Перайсці да зместу

Заранкі (1924)/Навальніца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Залацісты вечар дагарае…) Навальніца
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
У летні вечар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАВАЛЬНІЦА.

Сумуюць і людзі, і дрэвы, й зямля;
Чакаюць вадзіцы і кветкі й ральля.
Пануе ў прыродзе наўкол цішыня;
Прырода чакае дажджлівага дня.
Вось чорная хмарка з-за лесу ідзе,
Грымоты й маланку з сабою вядзе;
Расьце і расьце, абняла небасхіл.
Схавалася сонца, бы ў цемру магіл.
Вось вецер узьняўся, у дрэвах шуміць;
А ў хмарах грахоча, гудзіць і блішчыць.
Чутна вялізарная моц у грамох…
Пасыпалісь кроплі дажджу, як гарох.
І рада прырода вадзіцы папіць;
Наўкола ўсё сьвежа, вясёла глядзіць…
Прайшла навальніца, — грахоча здалёк;
Як музыка — грае вясновы грамок.
Вось сонца зірнула праменьнем сваім —
Вясёлка ўсьміхнулася ласкава ім.
Сьлязінкі уцехі на красках блішчаць,
На мокрых лісточках рубіны гараць.
П‘юць дожджык так прагна расьліны й зямля,
І весела стала за рэчкай ральля.
Блакіт небасхілу і ясен і чыст.
І сьціх ужо ў дрэвах здаволены ліст.
Усьмешкаю зьяюць і рэчка і дол;
Шчабечуць так радасна птушкі наўкол…
Хутчэй, чалавек, ты у поле ідзі, —
Як цешыцца ўсё навакол — паглядзі!