Захад

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Захад
Верш
Аўтар: Поль Вэрлен
Пераклад: Максім Багдановіч
Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 175

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




     Кацюлю Мендэсу

Слабне золак, згарае —
І нячутна, паволі
Смутак свой разлівае
Захад сонца у полі.
Смутак свой разлівае
Спеў ласкавы аб долі,
Душу цеша, сцішае
Захад сонца у полі.
Сны у ёй вынікаюць,
Як на сінім абшары.
Устаюць і сплываюць
Ў блеску захаду мары.
Устаюць і знікаюць
Сноў цудоўныя чары,
Быццам тонуць і ззяюць
Ў блеску захаду мары.

<1912>