Перайсці да зместу

Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Старасьць — не радасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старасьць — не радасьць
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1912 год
Кульгавы дзядзька Раман
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старасьць ня радасьць (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старасць — не радасць.

Аб чым гэта думае стары Базыль, седзячы ўсю зіму на печы, а вясною і летам гдзе небудзь на дварэ, або на прызьбі у халадку? Сядзіць ён цэлымі гадзінамі і моўчкі пакурывае такую-ж старую, як і ён, люлечку, і сьпіна часта цячэ па кароценькім цыбучку. Падыдзе да яго хто — сын, ці нявестка, ці ўнук, або хто з суседзей, ён скажэ колькі слоў і скажэ ціха, спакойным, роўным голасам. У гэтым голасе не чутно ні задору моладасьці, ні злосьці і крыўды сталога чэлавека, ні жальбы старасьці. Так гаворыць толькі той, хто усё перажыў, усё пахаваў і каму ўжо нічога не асталося у жыцьці. Скажэ ды ізноў сядзіць маўчком, апусьціўшы многа пажыўшую на сьвеці пасівелую галаву.

А была і яго пара! Была у яго моладасьць, былі сілы і здароўе, радасьці і надзеі, былі і нягоды, і іх нават было больш, як дабра. Гучны, поўны сілы голас яго не раз калісь будзіў поле, як с конікам ціха йшоў ён за сошкай, або як востраю касою рэзаў траву у лузі, ці як сякерай зсекаў векавые дзерэвякі у лясох і выдзіраў з зямлі глыбока і моцна засеўшые у ей карчы, каб прыгатаваць для збажынкі мяккую пасьцельку.

І дзе яно ўсё падзелося?

Ці было ўсё гэта?

Жыў чэлавек на сьвеці, многа бачыў усякай прыгоды, не адно пакаленьне прашло прад вачыма старога Базыля, а прышла пара, і здаецца, што ты якбы і ня жыў на сьвеці, якбы усё гэта рабілася у ва сьне, бо ўсё злілося у адну чорную пляму, каторая вот-вот гатова патануць у багне прошласьці.

Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбі. Ен ужо нічога ня бачыць, толькі вушы ешча злучаюць яго з жыцьцём, каторае шуміць і гамоніць усюды, ідзе ды ідзе сваім парадкам, але сам Базыль стаіць з боку, здалёк ад яго. Шарасьцяць па пяску вуліцы калёсы і крэкчуць ад ціжару наваленаго гною ці дроў, забарабаніць пустое вядро на плечах маладзіцы, ці дзяўчыны, з рэчкі дакоціцца крык плытнікоў і рыбакоў, дзесь то з боку звонка гучаць дзіцячые галасы, адным словам адусюль даносяцца зыкі жыцьця; ўсе, каму йшчэ трэба прайсьці свой круг, шумяць і гамоняць і робяць сваю работу. Адзін толькі Базыль лішні тут і ўсім чужы, толькі для аднаго яго міма праходзіць гэтае жыцьцё.

І сядзіць ён, пакурывае старую люльку, абапёршыся на кіёчак, і нешта думае, апусьціўшы у зямлю свае невідушчые вочы. Аб чым жэ ён думае? Можэ аб тым, што ён такі адзінок: і забыты, што усе яго таварышы даўно ужо ляжаць пад крыжамі, і толькі ён, як той стары падгніўшы дуб, растраціўшы сваё лісьця, стаіць між зялёнымі дубамі і ўжо ня можа сьпеваць з імі ў адзін тон песьню жыцьця,

Адно толькі чуецца у гэтых думках старасьці — чуецца у іх смутак, бо цяжка стаяць над магілаю свайго жыцьця і пазіраць на яго разваліны.

Тарас Гушча

29/III 1912.