Як імя яму, хто ў жыцьці пагардліва
Крыж цяжкі нясе за свабоду,
Хто церпіць няпраўду і зьдзек маўчаліва,
На мора крыві хто глядзіць няпужліва,
Каб толькі жыць вольна народу.
Як імя яму, хто жыцьця не шкадуе,
Гуляе адважна у полі,
Агню не баіцца, гарматаў гук чуе,
Змагаецца дружна, пад кулямі днюе,
Каб толькі жыць людзям на волі.
Як імя яму, хто праменьнем яскравым
Вядзе нявідучых па шляху,
Хто волю здабыў для народу і права,
Хто моцна трымае, трымае са славай,
Ня выпусьціць вольнага сьцягу.
Як імя яму, хто у бойцы нягоднай
За волю другіх памірае…
Хто б‘ецца за праўду на сьвеце, за згоду…
За працу сьвятую зьняважан… галодны…
Як імя яму, хто з вас знае?..
Замоўклі, нябось, нібы кожны ня чуе,
Хоць мучыць вас сэрца сумленьне…
І працы яго з вас ніхто не шануе,
Што волю здабыўшы, жыцьцё вам будуе,
На варце стаіць адраджэньня.
Так ведайце ўсе: хто маўчліва прымае
Ад вас непамерную кару,
А вольны ваш сьцяг усё-ж моцна трымае,
Агнём іскраметным народ запаляе,
Завецца байцом-комунарам.
|