Ходзіць восень па палёх,
Сум кідае па лясох.
Яркіх фарбаў больш няма.
Хутка прыдзе к нам зіма.
Задыміліся туманы
І палёў схавалі раны.
У паветры ўецца ніць —
І срыбрыцца і бруіць.
Дываном сваім шумлівым
Восень, з шэлехам смутлівым,
Апранула у красу
Ўсе прасекі у лясу
І канец нясе ўсім казкам…
Ноччу месяцавым бляскам
Яна, з сумам заадно,
Пазірае у вакно.
І дрыжыць перад дзяньніцай
Адзінокаю зарніцай
Ў цёмнай люстры азяроў
Між пахіленых кустоў.
Як дзяцюк той улюблёны,
Ходзіць вецер задумлёны І заводзе па жніўю
Песьню смутную сваю.
І апошнія ўжо кветкі —
Асалоды летняй сьведкі —
Ўдаль адносіць ён з палёў
Разам з крыкам жураўлёў…
Ходзіць восень па палёх,
Сум кідае па лясох.
Яркіх фарбаў больш няма.
Хутка прыдзе к нам зіма.
|