Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Кульгавы дзядзька Раман

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старасьць — не радасьць Кульгавы дзядзька Раман
Апавяданьне
Аўтар: Кандрат Лейка
1912 год
Дзьве дарогі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кульгавы дзядзька Раман.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кульгавы дзядзька Раман.

(Беларускіе тыпы).

Ці зналі вы майго кульгаваго дзядзьку Рамана?

Не, вы яго ня зналі… С пісьменных, яго ніхто ня знаў; але простые, цёмные людзі усе добра яго зналі.

Ён жыў у канцы села Збочнаго у маленькай, запаўшай у зямлю па самые вокны хатцы. Жыў не адзін, а з сваімі двума стрыечнымі братамі, з іх жонкамі і дзяцьмі. Аб тым, каб жаніцца самому і абзавясьціся сваім гняздом. Раман ніколі і ня думаў. Дый якая-б дурная кабета за яго пайшла, калі ён зусім ня меў ног і не хадзіў па зямлі, як другіе людзі, а поўзаў, за што і празвалі яго паўзуном. Ногі у Рамана адняліся ешчэ у дзецтве ад неякай ліхой хваробы.

Адняўшы ногі, Бог наградзіў яго тым, што даў яму надта цікавы розум і здатные да ўсяго рукі. На што, бывала, кульгавы не гляне сваім вокам, — усё сам зробіць, і не магло знайсьціся у гаспадарцы такога дзела, катораго-б ён не абмысьліў, як трэба, і не справіў.

Жанкам Раман гастрыў нажэ, шыў чаравікі, вязаў бёрды; мужчынам галіў бароды, кляпаў косы, правіў хамуты, падпраўляў старые боты і рабіў шмат чаго іншаго.

Апрыч здольнасьці да ўсякаго майстэрства, Раман ешчэ і пісьменны быў: ён добра умеў чытаць друк па-польску і па-руску, разбіраў скорапісь і мог нават распісацца за неграматнаго.

Усякі будзенны дзень Раман уставаў да сьвету і с пацерамі прынімаўся за работу: рэзаў на кускі калінавые кіі, шчэпаў іх на дранічкі, стругаў трасьцё і вязаў бёрды, або з старых халяў шыў каму-небудзь башмакі, ці падшываў лапці. Вечарамі, дакончыўшы сваю работу, Раман памагаў жонкам братнім у іх рабоці: чысьціў бульбу, крышыў капусту, малоў семянё, або забаўляў плакаўшых дзяцей, каторых надта любіў і шкадаваў.

Не даваў сабе Раман спачынку і ў сьвята. Устаўшы с пасьцелі раненька, ён па заведзенаму звычаю перш галіўся, потым умываўся і пачынаў маліцца. Маліўся доўга, набожна і з жалем вымаўляючы кожнае слово; а, дакончыўшы маліцца, моцна біў сябе ў грудзі кулаком, кажучы: „Божэ Вялікі! адпусьці мне цяжкіе грахі, як вольные, так і ня вольные… Ці словам, ці дзелам, ці памышленьнем саграшыў проціў Цябе, Божэ з высокасьці, — злітуйся нада мною грэшным і атрусьці мае цяжкіе віны“…

Слухаючы з боку гэты набожны лямэнт, здавалося, што Раман на сваей душы мае нейкі цяжкі грэх, што ён, можэ, забіў каго, або дапусьціў сябе да якой-нібудзь вялікай распусты. Але ўсім ведама было, што Раман ніўчым не прашкапіўся і ня тое, што чэлавека — мухі і тае ніколі ня скрыўдзіў, з сваей убогай хаты нікуды не выпаўзаў і, апрыч сухога хлеба з бульбай, ніякіх трункоў і ў вочы ня бачыў.

Дарма, што Раман нікому не зрабіў ніякай крыўды, але ён лічыў сябе вялікім грэшнікам перад Богам, маліўся Яму, як самы цяжкі праступнік, і стараўся як можна больш рабіць людзям дабра, каб праз тое дагадзіць Богу.

У кожнае сьвята, па абедзе нізенька і цёмная хатка Рамана напаўнялася простым, бедным людам, што з усіх вёсак прыходзіў да кульгаваго дзядзькі на раду аб розных сваіх справах.

От, прыйшоў, апіраючыся на тоўсты, сукаваты кій, дзед Якуб і, усеўшыся на лаве, жаліцца Раману, што над ім надта здзекуюцца стараста і старшына, ды просіць напісаць на іх жалабу міравому пасрэдніку, каб ён разабраў гэту крыўду.

— Добра — кажэ кульгавы дзядзька, — напішэм… Крыўду трэба звадзіць, каб і званьня яе не асталося паміж людзьмі.

Прызываюць суседзкаго хлопчыка, што ходзіць да школкі, і той пад Раманаву дыхтоўку пішэ пасрэдніку жалабу на старшыну і старасту.

Не пасьпеў дзед Якуб падзякаваць за просьбу і выйсьці за парог, як скрыпнулі дзьверы і ў хату увалілася таўстая кабета і, трошкі аддыхаўшыся, затараторыла:

— Раманка, мой ты саколік, палічы, колькі будзе таму рокоў, як умёр мой гаспадар… Справу гэту трэбуе ад мяне ненашта стараста, але я сама ніяк не магу злічыць…

Падумаўшы, Раман кажэ жонцы:

— Пасьля твайго гаспадара праз 5 гадоў і тры месяцы памёр Янка Сенькевіч, а пасьля Янкі праз тры рокі і шэсць месяцоў адышоў на той сьвет Пятрусь Шчэрбацюк, а с таго часу, як умёр Пятрусь, прайшоў ужо адзін рок і тры месяцы, — значыцца, ад сьмерці твайго гаспадара прайшло 10 гадоў. Гэтак і скажы старасьце.

— І гэта праўда, дзядзюхна, будзе?

— Праўда, успакаівае яе Раман: як аман у пацерах!

Таўстая кабета, падзякаваўшы, ідзе сабе да дому.

За ею ў хату ўходзіць маладая салдатка с пісьмом у руках і просіць дзядзьку, каб баржджэй прачытаў яго.

Дзядзька ледзьве-ледзьве разбірае пісьмо па складах. Жонка, схіліўшыся над ім, слухае і паціху плачэ, бо яе мужык — салдат у пісьме жаліцца, што цяжка служыць у чужой старане, што здароўе надта благое…

Дачытаўшы пісьмо да канца, Раман, звярнуўшы яго, аддае салдатцы; тая хавае яго за пазуху, — пасьля, выцершы хустачкаю заплаканые вочы, кажэ:

— Я ешчэ да цябе, дзядзюхна, маю просьбу: будзь ласкаў, скажы, ці можна будзе у ваўторак на тэй нядзелі, што прыйдзе, сушыць сена: якая на гэты дзень выпадае пагода?

Кульгавы дзядзька дастае с паліцы старую, запэцканую у сажу кніжку і, развярнуўшы яе, доўга разглядае там нейкіе стоўбікі, лічбы і надрукаваные кружочкі і паўкружочкі; посьле, абярнуўшыся да кабеты, кажэ:

— У панядзелак на тым тыдні, што будзе, месяць мае рушыць с поўня. Якая будзе пагода у панядзёлак, гэткая будзе пагода і ў ваўторак. Калі у панядзелак ня будзе дажджу — у ваўторак сьмела ідзі растрэсаць капіцы сена.

Кабета дзякуе і ідзе да дому.

Вечарамі кожнае сьвята мужчыны з усяго села збіраюцца да Рамана галіцца, стрыгчыся, а то і так пабалагурыць а тым ды а сім.

Гэтак і праходзіло ўсё Раманаво жыцьцё: буднямі ён рабіў бёрды, шыў чаравікі, набіваў вёдры, кляпаў косы, а ў сьвята чытаў салдацкіе пісьмы, памагаў суседзям у іх гаспадарскіх рахунках, абвешчаў наперад пагоду, галіў і стрыг мужчын, — адным словам кульгавы дзядзька дзеля бедных вясковых гаспадароў быў залаты чэлавек.

Але, працуючы на людзей і дзень і ноч, як у будні, так і у сьвята, Раман усё ж такі ня меў добраго заработку; і ў хаці яго ня тое, што якой акрасы, часта не было нават і чорнаго хлеба, і ўся яго семья нераз галадала, Дзе-ж тут што зарабіць, калі да яго йшлі адны бедакі, ці галышы, як іх называюць у Беларусі пад Слонімам. Зробіць, бывала, кульгавы дзядзька бярдо, або сшые боты, і яму за гэта дасць паўзлотку, многа — злоты, а то і проста кусок хлеба; а другі і гэтаго ня дасць, а, узяўшы пад паху работу, толькі скажэ:

— Ня гневайся, майстрэньку, па восені можэ, Бог дасць, будуць лішніе медзякі, то ужо тады і заплачу табе…

— Нічога, братка, памірымся… Калі не заплаціш ты, то Бог заплаціць, — атказываў кульгавы.

Аднак прыходзіла і атходзіла восень, за ею паўзла маразлівая зіма, а медзякоў лішніх ні ў каго не было, і Раману за работу ніхто не плаціў…

Часта да Рамана заежджалі жэбракі с Палесься і падбухторывалі яго, каб ён з імі ехаў жэбраваць.

— Як паедзеш з намі жэбраваць, — гаварылі яны яму, — то азалоцішся. На Палесьсі будзеш у кірмашны дзень збіраць ня менш, як рублёў дзесяць, або і дванаццаць, бо там надта людзі добрые і жаласьлівые.

— Не, браткі, атказваў ім Раман: гэтаго ня будзе, каб я пайшоў жэбраваць… Хоць адняў у мяне Бог ногі, але даў моцные і да ўсяго здольные рукі. Пакуль буду жыць, датуль буду працаваць і Бога хваліць!

І жэбракі, не дабіўшыся нічога, з вялікім сорамам ад’ежджалі да дому.

От, ужо і састарэўся Раман. Зніклі сілы; работа з рук валіцца; стаў часта хварэць; а посьле і зусім занядужаў. Ляжыць кульгавы дзядзька у лахмоцьці на запеку і цяжка стогне. Твар пазелянеў, вочы патухлі і ўваліліся; сам ледзьве-ледзьве дышэ. Сабралася каля хвораго ўся семья; плачуць… Раман раскрыў вочы, глянуў на радню і кажэ:

— Выбачайце, мае саколічкі, можэ каго абідзіў… Я ўжо паміраю. Бывайце здаровы… Там, пад запекам, у кутку закапаны чатыры злоты; я іх прыпратаў на пахаваньне. Злоты аддасьцё Адаму, каб зрабіў труну; два злоты — бацюшцы за атпеваньне, а злоты падзяліце паміж жэбракамі, каб памянулі маю грэшную душу…

Сказаўшы гэта, Раман цяжка ўздыхнуў і навекі закрыў свае вочы.

К. Лейко.