Перайсці да зместу

Заранкі (1924)/Я спаткалась з табой…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сонэт ⁂ (Я спаткалась з табой…)
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Паляці, вецер…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Я спаткалась з табой,
Ненаглядны ты мой,
І адразу цябе пакахала.
Нашай сьветлай вясны
Залацістыя сны
Я глыбока ў душы захавала.

Колькі шчасных хвілін
Між зялёных галін
Правяла я ў садочку з табою;
Колькі ласкі, цяпла
У цябе я знайшла
Гэнай дзіўнай, чароўнай вясною!

Полаг ночы і зор
Атуляў сад-прастор;
Нам сьпяваў салавей закаханы.
Пацалункі твае
Ап‘янялі мяне
І гаілі душэўныя раны.

Плюскатаў нам ручэй
Песьню дзіўных начэй.
Да грудзей я цябе прытуляла.
Было дзіўна так мне,
Бы ў чароўным тым сьне.
Я тады сваё шчасьце спазнала…

Сьветлай мараю сна
Праляцела вясна,
І настала хвіліна разлукі.
Я прашчалась з табой,
Ненаглядны ты мой,
І хавала душэўныя мукі…

Ты далёка цяпер,
Але ведай і вер,
Што агонь не пагасьне каханьня:
Пакуль буду я жыць,
Ён мне будзе сьвяціць;
Можа йзноў дачакаюсь спатканьня.