыць да дзьвярэй).
ЗЬЯВА VII.
Манька, Міхалка, пасьля Галубоускі.
Міхалка (уходзіць з нейкімі пачкамі-торбачкамі). Дзень добры, Манечка!
Манька. Добры дзень, пан Міхал!
Міхалка. А? ізноу: пан Міхал?.. Забылася?
Манька. Калі неяк так… сорамна казаць.
Міхалка. Ну, Манечка, ні сорамна!.. Кажы: Міхась, Міхалка, — як хочэш, толькі ні «пан Міхал»…
Манька. Міхась… калі далібог ні магу…
Міхалка. Ну вось сказала «Міхась» — і добра! А учора ты мне казала: Міхась, — і ні саромілася…
Манька. Бо учора я… (сароміцца) была пьяная… Фу!.. — (Паказываючы на прынесенныя Міхалкай пачкі). Што гэта пан Міхал…
Міхалка. Што?!
Манька (папрауляецца). Што гэта Міхась прынес?
Міхалка. А вось зара пабачым… (Разьвязывае торбачкі). Вось гэта яблыкі, а тут вось цясткі, а гэта цукеркі…
Манька. На што гэта?
Міхалка. Будзем есьці.
Манька. Ні трэба было… Шкада грошы…
Міхалка. Пустое… Маеш, бяры, Манечка!
Манька (бярэ цястко і есьць). Гэта мусіць шмат каштавало?
Міхалка. Глупство… — Ведаеш што, Манечка: ці ні знойдзецца у вас гарбаты?
Манька. Есьць. У гаспадыні у пакою кіпіць самавар…
Міхалка (затрымлівае яе). Цс!.. ні хачу, каб гаспадыня…
Манька. Нічога… Яна яшчэ сьпіць. (Ідзе у дзьверы налева).
Міхалка (астаушыся адзін, бярэ з буфэту пустыя талеркі, старанна раскладывае на іх свой трактамэнт і ставіць на стале).
Манька (варочаецца з 2-ма шклянкамі гарбаты). Як бачу, то пан Міхал ласун.
Міхалка. Ласун, — толькі ні «пан Міхал», а я — Міхаська.
Манька. Ну… Міхась… (П‘юць гарбату і закусываюць).
Міхалка. Як гэта чалавек ніколі ні згадае, дзе яго шчасьце! — Калі учора цягнуу мяне сюды Сьцепан, я ні хацеу ісьці, думау ужо пайсьці дамоу спаць… А вось, што суджэно, таго ні мінаваць! — Прыйшоу сюды, пабачыў цябе, пазнауся с табой, закахауся…
Манька (ні веручы). Ну, так адразу і закахауся!
Міхалка. Вер мне, Манечка, што так! Я ад учора… ды не! — я ад сягонняшней начы як дурны. Я сягоння ні спау. Я пайшоу за место, у лес. Я хадзіу і думау, што гэта са мной робіцца?.. Я усе думау аб табе… Я ні мог дачэкацца той часіны, калі ізноу цябе пабачу. Нарэшці я прыйшоу сюда, пад гэты вокны. Гляджу: ваконніцы адчынены. Вось, думаю, добра!..
Манечка! а ты ці думала аба мне хоць трошачкі? (Абыймае яе).
Манька. Думала. Я цябе сьніла.
Міхалка. Сьніла? як? скажы!
Манька (саромліва сьмяецца). Ні скажу… Ні магу…
Міхалка. Ах ты, даражэнькая мая Манечка!.. — Але чаму-ж ты нічога ні ясі?
Манька. А ты? Вось маеш гэты кавалачак… смачны… (Дае яму цястко).
Міхалка. Не, ні так!.. Калі смачны, ніхай будзе яшчэ смачнейшы! (Дае ей цястко у зубы). Вось гэтак, бяры у зубкі, трымай… (Нахіляецца над ей и адгрызае з ей вусн поу цястка). Вось так… (Ядуць, сьмяюцца, цалуюцца).
Манька. Я цябе буду карміць, бо бачу, што ты ні хочаш нічога есьці.
Міхалка. Добра, так як раней… Хадзі, сядай, птушачка, на маі калены!.. (Саджае яе сабе на калены).
Галубоускі (уходзіць. Пабачыушы у чым справа, закашляу, адвярнууся, каб ні глядзець, падняу с падлогі гармоніку і пайшоу у сярэднія дзьверы).
Манька (засароміушыся). Пабачыу?
Міхалка. Нічога! Ен у сваім жыцці ні гэткія рэчы бачыу!
Манька (прыпомніушы). А!.. а я забылася зусім: як-жа рука? баліць?
Міхалка. Глупство… Трошачкі…
Манька. Можэ трэба перавязаць… Дай, я перавяжу.
Міхалка. Не, ні трэба. Добра будзе.
Манька. Ах, як я учора страшэнна спалохалася! Такі разбойнік!.. Каб трапіу у сэрцо, дык мог-бы забіць на сьмерць!
Міхалка. А табе было-б шкада?
Манька. Ведама! Яшчэ пытаецца!
Міхалка. Птушачка мая даражэнькая! (Туліць яе да сябе).
ЗЬЯВА VIII.
Тыя-ж і 2 госьці (уходзяць).
1 госьць (да Манькі). Што, яшчэ нічога німа?
Манька (падбегае да дзьвярэй налева). Пані гаспадыня, а пані гаспадыня! Госьці прыйшлі! Трэба адчыняць буфэт!
Міхалка (падыходзіць да Манькі). Я пад вечар прыду. Бывай здарова, Манечка!
Манька. Прыдзі!
Міхалка. Прыду. (Выходзіць).
ЗЬЯВА IX.
Манька, гаспадыня, госьці, Галубоускі.
Гаспадыня (уходзіць с ключамі у руцэ). Можэ паночкі пойдзеце у гэты пакой (паказывае на сярэднія дзьверы), бо тут яшчэ ні прыбрана. (Адчыняе буфэт).
Госьці. Добра. (Ідуць у другі пакой).
Галубоускі (спатыкае іх у дзьверах другога пакою). Дзень добры, паночкі! Паночкі сягоння раненька!
1 госьць. Як маешся, стары пьяніца! (Ідуць за сцэну).
Гаспадыня (ідзе за імі). Во, сядайце там, паночкі! Зара усе будзе пададзено.
ЗЬЯВА X.
Манька, пасьля Грышка.
Манька (астаушыся на сцэне адна, ізноу пачынае мыць шклянкі, выціраць талеркі і т. п.).
Грышка (уходзіць пасьля паузы. Манька яго ні бачыць).
Грышка. Маня!
Манька (спалохаушыся). Ах!
Грышка (падыходзіць бліжэй да яе). Маня! Гневаешся?
Манька. Чаго прыйшоу, разбойнік? Чаго ад мяне хочэш? Вон!
Грышка. Вон?! Не, брат, тут кожны мае право зайсьці: так сама я, як гэтыя (паказывае на другі пакой), як і гэты твой паніч — як усе. Кожны пан за свае грошы.
Манька. Вон! Чаго прыстау ты да мяне?
Грышка. Чаго прыстау? Ты добра ведаеш, чаго прыстау… Чаму ты цяпер ні такая, як раней была?.. Памятаеш, калісь, як я цябе толькі спазнау? Тады ты інакш са мной гаварыла! Ты раз нават казала, што любіш мяне, памятаеш?
Манька. Адчапіся!.. Я тады сама ні ведала, што казала. Я тады прыехала з вескі, — я была як адурэушы…
Грышка. Як адурэушы? — Не! гэта ты цяпер, бытцым адурэушы. (Зло сьмяецца). Хэ-хэ! Спадабауся табе гэты… гэты студэнт! Я яму раз ужо задау. Пачакай жа-ж! як ен ад цябе ні адчэпіцца, то галаву яму скручу!.. студэнт!..
Манька. О, не! Раней я на цябе у паліцыю данясу, раней ты у турме згніеш!..
Грышка. Данясеш? (Падыходзіць блізка да яе і раптам хапае яе за руку). Данясеш?! Папрабуй, ты гадзіна!
Манька (вырывае руку). Ай! пусьці!
Грышка (іншым тонам). Маня! Скажы, чаго табе трэба? чаго ты шукаеш? Маня! ты думаеш, што я благі чалавек, што я зауседы такі звар’яцеушы? Не! Гэта толькі цяпер, бо я страшэнна люблю цябе, мая Манька!..
А табе спадабауся гэты зломак, гэты… гэты… каб яго паляруш!..
Маня! Чаму ты мяне ні любіш? Маня! чаго ты хочэш? Скажы адно слово і я цябе вазьму адсюль, будзеш паняй, выедзем з гэтаго места…
Слухай: сягоння мне ужо трэба ехаць. Хочэш ехаць са мной? Паедзем!.. Хочэш грошы? Маеш! — вось грошы!.. Колькі хочэш, бяры!.. (З гэтымі словамі выцягівае с кішані тоусты партфэль і выкідае з яго на стол грошы).
Манька. Ні трэба мне тваіх паганых грошы!
Грышка. Манька! Чаму ты мяне ні любіш?
Манька. Бо ты хам, разбойнік!.. Я-б можэ калісь цябе і палюбіла, але ты памятаеш, як тады, на другі дзень ты у цемным складзіку спаймау мяне і там… ты прычапіуся да мяне… памятаеш?.. Я тады пачала крычаць…
Грышка. Маня! Даруй! выбач!.. бо я цябе люблю страшэнна!.. Ну, ні гневайся ужо за гэта… (Падходзіць да яе і хочэ яе абняць).
Манька (адпіхае яго). Ідзі вон!
Грышка (іншым тонам, са злосьцю). Вось як! Значыцца, с табой трэба дэлікатна, як той — гэты студэнт! Ах, ты… паненка! Хэ-хэ-хэ!.. Ну, пачакай жа-ж! Мо’ пашкадуеш! Мо’ прыйдзе час — пабачымся, мо’ у ног маіх валяцца будзеш, рукі цалаваць будзеш, каб рубля дау, каб дау табе хоць залатоуку, — як суку брыкну і адганю проч ад сябе, як ты цяпер мяне гоніш!.. (Зьбірае параскіданыя на стале грошы і хавае ізноу у портфэль).
Каб цябе усе пакінулі, каб цябе радня твая адрэклася, каб цябе сточыла найгоршая хвароба, як ты сэрцо мае точыш, — шэльма ты!!.
Я цяпер іду — і болей ужо ні вярнуся! Мо’ зловяць мяне, мо’ сам галаву у пятлю усаджу… Ды ведай адно: калі жыу буду, то табе гэтаго ні дарую! калі-ж сабакі косьці мае па сьвеці разьнясуць, — хай сам чорт помсту на цябе выдумае! (Выбегае).
ЗЬЯВА XI.
Манька, пасля гаспадыня (за сцэнай).
Манька (стаіць як ніпрытомная, глядзіць уперад). О, Божэ мой!.. за што? за што?!
Гаспадыня (клічэ за сцэнай). Манька! што ты заснула там, ці што? Ідзі сюды, Манька!
Манька (уздрыгнула, працірае вочы, як пасьля сну). Іду ужо, іду!.. (Бяжыць у сярэдзіну).
(Заслона).
Акт III
[правіць]
АКТ III.
Рэч дзеяцца пару месяцау пасьля. Дэкорацыя тая-ж самая. Вечар. Лямпы запалены. Гаспадыня дрэмле на крэсьлі за буфэтам. Манька сядзіць з другой стараны буфэту і нешта шые. Лекдугна і Галубоускі сідзяць і пьюць.
ЗЬЯВА I.
Лекдугна (пьяны). Пі, Галубоускі!
Галубоускі (ікае). Нне… магу!..
Лекдугна. Ты, Галубоускі, мастак, ты — артыст. У цябе душа ні такая, як у іншых людзей, у цябе душа, як гарфа Эольская. Легінькі дмух ветра, кожнае дрыгненне чалавечаго сэрца адзываюцца на струнах душы тваей, Галубоускі! Ты, Галубоускі, павінен пісаць, ты напішэш вялікую рэч! Увесь сьвет пахіліць голавы перад табой, Галубоускі!.. І чаму ты ні пішэш, Галубоускі?
Галубоускі. Я пісау. У канцэлярыі пісау. 30 рублеу брау. Піць пачау. С канцэлярыі выгналі… і жонка выгнала…
Лекдугна. А вось: жонка, Галубоускі! Што жонка, Галубоускі? Для такіх людзей, як ты і я, німа жонкі, Галубоускі! Ты, Галубоускі, павінен ісьці праз жыцце, як праз усеянную кветкамі сенажаць… Сарвау кветку, катора да спадобы — і далей ідзі… Сарвау кветку — і далей ідзі!.. Сарвау кветку — і далей ідзі!.. А жонка? — Адна есьць жонка для такіх людзей, як ты і я, Галубоускі, — гэта мастацтво, штукарство — вось твая жонка, Галубоускі!
Галубоускі. Была адна, і тая прагнала, з іншым зыйшлася. Цяпер намауляе хэуру, каб мяне с таго сьвету згладзіць, каб, значыць, замуж магла пайсьці… Але я ні дамся…
Лекдугна. Кінь, Галубоускі, аб гэтай бабе!.. Ні дамся! — вось наш кліч! Але, але, ні даймося!.. Усе крычаць, паказваюць пальцамі: вось пьяніца! пьяніца! Дык што, што пьяніца? Якое вы маеце право крычаць: пьяніца? Што вас многа цьвярозых, а я адзін пьяны?.. А ведаеш ты, Галубоускі, што значыць: адзін?.. Ібсэн добра сказау: найдужэйшы той, хто адзін… Вось як!.. Дык што, што крычаць? — Ніхай крычаць, бьюць, хай душаць нават, а ты — адзін!..
Галубоускі. Дауно ужо душыць… тут душыць… паміраць трэба…
Лекдугна. Паміраць?.. Хэ-хэ!.. паміраць?! што — сьмерць? Глупство! Ты, Галубоускі, безсьмяротны! Толькі ты павінен пісаць… Пішы, Галубоускі! [бярэ чарку]. Пі, Галубоускі!
Манька. Ці пан Лекдугна ні бачыу сягоння Міхася?
Лекдугна. Э? (жартуючы сьпевае): Як толькі бачу сьвет…
Манька. Я ні жартую! Бачылі, ці не?
Лекдугна. Не, ні бачыу, Манечка!
Манька. Ці гэта прауда, што я чула: што яму ужо трэба ехаць на універсытэт?
Лекдугна. О, дауно ужо пара, толькі наш брат ні натта любіць сьпешацца: пасьпяшыш — людзей насьмяшыш! А ці-ж ен нічога яшчэ ні казау, што у канцы гэтаго тыдня паедзе?
Манька (спалохаушыся). У канцы тыдня?
Лекдугна. Нічога ні казау? Хм, дзіуна! (Падыходзіць да яе). А што? Сумнінька будзе без Міхася? Іншыя пацешаць… (Хочэ яе обняць).
Манька (адпіхаючы яго). Што вы робіце! Кіньце!
Лекдугна. Чаму? Галубоускі Міхасю ні скажэ, а гаспадыня сьпіць…
Манька (я. в.). Дык што?! А я ні хачу!
Лекдугна. Ні хочэш — як сабе хочэш!.. Ты думаеш, што Міхась так сама табе верны, як ты яму?
Манька. Я ведаю…
Лекдугна. Нічога ты ні ведаеш, зязюлечка! (Хочэ пагладзіць яе пад бараду).
Манька. Што вы?! пан Лекдугна!
ЗЬЯВА II.
Тыя-ж, Міхалка, Сьцепан і 2 інш. госьці.
Сьцепан (увайшоу першы і пабачыў гэст Легдугны). А, Лекдугначка! што я бачу! Ты хіба памыліуся! Табе, мусіць, здавалося, што Манечка — муза олімпійская!.. (Да гаспадыні): Добры вечар, пані гаспадыня!
Гаспадыня (прачнуушыся). Добры вечар… Добры вечар…
Сьцепан. Хадзеце, хлопцы у гэты пакой, там спакайней будзе! (Ідуць у сярэдзіну, за імі Міхалка).
Лекдугна (затрымлівае Міхалку). Ты, крый Божэ, ні думай, што я… Я так… толькі жартам, бо я трохі ужо… Я цябе перапрашаю…
Міхалка. Што ты!.. Глупство! ды мне усе роуна!
Лекдугна (зьдзівіушыся). Усе роуна?!
Міхалка. Але. Ну, пойдзем да іх! (Выходзяць у сярэдзіну).
ЗЬЯВА III.
Гаспадыня і Галубоускі (сьпіць на крэслі).
Гаспадыня. Я ужо колькі разоу казала Галубоускаму, каб так ні напівауся! Ізноу пьяны! Сабраліся госьці, а ен сядзіць, налізаушыся, як шавец!.. Э, годзе ужо гэтаго! найму фартэпьян, пасаджу якогась музыканта, а Галубоускаго з гэтым гармонікам вон выганю!
Галубоускі (цалуючы яе у руку). Панічка! ні выганяце! Гдзе-ж я падзенуся? (С пьянымі сьлязьмі у голасе). Жонка выгнала, пані выгане, — хіба пятлю на шыю!.. А гэта… як жа-ж ні піць, калі такі добры пан, гарэлкі дае, ласкава гаворыць…
Гаспадыня. Ну, йдзі у складзік, прасьпіся! (Ідзе у дзьверы на лева).
Галубоускі. Не, я пайду зайграю! (Бярэ гармонік і ідзе у сярэдзіну).
ЗЬЯВА IV.
Манька і Міхалка [уходзяць пасьля паузы].
Міхалка. Ну, чаго хочэш?
Манька. Чаму-ж так доуга ні прыходзіу? га?
Міхалка. Ці-ж доуга? Здаецца — не.
Манька. Не? Гэта-ж будзе ужо каля двох тыдняу!
Міхалка (няшчырым тонам). Вось як! Ці-ж гэтулькі будзе?
Манька. Калісь ты часьцей прыходзіу. Мусіць часу ні меу?
Міхалка (я. в.). Але… але… Ні меу.
Манька. Міхась! каточак! я маю да цябе просьбу…
Міхалка. Ну?
Манька. Ні пі! Я так ні люблю, як ты пьяны!.. Мы так дауно ні бачыліся, — вось пасядзім, пагутарым, раскажэш мне, што ты рабіу, а яны ніхай сабе пьюць… Добра? Я цябе вельмі прашу…
Міхалка. Вось табе маеш!.. А чаго-ж я сюды прыйшоў?
Манька. Што?! Ты, значыць, прыходзіш сюды для гэтай паганай гарэлкі, а ні дзеля мяне?
Міхалка. Ды і да цябе прыходжу і выпіць с прыяцелямі прыходжу… Адно аднаму ні перашкаджае.
Манька. Але… Для цябе твае прыяцелі і гарэлка даражэйшыя за мяне? Каб іх! (Плачэ).
Міхалка. Вось маеш! Ізноу сьлезы!.. Ну, скажы сама: ці-ж ты ні дурная? Ну, чаго ты плачэш? есьць чаго? Што я прыйшоу трохі выпіць, закусіць?.. Каб я з іншымі дзеучатамі задавауся, — тады іншая справа!..
Манька. Хто цябе ведае! Можэ і гэта бывае, як я ні бачу… Ты-ж так дауно ні быу!..
Міхалка. Пакуль ні бачыла — ні кажы! Можэ с часамі будзе, а пакуль што — не.
Манька. С часам? гэта будзе?.. Вось як! Ты мне гэта гаворыш! Значыцца, ты мяне ні любіш! Значыць, ты ашукау мяне!
Міхалка. Ды кінь рабіць трагедыі без патрэбы! Ведама, што німа нічога вечнаго! [Ідзе у сярэднія дзьверы].
Манька (седае на крэсло і голасна пачынае плакаць).
Міхалка (затрымліваецца на сцэне). Ну, і пачалося!.. Чаго я, дурны, прылез сюды?!
Манька. Але!.. «Чаго прылез!»… «Чаго прылез!»… — Раней прыходзіу кожны дзень, а нават і два разы у дзень, а цяпер — «чаго прылез!…» Эх! прауду людзі казалі, перасьцерагалі: ні вер яму, ні вер!.. Вось маю за гэта, што ні паслухала добрай рады!
Міхалка (іранічна). Але, трэба было слухаць апаша Грышкі, або сваей разумнінькай сястрычкі, тады-бы добра было!
Манька. А ведама, што горэй ні было-б!
Міхалка (я. в.). Але… але…
Манька. Нідауна я даведалася, — чаму-ж ты нічога ні казау? — што у гэтым тыдні ты ужо паедзеш… Гэта прауда?
Міхалка. Але… Прауда. А ні казау, бо сам добра ні ведау, калі паеду.
Манька. Ага! А я аб гэтым даведываюся ад чужых людзёй, — а ты маўчыш!… Ты хацеу уцячы ад мяне, — вось які ты! А ты-ж колькі разоу казау, што ні паедзеш!
Міхалка. Яшчэ чаго! Ты-б мо’ хацела, каб я для цябе і унівэрсытэту ні кончыу? Набяры-ж ты розуму! Ці ты ведаеш, што гаворыш?
Манька. Ты-ж абецау, што шлюб возьмем і паедзем разам.
Міхалка. Ізноу свае! Усе толькі адно: шлюб ды шлюб! Для цябе усе глупство, хай усе прападзе, ніхай нават сьвет да гары нагамі перавернецца, каб толькі шлюб быу!
Манька. На што-ж ты сам казау?
Міхалка. Э, пасьпеем з гэтым шлюбам!.. Але скажы сама, які гэта сэнс мае? Сама ты ні раз казала, што я благі, што я табе атруціу жыцце… А іншы зноу раз кажэш: а рабі тое, а гэтаго ні рабі, а на што табе гэтыя прыяцелі — адным словам, пачынаеш мне накідаць сваю волю… А ведай, каханінькая, што я вельмі ні люблю, як мяне вучаць, што трэба рабіць, а што ні трэба, а асабліва, калі такія навукі даеш мне ты!.. Дык вось… на якое ліхо гэты шлюб?
Манька (сумна). Інакш ты калісь гаварыу са мной, інакш! Што-ж, німа дзіва: надаела я ужо табе і ідзеш шукаць іншай. Што-ж, шукай! шукай! я за табой ні паганюся… Ідзі! шукай!.. (Пачынае плакаць).
Міхалка. О! ізноу сьлезы!.. С табой зусім нельга пагутарыць спакойна!..
Сьцепан (за сцэнай). Міхась! Хадзі сюды!
Міхалка (крычыць у другі пакой). Зара! (Да Манькі). І ты дзівішся, што я табе раней ні сказау, што паеду. Каб сказау раней, дык раней пачаліся бы гэтыя сцэны ды сьлезы!.. (Са злосьцю). Ах, надаело мне усе гэта! (Падходзіць да сярэдніх дзьвярэй і кажэ за сцэну). Эй! хлопцы! я іду адсюль, а вы — як сабе хочэце!.. Што?.. Іду! ні хачу тутака заставацца!..
ЗЬЯВА V.
Лекдугна. Што? Чаму?
Сьцепан. Куды-ж ты хочэш ісьці?.. (Пабачыушы, што Манька плачэ). А! чаго ж Манечка плачэ? (Да Манькі). Ну, ні трэба плакаць, бо ні пекна будзеце выгледаць: вочкі будуць чырвонінькія і носік чырвонінькі… (Да хлапцоу). Ну, як ісьці, дык ісьці! Пойдзем!
Гаспадыня (увайшла пры апошніх словах Сьцепана). Эх, гэтая Манька зауседы папсуе інтэрас!..
Сьцепан. Але і Манечку бярэм с сабой!.. Пані гаспадыня! добра?
Гаспадыня. А ніхай сабе ідзе!.. Толькі чаму-ж вам тут ні застацца? Усе, чаго захочы́це, есьць, а чаго німа — прынесьці можна…
Сьцепан. Дык вось Міхалка… (Да Міхалкі). Міхась, а? Можэ застанемся?
Міхалка. Як хочэце!.. Я — іду!
Сьцепан. Ну, калі так, дык пойдзем! (Да Манькі). Панна Маня! Апранайцеся! Хутчэй!
Манька. Ах, так? Ты ад мяне уцекаеш? Добра… (Сядае).
Сьцепан. Ну, пойдзем ужо, шкада часу! (Да Манькі). Пойдзем!
Манька. Я ні пайду!
Сьцепан і Лекдугна
Манька. Ні хачу! Ні пайду! Адчапіцеся!
Сьцепан (разводзючы рукамі). Ну, калі так, дык нічога ні парадзімо… Ну, марш, дзеткі! Да пабачэння, панна Маня! Бывайце здаровы, пані гаспадыня! (Пяе): Allons enfants de la patrie… (Сьпеваючы, усе выходзяць на вуліцу).
ЗЬЯВА VI.
Гаспадыня і Манька.
Гаспадыня. І на што ты хванабэрыі робіш? Яны-ж людзі ні простыя, а вучоныя, а ты простая дзяучына — і хванабэрыі… І сабе шкоду робіш і мне гасьцей выганяеш… эх! (Махнуушы рукой, пайшла у пакой за буфэтам).
ЗЬЯВА VII.
Манька, пасьля Галубоускі.
Манька (глядзіць у сьлед выйшоушым хлопцам і сумна ківае галавой). Пакінуу мяне! пакіну!..
Галубоускі (убегае з другога пакою і, пабачыушы, што нікога ужо з гасьцей німа, сумна кажэ). І мяне пакінулі!
(Заслона).
Акт IV
[правіць]
АКТ IV.
Рэч дзеяцца пару гадзін пазьней. Сцэна цемная. Каля буфэту, як у 2-м акці, сьпіць Галубоускі. Пауза. Пасьля чуваць стук у дзьверы.
ЗЬЯВА I.
Галубоускі і Сьцепан [за сцэнай], пасьля Манька.
Галубоускі (будзіцца). Хто гэта? чаго? [Стук трывае далей]. Хто тамака стукае так позна? [Устае і ідзе да дзьвярэй]. Хто тамака?
Сьцепан (за сцэнай). Адчыняй, адчыняй, стары! гэта мы!
Галубоускі. Паночкі, позна… Ужо усе сьпяць: пані гаспадыня сьпіць і панна Маня сьпіць…
Сьцяпан (я. в.). Адчыняй! Мы разбудзім.
Галубоускі. Калі я сам ні ведаю… Каб гаспадыня ні злавалася…
Сьцяпан (я. в.). Ні будзе!.. Адчыняй!
Галубоускі. Зара, я толькі запалю сьвятло. (Запаляе элекстрыку. На сцэне робіцца сьветла).
Манька (босая, акрыушыся хусткай, уходзіць праз сярэдзіну). Хто тамака?
Галубоускі. А гэта тая кумпанія… (Адчыняе дзьверы; уходзяць: Сьцепан, Міхалка і два статысты, каторыя падтрымліваюць пад пахі зусім пьянога Лекдугну).
ЗЬЯВА II.
Сьцепан. Выбачайце, панна Маня, што мы вас сярод ночы разбудзілі, але ужо усюды зачынено, нікуды нельга дастукацца, а сягоння трэба канечне яшчэ трохі выпіць…
Лекдугна (ніпрытомны, пяе сабе пад нос):
Трэба, трэба, трэба піць, |
(Статысты ссунулі крэслы і кладуць на іх Лекдугну. Пасьля, узяушы з буфэту сыфон с сэльцэрскай вадой, уліваюць яму у горло воду. Ен плюе і чхае).
Сьцепан. Сягоння развітанне с прыяцелем… Міхалка, раптам, ні с таго, ні с сяго, замест ехаць у суботу, пастанавіу выехаць заутра раніцай.
Манька. Ах, так?
Сьцепан. Дык вось трэба выпіць, прауда?
Манька (іронічна). О, трэба!
Сьцепан (да статыстау). Ды кіньце яго! Ніхай сабе сьпіць, а мы часу ні трацьмо!
Манька (я. в.). Але! шкада часу!
Сьцепан (ні зразумеушы іроніі). Вось разумныя словы! Ну, дык хадзеце, сядаймо! (Усе, апрача Манькі, Міхалкі і сьпячаго на крэслах Лекдугны, выходзяць у другі пакой).
ЗЬЯВА III.
Манька, Міхалка і Лекдугна (сьпіць).
Манька (стаіць каля буфэту і глядзіць на Міхалку).
Міхалка (ходзючы па сцэне). Манечка! мне трэба с табой пагутарыць. Дауно я ужо хацеу ды вось ні мог… А трэба. Цяпер, глауным чынам, дзеля гэтаго і прыйшоу, каб адразу сказаць усе, што на душы… Толькі, калі ласка, спакойна, без сцэн!
Манька (глядзіць на яго шырока расплюшчанымі вачыма, спалохаушыся ужо гэтых ягоных слоу).
Міхалка. Бачыш, Маня, пару месяцау назад мы спазналіся, палюбіліся, — добра нам было, — але што-ж далей з гэтаго будзе? Усе мае свой канец…
Манька (нісьмела). Ты-ж казау, што жаніцца будзеш…
Міхалка. Жаніцца! Хм! жаніцца! Легка сказаць… Але ці тут ужо шчасьце? — Ну, пажэнімся, добра. І што-ж далей? Будзем шчасьлівы? О, ніколі! Нашы характэры ні згаджаюцца, ты мяне ні разумееш, мне трудна зразумець цябе; я хачу рабіць тое, ты кажэш: рабі сее… Ты зусім мяне ні разумееш!.. А душа людзкая гэта… гэта ні гладкая бутэлька. Там шмат розных загібау, перагародак, куточкау, каторыя усе трэба пазнаць жывучы с чалавекам, а ты усяго гэтаго ні спазнаеш, бо ты… бо ты… (хочэ сказаць: „дурная“, але зьмягчае свой сказ) бо мы с табой быццым з розных канцоу сьвету. Ну, і вось — нам, Манечка, трэба разстацца! Але, але… трэба!
Манька (маучыць і глядзіць на яго).
Міхалка (падыходзіць да яе). Ну, чаго-ж ты маучыш? Ні гневайся на мяне, мая ты сумнінькая, але нічога ні парадзіш: трэба. Іншай рады німа. Як сама добра аб гэтым падумаеш, то згодзішся са мной… Ну, ні рабі толькі трагедыі… (гладзіць яе па валасох).
Манька (хапае яго за руку). Міхась! Ні кідай!.. Я буду для цябе слухмянай, я ніколі ні у чым табе перашкаджаць ні буду, рабі, што хочэш, толькі ні кідай мяне!.. Залаценькі мой, ні кідай!.. Што я без цябе рабіць буду? Як жыць буду? — ні кідай…
Міхалка. Эх, дзетачка! Ні маеш ты розуму! Реней ці пазьней — гэта-ж павінно было стацца. Мы-ж так вечна ні будзем… Ніхай ужо раз усе скончыцца — лягчэй на сэрцы будзе!.. Ты яшчэ маладая, вельмі маладая, ты яшчэ палюбіш, будзеш шчасьліва…
Манька. О, не, Міхась, о, не!.. Нікагусенькі ніколі ужо ні палюблю!.. Ты мой ядыны, Міхась! Ні кідай! ні трэба шлюбу, нічога, — толькі ні кідай мяне! (са сьлязьмі закідывае яму рукі на шыю і пачынае на яго грудзех плакаць).
Міхалка. Ну, ціха, дзетанька, ціха, супакойся…
Манька (пасьля паузы падымае галаву і глядзіць яму у вочы). Міхась! скажы ты мне прауду: ці ты мяне калісь шчыра любіу, так, як казау?.. Кажы!
Міхалка. Але… Ведама… Любіу… Я і цяпер цябе люблю, Манечка!
Манька (спакойна). А ці… ці калісь… раней… с самога пачатку ні думау аб тым, што нам трэба будзе разстацца? Ці ты тагды шчыра пауду казау?
Міхалка. Хм… я тагды… Я зауседы шчыра кажу. Тады мне усе здавалося гэтак, як я казау, цяпер — інакш…
Манька (іншым тонам, энэргічна). Брэшэш, Міхалка!.. Я цяпер многа зразумела, чаго раней ні магла сьцяміць… Быццым мне вочы адчыніліся! Я цяпер ведаю, чаму ты зауседы хавауся, як быу са мной, я ведаю, чаму ты ні хацеу хадзіць са мной па вуліцы, я ведаю, чаму твае прыяцелі усьміхаліся, калі нас разам бачылі, — ты мяне стыдауся, я ведаю…
Міхалка (хочэ нешта сказаць).
Манька. Але, але! Ні пярэч, — ты стыдауся. Стыдауся ты мяне, бо я простая дзяучына з вескі, бо я ні патраплю так разумна гаварыць, як нейкія паненкі-выкрутаскі; ты стыдауся, бо я кэльнэрка, а калі ты стыдауся, значыць ты ні любіу мяне!.. А я дурная! Я верыла яму! (хапаецца рукамі за галаву). О, на што я верыла яму!?
Міхалка. Чакай… Супакойся…
Манька. Але!.. «Супакойся!»… Хочэш, каб я супакоілася! Разбіу мае сэрцо, нігоднік, і цяпер «супакойся!» А ці ведаеш ты, што мо‘ ніводная с тваіх разумненькіх, «інтлігэнтных» паненак ні будзе цябе любіць так, як я любіла! Я табе аддала усю душу, усе сэрцо, усе думкі свае! Я падавала госьцям піво і думала аб табе, я мыла шклянкі, а думала аб табе, я клалася спаць, я уставала — думала толькі аб табе ды аб табе! Калі ты доуга ні прыходзіу, я мейсца сабе ні знаходзіла, я думала, ці ні здарылося с табой якое нішчасьце… А ты! Ты — вось які!!
Міхалка. Супакойся… яшчэ спаткаемся… Я прыеду… Гэта-ж ні на зауседы…
Манька. Але!! «ні на зауседы»! Ты хочэш мяне супакоіць… Не! Я ужо ведаю усю прауду і ужо мяне ні ашукаеш… Вось цяпер, вось нідауна гэтая прауда вырвалася з вусн тваіх, — і я цяпер ужо усе ведаю, усе разумею!..
Але прауду ты казау: ніхай ужо усе адразу скончыцца — лягчэй на сэрцы будзе…
Ах, за што я цябе так любіла?! О, як я нінавіджу цяпер цябе! О, чаму-ж гэты Грышка тады вось, у гэтым мейсцы, замест у руку, ні усадзіу табе нож у сэрцо! Ні мучылася-б я цяпер так!..
Міхалка (зазлаваушыся). А! прыпомніуся табе твой Грышка — твой першы каханак!
Манька. Брэшэш! ен маім каханкам ніколі ні быу! Ты добра ведаеш, што ты быу першым і… апошнім!.. А калі-б нават і быу, дык што? Ен можэ болей варты за цябе, ен, пэуне, ні зрабіу-бы так, як ты!..
Міхалка (я. в.). Ты ні раунай мяне з Грышкамі!.. Ты!.. (Грозна падыходзіць да яе).
Манька. А ты — што лепшаго? Ах, ты паніч подлы! сабака! Плюю я на твае панство і на цябе! Тфу!
Міхалка (хапае яе за плечы, хацеу ударыць, але стрымауся і толькі адпіхае проч ад сябе). Вон з маіх вачэй!..
Манька (упаушы на падлогу). Ах, так!.. вось які ты! — вось!.. — (Падымаецца с падлогі і ідзе у другі пакой, пагледаючы на Міхалку вачыма, с каторых прабіваецца цяжкая крыуда).
ЗЬЯВА IV.
Сьцепан (с чаркай і бутэлькай). Чаго-ж ты, Міхалка, уцек ад нас? Хадзі-ж піць! Заутра паедзеш, пакінеш нас, а ні хочэш с прыяцелямі выпіць па разьвітанне! (Дае яму у руку чарку). На, маеш дружэ, і выпьем за тое, каб мы зауседы да самай сьмерці былі душой молады, як цяпер, каб ніколі ні адракліся сваіх ідэадау і зауседы паважалі усе гордае, сьмелае, шляхотнае… Гурра!..
Статысты. Гурра!
Гаспадыня (убегае праз левыя дзьверы). Цсс! паночкі! Ні крычыце!.. Зачынено!..
Міхалка (ні выпіушы сваей чаркі, кідае яе з імпэтам на падлогу).
Усе. Што гэта?.. Ты пьяны?.. Чаго?!..
Сьцепан (пасьля кароткай паузы). Я ведаю, што гэта… (Да Міхалкі). Сумнінька на душы, а? Давайце новую чарку! Пі, Міхась, усе пройдзе!.. О! глянь на Лекдугну; сьпіць, шчасьліучык, — нічога ні ведае, ні аб чым ні думае…
(Да Галубоускаго). Галубоускі! Іграй, каб было весялей! (Усе сядаюць навакол стала).
Галубоускі (іграе і пяе):
Яна грошы ні узяла, ні узяла, ні узяла, |
(Іншыя разам з ім сьпеваюць)
Гаспадыня (усьцішае іх, каб ні натта шумелі).
(У другім пакоі чуваць кароткі крык і нешта упало на падлогу).
Усе. Што гэта?
Міхалка (сьцяміу, што гэта значыць. Ускочыушы з мейсца, ні ведае, што рабіць: ці бегчы у другі пакой, ці сядзець на мейсцы).
Галубоускі (кінуушы гармоніку на крэсло, пабег у другі пакой).
Усе (быццым адзеравянеушыя, глядзяць яму у сьлед).
Галубоускі (хутка варочаецца). Маня атруцілася!..
(Заслона).
КАНЕЦ.